Гронкi гневу (на белорусском языке)
ModernLib.Net / Стейнбек Джон / Гронкi гневу (на белорусском языке) - Чтение
(стр. 17)
Автор:
|
Стейнбек Джон |
Жанр:
|
|
-
Читать книгу полностью
(1002 Кб)
- Скачать в формате fb2
(402 Кб)
- Скачать в формате doc
(417 Кб)
- Скачать в формате txt
(398 Кб)
- Скачать в формате html
(403 Кб)
- Страницы:
1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 34
|
|
Кiўком галавы мацi паклiкала бацьку пад брызент i нешта шапнула яму. Уiлсан павярнуўся да Кейсi: - Сэйры прасiла вас зайсцi да яе. - Добра, - адказаў прапаведнiк. Ён пайшоў да маленькай шэрай палаткi Ўiлсанаў, адхiнуў полкi i ўвайшоў. У палатцы было цёмна i душна. На зямлi ён убачыў матрац, астатнiя рэчы, як былi скiнуты з грузавiка, так i валялiся дзе папала. Сэйры ляжала на матрацы, шырока расплюшчыўшы блiскучыя вочы. Кейсi спынiўся, глянуў на яе, апусцiўшы сваю вялiкую галаву, i мускулы на яго жылiстай шыi напялiся. Ён зняў з галавы капялюш i стаяў, трымаючы яго ў руцэ. Сэйры спыталася: - Муж сказаў, што мы не едзем? - Сказаў. Зноў пачуўся нiзкi прыгожы голас Сэйры: - Я хацела ехаць з вамi. Ведаю, мне з гэтай пустынi жывой не выбрацца, затое муж перабярэцца цераз яе. А ён не хоча. Ён не ведае. Думае, я папраўлюся. Ён не ведае. - Ён сказаў: не паедзем. - Ага. Ён упарты. А вас я паклiкала, каб малiтву прачыталi. - Я не прапаведнiк ужо, - цiха прамовiў Кейсi. - Малiтвы мае не памогуць. Сэйры правяла языком па сасмяглых губах. - Калi памёр iх дзед, я была ў палатцы. Тады вы прачыталi малiтву. - Гэта была не малiтва. - Малiтва, - сказала Сэйры. - Не такая, якiя чытаюць прапаведнiкi. - Малiтва была добрая. Прачытайце i мне такую. - Я не ведаю, што гаварыць. Сэйры заплюшчыла вочы i праз хвiлiну зноў паглядзела на Кейсi. - Тады памалiцеся моўчкi. Без слоў. Мне большага не трэба. - Ува мне няма бога, - сказаў Кейсi. - У вас ёсць бог. Вы не ведаеце, якi ён, але гэта няважна. - Прапаведнiк схiлiў галаву. Сэйры баязлiва сачыла за iм. I калi ён падняў галаву, твар яе пасвятлеў. - Гэтага я i хацела. Адчуць, што ёсць нехта побач... i молiцца. Кейсi матнуў галавой, быццам адганяючы сон. - Я гэтага не разумею, - сказаў ён. А Сэйры сказала: - Але вы... вы ведаеце, праўда? - Ведаю, - адказаў Кейсi, - ведаю, але не разумею. Можа, мiне некалькi дзён, вы адпачняце i паедзеце далей. Сэйры паволi пакруцiла галавой: - Ува мне ўжо нiчога не засталося, акрамя болю. Я ведаю, што гэта, толькi яму гаварыць не хачу. Ён вельмi засмуцiцца. А зрабiць усё роўна нiчога не зможа. Магчыма, ноччу, калi ён засне... Прачнецца, усё ж лягчэй. - Хочаце, я не паеду, застануся з вамi? - Не, - сказала Сэйры. - Не. Ведаеце, дзяўчынай я добра спявала. У нашых краях усе гаварылi, што я спяваю не горш за саму Джэнi Лiнд. Бывала, прыйдуць паслухаць мяне. I вось... пяеш, а людзi стаяць побач, i здаецца, быццам ты з iмi адно цэлае. Так мне рабiлася добра тады. Не кожнаму дадзена такое адчуць такую паўнату ў сэрцы i блiзкасць да людзей, што стаяць i слухаюць. Тады я ўсё думала, што некалi буду спяваць у тэатрах, ды не збылося. То i добра. Калi я спявала, нiкога памiж намi не было, нiчога. Вось чаму я папрасiла вас памалiцца. Захацелася яшчэ раз адчуць такую блiзкасць. Песня i малiтва - адно i тое. Шкада, што вы не чулi, як я спявала. Кейсi заглянуў ёй у самыя вочы. - Бывайце, - сказаў ён. Яна кiўнула яму галавой i моцна сцяла губы. I прапаведнiк выйшаў з паўзмроку палаткi на сляпучае сонечнае святло. Мужчыны рабiлi пагрузку. Дзядзька Джон стаяў на кузаве, а астатнiя падавалi яму рэчы. Ён акуратна расстаўляў iх, стараючыся, каб было як мага раўней. Мацi выняла