Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Драбы (на белорусском языке)

ModernLib.Net / История / Случанский Владимир / Драбы (на белорусском языке) - Чтение (стр. 6)
Автор: Случанский Владимир
Жанр: История

 

 


Сёньня-ж, успомнiўшы мой сон i начную прыгоду, я абразiў майго прыяцеля, i, сам ня ведаю чаго, паехаў бадзяцца па лесе. Тут i адбылося ўсё тое, чаго я дасюль не магу зразумець: Бачу, з кустоў выскачыў чалавек i крычыць: "Сякi, Паўль!" ды сам падняў сякеру. Мне здалося, што гэта мой начны лiс, i што ён хоча забiць кагосьцi праяжджаючага ў гэты час па дарозе. Ну й, нiчога ня думаючы, я й тыркнуў яго дзiдай. У гэты час на дарозе пачуўся крык, шум i трэск, а вось гэты нягоднiк, - Шкот указаў на палоннага, - кiнуўся ўцякаць. Падпарадкуючыся нейкаму нутранаму голасу, я кiнуўся яго даганяць i тут зразумеў, што ў лесе бачыў яго, а не майго прыяцеля. З тылу яны вельмi падобныя.
      - Так, так! - прамовiў Вiтаўт. - Лiс выявiўся ў двох асобах... А нiчога ён вам не сказаў, калi вы яго злавiлi?
      - Не, Ваша Высокасьць. Але дазвольце мне ўсё-ж даведацца, у чым тут рэч?
      - А рэч у тым, што каб вы, шляхетны Мак Марцiмер, ня торкнулi лiса дзiдай, то сёньняшнi паядынак мог-бы не адбыцца!... Нехта ў гэтым зацiкаўлены!... I я думаю, што ведаю, хто! - i Вiтаўт з пагрозай зiрнуў на пад'яжджаючага Войта Вялiкалукскага.
      Як толькi Скабель наблiзiўся, Вялiкi Князь указаў на ляжачую ўпоперак дарогi бярэзiну, з гневам спытаў:
      - Ты?
      - Што, Ваша Высокасьць?
      - Цi твая гэта работа? - i Вiтаўт iзноў указаў на паваленае дрэва.
      - Не разумею, Ваша Высокасьць! Як гэта "мая работа?"...
      - А так, што нехта намагаўся забiць Ваяводу Грозаўскага! З гэтым намерам i абвалiў на яго дрэва. Добра што шляхетны Мак Марцiмер выратаваў сiтуацыю, ня даўшы завалiць другую бярэзiну. Ваявода застаўся жывы й здаровы, але ягоны конь паранены! Што ты на гэта скажаш? Вось ён, адзiн з забойцаў...
      - Ваша Высокасьць! - ускрыкнуў абражаны Скабель. - Калi Вы лiчыце мяне здольным на такi ўчынак, то загадайце арыштаваць мяне, забярыце мае шпоры й пас! Але клянуся ўсiмi Сьвятымi, i заклiкаю Неба ў сьведкi, я тут не вiнаваты. Я собскiмi рукамi згодны пакараць вiнаватага! - з гэтымi словамi ён выхапiў меч, i не пасьпеў нiхто й вокам мiргнуць, абрушыў яго са страшнай сiлай на галаву палоннага, разьсёкшы яе напалам.
      - I так! Сьведкi ня стала, - зь некiм дзiўным спакоем прамовiў Вiтаўт. Але я ведаю, што ня гэты няшчасны быў галоўным вiнаваўцам. I я дабяруся да карэньняў гэтага злачынства! Няшчасны будзе той, хто пасьмеў!...
      - Ваш Высокасьць! - падыйшоў Ваявода Фёдар. - З канём нiчога страшнага няма. Некалькi драпiнаў на нагах... Пасекла гальлём...
      Вiтаўт зiрнуў на Фёдара й з усьмешкай адвярнуўся. Ён зразумеў, што Фёдар прагне хутчэй разпачаць бой i баiцца, каб раптам i сапраўды Войта Скабеля не арыштавалi. Страшэнная нянавiсьць палымнела ў вачах Ваяводы, i прага помсты так зь iх i выпырсквала. Вiтаўт прыгадаў сабе, як зусiм нядаўна назiраў гэты бляск у вачах Фёдара - пры iх першым спатканьнi пасьля Ворсклы, i прамовiў:
      - Ваявода, супакойся! Доўгатрывалая злосьць i ненавiсьць стамляюць чалавека якраз у той момант, калi яму найболей патрэбная бадзёрасьць. Злавацца й ненавiдзець пачынай тады, калi апусьцiш забрала!
      - Гаспадар! - ускрыкнуў Фёдар. - Уся кроў у маiх жылах кiпiць! Як я магу не злавацца? Дазволь нам рушыць далей?
      - Просiм, Ваша Высокасьць... - дадаў Скабель.
      - Едзем! - пагадзiўся Вiтаўт i, даўшы шпорамi каню, вынесься ўперад.
      На паляне зь нецярпеньнем ужо чакалi глядачы й жаўнеры, пакiнуўшы мейсца для Вялiкага Князя й пачоту насупраць сярэдзiны поля.
      З усiх бакоў разьнесьлiся прывiтаньнi:
      - "Жыве Вялiкi Князь Вiтаўт!" "Слава Гаспадару Лiтоўскаму!" "Вiват!"...
