Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Дублi (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Шитик Владимир / Дублi (на белорусском языке) - Чтение (Весь текст)
Автор: Шитик Владимир
Жанр:

 

 


Шитик Владимир
Дублi (на белорусском языке)

      Уладзiмiр Мiкалаевiч Шыцiк
      Дублi
      Пройдзе час, з зямных касмадромаў возьмуць старт вялiзныя зоркалёты i накiруюцца да далёкiх галактык.
      Магчыма, гэта адбудзецца ўжо ў наступным стагоддзi, магчыма, значна пазней. Але наша мара не хоча чакаць, мы ўжо цяпер хочам ведаць, што напаткае бясстрашных астралётчыкаў у бясконцай прасторы. Аб iх прыгодах, лёсе i знаходках расказваецца ў гэтым зборнiку фантастычных апавяданняў.
      На чырванаватую пустыню мора часу клалiся доўгiя ценi блiзкiх гор. Залацiсты калматы клубок Сонца ўжо вiсеў над самым гарызонтам. I без таго густа-фiялетавае неба пацямнела зусiм. Яшчэ некалькi хвiлiн, i марсiянская ноч, амаль такая ж раптоўная, як зямная ў тропiках, агорне ўсё навокал.
      - Дзе мог дзецца Барыс? - уголас падумаў Янка, нездаволена пазiраючы ў акно.
      Янка быў адзiн, i яму нiхто не адказаў. Тады ён запалiў агнi маяка, якi ўзвышаўся на добрую сотню метраў над дахам iх выпрабавальнай станцыi. I адразу, быццам у адказ, злева замiгцелi фары ўсюдыхода.
      Янка прыгледзеўся. Барыс марзянкай пытаўся: "Ты на базе?"
      Усмiхнуўшыся, Янка гэтак жа, памiгваючы святлом маяка, iранiчна адказаў:
      - Рацыя сапсавалася?
      У дынамiку радыёсувязi пачуўся ўздых, сапенне, потым прахрыпела:
      - Зусiм забыўся.
      Пачуўшы голас Барыса, Янка занепакоiўся:
      - Ты чаго?
      - Глупства. Прыеду - раскажу.
      Янка ўсмiхнуўся, буркнуў: "Таямнiцы марсiянскага двара" i пайшоў да канапы крыху расчараваны. Нiчога не здарылася, ды не можа здарыцца ў гэтым прывычным, як на Зямлi, становiшчы. Зручная мэбля, утульны пакой. Нават радыё i тое, як звычайна ў гэты час там, дома, перадае апошнiя паведамленнi. Усё звычайна, усё iдзе сваiм парадкам, быццам ты i не пакiдаў Зямлi.
      Але вось голас дыктара стаў больш звонкi, усхваляваны. Ён загаварыў пра падрыхтоўку галактычнай экспедыцыi, i Янка раптам успомнiў: "Наступныя мы". I ўжо iншымi вачыма, з халоднай цiкаўнасцю паглядзеў навокал сябе. А ў сэрца папаўзла нездаволенасць.
      Яны з Барысам былi асноўнымi кандыдатамi ў наступную галактычную экспедыцыю. Гэты iх палёт на Марс быў апошняй трэнiроўкай. Iм давалi магчымасць пажыць у незямных умовах i тым самым пэўным чынам падрыхтавацца да таго нечаканага, што можа сустрэцца на далёкiх i чужых планетах. Задума была правiльная, супраць яе Янка не пярэчыў. Але вынiкi... Ён чакаў большага. Хiба гэта падрыхтоўка, калi яны тут акружаны прывычнымi рэчамi i, нават выходзячы за парог станцыi, больш адчуваюць сябе дзе-небудзь у Гобi, чым на Марсе? Адзiнае, што напамiнае пра космас, - касцюм, аднак i ён такi лёгкi, што яго амаль не заўважаеш...
      Знадворку пачулася гудзенне, затрымцелi сцены. Вяртаўся Барыс. Янка пайшоў сустракаць таварыша.
      - Насланнё нейкае, - сказаў Барыс, вылазячы з кабiны.
      - Што такое?
