Гронкi гневу (на белорусском языке)
ModernLib.Net / Стейнбек Джон / Гронкi гневу (на белорусском языке) - Чтение
(стр. 11)
Автор:
|
Стейнбек Джон |
Жанр:
|
|
-
Читать книгу полностью
(1002 Кб)
- Скачать в формате fb2
(402 Кб)
- Скачать в формате doc
(417 Кб)
- Скачать в формате txt
(398 Кб)
- Скачать в формате html
(403 Кб)
- Страницы:
1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 34
|
|
- Вы ведаеце, што з iм? Кейсi глянуў на яе маршчынiсты твар i агнiстыя вочы. - А вы? - Здаецца, ведаю. - Што? - Магчыма, я памыляюся. Не хочацца дарэмна гаварыць. Кейсi азiрнуўся на старога, у якога ўвесь час паторгваўся твар. - Думаеце... можа... апаплексiчны ўдар? - Думаю, што так, - адказала Сэйры. - Мне тры ўжо разы даводзiлася бачыць такое. А звонку даносiлiся гукi бiвачнага жыцця - секлi сухое голле, бразгалi посудам. Мацi ўсунула галаву мiж полкамi палаткi. - Бабка хоча зайсцi. Можа, ёй не варта? Прапаведнiк сказаў: - Не пусцiш, яна разнервуецца. - Як ён - нiчога? Кейсi паволi пакруцiў галавой. Мацi кiнула хуткi позiрк на дзедаў налiты крывёю твар, якi скажалi пакутлiвыя грымасы. Яна адышла ад палаткi, i пачуўся яе голас: - Яму лепш, бабка. Цяпер няхай крыху адпачне. Але бабка зласлiва сказала: - А я ўсё роўна гляну. Ён хiтры чорт. Ад яго праўды нiколi не дазнаешся, i хуценька прашмыгнула ў палатку. Яна спынiлася каля матраца i глянула ўнiз на дзеда. - Што з табой? - Дзед зноў павёў вачамi на голас, i губы яго скурчылiся. - Гэта ён ад злосцi, - сказала бабка. - Я ж гаварыла вам, ён хiтры, як чорт. Ранiцай надумаў уцячы, каб не ехаць. Але раптам бядро ў яго разбалелася, - з пагардай прамовiла бабка. - Гэта ён проста ад злосцi. З iм i раней такое бывала, калi ён не захоча нi з кiм размаўляць. Кейсi далiкатна сказаў: - Гэта не ад злосцi, бабка. Ён захварэў. - А! - яна зноў глянула ўнiз на старога. - Цяжка захварэў, ты думаеш? - Вельмi цяжка, бабка. На хвiлiну яна завагалася. - Ну дык чаго ты не молiшся? - таропка загаварыла яна. - Ты прапаведнiк цi не? Моцныя пальцы Кейсi нерашуча пацягнулiся да дзедавага запясця i абхапiлi яго. - Я ўжо казаў табе, бабка. Не прапаведнiк я. - Усё роўна малiся, - загадала старая. -Ты справу гэту на памяць ведаеш. - Не магу, - сказаў Кейсi. - Я не ведаю, за што малiцца i каму малiцца. Бабка адвяла ад яго вочы i спынiла позiрк на Сэйры. - Ён не хоча малiцца, - сказала яна. - А я не гаварыла вам, як малiлася Руцi, калi была яшчэ зусiм маленькая? "У пасцельцы спачываю, богу душу ўручаю. А туды як прыляцiць, там буфет пусты стаiць, а бедны сабачка галодны сядзiць. Аман". Вось як яна малiлася. Па брызенце палаткi з сонечнага боку пасунуўся цень - нехта прайшоў мiма. А дзедава цела ўсё яшчэ змагалася, б'ючыся ў сутаргах. Раптам яно здрыганулася, быццам ад раптоўнага ўдару, i дзед зацiх i перастаў дыхаць. Кейсi глянуў на твар старога i ўбачыў, што ён робiцца чарнавата-барвовы. Сэйры дакранулася да пляча прапаведнiка: - Язык, хутчэй язык! Кейсi кiўнуў галавой. - Засланiце яго ад бабкi, - сказаў ён цiха i разняў дзеду сцятыя скiвiцы, прасунуў пальцы ў самае горла, каб дастаць язык. I калi ён адцягнуў яго, з горла вырваўся раскацiсты хрып i дзед перарывiста ўздыхнуў, як усхлiпнуў. Кейсi падабраў з зямлi тонкую палачку i прыцiснуў ёю язык, услухоўваючыся ў вуркатлiвае, няроўнае дыханне. Бабка насiлася па палатцы, як напалоханая курыца. - Малiся! - патрабавала яна. - Малiся ж! Малiся, табе кажуць! - Сэйры дарэмна спрабавала яе суняць. - Малiся, каб цябе чорт! - закрычала бабка. Кейсi глянуў на яе. Вуркатлiвае дыханне рабiлася ўсё гучнейшым i больш перарывiстым. - Ойча наш, якi ёсць у небе, свяцiся Iмя Тваё... - Слава! - выгукнула бабка. - ...