Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Гронкi гневу (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Стейнбек Джон / Гронкi гневу (на белорусском языке) - Чтение (стр. 20)
Автор: Стейнбек Джон
Жанр:

 

 


      Дзецi вокамгненна разляцелiся ва ўсе бакi без адзiнага гуку. Хто пабег шукаць трэсак, хто ў свае палаткi па лыжку. Не паспела мацi раскласцi ежу па талерках, як яны ўжо зноў абкружылi яе, маўклiвыя, галодныя, як ваўкi. Мацi пакруцiла галавой:
      - Проста не ведаю, што рабiць. Не магу ж я сям'ю абдзялiць. Яе трэба накармiць. Руцi! Уiнфiлд! - патрабавальна крыкнула яна. - Бярыце ж свае талеркi. Хутчэй! Iдзiце з iмi пад брызент. - Яна вiнавата паглядзела на дзяцей, якiя моўчкi чакалi. - Там зусiм мала, - сказала яна сарамлiва. Кацялок я пастаўлю на зямлю, а вы падбярыце рэшткi, хоць чарвяка заморыце. Яна гаварыла запiнаючыся. - Нiчога я зрабiць не магу. I не даць не магу. - I, зняўшы кацялок з агню, паставiла яго на зямлю. - Пачакайце трохi. Яшчэ гарачае, - сказала яна i паспешлiва пайшла пад брызент, каб вочы яе не бачылi таго, што будзе.
      Сям'я Джоўдаў сядзела на зямлi, кожны са сваёй талеркай, i пад брызентам было чуваць, як дзецi скрабуць трэсачкамi, лыжкамi i ржавымi палоскамi бляхi. Яны з усiх бакоў закрылi сабой кацялок. Не перагаворвалiся, не штурхалiся, але ў кожным iх руху адчувалася ўпартая настойлiвасць i затоеная жорсткасць. Мацi павярнулася спiнай, каб усяго гэтага не бачыць.
      - Больш так нельга, - сказала яна. - Давядзецца хавацца ад чужых вачэй. Чутно было, як скрабуць у кацялку, потым цесны гурток дзяцей рассыпаўся, i яны разышлiся, пакiнуўшы на зямлi абскрэбены кацялок. Мацi паглядзела на талеркi. - Нiхто з вас добра не пад'еў.
      Бацька падняўся i, нiчога не адказаўшы, выйшаў з-пад брызенту. Прапаведнiк усмiхнуўся i лёг на зямлю, падклаўшы пад галаву рукi. Эл таксама падняўся.
      - Пайду памагу тут аднаму з машынай, - сказаў ён.
      Мацi сабрала талеркi i пайшла мыць.
      - Руцi, - паклiкала яна, - Уiнфiлд! Хуценька прынясiце вядзерца вады. Яна дала iм вядро, i дзецi пайшлi з iм да рэчкi.
      Да палаткi Джоўдаў падыходзiла мажная жанчына. Сукенка на ёй была ў пыле i ў плямах ад змазачнага масла. Яна iшла, высока задраўшы падбародак. Спынiлася за некалькi крокаў ад палаткi i ваяўнiча глянула на мацi. Тады падышла блiжэй.
      - Дабрыдзень, - сказала яна холадна.
      - Дзень добры, - адказала мацi, паднялася з каленяў i падсунула госцi скрынку. - Сядайце, калi ласка.
      Жанчына падышла зусiм блiзка.
      - Не, не хачу.
      Мацi запытальна глянула на яе:
      - Вам што-небудзь трэба?
      Жанчына падперла рукi ў бокi.
      - Мне трэба, каб вы клапацiлiся пра сваiх уласных дзяцей, а маiх пакiнулi ў спакоi.
      Мацi зрабiла вялiкiя вочы.
      - Я нiчога такога... - пачала яна.
      - Ад майго хлапчука так i тхне тушонкай. Гэта вы яму далi, ён мне сказаў. Тушаным мясам надумалi хвалiцца. Няма чаго гэтым хвалiцца. Я i так ледзь не разрываюся, а тут яшчэ мой блазан прыбягае i пытаецца: "А чаму ў нас няма мяса?" - Голас жанчыны дрыжаў ад шаленства.
      Мацi падышла да яе.
      - Вы сядайце, - сказала яна. - Прысаджвайцеся, пагаворым.
      - I не думаю. Я стараюся хоць як-небудзь накармiць сям'ю, а вы тут са сваёй тушонкай лезеце.
      - Сядайце, сядайце, - запрашала мацi. - Больш у нас мяса не будзе, аж пакуль мы работы не знойдзем. Вось каб вы варылi мяса i малыя дзецi абступiлi вас з усiх бакоў, што б вы рабiлi? Нам i самiм было мала, ды хiба адмовiш дзецям, калi яны пазiраюць на цябе такiмi вачамi?
      Рукi жанчыны ўпалi з клубоў. Яна дапытлiва паглядзела ў твар мацi, потым павярнулася, шпарка пакрочыла прэч i, увайшоўшы ў сваю палатку, захiнула за сабой полкi. Мацi правяла яе позiркам i зноў апусцiлася на каленi перад горкай алавяных талерак.