      Зь невялiкае групы чужаземцаў прагучэў звонкi малады голас, вылучаючыся з агульнага гулу:
      - Вiват Чароўная Княгiня Рынгайла! Вiват!
      Яраслаў Смаленскi крута павярнуўся ў той бок. Правая рука сама ўхапiлася за дзяржаньне мяча. Падпарадкуючыся нацягнутым павадам, яго конь узьвiўся на дыбкi й, танцуючы на заднiх нагах, таксама павярнуўся на голас.
      - Хто пасьмеў? Выхадзi! - зарычэў, як леў, узвар'яваны Яраслаў. Але нiхто яго не пачуў. Пастаяўшы трохi на мейсцы, ён ускач дагнаў сьвiту Вiтаўта й, параўняўшыся з Рынгайлай, запытаў:
      - Я бачу, Вы задаволены? Вам падабаецца?
      - А Вы не задаволены? Вам не падабаецца? - усьмiхнулася яна.
      - Я найду яго й скручу яму шыю!...
      - Тады не пападайцеся мне на вочы! - i Рынгайла выехала ўперад, пакiнуўшы няшчаснага Яраслава скрыгатаць зубамi ў бязьсiльным шалу.
      - Што за жанчына! - прашапацеў ён. - Чарадзейка! Зьмяя! Якая нячыстая мяне сюды прынесла? Сядзець-бы спакойна ў Смаленску.
      А бедны малады Бургундзец, Олiвер дэ Арно, стоячы побач Графа, згараў ад зайздрасьцi, бачачы, як усьмiхаецца Каралева ягонага сэрца Спадкаемцу Смаленскаму...
      Паступова гул прывiтаньняў зацiх. Гэрольды абвесьцiлi аб пачатку паядынку. На супрацьлежных канцах паляны разгарнулiся харугвы працiўнiкаў.
      Ваявода Фёдар i Войт Скабель, з паднятымi забраламi, пад'ехалi да Вялiкага Князя й, адсалютаваўшы мячамi, застылi нерухома.
      Вiтаўт падняўся зь мейсца й, перадаўшы чырвоны шаль Вялiкаму Гэрольду, загутарыў:
      - Хай Усемагутны й Справядлiвы Бог будзе мiж вамi судзьдзёй! Абвiнавачаньне цяжкое. Цяжкая й абраза, калi яно не справядлiвае. Фёдар, Ваявода Грозаўскi! Табе, як пакрыўджанаму, належыць права выбраць зброю й род паядынку!
      - Я жадаю вольнага паядынку, Ваша Высокасьць!
      - Войт! - павярнуўся да Скабеля Вiтаўт. - Ваявода жадае вольнага паядынку. Цi прымаеш ты?
      - Гаспадар Вялiкi Князь! Я прыняў выклiк Ваяводы! Мушу прыняць i яго выбар! Хай Ваша Высокасьць i ўсе тут прысутныя будуць мiж намi судзьдзямi! Я абвiнавачваю Ваяводу Фёдара Грозаўскага з Княства Слуцкага ў баязьлiвасьцi й здрадзе!
      Рынгайла зь ненавiсьцю й пагардай адвярнулася ад Скабеля. Вiтаўт мiмаволi ўсьмiхнуўся. А ў наступiўшай цiшынi пачуўся голас Графа дэ ля Шэр:
      - Гэты чалавек вынес сам сабе сьмяротны прысуд!
      - Як так? - пацiкавiўся Олiвер дэ Арно.
      - На паядынках, Ваявода Грозаўскi яшчэ нiколi не забiваў свайго працiўнiка: звалiць з каня й памiлуе, - разтлумачыў Граф. - Ён рэдка бывае выклiканы, i яшчэ радзей выклiкае сам. Але такую абразу наўрад цi прабачыць, а як ён валодае зброяй, зараз убачыце самi!
      Працiўнiкi, тым часам, паскакалi да сваiх збраяносцаў. Над палянай запанавала магiльная цiшыня.
      Княгiня Рынгайла, з жалем i непакоем, не адрывала вочы ад аддаляючагася Фёдара.
      На ўскраiнах паляны збраяносцы падалi байцам вострыя цяжкiя дзiды. Клацнулi апускаючыся забралы. Працiўнiкi сталi на йзгатоўку. Конь Ваяводы, адчуваючы напружанасьць моманту, зь нецярпеньнем бiў капытамi й, прысядаючы на заднiя ногi, тузаў павады.
      Васiль у апошнi раз абмацаў падпругу, шлеi крупэра й нагруднiка[14], ды, застаўшыся задаволеным, толькi цяпер крадком зiрнуў туды, дзе сядзеў пан Келябовiч з дачкой Рэгiнай...
      Гэрольды пратрубiлi сыгнал. Вялiкi Гэрольд паволi ўзьняў шаль угару, i рыўком апусьцiў яго...
      У той-жа мiг, Ваявода Фёдар, падняўшы каня на дыбкi, зь мейсца пусьцiўся ўскач. Войт Скабель, з апушчанай дзiдай i прыкрыўшыся шчытом, як вецер паляцеў насустрач.
      Глядачы, затаiўшы подых, з жахам назiралi за зьблiжаючымiся коньнiкамi.
      Ваявода Фёдар трымае дзiду пры назе, пiльна прыглядаючыся да Войта. Вецер сьвiшча ў кратах забрала, плашч чорнай хмарай трапечыцца з тылу... Адлегласьць робiцца карацейшая й карацейшая... Ваявода ўжо ясна бачыць адтулiну памiж шчытом i высокай, акутай стальлю, лукой сядла - вось сюды й ударыць дзiдай. Не спускае ён вока й з вострага наканечнiка Войтавай дзiды.
