Шекспир Уильям
Санэты (на белорусском языке)
Уiльям Шэкспiр
Санэты
Пераклад: Уладзiмiр Дубоўка
1
Краса нiколi не памрэ на свеце, Тварэннi дзiўныя прыносяць плён. Пялёсткi вянуць на ружовым цвеце, Ды аднаўляе памяць iх бутон.
Зiхценнем воч сваiх зачараваны, Ты палiш сам сябе сваiм агнём. Ты катуеш сябе не горш тырана, Набыткi ўсе развеяўшы суздром.
Для свету лепшая акраса сёння, Вястун вясенняй зыркай пекнаты, Сок жыватворчы тоячы ў бутоне, I марнатраўца ты, i скнара ты.
Шкадуй наш свет, не кiнь таго ў магiлу, Што новае жыццё ускаласiла б.
2
Як пройдзе сорак зiм па-над табой, Чало збароздзяць, быццам поле плугам, Згадае хто убор квяцiсты твой, Пабачыўшы старэцкую дзяругу?
На запытанне: "Дзе ўся прыгажосць, Дзе скарбы дзён юнацтва залатога?" Пакажаш, што ў запаўшых вочах ёсць? Красы ў iх мала, але здзеку многа!
Наколькi прыгажэй сказаць бы так: "Усё найлепшае маё у сыне! Яго прыняў, як спадчыну, юнак, Мяне яна таксама не пакiне".
Калi пачне у жылах стынуць кроў, Яна праз сына запалае зноў.
3
У люстра глянь на вобраз дзiўны свой, Скажы яму стварыць такi ж, як гэты. Абразiш свет, спазнiўшыся сяўбой, Благаславiць не здолеўшы кабеты.
Якой красунi люба не было б, Каб ты ўзараў нявораныя гонi? Якi б дзiвак на звод павёў свой род, Любоў ва ўласным пахаваўшы лоне?
Ты адлюстровак матчыным вачам, Яе прадвеснi успамiн дзiвосны. Ты ўцеху знойдзеш некалi i сам, Праз вокны старасцi пабачыш вёсны.
Як не пакiнеш памяцi такой, Ты сам памрэш i вобраз твой з табой.
4
О марнатраўца! Спадчыну, багацце, Якiя нам прырода ў доўг дае, Ты безрахубна толькi можаш трацiць На асалоды ўласныя свае.
Цудоўны скнара! Для цябе пазыкi, Дабро чужое - як уласны дар. Калi лiхвяр хавае скарб вялiкi, Якi прыбытак будзе мець лiхвяр?
Гандлюючы цяпер з самiм сабою, Сябе самога ашукаць ты рад. А што ж, як лёс прызначанай парою Запатрабуе справаздачу страт?!
З табою ляжа i краса таксама, Якая б накш твой здзейснiла тастамант.
5
Мастак цудоўны, незраўнаны час, Нам творыць дзiвы дзiўныя няспынна. I ён жа ўсё, што захапляла нас, Нiбы тыран, знiшчае ў мiг адзiны.
Пазбыўшы лета, ён зiму вядзе Ў наш засмучоны свет, такi знямелы, Дзе анi кветкi, нi лiстка нiдзе, Адзiн прасцяг сцюдзёны, снежна-белы.
I каб не кветак хараство за шклом, Зачыненых у iльдзяной вязнiцы, На цуды, створаныя мастаком, Маглi б напэўна мы ураз забыцца.
Зiхценне кветкi страцiлi зiмой, Але душа iх з той жа пекнатой.
6
Пiльнуй, каб лета i твайго прыход Бязлiтасна зiма не зруйнавала, Пакуль дасi красе ў скарбнiцу плод I не напоўнiш слодыччу фiяла.
Ты не лiхвяр, калi за ўласны дар Бярэш аддзяку шчыра, без умовы. Ты сам свайму багаццю гаспадар, Сябе паўторыш дзесяцiразова.
Калi ўсе новыя ўдзесяцярых Разоў па дзесяць вобраз твой адновяць, I смерць не страшна ў твой апошнi мiг, Тваё патомства - вось твая адповедзь!
Занадта ты прыгожы, дасканалы, Каб гэта ўсё здабыткам смерцi стала.
7
Калi ў агнi ўрачыстых, ясных шат Iдзе з начы магутнае свяцiла, Ўзнiмае ўсё жывое свой пагляд, Вiтае прамянiстасць дзiўнай сiлы.
Калi яно у залатых агнях Iдзе па небу да свайго узвышша, Тады ўсе з захапленнем у вачах Глядзяць, нiбы юнак чароўны выйшаў.
Калi ж яно на небакрай зiрне, Стамлёна ў дол пакоцiць каляснiцу, Тады ўсе вочы недзе ў старане, Пакуль яму да захаду хiлiцца.
I ты без следу ў свеце знiкнеш так, Калi не застанецца сын-юнак.
8
У музыцы твая ўся асалода. Чаму ж яе ты слухаеш з тугой? Калi яна табе не даспадобы, Чаму не развiтаешся ты з ёй?
