Гронкi гневу (на белорусском языке)
ModernLib.Net / Стейнбек Джон / Гронкi гневу (на белорусском языке) - Чтение
(стр. 16)
Автор:
|
Стейнбек Джон |
Жанр:
|
|
-
Читать книгу полностью
(1002 Кб)
- Скачать в формате fb2
(402 Кб)
- Скачать в формате doc
(417 Кб)
- Скачать в формате txt
(398 Кб)
- Скачать в формате html
(403 Кб)
- Страницы:
1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 34
|
|
- I нам дазволiце? - Рэчка не наша. Але так i быць, мы ўступiм вам кавалачак. Прышлыя знялi штаны, сцягнулi з плячэй кашулi i ўвайшлi ў ваду. Ногi ў iх да калень былi ў пыле, ступнi бледныя, размоклыя ад поту. Яны вяла апусцiлiся ў ваду, ленавата апалоскваючы сабе жменямi бакi. Гэта былi бацька i сын, моцна прасмаленыя сонцам. Яны фыркалi i стагналi, плёскаючыся ў вадзе. Бацька Джоўд далiкатна пацiкавiўся: - На Захад кiруеце? - Не. Вяртаемся адтуль. Дадому едзем. Там немагчыма на хлеб зарабiць. - А дом ваш дзе? - запытаўся Том. - Пэнхендл у Тэхаскiм выступе, непадалёк ад Пампы. Запытаўся бацька: - А дома што, пражыць можна? - Дзе там! Толькi калi ўжо з голаду памiраць, дык хоць сярод сваiх. А галадаць i адчуваць нянавiсць да сябе мы не хочам. Бацька сказаў: - Ад другога ўжо чалавека такое чую. За што яны нас там так ненавiдзяць? - Хто iх ведае, - адказаў чалавек, зачарпнуў далонямi ваду i пачаў мыць галаву i твар, крэхчучы i пырхаючы. З валасоў палiлася на шыю брудная вада. - А ўсё ж цiкава было б паслухаць, - сказаў бацька. - Нам таксама, - далучыўся Том. - Чаму яны там, на Захадзе, такую нянавiсць адчуваюць да нас? Мужчына пiльна паглядзеў на Тома. - Вы на Захад едзеце? - Туды. - Нiколi яшчэ ў Калiфорнii не былi? - Не, не даводзiлася. - Дык што ж вам маё слова. Едзьце i самi ўбачыце. - То так, - сказаў Том, - але ўсё ж такi хацелася б ведаць, на што едзем. - Добра, раз вы абавязкова хочаце ведаць, я раскажу - я i сам распытваў людзей i нямала разважаў. Краiна цудоўная. Толькi яе даўно ўжо ўсю раскралi. Праедзеце пустыню, а там Бейкерсфiлд, i вакол яго такая мясцовасць прыгожая вачэй не адарвеш: фруктовыя сады, вiнаграднiкi. Прыгажэйшага краю на свеце няма. Далей - мясцiны роўныя, прыгожыя, вада не глыбейшая, як трыццаць футаў i ўся зямля ляжыць неўзараная. Але ты нi кавалачка яе не атрымаеш. Яна цалкам належыць Зямельна-жывёлагадоўчай кампанii. Не захочуць яе апрацоўваць, так i застанецца ўся няўробленая. А паспрабуй засей якi ўчастачак кукурузай - у турму запратораць! - Зямля добрая, кажаш? I нiчога на ёй не сеюць? - Так, сэр! Добрая зямля, а не сеюць! Ну, цябе, вядома, злосць адразу бярэ, але зямля пустая стаiць. Людзi глядзяць там такiмi вачамi - зiрнуць на цябе, а ў самiх на тварах нiбы напiсана: "Бачыць цябе не магу, сукiн ты сын!" А тут яшчэ шэрыфавы памагатыя - яны паганяюць цябе з месца на месца! Зробiш прывал пры дарозе, а яны гоняць далей. Там у кожнага па твары вiдаць, як ён цябе ненавiдзiць. I вось што я вам скажу: нянавiсць у iх ад страху. Бо ведаюць: калi ў галоднага няма чаго есцi, ён i на зладзейства пайсцi можа. Яны ведаюць, што грэх трымаць зямлю пустой - каму-небудзь захочацца яе сабе прыбраць. Чорт ведае што! Вас нiхто яшчэ не абзываў "Окi"? Том запытаўся: - Окi? А што гэта значыць? - Раней азначала аклахомца. А цяпер - проста "сволач". Окi - гэта падонак. Само па сабе ў слове гэтым нiчога такога няма, уся соль у тым, як там яго вымаўляюць. Ды хiба ўсё раскажаш? Трэба самому там пабыць. Кажуць, такiх, як мы, туды трыста тысяч наехала... жывуць, як быдла, бо ў Калiфорнii ўсё скрозь ужо каму-небудзь належыць. I нiчога не засталося. А людзi, якiя ўсiм гэтым валодаюць, так учапiлiся за сваё дабро, што забiць за яго