Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Беларуска (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Пиньска Марта / Беларуска (на белорусском языке) - Чтение (стр. 5)
Автор: Пиньска Марта
Жанр:

 

 


Дарога ў бясконцасць - а чым далей памкнешся, тым даўжэйшай робiцца. Балоты, багны, дрыгвянiшчы, вiры, прорвы i пасткi - усё перад табою. Памятай пра iх, яны чакаюць, яны цябе паглынуць у тую самую хвiлiну, як толькi ты на момант прыпынiшся. Свет iлюзiй - гэта яшчэ не да канца ўпакораны свет. Гэта заўсёды свет прыйшласцi, будучы свет, а не таго, што сышло ў нiвеч. Iсцi наперад, абапiраючыся на мiнулае - гэта валачы на нагах цяжкiя нявольнiцкiя гiры. А хто прыкаваны да мiнуўшчыны, той змушае сябе перажыць яе наноў. Прашу Цябе, не бойся. Пан Бог дасць Табе сiлу, каб ацугляць Тваю слабасць. Тваё цела, дадзенае толькi на момант, ён жа зрабiў яго прыладай спаўнення ў гiсторыi любовi. Ён, укрываючыся ў рэчах i з'явах, гаворыць нам, пераконваючы, што так сапраўды няма ЯГО! Ёсць толькi любоў. Благая i добрая. Любоў чалавека да чалавека. Сярод багнiшчаў, тоняў, пахмурных i непамысных прастораў.

Усе мы вiнаватыя, усе мы злачынцы, вiнаватыя ў вялiкiм злачынстве. Пражываем жыццё без жадання жыць, але патэнцыйна мы ўсе свабодныя i можам перастаць мыслiць пра тое, што ў нас не атрымалася. I таму ўсё ў нас выйдзе, усё нам удасца, на што мы здольныя, што патрафiм. Нiхто не можа ўявiць сабе, якiя гэта сiлы ў нашых руках. Не можам уявiць сабе, што яны бязмежныя. Уяўленне - гэта паклiканне, якое нам робяць, i мы ўспасобiмся стаць перад iм наўпрост насуперак агульнаму перакнанню, што нам не ўдасца. Калi ёсць нешта боскае ў Богу, дык гэта менавiта такое паклiканне i здольнасць стаць перад iм наўпрост.

Калi я гавару мовамi чалавечымi i анёльскiмi,

а любовi ня маю,

дык я - медзь звонкая...

XXVII

Гартаючы старонкi часопiса "ARCHE", я знайшла апавяданне Адама Глобуса. Дзiўнае стварэнне гэты Глобус. Пераспаў з дзяўчынай. Вядомай, зрэшты, журналiсткай, i тут жа распiнаецца пра свае досведы.

Патэлефанавала Ёй, поўная ўскiпелага ўва мне абурэння, i мы сцялiся ў спрэчцы пра межы iнтымнасцi ў лiтаратуры. Несумненна, мы перш за ўсё пiшам пра тое, што з намi здарылася. Дзелiмся сваiм светам, але ж ёсць крэсы прыстойнасцi. Пiсьменнiк, нават найбольш нявiнны i дурны, альбо той, якi толькi што пачынае змагацца з сабою i сваёй даросласцю, не павiнен апускацца да ўзроўню рэпарцёрскiх прыёмаў бульварнай газеткi. Вiжаванне, вядома ж, мае сваю неадольную панаду, але тут нешта горшае за анахранiчна зразуметую здраду. Гэта так, як калi ў школе хлопчыкi-падлеткi дзеля забавы задзiраюць дзяўчаткам спаднiцу, лапаюць iх у цёмным калiдоры альбо дзеля смеху натыкаюцца на дзяўчат, якiя праходзяць мiма.

Ён не павiнен у такiх дэталях i з такой дакладнасцю паказваць пальцам, што пераспаў з гэтай во дзяўчынай, i ацэньваць альбо заахвочваць да ацэнкi чытача.

Яна ж згаджаецца са мною толькi ў адным. Што не павiнен апiсваць аж так дэталёва. Бо то ж цi мала катораму з нас наўме ў сваiм расхрыстаным эратычным жыццi мець многiх. З часам, каб падкрэслiць сваю вагу, мы даём вокам знак усiм навокал, што сапраўды i мы з тым таксама, так, пераспалi. I робiм гэта толькi дзеля таго, каб падвысiць цiкаўнасць да сваёй асобы.

Яна сказала мне таксама, што нядаўна бачылася з Уладам, якi з прыкрасцю зазначыў, што смеху варта не тое, што Адам Глобус апiсаў у "ARCHE" сваю сувязь з вядомай журналiсткай так падрабязна. Смешна тое, што на месцы Глобуса гэтай дзяўчыне ён, Улад, не прысвяцiў бы i палавiны сказа ў газеце. Глобус папросту зрэагаваў на сваё паражэнне i не так папомсцiўся журналiстцы, як пацвердзiў толькi факт пераспання з ёю. Нiбы такi быў фармальны эксперымент. А яна проста нiкудышняя. Улад успомнiў, як яны кахалiся пасля аднаго вечаровага прыёму ў яе на кватэры. Не прайшло i дзесяцi мiнут, як дзяўчыне ўжо было досыць. Улад з грымасай на вуснах, як сказаў з церпкiм успамiнам, яшчэ толькi-толькi раскручваўся. А яна тым часам ужо кiнула яму ў твар - ах, ты такi ненасытны. Якая прымiтыўнасць! - абураўся Ўлад. Халодная i недаразвiтая. Некалькi мiнут сексу. I гэта мне называецца iнтэлiгенцыя?!

