Першая справа Мэгрэ (на белорусском языке)
ModernLib.Net / Детективы / Сименон Жорж / Першая справа Мэгрэ (на белорусском языке) - Чтение
(стр. 1)
Сименон Жорж
Першая справа Мэгрэ (на белорусском языке)
Жорж Сiмэнон Першая справа Мэгрэ Раман Пераклад: Нiна Мацяш Раздзел I ФЛЕЙТЫСТ ДАЕ ПАКАЗАННI Чорны бар'ер падзяляў пакой на дзве часткi. На палове, прызначанай для наведвальнiкаў, самотна тулiлася каля пабеленай сцяны, спярэшчанай службовымi плакатамi i аб'явамi, чорная лава. Другую палову займалi пiсьмовыя сталы з чарнiлiцамi, палiцы, напакаваныя разбухлымi папкамi, таксама чорнымi, так што ўсё тут было чорна-белае. Але найбольшую ўвагу звяртала на сябе печка, якая красавалася на лiсце жалеза, чыгунная печка-"буржуйка" з тых, што можна ўбачыць хiба толькi на вакзале якога-небудзь захалуснага гарадка. Труба з яе спярша iмкнулася ўгору, да самай столi, потым крута выгiналася ўбок цераз увесь пакой i, нарэшце, утыкалася ў сцяну. Прыгажунчык палiцэйскi па прозвiшчу Лякер сядзеў у пакоi, расшпiлiўшы мундзiр, i ледзьве адольваў дрымоту. Насценны гадзiннiк у чорным футарале паказваў дваццаць пяць хвiлiн другой гадзiны ночы. Раз-пораз патрэскваў адзiны ў пакоi газавы ражок. I ў печы таксама час ад часу гуло без дай прычыны. Спакой ночы ўсё радзей i радзей парушаўся то пошчакам ляскоткi вартаўнiка, то вясёлай песенькай запозненага гулякi, то грукатам фiякра па крутой вулiцы. За сталом злева, уткнуўшыся ў невялiкую новенькую брашуру "Курс апiсальных прыкмет (славесны партрэт) для афiцэраў i iнспектараў палiцыi", як школьнiк, варушыў вуснамi сакратар камiсарыята квартала Сэн-Жорж. На форзацы кнiгi было акуратна выведзена ад рукi фiялетавым чарнiлам: Ж.МЭГРЭ. Ужо трэцi раз за гэту ноч Жуль Мэгрэ, малады сакратар палiцэйскага камiсарыята, уставаў з-за стала паварушыць у печцы жар. Памяць аб гэтай печцы ён пранясе праз усё сваё жыццё; амаль гэткая ж будзе стаяць у яго на Набярэжнай Арфеўр, а пазней, калi ва ўсе памяшканнi крымiнальнага вышуку правядуць цэнтральнае ацяпленне, Мэгрэ - тады ён ужо будзе камiсарам батальёна палiцыi цi начальнiкам аператыўнай групы - здолее дабiцца дазволу захаваць такую печку ў сваiм кабiнеце. Было 15 красавiка 1913 года. Тады вышукная палiцыя яшчэ называлася Сюртэ. Ранiцай на Лангшанскi вакзал урачыста прыбыў адзiн каранаваны чужаземец, сустракаць якога ездзiў сам прэзiдэнт рэспублiкi. Афiцыйныя ландо пад эскортам нацыянальнай гвардыi пры поўным парадзе паволi прадэфiлявалi па авеню дзю Буа i Елiсейскiх палях мiж дзвюма шарэнгамi натоўпу i сцягоў. У Оперным тэатры адбыўся вялiкi ўрачысты вечар, i толькi пад ноч ацiх развясёлы людскi гоман i пагаслi агнi феерверкаў. Палiцыя знемагала. Нягледзячы на прынятыя меры засцярогi - загадзя праведзеныя арышты i тайную дамоўленасць з пэўнымi падазронымi асобамi, - усё ж трэба было апасацца, што ў любы момант можа мець месца якая-небудзь выхадка з боку анархiстаў. Так i пiльнуйся, каб па маршруту следавання высокага госця не ўзарвалася бомба. У камiсарыяце квартала Сэн-Жорж на цiхай вулiцы Лярошфуко дзяжурылi Мэгрэ i палiцэйскi Лякер. Роўна а палове другой ночы абодва разам натапырылi вушы, пачуўшы знадворку таропкiя крокi. Дзверы расчынiлiся. Задыханы малады чалавек, жмурачыся ад яркага святла, абвёў вачыма пакой. - Месье камiсар? - спытаў ён, з цяжкасцю пераводзячы дыханне. - Я сакратар яго, - адказаў Мэгрэ, не скранаючыся з месца. Ён яшчэ не ведаў, што гэта пачыналася яго першая самастойная справа. * * * Малады чалавек быў светлавалосы, шчуплы, блакiтнавокi, з хваравiтым румянцам на шчоках. Паверх фрака - прарызiнены