Классическая и современная проза - 1984 (на белорусском языке)
ModernLib.Net / Художественная литература / Оруэлл Джордж / 1984 (на белорусском языке) - Чтение
(Ознакомительный отрывок)
(стр. 2)
Арыштоўвалi заўсёды ўначы. Нечаканае абуджэнне, дужая рука, што трасе за плячук, лiхтары асляпляюць вочы, суровыя твары вакол ложка. У пераважнай большасцi выпадкаў не адбывалася нiякiх судоў, не складалася нiякiх пратаколаў. Людзi проста знiкалi, i заўсёды ўначы. Iмя выкрэслiвалi са спiсаў, усе сляды чалавека знiшчалi, усё папярэдняе жыццё выкасоўвалi, i яно забывалася. Чалавека сцiралi з памяцi, ператваралi ў нiшто, рабiлi параю, яго выпарвалi - так гучала звычайна ўжыванае слова. На хвiлiну яго ахапiла нiбы iстэрыка, i ён зноў пачаў пiсаць крывымi нязграбнымi лiтарамi: яны прыкончаць мяне мне напляваць яны стрэляць мне ў патылiцу напляваць далоў вялiкага брата яны заўсёды страляюць у патылiцу мне напляваць далоў вялiкага брата... Трохi збянтэжаны, ён выпрастаўся i адклаў пяро. Раптам ён здрыгануўся: нехта пагрукаў у дзверы! Няўжо так хутка! Ён сядзеў цiха, як мышка, песцячы марную надзею, што той, хто стаiць за дзвярыма, пойдзе пасля няўдалай спробы. Але ж не, пагрукалi яшчэ раз. Цяпер ужо нельга было марудзiць. Сэрца бiла, як барабан, але Ўiнстанаў твар, напэўна, ад доўгай звычкi, заставаўся абыякавы. Ён падняўся i пайшоў, цяжка ступаючы, да дзвярэй. 2 Ўiнстан ужо ўзяўся за ручку, каб расчынiць дзверы, калi раптам убачыў, што пакiнуў разгорнуты дзённiк на стале. ДАЛОЎ ВЯЛIКАГА БРАТА - было там напiсана на палову старонкi такiмi вялiкiмi лiтарамi, што можна было прачытаць нават ад дзвярэй. Гэта была недаравальная памылка. Ўiнстан, аднак, адзначыў, што, нават так спалохаўшыся, ён не наважыўся закрыць дзённiк, пакуль не высахла чарнiла, каб не забрудзiць чыстую паперу. Стаiўшы дыханне, ён адчынiў дзверы. I адразу па целе прайшла цёплая хваля палёгкi. За дзвярыма стаяла бледная, памятая з выгляду жанчына з рэдкiмi раскудлачанымi валасамi i зморшчаным тварам. - Ой, таварыш, - пачала яна хваравiта-пiсклявым голасам, - мне падалося, што я чула, як вы прыйшлi. Цi не зойдзеце вы на хвiлiнку паглядзець, што з нашай ракавiнай на кухнi? Яна забрудзiлася i... Гэта была панi Парсанс, жонка суседа па паверсе. (Зварот "панi" не надта ўхваляўся Партыяй, патрабавалася, каб усе звярталiся адзiн да аднаго "таварыш", але ў дачыненнi да некаторых жанчын слова "панi" неяк само прасiлася на язык.) Ёй было гадоў трыццаць, хоць выглядала яна значна старэйшай. Здавалася, што ў зморшчынах яе твару збiраўся пыл. Ўiнстан прайшоў з ёй праз калiдор. Такая саматужная рамонтная праца была ледзь не штодзённым заняткам. Дамовы блок "Перамога" быў старым, пабудаваным у 30-я гады комплексам будынкаў, што з часам самi па сабе паволi руйнавалiся. Гадамi ад сцен i столяў адвальвалася тынкоўка, вадаводныя трубы лопалiся пад час добрых маразоў, дах прапускаў ваду, як толькi пачынаў падаць снег, цэнтральнае ацяпленне звычайна працавала на палову напругi, калi яго ўвогуле не выключалi дзеля ашчаднасцi. Рамонтам, апроч таго, што можна было зрабiць самому, мелi займацца нейкiя далёкiя таямнiчыя ўстановы, якiя, каб, напрыклад, памяняць шыбы ў вокнах, марудзiлi часам па два гады. - Вядома ж, я прыйшла да вас, бо Том цяпер на працы, - няясна прамармытала панi Парсанс. Кватэра Парсансаў была большая за Ўiнстанаву, але таксама па-свойму ўбогая. Усё ў ёй было нейкае абшарпанае, патаптанае, быццам кватэру толькi што наведаў нейкi вялiкi драпежны звер. Спартовыя прылады - хакейныя клюшкi, баксёрскiя пальчаткi, лопнуты футбольны мяч, прапацелыя, вывернутыя навыварат спартовыя штаны - усё гэта валялася грудам на падлозе, а на стале быў звалены ў кучу нямыты посуд разам з падранымi школьнымi падручнiкамi. На сценах побач з партрэтам Вялiкага