- Я - нявеста чалавека, пра якога пытаюся, - раптам стрэлiла ёй сказаць гэта, ў наiўным спадзяваньнi, што такi аргумант пераканае работнiка ўнутраных органаў.
- На вулiцы шмат такiх нявестаў.
Грубасьць работнiка ўнутраных органаў прынiзiла Камоцкую, на яе кiдалi зьдзiўленыя позiркi жанчыны, што стаялi ў чарзе, ёй было сорамна i яна ня ведала, што ёй рабiць далей - iсьцi цi нечага чакаць.
- Грамадзянка, я задаволю вашае права на запытаньне. Асоба, пра якую вы пытаецеся, у нас, але прыняць перадачу мы ня можам. Усё!
Камоцкая пакiнула Камэндатуру. Яна дакарала сябе за сваю бездапаможнасьць, нявынаходлiвасьць, збытнасьць, недаросласьць. Мець, як яна, дазнаньне з такой установай, з такiмi людзьмi i ня ўмець абыходзiцца з iмi - проста недарэчнасьць. Не, ня Цыпiна я.
Праходзiць паўз фабрыку-кухню. Як калiсьцi яна сама з Раманам, там клумяцца - вiдаць-жа - студэнты спадзяючыся атрымаць з ежы нешта таньнейшае. Цяпер яна настаўнiца i магла-б заняць столiк на другiм паверсе фабрыкi-кухнi, дзе кормяць смачней, але яна ня пойдзе туды, гэта было-б грэхам, здрадай Раману.
На Савецкай, ля манастыра, вiталiся з ёю ейныя клёны. Цяжка прайсьцi паўз iх, сьведкаў ейнага дзявоцтва. Справа застыў i палохае сваiмi мурамi Дом Ураду. Калiсьцi яна ўспрыймала яго iнакш. Зараз вось i Цыпiна. Праз два дамы, на левым баку. Усё знаёмае. Усё зьвязанае з ёй самою. Направа была-б царква. Але яе няма. Дынамiт Яраслаўскага яе не пашкадаваў. Перад ейнымi вачыма праз чыгуначны мост праймчаўся цягнiк з чырвонаармейскiмi пiлоткамi ў вокнах.
Камоцкая не хацела заставацца нанач у Цыпiнай - дома чакаюць бацькi. За iмi трэба прыглядаць. Але Цыпiна ўгаварыла яе.
- Бяры трубку! Пазванi iм i яны супакояцца. Ты-ж хросная наша. Пабудзь у нас. Хрысьцiла-ж Алеську ты? Я-ж, ведаеш, няхрышчоная. А Алеська ўжо хрышчоная. Я рада. Мы з Пецькам дамовiлiся так зрабiць, калi яшчэ ня было яе на гэтым сьвеце. Алесьцы такой можа ляпей будзе. Можа ўцалее, як прыйдуць тыя iрады.
- Ты ўжо гэтак упэўненая, што яны прыйдуць?
- Прыйдуць, Валечка. Сэрца маё чуе. Чуеш, як гудзе мост! Ня сьцiхае. Нездарма гудзе.
Камоцкая, застаўшыся, перадала Цыпiнай ва ўсiх дэталях сцэну сваiх адведзiнаў Камэндатуры.
- Значыцца, справа сапраўды дрэнь. Мой швагра гаварыў праўду - засудзяць iх яшчэ на большае. Гэтак Алеська i не дачакаецца свайго таткi - вунь вiдаць адсюль вежа турмы, у якой ён сядзiць, а пабачыць нельга. Часамi мне здаецца, што Пецька глядзiць з той вежы прама мне ў вакно i я магу бачыць яго. Чэснае слова.
- Чаго хочаш, тое й здаецца. Можа-ж мы iх яшчэ пабачым. Напраўду!
Камоцкая распакавала каробку з прыгожай сукенкай для хрэсьнiцы. Прымерылi. Пасавала добра. Бася папрасiла Алеську даць хроснай "буськi". Пацалавала сама хросную.
- Згатуем тады абед якi. Ты зарабiла, - зьмянiлася на жартлiвую Цыпiна. А па абедзе прагуляемся па Валадарскага - можа яны пабачаць нас з табою. Заўсёды-ж, калi йдзеш паўз турмы, махаюць рукамi праз краты. Праўда, цяпер ужо надзелi на вокны "наморднiкi" - не памахаеш. Але ня ўсюды. Нашыя нас пабачаць.
Да абеду Цыпiна паставiла на стол бутэльку вiна. Выпiлi за сустрэчу з сваiмi "мужыкамi". Бася ўсё жартавала.
- Заўтра зноў пойдзем да таткi з Алеськай. Буду забiраць з садка Алеську пасьля заняткаў у школе i буду хадзiць з ёй туды кожны дзень, пакуль не дазволяць пабачыцца. Калi я не вазьму сабой, дык можа Алеська возьме паглядзi, якая яна прыгожанькая ў тваёй сукенцы. Ты заглядай туды таксама часьцей. Пiшы Раману, як я пiшу Пецьку. Ведаеш-жа, iм будзе лягчэй. Няхай ведаюць, што мы ня выйшлi замуж.
Забралi Алеську i выйшлi на вулiцу. Сонца ўжо iшло на спад, ягоныя пазалочаныя праменьнi, як штыхамi, пракалвалi панадворкi, сьлiзгалiся па сьценах дамоў, запальвалi пажар на агародах.