I хоць акорды жалем горкiм поўны, У iх сугучнасцi табе дакор: Хто без гармонii жыве чароўнай, Самотны той на ўвесь зямны прастор.
Ты чуў калi, як струны ў дружным ладзе У перазвон гудзяць адна другой? Так бацька з сынам, разам з iмi мацi Шчаслiвы спеў пяюць адной сям'ёй.
I сведчаць гукi шчырыя усiм: Самотны - як i не жывы зусiм.
9
Каб не пакiнуць любую ўдавой, Дагэтуль ты нi з кiм не заручоны. Калi ж бы смерць устала над табой, Апанаваў бы светам смутак чорны.
Свет плакаў бы, як удава, па тым, Што вобраз твой загiнуў беззваротна. Сын адлюстроўкам мог бы быць тваiм, Праз сына ты i быў бы бессмяротным.
Калi растрацiць скарбы хто усе, Другiя спажывуцца iхнiм коштам, А калi знiкнуць суджана красе, Яна ў нябыт адыдзе занiвошта.
Хто сам сабе гатоў прынесцi шкоду, Таму нiкога на зямлi не шкода.
10
Якая ганьба! Жыць i не любiць Людзей спагадных i сябе самога, Любоў да свету цэлага згубiць, Набыўшы ў сэрца пачуццё благога!..
Уласным ворагам сваiм ты стаў, Супроць сябе самога паўстаеш ты, I дом цудоўны, ў спадчыну што ўзяў, Не аднаўляеш, бурыш ты дарэшты.
Змянiся ты, i я змяню настрой, Краса каханню быць павiнна домам. Як з выгляду, будзь ветлы i душой, Не будзь ты ворагам сабе самому.
Краса твая зусiм са свету згiне, Як не пакiнеш нам яе ты ў сыне.
11
Не звянеш ты, бо закрасуеш зноў Цераз дзяцей сваiх i з iх красою. Сваёй ты назавеш нашчадкаў кроў, Якую даў часiнай маладою.
Ёсць мудрасць, прыгажосць у думцы той. Без iх жа радасцi i шчасця мала: Калi б згадзiўся свет увесь з табой, Дык праз капу гадоў жыцця б не стала.
Няхай пачвары, вырадкi усе На свеце нашым згiнуць без расплоду. А ты, за ўсе дары тваёй красе, Павiнен шчыра дзякаваць прыроду.
Ты, як пячаць, што выразаў разьбяр, Павiнен шмат разоў вярнуць свой дар.
12
Калi гадзiннiк адбiвае час нам, А дзень вясёлы нiкне ў шэры змрок, Цi сiвiзну на чорных бачу пасмах, Фiялкi кволае панiклы зрок,
Калi пабачу дрэвы пры дарозе Ўсе без лiстоў, без засенi густой, Або пласты сухой травы на возе, Нядаўна што была жывой травой,
Тады цябе мiжвольна я згадаю: Тваёй красы не вечны такжа цвет. Адно жыве, другое памiрае, А трэцяе ў жыццё цярэбiць след.
Як стане смерць па-над табой з касой, Змагацца з ёй пачне нашчадак твой.
13
Каб мог ты вечна быць самiм сабою! Але жывеш на свеце да пары. Пакуль це стане смерць перад табою, Сабе падобны вобраз ты ствары.
Краса табе аддадзена на раты, Але i вечнай можа стаць, калi Твой вобраз будзе новым пераняты I будзе красаваць з iм на зямлi.
Хто дасць, каб дом цудоўны быў зруйнован Цi сцюжай смерцi, цi лiхой зiмой? Гаспадаром руплiвым апiльнован, Устоiць ён перад навалай злой.
Ты бацьку меў. Дазволь другому, мiлы, Сказаць такое ж ля тваёй магiлы.
14
Нiколi я не варажыў на зорках, Хоць разумею iх спрадвечны шлях. Не папярэджу аб часiнах горкiх, Што нам прыносяць голад, войны, жах;
Не ведаю, цi навальнiца будзе, Цi будзе неба яснае без хмар, Цi будуць жыць шчаслiва ў свеце людзi, Цi шчаслiвейшым будзе уладар,
Але ў тваiх вачах чытаю ясна, У гэтых зорках вечнай чысцiнi, Што праўда з хараством тады не згасне, Калi потомкi ўдоўжаць твае днi.
Калi ж стварыць ты гэтага не ў сiле, Краса i праўда згiнуць у магiле.
15
Калi падумаю, што ўсё жывое Красуе на зямлi кароткi мiг, Што свет - тэатр, а мы, яго героi, Ад зор залежым на шляхах сваiх,
Калi падумаю, што людзi, як раслiны, Жывуць i гiнуць з ласкi неба ўсе, Што поўны сiл юнацкiя часiны, А сталасць адцвiтанне нам нясе,
Тады згадаю я аб тым мiжвольна, Як бродзiць нашай маладосцi сок I як знiшчальны час iдзе павольна, Каб дзень змянiць на шэры, хмуры змрок.