      Васiль, назiраючы за Ваяводай, з хваляваньнем пракусiў сабе губу. Кроў тонкiм струменчыкам сьцякала яму на бараду, а адтуль на панцыр.
      Кiрым, нiколi ня бачыўшы падобных забаў, аж прысеў ад захапленьня.
      Кандрат Тур з выгляду спакойны, але падрыгваньне вусоў выдае яго хваляваньне.
      Мак Марцiмер са шчырым захапленьнем прыглядаецца да сваёй улюбёнай забавы. Хто выйдзе пераможцам, яму амаль усёроўна.
      Княжна Рынгайла закрывае вочы рукамi й хавае твар у складках плашча, на плячы Яраслава, чаго той не заўважае...
      Коньнiкi ўжо зусiм блiзка... Ваявода рыўком апускае дзiду,... i з трэскам разьлятаюцца абедзьве дубовыя дзiды, спатыкнуўшыся на каваных шчытах. Абодва байцы застаюцца ў сёдлах. I, разьмiнуўшыся на хуткiм скаку, робяць невялiкае паўкола. Выхапiўшы мячы, зь лютасьцю кiдаюцца адзiн на другога.
      - Надзвычайна! Цудоўна! - гудзiць Мак Марцiмер.
      - Так, нядрэнна, - пагаджаецца Граф.
      Конi з храпам узьнiмаюцца на дыбкi. Два цяжкiх мяча са звонам сустракаюцца ў паветры. Удар за ўдарам гудзiць над палянай. Конi то прысядаюць, то ўзьнiмаюцца на дыбкi, то, адступаючы ў тыл, зрываюць сьнежны наст.
      Нарэшце Ваявода, выбраўшы зручны момант, сячэ зь левага пляча. Войт, не пасьпеўшы адвесьцi ўдар, прыкрываецца шчытом. Але ўдар настолькi моцны, што меч урэзваецца ў шчыт i перабiвае пасак левага наплечнiка. Звонка стукнуўшыся аб крупэр, наплечнiк падае на сьнег. Iрвануўшы да сябе моцна засеўшы меч, Ваявода мала ня выкiнуў Войта зь сядла. Але меч засеў моцна, не вылазiць. Пусьцiўшы яго з рук, Ваявода выхапiў сякеру, i ў той-жа час прыкрыўся сваiм шчытом - ад граду пасыпаўшыхся ўдараў. Размахнуўшыся сякерай, Ваявода ўсадзiў яе Скабелю ў бядро. Скабель захiстаўся ў сядле, але, сабраўшы рэшту сiл, сякануў наводмаш мячом... i разьсёк галаву Фёдараву каню. З грукатам завалiўся конь, прыцiснуўшы ногу сядуну...
      - Ганьба! - зароў на ўвесь пляц Мак Марцiмер.
      - Ганьба! Ганьба! - паўскаквалi глядачы. - Каня забiў! Мясьнiк! Канавал!
      Кiрым, iрвануўшы з похвы кiнжал, кiнуўся на падмогу Фёдару.
      - Стой! Нячыстая сiла... Куды? - злавiў яго за полы Васiль.
      - Ваявода... конь... нага... - стагнаў, вырываючыся, Кiрым.
      Войт, мiж тым, нiчога ня чуючы, хiстаўся ў сядле. Удар сякеры быў страшэнны, i, каб Скабель ня быў такi моцны, паядынак быў-бы скончаны.
      Нарэшце Ваявода вызвалiў нагу. Хутка падняўшыся, ён кiнуўся на Войта. Той-жа, да гэтага часу апрытомнеўшы, узьняў каня на дыбкi i, накiраваўшы на Ваяводу, пусьцiў павады. Ваявода адскочыў убок, але пасьлiзнуўся й павалiўся. Скабель другi раз падняў каня на дыбкi й грымнуў на Ваяводу. Але й тут Фёдару ўдалося скокнуць убок з-пад цяжкiх капытоў. Затое конь, трапiўшы нагой на валяўшыся наплечнiк i сьлiзгануўшы па iм, упаў на каленi. Войт стрымгалоў выляцеў зь сядла.
      Працiўнiкi паволi паднялiся. Войт, сьцякаючы крывёю, ледзь стаяў на нагах. Ваявода, падняўшы сякеру, падыйшоў да яго й загадаў:
      - Кiдай меч i станавiся на каленi! Ты пераможаны!
      Скабель не варухнуўся.
      - Дык здохнi як сабака!
      Але ў гэты момант Скабель узмахнуў мячом. Ваявода прысеў i са страшнай сiлай секануў сякерай. Скабель захiстаўся, i з-пад шолама пацякла кроў. Ад другога ўдару, раскалоўшага шолам, ён як сноп павалiўся на сьпiну.
      Ваявода каленам стаў яму на грудзi й падняў забрала. Войт ня дыхаў. Зрэзаўшы пласт сьнегу, Фёдар паклаў яго на твар Скабелю й, адклаўшы ўбок сякеру, выцягнуў мiзэрыкордыю...
      Ад сьнегу Скабель адплюшчыў вочы й, убачыўшы занесеную мiзэрыкордыю над сваiм горлам, прашапацеў:
      - Не губi, Ваявода... Прабач... Каюся...