салёную свiнiну з бочачкi i паклала ў рондаль, а Том з Элам схадзiлi да ракi i памылi абедзве бочачкi. Потым прывязалi iх да падножак грузавiка, налiлi вадой, якую прынеслi ў вёдрах. Зверху завязалi бачуркi парусiнай, каб вада не расплюхалася ў дарозе. Засталося яшчэ толькi ўкласцi брызент i матрац, на якiм спала бабка. Том сказаў: - З такiм грузам калымага наша моцна перагрэецца. Вялiкi запас вады трэба мець. Мацi раздала ўсiм вараную бульбу, вынесла з-пад брызенту астатнiя паўмяха бульбы i паставiла яго ля рондаля са свiнiнай. Усе елi стоячы, пераступаючы з нагi на нагу i перакiдаючы з далонi на далонь гарачыя бульбiны, каб яны астылi. Мацi пайшла ў палатку Ўiлсанаў, прабыла там хвiлiн дзесяць i цiхенька выйшла. - Пара ехаць, - сказала яна, падышоўшы да мужчын. Мужчыны зайшлi пад брызентавы навес. Бабка спала з шырока раскрытым ротам. Яны асцярожна паднялi матрац i паклалi яго на самы верх грузавiка. Бабка падабрала свае кашчавыя ногi, але не прачнулася. Дзядзька Джон з бацькам перакiнулi брызент цераз верхнюю перакладзiну так, што атрымалася нешта накшталт стрэшкi, i прывязалi яго да бакавых планак бартоў. Цяпер усё было гатова. Бацька дастаў з кiшэнi кашалёк i выняў з яго дзве пакамечаныя паперкi. Ён падышоў да Ўiлсана i падаў яму грошы. - Вось, прымiце ад нас i... - ён паказаў на рондаль са свiнiнай i мяшок з бульбай, - i гэта. Уiлсан панурыўся i рашуча пакруцiў галавой. - Не, я гэтага не зраблю, - сказаў ён. - У вас у самiх мала. - На дарогу нам хопiць, - сказаў бацька. - Не апошняе аддаём. А прыедзем на месца, у нас работа будзе. - Не, я гэтага не зраблю, - паўтарыў Уiлсан. - Лепш не ўгаворвайце, зазлую. Мацi ўзяла з рук бацькi абедзве паперкi, акуратна перагнула iх напалам i паклала на зямлю, а зверху паставiла рондаль са свiнiнай. - Вось дзе яно будзе, - сказала яна. - Не возьмеце вы, возьмуць iншыя. Уiлсан павярнуўся, не падымаючы галавы, i пайшоў да сваёй палаткi, i за iм захiнулiся полкi. Джоўды пачакалi яшчэ некалькi хвiлiн, i тады Том сказаў: - Трэба ехаць. Цяпер ужо, пэўна, каля чатырох. Усе забралiся на грузавiк, мацi наверх - блiжэй да бабкi. Том з Элам i бацькам селi ў кабiну, Уiнфiлд - на каленi да бацькi. Конi i Ружа Сарона прымасцiлiся каля пярэдняй сценкi. Прапаведнiк, дзядзька Джон i Руцi паселi хто дзе сярод паклажы. Бацька крыкнуў: - Мiсiс Уiлсан, мiстэр Уiлсан, бывайце! З палаткi не адказалi. Том завёў матор, i грузавiк цяжка зрушыў з месца. I калi яны папаўзлi па разбiтай дарозе, што вяла да Нiдлса i да шашы, мацi азiрнулася. Уiлсан стаяў з капелюшом у руцэ i пазiраў iм услед. Сонца бiла яму проста ў твар. Мацi памахала яму рукой, але ён не адказаў ёй. Том вёў грузавiк на другой скорасцi, каб не папсаваць рысоры. На ўскраiне Нiдлса ён спынiўся каля заправачнай станцыi, праверыў, цi не спускаюць камеры i цi моцна прывязаны запасныя шыны. Заправiў гаручым бак, купiў яшчэ дзве пяцiгалонавыя канiстры бензiну i адну двухгалонавую бляшанку масла. Ён залiў у радыятар вады, папрасiў даць яму карту i пачаў яе вывучаць. Малады чалавек у белай форме прыкметна нерваваўся, абслугоўваючы Тома, i супакоiўся толькi тады, калi яму заплацiлi па рахунку. - Храбры вы народ, - сказаў ён. Том адарваў вочы ад карты. - Гэта чаму ж? - Праз пустыню ў такiм драндулеце? - А ты сам праз яе пераязджаў? - I не адзiн раз, толькi не ў гэтакай скрынi. Том сказаў: - Калi будзе паломка, хто-небудзь нас, думаю, выручыць. - Што ж, можа, i выручыць. Але сярод ночы людзi баяцца спыняцца. Я нiзашто б не спынiўся. Храбрасцi не хапiла б. - Думаеш, мы храбрыя? Нам проста нiчога больш не застаецца. Ну, дзякуй