      Да палаткi паспешлiва падышоў Эл.
      - Том! - гукнуў ён. - Ма, Том тут?
      Том высунуў галаву з-пад брызенту.
      - Чаго табе?
      - Хадзем са мной, - усхвалявана сказаў Эл.
      Яны пайшлi разам.
      - Што здарылася? - запытаўся Том.
      - Пацярпi, зараз даведаешся. - Эл падвёў яго да машыны з разабраным блокам. - Гэта Флойд Ноўлс, - сказаў ён.
      - Мы з iм ужо гаварылi. Ну, як справы?
      - Ды вось канчаю, - адказаў Флойд.
      Том правёў пальцам па галоўцы блока.
      - Ну кажы, Эл, што там у цябе за тайна.
      - Толькi што Флойд мне сказаў... Раскажы яму сам, Флойд.
      Флойд пачаў:
      - Можа, лепш было б памаўчаць... але добра, скажу. Тут адзiн прыехаў, кажа, работа ёсць - далей на поўнач.
      - На поўнач?
      - Ага. Ёсць месца такое - далiна Санта-Клара. Далёка, чорт ведае дзе.
      - А работа якая?
      - Збор слiў, груш, кансерваванне. Кажа, хутка ўсё паспее.
      - А ўсё ж, як далёка? - дапытваўся Том.
      - А чорт яго ведае. Мiль дзвесце, пэўна.
      - Сапраўды чорт ведае дзе, - сказаў Том. - А чаму ты думаеш, што да нашага прыезду там будзе работа?
      - Напэўна сказаць нiхто не можа, - адказаў Флойд. - Але ж тут усё роўна нiчога не знойдзеш, а чалавек гэты кажа, што атрымаў лiст ад брата, i той ужо ў дарозе. Нiкому казаў нiчога не гаварыць, а то ўсе кiнуцца туды. Давядзецца выязджаць ноччу. Раней прыедзеш, можа, работу дадуць.
      Том уважлiва прыглядаўся да Флойда.
      - Нашто ж так, крадучыся?
      - А на тое, што, калi ўсе рушаць туды, работы не хопiць.
      - Усё ж далекавата, каб на яго чорт, - сказаў Том.
      Флойд закрыўдаваў:
      - Я з табой па-сяброўску падзялiўся. Можаш не ехаць. Твой брат тут мне памог, таму я i сказаў вам.
      - Ты ўпэўнены, што ў гэтым наваколлi работы няма?
      - Слухай, я тры днi тут кручуся, дзе толькi нi быў, i каб хоць што трапiлася - нiдзе нiчога. Калi хочаш сам пашукаць i спалiць чорт ведае колькi бензiну, што ж, давай! Я не прашу вас ехаць са мной. Чым больш народу туды наедзе, тым меней шанцаў у мяне.
      Том сказаў:
      - Я нiчога такога не гавару. Толькi вельмi ж далёка. Мы спадзявалiся папрацаваць тут, дамок арандаваць.
      Флойд цярплiва сказаў:
      - Вы толькi што прыехалi, я разумею. Вам яшчэ шмат чаму трэба павучыцца. Калi паслухаеце мяне, вы толькi выйграеце. А не - вучэнне абыдзецца вам даражэй. Асесцi тут вы не спадзявайцеся, бо ў гэтых месцах сталай работы нiдзе няма. Страўнiк пагонiць вас далей. Ну вось, цяпер сказаў вам усё начыстую.
      - Трэба ўсё ж пашукаць, - заклапочана сказаў Том.
      Да суседняй палаткi пад'ехала закрытая легкавая машына. З яе вылез чалавек у камбiнезоне i сiняй кашулi. Флойд крыкнуў яму:
      - Ну як, добра з'ездзiлi?
      - Нiякай работы нiдзе ў гэтым чортавым краi няма i не будзе, пакуль не саспее бавоўна. - I чалавек пайшоў у падраную палатку.
      - Вось бачыш? - сказаў Флойд Тому.
      - Ага, бачу. А ўсё ж дзвесце мiль!
      - Вы пакуль што яшчэ нiдзе не прыстроiлiся. Думайце - вырашайце.
      - Лепш паехаць, - сказаў Эл.
      - А тут калi будзе работа? - запытаўся Том у Флойда.
      - Недзе праз месяц пачнецца збор бавоўны. Калi ў вас ёсць запас грошай, чакайце.
      - Мацi ехаць не захоча, яна вельмi стамiлася, - сказаў Том.
      Флойд пацiснуў плячамi:
      - Я вас на поўнач не ганю. Рабiце, як вам лепей. Што чуў, тое i перадаў вам. - Ён падняў з падножкi прамасленую пракладку, акуратна прыладзiў яе да блока i прыцiснуў. - Ну, - сказаў ён Элу, - давай памажы паставiць крышку.
      Том назiраў, як яны асцярожна насунулi цяжкую крышку блока на шпiлькi i мякка апусцiлi.
      - Трэба параiцца са сваiмi, - прагаварыў ён.
      Флойд сказаў:
      - Толькi каб нiхто, акрамя вашых, нiчога пра гэта не ведаў. Я толькi вам. Калi б твой брат не памог мне з машынай, я i з вамi не падзялiўся б.