      - Мне здалося, - Барыс крыху сумеўся, але дакончыў, - быццам ты напаўзасыпаны пяском. Толькi шлем тырчыць.
      Янка здзiвiўся, маўляў, чаго толькi не прыдумае чалавек, потым нахмурыўся:
      - Трэба было паглядзець.
      - Дык ты азваўся, а тым часам i сцямнела.
      - Тады заўтра, - вырашыў Янка.
      На тым i пагадзiлiся, а ранiцай, калi прачнулiся, над пустыняй бушаваў ураган. Чырванаватыя смерчы, звiваючыся на тонкiх нагах, быццам крывавыя зданi, пятлялi вакол станцыi.
      - Ат, учора мне здалося, нiчога не было, - махнуў рукой Барыс. - Пайду лепш падрамантую ўсюдыход.
      Па закрытым праходзе ён пайшоў у гараж. Пабыўшы там нейкi час, Барыс прыбег да Янкi ўсхваляваны. Адчынiўшы дзверы, крыкнуў:
      - Прапаў Ганiмед!
      - Праўда?
      - Усё абшукаў, - ён апусцiўся на падлогу, ашаломлены прапажай.
      - Значыць, учора быў Ганiмед. Сапсаваўся i ўпаў.
      - Вось як бывае. А куды ты яго пасылаў? - узняў галаву Барыс.
      - Учора - нiкуды. Ён павiнен быць на месцы, - адказаў Янка.
      - Значыць, уцёк.
      - Ну, ведаеш! - абурыўся Янка. - Гэта не воўк.
      - Але ты яго не пасылаў, не? I я таксама. Дык што тады?
      - Гм... - Янка адкiнуў гермашлем i пачухаў патылiцу.
      У поўдзень пясчаны буран сцiх. Касманаўты апранулiся i выйшлi з памяшкання. На паўднёвы ўсход ад станцыi, як хапала вока, грэбнямi хваль застылага мора цягнулiся барханы. Было цiха-цiха, i ад гэтага параўнанне з морам рабiлася больш пераканаўчым. Сонца свяцiла на ўсю сваю марсiянскую сiлу.
      - Дзе табе здалося? - спытаў Янка.
      Яны не ўзялi ўсюдыход, бо дарога была блiзкая. А хадзiць пехатой тут было нават больш прыемна, чым на роднай планеце, - чалавек на Марсе важыць амаль у два з паловай разы менш. Пераскакваючы з грэбеня на грэбень, слiзгаючыся на сыпучым пяску, касманаўты ўрэшце дайшлi да перадгор'я.
      - Недзе тут, - сказаў Барыс. Зрабiўшы яшчэ некалькi крокаў, упэўнена паўтарыў: - Тут, - i для пэўнасцi ачарцiў рукой у паветры круг.
      Але цi ён памылiўся, цi ўсё засыпаў нядаўнi шалёны вецер, бо знайсцi нiчога не ўдалося.
      Янка крыкнуў у шлемафон:
      - Ганiмед! Ганiмед!
      Ён зрабiў гэта хутчэй для ачысткi сумлення i нават павярнуўся, каб iсцi назад. I раптам у навушнiках нешта запiшчала i праз трэск разрадаў данеслiся доўгачаканыя словы:
      - Р-10, названы Ганiмедам, вяртаецца на базу. Р-10, названы Ганiмедам...
      Пачуўшы робата, людзi засмяялiся. Непакой адразу знiк, уступiўшы месца весялосцi, для якой, дарэчы, былi падставы. Нехта з канструктараў, жадаючы падкрэслiць дасцiпнасць свайго тварэння, увёў у яго праграму гэтае "названы Ганiмедам", i робат толькi так заўсёды заяўляў аб сабе. I Янка i Барыс чулi гэта неаднойчы, але нiколi яшчэ не адчувалi такога задавальнення.
      Хутка паказаўся i сам Ганiмед. Ён iшоў паважны, падобны на чалавека, перакананага ў сваёй высокай годнасцi, задзiраючы механiчныя ногi, якiя грузлi ў пяску i пакiдалi на iм глыбокiя сляды.