Я за цябе iду на час вайною, Каб аднавiць прышчэпкаю сваёю.
16
Чаму на час вайною сам не йдзеш ты I не змагаешся з тыранам сам? Мой верш слабая абарона, зрэшты, А што ж мацнейшае ад рыфмы дам?
Ты дасягнуў цяпер свайго узвышша, I колькi з радасцю далi б табе, Каб ты сады iх апрацоўваць выйшаў, Прыняў удзел у веснавой сяўбе.
Закрасавалi б там жывыя кветы I да цябе былi б падобны лепш, Чым самых лепшых мастакоў партрэты, Чым выдатнейшага паэта верш.
Сваiм мастацтвам створыш ты такое, Што будзе жыць i без цябе - табою.
17
Паверыць хто ў наступным часе мне, Калi цябе ў сваiм праслаўлю вершы? Само жыццё схавана у труне, А верш цi можа за жыццё быць лепшым?
Каб я спрамог малюнак даць красы, Даць вобраз твой з усёю пекнатою, Наступны век сказаў бы: "Во хлусы! На небе можа толькi быць такое!"
I як смяялiся б тады яны З мяне i з аркуша рудой паперы. Для iх старыя ўсе - балбатуны, Якiя хлусяць без нiякай меры.
Але каб сын твой быў дасюль жывым, Ты б двойчы жыў: у вершы раз i ў iм.
18
Я з летнiм днём цябе не параўнаю, Мiлей, вышэй ты хараством сваiм. Суровы вецер крышыць кветкi мая, I лета борзда коцiцца за iм.
То з неба Вока палiць нас зацята, То знiкне так, што не вiдаць нiдзе. Прыгожага бывае малавата, Дзе выпадковасць нашы днi вядзе.
Тваё ж не зменiцца нiколi лета, I смерць не зможа пахвалiцца тым, Што ты забраны назусiм са свету: Знайшоў бяссмерце ў вершы ты маiм.
Ты будзеш жыць, аж покуль будуць людзi, I будуць вочы бачыць, дыхаць грудзi.
19
О час! Льву - прытупi ты кiпцюры, У тыгра злога - з пашчы iклы рвi, Прымусь зямлю глытаць свае дары I фенiкса спалi ў яго крывi;
Тасуй наш год, рабi што хочаш з iм, Круцi наш свет, як здумаеш калi, Адзiн злачын забараню пры тым, Злачын страшнейшы самы на зямлi.
Ты не чапай любiмага чала, Яго пяром старэцкiм не кранi, Каб, як узор, краса яго жыла На ўсе наступныя часы i днi.
Але калi ты ўсё ж ткi закранеш, Яго красу мой абаронiць верш!
20
Жаночы твар дала табе прырода, З больш дасканалай нават пекнатой. Мяне прывабiла твая урода, Ты пан i панi для душы маёй.
Пяшчотны погляд, шчыры i прыгожы, У пазлацiстасць апранае след. Мужчын ён вабiць сiлаю вяльможнай, Сардэчнасцю чаруе ён кабет.
Цябе прырода ладзiла жанчынай, Пасля адну драбнiчку дадала, Што не патрэбна мне нiякiм чынам, А для жанчын прывабнаю была.
Калi такая справа - мне любоў, А iм - як можна больш яе пладоў.
21
Натхнення я не маю ад красы, Якая звонку ўся нафарбавана, Хоць многiя раўнуюць галасы Яе да неба, сонца, акiяна.
Успомнiць можна перлы ўсёй зямлi Цi параўнаць да месяца, да зорак. I кветкi, што з-пад снегу расцвiлi, Да вершаваных прыплясцi гаворак.
Але не ў гэтым праўда прадвякоў, I хараство не толькi ў зорнай шаце, Мая каханая, мая любоў Прыгожа так, як роджаны ад мацi.
Лепш пра любоў сказаць бы я не мог, Мая любоў - для сэрца, не на торг.
22
Не давядзе мне люстра, што стары я, Пакуль тваё юнацтва не мiне. Калi цябе час зморшчкамi ускрые, Тады скажу: "Пара памерцi мне!"
Краса твая мне апранае сэрца, Яно жыве ў тваiх грудзях даўно. I кожнае з падвойнай сiлай б'ецца, Яны хоць паасобна - як адно.
Мая любоў! Так многа ў свеце злога, Высцерагайся ж пiльна ты бяды! Як мацi сына пестуе малога, Цябе я буду даглядаць заўжды.
Два сэрцы нашы маюць лёс адзiны: Жыццё i смерць iх да адной хвiлiны.
23
Як той акцёр, збянтэжыўшыся, стане, Згубiўшы ролi вызубранай нiць, Цi безразважны, ў раззлаваным стане, Знямее, сiл не меўшы гаварыць,
Так я замоўк, бо словаў больш не маю, Якiмi надарае нас любоў. Але ж яна, магутная такая, Мяне навучыць гаварыць без слоў.
Няхай тлумачыць кнiга мову сэрца, Як абаронца красамоўны мой. Хай у радочку кожным адгукнецца, Што варты ўзнагароды я тваёй!