прыйдзi валадарства Тваё, будзь воля Твая... як у небе... так i на зямлi. - Аман. З адкрытага рота старога вырваўся сутаргавы ўсхлiп i хрыплы працяглы выдых. - Хлеба нашага штодзённага... дай нам сёння... i адпусцi нам грахi нашы. Дыхання не стала чуваць. Кейсi глядзеў на дзедавы вочы - яны былi ясныя, глыбокiя, пранiклiвыя, у iх затаiлася спакойная ўсёведнасць. - Алiлуя! - крыкнула бабка. - Гавары далей. - Аман, - сказаў Кейсi. Бабка маўчала. З таго боку палаткi панавала цiшыня. Толькi па шашы прашумела коламi машына. Каля матраца Кейсi не падымаўся з кален. Звонку людзi ў напружаным маўчаннi прыслухоўвалiся да гукаў, што абвяшчалi смерць. Сэйры ўзяла бабку пад руку i вывела з палаткi. Старая iшла, поўная годнасцi, з высока ўзнятай галавой. Яна iшла так напаказ усёй сям'i. Сэйры падвяла яе да матраца, што ляжаў на зямлi, i ўсадзiла яе. I бабка сядзела, пазiраючы проста перад сабой, сядзела горда, бо ведала, што ўсе позiркi скiраваны на яе. У палатцы было цiха. Нарэшце Кейсi рассунуў брызент i выйшаў. Бацька цiха запытаўся: - Што з iм было? - Апаплексiчны ўдар, - адказаў Кейсi. - Удар, i адразу канец. А жыццё iшло па сваiх законах. Сонца дакранулася да лiнii гарызонту i сплюшчылася. Доўгая калона вялiкiх чырвоных грузавiкоў паказалася на шашы. Машыны iшлi з грукатам, скаланаючы зямлю, а iх вертыкальныя выхлапныя трубы выплёўвалi сiнi дым дызельнага палiва. У кабiне сядзеў толькi вадзiцель, яго зменны спаў на ложку, падвешаным пад самым верхам. Грузавiкi грукаталi няспынна, пад iх цяжкiм поступам увесь дзень i ўсю ноч дрыжэла зямля. Сям'я з'ядналася ў адно цэлае. Бацька апусцiўся на кукiшкi, побач з iм прысеў дзядзька Джон. Галавой сям'i цяпер быў бацька. Ной, Том i Эл таксама селi на кукiшкi, а прапаведнiк апусцiўся проста на зямлю i потым лёг, абапёршыся на локаць. Руцi i Ўiнфiлд бадзёра прытупалi з вядром вады, але адразу адчулi нядобрае, запаволiлi крок i, паставiўшы вядро на зямлю, цiха падышлi да мацi. Бабка сядзела горда, спакойна, пакуль уся сям'я не сабралася, пакуль на яе не перасталi глядзець, а тады лягла, закрыла твар сагнутай у локцi рукой. Чырвонае сонца схавалася, i над зямлёй разлiлося мiгатлiвае сутонне; твары людзей здавалiся зусiм светлымi, а вочы паблiсквалi, адлюстроўваючы вячэрняе неба. Вечар збiраў святло адусюль - дзе толькi мог. Бацька сказаў: - Гэта здарылася ў палатцы мiстэра Ўiлсана. Дзядзька Джон пацвярджальна кiўнуў галавой: - Ён уступiў сваю палатку. - Добрыя, сардэчныя людзi, - цiха прамовiў бацька. Уiлсан стаяў каля сваёй папсаванай машыны, а Сэйры сядзела каля бабкi на матрацы, стараючыся не дакранацца да яе. Бацька паклiкаў: - Мiстэр Уiлсан! Уiлсан няспешна падышоў да iх i апусцiўся на кукiшкi. Сэйры таксама падышла i стала каля яго. Бацька сказаў: - Мы вам вельмi ўдзячныя, людзi. - Мы радыя, што хоць чым-небудзь змаглi памагчы вам, - адказаў Уiлсан. - Мы вельмi абавязаныя вам, - сказаў бацька. - Перад тварам смерцi не варта лiчыцца, - прамовiў Уiлсан, i Сэйры падхапiла: - Не варта лiчыцца. Эл сказаў: - Я адрамантую вам машыну... мы з Томам яе адрамантуем. - I Эл адчуў прылiў гордасцi, што ён можа заплацiць доўг, якi лёг на яго сям'ю. - Ад дапамогi мы не адмовiмся. - Уiлсан прызнаў, што прымае такую плату. - Трэба вырашыць, як нам быць далей, - сказаў бацька. - Ёсць закон: пра нябожчыкаў неабходна паведамiць уладам, а яны возьмуць сорак даляраў для гаспадара пахавальнага бюро або пахаваюць яго як жабрака. - У нас у сям'i жабракоў нiколi не было, - умяшаўся дзядзька Джон. Том сказаў: - Можа, i не тое яшчэ будзе. З зямлi нас раней таксама нiколi не зганялi. - Мы дрэннага нiчога не рабiлi, - сказаў