      - Што ж, вялiкi табе дзякуй. Трэба ўсё добра абдумаць. Магчыма, i паедзем.
      Эл сказаў:
      - Паедуць туды нашы цi не, я ўсё роўна паеду, далiбог. На спадарожных машынах дабяруся.
      - А сям'ю кiнеш? - запытаўся Том.
      - I што тут такога? Я вярнуся з поўнымi кiшэнямi грошай. А чаму i не?
      - Мацi на гэта згоды не дасць, - сказаў Том. - I бацька таксама.
      Флойд паставiў гайкi на балты i закруцiў iх, колькi мог, пальцамi.
      - Мы з жонкай выехалi разам з усiмi нашымi, - сказаў ён. - Там, дома, нам i ў галаву не прыйшло б ад сваiх адбiвацца. Проста пра такое мы i думаць не маглi. Але калi мы ўсёй сям'ёй заехалi крыху далей на поўнач, я вярнуўся сюды, а яны рушылi далей, i цяпер адзiн бог ведае, куды iх занесла. З таго часу я iх усё шукаю, паўсюль пра iх пытаюся. - Флойд абхоплiваў гайкi ключом i раўнамерна падкручваў адну за адной.
      Том апусцiўся на кукiшкi каля машыны i кiнуў беглы позiрк на рады палатак, мiж якiх была пратаптана ў траве сцяжынка.
      - Не, даражэнькi, - сказаў ён, - мацi цябе не адпусцiць.
      - А, па-мойму, аднаму лягчэй працу знайсцi.
      - Можа, i лягчэй, толькi яна згоды не дасць.
      Да лагера падкацiлi дзве перапоўненыя машыны, у людзей, што сядзелi ў iх, выгляд быў панылы. Флойд падняў вочы, але не спытаўся, цi добра з'ездзiлi. На iх запыленых тварах адбiвалiся смутак i адначасова ўпартасць. Сонца хiлiлася на захад, i жоўтае яго святло залiвала Гувервiль i вярбняк за iм. Дзецi пачалi выходзiць з палатак i разбрыдацца па лагеры. Жанчыны таксама выходзiлi i бралiся распальваць маленькiя вогнiшчы. Мужчыны збiралiся невялiкiмi групамi i, прысеўшы на кукiшкi, заводзiлi гаворку.
      Новенькi двухмесны "шэўрале" з'ехаў з шашы i пакiраваў у самы цэнтр лагера. Ён спынiўся сярод палатак. Том запытаўся:
      - Каго гэта яшчэ прынесла. З выгляду яны не тутэйшыя.
      - Не ведаю, - адказаў Флойд. - Можа, палiцыя.
      Дзверцы адчынiлiся, з машыны выйшаў чалавек i стаў каля яе. Яго спадарожнiк застаўся ў кабiне. Мужчыны, што сядзелi на кукiшках, скiравалi позiркi на прыезджых, i гутарка спынiлася. Жанчыны, якiя разводзiлi агонь, употай зiркалi на блiскучую легкавушку. Дзецi пачалi падбiрацца да яе самымi мудрагелiстымi абходнымi шляхамi, кружачы сярод палатак.
      Флойд паклаў ключ. Том падняўся на ногi. Эл выцер рукi аб штаны. Усе трое падышлi да "шэўрале". На чалавеку, якi выйшаў з машыны, былi штаны колеру хакi i фланелевая кашуля. На галаве мяккi шыракаполы капялюш. У нагруднай кiшэнi за загарадкай з вечных ручак i жоўтых алоўкаў тырчаў стосiк паперак, з задняй кiшэнi штаноў вытыркаўся блакнот у металiчных вокладках. Ён падышоў да адной групы мужчын, што сядзелi на кукiшках, i тыя ўзнялi на яго вочы насцярожана i моўчкi. Яны сачылi за iм, не зварухнуўшыся з месца; бялкi вачэй у iх паблiсквалi пад зрэнкамi, бо яны глядзелi ўгору, не падымаючы галавы. Том, Эл i Флойд няспешна, быццам шпацыруючы, падышлi блiжэй.
      Чалавек запытаўся:
      - Хочаце атрымаць работу? - Усе пазiралi на яго па-ранейшаму моўчкi i насцярожана. А з усяго лагера сюды цягнулiся ўжо i iншыя мужчыны.
      Нарэшце адзiн з тых, што сядзелi на кукiшках, адказаў:
      - Вядома ж, хочам. А дзе яна, работа?
      - Акруга Туларэ. Там пачынаецца збор фруктаў. Патрэбна шмат людзей.
      Загаварыў Флойд:
      - Вы самi наймаеце?
      - Сам. Я ўзяў падрад.
      Людзi збiлiся вакол яго цеснай кучкай. Нейкi чалавек у камбiнезоне зняў з галавы свой чорны капялюш i пальцамi зачасаў назад доўгiя чорныя валасы.
      - Колькi плацiць будзеце? - запытаўся ён.
      - Цяпер дакладна сказаць не магу. Цэнтаў трыццаць, думаю.
      - Чаму не можаце сказаць дакладна? У вас жа падрад, цi не так?
