Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Грахi маленства (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Прус Болеслав / Грахi маленства (на белорусском языке) - Чтение (стр. 1)
Автор: Прус Болеслав
Жанр:

 

 


Прус Болеслав
Грахi маленства (на белорусском языке)

      Баляслаў Прус
      Грахi маленства
      Пераклад: Янка Брыль
      Я нарадзiўся ў эпоху, калi кожны чалавек павiнен быў мець мянушку, няхай сабе не заўсёды адпаведную.
      Па гэтай прычыне нашу панi-памешчыцу называлi графiняй, майго бацьку яе ўпаўнаважаным, а мяне рэдка калi Казiкам або Ляснеўскiм, аднак даволi часта свавольнiкам, пакуль я быў дома, або аслом, калi пайшоў у школу.
      Прозвiшча нашай панi дарма было б шукаць у слоўнiку арыстакратычных сем'яў, i таму мне здаецца, што бляск яе графскай кароны не даходзiў далей за важнасць майго нябожчыка бацькi, пана ўпаўнаважанага. Прыгадваю нават, што тытулам графiнi бацька, зямля яму пухам, ушанаваў яе ад радасцi, калi яго зарплата была павышана на сто злотых у год. Наша панi моўчкi прыняла ахвяраваную ёй годнасць, а праз некалькi дзён бацька падрос з аканома на ўпаўнаважанага i атрымаў замест дыплома нечувана вялiкага парсюка, прадаўшы якога, купiў мне боты.
      Бацька, я i мая сястра Зося (бо мацi ўжо не было) жылi ў мураваным флiгелi, што называўся афiцынай, некалькi крокаў ад палаца. А палац займала панi графiня з дачушкай Лёняй, маёй равеснiцай, з яе гувернанткай, са старой ключнiцай Салюсяй i мноствам розных пакаёвак ды служанак. Дзяўчаты гэтыя цэлымi днямi шылi, з чаго я зрабiў вывад, што вялiкiя панi iснуюць на тое, каб дзерцi вопратку, а дзяўчаты - каб рамантаваць яе. У iншым прызначэннi вялiкiх паняў i бедных дзяўчат я зусiм не разбiраўся, i, на бацькаву думку, гэта было ў мяне адной станоўчай якасцю.
      Панi графiня была маладой удавой, якую муж даволi рана кiнуў у бездань няўцешнага смутку. Наколькi мне помнiцца, нябожчыка нiхто не называў графам, а ён - нiкога ўпаўнаважаным. Затое суседзi, з незвычайным у нашай мясцовасцi аднадумствам, называлi яго прыдуркам. У кожным выпадку, чалавек ён быў незвычайны. Загнаў не аднаго верхавога каня, вытаптаў сваiмi паляваннямi не адно сялянскае поле, а суседзяў не раз выклiкаў на паядынак з-за сабакi цi зайца. Дома жонка пакутавала ад яго рэўнасцi, а чэлядзь ад доўгага, смярдзючага цыбука. Пасля смерцi гэтага арыгiнала верхавiкi яго сталi вазiць гной, сабак панi параздавала. А свет у спадчыне па iм атрымаў малую дачушку i маладую ўдаву. Ах, выбачайце, - застаўся яшчэ жывапiсны партрэт, дзе нябожчык намаляваны быў з гербавай пячаткай на пярсцёнку, i той смярдзючы цыбук, якi ад няправiльнага карыстання выгнуўся, як турэцкая шабля.
      Палаца я амаль не ведаў. Перш за ўсё таму, што куды лепш было гойсаць па полi, чым падаць на слiзкiм паркеце, а яшчэ i па той прычыне, што ў палац мяне не пускала чэлядзь, бо калi я прыйшоў туды першы раз, дык, на бяду сваю, разбiў вялiкую саксонскую вазу.
      З малою графiнькай, пакуль я не пайшоў у школу, мы гулялi адзiн толькi раз, калi нам было амаль па дзесяць гадоў. Пры нагодзе мне захацелася навучыць яе майстэрству лазiць па дрэвах, я пасадзiў яе на веснiцы такiм чынам, што дзяўчынка залямантавала на ўвесь свет, за што яе гувернантка адхвастала мяне сiнiм парасонам, прыгаворваючы, што так я мог абяздолiць Лёню на ўсё жыццё.
      З таго часу я адчуваў агiду да малых дзяўчынак, нiводная з якiх не магла нi лазiць па дрэвах, нi купацца са мной у сажалцы, нi ездзiць верхам, нi страляць з лука або з рагаткi. А ўжо калi пачыналася бойка - бо што гэта за гульня без бойкi! - амаль кожная разрумзаецца i бяжыць каму-небудзь паскардзiцца.
