Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Беларуска (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Пиньска Марта / Беларуска (на белорусском языке) - Чтение (стр. 2)
Автор: Пиньска Марта
Жанр:

 

 


VIII

Неспадзявана пасля нашай працяглай начной размовы яна дала мне сшытак з запiсамi. З таямнiчай усмешкай паведамiла, што гэта дазволiць мне крыху лепей зразумець яе ўнутраны лад.

Я ўзялася чытаць з пэўным подзiвам. Крыху ў гэтым успамiнаў, вершаў, малiтваў, паэтычнай прозы, выпiсак з iншых кнiг - яе любiмага чытва. Ёсць таксама фрагменты нейкiх яе артыкулаў, цi эскiзаў i чарнавiкоў. Яна згадзiлася, каб частку тых тэкстаў я пераклала.

Калi я пачынаю разважаць пра свабоду, я думаю пра абмежаваннi, якiя не дазваляюць мне адчуваць сябе свабоднай. I тады я задаю сабе пытанне - калi ж я свабодная. Чаму апынулася тут i цяпер, у гэтым часе i прасторы. Развалiўся Савецкi Саюз. Для маiх бацькоў гэта быў сур'ёзны дыскамфорт. Мацi камунiстка, бацька разважлiвы патрыёт, якi па начах слухаў "Радыё Свабода". Абое рашылi прыняць гэту новую рэчаiснасць i ўступiлi ў нейкi кааператыў, якi даваў хуткiя i неблагiя грошы. Адчулi свабоду i дастатак. Але адначасова i няўпэўненасць цi ўдасца так далей утрымацца. Бо ў перспектыве ўсё ж пенсiя i невядомы лёс. Мацi пачала даваць збоi ўжо ў 1994 годзе перад выбарамi прэзiдэнта. Нават угоньвалася з улёткамi, каб людзi ў нашым доме галасавалi за Лукашэнку. То былi класiчныя ўцёкi ад свабоды. Бацька пасля паражкi БНФ адышоў ад палiтыкi. Яго свабода таксама зазнала плягi.

А для мяне, нягледзячы нi на што, быў гэта свет знешнi, з нiчым я сябе не атаясамлiвала. Нiякай палiтыкi, нiякiх поглядаў. Айчынная вайна яшчэ пэўная святыня, бо ў дзяцiнстве ў мяне быў любiмы дзядуля, якi ўвёў у мяне тую вялiкую легенду пра вайну з фашыстамi, вайну за вялiкую святую справу. У сярэдняй школе ўсё гэта адбiлася ўва мне патрыятычным парывам. Мне было шаснаццаць, калi я звярнулася ў ваенную камендатуру, каб мяне ўзялi ў Афганiстан на вайну санiтаркай. Калi сёння я чагосьцi саромеюся, дык не так высакароднага парыву, як таго невуцтва, якога нiхто з самых блiзкiх не мог альбо не хацеў паправiць. Бо пазней i зусiм ненаўмысны мiф пра высакародную вайну аказаўся мiстыфiкацыяй, а дзядуля сапраўды быў партызанам, але як скiнуты з парашутам камiсар НКВД. I зусiм не ваяваў з фашыстамi. Пасля вайны невядома чаму некалькi гадоў служыў у адным з лагераў на Калыме. У кожным разе не як ахвяра. Усё гэта не было схавана ад мяне, бо ў размовах з бабуляй я завялася занадта моцна цiкавiцца падрабязнасцямi.

Але ўсе мы, мусiць, былi такiм суровым, высакародным матэрыялам, з якога спакваля i сiстэматычна пяклi нейкi хлеб, прасавалi iдэалагiчныя пляцкi з малых несвядомых кавалкаў, казурак, пазбаўленых абарончых механiзмаў.

Адна мая знаёмая з мястэчка Беразiно сваiм часам была добрай, пачцiвай i гарачай камунiсткай. Верыла ва ўсе гэтыя глупствы. Мела добрую адукацыю, заслужаную пасаду ў раёне. Уладкаваны свет. Калi ў 1990 годзе ляснуўся яе даражэнькi Савецкi Саюз, лопнула ўся структура, яна месца сабе не знаходзiла. Паўгода хадзiла сама не свая. Страцiла працу ў райкаме, з ёю перасталi лiчыцца. Аднаго вечара яна кiнулася ў плынi ракi з самага высокага ў горадзе маста. Выцягнулi яе ў апошнi момант. Ляжала ў бальнiцы, лячылася больш года, i тады ў ёй нешта прарвалася. Узялася за паро, панадзiлася пiсаць вершы. Праз суседку запазналася з каталiцкiм ксяндзом. Заўчашчала ў касцёл. Ажыла. Зноў знайшла сваё месца.

Калi я гляджу на такi лёс i думаю пра свабоду, адчуваю нейкi фальш i няпраўду ў кожнай навязанай структуры. А я ж тым самым часам ведаю, што свабода - гэта часцяком нейкi выбар акрэсленай праўды, структуры, схемы, што дае сiлу быць унутрана моцнай i добрай для iншых.