каго хочаш на свеце гатовыя. Страх iх разбiрае, таму i кiпяць злосцю. Гэта вам на свае вочы ўбачыць трэба. Самiм усё пачуць. Надзiва прыгожы край, а людзi нядобрыя, зласлiвыя. I так ужо iм страшна, што нават адзiн аднаго гатовыя з'есцi. Том глядзеў у ваду i разграбаў пяткамi пясок. - Ну, а калi знойдзеш працу i збярэш крыху грошай, можна ўсё-такi невялiкi ўчастак купiць? Мужчына засмяяўся i глянуў на сына, i твар маўклiвага хлопчыка расплыўся ў амаль пераможнай усмешцы. Мужчына сказаў: - Сталай работы вы не знойдзеце. Кожны дзень давядзецца думаць, як зарабiць сабе на абед. I працаваць будзеце з людзьмi, якiя на вас коса глядзяць. А бавоўну збiраць будзеце, вам здасца, што вагi няправiльныя. Вагi бываюць i правiльныя i няправiльныя. Вы ж будзеце думаць, што ўсе яны махлярскiя, а як праверыш? I нiчога з гэтым не зробiш. Бацька нерашуча запытаўся: - Там што... там зусiм нiчога добрага няма? - Чаму ж, ёсць, паглядзiш - вочы разбягаюцца, толькi вам з таго нiчога не перападзе. Вось, напрыклад, цэлы гай стаiць апельсiнавых дрэў з жоўтымi пладамi, а там чалавек расхаджвае са стрэльбай, i, як толькi дакранешся да апельсiна, ён цябе прыстрэлiць - такое яму дадзена права. А на ўзбярэжжы ёсць адзiн гаспадар, газетчык нейкi, дык у яго зямлi гэтай мiльён акраў... Кейсi стрэльнуў у яго вачамi: - Цэлы мiльён? Што ж ён робiць з мiльёнам акраў? - Хто яго ведае. Валодае iмi, i ўсё. Трымае трохi жывёлы. Паўсюль у яго вартаўнiкi, нiкога не пускаюць. Раз'язджае ў куленепрабiвальнай машыне. Я бачыў яго партрэты. Тлусты такi, друзлы, вочкi маленькiя, злосныя, а рот, як паддувала. Баiцца, каб не забiлi. У самога мiльён акраў зямлi, а ён смерцi баiцца. Кейсi зноў запытаўся: - На чорта яму мiльён акраў? Што ён з iмi рабiць будзе? Мужчына развёў рукамi з пабялелымi, зморшчанымi ад вады далонямi, прыкусiў нiжнюю губу i нахiлiў набок галаву. - А я ведаю? - адказаў ён. - Вiдаць, з розуму крануўся. Пэўна, вар'ят. I на партрэце такi. З выгляду вар'ят. Вар'ят i зласлiвец. - Смерцi, кажаш, баiцца? - сказаў Кейсi. - Так ад людзей чуў. - Баiцца, што да яго бог дабярэцца? - Хто ведае. Баiцца, i ўсё. - Што ж ён сабе думае? - сказаў бацька. - Не можа ж ён усё жыццё так пражыць - без нiякiх радасцей. - А вось дзед наш нiкога не баяўся, - сказаў Том. - Яму самая радасць была, калi яго вось-вось маглi ўкакошыць. Раз уначы ўдваiх з прыяцелем яны пайшлi на iндзейцаў навахаў. Цудам жывымi засталiся, затое пацешылiся ўволю. Кейсi сказаў: - Так, вiдаць, заўсёды бывае. Калi чалавеку радасць, пляваць яму на ўсё, а вось зласлiўцы, адзiнокiя, старыя i расчараваныя баяцца смерцi. Бацька запытаўся: - Чаго гэта ён раптам расчараваўся, калi зямлi ў яго мiльён акраў? Прапаведнiк усмiхнуўся, але ў вачах у яго мiльганула нерашучасць. Ён пляснуў далонню па вадзе, адганяючы вадзянога жука. - Калi чалавеку патрэбен мiльён акраў, каб адчуць сваё багацце, значыць, душа яго ўбогая, а з такой душой нiякiя мiльёны не дапамогуць. Пэўна, таму ён i расчараваўся - адчувае, што няма ў яго багацця... таго багацця, што было ў мiсiс Уiлсан, калi яна дала сваю палатку, як памiраў дзед. Я вам не пропаведзь чытаю, але калi чалавек цягне ўсякае дабро ў сваю нару, як лугавы сабачка, дык, урэшце, ён ва ўсiм расчаруецца. - Кейсi шырока ўсмiхнуўся: - Мiмаволi, здаецца, як пропаведзь атрымалася. Сонца палiла ўжо немiласэрна. Бацька сказаў: - Лепей зусiм схавацца пад вадой. Так прыпякае - згарыш. - I ён адкiнуўся назад, i лёгкая плынь абняла яго шыю. - А калi цяжкай працы не баiшся, можна яе знайсцi? - запытаўся ён. Чалавек прыўзняўся ў вадзе i павярнуўся да яго тварам: - Бачыце, мiстэр, я не ўсё