Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Драбы (на белорусском языке)

ModernLib.Net / История / Случанский Владимир / Драбы (на белорусском языке) - Чтение (стр. 1)
Автор: Случанский Владимир
Жанр: История

 

 


Случанский Владимир
Драбы (на белорусском языке)

      Уладзiмiр Случанскi
      Драбы
      Найвыдатнейшаму змагару
      за волю Бацькаўшчыны й Народу,
      прэзыдэнту Б.Ц.Р. Р.Астроўскаму
      прысьвячаю.
      Аўтар
      Ад выдавецтва
      Выхад у сьвет першай гiстарычнай аповесьцi Ўладзiмiра Случанскага "Драбы", (стары назоў Рыцараў Пагонi) кладзе новы кiрунак у творчасьцi аўтара. Дасюлешняя яго творчасьць канцэнтравалася пераважна на тэматыцы сучаснасьцi цi недалёкага мiнулага. Так, у апавяданьнях "Праз агонь" i "Пад сьцягам бел-чырвона-белым" аўтар дае малюнкi пэрыяду Другой Сусьветнай Вайны, а ў апавяданьнях "Не прапусьцiм!", "Пётр Фёдаравiч ня верыць" i iнш. Случанскi пераносiць нас на прасторы Бацькаўшчыны, акупаванай камунiстычнай Масквой пасьля вайны 1941-1945 гадоў. У аповесьцi "Драбы" Случанскi дае нам малюнкi й вобразы далёкай мiнуўшчыны, пераносiць чытача ў глыбiню нашай слаўнай i багатай здарэньнямi гiсторыi.
      Як бачым з псэўдонiма аўтара, ураджайная Случчына дала яшчэ аднаго пiсьменьнiка. Але гэтым разам не паэта, як было дасюль, а празаiка, i я думаю, што шырокае кола чытачоў з задавальненьнем прывiтае новую Слуцкую зорку.
      У.Случанскi, малады пачынаючы пiсьменьнiк, зьяўляецца гарачым песьняром укаханай Бацькаўшчыны-Беларусi й Беларускага Народу. Яго творы аб слаўнай мiнуўшчыне Беларусi адзначаюцца няўстрыманым рухам, дзеяньнем, iмкненьнем. Кожнае яго апавяданьне разгортвае перад чытачом падзеi з маланкавай хуткасьцю i ў той жа час дае поўныя, закончаныя вобразы. Случанскi васьпявае слаўную мiнуўшчыну Беларусi ня толькi ў лiтаратуры, у якой ён выступае зь першым вялiкiм творам, але й усiмi здольнасьцямi мастака-самародка, - як малюнкi, вобразы, выпеканыя на дрэве, i нарэшце разьба па дрэву (апошняя яго разьба "Пагоня", стаяла на прэзыдыяльным стале ў часе Ўрачыстага Сьвяткаваньня Ўгодкаў Другога Ўсебеларускага Кангрэсу ў 1956 годзе, i прыцягвала ўвагу прысутных.) - усе яны падкрэсьлiваюць слаўныя моманты з нашай мiнуўшчыны.
      У.Случанскi сваёй мастацкай душой шукаў у нашай мiнуўшчыне вялiкiх патрыётаў, мудрых уладароў, слаўных падзеяў у гiсторыi нашай Бацькаўшчыны, калi яна была Вялiкая й Слаўная на ўсю Эўропу.
      Ува ўмовах эмiграцыйнага жыцьця, калi чалавек ня можа карыстацца з архiваў каб знайсьцi патрэбныя матэр'ялы, пошукi гэтыя былi сапраўды вельмi цяжкiмi. Тэндэнцыйнае асьвятленьне гiстарычных фактаў расейцамi й палякамi не задавальняла аўтара, а наадварот выклiкала зь яго боку востры пратэст i справядлiвае абурэньне. А безстароньнiх дадзеных, адпавядаючых гiстарычнай праўдзе, бракавала. I вось, прыпадкова трапiўшая ў рукi Ў.Случанскага, кнiга П.Крэчэўскага "Замежная Беларусь" адразу пакрыла ўсе недахопы, асаблiва вытрымкi з Чэшскiх летапiсаў. У.Случанскi знайшоў у гэтай кнiзе багаты й болей-меней падрабязны разгляд дзейнасьцi свайго iдэала - Слаўнага Рыцара, Мудрага Ўладара, i Вялiкага Патрыёта нашай Слаўнай мiнуўшчыны - Вялiкага Князя Вiтаўта Кейстутавiча Гаспадара Лiтоўскага. У гэты час у думках У.Случанскага зарадзiўся плян: напiсаць аповесьць, у якой прыпомнiць беларусам, што не заўсёды наша Бацькаўшчына стагнала пад чужацкiм панаваньнем, што не заўсёды чужынцы панявералi наш Народ, звычаi й культуру, што былi часы, калi наша Беларусь (у той час Лiтва) лiчылася адной з магутнейшых дзяржаваў Эўропы. Татарскiя горды, якiя лёкка паняволiлi, цяпер такую гордую, Маскву, у сваiм iмкненьнi на захад, слаўны сваiм багацьцем, напаткалi на шляху грозны адпор, якi даў ненасытнаму Хану Вялiкi Князь Вiтаўт на рацэ Ворскле. Пасьля разгрому татараў на Ворскле, Арда хутка разпалася й прыпынiла свой цiск на захад, - а гэтым самым была выратаваная сярэдняя, а можа й заходняя Эўропа ад татарскай няволi.
