Гронкi гневу (на белорусском языке)
ModernLib.Net / Стейнбек Джон / Гронкi гневу (на белорусском языке) - Чтение
(стр. 27)
Автор:
|
Стейнбек Джон |
Жанр:
|
|
-
Читать книгу полностью
(1002 Кб)
- Скачать в формате fb2
(402 Кб)
- Скачать в формате doc
(417 Кб)
- Скачать в формате txt
(398 Кб)
- Скачать в формате html
(403 Кб)
- Страницы:
1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 34
|
|
Бацька з палёгкай уздыхнуў: - Што ж, яна хоць начыстую загаварыла. Я ўжо колькi начэй не сплю, галава разрываецца. А цяпер можна ўсё адкрыта абмеркаваць. Мацi вярнулася з поўным вядром вады, ад якой iшла пара. - Ну што, падумалi? - патрабавальна запыталася яна. - Усё яшчэ вырашаем, - адказаў Том. - А што, калi i праўда на поўнач рушыць - туды, дзе бавоўна? Тут мы ўжо ўсё абшнарылi. Нiчога тут не знойдзеш, гэта ясна. Давайце, можа, адразу i пагрузiмся, паедзем на поўнач. Якраз паспеем да самага збору. Мне так i карцiць ужо адчуць пад рукой бавоўну. Бак у цябе поўны, Эл? - Амаль поўны - дзвюх цаляў не хапае да верху. - Думаю, даедзем. Мацi занесла талерку над вядром. - Ну дык як? - запыталася яна. Том сказаў: - Тваё ўзяло, ма. Здаецца, едзем. Так, тата? - Трэба, думаю, ехаць, - адказаў бацька. Мацi перавяла на яго позiрк. - Калi? - Марудзiць нельга. Можна i заўтра рана. - Ранiцай i паедзем. Я ж сказала вам, колькi ў нас засталося. - Ты, ма, не думай, што я не хачу. Я ўжо два тыднi дасыта не еў. Жывот набiваць - набiваў, ды толку ад такой яды мала. Мацi акунула талерку ў вядро. - Ранiцай едзем, - сказала яна. Бацька хмыкнуў. - Вось якiя часы насталi, - з'едлiва сказаў ён. - Раней мужчына ўсiм распараджаўся. А цяпер жанчыны камандуюць. Вiдаць, самая пара прызапасiць дручок. Мацi паставiла на скрыню талерку, з якой яшчэ сцякала вада, i, не падымаючы галавы, усмiхнулася: - Што ж, бацька, прызапась. Вось будзем сытыя, займеем дах над галавой, тады, можа, палка табе i згадзiцца, будзеш пеўнем хадзiць. А цяпер ты сваёй справай не займаешся, не думаеш, не працуеш. Было б так, што ж, мог бы ўзяцца i за дручок, а жанчыны толькi насамi шморгалi б i хавалiся па кутках, як мышы. Думаеш, вось зараз возьмеш палку i наб'еш жанчыну? Не, даражэнькi! Табе давядзецца ўступiць з ёю ў бойку, бо ў мяне таксама палка прыхаваная. Бацька атарапела ўхмыльнуўся. - Ты хоць пры дзецях такога не гаварыла б, iм такiя словы карысцi не прынясуць. - А ты спярша накармi iх, а пасля разважай, што iм на карысць, а што не, адрэзала мацi. Бацька абурана падняўся i пайшоў ад палаткi, дзядзька Джон паплёўся за iм. Рукi мацi ўсё яшчэ плюхалiся ў вадзе, але позiрк яе скiраваўся ў спiны мужчын, i яна з гордасцю сказала Тому: - Ён малайчына. Трымаецца яшчэ. У яго рукi свярбяць даць мне лупцоўкi. Том засмяяўся: - Ты што ж гэта - наўмысна яго раз'ятрываеш? - А што ж ты думаў? Мужчына iншы раз мучыцца, мучыцца, усе пячонкi сабе выгрызае, потым кладзецца i памiрае з тугi. А калi яго як след раззлаваць, тады ўсё добра. Бацька слова грубага не вымавiў, але аж ашалеў ад злосцi. Цяпер ён мне пакажа. Эл падняўся са скрынi: - Пайду крыху прайдуся па лагеры. - Лепш машыну праверыў бы перад дарогай, - напомнiў яму Том. - Ужо ўсё праверана. - Калi не так, маму на цябе напушчу. - Ну праверыў я яе. - Эл пакрочыў мiж палатак. Том уздыхнуў: - А я нешта стамiўся, ма. Можа, i мяне ты раззлуеш? - Ты разумнейшы, Том. Злаваць цябе без толку. Ты мая апора. Астатнiя... што тыя госцi... усе, акрамя цябе. А ты не здасi, Том. Увесь цяжар клаўся на яго плечы. - Не па нутры мне гэта, - сказаў ён. - Я пагуляць хачу, як Эл. I