Абыйшлi два разы турму - з аднаго боку i з другога, - паглядаючы на ейныя вокны. Адтуль не падаў нiхто нiякага знаку. Толькi з аднэй вуглавой вежы, з вакна, узятага ў краты, пачуўся воклiч - адзiн раз, другi, трэйцi. Выкiнулася белая хустачка ў прадзетай праз краты руцэ. З вышкi вартавы стрэлiў, i куля, цiўкнуўшы, зьбiла на сьцяне пабелку i тая з шорахам пасыпалася на зямлю.
- Вось табе й пабачылi, - спалохана прагаварыла Цыпiна. Узяла на рукi Алеську. Прытулiла.
Яны павярнулi дамоў. Валя ўвесь час маўчала, як-бы нешта абдумвала. Цыпiнай здавалася, што Валя ня так турбуецца, як яна. Цыпiна нiколi не магла дабрацца да патайнага ў душы Камоцкай. Сама-ж Камоцкая не праяўлялася так лёгка, як Цыпiна.
Прыйшлi дахаты. Гаворка неяк ня йшла. Валя разглядала толькi што атрыманыя Цыпiнай навiнкi, яшчэ не пастаўленыя ў кнiжную шафу. Цыпiна мыла Алеську, рыхтавала яе ў "пасьцельку".
Зьвечарэла на двары, насунулiся лёгкiя, празрыстыя вясеньнiя змрокi. Цыпiна запалiла сьвечку ў сваёй спальнi, найбольшым пакоi ў ейнай кватэры. Сьвечка, гаварыла яна, стварае атмасфэру. Электрыка не. Прынесла пачатую за абедам бутэльку вiна.
- Разап'ём, Валя. Нешта паганы настрой.
Пiлi. Разгаварылiся. Душы сталi мякчэйшымi, больш адкрытымi.
- Ну а што, Валя, калi прыйдуць немцы, пойдзеш у лес?
- Я ня веру, што яны прыйдуць, а калi прыйдуць - пабачу.
- А ведаеш - што? Я... пайду. Выйдзе, можа, Пеця i яго забяру. Нам, напаўхрысьцiянам, заставацца неяк.
- Ах, ня бойся!
- А я баюся, Валя. Ты ў Сьмiлавiчах ня чуеш гулу, а я тут чую, бачу. Ня так бачу, як чую. Адзiн мост што кажа! Паслухай! Чуеш колы? Iмчацца колы адныя наўздагонку другiм. Кладзiся са мной спаць разам - ложак шырокi. З табою можа я ня буду чуць колаў. Дый не хачу-ж я класьцi цябе там, адкуль цябе калiсьцi паднялi. (Бася мела на ўвазе арышт Валi на ейнай кватэры, калi яна спала ў сумежным з Басiнай спальняй пакойчыку.) Няпрыемна там лажыцца зноў.
Было ўжо запоўнач, а яны ўсё ня клалiся - думалi, напаўп'яныя дуры, што да iх прыйдуць Пецька i Раман. Яны-ж тут, зусiм блiзка. Як за перагародкай. Да таго вычувалася iхная блiзiня!
Валя яшчэ напiсала Раману ў турму лiст. I тады толькi лягла. У сьне, увесь час, у ейнай памяцi гарэла, як падсьвечаная маленькiмi лiхтарыкамi, напiсаная ёю ў лiсьце да Рамана фраза: "Калi цябе выпусьцяць, я сустрэну цябе ў ваколiцах Менску, на дарозе твайго сьледаваньня".
Басi не давалi супакою цягнiкi, што праходзiлi праз мост. Яна будзiла Валю, але той усё бегла агнiстым тоненькiм шнурочкам напiсаная ёю ў лiсьце фраза аб спатканьнi з Раманам, i яна ня прачыналася, ня ўспрыймала Басiных штуршкоў.
На Захад-жа - чуваць было - iшлi бесьперастанку цягнiкi, напаўнялi ноч сваiм нязвычайным бегам, быццам хацелi разбудзiць дрэмнасьць заснулых мянчанаў.
2
Праз вакно ў камэры вiдаць было толькi неба. Унiз зiрнуць - засланяў "наморднiк". Поруч Рамана стаяў нядаўна арыштаваны сяржант (яшчэ ва ўсiм вайсковым) i таксама ўглядаўся ў неба - там было неспакойна, пiкiравалi самалёты, зноў узьляталi, рэзалi неба, выглядала - iшла бiтва. Усё менскае неба было засталучана самалётамi.
- Гэта манэўры, - сьцьвердзiў сяржант. - Паводля апошняга загаду Цiмашэнкi, манэўры, баявыя дзеяньнi мусяць адбывацца дакладна так, як таго вымагала-б абстаноўка пры нападзе сапраўднага ворага.
- Гэта не манэўры, а вайна. Ня дуры галавы, - запярэчыў iншы вайсковы, што падыйшоў быў да вакна i таксама назiраў за небам з выглядам абазнанага чалавека.
Да вакна пачалi падыходзiць iншыя, стаялi натоўпам, не адыходзiлiся. Камэра прыцiхла. Разьдзялiлася ў сваiх меркаваньнях - манэўры цi вайна. Сьцьвярджаць, што вайна - рызыкоўна: можа ты хочаш яе. Лепш маўчаць, ня выказваць свае, такой цi iншай думкi. I камэра маўчала. Час ад часу - чуваць было - здрыгвалiся (цi гэта так толькi здавалася) тоўстыя мураваныя сьцены турмы.