ведаю. Магчыма, прыедзеце туды i адразу знойдзеце сталую работу, i тады я акажуся брахуном. А магчыма, нiякай не знойдзеце i скажаце: ён нас папярэдзiў. Адно толькi ведаю: народ там большай часткай жыве ў бядоце. - Ён зноў апусцiўся ў ваду. - А ўсяго ведаць нельга. Бацька павярнуў галаву i глянуў на дзядзьку Джона. Сказаў: - Ты ў нас гаваркi нiколi не быў, а як паехалi з дому, я ад цябе i двух слоў не пачуў. Ну, што ты думаеш пра ўсё гэта? Дзядзька Джон насупiўся: - Анiчога не думаю. Мы едзем туды, так? I нiякiмi расказамi нас назад не павернеш. Прыедзем - пабачым. Знойдзем работу, будзем працаваць, а не, дык хвост падцiснем. Ад размоў гэтых толку мала. Том адкiнуўся назад, набраў у рот вады, выпусцiў яе фантанам i засмяяўся: - Дзядзька Джон гаворыць рэдка ды метка. Далiбог, разумна гаворыць. Ноччу далей паедзем, та? - Што ж, можна. Хоць бы ўжо пустыню пераехаць. - Тады я пайду ў кусты i трохi пасплю. - Том падняўся i пайшоў па вадзе да пясчанага берага. Там накiнуў на мокрае цела кашулю, надзеў штаны, паморшчыўся ад дотыку прапаленай сонцам адзежы. Астатнiя пабрылi за iм. Бацька i сын, застаўшыся ў вадзе, пазiралi ўслед Джоўдам, пакуль усе яны i прапаведнiк не знiклi ў вербалоззi. Хлопчык сказаў: - Хацеў бы я паглядзець на iх праз якiя шэсць месяцаў. Ох, госпадзi! Яго бацька працёр куткi вачэй указальным пальцам. - Дарэмна я iм усё гэта нагаварыў, - сказаў ён. - Вось жа хочацца чалавеку паказаць, якi ён разумны, другiх вучыць. - Ну што ты, та! Яны ж самi прасiлi. - Яно так. Але ж ён сказаў, што ўсё роўна паедуць. Ад маiх слоў нiчога не перамянiлася, а iм ад iх толькi лiшняе засмучэнне паперад часу. Том увайшоў у зараснiк вербалозу i лёг у густы цень пад кустом. Ной палез за iм. - Тут i пасплю, - сказаў Том. - Том! - Што табе? - Я далей, Том, не паеду. Том прыўзняўся i сеў. - Што ты надумаў? - Я каля гэтай рэчкi застануся, Том. Пайду па беразе ўнiз па цячэннi. - Ты звар'яцеў! - Завяду сабе вуду. Лавiць буду рыбу. Каля такой рэчкi з голаду не памрэш. Том сказаў: - А сям'я? А мама? - Што зробiш. Не магу я расстацца з такой цудоўнай ракой. - Шырока расстаўленыя вочы Ноя былi прыплюшчаныя. - Ты ж сам ведаеш, Том. Ты ведаеш, да мяне ўсе добра ставяцца, але iм усё роўна, што я ёсць, што мяне няма. - Ты звар'яцеў. - Не, Том. Я ўсё разумею. Я разумею, што iм будзе шкада мяне. Але... Не, не паеду з вамi. Ты маме скажы, Том. - Ной, ну паслухай ты... - пачаў Том. - Не. Ты мяне не адгаворыш. Я пабыў у гэтай рацэ i цяпер ужо яе не пакiну. Пайду берагам унiз па ёй, Том. Рыбай буду кармiцца цi яшчэ чым, а раку гэту не пакiну. Не магу. - Ной паўзком выбраўся з-пад цянiстых кустоў. - Ты маме скажы, Том. - Ён пакрочыў да рэчкi. Том правёў яго да берага. - Слухай, пудзiла ты гарохавае... - Дарэмна ўсё, - сказаў Ной. - Мне самому горка, але нiчога з сабой зрабiць не магу. Я мушу iсцi. Ной крута павярнуўся i пайшоў уздоўж берага ўнiз па рацэ. Том пайшоў за iм, але раптам спынiўся. Ён бачыў, як Ной знiк у кустоўi, потым зноў паказаўся, iдучы краем ракi. Том глядзеў яму ўслед, а Ной рабiўся ўсё меншы i меншы i нарэшце зусiм знiк з вачэй за вербалозамi. Том зняў з галавы кепку i пачухаў патылiцу. Тады вярнуўся ў сваё сховiшча ў кустах i лёг спаць. На матрацы пад перакiнутым цераз вяроўку брызентам ляжала бабка, а побач з ёю сядзела мацi. Там было душна, горача, назойлiва гулi мухi, хаваючыся ў цянi навеса. Бабка ляжала голая, прыкрытая доўгай ружовай занавескай. Старая неспакойна паводзiла галавой, нешта мармытала i цяжка дыхала. Мацi сядзела проста на зямлi, адганяючы ад бабкi мух кавалкам кардону, авявала гарачым паветрам старэчы маршчынiсты твар. Ружа Сарона