Першая справа Мэгрэ (на белорусском языке)
ModernLib.Net / Детективы / Сименон Жорж / Першая справа Мэгрэ (на белорусском языке) - Чтение
(стр. 2)
- Чаму ты пытаешся? Яна табе не падабаецца? - Проста хачу ведаць, чаму ты купляеш менавiта гэту каву, а не iншую. Хiба яна найлепшая? - Ва ўсякiм выпадку - не найгоршая, да таго ж - i з карцiнкамi. Ён зусiм забыўся пра альбом, у якi жонка старанна ўклейвала карцiнкi, схаваныя ў кожным пачку кавы. На карцiнках былi намаляваны кветкi з усяго свету. - Калi назбiраць тры поўныя серыi, можна бясплатна атрымаць арэхавую спальню. Мэгрэ прыняў душ - тады ў кватэры яшчэ не было ванны. Потым паеў супу: ён заўсёды еў суп ранiцай у сябе ў вёсцы i захаваў гэту звычку ў горадзе. - Ты, канешне, не ведаеш, калi вернешся? - "...у гэтыя гадзiны цi днi службоўцу не можа быць гарантаваны адпачынак", - з усмешкай сказаў ён. Мадам Мэгрэ вельмi добра ведала свайго мужа. На яе галаве ўжо красаваўся капялюшык. Яна любiла праводзiць мужа на работу, быццам дзiцё ў школу, але да самага камiсарыята не даходзiла, бо ён бы адчуваў сябе няёмка пры сустрэчы з якiм-небудзь сваiм калегам. Роўна а дзесятай на вулiцы Лярошфуко спыняўся кабрыялет камiсара, запрэжаны няўрымсным стаеннiкам, i фурман забiраў лейцы з рук гаспадара. Максiм Лё Брэ быў, мусiць, адзiны палiцэйскi камiсар ва ўсiм Парыжы, якi меў уласны экiпаж i жыў у Мансо ў адным з новых гмахаў па бульвары Курсэль. Перш чым з такiм форсам з'явiцца ў камiсарыяце, ён паспяваў адведаць клуб Гоша, пафехтаваць там, паплаваць у басейне i пабываць у масажыста. Рапарт Мэгрэ ўжо ляжаў на стале камiсара, i Мэгрэ думаў пра гэта з глухой трывогай. Гэта быў ягоны першы рапарт. Ён усю ноч да дня старанна працаваў над iм, сiлячыся нiчога не ўпусцiць з зусiм яшчэ свежых у памяцi тэарэтычных выкладак. Пасля падзей на вулiцы Шапталь флейтыст Жустэн Мiнар так i не пакiнуў Мэгрэ, правёў яго назад да самага камiсарыята. Яны спынiлiся ля ўвахода. - Вы жанаты? - спытаў Мэгрэ. - Жанаты. - Жонка, напэўна, непакоiцца. - Гэта не мае значэння. I Жустэн зайшоў у камiсарыят. Мэгрэ занатаваў паказаннi музыканта, даў яму падпiсаць. Аднак флейтыст усё не iшоў дадому. - Жонка ўчынiць вам скандал. - Гэта не мае значэння, - з мяккай упартасцю паўтарыў Жустэн. Чаму Мэгрэ думаў цяпер пра гэта? Ён амаль сiлай справадзiў яго на золку. Развiтваючыся, флейтыст нясмела i разам з тым настойлiва запытаўся: - Вы дазволiце мне прыйсцi пабачыцца з вамi? Ён падаў скаргу на дварэцкага Луi, у якой рашуча настойваў на ўмяшаннi палiцыi. Усе гэтыя паперы, прыведзеныя ў бездакорны парадак, ляжалi цяпер на стале камiсара, паверх штодзённых, менш значных рапартаў. Рэдка хто бачыў, як прыходзiў Максiм Лё Брэ, таму што iшоў ён бакавым калiдорам i трапляў проста ў свой кабiнет, але прыход яго быў чуцён, i на гэты раз у Мэгрэ ёкнула сэрца. На лаве ўжо месцiлася з тузiн звычайных клiентаў, у большасцi бедных людзей, галоты; ён па чарзе выклiкаў кожнага, выдаваў даведку аб месцы жыхарства цi аб маёмасным становiшчы, рэгiстраваў згубленыя цi знойдзеныя рэчы, адпраўляў у камеру падабраных на бульварах жабракоў цi гандляроў забароненымi таварамi. Пад насценным гадзiннiкам у чорным футарале цьмяна паблiскваў каўпак электрычнага званка, i калi гэты званок зазвiнiць... Мэгрэ прыкiнуў, што спатрэбiцца хвiлiн дванаццаць, каб прачытаць ягоны рапарт i паказаннi сведкi Мiнара. Мiнула дваццаць хвiлiн, а выклiку ўсё не было, i толькi лёгкае шчоўканне званка пасведчыла, што шэф прасiў злучыць яго з некiм па тэлефоне. Абабiтыя дзверы аддзялялi кабiнет Лё Брэ ад залы камiсарыята. Яны заглушалi нават самыя гучныя галасы. Цi не з Рышарам Жандро, сваiм частым