Я ўсё яшчэ захавала ў сабе ўпэўненасць, што ўжо цяпер нiхто мяне больш не ашукае, як мiльёны гэтых бедных савецкiх грамадзян, кормленых iдэалогiяй, надзеяй, хлуснёй i страхам. Няма мне месца нi ў якой структуры. Адусюль, дзе толькi прыкмячаю хоць бы якi след складзенай кiмсьцi рэчаiснасцi, я выкоўзваюся, уцякаю i шалею як у прыступе клаўстрафобii. Замкнутая, усю сваю энергiю трачу на планаванне ўцёкаў i ўжо калi вырываюся, першы глыток свежага паветра мне больш вартасны i жывасны, чым увесь той спакой i ўнармаваная iснасць, да якой мяне дапасавалi.

IX

Яна расказала мне пра сваю апошнюю мару. Было, як у цёплым сне, ты яшчэ ўся ў iмгненнi абуджэння, яшчэ кволiшся ў мроiве, а ўжо святло, якое падае ў пакой, уступiла з табою ў блiзкi кантакт.

Ёй снiўся прыгожы сон з падстрыжаным газонам i дагледжаным кветнiкам. На вулiцы перад пад'ездам вялiкi аўтамабiль, амерыканскi van з блiскучымi буферамi i ёмiстым нутром. На ветравой шыбе прылiплыя бярозавыя лiсткi. За ноч стаяння на металiчны лак асела раса. Усё гэта разам як вобраз упэўненасцi, стабiльнасцi, заможнасцi, перажываных у сямейным коле. Я аж сама дзiву далася, што так кiнулася ў мары. Туга па сямейным цяпле, апецы чалавекам, якi штодзень надзявае чыстую кашулю i прыносiць у дом гiбель колькi даляраў.

Сапраўды я здзiвiлася, бо лiчыла яе цвёрдай дзяўчынай, якая, навучаная савецкiм вопытам, ведае, што няварта так лёгка аддавацца iлюзiям i марам, бо сутыкненне з брутальнай рэчаiснасцю бывае непрапарцыянальна балючае. Стараюся падтрымлiваць яе, каб апорысцей стаяла на зямлi.

А яна тады расклеiлася i завялася ў румзы.

Кажа, што гэтак сама адчула сябе калiсьцi, вярнуўшыся з Чэхii. Упадала ў iстэрыю праз таго чэскага бiзнесоўца, з якiм запазналася ў Менску на кiрмашы. Стары казёл звёў яе абяцанкамi, запрасiў у Судэты на лыжы, спыняўся ў дарагiх гатэлях, даваў вячэры ва ўтульных кнайпах. Меўся забяспечыць ёй сталы побыт, дазвол на працу, кватэру ў Празе. А пасля раптам знiк, пакiнуўшы яе каля польскай гранiцы. На шчасце аплацiў рахункi, i яна мела пры сабе колькi там даляраў, каб вярнуцца праз Уроцлаў начным цягнiком у Берасце.

Кажа, што Багумiл спалохаўся яе тэмпераменту ў ложку. Яму ўжо было пад пяцьдзесят за плячыма, а яна мела дужа разгарачаны смак на жыццё, фiзiялогiю, якая вымагала сiстэматычнага пешчання i трэнiнгу. Я толькi не магла паверыць, што яна так проста i хутка далася загнаць сябе ў пастку ўласных мараў.

Я разважала з ёю скрупулёзна крок за крокам, як яна ўяўляла сабе жыццё ў Чэхii - сцiплай журналiсткi з Беларусi, выстаўленай на пажыранне з прычыны гарманiчнай славянскай прыгажосцi, што адразу кiдалася ў вочы, - як безабаронны хутаранiн у лесе, поўным ваўкоў, рысяў i драпежных адзiнцоў. Дзяўчаты з Менска выязджаюць у Прагу наогул на вулiцу, i толькi некаторым перападае добрая халява ў начным кабарэ, дзе яны растрэсенымi сцёгнамi даводзяць да эрэкцыi поўныя партфелi тлустых i слiнявых пенсiянераў з Германii, Аўстрыi i адкуль бы там яшчэ тое нi было.

Яна марыла вырвацца адтуль, з бруднай i бяздоннай ямы, дзе адзiныя сапраўдныя хахалi - гэта злачынцы ў люксусовых аўтамабiлях з прэзiдэнцкай цi iншай мафii. Яна доўга спасылалася на нейкiх знаёмых з радыё "Свабода", у беларускай рэдакцыi. Калi б Багумiл дапамог ёй зачапiцца на першых паўгода, яна напэўна знайшла б працу ў якой-небудзь культурнiцкай праграме радыё i пiсала б карэспандэнцыi пра артыстычную актыўнасць землякоў за гранiцай.

З першага падарожжа ў Прагу яна i прывезла масу цiкавых фотаздымкаў. З усiх веяла яе нерацыянальнай тугой па мяшчанскiм уладжаным жыццi. Да знуджэння талдонiла мне, што даўно думала застацца там, бо ў Чэхii, бадай што, найпрасцей знайсцi самую сябе - мова блiзкая, краiна славянская, культура заходняя. Прачытала недзе ў менскай газеце, што там адносна лёгка дастаць карту на сталае жыхарства. Вацлаў, з якiм тады пазнаёмiлася ў начным бары, падрадзiўся паспрыяць. Але калi ён пад'юрыўся да яе ў саўне мала што не праз гадзiну пасля знаёмства, яна скемiла, што павiнна змянiць альбо прафесiю, альбо тактыку.

