Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Санэты (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Шекспир Уильям / Санэты (на белорусском языке) - Чтение (стр. 2)
Автор: Шекспир Уильям
Жанр:

 

 


      Здаецца мне, што роўнага красою, Аблiччам, станам, розумам - няма. Здаецца мне, што вартасцi такое I дасканаласць не знайшла б сама.
      Але калi перад люстэркам стану, Пералiчу ўсе зморшчкi на чале, Тады прызнаю не адну загану, А ўсе, адлюстраваныя на шкле.
      Я падмяняў сваю - тваёй красою, А век стары - юнацкаю парою.
      63
      Надыдзе час, калi мая любоў, Падобна мне, сагнецца пад гадамi, Калi пачне у жылах стынуць кроў, А зморшчкi лягуць на чале радамi;
      Калi ад золку маладосцi шлях На захад прыйдзе, стане там ля схiлу, I зiхаценне згасне у вачах, I веснавая ўся пагасне сiла.
      Той дзень чакаючы, цяпер ужо Я супраць смерцi падрыхтую зброю, Каб часу ўсезнiшчальны сквапны нож Не сцяў любоў ад памяцi людское.
      А зброя гэта - кнiг маiх радкi, Якiя будуць жыць ва ўсе вякi.
      64
      Калi пабачу, як красу вякоў Знiшчае час бязлiтаснай рукою, Як вежы гордыя звяргаюцца далоў I бронзу крышыць ён сваёй хадою;
      Як акiян галодны - берагi За цаляй цалю вынiшчае, рэжа, А сухазем'е, каб спагнаць даўгi, У воды сiнiя адносiць межы;
      Як у дзяржавах, цераз сотнi змен, За росквiтам прыходзiць угасанне, Дык i руiны, i стагоддзяў тлен Мне сведчаць, што не вечна ўсё ж каханне.
      Нашто ж мне лёс такое даў багацце, Каб вечна думаць аб яго утраце?
      65
      Калi ў змаганнi з часам не трывае Зямля цi мора, камень або медзь, Дык чым краса, нядужая такая, Як кветка, здолела б адолець смерць?
      Што зробiць лета, хараством убрана, Супроць асады ваяўнiчых дзён, Калi муры нязломныя i брамы Ад часу рушацца з усiх старон?
      Жахлiвы час! Як ад яго самога Уратаваць, што ён жа сам стварыў? Як захаваць ад вынiшчэння злога Дзiвосныя, бясцэнныя дары?
      Атрамант паратунак дасць ад згубы, Каб вечна зiхацеў твой вобраз любы!
      66
      Стамлёны ўсiм, я лепш сустрэў бы смерць, Чым занядбаных бачыць жабраванне, I здзек пустапарожнасцi цярпець, I найчысцейшай праўды зневажанне,
      I бачыць пыху ў залатых страях, I цноту, згвалчаную хiжай сiлай, I для бязглуздасцi пачэсны шлях, I моц, якую немач паланiла.
      I мастакоў нiзкапаклонны зброд, I недарэк мастацтвазнаўцаў з iмi, I iсцiну, якой затулен рот, I зло, што верхаводзiць над усiмi.
      Стамлёны ўсiм, сумую па труне, Ды як жа друг мой будзе без мяне?
      67
      Нашто жыве ён мiж такiх заган? Каб даць ганебным справам апраўданне? Каб прыкрываць хлуслiвасцю румян Самотную часiну адцвiтання?
      Нашто шукаць патрэбна пекнаце Да руж падобнасць шляхам нейкiм кружным? Яна нiколi больш не расцвiце, Хоць сапраўды была жывою ружай.
      Навошта жыць, калi згасае плоць, Калi прырода ў ёй збанкрутавала, Былых багаццяў толькi рэшткi ёсць I кроў у жылах ходзiць так памалу?
      Каб дням наступным паказаць магла б, Якi яна цудоўны мела скарб.
      68
      Ён сам увесь - як часу адлюстровак, Калi краса была яшчэ красой, Не ведала нiякiх падфарбовак, I зiхацела кветкай веснавой.
      Тады яшчэ па смерцi не зразалi Ў нябожчыц косы залатыя iх, Каб, як цяпер, спадалi пышна хвалi Красы чужое на плячах чужых.
      Краса яго ў свае страi адзета, Няма на ёй напазычаных фарб, З чужой вясны сабе не творыць лета I не рабуе дзён мiнулых скарб.
      Нашто яго вартуе так прырода? Красу без фальшу паказаць народу!
      69
      Найлепшы друг або найгоршы вораг Дадаць не могуць, каб хацелi нат, Хоць рыску да праслаўленага ўзору, Што бачыць свету цэлага пагляд.
      Праслаўлена твая знадворнасць звонку, Але калi ўсё тыя ж языкi Пра якасць сэрца распачнуць гамонку, Тады i водгук будзе не такi.
      Тваёй душой цiкавячыся вельмi, Глядзiць на справы здзейсненыя свет. I тут, бывае, водар пустазелля Зглушае водар самых лепшых квет.
      А лiху гэтаму адна прычына, Што кветнiк твой бадай для ўсiх адчынен.