      Паколькi бацька не дазваляў мне гуляць з дваровымi хлапчукамi, а сястра цэлымi днямi прападала ў палацы, я рос, гадаваўся адзiн, як драпежнае птушаня, пакiнутае бацькамi. Я купаўся каля млына або ў дзiравым чоўне плаваў па сажалцы. У парку з кашэчым спрытам ганяў па голлi вавёрак. Аднойчы мой човен перакулiўся i я ледзь не цэлы дзень прасядзеў на плывучай купiне, не большай за балею. Другiм разам я вылез праз слухавое акно на дах палаца, але так мне тады не пашанцавала, што прыйшлося звязаць двое драбiн, каб зняць мяне адтуль. Iншым разам я цэлыя суткi праблукаў па лесе, а яшчэ раз стары верхавiк нябожчыка пана, прыгадаўшы сваю маладосць, з гадзiну насiў мяне па полi, пакуль - вiдаць, нехаця - не скiнуў так, што я зламаў нагу, якая, зрэшты, даволi хутка зраслася.
      Не маючы з кiм жыць, я жыў з прыродай. У парку ведаў кожны мурашнiк, у полi кожную хамяковую нару, у агародзе кожную кратову сцежку. Ведаў я, дзе птушыныя гнёзды, дзе дуплы, у якiх гадуюцца вавёрачкi. Я распазнаваў шамаценне кожнай лiпы каля дома i ўмеў перадаць сваiм голасам тую музыку, якую вецер напяваў у голлi дрэў. У лесе я часамi чуў нейкую ўрачыста вечную хаду, хоць i не ведаў, хто гэта ступае. Углядаўся я ў мiгаценне зорак, гутарыў з начною цiшынёй i, не маючы каго цалаваць, цалаваў дваровых сабак. Мацi мая даўно спачывала ў зямлi. Ужо нават пад каменем, што прыцiскаў яе, утварылася адтулiна, якая даходзiла, вiдаць, у самую магiлу. Неяк мяне за штосьцi адлупцавалi, i я пайшоў туды, клiкаў яе i прыслухоўваўся, цi не адкажа... Але яна маўчала. Мусiць, памерла сапраўды.
      У той час я ствараў самому сабе першае разуменне людзей i iхнiх узаемаадносiн. У маiм уяўленнi, напрыклад, упаўнаважаны абавязкова мусiў быць таўставатым, румяным, з абвiслымi вусамi, над сiвымi вачамi ў яго - вялiкiя бровы, голас басавiты i грымучы, як у майго бацькi. Асобу, што называецца графiняй, не мог я ўявiць iнакш, чым высокай дамай з прыгожьта тварам i сумнымi вачыма, якая ходзiць па парку моўчкi, у белай сукнi, што валачэцца па зямлi.
      Затое пра чалавека, у якога тытул графа, я не змог бы нiчога сказаць. Такi чалавек, калi б ён нават i iснаваў, здаваўся мне рэччу менш значнай, чым графiня, нават зусiм бескарыснай i непрыстойнай. У маiм разуменнi толькi ў шырознай сукнi з доўгiм хвастом магла ўмяшчацца велiч вяльможнасцi, а ўсякае адзенне кароткае, абцiслае, тым больш складзенае з дзвюх частак, магло служыць толькi пiсарчукам, вiнакурам, у найлепшым выпадку - упаўнаважаным.
      Такой была мая вернападданасць, што апiралася на бацькавых запаведзях, бо ён нястомна наказваў мне адно - любiць i шанаваць панi графiню. Зрэшты, калi б я неяк забыўся пра гэтыя запаведзi, мне варта было толькi цiкнуць на чырвоную шафу ў бацькавай канцылярыi, дзе побач з рознымi паперкамi на цвiку вiсела пяцiпальцая "дысцыплiна", нагайка, увасабленне асноў грамадскага ладу. Яна была для мяне своеасаблiвай энцыклапедыяй, гледзячы на якую я прыгадваў, што няможна рваць абутак, тузаць жарабят за хвасты, што ўсякая ўлада ад бога i г. д.
      Бацька мой быў нястомны ў працы, бездакорна сумленны, нават вельмi рахманы. Сялян i дваровых нiкога нават пальцам не крануў, толькi страшэнна крычаў. Калi ж ён быў крыху засуровы да мяне, дык гэта не без прычыны. Наш арганiст, якому я аднойчы падсыпаў у табаку чэмеру, ад чаго ён усю iмшу не мог спяваць, а ўсё чыхаў ды памыляўся на сваiм аргане, часта казаў майму бацьку, што каб яму такога сына, як я, дык ён яго застрэлiў бы.
      Я добра памятаю гэты сказ.
      Панi графiню бацька называў анёлам дабрынi. I сапраўды, у яе вёсцы не было людзей галодных, абадраных цi пакрыўджаных. Каго пакрыўдзiлi, той iшоў скардзiцца да яе; хто хварэў, у двары давалi лекаў; у каго нарадзiлася дзiця прасiў панi за куму. Мая сястра вучылася разам з графiнячкай, а я, хоць i пазбягаў адносiн з арыстакратыяй, меў-такi магчымасць пераканацца ў незвычайнай ласкавасцi графiнi.