Надыйшоў час абеду, а "баланды" ня прыносiлi, хоць i быў чуцён нейкi шорах за дзьвярыма на карыдоры, быццам там усё-ткi рыхтавалiся выдаць абед. Але дзьверы ўсё не адчынялiся i на калёсiках не ўяжджаў бак з апалонiкам для раздачы супу. Адцяжка была ненармальнай. Камэра гадала аб прычыне такой няўпраўкi.
Раман Корзюк пасьля Калымы сядзiць ужо трэйцi месяц i амаль кожную ноч яго цягаюць на допыты. Нават давалi два разы вочную стаўку, з кiм-бы вы думалi - з бацькам. Знарок гэта рабiлi, бяз дай прычыны, абы толькi квялiць, надсадзiць сэрца, зламаць, учынiць трагедыю. Бацьку прывезьлi ў менскую турму з Польшчы, з Заходняй Беларусi. Справу яго перадалi ваеннаму пракурору. Забойства сакратара райкома партыi Ленскага ад яго не адпала. Бацька сьмертнiк. Яго засудзiлi ў Заслаўi на сьмерць. Сын быў на тым судзе, падумаць толькi - за сьведку супраць бацькi. У Заслаўi Раман ня бачыў бацькi - яго судзiлi завочна. А цяпер вось зьвялi разам... даюць вочную стаўку. Можа выцерпiць душа? Мая i яго? Сутыкнуць сына з бацькам! Мучыць чалавека нямаведама за што! Невiнаватага чалавека! Для таго толькi, каб схаваць сваё, энкэвэдэўскае забойства Ленскага.
Але Раман пастанавiў выжыць. Зьбiраў сiлы. Ведаў - патрэбныя будуць для новых выпрабаваньняў. Але цi выжыве бацька? Ён ужо нядужы. Ня выцерпiць расстаньня з мацi.
Дзьверы ў камэру ўсё не адчынялiся, арыштаваных нiхто, як звычайна, не правяраў, не падлiчваў, быццам на iх забылiся, пакiнулi. Толькi здраджалi сьцены турмы - iх глухiя ўздрыгi прадвяшчалi нешта нячуванае дасюль.
У камэры згасла лямпачка, спынiлася перадача электраэнэргii. Сьцямнела быў ужо вечар. Адчынiлiся, нарэшце, дзьверы i на парозе стаў чалавек з сьвечкаю ў руках:
- Граждане, прошу соблюдать спокойствие. Ждите распоряжения.
I выйшаў. Засквiлеў зялезны засоў. Замкнулiся дзьверы, быццам назаўсёды.
Дазналiся - няма сьвятла i на двары i на вартавых вышках. Уся сыстэма не працуе.
Аж дзесьцi апоўначы зварухнулiся - як толькi ня ськiнуцца - сьцены турмы выбухнула, казалi нашыя ваенныя, бомба. Недзе зусiм блiзка, магчыма ў жаночы корпус трапiла.
- Ня можа быць. Турмаў не бамбяць, - асьмелiўся нехта запярэчыць.
- Думаеш, пашкадуюць цябе?
Тымчасам дзесьцi далей чулiся нясьцiханныя выбухi, быццам загаманiла дасюлешняя цiшыня i, ўзбунтаваная, не магла сьцiшыцца - рвалася на клочча.
У камэры ўжо нiхто не сумляваўся, што йдзе ня што iншае, як бамбёжка. Хто яе пачаў - з нiчыiх вуснаў гэтага нельга было пачуць, хоць i вядома было, хто.
Камэра чакае распараджаньня. Нiхто нiчога не гаворыць, толькi зрэдку хто кiне тое цi iншае слова, лiшняе ўжо, i яго гаворыць толькi неразумны - яно перашкаджае засяродзiцца.
Засквiлеў замок у дзьвярох - ёкнула сэрца. Распараджаньне - з рэчамi пацiху, бяз шуму, выходзiць на двор.
Вышлi. Куды нi зiрнеш - менскае неба ўсё ў агнявых сполахах.
З двара вывелi на Валадарскага. Калi выводзiлi - пабачылi: жаночы корпус увесь у друзах. На вулiцы ўжо канвой узяў вялiчэзную, на ўсю Валадарскую, калёну арыштантаў.
- Кому жизнь дорога, бросайте лишнее! - пачулася каманда, i ўвомiрг "лишнее" апынулася на асфальце. Калёна зрушылася i пайшла вулiцамi, загружанымi трамваямi, кiнутымi аўтамабiлямi. Падпарадкоўваючыся камандзе "не разговаривать", калёна iшла моўчкi, як i тыя жыхары гораду, што ўцякалi з яго з клумкамi i дзецьмi на руках. Яны асьцярожна, як вобмацкам, iшлi ў ранiшнiм змроку тратуарамi, калёна - пасярэдзiне вулiцы. Карыстаючы з абставiнаў, той-сёй вышмыгваў з яе, далучаючыся да натоўпу, зьнiкаючы ў iм, у вольнай грамадзе мянчанаў.