      70
      Не ў тым загана, што цябе хто ганiць: Краса спрадвеку мэта для хлуснi. Брыда нiяк да неба не прыстане, Хоць лётае варона ў вышынi.
      Калi ты цнотай будзеш, як заўсёды, Дык ганьба вартасцi падкрэслiць лепш. Смаўжы шукаюць чысцiню i слодыч, Таму i да цябе паўзуць найперш.
      Свайго юнацтва ты мiнула змусты Або ў змаганнi iх перамагла. Не знойдзеш хусты на чужыя вусты, Хлусню не знiшчыць праўды пахвала.
      Калi б табе i з хмаркай не сустрэцца, Адна б ва ўсiх ты панавала сэрцах.
      71
      Не плач па мне ты больш хвiлiны той, Калi абвесцiць сумны звон званоў, Што я злучаюся навек з зямлёй I ў свет нiжэйшы да чарвей пайшоў.
      Не ўспамiнай, чытаючы мой верш, Руку, напiсаны ён быў якой. Любоў мая! Забытым быць мне лепш, Чым згадкай твой нарушыць супакой.
      Не хочу я, каб водгулле радкоў, Калi з зямлёй знiтуецца зямля, Мяне нагадвала. Твая любоў Няхай памрэ, калi пагасну я.
      Не хочу я, каб да самотных слёз Людскi прысуд i горкi здзек прынёс.
      72
      Каб свет цябе не прымушаў сказаць, За што мяне любiла так сардэчна, Няхай твая не заблiшчыць сляза, Калi знайду я адпачынак вечны.
      Не шмат чаго для памяцi людской Магла б знайсцi ў мяне пры ўсiм жаданнi, I мiмаволi дапаўняць маной Табе прыйшлося бы апавяданне.
      Любоў тваю каб не заплямiць той Няпраўдай самых шчырых успамiнаў, Iмя маё няхай памрэ са мной, Няхай са мною ляжа ў дамавiну.
      Каб не ўпiкнуў нiхто цябе затым, Што з памаўзой кахалася такiм.
      73
      Мяне раўняць ты можаш да часiны, Калi пажоўклы лiст адзiн за 'дным З галля таго, дзе хор звiнеў птушыны, Нясе свой жаль над полем нежывым.
      Падобны я таксама да змяркання, Калi шарэе ў захадзе заход, Калi, як вобраз смерцi, ноч устане, А з ёю змрочных сценяў карагод.
      Ва мне ты бачыш полымя згасанне Пад прыскам юных, перабытых дзён. I там, дзе меў нядаўна сiлкаванне, У шэры попел пераходзiць ён.
      Зважай на ўсё, каб узмацнiць любоў, Пакуль апошнi час твой не прыйшоў.
      74
      Калi абвесцяць мне прысуд такi, Якi за ўсе на свеце найцяжэйшы, Хай будуць помнiкам маiм радкi Апошняга напiсанага верша.
      Калi пачнеш ты iх чытаць калi, Ў iх знойдзеш тое, што тваё па праву. А рэшта дастанецца хай зямлi, Бо для цябе яна i не цiкава.
      Табе у вершах прысвячаю я Усё найлепшае, што мае сэрца. А абалонка грэшная мая, Зямля, няхай зямлi i дастанецца.
      Ёй - прах i тлен, сядзiба чарвякова, Табе - любоў майго жывога слова.
      75
      Ты для мяне мацунак лепшы мой, Як дождж, што нiве смаглай дасць напiцца. Шчаслiвы я каля цябе, з табой, Як сквапны скнара ля сваёй скарбнiцы.
      Яму уцеха, што багацця шмат, Але i страх зладзейскае напасцi. А я не толькi быць з табою рад, Хачу, каб свет увесь глядзеў на шчасце.
      Тады я задаволены зусiм, Калi са мной ты дзелiш асалоду. Сустрэць я прагну твой пагляд сваiм, Хоць не заўсёды ён дае лагоду.
      Так i вядзе няспынна час мяне: То маю ўсё, то анiчога не.
      76
      Чаму я не пiшу на новы лад, Не маю ў вершы модных завiхрэнняў? Чаму мой верш iдзе за радам рад Без хiтрамудрых словаспалучэнняў?
      Пiшу аднолькава заўсёды я, Ў старым адзеннi ўсе мае лятункi. У вершах словы - як пячаць мая: Без подпiсу мае пазнаюць думкi.
      А ўсё таму, што я пiшу iзноў, Мая любоў, з твайго усё натхнення. Якiх бы слоў сардэчных нi знайшоў, Не зменiць думкi новае адзенне.
      Нам так i сонца: штодня маладое, Хоць з прадвякоў яно адно i тое.
      77
      Пакажа люстра, як краса знiкае, Гадзiннiк плынь iмклiвую хвiлiн. А гэта белая старонка мае, Як скарб, усё, што ў першым i другiм.
      Нам нагадаюць зморшчкi ў шкле люстраным Дарогу, што на могiлкi вядзе. А стрэлкi часу - як бесперастанна Ён па-зладейску ў нябыт iдзе.