      У бацькi майго было некалькi вiдаў зброi, кожны з якiх меў iншае прызначэнне. Вялiзная дубальтоўка патрэбна была для забiвання ваўкоў, якiя душылi цялят нашай панi; крэмневы пiсталет мог спатрэбiцца для абароны iншай графiнiнай маёмасцi, а вайсковы палаш - для абароны яе гонару. Сваю маёмасць i гонар бацька, напэўна, абараняў бы цывiльным кiем, бо ўвесь той яго баявы рыштунак, месяцаў праз колькi зноў памазаны тлушчам, ляжаў на гарышчы ў такiм закутку, што нават я не мог яго знайсцi.
      Само сабой, я ведаў пра гэтую зброю i проста сох па ёй. Часта мне мроiлася, што вось зраблю такi высакародны подзвiг, за якi бацька дазволiць мне стрэлiць з вялiзнага пiсталета, а пакуль што - бегаў цiшком да леснiкоў i вучыўся "смалiць" з iх доўгiх аднастволак, у якiх была такая ўласцiвасць, што ад стрэлу даставалася толькi маiм скiвiцам, а шкоды нiякаму жывому стварэнню не было.
      Аднойчы, калi бацька намазваў дубальтоўку, прызначаную на ваўкоў, пiсталет - для абароны графiнiнай уласнасцi i палаш - для абароны яе гонару, мне ўдалося ўкрасцi жменю пораху, якi не меў, як мне здавалася, нейкага пэўнага прызначэння. Калi бацька паехаў у поле, я ўзяў вялiзны ключ ад свiрна, амаль з такiм жа дулам, як i ў стрэльбы, ды яшчэ i з дзiркай збоку, i пайшоў з iм на паляванне.
      Вялiкi ключ я да палавiны набiў порахам, усыпаў туды шчопцi патрушчаных гузiкаў ад непрыстойнай часткi вопраткi, затоўк, як належыцца, клоччам, а для самога выбуху прыхапiў карабок запалак.
      Толькi я выйшаў за дом - адразу ўбачыў некалькi варон, што палявалi на панскiх качанят. Амаль на вачах у мяне адна з гэтых шкоднiц схапiла качаня i, не могучы лёгка панесцi яго, прысела на хлеўчуку.
      Убачыў я такое, i кроў продкаў ажно закiпела ва мне. Падкраўся да хлеўчука, шмаргануў запалку, нацэлiўся ключом у левае варонiна вока, ткнуў агеньчык у тую дзiрачку збоку ключа... Гахнула - нiбы гром. Са страхi хлеўчука скацiлася задушанае качаня, да смерцi перапалоханая варона ўцякла на найвышэйшую лiпу, а я са здзiўленнем пераканаўся, што ад вялiкага ключа ў руцэ маёй засталося толькi яго вуха, але затое са страхi хлеўчука пачаў паказвацца клубочак дыму, як быццам нехта люльку закурыў.
      Праз некалькi хвiлiн хляўчук, злотых на пяцьдзесят, шугануў у неба полымем.
      Пазбягалiся людзi, галопам прыляцеў з поля бацька, пасля чаго ў прысутнасцi ўсiх гэтых доблесных ды шаноўных асоб нерухомая маёмасць, як сказаў пан вiнакур, "выгарала да самага нутра зямлi".
      А са мною тым часам адбывалася несусветнае. Спачатку я пабег у дом i павесiў на сваiм месцы вуха разарванага ключа. Тады шыбануў у парк з намерам утапiцца ў сажалцы. Праз некалькi хвiлiн намер мой карэнным чынам змянiўся, я вырашыў iлгаць, як пiсарчук, адмовiцца ад ключа, ад стрэлу i хлеўчука. Калi ж мяне схапiлi - адразу да ўсяго прызнаўся.
      Павялi ў палац. На тэрасе я ўбачыў бацьку, панi графiню ў павалочыстай сукнi, графiньку, апранутую даволi куца, i маю сястру, што плакала разам з графiнькай; потым убачыў ключнiцу Салюсю, камердзiнера, лёкая, буфетнага хлопца, кухара, кухарчука i цэлы рой пакаёвак, швачак i дваровых дзяўчат. Калi я паглядзеў у другi бок - там, за будынкамi, былi верхавiны лiпаў, а трохi далей - жаўтлява-карычневы слуп дыму, што нiбы знарок уздымаўся над пажарышчам.
      Тут я прыпомнiў словы арганiста, якi гаварыў, што сына такога застрэлiў бы, i зрабiў з гэтага вывад, што калi ўжо да гэтага дойдзе, дык, мусiць, iменна сёння. Спалiў хляўчук, сапсаваў ключ ад свiрна; сястра плача, уся служба, у поўным зборы, стаiць перад палацам - як гэта разумець?.. Я глядзеў толькi, цi тут кухар са сваёю стрэльбай, - гэта яго абавязкам было страляць зайцоў i смяротна хворую свойскую жывёлу.
      Прывялi мяне да самой панi графiнi. Яна паглядзела на мяне сумнымi вачыма, а я, склаўшы рукi назад, бо так прывык машынальна рабiць, стаяў перад бацькам, а галаву задзёр угару, бо панi была высокая.
      Так мы i пазiралi адно на аднаго некалькi хвiлiн. Служба маўчала, а ў паветры пахла гарам.
      - Мне здаецца, пане Ляснеўскi, што гэты хлопчык вельмi жывы па характару? - мiлагучна сказала панi графiня майму бацьку.