Так, я магла б i згадзiцца з ёю, калi б не ведала Ўлада...

I тут я пачала з ёю выкаблучвацца. Ведаю, што той яе лiтаратурны кандыдат выхваляецца i зайздросцiць Адаму Глобусу, што не ён першы ўздольнiўся на такi эксперымент. Не, што ты! Крый Божа! З Уладам я не спала i нiколi, нават пасля некалькiх бутэлек на такое не пайшла б. Ён мiфаман i пляткар! Адам Глобус, праўда, зрабiў шкадлiва, але i з Уладам я пагадзiцца не рызыкну.

Зрэшты, кiнем вокам на яго лiтаратурныя здабыткi. Яго комплексы сягаюць глыбей. Напiсаў кнiжку пра Лукашэнку - нейкая фантастычная байка, пра якую ведаюць ужо ўсе ў Менску i ў Варшаве. А з таго, што ён гаворыць сам, слава пра яго кнiгу дабегла нават за акiян (Атлантычны, прынамсi!). Праблема, што нiхто той яго кнiжэнцыi не чытаў, усе пра яе ведаюць толькi з дэкларацый самога аўтара падчас розных iмпрэзаў i сустрэчаў. Вось яно, мастацтва i майстэрства занятку вiртуальным сексам. Сапраўдная вытанчанасць.

Тады яна лямантуе мне ў слухаўку, што перажываны секс i секс апiсваны - не адно i тое самае. Можа, Адам Глобус проста выдумаў цэлую тую гiсторыю, каб нешта там справакаваць. I яму ўдалося. Яна нагадала мне анекдот пра аднаго афiцэра, якi за бяседным сталом у афiцэрскiм казiно пачуў меркаванне на прадмет заднiцы сваёй жонкi. Гэта была яўная правакацыя, але закончылася яна трагiчна. Афiцэр вярнуўся дамоў. Гонар i абраза загадвалi яму застрэлiць жонку i адразу пасля самога сябе. Ах, гэтая сiла грамадскага этыкету. Цiкава, у якi пасля гэтага пераплёт трапiў аўтар таго меркавання. Ён хацеў толькi крыху пазабавiцца за кошт свайго калегi. Мы самi, па сваёй ахвоце цi рэдка калi купляемся на сяброўскiя розыгрышы i мiстыфiкацыi. А тым часам пра добры, памысны секс марыць кожны. Ну, амаль кожны.

А дзяўчына, прыспаная адным калегам, мае права быць рэкамендаванай другому. З рук у рукi. Каб насыцiцца, дапасцi да ўсiх тых, у чые абдымкi кiдае нас сiла апанталай нас фантазii...

Цi не шызанулася, што яна вярзе!? Я крычу ў слухаўку. Не магу! Узровень нашай размовы выходзiць за межы чыстага сацыялагiчнага цi лiтаратурнага дыскурсу. Яна дражнiць мяне сваiмi поглядамi. Гэта ўжо нават не блядзтва i нават не нiмфаманiя. Не разумею яе. Можа правакацыя. Годзе. Хай чапляецца за гэтага свайго Дзiму, i хай ён будзе ёй сутэнёрам, хай совае ёй пад нос усё новыя i новыя чэлесы спраўных i юрлiвых самцоў. Яе клопат, яе праблемы, яе жыццё.

XXVIII

Я рашыла зацягнуць Марка на дыскатэку. Пры гатэлi "Беларусь" ёсць вядомы клуб, якi ўсе называюць "шайба". Гэта ад формы будынка i сцэны, нават некалькiх сцэн, на якiх позна ўначы пад гучную музыку разбiраюць танцорак. Часам, як я чула, разбiраюць i прыахвочаных малалетак.

З Маркам мы абгаварылi правiлы гульнi. Кожнае з нас iдзе асобна i толькi назiркам зазначаем сабе, цi другое ўжо што падчапiла. Маем пры сабе тэлефоны, дык жа ў разе чаго пазней установiм хто, дзе i з кiм iдзе далей. Калi толькi адно з нас вылавiць што, дык дзелiмся, натуральна, са згоды злоўленага.

У машыне соваю ў кiшэню некалькi прэзерватываў. Марку таксама соваю ў пiнжак некалькi. Пакiдаем машыну ў паркiнгу каля гатэля. Каля касы тры пацанкi. Маладзенькiя, дурненькiя наццаткi. Марк паводзiць вачмi па напятых азадках i адкрытых дэкальтэ. Я купляю бiлет асобна, каб не псаваць яму гешэфту. Ён загаворвае з дзяўчатамi, думаючы, што ў iх няма грошай на ўваход. Анi, яны чакаюць сваiх кавалераў.

Заходзiм усярэдзiну, скрупулёзна кантраляваныя ахоўцамi. Марк высока падымае рукi, як салдат, здаючыся ў палон. Мяне правярае дзяўчына, якая як звычайна знаходзiць звязку ключоў для дома.

Штэмпелююць нашыя далонi. Нарэшце ўваходзiм.