Ужо, як мае быць, разьвiднелася, галава калёны ўжо вырушыла з гораду, пачала, выгiнаючыся на павароце, узыходзiць на шашу, а хваста яе ўсё яшчэ ня было вiдаць, ён яшчэ боўтаўся на вулiцах прадмесьця, i каб ён ня страцiўся, не адарваўся, каб ня было разрыву, калёна, замарудзiўшы крок, спынiлася на час, пакуль хвост не падцягнецца. Стоячы ў галаве было вiдаць, наколькi калёна даўжэзная, расьцягнутая ня меней, як на кiлямэтр. Цяпер больш кампактная, калёна рушыла далей. Паабапал iшлi адзiн за адным канваiры з вiнтоўкамi за плячыма. Iхнае начальства гойсала на канёх, падавала каманду. Калёна, як сталася вядомым, iшла на Чэрвень.
Стаяла сонечная, расяная ранiца. Блiшчэла ўсё навокал. Неба схiлялася сваёю бяздоннаю блакiтнаю сiнявою.
На павароце, там, дзе шаша гнулася ў дугу, абодва канцы калёны - галава i хвост - амаль што сыходзiлiся, прамежак памiж iмi быў малы. Калёна нагадвала сабой падкову, зьлёгку выпрастаную, разагнутую. На гэтую падкову нявiдочна наляцелi нямецкiя самалёты, павiсьлi над ёй, вывучаючы яе. У калёне людзi замiтусiлiся ў страху. Скамандвалi лажыцца. Ратаваўся хто як мог - у лагчынах, у куп'i, у вялiкiх для сьцёку бэтонных трубах пад шашою, або й проста так, адкiнуўшыся наўзнач i засланяючы твар рукамi, каб ня бачыць тых самалётаў. Чатыры чалавекi - Раман бачыў - узьнялiся, пабеглi наўцёкi адкрытым полем да недалёкага ўзьлеску, але дваiх з iх на паўдарозе дагналi кулi канваiраў. Самалёты, вiдавочна, зразумеўшы, што гэта ня тая армiя, якую яны хiба спадзявалiся напаткаць, крута ўзьнялiся, iмгненна патануўшы ў глыбокiм блакiце. Падалi каманду строiцца. На шашу ўзыходзiлi расьсееныя было зьняволеныя. Раман, пакуль калёна фармавалася, абыйшоў яе з канца ў канец, шукаючы бацькi - можа-ж ён тут. Бач, колькi вывалiлi з турмы, дык ня дзiва, калi i яго зачысьцiлi. Але нiдзе ён яго не пабачыў. Калёна гатовая была да паходу, але яшчэ ня рухалася - канваiры з сабакамi аглядалi навакольле, цi не застаўся яшчэ хто ў якой купiне, ямiне цi лагчыне. Нарэшце, скранулiся. Раман апынуўся ў хвасьце калёны. Ззаду ехала нагружаная ўкоптар павозка, накрытая брэзэнтам, Раман адразу пачуў - з хлебам. За павозкай, на нейкай воддалi ад яе, iшлi тры чалавекi ў адмысловай форме, нязнанай для Рамана. Хвост калёны адставаў, яго ўвесь час падганяў канвой. Хвастом гэтым былi людзi хворыя, зьнямоглыя, кульгавыя. Яны прасiлiся на падводу, але iх ня бралi, транспарту было непрадугледжана для iх. Некаторых з iх вялi дужэйшыя за iх таварышы, падтрымлiвалi, цягнулi, каб не пакiдаць. Тым-жа, у каго ня было падтрымкi, хто адставаў, ня мог iсьцi, хто ўжо поўз на каленях, тым канваiры загадвалi адыходзiць або спаўзаць у бок, блiжэй да канавы. Канвой iх пакiдаў, але iх не пакiдалi людзi, што йшлi за павозкаю - яны стралялi iх, сьпiхваючы з дарогi. Канвой атрымаў загад не пакiдаць зьняволеных. Там, ззаду, чулася прыглушанае шпоканьне, яно наганяла сьмяротны страх на тых, хто адставаў - кожны разумеў, што гэта значыць. Той, хто мог iсьцi, сьпяшаўся прабрацца ў галаву калёны, баючыся застацца ў хвасьце. Раман таксама пайшоў наперад, прыглядаючыся, цi не напаткае дзе бацьку.
Сонца пячэ, смага мучыць болей, як голад. Яшчэ нiкалiва ня было ў роце ад учарайшага. Баляць ад шашы ногi. Кiрзавыя бацiнкi цесныя - нацёрлi крывавыя мазалi. Раман ськiнуў iх, абкруцiўшы ногi анучамi.
Абяцаюць хутка прывал i хлеб. Паўз шашы iдуць - дзе радзей, дзе гусьцей людзi з кашолкамi, партфэлямi, едуць на веласiпэдах, вязуць на калясках свой скарб - пакiдаюць Менск. Яны дзiвяцца на нас, iдучы сваёй дарогай. Толькi каторы з iх азiрнецца назад - глядзiць, як над Менскам стойма стаяць, як выбухi, клубы чорнага дыму. На фоне яснага, сонечнага дня яны здавалiся злавесным зьявiшчам, што прадказвала бяду i гiбель.