      Каб думак шчырых не згубiла памяць, Ты запiшы, i я iх запiшу. Як дзецi родныя, яны устануць, Нам дапамогуць лепш пазнаць душу.
      З старонкi кожнай скарб нам прамянiцца, А ў кнiзе добрай - цэлая скарбнiца.
      78
      Цябе так часта я у вершах клiкаў, Твой вобраз так мне добра дапамог, Што спевакоў другiх кагал вялiкi Пачаў цябе ўслаўляць, як толькi мог.
      I вочы, што наўчылi пець нямога, А невукаў - узняцца у прастор, Мастацтва здольных збольшылi намнога, У крылле iм далi багата пёр.
      А ўсё ж ты мусiш мною ганарыцца: Мае ўсе творы створаны з табой. Калi ў другiх твой вобраз прамянiцца, Дык у маiх - жыве з усёй красой.
      I тое, што несамавiтасць пiша, Тваёй рукой узведзена на ўзвышша.
      79
      Пакуль адзiн я пiў з твае крынiцы, Зiхцелi вершы дзiўнай пекнатой. Але цяпер iм суджана зацьмiцца, А музе - месца саступiць другой.
      Я згодзен: варты вартага i варты, Але што б iншы нi стварыў пясняр, Ён толькi аддае, што вiнаваты, Ён доўг дае, а не прыносiць дар.
      Калi пачне тваю ён славiць цноту, Дык, значыцца, крадзе ў тваiх жа дзей. Красу ён славiць - зноў маленькi клопат: Прыносiць дар, якi ў цябе ж крадзе.
      Не думай дзякаваць за "пахвалёны", Бо сам сабе заплацiш доўг ягоны.
      80
      Я спраняверыўся ў сабе зусiм, Калi падумаю, якi мастак Складае творы з iменем тваiм, Бо не магу зраўняцца з iм нiяк.
      Твая душа - як мора шырынёй, На iм прастор для ўсякiх ветразей: I карабель iдзе сваёй хадой, I човен мой не менш рызыкаўней.
      Ты толькi можаш зратаваць мяне, Бо човен мой - нядужы i стары. А той плыве бяспечна праз вiры, Таго нiяк пагiбель не кране.
      Калi я згiну ўсё-ткi ў акiяне, Мая пагiбель праз каханне стане.
      81
      Хоць да мяне памрэш ты, хоць пазней, Калi ў зямлi мае сатлеюць косцi, Нiяк не згасне бляск тваiх вачэй, Твой вобраз чараўнiчай прыгажосцi.
      Бяссмертным зробiцца тваё iмя, Калi навекi згiну я аднойчы. Звычайнай будзе могiлка мая, Красе тваёй - усе людскiя вочы.
      Твой вечны помнiк - мой сардэчны верш, Для нашых дзён, для часу, што настане, Для тых людзей, з якiмi ты жывеш, Для тых, што прыйдуць пасля iх згасання.
      Так, як дыханне з роду ў род iдзе, Ты будзеш жыць на вуснах у людзей.
      82
      Не заручоны з музаю маёй, Ты можаш быць паблажлiвым для тых, Што кожны твор табе прысвецiць свой, Благаславення просячы для кнiг.
      Каб славiць розум, прыгажосць тваю, Мой талент вельмi сцiплы i малы. А новы час, на сiлу ўсю сваю, Нясе табе багата пахвалы.
      Але калi ад новых спевакоў Пачуеш красамоўны iх тандэт, Тады ацэнiш праўду шчырых слоў, Якiя даў ад сэрца друг-паэт.
      Малюнкi iх - як нежывыя ўсе, А вобраз твой - радня самой красе.
      83
      Я думаў, што красе тваёй цудоўнай Нiякiх штучных не патрэбна фарб I што паэт наўдачу мерай роўнай Аддасць табе пазычаны iм скарб.
      Таму i размаўляў я цераз зубы, Чакаючы, каб пекната сама, Устаўшы, свету давяла ўсяму бы, Што лепшай, чым твая, нiдзе няма.
      Але за грэх маё маўчанне ўзята. Тым часам модныя ўсе песняры, Намераў добрых маючы багата, Цудоўны скарб хаваюць да пары.
      Жыцця ў вачах ты маеш больш, чым гэта Маглi бы выказаць i ўдвух паэты.
      84
      I хто больш красамоўны? Той, якi, Абмежаваўшыся найбольшай хвалай, Сказаў, што ты - якраз, як сам, такi, Бо скарбу большага на свеце не бывала.
      Той бедны верш, якi не дадае Пры апiсаннi слова цi другога. Затое збольшыць вартасцi свае, Хто скажа: "Ты падобны на самога!"
      Калi праўдзiва апiсаць, як ёсць, Усё, што створана самой прыродай, Дзiвiцца будзе свет на прыгажосць, Здзiўленнем дасць паэту ўзнагароду.
      Але i небяспека ёсць ва ўсiм: Каб не перахвалiлi разам з тым.
      85
      Прыцiхлi з музаю мы, як нямыя, Тым часам плойма модных песняроў, Пабраўшы ў рукi пёры залатыя, Да кучаравых прылягла радкоў.