Каля бара ўсё тыя самыя, што i заўсёды, тры прастытуткi. У зале пуставата. Можа, яшчэ зарана. Толькi адзiнаццаць. Большасць столiкаў ужо занятая, але за iмi амаль толькi адны дзяўчаты. Разглядаюся. Марк па той бок залы. Падсеў да трох дзяўчат, якiя хутчэй за ўсё святкуюць з шампанскiм нечы дзень нараджэння. Бачу, заводзiць iх, дзяўчатам у ахвотку.

На паркеце некалькi хлопцаў топчуцца ў танцы, але па iх выглядзе вiдаць, што гэта курсанты з мiлiцэйскай школы альбо вайскоўцы з акадэмii. Маладыя, паголеныя, танцуюць правiльна, шукаючы вачыма якой-небудзь шчылiны, куды ўшпiлiцца на вечар. Нiчога цiкавага.

Праз гадзiну падыходжу да Марка, якi каля буфета пацэджвае пiва i палiць цыгарэту за цыгарэтай. Пачакаем яшчэ крыху танцорак i стрыптызу. Можа, зборня раскруцiцца.

Па зале ходзiць платаядны пярэстарак, лапае ўсё, што рухаецца i на дрэва не ўцякае.

Нуда, нуда, нудота...

Нават танцоркi нас не разварушваюць. Нейкiя мала апетытныя i не сексуальныя. Рашаем уцякаць дамоў. Планы - кату пад хвост, але настрой гэтага вечара дае нам сiлу, каб пазаймацца самiмi сабою.

XXIX

Прыехаў да яе нейкi журналiст з Вiльнi. Беларус з летувiскiм грамадзянствам. Яна патэлефанавала мне позна ўвечары, каб падскочыла як мага хутчэй.

Справа пiльная, патрабуе, каб без адкладу. Калi я праз паўгадзiны пад'ехала, яна прадставiла мне Валеру. Я чула пра яго. Палiтычна заангажаваны журналiст i перспектыўны беларускi пiсьменнiк малодшага пакалення. Выглядаў дужа змардаваным. Зарослы, у лахманах, з запалымi вачыма i шэрай скурай.

Гатуючы на скорую руку гарбату на кухнi, яна расказвае мне, што яны знаёмыя ўжо каторы год, з выцечак у Вiльню i Палангу. I заўсёды ў адной кампанii падчас вакацыйных вандровак. Прыехаў на яе менскую кватэру без грошай у пазычанай вопратцы, з дзiкiм страхам у вачах, набытым, як экзатычную хваробу, недзе ўглыбiнi Расеi.

Калi яна падавала гарбату з жаласцю ў вачах, ён папрасiў шклянку гарэлкi. Пачаў расказваць пра ўсе свае прыгоды, якiя я нiзавошта не акрэслiла б як прыгоду. Зрэшты ён яе зусiм i не шукаў.

Ужо два гады ён меў добрага знаёмага ў Расеi, недзе далёка за Ўралам. У той мясцовасцi, кiламетраў так з дзвесце далей, жыве яго дзядзька. Дамовiлiся яны ў справах нейкага iнтэрасу i зварганiлi некалькi кантрактаў на зусiм-такi неблагую суму, недзе так тысяч на сто даляраў. Гешэфт пайшоў на пагаршэнне пасля расейскага жнiвеньскага дэфолту 1998 года, i адносiны памiж iмi пайшлi на спад. Але пасля году маўчання калега азваўся-такi i папрасiў прыехаць, шчыра падкупiўшы тым, што ў iхнiх справах можа распачацца новы этап. I ён рашыў прыняць запрашэнне калегi, спалучыўшы паездку з даўно адкладаным вiзiтам да дзядькi, у якога ў дзяцiнсве некалькi разоў праводзiў вакацыi.

Пасля двухсутачнага падарожжа цягнiком з Вiльнi, праз Маскву, даехаў. Калегi на вакзале не было, што не здалося яму падазроным, бо аж так дакладна яны i не дамаўлялiся. Хоць той раней заўсёды яго сустракаў. Ну, але ж цяжка, падумаў, пэўна, моцна заняты. Узяў таксi i ад вакзала хутка даехаў да бетоннага блочнага дома, дзе i знайшоў знаёмы адрас. Пад дзвярыма доўга стаяў i званiў. Чуў нейкi пошум па той бок i адчуваў, што яго пiльна разглядваюць у вочка. Даволi марудлiвая пачаканка, але дзверы такi адчынiлiся. Убачыў свайго калегу як падмененага, як прыбiтага, змучанага, п'янага цi мо нават пад наркатою. Павiталiся даволi холадна. Запрошаны на кухню, корпаўся там, дастаючы з вялiкай сумкi ўсе свае вiленскiя запасы жыўнасцi, з якiмi i раней заўсёды прыязджаў, - высока цанёныя ў Расеi каўбасы, сыры, рыба ў бляшаначках i дзве бутэлькi добрых налiвак.

I тым часам чуў, што ў пярэднiм пакоi адбываецца нейкая драматычная размова па тэлефоне яго расейскага калегi з кiмсьцi незнаёмым. Але нiчога не западозрыў. Увайшоў у ванную, праз хвiлiну вярнуўся на кухню, замiтусiўся мiж сталом i халадзiльнiкам.