Калi яна мне ўсё гэта расказала, я адчула крыху нясмаку i нават гiдлiвасцi да яе. Так лёгка знiзiла лёт амбiцый з прычыны фатальнай паласы ў жыццi. Вядома, няўдачы змушаюць да карэкцыi планаў, але з яе здольнасцямi гэта не праблема. Яна дасканалая журналiстка, паэтка, цудоўна разбiраецца ў музыцы, сама грае на фартэпiяна, па-майстэрску фатаграфуе, мае спартыўнае захапленне i добрыя ўмовы, каб шмат гадоў трымаць сваё цела ў выдатнай кандыцыi i прыгожай форме, без лiшняй траты сiлы, без адмысловага самаахвяравання. Веданне некалькiх моваў i класнае ўмельства зблiжацца з людзьмi, а таксама журналiсцкi нюх на ўсялякiя актуальнасцi.

Пазнаёмiўшыся з ёю, я сама не магла адысцi ад здзiўлення, - чаму я так раптам проста з моста захапiлася гэтай самастойнай, упарцiстай дзяўчынай, якая з французскай iнтэлектуальнай лёгкасцю, нямецкай паслядоўнасцю ў працы i iтальянскiм тэмпераментам заваявала Менск.

А цяпер як звычайная няўдалiца падбiвае мяне выехаць з ёю куды-небудзь з гэтай юдолi роспачы i адчаю. Яна iмпэтна загараецца новымi iдэямi i, з блiскучымi вачыма, падкурчыўшы ногi на тапчане, уголас чытае фрагменты тэкстаў з газет пра тое, што замежныя iнвестары ў Чэхii могуць i не мець спецыяльных грошай, дастаткова зацiкавiць фiрму, каб закупiць нерухомасць i дастаць права на жыхарства...

Толькi як нядаўна, апошняй зiмою, з'ездзiла туды - у чэшскiя Судэты - яе першая зачараванасць добрай арганiзацыяй кожнай дэталi жыцця перарадзiлася ў скепсiс, калi ёй далi зразумець, што яна там такая ж чужая, як цыган альбо хтось такi iншы. Яна пазычала лыжы на цэлы тыдзень, i нiхто яе спецыяльна не чапаў, калi аддавала на дзень-другi пазней. З усмешкай запрашалi прыйсцi наступным разам. Жыла ў вялiкiм гатэлi, з вокан якога былi вiдны падсвечаныя горы. Праз некалькi дзён нейкi трыбухаты чэх, якi ўвесь час ейнага пражывання ўважлiва пасвiў яе вокам, намякнуў, што ён там гаспадар i чакае аддзякi за такiя прыемныя хвiлiны. Можа, не было б у тым нiчога брыдкага, але калi ён прапанаваў падмацаваць ужо дадзеныя авансы канкрэтнай платай, яна адчула гiдлiвасць. Бадай, хутчэй да самой сябе, чым да таго разапселага парвеню. Ён жа аказаўся звычайнай свiннёй, бо за адхiленыя авансы паквiтаўся i данёс iмiграцыйным уладам, што яна прастытутка. I яна з адмiнiстрацыйнай вiзай мусiла пакiнуць Чэхiю на працягу дваццацi чатырох гадзiн. Магу сабе ўявiць, колькi сораму i ганьбы ператрывала. Ну, i год перапынку, балючага расстання з квяцiстай рэчаiснасцю, да якой паспела ўжо душой прыкiпець.

X

З таго часу седнем засела ў Менску i заўзята пiша справаздачы з выставаў, якiя наведала ў Празе. Нiхто не хоча публiкаваць, дык расчараванасць паглыбляецца.

А Марк прыходзiць да яе на кватэру i, убачыўшы нас абедзвюх, прытухлых i нябогiх, прапануе выехаць у Рыгу. Пазней я гутарыла з Маркам, якi заўсёды ахвочы да новых выклiкаў лёсу i перамен. Не вельмi яму гэта абыходзiць, не дужа далягае. Кантракт з немцамi ўжо канчаецца, а прапановы працы ў гандлёвай канторы пасольства даволi цьмяныя. Але i Марк, якi заўсёды цвёрда ходзiць па зямлi, высмеяў такую перспектыву. Хоць ён i не паляк, але раiў ёй, што лепш было б зачапiцца ў Польшчы.

Марк са сваiм латышскiм грамадзянствам i банкаўскай прафесiяй можа не турбавацца. Адзiная праблема, якою ён дастаў мяне, гэта - што мы павiнны былi б пабрацца i такiм чынам урэгуляваць нашыя адносiны. А ў мяне на тое жаднай ахвоты. Дык вось калi ён прыходзiць да яе i бачыць нас абедзвюх, як мы сядзiм блiзка адна каля аднае на кухнi над чайнiкам гарбаты, ён упадае ў ятру i спаганяе на ёй усё сваё раздражненне.

Тады яна дэманструе мне мужчынскую салiдарнасць i падбiвае мяне пагаварыць з iм больш сур'ёна, чым дагэтуль. Зрэшты я трактую гэта як правакацыю цi яе жарт. А Марк недаверлiва глядзiць на нас i ўсё гэта прымае за вытанчана далiкатную гульню дзвюх кабет супроць адзiнага тут вартаснага мужчыны.

