Современная электронная библиотека ModernLib.Net

У час не вярнулiся (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Шитик Владимир / У час не вярнулiся (на белорусском языке) - Чтение (Весь текст)
Автор: Шитик Владимир
Жанр:

 

 


Шитик Владимир
У час не вярнулiся (на белорусском языке)

      Уладзiмiр Мiкалаевiч Шыцiк
      У час не вярнулiся
      Пройдзе час, з зямных касмадромаў возьмуць старт вялiзныя зоркалёты i накiруюцца да далёкiх галактык.
      Магчыма, гэта адбудзецца ўжо ў наступным стагоддзi, магчыма, значна пазней. Але наша мара не хоча чакаць, мы ўжо цяпер хочам ведаць, што напаткае бясстрашных астралётчыкаў у бясконцай прасторы. Аб iх прыгодах, лёсе i знаходках расказваецца ў гэтым зборнiку фантастычных апавяданняў.
      Ад праважатага Балачан адмовiўся. У прысутнасцi незнаёмых людзей ён заўсёды адчуваў сябе нiякавата. Прагназiсты гарантавалi на блiжэйшы час яснае надвор'е без пылавых бур i метэарытных дажджоў. I быў самы раз, каб паехаць аднаму. Адзiн ён будзе адчуваць сябе вальней i зможа адразу i больш поўна ўвайсцi ў гэты пакуль што невядомы i таму прываблiвы свет чужой планеты. Яму вельмi хацелася гэтага, бо ён упершыню пакiнуў Зямлю, не пабываўшы за свае дваццаць два гады нават на суседнiм Месяцы. Усё неяк не выпадала, не было патрэбы.
      Зрэшты i тут, на Марсе, ён апынуўся зусiм неспадзявана. Сёлета канчае унiверсiтэт, спецыялiзаваўся на ранняй касмiчнай гiсторыi. Калi ж надышла пара брацца за дыпломную работу, Касай, яго кiраўнiк, нечакана прапанаваў яму змянiць тэму, узяць больш познi час - першыя палёты да зорак. Тэма ў гiсторыi была зусiм не распрацаваная. I не дзiўна. Эпоха палётаў да зорак пачалася якiх-небудзь паўтара стагоддзя назад.
      Уласна кажучы, гэта была не тая гiсторыя, якая вабiла Балачана. Яна амаль не мела здабыткаў. Бо нават першыя зоркалёты не вярнулiся яшчэ са сваiх падарожжаў, час i адлегласць якiх вымяралiся светлавымi гадамi. Толькi асобныя i часта няпэўныя звесткi аб тых зоркалётах дайшлi пакуль да Зямлi. Але Балачан паважаў свайго выкладчыка, якi вучыў яго з самага першага курса. I каб не засмучаць добрага настаўнiка, згадзiўся памяняць тэму.
      Вiдаць, кiраўнiк зразумеў, што ў гэтай згодзе не хапае душы, зацiкаўленасцi, якая адна прымушае чалавека жыць любiмай справай. Бо, прагледзеўшы план работы, ён задуменна сказаў:
      - Я думаў, што ў дзяцiнстве ўсе мараць пра зоркi.
      Балачан здзiвiўся. Гэты вывад наўрад цi выцякаў з аналiзу плана дыпломнай работы, складзенага згодна з навуковымi патрабаваннямi. Але разам з тым кiраўнiк не памылiўся. Балачан, калi вучыўся ў школе, сапраўды нiколi не марыў стаць астралётчыкам. Бадай, ён быў выключэннем у сваiм класе. Космас тады для школьнiкаў быў як паэзiя. Бо хто ў тым узросце не пiша вершаў! Балачан не пiсаў, i Касай гэта зразумеў. Што, аднак, прывяло яго да гэтай думкi?