Селi з калегам насупраць. Гаспадар налiў гарэлкi ў дзве брудныя шклянкi i, цяжка асунуўшыся на крэсла, падняў тост за сустрэчу. Нiчога не паказвала на непрыемнае развiццё падзей, хоць ужо тады Валера адчуў нейкi невытлумачальны страх. Пасля другой шклянкi расейскi партнёр па iнтэрасе ўадкрытую спытаўся, колькi грошай прывёз з сабою. Насамрэч па тэлефоне была гаворка пра абавязковыя дзесяць тысяч даляраў, але Валера не зразмеў, што iх трэба прывезцi з сабою. Дык ён адказаў, што пакуль што прыехаў агледзецца i пабалакаць. Па твары кампаньёна раптам паплыла хваля прыкрасцi i роспачы. Валера зразумеў, што тут да чаго, калi з суседняга пакоя ўварвалася шобла рослых дзецюкоў у скуранках i, заламаўшы яму рукi, павалiла на падлогу. Давай грошы! Праверылi яго партфель i ўсе патайнiкi ў заплечнiку. Валера думаў, што, забраўшы дзвесце даляраў у дробных банкнотах, якiя ён меў пры сабе, яго пакiнуць у спакоi. Бандыты, аднак, не спынiлiся на вобыску. Надзелi яму мяшок на галаву i вывелi з пакоя, забаранiўшы крычаць пад пагрозай лупцоўкi i нават забойства.

Доўга ехалi ў машыне, пасля правялi нейкiм доўгiм калiдорам па прыступках унiз, пасля зноў калiдорам. Папiханаму i штурханаму яму не было калi i як уважлiва разглядаць праз дзiркi ў мяшку, дзе ён i куды яго вядуць. Зрэшты, i без таго ён не ведаў гэтага горада настолькi, каб адважыцца на ўцёкi. Страх нарастаў. Вядуць выканаць свой прысуд. Але за што. У яго ж не было нiякiх даўгоў, у iнтэрасе з калегам год таму назад ён нават страцiў на апошняй здзелцы больш за тысячу даляраў, але яны паабяцалi сабе, што пры нагодзе ўсё кампенсуюць.

Я падумала, што, можа, тут гаворка пра нейкi гандаль зброяй цi наркотыкамi. Калi я спыталася адкрыта, Валера раптам узвiўся на мяне, аблаяў i сказаў, што гаворка iшла пра матэрыялы для прамысловай вытворчасцi машынных дэталяў.

Толькi па паху зарыентаваўся, што ён у сутарэннi. Праляжаў звязаны цэлую вечнасць. Можа, ноч цi суткi. Прасiў пiць. Нарабiў пад сябе. Звязаны, з кляпам у роце, гатовы да ўсяго. Чакаў ужо толькi хiба што хутчэйшай смерцi.

Ён пазiраў на нас, перапыняючы свой расказ доўгiмi хвiлiнамi маўчання. Мне здавалася, быццам ён хацеў падзялiцца словамi малiтвы, якiя вымаўляў у такi драматычны момант. Можа, прасiў лёгкай смерцi, можа, збавення, можа, вады i хвiлiны паслаблення здранцвелым рукам i нагам.

Прайшла цэлая вечнасць, з якой ён выхоплiваў гукi з вулiцы i гарадскога шуму, чыесь неразборлiвыя галасы, дзiцячыя крыкi. Трымаў у памяцi ўсе гэтыя шумы, спрабуючы скласцi нейкi разумны вобраз атачэння. Але чым далей, тым больш усё цямнела, чужынела, жахлiва наблiжаючы да смерцi.

Прайшла чарговая вечнасць, аж наблiзiлiся гукi i прыглушаныя галасы тых, якiя яго звязалi. Уласна, гэта быў адзiн голас, якi ён запамятаў. Не расейскi акцэнт, а нейкi грузiнскi, чачэнскi, хоць, можа, з такiм жа поспехам з Узбекiстана цi Арменii.

У голасе вайсковая хрыпатасць, якая так добра помнiлася з часоў службы ў савецкай армii. Ахрыпласць чалавека, якi перажыў няляда ўсяго ўсякага, скурыў цэлую краму пяпяросаў, выпiў бровар гарэлкi i начворыў такiх рэчаў, галоўная рыса якiх тое, што пра iх трэба як найхутчэй забыць.

Ляжаў тварам на вiльготным бетоне. Калi да яго падышлi, ён умольна застагнаў i заенчыў. Развязалi ногi, знялi мяшок i спыталiся, якога ражна яму трэба. Папрасiў вады i таксама спытаўся, чаго ад яго хочуць. Пачуў смех. Гэта ж бо вiдавочна - чаго. Дзесяць тысяч баксаў. Дзе iх трымае, дзе iх схаваў. Ён зразумеў, як мала вартае яго жыццё. У галаве маланкава прамiльгнуў каталог знаёмых, якiя маглi б пазычыць на выкуп. Пасля некалькiх пытанняў зразумеў, што ягоны калега нарабiў даўгоў, павiнен быў разлiчыцца, але не было чым. I ён рашыў завабiць яго i "прадаць" як заклад пад неаддадзены доўг.