      Пакуль яны грымзоляць спрытна словы, Я думы думаю свае адзiн I, як дзячок да псалмаў адмысловых, Да гладкапiсаў дадаю: "Амiн!"
      Пачуўшы хвалу, пасылаю кожнай: "Але!", "Папраўдзе, так!", "Во гэта - верш!" Хоць так пачуццi выказаць няможна, Любоў к табе я выкажу найлепш!
      Цанi за пуставейнасць спевакоў, Мяне - за думкi цiхiя, без слоў.
      86
      Цiкава б знаць, паэзiяй сваёй, Што на ўсiх ветразях нясе iмкненнi, Спынiў ён лёт фантазii маёй I пахаваў у месцы нараджэння?
      Цi самы ён, каго якiсьцi дух Вучыў ствараць пачварныя стварэннi. Цi, аб'яднаныя, яны удвух Мае пазабiвалi летуценнi?
      О, не! Нi ён, нi ўсе дарадцы з iм Маёй паэзii забiць не могуць! Ён, са сваiм дарадчыкам начным, Мяне жудой сваёй не перамогуць!
      Але, як ты яго ўзнёс да нябёс, Я страцiў тое: што у сэрцы нёс.
      87
      Бывай! Цябе нiяк я не стрымаю, Занадта ты, любоў, любiма мной. Цябе з сваёй вязнiцы вызваляю, Сам развiтаўшыся з тваёй турмой.
      Як я ўладаў дарункамi тваiмi I дзе заслугi для такiх дароў? Калi любоў назад усё аднiме, Якое б права, каб не даць, знайшоў?
      Дарыла ты мне безрахубна скарбы, За што - не ўцямлю да сяе пары. Вялiкi грэх я на душу узяў бы, Каб не вярнуў табе твае дары.
      Я над табой нiбыта ў сне ўладарыў. Калi прачнуўся - знiк i след ад мараў.
      88
      Калi мяне знялюбiш ты зусiм, На ўсё маё нядобрым вокам глянеш, Я пагаджуся з выракам тваiм, Сам на сябе я выйду на змаганне.
      Свае пахiбы ведаючы ўсе, Супроць сябе магу сказаць такое, Што мне бяды багата прынясе, Яшчэ вастрэй тваю наточыць зброю.
      I, зрэшты, буду ў выйгранцы i я: Хоць у змаганнi пацярплю я страту, Памогшы перамозе, удвая За ўсе выдаткi атрымаю плату.
      Я так люблю цябе, што без дакора Гатоў прыняць якое згодна гора.
      89
      Скажы, што ты знайшла ў мяне загану, Прыйсцi з якой i здрадзе балазе, Скажы: кульгавы я. Адразу стану Кульгаць сумысна на адной назе.
      Не знойдзеш слоў ты, каб мяне пакрыўдзiць, Такiх, як сам я на сябе знайду. Як ты жадала, перамена прыйдзе Табе на радасць, на маю бяду.
      А знаючы, табе што даспадобы, Парэжу дружбы нашай нiцi ўсе. I што калi мiж намi нi было бы, Няхай няпамяць пылам разнясе.
      Супроць сябе я на змаганне стану: Мне вораг той, табе хто не жаданы.
      90
      Калi знялюбiш - знелюбi хутчэй, Пакуль мне свет рыхтуе ўкрыжаванне. Лiеш мне горыч - налiвай паўней. Страшней за ўсё чаканне пакарання.
      Цяжкое гора пасылае лёс, Не трэба i табе з сваiм пазнiцца. Навошта б золак мне iмжу прынёс, Калi ўсю ноч грымела навальнiца?
      Пакiнь мяне, ды не ў апошнi час, Калi ушчэнт закатуюць нягоды. Раптоўна кiнь, каб праглынуў я ўраз Свой горкi жаль ад найвялiкшай шкоды.
      I што нягоды дробныя тады, Калi цябе губляю наўсягды?
      91
      Той ганарыцца талентам, багаццем, Паходжаннем, той знатным сваяком, Той модна скроеным, дзiвосным плаццем, Той сокалам, стаеннiкам цi псом.
      I кожны так: шукаючы, знаходзiць Усё, што радасць для яго нясе. Маё ўсё шчасце ў гэткай асалодзе, Ў якой сабраны iншыя усе.
      Твая любоў мне даражэй багацця I гонару вяльможнага мiлей. З ёй не зраўняцца самай пышнай шаце, Яна за слодыч нават прыямней.
      Ты, адабраўшы гэты скарб знянацку, Мяне заручыш з доляю жабрацкай.
      92
      Нiяк не здзейсняцца твае жаданнi: Маёй ты будзеш да апошнiх дзён. Жыццё маё залежыць ад кахання: Канец кахання дасць мне вечны сон.
      Чаго баяцца горшае напасцi, Калi найменшая прыводзiць смерць? Маё няшчасце - можа, ў iм i шчасце Твайго гумору змены ўсе цярпець.
      Калi жыццё залежнае такое, Чаго ж мне добрага чакаць ад здрад? З каханнем я i з вечным супакоем Цяпер аднолькава спаткацца рад.
