Начальнiкава дзяцiнства (на белорусском языке)
ModernLib.Net / Сартр Жан-Поль / Начальнiкава дзяцiнства (на белорусском языке) - Чтение
(стр. 5)
Люсьен быў вельмi яму ўдзячны: пан Флёр'е выдаткаваў яму ўсяго сто дваццаць пяць франкаў на тыдзень, i з гэтых жа грошай даводзiлася яшчэ плацiць за праезд. Вечар быў вельмi вясёлы; яны пайшлi танцаваць у Лацiнскi квартал, дзе ў маленькай ружовай утульнай зале з цёмнымi закуткамi кактэйль каштаваў сто су*. * 100 су - 5 франкаў. Тут было шмат студэнтаў з дзеўкамi накшталт Фанi, але не такiмi ладнымi. Фанi была - найвышэйшы клас: яна дзёрзка зiрнула ў вочы нейкаму барадатаму таўстуну, якi палiў люльку, i вельмi гучна прамовiла: "Цярпець не магу мужыкоў, якiя кураць люльку ў дансiнгу". Таўстун пачырванеў як бурак i, нават не загасiўшы, схаваў люльку ў кiшэню. Да Гiтара з Люсьенам Фанi ставiлася паблажлiва i некалькi разоў, гэткiм ласкавым матчыным тонам, казала: "Ах вы гадкiя хлапчукi!" Люсьен млеў ад задавальнення i ледзь не раставаў у камплiментах; ён расказваў Фанi розныя забаўныя штучкi i ўвесь час усмiхаўся. Урэшце ўсмешка ўжо не сыходзiла з яго твару, i яму ўдалося знайсцi своеасаблiвы элегантны тон, у якiм было трошкi развязнасцi i далiкатнай пяшчоты з тонкiм дамешкам iронii. Але Фанi адказвала яму рэдка; яна брала Гiгара рукамi за падбародак i так нацягвала яму шчокi, што наперад высоўваўся толькi рот; калi вусны рабiлiся тоўстыя i трошкi слiнявыя, як налiтыя сокам плады цi як два слiмакi, яна iх пачынала лiзаць, каротка высоўваючы язык, i казала: "Бэбi". Люсьена гэта страшэнна бянтэжыла, i Гiгар яму здаваўся смешным: куточкi губ у яго былi звэндзаныя памадай i на шчаках ад пальцаў чырванелi сляды. Але iншыя парачкi паводзiлi сябе яшчэ развязней: усе вакол цалавалiся; час ад часу кабета з раздзявальнi праходзiла па зале з маленькiм кошыкам i, раскiдваючы серпанцiн i рознакаляровыя гулькi, крычала: "Гэй, дзеткi мае, гэй, смейцеся, весялiцеся!" - i ўсе рагаталi. Нарэшце Люсьен успомнiў пра iснаванне Мод i, усмiхаючыся, сказаў: - Вы паглядзiце на гэтых галубкоў, - ён паказаў на Гiгара i Фанi i дадаў: - Ну а нам, шаноўным дзядам... - ён не закончыў фразы, але так пацешна ўсмiхнуўся, што Мод таксама не стрымала ўсмешкi. Яна зняла капялюш, i Люсьен з задавальненнем зазначыў, што яна, бадай, прыгажэйшая за iншых дзевак у дансiнгу; ён запрасiў яе патанцаваць i расказаў, якiя закатваў канцэрты сваiм настаўнiкам у апошнi год перад экзаменам на бакалаўра. Мод танцавала добра, у яе былi чорныя i сур'ёзныя вочы i насцярожаны твар. Люсьен расказаў ёй пра Берту i прызнаўся, што мучаецца згрызотамi. - Але ўсё роўна, - дадаў ён пад канец, - ёй гэта самой жа лепей. Мод гiсторыя з Бертай здалася сумнай i паэтычнай, i яна спытала, колькi Берта зарабляла ў Люсьенавых бацькоў. - Не вельмi весела, - дадала яна, - быць служанкаю, калi ты яшчэ маладая дзяўчына. Гiгар з Фанi ўжо зусiм не звярталi на iх увагi i толькi лашчылiся, твар у Гiгара быў увесь мокры. Час ад часу Люсьен паўтараў: "Вы паглядзiце на гэтых галубкоў, вы толькi паглядзiце", - i на языку ў яго так i круцiлася фраза: "Зiрнеш на iх, дык i самому захочацца". Але ён не асмельваўся яе вымавiць i задавальняўся ўсмешкаю; потым ён пачаў прыкiдвацца, быццам яны з Мод даўнiя прыяцелi, якiя пагарджаюць каханнем, называў яе "стары браце" i рабiў выгляд, нiбы лопае па плячы. Раптам Фанi павярнулася i здзiўлена зiрнула на iх. - Гэй вы, першаклашкi, - сказала яна, - вы чаго гэта робiце? Ану, давайце цалуйцеся, вы ж памiраеце, так вам хочацца. Люсьен адразу абняў Мод; яго крыху бянтэжыла, што на iх глядзiць Фанi, яму хацелася, каб пацалунак выйшаў доўгi i ўдалы. Але ён не ведаў, як гэта людзi робяць, каб пры гэтым яшчэ i дыхаць. Урэшце, усё аказалася не так ужо