Пачуем пра любоў з нямых радкоў? Вачыма слухаць вучыць нас любоў!
24
Твой вобраз, на здзiўленне мастакам, У сэрцы вока мне маё стварыла. Жывая рама для яго - я сам. У iм - выдатная мастацтва сiла.
Каб асалоду мець ад пекнаты, Спынiцца трэба позiркам на раме. А вокны ўсе ў маёй майстэрнi ты Зашклiла чараўнiчымi вачамi.
Сябруюць нашы вочы мiж сабой: Мае цябе нарысавалi ў сэрцы, А сонца ходзiць праз твае за мной, Каб на красу тваю лепш наглядзецца.
На жаль, мае рысуюць толькi тое, Што бачаць, сэрца ж iм пакуль чужое.
25
Хто з-пад шчаслiвай зоркi мае лёс, Той ганарыцца тытуламi можа. А мне любоў для шчасця ён прынёс, З ёй самы большы ў свеце я вяльможа.
Нiбыта кветкi ў сонечным святле, Ля ўладара красуюць фаварыты. А згасне сонца ў вечаровай мгле, Нахмурыцца ўладар - i ўсе забыты.
Меў ваявода мноства перамог, Яго iмя гучала, як малiтва. Калi ж апошняй дасягнуць не мог Забыты ён са славаю ўсiх бiтваў.
Маiх заслуг нiхто нiяк не здыме: Любiў, люблю i буду век любiмы.
26
Майго кахання пан! Як твой васал, Бязмежна вартасцям тваiм адданы, Пiсьмовае пасольства я паслаў, Хоць без дасцiпнасцi, але з пашанай.
На жаль, прыдатных слоў я не знайшоў, Каб выканаць пачуццi-летуценнi. Прымi ж маiх гаротнiкаў паслоў I апранi душы сваёй адзеннем.
Магчыма, зоркi, што кiруюць мной, Вядуць мяне у край нязнаны свету, Сваёю прамянiстаю красой Маю адзначаць i аздобяць мэту.
Тады i я прызнаюся у тым, Як шчыра мной ты заўсягды любiм.
27
У цяжкай стоме я шукаю ложак, Каб супачыць i целам i душой. Ды i адтуль iмкнуцца ў падарожжа, Як пiлiгрымы, думкi за табой.
У дальнi край, пад засцiлаю ночы, Цябе шукаючы, лятуць яны. Хоць бачу тое, што сляпога вочы, Але мяне мае мiнаюць сны.
Да дарагога ўсюды ёсць дарога, Рысуе мне замiлавання зрок Твой дзiўны вобраз хараства такога, Перад якiм зiхцiць вясёлкай змрок.
Не маю я спакою праз каханне, Хоць прыйдзе ноч, хоць ранiца устане.
28
Ды як жа мне сваёй пазбыцца стомы, Калi няма патолi мне нiдзе? За мною скруха сцежкаю знаёмай Праз ноч у дзень, праз дзень у ноч iдзе.
Мiж днём i ноччу непрыязнi многа, Але i дружбы ў iх бывае шмат, Калi нясуць мне смутак, i трывогу, I успамiны незваротных страт.
Каб ублагаць i улагодзiць золак, Кажу, што ты зiхцiш яго красой. Калi няма у ночы ясных зорак, Кажу, што ты святлiш яе сабой.
Але штодня цяжэй мая пакута, Але штоночна мой гарчэе смутак.
29
Зняслаўлены людской няпраўдай, лёсам, У неба шлю я смутак горкi мой. Але мой лямант не скране нябёсы З iх абыякасцю, да слёз глухой.
Бывае зайздрасць горш самога ката, На ўласны скарб забыцца з ёй гатоў. Зайздрошчу ўсiм, надзеямi багатым, На таленты шчаслiвым, на сяброў.
Калi ж цябе, у той хвiлiне самай, Згадаю я, дык стану ўраз другiм. Нiбы жаўрук перад нябеснай брамай, Мая душа табе спявае гiмн.
За успамiны пра тваю любоў Не ўзяў бы я багаццi каралёў.
30
Калi на суд маўклiвых, горных дум Я выклiкаю дзён мiнулых дзеi, Мяне пякельны агартае сум Па ўсiм, што страцiлi мае надзеi.
З маiх вачэй бягуць патокi слёз За ўсiх, аддадзеных сырой магiле. Шукаю тых, што ўзяў дачасна лёс, Што я любiў i што мяне любiлi.
Рахунак праглядаючы даўгi, Жахаюся над iм ад кожнай страты. I зноў плачу, нiбыта за даўгi, За тое ўсё, за што даваў я плату.
Цябе ж згадаўшы, думаю: "Iзноў Утраты ўсе ў табе адной знайшоў!"
31
А сэрцы тых, забраны што нябытам, Я чую ў сэрцы i ў грудзях тваiх. Тваё аблiчча дзiўнае спавiта Святлом вачэй i водзiркамi iх.