ўзлавацца хачу, як тата, альбо напiцца, як дзядзька Джон. Мацi пакруцiла галавой: - Нiчога ў цябе не выйдзе, Том. Я ведаю. З тае пары ведаю, як ты яшчэ маленькi быў. У цябе не атрымаецца. Ёсць людзi, якiя заўсёды застаюцца самi сабой, больш нiчым. Вось Эл - малец, на ўме ў яго адны дзяўчаты. Ты нiколi такiм не быў, Том. - Быў, быў. I цяпер такi. - Не. Што б нi рабiў, ты застаешся самiм сабой. Я гэта заўсёды ведала. Ты толькi языком iншы раз любiш памалоць. - Не, ма, ты гэта кiнь. Усё не так. Табе толькi здаецца. Мацi паклала нажы i вiдэльцы на груду талерак. - Магчыма. Можа, i здаецца. Разашарна, вытры посуд i прымi яго. Ружа Сарона цяжка паднялася з месца, выпнуўшы свой вялiкi жывот. Яна лянiва падышла да скрынi i ўзяла ў рукi памытую талерку. Том сказаў: - Так разадзьмулася, што нават вочы ў бакi палезлi. - Не трэба пакеплiваць з яе, - сказала мацi. - Яна ў нас малайчына. А ты пайшоў бы развiтаўся з кiм трэба. - Ага. I пайду даведаюся, цi далёка туды ехаць. Мацi сказала Ружы Сарона: - Ён усё гэта кажа не з жадання пакрыўдзiць цябе. А дзе Руцi з Уiнфiлдам? - Я бачыла, яны пабеглi за татам. - Ну i няхай. Ружа Сарона ўпраўлялася з посудам. Мацi непрыкметна прыгледзелася да яе. - Як ты сябе адчуваеш? Шчокi ў цябе нешта запалi. - Мне сказалi, малако трэба пiць, а я не п'ю. - Ведаю, што трэба. Ды яго няма. Ружа Сарона паныла сказала: - Каб Конi не пайшоў ад нас, мы б цяпер з iм жылi ў сваiм домiку, ён вучыўся б i ўсё такое. I малако б мы куплялi. I дзiця здаровым нарадзiлася б. А цяпер здаровым не будзе. Малако мне пiць трэба. - Яна засунула руку ў кiшэню фартуха i нешта паклала ў рот. - Што ты там грызеш? Пакажы, - сказала мацi. - Нiчога. - Але ж ты нешта грызеш, паказвай. - Проста драбочак вапны. Я знайшла вялiкi кавалак. - Гэта ж усё роўна, што зямлю есцi! - Мяне цягне на яе. Мацi доўга маўчала. Яна напяла каленямi спаднiцу. Нарэшце сказала: - Я гэта разумею. Неяк раз я з'ела кавалак вугалю, калi хадзiла цяжарная. Вялiкi кавалак. Бабка сказала, гэтага нельга рабiць. А пра дзiця сваё ты такiх слоў не гавары. Нават думаць пра гэта ты права не маеш. - Нi мужа. Нi малака. - Калi б ты была здаровая, я ўсыпала б табе як след. Аплявуху заляпiла б. - Мацi паднялася i пайшла пад брызент. Неўзабаве вярнулася, падышла да дачкi i працягнула руку. - Глянь! - У руцэ ў яе былi маленькiя зялёныя завушнiцы. Гэта табе. Вочы ў Ружы Сарона на момант пасвятлелi, але яна адразу адвяла iх убок. - У мяне вушы не праколатыя. - А мы iх зараз праколем. - Мацi зноў паспешлiва пайшла ў палатку i вярнулася з кардоннай скрыначкай у руках. Яна хуценька ўцягнула нiтку ў iголку, здвоiла яе i завязала на ёй некалькi вузельчыкаў. Пасля прасунула нiтку ў другую iголку, таксама завязала на ёй вузельчыкi i выняла са скрыначкi кавалак корка. - Ой, забалiць, забалiць! - спужалася Ружа Сарона. Мацi падышла да дачкi, паклала корак ёй пад мочку вуха i пракалола яе, канец iголкi ўпёрся ў корак. Ружа Сарона скурчылася: - Ой, коле! Мне будзе балець. - Мацней балець не будзе. - Будзе, будзе! - Ну добра. Давай спярша глянем з другога боку. - Мацi падклала корак пад другое вуха i пракалола iголкай мочку. - Балець будзе! - Цiха! - сказала мацi. - Гэта ўсё. Ружа Сарона здзiўлена паглядзела на яе. Мацi перарэзала нiткi, зняла iголкi i ўцягнула ў абедзве мочкi па вузельчыку. - Ну вось, - сказала яна. - Цяпер будзем кожны дзень працягваць па вузельчыку, праз два тыднi загаiцца, i ты зможаш надзець завушнiцы. Вазьмi, цяпер яны твае. Схавай пакуль дзе. Ружа Сарона асцярожна памацала вушы i паглядзела на