бацька. - Нас няма чым папракнуць. Без грошай нiчога не бралi, чужой ласкаю нiколi не карысталiся. Калi з Томам здарылася бяда, мы галаву трымалi высока. На яго месцы кожны так зрабiў бы. - Дык што ж рабiць будзем? - запытаўся дзядзька Джон. - Зробiш па закону, цела забяруць. У нас усяго паўтары сотнi даляраў. Сорак пойдзе на пахаванне, i тады мы не даедзем да Калiфорнii. А не заплацiш, яго пахаваюць як жабрака. Мужчыны заварушылiся i ўставiлi вочы ў зямлю, што цямнела ў iх пад нагамi. Бацька цiха сказаў: - Дзед пахаваў свайго бацьку сам, сваiмi рукамi, зрабiў усё, як належыць, i сам рыдлёўкаю зрабiў магiльны насып. У тыя часы чалавек меў права легчы ў магiлу, выкапаную яго сынам, а сын меў права пахаваць свайго бацьку. - Цяпер законы ўжо не тыя, - сказаў дзядзька Джон. - Часам цяжка прытрымлiвацца закону, - сказаў бацька. - Асаблiва калi хочаш, каб усё было па сумленнi. Такiх выпадкаў хапае. Калi Флойд хаваўся, як дзiкi звер, закон патрабаваў, каб мы выдалi яго, але нiхто не выдаў. Iншы раз даводзiцца абыходзiць закон. Вось я i кажу: я маю права пахаваць роднага бацьку. Хто-небудзь хоча што сказаць? Прапаведнiк прыўзняўся на локцi. - Законы мяняюцца, - сказаў ён, - а людскiя патрэбы застаюцца. Ты маеш права рабiць тое, што табе трэба рабiць. Бацька павярнуўся да дзядзькi Джона: - Гэта i тваё права, Джон. Ты маеш што-небудзь супраць? - Нiчога, - адказаў дзядзька Джон. - Толькi атрымлiваецца так, быццам мы хочам хаваць яго пад сховай начной цемры. Пры жыццi дзед рабiў усё адкрыта. Крыху прысаромлены, бацька сказаў: - Гэтак, як ён рабiў, нам цяпер нельга. Трэба даехаць да Калiфорнii, пакуль грошы яшчэ ёсць. I Том уставiў сваё слова: - Бываюць выпадкi, калi дзе-небудзь капаюць зямлю, знаходзяць нябожчыка i ўзнiмаюць гвалт - забiлi чалавека. Нашы ўлады цiкавяцца мёртвымi больш, чым жывымi. Пачнуць дазнавацца, хто ён такi i як памёр. Я вось што прапаную: давайце пакладзём у бутэльку запiску i закапаем разам з iм. Там усё будзе сказана - хто ён, як памёр i чаго яго тут пахавалi. Бацька ў знак згоды пакiваў галавой. - Правiльна. Толькi трэба прыгажэй напiсаць. I дзеду не так самотна будзе, калi з iм будзе яго iмя, а то закапалi - i ляжы адзiн, стары, пад зямлёй. У каго-небудзь ёсць яшчэ што сказаць? Усе маўчалi. Бацька павярнуўся да мацi: - Ты ўбярэш яго? - Убяру, - адказала мацi. - А хто вячэру згатуе? - Я прыгатую вячэру, - сказала Сэйры Ўiлсан. - Мы з вашай старэйшай дачкой усё зробiм. - Вялiкi дзякуй. Ты, Ной, пайдзi дастань з якой бачуркi свiнiны. Яна як след яшчэ не прасалiлася, але есцi можна. - А ў нас ёсць паўмяшка бульбы, - сказала Сэйры. - Дай мне дзве манеты па паўдаляра, - папрасiла мацi ў бацькi; той пакапаўся ў кiшэнi i падаў ёй срэбра. Мацi адшукала таз, налiла ў яго вады i панесла ў палатку. Там было амаль зусiм цёмна. Сэйры ўвайшла следам, запалiла свечку, прыткнула яе на скрынку i пакiнула мацi адну. Мацi паглядзела на нябожчыка, i ў яе сцiснулася сэрца. Яна адарвала палоску ад свайго фартуха i падвязала дзеду нiжнюю скiвiцу. Выпрастала яму ногi, склала рукi на грудзях. Потым апусцiла яго павекi i паклала на iх па сярэбранай манеце, зашпiлiла яму кашулю i абмыла твар. Сэйры зазiрнула ў палатку: - Можа, чым дапамагчы? Мацi паволi падняла галаву. - Зайдзiце, - сказала яна. - Хацела б з вамi пагаварыць. - Старэйшая дачка ў вас упраўная, - сказала Сэйры. - Колькi ўжо бульбы абабрала! Дык кажыце, што трэба рабiць? - Я хацела абмыць яго, ды вось няма ў што пераапрануць. А коўдра ваша цяпер сапсаваная. Мёртвы дух нiчым з яе не вытравiш. Памятаю, у нас сабака панюхаў матрац, на якiм памерла мая мацi, i аж затросся i пачаў гыркаць, хоць два гады