      Фёдар нахiлiўся над iм i нешта зашаптаў на вуха.
      - Згодзен... - адказаў ледзь чутна Скабель. - Прысягаю! На сьвятога Юр'я.
      Ваявода падняўся й, махнуўшы збраяносцам Войта, падыйшоў да Вiтаўта.
      - Суд Божы адбыўся! - абвесьцiў Вялiкi Князь. - З ласкi Ўсемагутнага, Фёдар Ваявода Грозаўскi давёў сваю правату й пакараў вiнаватага! Слава пераможцу!
      - Слава-а-а! - загуло на паляне.
      - I йзноў ён ня здрадзiў свайму звычаю! - зьдзiвiўся Граф. - Iзноў не забiў! Дзiўны чалавек! Нават лупу ня ўзяў...[15]
      - Цiкава мне ведаць, аб чым ён пытаўся Скабеля? - прамармытаў Кройцэнбэрг, улазячы ў сядло. - Але за Паўля, Войт малайчына! Не разгубiўся, хаця нiчога й ня ведаў...
      11. ВОЛЬНIЦА
      Прыцiснуўшыся ў лясной глушы над берагам прыгожай i вясёлай Улы, захутаны сьнегам, дрэмле хутар Маркулiчы. Калiсь багаты й поўны дастатку, ён славiўся сваiм духмяным мёдам, добраякаснымi скурамi, i адважнымi воямi. Уласьнiкi пiльна дбалi аб дабрабыце й разбудавалi ў Маркулiчах моцныя гумны, сьвiрны, хлявы. Пасярод усiх гэтых будоў разьмясьцiлася прасторная хата. З заходняга боку да хаты прыбудаваная бярвенчатая вежа. I, нарэшце, увесь хутар абнесены частаколам з завостраных i абапаленых бярвеньняў, моцна ўкапаных у зямлю.
      Зараз хутар апусьцеў. Пасьля налёту Крыжакоў у Маркулiчах не засталося нi душы. Хата напалову згарэла, вежа абвалiлася, стрэхi на будынках абдзерлiся. Частакол часткова згарэў, часткова вывернуты, але мейсцамi яшчэ творыць даволi моцную сьцяну.
      Нядаўна хутар аджыў. Будынкi напоўнiлiся людзьмi, у стайнях зьявiлiся конi. Па навакольных вёсках паплылi чуткi: "У Маркулiчах спынiўся атаман Сыч з бандаю!"
      У Матылях, Коневе, Радунi, казалi, што Сыч мае сотню апрышак. У Забалацi i Сабакенцах - тры сотнi, а ў Васiлiшках i Лiдзе - полк.
      Сыч толькi пасьмяхаўся:
      - Чуткамi сьвет поўнiцца. I чым болей нагавораць, тым меней палякаў тут застанецца!
      У гэты дзень, Сыч даў сваiм хлопцам адпачынак. Сам-жа, прысеўшы на ганку, бруском адвострываў цяжкую сякеру, напяваючы нешта напаўголасу. Сонца пачынала ўжо прыпякаць, i Сыч з радасьцю чакаў вясны, з надыходам якой думаў падацца пад Беласток, блiжэй да мяжы.
      Раптам зь лесу пачулiся гучныя галасы, i на сьцежцы зьяiвiлiся тры чалавекi. Адзiн, незнаёмы, вельмi сьпяшаўся, двое другiх, з рогатам, прымушалi яго йсьцi памалу, пагражаючы ў выпадку непаслушэнства прапароць яго вiламi. Нарэшце падарожнiкi спынiлiся каля ганку.
      - Ты хто такi? - не адрываючыся ад сякеры, спытаў Сыч.
      - Гайдук, Ваша Ласка... Пана Несьцяровiча, гайдук.
      - Дык якiм лiхам ты сюды трапiў?
      Гайдук бухнуўся на каленi й заенчыў:
      - Бацька ты наш... Заступнiк... Пашкадуй, абаранi...
      - Ты, што гэта? Што здарылася? - разгубiўся атаман ад такой неспадзеўкi.
      - Вой, пашкадуй! Ня выдай нас! Кабеты й дзеткi там... - выў гайдук намагаючыся выцiснуць зь сябе хоць адну сьлязiну, што нiяк яму не ўдавалася.
      - Я пытаюся, што здарылася? - спынiў яго раззлаваўшыся Сыч.
      - Ляхi! Ляхi, кармiлец ты наш! Апанавалi маёнтак пана Несьцяровiча... Рабуюць, паляць, забiваюць!...
      - Ага! Свой свая не пазнаша? Так цi што?
      - Так, так!... Ой не! Што я, дурны баран, пляту! Ня вер iм... Ня вер iм, пане дабрадзею! Ня вер...
      - А я й ня веру, - заспакоiў яго Сыч, яшчэ добра не разумеючы, у чым рэч.
      - Ня вер, ня вер!... Усе яны брэшуць! Пан Несьцяровiч з прадвеку быў Лiтоўцам... зь дзядоў i прадзедаў. Зь Люцiцаў родам ён. Ня вер! Яны самi Палякi...
      - Хто Палякi?
      - А паны Самойчык i Белагрудзкi... Ня вер iм...
      - Я iм i ня веру, а заадно й табе! - адказаў Сыч, нарэшце зразумеўшы, што ад яго хоча гайдук.
