Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Драбы (на белорусском языке)

ModernLib.Net / История / Случанский Владимир / Драбы (на белорусском языке) - Чтение (стр. 10)
Автор: Случанский Владимир
Жанр: История

 

 


      У паветры пахла вiльгацьцю й вясной. Доўгiя лядзякi са звонам адрывалiся ад мокрых падстрэшшаў. Праз брудны сьнег пачаў мейсцамi паказвацца брук Кракаўскiх вулiц. Сонца штодня падымалася ўсё вышэй i вышэй. На касьцёльных прыступках, з кожным днём, зьяўлялася ўсё болей i болей жабракоў. Зьбiўшыся ў купу, яны з набрыдлiвым галашэньнем выстаўлялi напаказ свае брудныя й агiдныя язвы, скулы, струпы. У далячынi маўклiва iскрыўся хрыбет Карпатаў, абвiты ў падножжы цёмнымi садамi й пералескамi...
      Фёдар спынiў каня й з радасьцю азiрнуўся на нялюбае места-гняздо хiтрага й падступнага павука ў залатой кароне.
      Нарэшце! Нарэшце яму далi дазвол пакiнуць змрочныя муры Вавеля й уздыхнуць поўнымi грудзьмi вольнага ветрыку.
      З узгорку адчынiўся вiд на мнагалюдны Кракаў, зь яго вежамi, касьцёламi ды вузкiмi й цеснымi вулкамi. У другi бок разпасьцерлiся бязкрайнiя лясы, утыканыя там i сям кляштарамi, замкамi й маёнткамi. На паўночны ўсход глядзеў зараз Ваявода. На Радзiму йрвалася ўся яго йстота, а сэрца прагнула завiтаць у адзiн закутак гэтай дарагой Радзiмы - у Слуцак. Там, у Слуцку, скрыжоўвалiся дарогi ягоных стараньняў, мараў i надзеяў. Там была яна - найдаражэйшая, каханая Марыля.
      Але... Спатканьне зь ёю, гэтую салодкую прывабную сустрэчу, прыйдзецца адкласьцi, бо доўг i гонар Драба вымагаюць хутка й безадкладна зьявiцца перад вочы Вялiкага Князя.
      - Як давяду да канца гэтае пасольства, - прашаптаў Фёдар, пускаючы каня ўскач, - адразу-ж ад'еду ў Слуцак i пашлю да Марылi сватоў... А там будзь што будзе...
      Мяккi ветрык ласкава варушыў пёры на шоламе й выбiўшуюся на лоб пасмачку валасоў. Унiз, унiз з узгорка гульлiва скача конь, i радасна б'ецца сэрца Ваяводы: На Радзiму!...
      Ня менш за Ваяводу радуюцца павароту на Радзiму воi яго пачоту. Два дзясяткi ўзброеных коньнiкаў з прыемнасьцю падганяюць коняў. Уперадзе працягнулася найвясялейшая дарога...
      Нават Кiрым не хавае радасьцi. Ён, падхвостваючы свайго Гнедка, крывiць сьмешна твар, перадражняючы кракаўскiх купцоў, мнiхаў, мяшчан. Але болей за ўсё дастаецца на долю Каралеўскага Харунжага Ежага з Чэрвiцы. Надзьмуўшыся як iндык ды прымружыўшы й без таго вузкiя вочы, Кiрым бубнiць:
      - Мая, яго мосьць харужая! Хрысьцiць твой з сабачы вера трэба буду... - а потым, прыбраўшы ваяўнiчы выгляд, голасам Пашкевiча крычыць: - Харужая, скончыў? Апсiк, сабачы кроў, з маi вочы!...
      Слухаючы яго лапатню, воi рагочуць. Усьмiхаецца й Фёдар, успамiнаючы пыхлiвую мiну харунжага.
      Дарога цягнецца ўздоўж Вiслы, па шырокай прыгожай раўнiне. Рака яшчэ не кранулася, але лёд ужо пачаў узьнiмацца. Вось, вось пачнецца крыгалом.
      Праз тры днi язды, коньнiкi сыйшлi зь сёдлаў у Люблiне. Тут у карчме Фёдар спаткаў Камандора Куно фон Лiхтэнштайна. Камандору спадарожнiчалi Барон Дзiтэнгаймэр-Чорны i Рыцар Газэндорф. Фёдар адразу пазнаў гэтага хiтрага Крыжака, але зводзiць старыя парахункi тут было ня мейсца. Пазнаў i Куно Фёдара, прыгадаўшы разьвiтаньне над Нёманам. Там калiсь Ваявода Фёдар адводзiў Лiтоўскiя Дружыны зь некаторых заходнiх замкаў Жамойцi. Вiтаўт аддаваў iх Крыжакам, каб заручыцца нэйтральнасьцю Ордэну на час, патрэбны для спыненьня мангольскага цiску на поўднi. Жамойцкi Князь Скiрвойла тады пратэставаў, пагражаў, прасiў i нават плакаў. Аднак Вiтаўт паставiў на сваiм, i замкi перайшлi Крыжаком. Лiхтэнштайн прыймаў i разстаўляў залогi. Пры разьвiтаньнi зь Фёдарам у апошнiм замку, на беразе Нёмана, ён з усьмешкай прамовiў:
      - Жамойцкiя Князi льлюць сьлёзы як дзецi, а Лiтоўскiя будуць плакаць крывёю... як прыйдзе на тое час!