цяжка, як ён меркаваў, - трэба было толькi цалаваць наўскасяк, каб ноздры былi свабодныя. Ён пачуў, як Гiгар лiчыць: "Адзiн... два... тры... чатыры..." - i выпусцiў Мод на пяцьдзесят два. - Няблага дзеля пачатку, - сказаў Гiгар, - але я магу лепей. Люсьен зiрнуў на наручны гадзiннiк i ўзяўся лiчыць у сваю чаргу: Гiгар выпусцiў Фанiны губы толькi на сто пяцьдзесят дзевятай секундзе. Люсьена гэта ўзлавала, ён лiчыў такое спаборнiцтва iдыёцкiм. "Я выпусцiў Мод ад сцiпласцi, -падумаў ён, - але нiчога хiтрага тут няма; калi навучыўся дыхаць, можна цалаваць хоць да бясконцасцi". Ён прапанаваў паспрабаваць яшчэ раз i выйграў. Калi яны скончылi, Мод зiрнула на Люсьена i сур'ёзна сказала: - Вы добра цалуецеся. Люсьен пачырванеў ад задавальнення i, схiлiўшы галаву, адказаў: - Да вашых паслуг, - але цалавацца яму ўсё-такi хацелася больш з Фанi. А палове першай ночы яны рассталiся: у гэты час канчала хадзiць метро. Люсьен быў рады бязмежна; з падскокам, прытанцоўваючы, ён iшоў па вулiцы Рэйнуар i думаў: "Ну, цяпер поўны парадак". Губы ў куточках яму трошкi балелi ад таго, што ён столькi ўсмiхаўся. Ён завёў звычку сустракацца з Мод а шостай гадзiне ў чацвер i па суботах вечарам. Яна дазваляла сябе цалаваць, але аддацца нiяк не згаджалася. Люсьен паскардзiўся на гэта Гiгару, i той яго супакоiў. - Не хвалюйся, - сказаў Гiгар, - Фанi ўпэўненая, што яна з табой ляжа; проста яна яшчэ маладая: у яе былi толькi два каханкi. Таму Фанi раiць табе быць з ёй болей пяшчотным. - Пяшчотным? - сказаў Люсьен. - Ты што - зусiм ужо? Яны абодва зарагаталi, i Гiгар падвёў рысу: - Трэба - значыць, трэба, стары. Люсьен зрабiўся вельмi ласкавы, ён многа цалаваў Мод i паўтараў, што моцна яе кахае, але з часам усё гэта пачало здавацца яму крыху манатонным. Апроч таго, гуляючы з Мод, ён адчуваў сябе не такiм ужо гордым: яму ўвесь час рупiла параiць ёй лепш апранацца; але ў яе было шмат забабонаў, i яна адразу пачынала злавацца. Памiж пацалункамi яны сядзелi моўчкi i, трымаючыся за рукi, нерухома глядзелi перад сабой. "Чорт ведае, пра што яна думае, з такiм строгiм позiркам". Люсьен жа думаў заўжды пра адно i тое ж: як сумна i невыразна ён усё-такi жыве; ён казаў сабе: "Я хацеў бы быць, як Лемардан. Вось ужо хто ведае сваю дарогу!" У такiя хвiлiны ён уяўляў сябе некiм iншым i нiбыта глядзеў на сябе збоку: ён сядзiць побач з жанчынай, якая кахае яго, ён трымае яе за руку i яго губы яшчэ вiльготныя ад яе пацалункаў, але ён адмаўляецца ад цiхага шчасця, што яна яму дорыць: адзiн. I тады ён моцна сцiскаў пальцы Мод, i на вочы яму набягалi слёзы: яму так хацелася зрабiць яе шчаслiвай. Аднойчы снежаньскiм ранкам да Люсьена падышоў Лемардан, у руках у яго была нейкая паперка. - Падпiшаш? - спытаў ён. - А што гэта? - Гэта з-за поджыдкаў з Педагагiчнага: яны даслалi ў "Эўр" сваю анучу супраць абавязковай вайсковай падрыхтоўкi i сабралi дзвесце подпiсаў. А мы пратэстуем; нам трэба, прынамсi, тысячу iмёнаў. Дадзiм падпiсаць сiрарам, марнарам, агронам, палiтэхам - карацей, збяром увесь студэнцкi цвет. Люсьена гэтыя словы ўсцешылi, i ён спытаў: - I гэта надрукуюць? - Вядома, у "Аксьёне". А можа, яшчэ i ў "Эко дэ Пары". Люсьену карцела адразу паставiць подпiс, але ён падумаў, што гэта будзе не надта сур'ёзна. Ён узяў паперку i ўважлiва прачытаў. - Ты, па-мойму, палiтыкай не займаешся, - сказаў Лемардан. - Увогуле, гэта твая справа. Але ты француз i маеш права таксама сказаць сваё слова. Як толькi Люсьен пачуў: "маеш права сказаць сваё слова", - яго працяла раптоўная i невытлумачальная радасць. Ён падпiсаў. Ужо назаўтра ён купiў у кiёску "Аксьён Франсэз", але адозвы там не было. Яе надрукавалi толькi ў чацвер, i Люсьен знайшоў яе на другой старонцы пад загалоўкам "Французская моладзь праводзiць