      Але з дабра бывае нам i лiха: Ты можаш здрадзiць. Здрада ходзiць цiха.
      93
      Я жыў бы так, як ашуканы муж, Якi цябе любiць не перастане. Кахання цень здаваўся бы яму ж, Нiбыта як сапраўднае каханне.
      Не бачу змен у позiрку тваiм, У iм няма варожасцi нiякай. Не так, як на аблiччы дзе-якiм Накрэслены усiх злачынстваў знакi.
      Ты, з ласкi неба, што ад нас вышэй, На твары маеш пекнаты зiхценне. Што б нi было на сэрцы, а з вачэй Заўжды свiцiцца яснае праменне.
      Красой ты яблык Евы нагадала б, Каб цнота выгляду адпавядала.
      94
      Хто не пакрыўдзiў слабага нiчым, Не назаляў уладаю нiкому, Ўзрушаў хто iншых, сам жа разам з тым Халодны быў, як камемень нерухомы,
      Той ад жыцця найлепшы мае дар, Узбагацiць яго сваёй ашчадай, Той над сабою поўны гаспадар, Для ўсiх другiх - узор ён i парада.
      Належыць лету водар летнiх квет, Хоць кветка тая пацвiце i звяне. Калi ж загана ў ёй праложыць след, Нат пустазелле прыямнейшым стане.
      Дзядоўнiк сэрцу нашаму мiлей, Чым водар цвiлых i гнiлых лiлей.
      95
      Якой красой, прывабнасцю якой Ад воч людскiх грахi твае схаваны! Ды, як на ружы плямачкi пад тлёй, I на табе застаўся след заганы.
      Маўчаць не змусiш ты людскi язык, Ён так змяшае праўду i няпраўду, Што, як, здаецца б, грэх нi быў вялiк, Хвалой табе адразу загучаў бы.
      Якi даеш палац дзiвосны ты Для той спакуснай i распуснай змусты! Пад засенню цудоўнай пекнаты Становiцца прывабнаю распуста.
      Ды не забудзься, што iржа, на жаль, З людской нядбайнасцi, знiшчае сталь.
      96
      Адны - вiну кладуць на маладосць. Не хочуць бачыць той вiны другiя. А ўсе твае грахi i прыгажосць Кахаюць маладыя i старыя.
      Падобна, як тандэтны самацвет Зiхцiць зырчэй на пальцы у царыцы, За дабрадзейнасць грэх прымае свет, На ўсё благое можа ён забыцца.
      Як спрытна статак воўк бы ператрос, Каб мог з'явiцца ў выглядзе ягняцi. Як пакараў бы закаханых лёс, Каб ты надумала зачараваць iх!
      Так не рабi! Ты так любiма мной, Што й гонар твой я падзялю з табой.
      97
      Якой зiмой здаваўся мне той час, Пакуль цябе не бачыў я, мой дружа: I Дзед Мароз хадзiў навокал нас, I днi i ночы ускрывала сцюжа.
      А сапраўды, было каля жнiва, Калi свой плён ледзь восень паднiмае, Нiбыта тая сумная ўдава, Што ад вясны цяжар вялiкi мае.
      Ды для мяне патомства ўсё яе Здавалася сям'ёй асiрацелай, Дзе ты - мне там i лета настае, Цябе няма - i птушка б не запела.
      Калi ж пачне - то цыркне, то замоўкне, Ад песень тых i лiст на дрэвах жоўкне.
      98
      Вясной мы разышлiся, ў той пары, Калi з'явiўся красавiк вясёлы, Калi i ён, i бог Сатурн стары З вясной спявалi i вадзiлi кола.
      Нi птушак спеў, нi водар веснавой, Найлепшай самай, зiхатлiвай краскi Не ўзялi ўсё ж ткi ўлады нада мной, Не памаглi ствараць i баяць казкi.
      Не захапляў мяне ружовы цвет, Не мiлаваўся я лiлейным цветам, Усё найлепшае, што мае свет, На ўзор цябе i створана сусветам.
      Хоць пачуваўся я, нiбы зiмой, Я ў кветках бачыў вобраз ясны твой.
      99
      Фiялцы ранняй кiнуў я дакор, Што водар свой яна ў цябе украла, Што сiнь вачэй ўзяла ў цябе на ўзор Для ўсiх валошак i для ўсiх фiялак.
      Лiлеi ўзялi белiзну сваю Ад рук тваiх, вынежных, незраўнаных. Я сорам руж нiяк не утаю: Ў цябе ўсе барвы iхнiя забраны.
      Адна ў дадатак да ўсяго ўзяла I водар дзiўны ад твайго дыхання. Затое кару жорсткую знайшла: Ад слiмака яна напэўна звяне.
      I колькi б кветак я нi бачыў дзе, Што-небудзь кожная ў цябе крадзе.
      100
      Дзе муза? I чаму маўчыць яна Аб тым, хто даў усю магутнасць ёй? Цi, можа, ля чужога дзе акна Складае спеў нiкчэмнасцi якой?
      Вярнiся! Стань i спевам адплацi Таму, хто даў натхненне ў лепшы верш, Мастацтва даў, што нас вядзе ў жыццi, Дзеля якога ў свеце ты жывеш.