Зарыентаваўся ў вельмi простай сiтуацыi i прапанаваў патэлефанаваць у Вiльню i папрасiць жонку, каб паслала калегу з грашыма. Захопнiкi пайшлi на такую замену. Забралi яго з сабою ўгору. Выходзiлi з падвала, i яркае святло з калiдора лесвiчнай клеткi ледзь не павалiла яго на падлогу. На момант ён абаперся аб сцяну. Хрыпаты Голас за плячыма ўталкоўваў, што з iм будзе, калi паспрабуе збегчы. I задаў рух ягонаму ўяўленню, сказаўшы, што тут паўным-поўна яго калегаў. Не толькi ў гэтым горадзе, а ў цэлай Расеi i на свеце. Маса карашоў з армii. Такiя ж сама рашучыя, такiя ж сама зацятыя, такiя ж сама гатовыя каго хоч забiць. Са зброi цi голай рукою. Уночы i ўдзень, у натоўпе ў цэнтры горада i на вачах у мiлiцыi. З-за зацемненых шыбаў мерседэса i з бруднага грузавiка. У цягнiку, самалёце, на караблi. Шанцаў - нiякiх.

Можа, Хрыпаты Голас залiшне хвалiўся, але гэтага ставала, каб на некалькi дзён паралiзаваць у ягонай галаве любыя праекты магчымых удалых уцёкаў.

Прайшлi па лесвiцы некалькi паверхаў. У канцы доўгага калiдора дзверы, абабiтыя з сярэдзiны карычневым дэрмацiнам. Iдучы, не бачыў нiкога з насельнiкаў. Цiшыня. Поўны корпус людзей, звычайны блочны дом, якiх у Расеi сотнi тысяч. Адзiн да аднаго падобных. Масква, Пецярбург, Яраслаў, Растоў, Смаленск, Казань? Выбiрай любы, i нiчога iншага не ўбачыш, апроч абабiтых дэрмацiнам дзвярэй, шэрых i смярдзючых лесвiчных пралётаў, падрапаных сцен. Гэты характэрны савецкi пах гнiлое цыбулi, як гаўно немаўляцi. Пах, якi выпаўзае з кожнай савецкай кватэры, з кожнай савецкай кухнi, кожнай савецкай валiзкi на вакзале. Будзь тое Вiльня, Варшава, Амстэрдам, Гамбург, Парыж. Пазнаеш чалавека з постсавецкай прасторы па гэтым задушлiвым паху.

Вялiкiм дасягненнем Летувы ён прызнаваў не факт незалежнасцi, дэмакратыю, грамадзянскiя свабоды, а тое, што праз некалькi гадоў гэты агiдны пах знiк. Зрэдзь-часу яшчэ сям-там прабiваецца, як лiхi ўспамiн, кашмарны сон. Гэты пах варта трымаць у слоiках для будучых пакаленняў. Каб ведалi, што нават калi Саветы перасталi iснаваць, дык iх жахлiвы нячысцiк паяўляецца ўсюды, пакiдаючы па сабе смурод, войны, бяду, беспарадак i жорсткасць звычайных людзей да звычайных людзей.

Валера быў ужо яўна пад уплывам шклянкi гарэлкi. У iм загараўся агонь нянавiсцi да ўсяго, што яго звязвала з гэтымi днямi.

Расказваў далей.

Патэлефанаваў у Вiльню i сухiм тэкстам пераказаў жонцы, што яна павiнна арганiзаваць грошы на добры гешэфт, што ён тут чакае i хай прыедзе калега.

Захопнiкi перавялi дух. Колькi дзён прыйдзецца чакаць. Можа, два, чатыры, пяць. Дамовiлiся, што паслязаўтра перазвонiць, каб праверыць як ўсё iдзе там у жонкi. А яму тым часам дазволiлi зайсцi ў ванную. Ён вымыўся, памыў майткi i штаны. Ахiнуўшыся ручнiком, вярнуўся ў пакой. Сеў побач з Хрыпатым Голасам. Захопнiкi гатавалi сабе абед. Цыбуля, гуркi, кавалкi смажанага мяса. Адзiн з iх сюд-дуд дастаўляў з кухнi на сквiрчастай патэльнi новую порцыю. Заядалi лустамi чорнага хлеба. У шклянках паявiлася гарэлка. Пачаставалi i яго, завялi пустую гаворку. Хрыпаты Голас расказваў пра Чачэнiю. Ён быў там наёмнiкам. А сам з Туркменiстана. Вывучаў ў Маскве лiтаратуру, фiласофiю i псiхалогiю.

Калi выпiлi па дзве шклянкi, Валера рашыў праверыць узровень адукацыi Хрыпатага Голасу. Пачаў з Пушкiна. I тут у яго адвiсла скiвiца. Хрыпаты Голас ведаў не толькi творчасць Пушкiна, але i апошнiя кнiгi гiсторыкаў лiтаратуры. Знехаця расказаў пра псеўдаадкрыццi Юрыя Дружыннiкава, якi фактычна размножыў веды пра расейскiя мiфы, вядомыя кожнаму студэнту-фiлолагу ў Маскве i Пiцеры.

Пасля трэцяй шклянкi Хрыпаты Голас ужо чытаў напамяць Блока i Ясенiна. Трэба прызнаць, што ягоныя калегi з такiм самым подзiвам, як i Валера, слухалi таленавiтага кораша.