сядзела насупраць i пазiрала на мацi. Раптам бабка ўладна закрычала: - Уiл! Уiл! Хадзi сюды, Уiл. - Вочы яе расплюшчылiся i злосна зiрнулi па баках. - Скажыце, хай сюды iдзе, - гаварыла яна. - Я да яго дабяруся. Усе валасы павыдзiраю. - Яна заплюшчыла вочы i, кiваючы галавой, хрыпла замармытала. Мацi абмахвала яе кардонам. Ружа Сарона разгублена глянула на старую i цiха сказала: - Зусiм расхварэлася. Мацi ўзняла на дачку вочы. Позiрк у яе быў спакойны, але лоб збаразнiлi маршчыны стомы. Яна махала i махала кардонам, змагаючыся з мухамi. - У маладосцi, Разашарна, усё, што з табой нi здарыцца, здаецца нечым адлучаным ад усяго. Быццам асобна стаiць. Я гэта ведаю, Разашарна, я добра памятаю. - Губы яе любоўна вымаўлялi даччыно iмя. - Прыйдзе час табе радзiць, Разашарна, i здасца табе, што ты зусiм адна, далёка ад дому, ад усяго свету. I ты адчуеш боль, i боль твой будзе толькi тваiм, ты адчуеш сябе адзiнокай, як вось гэтая палатка, што стаiць асобна ад усяго свету. - Мацi энергiчна памахвала кардонкай, каб прагнаць мясную муху, якая моцна гула, i вялiкая блiскучая сiняя муха двойчы пакружыла пад брызентам i вылецела на сляпучае сонечнае святло. Мацi зноў загаварыла: - Але з часам усё мяняецца, i тады смерць аднаго чалавека ўспрымаецца ў сувязi з усiмi iншымi смерцямi i нараджэнне дзiцяцi - з нараджэннем усiх iншых дзяцей. А нараджэнне i смерць гэта як паловы адной рэчы. I тады табе ўжо не здаецца, што беды твае i радасцi стаяць асобна адно ад аднаго. Тады, Разашарна, не так ужо i цяжка трываць боль, бо балiць не толькi табе. Мне так хацелася пра ўсё гэта табе расказаць, але ж вось не ўмею. - Апошнiя словы прагучалi так мякка, i было ў яе голасе столькi любовi, што да вачэй Ружы Сарона падкралiся слёзы, залiлi iх i асляпiлi яе. - Вазьмi памахай над бабкаю, - сказала мацi i падала дачцэ кардон. - Ёй лягчэй ад гэтага. Шкада, што не магла табе ўсё растлумачыць. Бабка ссунула бровы над заплюшчанымi вачамi i завiшчала: - Уiл! Зноў увесь выпацкаўся! Нiколi чысты не ходзiш. - Яе маленькая, скурчаная, маршчынiстая рука паднялася i пацерла шчаку. Рыжая мурашка перабегла з занавескi на азызлую шыю, папаўзла па згiбах скуры. Мацi зрэагавала iмгненна, зняла насякомае, раздушыла пальцамi i выцерла iх аб сукенку. Ружа Сарона замахала кардонiнай. Падняла вочы на мацi: - Яна?.. - Астатнiя словы нiбы спяклiся ў горле. - Ногi вытры, Уiлi... брудная свiння! - закрычала бабка. Мацi сказала: - Не ведаю. Можа, калi б давезлi яе туды, дзе не так горача... хто ведае. Ты не хвалюйся, Разашарна. Дыхай свабодна - удых, выдых, не стойвай дыхання. Да iх пад брызентавы навес зазiрнула мажная жанчына ў чорнай парванай сукенцы. Позiрк у яе быў мутны, туманны, друзлыя шчокi абвiслi складкамi абапал падбародка. Губы былi рыхлыя, нястуленыя: верхняя, як занавескай, закрывала зубы, а з-пад адвiслай нiжняй вiднелiся дзясны. - Добрай вам ранiцы, мэм, - сказала яна. - Добрай ранiцы i хвала госпаду богу. Мацi азiрнулася. - Добрай ранiцы, - адказала яна. Жанчына, сутулячыся, пралезла пад брызент i нахiлiла галаву над бабкай. - Мы чулi, што ў вас ёсць душа, гатовая ўзнесцiся да госпада. Хай славiцца iмя яго! Твар у мацi стаў жорсткi, вочы - калючыя. - Яна стамiлася, толькi i ўсяго, - сказала яна. - Ад дарогi i спёкi. Яна проста змучылася. Крыху адпачне i ачуняе. Жанчына нахiлiлася да самага твару бабкi - здалося, панюхала яго. Тады павярнулася да мацi i хутка пакруцiла галавой, шчокi яе затрэслiся i захiсталiся губы. - Добрая душа iмкнецца да госпада, - сказала яна. Мацi закрычала: - Няпраўда! Жанчына зноў пакруцiла галавой, цяпер ужо не так хутка, i паклала азызлую руку