кропелькi крывi, што засталiся на пальцах. - Зусiм не балiць. Толькi крышачку ўкалола. - Даўно трэба было гэта зрабiць. - Мацi глянула дачцэ ў твар i пераможна ўсмiхнулася. - Ну канчай з талеркамi. Дзiця будзе ў цябе добрае. Ледзь не забылася, што табе ўжо хутка, а вушы не праколатыя. Ну, цяпер не страшна. - А хiба гэта мае якое-небудзь значэнне? - А як жа. Вядома, мае значэнне. Эл шпацырнай хадою iшоў мiж палатак у бок танцавальнай пляцоўкi. Каля адной палаткi ён цiхенька свiснуў i пакрочыў далей. За рысай лагера ён сеў на траву. Чырвоная акаймоўка воблакаў, што сабралiся на захадзе, цяпер ужо пагасла, i асяродак у iх пачарнеў. Эл пачухваў ногi i пазiраў у вячэрняе неба. Праз некалькi хвiлiн да яго падышла бялявая дзяўчына, мiлавiдная, з выразнымi рысамi твару. Яна моўчкi апусцiлася на траву побач з Элам. Ён абняў яе за талiю, i пальцы яго пачалi забiрацца крыху вышэй. - Кiнь, - сказала дзяўчына. - Козытна. - Заўтра мы едзем, - сказаў Эл. - Заўтра? Куды? - Дзяўчына спалохана паглядзела на яго. - Далей, на поўнач, - безуважна прамовiў Эл. - Але ж мы збiралiся пажанiцца, цi ж не так? - Ну i пажэнiмся, калi-небудзь. - Ты ж казаў, што зусiм хутка! - занервавалася дзяўчына. - Хутка бывае па-рознаму. - Ты ж абяцаў! - Пальцы яго забралiся яшчэ вышэй. - Адчапiся, - крыкнула дзяўчына. - Ты казаў, што пажэнiмся. - Ну i пажэнiмся. - Але ж ты едзеш. - Што ты захвалявалася так? Цябе на кiсленькае пацягнула? - Не. Эл засмяяўся: - Выходзiць, я марна час патрацiў, га? Дзяўчына задрала падбародак, ускочыла на ногi. - Iдзi прэч, Эл Джоўд! I бачыць цябе больш не хачу. - Ды кiнь ты. Што з табой? - Уявiў сябе ўдальцом залётным! - Ды пачакай хвiлiнку. - Думаеш, я пайду з табой? А як жа! Быццам у мяне iншых няма. - Ну пачакай! - Не, сэр! Iдзi прэч! Раптам Эл iрвануўся наперад, злавiў яе за шчыкалатку i пацягнуў да сябе. Дзяўчына ўпала, ён схапiў яе, моцна абняў i зацiснуў рукою яе скажоны злосцю рот. Яна спрабавала ўкусiць руку, але ён выгнуў далонь, а другой рукой прыцiснуў яе да зямлi. I праз момант дзяўчына зацiхла, а яшчэ праз момант яны ўжо хiхiкалi, лежачы ў сухой траве. - Мы хутка вернемся, - гаварыў Эл. - У мяне будуць поўныя кiшэнi грошай. Паедзем з табой у Галiвуд, у кiно будзем хадзiць. Яна ляжала на спiне. Эл нахiлiўся над ёю. I ўбачыў у вачах у яе адбiтак яркай вячэрняй зоркi, i ўбачыў у вачах у яе адбiтак чорных воблакаў. - Мы паедзем на цягнiку, - сказаў ён. - А калi, ты думаеш, гэта будзе? - запыталася яна. - Ну, можа, праз месяц, - адказаў ён. Апусцiўся вячэрнi змрок. Бацька i дзядзька Джон сядзелi на кукiшках каля канторы разам з iншымi галовамi сем'яў. Перад вачамi ў iх была ноч i невядомая будучыня. Маленькi адмiнiстратар у пацёртым бездакорна белым касцюме стаяў, абапёршыся локцямi на парэнчы ганка. Твар у яго быў зямлiсты, асунуты. Хастан глянуў на яго i сказаў: - Вы пайшлi б трохi паспалi, мiстэр. - Ага, не шкодзiла б. Мiнулай ноччу ў трэцiм аддзяленнi былi роды. Яшчэ трохi, i я сапраўднай павiтухай стану. - Гэта таксама трэба ўмець, - зазначыў Хастан. - Жанатаму чалавеку ўсё трэба ўмець. Бацька сказаў: - Заўтра рана мы едзем. - Ужо? Куды? - Думаем падацца крыху далей на поўнач. Магчыма, якраз паспеем на збор бавоўны. Тут без працы сядзiм. Есцi няма чаго. - Вы дакладна ведаеце, што там ёсць праца? - запытаўся Хастан. - Не. Але ж тут яе ўжо напэўна няма. - Будзе. Крыху пазней будзе, - сказаў Хастан. - Мы вырашылi чакаць. - Не хочацца ехаць адсюль, - сказаў бацька. - Народ тут добры... i туалеты, i ўсё такое. Але ж ехаць трэба. У нас цэлы бак