      Крыжакi ў сваiм iмкненьнi на ўсход, каб нiбы хрысьцiць паганскую Жамойць i Праваслаўных Славянаў, менавiта Лiтву, агнём i мячом вынiшчалi цэлыя плямёны й народы - як, к прыкладу, Прусаў. Аднак на перашкодзе стаяла гэта самая Лiтва, моцная й непераможная. Крыжакi яе баялiся, старалiся ўсiмi сродкамi залагодзiць, цi паслабiць подступам. I калi, нарэшце, прыйшло да апошняга змаганьня пад Дуброўнай (Грунвальдам), дык не Ягайлава Польшча, як насьвятляюць у сваёй гiсторыi палякi, але Вiтаўт са сваiмi Драбамi ды воямi перамог Крыжакоў. У гэтай бiтве, за жыцьцё цi сьмерць Беларусi, немалаважную ролю адыгралi Смаленскiя палкi, прыбыўшыя як ня можна болей к часу, аб чым нават польскi пiсьменьнiк Гэнрык Сянкевiч, мусiў сьцвердзiць у сваёй аповесьцi "Кжыжацы".
      Аб дэмакратычнасьцi дзяржаўнага ладу, якi iснаваў у тагачаснай Лiтве, не маглi нават мроiць анi Захад, анi, тым болей, Маскоўшчына, якая толькi што ськiнула зь сябе дзьвесьцесаракагадавую татарскую няволю. Рыцарскi залаты пас i шпоры не былi прывiлеем шляхты цi магнатаў, як гэта было на Захадзе, - у Лiтве iх мог здабыць кожны вой, як узнагароду за адвагу й адданасьць Радзiме. У тыя далёкiя часы, судаўнiцтва спачывала ня толькi ў руках Князёў, паноў ды Царквы - у Лiтве йснавалi, апрача таго, копныя суды, дзе судзiў Народ, i магнаты падпарадкоўвалiся выраку гэтага суда. Цярпiмасьць веравызнаньняў была поўнаю: праваслаўныя, каталiкi, пратэстанты, нават татары, перайшоўшыя на службу да Вялiкага Князя, i пагане-Жамойты былi паўнапраўнымi Лiтоўскiмi грамадзянамi.
      I вось Случанскi пачаў зьбiраць матэр'ялы. Ён карыстаўся рознай лiтаратурай, у якой мог знайсьцi весткi, патрэбныя да напiсаньня аповесьцi з пачатку ХV стагодзьдзя, ды вышукваў дадзеныя з прыпадковых матар'ялаў зьмешчаных у разнай Беларускай прэсе. Знаёмiўся з рыцарскiмi звычаямi, законамi, паядынкамi. Знаёмiўся з суадносiнамi мiж Лiтвой, Польшчай, Маскоўшчынай, ды iншымi дзяржавамi. Вывучаў разпаложаньне гарадоў, мястэчак, умацаваньняў, шляхоў, i г.д. Каб нават кожная драбнiца, паколькi магчыма, адказвала сапраўднасьцi. Пэўна, хто захоча, той знойдзе ў аповесьцi "Драбы", гiстарычныя, бытавыя цi iншыя недакладнасьцi, але гэтага ня можна ставiць у дакор Случанскаму, бо ў цяперашнiх эмiграцыйных умовах здабыць усе патрэбныя матэр'ялы немагчыма, а па другое, гэта ня ёсьць навукова-гiстарычная праца, а лiтаратурны твор, дзе аўтар мае пэўную волю i можа насьвятляць з свайго пункту гледжаньня. Але што да гiстарычных недакладнасьцяў, то ў гэтай справе вельмi цяжка ўзгоднiць пагляды, напрыклад Беларуса, Паляка цi Расейца. Паляк упэўнены, што Люблiнская Вунiя гэта дабрадзейства для Беларускага Народу, бо яна прынесла беларусам "сапраўднае сьвятло хрысьцiянства - каталiцызм", а разам зь iм езуiтаў, сьвятую iнквiзыцыю... Зь беларускага пункту гледжаньня, польскi каталiцызм прынёс Беларускаму Народу шмат гора, сьлёзаў, ды нявiнна пралiтую кроў... Цi iншы прыклад: палякi вуснамi таго-ж Г.Сянкевiча ў трылёгii "Патоп" Князёў Радзiвiлаў прадстаўляюць як здраднiкаў Айчыны й Кароны Польскай. Для беларусаў гэтыя Радзiвiлы зьяўляюцца нацыянльнымi гэроямi, якiя, выкарыстоўваючы разгром Польшчы Карлам, Каралём Швэцкiм, хацелi адбудаваць незалежнасьць Вялiкага Княства Лiтоўскага. Нацыянальны беларускi гэрой Кастусь Калiноўскi, для расейцаў зьяўляецца нейкiм бандытам, якi ня быў варты нiчога лепшага як пятлi. ...