      - Лайдак!.. Падпальшчык!.. Сапсаваў такi ключ! - адказаў бацька, а потым хутка дадаў: - На каленi, зладзюга ты, перад паняй!..
      Ён злёгку падштурхнуў мяне наперад.
      - Хочаце забiць, дык забiвайце, а я перад нiкiм не стану на каленi! адказаў я, не зводзячы вачэй з панi, якая зрабiла на мяне дзiўнае ўражанне.
      - Ах, мая долечка!.. - зжахнулася, склаўшы рукi, Салюся.
      - Супакойся, мой хлопчык, нiхто цябе тут не пакрыўдзiць, - сказала панi.
      - Якраз нiхто... Як быццам я не ведаю, што вы мяне застрэлiце... Так жа мне абяцаў арганiст! - запярэчыў я.
      - Ах, мая долечка!.. - зноў зжахнулася ключнiца.
      - Старасць маю ганьбiць! - грымнуў бацька. - Скуру здзёр бы з нягоднiка i соллю пасыпаў бы, каб панi графiня не ўзяла яго ў абарону.
      Кухар, якi стаяў у кутку тэрасы, ажно ссiнеў ад смеху, прыкрыўшы рот рукою. Я не мог вытрымаць i паказаў яму язык.
      Служба зашапацела здзiўлена, а бацька, схапiўшы мяне за плячо, гукнуў:
      - Ты гэта што?.. Каля панi графiнi - язык салапiць?..
      - Я паказаў язык кухару, бо ён думаў, што застрэлiць мяне, як старога буланага...
      Панi графiня яшчэ больш пасумнела. Адгарнула з майго лба валасы, зблiзку паглядзела ў вочы i сказала майму бацьку:
      - Хто ведае, пане Ляснеўскi, што яшчэ будзе з гэтага дзiцяцi?..
      - Шыбенiк! - адрэзаў заклапочаны бацька.
      - Невядома, - не згадзiлася панi, гладзячы мае шорсткiя валасы. - Трэба было б у школу яго аддаць, а то здзiчэе тут.
      Потым яна, адыходзячы ў салон, сказала прыцiшана:
      - З гэтага матэрыялу будзе чалавек, пане Ляснеўскi... Трэба толькi яго вучыць.
      - Будзе па вашай волi, панi графiня! - адказаў бацька, даўшы мне па карку.
      Усе пайшлi з тэрасы, а я застаўся, нiбы скамянеўшы на месцы, глядзеў на дзверы, у якiх знiкла наша памешчыца. Толькi цяпер я з жалем падумаў, што дарма не стаў перад ёю на каленi, а ў грудзях мяне штосьцi душыла. Калi б яна загадала, я ахвотна лёг бы на пажарышчы хлеўчука i памаленьку спёкся б. Не за тое, што яна не загадала кухару застрэлiць мяне або адлупцаваць, але за тое, што ў яе такi салодкi голас, такi журботны позiрк.
      Пачынаючы з гэтага дня, у мяне было менш свабоды. Панi графiня не хацела страцiць у полымi рэшту сваiх будынкаў, бацьку было прыкра, што ён не змог разлiчыцца са мной за спалены хляўчук, а мне самому трэба было рыхтавацца паступаць у школу. Вучылi мяне арганiст i вiнакур, на змену. Была нават гаворка, што некаторыя прадметы будзе выкладаць гувернантка з палаца. Аднак калi тая дама, пазнаёмiўшыся са мной, убачыла, што ў кiшэнях маiх поўна нажоў, камення, шроту i пiстонаў, так спалохалася, што сустракацца са мной другi раз не захацела.
      - Я такiм бандытам урокаў не даю, - сказала яна маёй сястры.
      А я тады стаў ужо значна сур'ёзнейшы. Толькi аднойчы хацеў паспрабаваць павесiцца. Але трапiўся нейкi iншы занятак, дык я i не зрабiў самому сабе нiчога дрэннага.
      Нарэшце, у пачатку жнiўня мяне завезлi ў школу.
      Дзякуючы рэкамендацыйным лiстам панi графiнi экзамены я паздаваў зусiм добра, пасля чаго бацька ўладзiў мяне на кватэру, дзе i харчаванне, i рэпетытар, i сямейная апека ды ўсё iншае за дзвесце злотых i пяць карцоў* натураплаты за год, а таксама справiў мне школьную форму.
      * Карэц - даўнейшая мера, каля 129-цi кiлаграмаў.
      Новая вопратка так спадабалася мне, што я не змог нацешыцца ёю за ўвесь дзень, устаў цiхутка ноччу, упоцемку надзеў мундзiр з чырвоным каўняром, шапку з чырвоным аколышам i хацеў пасядзець так некалькi хвiлiн. Таму, аднак, што ноч была дажджлiвая, з дзвярэй трохi цягнула, а я, не лiчачы мундзiра i шапкi, быў без нiчога, узяў ды задрамаў i праспаў да ранiцы ў новай форме.
