Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Раман Корзюк (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Отечественная проза / Седнев Масей / Раман Корзюк (на белорусском языке) - Чтение (стр. 16)
Автор: Седнев Масей
Жанр: Отечественная проза

 

 


      Ды хутка "бацькоўскае" слова зьмянiлася на пракурорскае.
      - Мы шмат чаго, кажу, даравалi вам. Але вы пераступiлi мяжу, мяжу нашага цярпеньня, мяжу, за якой - вы самi таго захацелi - вас ужо ня будзе. Мы ўжылi мэтад сацыяльнай прафiлактыкi, каб адгарадзiць вас ад грамадства. I ня толькi адгарадзiць, а - калi спатрэбiцца - i... зьнiшчыць. Вам хiба вядома формула пралетарскай законнасьцi: калi вораг не здаецца, яго зьнiшчаюць. Мы папераджалi вас кiнуць гульню ў кантррэвалюцыю, у якой-бы форме яна нi выяўлялася - у форме нацыяналiстычных праяваў, у форме зьядлiвага камантару на нашую сацыялiстычную рэальнасьць, у форме кпiнаў над нашымi найвышэйшымi кiраўнiкамi, у форме сваёй нейкай адасобленасьцi ад грамадства, у форме такой нявiннай на першы пагляд рэчы, як гiронiя. У вас - невядома, адкуль зьявiлася пагарда да ўсяго савецкага. Скажу адкрыта - нават i за ўсiм гэтым мы назiралi з вытрымкай, не чапалi вас, назiралi - куды гэта ўсё вас прывядзе. I яно вось прывяло. Прывяло да таго, што вы апынулiся ўжо ў арганiзацыi кантррэвалюцыйнай, антысавецкай арганiзацыi, што ў асобе сваiх кiраўнiкоў падумаць толькi! - наладзiла кантакты з замежнымi, варожымi нам разьведкамi, якiя i падбухторваюць вас на злачынныя дзеяньнi, аж да перавароту ўсталенага ў нас дзяржаўнага ладу. Вы дайшлi да таго, што вам ужо давай адзьдзяленьне рэспублiкi ад Саюзу, давай незалежную Беларусь. Канешне-ж панская Польшча ня супраць займець i другую частку Беларусi. I што-б вы атрымалi? Я добры прарок - Лукiшкi. А фашысцкая Нямеччына? Яна гатовая на каго хочаш апiрацца, каб паняволiць i зьнiшчыць нас. На вас, беларускiх нацыяналiстаў, яна разьлiчвае таксама. Дык вы, нарэшце, усьведамляеце сваю агiдную здраду? Вялiкае злачынства цяжыць над вамi. Вялiкая кара зьвiсае над вамi. I вам ад яе ня ўхiлiцца. Вярхоўны суд - правамоцны судзьдзя народны - ня турбуйцеся - ацэнiць кожнага з вас па заслугах.
      Зьняволеныя - прыбiтыя - сядзелi, замёршы. Яны страцiлi прысутнасьць духу. Яны самавыключылiся i не маглi думаць. Iх - як ня было. Iхныя рэчы, кiнутыя пад сьцяной ля дзьвярэй - ватоўкi, мяшэчкi, розная дробязь, што назьбiралася за год сядзеньня, сьведчылi пра незайздроснае палажэньне iхных уладальнiкаў, здавалася - яны баялiся быць пакiнутымi, сьцiшна ляжалi ў чаканьнi.
      Пачаўся разгляд спраў. Пачалi ня з Корзюка, а з Каплеўскага найслабейшага характарам.
      - Падсудны Каплеўскi! - зьвярнуўся старэйшы векам член Калегii. Прызнаяцё сябе вiнаватым?
      Каплеўскi вагаўся з адказам. Стаяў у нерашучасьцi. Ён баяўся даваць адмоўны адказ, думаў - горш будзе. Вырашыў прызнавацца.
      - Так, прызнаю.
      - Значыцца, пацвярджаеце факт сваёй прыналежнасьцi да нацдэмаўскай групы ў Вышэйшым Пэдагагiчным Iнстытуце (ВПI) у Менску? Зрэшты, гэта пагаджаецца i з вашымi папярэднiмi паказаньнямi на допытах. Хто яшчэ, апрача вас, належыў да вашай групы?
      Каплеўскi, азiраючыся на сваiх таварышаў:
      - Усе... хто тут.
      Ён сказаў гэта нясьмела, вiдавочна, баючыся сваiх сяброў. Член суда, заўважыўшы гэта, пасьпяшаўся загадаць яму сесьцi. Выклiкаў сьведку.
      У залю суду ўвайшоў лiтаратурны крытык Хатулёў, да якога Каплеўскi пiсьменьнiк-пачатковец - зьвяртаўся за парадамi.
      - Вы ведаеце грамадзянiна Каплеўскага? - запытаўся старэйшы з членаў суда.
      - Так, ведаю.
      - Вам вядомы факт прыналежнасьцi Каплеўскага да антысавецкай групы ў ВПI?
      - Асабiста я ня ведаю такой групы ў ВПI. Ведаю толькi, што Каплеўскi настроены паантысавецку. Не пагаджаецца з нацыянальнай палiтыкай партыi. Ён паказваў мне свае апавяданьннi, героi якiх скардзяцца на русiфiкацыю, нiбыта праводжаную Масквой. Асабiста мне выказваў сваё абурэньне з поваду, як ён казаў, перасьледу беларускiх нацыянальных дзеячоў, казаў, што ўсё беларускае топчыцца. Ведаю таксама, што Каплеўскi захапляецца забароненай нацыяналiстычнай лiтаратурай, чытае яе i пашырае сярод iншых.