Каб даць вады, паталiць прагу, даць адпачыць, каб магчы iсьцi далей, калёну сьпiхнулi, згруздзiлi з дарогi на нейкае азярцо, што разлiлося плыткай лужынай i займала досыць вялiкую прастору. Пiлi з гэтай лужыны, не баючыся праглынуць ўсё, што вадзiлася i плавала ў ёй. Пасьля кароткага адпачынку людзям цяжка было падняцца, змора цягнула да зямлi. Ды канвой рабiў сваё зганяў на шашу, каб гнаць далей праз засьмягласьць i сьпёку дня.
Калёна зноў на шашы, расьцягнутая i ачэпленая канвоем. Канвой акiдвае вокам прастору - цi не застаўся яшчэ хто там, на прывале. Раман бачыць, як аддзялiўся ад сваёй групы канваiр i пашыбаваў да нейкага - адсюль ён быў вiдзён - грудка. Там канваiр, як выглядала, некага прыкмецiў. Падыйшоў - да грудка - узьняў чалавека. Але чалавек ня мог стаяць - упаў. Канваiр крычэў, пхаў яго прыкладам. Той поўз. Шмат хто ў калёне бачыў гэта. Прыглядаўся i Раман. Нечакана рвануўшыся, ён пабег насустрач канваiру. Ззаду пачулася "Стой!", але Раман ня спыняўся, апромецьцю бег. Павалiўся, калi выстрэлiлi. Падхапiўся. Сэрца яго чула - трэба бегчы. Ён бег. I дабег. Бачыць - так i ёсьць: бацька. Падняў яго на плечы i, павярнуўшыся, высокi, пасьпяшаўся з iм на шашу. Канваiр iшоў ззаду. Калёна глядзела i моўчкi спачувала, ведала бацька i сын. Раман ужо ў калёне i так выйшла - зноў у хвасьце. Угледзеў кiнутую некiм пад нагамi вяроўчыну - падняў. Зачапiў яе адным канцом за рэмень у сябе на поясе, другi канец аддаў бацьку ў рукi, i той, трымаючыся за вяроўку, цягнуўся за сынам, ледзьве перастаўляючы ногi. Раман, быўшы ў камэры, колькi дзён ня ўжываў цукру - адкладваў яго ў кiшэню i цяпер, зьбярогшы, даваў той цукар бацьку. Бацька яго смактаў i трохi ачуняўшы, трымаўся на нагах. Раман-жа не шкадаваў сваiх сiл цягнуць яго, усё сьпяшаючыся прабрацца з бацькам наперад, у галаву калёны, каб ня чуць шпоканьня ззаду.
Дзесьцi на спынку раздалi хлеб - кiдалi вялiкiя боханы ў натоўп. Бохан iшоў па руках, i кожны меў столькi, колькi ён здолеў, запусьцiўшы кiпцi ў бохан, адламаць ад яго. Дзялiць хлеб было немагчыма - нi часу, нi цярпеньня на гэта ня было. Раман, дзякуючы свайму высокаму росту, сiле i спрыту забясьпечыўся кавалкамi хлеба - хоць i малымi - для бацькi i сябе. Iншыя-ж i таго ня мелi - не маглi ў барацьбе за хлеб здабыць яго.
Толькi на другi дзень дабрылi да Чэрвеня. Iшлi па ягонай цэнтральнай вулiцы. Па бакох шчыльна, з рознымi рэчамi ў руках, стаялi жыхары гарадка, гатовыя пакiнуць яго. Яны моўчкi прыглядалiся да зьняволеных людзей, быццам шукаючы сярод iх сваiх. Шмат хто ў калёне ад сьпёкi, яшчэ большай у горадзе, млеў. Такiх бралi пад рукi, вялi - да мясцовай турмы, казалi, ужо недалёка. У хвасьце стралянiны ня было ўжо чуваць - саромiлiся гаражан.
Раман, узяўшы бацьку пад руку, вёў яго, усяляк падтрымлiваючы, каб ня ўпаў. Наколькi мог, аглядаўся па бакох, лавiў твары людзей, што, здаецца, углядалiся ў кожнага зьняволенага. Спачувалi. Не ў аднаго-ж у iх, у тых, хто глядзеў, можа, вось так-жа недзе пад канвоем вядуць бацьку, сына, мужа, брата, жанiха. Можа й тут ёсьць хто з iх. Таму й прыглядаюцца.
Усю дарогу суправаджалi iх спагадныя, журботныя вочы мацi, вочы ўсiх тых, чыя доля так цi iнакш перасеклася з iхнай доляй. Лявiны людзей, што пакiдалi Менск, iшлi, можна сказаць, паралельна, паўз шашы. Куды яны йшлi, невядома. Яны й самi хiба ня ведалi, куды. Уцякалi ад гора, ратавалiся ад сьмерцi.
На нейкай вулiцы, ужо на ўскраiне Чэрвеня, Раман угледзеў ля калодзежа людзей - пiлi ваду. Як выглядала, не мясцовыя, а прышлыя. Як Раману падумалася - мянчане. Iхнае адзеньне гаварыла за гэта. I сярод гэтых людзей, пераважна жанчын - падалося Раману глянулi вочы... Валi. Кiдкiя. Прост сюды. Як-бы на яго. Ёйны позiрк. Адно iмгненьне, i iх ня стала. Мала ў каго ёсьць такiя вочы? Такi позiрк? Рэзнула думка пра яе. Як-жа гэта я й забыўся? Яна-ж пiсала сустрэне мяне на дарозе майго сьледаваньня. У Менску. А цяпер-жа ўжо Чэрвень. А можа яна й сюды iшла за мною, "сьледавала"? Iдуць-жа iншыя. Але што гэта я? Гэта звабнасьць думкi. Зьявiлася думка, як сыгнал, i зьнiкла, як тыя вочы глянулi i схавалiся ў натоўпе. Мне трэба было гукнуць яе - Валя! Яна магла-б пачуць. Чаму я ня гукнуў? Яна даведалася-б, што я тут. Але-ж яна зiрнула. Можа не пазнала? Зiрнула так сабе. Як усе глядзяць.