добры прамы ў скiвiцу мiжнароднаму жыдоўству". Яго прозвiшча фiгуравала таксама: спорнае, выразнае, яно было зусiм непадалёку ад прозвiшча Лемардана i здавалася такiм жа чужым, як Флеш цi Флiпо, што стаялi абапал; глядзець на яго было вельмi прыемна. "Люсьен Флёр'е, - падумаў Люсьен, - iмя селянiна, сапраўднае французскае прозвiшча". Ён уголас прачытаў усе iмёны, што пачыналiся на лiтару "Ф", i калi дайшоў да свайго, вымавiў яго так, нiбыта не пазнае. Потым ён сунуў газету ў кiшэню i радасны рушыў дамоў. Праз некалькi дзён ён сам падышоў да Лемардана. - Ты займаешся палiтыкай? - спытаў ён. - Я сябра лiгi, - адказаў Лемардан. - Ты калi-небудзь чытаеш "Аксьён"? - Не часта, - прызнаўся Люсьен, - раней мяне гэта мала цiкавiла. Але цяпер, па-мойму, погляды ў мяне пачынаюць мяняцца. Лемардан зiрнуў на яго без нiякай цiкаўнасцi, са звычайным для сябе непрабiўным выглядам. У сама агульных рысах Люсьен расказаў яму пра тое, што Бержэр называў "збянтэжанасцю". - Ты адкуль? - спытаў Лемардан. - З Фероля. Там у майго бацькi завод. - I колькi ты жыў там? - Да другога класа. - Тады ўсё ясна, - сказаў Лемардан, - ты проста страцiў корань. Чытаў Барэса? - Чытаў - "Калету Бадош". - Гэта не тое, - раздражнёна сказаў Лемардан. - Я ўвечары прынясу табе "Страчаны корань": дакладна твая гiсторыя. Там знойдзеш i сваю бяду, i як ад яе збавiцца. Кнiга была ў зялёным скураным пераплёце. На першай старонцы гатычнымi лiтарамi было выбiта: "ех libris Андрэ Лемардана". Люсьен быў уражаны: яму нават у галаву не прыходзiла, што апроч прозвiшча ў Лемардана можа быць яшчэ i iмя. Чытаць ён пачаў з вялiкiм недаверам: ужо столькi разоў яму спрабавалi растлумачыць яго асобу, столькi разоў пазычалi кнiгi, гаворачы: "На, пачытай, гэта якраз пра цябе". З сумнаю ўсмешкай Люсьен падумаў, што ён зусiм не той, каго можна было б раскласцi вось так - у некалькiх фразах. Эдыпаў комплекс, Збянтэжанасць - якiя ўсё гэта дзiцячыя глупствы i як усё гэта далёка! Але ўжо з першых старонак ён адчуў зацiкаўленасць: сама галоўнае, гэта была не псiхалогiя - псiхалогiяй Люсьен быў сыты па горла, - юнакi, пра якiх расказваў Барэс, былi не нейкiя абстрактныя тыпы цi дэкласаваныя элементы накшталт Рэмбо i Верлена, гэта былi не хворыя, падобныя да гультаяватых венскiх паненак, з якiмi рабiў свае псiхааналiтычныя вопыты Фрэйд. Барэс пачынаў з таго, што апiсваў iх асяроддзе, сям'ю: усе яны атрымалi добрае выхаванне, у правiнцыi, у трывалых традыцыях; i нарэшце Люсьен палiчыў, што да яго вельмi падобны Стурэль. "Значыць, усё так i ёсць, - падумаў ён, - я страцiў корань". Ён падумаў пра маральнае здароўе сямейства Флёр'е, здароўе, якое можна набыць толькi ў вёсцы, пра iх фiзiчную сiлу (яго дзед згiнаў бронзавую манету ўсяго двума пальцамi); ён з хваляваннем успомнiў ферольскiя ўсходы - як ён уставаў, па-воўчы, каб не пабудзiць бацькоў, краўся на вулiцу, сядаў на ровар i - вось ужо яго ахiнаў сваёю мяккай вынегай мiлы краявiд Iль-дэ-Франса. "Я заўжды ненавiдзеў Парыж", - з пачуццём падумаў ён. Потым ён узяўся чытаць "Сад Берэнiчэ"; час ад часу ён адкладаў кнiгу ўбок i, уперыўшыся вачыма ў пустату, пачынаў разважаць: вось iзноў яму прапануюць характар i нейкi лёс, сродак унiкнуць невычэрпнага словаблудства свядомасцi, метад вызначыць i ацанiць сябе. Але наколькi больш за Фрэйдавых гнюсных i юрлiвых жывёлiн яму падабалася гэтая поўная вясковымi пахамi неўсведамлёнасць, якую яму падносiў Барэс. I каб авалодаць такiм падарункам, Люсьену трэба было спачатку адкiнуць бясплённае i небяспечнае самаўзiранне, пачаць вывучаць зямныя i падземныя скарбы Фероля: ён мусiць адкрыць сабе сэнс хвалiстых узгоркаў, што спускаюцца да Сэрнеты, павярнуцца душой да гiсторыi i геаграфii чалавецтва. Цi нават прасцей - ён