Часта паўтараю ёй, што такi постсавецкi госць шануе цябе, пакуль ты незалежная. Пайсцi на ягоныя хлябы i транты - гэта прыкладна тое самае, як дацца замкнуць сябе ў камеры турмы на Валадарскага, якую цi не кожны дзень я сузiраю са свайго акна.

А сёння ён салодзенькi i любенькi, хоць ты цалуйся з iм. I такога яго люблю, але iду ў заклад, што праз дзень па шлюбе ён меў бы мяне глыбока ў срацы. Так i бачу iх абаiх перад тэлевiзарам, як яны мастурбуюцца, да позняй ночы праглядаючы парнаграфiчныя фiльмы, пакiдаючы ялавым такое ладнае цела на тапчане. А мне з iм добра, але я хачу незалежнасцi i права выбару.

Апошнiм часам яна загаварыла пра выезд у Новую Зеландыю. Я бяссiльная i з такой самай бяссiлай мiнай выслухоўваю яе новыя намыслы. Кiдаецца з iлюзii ў iлюзiю. Я, вядома, нiчога не выключаю. Яна ведае мяне настолькi, што ўмее развярэдзiць маю фантазiю. Нездарма ж мы паслалi ўнёскi на вiзавую латарэю ў Штаты.

Кантракт з Мiнiстэрствам адукацыi канчаецца ў мяне ў чэрвенi. Пасля двух гадоў працы выкладчыцай польскай мовы ў тутэйшых вучэльнях я думаю, што буду вымушана зрабiць сабе перапынак. Выязджаю ў Менск. Вяртаюся ў Кракаў.

XI

Так было ў мяне з адной маёй паездкай у Вiльню. Я купiла бiлет, села ў цягнiк i за няпоўныя чатыры гадзiны была ўжо там i рассякала старую Вiльню. Разглядваючы сябе ў вiтрынах крамаў, слухаючы цвiркатанне летувiскай мовы, заглыбляючыся ў змрочныя сутарэннi касцёлаў, я ўвесь час мела высокi ўзровень адрэналiну, якi дазваляў мне амаль навобмацак адчуваць сапраўдную свабоду.

А свабода ж можа мець форму мужчыны. Хай сабе i не заўсёды i не надоўга. Я засела на Замкавай за столiк у кавярнi, замовiла сок i канапку. Як лёгка звярнуць на сябе ўвагу - самотная дзяўчына, усмешлiвая, нiкуды не спяшаецца.

Суседнi столiк. Пажылы мужчына. Я адказала ўсмешкай на зачэпны кiвок галавой, якi, мусiць, павiнен быў азначаць "смачнога". З другога суседняга столiка падсунулася смешная сiтуацыя. Муж, жонка, дзiця. Ён бачыць пад сталом мае адкрытыя каленi i не зводзiць з iх вачэй. Няўжо мужчыны больш палiгамныя? Я не ўпэўненая, бо, бадай што i хутчэй за ўсё, палiгамныя мы, жанчыны. Калi, маючы ўсялякiя вартасцi i целы i асобавасцi, мы можам выбiраць спасярод залётнiкаў, шанавальнiкаў, сярод арды самцоў, якiя дужаюцца за доступ да ўлады, маёмасцi i нашых целаў, што таксама ёсць атрыбут улады i маёмасцi. Сярод гэтых iнстынктаў толькi тое, што робiм мы, ёсць сапраўдная палiгамiя. Быць са мною можа толькi той, каго захачу я. На хвiлiну, на адзiн раз, альбо на цэлае жыццё. I то ж большасць жанчын не ўсведамляюць гэтай сваёй незвычайнай улады. I паддаюцца мужчынам. Падпарадкоўваюцца, дзелячы ўладу i маёмасць свайго Гаспадара i ўладцы. На яе сплывае частка атрыбутаў улады. Прызвычаеныя выхаваннем матуляў i бабуляў трываюць у гэтым стане, даючы выйсце толькi бясплённым мроям.

Насупраць селi два хлопцы. Маюць сотавiк, якi сюд-туд i назвоньвае. Балабоняць па-летувiску, уладжваюць нейкiя гешэфты. П'юць каву. Праз колькi там хвiлiн у iхнiх клопатах яўна настае нейкi пералом. Пасля аднаго такога званка радуюцца, паляпваюць па плечах, пляскаюць у далонi, як пасля гола ў баскетболе. Абодва летувiсы рослыя, светлавалосыя, у джынсах i спартовых кашулях. Уладзiўшы нейкую важную справу, адмаўляюцца ад кавы i заказваюць чатыры вялiкiя куфлi пiва. Расслабiўшыся, пачынаюць заўважаць мяне. Сваiм звычаем я какетлiва апускаю вочкi i сцiпленька ўсмiхаюся.

Калi даядаю канапку i ўжо меруся плацiць, адзiн з iх устае ад столiка i пытаецца па-летувiску. Нiчога не разумею. Пытаецца па-расейску, цi нельга iм падсуседзiцца. Усмiхаюся. Яны бяруць сваё пiва, падсаджваюцца. Аднаго завуць Арвiдас, другога Ёнас. Абодва з Коўнi. Прыехалi купiць нейкую вялiкую партыю электратавараў у расейца з Калiнiнграда. Дамоўленую цану iм удалося збiць i вось радыя, бо ў Клайпедзе тавару ўжо чакае вялiкая крама.