сатрапезнiкам, перагаворваўся па тэлефоне Лё Брэ? Званка не было. Раптам дзверы прыадчынiлiся. - Мэгрэ! "Добрая прыкмета? Цi кепская?" - Зайдзiце, дружа. Перш чым сесцi за стол, камiсар, пыхкаючы цыгарэтай, некалькi разоў абышоў пакой. Нарэшце ён паклаў руку на папку з паперамi, памаўчаў, нiбы падбiраючы словы, уздыхнуў: - Я прачытаў вашы цыдулкi. - Слухаю, месье камiсар. - Вы зрабiлi так, як былi абавязаны зрабiць. Ваш рапарт вельмi талковы, вельмi скрупулёзны. - Дзякую, месье камiсар. - У iм нават пра мяне iдзе гаворка. Ён жэстам спынiў Мэгрэ, якi памкнуўся запярэчыць. - Гэта зусiм не папрок, наадварот. - Я стараўся як мага дакладней запiсаць усё бачанае i пачутае. - I вы мелi магчымасць агледзець увесь дом? - Мяне вадзiлi з пакоя ў пакой. - I вы маглi ўпэўнiцца, што нiчога надзвычайнага не аказалася? - У пакоi, азначаным Жустэнам Мiнарам, цюлевая фiранка была прышчэмлена рамай, як быццам той, хто зачыняў акно, вельмi спяшаўся. - Але гэта магло быць зроблена невядома калi, цi ж не так? Дзе доказ, што фiранка прышчэмлена толькi што, а не шмат дзён назад? - Бацька, месье Фелiсьен Жандро-Бальтазар, як мне падалося, вельмi ўсхваляваўся, калi ўбачыў мяне ў доме. - Вы напiсалi - "перапалохаўся". - Такое маё ўражанне. - Я асабiста ведаю Жандро, мы некалькi разоў на тыдзень сустракаемся з iм у клубе. - Я ведаю гэта, месье камiсар. Камiсара - сiмпатычнага, пародзiстага мужчыну - можна было бачыць на ўсiх свецкiх прыёмах, таму што ён быў жанаты на адной з самых заможных спадкаемнiц Парыжа. Аднак, нягледзячы на свой вобраз жыцця, ён усё ж прымушаў сябе настойлiва працаваць. Павекi яго ўкрывала тонкая сетка зморшчынак, ля вачэй вырысоўвалiся глыбокiя "гусiныя лапкi". Вiдаць, гэтай ноччу, як, зрэшты, i большасцю папярэднiх, ён спаў не даўжэй за Мэгрэ. - Паклiчце да мяне Бесана. Бесан быў той адзiны iнспектар, якога пакiнулi ў камiсарыяце на час манаршага вiзiту. - У мяне ёсць для вас адна работка, Бесан. Ён вырваў з блакнота лiсток, запiсаў на iм прозвiшча i адрас флейтыста Жустэна Мiнара. - Збярыце, калi ласка, усе звесткi пра гэтага чалавека, месье. I чым хутчэй, тым лепей. Бесан зiрнуў на адрас, узрадаваўся, што працаваць давядзецца ў самiм Парыжы, i паабяцаў: - Будзе зроблена, шэф. Застаўшыся сам-насам з Мэгрэ, камiсар ледзь прыкметна ўсмiхнуўся i прамовiў: - Вось так. Лiчу, што гэта адзiнае, што трэба зрабiць перш за ўсё. * * * Седзячы за сваiм чорным сталом, Мэгрэ з невядомай яму дагэтуль раздражнёнасцю разбiраў зашмальцаваныя паперы, выслухоўваў скаргi канс'ержаў i тлумачэннi вулiчных гандляроў. Самыя крайнiя рашэннi прыходзiлi яму ў галаву: напрыклад, неадкладна падаць у адстаўку. Выходзiць, усё, што камiсар, на яго думку, у сiле зрабiць гэта сабраць звесткi аб флейтысце! Дык чаму б ужо i не арыштаваць яго дый не адлупцаваць заадно?! Мэгрэ таксама мог бы пазванiць вышэйшаму начальству альбо нават пайсцi да яго на прыём. Ён быў асабiста знаёмы з Ксаўе Гiшарам, шэфам Вышукной палiцыi. Ксаўе Гiшар даволi часта праводзiў свой адпачынак непадалёку ад iх вёскi ў Алье i колiсь сябраваў з бацькам Мэгрэ. Ён не тое што памагаў Мэгрэ, але непрыкметна ўвесь час сачыў за iм здалёку, цi, дакладней, зверху, i, вiдаць, менавiта пры яго садзейнiчаннi вось ужо чатыры гады Мэгрэ пастаянна пераводзiлi з адной работы на другую, каб ён на ўласным вопыце пазнаёмiўся з усiмi спружынамi палiцэйскай службы. "Мiнар не вар'ят. I не быў п'яны. Ён сваiмi вачыма бачыў, як расчынiлася акно. I чуў стрэл. I я сам выдатна бачыў масляныя плямы на брусчатцы". Ён абурана выкажа ўсё гэта. I запатрабуе... Нечакана яго асянiла думка. Ён выйшаў з пакою, спусцiўся па сходках з трох