Я горка плакаў на магiльных плiтах Па тых усiх, чый дзень дачасна згас. Цяпер яны прыйшлi iзноў, нiбыта На час кароткi пакiдалi нас.
Як бы на схоў яны табою ўзяты, Для сэрца мiлыя, любiмыя усе. I кожны з iх, замiлавання варты, Майго кахання частачку нясе.
Як адлюстровак мною ўсiх любiмых, Ты нада мной пануеш разам з iмi.
32
Калi навекi лягу я ў труне, А смерць мае засыпле прахам косцi, Згадаеш ты як-небудзь пра мяне I пачытаеш з кнiгi гэтай штосьцi.
Паэтаў новых, здольных прыйдзе шмат, Званчэй iх рыфмы будуць незраўнана. А ўсё ж тваёй я буду ўвагi варт, Цябе любiў сардэчна i аддана.
Скажы ўсiм iм: "Калi б мой друг не згас I за жыццём пазнаў бы лiха меней, Не горш бы ён тварыў за многiх вас, Не горшым быў бы ў вашым пакаленнi.
Шаную вас за гучнасць вашых слоў, Яго люблю за шчырую любоў".
33
Я неаднойчы бачыў, як свiтанне, Пацалаваўшы верхавiны гор, Шле пазлацiстае сваё вiтанне Лугам зялёным, на блакiт азёр.
Я i такое бачыў, як раптоўна, Аддаўшыся самохаць волi хмар, Iшоў на захад уладар чароўны, Схаваўшы сплямлены, як катам, твар.
Так i маё ўзыходзiла свяцiла, Пазалацiўшы мой шчаслiвы час. Так i маё нядоўга мне свяцiла, З iм час шчаслiвага кахання згас.
Калi на небе сонца мае плямы, Чаму ж не быць iм у зямных таксама?
34
Ты мне цудоўны дзень дакляравала, Каб без плашча ў дарогу я пайшоў. I ты ж дазволiла, каб хмар навала Мяне дагнала, твой зацьмiўшы схоў.
I што з таго, што дождж утаймаваны, Табой абсушан збiты бурай твар? Цi ж то бальзам, што звонку гоiць раны, А ў асяродку не спыняе жар?
Твая спагада не ўтаймуе сэрца, Ад смутку зелля мне не прынясе. Ўсё той жа крыж пакуты застанецца, А ў сэрцы крыўды застануцца ўсе.
Але ты плачаш. Перлы шчырых слёз На выкуп крыўд усiх мне лёс прынёс.
35
Ты не сумуй! Усюды хiбы ёсць: На ружах дзiды, твань на дне крынiцы, Чарвяк нiкчэмны блоцiць прыгажосць, А сонца ценем месяца зацьмiцца.
Ўсе памыляюцца. I я не мепш, Даруючы табе грахi цяжкiя. Я грэшны сам, i грэшны гэты верш, Калi не бачыць хiбы ён такiя.
Цябе я вiнавачу на судзе I на судзе ж цябе абараняю. Куды любоў i ненавiсць вядзе: Я сам з сабой вайну распачынаю!
Ты абакраў мяне, цудоўны злодзей, А я цяпер прашу цябе аб згодзе!
36
Хоць мы ўдваiх з табой дасюль былi, Адна iстота мы ў сваiм каханнi. Калi дакор нам выслiзне калi, Няхай да аднаго мяне прыстане.
Такая доля суджана для нас: Бягуць асобна нашы каляiны. Нас пазбаўляе асалоды час, Крадзе ў кахання светлыя хвiлiны.
Не разумею, ў чым мая вiна, Чаму любоў хаваць я мушу ў сэрцы? I ты, каб ганьбу не пазнаць да дна, Са мной не можаш пры людзях сустрэцца.
Хай так i будзе! Гонар чысты твой, Як i любоў, - ён разам з тым i мой!
37
Старым бацькам уцеху сын дае, Упэўненасць дае ў юнацкай сiле. Так i мяне ўсе вартасцi твае На схiле дзён нiбы уваскрасiлi.
Твой розум ясны, слава, прыгажосць, Здароўе, род славуты старадаўнi Усё найлепшае, ў табе што ёсць, Перадаецца мне з замiлаваннем.
Больш не кульгавы, не самотны я, З тваiх дарункаў моц iзноў я чую, А прамянiстасць чыстая твая Маленькай частачкай мяне сiлкуе.
Чаго б табе нi пажадаў цяпер, Усё найлепшае ёсць у цябе!
38
Што можа быць для музы цiкавейшым. Калi натхнення столькi ты даеш? Твой вобраз варты, каб пяром найлепшым Яму у гонар быў напiсан верш.
Калi сустрэнеш добрае што ў творы, Сабе самому i падзякуй ты, Бо толькi той, хто змалку не гаворыць, Тваёй не будзе славiць пекнаты.
Дзесятай музай будзь, разоў у дзесяць За тыя лепш, што любяць рыфмачы, Каб твой паклоннiк мог такое здзейснiць, Што памагло б нябыт перамагчы.
Наступны час па праву дасць нам славу: За працу мне, табе за ўзлёт яскравы.