      Такi спосаб начавання развесялiў маiх сябрукоў, але ў гаспадара нашай кватэры абудзiў падазрэнне, што дома ў яго завёўся незвычайны свавольнiк. Гаспадар пабег у заезд, дзе спынiўся мой бацька, i сказаў яму, што нi за якiя грошы не будзе трымаць мяне на кватэры, хiба што бацька дадасць яму пяць карцаў бульбы на год. Пасля доўгага торгу сышлiся на трох карцах, бацька затое развiтаўся са мной такiм чынам, што я i не шкадаваў, калi ён паехаў, i не сумаваў па доме, дзе мне часцей даводзiлася б адчуваць такую самую прыхiльнасць.
      Мая вучоба ў першым класе не вызначылася якiмi-небудзь незвычайнымi падзеямi. Сёння, гледзячы на той час з гiстарычнай адлегласцi, як вядома, неабходнай для аб'ектыўнага погляду на рэчы, хачу прызнацца, што ў агульных рысах жыццё маё не надта змянiлася. У школе трохi даўжэй сядзелася ў закрытым памяшканнi, дома - часцей бегалася па вольнай прасторы. Я змянiў цывiльную вопратку на школьную форму, а асобы, што працавалi над гарманiчным развiццём маiх фiзiчных i духоўных здольнасцей, замест нагайкi карысталiся розгамi.
      Вось i ўсё.
      Як вядома, школа, дзе хлопцаў гуртам рыхтуюць да жыцця ў грамадстве, дае iм такiя веды, якiх яны не набылi б, гадуючыся паасобку. У гэтым я пераканаўся на першым тыднi вучобы, калi навучыўся майстэрству "адцiскаць тварог", для чаго патрэбна па меншай меры тры асобы, якiх не знойдзеш за межамi грамадства.
      Толькi цяпер я, нарэшце, адкрыў у самiм сабе той сапраўдны талент, прырода якога ахоўвала мяне ад тэарэтычных пошукаў, а штурхала да калектыўнай дзейнасцi. Я належаў да першакласных iгракоў у мячык, бываў камандзiрам у бойках, наладжваў групавыя прагулы, дырыжыраваў у класе агульным тупатам цi бэканнем, чым мы, усе шэсцьдзесят хлапчукоў, займалiся сяды-тады для адпачынку. Затое, аказаўшыся сам-насам з граматычнымi правiламi, выключэннямi, скланеннямi i спражэннямi, якiя, як вядома, з'яўляюцца асновай фiласофскага мыслення, я раптам адчуваў у душы нейкую пустату, з глыбiняў якое выплывала санлiвасць.
      Калi я пры такой здольнасцi выкручвацца ад вучобы мог на ўроках адказваць даволi складна, дык гэта толькi дзякуючы моцнаму зроку, якi дазваляў мне чытаць з кнiжкi, што ляжала на другой цi на трэцяй парце. Здаралася часамi, што я выдаваў зусiм не тое, што было зададзена, i тады я хапаўся за стэрэатыпны спосаб апраўдання. Казаў, што добра не пачуў або - спалохаўся.
      Наогул быў я вучнем будучынi, не толькi таму, што абуджаў нездаволенасць у старых руцiнёраў, а карыстаўся сiмпатыяй маладых, але i таму, што добрыя адзнакi па розных прадметах, а разам з гэтым i надзею перайсцi ў наступны клас бачыў я толькi ў марах, якiя значна апярэджвалi рэчаiснасць.
      Мае адносiны з настаўнiкамi былi розныя.
      Настаўнiк лацiнскай мовы ставiў мне нягоршыя адзнакi таму, што я стараўся на ўроках гiмнастыкi, якiя вёў таксама ён. Ксёндз, выкладчык рэлiгii, наогул не ставiў мне адзнак, бо я засыпаў яго мноствам нялёгкiх пытанняў, на якiя ў яго быў заўсёды той самы адказ: "Ляснеўскi, стань на каленi!" Настаўнiк малявання i калiграфii хвалiў мяне як мастак, але ганiў як калiграф; аднак таму, што ў разуменнi ягоным майстэрства пiсьма было найважнейшым школьным прадметам, у душы сваёй ён галасаваў за калiграфiю i ставiў мне "калы" цi "двойкi".
      Арыфметыку я разумеў зусiм добра, бо выкладалася яна метадам нагляднага навучання - бiццём па лапах за няўважлiвасць. Настаўнiк польскай мовы прарочыў мне выдатную кар'еру, бо я аднойчы нейкiм цудам напiсаў на яго iмянiны верш пахвалу ягонай суровасцi. Адзнакi па iншых прадметах залежалi ад таго, наколькi добра падказвалi мне сябры i цi на той, што трэба, старонцы была раскрыта кнiга на пярэдняй парце.
      Найбольш блiзкiя адносiны былi ў мяне з iнспектарам. Чалавек гэты так прызвычаiўся выпрошваць мяне на ўроках з класа i да сустрэч са мною пасля заняткаў, што аднойчы шчыра занепакоiўся, чаму гэта я за цэлы тыдзень нi разу не нагадаў яму пра сябе.