павiнен вярнуцца ў Фероль, жыць там, i ён зноў убачыць каля сваiх ног гэты родны, бяскрыўдны i такi жыццятворны край, яго бязмежныя нiвы i раскiданыя мiж iмi лясы, крынiцы i травы, гэты сiлкавальны гумус, з якога Люсьен зможа нарэшце ўзяць неабходную сiлу, каб зрабiцца начальнiкам. Пасля такiх летуценняў Люсьен адчуваў сябе ўзбударажана, i часам яму нават пачынала здавацца, што ён таксама знайшоў свой шлях. Цяпер, моўчкi седзячы побач з Мод i агарнуўшы яе за талiю рукою, ён чуў, як у iм гучаць, звiняць словы, урыўкi фраз: "аднавiць традыцыю", "зямля i тыя, хто ў ёй спачыў", - гэта былi глыбокiя, важкiя, бяздонныя словы. "Як усё гэта вабiць", - думаў Люсьен i ўсё ж не адважваўся паверыць: надта ўжо часта яму даводзiлася пасля адчуваць расчараванне. Ён выказаў сваю засцярожанасць Лемардану: - Каб яно было так, дык усё было б надта проста. - Мiлы мой, - адказаў Лемардан, - людзi адразу нiколi не вераць у тое, чаго яны хочуць: гэта трэба выпрабаваць на сабе. Ён задумаўся крыху i дадаў: - Табе варта было б пахадзiць з намi. Люсьен пагадзiўся ўсёю душой, але не прамiнуў зазначыць, што захоўвае за сабой права быць вольным. - Я прыйду, - сказаў ён, - але гэта мяне нi да чаго не абавязвае, Спачатку я хачу паглядзець i падумаць. Таварыскасць юных камелотаў* зачаравала Люсьена; яны сустрэлi яго сардэчна i проста, i ён адразу адчуў сябе ў iх кампанii раскавана. * Каралеўскiя камелоты - былая арганiзацыя французскiх раялiстаў. Неўзабаве ён ведаў ужо ўсю Лемарданаву "банду", чалавек дваццаць студэнтаў, якiя амаль пагалоўна хадзiлi ў аксамiтных берэтах. Iх сходы адбывалiся на другiм паверсе ў пiўной "Пальдэр", дзе яны гулялi ў брыдж i на бiльярдзе. Люсьен пачаў часта завiтваць у пiўную i хутка ўразумеў, што яны яго прынялi, бо заўжды сустракалi крыкамi: "А, вось i наш прыгажун!" цi: "Да нас прыйшоў сапраўдны француз Флёр'е!" Але больш за ўсё Люсьена падкупляў iх вясёлы настрой: у iх не было нiякага педантызму, анi варожасцi, i пра палiтыку яны гаманiлi не часта. Проста спявалi, смяялiся, незласлiва шумелi цi скандавалi лозунгi ў гонар студэнцкай моладзi. Нават сам Лемардан, нiколi не забываючы пра сваю кiраўнiчую ролю, якую ў яго, зрэшты, нiхто не асмельваўся аспрэчваць, - i той дазваляў сабе ўсмiхнуцца. Люсьен жа болей маўчаў, ён блукаў позiркам па гэтых шумлiвых i мускулiстых юнаках i думаў: "Вось яна, сiла". Седзячы сярод iх, ён паступова адкрываў сабе праўдзiвы сэнс маладосцi; ён быў, аказваецца, зусiм не ў той штучнай зграбнасцi, якую гэтак цанiў Бержэр; маладосць - гэта была будучыня Францыi. Дый, зрэшты, у Лемарданавых прыяцеляў ужо не было зыбкага юнацкага шарму: гэта былi дарослыя людзi i многiя нават паспелi вырасцiць бараду. Пры ўважлiвым позiрку ў iх можна было разгледзець пэўную сваяцкую крэўнасдь: усе яны пакончылi з хiстаннямi i няўпэўненасцю свайго ўзросту, iм нiчога не заставалася зведаць, яны былi цалкам сфармаваныя i акрэсленыя асобы. Спачатку iх легкадумныя i грубаватыя жарты крыху шакавалi Люсьена: яны выглядалi зусiм неабдуманымi. Калi Рэмi паведамiў, што панi Дзюбюс, жонцы лiдэра радыкалаў, грузавiком адрэзала ногi, Люсьен чакаў, што хлопцы перш за ўсё выявяць хоць невялiкае спачуванне да свайго няшчаснага сапернiка. Але яны ажно зайшлiся ад смеху i, лопаючы сабе па ляжках, выкрыквалi: "Так ёй, старой чучцы!" i: "Малайчына шафёр!" Люсьен адчуў сябе трошкi нiякавата, але раптам уразумеў, што гэты вялiкi ачышчальны смех быў iх адмаўленнем: яны чулi небяспеку сваёй барацьбы i, не чакаючы нi ад каго подленькага шкадавання, не пакiдалi яму месца i ў сабе. Люсьен засмяяўся таксама. Пацiху-патроху свавольствы хлопцаў пачалi паўставаць перад iм у сапраўдным святле: пустымi яны здавалiся толькi звонку, па сутнасцi ж - гэта было сцверджанне