      - Грамадзянiн Каплеўскi, пацьвярджаеце паказаньнi сьведкi?
      - Ня зусiм... Э... э... гм... Ня ўсё... Магу я сказаць?..
      - Адказвайце на пытаньне канкрэтна: пацьвярджаеце паказаньнi сьведкi?
      - Ён перакруцiў...
      - Што перакруцiў?.. Вы-ж самi прызналiся, што належылi да кантррэвалюцыйнай групы i пэўна-ж не ўсхвалялi мерапрыемствы савецкай улады. Сядайце, грамадзянiн Каплеўскi!
      Потым да сьведкi:
      - Вы свабодны.
      Хатулёў пасьпешлiва зьнiк за дзьвярыма суду.
      Карпiк зьвярнуўся да iншага падсуднага:
      - Грамадзянiн Марцiновiч! Прызнаяцё сябе вiнаватым?
      Марцiновiч, аддана паглядаючы на Карпiка, адказаў:
      - Мушу прызнацца - вiнаваты.
      - У чым канкрэтна? Належылi вы да нацдэмаўскай групы ў ВПI?
      - Належыў, не разабраўшыся ў сутнасьцi гэтай групы. Я праявiў сваю блiзарукасьць. У групу ўцягнуў мяне Раман Корзюк. Мала таго, ён намаўляў мяне перабегчы ў Польшчу... Казаў, нас, як сыноў раскулачаных, прыймуць там добра, можна будзе i навуку прадаўжаць. Свабодна друкавацца ў тамашнiх беларускiх выданьнях. Але я на гэта не пайшоў. Прашу суд разабрацца ў маёй справе. На сьледстве я накляпаў на сябе. Гаварыў няпраўду. Усё прызнаваўся...
      - Чаму вы прызнавалiся ў няпраўдзе? Сьледчы вас змушаў?
      - Пагражаў...
      - Вы ўзводзiце паклёп на сьледчыя органы! Але да справы: сьледствам устаноўлена - вашая група мела цесныя кантакты з Цэнтрам нацдэмаўскай арганiзацыi. Адказвайце на пытаньне - хто быў сувязным?
      - Раман Корзюк... Ён меў сувязi... Ад яго ўсё загарэлася. На занятках яго рэдка калi можна было бачыць - усё некуды зьнiкаў. Сам казаў, што хадзiў у Акадэмiю навук да Жылуновiча. Хвалiўся нават гэтым. А потым Польшча... Хто-б гэта мог падумаць?.. Корзюк няясны чалавек. Але ўмее рабiць уплыў на iншых. Умее падманьваць. Зманiў, прызнаюся, i мяне. Але я не хачу помсьцiць савецкай уладзе за бацьку, кулака. Я арыштаваны нiзавошта.
      Карпiк не хаваў свае задаволенасьцi Марцiновiчам, патураў яму, намагнiчваў яго i сьпяшаўся падстаўляць яму пытаньнi:
      - Чакайце... Чакайце... З лiку членаў вашай групы Цэнтрам нацдэмаўскай арганiзацыi была выдзеленая асоба для забойства Варашылава падчас ягонага побыту ў нас, у Менску. Хто гэтая асоба?
      Марцiновiч, зразумеўшы, што яму ўжо больш няма адступу, адказаў:
      - Раман Корзюк...
      I каб злагодзiць вастрыню мамэнту, папрасiў:
      - Дайце мне расказаць ўсё...
      - Але коратка i ясна, - дазволiў яму гаварыць Карпiк.
      - Наш iнстытут апанавала кантррэвалюцыя. У беларускай, польскай i яўрэйскай сэкцыях лiтаратурнага адзьдзяленьня заселi нацыяналiсты i сiянiсты. Беларусам давай незалежную Беларусь, палякам - яснавяльможную Польшчу, яўрэям - Палестыну. Нашага дырэктара наведвалi нямецкiя фашысты пад выглядам, што яны шукаюць у нас ратунку ад перасьледаваньня iх Гiтлерам, як камунiстаў. Дайшло ўжо да таго, што мне, чэснаму савецкаму студэнту, недзе было дзецца. Мне ня было з кiм дружыць. Толькi з iмi. А яны ўсе... бачыце, хто яны?..
      Марцiновiч, як наняты, называў iмёны выкладчыкаў, што быццам кiравалi групай. Такiя прафэсары, як Пiятуховiч, Юргiлевiч, Ляўчук, казаў ён, былi душою ячэйкi, падтрымлiвалi яе. Корзюк нiколi не здаваў у iх экзаменаў, але яны ўпiсвалi яму залiкi ў кнiжку. Ячэйка iснавала пад выглядам драматычнага гуртка. I я напачатку думаў, што гэта i напраўду драматычны гурток... Далучыўся да яго... Аж пакуль Корзюк, упэўнiўшыся ў маёй надзейнасьцi, не раскрыў сапраўдныя мэты гэтага "драматычнага гуртка". Я адхiнуўся, але гэта было ўжо пачасе. Бачаце, я...
