Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Раман Корзюк (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Отечественная проза / Седнев Масей / Раман Корзюк (на белорусском языке) - Чтение (стр. 11)
Автор: Седнев Масей
Жанр: Отечественная проза

 

 


      25
      - Раскажэце, Шаркевiч, як вы хадзiлi з свайго хутару ў Польшчу?
      - Я ў Польшчы ня быў i хутар той ня мой.
      - Што хутар ня ваш, гэта мы добра ведаем. I што вы былi ў Польшчы, гэта мы ведаем таксама. Але мы хочам, каб вы прызналiся ў гэтым самi. Будзе меншая кара... Дык колькi разоў вы былi ў Польшчы?
      - Я вам сказаў, што нi разу.
      - А каго вы вадзiлi туды?
      - Нiкога.
      - I самi ня былi?
      - Не, ня быў.
      - Ну, а хто вас туды пасылаў?
      - Як я там ня быў, дык нiхто мяне туды й ня пасылаў.
      - Добра адказваеце. I скажаце, Генадзь Кандраценя ня быў у вас на хутары?
      - I Кандраценi нiякага ня ведаю!
      - А калi я пакажу вам яго?
      - Ну дык што - што пакажаце. Вы ўсё можаце паказаць.
      - Цяпер адкажэце мне на такое пытаньне: начзаставы да вас часта заяжджаў?
      - Гэны бываў.
      - Можа ён перакiдваў вас сам?
      - Дрэнны быў-бы ён начзаставы.
      - Можа ён i ёсьць такi.
      - Такога вы ня трымалi-б. Ён-жа ваш.
      - Ён i ваш.
      Палiтыка з Шаркевiчам гаварыў сёньня лагодна, як-бы пасяброўску. Прост гуляў з iм. Ня тое што ўчора i пазаўчора - душу выцягваў. Шаркевiч бачыў, што ягоны сьледчы змораны, хоча спаць, пазяхае i час-ад-часу заплюшчвае вочы. Даўно ўжо перавалiла за поўнач. Колькi разоў Палiтыка, седзячы за сталом, браўся за трубку тэлефону i цiхiм голасам перакiдваўся, як здавалася Шаркевiчу, з жонкай кароткiмi словамi, абяцаў ёй прыйсьцi а чацьвёртай. Шаркевiч, канешне, прыкiдваўся, што ня слухае ягонай гутаркi, знарок ёрзаў на сваiм крэсьле, але на самай справе прыслухоўваўся да кожнага слова, сказанага сьледчым. Шаркевiч ня ведаў, колькi цяпер часу, вычуваў толькi, што каля трох i ўжо, можна сказаць, не баяўся, што Палiтыка будзе й сёньня прыцiскаць ягоныя каленi другiм крэслам, зробленым як-бы адмыслова для таго, каб прычыняць Шаркевiчу боль, такi нясьцерпны, хоць крычы... Возьме крэсла, трохi вышэйшае за тое, на якiм, звычайна, сядзiць Шаркевiч, i пачынае неўзаметку й пацiху, як-бы жартуючы, сунуць да Шаркевiча. Дагонiць шчыльна да каленяў Шаркевiча i спынiцца, прыглядаючыся, цi акуратна прыставiў да самых храшчыкаў у суставах. Потым бярэцца за крэсла зноў i гэтым сваiм крэслам пхне Шаркевiча на ягоным крэсле да сьцяны. Вось тады i пачынаецца прыцiсканьне. Шаркевiч крычыць. Тады сьледчы перапыняе свою работу i пытаецца ў соты раз пра адно i тое-ж - хто пасылаў у Польшчу?
      Сёньня-ж Палiтыка, як ня той. Жартуе й гаворыць так, абы гаварыць. Быццам i яму абрыдла таўчы ваду ў ступе. Мала таго, Палiтыка расказаў Шаркевiчу пра ягоных, Шаркевiчавых, дзяцей, што яны жывуць без яго на хутары лепей, чым з iм - дзяржава дапамагае, дармо, што iхнi бацька польскi шпiён... Апрача старэйшай дачкi, усе ходзяць у школу. Адным словам, дагледжаны, сыты - савецкая ўлада не дапусьцiць, каб дзецi прапалi. I таму Шаркевiчу няма чаго турбавацца.
      Такая чуласьць i дабрыня сьледчага пужала й насьцярожвала Шаркевiча. Ён ня верыў яму. Але Палiтыка - як-бы яго хто падмянiў - быў сапраўды ласкавым, частаваў яго папяросамi, паклаўшы перад iм цэлую пачку - "Казьбек". Упяршыню сьледчы дазволiў яму сядзець з iм за адным сталом. I як-бы там нi было, а Шаркевiчу ад такой гутаркi было ня так страшна заставацца аднаму са сьледчым уначы.
      Найболей баяўся Шаркевiч, калi ягоны сьледчы змаўкаў, застаючыся нярухомым i сутуленым у сваiм крэсьле. Тады Палiтыка разглядаў Шаркевiча, мацаў яго сваiм, быццам нятутэйшым, павольным зрокам, сьлiзгаўся па iм тупым, халодным паглядам заспаных вачэй, шукаючы для сябе нейкага адказу. Шаркевiч разумеў гэта пасвойму: сьледчы ўпiваецца ў яго для таго, каб канчальна вырашыць Шаркевiчаў лёс, знайсьцi адказ. Шаркевiч добра ведаў, што яго чакае, але ня гледзячы на гэта, хацеў спадзявацца, што той ягоны лёс вырашыцца неяк iнакш i таму баяўся "канчальнага" вырашэньня, якое магло высьпець у санлiвым мазгу сьледчага. Шаркевiч тады курчыўся на крэсьле, млеў, вернападдана глядзеў у вочы сьледчаму, быццам хацеў гэтым зьмякчыць той магчымы вырак, што можа прыйсьцi ў кожную сэкунду.