пэўнага права; iх перакананнi былi настолькi глыбокiя, настолькi непахiсныя, што давалi iм права выглядаць фрывольна i са смехам, з кпiнамi ўспрымаць i адкiдаць прэч усё неiстотнае. Памiж чорным гумарам Шарля Мара i жартачкамi Дэсперо, напрыклад (а той цягаў у кiшэнi стары абрывак прэзерватыва, называючы яго Блюмавай крайняю плоццю), была толькi рознiца ва ўзроўнi. У студзенi ва ўнiверсiтэце было аб'яўлена ўрачыстае пасяджэнне, падчас якога мелася адбыцца пасвячэнне ў ступень ганаровага доктара навук двух шведскiх мiнералогаў. - Пабачыш, якi сёння будзе вясёленькi гвалт, - сказаў Лемардан, перадаючы Люсьену запрашальную картку. Галоўная канферэнц-зала была напакавана бiтком. I калi Люсьен убачыў, як з гукамi "Марсельезы" ў яе ўвайшлi прэзiдэнт рэспублiкi i рэктар, яго сэрца моцна забiлася i ён спалохаўся за сяброў. Але амаль у той жа момант некалькi юнакоў паўскоквалi з месцаў i пачалi крычаць. Люсьену было прыемна пазнаць сярод iх Рэмi: той быў чырвоны, як памiдор, i, адбiваючыся ад двух мужыкоў, якiя цягнулi яго за пiнжак, гарлаў: "Францыя для французаў!" Але асаблiва прыемна было назiраць за адным пажылым панам, якi з выглядам шкадлiвага дзiцяцi дзьмуў у маленькую дудку. "Як гэта здорава", - падумаў Люсьен. Ён да душы ўпiваўся гэтым незвычайным спалучэннем упартай сур'ёзнасцi i шумлiвай гарэзлiвасцi, што дазваляла маладым здавацца больш сталымi i надавала старэйшым гэткую хлапечую чартаўшчынку. Люсьен паспрабаваў таксама адпусцiць пару жартаў, i некалькi разоў у яго атрымалася вельмi ўдала. А калi ён крыкнуў пра Эрыо: "Калi гэты памрэ ў сваiм ложку - значыць, Бога болей няма!" - ён адчуў, як у iм запаляецца святая нянавiсць. Ён моцна сашчапiў зубы i пачуў сябе гэткiм жа ўпэўненым, гэткiм жа згуртаваным, гэткiм жа дужым, як Рэмi цi Дэсперо. "Лемардан мае рацыю, - падумаў ён, - гэта трэба выпрабаваць на сабе, толькi так". Неўзабаве ён навучыўся не паддавацца дыскусiям; Гiгар, якi быў усяго толькi рэспублiканец, засыпаў яго заўвагамi, i Люсьен спачатку яго ветлiва слухаў, але пасля - адключаўся. Гiгар усё гаварыў i гаварыў, а Люсьен ужо нават не глядзеў на яго: ён разгладжваў на штанах складку цi пазiраў на дзяўчат, забаўляючыся цыгарэтным дымком i выпускаючы з яго колцы. Праўда, ён усё роўна крыху яшчэ чуў Гiгаравы словы, але раптам яны страчвалi вагу i слiзгалi па iм, здаючыся нiкчэмнымi i пустымi. Нарэшце Гiгар, вельмi ўражаны, змаўкаў таксама. Люсьен расказаў пра сваiх новых сяброў бацькам, i пан Флёр'е запытаўся, цi не збiраецца ён таксама пайсцi ў камелоты. Люсьен завагаўся i сур'ёзна сказаў: - Мяне спакушае гэтая думка, яна сапраўды вельмi мяне спакушае. - Люсьен, прашу цябе, не рабi гэтага, - пачала малiць мацi, - яны такiя неспакойныя, а няшчасцю нядоўга здарыцца. Цi ты хочаш, каб цябе аддубасiлi цi пасадзiлi ў турму? Люсьен адказаў непакорнай усмешкай, i пан Флёр'е яго падтрымаў. - Дарагая, дай яму вырашаць самому, - ласкава прамовiў ён, - няхай робiць, як сам думае; праз гэта таксама трэба прайсцi. З гэтага дня, як здалося Люсьену, бацькi пачалi ставiцца да яго з пэўнай павагай. I ўсё-такi ён не рашаўся; апошнiя тыднi яго шмат чаму навучылi: ён перабiраў у памяцi лагодную бацькаву зацiкаўленасць, трывогi панi Флёр'е, з кожным днём усё большую пашану ў Гiгара, Лемарданаў напор, нецярплiвасць Рэмi i, кiваючы галавой, казаў сабе: "Гэта не жартачкi!" Ён меў доўгую размову з Лемарданам, i той выдатна зразумеў яго довады, пагадзiўшыся, што спяшацца не варта. У Люсьена яшчэ здаралiся прыступы нуды: часам, калi ён сядзеў на лаве ў кавярнi, у яго ўзнiкала ўражанне, што ён усяго толькi дрыготкая студзянiстая кашыца, i шумлiвая сумятня камелотаў здавалася яму абсурднай. Але ў iншыя моманты ён адчуваў сябе цвёрдым i важкiм, як камень, i