      - Ляснеўскi! - гукнуў ён, аднойчы сустрэўшы мяне на вулiцы. - Ляснеўскi!.. Ты што - дахаты?..
      - А я ж нiчога не зрабiў.
      - Дык што, сёння цябе не запiсалi ў журнал?
      - Далiбог, не!
      - I вывучыў усё?
      - Але ж сёння мяне не выклiкалi!..
      Iнспектар задумаўся.
      - Штосьцi тут не так! - шапнуў ён. - Ведаеш што, Ляснеўскi, ты тут хвiлiнку пачакай.
      - Даражэнькi мой пане iнспектар, дык я ж нi ў чым не вiнаваты!.. Далiбог! Ну далiбог жа!..
      - Ага - ты божышся, асёл?.. Пайшлi ж, калi так!.. Калi i праўда, што ты нiчога не натварыў, дык на наступны раз залiчыцца!..
      Наогул у пана iнспектара ў мяне быў адкрыты крэдыт, i гэта стварыла мне ў школе пэўную папулярнасць, тым больш грунтоўную, што яна нi ў кiм не абуджала жадання канкурэнцыi.
      У лiку некалькiх дзесяткаў першакласнiкаў, адзiн з якiх ужо галiў вусы сапраўднай брытвай, трое цэлымi днямi гулялi пад партай у карты, а iншыя былi здаровыя, як кантанiсты*, быў калека - Юзя. Хлопчык маленькi на свае гады, гарбаты, благi, з сiнiм носiкам, бледнымi вачыма i гладкiмi валасамi. Быў ён такi кволы, што ў дарозе са школы дахаты павiнен быў адпачываць, i такi баязлiвы, што, калi яго выклiкалi адказваць урок, нямеў са страху. Нiколi ён нi з кiм не бiўся, толькi iншых прасiў, каб яго не бiлi. Калi яму аднойчы "далi ляшча" па сухой, як кiёчак, руцэ - самлеў, аднак, апрытомнеўшы, не паскардзiўся.
      *Кантанiст - салдацкi сын, выхаванец нiжэйшай вайсковай школы.
      Ён не быў сiрата, але бацька прагнаў мацi, а Юзя пакiнуў сабе, сам захацеў кiраваць яго вучобай. Сам хацеў праводзiць сына ў школу, разам з iм праходжвацца, падвучваць яго, аднак не рабiў усяго гэтага з-за недахопу часу, якi ў яго дзiўна хутка знiкаў у Мошкi Лiпы, што гандляваў гарэлкай i аўсяным пiвам.
      Такiм чынам у Юзя не было анiякай апекi, а мне часамi здавалася, што на такога мальца нават i бог з неба глядзiць неахвотна.
      А грошы ў Юзя ўсё-такi бывалi, па шэсць i па дзесяць грошаў на дзень. За iх ён павiнен быў у перапынку купляць сабе дзве булачкi i сасiску. Але таму, што ўсе з яго здзекавалiся i трэба было неяк страхавацца, ён купляў пяць булачак i раздаваў iх найдужэйшым сябрам, каб мець у iх ласку.
      Гэты падатак не вельмi яму дапамагаў, бо апроч пяцi падкупленых было разоў тры болей тых, каго ён не мог падкупiць. Дакучалi яму няспынна. Той ушчыкне, той тузане за валасы, iншы чым-небудзь уколе, яшчэ iншы дасць лузгана, а ўжо найменш адважны назаве гарбатым.
      Юзя толькi пасмейваўся на гэтыя жарцiкi, часамi прасiўся: "Годзе ўжо!..", а то i зусiм нiчога не гаварыў - абапрэцца на сваiх худых руках i плача.
      Сябры крычалi тады: "Зiрнiце, як горб трасецца!.." i дакучалi яму яшчэ горш.
      Я спачатку не звяртаў на гарбатага ўвагi, бо ён здаваўся мне размазнёй. Але аднойчы той наш здаравяк, што ўжо галiўся, сеў перад Юзем i пачаў даваць яму пстрычкi то ў адно, то ў другое вуха. Гарбун плакаў наўзрыд, а клас ажно тросся ад рогату. Тады мяне штосьцi кальнула ў сэрца. Я выхапiў свой нож-складанчык, пырнуў таго дубiну ў руку, да самай касцi, i закрычаў, што я зраблю так кожнаму, хто Юзя зачэпiць!..
      У здаравiлы пайшла кроў, ён збялеў як сцяна, i здавалася, што самлее. Увесь клас раптам перастаў рагатаць, а потым пачуўся крык: "Так яму, няхай не лезе да калекi!.." Тут увайшоў настаўнiк, пачуў, што я паранiў сябра нажом, i ўжо хацеў паклiкаць iнспектара i дзядзьку з розгамi, аднак сябры пачалi прасiць за мяне, нават i сам паранены здаравiла. Дык мы пацалавалiся, спачатку я са здаравiлам, пасля ён з Юзем, тады Юзя са мной, - гэтым i абышлося.