прыступак унiз i апынуўся ў дзяжурцы, дзе палiцэйскiя рэзалiся ў карты. - Скажыце, брыгадзiр, ужо ўсе паставыя, якiя дзяжурылi сёння ноччу, паздавалi рапарты? - Не, не ўсе. - Мне б хацелася, каб вы задалi iм адно пытанне. Я хацеў бы ведаць, цi не прыкмецiў хто-небудзь з вашых памiж апоўначчу i дзвюма гадзiнамi ночы аўтамабiль маркi "дыён-бутон" у нашым квартале. Нам невядома: апрача шафёра, быў яшчэ хто-небудзь у машыне цi не? Абыдземся без камiсара! "Усялякае распачатае следства цi назiранне..." Ён выдатна ведаў тэорыю. Бальтазар гэта цi не Бальтазар, а следства вядзе ён. Гадзiне а дванаццатай яго апанавала дрымота, але яго чарга iсцi на полудзень яшчэ не падышла. Павекi злiпалiся. Часам ён нават па два разы задаваў адно i тое ж пытанне сваiм клiентам. З'явiўся Бесан. Водар абсенту зыходзiў ад яго вусоў i нагадваў пра прахалоду "бiстро" цi пра мяккае асвятленне ўтульнай тэрасы якой-небудзь кавярнi на Вялiкiх Бульварах. - Шэф яшчэ тут? Камiсара на месцы ўжо не аказалася, i Бесан сеў за стол, каб скласцi пiсьмовы рапарт. - Няшчасны чалавек! - уздыхнуў ён. - Хто? - Музыкант. I Бесан, свежы, ружовашчокi здаравячок, працягваў: - Па-першае, ён сухотнiк. Аднаго гэтага аж занадта. Вось ужо два гады, як яго намагаюцца адправiць у горы, але ён i слухаць не хоча. У бок плошчы Сэн-Жорж галопам праскакалi конi. Ранiцай на плошчы Iнвалiдаў адбыўся парад, i цяпер вайсковыя часцi вярталiся ў казармы. У горадзе ўсё яшчэ панавала ўзбуджанасць, усюды, куды нi глянь, калыхалiся сцягi, разгульвалi ваенныя ў параднай форме, грымелi аркестры, стракаты натоўп спяшаўся да Елiсейскага палаца, дзе давалася афiцыйнае снеданне. - Жывуць яны ў двухпакаёвай кватэры, вокнамi ў двор. Шосты паверх без лiфта. - Вы хадзiлi да iх? - Я перакiнуўся словам спярша з вугальшчыкам, якi жыве ў тым жа доме, пасля з канс'ержкай, яна аказалася маёй зямлячкай. I зiмой i летам кватаранты скардзяцца ёй на флейтыста, што ён дзень пры днi грае ля насцеж расчыненага акна. Канс'ержка вельмi добра адносiцца да яго. Вугальшчык таксама, хоць флейтыст i завiнавацiўся яму за вугаль. Што да ягонай кабеты... - Вы бачылi яе?.. - Яна якраз выйшла з дому, калi я сядзеў у канс'ержкi. Мажная пышная брунетка, а вочы так i сыплюць зоркi! Кармен, дый годзе! Вечна ў халаце i ў шлёпанцах шпацыруе па навакольных крамах. Толькi i занятку ў яе, што ходзiць па гадалках. Мужа грызе без адхлання. Канс'ержка божыцца, што яна нават б'е яго. Няшчасны чалавек!.. Бесан вымучыў некалькi радкоў: складаць рапарты было яму цяжка. - Я сеў у метро i адправiўся ў рэстарацыю "Клiшы", каб пагаварыць з начальствам флейтыста. Нiчога благога мне пра яго не сказалi. Не п'е. На работу прыходзiць заўсёды на пяць хвiлiн раней. З усiмi ветлiвы, а касiрка проста ў захапленнi ад яго. - А дзе ён сам? - Не ведаю. Але дома не было. Канс'ержка сказала б. Мэгрэ выйшаў з камiсарыята i рушыў у невялiчкi бар на плошчы Сэн-Жорж з'есцi пару крутых яек ды выпiць куфаль пiва. А калi вярнуўся, на яго стале ляжала запiска ад брыгадзiра. "Паставы Жульян заўважыў, што а палове другой ночы ля дома No 23 на вулiцы Мансар спыняўся аўтамабiль маркi "дыён-бутон". Акрамя шафёра, прыкметы якога супадаюць з вашымi, у iм нiкога не было. Машына хвiлiн дзесяць стаяла на вулiцы Мансар, потым рушыла ў напрамку вулiцы Бланш". Пад насценным гадзiннiкам зазвiнеў званок, i Мэгрэ паспешлiва падхапiўся, расчынiў абабiтыя дзверы. Камiсар ужо вярнуўся, i Мэгрэ ўбачыў на стале раскладзеныя лiсткi свайго рапарта, спярэшчаныя чырвоным алоўкам. - Заходзьце, калега. Сядайце. Даволi рэдкая ласка: звычайна камiсар ахвотней дазваляў сваiм падначаленым стаяць перад iм навыцяжку. - Вы, напэўна, увесь