      Змаўкаў сьледчы, змаўкала i ноч у НКВД. У габiнэце рабiлася так цiха, што Шаркевiч чуў нават плынь i шорах начы. Змаўкаў вулiчны гул, галасы звонку не даходзiлi сюды. Не, Шаркевiч баяўся, калi сьледчы маўчаў.
      Сьледчы пачынаў гаварыць, i ажываў габiнэт, цiшыня некуды адступала, Шаркевiчу станавiлася лягчэй, i той страх выраку, што толькi палохаў яго, зьнiкаў, замяняўся сэкундаю надзеi...
      - Чаму вы, як вярталiся з Польшчы, зайшлi ў iмшанiк, а не адразу ў хату?
      - Я йшоў ня з Польшчы, а ад свае канякi. Глядзеў, цi з начы куды не закалдыбала. А ў хату ня йшоў, бо хацеў прыймацца ўжо за работу.
      - Якiя вы старанныя!.. Ну, добра... Хто яшчэ быў у iмшанiку, апрача начзаставы, у той час, калi вы зайшлi туды.
      - Я нiколi ня бачыў чалавека, што браў мяне разам з начзаставы. Ня ведаю яго.
      - Добра... Колькi часу вы прабылi пад арыштам на заставе, перад тым, як вас адправiлi ў Менск?
      - Ня доўга. Начзаставы дапытваў мяне толькi адзiн раз.
      - Пра што ён у вас пытаўся?
      - Пра тое, што й вы.
      - Але яму вы гаварылi праўду. Ня так, як мне. Хочаце паслухаць пратакол?
      - Там усё няпраўда.
      - Вы-ж падпiсалiся пад тым, што вы гаварылi!
      - Мяне бiлi, каб я падпiсаўся.
      - Бiлi? Вось як... Мы ня б'ём.
      Пасьля паўзы:
      - Зрэшты, ня важна, што ў пратаколе напiсана. Важна тое, што мы ведаем самi i, канешне, тое, што вы скажаце. Вось, напрыклад, што вас змусiла зьвязацца з Кандраценем? Дружба? Атрымалi ад яго шмат грошай? Вам дрэнна жылося? Мы пасадзiлi вас на хутар не для таго, каб вам было блiжэй да Польшчы. Вамi мы хацелi заткнуць хоць адну з дзiрак, што, нажаль, яшчэ ёсьць у нас на пагранiччы. А вы што-ж? Палезьлi праз дзюрку самi! Забойцаў, кантррэвалюцыянэраў, шпiёнаў i iншую хлудзь прапхнулi. Што вы былi ў Польшчы i можа не аднойчы (тут Палiтыка кiнуў на Шаркевiча хуткi i пранiкнёны зрок), гэта абсалютна вядома нам. Але мы, паўтараю, хочам даведацца ад вас, чаму вы сталi на шлях здрады? Чаму былы батрак, пастух не палiчыўся нi з чым - нi з сям'ёю, нi з намi, нi, нарэшце, з сваiм сумленьнем - i пайшоў на службу да ворага? Возьмем зноў Кандраценю! Як ён змог зацягнуць вас у сваё логава? Вы зноў скажаце, што ня ведаеце яго? Да часу мы даём вам магчымасьць гаварыць усё, што хочаце, але раней цi пазьней мы ўсё-ткi змусiм вас загаварыць пасапраўднаму. Генадзя Кандраценю выкiнула да нас Польшча. I трэба сказаць, ён дабiўся тут, у нас, некаторых посьпехаў - знайшоў вас i такiх, як вы, пралез i ў больш далiкатныя месцы. Спрабуе нават займацца палiтыкай. Але ўсё гэта, бачу, для вас няцiкава i мала зразумела. I я ня зьбiраюся доўга гаварыць пра гэта. Вы патрэбныя нам, як жывы чалавек, як доказ, як сьведка, як дэталь ведаеце, як вiнцiк ад машыны. Мы зьбiраем цяпер вялiкую машыну i нам не хапае шмат якiх вiнцiкаў-шрубак, такiх, як вы. Дык мы й пярэйдзем цяпер блiжэй да справы. Пачнём ад пачатку.
      Палiтыка ўзяў аркуш паперы i нарыхтаваўся запiсваць.
      - Значыць, Генадзя Кандраценю, кажаце, ня ведаеце? Так?
      - Так.
      - Так i запiшам. Начзаставы, кажаце, ведаеце? Так?
      - Так.
      - Добра, што прызнаецеся хаця ў адным. Дапамагаў вам начзаставы пераводзiць людзей у Польшчу?
      - Якiх людзей?
      - Адказвайце на пытаньне!
      - Не!
      - Значыць, вы адны, бяз нiкога пераходзiлi гранiцу?
      - Не пераходзiў я гранiцы!
      - А ў Польшчы былi?