      Балачан ведаў, што выкладчык сам марыў пра далёкi космас не толькi ў маленстве. Нават быў блiзкi некалi да таго, каб мара стала явай. Перашкодзiў недарэчны выпадак - Касай на трэнiроўцы зламаў нагу. Зоркалёт "Чырвоная маланка", экiпаж якога складаўся ў асноўным з аднакашнiкаў Касая па касмiчнай школе, стартаваў без яго. З тае пары мiнула больш за паўвека. Касай усе гэтыя гады выхоўваў моладзь, вёў ва унiверсiтэце спецкурс па ранняй касмiчнай гiсторыi, i нiхто не чуў ад яго нават слова пра палёты да зорак. Дык чаму ён раптам парушыў маўчанне? Набалелае ж трэба аддаваць таму, хто здолее яго прыняць.
      Балачан не пераацэньваў сябе, не знаходзiў у сабе якасцей, якiя б абяцалi поспех у даследаваннях па новай тэме. Больш таго, ён адчуваў, што яна не захапiла яго. Ну што ж, ён выканае работу, калi таго хоча настаўнiк. А потым вернецца да пары Гагарына i Армстронга. Але, разважаючы так, ён не мог пазбыцца неспакою. Ён не любiў няяснасцей.
      I вось камандзiроўка на Марс. Тут знаходзiцца самая магутная ў Сонечнай сiстэме станцыя далёкай сувязi i пры ёй - Цэнтральны касмiчны архiў. У iм захоўваюцца ўсе матэрыялы аб асваеннi i заваяваннi космасу. Пачынаючы з першага штучнага спадарожнiка Зямлi i аж да нерасшыфраваных сiгналаў, якiя прыйшлi ў Сонечную сiстэму - цi ад зямных зоркалётаў, скажоныя адлегласцю i перашкодамi, цi, хутчэй за ўсё, ад бясконца далёкiх галактык або пульсараў.
      Балачан не верыў у сiгналы, якiя нiбыта прыйшлi ад iншых цывiлiзацый. Нешта нiхто не сустрэў iх да гэтага часу нават у далёкiм Сусвеце. Усё, што не паддаецца расшыфроўцы, - парадзiла мёртвая прырода.
      Развiтаўшыся з дыспетчарам у касмапорце, Балачан сеў у электрамабiль. Ён не мог заблудзiцца. Да Цэнтральнага архiва вяла добрая шаша. Здалёк яна была падобна на раку, што цякла мiж чырвоных пясчаных барханаў.
      Электрамабiль мог развiваць фантастычную хуткасць, але Балачан не спяшаўся. Ён уключыў аўтаматычнае кiраванне, а сам, не адрываючыся, глядзеў, як насоўваецца на яго з блiзкага краявiду змрочная ад фiялетавага неба бясконцая пустыня. Аднастайнасць пейзажу не расчаравала яго. Ён бачыў шмат тэлеперадач пра Марс i быў гатовы да любога вiдовiшча. Аднак цi можа нежывое адлюстраванне параўнацца з самой прыродай! Нават праз сферычнае шкло кабiны пустыня была непадобная на сваю кiнакопiю. Яна жыла, яна была побач, яе можна было пакратаць, на ёй можна было пакiнуць свае сляды.
      Балачан спынiў электрамабiль, выйшаў на шашу.
      Сонца стаяла ў зенiце. Непрывычна маленькае, ярка-залатое, яно не пякло, як на Зямлi ў пустынях, а неяк сумна i пяшчотна грэла твар, ледзь прабiваючыся праз шкло гермашлема. I святла давала мала. Нават у ясны марсiянскi поўдзень на небе былi вiдаць зоркi i сузор'i.
      Балачан пераступiў белы ахоўны бардзюр i пакрочыў у глыб барханаў. Спынiўся толькi тады, калi знiклi i шаша, i электрамабiль, а пустыня ляжала перад iм такой, якой яна была: iншапланетнай, чужой.