табе. Пацягнемся далей. - Том сеў у кабiну i паехаў ад станцыi. Малады чалавек у белым увайшоў у домiк з рыфленага жалеза, дзе яго памочнiк праглядаў папку з рахункамi. - О божа, ну й адчайны народ! - Хто - Окi? Яны ўсе адчайныя. - На такiм драндулеце я пабаяўся б i з месца скрануцца. - У нас з табой здаровы розум. А ў гэтых чортавых Окi нi разумення нiякага няма, нi чалавечых пачуццяў. Яны i не людзi. Сапраўдны чалавек не будзе так жыць, як яны. Сапраўдны чалавек не прымiрыўся б з такiм брудам i ўбоствам. Яны не нашмат лепшыя за гарыл. - А ўсё ж добра, што мне не трэба ехаць праз пустыню на такiм дапатопным "гудзоне". Тарахцiць, як малатарня. Памочнiк паглядзеў на папку, што ляжала перад iм. Буйная кропля поту скацiлася з яго пальца i ўпала на ружовыя лiсткi. - Ведаеш, iх нiчым не напалохаеш. Яны такiя бязмозгiя, нават не ўяўляюць сабе, як гэта небяспечна. I, далiбог, далей свайго носа нiчога не бачаць. Ёсць за каго перажываць! - Я не перажываю. Проста ўявiў сябе на iх месцы. Не, нiзашто не хацеў бы! - Бо ты разумееш, што да чаго. А яны нiчога не разумеюць, - сказаў памочнiк i выцер рукавом кроплю з ружовага рахунка. Грузавiк выехаў на шашу i пачаў узбiрацца на пакаты ўзгорак мiж абламаных, выветраных скал. Вада ў радыятары неўзабаве закiпела, Том прыняў гэта як належнае i паехаў цiшэй. Вышэй i вышэй па доўгiм схiле, дарога выгiналася i пятляла па мёртвай мясцовасцi, выпаленай сонцам да шэрасцi, да белiзны, без нiякiх прыкмет жыцця. Том зрабiў кароткi прыпынак, каб астыў матор, потым рушыў далей. Яны ўзнялiся на перавал яшчэ да захаду сонца i зiрнулi ўнiз на пустыню - чорныя, як сажа, горы ўдалечынi i жоўтыя блiкi сонца на шэрай пустэльнай зямлi. Маленькiя чэзлыя пучкi травы, быльнёг i кусцiкi жорсткага хмызу кiдалi рэзкiя ценi на пясок i на абломкi скал. Сляпучае сонца свяцiла iм проста ў вочы. Том прыкрыў iх рукой, каб вiдаць была дарога. Яны перавалiлi цераз грэбень i пакацiлiся ўнiз з выключаным маторам, каб даць яму астыць. Так яны спускалiся па доўгiм схiле да пустынi, а вентылятар круцiўся, халодзячы ваду ў радыятары. Том, Эл i бацька з Уiнфiлдам на каленях глядзелi на яркае сонца над гарызонтам, i вочы ў iх былi як шкляныя, загарэлыя твары блiшчалi ад поту. Выпаленая зямля i чорныя, як сажа, горы парушалi роўную далеч пустынi i рабiлiся яшчэ страшнейшымi ў пачырванелых промнях заходняга сонца. Эл сказаў: - Ну i мясцовасць! А што, калi б давялося iсцi пеша? - Хадзiлi i пеша, - адказаў Том. - Шмат народу хадзiла, а раз iншыя маглi, значыць, i мы змаглi б. - Шмат, пэўна, загiнула iх, - сказаў Эл. - У нас ужо таксама не без страт. Эл змоўчаў. Пустыня, якая ўсё больш чырванелася, пралятала мiма. - Як думаеш, мы калi-небудзь убачым зноў гэтых Уiлсанаў? - папытаўся Эл. Том пакасiўся на iндыкатар узроўню масла i адказаў: - У мяне такое адчуванне, што нi мы, нi хто iншы больш не ўбачыць мiсiс Уiлсан. Проста адчуванне такое. Уiнфiлд сказаў: - Та, я хачу злезцi. Том глянуў на яго. - Не шкодзiла б усiх спусцiць да цемнаты. - Ён збавiў хуткасць i спынiў машыну. Уiнфiлд саскочыў на зямлю i памачыўся на краi шашы. Том высунуўся з кабiны. - Яшчэ каму трэба? - Пацерпiм, - адгукнуўся дзядзька Джон. Бацька сказаў: - Ты, Уiнфiлд, лезь наверх. У мяне ногi знямелi цябе трымаць. - Хлопчык зашпiлiў штаны, паслухмяна ўскараскаўся на грузавiк па заднiм борце i пералез на карачках цераз бабчын матрац блiжэй да Руцi. Машына iшла насустрач нiзкаму сонцу, якое ўжо дакранулася краем да няроўнай рысы гарызонту, залiўшы густой чырванню ўсю пустыню. Руцi сказала Ўiнфiлду: - Што, прагналi? - Я сам не захацеў. Тут лепш. Там легчы