39
Як я праслаўлю вартасцi твае, Калi адна iстота мы з табою, I пахвала для часткi аднае Прыдацца можа самапахвальбою?
Нам паасобна трэба жыць затым, Не называць адзiнствам дружбу нашу. Тады, ў разлуцы, будзе ўсё тваiм, Што пра цябе мая любоў нi скажа.
Гарчэй за ўсё, разлука, ты ў жыццi! Але даюць лятункi нам збавенне, Каб асалоду мы маглi знайсцi I ашукаць самотныя iмгненнi.
Разлука надвая нам дзелiць сэрца, Каб лепш хвалiць таго, хто застаецца.
40
Вазьмi любоў, любiмы мой, вазьмi! Цi будзеш толькi, ўзяўшы, багацей? Любоў, мой любы, знаная людзьмi, Твая i так уся была раней.
Калi любоў, любiмы, ўся твая, Цi вiнавачу я цябе на тым? Дакор адзiн, мой любы, маю я, Што пагардзiў каханнем ты маiм.
Цудоўны злодзей! Грэх дарую твой, I нават той, што скрыўдзiў жабрака. Але любовi крыўды, любы мой, Для нас цяжэй, чым ворага рука.
Любоў маю прашу я аб адным: - Забi, ды ворагам не будзь маiм!
41
Калi мне ў сэрцы месца не стае, А захапленне змусту прынясе, I маладосць i прыгажосць твае Даруюць дробныя пахiбы ўсе.
Спакуса ходзiць за табою ўслед, За пекнатой прываблiвай тваёй. А перад ласкай змуслiвых кабет Устоiць сын кабецiны якой?
Але, на жаль, юнацкi твой запал, Але, на жаль, юнацкi твой iмпэт Прыязнi нашай лiтасцi не даў, А двойчы пакрышыў яе ушчэнт:
Заплямiў здрадаю душу сваю I спадабанку спакусiў маю.
42
Мой жаль не ў тым, што ты уладаеш ёй, Хоць я, прызнацца, сам люблю яе, А што яна ўладарыць над табой, Разбiўшы нас, вось гэта жаль дае!
Я ўсё ж, гарэзнiкi, прабачу вас: Яе ты любiш, бо любiў мяне, Яна ж, праводзячы з табою час, Выказвае замiлаванне мне.
Яе губляю - ты знаходцы рад, Цябе - дарунак для яе такi ж. А сам, пасля маiх падвойных страт, Я змушаны падняць нялёгкi крыж.
Ёсць тут i радасць: ты - адно са мной, Дык толькi я любiмы ёй самой.
43
Прыемна мне, калi заплюшчу вочы, Бо што б удзень пабачылi яны? Цудоўны вобраз твой скрозь цемру ночы Мне зiхатлiвыя прыносяць сны.
Калi твой сцень i ноч перамагае, Святлом барвовым разганяе змрок, Дык як жа ўдзень краса свяцiла б тая, Твой яснавейны, прамянiсты зрок?
Якiм бы дзень прыгожым стаў раптоўна, Каб ты з'явiлася ў сваёй красе, Калi адзiн твой толькi сцень цудоўны Такую слодыч для мяне нясе!
Мне без цябе i дзень - як ноч глухая, З табою ж ноч - як ясны дзень бывае.
44
Каб думкай стала плоць мая калi, Яе тады б адлегласць не спынiла, I да цябе, ў далёкi край зямлi, Яна б мяне сваёй аднесла сiлай.
Мне абыякава было б зусiм, Дзе я стаю i дзе ты ў гэтым часе. У небе ясным, над усiм зямным Я думкай борздай да цябе б iмчаўся.
Ды не пазбыцца мне сваёй журбы, Нiяк мне думка не раскрые крылляў. Пакуль, як створаны з зямлi й вады, Я не магу сягнуць праз безлiч мiляў.
Зямля дае павольнасць у хадзе, Вада слязамi горкiмi iдзе.
45
Агонь з паветрам - розныя стыхii: У першай - палкасць, думка у другой. Яны лятуць, нястрымныя такiя, У непарушнай еднасцi сваёй.
Калi яны, як пасланцы кахання, К табе кiруюць вольны свой палёт, Зямлi й вады наступiць панаванне, А ў iм так многа смутку i турбот.
Сумую я аж да тае часiны, Пакуль пасольства прыляцiць назад I скажа мне, што любы мой адзiны Жывы, здаровы, прывiтанням рад.
Якое шчасце! Але без адкладу Зноў мкнуць яны табе маю спагаду.
46
У воч i сэрца вечная вайна: Не падзялiлi ўлады над табой. I тая i другая старана Тваёю захапляюцца красой.
Гаворыць сэрца, што жывеш ты ў iм I ў тайнiку схаваны там на дно. А вочы кажуць, што ў святле сваiм Адлюстравалi вобраз твой даўно.
Каб скончыць спрэчку, склiканы быў суд. Паселi суддзi - думкi - ля стала. Каму належыць што, - сказаў прысуд, А ў iм развага мудрая была:
- Над сэрцам - сэрца будзе уладар, Знадворнасць - вочам дастанецца ў дар.