      Перад чытачом жыва разгартаюцца прыгожыя беларускiя краявiды, устаюць перад вачамi бязконцыя беларускiя пушчы, поўныя дзiкiх зьвяроў, паўнаводныя рэкi сваiм цiхiм шапаценьнем, якi чутны ў гэтай кнiзе, навяваюць успамiны аб Бацкаўшчыне. На тле гэтых малюнкаў разгортваюцца польскiя iнтрыгi. Сярэднявечны Кракаў, так як i сучасная Варшава, працягваў рукi па нашыя землi. Так як поўтысячагодзьдзя назад, так i сёньня палякi ня хочуць прызнаць права на йснаваньне, незалежнай ад Польшчы, Лiтвы-Беларусi. Аднак у той час, Польшча баялася Лiтвы й яе Гаспадара Вялiкага Князя Вiтаўта. Так як i тады, так i цяпер, польскi каталiцызм вёў i вядзе наступ на беларускае праваслаўе, адмаўляючы астатняму права на йснаваньне. Аўтар яскрава падкрэсьлiў гэты момант, паказаўшы забойства сям'i Вадзянiка - паромшчыка з Прыпяцi, польскiм Рыцарам i яго пачотам, а ксёндз дабраслаўляе гэты ўчынак як чын, угодны Богу. Нажаль, гэта ня ёсьць толькi фантазыяй аўтара, але горкай праўдай з жыцьця. З другога боку, Масква, скiнуўшы татарскую няволю, пачынае загартаць пад сябе ўсё, што лёкка даецца. Але хаця i вельмi падабалася Маскоўскiм Князям багатая й ня зьнiшчаная татарамi Лiтва, аднак атрыманая навука ад Вялiкага Князя Альгерда, ды страх перад ня менш грозным Вялiкiм Князем Вiтаўтам, устрымлiвала Маскоўскiх захопнiкаў ад адчыненых дзеяньняў супраць багатага й моцнага суседа. Затое па цёмных кутах пачынаюць працаваць iнтрыганты баяры-дыпляматы й маскоўскае праваслаўнае духавенства. Не буду затрымвацца падрабязна над зьместам i гэроямi аповесьцi "Драбы", каб паважаны чытач па прадмове не шукаў, як па каталёгу, гэрояў i антыгэрояў аповесьцi.
      Аповесьць "Драбы" заслугоўвае на асаблiвую ўвагу, бо кожны, хто яе прачытае, адчуе, што ў гэту кнiгу ўкладзена паважная праца. Малады пiсьменьнiк не заразiўся мадэрнiзмам, на што хварэе бальшыня беларускiх мастакоў. Аповесьць "Драбы" тым болей заслугоўвае на ўвагу грамадзтва, бо на працягу ўжо многiх гадоў, як старэйшыя, так i малодшыя пiсьменьнiкi настолькi аблянiлiся, цi можа ўжо ня здольныя на паважную працу, што даюць чытачу, у прозер апавяданьне на пару старонак, а паэты - незразумелыя вершы ў некалькi радкоў.
      На заканчэньне хачу прасiць паважаных крытыкаў, прыхiльна аднесьцiся да аповесьцi "Драбы", i безстароньнiмi практычнымi заўвагамi дапамагчы й заахвоцiць пачынаючага пiсьменьнiка да далейшай працы над наступнымi кнiгамi пачатай трылёгii.
      Жыве Беларусь!
      Сяргей Пасечны
      ЧАСТКА ПЕРШАЯ
      1. НА ЛЯСНОЙ ДАРОЗЕ
      Нiбы празь сiта iмжыў восеньскi дождж. Вячорны змрок паволi гусьцеў, зьлiваючы ўвесь краявiд у адну бязкшталтную масу. Шэрыя хмары зьвiсалi зусiм нiзка й быццам зьлiвалiся зь зямлёй.
      Адзiнокi дуб на скрыжаваньнi дарог нiзка сьхiлiў гальлё, нiбы прыгнечаны цяжарам вiсельнiка, падвешанага гакам за рабрыну. Дзьве кароткiя стралы тырчэлi ў сьпiне павешанага. Твар, абрамлены рудой барадой, перакошаны ад болю. Доўгiя валасы раскудлачаныя, i на iх сьляды запёкшайся крывi, як i на ўсёй багатай i прыгожай вопратцы павешанага. Пустая похва мяча й некалькi ранаў на плячох i рукох - красамоўна казалi, што дорага прадаў ён сваё жыцьцё.
      Цемра згушчалася, цяжка было што-небудзь разабраць навокал... Аднекуль здалёку пачулася воўчае выцьцё, другое адгукнулася блiжэй, i ўжо зусiм блiзка ад дубу пракрычаў пугач. Адразу за гэтым пачулася чвяканьне конскiх капытоў па гразi.
      Коньнiкi хутка наблiжалiся да дубу - iх было два. Першы, у блiскучым панцыры, неяк няпэўна сядзеў у сядле, зьвесiўшы галаву, пакрытую шоламам зь пёрамi, на грудзi. Пры сядле, напалову прыкрыты чорным плашчом, вiднеўся невялiкi шчыт з залатым Ярылавым крыжом i прыгожай срэбнай насечкай. Другi коньнiк, таксама ў баёвым панцыры, ехаў трохi адстаўшы, i ўвесь час зь непакоем азiраўся, трымаючы лук са стралой напагатове.
      Здалёку пачуўся йзноў конскi тупат i гiканьне. Першы коньнiк зморана ўзьняў галаву, i сарваўшымся голасам паклiкаў свайго спадарожнiка. Гутарылi нядоўга - Драб у блiскучых латах, пры дапамозе свайго сябры, зьлез з каня й, абапершыся на меч, зiрнуў на павешанага.
      - Ганi! - махнуў ён рукой.
      - Бывай, Ваявода! Да хранiць цябе Ўсемагутны! - пачуўся ў адказ стары й надтрэснуты голас.