няма дзе. - Толькi сядзi цiха, не балбачы, - сказала Руцi, - бо я хачу заснуць прачнуся, а мы ўжо на месцы! Так Том сказаў. Цiкава будзе паглядзець прыгожы, кажуць, край. Сонца зайшло, пакiнуўшы на небе вялiкi зiхатлiвы круг. Пад брызентам стала цёмна, як у тунелi з прасветлiнамi ў абодвух канцах, трохвугольнымi прасветлiнамi. Конi i Ружа Сарона сядзелi, прыхiнуўшыся да кабiны, i гарачы вецер, якi ўрываўся пад навес, бiў iм у патылiцу, а брызент ляпаў i гуў, як барабан, у iх над галавой. Яны цiха перамаўлялiся пад ляпанне брызенту, каб нiхто iх не чуў. Конi паварочваў галаву i шаптаў жонцы на вуха, i Ружа Сарона, адказваючы, рабiла тое самае. Яна сказала: - Мы адно толькi робiм - едзем i едзем, i, здаецца, нiколi канца гэтаму не будзе. Мне надакучыла. Конi павярнуўся да яе вуха: - Можа, ранiцай... Ты б хацела, каб мы пабылi адны? - У змроку ён пагладзiў рукою яе бядро. Яна сказала: - Не трэба. А то я завядуся, як шлюха. Кiнь. - I павярнулася вухам да яго, каб пачуць, што ён адкажа. - Можа... калi ўсе заснуць. - Можа... - сказала Ружа Сарона, - Толькi пачакай, пакуль заснуць. - Я больш не магу, - сказаў Конi. - Ведаю. Я таксама. Давай пагаворым, як там усё будзе, а ты адсунься, пакуль галава ў мяне не закружылася. Конi крыху адсунуўся. - Значыць, адразу, як прыедзем, я пачну вучыцца вечарамi, - сказаў ён. Ружа Сарона глыбока ўздыхнула. - Я дастану кнiжачку такую, дзе ўсё пра гэта гаворыцца, выражу з яе падпiсны бланк i адразу пашлю. - А чакаць доўга давядзецца? - Чаго чакаць? - Калi ты пачнеш зарабляць вялiкiя грошы i ў нас будзе лёд. - Гэта цяжка сказаць, - важна прамовiў Конi. - Загадзя сказаць не магу. Да Каляд, а то i раней, думаю, вывучуся. - Ты вывучышся, i мы купiм сабе лёд i ўсё астатняе, так? Конi хмыкнуў: - Гэта ў цябе ад спёкi. Нашто табе лёд на Каляды? Ружа Сарона ўсмiхнулася: - I праўда. Але так хочацца, каб ён у нас заўсёды быў. Ну, перастань. А то я завядуся! Сутонне перайшло ў цемру, i лагоднае неба над пустыняй усыпалi зоркi калючыя, вострыя, з рэдкiмi кароткiмi i доўгiмi промнямi. I гарачыня стала iншая. Пакуль сонца стаяла ў небе, гарачыня хвастала, працiнала наскрозь, а цяпер яна падымалася знiзу, ад зямлi, i шчыльна ахiнала людзей. Загарэлiся фары, i цьмяна завiднеўся наперадзе кавалак шашы i паласа пустынi абапал яе. Час ад часу ўдалечынi паблiсквалi вочы якой-небудзь жывёлiны, але самой яе не было вiдаць. Пад брызентам цяпер зрабiлася зусiм цёмна. Дзядзька Джон i прапаведнiк ляжалi, скурчыўшыся i апiраючыся на локцi, пасярэдзiне грузавiка i глядзелi на дарогу праз заднi трохкутны праём навеса. Блiжэй да задняга борта яны бачылi два няясныя выступы - гэта былi бабка i мацi; мацi раз-пораз варушылася, i ў праёме мiльгалi абрысы яе рукi. Дзядзька Джон загаварыў з прапаведнiкам. - Кейсi, - сказаў ён, - ты павiнен ведаць, што з гэтым рабiць. - З чым? - Не ведаю, - адказаў дзядзька Джон. Кейсi сказаў: - Нялёгкую ты мне задачу задаў! - Ты ж быў прапаведнiкам. - Паслухай, Джон, усе мне тыцкаюць - прапаведнiк, прапаведнiк... А прапаведнiк такi самы чалавек, як i ўсе iншыя. - То так, але... ён... чалавек асаблiвы, iнакш якi ж ён прапаведнiк. Я вось што хацеў спытацца... як па-твойму, можа так быць, што прыносiш людзям няшчасце? - Не ведаю. Не ведаю. - Ну, разумееш... была ў мяне жонка... прыгожая, добрая. Неяк ноччу забалеў у яе жывот. I папрасiла яна: "Прывядзi доктара". А я кажу: "Яшчэ чаго. Ты проста аб'елася". - Дзядзька Джон паклаў руку на калена прапаведнiку i пачаў узiрацца ў цемры ў яго твар. - Як яна на мяне паглядзела! Усю ноч стагнала i назаўтра днём памерла. - Прапаведнiк