      У iнфармацыi, якую прынёс робат, не было нiчога iстотнага. "Бачыў гару, заходзiў у грот, адчуў электраразрады". Не змог ён растлумачыць i таго, па чыёй камандзе выйшаў з базы.
      - Вiдаць, нядаўна выбраўся з пяску. Пакуль ляжаў, нешта ў схеме разладзiлася, - вырашыў Барыс.
      Гэта было падобна на праўду, i Янка з iм згадзiўся.
      Надышла ноч. Цiхая, марозная. Пакрытая iнеем пустыня халодна паблiсквала пад зменным святлом Фобаса i Дэймаса, якiя нiбы наперагонкi спяшалiся па ярказорным небе.
      Заварожаныя незвычайным хараством, касманаўты не маглi адысцi ад акна, хаця стрэлкi гадзiннiка ўжо даўно прамiнулi лiчбу дванаццаць. Раптам Ганiмед, якi знаходзiўся ў гаражы разам з iншымi робатамi, вымавiў: "Р-10, названы Ганiмедам, бачыў у пустынi скафандр чалавека".
      Фразу прыняла сiстэма ўнутранай сувязi i перадала ў дынамiк, што быў устаноўлены ў салоне.
      - Ты што-небудзь зразумеў? - павярнуўся Янка да таварыша.
      - Н-не, - разгублена адказаў той. - Мусiць, робат зусiм сапсаваўся. Гэй, Ганiмед, зайдзi да нас.
      Праз хвiлiну робат увайшоў у салон.
      - Дзе ты бачыў скафандр? - задаў яму Барыс пытанне i напружана сачыў, як у шкляных вачах-лiнзах успыхваюць рознакаляровыя iскаркi.
      Ганiмед патупаў, як чымсьцi збянтэжаны чалавек, i слова ў слова паўтарыў тое, што гаварыў раней.
      - Трэба праверыць яго. - Барыс накiраваўся да робата.
      - Пачакай, - спынiў яго Янка. - Ганiмед, дзе ты бачыў скафандр? зрабiў ён нацiск на слове "дзе".
      Ганiмед паблiскаў вачыма-лiнзамi i сказаў каардынаты:
      - Паўднёвы ўсход, трыццаць секунд ад кантрольнага мерыдыяна.
      - Там, - шапнуў Барыс, адступаючы назад i пераводзячы разгублены позiрк то на Янку, то на робата.
      - Не глядзi на мяне так, я i сам нiчога не разумею, - развёў рукамi Янка.
      - Р-10 не разумее таксама, - праграма робата, здольная да аналiзу таго, што адбываецца навокал, спрацавала. Механiчны голас прагучаў прыглушана i, як здалося, больш раўнадушна, чым заўсёды, нiбы робат нешта ведаў i не хацеў сказаць.
      Янка падышоў да Ганiмеда, адключыў яго ад знешняга асяроддзя i выклiкаў робатаў-рамонтнiкаў. Яны праверылi ўсю схему, але нiякiх адхiленняў ад нормы не знайшлi.
      - Вы абодва бачылi нешта адно i тое, што палiчылi за скафандр. Але гэта, напэўна, было нешта iншае, - сказаў Янка, выслухаўшы даклад раманцёраў. - Трэба пашукаць.
      - Адзiн дзень ужо страцiлi.
      - Выкраiм яшчэ некалькi гадзiн.
      - Дык ноч, - не здаваўся Барыс.
      - Ганiмед арыентуецца ў цемры, - рашуча сказаў Янка i пачаў збiрацца.
      Апрануўшыся цяплей, касманаўты выйшлi са станцыi. Мароз нiбы пабольшаў, высмактаўшы апошнюю вiльгаць з i без таго сухога i пустога паветра. Iней ляжаў вакол, як снег, ногi коўзалiся. I толькi Ганiмед iшоў быццам па роўным i цвёрдым асфальце. Людзi ледзь паспявалi за iм.
      Нарэшце робат спынiўся, пастаяў крыху, даўшы нагрузку свайму электроннаму мозгу, i ў шлемафонах касманаўтаў прагучала: "Тут".