      Фёдар адразу-ж ухапiўся за меч i выклiкаў нахабнiка, але Лiхтэнштайн супакойна прамовiў, зварочаючыся да акаляючых яго Рыцараў:
      - У гэтага Лiтоўскага Ваяводы дзiцячы розум. Яму ня войскам кiраваць, а на печы мух бiць. Ён, бядак, зусiм забыўся, для чаго й чаму Вiтаўт паслаў яго сюды. Ён зусiм забыўся, для чаго й чаму гэтыя замкi пераходзяць да нас. I, напэўна, зусiм ня ведае, што, выклiкаючы мяне, Камандора Лiхтэнштайна, ён наносiць абразу цэламу Ордэну Сьвятога Крыжа, бо-ж нам, сьцiплым манахам, паядынкi сурова забароненыя[25]. Але, калi я памыляюся, Ваявода Грозаўскi ўсё гэта ведае й памятае, i ўсё-ж настойвае на паядынку, то я - заклiкаю Бога й вас, дарагiя браты, у сьведкi й прыймаю выклiк. Рукавiцу я не падыму й агалю свой меч толькi як сродак абароны! - вочы Крыжака сьвяцiлiся задавальненьнем i радасьцю. Ён добра ведаў, што Фёдар паслухаецца голасу розуму, нягледзячы на ўсе абразы.
      Так яно й сталася. Фёдар высiлкам волi адарваў руку ад дзяржальны мяча й глухiм тонам адказаў:
      - Так! Сапраўды я забыўся, бо словы твае, Куно Лiхтэнштайн, як атрута гадзюкi, могуць затуманiць розум кожнаму сумленнаму чалавеку... Але памятай, Куно, што спатканьне гэтае не апошняе! У другi раз ты ня выкруцiсься так латва!...
      Немцы, тады, выбухнулi рогатам. Лiтоўцы моўчкi пакiнулi замак, ад гневу кусаючы вусны... Жалезная рукавiца Фёдара самотна засталася ляжаць на сярэдзiне замкавага пляцу, як грозны напамiн. Куно загадаў прыкацiць на пляц вялiзарны камень i на яго пакласьцi яе - ён спадзяваўся, што яшчэ прыйдзе адпаведны час, калi можна будзе зьвярнуць яе Фёдару - на канцы дзiды[26].
      I вось цяпер iзноў той самы Лiхтэнштайн, як заўсёды нахабны й усьмехнены. I йзноў немагчыма спагнаць на iм злосьць: абодва - паслы, i абодва ў чужой краiне.
      - Маё ўшанаваньне! - прывiтаўся Лiхтэнштайн. - Вось мы й спаткалiся йзноў...
      - Спадзяюся, не ў апошнi раз! - адказаў Фёдар. - Думаю, што ў другi раз спаткаемся на вузейшай дарожцы...
      - Так, так! - падхапiў у тон Лiхтэнштайн. - Каб не было як разьмiнуцца!
      Фёдар больш нiчога не адказаў. Моўчкi падыйшоў да сталу й замовiў карчмару падсiлак для сябе й сваiх людзей.
      Крыжакi, ужо адпачнуўшы, выбiралiся ў дарогу, на Кракаў.
      З надворку данесься iх гучны рогат. Фёдар здагадаўся, што гэта Лiхтэнштайн разпавядае аб здарэньнi ў Жамойцi. Кроў закiпела ў грудзях Фёдара, рукi самi пачалi шукаць зброю, аднак стрымаўся, навучаны горкiм досьведам. Ведаў, што й тут Лiхтэнштайн выкруцiцца. Лепей пачакаць...
      Пачулася тупаценьне коней, i за мутным сьлюдзяным вакном прамiльгнуў чырвоны гэрб Лiхтэнштайна, за iм чорна-белы Дзiтэнгаймэра й жоўты Газэндорфа. Некалькi ўзброеных служкаў Ордэну маўклiва выехалi ўсьлед.
      Ваявода Фёдар пераначаваў у Люблiне, i зь першым сьвятлом выехаў на Берасьцейскi гасьцiнец. Адпачнуўшыя конi йшлi лёкка, умiнаючы за адзiн перагон вялiзарныя кавалкi дарогi, i праз два днi аддзел з радасьцю ўехаў у браму Берасьця. Як толькi харугва Ваяводы Грозаўскага паказалася на вулiцы з-за цытадэльных муроў, з паблiзу ляжачай карчмы "Залаты рог" выйшаў чалавек, апрануты ў скураную паддзеўку ды зь лёккiм мячом пры баку. На выгляд ён нагадваў Лiтоўскага шляхцюка з засьценку[27], якiя якраз у той час пачалi паўставаць у Беларусi, у вынiку прыняцьця Ягайлам польскае кароны. Быў гэта Лазiнскi. Ён уважна прыгледзеўся да Ваяводы i, зь цяжкасьцю пералiчыўшы пачот, узмахнуў рукой. Зараз-жа з суседняга двара яму падалi асядланага каня. Лазiнскi лёкка ўскочыў у сядло, сьвiснуў батагом, i галёпам скрыўся на бакавой вулачцы.
      Фёдар, тым часам, пад'ехаў да дому Берасьцейскага Пасаднiка[28]. Сам стары Пасаднiк выйшаў сустракаць госьця.
      - Ну як справiўся, сынку? - пацiкавiўся ён. - Чым парадуеш?