      - Правiльна, - адказаў чалавек у штанах колеру хакi. - Але ўсё залежыць ад цаны на фрукты. Можа, трохi больш, можа, трохi i менш.
      Флойд выступiў наперад i спакойна сказаў:
      - Я паеду, мiстэр. Вы падрадчык, у вас павiнен быць патэнт. Пакажыце яго, а потым выпiшыце нам нарад i каб там было сказана, якая работа, дзе будзем працаваць, калi i колькi будуць нам плацiць, i падпiшыце яго. Тады паедзем.
      Падрадчык кiнуў на яго злосны позiрк:
      - Ты мяне не вучы, як мне справы свае весцi.
      Флойд сказаў:
      - Калi мы едзем да вас працаваць, гэта i нашы справы таксама.
      - Ты мяне не вучы. Я паведамляю вам, што патрэбны людзi.
      - А колькi людзей i якая плата, пра гэта вы маўчок.
      - Што за чорт! Ды я сам яшчэ не ведаю.
      - Раз не ведаеце, значыць, не маеце права людзей наймаць.
      - У мяне ёсць поўнае права весцi свае справы так, як я лiчу неабходным. Калi вам больш даспадобы адседжваць тут заднiцы - воля ваша. Я наймаю на работу ў акругу Туларэ. Мне шмат рабочых там патрэбна.
      Флойд павярнуўся да натоўпу мужчын. Цяпер ужо яны ўсе стаялi i моўчкi пераводзiлi позiркi з падрадчыка на Флойда i наадварот. Флойд сказаў:
      - Я ўжо два разы так нарываўся. Яму, можа, трэба тысяча чалавек. А ён набярэ туды тысяч пяць i будзе плацiць па пятнаццаць цэнтаў за гадзiну. I вы, бедалагi, згодзiцеся, бо жываты ў вас пустыя. Калi ён хоча наняць людзей, няхай наймае i няхай напiша ўсё на паперы i паставiць там плату. Папрасiце, няхай дакумент пакажа. Без патэнта наймаць людзей ён права не мае.
      Падрадчык павярнуўся да "шэўрале" i крыкнуў:
      - Джо!
      Яго спадарожнiк выглянуў з кабiны, адчынiў дзверцы i выйшаў. На iм былi верхавыя брыджы i высокiя чаравiкi на шнуроўцы. Збоку на поясе-патранташы вiсела цяжкая рэвальверная кабура. Да карычневай кашулi быў прышпiлены знак шэрыфскага памагатага - металiчная зорка. Ён ступаў няспешна, уразвалку. На твары яго iграла рэдзенькая ўсмешка.
      - У чым справа? - Кабура хадзiла ўзад i ўперад па бядры.
      - Зiрнi, Джо, гэты малойчык трапляўся табе калi-небудзь на вочы?
      Палiсмен запытаўся:
      - Каторы?
      - Вось гэты. - Падрадчык паказаў на Флойда.
      - А што ён зрабiў? - палiсмен усмiхнуўся Флойду.
      - Ён чырвоны, агiтацыю тут разводзiць.
      - Гм... - шэрыфскi памагаты не спяшаючыся зайшоў збоку, каб паглядзець на Флойда ў профiль, i твар у таго пачаў залiвацца чырванню.
      - Бачыце? - закрычаў Флойд. - Каб ён рабiў усё сумленна, хiба ж прывёз бы з сабою фараона?
      - Трапляўся ён табе раней на вочы? - паўтарыў пытанне падрадчык.
      - Гм-м... як быццам было. На мiнулым тыднi, калi ўзламалi гараж са старымi машынамi. Па-мойму, ён там круцiўся. Ага, так! Ён самы i ёсць, магу пабажыцца. - Усмешка iмгненна знiкла з яго твару. - Лезь у машыну, - загадаў палiсмен Флойду i адшпiлiў раменьчык на кабуры аўтаматычнага пiсталета.
      Том сказаў:
      - Без вiны чалавека бераце.
      Шэрыфскi агент крута павярнуўся да яго:
      - Калi табе за кампанiю хочацца, паспрабуй толькi яшчэ раз зяпу разявiць. Каля таго гаража двое шасталi.
      - На мiнулым тыднi мяне i не было ў гэтым штаце, - сказаў Том.
      - Ну i што? Цябе, можа, у другiм штаце шукаюць. Лепш заткнiся.
      Падрадчык зноў павярнуўся да натоўпу мужчын:
      - Вы гэтых чырвоных падлюг не слухайце. Падбухторшчыкi - яны бяду на вас наклiчуць. Я вас усiх вазьму на работу ў Туларэ.
      Людзi маўчалi.
      Шэрыфскi агент павярнуўся да iх.
      - Вам ёсць рацыя паехаць, - сказаў ён, i рэдзенькая ўсмешка зноў засвяцiлася ў яго на твары. - Аддзел аховы здароўя распарадзiўся ачысцiць гэты лагер. А калi тут у вас яшчэ i чырвоныя завялiся - глядзiце, каб бяды з кiм-небудзь не здарылася. Добра зробiце, калi паедзеце ў Туларэ. Тут усё роўна работай не пахне. Я вам па-сяброўску раю. А калi не паедзеце, сюды неўзабаве ўваляцца малайцы, ды яшчэ, можа, з кайламi.