плашч. У адной руцэ юнак трымаў кацялок, другою раз-пораз мацаў свой распухлы нос. - На вас напалi хулiганы? - Не. Я спрабаваў прыйсцi на помач жанчыне, якая клiкала на ратунак. - На вулiцы. - У нейкiм прыватным асабняку на вулiцы Шапталь. Вы павiнны неадкладна пайсцi туды. Яны выштурхнулi мяне за дзверы. - Хто? - Нейкi... Не то дварэцкi, не то канс'ерж. - А цi не пачалi б вы з самага пачатку? Што вы рабiлi на вулiцы Шапталь? - Я вяртаўся з працы. Мяне завуць Жустэн Мiнар. Я другая флейта ў эстрадным аркестры Лямуро, але вечарамi iграю ў рэстаранчыку "Клiшы", што на бульвары Клiшы. Жыву на вулiцы Анг'ен, якраз насупраць рэдакцыi "Пцi Парыз'ен". Iшоў, як звычайна, спачатку па вулiцы Балю, затым па Шапталь. Мэгрэ добрасумленна запiсваў. - Калi я аказаўся прыблiзна на сярэдзiне вулiцы, - яна амаль заўсёды бязлюдная ў гэты час, - бачу: стаiць аўто "дыён-бутон", а матор працуе. За рулём мужчына ў шэрай тужурцы, твар амаль цалкам схаваны вялiкiмi цёмнымi акулярамi. Калi я падышоў трошкi блiжэй, на трэцiм паверсе асабняка раптам расчынiлася акно. - Вы запомнiлi нумар дома? - Запомнiў. Семнаццаць-бiс. Гэта прыватны асабняк, з вялiкiм парадным пад'ездам. Святла не было нiдзе ў доме. Толькi другое акно, калi лiчыць злева, было асветлена, тое самае, што расчынiлася. Я падняў галаву. I заўважыў постаць жанчыны. Яна выткнулася з акна i закрычала: "Ратуйце!.." - Што зрабiлi вы? - Пачакайце... Нехта, вiдаць, тузануў яе назад. I ў той жа момант раздаўся стрэл. Я - зiрк на легкавушку, якую толькi што абмiнуў, але яна раптоўна сарвалася з месца - толькi яе i бачыў. - Вы ўпэўнены, што гэта быў стрэл, а не трэск матора? - Абсалютна ўпэўнены. Тады я кiнуўся да дзвярэй i пазванiў. - Вы былi адзiн? - Адзiн. - Узброены? - Не. - Што ж вы збiралiся рабiць? - Але ж... Пытанне настолькi збiла з толку флейтыста, што ён не знайшоўся, што адказаць. Калi б не светлыя вусы i рэдкая бародка, яму можна было б даць гадоў шаснаццаць, не болей. - Суседзi нiчога не чулi? - Вiдаць, не. - Вам адчынiлi? - Не адразу. Я званiў мо разы тры. Потым стаў грукаць у дзверы. Нарэшце пачулiся крокi: нехта зняў ланцужок, адкiнуў засаўку. У парадным святла не было, але насупраць дома стаiць газавы лiхтар. Гадзiна сорак сем. Флейтыст раз-пораз занепакоена паглядвае на насценны гадзiннiк i працягвае: - Здаравенны дзяцiна ў фраку, мабыць, дварэцкi, спытаўся, што мне трэба. - Вы кажаце, ён быў апрануты па ўсёй форме? - Ну вядома! - У манiшцы i пры гальштуку? - Канечне! - А мiж тым у доме было цёмна? - Апрача пакоя на трэцiм паверсе. - Што вы яму сказалi? - Дакладна не памятаю. Я хацеў зайсцi ў дом. - Чаго? - Паглядзець, што там адбываецца. Але ён заступiў мне дарогу. Тады я пачаў тлумачыць, што нейкая жанчына крычала праз акно, клiкала ратаваць яе. - Ён сумеўся? - Ён змрочна глядзеў на мяне i моўчкi стараўся ўсiм сваiм корпусам выпхнуць мяне з дзвярэй. - А потым? - А потым ён нешта буркнуў. Я не зусiм разабраў. Адным словам, нешта накшталт таго, што я трызню або што я п'яны. У цемры нечакана раздаўся яшчэ нечы голас - мне здалося, што крыкнулi з пляцоўкi на другiм паверсе. - Што менавiта? - "Не марнуйце часу, Луi!" - I што? - Тады ён штурхнуў мяне, але я не паддаўся, i ён ударыў мяне кулаком проста ў твар. I я апынуўся на вулiцы перад замкнёнымi дзвярыма. - На трэцiм паверсе па-ранейшаму гарэла святло? - Не. - Аўтамабiль не вярнуўся? - Не... А цяпер, можа, нам варта было б схадзiць туды? - Нам? Вы гатовы суправаджаць мяне? Гэты кантраст памiж жаноцкай кволасцю флейтыста i яго безразважнай рашучасцю адначасна i смяшыў, i