      Сабраная навокал iх вольнiца выбухнула рогатам. Гайдук разгублена азiрнуўся й, не сустрэўшы нiдзе спагадлiвага пагляду, падпоўз да атамана й стаў цалаваць яму боты:
      - Пане дабрадзею, сонейка яснае, сокал хуткакрылы, ратуй... Рэжуць! Жыўцом рэжуць!
      - Знацца, зарабiлi! - прамовiў нехта з апрышак.
      - Ай не! Мы нiколi нiкому нiчога, а калi бывае, каму што якое, дык што-ж там такое?
      - Што такое, кажаш? А мы вось зараз пабачым! - атаман адклаў набок сякеру й устаў. Акiнуўшы вокам падворак, ён гукнуў:
      - Гэй, Францiшак! Хадзi сюды!
      - Як гара ня йдзе да Магамэта, то Магамэт iдзе да гары! - з гэтымi словамi наперад выступiў плячысты дзяцюк зь вясёлымi прамянiстымi вачамi. Гайдук са страхам глядзеў на гэтага дзяцюка.
      - Ты, магамэт! Ты хiба ня з Конева? - спытаў Сыч.
      - Здаецца!
      - Пана Несьцяровiча ведаеш?
      - Як ня ведаць? Сем дзён i начэй быў у яго ў гасьцях, як па пiсанаму, а на восьмы...
      - Пачакай! А вось яго ведаеш? - Сыч паказаў на дрыжучага гайдука.
      - Пэўна, што ведаю! Сябруем! Як адгасьцiў я ў Несьцяровiча сем дзён, то на восьмы дзень ён мяне ў дарогу выпраўляў. Шчыра й сумленна! Такую мне бiблiю на сьпiне расьпiсаў, што люба-дорага паглядзець. Ды ты не саромся! - зьвярнуўся Францiшак да гайдука. - Пакiнь сарамлiвасьць дзяўчатам. А я тваёй ласкi век не забуду. Дык каб i хацеў забыць, дык летапiс на сьпiне ня дасьць!
      - Пачакай! - перабiў Сыч. - Значыць, катуюць яны людзей? Цi не?
      Францiшак моўчкi скiнуў кажух, задраў на сьпiне кашулю й прамовiў:
      - Прачытай сам. Чаго мяне пытаеш?
      Сьпiна Францiшка сапраўды выглядала жудасна. Яшчэ не зусiм загаiўшыяся рубцы перасякалi яе ўздоўж i ўпоперак. З-пад закарэлае крывi там i сям сьвяцiлася дранае мяса.
      - Так, так... Прачытаў я ў цябе на сьпiне, што пан Несьцяровiч паляк, прамовiў Сыч.
      - Ну, то значыць, кепска чытаць умееш! - запярэчыў Францiшак. - Ён не паляк, а пад-паляк! Так там i напiсана. Цi ня праўда? - зьвярнуўся ён да гайдука.
      - Як гэта, падпаляк? - зьдзiвiўся Сыч. - Нешта я не разумею.
      - А што-ж тут разумець? Ёсьць паляк, а ёсьць падпаляк, ёсьць пан, а ёсьць падпанак. А людзi так кажуць: "Ня страшны пан, але страшныя падпанкi". Зразумеў?
      - Зразумеў! - пагадзiўся Сыч. - Раскажы-ка ты нам, за якую правiну пан падпаляк цябе так адхаладзiў?
      - Вiна вялiкая была: не захацеў яму ў гайдуках служыць, падпанкам быць.
      - Але-ж ты з панцырных баяраў?[16] - недаверлiва ўскрыкнуў Сыч. - Ты толькi Вялiкаму Князю павiнен службай!
      - А што яму баяры цi Князi, калi ён ад Бога адрокся? Папе Рымскай молiцца.
      - Чаму-ж ты Ваяводзе не паскардзiўся цi Князю?
      - Рука руку мые, а пан пана крые. Усе яны адным лыкам шытыя, пачынаючы ад вялiкага Князя й канча...
      - Пра Гаспадара ня сьмей так казаць! Ён ад Бога над намi пастаўлены! нахмурыўся Сыч.
      - А я й ня сьмею. Толькi мне здаецца, што ён добра ведае, што тут робiцца. Унь Несьцяровiч, колькi душ бязьвiнных на той сьвет адправiў. То за Карону Польскую, то за Папу Рымскую, а то й так, дзеля пацехi...
      - Гэй, Сыч! - раптам працiснуўся да атамана вартавы, стаяўшы на ўскраiне лесу. - Паны на Конева рушылi!
      - Як, на Конева?
      - Конева паляць! Дзядзькi бароняцца, але пугай абуха не пераб'еш, паддаюцца!
      - А як зь Несьцяровiчам? Спалiлi?
      - Дзе там! Замоцны выявiўся для iх, дык на Коневе злосьць спаганяюць. Прыслухайся-ка!
      З боку Конева даносiўся трывожны гук Царкоўнага набату.
      - Набат! - ускочыў Сыч. - Хлопцы, да зброi! А ты, - крыкнуў ён гайдуку, бяжы да свайго пана й скажы яму, што сёньня Сыч з сычанятамi загляне да яго ў госьцi! - i кiнуўся ка стайням. Гайдук пабег са двара.
      - Гэй, пачакай! - спынiў яго Францiшак. - Як там Даша? Даўно я яе ўжо ня бачыў...
      - Прыйдзi й пабачыш.