ранак праклiналi мяне? Ён таксама быў у мундзiры, але яго мундзiр быў пашыты ў найлепшага краўца з Вандомскай плошчы, а жылет, як заўсёды, быў самага моднага колеру. - Я ўважлiва перачытаў ваш рапарт. Цудоўны рапарт, дарэчы, - здаецца, я ўжо казаў вам гэта. Пагаварыў я i з Бесанам наконт вашага прыяцеля флейтыста. Мэгрэ вырашыў дзейнiчаць напралом. - Жандро-Бальтазары не званiлi вам? - Званiлi, але размова адбылася зусiм не ў тым тоне, у якiм вам здаецца. Рышар Жандро трымаўся цудоўна, хоць ён злёгку i кпiў з вас i з вашай заўзятасцi! Вы, безумоўна, чакалi, што ён будзе скардзiцца? Аднак рэакцыя аказалася якраз адваротнай. Тое, што ён палiчыў вас нявопытным i гарачым, гэта, спадзяюся, не крыўдзiць вас. Менавiта пагэтаму ён i не вытрымаў, дазволiўшы сабе мiлы жарт - расчынiў перад вамi дзверы свайго дома. Мэгрэ насупiўся. А начальнiк глядзеў на яго з хiтраватай усмешкай - з той усмешкай, якая так адметна аддзяляе ўсiх "сытых", цi, як цяпер можна сказаць, усiх "марнатраўцаў жыцця" ад рэшты шэрага люду. - А цяпер скажыце, дарагi, што б на маiм месцы зрабiлi вы сёння ранiцай. Мэгрэ прамаўчаў. I ён прадоўжыў: - Запатрабавалi б ордэр на вобыск? Па-першае, на якой падставе? Хiба нам падалi скаргу? Ва ўсякiм выпадку, не на Жандро. Хiба перад намi сур'ёзнае правапарушэнне? Анiякага. Хiба маюцца параненыя цi забiтыя? Наколькi нам вядома, няма. Сёння ноччу вы самi праверылi дом ад кутка да кутка, бачылi ўсiх яго насельнiкаў, сяго-таго нават у неглiжэ. Зразумейце мяне правiльна. Можна толькi здагадвацца, што вы перадумалi за сённяшнi ранак. Я прыяцель Жандро. Часта бываю ў iх. Належу да таго ж асяроддзя, што i яны. Прызнайцеся, што вы праклiналi мяне. - Але ёсць сведкавае паказанне i скарга Мiнара. - Таго самага флейтыста, я помню. А палове другой гадзiны ночы ён спрабуе сiлай уварвацца ў асабняк толькi таму, што яму памроiлiся крыкi аб ратунку. - Ён бачыў... - Не забывайце, што ён адзiны, хто нешта бачыў. Не ўстрывожыўся анiводзiн сусед. Пастаўце сябе на месца дварэцкага, разбуджанага грукатам у дзверы. - Прабачце! Памянёны Луi быў у фраку, нават пры гальштуку, i гэта а палове другой ночы. А ў доме, калi Мiнар пазванiў, не было нi агеньчыка. - Ну, дапусцiм. Але заўважце: гэта ўсё той жа ваш флейтыст заяўляе, што дварэцкi быў пры поўным парадзе. Ну дапусцiм, што так яно i было. Дык хiба гэта правiннасць? Праўда, Мiнара выставiлi за дзверы занадта груба. Але як зрэагавалi б вы, калi б якi-небудзь малойчык уварваўся ў ваш дом, даказваючы, што вы забiваеце ўласную жонку? Ён працягнуў свой залаты партсiгар Мэгрэ, якi зноў вымушаны быў нагадаць яму, што цыгарэт ён не палiць. Проста такая была ў Лё Брэ прывычка паблажлiвы жэст арыстакрата. - Цяпер разгледзiм пытанне з чыста адмiнiстрацыйнага боку. Вы склалi рапарт, i ён павiнен будзе ўрэшце легчы на стол прэфекта палiцыi, якi вырашыць, перадаваць яго ў пракуратуру цi не. Скарга флейтыста на дварэцкага таксама рушыць па адпаведных каналах. Мэгрэ дапытлiва паглядзеў на шэфа сярдзiтымi вачамi i зноў падумаў пра адстаўку. Ён ужо здагадваўся, пра што пойдзе гаворка далей. - Сям'я Жандро-Бальтазараў адна з самых вiдных у Парыжы. Любая бульварная газецiнка аж падскочыць ад шчасця, калi намi будзе дапушчана хоць найдробязнейшая недалiкатнасць. - Я зразумеў вас, - суха прамовiў Мэгрэ. - Вы ненавiдзiце мяне, цi ж не так? Вы думаеце, што я прыкрываю гэтых людзей, таму што яны багацеi i мае сябры. Мэгрэ памкнуўся згрэбцi са стала паперы i парваць iх на шматкi - намёк камiсара быў болей чым празрысты. Потым ён вернецца ў агульную залу i па магчымасцi цвёрдым почыркам напiша заяву аб звальненнi. - А цяпер, мiлы