кранаў. - Хiба не мне з'ездзiлi па фiзiяномii?! Дык вось, я падаю скаргу. - Што ж, ваша права. - Але было б найлепш, каб мы пайшлi туды неадкладна. Як вы думаеце? - Якi, вы сказалi, нумар дома? - Семнаццаць-бiс. Мэгрэ звёў бровы: адрас яму нешта цьмяна прыгадаў. Ён дастаў з палiцы адну з папак, вычытаў нейкае прозвiшча i яшчэ больш схмурнеў. У той вечар Мэгрэ быў у мундзiры. Гэта быў, можна сказаць, першы мундзiр у яго жыццi. За некалькi дзён да таго, пра што будзе расказана ў сувязi з вiзiтам каранаванай асобы, усе службоўцы палiцыi абавязаны былi з'яўляцца на працу ў поўнай параднай форме - у любую хвiлiну любы з iх мог быць далучаны да кола афiцыйных асоб. Яго новенькi прарызiнены плашч быў копiяй плашча Жустэна Мiнара. - Пайшлi! Калi будуць пытацца мяне, Лякер, скажыце, што я хутка вярнуся. Мэгрэ быў трошкi ўсхваляваны. Прозвiшча, якое ён толькi што вычытаў у папцы, было такое iнтрыгуючае, што яму стала не па сабе. Яму, сакратару камiсарыята, было дваццаць шэсць гадоў, i мiнула ўсяго пяць месяцаў, як ён ажанiўся. За чатыры гады, што ён праслужыў у палiцыi, яму прыходзiлася выконваць самыя сцiплыя абавязкi, пачаўшы з дзяжурстваў на дарогах, потым на вакзалах, затым у буйных крамах; толькi з год таму ён быў назначаны на пасаду сакратара ў камiсарыяце квартала Сэн-Жорж. А ва ўсiм квартале самае шаноўнае прозвiшча было, безумоўна, прозвiшча ўласнiкаў дома 17-бiс па вулiцы Шапталь. Жандро-Бальтазар. Фiрма па продажу кавы "Бальтазар". Гэтае прозвiшча, выведзенае вялiзнымi бурымi лiтарамi, красавалася на ўсiх станцыях метро. А фургоны гандлёвага дома "Бальтазар", запрэжаныя чацвёркай выдатных бiцюгоў у раскошнай збруi, з'яўлялiся як бы неад'емнай рысай аблiчча Парыжа. Сам Мэгрэ з задавальненнем пiў каву "Бальтазар". А калi iшоў па авеню Опера, то нiколi не прамiнаў выпадку падыхаць цудоўным водарам падсмажаных зярнятак кавы, якi даносiўся з вiтрын крамаў фiрмы "Бальтазар". Ноч была светлая i золкая. На спадзiстай вулiцы - нi душы, нiводнага фiякра паблiзу. Мэгрэ ў тыя гады быў амаль гэткi ж хударлявы, як i ягоны спадарожнiк-флейтыст, i калi яны крочылi поруч па вулiцы, iх можна было прыняць за двух падлеткаў. - Спадзяюся, вы не "пад мухай"? - Я ўвогуле не п'ю. Лекар забаранiў. - Вы ўпэўнены, што бачылi, як расчынiлася акно? - Абсалютна ўпэўнены. Мэгрэ ўпершыню так спяшаўся - ляцеў як на крылах. Дагэтуль ён толькi суправаджаў свайго шэфа месье Лё Брэ, самага свецкага ва ўсiм Парыжы камiсара, у паасобных выездах палiцыi на месца здарэння i чатыры разы для ўстанаўлення факта адзюльтэра. Вулiца Шапталь была гэткая ж пустынная, як i вулiца Лярошфуко. Нiводзiн агеньчык не свяцiўся ў асабняку Жандро-Бальтазараў, адным з найлепшых асабнякоў квартала. - Вы казалi, што ля дома стаяў аўтамабiль. - Не зусiм ля дома. Хвiлiначку... Во, якраз вось тут. Сапраўды, не зусiм ля дома. Трошкi прамiнуўшы яго. Мэгрэ, галава якога была набiта апошнiмi тэарэтычнымi выкладкамi адносна паказанняў сведак, запалiўшы васковую запалку, нагнуўся над брусчаткай. - Вось бачыце! - пераможна ўсклiкнуў музыкант, паказваючы пальцам на вялiкую масляную пляму. - Пайшлi. Хоць я i не зусiм упэўнены, што раблю правiльна, дазваляючы вам iсцi са мной. - Дык мяне ж ударылi! I ўсё ж на душы ў Мэгрэ было трывожна. Паднiмаючы руку да кнопкi званка, ён адчуў, як зашчымела сэрца, i стаў прыпамiнаць, на якi артыкул закона ён можа зараз спаслацца. Ордэра ён не меў. Апроч таго, цяпер глыбокая ноч. Цi мог ён абгрунтаваць матывы свайго ўрывання, калi адзiным рэчавым доказам злачынства быў распухлы нос флейтыста? Як i флейтысту, яму