Брата ў поўны рост вiселi чырвоныя сцяжкi Саюза Моладзi i гэтак званых Юных Шпiёнаў. Тут, як i ва ўсiм доме, у паветры стаяў капусны смурод, але да яго яшчэ дадаваўся рэзкi пах поту, якi - гэта было чуваць з першага понюху, аднак цяжка было сказаць чаму, - належаў некаму, каго якраз цяпер не было. У другiм пакоi нехта спрабаваў на грабенчыку, абкручаным туалетнай паперай, утараваць вайсковым маршам, што ўсё яшчэ грымелi з экрана тэлегляда. - Гэта дзецi... - сказала панi Парсанс, баязлiва зiрнуўшы на дзверы. - Яны сёння не выходзiлi з дому. I вядома ж... Яна мела звычку абрываць фразы пасярэдзiне. Кухонная ракавiна была поўная да краёў брудна-зеленаватай вады, якая смярдзела капустай больш, як што iншае. Ўiнстан стаў на каленi i агледзеў выгнутае калена адводнай трубы. Ён страшэнна гiдзiўся ручной працы, i яму было непрыемна нахiляцца, бо амаль заўсёды ў гэткiх выпадках ён заходзiўся кашлем. Панi Парсанс бездапаможна глядзела на яго. - Вядома ж, калi б дома быў Том, ён бы хутка ўсё наладзiў, - сказала яна. - Ён любiць такую працу. Ён жа такi здольны, мой Том, у яго залатыя рукi... Парсанс, як i Ўiнстан, працаваў у Мiнiстэрстве Праўды. Гэта быў тоўсценькi, але вельмi жвавы чалавечак, неверагодна дурны i поўны iдыёцкага энтузiязму, - адна з тых бяздумна адданых працоўных жывёлiн, якiя нiколi не ставяць лiшнiх пытанняў i ад якiх - нават болей, чым ад Палiцыi Думак залежала трываласць Партыi. Хоць яму было ўжо трыццаць пяць гадоў, ён толькi нядаўна i з вялiкай неахвотай развiтаўся з Саюзам Моладзi, а перад тым, як стаць сябрам Саюза Моладзi, ён схiтрыўся на цэлы год болей прадугледжанага статутам тэрмiну затрымацца ў шэрагах Юных Шпiёнаў. У Мiнiстэрстве ён займаў нейкую другарадную пасаду, дзе не патрабавалася шмат розуму, аднак разам з тым ён быў адным з чынных дзеячоў Спорткамiтэта i ўсiх iншых камiтэтаў, што займалiся арганiзацыяй калектыўных вандровак, спантанных дэманстрацый, тыдняў ашчаднасцi i ўсiх iншых добраахвотных мерапрыемстваў. Поўны спакойнага гонару, пыхкаючы люлькай, ён любiў пахвалiцца, што апошнiя чатыры гады ён кожны вечар праводзiў у Доме Культуры. Незнiшчальны пах поту спадарожнiчаў яму паўсюль, бы неадступны сведка яго напружанага грамадскага жыцця, пах гэты заставаўся ў пакоi нават тады, калi Парсанс выходзiў. - Цi ёсць у вас гаечны ключ? - спытаўся Ўiнстан, патузаўшы гайку на пераходным калене. - Гаечны ключ, - сказала панi Парсанс, iмгненна губляючы адвагу. - Не ведаю. Можа, дзецi.. Пачуўся тупат ног i дудзенне на грабенчыку - у пакой уварвалiся дзецi. Панi Парсанс прынесла гаечны ключ. Ўiнстан спусцiў ваду i, стрымлiваючы агiду, дастаў з трубы камяк валасоў, якiя забiлi праход. Ён вымыў начыста рукi халоднаю вадой i вярнуўся ў другi пакой. - Рукi ўгору! - закрычаў дзiкi голас. Прыгожы, здаровы з выгляду хлопчык гадоў дзевяцi выскачыў з-за стала i навёў на яго цацачны аўтамат, а ягоная сястрычка, на два гады маладзейшая, паўтараючы за братам, наставiла на Ўiнстана кавалак дрэва. Абое былi ў кароткiх блакiтных портачках, шэрых кашулях, з чырвонымi хусткамi на шыi гэта была ўнiформа Шпiёнаў. Ўiнстан падняў рукi над галавой з нейкiм непрыемным пачуццём, бо хлопчык трымаўся так злавесна, быццам усё гэта было нешта большае, чым проста гульня. - Ты здраднiк! - закрычаў хлопчык. - Ты думзлачынец! Ты эўразiйскi шпiён! Я заб'ю цябе, я выпару цябе, я сашлю цябе на саляныя капальнi! Абое пачалi скакаць вакол Ўiнстана i крычаць: "Здраднiк! Думзлачынец!", пры гэтым дзяўчынка паўтарала за братам кожны рух. Ўiнстану зрабiлася страшна - гэта было падобна да вясёлых гульняў маладых тыграў, што неўзабаве зробяцца людаедамi. Вочы хлопчыка блiшчэлi нейкай разважлiвай жорсткасцю, вiдавочным жаданнем ударыць Ўiнстана, i ён адчуваў сябе дастаткова дарослым для гэтага. Добра, што ў