      * * *
      Зь дзiкiм гiкам i сьвiстам, ударыў Сыч на разгубiўшыхся гайдукоў Самойчыка й Белагрудзкага. Падбадзёраныя конеўскiя сяляне, лавiнай навалiлiся на ўцякоўцаў.
      Дзьве крайнiя хаты - ярка гарэлi. Зь iх разносiўся жудасны дзiцячы плач i жаночыя крыкi.
      Першым-жа наскокам, зьмяўшы гайдукоў Самойчыка, Сыч ахапiў паўколам гайдукоў Белагрудзкага, зьбiўшыхся наўкола сваго пана.
      З маёнтку Несьцяровiча, раськiнуўшагася на ўзгорку недалёка ад Конева, даносiлiся крыкi й сьвiст. Цi то падбадзёрвалi Сыча, цi то насьмяхалiся над няўдачнiкамi... Адтуль бачылi, як узьляцеў на вяроўцы Самойчык, як падагнулася над iм галiна маладой таполi...
      Белагрудзкi, бачачы, як хутка разправiлiся зь ягоным сябрам, рашыў жыўцом не здавацца. Зацята адбiваючыся ад Сычанятаў, ён пачаў адыходзiць да маёнтку Несьцяровiча. Але Сыч разгадаў ягоны намер. Замкнуў кола й, пасьля кароткае бойкi, зьмяў гайдукоў. Параненаму Белагрудзкаму накiнулi на шыю пятлю й пацягнулi да Самойчыкавай таполi...
      - Як пасьцелеш, гэтак i высьпiсься! - прамармытаў, перахрысьцiўшыся, адзiн зь сялян, назiраючы за канцом Белагрудзкага.
      Убачыўшы раптам Францiшка, ён злавiў яго за крысо кажуха й прамовiў:
      - Дык i ты, сынку, тут?
      - Тут, дзедусь, тут. Дзе-ж мне болей быць?
      - А як-жаж вы, дзеткi, даведалiся аб нашай бядзе? Цi мо хто падказаў?
      - Мы, дзедусь, усё ведаем! - горда адказаў Францiшак. - I як дзе крыўдзяць нашага брата - люд паспалiты, дык i мы тут як тут.
      - Так, так... Дай вам Бог здароўечка! А ад нас вялiкае дзякуй!
      - Няма за што, дзед! - прамовiў, падыходзячы, Сыч. - Мы самi такiя, як вы, i самi бяды ды крыўды нацярпелiся. За тое й у лес падалiся... Вось прабачце нам за тое, што крыху спазьнiлiся, - указаў на дагараючыя хаты.
      - Нiчога, нiчога, сынку. Абы болей бяды не было, а з гэтай мы як небудзь талакой[17] парадзiм. Вось каб вы, сынкi, не падасьпелi, то й кабеты зь дзецьмi пагарэлi-б, то горш. А хата - рэч нажыўная... Унь глянь, як на сяле заварушылiся. Цягнуць пагарэльцам, хто што можа, а з грамады па нiтцы - голаму кашуля.
      - I мы ад сябе дадамо. Ад паноў здабыча багатая засталася! - прамовiў Сыч, адыходзячы. - Ты, Францiшак, каб не забыўся прыпамянуць пра гэта Цiмоху!
      - Што то за ён? - пацiкавiўся дзед.
      - Гэта наш Ваявода, Яснавяльможны пан Сыч! - пажартаваў Францiшак.
      - Ах ты Божа-ж мой! - замiтусiўся дзед. - А я нават i не пакланiўся яму, Яснавельможнаму... - i стары, пакiнуўшы свайго суразмоўцу, кiнуўся даганяць Сыча.
      Але яму не ўдалося пакланiцца атаману. Сыч, ускочыўшы на каня, галёпам панёсься ў Маркулiчы, а за iм некалькi ягоных хлопцаў. Сьледам кiнуўся й Францiшак.
      Дзед скiнуў шапку й перахрысьцiў аддаляючыхся коньнiкаў:
      - Хай Бог беражэ вас, дзеткi мае, i пасылае вам ласкi й шчадроты свае!
      * * *
      Па дарозе зь Лiды, рысьсю пасоўваўся невялiкi аддзел коньнiкаў у белых плашчах ды ўзброеных цяжкiмi дзiдамi й галябардамi[18]. Уперадзе, на буланым каню, скача чалавек у Рыцарскiм панцыры. Белы плашч на лiсей падбiўцы, трапечацца з тылу, адкрываючы блiскучыя дасьпехi Мiланскай работы. На шоламе Рыцара кутая галава зубра. Дзяржальна мяча зiхацiць дарагiмi каменьнямi. На правай руцэ, вышэй локця, абвязаны жоўты едвабны шаль.
      Кароткi зiмовы дзень ужо падыходзiў да канцу, калi коньнiкi, выехаўшы зь лесу, убачылi ўмацаваны маёнтак Несьцяровiча.
      - Тут i заначуем! - указаў Рыцар на маёнтак i, прышпорыўшы каня, паскакаў па дарозе к браме. Сустрэчныя з жахам кiдалiся ўбок з дарогi, яшчэ здалёк убачыўшы зьнявiдныя белыя плашчы.
      Несьцяровiч сам выйшаў насустрач нечаканым гасьцям, але браму не адчынiў. Прыглядаючыся праз бойнiцу, запытаў:
      - Каго маю гонар вiтаць?