      - Няма чым пахвалiцца - адказаў Фёдар. - Пацяшальнага амаль нiчога няма, а й сумнага таксама.
      - Так, так... Кароль, ён заўзяты! Цяжка зь iм зладзiць, але й уступаць яму нельга, з ног саб'е. Ну ды лiха зь iм, ты, сынку, разьмяшчайся як удома. Адпачнеш з дарогi дзянькоў колькi, а там i далей рушыш...
      - Не, не! Заўтра ледзь сьвятло, у дарогу. Сьпяшаюся.
      - А як-жа гасьцяваць?... Пачакай! Нiяк i напраўду заўтра ад'едзеш? скрыўдзiўся стары. - Можа такi пабудзеш? Рады я цябе бачыць...
      - Некалi iншым разам. Весткi сьпешныя, а пакуль да Полацка дабяруся, то дарогi гатоў i размокнуць.
      - У Полацак табе няма чаго ехаць! - з крыўдай у голасе прамовiў Пасаднiк. - Гаспадар Вялiкi Князь у Троках, туды табе й шлях трымаць! Бачу, як сьпяшаесься, калi ў Полацак iрвесься... Напэўна да Келябовiчанкi?...
      Ранiцай, Пасаднiк Берасьцейскi правёў Фёдара за гарадзкiя заставы й, моцна пацiскаючы яму руку, прамовiў:
      - Сьцеражыся, сынку, як праз пушчу будзеш праяжджаць. Апрышкi завялiся. Людзей рануюць, жанчын гвалцяць, вёскi паляць. Хто супрацiў iм чынiць - жыўцом пад лёд пускаюць. I нiяк не злавiць праклятых... Пачакай! Я - стары дурань не падумаў аб гэтым адразу, можна-ж конную сотню прыставiць да цябе для бясьпекi. Але ты ўчора скрыўдзiў мяне моцна, а я й забыўся...
      - Ня трэба! - усьмiхнуўся Фёдар. - Я не баюся. У мяне свае малайцы як на падбор, любому супрацiў паставяць! - I ён акiнуў ласкавым паглядам сваiх вояў.
      - Эх, сынку... - уздыхнуў стары Пасаднiк. - Дарэмна адмаўляесься, у iх сiла. Людзi кажуць, каля сотнi будзе. А не давядзi Гасподзь, што станецца з табою, дык не прабачу я сабе нiколi. Да сьмерцi пакутаваць буду. Ды й Вiтаўт Кейстутавiч не прабачыць, строгi ён... А, можа, сапраўды клiкнуць хоць паўсотнi?... Пачакай! Ня доўга затрымаесься, а ўсё бясьпечней будзе!
      - Ня трэба! Дзякую за гасьцiннасьць i клопаты.
      - Ведаю цябе, Фёдар, яшчэ з калыскi. Заўсёды ты быў такi ўпарты - як вырашыў, так i павiнна быць. Дарма мяне старога ня слухаеш, дабра табе жадаю! Калiсь зь нябожчыкам бацькам тваiм, царства яму нябеснае, разам у бiтву хадзiлi, разам спалi, елi, адным плашчом прыкрывалiся, як браты былi... Паслухайся, Фёдар, каб не шкадаваць потым, ня каяцца!
      Аднак Фёдар адмовiўся йзноў. Махнуўшы на разьвiтаньне рукой, прышпорыў каня й пусьцiўся наўскач к чарнеючаму лесу.
      Стары Пасаднiк усьлед перахрысьцiў яго й пасьпяшаўся назад да дому, з моцным намерам выслаць наўздагон узброены аддзел.
      Глуха шапоча гушчар. Дуднiць убiтая дарога пад капытамi, грукатае зброя, трапятаюцца плашчы й сьцяжкi на дзiдах. Фёдар поўнымi грудзямi ўдыхае мяккае вiльготнае паветра. Як радасна вось так скакаць па роднай зямельцы, дыхаць i ўпiвацца родным вясёлым ветрыкам, любавацца суровым хараством роднага краю. Здаецца, i нядоўга прыйшлося прабыць на чужыне, аднак моцна засумавала душа за чароўнымi краявiдамi Бацькаўшчыны. Прастор i прывольле хмелем напаўняюць галаву маладога Ваяводы. Вобраз каханае дзяўчыны, салодкiм марывам маячыць перад вачамi. Хутка вясна. Зямля ўкрываецца зеляньню. Прачнецца заснуўшая пушча й напоўнiцца клапатлiвымi, таямнiчымi гукамi ды шорахамi. Але ў сэрцы Фёдара ўжо вясна, яно ўзбуджана б'ецца ў грудзях, як-бы стараючыся вырвацца з-пад сталёвага панцыра й птушкай ляцець, ляцець...
      - Ану, песьню! - абарочваецца ён на скаку. - Павесялей!
      Конi пераходзяць на рысь. Разчырванеўшыяся воi ўсьмiхаюцца. Некаторы час едуць моўчкi. I вось, нарэшце, як-бы прабуючы голас, нясьмела чуецца знаёмы, але прызабыты Фёдару напеў. Конi, падпарадкуючыся такту мэлёдыi, зладжана адбiваюць дробат на дарозе.
      Песьня мацнее. Набiрае сiлу. Адгалосак разносiць яе далёка па пушчы:
      ...Ой падносiць дзевiца
      Кубак мёду малайцу:
      Выпей, усё да донышка!