мой Мэгрэ, хачу вам нешта паведамiць. Пацешна: насмешка набывала эфектную канцоўку. - Ранiцай, пакуль я чытаў ваш рапарт, пакуль размаўляў з вамi, штось такое ўвесь час не давала мне спакою. Штось такое турбавала i нiяк не магло ўспомнiцца. З вамi такое здараецца? Ведаеш, што павiнен - абавязкова! павiнен нешта ўспомнiць, але чым больш намагаешся, тым меней удаецца. Я адчуваў, што гэта нешта вельмi важнае, што яно нават здольна змянiць усю справу. А высветлiлася ўсё на снеданнi. У пiку сваёй звычцы, я пайшоў снедаць дадому, таму што ў нас былi госцi. I вось, глянуўшы на жонку, я адразу ўзнавiў у памяцi кончык згубленага ланцужка. Аказваецца, мяне ўсю ранiцу непакоiла адна прамоўленая ёю фраза. Але што дакладна яна сказала? Раптам, у самы разгар снедання, успомнiў. Учора, перад тым як паехаць з дому, я, як звычайна, запытаўся: "Што ты будзеш рабiць сёння вечарам?" I жонка адказала: - Паедзем з Элiз i Бернадэтай пiць гарбату ў Сент-Анарэ. Бернадэта - гэта графiня д'Эсцiро. А Элiз - гэта Элiз Жандро-Бальтазар. Ён змоўк i паглядзеў на Мэгрэ сваiмi блiскучымi вачыма. - Вось такiя справы, калега. Мне заставалася толькi высветлiць, цi сапраўды ўчора а семнаццатай гадзiне Элiз Жандро пiла гарбату разам з маёй жонкай у адным з салонаў Пiфана. Яна была там, жонка пацвердзiла гэта. I нi разу не ўпамянула пра тое, што Элiз едзе ў Ансеваль. Вярнуўшыся сюды, я старанна перачытаў ваш рапарт. Твар Мэгрэ праяснiўся, i ён ужо раскрыў рот, каб даць волю сваёй радасцi, але... - Хвiлiнку! Не надта спяшайцеся. Сёння ноччу вы бачылi, што пакой Элiз Жандро быў пусты. Яе брат заявiў, што яна ў Ньеўры. - Значыць... - Нiчога не значыць. Рышар Жандро не пад прысягай казаў вам гэта. У вас не было нi ордэра, нi падстаў для допыту. - Але цяпер... - Цяпер не болей, чым учора. Вось чаму я раю вам... Мэгрэ зусiм разгубiўся. Быццам яго палiвалi то варам, то ледзяной вадой, i ён канчаткова быў збiты з панталыку. Яму стала душна. Якое прынiжэнне: з iм абыходзiлiся, як з дзiцем! - Дзе i як вы збiраецеся адпачываць? Пытанне было такое недарэчнае, што Мэгрэ праз сiлу сказаў, як выдавiўшы з сябе: - Не. - Наколькi мне вядома, чыноўнiкi маюць звычку загадзя рыхтавацца да адпускоў. Аднак, калi жадаеце, можаце ўзяць водпуск ужо цяпер, з сённяшняга дня. Я нават спадзяюся, што гэта ў нейкай ступенi супакоiць мае сумненнi. Тым болей, калi ў вас няма намеру пакiдаць Парыж. Палiцэйскi ў водпуску - ужо не палiцэйскi, ён можа дазволiць сабе такiя ўчынкi, за якiя адмiнiстрацыя не нясе адказнасцi. Зноў надзея. Але Мэгрэ ўсё яшчэ баяўся верыць. Чакаў ад камiсара новага каленца. - Спадзяюся, канешне, што скарга на вас ўсё ж не паступiць. Калi ж у вас узнiкне часам неабходнасць нешта паведамiць мне цi проста параiцца, званiце на бульвар Курсэль. Нумар майго тэлефона знойдзеце ў тэлефонным даведнiку. Мэгрэ зноў памкнуўся штось сказаць - на гэты раз каб падзякаваць, але камiсар ужо злёгку падштурхоўваў яго да дзвярэй. I раптам, нiбыта ўспомнiўшы нешта зусiм дробязнае, прамовiў: - Дарэчы, вось ужо шэсць цi сем гадоў, як Фелiсьен Жандро-бацька знаходзiцца пад сямейнай апекай, нiбы юны ветрагон. З таго часу як памерла мацi, усе справы фактычна вядзе Рышар. Як здароўе вашай жонкi? Трошкi прывыкае да Парыжа, да сваёй новай кватэры? Жылiстая рука шэфа пацiснула руку Мэгрэ, i ён апынуўся за абабiтымi дзвярыма. Усё яшчэ разгублены i прыгнечаны, ён машынальна падаўся да свайго стала, i раптам яго позiрк спынiўся на адной з постацей на лаве па той бок бар'ера. Там сядзеў флейтыст Жустэн. У чорным, але на гэты раз ужо не ў вячэрнiм, фраку i без плашча, ён пакорлiва чакаў сваёй чаргi, прымасцiўшыся памiж нейкiм