      Ён не быў дасведчаны ў арэалогii*, нiколi не ўнiкаў у яе дэталi. У гiсторыi заваявання космасу яго цiкавiў фiласофскi, маральны бок. Балачан разглядаў гэту з'яву як чарговы этап у эвалюцыi чалавецтва. У гэтым яго поглядзе не было месца ўмовам iснавання на iншых планетах. Бо, урэшце, яны у адным выпадку лепшыя, у другiм горшыя - не мелi iстотнага значэння. Важным быў сам факт выхаду чалавека за межы Зямлi i тыя вынiкi, якiя гэта дало для развiцця навукi, эканомiкi, усёй цывiлiзацыi.
      ______________
      * Арэалогiя - навука аб Марсе.
      Цяпер жа ўсведамленне таго, што ён знаходзiцца сам-насам з чужой прыродай, адрэзаны ад усяго, што было на Зямлi, падарвала раптам яго ўпэўненасць. Запозненае пачуццё рамантыкi, якой веяла ад расказаў касманаўтаў пра свае прыгоды, кранула сэрца. Балачан падумаў, што ўсё-такi гэта добра - ступiць нагой на пясок iншай планеты, пастаяць пад промнямi яе сонца.
      - Балачан, дзе ты? Чаму спынiўся?
      Ён уздрыгнуў, пачуўшы гэты голас, i тут жа засмяяўся. Яму стала крыху сумна: Марс, аказваецца, стаў ужо дастаткова цывiлiзаваны. Балачан уздыхнуў, шкадуючы, што рамантыка так хутка скончылася, i пайшоў да дарогi.
      Будынак архiва знаходзiўся на беразе вялiкага кратэра. Перш чым увайсцi ў сярэдзiну, Балачан доўга стаяў над адхонам. Вiдовiшча было нi з чым не параўнанае. Выбух буйнога метэарыта, утварыўшы кратэр, агалiў глыбiнныя пароды. Нават удалечынi яны не хавалiся за смугой, за паўценямi. Рознакаляровыя, яны зiхацелi пад сонечнымi праменнямi, як далёкiя зоркi. Ясная, да болю ў вачах кантрасная карцiна. Балачану падумалася, што ён пачынае разумець тых, хто, пабываўшы ў прасторы, iмкнецца вярнуцца туды зноў. Таiлася ў чужых планетах магутная прываблiвая сiла.
      Шчыра кажучы, Балачан не чакаў вельмi многага ад сваёй работы ў архiве. I на Зямлi, i тут апрацоўкай паведамленняў зоркавых экспедыцый займалася вялiкая група вучоных, спецыялiстаў. Час ад часу яны знаходзiлi што-небудзь цiкавае, важнае. На такi поспех Балачан не разлiчваў. У яго было больш сцiплае заданне, абмежаванае палётам "Чырвонай маланкi".
      Некаторыя матэрыялы аб гэтай экспедыцыi Балачан вывучаў яшчэ на Зямлi. Шмат што, асаблiва пра яе экiпаж, расказаў Касай. Маршрут зоркалёта ляжаў да Палукса. Трыццаць пяць светлавых гадоў туды, трыццаць пяць назад. Балачан ведаў каманду "Чырвонай маланкi" так добра, што iншы раз яму здавалася, быццам ён асабiста быў знаёмы з кожным. Хударлявы Шарэпа, якi нiколi не трацiць раўнавагi, - нездарма яго выбралi капiтанам. Весялун i жартаўнiк Гай, якi яшчэ студэнтам зрабiў значнае адкрыццё ў астраномii, i, напэўна, за гэта яму аддалi пасаду штурмана экспедыцыi. Лепшы сябар Касая - Жвiнакас, флегматычны, маўклiвы i найлепшы знаўца карабельных тэхнiчных сiстэм. Чара Чарава - бiёлаг, урач, дзяўчына, у якую, як здагадваўся Балачан, быў закаханы яго настаўнiк...