      Карпiк ня спыняў Марцiновiча, i той гаварыў i гаварыў, нi разу ня зiрнуўшы на сваiх таварышаў. З баязьлiвага напачатку, ён ператварыўся ў сьмелага абвiнаваўцу падсудных. Ад няскладнай i ня зусiм выразнай гаворкi ён перайшоў да лагiчных фармулёвак.
      - У iнстытуце я стаў баяцца сваiх ячэйкаўцаў. Маглi спусьцiць i пад галды. Сёньня-ж перад высокiм судом я не баюся заявiць: сваячасова падняўся меч дыктатуры пралетарыяту i ён мусiць апусьцiцца на галовы кантррэвалюцыйнай гiдры.
      Нарэшце, Карпiк перапынiў Марцiновiча i той сеў.
      - Бачыце, загаварыла сумленьне. Мы ўлiчым гэта. Грамадзянiн Корзюк!
      Той пахопiста падняўся.
      - Я ня буду нават стаўляць пытаньня - прызнаяцё вы сябе вiнаватым цi не вiна вашая, крымiнальная злачыннасьць, больш, чым вiдавочная. Сьцьвярджаю: у вас на кватэры была знойдзеная зброя i грошы, дастаўленыя вам грамадзянiнам Генадзем Кандраценям. Адказвайце на пытаньне: для чаго гэта вам спатрэбiлася?
      - Пра гэта вы запытайцеся ў свайго агента Кандраценi. Я не прасiў яго прыносiць мне зброю.
      - Вы пацьвярджаеце факт, што зброя была ў вас?
      - Я вам сказаў, што зброя не мая. Яна была прынесеная вашым супрацоўнiкам, каб, як бачу цяпер, абвiнавацiць мяне ў тэрарызме. Паўтараю, я ня маю нiякага дачыненьня да падкiнутай мне зброi.
      - Грамадзянiн Корзюк, гэта стары трук. Мы не дамо вам магчымасьцi бэсьцiць нашыя органы. Кандраценя - ваш дзядзька, а ня наш агент i ён дзейнiчаў у згодзе з польскай дэфэнзывай. Пытаньне: хто арганiзаваў вашыя i вашай сям'i ўцёкi ў Польшчу? Адказвайце на пытаньне!
      - Вам гэта лепш вядома, хто. Заварылi кашу, дык i расхлёбвайце самi. Мне нат ня хочацца гаварыць - нагэтулькi гэта ўсё абсурдна! Судзiце! Я ў вашых руках. Досыць таўчыся i таўчы нас! Так або гэтак!
      - Не, ня будзе "так або гэтак"! Будзе гэтак! - не сьцярпеўшы, гнеўна адказаў Карпiк, стукнуўшы кулаком па стале. Але, асеўшы, пачаў шаптацца з членамi Калегii. Корзюк усё стаяў. Яго не садзiў Карпiк. Карпiк некуды пазванiў, i хутка ў салю суду быў уведзены Генадзi Кандраценя, у тым самым пiджаку, у якiм некалi ўвайшоў быў у хату з панадворку, увесь у дзядоўнiку ён тады ляжаў у сене, чакаючы прыходу Рамана дахаты. Генадзь Кандраценя трымаўся бадзёра, з нейкай вясёлай i адначасна журботнай ухмылкай.
      Карпiк прагаварыў як-бы сам да сябе:
      - Хоць i падсудны, але добры сьведка. Грамадзянiн Кандраценя! Хто забясьпячаў грамадзянiна Корзюка зброяй i грашыма? Вы?
      - Я...
      - Для чаго?
      - Каб страляць.
      - У каго?
      - Я не магу сказаць. Гэта ўжо iхная справа. Яны - арганiзацыя, i зброя iм была патрэбная.
      - Якая арганiзацыя?
      - Пэўна-ж, кантррэвалюцыйная, а не якая.
      - Значыцца, вы забясьпечвалi Корзюка зброяй для правядзеньня палiтычных забойстваў? Так?
      - У палiтыцы i гэта патрэбна.
      - Перакiдвалi Корзюкаў у Польшчу вы? Так?
      - Ня я асабiста.
      - Ня важна. Вы былi сувязным памiж польскай дэфэнзывай i арганiзацыяй беларускiх нацыяналiстаў? Так?
      - Я выконваў свой абавязак.
      Карпiк зьвярнуўся да Корзюка:
      - Грамадзянiн Корзюк, вашая стаўка бiтая. Ваша прыналежнасьць да арганiзацыi неаспрэчная. Сядайце!
      Наступiла паўза. Члены Калегii радзiлiся. Канваiры сядзелi моўчкi, апёршыся на вiнтоўкi, якiя яны трымалi ўвесь час памiж каленяў. У мiжчасе вывелi Кандраценю. Падсудныя абцерпiлiся, скаванасьць, што трымала iх увесь час у напружаньнi, аслабла. Непадатлiвая пастава Корзюка падказала заняць i iм больш цьвярдую пазыцыю. Калi iх яшчэ везьлi на суд ў "хлебнай" машыне, яны дагаварылiся, што будуць адмаўляцца ад дадзеных iмi на сьледстве паказаньняў. Прыгразiлi Каплеўскаму i Марцiновiчу даць бухлоў, калi яны ня будуць трымаць лiнii.
      Пачаўся далейшы разгляд справаў.