      На працягу ўсяго ўрока гарбунок усё паварочваўся да мяне i ўсмiхаўся, вiдаць, таму, што за ўвесь гэты час нiхто не даў яму лузгана. У перапынку таксама нiхто яму не дакучаў, а некаторыя сказалi, што будуць Юзя абараняць. Ён iм дзякаваў, але падбег да мяне i хацеў мне даць булку з маслам. Я не ўзяў, ён засаромеўся, а потым цiха сказаў:
      - Ведаеш, Ляснеўскi, што, - скажу я табе адзiн сакрэт.
      - Гавары, - сказаў я, - толькi хутка.
      - У цябе ўжо ёсць друг?
      - А навошта ён мне?
      - Бачыш, калi б ты захацеў, дык я мог бы стаць тваiм другам.
      Я паглядзеў на яго зверху. Ён яшчэ больш разгубiўся i зноў спытаўся тонкiм, прыглушаным галаском:
      - Чаму ты не хочаш, каб я быў тваiм другам?
      - А навошта мне такi салапяка, як ты!..
      Носiк яго пасiнеў больш, чым заўсёды. Юзя хацеў ужо адысцiся, але звярнуўся да мяне яшчэ раз:
      - Дык, можа, хочаш, каб я з табою сядзеў?.. Бачыш, я слухаю, калi новае задаюць, я мог бы рабiць за цябе прыклады... Я ўмею добра падказваць...
      Гэтая аргументацыя здалася мне сур'ёзнай. Падумаўшы трохi, я прыняў гарбунка за сваю парту, а мой сусед згадзiўся, за пяць булак, уступiць яму сваё месца.
      Пасля абеду Юзя перабраўся да мяне. Гэта быў мой найшчырэйшы памочнiк, сябар i паклоннiк. Ён вышукваў словы i рабiў пераклады, запiсваў, што задаецца, насiў чарнiлiцу, пёры i алоўкi для нас абодвух. А як ён падказваў!.. За час вучобы ў школе многiя мне падказвалi, некаторых нават ставiлi за гэта на каленi, аднак кожнаму з iх было вельмi далёка да Юзя. У падказваннi гарбунок быў мастаком, умеў гаварыць са сцiснутымi зубамi ды з такiм жа пры гэтым нявiнным выразам твару, што нiводзiн з настаўнiкаў нават i не падазраваў...
      Кожны раз, калi я трапляў у карцэр, гарбунок крадком прыносiў мне хлеб i мяса са свайго абеду. Калi ж са мной здаралася нейкая большая непрыемнасць, ён са слязамi на вачах запэўняў сяброў у тым, што я ў крыўду не дамся.
      - Ого! - гаварыў ён. - Казя дужы. Ён як схопiць таго дзядзьку за плечы, як гваздане яго аб зямлю, ого! Не бойцеся!..
      I сапраўды, сябры мае не баялiся, толькi ён, бедалага, баяўся за нас абодвух.
      Калi гарбунку на якiм-небудзь уроку не трэба было быць уважлiвым, ён гаварыў мне камплiменты:
      - Божа мой! Каб гэта ж я быў такi дужы, як ты!.. Божа мой! Каб я быў такi здольны... Ведаеш, калi б ты толькi захацеў, дык i за месяц стаў бы першым вучнем...
      Аднойчы, зусiм нечакана, настаўнiк нямецкай мовы выклiкаў мяне да стала. Перапалоханы Юзя толькi паспеў падказаць мне, што да чацвёртага скланення адносяцца ўсе назоўнiкi жаночага роду, напрыклад: die Frau - панi...
      Я рвануўся з-за парты, выйшаў, стаў i з вялiкай упэўненасцю паведамiў настаўнiку, што да чацвёртага скланення адносяцца ўсе назоўнiкi жаночага роду, напрыклад: die Frau - панi... Але на гэтым мае веды скончылiся.
      Настаўнiк зiрнуў мне ў вочы, пакiваў галавой i загадаў перакладаць. Я прачытаў па-нямецку гладка i гучна раз, потым яшчэ гладчэй - другi раз, аднак, калi пачаў i трэцi раз чытаць тое самае, настаўнiк сказаў мне iсцi на месца.
      Вяртаючыся да парты, я заўважыў, што Юзя вельмi ўважлiва прыглядаецца да настаўнiкавага алоўка - з выглядам вельмi разгубленым. Я машынальна спытаўся ў гарбунка:
      - Не ведаеш, што ён мне паставiў?
      - Адкуль мне ведаць... - уздыхнуў Юзя.
      - А як табе здаецца?
      - Я, - сказаў гарбунок, - даў бы табе пяцёрку, ну, няхай чацвёрку, але ён...
      - А ён колькi паставiў? - настойваў я.
      - Здаецца, кол... Ды гэта ж дурань, што ён там ведае... - адказаў Юзя тонам глыбокага пераканання.
      Нягледзячы на сваю кволасць, хлопец ён быў працавiты i быстры. Звычайна я чытаў у класе раманы, а ён слухаў настаўнiкаў i пасля пераказваў мне iх урокi.
      Аднойчы я спытаўся ў яго, пра што гаварыў наш настаўнiк заалогii.
      - Ты ведаеш, - адказаў гарбунок з таямнiчым выглядам, - пра тое, што раслiны падобныя да жывёлаў.