Падвечар Валера ўжо хадзiў у прыяцелях. Хрыпаты Голас абяцаў яму нават запiсаць у сшытак свае вайсковыя гiсторыi.

Гiсторыi - як матрошкi. Адчыняеш, а там чарговая. Валера паказаў сшытак. Два вечары засяроджанасцi, i Хрыпаты Голас запоўнiў некалькi дзесяткаў старонак дробнымi, падрабязнымi апiсаннямi. Што нi сказ - то нейкая людская трагедыя, начныя баi, ваенныя оргii, людскi плач i адчай.

Праз тры днi зноў патэлефанаваў жонцы ў Вiльню. Хвiлiна няўвагi бандытаў дала яму магчымасць кiнуць некалькi фраз па-летувiску. Ведаў, што нiхто з прысутных не зразумее. Сказаў толькi, што ў небяспецы, пастараецца ўцячы, а калега з грашыма хай прыедзе, але не з'яўляецца па тым адрасе, пакуль не атрымае ад яе пацверджання, што можна. Пасля гэтага летувiскага прарыву Хрыпаты Голас падскочыў, выхапiў у яго слухаўку, шпурнуў на апарат i сваiм магутным вайсковым кулаком увалiў у твар. Валера залiўся юхаю, кульнуўся на падлогу i ляжаў без руху. Хрыпаты Голас загадаў яму яшчэ раз патэлефанаваць жонцы, растлумачыць ёй, што нехта выпадкова перабiў iхнюю размову, але ўсё застаецца без зменаў, чакае грошай.

Прыехаў Марк. Мы ўсхапiлiся, быццам хацелi даць яму больш месца вакол гiсторыi, расказванай Валерам. Яна выйшла на кухню па гарбату, я коратка ўвяла Марка ў курс Валеравай гiсторыi. Марк увесь ператварыўся ў слых. Валера расказваў далей.

Яму дазволiлi жыць разам з iмi, яны чакалi грошай, ушчыльняючы час гарэлкай, тэлевiзарам, картамi. Адзiн толькi Хрыпаты Голас час ад часу запiсваў у сшытку выдуманыя, а можа, праўдзiвыя баявыя гiсторыi. Валера адпачыў пасля падвала, але ўважлiва аглядаў памяшканне, выгляд з акна, натаваў у памяцi цыкл дзяжурстваў сваiх вартавых. У чацвёртую ноч пасля добрай папойкi Валера ляжаў у ложку толькi ў майтках, побач на падлозе i на канапе спалi тыя. Храплi як на вышках. Яму закарцела ў туалет, i ён цiхенька пакiнуў пакой. На кухнi спаў чацвёрты ахоўнiк. Таксама ў сцельку. Тады маланкава мiльганула думка пра ўцёкi.

Не доўга думаючы, схапiў першыя выпадковыя боты, штаны i свiтар. З-за камоды ў калiдоры ўзяў сшытак з нататкамi i сваю малую сумку, у якой, як выявiлася пазней, не аказалася ягоных дакументаў. I сам здзiвiўся, як лёгка далося пакiнуць памяшканне. Пот страху, напруга i адчуванне соннай нерэальнасцi - усё гэта выштурхнула яго з дома, па лесвiцы якога ён босы збег некалькi паверхаў унiз, бадай, хутчэй чым самы сучасны лiфт.

У кустах апрануўся i рушыў наперад. Праз некалькi кiламетраў шалёнага бегу ў бок цэнтру горада натрапiў на мiлiцэйскi патруль. I тут успомнiў словы бандытаў, якiя папярэджвалi яго, што ўсюды маюць знаёмых i дастануць яго з самай цёмнай i глухой нары. Калi б яго цяпер затрымала мiлiцыя, ён не мог б растлумачыць, што i навошта ён тут робiць. Ён завярнуў у цёмную падваротню i перачакаў, калi святло аўтамабiльных фараў аддалiцца. Потым зноў рушыў да цэнтра.

Непадалёк ад вакзала чарговы патруль мiлiцыi. Сеў на лаўку ў кустах. Развiднялася. Аслабелы ён абапёрся i на хвiлiну заснуў. Разбудзiў яго смурод. Побач на лаўцы сядзеў бомж. Тыповы расейскi бяздомнiк са смярдзючым дыханнем, дзiкiмi вачыма i зарослым, як у яго, тварам. Не была гэта прыемная сустрэча. Але Валера адразу знайшоў у чалавеку прыязную душу. Разгаварылiся. Бомж быў малдаванiн. Але не жыў там з самага дзяцiнства. Працаваў на будоўлях Сiбiры цеслем. Потым спёкся на нейкiм крадзяжы, адсiдка, потым - без даху, без працы, дурная прывычка выпiваць з самай ранiцы. А на гэта час-парою трэба быць пры валюце. Хоць пару рублёвак. Так вось i бадзяецца па ўсiх былых саветах. I ў Вiльнi быў, але яшчэ да таго, як шчыльна зачынiлi гранiцу. Падарожнiчае ў таварняках. Дасканала ведае, як i калi знайсцi адпаведны цягнiк. Ведае, што рабiць, каб не трапiць у рукi чыгуначнай мiлiцыi. Я прапанаваў яму, што забяспечу яму жратву ў знаёмых у Кiеве, калi дапаможа мне дабрацца туды. Той падумаў. Згадзiўся, але на Кiеў цягнiк будзе толькi заўтра ноччу альбо паслязаўтра. Бо пачалi вазiць збожжа. Гэта добрыя вагоны. Цяпло, суха i лёгка схавацца.