быў амаль шчаслiвы. У бандзе яму пачувалася ўсё лацвей i прывольней. I аднойчы ён праспяваў "Рэбекiна вяселле", якое пачуў на мiнулых канiкулах ад Эбрара. Хлопцы заявiлi, што гэта было вельмi пацешна. Тады, натхнiўшыся, Люсьен выдаў некалькi з'едлiвых заўваг у адрас жыдоў i сказаў пра Берлiяка, якi быў вялiкi жмiнда: - А я вось i думаў увесь час: i чаго гэта ён такi скупенда, гэта ж немагчыма быць гэткiм скупендам. А потым сцямiў: ён жа з iхняга племя. Усе зарагаталi, i Люсьена раптам ахапiла гарачая ўзбуджанасць: ён адчуў сапраўдную нянавiсць да ўсiх жыдоў, i ўспамiн пра Берлiяка быў яму глыбока непрыемны. Лемардан зiрнуў яму ў вочы i сказаў: - Ты сумленны француз. Потым хлопцы часта прасiлi Люсьена: "Ану, Флёр'е, раскажы нам якую фацэцiю пра жыдоў", - i Люсьен расказваў жыдоўскiя гiсторыi, якiя некалi чуў ад бацькi; варта яму было пачаць з адмысловаю iнтанацыяй: "Зустрракае аднойцы Лефi Плюма..." - i сяброў ужо апаноўвала весялосць. Аднойчы Рэмi з Патнотрам расказалi, як сустрэлi на набярэжнай Сены аднаго алжырскага жыда i як той жудасна напалохаўся, калi яны рушылi на яго з такiм выглядам, нiбыта збiраюцца скiнуць у ваду. - Я тады падумаў сабе, - сказаў пад канец Рэмi, - шкада, што з намi няма Флёр'е. - А можа, якраз i добра, што не было, - перапынiў яго Дэсперо, - а то ён мог бы сапраўды шпурлянуць яго ў раку. Люсьен не меў сабе роўных вызначаць жыдоў па адной толькi форме носа. Калi яны гулялi з Гiгарам, ён штурхаў яго локцем i цiха казаў: - Толькi не азiрайся: той карантышка-таўстун, ззаду, - з iхнiх. - Ну i ну, - здзiўляўся Гiгар, - ды ў цябе на iх нюх! Фанi таксама цярпець не магла жыдоў. Аднойчы ў чацвер, калi яны ўсе чацвёра сядзелi ў пакоi ў Мод, Люсьен заспяваў "Рэбекiна вяселле". Фанi памiрала ад смеху i ледзь выцiскала з сябе: "Вой, хопiць, хопiць, бо я зараз нацурчу ў штаны", - а калi ён скончыў, зiрнула на яго шчаслiвым i амаль пяшчотным поглядам. У пiўной "Пальдэр" з Люсьена нарэшце пачалi на гэту тэму пакеплiваць. Кожны дзень знаходзiўся нехта, хто нiбы незнарок прамаўляў: "Наш Флёр'е, якi так любiць жыдоў..." або: "Леон Блюм, вялiкi Люсьенаў сябар..." - а ўсе астатнiя, затаiўшы подых i разявiўшы рот, з захапленнем чакалi. Люсьен чырванеў i, грукнуўшы па стале, крычаў: "Ну, вашу так!.." - i ўсе заходзiлiся ад смеху, кажучы: "Во пайшоў, во пайшоў! Ды не пайшоў: пабег!" Люсьен часта хадзiў з хлопцамi на розныя палiтычныя сходы, дзе чуў прафесара Клода i Максiма Рэал дэль Сарта. Вучоба праз такiя новыя абавязкi, вядома, крыху цярпела, але таму што, як бы там нi было, разлiчваць на поспех ва ўступных экзаменах у Цэнтральную Вышэйшую школу Люсьену ў той год не даводзiлася, то i пан Флёр'е глядзеў на ўсё гэта памяркоўна. - Нiчога, - казаў ён жонцы. - трэба нарэшце i яму навучыцца мужчынскай прафесii. Пасля падобных сходаў галава ў Люсьена i ягоных сяброў гарэла, i яны пачыналi выкiдаць розныя хлапечыя штучкi. Аднойчы, гуляючы ўдзесяцёх па Сэнт-Андрэ-Дэзар, яны напаткалi нейкага невысокага смуглявага мужычка, якi пераходзiў вулiцу, чытаючы "Юманiтэ". Яны прыцiснулi яго да сцяны, i Рэмi загадаў: - Ану, кiнь газету. Тып хацеў быў занатурыцца, але Дэсперо шмыгнуў яму за спiну i ўзяў рукамi ў замок, а Лемардан магутнаю пяцярнёй выдраў газету ў яго з рук. Усё гэта выглядала дужа пацешна. Мужычок пачаў разлютавана дрыгаць у паветры нагамi i з нейкай дзiўнаю iнтанацыяй закрычаў: "Пусцiце мяне, пусцiце мяне!" - а Лемардан тымчасам спакойна раздзiраў газету на кавалкi. Аднак калi Дэсперо выпусцiў тыпчыка, справа пачала псавацца: той кiнуўся на Лемардана i збiраўся ўжо яго ўдарыць, але Рэмi своечасова ўляпiў яму добрага грымака амаль у самае вуха. Тып адляцеў да сцяны i, зiрнуўшы на ўсiх злым вокам, прамовiў: - Паскудныя