Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Малекула (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Отечественная проза / Орлов Владимир Викторович / Малекула (на белорусском языке) - Чтение (Весь текст)
Автор: Орлов Владимир Викторович
Жанр: Отечественная проза

 

 


Орлов Владимир
Малекула (на белорусском языке)

      Уладзiмiр Арлоў
      Малекула
      Магчыма, вы таксама памятаеце навелу Сомерсэта Маэма пра рудога жабрака з выпаленых сонцам вулачак i пляцаў Веракруса. Сюжэты маюць уласцiвасць паўтарацца, але ў маёй гiсторыi не будзе нi цяжкiх чорных грыфаў, нi тугога партманета, нi ветлiвай кастыльскай формулы адмаўлення "Disреnsе Ustеd роr Diоs"*, а Маэм узгадаецца толькi таму, што працягнутая рука жабрачкi з полацкага Спасаўскага манастыра будзе дакладнай копiяй намаляванай ангельскiм калегам кiпцястай птушынай лапы, у якую ператварылася рука няздзейсненага пiсьменнiка.
      * Бог падасць (гiшп.).
      Бываючы ў Полацку, я звычайна наведваюся сюды, каб пераканаць сябе, што хоць нешта ў гэтым свеце мяняецца на лепшае, бо цяпер у манастырскiм Крыжаўзвiжанскiм саборы пахне ладанам, а ў часы майго дзяцiнства навакольныя жыхары, парабiўшы перабойкi, трымалi ў занядбаным храме свiнняў. Праўда, аргумент гэты не бездакорны, таму што тады на ўтравелых прыступках не дзяжурылi дзесяткi два жабракоў з пакладзенымi ля ног падранымi шапкамi цi расплюшчанымi скрынкамi з-пад абутку.
      Кiпцястая лапа належала жабрачцы гадоў на шэсцьдзесят, апранутай, нягледзячы на лiпеньскую спякоту, у страшэнна брудны восеньскi палiтон, якi даўно ўжо забыўся, што такое гузiкi. У яе былi нямытыя, напэўна, ужо колькi месяцаў валасы загадкавага колеру i гэткага ж колеру вочы, якiя таксама хацелася назваць нямытымi.
      Мне цяжка падаваць жабракам каля храмаў. У падземных пераходах - зусiм iншае: можа, з тае прычыны, што вулiчныя жабракi спадзяюцца адно на тваю шчодрасць, не шантажуючы цябе абавязкам перад Усявышнiм. З такiмi не надта дабрачыннымi думкамi я падняўся па ўсходах у пустэльную свежасць сабора, але каля шапiка са свечкамi нешта змусiла мяне азiрнуцца на жабракоў.
      Калiсьцi я ўжо бачыў дзве такiя малiнавыя плямы на шыi...
      Калiсьцi я ведаў, да чаго яны падобныя...
      Падлога гайданулася ў мяне пад нагамi.
      Калiсьцi я... цалаваў iх...
      Некалькi iмгненняў памяць дзейнiчала, як вiдэамагнiтафон, што перакручвае назад патрэбную касету, а потым я ўбачыў Дзвiну, у якую разам з Сафiйкай глядзелася яшчэ незруйнаванае барока сабора святога Стэфана.
      У тыя гады Дзвiну нельга было ўявiць без задзвiнскай вар'яткi Юлькi, што ўлетку, "каб наша рэчачка не высахла", вёдрамi цягала на бераг ваду з калонкi. Знямогшыся, яна сядала на траву i, баязлiва паглядаючы на рыбакоў, зацягвала сваю ўлюбёную песню пра Лiлю.
      На бiрагу сiдзела Лiля,
      А радам с нею капiтан...
      выводзiла Юлька тонкiм дзяцiным галаском, якi, вiдаць, толькi i мог iснаваць у яе выпетраным целе. Далей песня рабiлася журботнай:
      Уж год прашол, марак нi едзiт,
      А Лiля к берагу ўсё йдзёт...
      Нiхто з нас тады не ведаў, што Юлька звар'яцела яшчэ перад вайною - пасля допытаў у колiшнiм кляштары бернардзiнаў, дзе, не вытрываўшы, падпiсала штосьцi страшнае пра каханага хлопца, якога "варанок" павёз у невараць у тую самую ноч, калi Юльку адпусцiлi дадому. У нашым дзяцiнстве дарослыя былi не надта ахвочыя да такiх успамiнаў, хоць Юльку шкадавалi i не давалi ёй памерцi з голаду.
      Фiнал у песнi быў трагiчны:
      Красотка Лiля утанула,
      Яе уж большэ нi вiдно.
      Юльцы выпаў лёс яе гераiнi. Аднойчы вудалi налiлi спявачцы чарку гарэлкi, i яна, канчаткова ўвасобiўшыся ў вобраз сваёй Лiлi, кiнулася каля чыгуначнага моста ў Дзвiну.
      Пустая, зарослая вышэй вокнаў крапiвою i здзiчэлымi парэчкамi Юльчына хацiна палохала вока на пачатку той вулiцы, дзе жыла Аня Шадурка, найпрыгажэйшая дзяўчына майго класа.