прайшло пасля яе смерцi. Мы загорнем яго ў вашу коўдру, а вам аддадзiм другую, у нас ёсць. Сэйры сказала: - Навошта вы так гаворыце. Мы памагаем вам ад шчырага сэрца. У мяне ўжо даўно не было... так спакойна на душы. У людзей ёсць такая патрэба - памагаць адзiн аднаму. Мацi кiўнула галавой. - Ёсць, - адказала яна i доўга глядзела на зарослы шчэццю стары твар з падвязанай скiвiцай i сярэбранымi вачнiцамi, якiя паблiсквалi пры святле свечкi. - Так ён сам на сябе не падобны, - сказала яна. - Трэба закруцiць яго з галавой. - Ваша старая добра трымалася. - Яна зусiм старэнькая. Магчыма, i не разумее толкам, што здарылася. I, можа, не хутка зразумее. Акрамя таго, гонар нам не дазваляе адчайвацца. Бывала, мой бацька казаў: "Зламацца кожны можа. А каб саўладаць з сабой, трэба быць чалавекам". У любых выпадках мы не паддаёмся адчаю. - Мацi акуратна захутала ногi i плечы нябожчыка, закiнула адзiн ражок коўдры яму на галаву, як капюшон, i насунула на твар. Сэйры падала ёй некалькi вялiкiх ангельскiх шпiлек, i яна старанна i акуратна зашпiлiла з усiх бакоў гэты доўгi пакунак. Нарэшце паднялася з кален. - Пахаванне будзе прыстойнае, - сказала яна. - З намi едзе прапаведнiк, ён адпяе яго, i сям'я ўся ў зборы. - Яна пахiснулася. Сэйры падскочыла да яе, не дала ёй упасцi. - На хаду засынаю... - сумелася мацi. - Не, нiчога, пройдзе. Перад ад'ездам нам шмат давялося пакруцiцца. - Выйдзем на паветра, - сказала Сэйры. - Ага, я ўсё, што трэба, зрабiла. Сэйры задзьмула свечку, i жанчыны выйшлi з палаткi. На дне неглыбокага яра ярка гарэла вогнiшча. Том убiў у зямлю калкi, падвесiў на дроце два кацялкi, i вада цяпер у iх бурна кiпела, з-пад накрывак выбiвалася пара. Ружа Сарона стаяла на каленях крыху ўбаку ад гарачага полымя з доўгай лыжкай у руцэ. Убачыўшы, што мацi выйшла з палаткi, яна паднялася i падышла да яе. - Ма, - сказала яна, - хачу ў цябе пра нешта спытацца. - Зноў спалохалася? - запыталася мацi. - Дзевяць месяцаў без гора не пражывеш, даражэнькая. - А дзiцяцi не пашкодзiць? Мацi адказала: - Ёсць такая прымаўка: "Дзiця, што ў смутку родзiцца, у жыццi са шчасцем водзiцца". Здаецца, так, мiсiс Уiлсан? - Чула такую, - адказала Сэйры. - А яшчэ я ведаю i другую: "У залiшняй радасцi радзiцца, увесь свой век смуцiцца". - У мяне ўсё ўсярэдзiне падскочыла ад страху, - сказала Ружа Сарона. - Ад весялосцi ў нас нiчога не скача, - прамовiла мацi. - Ты лепш глядзi кацялкi. Мужчыны сабралiся на краi светлага круга ад вогнiшча. З прылад у iх была рыдлёўка i матыка. Бацька адмераў месца для магiлы - восем футаў у даўжыню i тры футы ў шырыню. Працавалi па чарзе. Бацька ўскопваў зямлю матыкай, а дзядзька Джон адкiдаў яе ўбок рыдлёўкай. Потым крышыў зямлю Эл, а выграбаў Том. Тады крышыў Ной, выграбаў Конi. Работа iшла без перапынку, i магiла рабiлася ўсё глыбейшай. Рыдлёўка за рыдлёўкай вылятала адтуль зямля. Стоячы па плечы ў прамавугольнай яме, Том запытаўся: - На якую глыбiню капаць, та? - Глыбей. Яшчэ футы на два. Ты вылазь, Том, пайдзi напiшы тую запiску. Том вылез, i яго месца заняў Ной. Том падышоў да мацi, якая падтрымлiвала агонь. - У нас, ма, ёсць папера i пяро? Мацi пакруцiла галавой: - Н-не. Што iншае, а гэтага з сабой не ўзялi. - Яна глянула на Сэйры, i маленькая жанчына паспешлiва пайшла ў палатку. Вярнулася яна з Бiблiяй у руках i напалову спiсаным алоўкам. - Вось, - сказала яна. - Тут, у пачатку, ёсць чыстая старонка. Напiшы на ёй i вырвi. - Сэйры падала Бiблiю i аловак Тому. Том сеў каля вогнiшча. Ён засяроджана прыплюшчыў вочы i нарэшце няспешна вывеў буйнымi выразнымi лiтарамi на чыстай частцы старонкi: "Тут спачывае Ўiльям Джэймс Джоўд, памёр ад удару зусiм