давялося пазванiць тройчы, але грукаць нагой у дзверы ён не стаў. Нарэшце з-за дзвярэй пачуўся голас: - Хто там? - Палiцыя! - не зусiм упэўнена адказаў Мэгрэ. - Адну хвiлiну, калi ласка. Пайду вазьму ключ. У парадным шчоўкнула. У асабняку загарэлася святло. Прайшло яшчэ некалькi доўгiх хвiлiн чакання. - Гэта ён, - пацвердзiў музыкант, пазнаўшы голас. Нарэшце звякнуў ланцужок, стукнула засаўка, i перад iмi ўзнiк заспаны твар, i позiрк, слiзгануўшы па Мэгрэ, упёрся ў Жустэна Мiнара. - Злавiлi-такi яго! - прамовiў мужчына. - Ён што, зноў недзе прыняўся за свае жартачкi? - Дазвольце зайсцi? - Калi вы лiчыце, што гэта неабходна. Я толькi папрашу вас не шумець, каб не ўзняць увесь дом на ногi. Прашу сюды. Злева, над трыма мармуровымi прыступкамi, паблiсквалi зашклёныя двухстворкавыя дзверы, якiя вялi ў хол з калонамi. Упершыню ў жыццi Мэгрэ трапiў у дом, пышнасць i велiчнасць якога нагадвала рэзiдэнцыю па меншай меры мiнiстра. - Вас завуць Луi? - Адкуль вы ведаеце? Усё ж Луi расчынiў дзверы, але не ў салон, а ў пакой для слуг. Быў ён напаўраздзеты. Наспех надзетыя штаны, белая начная кашуля з чырвонай вышыўкай на каўняры, - здавалася, ён толькi што вылез з ложка. - Месье Жандро-Бальтазар дома? - Каторы? Бацька цi сын? - Бацька. - Месье Фелiсьен яшчэ не вярнуўся. Што да месье Рышара, сына, то ён, мабыць, даўно спiць. Мо з паўгадзiны таму гэты п'янiца... Луi быў рослы, плячысты мужчына гадоў пад пяцьдзесят. Падбародак яго быў выгалены да сiнявы, над вачыма з вельмi цёмнымi зрэнкамi навiслi невераемна густыя чорныя бровы. Мэгрэ зглытнуў слiну i рашуча, нiбы кiдаўся ў вiр, прамовiў: - Я хацеў бы пагаварыць з месье Рышарам. - Загадаеце разбудзiць яго? - Будзьце ласкавы. - Пакажыце, калi ласка, вашы паперы. Мэгрэ працягнуў сваё пасведчанне, выдадзенае палiцэйскай прэфектурай. - Вы даўно працуеце ў нашым квартале? - Дзесяць месяцаў. - Служыце ў камiсарыяце Сэн-Жорж? - Так. - Значыць, вы знаёмы з месье Лё Брэ? - Гэта мой начальнiк. Тады Луi з уяўнай абыякавасцю, якая кепска маскавала пагрозу, прамовiў: - Я таксама знаёмы з iм. Я маю гонар абслугоўваць яго, калi ён прыходзiць сюды снедаць цi абедаць. Ён счакаў некалькi секунд, гледзячы ўбок. - Вы ўсё яшчэ хочаце, каб я разбудзiў месье Рышара? - Хачу. - У вас ёсць ордэр? - Няма. - Цудоўна. Будзьце ласкавы пачакаць. Ён падышоў да ўнутранай, у глыбiнi сцяны, шафы, дэманстратыўна дастаў адтуль накрахмаленую манiшку, каўнер, чорны гальштук. Затым апрануў мундзiр, якi вiсеў там жа, i выйшаў. У пакоi стаяў толькi адзiн стул. Нi Мэгрэ, нi Жустэн Мiнар не селi. Асабняк патанаў у цiшынi i цемры. Усё выглядала неяк вельмi велiчна i хвалююча. Двойчы Мэгрэ вымаў гадзiннiк з кiшэнi жылета. Прайшло дваццаць хвiлiн, перш чым Луi, усё гэткi ж стрыманы i афiцыйны, паказаўся зноў. - Прашу за мной. Мiнар таксама памкнуўся ўслед за Мэгрэ, але дварэцкi спынiў яго: - Не вы. Хiба толькi, калi вы таксама з палiцыi. Нейкае незвычайнае пачуццё ахапiла Мэгрэ. Яму здалося здраднiцтвам пакiнуць тут бездапаможнага флейтыста аднаго. Пакой для слуг, аблiцаваны цёмнымi панелямi, на момант здаўся яму цямнiцай, i ён выразна ўявiў сабе, як дварэцкi з сiнiм падбародкам вяртаецца сюды i з лютасцю накiдваецца на сваю ахвяру. Услед за Луi ён прайшоў праз хол з калонамi, i затым падымаўся па лесвiцы, усланай цёмна-чырвонай дывановай дарожкай. Уздоўж лесвiцы гарэла толькi некалькi лямпачак, якiя цьмяна асвятлялi прыступкi i сцены. Дзверы, што выходзiлi на пляцоўку другога паверха, былi расчынены. У iх праёме стаяў мужчына ў халаце. - Мне сказалi, што вы жадаеце пагаварыць са