бензiну. Куды-небудзь дабяромся. Тут мы кожны дзень мылiся пад душам. Я ў жыццi нiколi такi чысты не хадзiў. Дзiўная рэч - раней мыўся раз на тыдзень, i ад мяне нiчым не пахла. А цяпер - дзень прапусцiш, i ад цябе смярдзiць. Што, гэта ад частага мыцця так? - Раней вы, можа, не заўважалi, - сказаў адмiнiстратар. - Магчыма, i так. Вельмi хочацца тут астацца. Маленькi адмiнiстратар сцiснуў скронi далонямi. - Па-мойму, сёння ноччу ў нас тут будзе яшчэ адзiн нованароджаны, - сказаў ён. - У нас у сям'i таксама неўзабаве чакаецца, - сказаў бацька. - Лепш бы тут раджала. Тут было б лепш. Том, Уiлi i метыс Джул сядзелi на краi танцавальнай пляцоўкi, пакалыхваючы нагамi. - У мяне цэлы пачак добрага тытуню, - сказаў Джул. - Пасмалiм? - Я б з ахвотай, - сказаў Том. - Чорт ведае калi я апошнi раз палiў. - Ён акуратна скруцiў цыгарку, стараючыся не рассыпаць карычневых табачынак. - Так, сэр, шкада, што вы ўжо едзеце, - сказаў Уiлi. - Вы людзi добрыя. Том запалiў папяроску. - Я многа думаў - ехаць, не ехаць. Госпадзi, хутчэй бы ўжо асесцi дзе-небудзь. Джул узяў у яго свой пачак. - Нядобра нам жывецца, - сказаў ён. - У мяне дачка маленькая. Думаў, прыеду ў Калiфорнiю, у школу яе пашлю. Ды дзе там! На адным месцы мы доўга не затрымлiваемся. Пажывеш дзе-небудзь трохi, i трэба цягнуцца далей. - Хоць бы нам у гэтыя гувервiлi зноў трапляць не давялося, - сказаў Том. Я ў адным нацярпеўся страху. - А што, шэрыфавы памагатыя ганялi? - Баяўся, каб не забiць каго з iх, - адказаў Том. - Мы i пабылi ў тым лагеры зусiм нядоўга, але я проста кiпеў увесь. Прыехаў палiсмен i забраў прыяцеля майго так, нiзашто - ён фараону гэтаму слова ўпоперак сказаў. Я ўвесь кiпеў, ледзь стрымаўся. - А ты баставаў калi-небудзь? - пацiкавiўся Ўiлi. - Не, нiколi. - Я ўсё думаю: чаму шэрыфскiя агенты не пранiкаюць у наш лагер, не арудуюць тут? Думаеш, гэты маленькi з канторы iм перашкода? Не, сэр! - Тады што ж? - запытаўся Джул. - Вось я табе i скажу: тое, што мы ўсе заадно. Калi палiсмен захоча каго-небудзь загрэбцi, ён павiнен перабраць увесь лагер. А на гэта ў яго духу не хопiць. Бо варта нам толькi раз крыкнуць, i ўмомант чалавек дзвесце прыбяжыць. Нядаўна адзiн арганiзатар выступаў у нас тут, каля дарогi. Гэтак паўсюль можна рабiць, кажа. Трымайцеся толькi гуртам. З дзвюма сотнямi людзей жарты дрэнныя. Шэрыфавы людзi толькi адзiночак вылоўлiваюць. - Ну, а што, калi i будзе саюз? - сказаў Джул. - Трэба ж, каб у яго важакi былi. А схопяць важака, i куды дзеўся твой саюз? - Што ж, - адказаў Уiлi, - калi-небудзь давядзецца над гэтым падумаць. Я тут цэлы ўжо год, а заработная плата ўсё падае i падае. Цяпер сям'ю нiяк не пракормiш сваёй працай, i з дня на дзень усё горш робiцца. Што ж нам, сядзець склаўшы рукi i з голаду памiраць? Проста не ведаю, што рабiць. Гаспадар коней кормiць, нават калi яны без работы стаяць, - як мiленькi. А вось калi на яго людзi працуюць, пляваць ён на iх хацеў. Выходзiць, конi яму куды даражэйшыя за людзей. Не разумею я гэтага. - Мне ўжо i думаць абрыдла, - сказаў Джул. - А думаць трэба. У мяне вось дачка маленькая. Самi ведаеце - прыгажуня. Ёй нават тут прыз за прыгажосць далi. А што з ёю далей будзе? На вачах худзее. Вынесцi гэтага не магу. Такая прыгожая... Я не вытрымаю, учыню што-небудзь. - Што? - запытаўся Ўiлi. - Што ты ўчынiш? Пойдзеш красцi? У турму сядзеш. Заб'еш каго? На шыбенiцу пойдзеш. - Не ведаю, - сказаў Джул. - У галаве ўсё блытаецца, як падумаю. Проста ў галаве ўсё блытаецца. - А мне запомняцца гэтыя танцы, - сказаў Том. - Нiдзе яшчэ я такiх прыстойных не