      Iх было дваццаць пяць, адданых космасу, адважных i самаахвярных. Касай ганарыцца iмi. А Балачан успрымаў iх подзвiг неяк раздвоена. Ён аддаваў iм данiну, як людзям, якiя, магчыма, аддалi ўсё, што мелi, на карысць чалавецтву. I ён часам лавiў сябе на думцы, што не ўпэўнены, цi была патрэбная iх ахвяра чалавецтву.
      Балачан не выпадкова выбраў раннюю касмiчную гiсторыю. У той час людзi ўпершыню здолелi вырвацца з зямнога прыцягнення, дасягнулi суседнiх планет. Прастору Сонечнай сiстэмы, як некалi зямныя акiяны, перасякалi караблi новых касмiчных Калумбаў. Напэўна, многiя з сучасных ведаў чалавека аб прыродзе былi здабыты менавiта тады. Але ўжо ў той час чалавека павiнна была насцеражыць адна акалiчнасць. Людзi дабралiся нават да Плутона. I ўсюды бачылi адно i тое ж: мёртвую пустыню. Планеты рознiлiся толькi ў будове цi знешнiм выглядзе. Распалены пясок, халодны газ або чорныя непрыветныя скалы. Варыянтаў шмат - сутнасць адна.
      Энтузiязм дваццаць першага стагоддзя, калi тэхнiка дазволiла чалавеку трывала асталявацца ў космасе, Балачан тлумачыў спрадвечнай марай людзей пра сустрэчу з сабе падобнымi. Адсутнасць жыцця на планетах сваёй сiстэмы не паменшыла гэтага ўздыму - наперадзе былi палёты да iншых сонцаў i iншых планет. Тады верылi, што там будзе iнакш. Але мiналi дзесяцiгоддзi, а Зямля заставалася адзiным светлым кутком сярод чорнай маўклiвай прасторы, якая з кожнай новай экспедыцыяй адсоўвала свае межы ўсё далей i далей. Дык цi не варта спынiць гэтыя пошукi! Яны надта дорага каштуюць чалавецтву, адбiраючы i выдатных вучоных, i вялiкiя матэрыяльныя сродкi. Балачан недзе чытаў, што ператварэнне Марса ў прыгодную для жыцця планету накшталт Зямлi эквiвалентна па затратах пабудове i экiпiроўцы дваццацi зоркалётаў. Мажлiва, гэта i перабольшанне, але доля iсцiны ў iм ёсць. Балачан ведаў, што гэту ягоную думку не падзяляе большасць зямлян. Таму i працягваюць адпраўляцца з месячных касмадромаў зоркалёты. Аднак быў упэўнены, што некалi людзi спахопяцца. Ён будзе адным з тых, хто ўрэшце дакажа iм неабходнасць гэтага. I частку такiх доказаў ён сабярэ тут, працуючы над дыпломнай.
      Сховiшчы Цэнтральнага архiва ўразiлi Балачана агромнiстым аб'ёмам самай разнастайнай iнфармацыi. I ён не ўтрымаўся - перш чым пачаць работу над сваёй тэмай, патрацiў цэлы дзень на прагляд запiсаў, якiя датычылi папярэднiх перад "Чырвонай маланкай" экспедыцый, Гэта быў велiчны i драматычны гiмн чалавеку i яго розуму. Перад Балачанам на экране праходзiлi сцэны будзённага жыцця на зоркалётах, запiсаныя i перасланыя сюды з далёкага космасу. Як на тое, яму трапiлiся дзённiкi менавiта тых экiпажаў, якiя перасталi паведамляць пра сябе. Тады яны жылi i верылi, што вернуцца, прынясуць на Зямлю вялiкiя тайны Галактыкi. Балачан iх назiраў менавiта такiмi - спакойнымi, упэўненымi. Але ён ужо ведаў, што яны не вернуцца. I было да болю ў сэрцы тужлiва ад лаканiчных каментарыяў да здымкаў: "Планета, падобная на Марс", "А гэта як наш Сатурн, толькi без кальца"... Потым былi iншыя словы: "Дзiм захварэў", "Баркун загiнуў", "У Рана i Нэi нарадзiлася дачка"... Жыццё для iх там iшло, быццам зоркалёт i не адрываўся ад роднай планеты.