У такiм радасным настроi яны коратка расказалi пра ўдалы дзень, памысныя iнтэрасы i перспектывы сваёй фiрмы. Як на летувiсаў хлопцы даволi гаваркiя i адкрытыя. Выпiўшы пiва, заплацiлi, i мы пайлi на шпацыр па горадзе, бо, даведаўшыся, што я з Менска, от мусова зарупiла iм узяць мяне ў Коўню. Арвiдас адразу саступiў месца ля мяне Ёнасу. Можа, загадзя ўмовiлiся, альбо ж не хапала iм эратычнага ўяўлення. Шпацыр з кожнай хвiлiнай набываў усё гусцейшы характар як у тэмах гутаркi так ва ўсё часцейшых дакрананнях. Хлопцы, вiдаць, не ўяўлялi сабе, што я магла згадзiцца пайсцi з iмi абодвума, што хапае мне на тое адвагi, рашучасцi i сексуальнай фантазii. Мае намёкi не даходзiлi да Арвiдаса, толькi злавалi Ёнаса. У парадку. Я дала сабе спакою што да далейшых правакацый, не зацягвала iх больш на няпэўны грунт. Зрэшты, дзеля таго ж я i прыехала ў Вiльню, каб перажыць штосьцi моцнае.

Арвiдас нарэшце праз дзве гадзiны злiняў. Мы з Ёнасам сядзелi ў кнайпе на Дамiнiканскай. Пачаў прыступаць да справы. Сапраўды спяшаецца ў Коўню, куды запрашае i мяне, але, зрэшты, маглi б праехацца на машыне куды-небудзь за горад. Я адразу згаджаюся, бо пасля добрага пасiлку варта i прагуляцца. Выязджаем у бок Неманчына. Дзесяцiгадовы чорны "Мэрсэдэс" цудоўны, як новенькi. Добрая музыка. Збочваем у лес. Я пытаюся ў Ёнаса, цi мае прэзерватывы. Пасаромлены, кiвае галавою, што не. Вяртаемся на блiжэйшую запраўку. Купляе. Вяртаемся ў лес. Ёнас заглыбляе машыну ў гушчобу. Выходжу. Ён кiдаецца на мяне, распалены. Супакойваю яго. Маем час, куды нам спяшацца паспеем у ягады схадзiць. Прапануе пакласцi мяне на нагрэтым чахле машыны. Дастае з багажнiка коўдру. Я здымаю майткi. Падцягваю спаднiцу. Ёнас ледзь дыхае. Не разлiчваў на такiя тэмпы. Надзяваю яму прэзерватыў. Няблага. Але ўжо праз хвiлiну ён канчаецца ўва мне. Поўны прэзерватыў спермы, Гладжу яго, але вiдаць, як хутка ападае ў iм ахвота да далейшых пяшчотаў. Дрэнь. Шмат цела, мала мазгоў у чэрапе. Я расчараваная. Ён не трацiць фасону. Робiць выгляд, што было o'кей. Нацягвае мне майткi, азiраецца навокал - крыху небяспечна. Не пярэчу. Пакуемся i - у машыну. Адчыняю бляшанку з пiвам. Ёнас крыху сумеўся. Спрабуе дамовiцца на наступнае спатканне. Аддае мне рэшту прэзерватываў, каб захавала да наступнага разу. Во, нахаба. Спяшаецца. Добра, разумею. Але каб так дэманстрацыйна.

Завёз мяне ў горад. Развiталiся даволi холадна. Ён быў крыху агаломшаны маiм тэмпераментам i, вiдаць, адчуваў сорам, што я прынiзiла яго, навязаўшы свой рэжым. Але не зразумеў, што ў гэтым магло, зрэшты, заходзiцца пра нешта цалкам iншае. Калi б ён не аддаў мне тых прэзерватываў i не злез з мяне з такiм спрытам, ледзь не падганяючы мяне адзявацца, я ацанiла б яго зусiм iнакш. А я адчула сябе рэччу. Ён мог бы, вядома, у той момант сказаць, што я сама так хацела, бо лёгка на ўсё згадзiлася. Гэта толькi пачатак. Гэта толькi нагода прачынiць самыя патаемныя закануркi душы. Чым больш у сексе дзiкага эгаiзму, тым хутчэй трэба з iм канчаць. Секс адчыняе дзверы каханню. А ён, здаецца, таго не разумее. Цяжка, хоць гэта i мая страта.

Я зноў на Замкавай. У запасе больш за дзве гадзiны да цягнiка. У Менску буду каля адзiнаццатай. Уваходжу ў касцёл св. Ганны. Як я люблю гэты касцёл. Ён адчыняе ўва мне ўсю маю генетычнную памяць. Я быццам заглыблялася ў iм ва ўсе закуткi гiсторыi, перажытага, трагедый i радасцяў. Нiбы я была сама гiсторыяй гэтай зямлi, часткаю людскiх лёсаў, якiя накладваюцца на маё марнае, нiкчэмнае жыццё. Малюся, уткнуўшыся тварам у далонi. На далонях яшчэ пах прэзерватыва. Не ведаю, смяяцца цi плакаць. Мяшаецца ўва мне дзiкасць маёй натуры з разбуджанай настальгiяй па ўпарадкаваным жыццi. (Якога nota bene не выношу). I як тут зразумець сябе самую.