яго не сапраўдны аўтамат, падумаў Ўiнстан. Панi Парсанс з неспакоем пазiрала то на Ўiнстана, то на дзяцей. У вялiкiм пакоi пад ярчэйшым святлом Ўiнстан заўважыў, што ў зморшчынах яе твару сапраўды сабраўся пыл. - Ад iх такi вэрхал, - сказала яна, - яны вельмi злуюцца, што iх не пускаюць паглядзець, як будуць вешаць, таму i дурэюць. Я вельмi занятая, каб пайсцi з iмi, а Том сёння позна вяртаецца з працы. - Чаму нам нельга пайсцi паглядзець, як вешаюць? - зароў хлопчык сваiм магутным голасам. - Паглядзець, як вешаюць! Паглядзець, як вешаюць! - залапатала малая, што ўсё яшчэ скакала навокал. Ўiнстан згадаў, што гэтым вечарам у парку павiнны былi павесiць некалькi эўразiйскiх палонных, абвешчаных ваеннымi злачынцамi. Такiя публiчныя пакараннi адбывалiся прыблiзна раз на месяц i былi папулярным вiдовiшчам. Дзецi заўсёды прасiлiся, каб iх бралi з сабою паглядзець. Ён развiтаўся з панi Парсанс i пайшоў да дзвярэй. Аднак ён не паспеў яшчэ спусцiцца на шэсць прыступак па сходах, як нешта балюча ўдарыла яго ў шыю. Быццам у цела ўваткнулi распалены дрот. Азiрнуўшыся, ён яшчэ паспеў убачыць, як панi Парсанс запiхвае ў дзверы сына, якi хавае рагатку. - Гольдштэйн! - крыкнуў хлопчык яму ўслед, i дзверы зачынiлiся. Больш за ўсё Ўiнстана ўразiў бездапаможны спалоханы твар жанчыны. Вярнуўшыся ў сваю кватэру, ён праскочыў мiма тэлегляда i зноў сеў за стол. Ён пачухаў шыю, што ўсё яшчэ балела. Музыка ў тэлеглядзе сцiхла. Замест яе зухаваты вайсковы голас пачаў з нейкай грубай асалодай зачытваць апiсанне ўзбраення новай Плывучай Крэпасцi, якая толькi што стала на якар памiж Iсландыяй i Фарэрскiмi выспамi. З гэтымi дзецьмi ў беднай жанчыны не жыццё, а пекла, падумаў Ўiнстан. Пройдзе яшчэ год або два, i яны ўдзень i ўначы пачнуць высочваць паўсюль праявы нядобранадзейнасцi. Цяпер амаль усе дзецi былi такiя. Найгорш было тое, што пад уплывам такiх арганiзацый, як Шпiёны, яны непазбежна вырасталi неўтаймоўнымi дзiкунамi. I, аднак, гэта нiякiм чынам не спараджала ў iх iмкнення паўстаць супраць партыйнай дысцыплiны. Наадварот, яны горача любiлi Партыю i ўсё, што з ёй было звязана. Маршавыя песнi, дэманстрацыi, сцягi, вандроўкi, ваенныя практыкаваннi з драўлянай зброяй, выкрыкванне лозунгаў, услаўленне Вялiкага Брата - усё гэта было для iх займальнай гульнёй. Усё iхнае дзiкунства накiроўвалася вонкi, супраць ворагаў Радзiмы, супраць чужынцаў, здраднiкаў, сабатажнiкаў, думзлачынцаў. Было ўжо амаль звычайна, што людзi, якiм за трыццаць, баялiся ўласных дзяцей. I на гэта былi сур'ёзныя падставы, бо не праходзiла i тыдня, каб у "Таймз" не друкавалi паведамлення, што якi-небудзь чуйны маленькi даносчык - звычайна iх называлi "дзецi-героi" падслухаў нейкiя падазроныя выказваннi i выдаў сваiх бацькоў Палiцыi Думак. Боль у шыi суняўся. Ўiнстан нерашуча ўзяў пяро i падумаў, што б яму яшчэ запiсаць у дзённiк. Раптам яму зноў прыгадаўся О'Браэн. Неяк аднойчы - колькi ж прамiнула часу? гадоў сем таму - ён прыснiў, што iдзе праз цёмны пакой. I нехта, хто сядзеў побач у цемры, сказаў, калi Ўiнстан праходзiў мiма: "Мы яшчэ сустрэнемся там, дзе няма цемры". Гэта было сказана цалкам спакойна, неяк мiж iншым - гэта было сцверджанне, не загад. Ўiнстан прайшоў, не спынiўшыся. Дзiўна было тое, што тады, у сне, гэтыя словы не зрабiлi на яго нiякага ўражання. I, напэўна, толькi пазней яны пачалi паступова набываць значэнне. Цяпер ён ужо не мог згадаць, калi ён упершыню ўбачыў О'Браэна - да гэтага сну цi пасля, гэтаксама ён не памятаў, калi ён упершыню атаясамiў голас у сне з голасам О'Браэна. Ва ўсялякiм разе, цяпер гэта быў для яго голас О'Браэна. З цемры да яго гаварыў О'Браэн. Ўiнстан нiколi не мог дакладна вызначыць - нават пасля двухсэнсоўнага позiрку гэтай ранiцай - быў О'Браэн сябрам цi ворагам. Але, здавалася, гэта не мела