Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Агеньчык у цемры (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Шитик Владимир / Агеньчык у цемры (на белорусском языке) - Чтение (стр. 2)
Автор: Шитик Владимир
Жанр:

 

 


      У шлемафоне стала цiха. Скрут нецярплiва зiрнуў на гуказдымальны апарат. Балаш трымаў руку на выключальнiку.
      - А нам удалося, - з горыччу сказаў ён, быццам адчуваючы вiну за тое, што ў iх папярэднiкаў - касманаўтаў - было менш ведаў.
      Скрут адчуў, як яго ахоплiвае неспакой. Што з таго, што на Зямлi ўжо ведаюць, як спынiць такую рэакцыю? Для гэтага чалавека гэта ўжо не мае значэння. Яму важна было самому дайсцi да iсцiны, поўнасцю выкарыстаць свой яшчэ жывы i, вiдаць, магутны розум, рашаючы вялiкую загадку. Толькi гэтым ён, памiраючы, мог перамагчы смерць. Цi знайшоў ён прычыну? Скрут махнуў рукой:
      - Уключы...
      "Але павiнна быць рашэнне гэтай задачы, якога мы тады не бачылi".
      - Канечне, канечне, - шапнуў Скрут, думаючы, што iх апарат вельмi марудна здымае гук. Ён трывожыўся: няўжо лёс не пашле гэтаму адважнаму магутнаму чалавеку поспех, няўжо дарэмныя былi яго пакуты?
      Скрут хваляваўся, як нiколi яшчэ ў жыццi. А голас у шлемафоне гучаў роўна, непадуладны нiякiм няўдачам. З дня ў дзень чалавек коратка кiдаў у мiкрафон: "Нiчога новага". Ён, вiдаць, многа працаваў, бо ўсё радзей i радзей траплялiся ў запiсе разважаннi. А можа, ён бярог энергiю батарэй - яны ж, як i робат, не былi невычэрпныя.
      - Больш не магу! - нервова выгукнуў Балаш i пайшоў да выхаду.
      - Мы мусiм даслухаць, - сказаў яму Скрут. - Для нас мае значэнне не сутнасць яго адкрыцця, а сам факт.
      Яны ўжо нiчога не чакалi ад асуджанага на марудную смерць. Яны думалi аддаць яму данiну як чалавеку. А ён здзiвiў iх зноў.
      "Здаецца, усё. Я ведаю формулу".
      Трэба быць вялiкiм матэматыкам, каб толькi запомнiць з аднаго разу гэты доўгi рад iнтэгралаў, лiчбаў i знакаў. Чалавек прачытаў яе, потым, падумаўшы, паўтарыў больш павольна, нiбы даючы слухачам магчымасць удумацца ў яе сэнс. I раптам прамовiў з сумненнем: "Цi ўсё гэта?"
      - Усё! Усё! - крыкнуў Балаш, быццам чалавек мог яго пачуць. - Людзi на Зямлi вывелi тваю формулу...
      Доўгае шыпенне ў навушнiках было адказам Балашу. Чалавек маўчаў. Можа, думаў, можа, у яго не стала ўжо сiлы, каб сказаць апошняе, развiтальнае слова, а можа, ужо лiчыў гэта слова наогул неiстотным, непатрэбным.
      Маўчанне шлемафонаў было невыносным. Але нi Скрут, нi Балаш не адважвалiся выключыць апарат. Iм здавалася, што тым самым яны дачасна абарвуць жыццё гэтага мужнага чалавека. Прайшла, напэўна, гадзiна. Вяршынi гор пасвятлелi пачынаўся дзень.
      - Трэба вяртацца, - сказаў Балаш, - мы безнадзейна познiмся.
      - Яшчэ крышачку... - папрасiў Скрут.
      Балаш пакiваў галавой, адчуваючы i сам, што не можа пайсцi адсюль, не дачакаўшыся канца.
      Патушылi лiхтар. Ранiшняе святло, лёгкае, свежае, пранiкла праз зроблены Скрутам уваход у пячору. Прамень сонца крануў гермашлем чалавека, i твар яго нiбы ажыў, разгладзiлiся пакутлiвыя складкi. Скрут усхапiўся, навёў кiнаапарат. I тут шлемафоны ажылi.
      "Вось цяпер, здаецца, усё".
      Зноў прагучала доўгая формула, пасля паўзы чалавек паўтарыў яе. Для гэтага ён знайшоў сiлы. I гэта, вiдаць, былi яго апошнiя намаганнi. Апарат даў сiгнал, што запiс скончаны.
      - Хто ён? - спытаў Скрут, думаючы над тым, чаму гэта пасвятлеў твар Балаша. - Няўжо мы не знондзем дзе-небудзь тут яго iмя?
      - Не ведаю. Але ён выратаваў нас. Ён зазiрнуў глыбей, чым мы. Не ведаючы яго адкрыцця, мы на адваротным шляху паўтарылi б лёс яго карабля.
      Скрут не быў нi фiзiкам, нi матэматыкам. Ён не мог зразумець формулы, знойдзенай гэтым чалавекам. I яго зусiм зараз не хвалявала, што яны маглi не вярнуцца. У далёкiм космасе людзi гатовы i да гэтага.
      Ён сабраў батарэi, далучыў да iх аварыйную батарэю са свайго скафандра i падключыў да ўстаноўкi, якая ўначы свяцiла чырвоным агеньчыкам. Потым заварыў прарэзаны надоечы ўваход у пячору i пабег даганяць Балаша.

  • Страницы:
    1, 2