на лоб бабцы. - Гэта праўда, сястра, - сказала яна. - У нас у палатцы шасцёра вернiкаў. Зараз я iх паклiчу сюды, i мы наладзiм малiтоўны сход - памолiмся i звернемся да мiласцi боскай. Усе iегавiсты. Са мной шэсць. Пайду прывяду iх. Мацi ўся напялася. - Не, не! - сказала яна. - Не трэба. Бабка змучылася, малiтвы не вытрывае. Жанчына сказала: - Не вытрывае малiтвы? Не вытрывае салодкага дыхання госпада нашага? Што ты гаворыш, сястра? Мацi сказала: - Не. Тут нельга. Яна змучылася. Жанчына з дакорам паглядзела на мацi. - Вы няверуючая, мэм? - Не, мы людзi набожныя, але бабка вельмi змучылася. Мы ўсю ноч былi ў дарозе. Нам не хочацца турбаваць вас. - Якiя ж гэта турботы? А калi нават i так, мы ўсё зробiм для душы, што iмкнецца далучыцца да бязгрэшнага ягняцi. Мацi прыўзнялася з зямлi i стала на каленi. - Дзякуй вам, - сказала яна холадна. - Мы не хочам, каб у нашай палатцы быў малiтоўны сход. Жанчына доўга пазiрала на яе. - Што ж, але мы не адпусцiм сястру нашу без малiтвы. Маленне будзе ў нашай палатцы, мэм. I няхай даруецца вам такая душэўная жорсткасць. Мацi зноў апусцiлася на зямлю i павярнулася да бабкi тварам, з якога не сыходзiлi цвёрдасць i суровасць. - Яна змучылася, - паўтарыла яна зноў. - Проста змучылася. Бабка кiдалася галавой па падушцы i нешта ледзь чутна мармытала. Жанчына пагардлiва выйшла з-пад брызенту. Мацi не зводзiла вачэй са старэчага твару. Ружа Сарона махала кавалкам кардону, гонячы гарачае паветра хвалямi. Сказала: - Ма! - Што? - Чаму ты не дазволiла iм тут памалiцца? - Сама не ведаю. Наогул iегавiсты - людзi добрыя. Але, молячыся, завываюць i скачуць. Не ведаю. Нешта найшло на мяне. Я гэтага цяпер не стрывала б. Сiл маiх не хапiла б. Аднекуль зблiзку данеслiся гукi малення - манатонныя распевы пропаведзi. Слоў было не разабраць, чуўся толькi матыў. Голас то сцiхаў, то набiраў сiлу, i кожны распеў пачынаўся на больш высокай ноце. Вось у паўзе прапаведнiку адказалi iншыя галасы, i яго голас набыў урачыстасць i ўладнасць. Тон усё павышаўся, i ў паўзах гукi падхопу паступова перайшлi ў лямант. Мала-памалу фразы пропаведзi рабiлiся ўсё карацейшымi, адрывiстымi, як каманды, i ў галасах, што на iх адгукалiся, загучалi жалобныя ноткi. Рытм малення ўсё разганяўся. Мужчынскiя i жаночыя галасы гучалi суладна, але раптам, пасярод падхопу, адзiн жаночы голас вырваўся, узляцеў увысь i вылiўся ў роспачны крык, дзiкi i шалёны, як звярыны; яму пачалi ўторыць больш нiзкi жаночы голас, перарывiсты, як брэх, i мужчынскi, якi паступова танчэў, як воўчае выццё. Словы малiтвы абарвалiся, i з палаткi чулiся толькi жалобнае завыванне i тупат ног па зямлi. Мацi кiнула ў дрыжыкi. Ружа Сарона дыхала цяжка i перарывiста, а дзiкi лямант не змаўкаў, i здавалася, вось-вось у людзей разарвуцца лёгкiя. Мацi сказала: - Нервы не вытрымлiваюць. Нешта са мною сталася. Раптам высокi голас перайшоў у iстэрычны вiск, як завыванне гiены; тупат зрабiўся гучнейшы. Галасы ламалiся i зрывалiся, i нарэшце ўвесь хор загучаў роўна, i чулiся толькi рыданнi i хрыплыя стогны, гукi ўдараў па целе i прытупванне па зямлi; потым рыданне перайшло ў цiхае скуголенне, накшталт скавытання шчанюкоў каля мiскi з ежай. Знерваваная Ружа Сарона цiха плакала. Бабка раптам збiла занавеску з ног, падобных на дзве шэрыя вузлаватыя палкi, i таксама заскуголiла пад такiя ж гукi, што даносiлiся з палаткi iегавiстаў. Мацi зноў прыкрыла ёй ногi занавескай. I тут бабка глыбока ўздыхнула, дыханне яе стала роўнае i свабоднае, прыплюшчаныя павекi перасталi пацепвацца. Старая заснула моцным сном i, крыху адкрыўшы рот, пахрапвала. Жаласнае скуголенне ў палатцы iегавiстаў рабiлася