      - Асёл ён, - адказаў я.
      - Ну! - сказаў гарбунок. - Ён мае рацыю. Я ўжо трохi яго разумею.
      Я пачаў смяяцца i сказаў:
      - Калi ўжо ты такi разумны, дык скажы: чым вярба падобная да каровы?
      Хлопец задумаўся i паволi пачаў:
      - Бачыш... карова расце, i вярба таксама расце...
      - А далей што?
      - Бачыш... карова кормiцца, i вярба кормiцца сокамi з зямлi...
      - А далей што?
      - Карова жаночага роду, ну, i вярба таксама жаночага.
      - Але ж карова махае хвастом! - сказаў я.
      - А вярба махае галiнамi! - адказаў ён.
      Такая сума доказаў падарвала маю веру ў наяўнасць рознiцы памiж жывёламi i раслiнамi. Сам гэты погляд спадабаўся мне, i з таго часу я пачаў любiць заалогiю, выкладзеную ў падручнiку Пiсулеўскага. Дзякуючы вывадам гарбунка па гэтым прадмеце ў мяне пачалi з'яўляцца пяцёркi.
      Аднойчы Юзя не прыйшоў у школу, а назаўтра перад абедам мне сказалi, што мяне нехта клiча. Я выбег на калiдор трохi ўстрывожаны, як звычайна ў такiх выпадках, але замест iнспектара ўбачыў дзябёлага мужчыну з барвовым тварам, фiялетавым носам i чырвонымi вачыма.
      - Гэта ты, хлопча, Ляснеўскi?
      - Я.
      Ён пераступiў з нагi на нагу, нiбы пахiснуўшыся, i сказаў:
      - Зайдзi ты да майго сына Юзя, ну, да гарбатага, ведаеш? Ён хворы, яго надоечы трохi пераехалi...
      Ён зноў пахiснуўся, неяк дзiка зiрнуў на мяне i пайшоў, гучна тупаючы па падлозе. Мяне - як варам аблiлi. Здавалася, што лепш бы ўжо мяне пераехалi, а не беднага гарбунка - такога добрага i кволага...
      На вялiкiм перапынку я не пайшоў дахаты абедаць, а пабег да Юзя.
      Яны з бацькам жылi на ўскраiне горада ў двух пакоiках аднапавярховага дома. Увайшоўшы, я застаў гарбунка на кароткiм ложку. Юзя быў адзiн, зусiм адзiн. Цяжка дыхаў i дрыжаў ад холаду, бо печ не напалена. Зрэнкi яго так расшырылiся, што вочы былi амаль чорныя. У пакоi - сыравата, са столi ападалi кроплi з адлiжнага снегу.
      Схiлiўшыся над ложкам, я спытаўся:
      - Што з табой, Юзя?
      Ён ажывiўся, раскрыў рот, нiбы ва ўсмешцы, аднак - толькi застагнаў. Узяў мяне за руку высахлымi ручанятамi i пачаў гаварыць:
      - Я, вiдаць, памру... Але баюся так вось... адзiн... I таму я папрасiў, каб ты прыйшоў... Гэта... ведаеш... нядоўга, а мне будзе трохi весялей...
      Яшчэ нiколi я не бачыў Юзя такiм, як сёння. Здавалася, што з калекi вырастае волат.
      Ён пачаў глуха енчыць i кашляць, ажно на вуснах выступiла ружовая пена. Потым заплюшчыў вочы i цяжка дыхаў, а часам i не дыхаў зусiм. Калi б я не адчуваў поцiску яго гарачых ручанят, дык i падумаў бы, што ён памёр.
      Так мы сядзелi гадзiну, дзве, тры - моўчкi. Я амаль страцiў уладу над сваiмi думкамi. Юзя адказваў рэдка i з вялiкiм намаганнем. Ён сказаў, што на яго наехаў ззаду нейкi воз, што вельмi забалела ў паяснiцы, але цяпер ужо не балiць, што бацька ўчора прагнаў служанку, а сёння пайшоў шукаць iншую...
      Пасля, не адпускаючы маёй рукi, ён папрасiў, каб я памалiўся. Калi ж я зрабiў гэта i пачаў песню-малiтву "Як толькi ўстане ранiшняя зара", Юзя перапынiў мяне:
      - Не гэтую... Лепш "Усе нашы дзённыя справы"... Бо я ўжо заўтра, вiдаць, не прачнуся...
      Сонца зайшло, насунулася нейкая шэрая ноч, бо за хмарамi свяцiў месяц. У кватэры не было свечкi, зрэшты, я i не думаў запальваць яе. Юзя быў усё больш ды больш неспакойны, трызнiў i толькi час ад часу прытомнеў.
      Позна было ўжо, калi ад вулiцы моцна грукнула брамка. Нехта прайшоў па двары i, свiшчучы, адчынiў дзверы нашага пакоя.
      - Гэта татка? - спытаўся гарбунок.
      - Я, сынок! - адказаў той нехта ахрыплым голасам. - Як маешся? Напэўна ж лепей!.. Так i павiнна быць!.. Не апускай вушэй, сынок!..

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4