бадзягам i таўстухай у зялёнай шалi, якая кармiла грудзьмi немаўля. Музыкант глянуў на Мэгрэ, нiбыта пытаючыся дазволу падысцi да бар'ера. Мэгрэ прывiтальна кiўнуў яму, сабраў паперы i перадаў справы аднаму з калег. - Iду ў водпуск! - У водпуск?! У красавiку, ды яшчэ калi ў нас на шыi яго вялiкасць?! - Уявi сабе, водпуск! Тады другi саслужывец, ведаючы, шго Мэгрэ нядаўна ажанiўся, запытаў: - Што, дзiця? - Не. - Захварэў? - Не. Гэта ўжо збiвала з тропу, i саслужывец недаўменна пакруцiў галавой: - Ну што ж. Справа твая. Прыемнага адпачынку! Шанцуе ж людзям! Мэгрэ ўзяў свой кацялок, надзеў манжэты - ён скiдаў iх, прыходзячы на работу, - выйшаў за барь'ер, якi аддзяляў службоўцаў ад наведвальнiкаў. Жустэн Мiнар таксама падняўся i вельмi натуральна моўчкi рушыў следам. Цi не задала яму чосу зласлiвая жонка, пра якую расказваў Бесан? Як бы там нi было, н быў тут. Светлавалосы, шчуплы, з румянымi скуламi i блакiтнымi вачыма, ён не адставаў ад Мэгрэ, як прыблудны цюцька ад выпадковага прахожага. Вулiцы былi залiты сонцам, над вокнамi развявалiся сцягi. Здавалася, аж паветра трымцiць ад наярвання труб i пошчаку барабанаў. Людзi iшлi саяточна прыўзнятыя i вясёлыя, i ад таго, што то тут, то там на вочы траплялiся ваенныя, мiжволi i цывiльныя падцягвалiся i распраўлялi плечы. Калi Мiнар нарэшце асмелiўся параўняцца з Мэгрэ, ён спагадлiва запытаў: - Вас звольнiлi? Ён, мабыць, лiчыў, што палiцэйскага чыноўнiка звольнiць гэтак жа проста, як флейтыста з аркестра, i яму было невыносна ад думкi, што гэта здарылася па яго вiне. - Не звольнiлi. Мне далi водпуск. - Вось як! Гэта "вось як!" вырвалася вельмi ўзрушана. У iм гучала занепакоенасць i прытоены папрок. - Яны палiчылi за лепшае часова адхiлiць вас ад спраў, так? Выходзiць, яны намераны ўсё замяць? А як жа мая скарга? Голас яго загучаў сушэй. - Прынамсi, хоць маю скаргу яны не пакладуць пад сукно? Хачу адразу ж папярэдзiць вас, што гэтага я не дапушчу. - Скарга разбiраецца ва ўстаноўленым парадку. - Выдатна! Тым болей што ў мяне ёсць для вас сякiя-такiя навiны. Ва ўсякiм разе, адна... Яны ўжо дайшлi да правiнцыяльна-цiхай плошчы Сэн-Жорж з невялiчкiм "бiстро", дзе вечна пахла белым вiном. Мэгрэ прывычна штурхнуў уваходныя дзверы. У гэтыя гадзiны пасля полудня ў паветры i сапраўды, здавалася, веяла адпачынкам. Цынкавая стойка была надраена да бляску, а налiтае ў чаркi вiно аж прамянiлася зеленаватымi водблiскамi, наганяючы смагу. - Вы сказалi, што бачылi ў доме Жандро дзвюх пакаёвак. Я правiльна зразумеў вас? - Жэрмену i Мары, - без запiнкi пацвердзiў Мэгрэ. - Не лiчачы мадам Луi, кухаркi. - Дык вось: пакаёўка была толькi адна! Вочы музыканта свяцiлiся дзiцячай радасцю, i сам ён, як нiколi, нагадваў цяпер вернага сабачку, якi прынёс палачку свайму гаспадару. - Я размаўляў з малочнiцай, якая носiць малако ў асабняк Жандро. Яе крамка на вулiцы Фантэн, на рагу, якраз побач з тытунёвай крамкай. Мэгрэ, трошкi збянтэжаны, са здзiўленнем глядзеў на флейтыста i ўсё не мог пазбавiцца ад чуткi пра лупцоўкi, якiя ўсчыняла яму яго Кармэн. - Старэйшая пакаёўка, Жэрмена, ад суботы ва Ўазе, у сваёй цяжарнай сястры... Дык вось, днём я звычайна вольны, вы разумееце?.. - А як ваша жонка? - Гэта не мае значэння, - прамовiў ён даволi абыякава. - Я падумаў, што калi вы маеце намер прадаўжаць следства, то, можа, i я змагу быць вам карысны. Сам не ведаю, але людзi ўвогуле даволi прыязна адносяцца да мяне. "Толькi не Кармэн!" - падумаў Мэгрэ. - Чакайце. Сёння частую я. Так, так! I не пярэчце! Калi сам я п'ю толькi лiманад, гэта яшчэ не азначае, што я не магу пачаставаць вас чаркай вiна. А што да водпуска, то вы, спадзяюся, проста