      - Як не пераходзiў, дык i ня быў.
      Палiтыка ўськiпеў гневам i кiнуў асадку на падлогу. Падыйшоў да Шаркевiча, замахнуўся рукой, але ня ўдарыў. Накiраваўся ў куток, дзе стаяла крэсла. Налёг на яго дзьвюма рукамi i пачаў сунуць яго да Шаркевiча. Пацiху, ня зводзячы з яго вачэй. Шаркевiч ведаў для чаго прызначаецца крэсла, але ўдаваў, што не баiцца. Сядзеў i чакаў. Быццам адумаўшыся, Палiтыка нечакана пакiнуў крэсла пасярэдзiне пакою i сеў за стол, падняўшы з падлогi асадку.
      - У якiм гэта гумне вы адсыпалiся ў Польшчы?
      - Я спаў дома, выбачайце.
      - На гэты раз вы адказалi не дасьцiпна!
      Разгневаны, Палiтыка ўвомiрг узьняўся i выйшаў з-за стала. Гучным голасам пачаў каманду:
      - Устаць!
      Шаркевiч устаў.
      - Сесьцi!
      Шаркевiч сеў.
      - Устаць!
      - Сесьцi!
      - Устаць!
      - Сесьцi!
      - Устаць!
      - Сесьцi!
      Шаркевiч садзiўся i ўставаў з хуткасьцяй, з якой камандваў Палiтыка. Ён ганяў Шаркевiча датуль, пакуль не змарыўся сам i ў зьнямозе ацiх. Iз стосу папераў, якiя ляжалi на стале, дастаў папку i, разгарнуўшы яе, накрыў нешта ў ёй аркушам паперы, загадаўшы Шаркевiчу прысунуцца блiжэй да стала:
      - Глядзеце, зараз пакажу, што пад гэтым аркушам паперы.
      Палiтыка паволi ссунуў аркуш паперы ўнiз, да сябе можа на якi адзiн сантымэтр. З-пад аркуша паперы вытыркалiся валасы.
      - Хто гэта?
      - Не пазнаю па валасох.
      Палiтыка яшчэ больш пацягнуў унiз аркуш паперы - паказалася верхняя часць iлба.
      - Хто гэта?
      - Ня ведаю. Балван нейкi.
      Палiтыка сьцягваў аркуш паперы яшчэ нiжэй - паказалiся густыя бровы.
      - Хто гэта?
      - Нехта-ткi знаёмы, але не прыпамiнаю.
      Палiтыка паказаў болей - глянулi вочы... Чые-б вы думалi? Вочы Шаркевiча!
      - Хто гэта?
      Не дачакаўшыся адказу, Палiтыка ўдарыў Шаркевiча ў твар. У Шаркевiча з носу пайшла кроў. Але тым ня менш, Палiтыка, узяўшы з папкi фатаграфiю, паднёс яе пад самы нос Шаркевiчу i голасам, у якiм чулася вялiкае задаваленьне i перамога, сказаў:
      - А вось i тое гумно, пра якое я пытаўся. Пазнаеце?
      Шаркевiч маўчаў.
      - Вы хадзiлi ў Польшчу?
      Шаркевiч маўчаў.
      - Хадзiлi, пытаюся?
      - Што-ж тут пытацца!
      - Не, я хачу, каб вы мне адказалi, як належыцца. Хадзiлi?
      Шаркевiч, выпрастаўшыся на сваiм крэсьле, i гледзячы ў вочы Палiтыцы, цьвёрда адказаў:
      - Хадзiў!
      26
      Мiнула колькi часу, а Валю Камоцкую на допыт болей не выклiкаюць - як забылi. Нездарма-ж Палiтыка пужаў яе паўгадовым i гадовым сядзеньнем. Мусiць сваю пагрозу ён сапраўды датрымае.
      Валя Камоцкая кожны дзень з нецярплiвасьцяй чакала хвiлiны, калi адчыняцца дзьверы i яе выклiчуць, ды дзьверы тыя ўсё не адчынялiся, i яна, не дачакаўшыся, позна кладучыся ў ложак, ускладвала свае надзеi на заўтрашнi дзень, якi, наступiўшы, ашукваў яе так-жа, як i папярэднi. I так бясконца. З адзiночкi яе не пераводзiлi, хоць яна не аднойчы прасiлася ў пракурора-iнспэктара, калi той абходзiў камэры. Пiсаць дахаты не дазвалялi. А ёй якраз цяпер хацелася-б напiсаць бацьком, тым больш што яны так цi iнакш, бязумоўна, даведалiся аб яе арышце i хаваць ад iх гэты факт было-б дзiўна i недарэчна. Немаль кожную ноч Валi сьнiцца адзiн i той-жа сон: у iнтэрнат мацi прыяжджае за ейнымi рэчамi, але ёй не аддаюць iх, ня пушчаюць нават на парог, адпiхаюць, гоняць. Ды мацi не здаецца - прыяжджае зноў. Як i раней, рэчаў ёй не аддаюць, гоняць, яшчэ й насьмiхаюцца. I што найболей засмучае Валю ў гэтым сьне, дык гэта маўклiвасьць мацi. Хоць-бы адным слоўкам яна абранiлася - яе ў грудзi пiхаюць, а яна маўчыць. Цiхенька й паслухмяна адыходзiцца iз сьлязьмi на вачох.