старым. Радня закапала яго тут, бо не было грошай на пахаванне. Яго нiхто не забiваў. З iм здарыўся ўдар, i ён памёр". - Том адняў аловак ад паперы. - Паслухай, ма, - сказаў Том i паволi прачытаў услых напiсанае. - Што ж, гучыць нядрэнна, - ухвалiла мацi. - А ты яшчэ што-небудзь i набожнае падабраў бы з Пiсання. Пагартай Бiблiю, пашукай якое выслоўе. - Трэба, каб карацей, - сказаў Том. - А то месца амаль не засталося. Сэйры сказала: - А што, калi напiсаць: "Супакой, госпадзi, душу яго"? - Не, - запярэчыў Том. - Атрымлiваецца, быццам ён вiсельнiк. Я спiшу што-небудзь адсюль. - Ён гартаў старонкi Бiблii i чытаў сам сабе, бязгучна варушачы губамi. - Ну вось, i добра, i коратка, - сказаў ён уголас. - "I Лот сказаў iм: не, Уладыка". - Нiякага сэнсу, - сказала мацi. - Калi ўжо пiсаць, дык каб хоць сэнс якi быў. Сэйры параiла: - Пагартай далей, там, дзе псалмы. З iх заўсёды ёсць што выбраць. Том хутка перагортваў старонкi i прабягаў вачамi вершы. - Ёсць! - нарэшце сказаў ён. - I прыгожа, i так i дыхае набожнасцю: "Шчаслiвы той, каму адпушчаны беззаконнi i чые грахi выкупленыя". Ну як? - Сама раз, - сказала мацi. - Спiшы. Том старанна перапiсаў радок на паперу. Мацi спаласнула i выцерла фруктовы слоiк. Том шчыльна закруцiў крышку. - Можа, лепш было прапаведнiку пiсаць, - сказаў ён. - Не, прапаведнiк нам не сваяк, - сказала мацi, узяла ў яго слоiк i пайшла ў цёмную палатку. Там яна выцягнула некалькi шпiлек з шарсцяной коўдры, усунула слоiк пад халодныя тонкiя рукi i зноў зашпiлiла. Тады вярнулася да вогнiшча. Мужчыны адышлi ад ямы, твары ў iх блiшчалi ад поту. - Гатова, - сказаў бацька i разам з дзядзькам Джонам, Ноем i Элам зайшоў у палатку. Яны вынеслi адтуль доўгi, зашпiлены з усiх бакоў скрутак i панеслi да магiлы. Бацька скочыў унiз, пераняў цела i асцярожна апусцiў на зямлю. Дзядзька Джон памог яму вылезцi. - А як быць з бабкай? - запытаўся бацька. - Я зараз прывяду яе, - адказала мацi, пайшла да матраца i нейкi час глядзела на старую. Потым вярнулася да магiлы. - Спiць, - сказала яна. - Можа, бабка i закрыўдуе на мяне, але я не буду яе будзiць. Ёй спакой патрэбен. Бацька запытаўся: - А прапаведнiк дзе? Том адказаў: - Я бачыў, ён пайшоў па дарозе. Не хоча больш малiцца. - Не хоча малiцца? - Не. Ён больш не прапаведуе. Кажа, навошта ашукваць людзей i выдаваць сябе за прапаведнiка, калi на самай справе я не прапаведнiк. Б'юся аб заклад, што ён уцёк, каб мы не прасiлi яго малiцца. Кейсi, прыходу якога яны не заўважылi, чуў словы Тома. - Нiкуды я не ўцёк, - сказаў ён. - Я памагу вам, людзi, але ашукваць вас не буду. Бацька сказаў: - Можа, усё-ткi скажаш некалькi слоў? У нас у сям'i нiкога яшчэ не хавалi без малiтвы. - Добра, скажу, - згадзiўся прапаведнiк. Конi вёў да дзедавай магiлы Ружу Сарона, тая iшла неахвотна. - Трэба, - угаворваў яе Конi. - Iначай непрыстойна. Гэта ж нядоўга. Святло ад вогнiшча падала на людзей, што акружылi магiлу, азарала iх твары i вочы i меркла на цёмным адзеннi. Мужчыны стаялi, зняўшы капелюшы. Языкi полымя ў вогнiшчы скакалi, кiдаючы трапятлiвыя блiкi на людзей. Кейсi сказаў: - Гаварыць буду коратка. - Ён схiлiў галаву, i астатнiя таксама схiлiлi галовы. Кейсi ўрачыста сказаў: - Стары, якi тут ляжыць, пражыў жыццё i памёр. Я не ведаю, якi ён быў чалавек, - добры цi дрэнны, але гэта няважна. Важна тое, што ён быў жывы. А цяпер памёр, i цяпер гэта таксама няважна. Я раз чуў, як адзiн чытаў вершы, i там было сказана: "Усё жывое - святое". Я задумаўся i неўзабаве зразумеў, што ў словах у гэтых сэнсу больш, чым на першы погляд здаецца. I я не буду малiцца за гэтага старога, якога ўжо няма сярод жывых. З iм усё як мае быць. У яго