Выходжу з касцёла. Каля помнiка Мiцкевiчу дзве дзяўчыны за мальбертамi пэцкаюць палатно, надаючы вобразнасць гарадскiм краявiдам.

Рашыла выпiць добрай кавы. Падымаю ацяжэлае цела на гару завулкамi з боку Зарэчча да касцёла айцоў Аўгусцiнцаў. Заварочваю на вулiцу Бокшта, уздоўж тоўстага цаглянага мура - направа i вяртаюся св. Казiмiрам у стары горад. Мiнаю пажылога мужчыну. Вiдаць, замежнiк, якi з дзiцячай радасцю спрабуе схапiць у аб'ектыў свайго апарата выдатна асветленую залацiстую званiцу касцёла св. Казiмiра. А ў мужыка чэпкае вока! Сапраўды, выгляд цудоўны. Архiтэктура, якая дае адчуванне велiчы як яе творцаў так i тых, што хоць бы на хвiлiну спрабуюць затрывалiць яе ў памяцi.

З вулiцы св. Казiмiра я выйшла на пляцык перад фiлармонiяй. У ашклёнай кавяраньцы, прылепленай да сцяны старой камянiцы, знаходжу выдатны вiдок на ўваход да Вострабрамскай, арка з вулiцай уздоўж будынка фiлармонii, выхад на вулiцу Вялiкую (Дыджоi) з уваходам у браму ў камянiцы, на падворку якое зацiшны гатэлiк "Grybas". Заказваю каву, заходжу на хвiлiну ў сутарэнне ў туалет. Калi вяртаюся, за маiм столiку сядзiць той самы пажылы мужчына, якога спаткала, калi ён фатаграфаваў капулу св. Казiмiра. Мая сумка вiсiць на крэсле, дык я падыходжу зняць яе i перасесцi.

Мужчына ўстае i па-ангельску перапрашаецца, што заняў маё месца. Сам перасядзе. Мы стаiм так з хвiлiну якую ў перапросiнах i раптам выбухаем смехам, рашаем сесцi i хай будзе, як ёсць. Мужчына прадстаўляецца. Iмя Марцiн. Амерыканскi жыд. Яго радня паходзiць з Вiльнi. Многiя з раднi загiнулi ў час вайны ў недалёкiх Панарах. Але ён не спынецца на падрабязнасцях. Бегла тлумачыць, што мае тут крыху iнтэрасу. Прадстаўляе як юрыст некалькi амерыканскiх фiрмаў у Вiльнi i ў Рызе. Мае даручаную працу i час ад часу прылятае сюды з Амерыкi. Жыве ў гатэлi насупраць, у "Грыбасе". Стары жыдоўскi дом купца Фейгельзона мае добрую аўру.

Выпiваем каву. Я крыху расказваю яму пра сябе. Пра свае журналiсцкiя страсцi i пра пошукi свабоды, да якой з Менска так блiзка, а яна тым часам як бы i недаступная. I таму даводзiцца нам, беларусам, наязджаць сюды, каб падобна Фаме-недавярку дакрануцца i ўпэўнiцца, што так яно i ёсць напраўду. Скарачаю размову, дапiваючы каву i паглядаючы на гадзiннiк. Тлумачу, што праз сорак хвiлiн мой цягнiк. Марцiн заахвочвае мяне яшчэ, каб я заглянула з iм у браму дома насупраць. Згаджаюся. Ён паказвае мне чорную гранiтную дошку з надпiсам па-расейску i па-жыдоўску. Дом купца Фейгельзона. Выходзiм на вулiцу ў бок Вострай Брамы. Ён пытаецца, цi можна яму правесцi мяне да вакзала. Я ўсмiхаюся, дазваляючы. Ён вельмi сiмпатычны. Я прыглядваюся да ягонага твару ў прамянях надвячорнага сонца. Бадай што, яму гадоў пад шэсцьдзесят. Але не адчуваецца. Невысокi, хударлявы, дагледжаны. Мабыць, у Амерыцы гэта стандарт, у нас у Менску мужчына ў такiм веку абуджае сама большае спачуванне. А ён ужо пачынае мне да спадобы прыпадаць. Адчуўшы недасканаласць маёй ангельскай, стараецца гаварыць павольна, падбiраючы зразумелыя мне словы. Мы праходзiм пад вострабрамскай каплiцай, i ён, далiкатна беручы мяне за далонь, пытаецца, цi каталiчка я. Расказваю яму, як у семнаццаць гадоў я ўцякла з дому, каб з'ездзiць у Нясвiж i ахрысцiцца. Сама так рашыла. Цяпер не ведаю да канца, якога роду быў той выбар. Цi рэлiгii, цi нацыi, цi проста свабоды ад таго замкнутага савецкага свету, у якiм мне штораз рабiлася ўсё больш задушлiва.