бачыў. Што ж, спаць ужо час класцiся. Ну, будзьце здаровы. Дзе-небудзь яшчэ, можа, стрэнемся. - Абавязкова, - сказаў Джул. - Ну, усяго добрага. - Том пайшоў ад iх, i яго паглынула цемра. У палатцы Джоўдаў Руцi i Ўiнфiлд ляжалi ў цемры на адным матрацы, побач з мацi. Руцi прашаптала: - Ма! - Што табе? Ты не спiш? - Ма... а там... ну куды мы едзем, кракет будзе? - Адкуль я ведаю. Спi. Заўтра рана ад'язджаем. - Лепш застанемся, тут ёсць кракет, а там? - Ш-шш!.. - Ма, Уiнфiлд вечарам набiў аднаго хлопчыка. - Дрэнна зрабiў. - Ага, дрэнна. Я яму так i сказала. Ён яго па носе ляснуў. Кроў так i хлынула, а божа мой! - Не трэба так гаварыць. Так гаварыць нядобра. Уiнфiлд павярнуўся тварам да iх. - Ён абазваў нас Окi! - з абурэннем сказаў ён. - А пра сябе кажа: я не Окi, я з Арэгона, а вы паганыя Окi. Ну я яму i даў. - Ш-шш... Дрэнна зрабiў. Ад яго мянушак табе шкоды нiякай. - А я не хачу, каб ён абзываў нас, - са злосцю сказаў Уiнфiлд. - Ш-ш... Спiце. Руцi сказала: - Ты бачыла б - кроў як хлыне, усю кашулю яму залiла. Мацi высунула руку з-пад коўдры i лёгенька ўдарыла Руцi пальцам па шчацэ. Дзяўчынка замерла на мiг, потым зашмыгала носам i цiха заплакала. У санiтарным блоку, у дзвюх суседнiх кабiнках, сядзелi бацька i дзядзька Джон. - Хоць напаследак добра пасядзiм, - сказаў бацька. - Добрая прыбiральня. Памятаеш, як малыя напалохалiся, калi першы раз ваду спусцiлi? - Я i сам адчуваў сябе нiякавата, - сказаў дзядзька Джон. Ён акуратна падцягнуў штаны да каленяў. - Кепска мне. Адчуваю, што хутка зноў саграшу. - Не саграшыш. Ты ж зусiм без грошай. Мацуйся. Грэх абыдзецца даляры ў два, не менш, а ў нас такiх грошай няма. - Няма. Але ў мяне думкi грэшныя. - Ну што ж. Думаць можна i бясплатна. - Усё роўна грэх. - Затое куды танней. - Ты з грэхам не жартуй. - Я не жартую. Давай грашы. Ты заўсёды носiшся са сваiмi грахамi, якраз калi чорт ведае што робiцца. - Гэта праўда, - сказаў дзядзька Джон. - Са мной заўсёды так. Але вы i паловы маiх грахоў не ведаеце. - Ну i трымай iх пры сабе. - Вось i з гэтымi ўнiтазамi так - сяджу, а сам адчуваю - грэх. - Тады iдзi ў кусты. Ну, падцягвай штаны, i пойдзем хоць трохi паспiм. Бацька надзеў на плечы шлейкi камбiнезона i зашпiлiў спражку. Потым спусцiў ваду i доўга стаяў, задуменна пазiраючы, як яна бурлiць у ракавiне. Было яшчэ цёмна, калi мацi разбудзiла сваю сям'ю. Праз расчыненыя дзверы санiтарных блокаў сачылася кволае святло дзяжурных начных лямпачак. З суседнiх палатак даносiлiся разнастайныя гукi пахрапвання. - Падымайцеся, вылазьце з палаткi, - сказала мацi. - Час ужо ехаць. Хутка развiднее. - Яна падняла скрыпучы шчыток лiхтара i запалiла кнот. - Уставайце ўсе, уставайце! На зямлi пад брызентавым навесам лянiва заварушылiся, скiнулi з сябе байкавыя i ватовыя коўдры, сонныя вочы жмурылiся на святло. Мацi нацягнула сукенку на кашулю, у якой спала. - Кавы няма, - гаварыла яна. - Ёсць некалькi блiноў. Iх можна з'есцi ў дарозе. Ну, падымайцеся, будзем грузiцца на машыну. Давайце, давайце! Толькi цiшэй, а то суседзяў пабудзiм. Прайшло яшчэ некалькi хвiлiн, перш чым Джоўды канчаткова стрэслi з сябе сон. - Нiкуды не бегаць! - папярэдзiла мацi Ўiнфiлда i Руцi. Усе апранулiся. Мужчыны знялi брызент з распоркi i пачалi грузiць рэчы на машыну. - Раўней кладзiце, каб было зручна, - сказала мацi. Яны паклалi зверху матрацы i перакiнулi брызент цераз папярочную жэрдку. - Ну вось, ма, - сказаў Том. - Можна ехаць. У мацi ў руцэ была талерка з халоднымi блiнамi. - Добра. Бярыце па адным. Больш у нас нiчога няма. Руцi i Ўiнфiлд схапiлi