мной? Праходзьце, калi ласка. Пакiньце нас, Луi. Пакой, сцены якога былi абшыты скурай i ў якiм пахла гаванскiмi сiгарамi i невядомай Мэгрэ парфумай, служыў адначасова i гасцiнай i кабiнетам. Яшчэ адны дзверы, якiя былi прыадчынены, вялi ў спальню, дзе пад балдахiнам вiдаць быў рассцелены ложак. З-пад халата Рышара Жандро-Бальтазара выглядвала пiжама, на босых нагах саф'янавыя пантофлi. Яму было гадоў трыццаць. Смуглявы твар яго здаўся б зусiм звычайным, калi б не крывы нос. - Луi сказаў мне, што вы служыце ў нашым квартальным камiсарыяце? Ён адчынiў па-майстэрску аздобленую шкатулку з цыгарэтамi, працягнуў яе Мэгрэ, але той адмовiўся. - Вы не палiце? - Толькi люльку. - Не прапаноўваю вам запалiць, бо не выношу паху люлечнага тытуню. Мяркую, перш чым прыйсцi сюды, вы папярэдзiлi майго сябра Лё Брэ? - Не. - Вось як! Прашу прабачэння, калi я не дужа дасведчаны ў палiцэйскiх парадках. Лё Брэ часты госць у гэтым доме, але, прызнацца, зусiм не як палiцэйскi камiсар. Дарэчы, ён так непадобны на палiцэйскага! Выдатны чалавек, i жонка ў яго чароўная. Але вернемся да справы. Якая гэта зараз гадзiна? Ён зрабiў выгляд, што нiяк не знойдзе гадзiннiк, i Мэгрэ дастаў з кiшэнi сваю пасярэбраную цыбулiну. - Дзве гадзiны дваццаць пяць хвiлiн. - А гэтай парой года днець пачынае, здаецца, гадзiн у пяць, праўда? Я ведаю, бо часам мне выпадае прагульвацца конна па дзю Буа. Мне ўяўлялася, што хатнi спакой грамадзян ад захаду да ўсходу сонца недатыкальны. - Несумненна, але... - Заўважце, я нагадаў пра гэта толькi для таго, каб i вы не забывалi пра iснаванне законаў. Вы зусiм малады i, вiдаць, яшчэ нявопытны. Вам пашчасцiла, што вы трапiлi да сябра вашага шэфа. Урэшце, спадзяюся, у вас дастаткова падстаў для таго, каб такiм парадкам, як зараз, урывацца ў дом. Луi ў агульных рысах растлумачыў мне, у чым справа. Вiдаць, асоба, якую ён выштурхнуў за дзверы, даволi небяспечная? Нават у такiм выпадку, дружа мой, вы павiнны былi ўсё ж дачакацца ранку, як вы думаеце? Сядайце, калi ласка. Сам ён не сеў, а мерна захадзiў па пакоi, пыхкаючы дымам эгiпецкай цыгарэты з пазалочаным муштуком. - А цяпер, калi я даў вам гэты невялiчкi ўрок, якi вы заслужылi, скажыце, што вас цiкавiць? - Хто займае пакой над вамi, другое акно злева? - Выбачайце? - Прашу прабачэння. Вядома, вы не абавязаны адказваць мне, прынамсi, зараз. - Абавязаны?.. - у вялiкiм здзiўленнi перапытаў Рышар. Кроў кiнулася ў твар Мэгрэ, вушы запунцавелi. - Гэтай ноччу ў пакоi над вамi нехта страляў. - Выбачайце... Выбачайце... Вы не трызнiце, спадзяюся? "Народныя гуляннi, маўляў, гэта, канешне, прычына, але цi не перабралi вы часам?" На лесвiцы пачулiся крокi. Дзверы не былi зачынены, i Мэгрэ ўбачыў новую постаць, якая вырысавалася на пляцоўцы, постаць, якая, здавалася, сышла з вокладкi моднага часопiса. Мужчына быў у фраку, палярыне i цылiндры. Ён быў худы i стары, а яго тонкiя вусы з ускiнутымi ўгору кончыкамi былi вiдочна нафарбаваны. Ён спынiўся ў парозе, нерашуча, здзiўлена, неяк нават баязлiва. - Заходзьце, бацька. Я думаю, зараз вы насмеяцеся ад душы. Вось гэты месье служыць у нашага сябра Лё Брэ... Дзiўна, Фелiсьен Жандро-Бальтазар-бацька не выглядаў п'яным, i ўсё ж трымаўся ён неяк хiстка, нерашуча, няўпэўнена. - Вы бачылi Луi? - прадаўжаў сын. - Ён з нейкiм унiзе... - Правiльна. Нейкi п'янiца - калi толькi не вар'ят - нядаўна, перад вашым прыходам ледзь не разнёс наша параднае. Луi выйшаў i - як толькi ён яго адужаў? - не даў яму ўварвацца ў дом. А цяпер месье... Ён змоўк, запытальна гледзячы на Мэгрэ. - Мэгрэ. - Месье Мэгрэ, сакратар