ўсё цiшэйшым i нарэшце зусiм сцiхла. Ружа Сарона зiрнула на мацi поўнымi слёз вачамi. - Дапамагло, - сказала яна. - Бабцы дапамагло. Яна заснула. Мацi сядзела прысаромленая, апусцiўшы галаву. - Я, можа, дарэмна пакрыўдзiла добрых людзей, - сказала яна. - Бабка спiць. - Можа, табе схадзiць пакаяцца прапаведнiку нашаму? - Пайду... Толькi ён нейкi дзiўны. Магчыма, гэта я праз яго не дазволiла тым людзям памалiцца тут. Прапаведнiк наш думае: што людзi нi зробяць, усё добра. - Мацi паглядзела на свае рукi. - А цяпер спаць, Разашарна. Калi паедзем ноччу, дык трэба выспацца. - Яна выцягнулася на траве каля матраца. Ружа Сарона запыталася: - А бабку не трэба абмахваць? - Яна спiць. Кладзiся, дачушка. - Куды гэта Конi дзеўся? - незадаволена сказала Ружа Сарона. - Ужо колькi часу яго не бачыла. Мацi сказала: - Ш-ш... Паспi. - Ма, Конi будзе вучыцца вечарамi i ў людзi выйдзе. - Ага, ты мне ўжо казала. Кладзiся спаць. Ружа Сарона прымасцiлася з краю бабчынага матраца. - Конi ўжо новае задумаў. Ён увесь час думае. Вось вывучыць пра электрычнасць i майстэрню сваю завядзе, а тады ведаеш, што ў нас будзе? - Што? - Лёд... колькi душа пажадае. Купiм ледзяную шафу. Напакуем яе даверху. Нiчога псавацца не будзе. - Конi ўвесь час думае, - усмiхнулася мацi. - Вось i добра, а цяпер спаць. Ружа Сарона заплюшчыла вочы. Мацi павярнулася на спiну i падклала рукi пад галаву. Яна прыслухоўвалася да дыхання бабкi i дачкi. Махнула рукой, каб прагнаць муху з iлба. Лагер зацiх пад пякучым сонцам, i гукi, якiя даносiлiся з нагрэтай травы, - строкат конiкаў, гудзенне мух - толькi падкрэслiвалi цiшыню. Мацi глыбока перавяла дыханне, пазяхнула i заплюшчыла вочы. Праз дрымоту пачула чыесьцi крокi, але прачнулася не ад iх, а ад моцнага мужчынскага голасу. - Тут хто ёсць? Мацi хуценька адарвала спiну ад зямлi, села. Нейкi мужчына з моцна загарэлым тварам нахiлiўся i зазiрнуў пад брызент. На iм былi высокiя шнураваныя чаравiкi, штаны колеру хакi i такога ж колеру форменная кашуля. На шырокай скураной партупеi вiсела рэвальверная кабура, а злева на грудзях да кашулi была прышпiлена вялiкая сярэбраная зорка. Фуражка з мяккiм верхам была ссунута на патылiцу. Ён паляпаў далонню па туга нацягнутым брызенце, i той загуў, як барабан. - Тут ёсць хто-небудзь? - настойлiва паўтарыў ён. Мацi запыталася: - Што вам трэба, мiстэр? - А як вы думаеце, што мне трэба? Хачу ведаць, хто тут ёсць. - Тут нас трое: я, бабка i дачка мая. - А мужчыны дзе? - Пайшлi пакупацца. Мы ўсю ноч ехалi. - Адкуль вы? - З-пад самага Салiса ў Аклахоме. - Тут вам заставацца нельга. - Мы сёння позна вечарам паедзем далей, мiстэр, праз пустыню. - I добра зробiце. Калi заўтра ў гэты час будзеце тут, я пасаджу вас. Мы такiм не дазваляем тут надоўга спыняцца. Твар у мацi пацямнеў ад гневу. Яна памалу паднялася на ногi, падышла да скрынi з кухонным начыннем i выцягнула за доўгую ручку чыгунную патэльню. - Мiстэр, - сказала яна, - у вас бляшаная цэшка i рэвальвер. Там, адкуль я прыехала, такiя, як вы, голасу не павышаюць. - Яна пачала наступаць на яго з патэльняй у руцэ. Ён расшпiлiў кабуру. - Страляй, - сказала мацi. - Жанчын запалохваеш? Добра, што мужчын нашых тут няма. Яны б цябе на шматкi разадралi. У нашых краях такiя, як ты, не вельмi плешчуць языком. Чалавек адступiў назад на два крокi. - Краi вашы засталiся далёка. Цяпер вы ў Калiфорнii, i ўсякiм Окi мы не дазволiм тут затрымлiвацца. - Окi? - цiха перапытала мацi. - Окi? - Ага, Окi! I калi я заўтра вас тут застану, не мiнуць вам турмы. Чалавек крута павярнуўся, падышоў да суседняй палаткi i паляпаў далонню па брызенце: - Ёсць тут хто-небудзь? Мацi не