      Пазней, калi Балачан заняўся "Чырвонай маланкай", ён не мог забыцца на прагледжаныя паведамленнi. Яны нiбы прыгняталi яго, загадзя афарбоўваючы новыя матэрыялы ў змрочны колер. Тым болей што лёс гэтага зоркалёта быў, вiдаць, такi ж, як i тых, што ў час не вярнулiся.
      Апошнi рапарт "Чырвонай маланкi" станцыя дальняй сувязi прыняла яшчэ тры гады таму назад. Экспедыцыя наблiзiлася да Палукса. Балачан вельмi хацеў зразумець, чаму гэта перадача была апошняй. I ён пачаў з яе, спадзеючыся, што, мажлiва, ужо тады астралётчыкi прадбачылi што-небудзь небяспечнае.
      Ажыў экран, i нехта прамовiў: "Яркае жоўтае свяцiла мае адзiнаццаць планет. Тры з iх абарочваюцца амаль па кругавой арбiце. Пяць маюць атмасферу". Балачан механiчна адзначыў, што там могуць быць умовы для жыцця, а сам думаў: чый гэта голас? Крыху стомлены, спакойны, разважлiвы. Як у Шарэпы ў той дзень, калi ён выступаў перад зямлянамi на старце свайго карабля. Балачану ён запомнiўся стрыманасцю, якая так не адпавядала ўрачыстай ! хвалюючай хвiлiне. Быццам не чалавек гаварыў, а кiбернетычны робат. Няўжо ён не змянiўся за гэты час? Няўжо нават блiзкая мэта не выклiкала ў iм эмоцый? Балачан слухаў i дзiвiўся, пакуль раптам не зразумеў, што гэта не Шарэпа, а Гай. Астраном i штурман. I тады здзiвiўся яшчэ болей. У голасе Гая знiклi жартаўлiвыя ноткi. Або ён пасталеў i пасур'ёзнеў, або яны там развучылiся смяяцца?
      Балачан перарваў перадачу i паставiў папярэднюю, якая прыйшла за паўгода да апошняй, спрабуючы ў ёй знайсцi прычыну перамены ў характары штурмана. Аднак нiшто не давала нават намёку на гэта. Перадача была звычайная. У справаздачы аб жыццi i дзейнасцi экiпажа не ўпамiналiся нiякiя канфлiктныя падзеi.
      Адчуваючы, як у iм нарастае неспакой - быццам, разгадаўшы прычыну, ён мог бы чым-небудзь дапамагчы камандзе "Чырвонай маланкi" - Балачан вярнуўся да апошняга паведамлення.
      Зноў на экране заблiшчалi планеты-зорачкi, раскiданыя вакол свайго сонца.
      "Мы пачнём з восьмай. Тры апошнiя нагадваюць Плутон".
      "Як заўсёды", - з расчараваннем адзначыў Балачан, бо яшчэ толькi ўчора чуў гэта з iншых крынiц некалькi разоў. Ён ведаў, што пасля гэтага абяцання з карабля адправяцца ракеты. Спачатку з робатамi, потым, калi дазволяць умовы, - з людзьмi. А што яны там убачылi, так i застанецца невядомым.
      Балачан доўга ўглядаўся ў экран, спынiўшы паказ на кадры з дзённiка. На iм была бiяхiмiчная лабараторыя. Чара сядзела за сталом. Iмгненне назад яна задумлiва, нiбы гаварыла сама з сабой, расказвала пра новы метад уздзеяння на спадчынны механiзм клеткi, якi ёй удалося адкрыць. Балачан не мог выслухаць яе да канца. На Зямлi гэта адкрылi раней Чары гадоў на дваццаць. Мажлiва, Чара сама не выключала, што яе навiна ўжо не навiна, таму i не было ў яе голасе задаволенасцi зробленым.