нашага сябра Лё Брэ, прыйшоў сюды, каб запытаць у мяне... Дарэчы, а што вас, на самой справе, цiкавiць? - Хто жыве ў пакоi над вамi - другое акно злева? Мэгрэ здалося, што бацька занепакоiўся i што занепакоенасць гэта выклiкана нейкiмi незвычайнымi абставiнамi. Як толькi стары зайшоў у пакой, ён кiнуў на сына погляд, поўны страху i пакоры. Ён не адважваўся раскрыць рот. Здавалася, што чакае на гэта дазволу Рышара. - Мая сястра, - адказаў, нарэшце, Рышар. - Гэта ўсё? - Яна зараз дома? Мэгрэ звярнуўся не да сына, а да бацькi. Аднак i на гэты раз адказаў сын. - Не. Яна ў Ансевалi. - Выбачайце. Не зразумеў. - У нашым замку, замку Ансеваль каля Пуiйiсюр-Луар, у дэпартаменце Ньеўр. - Значыць, пакой яе пусты? - Маю ўсе падставы меркаваць. I дадаў iранiчна: - Здаецца, вы гарыце жаданнем пераканацца ў гэтым? Я правяду вас. А заўтра змагу павiншаваць нашага сябра Лё Брэ з надзвычайнай стараннасцю яго падначаленых. Прашу за мной. На здзiўленне Мэгрэ, бацька таксама нерашуча паплёўся за iмi. - Вось той пакой, пра якi вы пытаецеся. На шчасце, ён не замкнёны. Ён шчоўкнуў выключальнiкам. Спальня была абстаўлена светлай палiраванай мэбляй, сцены ўбраны блакiтным шоўкам. Бакавыя дзверы вялi ў будуар, дзе панаваў iдэальны парадак, кожная рэч, здавалася, была на сваiм месцы. - Толькi ўважлiва перагледзьце ўсё, малю вас! Сястра прыйдзе ў захапленне, калi даведаецца, што палiцыя поркалася ў яе рэчах. Не даючы збiць сябе з панталыку, Мэгрэ падышоў да акна. Цяжкiя шаўковыя шторы былi трошкi цямнейшага блакiту, чым драпiроўка. Ён расхiнуў iх, убачыў цюлевую фiранку, прызначаную змякчаць дзённае святло, i заўважыў, што адзiн край фiранкi прышчэмлены аконнай рамай. - Нiхто не заходзiў сюды вечарам? - спытаў ён. - Хiба што хто-небудзь з пакаёвак. - Iх шмат у вас? - А як вы думалi? - з сарказмам перапытаў Рышар. - Дзве, Жэрмена i Мары. Ёсць яшчэ жонка Луi, яна ў нас за кухарку. I кастэлянка, але яна замужам, ранiцай прыходзiць, а вечарам iдзе дадому. Фелiсьен Жандро-бацька моўчкi глядзеў то на аднаго, то на другога. - У чым справа? - нарэшце, адкашляўшыся, спытаў ён. - Далiбог, не ведаю. Спытайцеся ў месье Мэгрэ. - Адзiн чалавек, якi праходзiў мiма вашага дома прыблiзна паўтары гадзiны таму, пачуў, як раптоўна расчынiлася акно ў гэтым пакоi. Ён падняў галаву i заўважыў перапалоханую жанчыну, якая клiкала на дапамогу. Мэгрэ заўважыў, як рука бацькi з усёй сiлы сцiснула залатую булдавешку трысцiны. - А далей што? - запытаў Рышар. - Жанчыну адцягнулi ад акна, i ў той жа момант раздаўся стрэл. - Ды што вы кажаце?! Жандро-малодшы, быццам зацiкаўлены i ўстрывожаны, азiрнуўся, прыкiдваючыся, што шукае след кулi ў шоўку, якiм былi задрапiраваны сцены. - А ведаеце, што мяне асаблiва здзiўляе, месье Мэгрэ, - прабачце, я не пераблытаў ваша прозвiшча? Месье Мэгрэ? - Дык вось, мяне здзiўляе, што пры наяўнасцi такога сур'ёзнага абвiнавачвання вы не прынялi элементарных мер перасцярогi, не папярэдзiлi сваё начальства. Па-мойму, вы дзейнiчалi трошкi легкадумна, кiнуўшыся адразу сюды. Вы хоць ведаеце гэтага прахожага з такiм багатым уяўленнем? - А ён унiзе. - Мне дужа прыемна, што ён знаходзiцца пад маiм дахам. Адным словам, вы не толькi самi ўварвалiся сюды ноч-апоўнач, насуперак законам, якiя стаяць на варце свабоды грамадзян, а яшчэ i прывялi з сабою нейкую даволi падазроную прынамсi, у маiх вачах - асобу. Аднак, раз вы ўжо тут, то, дзеля таго каб заўтра вы змаглi далажыць падрабязна пра ўсё нашаму сябру Лё Брэ, прашу вас прыступiць да неабходных фармальнасцей. Думаю, вам не пашкодзiць пераканацца, што пасцеллю