      Дзве маленькiя рыдлёўкi, якiя людзi спецыяльна захапiлi з сабой, угрызлiся ў сыпучы пясок. Пад метровым пластом ляжаў... шлем. Празрысты наперадзе, металiчны з патылiцы i цеменi. Якраз такi, якiя былi зараз на галовах касманаўтаў. Яны нават зiрнулi адзiн на аднаго, падумаўшы, цi не забыўся сябар апрануць свой шлем. Але ўсё было ў парадку. Янка ўзяў знаходку ў рукi, пакруцiў, аглядаючы з усiх бакоў. Па ўсiм вiдаць, гэта была iх рэч, якую, аднак, яны нiколi не гублялi.
      На базу вярнулiся моўчкi, думаючы кожны пра знаходку.
      Нарэшце Барыс прапанаваў:
      - Паведамiм на Зямлю.
      - Пра што?
      - Пра шлем.
      - Ты ж не ведаеш, чый ён. А што, калi i там не ведаюць? На Марсе экспедыцыi бываюць рэдка, асаблiва ў гэтым раёне. Турысты таксама. Наўрад цi нам што пэўнае адкажуць. Давай будзем шукаць гаспадара шлема.
      У той жа дзень Барыс на ўсюдыходзе адправiўся на двое сутак да Паўднёвага полюса. Адклаўшы бягучыя справы, якiх назбiралася нямала, Янка засеў у бiблiятэцы. Яна была не такая багатая, як на дальнiх касмiчных караблях, але ўсё-такi ў ёй можна было знайсцi даволi поўныя звесткi пра планеты Сонечнай сiстэмы i экспедыцыi да iх. Шлем быў новай, магчыма, апошняй мадэлi. Таму ў глыбiню гадоў Янка вырашыў не забiрацца, а абмежаваўся апошняй палавiнай веку.
      Нiчога, што хоць якiм-небудзь чынам намякала б на паходжанне iхняй знаходкi, ён, аднак, не знайшоў. У апошнiя гады Марс наведваўся вельмi мала, i пра згубленыя тут рэчы не магло быць i гутаркi. Да таго ж за гэты час у раёне, дзе знаходзiлiся касманаўты, не ступала нага нiводнага другога чалавека.
      Але шлем iснаваў. I калi яго не згубiлi людзi, то... Янка ўсмiхнуўся. Так можна дадумацца чорт ведае да чаго. Каб крыху развеяцца, ён вырашыў прагуляцца i захапiў з сабой Ганiмеда. Хоць i робат, а ўсё ж спадарожнiк, з якiм можна, занудзiўшыся, перакiнуцца словам.
      Мясцовасць паступова павышалася. I калi Янка, адпачываючы, азiрнуўся, будынак станцыi быў далёка ўнiзе. Белы, абнесены лёгкай металiчнай агарожай, ён выглядаў як казачны. Як успамiн аб нязбыўнай мары дзяцiнства. Янку зрабiлася нават сумна.
      Ганiмед, якому былi недаступныя эмоцыi чалавека, заварушыўся першы. Янка з цiкавасцю зiрнуў на свайго механiчнага памочнiка. Яго заўсёды цiкавiла рэакцыя дакладнага матэматычнага мозгу на тое, што захапляла чалавека. Робат не ўбачыў хараства. Ён зрабiў крок i спакойна сказаў:
      - Бачу сляды.
      Янка ўздрыгнуў, паднёс да вачэй бiнокль. Справа ад станцыi, прыкладна на паўдарозе да першых адрогаў, вiўся ланцужок чорных кропак. Яны iшлi аднекуль з-за бархана, апiсвалi пятлю i хавалiся ў скалах. Сляды былi свежыя, бо ўраган бушаваў яшчэ заўчора. Робаты iх пакiнуць не маглi. Пасля выпадку з Ганiмедам гараж замыкалi. Аднак Янка запытаў у Барыса па радыё, цi не блукаў той сам вакол базы.
      - Я не вылазiў з машыны, - паведамiў Барыс i ў сваю чаргу пацiкавiўся: - А што?