      Меч падпаяшу. Э-э-эх
      Кубак мёду малайцу
      Пас сама я выткала,
      Конь капытам б'е.
      Шчыт Ярылу славячы,
      Моцны пры сядле. Э-э-э-х
      Конь капытам б'е.
      Плашч расшыты золатам.
      Дзiду сьцiсьнеш доўгую,
      Грудзь, плячо шырокае
      У поле чыста выедзеш. Э-э-эх
      Дзiду сьцiсьнеш доўгую.
      Шырокiм разьлiвам разьцякаецца над пушчай удалая песьня. Магутны напеў, хваляй узьнiмаецца насустрач ранiшняму сонцу. Звонкiя галасы, бурлiвымi пералiвамi перакатваюцца над засьнежанымi абшарамi.
      Конi йдуць лёкка й упэўнена. Мiльгаюць просекi, паляны, масткi. Бязконцая дарога, вычварна выгiнаючыся, вядзе на поўнач.
      Фёдар з задавальненьнем прыслухоўваецца да песьнi. А яна грымiць i трапечыцца, зьзяючы гераiчнымi прыгодамi - песьня адвагi, славы, каханьня й радасьцi.
      Кiрым аж рот раскрыў, увесь абярнуўшыся ў слых. Мейсцамi, ён аж прыцмоквае языком ад захапленьня, i падскоквае ў сядле:
      - О-о-о! Ай-яй песьня! Што за песьня! - ускрыквае ён i здымае шолам, каб ясьней было чуваць.
      ...Вернесься са славаю,
      Сонцу, ветру брат.
      Выйду я сустрэну,
      Князем буду зваць! Э-э-эх
      Сонцу, ветру брат.
      Нiколi яшчэ Кiрым ня чуў такога сьпеву. Нi ў сябе на бацькаўшчыне, нi ў Маскоўшчыне. Нiдзе не сьпявалi так удала й прыгожа. Ён з захапленьнем паўтарае:
      - Князь зваць буду! - i ўзмахвае рукамi. Шолам высьлiзгаецца з пальцаў i з глухiм звонам падае на дарогу. Кiрым з праклёнамi спыняе свайго Гнедка й пасьпешна саскоквае зь сядла. Воi зь песьняй на вуснах, усьмiхаючыся, скачуць мiма. Адзiн зь iх гукае:
      - Пасьпяшайся, Кiрым! Бо не здагонiш аж да Трокаў!
      - Такi, як ты, не далёка даганяй, - бурчыць угневаны Кiрым i паддае нагой па шоламу. Той адкацiўся на некалькi крокаў убок, ды, грукнуўшы на выбаю, падскочыў i адляцеў у мяккi прыдарожны сьнег.
      - Каб ты, сабачы кроў, век так скакаў! - шыпiць Кiрым, выграбаючы яго адтуль дзiдай.
      ..........................
      Сват шаноўны ўвойдзе,
      На покуць усаджу
      Рушнiкамi накрыж...
      Песьня раптоўна змоўкла. Пачулiся крыкi, звон зброi, енкi, iржаньне. Кiрым пасьпешна насунуў на галаву поўны мокрага сьнегу шолам i азiрнуўся. Нi Ваяводы, нi аддзелу ня бачна - схавалiся за паваротам дарогi. Адтуль даносiлiся крыкi й валтузьня. Кiрым коткай ускочыў у сядло й, прыцiснуўшыся да грывы, галёпам пусьцiўся на галас. Увесь ён трапятаў, падазраючы бяду.
      Вось ён i паварот. На поўным скаку Кiрым асадзiў каня. Яго вачам адкрылася жудаснае вiдовiшча: ад аддзелу Ваяводы не засталося нiчога, акрамя пасечаных i акрываўленых трупаў. Дарога ўперадзе аж роiлася ад узброеных людзей, якiя пасьпешна сьцягвалi вопратку й зброю з забiтых. Самаго Ваяводы Фёдара нiдзе ня бачна...
      Жах i адчай на момант апанавалi Кiрыма. Што рабiць? Кiнуцца на рабаўнiкоў? Паспрабаваць неспадзяваным нападам успалашыць iх? Так! Толькi так! Але... нейкая невядомая сiла ўтрымала яго на мейсцы, не даючы ў роспачы кiнуцца на апрышак i гэтым падзялiць сумны лёс сваiх спадарожнiкаў. I гэтая-ж сiла не дала завярнуць каня й скакаць у Берасьце за падмогай.
      Нарэшце, апанаваўшы сябе, Кiрым асьцярожна зьехаў убок з дарогi i, схаваўшыся ў кустах, пачаў уважней прыглядацца да рабаўнiкоў. На iх шчытах i дзiдах няма нiякiх гярбоў цi адзнакаў, па якiх можна было-бы вызначыць iхную прыналежнасьць. Апрышкi! Аднак увага Кiрыма спынiлася на адным з напасьнiкаў горда ўзяўшыся ў бокi, ён сядзеў на белым каню. Узбраеньне яго рэзка выдзялялася памiж iншых. Быў гэта чалавек ужо ў гадах, моцны й здаровы. Пасiвелыя вусы зьвiсалi аж да самага падбародзьдзя. Добры рыцарскi панцыр з набедранiкамi, доўгi двуручны меч, залаты ланцуг на шыi... Усё гэта здалося Кiрыму знаёмым, але прыпомнiць, дзе яго бачыў, нiяк ня мог, хаця напружваў усю сваю памяць. Коньнiк гэты яўна быў тут галоўным, бо ягоны голас гучаў моцна й загадна:
      - Хутка! Хутка, пся маць!... Нават абдзерцi ня ўмееце, быдлё! - крычаў ён, памахваючы цяжкiм бiзуном.