      Падрадчык сказаў:
      - Я ж кажу вам, мне людзi патрэбныя. Не хочаце працаваць, што ж, воля ваша.
      Палiсмен усмiхнуўся:
      - Калi не хочуць працаваць, iм у нашым штаце не месца. Мы iх хутка справадзiм адсюль.
      Флойд нерухома стаяў побач з палiсменам, вялiкiя пальцы рук кручком зачапiлiся за пояс. Том скоса глянуў на яго i ўтаропiў вочы сабе пад ногi.
      - У мяне ўсё, - сказаў падрадчык. - У акрузе Туларэ людзi патрэбныя, работы шмат.
      Том паволi падняў вочы i ўбачыў рукi Флойда з напятымi на кiсцях жыламi. Рукi Тома таксама пацягнулiся ўгору i вялiкiмi пальцамi зачапiлiся за рэмень.
      - Так, гэта ўсё, - сказаў шэрыфскi памагаты. - Каб заўтра да ранiцы тут нi жывой душы не было.
      Падрадчык сеў у машыну.
      - А ты, - сказаў шэрыфскi памагаты Флойду, - лезь у машыну. - Ён падняў вялiкую пяцярню i схапiў Флойда за левы локаць. Флойд крутнуўся i вырваўся, а правым кулаком ударыў у шырокi твар i кiнуўся наўцёкi, пятляючы мiж палатак. Агент захiстаўся, i тут Том даў яму падножку. Палiсмен грымнуўся на дол i перавалiўся на бок, хапаючыся за пiсталет. Флойд бег, то хаваючыся за палаткамi, то зноў паказваючыся. Лежачы, палiсмен стрэлiў. Нейкая жанчына каля адной з палатак пранiзлiва ўскрыкнула i глянула на сваю руку - костачак як не было, а пальцы вiселi, быццам на нiтачках, на далонi, якая стала белая, бяскроўная. У далёкiм канцы лагера мiльганула постаць Флойда, якi iмчаўся да вербняку. Шэрыфскi агент прыўзняўся, сеў на зямлi, зноў падняў пiсталет, i тут раптам з натоўпу выступiў прападобны Кейсi. Ён ударыў палiсмена нагой па шыi i адступiў назад, пазiраючы на грузнага чалавека, якi ў непрытомнасцi ляжаў на зямлi.
      Пачулася выццё матора, i "шэўрале" памчаўся прэч, узнiмаючы клубы пылу. Машына ўз'ехала на шашу i, як куля, знiкла з вачэй. Жанчына ўсё яшчэ пазiрала на сваю пакалечаную руку. З раны паволi сачылася кроў. З горла жанчыны вырваўся перарывiсты крык, i яна зайшлася iстэрычным смехам, якi з кожным пераводам дыхання рабiўся ўсё гучнейшы.
      Шэрыфскi агент ляжаў на баку, уткнуўшыся ротам у пыл.
      Том падняў з зямлi пiсталет, выняў магазiн i шпурнуў яго ў кусты. Потым выкiнуў з патроннiка зарад.
      - Такiм нельга даваць у рукi зброю, - сказаў ён i кiнуў пiсталет на зямлю.
      Жанчыну з раздробленай кiсцю рукi абкружыў натоўп. У прыпадку iстэрыкi, якая ўсё мацней авалодвала ёю, яна цяпер вiсклiва смяялася.
      Кейсi падышоў блiзка да Тома.
      - Ты зараз жа iдзi адсюль, - сказаў ён. - Схавайся ў вербняку i перачакай там. Ён не бачыў, хто яго ўдарыў, а тваю падножку бачыў.
      - Нiкуды я не пайду, - адказаў Том.
      Кейсi прашаптаў яму на вуха:
      - У цябе возьмуць адбiткi пальцаў. Ты парушыў абавязацельства. Пашлюць назад у турму.
      Том ледзь чутна перавёў дух.
      - А чорт! Я i забыўся.
      - Не марудзь, - сказаў яму Кейсi. - А то ён ачуняе.
      - Прыхапiць бы яго пiсталет, - сказаў Том.
      - I не думай. Нi ў якiм разе. Калi ўсё абыдзецца, я табе свiсну чатыры разы.
      Том няспешна адышоў убок, потым прыбавiў кроку i неўзабаве знiк у вербняку, якiм зарос бераг ракi.
      Эл падышоў да палiсмена, якi ляжаў на зямлi.
      - А божухна мой! - усклiкнуў Эл у захапленнi. - Здорава ж ты яго!
      Людзi ў натоўпе ўсё яшчэ пазiралi на непрытомнага чалавека на зямлi. I раптам аднекуль здалёку пачулася сiрэна, завыла i сцiхла, потым зноў завыла ўжо блiжэй. Людзi затрывожылiся. Патапталiся на месцы i пачалi разыходзiцца ў розныя бакi - кожны ў сваю палатку. Засталiся толькi Эл i прапаведнiк.
      Кейсi павярнуўся да Эла:
      - Iдзi адсюль. Iдзi ў сваю палатку. Ты нiчога не бачыў i не ведаеш.