      - Бачу сляды нечых ног, - растлумачыў Янка.
      - Мне вяртацца?
      - Ага, - сказаў Янка i дакрануўся да Ганiмеда, як да жывой iстоты: Хадзем.
      Ля ямак, якiя аказалiся слядамi робата такога ж класа, што i Ганiмед, спынiлiся.
      - Р-10 трэба вярнуць, - зрабiў вывад Ганiмед, нецярплiва пераступаючы з нагi на нагу.
      - Адну хвiлiнку, - як чалавеку, сказаў Янка i выклiкаў станцыю. Аўтаматычнае рэле ўключыла тэлесувязь. На маленькiм паходным экране ўзнiк выгляд гаража знутры. Усе робаты былi на месцы. Для пэўнасцi ён пералiчыў iх два разы. Памылкi не было. Янка нахмурыўся i сказаў: - Будзем шукаць.
      Чалавек i робат пайшлi па следзе.
      Янка маўчаў, ашаломлены новай загадкай. Праўду кажучы, ён не прымаў яе ўсур'ёз. Здавалася, што ў наступнае iмгненне гэтае насланнё знiкне i ўсё акажацца мiражом, галюцынацыяй. Але мiналi хвiлiны, i разам з iмi цяклi ямкi-сляды, пакiнутыя адным з робатаў, якога, аднак, нiхто не выпускаў на волю.
      Ганiмед, наадварот, выглядаў надзвычай дзейным, нават заклапочаным. Ён часта нахiляўся долу, мацаў глебу i каменнi, чэрпаючы для сябе iнфармацыю, i яго мармытанне ўвесь час чулася ў Янкавым шлемафоне.
      - Што там у цябе, стары? - нарэшце спытаў Янка.
      - Р-10 прайшоў тут тры гадзiны назад. Хуткасць чатыры кiламетры ў гадзiну.
      Янка ўжо даўно перастаў здзiўляцца са здольнасцей Ганiмеда заўважаць i аналiзаваць факты. Але зараз скептычна, нават з нейкiм зларадствам, падумаў: "Хоць раз ты памылiўся, механiчная душа!"
      Ганiмед не памылiўся. Калi Сонца пачало ўжо хавацца за дальнiмi вяршынямi горнага хрыбта, на адной з тэрас на барвовым фоне вячэрняга неба Янка заўважыў цёмную постаць. Гэта мог быць толькi... робат. Янка паморгаў вачыма. Прывiд не прапаў. Ён iснаваў наяве, дакладная копiя Ганiмеда.
      - Барыс, Барыс! - асiплым голасам загаварыў Янка. - Я, здаецца, вар'яцею.
      - К начы буду, чакай мяне. Магчыма, гэта небяспечна.
      - Небяспекi не бачу, - умяшаўся ў размову людзей Ганiмед, - Чуеш? нервова засмяяўся Янка. - Вяртайся. А цяпер бывай, хачу паглядзець, пакуль не сцямнела.
      Зблiзку робат быў падобны на Ганiмеда яшчэ больш. Янка аж раззлаваўся. Ён вырашыў, што гэта iм нехта наўмысля нарыхтаваў розных загадак, каб праверыць, цi здольны яны арыентавацца i раскрываць таямнiцы. Ён падышоў да робата i загадаў:
      - Iдзi за мной!
      Робат уздрыгваў, у яго тэлевачах успыхвалi агеньчыкi. Ён быў дзейны, Янка гэта бачыў, але застаўся глухi да сiгналу чалавека. Адно з двух: або што-небудзь сапсавалася ў iм, або ён не разумеў.
      - Правер, Ганiмед! - Янка адышоў убок.
      Ганiмед зрабiў крок да свайго сабрата. Чужынец, быццам баронячыся, выставiў уперад рукi. Ганiмед, наткнуўшыся на перашкоду, спынiўся.
      Тым часам усё навокал залiла ноч, цёмная i густая, непадуладная нават яркiм зоркам. За тры крокi не было нiчога вiдаць. А чужы робат па-ранейшаму не дазваляў падысцi да сябе. Янка не ведаў, што рабiць.