нешта прамармытаў. - Разумееш? - гаварыў далей Джон. - Я забiў яе. I з таго дня ўсё стараўся выкупiць сваю вiну, рабiць дабро... усё больш дзецям. I жыць захацеў дабром, а не магу. Напiваюся, распуснiчаю. - Усе распуснiчаюць, - сказаў Кейсi. - Я таксама. - То так, але ў цябе няма грэху на душы. Кейсi мякка сказаў: - Як няма - ёсць. Усе не без грэху. Грэх - гэта тое, у чым ты не адчуваеш упэўненасцi. А тых, хто ва ўсiм упэўнены i не ведае за сабой грахоў, тых сукiных сыноў я, на месцы бога, гнаў бы выспяткам у зад з царства нябеснага. Цярпець iх не магу! Дзядзька Джон сказаў: - У мяне такое адчуванне, быццам я сваiм родным няшчасце прыношу. Думаю, цi не пайсцi ад iх. Гэтак жыць больш не магу. Кейсi адказаў адразу: - Мне гэта вядома... Што чалавеку трэба рабiць, няхай тое i робiць. Параiць табе нiчога не магу. Не ведаю, цi можа чалавек прыносiць другому шчасце або няшчасце. Адно толькi добра ведаю: нiхто не мае права лезцi ў чужое жыццё. Няхай чалавек вырашае сам за сябе. Памагчы яму можна, а ўказваць - не. Дзядзька Джон расчаравана сказаў: - Дык ты не ведаеш, што мне рабiць? - Не, не ведаю. - Па-твойму, гэта грэх, што я даў жонцы вось гэтак памерцi? - Разумееш, - сказаў Кейсi, - у каго iншага гэта была б проста памылка, але раз ты лiчыш, што гэта грэх... значыць, грэх. Чалавек сам стварае сабе грахi. - Мне трэба добра падумаць, - сказаў дзядзька Джон, павярнуўся на спiну i лёг, падняўшы каленi. Грузавiк iшоў па гарачай пустынi гадзiна за гадзiнай. Руцi i Ўiнфiлд спалi. Конi выцягнуў аднекуль з паклажы коўдру, накрыў сябе i Ружу Сарона, i, стрымлiваючы дыханне, яны пачалi валтузiцца ў духаце. Потым Конi адкiнуў коўдру, i гарачы скразняк абвеяў прахалодай iх змакрэлыя целы. Каля задняга борта мацi ляжала на матрацы побач з бабкай, i, хоць нiчога ў цемры не бачыла, яна адчувала сутаргавае паторгванне цела, няроўнае сэрцабiццё i перарывiстае дыханне бабкi. I ўсё паўтарала: - Супакойся. Усё будзе добра. - I потым дадала зрывiстым голасам: - Ты ж ведаеш, нам трэба пераехаць гэту пустыню. Ты ж гэта ведаеш. Дзядзька Джон аклiкнуў яе: - Што там у вас? Толькi праз якую хвiлiну мацi адказала: - Ды гэта я так. Пэўна, у сне. Потым бабка зацiхла, i мацi знерухомела побач з ёю. Ноч цягнулася, мiналi гадзiны, цемра ляцела насустрач грузавiку. Часам iх абганялi легкавыя аўтамашыны, што беглi на захад, у ноч; часам насустрач iм iмчалiся вялiзныя грузавiкi i з грукатам праляталi мiма, на ўсход. Зоркi марудным каскадам струменiлiся ў бок заходняга гарызонту. Каля паўночы Джоўды пад'ехалi да iнспектарскай станцыi на ўскраiне Дэгета. Шаша ў гэтым месцы была залiтая электрычнасцю, а каля канторы стаяў ярка асветлены шчыт з надпiсам: "Бяры ўправа. Стоп". Том спынiў машыну, i iнспектары, што сланялiся без справы па канторы, зараз жа выйшлi i сталi пад доўгай драўлянай паветкай. Адзiн з iх запiсаў нумар машыны i падняў века капота. Том запытаўся: - Гэта навошта? - Агранамiчная iнспекцыя. Зараз агледзiм вашу машыну. Раслiны, насенне ёсць? - Няма, - адказаў Том. - Усё роўна агледзiм. Разгружайцеся. Мацi з цяжкасцю злезла з грузавiка. Твар у яе быў апухлы, вочы глядзелi сурова. - Паслухайце, мiстэр, у нас старая хворая жанчына. Вязём яе да доктара. Нам марудзiць нельга. - Яна, вiдаць, ледзь стрымлiвалася, каб не закацiць iстэрыку. - Вы не маеце права нас затрымлiваць. - Не маю права? Без агляду нельга. - Богам прысягаю, у нас нiчога гэтага няма! - закрычала мацi. - Прысягаю. Бабцы зусiм дрэнна. - У вас у самой выгляд нездаровы, - сказаў iнспектар. Мацi ўзялася за край борта i з усяе сiлы падцягнулася да бабкi. - Вось, зiрнiце, - сказала