па блiну i залезлi на паклажу. Там яны ўкрылiся коўдрай i заснулi, не выпускаючы з рук халодных зачарсцвелых блiноў. Том сеў за руль, нацiснуў на стартэр. Ён хрыпла загуў i праз момант сцiх. - Каб цябе чорт, Эл! - вылаяўся Том. - У цябе ж акумулятар сеў. Эл прыйшоў у лютасць: - А як яго, халеру, перазарадзiш, калi бензiну ў абрэз? Том крыва ўсмiхнуўся: - Ну не ведаю, але гэта твая вiна. Цяпер давядзецца заводзiць уручную. - Кажу ж табе, не мая. Том вылез з кабiны i дастаў з-пад сядзення завадную ручку. - Выходзiць, мая, - сказаў ён. - Давай сюды. - Эл схапiў завадную ручку. - Пастаў на позняе, а то руку мне адарве. - Добра. Ну, задай жару. Эл круцiў з усяе сiлы - адзiн абарот, другi, яшчэ i яшчэ. Нарэшце матор завёўся, зафыркаў, потым зароў. Том асцярожна прыглушыў яго - пераставiў запальванне на больш ранняе i паменшыў падачу газу. Мацi села побач з iм. - Гэтак увесь лагер перабудзiм, - сказала яна. - Нiчога, зноў заснуць. Эл улез у кабiну з другога боку. - Тата з дзядзькам Джонам селi наверх, - сказаў ён. - Хочуць даспаць. Грузавiк пад'ехаў да галоўных варот лагера. Вартаўнiк выйшаў з канторы i правёў промнем лiхтара па машыне. - Хвiлiнку пачакайце, - сказаў ён. - А што такое? - Вы зусiм адсюль едзеце? - Зусiм. - Тады трэба вас выкрэслiць. - Выкрэслiвайце. - Куды кiруеце? - Хочам падацца крыху далей на поўнач. - Ну, жадаю шчасця. - I мы вам таксама. Бывайце. Грузавiк асцярожна абагнуў насып. Том вёў машыну па той самай дарозе, па якой яны прыехалi ў лагер, - мiма гарадка Ўiдпэтч i далей на захад, да шашы No 99, а там - на поўнач па шырокай шашэйнай дарозе, якая вяла да Бейкерсфiлда. Ужо развiднела, калi яны пад'ехалi да гарадской ускраiны. Том сказаў: - Куды нi кiнь вокам, усюды рэстараны. I ў кожным каву падаюць. А вунь, гляньце, начны рэстаран яшчэ працуе. Ручаюся, у iх хоць залiся гарачанькай! - Заткнiся ты! - сказаў Эл. Том ашчэрыўся ўсмешкай: - А ты, як я пагляджу, паспеў ужо падчапiць дзяўчыну ў лагеры. - Ну i што? - Сёння ён у нас нешта вельмi зласлiвы. Дрэнная мне кампанiя. Эл раздражнёна буркнуў: - Хутка я адаб'юся ад вас. Аднаму, без сям'i, нашмат лягчэй. - Праз дзевяць месяцаў у цябе ў самога сям'я будзе, - сказаў Том. Думаеш, не бачыў, як ты стараўся? - Не дуры, - сказаў Эл. - Я ў гараж наймуся, буду ў рэстаранах есцi. - А праз дзевяць месяцаў абзавядзешся жонкай з дзiцем. - Не, гэтага не будзе. - Надта разумны ты стаў, Эл. Глядзi, каб па галаве табе добра не далi. - Хто гэта? - Заўсёды знойдзецца хто. - Думаеш, калi ты сам... - Ну хопiць, спынiся, - не дала Элу дагаварыць мацi. - Я першы пачаў, - сказаў Том. - Захацелася падражнiць яго. Я гэта без злосцi, Эл. Не ведаў, што ты так прывязаўся да гэтай дзяўчыны. - Няма такой дзяўчыны, да якой я вельмi ўжо прывязаўся б. - Ну не, дык не. Пасварыцца са мной табе не ўдасца. Грузавiк выязджаў з горада. - Вунь колькi тут забягалавак з гарачымi сасiскамi - цэлая процьма, сказаў Том. Мацi сказала: - Я адзiн даляр прыхавала, Том. Табе вельмi хочацца кавы? На, бяры. - Не, ма. Я проста так, жартам. - Бяры, калi табе ўжо так захацелася. - Не, не вазьму. Эл сказаў: - Тады сцiхнi - кава, кава! Том памаўчаў. Потым сказаў: - Быццам толькi ўчора тут быў. Вось i дарога, па якой мы той ноччу ехалi. - Спадзяюся, з намi нiчога такога ўжо нiколi не здарыцца, - сказала мацi. - Жахлiвая была ноч. - Ага, нядобрая. Справа ад iх узыходзiла сонца, i вялiкi цень ад грузавiка бег збоку па дарозе, скачучы па штыкетнiку. Яны ехалi паўз адбудаваны нанава Гувервiль. - Гляньце, - сказаў Том. - Тут зноў жывуць. Быццам