ёсць адна мэта, i яна стаiць перад iм, да яе вядзе толькi адзiн шлях. У нас таксама ёсць свая мэта, але ў нас сотнi шляхоў да яе, i мы не ведаем, па якiм пайсцi. I калi б мне выпала памалiцца, я памалiўся б за тых, хто не ведае, на якi шлях ступiць. У дзеда дарога прамая. А цяпер укрыйце яго зямлёй, i няхай ён робiць сваю справу. - Кейсi падняў галаву. Бацька сказаў: - Аман. I астатнiя прамармыталi хорам: - Аман. Бацька ўзяў рыдлёўку, набраў паўштыха зямлi i асцярожна скiнуў у чорную яму. Тады перадаў рыдлёўку дзядзьку Джону, i той кiнуў зямлi поўны штых. Рыдлёўка пераходзiла з рук у рукi, пакуль не абышла ўсiх мужчын. Калi ўсе яны выканалi свой абавязак i зрабiлi тое, што iм належала зрабiць па праву, бацька накiнуўся на кучу зямлi, што ляжала з краю, i пачаў таропка засыпаць магiлу. Жанчыны адышлi да вогнiшча гатаваць вячэру. Руцi i Ўiнфiлд, як зачараваныя, стаялi каля магiлы. Руцi ўрачыста прамовiла: - Цяпер дзед там, унiзе, ляжыць. Уiнфiлд спалохана вытрашчыў на яе вочы i пабег да вогнiшча, там сеў на зямлю i заплакаў. Бацька засыпаў магiлу да паловы i спынiўся, цяжка пераводзячы дух, а рэшту зямлi скiнуў дзядзька Джон. Калi Джон пачаў рабiць насып, Том затрымаў яго руку. - Паслухай, - сказаў ён. - Калi магiлка будзе з насыпам, яе як бачыш знойдуць. Трэба, каб не было прыкметна. Зраўняй з зямлёй, а зверху мы накiдаем травы. Што зробiш, iнакш нельга. Бацька сказаў: - Я пра гэта i не падумаў. Але без насыпу няможна. - Нiчога не зробiш, - сказаў Том. - Яго адразу адкапаюць, i нас абвiнавацяць у парушэннi закону. Ты ведаеш, што мне будзе, калi я пераступлю закон. - Правiльна, - пагадзiўся бацька. - Я зусiм забыўся. - Ён узяў у Джона рыдлёўку i зраўняў магiлу. - Ледзь зiма, i правалiцца, - сказаў ён. - Нiчога не зробiш, - сказаў Том. - Да зiмы мы будзем далёка. Утапчы добра, а зверху мы чаго-небудзь накiдаем. Калi свiнiна i бульба зварылiся, абедзве сям'i селi вячэраць вакол вогнiшча. Усе елi моўчкi, пазiраючы на агонь. Уiлсан запусцiў зубы ў кавалак мяса i задаволена ўздыхнуў. - Цудоўная свiнiна, - сказаў ён. - У нас былi дзве свiнкi, - паяснiў бацька, - i мы вырашылi iх з'есцi. За iх нiчога не давалi. Вось крыху асвоiмся з дарогай, мацi спячэ хлеба, тады адно задавальненне - едзеш сабе, пазiраеш па баках, а ў грузавiку ў цябе яшчэ i дзве бачуркi свiнiны. Колькi часу вы ўжо ў дарозе? Уiлсан прачысцiў языком зубы i глынуў. - Нам не пашчасцiла, - адказаў ён. - Трэцi ўжо тыдзень, як мы паехалi з дому. - Божа лiтасцiвы! А мы мяркуем за дзесяць дзён дабрацца да Калiфорнii, а то i хутчэй. У гутарку ўмяшаўся Эл: - Не, та, наўрад цi. З такiм грузам мы, можа, i нiколi не дабяромся. Асаблiва калi давядзецца ехаць праз горы. Вакол вогнiшча запанавала цiшыня. Галовы ва ўсiх апусцiлiся, i агонь асвятляў iм толькi валасы i лоб. Над невысокiм купалам святла скупа паблiсквалi летнiя зоркi, дзённая спёка памалу спадала. На сваiм матрацы, убаку ад вогнiшча, цiха захныкала бабка, нiбы шчанюк заскавытаў. Твары ўсiх павярнулiся ў той бок. Мацi сказала: - Разашарна, будзь разумненькай, iдзi паляжы з бабкай. Яе цяпер нельга пакiдаць адну. Яна ўжо ўсё зразумела. Ружа Сарона паднялася на ногi, пайшла да матраца i лягла побач са старой, i да вогнiшча данеслiся няясныя гукi iх галасоў. Ружа Сарона i бабка перашэптвалiся, лежачы на матрацы. Ной сказаў: - Дзiўна неяк - дзеда няма, а быццам нiчога не здарылася. Смутку мне не прыбавiлася. - Гэта ўсё адно, - сказаў Кейсi. - Зямля ваша i дзед - адно непадзельнае. Эл сказаў: - Вельмi крыўдна за яго. Памятаеце, ён гаварыў, што там будзе рабiць, як ён вiнаградныя гронкi аб галаву будзе расцiскаць, каб усю бараду сокам залiло, i