французы! - Паўтары, што ты сказаў, - халодным голасам спытаў Маршэсо. Люсьен зразумеў, што зараз адбудзецца што-небудзь кепскае: Маршэсо не дапускаў жартаў, калi гаворка заходзiла пра Францыю. - Паскудныя французы! - зноў прамовiў чужынец. У той жа момант на яго абрушыўся жудасны ўдар. Мужык схiлiў галаву, рынуўся наперад i загарлаў: - Паскудныя французы, буржуi паскудныя, каб вы падохлi ўсе, усе, усе! - i яшчэ цэлы паток розных нечуваных абраз, з такою нянавiсцю, якой Люсьен раней не мог сабе ўявiць. Тады хлопцы страцiлi астатняе цярпенне i вымушаны былi ўзяцца за мужычка ўсёй талакой, каб задаць яму добрага дыхту. Праз пэўны час яны нарэшце яго пусцiлi: тып прывалiўся да сцяны i ледзь стаяў на нагах, ад удара кулаком у яго зацякло правае вока. Стамiўшыся бiць, хлопцы стаялi вакол i чакалi, калi ён упадзе. Але тып скрывiў рот i плюнуў. - Паскудныя французы. - прамовiў ён. - Ты што, хочаш яшчэ, - спытаў Дэсперо, цяжка пераводзячы дых. Тып нiбы не пачуў: ён з выклiкам глядзеў на хлопцаў сваiм ацалелым вокам i паўтараў: - Паскудныя французы, паскудныя французы! На хвiлiну хлопцы завагалiся, i Люсьен зразумеў, што яны зараз адступяцца. I тады ў яго выйшла неяк само сабой: ён скочыў наперад i з усяе сiлы ўдарыў. Пад рукой нешта хрупнула, мужычок млява i здзiўлена зiрнуў на яго i прабалбатаў: - Паскуды... Але яго набрынялае ад удара вока раптам шырока расплюшчылася, агалiўшы чырвонае вiрла без зрэнкi, ён упаў на каленi i змоўк. - Цякаем, - цiха крыкнуў Рэмi. Яны кiнулiся бегчы i спынiлiся толькi на плошчы Сэн-Мiшэль: нiхто за iмi не гнаўся. Яны паправiлi гальштукi i прычасалi адзiн аднаго пяцярнёй. За рэшту вечара хлопцы нi разу не згадалi пра тое, што адбылося, былi адзiн з адным надзвычай ветлiвыя i пакiнулi тую сарамлiвую рэзкасць, якою звычайна прыхоўвалi свае пачуццi. Яны гутарылi памiж сабою пачцiва, i Люсьен падумаў, што ўпершыню, вiдаць, бачыць iх такiмi, якiя яны ў сваiх сем'ях. Сам ён таксама адчуваў сябе ўзрушана: у яго зусiм не было звычкi бiцца пасярод вулiцы з рознымi там нягоднiкамi. I ён з пяшчотай падумаў пра Фанi i Мод. Уначы сон доўга не iшоў да яго. "Я больш не магу ўдзельнiчаць у iх вылазках як аматар, - падумаў ён. - Цяпер, калi ўсё ўзважана i абдумана, я мушу падзялiць iх адказнасць". Паведамляючы гэтую добрую навiну Лемардану, ён адчуваў сябе важна i амаль набожна. - Вырашана, - сказаў ён, - я з вамi. Лемардан ляпнуў яго па плячы, i ўся банда адсвяткавала падзею, выпiўшы некалькi добрых бутэлек. Да iх зноў вярнуўся звычайны грубавата-вясёлы настрой, але пра ўчорашняе здарэнне яны не гаманiлi. I толькi перад тым як расстацца, Маршэсо нiбы мiж iншым сказаў Люсьену: - У цябе выдатны накаўтуючы ўдар. - Гэта быў жыд! - адказаў Люсьен. Праз два днi, iдучы на спатканне з Мод, Люсьен прыхапiў тоўсты трысняговы кiй, куплены напярэдаднi ў краме на бульвары Сэн-Мiшэль. Мод адразу ўсё зразумела. - Значыць, такi ўступiў, - сказала яна, зiрнуўшы на кiй. - Уступiў, - усмiхаючыся, адказаў Люсьен. Мод, вiдаць, гэта ўсцешыла; асабiста яна мела большую прыхiльнасць да iдэй левых, але ўвогуле прытрымлiвалася шырокiх поглядаў. "Па-мойму, ва ўсiх партыях ёсць нешта добрае", - сказала яна. У той вечар яна часта казытала Люсьену патылiцу i называла яго сваiм камелоцiкам. На наступным спатканнi, суботнiм вечарам, Мод паскардзiлася, што адчувае сябе стомленаю. - Я, напэўна, пайду дадому, - сказала яна, - але ты, калi абяцаеш мне быць рахманым, можаш пайсцi са мной: ты будзеш трымаць мяне за руку i будзеш вельмi ласкавы са сваёй маленькаю Мод, якой усё так балiць. I будзеш расказваць мне розныя гiсторыi. Люсьена падобная перспектыва не надта ўзрадавала: Модзiн пакой прыгнятаў яго сваёй акуратнаю беднатой - ён быў падобны на катушок нейкай служанкi. Але