нiчога i не здарылася. Кепскi настрой памалу пакiнуў Эла. - Мне адзiн расказваў, што ў некаторых лагерах пятнаццаць ужо цi дваццаць разоў усё дашчэнту спальвалi. Людзi адседзяцца ў лазняку i зноў робяць сабе якую-небудзь буду з пустазелля. Як суслiкi. Так ужо прывыклi да гэтага, быццам i гора iм мала. Iм гэта як непагадзь. - Ага, мне тая ноч таксама як непагодлiвая была, - сказаў Том. Яны ехалi ўсё далей i далей па шырокай шашы. Ад цеплаватых сонечных промняў па крыху астылым целе прабягалi дрыжыкi. - А ранiцамi пачынае ўжо пашчыпваць. Хутка ўжо зiма. Хоць бы трохi грошай зарабiць да халадоў. Зiмой у палатцы не пасядзiш. Мацi ўздыхнула, падняла галаву. - Том, - сказала яна, - зiмой трэба жыць у доме. Разумееш? Руцi яшчэ нiчога, а Ўiнфiлд зусiм стаў слабенькi. Да прыходу дажджоў у нас павiнен быць дом. У гэтых краях, кажуць, як з вядра лье. - Знойдзем домiк, ма. Ты не хвалюйся. Будзе табе дом. - Абы дах над галавой быў i падлога пад нагамi, каб дзеткi не на голай зямлi спалi. - Пастараемся, ма. - Больш я даймаць цябе не буду. - Зробiм, ма. - Мне проста iншы раз страшна робiцца. Усю храбрасць сваю губляю. - Нешта не бачыў я, каб ты яе калi-небудзь згубiла. - Начамi бывае. Недзе наперадзе пачулася рэзкае шыпенне. Том моцна абхапiў рукамi абаранак руля i да канца нацiснуў на тормаз. Грузавiк здрыгануўся i стаў. - Ну вось i ўсё, - уздыхнуў Том i адкiнуўся на спiнку сядзення. Эл выскачыў з кабiны i падбег да пярэдняга правага кола. - Цвiк! I якi вялiкi! - Чым залатаць ёсць? - Няма, - адказаў Эл. - Усё чыста ў ход пусцiлi. Гума дык ёсць, а клею няма. Том глянуў на мацi i сумна ўсмiхнуўся: - Не трэба было табе пра свой даляр гаварыць. Мы як-небудзь i без яго адрамантавалi б. - Ён вылез з машыны i падышоў да спушчанага кола. Эл паказаў на доўгi тоўсты цвiк, што тырчаў у сплюшчанай пакрышцы. - Вунь якi! - Калi ва ўсiм наваколлi ёсць хоць адзiн-адзiнюткi цвiк, мы абавязкова напорамся на яго, - сказаў Том. - Што-небудзь сур'ёзнае? - крыкнула iм мацi. - Не, не вельмi, а ўсё ж рамонт. Усе саскочылi з паклажы на дарогу. - Пракол? - запытаўся бацька, убачыў спушчаную шыну i замаўчаў. Том папрасiў мацi падняцца i дастаў з-пад сядзення бляшанку з гумай для латання камер. Ён разгарнуў палоску гумы, узяў цюбiк з клеем i лёгенька сцiснуў яго пальцамi. - Амаль зусiм пусты, - сказаў ён. - Можа, i хопiць. Ну добра, Эл, падкладзi што-небудзь пад заднiя колы. Будзем падымаць дамкратам. Том i Эл працавалi дружна. Падклалi камянi пад заднiя колы, падставiлi дамкрат пад пярэднюю вось, паднялi правае кола i знялi з яго праколатую шыну. Потым знайшлi дзiрку на камеры, намачылi ў бензабаку анучку i працёрлi камеру на месцы праколу. Эл туга расцягнуў камеру на каленях, Том разарваў цюбiк напалам, сцiзорыкам наклаў на гуму тонкi слой клею i старанна размазаў яго вакол дзiркi. - Цяпер няхай падсохне, а я пакуль што латку выражу. - Том падраўняў краi i скасiў кант сiняй латкi. Эл зноў расцягнуў камеру, i Том асцярожна паставiў латку. - Вось так. Цяпер пакладзi яе на падножку, а я прыпляскаю. - Ён нямоцна ўдарыў некалькi разоў малатком, потым расправiў камеру i ўважлiва агледзеў краi латкi. - Ну вось! Па-мойму, вытрымае. Надзявай на вобад, мы яе напампуем. Твой даляр, ма, здаецца, уцалее. Эл сказаў: - Вось каб была ў нас запаска! Трэба мець запасную камеру, Том, i каб яна была ўжо на вобадзе i надзьмутая. Тады нiякi пракол i ноччу не страшны. - Калi ў нас будзе столькi грошай, што хопiць на запасны скат, мы купiм на iх кавы i мяса, - сказаў Том. Рэдкiя ў гэты раннi час машыны шпарка