      Апытваўся Казьленка, родам з Нароўлi, упарты паляшук, як яго ахрысьцiлi ягоныя сябры. Адказваючы на пытаньне прыналежнасьцi да групы, ён заявiў:
      - Я катэгарычна адмаўляю пытаньне аб прыналежнасьцi па той простай прычыне, што ня было куды належыць - нiякай кантррэвалюцыйнай ячэйкi ў ВПI ня iснавала - яе стварылi органы НКВД.
      Карпiк хацеў спынiць зьняволенага пагрозай дадатковай кары за абразу органаў, але Казьленка, пайшоўшы на рызыку, працягваў:
      - Органы НКВД пайшлi на вялiкае злачынства, арыштаваўшы i пасадзiўшы ў турму невiнаватых, маральна чэсных людзей, студэнтаў, адданых савецкай уладзе, гатовых служыць ёй сваiмi ведамi, сваiмi талентамi. Дзяржава затрацiла вялiкiя сродкi на нашае выхаваньне, чакаючы аддачы. Вы-ж перахоплiваеце нас, адразаеце нам дарогу ў жыцьцё. I напрошваецца пытаньне: хто тут з нас вiнаваты?
      Заява Казьленкi сваёй нечаканасьцяй ашаломiла членаў Калегii. Карпiк загадаў вывесьцi Казьленку з салi суду. Быў абвешчаны перапынак. Падсудным невядома хто - падкiнуў аж дзьве перадачы. Канвой, распакаваўшы i агледзеўшы iх перадаў зьняволеным. Яны скончылi з ежай хутка. З другога паверху iм адчыняўся, як на далонi, увесь Пляц Свабоды, перакрэсьлены па дыяганалi дарожкай для шпацыру. Як заўважылi зьняволеныя, па дарожцы прахаджвалiся подруку Роза Шкляр з Голдзiнай, Камоцкая з Ларысай, Дзiчкоўская з Аўсеевай. Мусiць, гэта яны i прынесьлi перадачы. Дзiвiлiся, што iх прынялi ад iх. Падсудныя радавалiся - iх не забылi, яны ня выкрэсьленыя з памяцi, дзеля iх iдуць нават на рызыку. Гэта ўзвышала iх, надавала мужнасьцi, веры ў будучыню, спадзяваньне калi-небудзь - хоць праз дзесяць год - вярнуцца, выжыць, пабачыцца зноў.
      Узнавiлася слуханьне. Без Казьленкi. Калегiя, вiдаць, разьлiчвала, што ягоная адсутнасьць запалохае падсудных, застрахуе ад выпадаў, непажаданых для судзьдзяў. Але разьлiк быў няправiльны: адсутнасьць Казьленкi змабiлiзавала актыўнасьць ягоных сяброў. Перадача ад студэнтак таксама паддала аптымiзму, зьмянiла настрой. Кожны з ячэйкаўцаў адмаўляў свае паказаньнi на допытах, спасылаючыся на тое, што яны былi вымушаныя сьледчымi. Гэта нямала бянтэжыла Калегiю.
      Дзюндзiн, блiзкi сябра Казьленкi, запярэчваючы свае паказаньнi, пачаў неспадзявана з крытыкi Рамана Корзюка, i было напачатку невядома, куды ён гне.
      - Таленавiты фiлiстэр, дылетант, Корзюк неяк трапiў у поле вашага зроку i вы збудавалi на iм эфэмерную нацдэмаўскую групу ў ВПI, назваўшы яе адгалiнаваньнем арганiзацыi "Саюз вызваленьня Беларусi", дарэчы таксама выдуманай органамi НКВД. Корзюк хадзiў у Польшчу - я ня ведаю, цi па сваёй волi, - вярнуўся адтуль, дык i судзiце яго за пераход гранiцы. Праўда, ён сваю вiну ўжо направiў, вярнуўшыся дахаты. Але, скажэце, пры чым мы тут? Мы ў Польшчу не хадзiлi, а iншай вiны ў нас няма, прынамся ў мяне. Прашу суд вылучыць справу Корзюка асобна. Я не хачу адказваць за неабдуманую анарха-рамантычную авантуру Корзюка.
      Ячэйкавец, паэт Суднiк, адмаўляўся слаба, гаварыў, што ў яго, апрача нацыяналiстычных, ёсьць i вершы, прысьвечаныя Сталiну. Агульнай лiнii ён ня трымаўся, iшоў, як i Дзюндзiн, на раскол, даказваў сваю нявiнаватасьць у надзеi, што яго апраўдаюць.
      Калегiя гэткiм парадкам апытала ўсiх ячэйкаўцаў i пабачыўшы, што падсудныя пайшлi на адмаўленьне, зьмянiла тактыку: пачала дапытваць сьведкаў.
      Зьявiлася ў салi суду Камоцкая, засяроджаная, нэрвова нацягнутая.
      - Грамадзянка Камоцкая, у нас да вас толькi два пытаньнi, - зьвярнуўся да яе старэйшы з членаў Калегii, што сядзеў поруч Карпiка. - Першае: пацьвярджаеце вы свае паказаньнi ў мiлiцыi адносна зброi, знойдзенай у Рамана Корзюка на ягонай кватэры? Iнакш кажучы, цi пацьвярджаеце вы факт, што зброя, знойдзеная мiлiцыяй у Корзюка, належыла менавiта Корзюку? I другое пытаньне: цi вядомы быў вам факт прыналежнасьцi Корзюка да нацыяналiстычнай, нацдэмаўскай арганiзацыi? Паколькi вы былi ў блiзкiх адносiнах з падсудным, вы можаце дапамагчы нам высьветлiць гэтыя пытаньнi. Прашу!