спяшаючыся вярнулася пад брызент. Паклала патэльню назад у скрыню. Потым паволi апусцiлася на зямлю, села. Ружа Сарона ўпотайкi сачыла за ёю. Убачыўшы, што мацi стараецца стрымаць слёзы, яна заплюшчыла вочы i прытварылася, што спiць. Сонца ўжо добра схiлiлася на захад, а спёка не спадала. Том прачнуўся пад вярбой. У роце ў яго засмягла, цела змакрэла ад поту, галава была цяжкая пасля сну. Ён вяла падняўся на ногi i пайшоў да берага. Скiнуў з сябе адзежу, палез у рэчку. Ледзь толькi вада абняла яго, смага знiкла. Ён лёг на мелкiм месцы, упёршыся локцямi ў пясчанае дно, i цела яго плавала ў вадзе. I так ён ляжаў, пазiраючы на пальцы ног, якiя пагойдвалiся над паверхняй. Бледны хударлявы хлопчык выпаўз, як звярок, з чароту i хуценька раздзеўся. Ён шмыгнуў у ваду, як хахуля, i, як хахуля, паплыў, пакiнуўшы толькi вочы на паверхнi. Раптам ён убачыў над вадой галаву Тома, заўважыў, што за iм сочаць. Хлопчык кiнуў сваю гульню i сеў на дно. Том сказаў: - Хэло! - Хэло! - У хахулю гуляеш? - Ага. - Хлопчык пасоўваўся ўсё блiжэй да берага, быццам проста так, незнарок, i раптам выскачыў з вады, згроб у ахапак сваё адзенне i знiк у вербалоззi. Том цiха засмяяўся i раптам пачуў рэзкi крык: - Том! Гэй, Том! Ён сеў на дно i свiснуў праз зубы, пранiзлiва, з хвацкiм прысвiстам у канцы. Кусты варухнулiся, i з iх выйшла Руцi. Спынiлася, пазiраючы на яго. - Цябе мама клiча, - сказала яна. - Iдзi хутчэй. - Зараз. - Том падняўся i пайшоў па вадзе да берага, а Руцi глядзела на яго голае цела са здзiўленнем i цiкавасцю. Заўважыўшы на сабе яе позiрк, Том сказаў: - Ну бяжы. Давай адсюль! I Руцi ўцякла. Том пачуў, як яна ўсхвалявана клiча Ўiнфiлда. Ён нацягнуў гарачае адзенне на сваё халаднаватае, мокрае цела i няспешнай хадою пайшоў праз лазняк да палаткi. Мацi расклала агонь з сухога вярбовага голля i кiпяцiла на iм ваду ў рондалi. Убачыўшы Тома, адразу адчула палёгку. - Што тут у вас, ма? - запытаўся Том. - Я баялася за цябе, - адказала яна. - Тут палiсмен прыходзiў. Нам, кажа, нельга тут заставацца. Я баялася, каб ён з табой не загаварыў. Баялася, ты наб'еш яго, як толькi ён рот расчынiць. Том сказаў: - Чаго гэта я раптам палiсменаў бiць буду? Мацi ўсмiхнулася: - Ну... ён тут такога нагаварыў... я сама ледзь не набiла яго. Том схапiў яе за плячо i размашыста i грубавата трасянуў яе i засмяяўся. I яшчэ смеючыся, апусцiўся на траву. - Божа мой, ма. Я такой цябе не ведаў, раней ты была больш далiкатная. Што з табою стала? Мацi спахмурнела. - Не ведаю, Том. - Спярша на нас дамкратнай ручкай замахвалася, цяпер палiсмена ледзь не збiла. - Том цiха засмяяўся, выцягнуў руку i ласкава паляпаў мацi па голай ступнi. - Сапраўдная ведзьма. - Том... - Што? Мацi доўга вагалася, перш чым загаварыць. - Том, палiсмен гэты... ён абазваў нас... Окi. Кажа: "Мы не дазволiм усякiм Окi тут затрымлiвацца". Том пiльна паглядзеў на мацi, рука яго ўсё яшчэ ласкава ляжала на яе ступнi. - Адзiн чалавек нам ужо гаварыў. Сказаў, як яны вымаўляюць гэтае слова. Том задуменна памаўчаў. - Ма, як па-твойму, я ўжо зусiм адпеты? Месца маё ў турме? - Не, - адказала яна. - Цябе давялi да забойства. Не. А чаму ты пытаешся? - Проста так. Я палiсмену гэтаму ўляпiў бы як мае быць. Мацi лагодна ўсмiхнулася: - Магчыма, я цябе на гэта i падбiла б. Я сама яго ледзь патэльняй не агрэла. - А што ён гаварыў, ма? Чаму нам нельга тут заставацца? - Сказаў, не дазволiм усякiм Окi тут затрымлiвацца. Калi, кажа, я вас тут заўтра застану, у турму пасаджу. - Мы не прывыклi, каб палiсмены нас у карак гналi. - Я так i сказала яму. А ён кажа, вы тут не дома. Вы ў Калiфорнii, а тут мы гаспадары. Том нерашуча