пажартавалi? Калi Мэгрэ i прамаўчаў, то няўжо ён гэтым выдаў службовую тайну?! - Калi гэта быў не жарт, то вы мяне проста расчаравалi б, слова гонару! Я не ведаю гаспадароў гэтага асабняка. I асабiста да iх я нiчога не маю, хоць iхнi Луi i выглядае сапраўдным бандытам з вялiкай дарогi i яны нахлусiлi вам. Маленькая дзяўчынка ў чырвонай сукенцы прадавала зусiм свежую мiмозу, прывезеную з Нiццы, i Мэгрэ купiў некалькi галiнак для жонкi, якая ведала Лазурны бераг толькi па каляровых паштоўках з вiдам залiва Анёлаў. - Вы толькi скажыце, што я павiнен рабiць. I, калi ласка, не бойцеся, што я стану назаляць вам! Я прывык маўчаць! Флейтыст умольна глядзеў на Мэгрэ. Яму так карцела прапанаваць сакратару яшчэ чарачку, - а можа, i ўдасца ўгаварыць яго! - але ён не пасмеў. - У сходных дамах хапае ўсялякай дрэнi. Але ж ад людзей нiчога не ўтоiш. Прыслуга, звычайна, любiць памянташыць языком, дый пастаўшчыкi шмат што ведаюць. Машынальна, не ўсведамляючы, што ён, па сутнасцi, змацоўвае свой саюз з флейтыстам, Мэгрэ прамармытаў: - Аказваецца, мадэмуазель Жандро не ў Ансевалi, як сцвярджаў яе брат. - А дзе ж яна? - Раз пакаёўка Жэрмена паехала ў вёску, то, вiдавочна, замест яе мне паказалi ў пакоi Жэрмены напаўраздзетую Элiз Жандро. Гэтая новая акалiчнасць прыводзiла Мэгрэ ў замяшанне. Яго юнацтва прайшло пад дахам замка, упраўляючым якога быў ягоны бацька. У iм мiжволi ўкаранiлася павага да слынных, да багатых. Самае цiкавае, што i флейтыст падзяляў яго няёмкасць, даволi доўга маўчаў, апусцiўшы вочы ў шклянку з лiманадам. - Вы думаеце? - нарэшце, усхваляваны, запытаўся ён. - Ва ўсякiм выпадку, у пакоi служанкi была нейкая таўстушка, ад якой пахла вiном. I гэта таксама было няёмка прыгадваць, як быццам ад заможных спадкаемнiц, чые прозвiшчы вялiкiмi лiтарамi красуюцца на сценах метро, не можа патыхаць вiном, як ад вясковых дзевак. Абодва, Мэгрэ i Жустэн, замоўклi i, седзячы са сваiмi чаркамi, удыхаючы водар мiмозы, белага вiна i сiтро, адчуваючы патылiцамi ласкавае цяпло сонечных промняў, задумалiся кожны пра сваё. I Мэгрэ ажно ўздрыгнуў, калi голас яго таварыша вярнуў яго да рэчаiснасцi: - Дык што ж будзем рабiць? Раздзел III ПАЧОСТКА ТАТУЛI ПАМЭЛЯ "Iнспектарам рэкамендуецца мець фрак, смокiнг i пiнжак, без чаго доступ у пэўныя свецкiя колы будзе ўскладнёны". Нiводная з iнструкцый яшчэ не выветрылася з памяцi Мэгрэ. Але гэтыя iнструкцыi былi складзены, вiдаць, вялiкiм аптымiстам. Ва ўсякiм разе, слова "пэўныя" варта было акрэслiць болей дакладна. Напярэдаднi вечарам Мэгрэ прымерваў свой фрак з намерам заўтра ж пранiкнуць у тое асяроддзе, дзе бывалi Жандро: хоць бы ў клуб Гоша, да прыкладу, альбо ў клуб Гаўсмана, але хапiла i аднюсенькай заўвагi жонкi, каб вярнуць яму здольнасць зноў разважаць цвяроза. - Ну i прыгажунчык ты, Жуль! - усклiкнула яна, гледзячы, як ён любуецца сабой у люстры. Яна i не думала кпiць з яго. Наадварот, жонка, несумненна, была зусiм шчырая. Аднак у тым, як яна вымавiла гэтыя словы, ва ўсмешцы яе было нешта такое, што насцярожыла яго i дазволiла недвухсэнсоўна зразумець, што яму не варта i спрабаваць выдаваць сябе за юнага ветрагона. На плошчы Бастылii iгралi вячэрнюю зару. Мэгрэ стаяў ля расчыненага акна ўзбоч жонкi, спакойна перагаворваўся з ёю, але чым болей ядранела, тым меней упэўненасцi заставалася ў iм. - Разумееш, калi мне ўдасца давесцi справу да канца, то я амаль напэўна траплю на Набярэжную Арфеўр. А калi ўжо траплю туды... Пра што большае ён мог яшчэ марыць? Трапiць у Вышукную палiцыю, ды яшчэ ў славутую апергрупу шэфа, як тады называлася група па расследаванню забойства!.. А для гэтага дастаткова было з поспехам завяршыць