      Камоцкая стаяла некалькi сэкунд моўчкi - думала, як-бы ня ведала, з чаго пачаць, i, надумаўшыся, лагодна ўсьмiхнулася, нявымушана, свабодна, ейны твар, напачатку пахмуры, асьвяцiўся, у вачох зайгралi, цяплынёй сагрэтыя, блакiтныя iскрынкi - iмгненна яна пахарашэла, гэта кiнулася ў вочы ня толькi Раману. Камоцкая загаварыла:
      - Паважаны суд! Дазвольце мне пачалавечаму, як ня ў судзе, як - калi-б мы сядзелi за сталом недзе ў гасьцях i мiрна гутарылi мiжсобку - душэўна i адкрыта, i вы захацелi-б у мяне запытацца, як я чуюся сёньня? Ведаеце, што я сказала-б! Я адказала-б: "Балiць сэрца: мае дарагiя сябры i знаёмыя ў бядзе i я нiчым не магу дапамагчы iм. Можа-б вы заступiлiся за iх, невiнаватых?"
      Усьмешка з твару Камоцкай зьнiкла, i яна змоўкла, застыгла, быццам чакаючы адказу. Але адказу яна не пачула, толькi тое, што яна свабодная i можа iсьцi.
      Увайшоў студэнт Шынкевiч, нэрвовы, але рашучы. Нiразу ня зiрнуўшы на сваiх учарайшых сяброў, павярнуўшыся тварам да суду i выслухаўшы ў нецярплiвасьцi пытаньне, ён пачаў:
      - Прыемна суду заявiць - атмасфэра ў iнстытуце ачышчана ад смуроду! Мы адчуваем сябе добра бяз сыканьня зьмяiнага гнязда нацыяналiстаў! Дзякуем нашым слаўным органам за разгром гэтай шайкi-лейкi! Я пачну канкрэтна, хто чым займаўся ў iнстытуце. Я не баюся...
      Шынкевiч сьведчыў супраць Корзюка, Казьленкi, Дзюндзiна, абвiнавачваў усю групу. Як ён сьцьвярджаў - група дэманстрацыйна размаўляла толькi пабеларуску - ня толькi на занятках, а i ўсюды: у iнтэрнаце, у студэнцкай сталовай, на вулiцы, у трамваi, у тэатры, у кiно. Нават падчас дыскусiяў на сэмiнары па расейскай лiтаратуры яны прынцыпова гаварылi пабеларуску. Зьбiралiся адзiн у аднаго, iгнаравалi заняткi, афiцыйны ўнiвэрсiтэт замянялi сваiм, нелегальным, хатнiм. Нiхто з iх нiколi не хадзiў на палiтзаняткi - маўляў, яны й так усё ведаюць. Найчасьцей група зьбiралася на кватэры ў Рамана Корзюка. Корзюк iнфармаваў сваiх гасьцей аб сваiх кантррэвалюцыйных кантактах, я ўпэўнены - з асобамi, што кiруюць кантррэвалюцыяй.
      Карпiк ня спыняў Шынкевiча, пакуль той у запале грамiў ячэйкаўцаў. Слухаў, назiраў, якое ўражаньне робяць на падсудных сьведчаньнi Шынкевiча. I толькi, калi Шынкевiч выдахся, Карпiк адпусьцiў яго.
      У залю ўвялi Казьленку. Раман Корзюк узьняў руку, прасiў слова. Слова яму не далi. Карпiк сказаў, як адсек:
      - Разгляд справаў закончаны, вiна падсудных устаноўлена, засталося пытаньне вызначыць кару.
      I Калегiя ў поўным сваiм складзе, уключна з пракурорам, зьнiкла - было вiдаць падсудным - за дзьвярыма сумежнага з трыбунай пакойчыку.
      Падсудныя чакалi прысуду. Скаваныя страхам, яны сядзелi моўчкi. Марцiновiчу стала дрэнна - ён баяўся расстрэлу, абвiс у сваiм крэсьле. Канваiр бачыў гэта, але ня выказваў турботаў за лёс зьняволенага.
      Не прайшло i дзесяцёх хвiлiн, як дзьверы сумежнага з трыбунай пакойчыку энэргiчна адчынiлiся i старшыня Спэцыяльнай Калегii Вярхоўнага суду БССР Карпiк - за iм iшлi гуськом усе члены Калегii - скамандваў:
      - Суд идет! Встать!
      Зьняволеным быў абвешчаны вырак пяць i дзесяць год. Бяз права абскарджаньня. ("Приговор окончателен и обжалованию не подлежит".) Нiводнага апраўданага.
      ...Ля ўваходу ў будынак Юстыцыi на Пляцы Свабоды засуджаных чакала "хлебная" машына. Коламi наступiўшы на тратуар, прыцiснуўшыся задам да ўваходу i раскрыўшы, як зяпу, заднiя дзьверы, яна чакала на свае ахвяры, гатовая iх праглынуць.