      - Я? А сам ты як?
      Кейсi ўсмiхнуўся яму шырокай усмешкай:
      - Трэба ж каму-небудзь браць вiну на сябе. Дзяцей у мяне няма. Ну пасяджу я ў турме. Ад мяне ўсё роўна карысцi вам нiякай, кручуся толькi тут пад нагамi.
      - Гэта яшчэ не прычына, каб...
      - Iдзi, iдзi, - рэзка перабiў Эла Кейсi. - Не ўблытвайся ў гэту справу.
      Эл заўпарцiўся:
      - Я нiкому не дазволю сабой камандаваць.
      Кейсi спакойна сказаў:
      - Калi ты ўлiпнеш у гэта, пацерпяць усе вашы, уся ваша сям'я. Пра цябе ў мяне клопаты малыя. А вось мацi твая i бацька праз гэта могуць зведаць гора. Тома зноў могуць адправiць у Макалестар.
      Эл на хвiлiнку задумаўся. Потым сказаў:
      - Добра. А ўсё ж ты дурны, як баран.
      - Ну i няхай, - адказаў Кейсi. - Дурны дык дурны.
      Сiрэна не пераставала завываць, i з кожным разам выццё яе наблiжалася. Кейсi апусцiўся на калена каля палiсмена i перавярнуў яго на спiну. Той застагнаў i залыпаў вачыма, сiлячыся што-небудзь убачыць. Кейсi сцёр пыл з яго губ. Людзi сядзелi па сваiх палатках, апусцiўшы крыссе ўвахода. Вячэрняе сонца афарбавала паветра ў чырвань, а шэрыя брызентавыя палаткi ў бронзу.
      На шашы вiскнулi шыны, з яе з'ехала адкрытая машына i падкацiла да лагера. З машыны выскачылi чатыры чалавекi з вiнтоўкамi ў руках. Кейсi падняўся i падышоў да iх.
      - Што тут у вас робiцца? - запытаўся адзiн.
      - Я збiў вашага чалавека, - адказаў Кейсi.
      Адзiн з тых, што прыехалi, падышоў да распасцёртага на зямлi палiсмена.
      - А што здарылася?
      - Ды вось, - сказаў Кейсi, - ён тут разбушаваўся, i я яго ўдарыў. Ён страляць пачаў - паранiў жанчыну. I я зноў яго ўдарыў.
      - А з чаго ўсё пачалося?
      - Я не вельмi далiкатна з iм гаварыў.
      - Давай у машыну.
      - Добра, - сказаў Кейсi i залез на задняе месца.
      Двое з прыезджых памаглi палiсмену падняцца з зямлi. Ён асцярожна пакратаў пальцамi шыю.
      Кейсi сказаў:
      - Там у палатцы жанчына крывёю сцякае ад яго меткай стральбы.
      - Пазней зоймемся ёю. Джо, хто цябе ўдарыў - гэты?
      Яшчэ не ачуняўшы як след, палiсмен тупа ўтаропiўся на Кейсi.
      - Нешта не пазнаю.
      - Гэта быў я, што тут хавацца, - сказаў Кейсi. - Ты памылiўся - не на таго напаў.
      Джо паволi пакруцiў галавой:
      - Не, па-мойму, гэта быў не ты. Ай, божа мой, як мне млосна!
      Кейсi сказаў:
      - Са мной усё ясна. Вы лепш iдзiце паглядзiце, што з той жанчынай.
      - А дзе яна?
      - У той вунь палатцы.
      Старшы з памагатых шэрыфа з вiнтоўкай у руцэ пакрочыў да палаткi. Падышоўшы, нешта сказаў праз брызент i ўвайшоў. Неўзабаве ён выйшаў, вярнуўся да машыны i з налётам гордасцi сказаў:
      - Во, чорт, што можа нарабiць сорак пяты калiбр! Ёй жгут наклалi. Мы доктара прышлём.
      Двое палiсменаў селi па баках Кейсi. Старшы нацiснуў на ражок сiрэны. Лагер нiбы вымер. Полкi палатак былi шчыльна захiнутыя, людзi не паказвалiся. Загуў матор, машына развярнулася i паехала з лагера. Кейсi сядзеў мiж канваiрамi, высока ўзняўшы галаву на сваёй жылiстай шыi. На губах у яго застыла слабая ўсмешка, на твары быў нейкi дзiўны трыумфальны выраз.
      Калi палiсмены паехалi з лагера, людзi павыходзiлi з палатак. Сонца зайшло, i на лагер апусцiлася сiняватае вячэрняе сутонне. Горы на ўсходзе яшчэ жаўцелi ў сонечных промнях. Жанчыны вярнулiся да сваiх патухлых вогнiшчаў. Мужчыны зноў сабралiся купкамi i, седзячы на кукiшках, цiха загаварылi.
      Эл вылез з-пад брызентавага навеса i пашыбаваў да вербняку - свiснуць Тому. Мацi таксама выйшла i зноў узялася распальваць вогнiшча з голля.
      - Бацька, - сказала яна, - я вам многа не дам. Сёння мы позна снедалi.