      Уначы Балачан не мог заснуць. Ён упершыню падумаў, што гады, якiя астралётчыкi правялi ў прасторы, асуджаныя па сутнасцi на вечную адарванасць ад Зямлi, прымусiлi iх зразумець праўду. Iх подзвiг урэшце будзе толькi iх подзвiгам, а не ўсяго чалавецтва. Бо што б там яны нi ўбачылi i нi знайшлi, усё роўна вестка аб гэтым прыйдзе на родную планету са спазненнем.
      Напэўна, нiколi раней Балачан не працаваў так напружана. Ён напiсаў дыпломную. Але не так, як думаў, складаючы план, як чакаў ад яго настаўнiк. "Чырвонай маланцы" быў прысвечаны толькi адзiн раздзел. Астатнiя тры, насычаныя шматлiкiмi прыкладамi, служылi доказам яго думкi пра марнасць палётаў да зорак. Балачан ведаў, што расчаруе свайго настаўнiка. Больш таго, падаўшы ў святле сваiх вывадаў апошнюю справаздачу з "Чырвонай маланкi", зробiць настаўнiку балюча. I не мог паступiцца сваiмi пераконаннямi. Яго вывады датычылi не толькi iх двух.
      Можна было вяртацца на Зямлю. Але Балачан быў добрасумленным студэнтам, нават залiшне педантычным. Там, дзе iншыя абмяжоўвалiся рэкамендацыйным спiсам кнiг i дапаможнiкаў, яму абавязкова трэба было ведаць ледзь не ўсё, што датычыла тэмы. Гэта часта замiнала нармальнай вучобе, бо, збiваючыся на дробязi, ён адставаў ад аднакурснiкаў. Аднак пераламiць сябе не мог. Такi ўжо быў у яго характар.
      Гэты самы характар прымусiў Балачана затрымацца. Нехта з супрацоўнiкаў архiва ў самы апошнi момант сказаў яму, што ёсць яшчэ адзiн сiгнал, нерасшыфраваны, якi, магчыма, належыць "Чырвонай маланцы", бо прыняты на яе хвалi. А цi мог ён паехаць, не ўпэўнены, што сiгнал не мае нiякага дачынення да яго зоркалёта? Вядома, не. I хоць да адпраўлення рэйсавага планеталёта Марс-Зямля заставалася нямнога часу, ён пайшоў у сховiшча.
      Наўрад цi можна было назваць гэта сiгналам, пасланым рукой чалавека. Каб не хваля, на яго нiхто не звярнуў бы нават увагi. На экране мiтусiлiся хаатычна раскiданыя рысачкi, у дынамiку чулася патрэскванне, як ад звычайных выпраменьванняў з космасу. Аператар спачувальна паглядзеў на Балачана, але дапамагчы не мог. З жалем параiў:
      - Цi мала ў прасторы крынiц энергii? Яшчэ паспееш на планеталёт.
      Гэта была слушная парада. Толькi не для Балачана. Аператар, напэўна, не чуў легенды, якую вось ужо чатыры гады, як дасцiпны жарт, перадавалi старэйшыя пакаленнi студэнтаў першакурснiкам. Быццам бы Балачан адмовiўся здаваць залiк па механiцы. А на здзiўленае пытанне выкладчыка заўважыў: "Мне трапiлiся рухавiкi ўнутранага згарання". Выкладчык не зразумеў. Тады Балачан растлумачыў: "У нашым музеi iх няма. Не магу ж я гаварыць пра тое, чаго нiколi не бачыў". Выкладчык стрымаў усмешку i спытаў: "А як нам быць?" Балачан адказаў: "Днi праз два я закончу дзеючую мадэль рухавiка, тады i здам залiк". Залiк ён сапраўды здаў. Блiскуча. Але са спазненнем, калi яго аднакурснiкi былi ўжо на экскурсii ў падводнай Антарктыцы.