      Уважна ўгледзься ты ў яго чало. Калi заўважыш зморшчкi дзе на iм, Паўстань на час, на ўсю няпраўду, зло, А за разбой - кляймi пяром сваiм.
      Праслаў хутчэй адвечную красу, Пакуль не ўзняў час серп свой i касу.
      101
      Гарэзнiца! Нашто марудзiш ты, Не нарысуеш любага майго З усiм дабром, з зiхценнем пекнаты, Чыё святло i на цябе лягло?
      Ты адкажы: няўжо, на твой пагляд, Не трэба цноце анiякiх фарб, А алавок няўжо зусiм не варт Увекавечыць гэты дзiўны скарб?
      Няўжо краса тады i прыгажэй, Калi яе красой не назавеш? Хоць залаты ёй створаць маўзалей, А вечнасць дасць ёй твой цудоўны верш.
      Каб час наступны бачыў прыгажосць, Ягоны вобраз дай такiм, як ёсць.
      102
      Люблю, але, бадай, маўчу пра тое, Люблю мацней, а скажа хто - слабей. Той прадае пачуцце залатое, Хто пра любоў крычыць ля ўсiх дзвярэй.
      Пачатак быў i ў нашага кахання, Цябе вiтаў я песняю сваёй, Як Фiламель, ад змроку да свiтання, Пакуль не прыйдзе лета за вясной.
      I не таму, што лета горш прадвеснi, Калi ноч моўкла, слухаючы спеў. Увосень лес увесь спявае песнi, Акорды дзiкiя злятаюць з дрэў.
      Замоўк i я, падобна Фiламелi, Каб песнi цiхiя прывабу мелi.
      103
      Якая муза бедная мая, Калi ёй трэба праспяваць аб тым, Хто лепш хваленняў нашых удвая У натуральным выглядзе сваiм.
      Не дакарай, калi замоўкнем з ёй. У люстра глянь. Аблiчча ўбачыш там, Якое надзвычайнай пекнатой Вышэй таго, што я даваў цi дам.
      Вялiкi грэх прыняў бы на душу, Сваёй хвалой заблоцiўшы красу. Я вобраз твой не ў вершы запiшу, Я лепш яго у сэрцы пранясу.
      Папраўдзе, люстра больш табе дае, Чым творы могуць перадаць мае.
      104
      Ты для мяне старэйшаю не станеш, I ў першы дзень, i сёння - ты адна, Хоць тры зiмы зрывалi з дрэў убраннi, Якiя iм прыносiла вясна,
      Хоць тры вясны змянiлiся на леты, За летам восень жоўтая iшла, Быў тройчы красавiк вясной сагрэты, А ты - ўсё, як i ў першы дзень, была.
      На жаль, краса знiкае пакрыёма, Як нiкне цень ад сонечных гадзiн. Прывабнасць, што здаецца нерухомай, Нябачны вокам мае рух адзiн.
      Пакуль яшчэ ты не была на свеце, Быў росквiт i заход у кожным леце.
      105
      Любоў мая не iдалапаклонства, А мой каханы iдалам не ёсць, Хоць пра яго, яму пяю бясконца, Ягоную ўслаўляю прыгажосць.
      Сягоння, заўтра, ён усё прыгожы, Ён будзе вечна ў харастве такiм. Таму i верш мой без яго не можа, Пяе пра аднаго, жыве адным.
      Краса, Прыязнасць, Цнота мне так любы, Красу, Прыязнасць, Цноту слаўлю я. Яны - як кола, у якiм я ўсюды I у якiм уся любоў мая.
      Красу, Прыязнасць, Цноту - ўсе тры сiлы Жыццё шчаслiва ў iм адным злучыла.
      106
      Калi у хронiках старых часоў Чытаю я пра рыцараў i лэдзi, Якiя зналi хараство, любоў, Жылi, змагалiся, ўмiралi недзе,
      Тады здаецца, што у спробах тых Сказаць пра рукi, ўсмешкi вуснаў, вочы Найлепшы кожны з песняроў старых Намаляваць твой дзiўны вобраз хоча.
      Ты - надзвычайны хараства узор. У творах iх - твой цень адлюстраваны: Цябе не бачыўшы, хто даў бы ў твор Твой чараўнiчы вобраз незраўнаны?
      А мы, сучаснiкi, хоць бачыць можам, Сказаць не можам добра аб прыгожым.
      107
      Нi прадчуваннi, нi прарочы дух, Што адкрывае дзень наступны свету, Не ведаюць, не скажуць, цi дайду З табой, любоў, да вызначанай мэты.
      Як месяц пройдзе праз зацьменнi ўсе, З сваiх прароцтваў Аўгур сам смяецца. Наступны дзень зямлi ўсёй мiр нясе Пад засенню алiвавага вецця.
      Так i любоў мая: ў вянку надзей У вечнасць пройдзе цераз верш сардэчны. Смерць страшнай можа быць для тых людзей, Якiя з цемры не выходзяць вечна.
      Мой горды, непакорны, шчыры верш, Ты дэспатаў усiх перажывеш!