      Нецярпеньне й насьцярожанасьць не давалi яму супакою. Нарэшце, не вытрымаўшы, загадаў:
      - Досыць, пся маць! Язда!
      Апрышкi нехаця, але паслухмяна, адступiлiся ад сваiх ахвяраў. Узвалiўшы здабычу на плечы, рушылi за коньнiкамi па прасецы ў глыб лесу.
      Тут толькi Кiрым заўважыў яшчэ аднаго каня, пакрытага грубай посьцiлкай. Праз посьцiлку абазначалася чалавечая постаць, перакiнутая цераз сядло. Няцяжка было здагадацца, хто быў гэты палонны, i Кiрым адчуў, як нэрвовыя дрыжыкi прабеглi па сьпiне.
      - Што-ж рабiць? Цi жывы хаця Ваявода? - падумаў у роспачы Кiрым. - Як яму дапамагчы, калi жывы?
      Але адзiн супраць цэлае банды не парадзiш. Застаецца толькi прасачыць, куды апрышкi павязуць Ваяводу, i, паклаўшыся на лёс, чакаць зручнага моманту. Але галоўнае - не прапусьцiць Кандрата, як ён будзе варочацца ў Кракаў. Так Кiрым i зрабiў. Памаленьку, на вялiкай адлегласьцi, ён падаўся ўсьлед за бандай.
      У глыбiнi лесу апрышак чакаў канавод з асядланымi коньмi...
      * * *
      Аддзел, высланы Берасьцейскiм Пасаднiкам, знайшоў на дарозе ўжо скарчанелыя трупы людзей i коней. Воi разпазналi забiтых, i моўчкi паскiдалi шоламы. Але ўсiх зьдзiвiла, што памiж забiтых няма нi Ваяводы, нi Татарына.
      - Напэўна жыўцом узялi... - прамовiў малады сотнiк. - Трэба хутчэй у Берасьце, ды дакласьцi Пасаднiку. Вось бяда...
      Зусiм уночы, празь Берасьцейскiя заставы, сумна праехаў вярнуўшыся аддзел, вязучы захутаных у плашчы пасечаных спадарожнiкаў Фёдара...
      18. ГНЕЎ УЛЁГСЯ
      Чырванаватым сьвятлом залiвае ранiшняе сонца замкавыя муры. Сьвежым зямляным апарам дыхае паўднёвы вецер.
      Ваявода Станiслаў моцна пацягнуўся на ложку й прыўзьняўся на локаць. Узяў кубак вiна i, зрабiўшы са смакам вялiкi каўток, прамовiў:
      - Ну, сёньня паспрабую сесьцi ў сядло.
      Ваявода памаленьку ўстаў i, не выклiкаючы нiкога на дапамогу, апрануўся. Убраньне яго было даволi багатае й прыгожае: мяккiя чырвоныя боцiкi-выцяжкi зь нiзкiмi халяўкамi, аксамiтныя порткi ў шырокую блакiтна-чырвоную палоску, прыгожа аблягаўшыя ягоныя мускулiстыя ногi, ясна-зялёная скураная падьдзеўка з шырокiм зубчастым каўняром i такiмi-ж рукавамi, i белая ядвабная сарочка з шырокiмi прарэзнымi рукавамi ды зашнураваная на грудзях чырвоным шнурком з "фрэндзлямi".
      Прайшоўшыся раз-другi па пакою, Ваявода падпярэзаўся рыцарскiм пасам, прышпiлiў меч i падняў з услону цяжкi панцырны нагруднiк.
      - Бач, сiлiшча! - прамармытаў ён, разглядаючы няроўную дзiрку ў нагруднiку. - Мала бракавала, каб зусiм дух зь мяне выпусьцiць... Шчасьце, што яшчэ дзьвюма толькi рабрынамi абыйшлося!
      Накiнуўшы на плечы плашч, Станiслаў выйшаў на замкавы пляц i ўзыйшоў на мур. Ранiшнi халадок прыемна казытаў ноздры й пашчыпваў шчокi. Ваявода абапёрся аб забарола[29] й, мружачыся ад сонца, абвёў вачамi прачынаючыся Слуцак: хаты, Цэрквы, рынак, абаронныя муры й валы... Прыцiхлы гнеў з новай сiлай заклекатаў у грудзях.
      - Пракляцьце! - ускрыкнуў ён, шалёна сьцiскаючы ручку мяча. - Амаль цэлы месяц прыйшлося праляжаць у гэтым балотным логаве, i ўсё з-за нейкага ўзброенага хама. - Ваявода аж скрыгатаў зубамi, i ня дзiва - ён нiяк ня мог сабе прабачыць за тое, што даўся непасаванаму вою выбiць сябе зь сядла. Звычайнаму хаму ў кажуху! Ушчымлены гонар мучыў i катаваў - яшчэ болей, чым пераламаныя рабрыны й разадраны бок.
      Са сваiх спадарожнiкаў ён нiкога не хацеў бачыць, i, нават выпраўляючы ганца ў Берасьце да Януша, перадаў загад праз старога Бая. Аб Крэве нават не мармытнуў, каб у Слуцку ня ведалi, зь кiм маюць да чыненьня.