      40
      Вялiкая камэра для засуджаных - гула, ня сьцiхала праз усю ноч - нiхто не лажыўся спаць у чаканьнi выклiку на этап. Камэра бiтком набiта - у яе прыбываюць усё новыя i новыя засуджаныя. Ажыўленьне. Гамана. Радасьць, што, нарэшце, павязуць з турмы куды-небудь на працу. На абы-якую - ня страшна. Толькi-б хутчэй адсюль. Да суда сядзелi-ж год, паўтара i болей - ня бачылi сьвету Божага, замураваныя i змардаваныя. Усё роўна куды - на Калыму, у Котлас, на Iндыгiрку, у Нарым. Прыбылыя знаёмiлiся мiж сабой. Гутарылi. Узбуджаныя, што яны ўжо, можна сказаць, едуць, апавядалi кожны пра сваё - па якой стацьцi прайшоў, колькi атрымаў. Знаходзiлiся такiя, што ўжо ведалi, калi i куды будуць браць на этап. Пашыралася здагадка, што фармуецца эшалон на Калыму, але што пакуль даедуць да Ўладывастоку, Ахоцкае мора замерзьне i давядзецца зiмаваць недзе на Амуры, чакаць вясны. Зазначалася, што на Калыму бяруць толькi з вялiкiмi срокамi - з малымi завозiць туды не аплачваецца. Адбор строгi - толькi з добрым здароўем i маладых, каб маглi вытрымаць Запаляр'е i каб былi адпорны на цынгу.
      Рамана Корзюка ня цешыла такая пэрспэктыва, ён хацеў-бы застацца ў Беларусi. Тут, здавалася яму, было-б лягчэй - свая, знаёмая зямля, сваё паветра, сваё ўсё. I блiжэй да хаты. Хоць хаты той i няма. Але ёсьць уяўленьне аб ёй. Неадступнае. Яно нiколi ня зьнiкае. Хата будзе iснаваць, дзе-б ты ня быў. Хата, у якой ты нарадзiўся, узрос, будзе заўсёды роднай, нiчым незаменнай хатай. Да таго-ж i бацькi паблiзу, дармо, што за мяжою. Але якая гэта мяжа? Яна не мяжа. Гэта нешта страшнае. Яна праходзiць праз сэрца. Разрэзала яго напалам. Адна палавiна тут, другая - там. Абедзьве палавiнкi мучаюцца, адна без аднэй.
      А яшчэ й Валя. Гэта ўжо трэйцяя палавiнка. Яна засланяе першыя дзьве. Пераважае. Усё-ткi тут я мог-бы некалi i пабачыцца з ёй. А да Калымы не дапне. Усё будзе страчана. Нiчога з таго, што называецца хатай, ужо ня будзе. Будзе толькi сум па ёй. Сум па хаце, па Бацькаўшчыне. Але. Але. Але-ж Бацькаўшчына вырастае толькi з пакутаў, з цярпеньня.
      Ды Корзюк вычуваў, што яго возьмуць на Калыму - усё ў яго адпавядае вымогам Калымы: i ўзрост, i срок, i нават тое здароўе.
      Яго пасьля суду адзьдзялiлi ад усёй групы, хiба таксама паводля здароўя iх у вадну камэру, яго во ў гэту.
      Асаблiва ажывiлася камэра з прыходам у яе лётчыкаў, прывезеных з Лепельскай турмы ў сваiх прыгожых лётнiцкiх шынялёх, акуратна пашытых з добрага сукна, падагнаных па касьцi. Iх было аж шэсьць. I ў кожнага той самы срок - пятнаццаць год. Iм прышылi здраду радзiме. Адзiн з iх, калi яны сядзелi за сталом за чаркай, падзялiўся з сябрамi сваёй бядой - ня можа ўжыцца з жонкай, хоць садзiся на самалёт i ўцякай ад яе ў Польшчу. Нейкiм чынам НКВД даведалася пра такую гутарку i - гатова: здраднiк, шпiён. I хто слухаў - за адно i той здраднiк i шпiён.
      Корзюк сыйшоўся з iмi хутка i адразу: яны спадабалiся яму сваёй ажыўленасьцяй, адкрытасьцяй, вастрынёй успрыйманьня i дакладнай, як адрэзаць, гаворкай. Раман хацеў-бы апынуцца разам з iмi на этапе. Але не пасьпелi яны, ськiнуўшы шынялi, разьмясьцiцца побач Рамана пад вакном, дзе болей паветра, як iх забралi з камэры. Усе, ня толькi Раман, пашкадавалi гэтага - з iмi было весялей, яны сваёй прысутнасьцяй, як вайсковыя людзi, неяк падбадзёрвалi, падцягвалi, узьнiмалi прыбiты, пакутны дух.
      Корзюк доўга ня мог заснуць: у прадчуваньнi, што яго могуць выклiкаць, забраць i павезьцi, ён як-бы разьвiтваўся з сабой. Лезьлi ў галаву думкi, праходзiла праз сэрца, паўставала ў ваччу безьлiч вобразаў i зьяваў, ён у сваiм уяўленьнi бачыў iх куды больш зыркiмi, чымся яны былi ў сапраўднасьцi. Ягоная душа жыла iмi, яны замянялi ёй рэальнасьць. З усёй плоймы вобразаў i зьяваў душа квялiлася найбольш засмучанымi i найбольш датклiвымi - вобразамi бацькоў i сястры i цяпер усюды - неадступным вобразам Валi. Ён стварыў гэты вобраз цяпер, раней яго ня было. Ён адзьдзялiў у гэтым вобразе ўсё, што зьнiжала яго, адкiнуў усё супярэчлiвае ў iм, надаў яму выключна прынадны выгляд, такi, якi яму быў патрэбны, каб з iм, з гэтым вобразам, застацца назаўсёды, ён баяўся быць вывезеным апусьцелым, бяз нiчога, баяўся скончыцца, перарвацца ў сваiм быцьцi. Ён хацеў забраць усё з сабою, каб з гэтым запасам, з гэтым НЗ, вярнуцца назад нерастрачаным, неапусьцелым. Яму патрэбны быў вобраз для малiтвы, якi сьвяцiўся-б яму ўсюды, на якой-бы адлегласьцi ён ад яго нi знаходзiўся. I душа яго, замкнутая ў сабе, стварала гэткi вобраз.