      Падобныя сны засмучалi Камоцкую, прыцiшалi, западалi глыбока ў ейную душу i, здавалася, разбуралi яе, пакiдаючы ў ёй толькi адну горыч. Колькi прайшло таго часу, а Валя вычувала сябе ня той, ранейшай, што гатовая была абаранiць сябе, не папусьцiцца i не ўступiць. Аб Раману яна думала цяпер менш, нават дакарала сябе, што зашмат выдала на яго свае душы. Тая ўява, якая з такой сiлай малявала ёй спатканьнi з iм, за кароткi час турэмнага побыту перастала быць уявай, i памяць аб Раману станавiлася горкай, датклiвай. Камоцкая ўсьведамляла, што калi яна прабудзе ў турме яшчэ далей (а яна чамусьцi верыла, што яе хутка павiнны вызвалiць), у ейным нутры ўсё выгарыць i ў душы застанецца толькi холад, за якiм прыйдзе помста за ўсё нязьдзейсьненае, недасьнёнае й перарванае. Яе душа ня ўмела пераносiць гора, якое яе напаткала. Ад навукi, якую яна, можна сказаць, асягнула, яна чакала рэальнай карысьцi, вынiку для сябе, гэтак як i для сваiх бацькоў, i нечаканы канец гэтаму ўсяму быў успрыняты Валяй Камоцкай трагiчна. Дарога ў жыцьцё ў яе скончылася i гэтага Валя Камоцкая не магла дараваць сабе. Яна нават даходзiла да таго, што прычыну ўсiх сваiх няшчасьцяў яна шукала ў сваёй "лапцюжнасьцi".
      А то часамi Валя рашчульвалася тою "лапцюжнасьцяй": гэта-ж яна, "лапцюжнасьць", вывела яе ў сьвет. Ейны бацька быў таксама "лапцюжнiк", i ў навуку яе прынялi менавiта, як "лапцюжнiцу". Як-бы яна цяпер хацела вярнуцца да тых лапцяў з белымi анучамi i новымi аборамi, - танцавала-б ня так, як калiсьцi ў сваiм вясковым клюбе. Мова i ўсё было лапцюжнае. Лапцю была дарога. А цяпер куды папалiся гэтыя лапцi? I дзе цяпер выйсьце для iх?..
      Таго, што давалi ёй есьцi, хапала з яе, яшчэ й заставалася, на стале чарсьцьвеў хлеб, суп з рыбай вылiвала ў "парашу". Не хацелася есьцi, душа зацялася i пасьцiлася, як душа манашкi. Пiла толькi гарбату з цукрам. "Сохне душа, няхай сохне й цела".
      Забразгацяць посудам на карыдоры, i Валя Камоцкая ведае - абед. Турэмнiк стане на парозе, трохi пажартуе i зноў зачынiць дзьверы, упусьцiўшы ў камэру на некалькi глыткоў халаднаватага паветра. I гэтак тры разы на дзень. У дадатак - выпусьцяць у прыбiральню. Валя вымые там сваю блюзку цi што iншае, высушыць у камэры i зноў надзене чыстае. А то пашчасьцiць разабраць "пошту": дастаць з кошыка кавалак газэцiны, некiм кiнуты туды. Ёй газэт не давалi, i яна дзiвiлася, што нехта iх мае i, як назнарок, кiдае тут, як-бы спэцыяльна для яе. З гэтай "пошты" Валя шмат аб чым даведвалася, распасьцiраючы ў камэры на стале пакммечаныя шматкi, а то й цэлыя балонкi якой-небудзь газэцiны. Напрыклад, ёй удалося вычытаць, што скончыў самагубствам Чарвякоў, арыштаваны Галадзед, Шаранговiч, Жылуновiч (Цiшка Гартны), Кудзелька (Мiхась Чарот), Касянкоў-Зарэцкi, Дайлiдовiч-Дудар i г.д. Такiя i iншыя навiны як-бы жывiлi Валю, яна вычувала, што насоўваецца нешта вялiкае i што ў гэтым вялiкiм, можа стацца, i яна знойдзе нейкае сваё месца. Але зноў - цесныя сьцены камэры сьцiскалi яе ў сваiх каменных абдымках, не давалi ходу, i ўсяго, што ёй заставалася - гэта той нязводны кавалак неба, што сiнеў у ейным высокiм вакне, перахрышчаным кратамi.
      Валю Камоцкую ня толькi не выклiкалi на допыт, але i не вадзiлi на прагулку. Стоячы пад дзьвярыма i падслухоўваючы рух на карыдоры, Камоцкая чула, як там тупацелi, пацiху гаварылi i сыходзiлi ўнiз па гулкай лесьвiцы. Камоцкая здагадвалася, што гэта вядуць зьняволеных на прагулку, бо хутка яны вярталiся i тупаценьне ўзнаўлялася. Валя чакала, што вось павядуць i яе, але нiхто не падыходзiў да яе дзьвярэй i не адчыняў iх, i яна, зьняможаная ў чаканьнi, садзiлася за свой каменны столiк у кутку.