      Бедны ксёндз Карафа цэлыя днi й ночы праводзiў у суседнiм пакоi, молячы Збавiцеля, каб зьлiтаваўся й паслаў успакаеньне разьюшанаму пану. Аднак нябесныя Сiлы ня ўмешвалiся, i Станiслаў заставаўся ўсё такi-ж змрочны i недаступны. Карафа, будучы доўгi час прыдворным духоўнiкам Ваяводы, моцна верыў у прыхiльнасьць Неба да свайго пана. Бо амаль не было таго дня, каб Станiслаў ня меў прыгоды небясьпечнай, адважнай i крывавай, але заўсёды выходзiў зь яе пераможцам. I гэта ўзмацняла веру ксяндза ў яго шчасьлiвую зорку. Толькi адзiн раз за ўвесь час Фартуна[30] здрадзiла свайму ўлюбёнцу. Памятае Карафа той жудасны вечар, калi перапалоханы вартаўнiк, трапечучы як у лiхаманцы, далажыў Станiславу, што Вiтаўт уцёк з Крэўскага падзямельля. Што тады рабiлася... Жудасна й успомнiць. Варту перавешалi, Гараднiчаму адсяклi галаву, палову замкавай службы закатавалi ў тых самых падзямельлях, а рэшту сяклi бiзунамi да безпрытомнасьцi. Станiслаў тады - пырскаў шумавiньнем i крывёй, нiкога не падпускаў i блiзка да сябе...
      Так i зараз, толькi стары Бай ды Марыля маглi заходзiць у ягоныя пакоi. Стары Князь зь першага пагляду неўзьлюбiў паляка й таму зусiм не цiкавiўся яго здароўем ды як-бы не заўважаў яго прысутнасьцi ў замку.
      Затое Марыля прыкладала ўсё сваё ўменьне й стараньне, каб найхутчэй i як найлепей вылекаваць параненага. Яна кармiла яго, умывала, змазвала й перавязвала яму рану.
      Станiслаў з выглядам удзячнасьцi прыймаў яе клопаты, а даведаўшыся аб яе каханьнi, абяцаў па прыезьдзе ў Кракаў пабачыць Ваяводу Фёдара й дапамагчы яму ў яго мiсii. I нават, жартуючы, паабяцаў прыехаць на вясельле - "калi будзем жывы й здаровы".
      Надта чыстая была ў Марылi душа, i надта моцным i чыстым было яе каханьне, каб яна магла западозрыць якое-небудзь ашуканства ў словах параненага.
      Аднак Бай думаў iначай, хаця нiчога не казаў, i Станiслаў аб гэтым здагадаўся, таму з такой уцехай i нецярпеньнем чакаў першае пробы верхавой язды.
      Замкавы двор паступова ажываў, напаўняючыся штодзённым клапатлiвым тупаценьнем, рыпам i гоманам.
      Станiслаў маўклiва ўглядаўся ў блакiтную далячынь, адкрываючуюся з вышынi замкавых муроў. Ненавiсьцю палаў яго зоркi пагляд, i таямнiча варушылiся вусны...
      З тылу пачулiся нерашучыя, баязьлiвыя крокi. Ваявода разпазнаў крадучуюся хаду ксяндза Карафы, i нэрвова прыкусiў нiжнюю губу.
      Не даходзячы некалькi крокаў, ксёндз спынiўся й прыцiшана кашлянуў.
      - Ну?... Што трэба? - не адварачваючыся, запытаў Станiслаў.
      - Сыне мой, - пакорна пачаў Карафа - ня будзь на тое паважнай прычыны, я нiколi не патрывожыў-бы Вашага, так патрэбнага, адпачынку... Але сёньня, уночы, прыехаў ганец ад Януша з...
      - Зь Берасьця? - ускрыкнуў, хуценька абарачваючыся, Станiслаў. - Дзе ён?
      - Адпачывае, сыне мой. Кажа, што скакаў усю дарогу без адпачынку, двох коней насьмерць загнаў... Не адважылiся мы сон Ваш трывожыць... ды пабаялiся, каб тутэйшыя, баранi Госпадзi, чаго не падумалi...
      - Што ён прывёз? Якiя весткi? Хто ён такi? Цi сам прыехаў?
      - На выгляд, шляхцiц. Нiчога не захацеў казаць. Кажа, што пан Януш загадаў перадаць самаму Ваяводзе, а прыехаў сам, адзiн...
      - Зараз-жа яго да мяне! - перабiў Станiслаў, i з б'ючымся сэрцам рушыў у пакоi. Карафа ледзь пасьпяваў за iм усьлед.
      - Дык, кажаш, сам прыехаў?
      - Здаецца, сам... - пасьледваў нерашучы адказ.
      Ваявода нахмурыўся й прыбавiў кроку. Ксёндз адстаў трохi, а потым падабраўшы крысы доўгае сутаны, пусьцiўся прыбежкам да грыднiцы[31], дзе спаў ганец.
      Станiслаў прыняў ганца ласкава, але насьцярожана. Быў гэта моцны мужчына ў скураной паддзеўцы, з-пад якой цьмяна паблiсквала кальчуга; доўгiя валасы замацованы праз лоб скураным паскам (так, як гэта робяць сяляне), але наагул меў выгляд незаможнага шляхцiца. Узбраеньне меў простае й лёккае - невялiкi меч i тонкi доўгi кiнжал, накшталт мiзэрыкордыi.