      Апоўначы адчынiлiся ў камэру дзьверы i на парозе стаў чалавек у форме з паперамi ў руках. Ён назваў прозьвiшчы дзясятка чалавек, загадаў iм быць хутка гатовымi з рэчамi. Выклiканы быў i Раман Корзюк. Праз якiх дзесяць-пятнаццаць хвiлiн Раман Корзюк стаяў ужо ў вялiкай калёне на турэмным двары. Зьявiўся канвой i павёў зьняволеных на вакзал па сонных яшчэ вулiцах Менску. Канваiры прасiлi захоўваць цiшыню, падганялi, сьпяшалiся запратаць свой "тавар" у вагоны. Раман Корзюк прыглядаўся да кожнага дому на знаёмых яму аддаўна вулiцах - быццам хацеў iх запомнiць. У некаторых з iх ужо засьвяцiлiся агнi, i Раман прыкмячаў у вокнах кiдкiя ценi людзей. Па Савецкай зьняволеных не вялi. Унiвэрсытэцкi Гарадок з манастыром заставаўся з боку налева. Iшлi па колiшняй Бухарына. Вось яны ўжо i на Прывакзальнай. Недзе з боку ад уваходу ў станцыйны будынак iх прапусьцiлi праз адчыненыя насьцеж вароты i яны апынулiся на пэроне. Цягнiк з пульманамi быў пададзены i ўжо чакаў на iх. Раман першым заняў парожняе яшчэ купэ з вакном у калючках. Праз яго ўсё-ж можна было бачыць, што дзеецца на пэроне. Лiхтары ўжо згасьлi - пачынаўся ранак позьняга лiстапада. Канвой кудысьцi адыйшоў. Варту перанялi iншыя. Дзьверы вагонаў зачынiлiся. Раманава купэ напоўнiлася зьняволенымi. З купэ можна было яшчэ выходзiць на праход у вагоне. Там ня было яшчэ ўнутранай варты i дзьверы ў купэ былi яшчэ не замкнёныя. У суседнiм з Раманавым купэ чуваць было нехта голасна гаварыў пабеларуску. Яму адказвалi парасейску. Як Раман даведаўся, сядзелi ў тым купэ беларускiя лiтаратары - Зьмiтрок Астапенка i Сяргей Знаёмы. Корзюк прыслухоўваўся да iхнай гутаркi. Выясьнялася, што абодвы яны спадзяюцца пабачыць сваiх жонак, калi тыя прыйдуць на вакзал. Яны былi чамусьцi ўпэўненыя што, iхныя жонкi будуць ведаць пра iхны транспарт i зьявяцца, каб сказаць iм хоць якое слова на разьвiтаньне. У Рамана ўспалыхнула трывожная думка - а можа й Валя прыдзе як-небудзь.
      Увайшла варта. Зачынiлiся ў купэ дзьверы. Цягнiк гатовы быў адыйсьцi. Раман углядаўся ў вакно: першая плятформа, пасьля адыходу пасажырскага была ўжо апусьцелай i Раманаву зроку адкрываўся ўвесь тлум, што яшчэ панаваў на пэроне: адвозiлi i падвозiлi багаж, адыходзiлi i прыходзiлi ўсё новыя натоўпы людзей. Справа на плятформе Раман прыкмецiў купку людзей - пераважна жанчынаў, - што, як-бы застыўшы, стаялi нярухома i, як здавалася Раману, прыглядалiся да вокнаў вагонаў. Некаторыя з гэтай купкi людзей, як-бы ўгледзеўшы каго, махалi рукой. Можна было бачыць узьнятае ўгару павялiчанае дзiцячае фота. Зноў iншыя рознымi ўмоўнымi знакамi iмкнулiся перадаць тое, што яны хацелi. Нейкая маладая жанчына, прыгожа апранутая, прыклаўшы рабром далонь да свайго роту, доўга гаварыла нешта, як вiдаць было, упэўненая ў сваiм посьпеху. Але ейны голас сюды не даходзiў, i толькi вiдаць было, як рухалiся ейныя нафарбаваныя вусны. Раман быў упэўнены, што гэта i ёсьць тыя, што прыйшлi сюды ў надзеi пабачыць сваiх, абнадзеiць iх, падаць iм знак падтрымкi i спагады. Корзюк углядаўся, шукаючы сярод гэтай купкi людзей Валю. Але ён не знаходзiў яе. Яе ня было. Яна ня прыйшла. Можа яна ня ведала, што яго бяруць на этап. Да купкi людзей прыскочыла яшчэ некалькi чалавек, працiскаючыся наперад. Раману кiнулася сiняя Валiна блюзка. У яго зайшлося сэрца, у вачох усё замiтусiлася i ён страцiў вобраз Валi. Раптоўным сваiм грукатам яго аглушыў маскоўскi хуткi, што наляцеў, як вецер, i стаў, як укопаны, засланiўшы, сьцёршы ўсё, што толькi перад тым бачыў Корзюк. Скрануўся i пульман. На стыках заляскаў коламi, i Менскi вакзал, з яго нявысокай вежай, пачаў паволi адплываць.