выпускаць такi выдатны выпадак было б злачынства. Ледзь пераступiўшы парог, Мод кiнулася на ложак i прастагнала: - Ух! Як тут добра! Потым змоўкла i ўтаропiлася Люсьену ў вочы, ашчэрыўшыся ўсмешкай. Люсьен павалiўся побач. Мод схавала вочы рукой i, распялiўшы пальцы, сказала: - Ку-ку! А я цябе бачу! Люсьен, ведаеш, а я цябе бачу! Ён адчуваў сябе цяжкiм i млявым. Мод усунула яму ў рот пальцы, i ён пачаў iх смактаць. Потым ён загаманiў пяшчотным голасам: - Мая маленькая Мод захварэла, якая ж яна бедненькая, мая маленькая, няшчасная Мод! - i ён пачаў лашчыць яе па ўсiм целе. Яна заплюшчыла вочы i таямнiча ўсмiхалася. Нарэшце ён задраў ёй спаднiцу, i выйшла так, што яны пакахалiся. Люсьен падумаў: "Я здольны, у мяне добра атрымлiваецца". Калi яны скончылi, Мод сказала: - Ну-ну, цi ж я такога чакала?! - Яна зiрнула на Люсьена з ласкавым папрокам. - Гадкi свавольнiк, а я яму паверыла, што ён будзе рахманы! Люсьен пачаў апраўдвацца, што i сам здзiўлены не менш, чым яна. - Гэта выйшла неяк само, - сказаў ён. Мод крыху задумалася i сур'ёзна прамовiла: - А я нi пра што не шкадую. Раней, можа быць, гэта было i больш чыста, але не так поўна. "У мяне ёсць каханка", - падумаў Люсьен у метро. Ён адчуваў сябе стомлена i спустошана i быў нiбыта наскрозь прапiтаны пахам палыну i свежай рыбы; сеўшы на крэсла, ён напружыўся, стараючыся не датыкацца да мокрай ад поту кашулi. Яму здавалася, што ўсё цела ў яго зроблена з творагу. Ён паўтарыў сабе з нацiскам: "У мяне ёсць каханка", -але яму падалося, што яго ашукалi: усё, што яшчэ ўчора вабiла яго ў Мод, - яе вузкi, з непадступным выглядам твар, якi выдаваў такiм зграбным, яе тонкi стан, хада, поўная годнасцi, яе рэпутацыя сур'ёзнай дзяўчыны, пагарда, з якою яна ставiлася да мужчын, усё, што рабiла яе нi да каго не падобнай, па-сапраўднаму iншай, вызначанаю i суровай, нiколi не дасягальнай, з такiмi чыстымi думкамi i сарамлiвасцю, з яе шаўковымi панчошкамi, мошаставай сукенкай i заўсёднаю перманентнай прычоскай, - усё гэта растала ў яго абдымках, i засталася адна толькi плоць; ён наблiзiў вусны да бязвокага, голага, як жывот, твара, ён валодаў вялiкаю кветкай, злепленаю з вiльготнае плоцi. Перад iм зноў узнiк сляпы звер, што бiўся ў пасцелi, у нейкiм плёхкаце, разяўляючы махнатыя пашчы, i ён падумаў: "Гэта былi мы". Яны злiлiся ў адно, i Люсьен ужо не мог нават адрознiць, дзе яго, а дзе Модзiна цела; нiхто нiколi не выклiкаў у яго такога пачуцця млоснае блiзкасцi, апроч хiба што Рыры, калi той за кустом паказваў свой пiцэк цi, напаскудзiўшы, ляжаў на жываце з голым задам i дрыгаў нагамi, пакуль сохлi яго штаны. Люсьен адчуў сябе крыху лягчэй, успомнiўшы пра Гiгара; заўтра ён яму скажа: "Я пераспаў з Мод, гэта, стары, шыкоўная баба, у яе гэта ў крывi". Але ўсё роўна яму было нiякавата: ён адчуваў сябе голым у пыльнай гарачынi метро, голым пад тонкiм покрывам вопраткi, здранцвелым i голым - побач з свяшчэннiкам i насупраць дзвюх шаноўных паняў: доўгая спэцканая жардзiна. Гiгар горача павiншаваў Люсьена i прызнаўся, што Фанi яму крыху надакучыла. - У яе сапраўды нейкi надта ўжо паганы характар. Учора зноў увесь вечар на мяне крыўдзiлася. Яны пагадзiлiся на агульнай думцы: такiя жанчыны, вядома, патрэбны, бо, як бы там нi было, заставацца цнотнiкам да самага шлюбу нельга, - тым больш што бабы яны бескарыслiвыя i не хворыя, - але прывязвацца да iх было б памылкай. Гiгар з пяшчотай у голасе пачаў разважаць пра сапраўдных дзяўчат, i Люсьен спытаў, што новага ў яго сястры. - Усё добра, стары, - сказаў Гiгар. - Але яна кажа, што ты здраднiк. Ведаеш, - дадаў ён крыху развязным тонам, - я не шкадую, што ў мяне сястра: ёсць рэчы, якiя iначай было б немагчыма ўявiць.
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6
|