нiякага значэння. Памiж iмi iснавала разуменне, нешта значна важнейшае за прыхiльнасць або супольнiцтва. "Мы яшчэ сустрэнемся там, дзе няма цемры", сказаў ён. Ўiнстан не ведаў, што б гэта магло значыць, але верыў, што гэтыя словы нейкiм чынам некалi спраўдзяцца. Голас у тэлеглядзе змоўк. Чысты i прыгожы гук фанфараў прарэзаў застаялае паветра. Скрыгатлiвы голас працягваў: - Увага! Увага! Толькi што мы атрымалi надзвычайнае паведамленне з Малабарскага фронту. Нашыя войскi ў Паўднёвай Iндыi дасягнулi блiскучай перамогi. Звесткi дазваляюць меркаваць, што вайсковая аперацыя, пра якую мы толькi што паведамiлi, значна наблiзiла канец вайны. А цяпер паслухайце надзвычайнае паведамленне... Гэта не вяшчуе нiчога добрага, падумаў Ўiнстан. I сапраўды, пасля крывавага апiсання поўнага знiшчэння адной з эўразiйскiх армiй, пасля абвяшчэння велiзарнай лiчбы забiтых i палонных была прачытана абвестка пра тое, што з наступнага тыдня норма шакаладу паменшае з трыццацi да дваццацi грамаў. Ўiнстану яшчэ раз адрыгнулася. Уздзеянне джыну прайшло, ад яго засталося толькi пачуццё млявасцi. З тэлегляда загрымелi гукi гiмна: "За цябе, мая Акiянiя.." - у гонар перамогi, а можа, каб прымусiць забыцца пра шакалад. Мелася на ўвазе, што ўсе гледачы мусяць устаць па стойцы "смiрна". Але Ўiнстана ўсё роўна нiхто не бачыў. Гiмн змянiла лёгкая музыка. Ўiнстан падышоў да акна i стаў спiнай да тэлегляда. На вулiцы ўсё яшчэ было светла i холадна. Недзе ўдалечынi грымнула глухое рэха ад выбуху ракетнай бомбы. Цяпер iх падала на Лондан дваццаць трыццаць штук за тыдзень. Унiзе на вулiцы вецер шкуматаў падраны плакат, i слова АНГСОЦ на iм то з'яўлялася, то зноў знiкала. Ангсоц. Свяшчэнныя прынцыпы Ангсоцу: навамоўе, двухдумства i зменлiвасць гiсторыi. Ўiнстану здавалася, што ён блукае ў густых лясах на марскiм дне, заблудзiўшы ў нейкiм пачварным свеце, дзе ён i сам быў пачварай. Ён быў адзiн. Мiнуўшчына была мёртвая, а ўявiць будучыню было немагчыма. Цi мог ён быць пэўны, што хоць адзiн жывы чалавек стаяў на яго баку? I як ён мог ведаць, цi панаванне Партыi не будзе цягнуцца вечна? Нiбы адказ, яму прыгадалiся тры лозунгi на белым фасадзе Мiнiстэрства Праўды: ВАЙНА ЁСЦЬ МIР СВАБОДА ЁСЦЬ РАБСТВА НЯВЕДАННЕ ЁСЦЬ СIЛА Ён выцягнуў з кiшэнi 25-цэнтавую манету. На ёй таксама выразнымi маленькiмi лiтарамi былi выбiты тыя самыя лозунгi, на другiм баку манеты была выява Вялiкага Брата. Нават з манеты за табою сачылi вочы. З грошай, паштовых марак, вокладак кнiг, сцягоў, плакатаў, цыгарэтных пачкаў - вочы сачылi адусюль. Адусюль глядзелi вочы, адусюль гучаў голас. Удзень i ўначы, на працы i за абедам, дома i на вулiцы, у ванне i ў ложку - нiдзе ад iх нельга было схавацца. Табе не належала нiчога, акрамя пары кубiчных сантыметраў мозгу, схаванага пад тваiм чэрапам. Сонца перайшло на другi бок, i незлiчоныя вокны Мiнiстэрства Праўды, на якiя ўжо не падалi яго промнi, пахмурлiва чарнелiся, нiбы байнiцы крэпасцi. Ўiнстан адчуваў роспач i бездапаможнасць перад гэтай вялiзнай пiрамiдай, што пагрозлiва высiлася над iншымi дамамi. Яна была непахiсная, тысячы ракетных бомбаў не здолелi б яе разбурыць. Ўiнстан зноў спытаўся ў сябе, дзеля каго ён пiша свой дзённiк. Дзеля будучынi, дзеля мiнуўшчыны - дзеля той эпохi, якая, можа, iснуе толькi ў марах. Яго чакала не толькi смерць, але i поўнае знiшчэнне, выкараненне памяцi аб iм. Дзённiк ператворыцца ў попел, а сам ён у струменьчык дыму. Толькi Палiцыя Думак прачытае напiсанае iм, перш чым яно знiкне са свету i з памяцi. Як можна было звяртацца да будучынi, калi ад цябе магло не застацца нi следу, нi шматочка паперы з парай накрамзоленых на ёй безыменных слоў? У тэлеглядзе прабiла чатырнаццатая гадзiна. Праз дзесяць хвiлiн яму трэба было выходзiць. У чатырнаццаць трыццаць ён мусiў быць на працы. Са