Канвой завярнуў нас на бочную вулiцу, i хутка мы апынулiся на двары Чэрвеньскай турмы. Тут дадуць нам есьцi. Бацька можа трохi ачуняе.
Настаў вечар. Над горадам праляцелi нямецкiя самалёты. Ськiнулi бомбы (гаварылi масцовыя зьняволеныя) на аэрадром, што побач. Жыхары гораду, баючыся бамбёжкi, пакiдалi яго. Крыкi. Гоман. Шорах. Рыкалi каровы. Бляялi авечкi. Толькi апоўначы сьцiхла ўсё.
Уначы на двары было холадна. Раман накрыў сваёй калымскай целагрэйкай бацьку i ён заснуў. На двары гудзелi заведзеныя ваенныя грузавiкi. На ранку яны падабралi летувiсаў i палякаў, што былi тут. I тады-ж, на сьвiтанку, мы прыкмецiлi - вышкi пустыя. Варта нас пакiнула i вароты адчыненыя - iдзi, куды хочаш.
1957-1984
Заўвагi
Барыс КIТ (нар. 1910) - пэдагог, вучоны, беларускi грамадскi дзеяч. Скончыў матэматычны факультэт унiвэрсытэту Сьцяпана Баторыя ў Вiльнi i атрымаў ступень магiстра фiласофii ў галiне матэматыкi. Ступень доктара фiласофii ў галiне матэматыкi i гiсторыi матэматыкi атрымаў пры ўнiвэрсытэце ў Рэгенсбургу (Нямеччына). Выкладаў матэматыку i быў дырэктарам беларускай гiмназii ў Вiльнi. Браў актыўны ўдзел у арганiзацыi беларускага школьнiцтва падчас другой сусьветнай вайны. Аўтар шэрагу навуковых працаў i адзiн з першых удзельнiкаў дасьледваньняў у галiне астранаўтыкi ў Злучаных Штатах Амэрыкi. У сучасны момант прафэсар матэматыкi амэрыканскага ўнiвэрсытэту.
Мiхась ПIЯТУХОВIЧ (1891-1937) - навуковец, прафэсар, выкладчык Беларускага пэдагагiчнага iнстытуту ў Менску, член Беларускай навукова-тэрмiналягiчнай камiсыi, загадчык кафэдры гiсторыi беларускай лiтаратуры Беларускага дзяржаўнага ўнiвэрсытэту ў Менску. Аўтар "Нарысаў па гiсторыi беларускай лiтаратуры", аўтар артыкулаў "Францiшак Скарына i ягоная лiтаратурная дзейнасьць", "Паэтычнае сьветаадчуваньне ў творчасьцi Якуба Коласа", "Ля вытокаў лiрыкi Янкi Купалы" i iнш. Абвiнавачваўся вульгарнай сацыялягiчнай крытыкай у "нацыяналiстычных ухiлах", у памылках мэтадалягiчнага характару. У сярэдзiне 30-х гадоў быў арыштаваны. Абвiнавачваўся ў прыналежнасьцi да "нацдэмаўскай" арганiзацыi. Памёр у турме. Рэабiлiтаваны пасьмяротна.
Васiль БАРЫСЕНКА (1904-1984) - савецкi навуковец, крытык, выкладчык, доктар фiлялягiчных навукаў, член-карэспандэнт АН БССР. Аўтар працы "Францiшак Багушэвiч i праблема рэалiзму ў беларускай лiтаратуры 19 ст.". Для яго характэрны вульгарна-сацыялягiчны падыход да твораў мастацтва. Трымаўся партыйных пастановаў аб лiтаратуры. Выкрываў "нацыяналiстычныя памылкi" ў творчасьцi некаторых беларускiх пiсьменьнiкаў, у тым лiку ў творчасьцi Янкi Купалы i Якуба Коласа.
Аляксандр ЦЬВIКЕВIЧ (1883-?) - беларускi дзяржаўны i палiтычны дзеяч. Уваходзiў ува ўрад Беларускай Народнай Рэспублiкi (БНР) у якасьцi мiнiстра вонкавых справаў. Апынуўшыся замяжой, актыўна выступаў за прызнаньне ўраду БНР, як законнага ўраду, з боку краiнаў Антанты. У 1926 годзе вярнуўся ў савецкую Беларусь, спадзяваючыся на нейкую магчымасьць нацыянальнага будаўнiцтва ў БССР. Належыў да Iнстытуту беларускай культуры (Iнбелкульту). Шырока разгарнуў публiцыстычную дзейнасьць. Аўтаiр кнiгi "Западно-руссизм" i першага тому гiсторыi Беларусi, канфiскаванай савецкай цэнзурай. Двойчы арыштоўваўся: першы раз на пачатку 30-х гадоў iз сылкаю ў Красна-Уфiмск, другi раз - у 1937 годзе, калi ён быў прывезены iз ссылкi зноў у Менск для новага абвiнавачваньня ў "нацдэмаўшчыне". Пра абставны ягонай сьмерцi нiчога няведама. Дасюль нерэабiлiтаваны.