маёй сястры сёння ноччу нiхто не карыстаўся? Ён сарваў з ложка шаўковае пакрывала, пад якiм аказалiся просцiны без нiводнай зморшчынкi i бездакорна чыстая падушка. - Шукайце, прашу вас! Абмацвайце ўсе закуткi. Вы, канешне, захапiлi з сабой лупу? - У ёй няма патрэбы. - Прабачце. За выключэннем Лё Брэ, я не меў гонару быць знаёмым з палiцыяй, хiба што па раманах... Вы кажаце, стралялi? То, можа, дзе-небудзь ляжыць i труп? Давайце паходзiм! Пашукаем яго разам! Мо ў гэтай шафе? Усяляк бывае! Ён расчынiў створкi шафы, i Мэгрэ ўбачыў мноства сукенак, акуратна развешаных на вешалках. - Можа, тут? Гэта абутак Элiз. Яна, як бачыце, не ведае ў iм нi лiку, нi меры. Прашу ў будуар... У рэплiках яго ўсё болей i болей адчувалася з'едлiвая насмешка. - Цi не праз гэтыя дзверы? Праўда, яны забiты наглуха з таго часу, як памерла маман. Але ў пакой можна трапiць i з калiдора. Хадзем. Ну хадзем жа! Прашу вас!.. Цэлых паўгадзiны цягнуўся гэты кашмар. Мэгрэ не заставалася нiчога iншага, як падпарадкавацца. Рышар лiтаральна загадваў яму. А прысутнасць старога Жандро-Бальтазара, якi хадзiў за iмi след у след, у сваiм цылiндры, з палярынай на плячах i трысцiнай з залатой булдавешкай у руцэ, надавала iх блуканню па асабняку нешта тэатральна-жахлiвае. - Ну што вы! Яшчэ рана ўнiз. Вы забылiся, што над намi ёсць яшчэ адзiн паверх, мансардны, дзе начуе прыслуга. Лямпачкi ў калiдоры без абажураў. Пакатая столь. Рышар стукае ў дзверы. - Адчынiце, Жэрмена. Ды адчынiце ж! Не мае значэння, што вы ў кашулi. Гэта палiцыя. Пышная дзяўчына з заспаным тварам, пах вiна, скамечаная пасцель, на туалетным столiку грэбень са злямцаванымi валасамi. - Вы чулi стрэл? - Што?! - Калi вы леглi спаць? - Я паднялася сюды ў дзесяць. - I вы нiчога не чулi? Пытаннi задае Рышар. - Пайшлi ў пакой!.. Адчынiце, Мары... Ды нiчога, малышка, гэта не мае значэння. Шаснаццацiгадовае дзяўчо ў накiнутым паверх кашулi зялёным палiто дрыжыць усiм целам. - Вы чулi стрэл? Яна з непрытоеным жахам глядзiць на Рышара i Мэгрэ. - Вы даўно спiце? - Не ведаю. - Вы чулi што-небудзь? - Не. У чым справа? Што здарылася? - У вас ёсць пытаннi, месье Мэгрэ? - Я хацеў бы запытацца ў яе, адкуль яна родам. - Адкуль вы родам, Мары? - З Ансеваля. - А Жэрмена? - Таксама з Ансеваля. - А Луi? - З Ансеваля, месье Мэгрэ, - адказвае Рышар, не тоячы насмешкi. - Я бачу, вам невядома, што ўладальнiкi замкаў звычайна набiраюць слуг са сваiх маёнткаў. - Што тут? - Пакой мадам Луi. - Муж яе таксама тут спiць? - Ён спiць унiзе, у швейцарскай. Мадам Луi доўга не адчыняе. Маленькая, чарнавалосая i смуглая, залiшне поўная жанчына з недаверлiвымi вачыма. - Вы яшчэ доўга будзеце чынiць гэты гармiдар? Дзе Луi? - Унiзе. Скажыце, вы чулi стрэл? Яна амаль выстаўляе iх за дзверы, голасна выказваючы сваё абурэнне. А Рышар усё адчыняе i адчыняе дзверы ў пустыя пакоi, каморы, мансарду. Не пазбавiў ён Мэгрэ i ад вышак, потым прымусiў спусцiцца на другi паверх i агледзець апартаменты бацькi i сына. - Цяпер гасцiная. Хадзем, хадзем! Абавязкова! Для мяне гэта вельмi важна. Рышар уключыў святло, i вялiкая крышталёвая люстра зазiхацела, абазвалася мiлагучным звонам. - Прашу вас. Што, нiякiх трупаў? Нiякiх параненых? Вы ўсё агледзелi? Не жадаеце спусцiцца ў склеп? Заўважце, зараз чвэрць чацвёртай. Ён расчынiў дзверы ў пакой для слуг: Жустан Мiнар сядзеў на стуле, непадалёк ад яго, у кутку, стаяў Луi - ён вартаваў яго, як арыштанта. - Гэта i ёсць той самы малады чалавек, якi чуў стрэл? Я проста шчаслiвы, што маю магчымасць пазнаёмiцца з такой надзвычайнай асобай. Мяркую, месье Мэгрэ, цяпер я