распачатае iм следства iнакш кажучы, не прыцягваючы ўвагi, раскрыць глыбока захаваную тайну багатага асабняка на вулiцы Шапталь. Спаў ён неспакойна, а калi ў шэсць гадзiн ранiцы падняўся, яшчэ адно з настаўленняў прымусiла яго з iронiяй прыгадаць свой падручнiк. "Кепкi, шыйнай хусцiнкi, ношанага пiнжака, як праверана практыкай, зусiм дастаткова для маскiроўкi". На гэты раз, калi ён аглядаў сябе ў люстэрку, мадам Мэгрэ i не думала смяяцца: - З наступнай палучкi трэба будзе купiць табе гарнiтур, - з пяшчотай сказала яна. Якая тонкая хiтрасць! Гэта азначала толькi адно: што яго стары пiнжак выглядаў не лепей, чым тое, што iменавалася яго так званым парадным гарнiтурам. Iнакш кажучы, яму не было анiякай патрэбы ў маскiроўцы. I ён толькi надзеў манiшку, завязаў гальштук i прыхапiў кацялок. Надвор'е стаяла цудоўнае, як па наўмыснаму заказу дзеля каранаванай асобы, якую сёння павязуць у Версаль. Сотнi парыжан ужо рушылi да каралеўскай рэзiдэнцыi, дзе да вечара ўсе лаўкi вакол палаца будуць закiданы бруднай паперай i парожнiмi пляшкамi. Жустэн Мiнар павiнен быў цягнiком адправiцца ў Канфлан на пошукi славутай Жэрмены, пакаёўкi Жандро. - Калi яна толькi трапiць у мае рукi, - сказаў ён з мяккасцю, якая заўсёды абяззбройвала, - я ўпэўнены, што яна мне ўсё раскажа. Я i сам не ведаю, у чым тут справа, але людзi заўсёды ахвотна дзеляцца са мной сваiмi тайнамi. Не пазней сямi гадзiн ранку Мэгрэ, калi можна так сказаць, узяў пад сваю ўладу вулiцу Шапталь. I ён мысленна павiншаваў сябе, што не надзеў кепку, бо першым, каго ён сустрэў, аказаўся супрацоўнiк з камiсарыята, i той прывiтаў Мэгрэ, назваўшы яго па iменi. Ёсць вулiцы, дзе вечна людна, дзе на кожным кроку крамы, кавярнi - там лёгка займацца сочкай. Але вулiца Шапталь, кароткая i шырокая, без нiводнай крамы i амаль заўсёды бязлюдная не адносiлася да iх лiку. Усе шторы ў асабняку Жандро-Бальтазараў былi апушчаны. Мэгрэ пастаяў спачатку на адным рагу вулiцы, потым перайшоў на другi. Ён пачуваў сябе даволi няёмка, i першая ж служанка, што выйшла па малако на вулiцу Фантэн, як яму здалося, змерыла яго падазроным позiркам i прыспешыла крок. Настаў самы нязручны для яго час дня. Сонца свяцiла ўжо ярка, але было яшчэ халаднавата, а ён, выходзячы з дому, не апрануў плашч. На тратуарах - каб жывая душа. Толькi а палове восьмай адчынiлася тытунёвая крамка на рагу, i Мэгрэ выпiў там шклянку такой кепскай кавы, што яго ледзь не званiтавала. Прайшла яшчэ адна служанка з малочным бiтонам, затым другая. Мэгрэ здавалася, што яны толькi-толькi ўсталi з пасцелi i нават не паспелi ўмыцца. То тут, то там сталi расчыняцца аканiцы, жанчыны ў папiльётках выглядвалi з акон i ўсе, як адна, дапытлiва азiралi яго. А ў Жандро па-ранейшаму панавала мёртвая цiшыня, i толькi ў восем з чвэрцю з вулiцы Нотр-Дам-дэ-Лярэт з'явiўся шафёр у бездакорна пашытай чорнай куртцы i пазванiў ля брамы. На шчасце, якраз адчынiўся бар "Стары Кальвадос" - адзiная мясцiнка, дзе можна было схавацца ад староннiх вачэй. Бар гэты знаходзiўся на рагу вулiцы Энэр, трошкi ў баку ад асабняка Жандро. Мэгрэ паспешлiва пераступiў парог "Старога Кальвадоса". Луi ў паласатым жылеце адчынiў браму, перакiнуўся некалькiмi словамi з шафёрам. Брама заставалася расчыненай, праз яе вiдзён быў залiты сонцам двор, зялёныя газоны i гараж, а па цокату капытоў можна было здагадацца, што тут жа размешчана i стайня. - Жадаеце перакусiць? Мэгрэ ўздрыгнуў. На яго спакойна глядзеў тоўсты, чырвоны як рак мужчына з маленечкiмi вочкамi. - Як вы глядзiце на порцыю каўбасы i куфаль сiдру? Лепей не прыдумаеш, каб замарыць чарвячка.
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9
|