      Бацька i дзядзька Джон, не адыходзячы ад палаткi, назiралi, як мацi абiрае бульбу i наразае яе тонкiмi скрылiкамi над патэльняй, густа змазанай топленым салам. Бацька сказаў:
      - Чаго гэта прапаведнiк так зрабiў?
      Руцi i Ўiнфiлд падкралiся зусiм блiзка да iх i прыпалi да зямлi, каб паслухаць, пра што яны гавораць.
      Дзядзька Джон праводзiў у зямлi глыбокiя барозны доўгiм iржавым цвiком.
      - Ён разумее, што такое грэх. Я пытаўся ў яго пра гэта, i ён мне ўсё растлумачыў. Толькi не ведаю, цi мае ён рацыю. Кажа: чалавек грашыць, калi думае, што ён саграшыў. - Вочы ў дзядзькi Джона былi поўныя стомы i тугi. - Я заўсёды ад усiх таiўся. Я такое рабiў, пра што нiкому не расказваў.
      Мацi падняла галаву ад вогнiшча i павярнулася да яго:
      - I не расказвай, Джон. Раскажы ўсё богу. Не ўзвальвай цяжар сваiх грахоў на чужыя плечы. Гэта несумленна.
      - Яны мне душу вярэдзяць, - сказаў Джон.
      - Усё роўна другiм не расказвай. Пайдзi на рэчку, акунi галаву ў ваду i шэптам скажы ўсё плынi.
      Бацька паволi кiваў галавой у такт словам мацi.
      - Яна правiльна кажа, - прамовiў ён. - Табе, канешне, палягчэе, калi падзелiшся з iншымi, але тады грэх твой пойдзе кругамi.
      Дзядзька Джон паглядзеў на пазалочаныя сонцам горы, i золата iх адбiлася ў яго ў вачах.
      - Я стараюся адолець сябе, - сказаў ён, - i не магу. Усё нутро выядае.
      Ззаду яго Ружа Сарона, млявая, выйшла з палаткi.
      - Дзе ж гэта Конi? - з раздражненнем запыталася яна. - Нешта даўно яго не бачу. Дзе ён прапаў?
      - Ён мне на вочы не пападаўся, - адказала мацi. - Убачу, пашлю да цябе.
      - Мне нездаровiцца, - сказала Ружа Сарона, - а ён пакiнуў мяне адну.
      Мацi паглядзела на апухлы твар дачкi.
      - Ты плакала, - сказала яна.
      Слёзы зноў нагарнулiся на вочы Ружы Сарона.
      Мацi рашуча сказала:
      - Вазьмi сябе ў рукi. Ты не адна - нас многа. Вазьмi сябе ў рукi. Iдзi сюды абяры бульбу. Няма чаго шкадаваць сябе.
      Ружа Сарона адступiла назад пад брызент. Яна старалася ўнiкнуць строгага погляду матчыных вачэй, але ён прымусiў яе пабрысцi да вогнiшча.
      - А чаго ён пайшоў? - сказала яна, але слёз ужо не было.
      - Вазьмiся за справу. А то сядзiш адна ў палатцы i шкадуеш сама сябе. Мне не было калi ўзяцца за цябе. Цяпер ужо вазьмуся. Вось табе нож i бярыся за бульбу.
      Ружа Сарона паслухмяна апусцiлася на каленi каля вогнiшча. Са злосцю сказала:
      - Няхай толькi прыйдзе. Я яму ўжо задам.
      Губы ў мацi расцягнулiся ва ўсмешцы:
      - Ён i набiць цябе можа. Сама на гэта напрошваешся - ныеш, песцiшся. Калi ён i ўваб'е ў цябе крыху розуму, я толькi дзякуй яму скажу.
      Вочы ў Ружы Сарона ўспыхнулi абурэннем, але яна змоўчала.
      Дзядзька Джон сваiм шырокiм вялiкiм пальцам загнаў iржавы цвiк глыбока ў зямлю.
      - Я мушу ўсё расказаць, - прагаварыў ён.
      Бацька сказаў:
      - Ну i расказвай, каб цябе чэрцi! Каго ты забiў?
      Дзядзька Джон запусцiў палец у кiшэньку для гадзiннiка на сваiх сiнiх джынсах i вывудзiў адтуль перагнутую папалам зашмальцаваную грашовую паперку. Расправiў яе i паказаў бацьку:
      - Пяць даляраў.
      - Украў? - запытаўся бацька.
      - Не, яны мае. Утаiў.
      - Яны ж твае, дык што?
      - А тое, што я не меў права iх утойваць.
      - Я тут нешта нiякага грэху не бачу, - умяшалася мацi. - Яны ж твае.
      Дзядзька Джон паволi загаварыў:
      - Не ў тым справа, што я iх утаiў. Я ўтаiў iх, каб напiцца. Я ведаў, што прыйдзе час, калi мяне пацягне выпiць, так засмылiць нутро, што адно выйсце напiцца. Думаў, яшчэ не пара, а тут... прапаведнiк узяў i аддаўся палiцыi, каб выратаваць Тома.