      - Не пiльнаваць жа яго да свiтання, - сказаў Барыс, даведаўшыся аб гэтым. - Пастаўце вешку з пеленгатарам i iдзiце дадому.
      - Разыгрываюць нас, - усмiхнуўся Барыс, калi яны сустрэлiся з Янкам на станцыi.
      - Вельмi ж ужо недарэчна, - задумлiва заўважыў Янка.
      Пакрыўджаныя касманаўты паслалi на Зямлю тэлеграму. Адказ атрымалi пад ранiцу. Зямля iх не разумела i пыталася, цi здаровыя яны.
      - Што скажаш? - узрушаны Янка спынiўся перад Барысам.
      - Можа, паслаць гэтага нахабнага робата да яго творцаў i заняцца справамi? Нам не так многа засталося быць тут.
      - Бадай, правiльна, - згадзiўся Янка, - цiкава толькi, адкуль ён узяўся?
      - Прывядзi сюды, тады даведаешся, - перасмыкнуў плячыма Барыс.
      Сiгналы пеленгатара раз-пораз адбiвалi такты ў дынамiку. Янка апрануўся, паклiкаў Ганiмеда i, ужо выходзячы, зiрнуў на стрэлкi каардынатара. Яны паказвалi, што вешка знаходзiцца ўжо ў другiм месцы.
      - З нагамi яна, цi што? - здзiвiўся Янка.
      На тэрасе не было нi робата, нi вешкi.
      - Дзе яны? - Янка бездапаможна агледзеўся.
      - Сляды вядуць у горы, - падказаў Ганiмед, па нейкiх аднаму яму вядомых знаках вызначыўшы напрамак, у якiм знiк чужы робат.
      - Пайшлi наўздагон, - сказаў Янка.
      - Я з табой, - паведамiў яму па рацыi Барыс.
      Мiналi гадзiны, Ганiмед усё вёў i вёў людзей. Нарэшце яны трапiлi ў скалiсты гушчар, падобны на мiфiчны лабiрынт, з якога чалавеку нiколi не выбрацца. Калi людзi стамiлiся, Ганiмед, нiбы здагадаўшыся пра iх пакуты, нырнуў пад каменную арку i выйшаў у вузкую далiну. Справа яна цягнулася некуды ўдалячынь, прамая, як вектар. А злева выхад з яе закрывала невысокая, вастраверхая гара. Ганiмед павярнуў улева, зрабiў некалькi крокаў i спынiўся, задраўшы круглую пластыкавую галаву. Людзi таксама задралi галовы.
      Вяршыня гары нагадвала спелую сасновую шышку, з якой вось-вось пасыплецца янтарнае насенне...
      - Барыс! - Янка хапiў таварыша за плячо.
      Каменныя пялёсткi шышкi варухнулiся, i з-пад iх на самым версе блiснула шкло.
      - Акуляр фотаапарата?! - Янка мацней сцiснуў плячо Барыса.
      Акуляр з хвiлiну паглядзеў на iх i зноў схаваўся.
      - Нас заўважылi, - голас Барыса дрыжаў ад хвалявання, - чуеш, заўважылi!
      - Хто?
      - I ты яшчэ пытаешся? Тут, напэўна, хаваюцца прышэльцы з чужога свету.
      - Навошта iм хавацца? - не згаджаўся Янка з таварышам.
      - Гэта ж вельмi проста. Яны не ведаюць нашых намераў.
      - Iменна проста. Гэта мне i не падабаецца. - Янка падумаў крыху i пакрочыў па вузкiм праходзе, якi вiўся памiж базальтавых нагрувашчванняў.
      Але не паспеў ён прайсцi i дзесяцi метраў, як пачуўся гул аднекуль з глыбiнi планеты. Янка на iмгненне замёр, прыслухоўваючыся, потым упарта матнуў галавой i пакрочыў далей. Гул узмацнiўся. Ад яго дрыжалi навакольныя горы.
      - Вярнiся! - крыкнуў Барыс.
      Янка не паспеў адказаць, як Ганiмед перагарадзiў яму дарогу.
      - Чалавеку нельга, - без эмоцый прамовiў ён.