здзiўленнем ён адчуў, што бой гадзiннiка зноў надаў яму адвагi. На гэтай зямлi ён быў самотным прывiдам, што абвяшчае праўду, якую нiхто не пачуе. Але пакуль ён будзе яе абвяшчаць, нiтка iснавання не перарвецца. Спадчына перадаецца чалавецтву не тады, калi дамагаешся, каб цябе слухалi, а калi здолееш застацца жывы. Ён зноў вярнуўся да стала, абмакнуў пяро i напiсаў: Будучынi або мiнуўшчыне, у якой запануе свабода думкi, у якой людзi будуць рознiцца адзiн ад аднаго i не будуць жыць самотна - таму часу, у якiм будзе iснаваць праўда, у якiм з iснага нельга будзе зрабiць няiснае, - з эпохi аднастайнасцi i адчужанасцi, эпохi Вялiкага Брата, эпохi двухдумства прывiтанне! "Я ўжо мёртвы", - падумаў ён. Яму здалося, што толькi цяпер, калi ён адчуў здольнасць выкладаць свае думкi, ён зрабiў вырашальны крок. Вынiк кожнага дзеяння прысутнiчае ўжо i ў самiм дзеяннi. Ён напiсаў: Думзлачынства не цягне за сабою смерць: думзлачынства само ўжо ЁСЦЬ смерць. Аднак цяпер, калi ён прызнаў сябе за мёртвага, зрабiлася вельмi важным як мага даўжэй заставацца ў жывых. Два пальцы правай рукi запэцкалiся ў чарнiла. Якраз такая дробязь магла яго загубiць. Якi-небудзь пранiклiвы фанатык у Мiнiстэрстве (хутчэй нават жанчына - тая маленькая з пясочнымi валасамi або чарнявая з аддзела мастацкай лiтаратуры) мог бы зацiкавiцца, чаму ён нешта пiсаў пад час перапынку на абед, чаму ён ужыў для гэтага старасвецкае пяро i што ён пiсаў - а пасля даў бы знак адпаведным органам. Ён пайшоў у ванны пакой i старанна адмыў плямы цёмна-рудым пясочным мылам, якое драла рукi, як наждачная папера, i таму цяпер як найлепей прыдалося. Ён засунуў дзённiк у шуфляду стала. Хаваць яго не было сэнсу, але ён мог, прынамсi, прыняць захады, каб даведацца, цi хто пад час яго адсутнасцi не знайшоў яго дзённiк. Закладзены мiж старонак волас занадта б кiдаўся ў вочы. Ён падчапiў кончыкам пальца ледзь бачны белы драбочак пылу i паклаў яго на рог вокладкi - ён адразу ўпадзе, калi хто возьме альбом. 3 Ўiнстан снiў мацi. Яму было гадоў дзесяць-адзiнаццаць, калi яго мацi знiкла. Гэта была высокая, самавiтая, даволi спакойная жанчына з павольнымi рухамi i цудоўнымi светлымi валасамi. Бацька прыгадваўся яму невыразна: чарнявы i худы, заўсёды ў густоўным чорным гарнiтуры (асаблiва добра Ўiнстану запомнiлiся вельмi тонкiя падэшвы бацькавых чаравiкаў) i ў акулярах. Праўдападобна, абое сталiся ахвярамi адной з першых хваляў вялiкiх чыстак 50-х гадоў. У сне мацi сядзела недзе далёка ўнiзе i трымала на руках яго маленькую сястрычку. Ён помнiў сястру толькi кволым, хваравiтым, заўсёды маўклiвым дзiцём з вялiкiмi ўважлiвымi вачыма. Абедзве глядзелi з долу на яго. Яны былi глыбока ўнiзе - на дне шахты або ў вельмi глыбокай магiле, i лапiк зямлi, на якiм яны сядзелi, апускаўся ўсё глыбей i глыбей. Яны былi ў каюце карабля, што iшоў на дно, i глядзелi ўгору на яго скрозь ваду, што ўсё болей i болей цямнела. У каюце яшчэ было паветра, яны яшчэ маглi бачыць яго, а ён iх, але ўвесь час яны апускалiся ўсё глыбей i глыбей у зялёныя воды, што праз нейкi момант павiнны былi пахаваць iх назаўсёды. Вакол яго было святло i паветра, а яны памiралi, яны былi ўнiзе, таму што ён застаўся наверсе. I ён i яны гэта ведалi, ён мог прачытаць гэтае веданне ў iх тварах. Але нi ў iх тварах, нi ў iх сэрцах не было папроку, толькi ўсведамленне таго, што яны павiнны памерцi, каб ён застаўся жыць, i што гэткi быў непазбежны лад рэчаў. Ён не мог згадаць, што адбылося ў сапраўднасцi, але ў сваiм сне ён ведаў, што мацi i сястра ахвяравалi сваiм жыццём дзеля яго. Гэта быў адзiн з тых сноў, якiя, хоць i захоўваюць уласцiвыя снам атрыбуты, з'яўляюцца працягам свядомых разумовых працэсаў i ў якiх выяўляюцца факты i думкi, што i пасля абуджэння здаюцца арыгiнальнымi i каштоўнымi. Раптам