Сяргей КIРАЎ (Кастрыкаў) (1886-1934) - савецкi партыйны i дзяржаўны дзеяч. Выдатны прамоўца. Асаблiва быў папулярны ў Ленiнградзе на становiшчы першага сакратара абкома партыi. Ягонай папулярнасьцi ў масах баяўся Сталiн i, як мяркуюць, зьнiшчыў яго рукамi Нiкалаева, паводля афiцыйнай вэрсыi - быццам засланага заходняй разьведкай. Нiкалаеў забiў Кiрава ў ягоным кабiнэце ў Ленiнградзе падчас працы.
Яўген БАРЫЧЭЎСКI (1883-1934) - прафэсар, аўтар навуковых працаў "Мир искусства в образах", (М., 1922), кнiгаў "Тэорыя санэта", "Паэтыка лiтаратурных жанраў" (Менск, 1927), артыкулаў i дасьледваньняў, прысьвечаных пытаньням беларускай, расейскай, нямецкай, францускай лiтаратур, друкавалiся ў часапiсах "Маладняк", "Узвышша", "Полымя", у "Працах Беларускага дзяржаўнага ўнiвэрсытэту", дзе ён выкладаў антычную i заходняэўрапэйскую лiтаратуры. Памёр на рак.
Янка КУПАЛА (Iван Луцэвiч) (1882-1942) - найбольшы побач Якуба Коласа паэт Беларусi. Супрацоўнiк i рэдактар "Нашай нiвы". Кастрычнiцкую рэвалюцыю сустрэў няпрыхiльна. Лятуцеў пра слаўнае мiнулае Беларусi. Хацеў, каб яна была самастойнай. Быў аб'ектам частых нападаў афiцыйнай крытыкi. Абвiнавачваўся ў нацыяналiзме. Пад цiскам органаў НКВД публiчна каяўся ў сваiх "грахох". Меў спробу (праз хiракiры) скончыць самагубствам. З прымусу ўсхваляў Сталiна, пiсаў вершы паводля мэтаду сацыялiстычнага рэалiзму. У 1942 годзе ськiнуўся ў пралёт лесьнiцы ў ваднэй з Маскоўскiх гасьцiнiцаў. Афiцыйна факт самагубства не ўспамiнаецца. Аднак яго сьцьвярджае пiсьменьнiк Iльля Эрэнбург у сваёй кнiзе ўспамiнаў "Людзi, гады, жыцьцё".
Якуб КОЛАС (Канстанцiн Мiцкевiч) - (1882-1956) - найбольшы побач Янкi Купалы паэт Беларусi. Да Кастрычнiцкай рэвалюцыi ставiўся з засьцярогай. Аўтар славутых твораў "Новая зямля", "Сымон Музыка", "У глушы Палесься". Як i Купала, абвiнавачваўся вульгарна-сацыялягiчнай крытыкай у нацыяналiстычных загiбах. Змушаны быў публiчна каiцца i перабудоўвацца ў адпаведнасьцi з вымогамi артадаксальнай марксысцкай крытыкi.
Андрэй АЛЕКСАНДРОВIЧ (1906-1963) - паэт-камунiст. Афiцыйнай крытыкай называўся раданачальнiкам беларускай пралетарскай паэзii. У сваёй паэме "Ценi на сонцы", у згодзе з партыйнай крытыкай, выкрываў "нацдэмаў" i "нацдэмаўшчыну". Аднак усё гэта не ўратавала яго ад перасьледу - у часе чысткi "нацдэмаў" у сярэдзiне 30-х гадоў Александровiч быў арыштаваны i засуджаны. Быў рэабiлiтаваны пасьля адбыцьця кары.
Мiхась ЧАРОТ (Кудзелька) (1896-1938) - паводля афiцыйнай крытыкi пралетарскi паэт. Аўтар твораў "Босыя на вогнiшчы", "Беларусь лапцюжная", "На Купальле", "Карчма" i iнш. У часе масавых судоў (закрытых) над "нацдэмамi" напiсаў верш "Суровы прыгавор падпiсваю першым". Аднак сябе гэтым не застрахаваў - быў арыштаваны i засуджаны. Загiнуў у турме. Рэабiлiтаваны пасьмяротна.
Платон ГАЛАВАЧ (1903-1937) - пiсьменьнiк. Партыец. Аўтар твору пра калектывiзацыю ў Беларусi "Спалох на загонах", раману "Праз гады". У часе чысткi "нацдэмаў" у сярэдзiне 30-х гадоў быў арыштаваны i засуджаны. Абставiны сьмерцi няведамыя. Рэабiлiтаваны пасьмяротна.
Юрка ЛЯВОННЫ (Юркевiч) (1908-1944) - паэт, вызначаўся сваёй плённасьцяй аўтар шматлiкiх зборнiкаў на тэмы бягучай палiтыкi. Некаторымi рэцэнзэнтамi ягоныя творы ацэньвалiся як "чырвоная халтура". Быў арыштаваны i засуджаны. Рэабiлiтаваны пасьмяротна.