      - Хай будзе пахвалёны Езус Хрыстус! - прывiтаўся ён, аддаючы нiзкi й пачцiвы паклон.
      - На вякi вякоў! - ласкава адказаў Ваявода.
      - Амэн! - пацьвердзiў Карафа.
      - Хто такi будзеш? - адразу прыступiў да справы Станiслаў.
      - Шляхцiц Лазiнскi. Гараднiчы Камянецкага Замку, i верны халоп Яго Каралеўскае Мосьцi ды Яснавяльможнага Пана Ваяводы!
      - Ага! Гэта, значыцца, ты й ёсьць той самы Лазiнскi? Добра! Вельмi добра.
      Па тону й захаваньню Лазiнскага, Станiслаў адразу зразумеў, што весткi ён прывёз суцяшальныя, i таму з палёккай i задавальненьнем загадаў:
      - Ну, пане Лазiнскi, разказвай, што маеш ад Януша?
      Ганец нерашуча азiрнуўся на ксяндза, як-бы не адважваючыся разказваць пры iм, i гэтым стараючыся падкрэсьлiць усю вагу прывезеных вестак.
      - Нiчога! - падбадзёрыў яго Станiслаў. - Няхай паслухае й ён, як трэба выконваць мае загады. I няхай засячэ сабе на йлбе! Я ўмею ўзнагароджваць, але ўмею й караць...
      - Яснавяльможны Пане Ваявода, - пачаў ганец, - Пан Януш, гэты адважны й строгi Рыцар, загадаў перадаць Яснавяльможнаму Пану, што птушка ўжо ў клетцы. Фёдар, Ваявода з Грозава - злоўлены й сядзiць пад надзейнай аховай у Турна. Пан Януш пытаецца - што зь iм рабiць? Цi чакаць на прыезд Яснавяльможнага Пана, цi мо...? - i ганец выразна правёў рукой каля свайго горла.
      Гэта выклiкала задаволеную ўсьмешку Станiслава, якi тут-жа запытаў:
      - А цi ведаеш, пане Лазiнскi, што табе будзе, калi Князь Вiтаўт даведаецца аб парваньнi яго пасла?
      - Ведаю, Яснавяльможны Пане, але не баюся, бо служу найвялiкшаму Каралю з Каралёў, якi ня выдасьць сваiх халопаў...
      - Ведаеш, то й добра... Але лепей сьцеражыся... Палоннага пакуль не чапайце. Я патрабую пагутарыць зь iм. Але пiльнуйце яго! - у вачах Станiслава блiснулi маланкi, ад якiх мурашкi пабеглi па сьпiне Карафы. - Не ўпiльнуеце, не наракайце на мяне тады... вось дастойны айцец Карафа ведае...
      - Яснавяльможны Пан не патрабуе хвалявацца. Мейсца надзейнае й пэўнае. Не ўцячы яму!
      - Дык дзе вы яго схавалi?
      - У лясах Турнаўскiх...
      - Што гэта за Турны? Замак якi, цi ўмацаваньне?
      - Не, Яснавяльможны Пане, нi тое, нi другое. Гэта сядзiба шляхцiца аднаго, Нiкульскага. Частаколам абведзеная й надзейнымi гайдукамi абсаджаная. У баку ад гасьцiнца... Добрае мейсца.
      - Не падабаецца мне гэта! - скрывiўся Станiслаў. - Але пагутарым аб гэтым пазьней. Ты што, сам прыехаў?
      - Сам, Яснавяльможны Пане.
      - А дзе людзi, што я казаў прыслаць да мяне?
      - Неўзабаве будуць. Пан Януш выслаў ганца ў Крэва.
      - Добра! А як вы злавiлi яго?
      - Пятлёй. На шыю пятлю накiнулi й зьдзерлi зь сядла...
      - А людзi яго, пачот? Цi ня будуць яны шукаць свайго Ваяводу?
      - Там яны чакаюць на свайго Ваяводу, - i Лазiнскi набожна падняў вочы ў гару. - Я сам iх прасачыў i пералiчыў у Берасьцi, а потым на дарозе...
      - Добра! - прамовiў Станiслаў. - Iдзi адпачывай, ды падрыхтуйся ў дарогу. Заўтра ад'едзеш... Карафа, iдзi таксама, я мушу застацца сам!
      Да самага абеду Ваявода не выходзiў з пакою й нiкога туды не ўпускаў. Па абедзе выйшаў на пляц i заняўся верхавой яздой.
      Ксёндз Карафа з задавальненьнем адзначыў, што ягоны пан разважыўся й павесялеў. Значыць, навальнiца прайшла, гнеў улёгся. Цяпер, хоць раз, можна будзе спакойна легчы спаць. З гэтай нагоды належыцца "прычасьцiцца", што Карафа неадкладна й сумленна выканаў, не забыўшы пры гэтым усхвалiць Усявышняга.
      Вечарам Станiслаў паклiкаў Марылю, падзякаваў ёй за клопаты й паведамiў радасную навiну: "Ваявода Фёдар ужо выехаў з Каракава ў Лiтву. Хутка можна спадзявацца на сустрэчу зь iм". Заадно выказаў жаль, што ня можа быць прысутны пры iх сустрэчы, бо не пазьней як праз тыдзень ад'яжджае, але зычыць ёй усяго найлепшага...