      Яшчэ раз зiрнуўшы на павешанага, Ваявода рушыў проста ў цемру, цяжка пераступаючы нагамi й абапiраючыся на меч. Адышоўшы некалькi крокаў ад дарогi, ён спынiўся й прыслухаўся: "Стары Бай ужо далёка, амаль не чуваць, затое плясканьне капытоў i гiканьне з другога боку былi ўжо зусiм блiзка". Ваявода асьцярожна, колькi дазвалялi сiлы, рушыў далей, часта спыняючыся й пераводзячы дух. Рана ў левым баку балела й не давала супакою. Ад згубленае крывi Ваявода аслаб на гэтулькi, што меч, якi ён ужо цi раз хацеў зьмянiць празь ягоную лёккасьць, цяпер выдаваўся непамерна цяжкiм. А бывала, у часе бяседаў, Ваявода жартуючы выпростываў конскую падкову. Лёккi ветрык цяпер хiстаў яго, бы кволую саломiну.
      Iсьцi робiцца ўсё цяжэй i цяжэй. Сталёвы панцыр цягне ўнiз, шпоры чапляюцца за траву й карэньнi, iмгла засьцiлае вочы... Ногi пачынаюць грузнуць i правальвацца, на меч ужо ня можна абаперцiся - уперадзе балота... Але спераду чуцён няясны, аднастайны гул. Гэты гул i цягне Ваяводу да сябе, толькi гэты гул дае яму сiлы, у соты раз звалiўшыся, падняцца й пасоўвацца наперад. Лес - гэта адзiны ратунак, i Ваявода гэта добра ведае. Апошняя натуга, i густы цёмны лес зашамацеў над галавой.
      З палёккай уздыхнуўшы, Ваявода выпрастаўся на ўвесь рост - высокi, у дарагiм узбраеньнi, зь мячом у руках, ён рашуча закрочыў наперад.
      Некалькi крокаў у гусьцiню лесу, i Ваявода ўжо ляжыць пад густой ялiнкай, ухутаўшыся з галавою ў шырокi плашч i падклаўшы пад галаву баёвыя рукавiцы. Ня першы раз даводзiцца яму так спаць, i, як ён ведае, не апошнi. Няраз хадзiў Ваявода з Дружынай Вялiкага Князя й на крыжакоў, i на маскалёў, i на татараў, але гэтакага, што цяпер здарылася, ня бачыў нiколi. Будзе ён памятаць Ворсклу аж да скананьня: Разьбiлi татары Князёву Дружыну. Шмат там палегла Драбаў слаўных, Рыцараў чужаземных, i Князёў Лiтоўскiх, але яшчэ больш нехрыстаў татарскiх. Ад iх крывi аж вада ў Ворскле чырвонаю зрабiлася. Аднак не надарма змагалiся Дружыньнiкi Лiтоўскiя, не надарма паляглi яны на полi сечы: няхай i перамаглi там бусурманы, але не адважылiся ўсунуцца далей на Землi Княства Лiтоўскага. Шмат каштавала Хану гэтая сутычка зь Вiтаўтам. Хан абясьсiлеў i не адважыўся йсьцi далей, толькi некаторыя ваенначальнiкi татарскiя зь невялiкiмi аддзеламi ўрывалiся на землi лiтоўскiя, нясучы з сабою сьмерць, агонь i гвалт... Шмат чаго яшчэ перадумаў Ваявода, але нарэшце страта крывi й сiлаў зрабiлi сваё, заснуў ён, ня ведаючы, што ад самага пачатку яго пешай вандроўкi за iм сочаць некалькi пар пiльных вачэй...
      2. У СЛУЦКУ
      Напружана маўчала замчышча. Сiвыя муры вежаў i сьценаў з пагрозай паглядаюць навокал. Прадзамкавыя ровы напоўнены вадой, масты падняты, з муроў не зыходзiць варта. Дзясяткi вялiкiх кашоў напоўнены ядавiтымi гадзюкамi, каб пры першай пагрозе выпусьцiць iх у ровы - гэта трохi страшней за пасткi й стрэлы. Удзельны князь Слуцкi, са слаўнага роду Алелькавiчаў, - у недалёкiм мiнулым вялiкi зух i нястомны наезьнiк, а зараз ужо стары й аслабелы, сiвы як голуб, рашыў баранiць свой замак, на той выпадак калi Вялiкi Князь будзе разьбiты татарамi. Князь чуў, што татараў iдзе незьлiчоная колькасьць, што iх дасюль ня здолеў затрымаць нiхто. Але ўсёроўна даў загад падрыхтавацца да абароны, а аб скланеньнi галавы перад Ханам, не хацеў i слухаць.
      - Хто яшчэ запрапануе мне, Князю Дрыгвiцкаму, пакарыцца перад Ханам i пакiнуць у бядзе Гаспадара Нашага Вялiкага Князя Лiтоўскага, таго галава будзе па татарскаму звычаю тырчэць на канцы рацiшча, i будзе выстаўлена на ганьбу! прамовiў Князь перад сваёй невялiкай Дружынай, большую частку якой ён адправiў з Ваяводай Фёдарам Грозаўскiм на дапамогу Вiтаўту.
      Пярэчыць яму нiхто не адважваўся, ведалi: у старога слова - мур, сказаў выканае. Вось каб быў Ваявода Фёдар, то ён мог бы й пераканаць Князя аб безсэнсоўнасьцi такога супрацiву - Князь яго любiў i слухаў яго парадаў.