      Бацька зноў пакiваў галавой, потым нахiлiў яе набок, каб лепш чуць. Руцi падабралася на локцях яшчэ блiжэй, паўзком, як шчаня, Уiнфiлд - за ёю. Ружа Сарона кончыкам нажа выкалупнула глыбокае вочка з бульбiны. Вячэрняе сутонне згусцiлася i стала яшчэ сiнейшым.
      Мацi рэзка, суха сказала:
      - Не разумею, чаму гэта табе абавязкова трэба напiвацца праз тое, што прапаведнiк выручыў Тома.
      Джон сумна адказаў:
      - Сам не ўцямлю. Вельмi ўжо цяжка на душы. Ён так проста на гэта пайшоў. Ступiў наперад i кажа: "Гэта я зрабiў". I яго забралi i павезлi. А я пайду нап'юся.
      Бацька ўсё пакручваў галавой:
      - Ну навошта ўсё гэта гаварыць. На тваiм месцы я проста пайшоў бы i напiўся, калi так ужо табе закарцела.
      - Я даўно ўжо мог бы зняць грэх з душы, - тужлiва сказаў дзядзька Джон. Але ўпусцiў выпадак. Не ўхапiўся за яго... прамаргаў. Паслухай! У цябе ёсць грошы, дай мне два даляры.
      Бацька без ахвоты палез у кiшэню i выцягнуў скураны мяшэчак.
      - Каб напiцца, сямi даляраў мнагавата. Ты што, шампанскую вадзiцу жлукцiць будзеш?
      Дзядзька Джон падаў яму сваю пяцiдаляравую паперку.
      - Вось вазьмi, а мне два даляры дай. Я i з двух сп'янею. Не хачу браць яшчэ адзiн грэх на душу - марнатраўства. Што ёсць, тое i патрачу. Заўсёды так раблю.
      Бацька ўзяў брудную паперку i даў яму два сярэбраныя даляры.
      - На, бяры. Раз чалавеку трэба, значыць, трэба. Нi ў кога няма столькi розуму, каб вучыць другога.
      Дзядзька Джон узяў абедзве манеты.
      - Ты не зазлуеш? Ты разумееш, што мне гэта трэба?
      - Ну што ты, далiбог, - сказаў бацька. - Ты сам ведаеш, што табе трэба рабiць.
      - Iначай я нiяк не перабуду ночы, - сказаў дзядзька Джон i павярнуўся да мацi. - Ты не пакрыўдзiшся на мяне?
      Мацi не падняла галавы.
      - Не, - мякка адказала яна. - Не. Iдзi ж.
      Дзядзька Джон падняўся на ногi i як сам не свой пайшоў ад палаткi i знiк у прыцемку. Ён падняўся на шашу i перайшоў яе каля бакалейнай крамы. Перад сеткаватымi дзвярамi ён зняў з галавы капялюш, шпурнуў яго ў пыл i прытаптаў абцасам у знак самаасуджэння. Так i пакiнуўшы скамечаны, брудны капялюш на зямлi, ён увайшоў у краму i адразу пакiраваў да палiц, на якiх за драцяной сеткай стаялi бутэлькi вiскi.
      Бацька, мацi i дзецi глядзелi ўслед дзядзьку Джону, пакуль ён не знiк з вачэй. Ружа Сарона ў знак абурэння не падымала вачэй ад бульбы.
      - Небарака Джон, - сказала мацi. - Можа, лепш было... ды не... думаю, што не. Нiколi не бачыла, каб чалавек так гараваў.
      Руцi перавалiлася на бок, блiжэй да Ўiнфiлда, прыцягнула яго да сябе за вуха i прашаптала:
      - Я зараз буду п'яная.
      Уiнфiлд пырхнуў i зацiснуў рот далонню. Стрымлiваючы дыханне, каб не рагатнуць, дзецi хуценька адпаўзлi з пабарвавелымi ад натугi тварамi. Апынуўшыся за палаткай, яны ўскочылi i з вiскам пусцiлiся да вербаў. Схаваўшыся там, яны зайшлiся ад смеху. Руцi скасiла вочы, расслабiла цела, высунула язык i пачала пахаджаць, пахiстваючыся з боку на бок i аступаючыся.
      - Я п'яная, - сказала яна.
      - Глядзi! - закрычаў Уiнфiлд. - Глядзi на мяне, я дзядзька Джон! - Ён замахаў рукамi, надзьмуў шчокi i вярцеўся ваўчком, пакуль у яго не закружылася галава.
      - Не, - сказала Руцi. - Вось як трэба. Вось як. Я - дзядзька Джон. Я зусiм сп'янела.
      Эл з Томам цiха iшлi праз вербалоз у лагер i раптам убачылi дзяцей, якiя, вiхляючыся, насiлiся сярод кустоў як апантаныя. У згусцелым змроку Том, спынiўшыся, пачаў узiрацца.
      - Цi не Руцi гэта з Уiнфiлдам? Што з iмi такое?
      Браты падышлi блiжэй.
      - Вы што, адурэлi? - здзiўлена запытаўся Том.
      Дзецi спынiлiся, захопленыя знянацку.
      - Мы... гуляем, - адказала Руцi.
      - Нейкая дурная гульня, - прабурчаў Эл.
      Руцi дзёрзка выпалiла:
      - Не дурнейшая за што iншае.

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 34