      108
      Што б я ў памяцi людской знайшоў Не скарыстанае табе на хвалу? Што новае сказаў бы пра любоў, Каб i цябе найлепей праслаўляла?
      Нiчога, пэўна! Як у днях былых, Калi мы толькi стрэлiся з табою, "Любi-мая" - гучыць з радкоў маiх На новы лад малiтваю старою.
      Любоў адвечную i новую прытым Не скрыўдзiць час i не закрые пылам, Лiстом паперы стане ён рудым, Каб запiсы на iм свае рабiла.
      Што нам любоў дала у першы раз, Жыць будзе вечна, нават i без нас.
      109
      Ты не кажы, што сэрца ў паняверцы, Хоць зменшыўся агонь, напэўна, ў iм. Мая душа ў тваiм бытуе сэрцы, З iм разлучыцца - як з сабой самiм.
      Кахання дом! Пасля ўсiх вандраванняў Такiм, як быў, страчаюся з табой, Каб ганьбы след пры першым жа спатканнi Адмыць сваёй гарачаю слязой.
      Хоць, як усе, i я з крывi i плоцi, Але не вер нiколi тым усiм, Што мог бы я сваё сумленне зблоцiць I не вярнуцца да цябе зусiм.
      На свеце радасць мне адна ты, цвеце? Што без цябе мне ў тым прасторным свеце?
      110
      На жаль вялiкi, гэта не мана! Блукаў я скрозь, дзе варта i не варта I стала мне, як блазнюку, цана, Сама любоў мне стала нiбы жартам.
      Папраўдзе, так: я крыва, ўперакос Глядзеў на ўсё, што добрага бывае. Ды лёс мяне праз хiбы ўсе пранёс, Ты зноў мне любай стала, дарагая.
      Я нi грахоў, нi праўды не таю, Няхай спакуса сэрца не трывожыць. Сябе навек табе я аддаю, А бог кахання хай мне дапаможа,
      Каб прытулiла да сваiх грудзей, Каб неба стала для мяне блiжэй.
      111
      Я згодзен з тым, што доля мне не мацi. Яна на мне паставiла пячаць: Прымусiла цяжкой штодзённай працай Для iснавання сродкi зарабляць.
      Як фарбавальшчык сам афарбаваны, Таксама я адзначан рамяством. Каму пашана, а каму загана Адным i тым жа выбiта кляймом.
      Ты памажы пазбыцца мне хваробы. Я воцат вып'ю, ўсё, што скажаш ты. Я не адмоўлюся, абы дапамагло бы, Ад самай найгарчэйшай гаркаты.
      Мая любiмая! Найлепшай рады Я дачакаўся б ад тваёй спагады!
      112
      Твая спагада i замiлаванне Прыкрыюць след ганебнага кляйма. Мне абыякавым цкаванне стане, Пакуль са мною будзеш ты сама.
      Твае пахвалы цi твае дакоры Мне прынясуць патолю або жаль. Ты для мяне адна ва ўсiм прасторы, Я пры табе, як закаваны ў сталь.
      Я ад сябе адкiнуў так далёка Ўсё, што лiслiвасць цi хлусня вядзе, Каб iх i следу не было навокал, Каб iх не бачыць, не пачуць нiдзе.
      Пануеш ты адна ў мяне на сэрцы, Мне без цябе ўсё нежывым здаецца.
      113
      Пасля разлукi - зрок мой стаў у сэрцы, А вочы быццам як чужыя мне. I ўсё, што можа мне цяпер сустрэцца, Мяне нераспазнаным абмiне.
      Нiбы вiдушчы i сляпы нiбыта, Глядзiць на свет збянтэжаны пагляд, Забыты кветкi, птушкi ўсе забыты, А ува ўсiм твой вобраз вiнават.
      Якiя б дзе я рэчы нi пабачыў, Усё з тваёй нiтуюцца красой. Варона крача, галубок заплача, Застогне мора - ўсюды вобраз твой!
      Табою поўны, я не здольны цямiць Таго, што звыш мая прыносiць памяць.
      114
      Няўжо, хвалой тваёю увянчаны, Атруты царскай - лёстак - выпiў я? Цi чараўнiцтва талент надзвычайны Дала на долю мне любоў мая?
      Дакуль сягнуць яго праменне можа, Стварае ён узоры пекнаты. З iстот пачварных ангелаў прыгожых Стварыць ён можа - гэтакiх, як ты.
      Праўдзiва першая прычына - лёсткi, I розум прагна трунак гэты п'е. А вочы келiх налiваюць порстка Яму да смаку i самiм сабе.
      Калi атрута - лёс даруе грэх iм, Пакаштаваць - iм давялося першым.
      115
      Хлусiў я у сваiх ранейшых песнях, Што нельга мне цябе любiць мацней. Не ведаў я, што полымя прадвеснi Магло пасля гарэць яшчэ зырчэй.
      Калi гляджу я на падзеi часу, Дык бачу, што выпадкаў мiлiён Разлучыць тых, хто б век не разлучаўся, Нязломны самы выкраслiць закон.