Ўiнстан зразумеў, што смерць мацi амаль трыццаць гадоў таму несла з сабою трагiзм i смутак пачуццi, якiя сёння ўжо не iснавалi. Смутак, думаў ён, - гэта нешта з тых даўнiх часоў, калi яшчэ iснавалi чуллiвасць, каханне i сяброўства i калi сямейныя дапамагалi адзiн аднаму, не маючы на гэта асаблiвае прычыны. Успамiны пра мацi былi балючыя, бо яна памерла праз любоў да яго, калi сам ён яшчэ быў занадта малы i эгаiстычны, каб адказаць на гэтую любоў. I яшчэ таму, што яна нейкiм чынам - ён ужо не ведаў як - ахвяравала сабой дзеля непахiснае вернасцi. Цяпер штосьцi падобнае было немагчымае. Цяпер iснавалi страх, нянавiсць i боль, але не было годных пачуццяў, не было глыбокага i сапраўднага смутку. Здавалася, ён бачыў гэты смутак у вачах у мацi i сястры, калi яны глядзелi на яго скрозь зялёную ваду, ужо далёка ўнiзе, апускаючыся ўсё глыбей i глыбей. Раптам ён апынуўся на пругкiм дзiрване, быў летнi вечар. Косыя промнi сонца залацiлi зямлю. Краявiд гэты так часта вяртаўся да яго ў снах, што ён ужо не быў пэўны, цi не бачыў ён яго ў рэальным жыццi. Ён зваў яго Залатой Краiнай. Гэта быў стары трусiны выган, сям-там паточаны кратавiннем, пасярод яго ў траве гублялася сцежачка. У здзiчэлым жываплоце па той бок поля пяшчотна гайдалiся пад цёплым ветрыкам галiнкi вязу, i лiсце калыхалася густымi хвалямi, нiбы валасы жанчыны. Недзе зусiм блiзка павольна цякла нябачная ручаiнка, у якой пад нiцымi вербамi мiтусiлiся маленькiя рыбкi. Чорнавалосая дзяўчына iшла да яго праз поле. Адным рухам яна сцягнула з сябе адзенне i рашуча адкiнула яго ўбок. Цела яе было белае i гладкае, аднак яно не абуджала ў iм нiякага жадання, ён нават не надта ўважлiва на яго глядзеў. Ён быў зачараваны тым рухам, якiм яна адкiнула адзенне. Здавалася, што яе павабнасць i бестурботнасць здольныя знiшчыць цэлую цывiлiзацыю, цэлую сiстэму iдэй, быццам ад аднаго гэткага ўзмаху рукi могуць знiкнуць назаўсёды i Вялiкi Брат, i Партыя, i Палiцыя Думак. Гэты ўзмах рукi таксама быў са старых часоў. Ўiнстан прачнуўся са словам "Шэкспiр" на вуснах. З тэлегляда чуўся пранiзлiвы свiст, бесперапынны аднастайны сiгнал, што цягнуўся трыццаць секунд. Было нуль сем пятнаццаць - час пад'ёму службоўцаў. Ўiнстан саскочыў з ложка - голы, бо сябра Знешняй Партыi атрымлiваў на год толькi тры тысячы талонаў на адзенне, а пiжама каштавала шэсцьсот - i схапiў з крэсла зашмальцаваную майку i трусы. Праз тры хвiлiны пачыналася Ранiшняя гiмнастыка. Але раптам ён зайшоўся моцным кашлем, якi амаль заўсёды нападаў на яго, адно ён прачынаўся. Кашаль спустошыў лёгкiя, i ён мусiў ляжаць пластом на спiне i прагна хапаць ротам паветра. Ад напружання напухлi жылы i засвярбела язва на назе. - Група ад трыццацi да сарака! - пранiзлiва вiшчаў жаночы голас. - Група ад трыццацi да сарака! Калi ласка, заняць месцы! Ад трыццацi да сарака! Ўiнстан стаў па стойцы "смiрна" перад тэлеглядам, у якiм ужо паказалася жанчына-трэнерка, яшчэ не старая, худая i жылiстая, у трыко i спартовых чаравiках. - Рукi сагнуць i разагнуць! - камандавала яна. - Разам са мной. Раз, два, тры, чатыры! Раз, два, тры, чатыры! Ну, таварышы, жывей, жывей! Раз, два, тры, чатыры!.. Пакутлiвы прыступ кашлю не выцеснiў да канца Ўiнстанавы ўражаннi ад сну, а рытмiчныя рухi гiмнастыкi нават яшчэ болей iх асвяжылi. Пакуль ён машынальна кiдаў рукi ўперад i ўзад i рабiў пры гэтым задаволены твар - як лiчылася патрэбным пад час Ранiшняй гiмнастыкi, - ён напружана спрабаваў аднавiць у памяцi цьмяныя часы свайго маленства. Гэта было надзвычай цяжка. Усё, што адбылося да канца 50-х гадоў, сцерлася з памяцi. Без нейкiх знешнiх пунктаў адлiку, за якiя можна было б учапiцца, нават уласная бiяграфiя трацiла выразныя абрысы. Прыгадвалiся больш цi менш вялiкiя падзеi, якiя, цалкам верагодна, зусiм не адбывалiся, прыгадвалiся