      Увечары выблiснулi за кратамi зоры i паказаўся ў небе новы, тонкi ў сваiх абрысах месяц. Ён крышыўся ў кратах вакна, i, паламаны, сыпаўся аськепкамi сьвятла ўнiз, па той бок сьцяны. Валi здавалася, што калi-б яна магла падставiць свае прыгаршчы, гэтыя аськепкi, упаўшы, апяклi-б ёй далонi. Але гэта ёй толькi здалося. З суседняй камэры дробненька забарабанiлi ў сьцяну. Па рытму гэта нагадвала ёй азбуку Марзэ. Камоцкая пашкадавала, што яна не разумее гэтага коду i выклiк на размову застаўся без адказу. Валя, узяўшы лыжку, толькi чыркнула ёй па сьцяне. I неводомы ёй сусед цi суседка замоўк. Але ад усьведамленьня, што нехта жыве побач яе i, напэўна, мучыцца гэтаксама, як i яна, ёй рабiлася весялей. Яна пачынала сваю няспынную хаду па камэры, да яе вярталася сiла, i недзе ў iмглiстай далечынi як-бы ўспыхвала надзея, то няясная, то зыркая, дастаткова звабная, каб натхняць яе i аддаляць ад усяго, што яе трымае тут.
      I месяц, i зоры за вакном, i той паўзмрок у камэры, якога не магла перамагчы лямпачка ўгары, i той, нарэшце, выклiк з-за сьцяны - усё гэта вытварыла ў Валi нязвычайны настрой.
      На карыдоры дзённая зьмена дзяжурных перадае сваю "паству" начной. Значыць дванаццаць гадзiн. Адчыняюцца дзьверы, i начная зьмена прыймае "тавар" ад дзённай, запiсваючы ў журнал колькi таго "тавару" ў наяўнасьцi.
      - Колькi ўсяго? - трымаючы журнал i алавiк напаготове, пытаецца начная зьмена ў дзённай.
      - Колькi ўсяго? Ня бачыш? Адна! - сьмяючыся, адказвае старая зьмена.
      Дзьверы зачыняюцца, крокi зацiхаюць i вее жудасьцяй ад мёртвага турэмнага гмаху.
      Праходзiць яшчэ паўгадзiны, i Валя, сьцiшаная, кладзецца ў ложак.
      Толькi Камоцкая ўладкавалася, як адчынiлiся дзьверы i чалавек у форме прыглушаным голасам, але ўладна прагаварыў:
      - Зьбiрайцеся на допыт! Хутка!
      Камоцкая хутка была гатова. Праз хвiлiну яна ўжо зыходзiла з другога паверху ўнiз, устрывожаная i спалоханая нечаканым выклiкам.
      На двары зоры з вышынi калолi яе сьвятлом, што сьцякала з iх, як iз штыхоў. Хутка яна апынулася ў тым будынку, у якiм яна была на першым допыце. Гэты будынак выглядаў цяпер больш прыплюснутым, здавалася, што ягоная столь у карыдоры гатова ўпасьцi на галаву ў кожную хвiлiну. Карыдор хутка скончыўся крутымi сходкамi ўнiз, i Валя была ўжо ў другiм карыдоры, даўжэзным i вузкiм. У канцы яго адчынiлiся дзьверы, i яркае сьвятло выбухнула навонкi. З дзьвярэй выйшаў чалавек у форме i, угледзеўшы Валю, чакаў яе, пакуль яна не падыйдзе да яго.
      - Бачаце, як мы вас сустракаем? - усьмiхнуўся ёй Палiтыка. - Заходзьце вось сюды! Мы вас ужо даўно чакаем!
      Потым Палiтыка зьвярнуўся да чалавека, што прывёў Валю, i сказаў:
      - Вы свабодны. Можаце йсьцi.
      I ўжо да Камоцкай:
      - Сюды! Сюды! Вось у гэты пакой!
      У зырка асьветленым пакоi, куды ўвайшла Валя, ня было нiкога. Палiтыка пасадзiў Валю за стол i, перабiраючы нейкiя паперы на столiку, запытаўся:
      - Як вам сядзiцца? Я пасьпяшаўся трохi з выклiкам - вы яшчэ за такi кароткi час нiчога не пасьпелi надумаць. Цi можа ўжо?
      Палiтыка, адыйшоўшыся ад столiку, не чакаючы адказу, нацiснуў кнопку.
      - Зараз я вам пакажу такое, чаго вы, пэўна, не спадзяецеся пабачыць. Я, уласна, i выклiкаў вас сюды, каб зрабiць вам прыемнасьць. Мы народ спагадлiвы...
      З двума сьледчымi ў габiнэт увайшоў Раман Корзюк. Наступiла цiшыня, якой нiхто не парушаў. Сьледчыя адыйшлiся, як-бы ня хочучы перашкаджаць i назiралi зводдаль. Камоцкая, седзячы, бяз нiякага, здавалася, зьдзiўленьня, спакойна i моўчкi глядзела на Рамана, сваiм поглядам шукаючы яго вачэй, якiя ён хаваў пад спушчанымi павекамi. Але гэта цягнулася можа якую тысячную долю сэкунды i Раман, пад пiльным поглядам Валiных вачэй, зiрнуў на яе i iх кiдкiя погляды зьбеглiся, збочлiва i коратка. З iх нiхто яшчэ не сказаў нiводнага слова.
      - Рамантычная сустрэча не ўдалася, пачнём рэалiстычную. Можа гэта ўдасца лепей! - ня вытрымаў Палiтыка, з халоднай усьмешкай паглядзеўшы на сваiх сяброў-сьледчых. - Грамадзянiн Корзюк, сядайце!