Бомж прапанаваў яму супу на сняданак у сталоўцы ў манашак каля царквы. Валера не памятае, каб калi еў смачнейшы булён. Цудоўныя праваслаўныя паслушнiцы ў доўгiх шэрых спаднiцах шчыруюць у садзе. Валера падрадзiўся дапамагчы ў працы ўзамен за начлег у сцёбцы. Яго новы прыяцель таксама прыстроiўся. Праз два днi цяжкай працы i добрага пакормнага харчу яны знiклi ў пашчы ночы.

Падарожжа ў збожжавых вагонах сапраўды было не з самых горшых. Адна толькi бяда. Пропадзь насякомых, мышэй i нейкiх пачварных аваднёў, якiх i назваў не ведаў. Збожжа аднекуль з Казахстана. Бруднае, месцамi вiльготнае. Багата будзе гарэлкi. Вядома, украiнскай - гарнай.

У Кiеве знаёмыя як толькi ўбачылi яго ў кампанii з бамжом - за галаву схапiлiся, падумаўшы, што ўжо цi не канец з iм. Доўга i блытана тлумачыў iм, як трапiў ва ўсю гэтую авантуру. Не вельмi верылi. Але накармiлi, далi апрануцца i грошай на бiлет. Тады толькi рашыўся рызыкнуць на паездку ў Менск. Натуральна, праз зялёную гранiцу. У Менску ў летувiскiм консульстве заявiў пра згублены пашпарт i да ранiцы будзе чакаць якога-небудзь дублiката. Але баiцца вяртацца ў Вiльню.

У яго цёмна-зялёных вачах праз хвiлiну зноў праблiснуў страх. Быццам уся вывергнутая з сябе гiсторыя яшчэ глыбей дала яму ўсвядомiць, што нават тут ён не можа адчуваць сябе ў бяспецы. Марк адчуў гэты настрой i адразу прапанаваў яму кватэру сваёй цёткi ў Рызе. Можа паехаць туды хоць заўтра i сядзець там хоць паўгода.

Мы выпiлi яшчэ крыху i, заўважыўшы стомленаасць як самой гаспадынi, так i госця, рашылi развiтацца. Паехалi да сябе ў сяло, г.зн. у цэнтр Менска. Было ўжо позна. Калi Марк павольна наблiжаўся да яркага лiхтара каля нашага дома, я папрасiла, каб скiнуў хуткасць. Мужчына ў зялёнай куфайцы, схiлiўшыся да распраўленай на табурэце бляхi, разграбаў нейкiя дробныя каменьчыкi. Што ён такое робiць. Марк усмiхнуўся i пацiснуў плячыма.

XXX

На другi дзень Марк забраў Валеру, каб везцi ў Рыгу. Было далёка папалуднi, пятнiца, канец траўня. Цяпло i сонечна. У такi час я не люблю, а нават i не магу ўседзець дома. Рашыла ўзяць кнiжку i пачытаць у скверы ў цэнтры горада. Тлум шэрых мяхоў, што вярталiся з працы, перакiдваўся з аднаго боку вулiцы на другi. Я назiрала за гэтым гармiдарам вялiкага горада з дзiўным пачуццём iронii i пагарды да працы, iхнiх высiльванняў, iх клопатаў i хваравiтай грымасы незадаволенасцi на тварах.

Нарастала адчуванне нейкай сумесi бунту i эратычнага хвалявання. Пiва ў бляшанцы, якое я прынесла з сабою ў сумцы, пачало знiкаць у прорве цела. Узбуджанасць расла далей, а з ёю i адлегласць да канкрэтыкi гэтага свету.

Як на доказ гэтага настрою - перад маiмi вачыма на суседняй пад'езнай да праваслаўнага кафедральнага сабора вулачцы тры тоўстыя кабеты ў апельсiнавага колеру камiзэлях шчыруюць над цыраваннем выбоiнаў у асфальце. Стаяць з шуфлямi за апушчаным бартом грузавiка, з якога сплывае асфальт. Кабеты раскiдаюць аблепленымi шуфлямi чорныя кавалкi гарачай масы ў дзiркi. Побач абаперты аб лiхтарны слуп мужчына таксама ў камiзэлi. Рукi глыбока ў кiшэнях штаноў з разношанымi каленямi. Прыглядваецца да кабет, кiдае iм нейкiя заўвагi i час ад часу паказвае далоняй месца, куды трэба падсыпаць, дзе падраўняць, паправiць. Калi гара скiнутага з грузавiка асфальту знiкае ў дзiрках дарогi, мужчына з-пад лiхтара ўскоквае ў кабiну катка, якi стаiць побач. Над дашкам машыны пыхкае хмара дыму. Каток ушчыльнае стынучы асфальт. Кабеты перамяшчаюцца метраў на дваццаць далей, куды пад'язджае чаговы грузавiк з чарговай порцыяй гарачай чорнай масы.

Нешта мяне ўнутрана раздражняла. Усе карцiны са струджанымi i "вызваленымi" жанчынамi, якiх удосыць нагледзелася ў Менску, я датуль прымала абыякава. Жанчыны - вадзiцелькi трамваяў i тралейбусаў. Магутныя матроны на шпацыры з мужчынамi-карантышамi.