прамовiў: - Мне трэба табе нешта сказаць, ма. Ной... пайшоў унiз па рацэ. Далей ён з намi не паедзе. Сэнс яго слоў дайшоў да мацi не адразу. - Чаму? - праз нейкi момант цiха запыталася яна. - Не ведаю. Кажа, так трэба. Што яму лепш застацца каля гэтай ракi. Прасiў сказаць табе. - А што ён есцi будзе? - Не ведаю. Рыбу, кажа, лавiць буду. Мацi доўга маўчала. - Распадаецца наша сям'я, - нарэшце прамовiла яна. - Проста не ведаю, не прыдумаю, што рабiць. У галаве ўсё перамяшалася. Гэтага мне ўжо занадта. Том няўпэўнена сказаў: - А нiчога з iм не зробiцца, ма. Наогул, ён у нас з дзiвацтвамi. Мацi кiнула неўразумелы позiрк на раку. - Проста ў галаве ўсё перамяшалася. Том глянуў на рады палатак i каля адной з iх убачыў Руцi з Уiнфiлдам - яны стаялi каля ўвахода i з кiмсьцi далiкатна размаўлялi. Руцi мяла пальцамi сукенку, а Ўiнфiлд босай нагой калупаў пясок. Том крыкнуў: - Гэй, Руцi! - Дзяўчынка падняла галаву, убачыла брата i падбегла да яго, за ёю - Уiнфiлд. Том сказаў: - Збегай, Руцi, паклiч нашых. Яны спяць пад вербамi. Сюды вядзi. А ты, Уiнфiлд, скажы Ўiлсанам, што мы хутка едзем, няхай збiраюцца. Дзецi мiгам разбеглiся. Том запытаўся ў мацi: - А як бабка, ма? - Заснула. Здаецца, ёй лепш. I цяпер яшчэ спiць. - То добра. Колькi ў нас свiнiны засталося? - Малавата. Адна маленькая бочачка. - Тады ў другую вады набяром. Ваду трэба ўзяць у дарогу. З вербняку пачулiся гучныя крыкi Руцi, якая склiкала мужчын. Мацi падкiнула сухога вярбовага голля ў вогнiшча, i агонь з трэскам абхапiў рондаль. Сказала: - Дай нам, божа, хутчэй адпачыць. Дай нам, госпадзi, знайсцi сабе добры прыстанак! Сонца хiлiлася да ламанай рысы абпаленых iм узгоркаў. Вада ў рондалi шалёна бурлiла. Мацi пайшла пад брызентавы навес, выйшла адтуль з поўным фартухом бульбы i ўсыпала яе ў вар. - Дай, божа, хутчэй памыць бялiзну. Нiколi мы яшчэ такiя брудныя не хадзiлi. Бульбу i то нямытую вару. А чаму - не разумею. Быццам сэрца з мяне вырвалi. Мужчыны купкай выйшлi з кустоў. Вочы ў iх былi сонныя, твары расчырванелыя, азызлыя ад сну сярод дня. Бацька папытаўся: - Што тут у вас? - Трэба ехаць, - адказаў Том. - Палiсмен прыходзiў, гонiць далей. Лепш хутчэй пераехаць пустыню. Выедзем чым раней i, можа, адолеем яе адразу. Нейкiх трыста мiль засталося. Бацька сказаў: - Эх, думаў, адпачнём тут добра. - Нельга, трэба ехаць, та, - сказаў Том. - Ной з намi не едзе. Пакiраваў унiз па рацэ. - Не едзе? Што яму, чорту, у галаву ўзбрыло? - сказаў бацька i запнуўся. Потым паныла прамовiў: - Мая вiна. Ной - гэта мая вiна. - Ды кiнь ты, та. - Няма чаго i гаварыць. Вiна мая. - Трэба збiрацца, - сказаў Том. Уiлсан, падыходзячы, пачуў апошнiя словы Тома. - Мы ехаць не можам, - сказаў ён. - Сэйры зусiм знемаглася. Ёй патрэбен спакой. Жывая яна з гэтай пустынi не выберацца. Яго выслухалi моўчкi; потым Том сказаў: - Палiсмен гразiўся ўсiх нас у турму загнаць, калi мы да заўтра застанемся. Уiлсан пакруцiў галавой. Вочы яго заслалiся пялёнкай трывогi, праз загар на твары праступiла бледнасць. - Тады едзьце адны. Сэйры не можа. У турму дык у турму. Сэйры трэба адпачыць, набрацца сiлы. Бацька сказаў: - Можа, мы пачакаем вас? А тады ўсе i паедзем. - Не, - адказаў Уiлсан. - Вы i так шмат нам зрабiлi. А тут заставацца вам нельга. Вам трэба ехаць, знайсцi работу, працаваць. Мы вас не хочам затрымлiваць. Бацька ўсхвалявана сказаў: - Але ж у вас нiчога няма. Уiлсан усмiхнуўся: - Калi мы з вамi стрэлiся, у вас таксама нiчога не было. Вас гэта не датычыць. Будзеце спрачацца са мной, я ўзлавацца магу. Вы едзьце, а то я сапраўды зазлую i пасваруся з вамi.
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 34
|