маю падставу скласцi скаргу наконт паклёпнiцкага абвiнавачвання i спробы парушыць недатыкальнасць жытла? - Ваша права. - Усяго найлепшага, Луi, правядзiце гэтых месье. Стары Жандро адкрыў рот, але нiчога не сказаў. Што да Мэгрэ, то ён яшчэ здолеў прамовiць: - Дзякую вам. Луi правёў iх да выхада i замкнуў за iмi цяжкiя дзверы. Збiтыя з панталыку, збянтэжаныя, трошкi ўстрывожаныя, яны самотна спынiлiся на левым баку вулiцы Шапталь. Мэгрэ машынальна кiнуў позiрк на масляную пляму на брусчатцы, нiбыта яна насуперак усяму магла рэальна падтрымаць яго. - Паверце, я не пiў, клянуся! - Веру. - I я не вар'ят. - Само сабой... - Як па-вашаму, гэта гiсторыя можа вам нашкодзiць? Я ж чуў сёе-тое... Вось так Мэгрэ абнавiў той ноччу свой першы мундзiр, якi трошкi цiснуў яму пад пахамi. Раздзел II РЫШАР ХЛУСIЎ Без дзесяцi дзевяць уранку ўсмешлiвая мадам Мэгрэ, ад якой хораша пахла свежасцю i духмяным мылам, рассунула на акне шторы, даючы дарогу вясёламу сонцу. Прайшло не шмат часу, як яна выйшла замуж, i яшчэ не прывыкла бачыць, як спiць гэты ўскудлачаны пышнавалосы мужчына, як уздрыгваюць кончыкi яго русявых вусоў i наморшчваецца лоб, калi на твар сядзе муха. Яна засмяялася. Яна заўжды смяялася, калi ранiцай падыходзiла да яго з кубачкам кавы ў руцэ, а ён глядзеў на яе затуманенымi сном i, як ёй здавалася, трошкi дзiцячымi вачыма. Мадам Мэгрэ была маладзiца свежая i пухленькая як пампушка, - гэтакiх часта можна бачыць у булачнай цi за мармуровай стойкай у малочнай. Жыццярадаснасць нiколi не здраджвала ёй, i Мэгрэ мог на цэлыя днi пакiдаць яе адну ў iх маленькай кватэры на бульвары Рышар-Ленуар, не баючыся, што ёй хоць на хвiлiну стане сумна. - Пра што ты думаеш, Жуль? У той час яна яшчэ не называла яго Мэгрэ, але i тады ўжо яна поўнiлася да яго той глыбокай прыроднай павагай, якую адчувала да свайго бацькi i, несумненна, перанесла б i на свайго сына, калi б ён з'явiўся ў яе. - Я думаю... I ён працытаваў ёй радкi, якiя прыйшлi яму на памяць у той момант, калi ён расплюшчыў вочы пасля толькi двухгадзiннага сну. Гэта была цытата з правiл унутранага распарадку палiцыi: "Службоўцы Вышукной палiцыi абавязаны ўвесь свой час аддаваць службе. Любое распачатае следства цi назiранне павiнна быць праведзена ў самы сцiслы тэрмiн, i ў гэтыя гадзiны цi днi службоўцу не можа быць гарантаваны адпачынак". Ён пакiнуў камiсарыят а шостай ранiцы, калi на змену яму прыйшоў сакратар-асiстэнт Альбер Люс. На дварэ паветра было такое свежае, вулiцы Парыжа поўнiлiся такой зялёнай сакавiтасцю, што ён зрабiў ладны круг, каб прайсцiся па Цэнтральнаму рынку, падыхаць водарам вясковай гароднiны i садавiны. Не адзiн Мэгрэ не спаў у гэту ноч. Вiзiт замежнага правiцеля быў разлiчаны ўсяго на тры днi, але палiцэйскiя службы, асаблiва тыя, што вялi нагляд за кватарантамi мэбляваных пакояў, вакзаламi, чужаземцамi, дробнымi правапарушальнiкамi, не мелi спакою ўжо шмат тыдняў падрад. I ўжо знемагалi ад стомы. Улады не давалi дыхнуць нi жыхарам, нi палiцэйскiм камiсарыятам. Маршруты сустрэчы i праводзiн манарха сурова, да секунд разлiчаныя загадзя, не закраналi квартал Сэн-Жорж, i незанятыя людзi былi пасланы ў распараджэнне камiсарыята квартала Гранд-Опера. Адны анархiсты здольны былi пазбавiць палiцыю сну. А тут жа яшчэ i ўсялякiя "псiхi", каго падобныя ўрачыстасцi заўсёды выводзяць з раўнавагi, зладзеi-кiшэннiкi i нячыстыя на руку прастытуткi, якiя бурна аддавалiся радасцям з правiнцыяламi, прывабленымi парадам. - Гэта кава ад "Бальтазара"? - запытаўся Мэгрэ ў жонкi.
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9
|
|