      Тым часам, Князь загадаў напоўнiць усе каморы збожжам. Нават некалькi пакояў адпусьцiў пад харчавыя склады. Замкавы двор напоўнiўся быдлам. Стары прадбачаў доўгую аблогу й рыхтаваўся не жартуючы. Яго голас быў чутны ўсюды, ён ведаў законы вайны й сiлу голада. Сам няраз быў абложнiкам i абложаным, i навучыўся асьцярожнасьцi ды прадбачлiвасьцi.
      Ужо другi дзень iмжыць дождж. Шэрая ймгла засьцiлае зямлю й неба. Вiльгаць, халодная й непрыемная, пранiкае ўсюды: за каўняры, пад плашчы, асядае расой на вусах i бародах дружыньнiкаў, сьцякае па кажухах вартавых.
      У невялiкiм Слуцку, абнесеным абароннымi валамi, жыцьцё замерла. Толькi ў кузьнях стук малаткоў ды бразгат жалеза - народ рыхтуецца сустракаць няпрошаных гасьцей. Усё мужчынскае насельнiцтва не выходзiць з хаты безь мяча, пернача цi баявой сякеры. Хлапчукi шныраюць усюды, дзе можна раздабыць якую-колечы зброю: стары меч без дзержака, зламаную дзiду, лук, а шмат хто зь iх ужо апрануўся ў старую прадзюраўленую й заржавелую кальчугу.
      Раптам, па брукаванай вулiцы зацокалi падковы. Усё што было жывога насьцярожылася, рукi ўхапiлiся за зброю. Напружана глядзяць твары й з пасiвелымi бародамi, i здаровыя вусатыя, i маладыя, i нават зусiм яшчэ дзiцячыя тварыкi хлапчукоў-падлеткаў.
      Праймчаўся чорны, як воран, конь у напрамку да замка, сядок у баявым панцыры i на шчыту Ярылаў Крыж...
      - Свой! - выдыхнулi з палёккай соткi грудзей.
      Коньнiк, тымчасам, даскакаў да замкавых роваў. На вежы прабiлi трывогу. Коньнiк спынiўся супраць галоўнае вежы й стаў чакаць.
      - Хто ты? I чаго хочаш? - прагучэў голас вартавога.
      - Пярун i Вiтаўт! - адказаў коньнiк.
      Загрымелi ланцугi, i мост паволi апусьцiўся, акутая жалезнымi цьвiкамi брама паднялася й упусьцiла коньнiка ў скляпенiсты праход вежы. Зьявiўся сам Стары Князь са сьвiтай i загадаў прыехаўшаму падняць забрала й паказаць твар.
      Коньнiк завагаўся й прыдушаным голасам запытаўся:
      - А не было-б лепей, каб пакуль што толькi Ваша Княжая Мiласьць ведалi, хто я?
      Сьвiта зь недаверам пазiрала то на Князя, то на чужака, некаторыя зь iх ухапiлiся за мячы й шчыльней пасунулiся да Князя, падазраючы пастку.
      - Князь! Ня слухай яго!... Не адсылай нас! - выступiў уперад адзiн з прысутных Драбаў. - Загадай лепей скруцiць яму рукi й даведацца, хто ён такi!
      - Iдзiце! Усе! - прагучаў загад.
      Калi апошнi з вояў выйшаў, коньнiк саскочыў зь сядла й укленчыў перад Князем.
      - Княжа, прабач твайму халопу, што не сайшоў з каня ў тваёй прысутнасьцi ды зажадаў заставацца з Тваёй Мiласьцю сам на сам. Я, стрэмяны Твайго Ваяводы Фёдара Грозаўскага, - з гэтымi славамi стары Бай зьняў шолам, i густыя сiвыя валасы разсыпалiся па плячах, у яго вачах блiшчэлi сьлёзы.
      - Устань, верны халоп! Я бачу, ня з добрымi весткамi ты прыехаў. Бачу, у цябе пры сядле й шчыт Ваяводы Фёдара, нададзены яму Гаспадаром Вялiкiм Князем Вiтаўтам. Дзе Ваявода? Забiты? - голас Князя дрыжэў.
      - Не, Княжа, жывы Ваявода, але дзе Яго Сьветласьць, ня ведаю. Паранены ён, ня мог у сядле трымацца, а бусурманы даганялi, дык пайшоў ён напеша ў лес. Балазе цемра памагла. А я адцягнуў увагу бусурманскiх нехрысьцяў на сябе. Але не надоўга, як iздох пада мною конь, перасеў я на Ваяводавага, а яны, убачыўшы труп каня майго, зразумелi нашы хiтрык i адсталi. Мусiць, шукаць будуць Ваяводу, не адыйдзе ён далёка, цяжкую рану ў баку мае.
      Князь выразным жэстам загадаў Баю йсьцi зь iм, i абодва зьнiклi за дзьвярыма ў княжыя пакоi.
      Хутка ўвесь замак i места абляцела вестка: "Вялiкi Князь даў бой татарам на рацэ Ворскле. Амаль уся Вялiкакняжая Дружына палегла. Рэшткi прабiваюцца ў Полацак, i заклiкаюць народ па ўсёй Лiтве ў свае харугвы. Ганцы з гэтым клiчам разьехалiся па ўсiх Княствах i Землях Лiтоўскiх. Але й татары пасьля гэтага пабоiшча не адважваюцца йсьцi далей".