Мужчыны - гэта худыя зарослыя здыхлякi з перапалоханымi вачыма, якiя вечарамi ў пасцелi гiнуць у фалдах тлушчу сваiх заможных матронаў. Яны здатныя на ўсё. Размашыста тынкуюць фасад камянiцы на вачах у людзей, ускокваюць на дах тралейбуса, каб сцягнуць вяроўкай пантограф i ступаюць у шкарпэтах па гарачым бляшаным даху. Раззяўленыя вусны пасажыраў уцягваюць рэшткi паветра ў перапоўненай нутробе машыны. Бязвольна чакаюць, як статак транспартаванага быдла. Думаюць толькi, каб дабрацца дадому, пралезцi сярод гораў друзу i пяску, знiкнуць у лесвiчнай клетцы i захлопнуць за сабою абабiтыя дэрмацiнам дзверы прасмердлага гнiлою капустаю памяшкання.

Нянавiсць да бязволля i безруху гэтага свету, прыдуманага мужчынамi, якiя даўно павымiралi ад сiфiлiсу, спiлiся альбо загiнулi на вайне, нарастала ўва мне i вырывалася з-пад кантролю. Раптам так я ўбачыла, што астатнi свет - гэта дзецi мужчынскага полу, выпаўзнi з голенымi галовамi, альбо квадратныя, разапселыя чыноўнiкi без душы, без вачэй, без мазгоў. Часцей прапiтыя наскрозь, чым свядомыя свайго глыбокага заняпаду.

Пiва зрабiла сваё, але на шчасце я не страцiла да канца памяркоўнай стрыманасцi ў ацэнцы беларускага свету. Нейкi скураны байкер з грукатам праляцеў па плошчы, як анёл - вястун надзеi. З гэтага мне хапiла аптымiзму, каб устаць з лаўкi i пакiнуць плошчу. Наважылася пайсцi ўбок Траецкага прадмесця мiма праваслаўнага сабора, унiз. Перайшла вулiцу. Па той бок псеўдастарамесця. Мёртвая частка горада, адкрытая ў сямiдзесятыя гады i пазней, якою мелася адшкадаваць сабе атмасферу разбуранага Менска. Бульвар над каналам. Iду да помнiка, прысвечанага загiнутым салдатам афганскай кампанii. На канале выспа - называюць яе выспай слёз, i там нядаўна збудавана каплiца-звон з жанчынамi ў чорных жалобных хустках, якiя лямантуюць вакол яе.

Пад'язджаюць кавалькады машын, шлюбныя карагоды. Малодухi ў начосах, цокаючы высокiмi абцасамi, у белых вэлюмах i сукенках нясуць кветкi, каб пакласцi iх пад помнiкам-маўзалеем. Помнiк гэты - балючы след савецкага сiндрому "адказнасцi" за грамадскую справядлiвасць у свеце. Але найбольш уражвае прывязанасць да традыцыi ўскладвання кветак да помнiкаў. У нас у Польшчы гэтага няма. Ну, хiба што маладыя едуць на моглiцы аддаць пашану нябожчыку бацьку цi мацi. А тут у карагодзе вайсковых учтаў жанчына робiцца падданай рытуалу ваенных завядзёнак. Дакляруе свой удзел у чыста мужчынскiм вайсковым жыццi, беручы за яго адказнасць i на сябе.

Узгадалася ашмянская гiсторыя, расказаная мне кiмсьцi ў Менску. Тамтэйшы ксёндз угаворваў маладых, каб замест да помнiка "адзiнага сапраўднага абаронцы айчыны" ездзiлi на цвiнтар. Калi ўжо iм мусова недзе пакласцi тыя кветкi. Бо гэта ж не каталiцкая традыцыя. Праз некалькi тыдняў яго выклiкалi ў гарадскую ўстанову i параiлi не соваць носа ў дзяржаўнае проса. Вiдаць, уладам забалела, што можна ставiць пытальнiк пад шмат якiмi фiгурацыямi iх iдэалагiчнай рыторыкi. У доўгай размове з чыноўнiкам ксёндз патлумачыў, што хрысцiянiн не можа аддаваць пашаны помнiкам. А гэты помнiк у цэнтры Ашмянаў не звязаны з нiякай смерцю, цi месцам пахавання. Праз некалькi тыдняў яго зноў выклiкалi, i той самы прадстаўнiк улады ветлiвенька пытаецца ў яго, а што айцец пробашч сказаў бы, калi б яны перанеслi людскiя шчэнты з вайсковых могiлак пад помнiк. Ксёндз адрэагаваў толькi шакiраванай мiнай i пакiнуў справу без адназначнага адказу.

Якое ж было ягонае здзiўленне, калi ў першых днях верасня неспадзявана атрымаў запрашэнне на пасвячэнне адноўленага помнiка савецкаму салдату. Улады пастаралiся звыш меры пра новы iдэалагiчны падмурак. Выкапалi нейкiя парэшткi з вайсковых магiлаў на цвiнтары, арганiзавалi ўрачысты мiтынг пад помнiкам, на якi сагналi ўсе навакольныя школы i некалькi таксама амаль ужо мёртвых прамысловых прадпрыемстваў.


  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7