      Ад нечаканасцi Янка адступiў. Гул паменшаў.
      - Ганiмед, - загадаў Барыс, - iдзi зрабi здымкi.
      Ахоўныя ўстаноўкi, якiя пагрозлiва рэагазалi на з'яўленне ў полi iх дзейнасцi чалавека, робата прапусцiлi бесперашкодна.
      Ганiмед вярнуўся праз гадзiну. Касманаўты тут жа праявiлi плёнку i сярод скал, у зацененым кутку, пачалi праглядаць яе.
      Ганiмед папрацаваў добрасумленна, але гэта была добрасумленнасць машыны, а не чалавека. Ён фатаграфаваў усё, што бачыў, i таму вылучыць з важнага неiстотнае было цяжка. Каменны хаос раптам змянiўся прасторнай залай. Не паспелi людзi яе разгледзець, як на экране з'явiлiся дзверы. Потым экран пасвятлеў, i абрысы ўжо знаёмай залы адлюстравалiся на ўсю яго шырыню. На гэты раз Ганiмед сарыентаваўся добра. Адлюстраванне пачало расцi, i касманаўты ўбачылi, што перад iмi пульт.
      - А можа, у яго iншае прызначэнне? - засумняваўся Янка.
      - Шкала, цыферблаты, iндыкатары. Яны паблiскваюць агеньчыкамi. Ясна гэта пульт. Можа, тут сабраны ўсе каналы, па якiх нехта кiруе дзейнасцю?..
      - Чыёй? - спытаў насмешлiва Янка.
      - Хаця б тых, хто цябе спынiў, - адпарыраваў Барыс. - Аднак кепiкi ўбок. Мы яшчэ не прагледзелi ўсё.
      Праектар быццам бы толькi i чакаў гэтых слоў. У наступную хвiлiну касманаўты ўбачылi ўжо знаёмага робата, а побач - зусiм такога ж, толькi без галавы. Вакол яго завiхалася мноства членiстых механiчных рук.
      - Майстэрня, - не хаваў захаплення Барыс, - вось ён, чужы розум!
      Янка не адказаў. Ён стаяў задумлiвы, засяроджаны, быццам хацеў нешта зрабiць.
      - Я пайду, - нарэшце цiха сказаў ён. Перш чым Барыс паспеў адказаць, яго i след прастыў.
      Раптам магутны гул, усё нарастаючы, вырваўся з нетраў, скалануў горы. Iмгненныя штуршкi, як штормавыя хвалi, накочвалiся адзiн на другi. Спалоханы Барыс паклiкаў:
      - Янка! Янка!
      Прайшла хвiлiна, якая здалася Барысу вечнасцю. I калi пачалi рушыцца горы, з-за скалы, нешта трымаючы ў руцэ, выбег Янка. Схапiўшы сябра, ён памчаўся прэч ад гэтага страшнага месца. Янка пасгтеў яшчэ заўважыць, як услед iм зноў прыадкрылася аптычнае вока. А потым у паветра ўзнялася шэрая сцяна кранутых з гнёздаў каменняў. Янка i Барыс упалi. Хвiлiны праз дзве ўсё было скончана. Там, дзе толькi што стаяла вежа, ляжала куча абломкаў.
      - Эх, ты! - толькi i сказаў Барыс Янку, калi яны вярнулiся дадому.
      - Што я?
      - З чужой цывiлiзацыяй сустрэлiся, а ты... Цяпер усё загiнула.
      - Тое-сёе захавалася.
      - Карысцi ад яго. - Барыс не мог супакоiцца. - Разумееш, якая цiкавая цывiлiзацыя. Яны прыслалi сюды сваiх робатаў, машыны. I тыя вывучалi Марс.
      - А чым ты растлумачыш, што iх робаты былi падобныя на Ганiмеда?
      - Помнiш, Ганiмед знiкаў? Яны яго схапiлi, вывучылi будову i зрабiлi некалькi такiх самых робатаў.
      - Чаму ж Ганiмед нiчога не паведамiў аб гэтым?