Яму гэта спадабалася. Ён расказаў мне, як адышоў ад рэлiгiйных традыцый сваiх бацькоў. Выхоўваўся на рабiна ў Нью-Йорку. Адкiнуў рэлiгiю, традыцыi. I нiколi не шкадаваў за свой выбар. Стаўся спраўным юрыстам. I яму добра вядзецца. Ён заможны, мае цудоўных дзяцей, нават адну ўнучку. Сапраўдны жыдоўскi кайф ад спраўджанага лёсу i жыцця. Але толькi калi прыехаў у Вiльню першага разу восем гадоў таму назад, адчуў, як глыбока засела ў iм усё жыдоўскае i як цяжка забыцца на продкавую спадчыну. Не, нiколi не адчуваў нiякай вiны. Ён задаволены сваiм жыццёвым выбарам. I Пан Бог нiколi не абыходзiў яго сваiмi даброцямi, даючы здароўе, дзве жонкi, маёмасць, поспех i дастатак. Толькi прыехаўшы ў Вiльню, адчуў нейкiя павевы свабоды. Дзiўная гэта свабода, вецер якое вее з магiлаў продкаў, ад старых камянiц, барваў i пахаў горада, якi называлi Паўночным Ерусалiмам.

Расказваючы, Марцiн вельмi глыбока глядзеў мне ў вочы, як бы правяраючы, цi паспяваю я за iм. Не так за мовай i сказанымi словамi, як за думкай, за бегам перажыванняў, пачуццяў i тых хваляў эмоцыяў, якiя яго так шчасна i гарманiчна парываюць. Мая сiмпатыя да яго расла з хвiлiны на хвiлiну.

Мы загаварылiся, а цягнiк ужо меўся ад'ехаць. Я махнула рукою з удаванай пакорай - а, паеду начным. Буду ў Менску пад ранiцу. Няма праблем. Марцiн быў рады з такога павароту справы. Мы рашылi пайсцi ўбок сiнагогi. Ён паказаў мне будынак, нiбы гэта была бацькава камянiца. Не, ягоны бацька не меў тут нiякай камянiцы. Проста хадзiў сюды малiцца. Хоць Марцiн i не ўпэўнены ў гэтым. Бацька асiрацiў яго, калi Марцiну споўнiлася семнаццаць. Пахаванне бацькi было акурат у дзень яго народзiнаў. Памяць пра Вiльню бацька, аднак, здолеў яму прышчапiць настолькi моцна, што, прыехаўшы сюды першы раз, адчуў, што нiбыта ведаў усе гэтыя вулачкi. Вiльня - гэта атмасфера горада, дзякуючы якой людзi робяцца яго часцiнай, як бы дадаткам да краявiду. Ягоныя сустрэчы з сучаснымi жыдамi пацьвярджаюць у iм горкую рэфлексiю, што многiя спрабуюць дапiсацца да гiсторыi, бачачы ў гэтым неблагi бiзнес. Жыд - гэта не нацыянальнасць, гэта прафесiя. Жартуе, тут жа дадаючы, што гэтак сама ж, мабыць, i з iншымi нацыямi. Сяго-таго я сказала б i пра немцаў з Казахстана цi палякаў у нас у Беларусi. Без анiякiх на тое заслугаў i паняверак прыпiсваюць сабе iншы лёс. Ставяць у лесе манекены цi статыстаў на прадстаўленне старцам, спрагненым вяртання сваёй маладосцi. Ён прызнаў маю рацыю i тут жа давай тлумачыць, што сам сюды наязджае з рэальнымi iнтарэсамi, што ён нiякi не магiльны партрэт сваiх продкаў. Я перапрасiлася за занадта моцнае параўнанне. Пасля чаго ён у мяне перапрасiўся, i мы, можна сказаць, пачалi выдурнiвацца ўзаемным какецтвам, калi Марцiн запрасiў схадзiць на неблагое пiва ў джаз-клуб непадалёк ад дамiнiканскага сабора. Павяло на сутонне. Ён узяў маю сумку. Я не пярэчыла. Узяў маю далонь. Не пратэставала. Было ў iм столькi цяпла, што я не мела сiлы ставiць якую б там нi было заслону, якая магла б мяне абаранiць ад неспадзяванай атакi невядомых мне жывёлаў з боку чужога пажылога мужчыны. Я адчувала, што гэта не я, а ён мае перавагу ў нашай гульнi. Я згаджалася на ўсё, iнтуiтыўна не прымаючы нiякай небяспекi.

У клубе мы пасядзелi тры-чатыры гадзiны. Выпiлi мора пiва. Выкурылi масу папяросаў, i я нагаманiлася, часам перакрыкваючы настырны саксафон маладога летувiскага музыкi, якi высiльваўся перакласцi амерыканскiя стандарты на мяккую, свiстучую мову летувiскiх балтаў.

Калi я зарыентавалася, што падпiрае час, мы заспяшалiся праз горад ў бок вакзала, не хацелася браць таксi. Дамчалiся да вулiцы Нямецкай, i тут мне прыспiчыла - далося-такi тое пiва. Дзе тут забягач? У кавярню. Туды, дзе пазнаёмiлiся. Позна. Жвавым подбегам шыбуем у бок Вострабрамскай. Кавярня ўжо зачынена. Марцiн прапануе заскочыць да яго ў гатэлiк. Iншага выйцся няма. Iдзём да яго. I ўжо седзячы на ўнiтазе, поўная свабоднай палёгкi, пачынаю ўпадаць у шчаснасны морак сваiх жаданняў. У ваннай пах ягонай касметыкi. Добрая марачная касметыка. Абапал клазетнай ракавiны параскiданы "Wall Street Journal". На падлозе - бялiзна. Прыемнае бязладдзе пахне стабiльнасцю i заможнасцю. Апускаюся ў змрочную i вiльготную памяць самых прыемных хвiлiнаў з мужчынамi, якiх мела. Сяджу на ракавiне i не карцiць мне выходзiць. Марцiн ветлiвенька стукаецца ў дзверы i пытаецца, а цi добра я пачуваюся, а цi нiчога мне не далягае.