яна. Iнспектар накiраваў прамень электрычнага лiхтарыка на стары зморшчаны твар. - Далiбог, праўда, - сказаў ён. - Дык вы прысягаеце, што нiчога няма - нi насення, нi фруктаў, нi гароднiны, нi кукурузы, нi апельсiнаў? - Няма, няма. Прысягаю. - Што ж, едзьце. У Барстаў ёсць доктар. Усяго восем мiль адсюль. Давайце наперад! Том сеў у кабiну, i машына зрушыла з месца. Iнспектар павярнуўся да свайго таварыша: - Не мог я iх затрымлiваць. - Можа, маняць, - сказаў той. - Што ты, не! Ты бачыў бы твар гэтай старой! Не, не маняць. Том павялiчыў хуткасць, каб хутчэй дабрацца да Барстаў, i, калi яны пад'ехалi да гэтага маленькага гарадка, ён спынiў машыну, вылез з кабiны i падышоў да задняга борта. Мацi вызiрнула яму насустрач. - Усё ў парадку, - сказала яна. - Я проста не хацела там часу трацiць, баялася, не паспеем да ранiцы пераехаць пустыню. - Гэта добра. А з бабкай што? - Нiчога. Едзь далей. Трэба хутчэй пераехаць пустыню. Том пакруцiў галавой i вярнуўся ў кабiну. - Эл, - сказаў ён, - зараз заправiмся, а далей ты трохi павядзеш. Грузавiк пад'ехаў да заправачнай станцыi, якая працавала круглыя суткi, i Том налiў бак i радыятар i падлiў масла ў картэр. Эл перасунуўся да руля, а Том сеў на крайняе месца справа, бацька сядзеў пасярэдзiне. Яны зноў акунулiся ў цемру, i невысокiя ўзгоркi вакол гарадка засталiся ззаду. Том сказаў: - Не разумею, што гэта з мамай? Якая яе муха ўкусiла? Не так ужо i доўга агледзець паклажу. Сказала, што з бабкай зусiм дрэнна, а цяпер кажа - нiчога. Розуму не дабяру. Нешта нядобрае з ёю. Мазгi, цi што, перакруцiлiся за дарогу. Бацька сказаў: - Яна цяпер як у маладосцi. Адчайная была дзяўчына. Нiчога не баялася. Здаецца, ужо час ёй уцiхамiрыцца - гэтулькi ж дзяцей нараджала. А праца якая цяжкая. Ды дзе там! А калi той жалязякай размахвала, памятаеш! Паспрабуй забяры ў яе - я нiзашто б не адважыўся. - Зразумець не магу, што з ёю, - сказаў Том. - Пэўна, проста стамiлася. Эл сказаў: - Вось ужо не буду гараваць, калi падарожжа наша скончыцца. Усе нервы выматала гэтая праклятая машына. Том сказаў: - Ты малайчына, Эл. Добрую выбраў. З ёю амаль нiякага клопату не было. Усю ноч машына ўгрызалася ў душную цемру, i зайцы збягалiся на святло фар i ўцякалi доўгiмi пругкiмi скачкамi. I калi наперадзе блiснулi агеньчыкi форта Махаве, ззаду пачало ўжо свiтаць. У перадранiшнiм сутоннi на захадзе паказалiся высокiя горы. У Махаве, на гранiцы мiж Арызонай i Калiфорнiяй, залiлi ў машыну вады i масла i паволi папаўзлi ў горы. Досвiтак цяпер акружаў iх з усiх бакоў. Том сказаў: - Дзякуй богу, праехалi! Та, Эл, радуйцеся! Пустыню праехалi! - Я так змарыўся, што мне ўсё роўна, - сказаў Эл. - Можа, я павяду? - Не, пачакай. Тачапi праехалi, калi неба ўжо заiрдзелася - ззаду падымалася сонца. I раптам перад iх вачамi разаслалася шырокая далiна. Эл нацiснуў на тормаз, i машына спынiлася пасярод дарогi. Бацька сказаў: - А божачкi! Гарадкi ўдалечынi, пасёлкi сярод фруктовых садоў i ў золата афарбаваная ранiшнiм сонцам далiна. Ззаду пачуўся сiгнал аўтамабiля. Эл адвёў грузавiк да краю шашы i там стаў. - Хачу на ўсё гэта паглядзець, - сказаў ён. Залацiстыя ўраннi збожжавыя палi, вербы радамi, цэлыя шарэнгi эўкалiптаў. Бацька ўздыхнуў: - I не снiлася мне, што такое бывае на свеце. Персiкавыя дрэвы, арэхавыя гаi, цёмна-зялёныя плямы апельсiнаў. I чырвоныя дахi сярод дрэў, i адрыны - прасторныя адрыны. Эл выйшаў з кабiны i крыху прайшоўся, каб размяць ногi. Потым крыкнуў: - Ма, глянь! Прыехалi! Руцi з Уiнфiлдам скацiлiся з машыны i моўчкi замерлi на месцы, зачаравана i палахлiва пазiраючы на бязмежную далiну. Лёгкая