ўсякае такое. Кейсi сказаў: - Гэта ён так, дурыўся. Думаю, ён усё разумеў. Дзед ваш памёр не сёння. Ён памёр, як толькi вы яго з месца знялi. - Ты гэта напэўна ведаеш? - усклiкнуў бацька. - Ну, не зусiм так. Дыхаць ён дыхаў, але жыцця ў iм ужо не было. Дзед i зямля ваша - адно цэлае, i ён гэта разумеў. Дзядзька Джон запытаўся: - А ты ведаў, што ён памiрае? - Так, - адказаў Кейсi. - Ведаў. Джон утаропiўся на прапаведнiка, i ў вачах у яго рос жах. - I нiкому не сказаў? - А якая карысць? - Мы... мы зрабiлi б што-небудзь. - Што? - Ну што-небудзь, але... - Не, - сказаў Кейсi, - зрабiць вы не змаглi б нiчога. Ваш шлях быў вызначаны, а дзеду з вамi было не па дарозе. Ён i не мучыўся. Хiба, можа, толькi ранiцай, у першыя хвiлiны. Ён астаўся з зямлёй. Не мог яе кiнуць. Дзядзька Джон глыбока ўздыхнуў. Уiлсан сказаў: - А нам прыйшлося майго брата кiнуць. - Усе павярнулiся да яго. - У нас з iм былi ўчасткi-саракоўкi побач. Ён старэйшы за мяне. Машыны нiхто з нас нiколi не вадзiў. I вось мы прадалi ўсё, што ў нас было. Уiл купiў сабе машыну, i да яго прыставiлi нейкага падлетка - вучыць кiраваць. За дзень перад ад'ездам Уiл з цёткай Мiнi паехалi папрактыкавацца. Раптам перад Уiлам калдобiна, ён як гаркне: "Тпру!" - i як дасць заднi ход. Урэзаўся ў агароджу. Зноў крыкнуў: "Тпру, каб на цябе!" - тупнуў нагой па педалi газу i перакулiўся ў канаву. I застаўся ён нi з чым: нi на продаж нiчога, нi машыны. Але ж, дзякуй богу, сам вiнаваты. I так узлаваўся, з сябе аж выходзiць, з намi ехаць не захацеў - сядзiць, лаецца апошнiмi словамi. - Што ж ён будзе рабiць? - Каб я ведаў. Чалавек зусiм крануўся ад злосцi. А нам чакаць няможна. У нас толькi восемдзесят даляраў на ўсю дарогу. Не сядзець жа нам i чакаць, пакуль i тыя разыдуцца. Але дарога ўжо амаль усе iх з'ела. Не праехалi i сотнi мiль, зуб у заднiм мосце паляцеў, а рамонт абышоўся трыццаць даляраў. А там спатрэбiлася пакрышка, i запальная свечка трэснула, а яшчэ Сэйры занядужала. Давялося прыпынiцца, вось ужо дзесяць дзён стаiм. А цяпер машына, няхай яна спрахне, зноў паламалася, а грошай ужо - кот наплакаў. Проста не ведаю, калi мы дабяромся да гэтай Калiфорнii. Трэба рамантаваць, а я ў гэтым нiчога не кемлю. Эл дзелавiта запытаўся: - Што з машынай? - Ды проста iсцi не хоча. Завядзецца, чхне разок - i заглухне. Праз момант зноў завядзецца, i перш чым паспееш тармазы адпусцiць, зноў як мёртвая. - Матор працуе хвiлiну i глухне? - Ага, так. Прыбаўлю газу, усё роўна не iдзе. Чым далей, тым усё горш, а вось цяпер зусiм ужо не запускаецца. Выгляд у Эла зрабiўся горды, па-даросламу салiдны. - Вiдаць, у яе бензаправод забiўся, - прамовiў ён. - Я прадзьму яго. I бацька таксама заганарыўся: - Эл у гэтых справах разбiраецца. - Вось за дапамогу я скажу вам дзякуй. Вялiкi дзякуй. Не ўмееш паправiць, проста дзiцём сябе адчуваеш. Калi дабяромся да Калiфорнii, куплю добрую машыну. Яна, можа, псавацца не будзе. Бацька сказаў: - Калi дабяромся... Не так i лёгка дабрацца туды. - Затое Калiфорнiя! - сказаў Уiлсан. - Я бачыў лiсткi - там патрэбны людзi на збор фруктаў, i заробкi добрыя. Толькi падумаць! Фрукты збiраеш у цянi дрэў, прыхваткамi ў рот пакладзеш што-небудзь. Ды там, чорт вазьмi, столькi гэтага дабра - хоць аб'ядайся, нiхто табе слова не скажа. А плацiць будуць добра, купiм невялiкi ўчастак i яшчэ падрабляць будзем на старане. Я ў заклад, чорт вазьмi, iду, што i двух гадоў не мiне, як мы прыдбаем свой участак. Бацька сказаў: - Мы бачылi гэтыя лiсткi. У мяне адзiн нават з сабой ёсць. - Ён выняў кашалёк i дастаў з яго складзены папалам аранжавы рэкламны лiсток. Чорныя лiтары гаварылi: "У Калiфорнii Патрабуюцца Зборшчыкi