      Марыля, са слязьмi на вачах, падзякавала й ад радасьцi ды шчасьця пацалавала яму руку.
      - Фёдар, каханы мой, як я за табою засумавала... - шапацела яна, лежачы ўжо ў ложку й углядаючыся ў цёмную столь. - Цi памятаеш ты пра мяне, мой Фёдар? Цi ўспамiнаеш?...
      Якраз у гэты момант, лежачы на саломе, з ланцугамi на руках i нагах, Фёдар углядаўся ў цёмную столь падзямельля й думаў аб Марылi...
      19. ВОЛЯ ЛЁСУ
      Захутаўшыся з галавой ў плашч, зь лесу на Наваградзкую дарогу выехаў коньнiк. У залацiстых праменях заходзячага сонца панура блiснула яго пацямнелая кальчуга. Пры сядле прытарочаны ахапак сена й невялiкi худы заяц. Паводзячы плячыма, коньнiк яшчэ шчыльней агарнуўся плашчом i азiрнуўся ў абодва бакi дарогi. Пахмурую, зьсьнежаную непрыветнасьць спаткаў яго погляд.
      - Прайшоў ужо тры днi, - прашапацеў ён - а Кандрат як няма так i няма...
      Коньнiк азлоблена разьцёр замёрзлыя рукi, i яшчэ раз азiрнуўся на дарогу, сьцёбнуў каня. Галодная й стомленая жывёлiна нехаця пусьцiлася галёпам, выбiваючы аднастайны дробат на галалёдзiцы.
      Даехаўшы да скрыжаваньня дарог, коньнiк iзноў азiрнуўся, але, нiчога не прыкмецiўшы, павярнуў налева к Турнам. Праскакаўшы так вялiкi кавалак дарогi, ён зьехаў на вузенькую сьцежку й, мiнуўшы густы зарасьнiк, пад'ехаў да абамшэлага пакасiўшагася будынку. Быў гэта пакiнуты хлеў, у якiм вугальшчыкi трымалi быдла й хавалi ад непагоды перапалены вугаль. Непадалёку высiўся на тры сажнi напоў абвалiўшыся комiн вугальнай печы.
      Акiнуўшы зоркiм паглядам мясцовасьць i заспакоiўшыся, коньнiк саскочыў зь сядла й рашуча ўвайшоў у хлеў, вядучы каня за сабою. Шчыльна зачынiў браму, прывязаў каня да завалы й звольнiў падпругу. Пасьля гэтага, спрытна ўзьлез на падстрэшша й, напружваючы зрок, доўга ўглядаўся ў бок вiднеючагася Турнаўскага маёнтку.
      Наступiўшая цемра засланiла й Турна, i лес...
      Неахвоча пакiнуў ён назiраньне. Мякка, бяз гуку, саскочыў з падстрэшша, падкiнуў сена каню й прыняўся гатаваць сабе падсiлак. У куце жарка заiскрылася вугольле. Спрытна валодаючы нажом, выпатрашыў зайца й, не зьдзiраючы скуры, густа абмазаў гразка разагрэтай глiнай. Даўшы нагарэць попелу, выграб у iм ямку й апусьцiў туды зайца. Старанна й умела засыпаў iзноў попелам, нанава разьдзьмухаў вугаль i паставiў на верх памятую мядзяную пасудзiну, напоўненую сьнегам, каторага не бракавала ў хляву.
      Па ўпэўненых рухах i хуткасьцi, зь якiмi гэты чалавек знаходзiў у цемры патрэбныя рэчы, было бачна, што ўжо ня першую ноч праводзiць ён у гэтым мейсцы...
      Першыя проблiскi ранiцы засталi яго на падстрэшшы, пiльна прыглядаючагася да Турнаўскага маёнтку.
      Хутка пахаваўшы свае невыдумныя кухонныя прылады й прысыпаўшы вугальным пылам патухлае вогнiшча, ён старанна сабраў конскi гной, закапаў яго ў сьнег i зараўняў усе сьляды. Аглядзеўшыся, застаўшыся задаволеным сваёй працай, ён асьцярожна вывеў каня да дарогi, яловай галiнай замёў сьляды, i ўскочыў у сядло. Хутка ён быў ужо на Наваградзкай дарозе.
      Так прайшло яшчэ тры днi...
      Змагаючыся з холадам i голадам, конь i яздок прыкметна слабелi. Гнядко ўжо ледзь цягаў ногi. А коньнiк? Чым цяжэй рабiлася пераносiць невыгоды, тым упарцейшым i зацяцейшым ён рабiўся, тым пiльней сачыў за Наваградзкай дарогай i Турнаўскiм маёнткам. Хаваючыся ад выпадковых падарожнiкаў, ён аднак не спускаў зь iх вачэй - бачыў i шляхцiцаў, i сялянаў, i конныя вайсковыя аддзелы пад Берасьцейскiмi сьцягамi, i багатыя купецкiя абозы. Але нiхто зь iх нават i не прыкмецiў самотнага й змучанага коньнiка, нястомна наглядаючага за рухам на дарозе.
      Наступiў сёмы дзень. У ночы пачалася завiруха. Парыўчасты вецер ганяў хмары сухога калючага сьнегу. Лес рыпеў i трашчаў пад яго моцнымi напорамi, гальлё сьвiстала ды выла, наганяючы тугу й трывогу.

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17