      - О, яны асцярожныя. Ведаючы яго будову, разрадзiлi пэўны сектар электроннай памяцi. - Барыс крыху супакоiўся, падбадзёраны ўласнай iдэяй. Што, скажаш неверагодна?
      - Верагодна, i нават вельмi.
      - Тады радыруй на Зямлю. - Убачыўшы, што Янка не варушыцца, ускрыкнуў: - Не марудзь, а то я сам.
      - Барыс, пачакай хвiлiну, - папрасiў Янка i паклiкаў: - Ганiмед! Цяжка тупаючы, нiбы стомлены ад нядаўнiх падзей, Ганiмед увайшоў у пакой. Дай мне тую рэч, што я захапiў з сабой.
      - Калi ласка, - Ганiмед працягнуў руку, на далонi якой ляжаў чорны цылiндрык.
      Янка ўзяў яго, пакруцiў перад вачыма i, здзiўлены, нiбы ўпершыню бачыў, запытаў:
      - Гэта тое?
      - Тое, - у тон адказаў робат.
      - Зiрнi, Барыс.
      Барыс глянуў на цылiндрык, потым схапiў нож i распароў металiчную абгортку. На падлогу пасыпалiся крышталiкi.
      - Трыёды... - сказаў ён.
      - Так, трыёды, якiмi карысталiся людзi гадоў сто назад, - пацвердзiў Янка. - Нiчога не разумею.
      - Можа, усё-такi запросiм касмiчны цэнтр? - напомнiў Барыс.
      - Давай спачатку разбяромся самi, - прапанаваў Янка. - Ганiмед, прынясi даныя структурнага аналiзу пластыка знойдзенага шлема.
      - Ты пра нешта здагадваешся? - ажывiўся Барыс.
      Янка не адказаў. Ён уважлiва ўглядаўся ў лiчбы, якiя былi напiсаны на паперцы, прынесенай робатам.
      - Нiчога не разумею, - паўтарыў Янка свае нядаўнiя словы, - структура недасканалая. Мы цяпер робiм лепшы пластык. Не, тут нешта не тое. Альбо нас водзяць за нос, альбо... Гэта, напэўна, зямнога паходжання. Радыруй, Барыс!
      Адказ прыйшоў на гэты раз на дзiва хутка i гэткi ж на дзiва невыразны: Зямля запатрабавала падрабязнасцi.
      Янка закадзiраваў тэкст i ўставiў паведамленне ў перадатчык. Некалькi хвiлiн у пакоi было чуваць папiскванне рацыi. Калi яно скончылася, Барыс сказаў:
      - Пайшлi спаць. Цяпер яны не так хутка разбяруцца.
      Заснуць яны не паспелi. Хвiлiн праз трыццаць прыёмнiк прыняў сiгнал, i на стол папаўзла папяровая стужка. Янка ледзь дачакаўся канца перадачы. Схапiўшы стужку, пабег да Барыса.
      - Што? - усхапiўся той.
      - Ты не памылiўся, - смяяўся Янка.
      - Цывiлiзацыя?
      - Так, - Янка крыху памарудзiў, любуючыся збянтэжаным тварам таварыша, i нарэшце злiтаваўся: - Зямная. Сэнс ты ўгадаў. Сто трыццаць гадоў таму назад, калi людзi яшчэ толькi марылi пра свае падарожжы да зорак, да Альфы Цэнтаўра была адпраўлена аўтаматычная станцыя. Яна была абсталявана так, што магла ўступiць у кантакт з магчымай цывiлiзацыяй на адной з планет гэтай зоркi, сабраць неабходныя звесткi i вярнуцца на Зямлю. Але сувязь са станцыяй абарвалася неўзабаве пасля яе старту. Прычына была невядомая аж да гэтага часу. Пакуль мы з табой выпадкова не набрылi на яе. Вiдаць, нешта пашкодзiла станцыю, i яна замест Цэнтаўра трапiла на Марс.
      - Цьфу ты... - Барыс адчуваў сябе пакрыўджаным.
      - Не бядуй, дружа, - засмяяўся Янка, - недзе нас з табой яшчэ чакае незнаёмая цывiлiзацыя...