смуга засцiлала даль, i, здавалася, зямля, чым далей, рабiлася ўсё мякчэйшай i мякчэйшай. Недзе далёка паблiскваў на сонцы крыламi вятрак - як маленькi гелiёграф, што перадае светлавыя сiгналы. Руцi i Ўiнфiлд не адрывалi вачэй ад яго. Руцi прашаптала: - Вось яна - Калiфорнiя. Уiнфiлд бязгучна паварушыў губамi, паўтараючы гэтае слова па складах. - Тут фрукты, - сказаў ён уголас. Кейсi i дзядзька Джон, Конi i Ружа Сарона спусцiлiся ўнiз. I таксама стаялi моўчкi. Ружа Сарона пачала прыгладжваць рукой валасы, раптам убачыла далiну, i рука яе паволi апусцiлася. Том сказаў: - А дзе ма? Няхай i яна паглядзiць. Ма, глянь! Сюды iдзi. Мацi памалу, цяжка пералезла цераз заднi борт. Том глянуў на яе. - Госпадзi, ма, ты што, захварэла? Твар у яе быў ацёклы, нейкi застылы, вочы глыбока запалi, вакол iх чырвоныя кругi стомы. Ногi яе дакранулiся да зямлi, i яна ўхапiлася за планку борта, каб не ўпасцi. Пачуўся яе хрыплы голас: - Пустыню, кажаце, праехалi? Том паказаў рукой на далiну: - Глянь! Яна павярнула галаву ў той бок, i рот яе крыху раскрыўся. Пальцы пацягнулiся да горла, ухапiлi складку скуры i слаба сцiснулi яе. - Дзякуй богу, - сказала мацi. - Прыехала наша сям'я. - Каленi ў яе падагнулiся, i яна апусцiлася на падножку. - Ты захварэла, ма? - Не, стамiлася. - Ты ноччу не спала? - Не. - Бабцы было дрэнна? Мацi паглядзела на свае рукi, якiя ляжалi ў яе на каленях, як стомленыя палюбоўнiкi. - Я хацела пачакаць, не гаварыць адразу. Каб не сапсаваць вам... Хацела як лепш. Бацька сказаў: - Значыць, бабцы зусiм дрэнна. Мацi ўзняла вочы i доўгiм поглядам абвяла далiну. - Бабка памерла. Усе моўчкi пазiралi на яе, i бацька нарэшце запытаўся: - Калi? - Яшчэ да таго, як iнспектары нас спынiлi. - Таму ты i не дала iм паклажу праверыць. - Баялася, не паспеем пустыню пераехаць, - адказала мацi. - Я сказала бабцы, што зрабiць нiчога нельга. Сям'i трэба праехаць праз пустыню. Я сказала ёй, усё ёй сказала, калi яна была ўжо пры смерцi. Нам нельга спыняцца сярод пустынi. У нас малыя дзецi... i Разашарна чакае дзiцяцi. Я ёй усё сказала. Яна падняла рукi i на момант закрыла iмi твар. - Пахаваем яе ў прыгожым, зялёным месцы, - цiха прамовiла мацi. - Навокал будуць дрэвы, i месца будзе прыгожае. Няхай хоць прах яе спачывае ў Калiфорнii. Усе спалохана пазiралi на мацi, дзiвячыся сiле яе духу. Том сказаў: - Госпадзi божа! Ты ўсю ноч ляжала з ёю побач! - Трэба было пераехаць пустыню, - прагаварыла мацi жаласна. Том ступiў да яе - хацеў пакласцi ёй руку на плячо. - Не чапай мяне, Том, - сказала яна. - Я саўладаю з сабой, толькi не чапай. А то не стрываю. Бацька сказаў: - Час ехаць. Будзем спускацца. Мацi глянула на яго: - Мне можа... можна мне сесцi ў кабiну? Я там, ззаду, больш не магу. Я знясiлела. Страшэнна знясiлела. Яны зноў узабралiся на грузавiк, адводзячы вочы ад нерухомай доўгай постацi, старанна захiнутай з усiх бакоў, нават з галавой, у коўдру. Усе забралiся на свае месцы, стараючыся не глядзець у той бок - на грудком выпнутую коўдру - там яе нос, на востры клiн пад коўдрай - там яе падбародак. Старалiся не глядзець туды - i не маглi. Руцi i Ўiнфiлд прымасцiлiся ў пярэднiм куце кузава - як мага далей ад нябожчыцы, але не адводзiлi вачэй ад старанна загорнутага цела. Руцi прашаптала: - Гэта бабка. Яна цяпер мёртвая. Уiнфiлд сумна пакiваў галавой: - Яна больш не дыхае. Яна зусiм мёртвая. А Ружа Сарона цiха сказала Конi: - Яна памерла, якраз як мы... - Хто ж ведаў? - суцiшыў ён яе. Эл палез наверх, уступiўшы мацi месца ў кабiне. Ён крыху казырыўся, каб прыглушыць сум. Бухнуўся на паклажу побач з Кейсi i дзядзькам Джонам. - Ну