47
У сэрца i вачэй умова ёсць Дапамагаць заўжды адно другому, Калi твая прывабiць прыгажосць, А ў сэрца млявая прыходзiць стома.
Як вочы намiлуюцца красой, Яны даюць i сэрцу наглядзецца. А вочам асалодаю сваёй Дае усмак нацешыцца i сэрца.
Цi так, цi накш - а ўсё ж ткi ты пры мне I летуценнямi, i сам сабою. Далей маiх ты думак не сягнеш, Я з iмi заўсягды, яны - з табою.
Заснеш - твой вобраз з'явiцца у сне, Абудзiць думкi, сэрца схамяне.
48
Як пiльна я, выходзячы ў дарогу, Паабмыкаў драбнiцы ўсе свае, Каб захаваць ад злоснiка лiхога I скарыстаць пасля да аднае.
Цябе ж, мой скарб найдаражэйшы самы, Што за усе багаццi мне мiлей, Мая ты радасць i журба таксама, Украсцi можа першы лiхадзей.
Нi ў якiх сховах не замкнуў цябе я, Апроч таго, ў якiм цябе няма. Схоў - сэрца шчырае, куды з надзеяй Прыйсцi i выйсцi можаш ты сама.
Але, баюся, быўшы нават праўдай, Табой спакушаны цябе украў бы.
49
У часе тым, - каб лепш ён не прыйшоў! Калi асудзiш ты мае заганы I, спанявераны ў сваю любоў, Мяне пазбавiш жаднае пашаны;
Калi мiнеш, нiбы чужы, мяне, Ледзь кiнуўшы сваiм паглядам светлым, I след кахання больш не мiльгане Ў тваiм аблiччы зiмным, хоць i ветлым,
Няхай мне горна будзе аднаму Ў свядомасцi, што я цябе не варты. Супроць сябе руку я паднiму За праўду тую, што табою ўзнята.
Калi я права на каханне страцiў, Павiнен з тым пазбыцца ўсiх багаццяў.
50
Як цяжка падарожнiчаць, калi Не дакляруе радасцi мне гэта. I колькi б так я нi праехаў мiль, Мяне ад шчасця аддаляе мэта.
Мой конь, стамiўшыся маёй бядой, Iдзе павольна, ледзьве суне ногi, Нiбыта чуе, што перада мной Няма нiчога, апрача трывогi.
На шпоры нават не зважае ён, А часам толькi уздыхне ад гора. Мне больш балюча слухаць конскi стогн, Чымся яму прымаць удары шпораў.
Далей яшчэ цяжэй ад горкiх дум: Пакiнуў радасць, а шукаю сум.
51
Прабачыў я маркотнага каня. Каню павольнасць дараваў яго. Бо сапраўды навошта мне гання, Калi ад друга еду я свайго?
Але якi пачуе ён дакор, Калi вяртацца будзе так у двор?! Хоць засядланым быў бы сам вiхор, I той пазнаў бы смак сталёвых шпор!
Найлепшы конь жаданню не раўня. Яно з любовi выткана самой. Ляцiць жаданне з лёгкасцю агня I скажа клячы памаўзлiвай той:
- Не можаш ты, каб i хацеў, хутчэй, А я - на крыллi паляту далей!
52
Як багатыр з ключом сваiм цудоўным, Я хоць калi магу дастаць свой скарб. Але ў каханнi сквапнасць рызыкоўна, Бо асалоду прытупiць магла б.
Не кожны дзень у нас бывае свята, Таму яно i дорага для нас. Мiж самацветаў на святочных шатах Найпрыгажэй нам зiхацiць алмаз.
Няхай i час цябе ў сваёй скарбнiцы, Як самацвет, пiльнуе ад вачэй. На нашым свяце будзе прамянiцца Твая краса мiлей i яскравей.
Якую слодыч прынясе спатканне За хваляваннем палкага чакання!
53
Скажы, якой стыхii ты стварэнне? Адзiн жа цень у кожнага з людзей, А за табою адлюстроўкаў-ценяў, Дзiвосных вобразаў мiльён iдзе.
Адонiс быў для хараства узорам. Перад тваiм - адбiтак ён слабы. З красой Гелены параўнаць не сорам Красу тваю у нашыя гады.
Вясеннi дзень i восенi ўсе плёны Адлюстраваны ў вобразе тваiм: Як дзень жнiва, ты шчодрасцямi поўны I хараством убраны веснавым.
Твая ёсць частачка ва ўсiм прыгожым, Але з чым сэрца параўнаць мы можам?
54
Аздобленая праўдай прыгажосць Нiчога роўнага не мае ў свеце. Ў цудоўных ружах водар дзiўны ёсць, Якi жыве у пурпуровым цвеце.
У квет атрутных зiхацення шмат I водар да ружовага падобны. Яны прывабiць могуць наш пагляд, Калi вясной раскрыюцца бутоны.