      Была цi ня была Валя?
      Сум агортаў Рамана, ён ужо адарваны, колы вязуць, iмчаць. У ранiшнiм сьвiтаньнi праносяцца за вокнамi голымi вяршынямi дрэвы. Выгiнаючыся талеркай, адплывае зямля. Ваколiцы Менску, да болю знаёмыя яму, разьвiтваюцца з iм.
      У Воршы прычапiлi да iх яшчэ некалькi пульманаў. Склаўся даўгi, на цэлы кiлямэтр, транспарт, i калi ён, як вужака, выгiнаўся на паваротах, можна было, гледзячы ў вакно, падлiчыць вагоны.
      Цягнiк, казалi, накiроўваецца на Смаленск, але на самай справе ён iшоў на Магiлеў. Два днi там стаялi на станцыi ў тупiку, пакуль ня былi дагружаныя пульманы новай партыяй мясцовых зьняволеных. У купэ насаджалi гэтулькi людзей, што ўжо не хапала ягоных двух паверхаў-нараў. Давялося лажыць i пад лаўкамi. Ад'яжджаючы з Магiлева, Раман Корзюк не адыходзiўся ад вакна, як-бы навекi разьвiтваючыся з роднымi яго сэрцу краявiдамi. За Масквой яны былi ўжо iншыя, i, адыйшоўшы, суцiшыўшыся, ён аддаўся пад уладу сваiх думак. У сваёй памяцi неймаверна ясна - ён бачыў усё перажытае iм, мог ахапiць яго i спалучыць у вадно цэлае, у вадзiн вобраз. Нават фiзычную прастору, нядаўна пакiнутую, ён бачыў перад сабой як на карце. У цэнтры гэтага вобразу-ўяўленьня, зьнiкаючы i зноў зьяўляючыся мiгцела, паўставала, як золак, постаць у нейкiм сьвяточным убраньнi, да болю знаёмая, хоць цяпер ужо рэальна i аддаленая.
      41
      Адкрыты працэс нацдэмаў гэтак i ня ўдаўся. Было нямала на гэта прычынаў. Найгалоўнейшая - вiдавочная штучнасьць справы нацдэмаў. Беларускае НКВД перастаралася: у пагонi паказацца перад Масквой перадавым НКВД у змаганьнi з нацыяналiстамi, яно агалiла Беларусь, пасадзiўшы за краты большую палавiну ейных нацыянальных кадраў, найперш пiсьменьнiкаў, паэтаў, крытыкаў, гiсторыкаў, географаў, выкладчыкаў беларускай мовы i лiтаратуры, навуковых працаўнiкоў, што займалiся беларусазнаўствам, работнiкаў наркомасьветы, артыстаў, працаўнiкоў кiно i г.д. Беларусь была падмецена жорсткай мяцёлкай, ачышчана ад уяўных нацыяналiстаў. Не пашкадаваная была i маладая зьмена - тут беларускае НКВД бачыла цi ня самую галоўную небясьпеку, i ў вынiку пацярпела вялiкая часьцiна студэнцтва. Дастаткова было пачуваць сябе беларусам, як табе прышчаплялася кляймо нацыяналiста. Асаблiва пацярпелi педагагiчныя навучальныя ўстановы, што рыхтавалi маладыя нацыянальныя кадры, перадусiм настаўнiкаў для пачатковых i сярэднiх школаў. Гэтыя ўстановы былi разгромленыя. Не хапала выкладчыкаў беларускай мовы i лiтаратуры. У страху быць абвiнавачанымi ў нацыяналiзме, шмат хто з iх цураўся беларускай мовы i пачынаў выкладаць расейскую мову, у вынiку - скарацiлiся гадзiны для роднай мовы. Ня было падручнiкаў па беларускай мове i лiтаратуры - яны здымалiся з ужытку, паколькi ў iх фiгуравалi iмёны арыштаваных аўтараў. Гiсторыя Беларусi ня выкладалася наогул.
      Як прызнаваўся Цiмошка, у пошуках нацдэмаў, у пошуках адпаведных нацыянальных мадэляў-тыпаў, была змадэляваная ўся Беларусь. Гэтыя мадэлi, жывыя людзi, былi цяпер у руках сьледчых, i з iмi яны гулялi, як толькi хацелi. Рыхтавалi iх да судовага адкрытага працэсу. А працэс той ня выходзiў. Бiцьцё i запалохваньне не дапамагала: мадэлi, паразумнеўшы, пачалi адказвацца ад сваiх пачатных сьведчаньняў. Скалочаныя сьледчымi нацыяналiстычныя групы пачалi развальвацца. Адпала, такiм чынам, гэтак званая групавая кантррэвалюцыя, адпала iдэя адзiнай, кiраванай Цэнтрам, нацдэмаўскай арганiзацыi. Цiмошка, узяўшы гэтую акалiчнасьць пад увагу, катэгарычна выступаў супраць адкрытага працэсу.

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18