падрабязнасцi нейкiх здарэнняў, аднак iх атмасферу ўжо немагчыма было аднавiць, а пасля цягнулiся беззмястоўныя адцiнкi часу, ад якiх увогуле нiчога ў памяцi не засталося. Тады ўсё было iнакшае. Нават назвы краiн i iхнiя абрысы на картах. Узлётна-пасадачная паласа No.1, напрыклад, не насiла тады гэтага назову, а звалася Ангельшчынай або Вялiкабрытанiяй. Аднак Лондан, ён быў упэўнены, заўсёды называўся Лонданам. Ўiнстан не мог з пэўнасцю прыгадаць час, калi б яго краiна не ваявала, але, з другога боку, у часы ягонага дзяцiнства мусiў быць даволi працяглы мiрны перыяд, бо адным з першых яго ўспамiнаў быў паветраны напад, якi, як здавалася, быў для ўсiх нечаканасцю. Можа, гэта было якраз тады, калi ўпала атамная бомба на Колчэстэр. Ён ужо не памятаў самога паветранага нападу, але прыгадваў, як моцна сцiскала бацькава рука ягоную, калi яны палахлiва беглi ўнiз, усё глыбей i глыбей, глыбока пад зямлю, спускаючыся па спiральных сходах, што рэхам адгукалiся пад нагамi, i ўрэшце яго ногi так стамiлiся, што ён пачаў енчыць, i яны прысталi, каб трошкi адпачыць. Мацi, як заўсёды павольная i задуменная, бегла даволi далёка ззаду. Яна несла сястрычку або, можа, толькi скрутак коўдраў - ён не памятаў, цi была ўжо тады сястрычка. Урэшце яны дабралiся да перапоўненага людзьмi памяшкання, у якiм ён пазнаў станцыю падземкi. На выкладзенай плiткаю падлозе паўсюль скурчыўшыся сядзелi людзi, iншыя сядзелi, цесна скупiўшыся, на лавах каля сцен. Ўiнстан, мацi i бацька знайшлi месца на падлозе, побач з iмi на лаве сядзелi, шчыльна прытулiўшыся адно да аднаго, стары i старая. Стары быў апрануты ў добры цёмны гарнiтур, з-пад чорнага брыля тырчалi сiвыя валасы. Ягоны твар быў пунсовы, блакiтныя вочы поўныя слёз. Ад яго моцна пахла джынам, здавалася, што яго скура выдзяляла джын замест поту, i можна было падумаць, што нават слёзы, што кацiлiся з яго вачэй, былi чыстым джынам. Але нягледзячы на ап'янеласць, ён пакутаваў ад нейкага гора, сапраўднага i нясцерпнага. Сваiм дзiцячым розумам Ўiнстан адчуваў, што толькi што здарылася нешта жахлiвае, нешта недаравальнае, назаўжды непапраўнае. Яму нават здавалася, быццам ён ведае, што здарылася. Загiнуў нехта, каго гэты стары вельмi любiў, можа, яго маленькая ўнучка. Штохвiлiны стары ўзрушана казаў: - Не трэба было iм верыць. Я ж заўсёды казаў, цi ж не так? Усё гэта з-за таго, што мы iм верылi. Я заўсёды казаў. Не трэба было верыць гэтым нягоднiкам. Але якiм нягоднiкам не трэба было верыць, пра гэта Ўiнстан цяпер ужо не мог прыгадаць. I якраз з таго часу вайна лiтаральна зрабiлася штодзённай з'явай, хоць, уласна кажучы, гэта ўжо была не заўсёды тая самая вайна. Калi ён быў малы, у самiм Лондане некалькi месяцаў iшлi зацятыя вулiчныя баi, пра некаторыя з iх ён яшчэ вельмi добра памятаў. Але дакладна прасачыць цяг гiстарычных падзей i сказаць, хто тады з кiм ваяваў, зрабiлася цалкам немагчыма, бо нiякiя пiсьмовыя дакументы, нiякая вусная традыцыя нiколi не згадвалi iншага стану рэчаў, чым той, што iснаваў цяпер. Так, напрыклад, у гэты момант, у 1984 годзе (калi цяпер i праўда быў 1984 год), Акiянiя была ў стане вайны з Эўразiяй i ў альянсе з Усходазiяй. Нi ў адным публiчным або прыватным паведамленнi нiколi не дапускалася, каб гэтыя тры дзяржавы былi калi-небудзь у нейкiх iншых адносiнах адна да аднае. У сапраўднасцi ж, i Ўiнстан добра гэта ведаў, усяго толькi чатыры гады таму Акiянiя ваявала з Усходазiяй i мела Эўразiю за саюзнiка. Але гэта быў толькi проблiск гiстарычнага ведання, якi быў магчымы толькi таму, што яго памяць не была як след кантраляваная. Афiцыйна ж нiякiх змен у камбiнацыi партнёраў i ворагаў нiколi не адбывалася. Акiянiя вяла вайну з Эўразiяй - значыць, Акiянiя ваявала з Эўразiяй заўсёды i ва ўсе часы. Цяперашнi вораг заўсёды быў увасабленнем