      - Кжыжаноўскi! Ваявода! - пачулася ў адказ. - Еду зь Лiды. Хачу ў пана пераначаваць.
      Несьцяровiч яшчэ раз акiнуў вокам Рыцара й ягоны пачот. У галаву прыйшла думка: "Сыч абяцаў сёньня завiтаць у госьцi, дык лiшнiх два дзясяткi вояў, на чале з дасьвечаным Рыцарам, напэўна прыдадуцца". I ён гукнуў:
      - Адчыняй браму! Хутка! - а зварочваючыся да госьця, прамовiў. - Прабачце, Яснавяльможны Пане, што так доўга не ўпускаў, але тут па суседзтву стаяць апрышкi, дык трэба быць асьцярожным.
      - Няўжо пан iх баiцца? - прамовiў з пагардай у голасе Ваявода, уяжджаючы ўва ўмацаваны падворак.
      Праз кароткi час гаспадар, госьць i некалькi ягоных спадарожнiкаў-шляхцiцаў, разьмясьцiлiся за сталом, устаўленым ежай i выпiўкай.
      Рэшта Ваяводавага пачоту, зьмяшаўшыся з гайдукамi, прыглядалiся да ўмацаваньняў i знаёмiлiся з абаронцамi. Прыехаўшыя зь вялiкiм задавальненьнем падкрэсьлiвалi перавышаючую якасьць свайго ўзбраеньня. Гайдукi-ж, са свайго боку, з зайздрасьцю прыглядалiся да панцыраў, тонкiх, але моцных кальчугаў, доўгiх i цяжкiх двуручных мячоў, дзiдаў, адпалiраваных да бляску, галябардаў, лукаў i наагул усяго рыштунку й польскiх вояў, каторыя, ня ў крыўду iм будзе сказана, размаўлялi чысьцейшай Лiтоўскай мовай. Такою мовай, якою размаўляюць у Полацку, Слуцку, Вiльнi, Смаленску, Тураве. Карацей сказаўшы, так, як яны гутараць у Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм ад Прыпяцi да Пскова, i ад Белавежы да Вязьмы. Але гэта нiкога не бянтэжыла, бо нават у самiм Кракаве лiчылася за добры тон гутарыць па Лiтоўску. I сам Ваявода Кжыжаноўскi - толькi час ад часу ўжываў польскiя словы й звароты. Пагэтаму ён, адказваючы на тост, запрапанаваны Несьцяровiчам, прамовiў:
      - Так! Вып'ем за Караля! I я магу з пэўнасьцю сказаць, што хутка дачакаесься свайго, пане Несьцяровiч! Запэўняю ў гэтым!
      - О! Пане Ваявода! Слухаць пана - проста мёд пiць! Хутчэй-бы той час ужо, i Ясьнейшы Кароль запанаваў у нас...
      - Дык вып'ем, пане Несьцяровiч! Каб хутчэй пан дачакаўся свайго! Кжыжаноўскi падняў свой кубак i ў два заходы асушыў яго.
      Несьцяровiч не адставаў ад госьця й яго спадарожнiкаў, але зь людзьмi вайсковымi супернiчаць было цяжка, i ён хутка п'янеў.
      - Бачыш, пане Ваявода, цяжка стала жыць сумленным людзям, - мармытаў Несьцяровiч. - Свае цурацца пачалi, стараною аб'яжджаюць, а з Польшчы гасьцей мала ў нашых краях... Глуш... А тут хамы й панцырныя баяры з апрышкамi братаюцца... воўкам паглядаюць... Сёньня завiтаць абяцалi, але недачаканьне iхнае!... Гайдукоў маю хвацкiх... Тыдзень, другi вытрымаю, а там...
      - А што там?... - хутка зацiкавiўся госьць.
      - Выпi, Яснавяльможны Ваявода! Выпi!... - ледзь варочаў языком Несьцяровiч. - Першы раз за за ўсю зiму дазваляю сабе так павесялiцца... Такога госьця Бог паслаў... Выпi!...
      - Ну, а што па двух тыднях будзе? - напалягаў рашуча госьць, падлiваючы ў кубкi вiна.
      Несьцяровiч зрабiў урачыстую мiну на сваiм п'яным твары й, грукнуўшы кулаком па столу, абвесьцiў:
      - Праз два тыднi, а мо й хутчэй, i разпраўлюся з Конеўскiмi валацугамi!... Закатую ўсiх... Да адзiнага...
      - А чаму ты, пане, такi пэўны гэтага?
      - Бо прыйдзе Ваявода Капыльскi... З войскам!... Во!... Сам Князь Вiтаўт яму грамату даў, каб усiх апрышак вешаць цi мiлаваць ад яго ймя... Як сам захоча...
      - А цi вялiкае войска таго Ваяводы? - пацiкавiўся адзiн з гасьцей, твар якога зарос сiвай барадой, але вочы iскрылiся кiпучай маладосьцю.
      - О!... Войска вялiкае! Цэлы полк з Княства Слуцкага!... Тады Сычу канец прыйдзе... I Конеўцам разам...
      - А як-жа ён знойдзе гэтага Сыча?
      - Аб гэтым я паклапацiўся!... - пахвалiўся Несьцяровiч. - Зараз забачыце... - i, сабраўшыся зь сiламi, ён гукнуў: - Гэй! Хто там! Зараз-жа цягнi Дароту сюды!...
      За дзьвярыма цэлы час сядзеў гайдук, чакаючы ад свайго пана загадаў. Пагэтаму там адразу-ж пачулiся крокi й бухнулi выхадныя дзьверы.