      Корзюк сеў за сталом насупраць Валi. Селi й сьледчыя за асобны столiк.
      - Валя Камоцкая, вы ведаеце Рамана Корзюка? - пачаў Палiтыка. - Усё душэўнае вы мусiце цяпер адкiнуць! Адказвайце на маё пытаньне: вы ведаеце Рамана Корзюка?
      - Вы ведаеце добра, што гэта лiшняе пытаньне.
      - Раман Корзюк, вы ведаеце Камоцкую?
      - Валя, падумай толькi - нiчога ня сталася. Усё будзе добра! Чаго ты нахохлiлася? Сягоньня мы вялiкiя акторы! Грайма-ж!
      - Ц-с-с. Адказвайце на пытаньне!
      - Ня зьдзеквайцеся!
      - Бацькоў i сястру Рамана Корзюка ведаеце, Камоцкая?
      Валя Камоцкая глядзела на Рамана i ня ведала, што гаварыць.
      - Валя, гавары! Гавары! Нiчога ня бойся! Усё, як было! Толькi гавары годна! Грай! Чым большай ты будзеш акторкай, тым больш будуць задаволеныя табой нашыя рэжысэры.
      - Не хачу я граць!
      - Правiльна - граць ня трэба! Валя Камоцкая, адказвайце на маё пытаньне! Бацькоў i сястру Рамана Корзюка вы ведаеце?
      - Нiкога i нiчога я ня ведаю... Досыць... Досыць мучыць мяне...
      Валя Камоцкая зайшлася гiстэрычным плачам, рукамi закрыўшы свой твар. Сьледчыя пераглянулiся мiжсобку. Двое з iх узялi пад рукi Камоцкую i вывелi яе ў суседнi пакой, пакiнуўшы дзьверы адчыненымi. Корзюк бачыў, як Валю пасадзiлi там на дыван. Немаведама адкуль узяўшыся, моўчкi цьвёрдаю хадой перасекла пакой "Галя", тая самая "Галя", што сустракала Корзюка на першым яго допыце тут. "Галя" села каля Валi i сьледчыя вярнулiся.
      - Нiчога! Пасядзiць трохi i ачухаецца. Гэта яшчэ нiшто! А тымчасам паклiчам сюды яшчэ аднаго героя.
      Палiтыка пазванiў i прывялi Шаркевiча.
      - Пазнаеце адзiн аднога, сябры?
      Раман пакiнуў пытаньне без адказу.
      Палiтыка пачаў званiць. Хутка ў вялiкi пакой Палiтыкi ўвялi пад зброяй пяць чалавек, у тым лiку i Генадзя Кандраценю. За сьпiною ў кожнага з iх пасталi чырвонаармейцы з вiнтоўкамi. Як толькi прыведзеныя селi, увайшлi двое ў ваеннай форме, на выгляд - высокае начальства. Палiтыка i двое ягоных паплечнiкаў павайсковаму аддалi iм чэсьць. Высокае начальства села за стол, пакрыты чырвоным сукном. Паабапал начальства селi сьледчыя. У пакой "Галя" ўвяла Камоцкую.
      Узьняўся Палiтыка:
      - Гэта яшчэ ня суд. Суд будзе. Справядлiвы, але бязьлiтасны суд.
      Палiтыка сеў, а адзiн з высокага начальства - высачэзны i кантаваты падняўся, вiдавочна, прызвычаены гаварыць стоячы.
      - Я займаюся даўно вашаю справаю, арыштаваныя! - пачаў ён. - Канешне, ня толькi вашаю аднэй справаю, а й сотнямi падобных. Карацей - я вывучаю нацдэмаўскую справу ва ўсебеларускiм маштабе. Але я не гэта хачу сказаць. Я тут зараз хачу падчыркнуць адзiн факт, якi вы, можа, не дастаткова ясна ўяўляеце сабе, а менавiта зьнiтаванасьць нацдэмўскай кантррэвалюцыйнай шпiгунска-дывэрсыйнай арганiзацыi, сцэнтралiзаванасьць яе. Ды як-бы нi была сцэнтралiзаваная гэтая арганiзацыя, цэнтра, я ўпэўнены, вы ня ведаеце, i такому адгалiнаваньню, як, скажам, ваша ў Вышэйшым Пэдагагiчным Iнстытуце можа здацца, што яно нi з кiм i нi з чым ня зьвязанае, што яно самастойнае, народжанае мясцовымi ўмовамi, нявiннае, бяз мэты i кiрунку адгалiнаваньне. Болей таго - вы можаце сказаць, што вашая ячэйка (умоўна назаваём яе гэтак) жыла штодзённым студэнцкiм жыцьцём i нiчога такога не рабiла, чаго-б нi рабiлi i ўсе. I мы гатовы нават згадзiцца з гэтым. Бальшыня членаў (бяручы гэта слова не фармальна) вашай нацдэмаўскай ячэйкi ў Пэдiнстытуце, сапраўды, усяго толькi й рабiла, што чытала забароненую нацыяналiстычную лiтаратуру, шукала яе, i найчасьцей шукала яе таму, што яна забароненая лiтаратура. Бальшыня з вас ня лiчыла гэта нейкiм праступствам перад савецкай уладай. I я нават