што ж, - сказаў ён, - яна была старая. Свой век пражыла. Смерцi нiкому не мiнуць. - Кейсi i дзядзька Джон глянулi на Эла пустымi вачамi, нiбы Эл быў не чалавекам, а гаворачым дрэвам. - Што, няпраўда? - не здаваўся Эл. Але вочы адвярнулiся ад яго, i ён насупiўся i прыгнечана змоўк. Кейсi са здзiўленнем сказаў: - Усю ноч, адна... - I дадаў: - Такое вялiкае сэрца ў гэтай жанчыны, Джон, столькi любовi... што мяне страх бярэ. I страх, i пачуццё сваёй нiкчэмнасцi. Дзядзька Джон запытаўся: - А гэта не грэх? Няма ў гэтым крышачку граху, па-твойму? Кейсi недаўменна глянуў на яго: - Грэх? Не, нiякага грэху тут няма. - А я што нi раблю, дык хоць крышачку саграшу, - сказаў Джон i глянуў на захутанае ў коўдру цела. Том, мацi i бацька селi ў кабiну. Том адпусцiў тармазы i завёў матор. Цяжка нагружаная машына, пафыркваючы, пастрэльваючы выхлапамi i трасучыся ўсiм кузавам, пайшла па схiле гары ўнiз. Сонца было ў iх ззаду, а спераду залацiстая, зялёная далiна. Мацi кiвала з боку ў бок галавой: - Якая прыгажосць. Шкада, што яны не ўбачылi! - I мне шкада, - сказаў бацька. Том мякка паляпаў па штурвале далонню. - Яны былi ўжо вельмi старыя, - сказаў ён. - Нiчога б тут не ўбачылi. Дзед пачаў бы прыгадваць сваю маладосць, iндзейцаў i прэрыi. А бабка ўспомнiла б свой першы дамок. Яны былi ўжо вельмi старыя. Вось хто сапраўды ўсё ўбачыць, дык гэта Руцi з Уiнфiлдам. Бацька сказаў: - Бач, як наш Томi гаварыць пачаў - як зусiм дарослы, быццам прапаведнiк казань на карысць бедных кажа. А мацi сумна ўсмiхнулася: - Так. Наш Томi дарослы стаў, вырас... так вырас, што да яго i не дацягнешся. Яны спускалiся па схiле, крута паварочваючы, пятляючы, i то гублялi з поля зроку далiну, то зноў знаходзiлi яе вачамi. Да iх падымаўся гарачы подых далiны з густым пахам зелянiны, смалiстым водарам шалфею i грындэлiй. Уздоўж шашы стракаталi цвыркуны. Праз дарогу паўзла грымучая змяя. Том наехаў на яе, раздушыў пасярэдзiне коламi i пакiнуў курчыцца на шашы. Ён сказаў: - Думаю, трэба знайсцi следчага, ён недзе там ёсць. Пахаваць яе трэба прыстойна. Колькi ў нас грошай засталося, та? - Даляраў сорак, - адказаў бацька. Том зарагатаў: - Госпадзi, давядзецца пачынаць з пустымi рукамi! Нi з чым прыехалi, прагiгiкаў ён, i твар яго раптам зрабiўся суровы. Ён нацягнуў брыль кепкi на самыя вочы. А грузавiк кацiўся з гары да шырокай далiны. РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТНАЦЦАТЫ Раней Калiфорнiя належала Мексiцы, а землi яе - мексiканцам; потым у краiну хлынула арда абадраных, разгарачаных, нецярплiвых амерыканцаў. I так моцна адольвала iх цяга да зямлi, што яны завалодалi ёю - прысвоiлi зямлю Сатэра, зямлю Герэра, захапiлi вялiкiя маёнткi, пашкуматалi iх, сварылiся памiж сабою, рыкалi адзiн на аднаго i бiлiся за свой кавалак - гэтыя ашалелыя, згаладалыя людзi, i пiльнавалi захопленыя ўчасткi са стрэльбай у руках. Яны пабудавалi там дамы, свiрны i адрыны, узаралi зямлю i засеялi. I так у iх паявiлася нерухомая маёмасць, а нерухомая маёмасць - гэта ўжо ўласнасць. Мексiканцы былi народ слабы i сыты. Яны не аказалi супрацiўлення, бо не было на свеце нiчога такога, да чаго б у iх была такая неўтаймаваная прага, як у амерыканцаў да зямлi. I з цягам часу скватэры перасталi ўжо лiчыцца захопнiкамi i сталi паўнаўладнымi гаспадарамi; дзецi iх выраслi i парадзiлi сваiх дзяцей на гэтай зямлi. I яны прагналi свой голад, люты голад, якi смактаў i грыз iм нутро, i наталiць яго маглi толькi гэты край, вада, зямля i жыватворнае сонца над ёю, зялёныя ўсходы i набрынялае сокам карэнне.
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 34
|