Калi я выйшла, ён налiў чарговую шклянку пiва i запрасiў уладжвацца ў фатэлi каля вялiкай лямпы на падлозе. Абое заўважылi ў сабе агонь, якi знерухомiў нас i паволi растапiў.

Я не пратэставала, калi ён пацалаваў мне ў далоню. Спярша далiкатна, вакол запясця, пасля адкрытую. Закалыханая цёплымi дакрананнямi ягоных губоў, я глыбей апускалася ў фатэль. Беглi хвiлiны, мiнуты, я гладзiла яго лысаватую галаву, твар, шыю. Ён вадзiў языком па маёй далонi, вiльготна пранiкаючы памiж пальцы. Нарастаючая прыемнасць падказала мне ўстаць. Мы пачалi цалавацца. Моцна, жарасна, пры вiрлiвай лямпе на стале, абапiраючыся на дзверы, сцяну, натыкаючыся на канапу, падаючы на ложак. Слабеючы i калышучыся ў абдымках, папераменна ляжалi, кранаючыся целамi. Ён не рашаўся раздзяваць мяне. А я пасля столькага пiва раптам адчула санлiвасць, даброць. Запала ў кароткую дрымоту. Колькi гэта магло доўжыцца. Пяць хвiлiн, паўгадзiны. Падняла галаву, адзетая лежачы на ложку. Ува мне было i цяпер узбуджэнне, але разлянiўленае, соннае. Марцiн сядзеў каля стала. Далiкатнае, жоўтае святло лямпы выцiнала ў пакоi кавалак замкнёнай прасторы, у якой я бачыла толькi яго галаву, далонi, кнiгу i нататнiк. Ён штохвiлi адрываўся ад чытання, хапаўся за пяро i запiсваў нешта ў нататнiку.

Паглядзеў на мяне, правяраючы, цi сплю я. Я ўсмiхнулася. Ён устаў, падышоў да ложка, падсеў, беручы маю далонь. Мне падабалася яго далiкатнасць. Калi мы зноў пацалавалiся, я ўжо была гатовая на большае, чым да таго. Расшпiлiла яму кашулю i, лежачы на засланым ложку, гладзiла яго валасатыя грудзi. Ён падвёў далонь мне пад блузку, расшпiлiў станiк i дабраўся да напятых саскоў. Далей ужо пайшло хутчэй. Раптам, самi здзiўленыя развiццём падзеяў, мы ўбачылi свае голыя целы. Я працягнула руку да сумкi па прэзерватывы. Дастала ўпакоўку i, калi пачала адкрываць яе, гледзячы на ягоны ўзбуджаны чэлес, раптам абое выбухнулi смехам. У маёй далонi замест прэзерватыва была вялiкая круглая таблетка аспiрыну.

Смех ужо не пакiдаў нас да канца. Пацешнае здарэнне змянiла сур'ёзнасць сiтуацыi, надаўшы ёй дадатковага шарму. Гэта не быў секс. Гэта не былi зносiны мужчыны i жанчыны. Гэта была сустрэча даўнiх прыяцеляў, якiя сваiмi целамi апавядаюць пра ўсе матэрыяльныя i духоўныя лёсы, якiя раздзяляюць прастору i час.

Вярнулася ў Менск другога дня з пачуццём споўненасцi. Чаканая прыгода з'явiлася сама насуперак маiм планам i калькуляцыям, а яе памеры далi мне яшчэ больш сiлы i павагi да таго роду свабоды, якой немагчыма запланаваць i прадугледзець.

XII

Не ведаю, калi, але я сапраўды закахалася ў яе. I анi блiзка не ад сексуальнай пацягi. Секс быў калi не дадаткам, дык усё-такi недзе на ўзбоччы. Iмпанавала мне яе незалежнасць, упэўненасць у сабе. Выбiрала я ў ёй асобу цвёрдую, хоць i бачыла яе няўпэўненасць, комплексы i слабасцi. Апроч таго яна духоўным гартам i як бы з разбегу - галавою наперад - не трацiла ў гэтым брутальным свеце нiякiх рысаў далiкатнай i ўражлiвай iстоты. Яе прыгажосць была пацверджаннем гэтай змяшанасцi рэчаў i з'яў. Дробны смуглы твар, далiкатная скура, лагодныя рысы вуснаў, носа i абрысы вачэй. У вачах цеплыня, аптымiзм, радасць i зычлiвасць да свету навокал.

Прыглядваючыся да яе вачэй, я быццам падала ў студню, у глыбiню яе неакiлзанай натурыстасцi. Як ахiнутая чыстай крынiцай, поўнай жыўнаснай сiлы i неабмежаванай свабоды. Брала мяне такое пачуццё, якое даецца кожнаму закаханаму, калi ён уздольнiцца гадзiнамi ўзiрацца ў твар i ў вочы каханага.


  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7