      На жаль, спалохаўшыся тых здарэнняў, Я не сказаў тады як мае быць: Сумненне мне не прынясе збавення, А я люблю, як нельга больш любiць.
      Любоў - дзiця. Дадаць бы варта тое: Яна расце, як i усё жывое.
      116
      Не будзем шкодзiць злуцы сэрцаў двух; Любоў любоўю звацца не павiнна, Калi яна мяняецца ад скрух Або ў якую чорную гадзiну.
      Любоў - маяк у часе навальнiц, Яна, як зорка, з цёмнай хмары гляне I караблю з грымот i блiскавiц Пакажа шлях надзейны ў акiяне.
      Любоў не мерыцца на тыднi, днi, Яна бясконца, як жыццё на свеце, Хоць можа час ружовыя агнi Згасiць на ёй, як на ружовым цвеце.
      Як хто б няпраўду слоў маiх давёў, Дык не iснуе, значыцца, й любоў.
      117
      Абвiнаваць мяне ва ўсiх грахах, Калi такое маеш ты жаданне, Што станавiўся на ганебны шлях, Не праслаўляў я нашага кахання;
      Што далучаўся да такiх сяброў, Якiя з добрым словам незнаёмы, I што па волi чатырох вятроў На ветразях усiх iшоў ад дому.
      Каб грэх мой цяжкi стаў яшчэ цяжэй, Маю сваволю кiнь на тыя шалi. Глянь строгiм поглядам тваiх вачэй, Абы на смерць мяне не пакаралi.
      Пераканацца толькi меў на мэце, Якую моц каханне мае ў свеце.
      118
      Мы ужываем вострыя прысмакi, Каб апетыт узняўся да яды. Мы зелле п'ём ад лiхаты ўсялякай, Каб асяродак чыстым быў заўжды.
      Вось так i я, з твайго замiлавання На сэрцы меў лагоду i спакой. Калi хварэў, дык праз сваё жаданне Змагацца з выдуманай лiхатой.
      I захварэў урэшце не на жарты, Лякарствы горкiя адважна п'ю. А што было ва мне пашаны варта, Пакiне з лекамi душу маю.
      Уцямiў я: атрутай стануць лекi, Калi любоў пакiне чалавека.
      119
      Пiтвом з сiрэнiных пякельных слёз Я упiваўся, мабыць, неаднойчы. На страты мне журбу прыносiў лёс, Над выйгрышам з арбiты лезлi вочы.
      Якiх памылак не было ў той час, Калi я чуў сябе ў вяршынi шчасця: То, як у трасцы, жар апошнi гас, То зноў палаў агнём шалёнай страсцi.
      Дабра ў благiм тады я не знайшоў: Нядоля робiць добрае найлепшым. Калi з разлукi вернецца любоў, Яна намнога стане трывалейшай.
      Так пасля страты зноў знаходзiў я Сваё багацце большым утрая.
      120
      Твае пакуты нас iзноў з'ядналi. Ад гора сам я гнуўся у дугу, Бо нерваў мне са сталi не кавалi, Iх раўнаваць да медзi не магу.
      Калi твой смутак, што дала разлука, Падобны быў цi быў такi, як мой, Дык ведаю, з якой пякельнай мукай Хадзiла ты сцяжынкаю сваёй.
      А я, тыран твой, не знайшоў i часу, Каб хоць узважыць зла твайго цяжар. Нашто ж адчай над намi разаслаўся, Закрыў журбой сваёй увесь абшар?
      Я адпусцiўся на ўсё благое. Павiнны ж адпушчэнне даць абое.
      121
      Лепш быць благiм, чым, не бываўшы iм, Цярпець бязвiнна ўсякiя напасцi. Няма нiякай радасцi i ў тым, Калi нам нехта вызначае шчасце.
      Як можа чый разбэшчаны пагляд Мной кiраваць, маёй крывёй iмпэтнай? Я грэшны? - Так! Але грашней наўрад, Чым вы, шпiкi, з сваёю апраметнай!
      Я - гэта я. А вы учынак мой Сваёю мерай мерыце старанна. Калi суддзя - гарбун, дык за суддзёй, З свайго жадання, я гарбатым стану?!
      I не кажыце, што на свеце ўсiм Нiкога добрага няма зусiм!
      122
      Навошта мне дарунак твой - таблiцы? Нататкi ўсе у памяцi маёй. I так запiсаны, што iм скрышыцца Прыйшлося б толькi разам з галавой.
      Ты будзеш жыць аж да тае часiны, Пакуль дарэшты знiшчыцца, на тло Усё, што да цудоўных успамiнаў Скарбнiцаю надзейнаю было.
      Калi нататкам шчырага кахання Такiя сховы давялося мець, Няхай лепш некаму дарункам стане Таблiц халодных мармур або медзь.
      Хто хоча мець для памяцi дарункi, Не верыць той у моц уласнай думкi.
      123
      Не спадзявайся, час, што я iнакшы! Ўсе пiрамiды - цуд малы зусiм. На новы лад стар'ё панiцаваўшы, Як дасягненнем, хвалiшся ты iм.

  • Страницы:
    1, 2, 3