Гароху. Добрая Плата Круглы Год. Патрэбна 800 Чалавек". Уiлсан з цiкавасцю паглядзеў на лiсток. - Ага, ага! Я бачыў такi самы. Акурат як той. А як вы думаеце... васемсот чалавек ужо, можа, набралася? Бацька сказаў: - Гэта ж толькi ў адной невялiкай частцы Калiфорнii. А Калiфорнiя ў нас другi па велiчынi штат. Дапусцiм, у адным месцы васемсот чалавек i набралася. А там шмат такiх месцаў. Мне ўсё роўна дзе фрукты збiраць. Вы ж самi сказалi, працаваць будзем у цянi дрэў. На такую работу i малыя з ахвотай пойдуць. Раптам Эл падняўся i падышоў да легкавой машыны. - Сёння ўжо не адрамантуеш, - сказаў Уiлсан. - Вядома. Заўтра з ранiцы вазьмуся. Том ва ўпор паглядзеў на свайго малодшага брата. - Я таксама пра гэта падумаў, - сказаў ён. - Пра што вы там, хлопцы? - запытаўся Ной. Том з Элам маўчалi, чакаючы, што скажа другi. - Кажы ты, - нарэшце прамовiў Эл. - Ну, можа, з гэтага нiчога не выйдзе, можа, Эл зусiм пра iншае думае. А справа вось якая. У нас перагрузка, а мiстэр i мiсiс Уiлсан едуць без цяжкага грузу. Калi хто-небудзь з нашых перасядзе да iх, а iхнiя лягчэйшыя рэчы мы перакладзём на грузавiк, тады ў нас i рысоры будуць цэлыя, i пад'ёмы нам не страшныя. Машынай мы з Элам абодва ўмеем кiраваць, значыць, хто-небудзь з нас павядзе легкавую. На дарозе будзем разам трымацца, i ад гэтага нам усiм лепш будзе. Уiлсан ускочыў на ногi. - Вядома, вядома! Мы будзем толькi радыя. Так i зробiм. Ты чула, Сэйры? - Проста цудоўна, - адказала Сэйры. - А мы не наробiм вам лiшнiх турбот? - Ну што вы, далiбог! - сказаў бацька. - Якiя турботы? Наадварот, вы нас выручыце. Уiлсан зноў сеў на зямлю, крыху сумеўшыся. - Не ведаю, як быць. - Што, раздумалi? - Разумееце... У мяне ўсяго даляраў трыццаць засталося, i я не хацеў бы быць вам цяжарам. Мацi сказала: - Вы i не будзеце нам цяжарам. Будзем дапамагаць адзiн аднаму, i разам даедзем да Калiфорнii. Сэйры Ўiлсан дапамагла мне прыбраць дзеда... - яна раптам змоўкла. Сувязь памiж тым i другiм была ўсiм зразумелая. Загаварыў Эл: - У легкавую свабодна сядзе шэсць чалавек. Скажам, так: я за рулём, мiсiс i мiстэр Уiлсаны, Разашарна з Конi i бабка. Вялiкiя рэчы, лягчэйшыя, перакладзём на грузавiк. У дарозе будзем мяняцца месцамi. - Ён гаварыў голасна, радуючыся, што з плячэй звалiўся такi клопат. Астатнiя бянтэжлiва ўсмiхалiся, апусцiўшы вочы долу. Бацька правёў кончыкамi пальцаў па пыле. Сказаў: - Мацi наша марыць пра беленькi домiк сярод апельсiнавых дрэў. Яна бачыла вялiкi такi малюнак у календары. Сэйры сказала: - Калi я зноў расхварэюся, вы нас не чакайце, едзьце адны. Мы не хочам быць вам цяжарам. Мацi пiльна паглядзела на яе i быццам упершыню ўбачыла яе пакутнiцкiя вочы i змарнелы, змучаны болем твар. I сказала: - Нiчога, даедзеце, мы пра вас паклапоцiмся. Вы ж самi сказалi: ад дапамогi нельга адмаўляцца. Сэйры глянула на свае маршчынiстыя рукi, асветленыя агнём вогнiшча. - Трэба класцiся спаць. - Яна ўстала. - А дзед... як быццам ужо год, як ён памёр, - прамовiла мацi. Абедзве сям'i няспешна разышлiся класцiся спаць, смачна пазяхаючы. Мацi спаласнула талеркi i сцерла з iх тлушч мяшком з-пад мукi. Агонь у вогнiшчы патух, зоркi нiбы апусцiлiся нiжэй. Легкавыя аўтамашыны толькi зрэдку прабягалi цяпер па шашы, але грузавiкi час ад часу з грукатам праносiлiся мiма, ажно дрыжэла зямля. Абедзве машыны, якiя стаялi ў лагчынцы каля дарогi, ледзь вiднелiся пры святле зорак. Каля заправачнай станцыi выў прывязаны нанач сабака. Людзi ўгаманiлiся i цiха спалi, i асмялелыя палявыя мышы снавалi каля матрацаў. Адна Сэйры Ўiлсан не спала. Яна глядзела ў неба i стойка змагалася з болем.
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 34
|