      У цэрквах загудзелi званы, захваляваўся народ, хутчэй загрымелi малаты ў кузьнях. Небясьпека адкрытая рэзала ў сэрца. "Што будзе далей? Што будзе?" шаптаў кожны, i з надзеяй зварочваў пагляд у бок замкавых вежаў.
      Замак маўчаў. Сiвы й грозны, ён ашчацiнiўся зубцамi вежаў i муроў. Вартавыя, як ценi, нячутнай хадой, безупынна, узад i ўперад пасоўвалiся каля байнiц. Нiчога не нагадвала на тое, што ў замку зараз кiпiць жыцьцё як у мурашнiку: сядлаюцца конi, апошнi раз аглядаецца зброя, i падымаюцца апошнiя кухлi старога пенiстага мёду...
      Зь лязгатам апусьцiўся мост, паднялася брама, пачулася цоканьне падкоў, i некалькi закутых у жалеза коньнiкаў з доўгiмi дзiдамi ўраганам выляцелi з замку. Пранесьлiся па бруку места i на поўным скаку мiнуўшы вартавую заставу, зьнiклi ва ймгле...
      3. У ЛЕСЕ
      Ранiшнi халадок забраўся пад плашч. Ваявода разплюшчыў вочы i, не высоўвываючы з-пад плашча галавы, прыслухаўся: усё цiха, толькi лес шапоча, ды дробна шэлясьцiць дождж. Сеў, разгледзiўся: нiкога. Спалоханы птах пераляцеў з дрэва на дрэва, струснуўшы з галiнаў цэлы вадаспад вады. Ваявода ўзьняўся на ногi. Ад нязграбнага руху, супакоiўшыся боль у баку ўзнавiўся. Умыўся расой i, аглядаючыся па баках, з роспаччу прамовiў:
      - Нiкога! Адзiн...
      - Ты не адзiн, Ваявода! - пачуўся стылу басiсты голас. Фёдар крута павярнуўся й выхапiў меч - так нечакана пачуўся гэты голас, што нават не было часу зьмяркаваць, адкуль i ад каго ён паходзiць.
      - Не сьпяшайся, Ваша Сьветласьць. Мы свае... - з гэтымi словамi з куста вылез малады дзяцюк, i, шырака ўсьмiхаючыся, пакланiўся. Круглы ўсьмехнены твар, задраны дагары нос, вяснушкi, i раскудлачаныя, саламянага колеру валасы, выбiўшыяся з-пад iрванай заячай шапкi, зрабiлi на Ваяводу добрае ўражаньне. Ён упiхнуў меч у похву й лагодна запытаў:
      - Ты хто такi, хлопча? Што ты тут робiш?
      - А мы цябе пiльнавалi... Доўга ты спаў. Нас тут шмат... Татары не здагналi твайго... твайго, ну халопа. Яго конь iздох, дык ён на тваiм уйшоў. Здагадалiся яны, што ты напеша павандраваў, але знайсьцi iм цябе не ўдалося, дый каб i знайшлi, то нiчога не ўчынiлi-б, бо мы не далi-б. Далiбог, не далi-б... Нi ў жысьць...
      - Ты, хлопча, скажы мне, як дабрацца адсюль да Слуцка? Конь мне патрэбны.
      Дзяцюк задумаўся, часта моргаючы вачамi й пазiраючы дзесь у шэрае неба, потым, раптоўна схамянуўшыся, разплыўся йзноў ва ўсьмешцы й зь вялiкай павагай прамовiў:
      - Ты, Ваявода, запытайся ў Васiля, ён скажа!
      - Што за Васiль такi?
      - Ты Васiля ня ведаеш? - недаверлiва працягнуў дзяцюк, - Капыльскага Васiля?
      - Не, ня ведаю.
      - Ня ведаеш... - нiяк ня мог пагадзiцца бядак. - Як-жа так?... - дасюль ён быў пэўны, што Васiля мусiць ведаць увесь сьвет. - Ну то я яго паклiчу, - i, сагнуўшыся, палез у густыя кусты.
      Хутка дзяцюк вярнуўся, а за iм прыйшоў волатаўскага росту мужчына ў прыгожай тонкай кальчузе й зь цяжкiм мячом пры баку. Глыбокi чырвоны рубец прабягаў па яго левай шчацэ й хаваўся ў кучаравай каштанавай бародцы. Высокi чысты лоб, разумныя спакойныя вочы й доўгiя каштанавыя валасы здалiся Ваяводзе знаёмымi.
      Прышэлец нiзка пакланiўся й, радасна ўсьмiхнуўшыся, так як усьмiхаюцца толькi сваяку цi добраму прыяцелю, запытаўся:
      - Не пазнаеш, Ваявода? Памятаеш, як пяць гадоў таму мы разам бiлiся ў Гаспадарскай Дружыне супраць крыжакоў пад Вiльняй? Мне тады немец сякерай па шоламу задзялiў. Цэлае забрала зьнёс, i вось гэтую памятку пакiнуў, - указаў ён пальцам на рубец.