скажу тут, што ў дадзеным выпадку ня вы вiнаваты перад савецкай уладай, а яна перад вамi. Бо-ж гэта яны, мясцовыя органы савецкай улады, пазбавiлi вас гэтай лiтаратуры. Пад рубрыкай забароненай лiтаратуры апыналася найiстотнейшая частка беларускай лiтаратуры, i нам зусiм зразумела ваша прыродная, натуральная цяга да яе. I гэта нiякая не нацдэмаўшчына! Нацдэмаўшчына пачынаецца там i тады, калi нехта гэтую вашую натуральную цягу ськiроўвае ў iншы бок i надае ёй палiтычна-iдэялагiчны характар, а ў некаторых выпадках прост улучае яе ў сфэру шпiгунства, здрады i дывэрсыi. Хто накiроўвае i ўлучае, запытаецеся вы? Адкажу адразу - ваш Цэнтр. Дзе ён i якi ён? I вось над гэтым трэба затрымацца... Да тых пор, пакуль у Вышэйшым Пэдагагiчным Iнстытуце пэўная група студэнтаў (досыць вялiкая) толькi чытала забароненую лiтаратуру, захаплялася ёю, сябравала памiж сабой i ня думала, што яна кантррэвалюцыйная група, да тых пор гэтая група ня была небясьпечнай для нас. I мы ня лiчылi яе нацдэмаўскай групай. Але з часу, калi яе намацаў сваiмi шчупальцамi Цэнтр, калi яна сталася ўцягнутай iм у агульную арганiзацыю, яна зрабiлася небясьпечнай для нас. Вось чаму вы апынулiся тут. I тут я вам скажу адзiн сакрэт (прамоўца ўсьмiхнуўся) гэтаю начой, лiтаральна паўгадзiны таму назад, органы НКВД (прамоўца пасур'ёзьнеў) дадаткова арыштавалi сорак студэнтаў ВПI. Яны цяпер тут, разам з вамi. I ўсё гэта толькi таму, што яны ўцягнутыя, няважна - разумеюць яны гэта, цi не. Яны апынулiся ў засягу Цэнтра, i з гэтага часу перасталi быць савецкiмi студэнтамi.
      Гэта адзiн бок, якi я тут хацеў адцемiць. Ёсьць яшчэ iншы, аб якiм i будзе мова... Самi па сабе вы для нас - ноль. I мы ня сталi-б з вамi вазёкацца, надаваць вам нейкае значэньне, набiваць вам цану - вы ня вартыя, кажу, усяго гэтага. Нажаль... (прамоўца затрымаўся) нажаль, запахла порахам. Мы яго ўжо чуем, хоць яшчэ й на вялiкай ад нас адлегласьцi. Вы зьяўляецеся тым порахам, на якi разьлiчвае наш вораг. Так што ўсё, што мы робiм, нi больш, нi менш санiтарнае мерапрыемства. Гэта iншая рэч, што аднаго санiтарнага мерапрыемства мала для нас i мы змушаныя часамi ўжываць больш радыкальныя сродкi... Усiх вас ня так ужо й шмат, але мы бярэм пад увагу, што ў кожнага з вас ёсьць бацькi, браты, сёстры, сваякi i разам - гэта ўжо вунь якая армiя!..
      Да гэтага часу прамоўца гаварыў i не глядзеў на арыштаваных. Ягоны зрок быў ськiраваны ўвесь час на чырвонаармейцаў, што стаялi ззаду зьняволеных i былi быццам мiшэняй для прамоўцы. Цяпер прамоўца затрымаў свой зрок на зьняволеных i, перачакаўшы часiну, зноў пачаў, але ўжо зьмененым, нiжэйшым тонам.
      - А потым i яшчэ адно - гэтак званае нацыянальнае пытаньне. Скажу катэгарычна й шчыра (у НКВД гэта можна сабе дазволiць), што гэтае пытаньне здымаецца намi з парадку дзённага, як пытаньне, якое не забясьпечвае цэласьцi савецкае Расеi. Вырашыць пазытыўна нацыянальнае пытаньне, значыць - разбурыць Савецкi саюз, а мы на гэта нiколi ня пойдзем. Так што, уласна кажучы, беларускае пытаньне ня мае будучынi. Разьвязаць нацыянальнае пытаньне ўнутры iмпэрскай Расеi немагчыма, i ваш Цэнтр разумее гэта. Вось чаму разьвязкi нацыянальнага пытаньня ён шукае вонках. Адсюль - арыентацыя Цэнтра на буржуазны Захад, у сяньняшнiх умовах - на Польшчу й Нямеччыну.
      Прамоўца паглядзеў на гадзiньнiк i загаварыў хутчэй.
      - Я ня сьледчы. Вашыя сьледчыя сядзяць побач мяне i яны канчальна разьвяжуць вашае пытаньне. Побач дзяржаўнай функцыi, якую НКВД выконвае, у яго ёсьць яшчэ функцыя ўзгадаваўчая. Я тут i выступаю з гэтай мэтай i спадзяюся, што маё выступленьне дапаможа вам разабрацца ў сутнасьцi справы i стаць на шлях супрацоўнiцтва з вашымi сьледчымi.