праносiлiся па шашы, сонца ярчэла i пачынала мацней прыграваць. З паўднёвага захаду лёгкiмi, як дыханне, павевамi дзьмуў пяшчотны ветрык, i горы абапал шырокай далiны ледзь праступалi праз перламутравы туман. Том пампаваў камеру, калi на другiм баку дарогi раптам спынiлася легкавая машына, што iшла з поўначы. З яе вылез чалавек у светла-шэрым касцюме i пайшоў цераз шашу да грузавiка. Капелюша на iм не было. Загарэлы твар яго расплыўся ў белазубай усмешцы. На безыменным пальцы левай рукi блiшчаў масiўны залаты пярсцёнак. На тонкiм ланцужку, прычэпленым да камiзэлькi, матляўся маленькi залаты шарык у выглядзе футбольнага мяча. - Добрай ранiцы, - ветлiва павiтаўся чалавек. Том адарваў вочы ад ручной помпы, падняў галаву. - Добрай ранiцы, - адказаў ён. Чалавек правёў пальцамi па падстрыжаных "пад вожык" крыху ўжо пасiвелых валасах. - Вы, можа, работу шукаеце? - Канешне, шукаем, мiстэр. Пад усе маснiцы зазiраем. - Персiкi збiраць умееце? - Нiколi яшчэ не збiралi, - адказаў бацька. - Мы ўсё ўмеем, - паспешлiва прагаварыў Том. - Усё, што толькi ёсць, умеем збiраць. Чалавек пакратаў пальцам залаты мячык на ланцужку. - Дык вось, мiль за сорак адсюль на поўнач колькi хочаце работы. - Мы б з ахвотай папрацавалi, - сказаў Том. - Растлумачце, як туды дабрацца, i мы наўскач панясёмся. - Кiруйце да Пiкслi - гэта трыццаць пяць цi трыццаць шэсць мiль адсюль, там павернеце на ўсход. Праедзеце мiль шэсць i спытаеце ферму Гупера. Працы там хоць адбаўляй. - Так i зробiм. - Можа, вы ведаеце, дзе яшчэ ёсць людзi, што шукаюць працу? - Канешне, ведаем, - адказаў Том. - У лагеры каля Ўiдпэтча такiх шмат знойдзецца. - Пад'еду туды. Набраць многа можам. Дык не забудзьцеся - ад Пiкслi на ўсход i так трымаць да самай фермы Гупера. - Так i зробiм, - паўтарыў Том. - Вялiкi вам дзякуй, мiстэр. Нам праца да зарэзу патрэбна. - Добра. Едзьце i не марудзьце. -Чалавек перайшоў дарогу, сеў у сваю машыну i пакiраваў на поўдзень. Том налёг на ручку помпы. - Па дваццаць разоў будзем, - сказаў ён. - Раз, два, тры, чатыры... Пасля дваццацi за помпу ўзяўся Эл, за iм бацька, потым дзядзька Джон. Пакрышка разадзьмулася, стала пухлай i гладкай. Кожны браўся за помпу па тры разы. Цяпер давайце апусцiм, глянем. Эл аслабiў дамкрат, пярэдняя вось апусцiлася. - Добра надзьмулi, - сказаў ён. - Можа, нават i залiшне. Яны пакiдалi iнструмент у кабiну. - Ну, усе па месцах, паехалi, - крыкнуў Том. - Нарэшце работа ў нас будзе. Мацi зноў села пасярэдзiне. За руль цяпер узяўся Эл. - Лягчэй, Эл. Не перагрэй матора. Яны ехалi ўсцяж залiтых ранiшнiм сонцам палёў. Туман падняўся ўжо над вяршынямi ўзгоркаў, i яны вiднелiся цяпер выразна - бурыя, з цёмна-лiловымi складкамi. Дзiкiя галубы ўзляталi з агароджаў пры наблiжэннi грузавiка. Эл мiмаволi павялiчыў скорасць. - Не ганi, - перасцярог яго Том. - Будзеш нацiскаць на газ, латка не вытрымае. Нам абы даехаць. Магчыма, ужо сёння пойдзем працаваць. Мацi ўсхвалявана загаварыла: - Калi вы ўсе чацвёра сёння ўладкуецеся, магчыма, крама адразу дасць мне ў доўг. Перш-наперш вазьму кавы, бо вы ўжо згаладалiся па ёй, тады мукi, соды i мяса. Без костак браць не буду. Гэта як-небудзь потым. Можа, у суботу. I мыла. Мыла абавязкова. Не ведаю яшчэ, дзе паселiмся. - Яна гаварыла, не сцiхаючы. I малака. Абавязкова вазьму малака Разашарне, ёй яно вельмi неабходна. Медыцынская сястра ў лагеры казала. Перад машынай па нагрэтым сонцам бетоне шашы паўзла змяя. Эл крута павярнуў, пераехаў яе i зноў вярнуўся на сваю паласу.
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 34
|