зла, i з гэтага вынiкала, што ўсялякае пагадненне з iм у мiнулым або ў будучым было немагчымае. Страшнейшым за ўсё было тое - дзесяцiтысячны раз адзначаў сабе Ўiнстан, балюча напружваючы плечы (яны рабiлi цяпер нахiлы тулавам - практыкаванне, што ўмацоўвае мышцы спiны), - страшнейшым за ўсё было тое, што ўсё гэта магло быць праўдай. Калi ўжо Партыя магла гэтак умешвацца ў мiнулае i сцвярджаць пра тую або iншую падзею, што яна нiколi не адбывалася, - цi не было гэта страшнейшым за катаваннi i смерць? Партыя казала, што Акiянiя нiколi не была саюзнiкам Эўразii. Ён, Ўiнстан Смiт, ведаў, што Акiянiя не даўней як усяго чатыры гады таму была ў альянсе з Эўразiяй. Але дзе iснавала гэтае веданне? Толькi ў яго свядомасцi, якая ў хуткiм часе непазбежна расцярушыцца на пыл. I калi ўсе iншыя верылi ў ману, якую навязвала Партыя, калi ўсе пiсьмовыя запiсы падзей гучалi аднолькава, тады мана ўваходзiла ў гiсторыю i рабiлася праўдай. "Хто кантралюе мiнуўшчыну - той кантралюе будучыню, хто кантралюе цяпер - той кантралюе мiнуўшчыну", гучаў партыйны лозунг. I ўсё ж мiнуўшчына, якой бы зменлiвай ад прыроды яна нi была, нiколi не мянялася. Сённяшняя iсцiна была iсцiнай спрадвеку i назаўсёды. Гэта было вельмi проста. Патрэбная была толькi няспынная чарада перамог над уласнаю памяццю. Гэта называлася "кантроль рэчаiснасцi", або на навамоўi "двухдумства". - Вольна! - гыркнула трэнерка ўжо трохi прыязней. Ўiнстан апусцiў рукi i павольна набраў у лёгкiя паветра. Яго думкi блукалi ў заблытаным сусвеце двухдумства. Ведаць i не ведаць; быць упэўненым у сваёй праўдзiвасцi, расказваючы старанна збудаваную ману; адначасна падтрымлiваць два ўзаемавыключальныя меркаваннi, ведаць, што яны супярэчаць адно аднаму, i верыць у абодва; абвяргаць логiку логiкай; адкiдаць мараль, адначасна ёю прыкрываючыся; верыць, што дэмакратыя немагчымая i што Партыя, аднак, ёсць аплот дэмакратыi; забыцца на тое, на што цябе вымушаюць забыцца, каб пасля, калi будзе трэба, зноў успомнiць пра гэта, аднавiць забытае ў памяцi, а пасля зноў старанна забыцца; i перадусiм - выкарыстоўваць супраць ужытага прыёму той самы прыём. У гэтым была найвялiкшая хiтрасць: свядома прыкрывацца несвядомасцю i рабiць выгляд, што не заўважыў толькi што праведзенага табою сеансу гiпнозу. Нават каб зразумець слова "двухдумства", трэба было ўжыць двухдумства. Трэнерка зноў скамандавала "смiрна". - А зараз ну-тка паглядзiм, хто з нас можа дастаць пальцы на нагах! - вымавiла яна з падкрэсленай бадзёрасцю. - У поясе са-гнуцца! Раз - два! Раз - два!.. Ўiнстан ненавiдзеў гэтае практыкаванне, бо яно прычыняла нясцерпны боль у нагах ад пят да азадка i часта канчалася новым прыступам кашлю. Яго пакiнулi ўсе хоць колькi прыемныя думкi. Мiнуўшчына, падумаў ён, не толькi мянялася, яна проста знiшчалася. Бо як можна было пацвердзiць нават самыя вiдавочныя факты, калi пра iх не было нiякай iнфармацыi, акрамя сваiх успамiнаў? Ён паспрабаваў прыгадаць, у якiм годзе ён упершыню пачуў пра Вялiкага Брата. Яму здавалася, што гэта было ў 60-я гады, але ён не мог ведаць напэўна. Вядома ж, згодна з партыйным выкладам гiсторыi, Вялiкi Брат выступаў як правадыр i вартавы Рэвалюцыi ад самых яе вытокаў. Яго подзвiгi паступова адсоўвалiся назад у часе, пакуль не дасягнулi мiфiчнага свету саракавых i трыццатых гадоў, калi капiталiсты ў сваiх дзiвосных цылiндрычных капелюшах яшчэ ездзiлi па вулiцах Лондана ў сваiх блiскучых аўтамабiлях або экiпажах з бакавымi вокнамi. Нiхто не ведаў, колькi ў гэтай легендзе было праўды, а колькi прыдуманага. Ўiнстан не мог нават прыгадаць, калi ўпершыню з'явiлася на свет сама Партыя. Яму здавалася, што да 1960 года ён нiколi не чуў слова "Ангсоц", але, магчыма, яно ўжывалася i раней у сваёй старамоўнай форме - "Ангельскi Сацыялiзм".
Страницы: 1, 2, 3, 4
|