      Прамоўца спынiўся, узяў з стала паперы, якiя ляжалi перад iм, i, гледзячы ў iх, пачаў:
      - А вось i той Цэнтр, аб якiм я гаварыў. Усё, што я хачу тут зрабiць, гэта пералiчыць некаторыя з iмёнаў, якiя складаюць цi складалi гэты Цэнтр: Iгнатоўскi, Балiцкi, Адамовiч, Чарвякоў, Убарэвiч i некаторыя iншыя. З прысутных тут цэнтраўцаў вы бачыце чатырох: Жылуновiча - Цiшку Гартнага, Дайлiдовiча - Алеся Дудара, Касянкова - Мiхася Зарэцкага, Кудзельку - Мiхася Чарота. Прашу ўзьняцца!
      "Цэнтраўцы" паднялiся.
      Раман Корзюк, а таксама Кандраценя з Шаркевiчам глядзелi на iх без асаблiвага зьдзiўленьня. "Цэнтраўцы", слаба ўсьмiхаючыся, паголеныя i ў гарнiтурах, бяссэнсоўна i ледзь прыкметна паварочвалiся направа i налева, кланялiся, быццам перад iмi была сапраўды вялiкая аўдыторыя.
      - Сядайце, калi ласка!
      "Цэнтраўцы" селi.
      - Гэта, так сказаць, навочны вам прыклад. Возьмем цяпер вас самiх, ячэйкаўцаў. Хто вы i што вы? Хто вамi апякуецца? Кандраценя, устаньце!
      Кандраценя ўзьняўся i ўсе мускулы на ягоным твары зайгралi, аляiстыя вочы засьмяялiся, забегалi.
      - Кандраценя - гэта вельмi важнае зьвяно ў нацдэмаўскiм ланцугу. Яго перакiнула да нас яснавяльможная Польшча i ён лазiў тут у нас даволi доўга. Зьнюхаўся з нашым начальнiкам пагранзаставы i з ягонай дапамогай перапраўляў за мяжу забойцаў, дывэрсантаў i розных кантррэвалюцыянэраў, у тым лiку сям'ю Корзюкаў. Працаваў i на iдэалягiчным фронце. Фармальна не належыў да ячэйкi ў ВПI, але накiроўваў яе праз Рамана Корзюка. Сядайце, Кандраценя!
      - Шаркевiч!
      Узьняўся Шаркевiч.
      - А гэта вось Кандраценеў памочнiк, выканаўца ягоных плянаў. Знаўца гранiцы i майстра пераходзiць яе! Сядайце, Шаркевiч!
      - Корзюк.
      На ўвесь свой рост падхапiўся Корзюк.
      - А гэта вось, бачыце, галоўная сiла ў нацдэмаўскай ячэйцы Пэдiнстытуту. Сын забойцы. Быў перакiнуты ў Польшчу ўсё тымi-ж Кандраценем i Шаркевiчам, але па загаду Цэнтра вярнуўся адтуль з мэтай барацьбы з савецкай уладай, з ейнымi прадстаўнiкамi. Кандраценя рыхтаваў Корзюка на тэрарыста, забясьпечваючы яго ня толькi грашыма, а й зброяй. Усё гэта было знойдзена ворганамi мiлiцыi i НКВД на кватэры Рамана Корзюка. Сядайце!
      Корзюк адразу ня сеў, заставаўся стаяць, гатовы, як выглядала, на нейкую неспадзеўку, але стрымаўся i толькi запытаўся, цi сапраўды высокi начальнiк болей не патрэбуе яго, у выпадку патрэбы, ён мог-бы паслужыць яму дэкарацыяй колькi начальнiку спатрэбiцца.
      - Камоцкая!
      Камоцкая не ўставала. Высокi чын папрасiў яе яшчэ. Аднак, Камоцкая заставалася ўсё сядзець.
      - Няважна... Адным словам, Камоцкая заблыталася ў кантррэвалюцыйных сувязях, ад усьведамленьня гэтага не валодае сабой. Камоцкая выкрала мацi й сястру Рамана Корзюка з-пад аховы раённага НКВД i даставiла iх на хутар Шаркевiча, адкуль iх, усю сям'ю, Шаркевiч перакiнуў у Польшчу. На гэтым я канчаю. Я спадзяюся, што карцiна, намаляваная мною й падмацаваная канкрэтнымi прыкладамi, гаворыць сама за сябе.
      Высокi начальнiк сеў. Атрымаўшы ад аднаго сьледчага нейкую папку, ён выйшаў з-за стала, за iм падняўся i другi высокi начальнiк. Абодвым iм сьледчыя зноў аддалi чэсьць i высокiя чыны выйшлi з габiнэту Палiтыкi.
      Сьледам за iмi чырвонаармейцы вывелi i "Цэнтраўцаў", а таксама Кандраценю i Шаркевiча. Камоцкая з Корзюкам яшчэ заставалiся ў Палiтыкi.
      ...Вокны ўжо пачалi сiнець ранiшняй трывогай, але ў габiнэце Палiтыкi гэтага не заўважалi. Зыркае сьвятло ад лямпачак выядала вочы i здавалася - ноч яшчэ ў сiле. Толькi вялiкi гадзiньнiк, што бесьперестанку тахкаў на сьцяне, здавалася, пайшоў хутчэй, быццам даючы гэтым знаць, што ён даволi ўжо адмерыў начы i што яна ўжо канчаецца.
      За Камоцкай у габiнэт зайшла "Галя". Валя разьвiталася з Раманам. Пакуль яна йшла да дзьвярэй. Раман увесь час глядзеў ёй усьлед.

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18