      Забраўшы запiс гэтага нерасшыфраванага сiгналу, Балачан адправiўся ў лабараторыю.
      Ён працаваў суткi, другiя, трэцiя... Спачатку супрацоўнiкi архiва спагадлiва i крыху iранiчна пасмiхалiся, потым здзiўлена кiвалi галовамi, маўляў, упартасць не да месца. А на чацвёрты дзень у Балачана з'явiўся памочнiк - той самы аператар, якi раiў яму паспяшацца з ад'ездам. А неўзабаве разам з Балачанам працавалi ўсе, хто быў вольны ад вахты i асноўнай работы. Яны паверылi яму.
      Аднак мiналi днi, а вынiкаў не было. На экранах штораз узнiкалi ўжо добра абрыдлыя ўсiм хаатычна раскiданыя рысачкi. Двойчы прасiў Балачан дазволу ў Касая затрымацца. Настаўнiк ведаў свайго вучня i, не задаючы пытанняў, дазваляў.
      I раптам рысачкi загаварылi. Здарылася гэта, калi Балачан неяк уначы рашыў разбiць сiгнал на долi, чаргуючы колькасць рысачак па групах ад нуля да дзевяцi.
      Гэта быў выпадак. Але, кажуць, выпадак любiць настойлiвых. Балачан быў настойлiвы. I на экране ён убачыў тую ж самую планетную сiстэму Палукса. Толькi побач з пятай планетай свяцiлася яшчэ адна кропачка, як спадарожнiк. Балачан паспрабаваў павялiчыць адлюстраванне. Кропка заблiшчала ярчэй, стала святлейшай за планету i ледзь прыкметна кранулася з месца. Дуга, якую яна апiсала, была часткай правiльнага круга... А потым экран патух. Сiгнал быў прыняты не цалкам. Вiдаць, не зразумеўшы, аператар не запiсаў яго да канца.
      Балачан пабудзiў сваiх добраахвотных памочнiкаў i яшчэ раз з iмi прагледзеў кавалак гэтай перадачы, якая прыбыла з чужога свету. У гэтым ён не сумняваўся. Шарэпу цi Гаю не было патрэбы задаваць суайчыннiкам загадкi. Але што азначала гэта перадача? Здагадкi змянялi адна адну. Найбольш яму спадабаўся вывад, што гэта гуманоiды з сiстэмы Палукса, выкарыстаўшы хвалю "Чырвонай маланкi", перадалi на Зямлю вестку аб сабе i зоркалёце, якi дабраўся да iх i стаў спадарожнiкам пятай планеты, населенай разумнымi iстотамi...
      Аднак Балачан не быў бы самiм сабой, каб прыняў гэту прыгожую думку за аксiёму. Ён не мог сабе адказаць на шмат пытанняў, i сярод iх на самае галоўнае: "Чаму маўчаў Шарэпа?" А без гэтага не адчуваў за сабой права рабiць хоць прыблiзны вывад.
      Не адказваючы на вiншаваннi таварышаў, ён прайшоў на вузел сувязi i выклiкаў Зямлю. Касай слухаў яго.
      - Настаўнiк, - сказаў Балачан, - я не напiсаў дыпломную. - Ён пачакаў, цi не скажа што Касай, i тады дадаў: - Я не буду гiсторыкам. - Касай маўчаў, i Балачан дазволiў сабе яшчэ адну фразу: - Калiсьцi чалавек павiнен перахварэць космасам.
      З вузла сувязi Балачан пайшоў у свой пакой, выцягнуў з партфеля крышталiкi з запiсам дыпломнай работы i кiнуў iх у трубапровад, якi вёў да анiгiлятара.