      Перад вачамi Фёдара паплылi ўжо амаль забытыя малюнкi: здаровыя й рослыя жамойты, але бедныя й абарваныя, iхныя Бажкi й глiняныя Iдалы. Закутыя ў жалеза Рыцары ў белых плашчах з чорным злавесным крыжам. Цяжкая коньнiца гэтых Рыцараў, зьмятаўшая на сваiм шляху безабаронныя вёскi й гарады пад нудны й жудасны напеў зьмеепадобных фанфараў. Жамойцкiя паслы, прыйшоўшыя ў Полацак, каб прасiць ад Вялiкага Князя дапамогi й абароны ад зьдзеку й гвалту гэтых Рыцараў. Памятаў Ваявода яшчэ й словы, сказаныя пасланцамi: "...не самi ад сябе просiм, а ад жон i дачок нашых, пазбаў iх, Гаспадар Вялiкi Княжа, ад зьдзекаў i сораму, чыненых iм Рыцарамi зямлi Нямецкае... Ты - нашы валадар, i к Табе зварочваемся мы. Заступi, не аддай нас на зьдзек ворагу Твайму й нашаму..."
      Пасьля гэтага хутка сустрэча з крыжакамi, стук, лязгат жалеза, звон сталi, енкi й стогны, конскае йржаньне... Невялiкага росту Вiтаўт, заўсёды яго белыя пёры на шоламе маячылi ўперадзе, далёка выперадзiўшы свой Штандар i Дружыну... Масы Рыцараў у белых плашчах насядаюць на Гаспадара, iх плашчы трапечуцца, як сьнежная завiруха. Ваявода Фёдар першы заўважвае небясьпеку й кiдаецца туды. Яго меч, як цяжкi кавальскi молат, абрушваецца на голавы Рыцараў-крыжакоў. Вось, побач зь iм нехта таксама ўпарта тне - толькi кроў i iскры пырскаюць з-пад мяча. Шэрагi крыжакоў прыкметна радзеюць, ужо й Гаспадар заўважыў небясьпеку, Ваявода з палёккай уздыхае... Раптам цяжкая баявая сякера абрушваецца на галаву коньнiка побач. Ваявода заўважае: палова шоламу адляцела, пырскнула кроў, коньнiк падае... Сеча скончылся, рэшткi крыжакоў уцякаюць, забыўшыся на свой гонар. Ваявода памалу прабiраецца да свайго шатра, навокал конскiя й людзкiя трупы, зброя, плашчы, кажухi... Каля шатра яго чакае высокi мужчына, пацiскае моцна руку: "Ты, Ваявода, выратаваў Гаспадара Вялiкага Князя!" - чуе ён поўныя шчырага захапленьня словы незнаёмца са сьвежай ранай на левай шчацэ - даўгiя кашатанавыя валасы, высокi лоб... Больш яго Ваявода ня бачыў, хаця й стараўся знайсьцi, але вось зараз ён тут. Фёдар радасна працягвае незнаёмцу руку:
      - Як называць цябе, i якога рамяства ты чалавек?
      - Клiчуць мяне Васiлём, па прозьвiшчу Капыльскi. Бацька гандлем займаўся й мяне прывучыць хацеў, але не да смаку мне яно прыйшлося, i зьмянiў я бязьмен на меч. А зараз, вось падаўся ў лес, не даюць нехрысьцi праклятыя жыцьця нiякага. Бацьку забiлi, сястру закатавалi, другая сястра тут у лесе са мной, а мацi-старушка зь бяды ды жалю нядаўна памерла, Царства ёй нябеснае. Маёмасьць татарва разьцягнула, а хату спалiлi. Хаваемся вось у лесе, вандруем, ды чакаем, калi ўжо нарэшце Гаспадар Вялiкi Князь сапраўды Землi свае ачысьцiць.
      - Ачысьцiць, дай толькi яму новую Дружыну сабраць. Навядзе ён парадак, пагонiць татарву, дый крыжакам трэба яшчэ прыпомнiць, што ў Жамойцi й пад Вiльняй ня маюць яны чаго шукаць, хiба косткаў спарахнелых!
      - Дай Бог!... Хадзем, Ваявода, паснедаеш ды абсушысься. Рану перамыць трэба. Чым гэта? - прамовiў Васiль, разсоўваючы кусты.
      - Учора, напала купа татараў, счапiлiся мы, я ды стары Бай - стрэмяны мой, а iх шасьцёра. Доўга ня бавiлiся, паклалi iх усiх да аднаго, але новыя падасьпелi. Здаецца, з паўсотнi. Завярнулi мы конi й ускакалi, але дагнала страла, якраз пад наплечнiк улезла, ледзь выдзёрлi яе зь мясам. Як зараз да Слуцку дабрацца, трэба там хоць з сотню вояў сабраць...
      - Я маю паўсотнi! Удалыя хлопцы, зубры! Бяры нас з сабой, Ваявода, разам пойдзем. А, дабраўшыся да Слуцку - можа, i там сотню зьбяром, дык ня сорамна будзе й перад Вялiкiм Князем стаць.
      Празь некалькi крокаў сталi паказвацца буды, збудаваныя з жэрдак i ламачча. Зь некаторых проста праз страху выходзiў дым. Прыемна пахла шафранам, смажаным мясам, гарачым хлебам.
      Падыйшлi да невялiчкае халупкi. Тонкi дымок вiўся над яе саламянай страхой, у сярэдзiне нешта шыпела й апэтытна патрэсквала. Васiль адчынiў дзьверы й спынiўся, прапускаючы Ваяводу ўперад. Фёдар зрабiў крок праз парог, i раптам нешта моцна стукнула яго ў паранены бок, здалося - зь нейкiм сутыкнуўся. Мiмаволi, пахiснуўшыся, ён выцягнуў рукi й за кагось ухапiўся, каб ня ўпасьцi. З тылу падтрымаў Васiль. У паўзмроку памешканьня Ваявода ня мог нiчога разгледзець i моцна трымаў штось мяккае трапятаючаеся.