Цiшка ГАРТНЫ (З. Жылуновiч) (1887-1937) - пiсьменьнiк, грамадскi дзеяч, першы старшыня Часовага савецкага ўраду Беларусi, рэдактар газэты "Дзяньнiца", газэты "Савецкая Беларусь", рэдактар часапiсу "Полымя", дырэктар Дзяржаўнага выдавецтва БССР, член Iнстытуту беларускай культуры (Iнбелкульту), акадэмiк АН БССР. Пiсаў вершы i прозу. Аўтар раману "Сокi цалiны". Арыштаваўшы, органы НКВД рыхтавалi Гартнага на галоўнага лiдэра нацдэмаў на выпадак адкрытага працэсу над iмi. У вынiку дапытаў у НКВД Гартны звар'яцеў. Памёр у Магiлеўскай бальнiцы для псыхiчна хворых. Рэабiлiтаваны пасьмяротна.
Еранiм УБАРЭВIЧ (1896-1937) - ваенны дзеяч, камандарм I-га рангу. За час сваёй дзейнасьцi ў розныя часы камандваў на розных франтох армiямi i войскамi. З 1931 году камандуючы Беларускай ваеннай акругай. Намесьнiк наркома абароны СССР. Праходзiў па працэсе над групай Тухачэўскага. Расстраляны. Маршал Жукаў у сваiх успамiнах высока ацанiў Убарэвiча, як палкаводца i тэарэтыка. Рэабiлiтаваны пасьмяротна.
Клiмент ВАРАШЫЛАЎ (1881-1969) - савецкi ваенны, партыйны i дзяржаўны дзеяч. Праславiўся падчас грамадзянскай вайны. Маршал Савецкага саюзу. Ня раз наведваў сталiцу Беларусi.
Мiхась ЗАРЭЦКI (Касянкоў) (1901-1941) - папулярны як раманiст. Аўтар раманаў "Сьцежкi-дарожкi", "Голы зьвер", "Вязьмо", "Крывiчы", нарысу "Падарожжа на новую зямлю". Абвiнавачваўся ў нацыяналiзьме. Органамi НКВД рыхтаваўся на аднаго з лiдэраў беларускiх нацдэмаў на працэсе. Абставiны сьмерцi Зарэцкага невядомыя. Рэабiлiтаваны пасьмяротна.
Алесь ДУДАР (Дайлiдовiч) (1904-1946) - паэт. Аўтар зборнiкаў "Беларусь бунтарская", "Сонечнымi сьцежкамi", "I залацiсьцей i сталёвей", "Вежа" i iнш. Перакладаў з Пушкiна, Гётэ, Шылера. У НКВД прайшоў як нацдэм. Рэабiлiтаваны пасьмяротна.
Аляксандар ЧАРВЯКОЎ (1892-1937) - выдатны дзеяч. Адзiн з арганiзатараў i кiраўнiкоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыi. У 1919 годзе падпiсаў у Смаленску Манiфэст аб абвешчаньнi БССР. З 1920 году па 1924 старшыня ЦВК БССР i СНК БССР. З 1922 па 1937 год - адзiн з старшыняў ЦВК СССР. Удзельнiчаў у падрыхтоўцы стварэньня СССР, у распрацоўцы канстытуцыяў СССР i БССР. Актыўна падтрымлiваў палiтыку беларусiзацыi, садзейнiчаў выхаваньню нацыянальных кадраў у Беларусi, спрыяў разьвiцьцю нацыянальнай культуры. Ня сьцярпеўшы цкаваньня з боку розных савецкiх i партыйных органаў i з боку друку, у 1937 годзе скончыў самагубствам падчас з'езду Саветаў Беларусi ў Менску. Рэабiлiтаваны пасьмяротна.
Мiхаiл КАЛIНIН (1875-1946) - савецкi партыйны i дзяржаўны дзеяч. Актыўны арганiзатар марксысцкiх гурткоў, шмат разоў арыштоўваўся царскiмi ўладамi за падпольную дзейнасьць. Пры савецкай уладзе доўгагадовы старшыня ЦВК СССР. Тры месяцы ў годзе яго замяняў на гэтым становiшчы Чарвякоў. З 1938 году старшыня прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР. Часта наведваў Беларусь.
Сямён ЦIМАШЭНКА (1895-1970) - савецкi ваенны дзеяч, маршал Савецкага Саюзу. З 1940 па 1941 год - нарком абароны СССР. Быў зьняты з пасады на самым пачатку нямецка-савецкай вайны за правал абароны. Пасьля вайны - камандуючы войскаў Баранавiцкай, Паўднёва-Уральскай i Беларускай ваеннай акругаў.
Васiль ШАРАНГОВIЧ (1897-1938) - савецкi партыйны дзеяч, удзельнiк змаганьня за савецкую ўладу ў Беларусi. У 1920 годзе быў арыштаваны польскiмi акупацыйнымi ўладамi ў Беларусi i засуджаны на 20 гадоў катаргi. У 1921 годзе быў выменены савецкiмi ўладамi. Займаў цэлы шэраг партыйных пасадаў. З 1937 году - першы сакратар ЦК КПБ. Крытыкаваў Чарвякова за розныя ўхiлы, у тым лiку за нацыяналiстычныя. Прайшоў па працэсу групы Бухарына. Расстраляны. Рэабiлiтаваны пасьмяротна.