      Госьцi й гаспадар пасьпелi выпiць толькi па адным кубку вiна, калi ў суседнiм пакоi пачулася валтузьня, дзьверы адчынiлiся, i два гайдукi з праклёнамi ўцягнулi ў пакой босую дзяўчыну, гадоў васямнаццацi. Яе ногi, сiнява-чырвоныя й мокрыя, паказвалi, што яе вялi цi цягнулi па сьнягу. Поўныя нямога жаху вочы - затуманеныя сьлязьмi. На палатнянай бруднай кашулi, накiнутай на худыя плечы, сьляды засохлай крывi. Дзяўчына, дрыжучы ад страху й холаду, упала на каленi й, абвёўшы паглядам гасьцей, апусьцiла галаву.
      Барадаты госьць рыўком ускочыў з лаўкi.
      - Сядзь! - спакойна загадаў Ваявода.
      Барадач нехаця падпарадкаваўся й, не спускаючы вачэй з Дашы, выпiў поўны кубак вiна.
      Несьцяровiч, чапляючыся за лаўкi й гасьцей, вылез з-за стала й, хiстаючыся, падыйшоў да дзяўчыны. Яна з маленьнем падняла на яго вочы.
      - Кажы, сука!... Дзе твой Францiшак?
      - Я ня ведаю... - ледзь чутна прагучаў адказ.
      - Ты ня ведаеш?... Ты ня ведаеш?... Дык на!... - i Несьцяровiч з размаху ўдарыў нагой. Даша ад болю застагнала, а Несьцяровiч, згубiўшы раўнавагу, бухнуўся на падлогу. Гайдукi кiнулiся яго падымаць.
      Барадач з глухiм рыкам ускочыў iзноў.
      - Пачакай! - прыкрыкнуў на яго Ваявода. - Прыйдзе яшчэ й твой час...
      - А што? Што ён хоча?... - запытаў Несьцяровiч, сiлячыся падняцца, але ногi яго болей ня слухалiся, i ён з п'яным рогатам павалiўся йзноў. Валячыся, схапiўся за Дашына плячо, i кашуля яе з трэскам разадралася. Але дзяўчына была гэтулькi перастрашаная, што нават не адважылася падняць рукi, каб прыкрыць сваю галiзну.
      - Ён хоча пану дапамагчы... - адказаў Ваявода.
      - Памагчы?... дапаможа... Бо й напраўду я сам ужо не магу.
      - Iдзi! I рабi сваю справу! - загадаў Ваявода барадачу. - Але толькi ня тут! Забяры яе куды-небудзь...
      Барадач адразу-ж падыйшоў да Дашы. Яна зразумела, што гэта азначае, i зь нямым маленьнем працягнула рукi да Ваяводы, буйныя сьлёзы кацiлiся па яе шчаках. Але Ваявода, грозна на яе зiрнуўшы, адвярнуўся да Несьцяровiча, i загадным тонам прамовiў:
      - Пане Несьцяровiч, хадзi-ка за стол, i вып'ем яшчэ!
      - Ой не магу... Забi мяне Пярун, не магу болей...
      - Выпi! I йдзi спаць! За вартай я дагляджу...
      - Ну... добра... вып'ю, толькi ня... злуйся, пане... Ваявода...
      Барадач, мiж тым, падняў Дашу на рукi й выйшаў з пакою, пры гэтым так зiрнуўшы на паспрабаваўшых было йсьцi сьледам гайдукоў, што тыя рашылi за лепшае застацца на мейсцы. Але адзiн зь iх прыкметна хваляваўся (гэта быў той, што прыбягаў у Маркулiчы), i, падыйшоўшы да торкаўшага носам Несьцяровiча, прамовiў:
      - Няхай пан загадае й мне быць пры допыце... Пан-жа абяцаў, што аддасьць яе мне, а мiж тым...
      Несьцяровiч нiчога не адказаў - пераможаны вiном, ён ужо спаў. Але затое, Ваявода Кжыжаноўскi ўстаў з-за стала ды, мiгнуўшы сваiм субяседнiкам, падыйшоў да гайдука й прамовiў:
      - А ну, паглядзi на мяне, цi пазнаеш? Бо я цябе ведаю...
      Гайдук толькi цяпер разгледзеў твар Ваяводы. I па меры таго, як ён углядаўся, вочы яго расшыралiся ад жаху. Першым яго рухам было кiнуцца ў дзьверы, але там, як-бы прыпадкам, ужо апынуўся адзiн з гасьцей. З вокнамi было тое самае. Гайдук упаў на каленi, ня ў сiлах нiчога прамовiць. Другi гайдук са зьдзiўленьнем назiраў гэтую сцэну.
      - Я бачу, ты мяне пазнаў, - усьмiхнуўся Ваявода. - Як, цi стрымаў я сваё слова?...
      - Так!... Так, бацюхна Сыч... - прашапацеў бядак.
      - Сыч! - ускрыкнуў яго прыяцель i ўхапiўся за меч, але выцягнуць яго ўжо не пасьпеў...
      - Цiмох, iдзi да Францiшка! I цягнi iх сюды! Досыць iм там ужо, потым нацешацца! Гайдука зьвязаць! Перад Капой[19] стане! Гаўрыла й Даша яго дапiльнуюць, рэшта пойдзе са мною правяраць варту...

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17