      Паступова яго вочы прызвычаiлiся да змроку, i ён убачыў, што трымае ў сваiх жалезных абдымках маладую дзяўчыну з доўгiмi жоўтымi косамi. Шчокi яе аж гарэлi ад крыўды й сораму, яна вырывалася й выкручвалася як магла, але ня так гэта было латва. Разгледзiўшыся, у чым рэч, Ваявода вiнавата апусьцiў рукi. Дзяўчына ластаўкай выпырхнула з хаты, але Фёдар пасьпеў заўважыць яе надзвычайнае хараство, хаця простая й невыдумная вопратка не пасавала да яе прыгожай i шляхетнай постацi. Усё гэта адбылося так хутка й неспадзявана, што Ваявода, загартаны й адважны ў баю, тут разгубiўся й не здагадаўся ў першы момант папрасiць выбачэньня.
      - Гэта мая сястра, - прамовiў Васiль - сядай, Ваявода, пасьнедаем чым Бог паслаў. - Ён высунуўся зь дзвярэй i загадна гукнуў - Марыля, дай нам з госьцем пасьнедаць!
      - Зараз! Iду! - пачуўся ў адказ звонкi й прыемны голас.
      Пры дапамозе Васiля, Ваявода скiнуў цяжкi панцыр i, кусаючы ад болю вусны, прыняўся аддзiраць ад раны кашулю, прасякнутую крывёй i прысохлую. Васiль рыхтаваў бандаж, разьдзiраючы на паскi кавалак тонкага палатна. Раптам за сьпiнай Фёдара пачуўся йзноў той самы звонкi голас, але зараз ён дрыжэў i быў гатовы перайсьцi ў плач:
      - Што вы робiце? Цi-ж можна так, ад жывога мяса йрваць? Гэта-ж балiць!
      Фёдар азiрнуўся. У яго за сьпiнай стаяла Марыля, пужлiва ўтаропiўшы вочы ў пачаўшую сачыцца з-пад кашулi кроў.
      - Гэта нам не ў першыню, - адазваўся з кута Васiль. - Ад татарына лёккiя раны застаюцца, а вось немец, дык дзiрку дзiркай пакiне, хоць латку прышывай. Кажуць, i шкоты ня горш за немца сякерай лашчаць?..
      Ваявода хацеў штось дадаць, як Марыля ўскрыкнула:
      - О, Божа коханы! Калi ўжо гэтыя няшчасьцi ды войны скончацца?! - i яна глыбака ўздыхнула.
      Тут толькi Фёдар зьвярнуў увагу на рысы яе гнуткага стану й падумаў: "Сапраўдная князёўна!" Яго пагляд не схаваўся ад увагi Марылi. Яна ўспыхнула, як полымя, i, залiўшыся чырваньню, хацела выбегчы з памяшканьня, але, угледзеўшы, што Ваявода йзноў бярэцца за кашулю, ускрыкнула:
      - Ня рвiце, Ваша Сьветласьць! Дазвольце я зраблю!...
      - Ну зрабi - пагадзiўся, няведама чаму радуючыся, Ваявода й, адразу-ж адвярнуўшыся да Васiля, прамовiў: - Загадай, каб таго павешанага зьнялi. Трэба-ж яго пахаваць па Хрысьцiянскаму звычаю... Хто ён такi, ня ведаеш?
      - Здаецца, купец лацiнскi - адказаў той i выйшаў з хаты.
      Марыля, мiж тым, абярнуўшыся каля вогнiшча, падыйшла да Ваяводы з чарапком цёплай вады. Асьцярожна прамываючы рану, яна адыймала размоклую кашулю, ня робячы нiякага болю. Паступова вызвалiўшы ад лахмоцьця ўвесь бок, яна прамыла пачаўшую гнаiцца крываточыну й памазала нейкай пахучай мазяй, каторая як агнём апякла скуру. Фёдар аж скрыпнуў зубамi.
      - Гэтая мазь з жучкоў на вiшнях робiцца, - выпрасталася Марыля - Пасьля яе ўсякая рана загоiцца.
      Але памылiлася дзяўчына, ня ведала, што сьвежую рану дастаў Ваявода, i ад гэтай раны няма лекаў, няма мазi - нават з кузуркаў на вiшнях...
      - Зараз прынясуць яго, - паказаўся ў дзьвярах Васiль. Ён моўчкi прысеў на лаву й пачаў сачыць вачамi, як Марыля спрытна абмотвае бандажом магутную сьпiну госьця.
      - А зараз, прашу за стол, - папрасiла яна Фёдара, закончыўшы зь перавязкай - Чым багаты, тым i рады. Але, здаецца, паастыла ўжо ўсё.
      - Нiчога - усьмiхнуўся Васiль. - Апэтыту нам не забракуе. Праўда, Ваявода?
      - Ды няма чаго грашыць, прагаладаўся...
      На стале зьявiлася патэльня смажанага сала й блiны. Мужчыны адразу-ж навалiлiся на ежу так, што Марыля не пасьпявала падносiць. А смачныя яны, сьвежыя блiнцы, ды з хрусткай скваркай. Некаторы час было чуваць толькi смачнае хрумканьне - абодва не любiлi размаўляць у часе ежы. Раптам яны насьцяражылiся: здалёк наблiжаўся нейкi гуд i галасы. Наблiжаўся ня хутка, але ўпэўнена. Ужо можна было адрозьнiць паасобныя выгукi:

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17