Няма з iх цвету радасцi для нас, Атрутай адцвiтанне iх спавiта. А калi ружам вянуць прыйдзе час, Iх душы ў водар будуць пералiты.
Калi ж, юнацтва, вянуць ты пачнеш, Пералiю тваю ўсю праўду ў верш!
55
Нiякi мармур царскiх пахаванняў Не будзе трывалей, чым гэты верш. Калi ўсе плiты скрышацца дазвання, У iм будзеш жыць, як i цяпер жывеш.
Калi знiшчальныя паваляць войны Ўсе статуi, разбураць камянi, Жывое слова пройдзе супакойна У час наступны праз усе агнi.
Ты не паддана нi уладзе смерцi, Нi забыццю, што йдзе за ёй услед. Не здолеюць нi выкраслiць, нi сцерцi Твайго iмя, пакуль iснуе свет.
I так жывi ў людскiх прыхiльных сэрцах, Пакуль на свеце судны дзень пачнецца.
56
Устань, любоў мая! Устань, любоў! Цi ж ты слабей, тупей сваiх жаданняў? Навек не наясiся. Заўтра зноў Для нас усiх патрэбна сiлкаванне.
Цяпер ты задаволена. Твае Заплюшчваюцца вочы з асалоды. А новы дзень спакою не дае: Агонь не згас, палае, як заўсёды.
Каб гэты мiг для нас быў даражэй, Няхай разлука стане акiянам I дасць хоць прамянiстасцю вачэй Цераз яго спаткацца закаханым.
Калi разлука як зiма на сэрцы, Дык утрая мiлей з вясной сустрэцца.
57
Твой верны раб, аж покуль дзень мiне, Вартую пiльна ўсе твае жаданнi. Як да сябе паклiчаш ты мяне, Тады мой час шчаслiвы i настане.
Марудны час не праклiнаю я, Ягоную хаду сачу упарта. Гарчэй тады бывае мне ўдвая, Калi тваё пачую я: "Да заўтра!"
Нi словам я, нi думкаю сваёй Не запытаюся, ўладарка, дзе ты. Зайздрошчу тым, хто дзелiць час з табой, Яны - шчаслiвыя абранцы свету.
Любоў бязглузда i ў жыццi тваiм Не можа бачыць дрэннага зусiм.
58
Хай крые бог, што рабства мне паслаў. Каб я хоць думкай запытаўся нават, Як час праводзiш ты. Я - твой васал. Чакаць загадаў - вось мая ўся справа.
Нiбы табой зняволены ў турму, З табой разлучаны, з'яднаны з горам, Пакорны знаку кожнаму твайму, Не папракну цябе сваiм дакорам.
Жывi, як схочаш, панi над сабой, Твая свабода жадных меж не мае. Сама суддзя ты над сваёй вiной, Калi натрапiцца вiна такая.
Чакаю я. Хоць пекла ў тым чаканнi, Цябе нiяк i нi за што не ганю.
59
Калi навiн на свеце не бывае I ўсё, што ёсць, iснуе з прадвякоў, Дык сам сябе, напэўна, ашукае Той, хто народжанае родзiць зноў.
Хацеў бы я зiрнуць у днi былыя, За кругабегаў сонечных пяцьсот, Каб там сказалi кнiгi мне старыя, Каго любiў i пеставаў народ.
Тады пазнаў бы, ад якiх дзiвосаў З'явiлася ты ў свеце праз вякi I хто быў лепш благаславёны лёсам: Той даўнi час цi нашы мастакi.
Адно скажу: якi б нi быў чый лёс, Той час цябе узнёс бы да нябёс.
60
Як хвалi мкнуцца ў камянiсты бераг, Знiкаючы адна каля адной, Так i ў жыццi хвiлiн бясконцы шэраг Iдзе ў нябыт няспыннаю хадой.
Юнацтва ўсё аздоблена праменнем. Мiнае сталасць. Ад тае пары Змагаемся супроць лiхiх зацьменняў, Пакуль час возьме ў нас свае дары.
Час губiць цвет цудоўнай маладосцi, Кладзе разоры на чале красы. Узоры незраўнанай прыгажосцi Сцiнае сквапнасцю сваёй касы.
А ўсё ж мой верш з красой тваёю пройдзе, Насуперак яму, ў наступныя стагоддзi!
61
Цi праз цябе я вочы не самкну, Калi ўначы прыходзiш летуценнем? Цi вобраз твой мяне пазбавiў сну, Цi карагод табе падобных сценяў?
Хiба твая з'яўляецца душа, Каб зварушыць усё перабытое, У памяцi зайздросна ўваскрашаць Мае памылкi, усё маё благое?
О, не! Хоць моцная твая любоў, Ды не такая, каб у сне з'явiцца. Мая любоў, пазбыўшыся ўсiх сноў, Каля цябе стаiць, як вартаўнiца!
Яна вартуе, не самкне вачэй, Пакуль ты да другiх сяброў блiжэй.
62
Я самалюбствам так апанаваны, Яно прасякла так мяне наскрозь, Што, мне здаецца, ад яго заганы Наўрад цi дзе на свеце лекi ёсць.