      Вядома, Аня адно здавалася мне такой, бо калi я гляджу на выпускное фота нашага 8-га "А", дык знаходжу тварыкi значна прыгажэйшыя. Напрыклад выдатнiцы Светкi Цiмафеевай, той самай Светкi, якую праз гадоў дваццаць я сустрэў каля менскага гатэля "Планета" i ўзрадавана прапанаваў дзе-небудзь пасядзець, на што аднакласнiца адказала, што можа са мной i пасядзець, i паляжаць, але гэта будзе каштаваць са скiдкаю трыццаць баксаў.
      Рэч у тым, што Аня першая ператварылася ў жанчыну - з налiтымi грудкамi-яблыкамi, з тонкай талiяй, стройнымi i заўсёды загарэлымi нагамi i вачыма зялёнага колеру, у глыбiнi якiх плавала нешта такое, што зноў i зноў прыводзiла iх уладарку ў мае сны.
      Аня была гiмнастка, кандыдатка ў майстры спорту, i ўвесь час прападала то на спартовых зборах, то на спаборнiцтвах, пасля якiх на школьных лiнейках яе называлi нашым гонарам, а настаўнiкi спраўна выстаўлялi ёй за чвэрць тройкi, бо часу на падручнiкi Анi не хапала. Неяк яна, не паспеўшы з'ехаць на чарговае першынство, трапiла на кантрольную па гiсторыi i спiсала з разгорнутага на каЛёнях падручнiка ў свой сшытак, што значэнне паўстання на браняносцы "Пацёмкiн" у тым, што маракi здалiся румынскiм уладам.
      У восьмым класе пяцёркi Аня мела выключна за фiзкультуру i маляванне. Чаму - за маляванне, мы даведалiся, калi ўбачылi, як яна сядае за школай на матацыкл нашага настаўнiка. Аднак неўзабаве мастацкiя здольнасцi пакiнулi Аню, ператварыўшы пяцёркi ў звыклыя траякi. У студэнта кааператыўнага тэхнiкума Мiшкi Яжэвiча з майго двара не было матацыкла "Ява", затое былi магнiтафон з добрымi запiсамi "бiтлоў" i "ролiнгаў" i дубальтовы польскi намёт памаранчавага колеру, што, як звысаку казаў нам гаспадар гэтага багацця, адразу здымаў праблему хаты.
      Пасля тых летнiх вакацыяў я вярнуўся ў школу, ужо маючы першы мужчынскi досвед. Пазбягаючы лiшнiх дэталяў, скажу, што маёй настаўнiцай была сяброўка стрыечнай сястры, кiрпатая жыхарка горада Ленiнграда Зiнка, якую штогод прывозiлi ў бабулiну вёску i з якой мы з маленства разам мылiся ў цётчынай лазнi, пакуль аднаго разу не заўважылi, што мыцца такiм манерам далей нам нешта замiнае. Дарэчы, Зiнчыны ўрокi распачалiся на сухiм, з прылiплым бярозавым лiсцiкам палку ў той самай лазнi i паўтаралiся штодня, пакуль цётка ледзьве не заспела нас на гарачым, сабраўшыся гнаць у лазнi самагонку.
      Цяпер я глядзеў на Аню ўжо зусiм iншымi вачыма. Начамi мне снiлiся пакутлiвыя сны, як я кранаю яе грудзi i праводжу рукой па залацiстых валасках загарэлых ног, як мы ўзасос цалуемся, а потым, задыхаючыся, любiмся - то на лазенным палку, то ў замацаваным за нашым класам кабiнеце бiялогii, дзе з шафаў за намi ўважлiва назiраюць два шкiлеты. Мяне (не ў сне, а наяве) заўсёды займала праблема: штучныя гэта шкiлеты цi яны калiсьцi належалi жывым людзям, якiя вось гэтымi косткамi елi, пiлi i абдымалiся ў ложку. Яшчэ, як памятаю, мы спрабавалi высветлiць, цi адрознiваецца чым-небудзь iстотным жаночы шкiлет ад мужчынскага.
      Прачынаючыся пасля тых сноў, я даваў сабе слова, што не пазней за сёння прапаную Анi ўвечары схадзiць у парк на новы атракцыён "Пятля Несцерава", але па дарозе ў школу падступна выплывала якая-небудзь нявыпраўленая тройка па алгебры або чацвёрка па гiсторыi, i дата пачатку рашучых дзеянняў зноў пераносiлася.
      Аня была па-жаночаму назiральнай, i ўсё скончылася тым, што аднойчы на перапынку яна сама папрасiла мяне затрымацца пасля заняткаў у кабiнеце. На апошнiм уроку геаграфii я ўжо амаль не чуў настаўнiка, а думаў, як запрашу яе ў парк, спытаюся, цi чытала яна Эмiля Заля, i паведамлю, што яе радзiмыя плямкi падобныя да Новай Зеландыi.
      Калi ў кабiнеце бiялогii апрача нас засталiся толькi шкiлеты, мой сцэнарый быў безнадзейна перакрэслены. Аня - у кароткай жоўтай сукеначцы з тонкiм зялёным паяском - узяла мяне за руку i сказала, што я свой хлопец, а таму заўтра павiнен прыйсцi да яе дадому, дзе мацi не будзе, бо яна з'ехала ў Стаўрапаль, а бацька нiколi не хадзiў на бацькоўскiя сходы i мяне не ведае, а таму паверыць, калi я скажу, што мой старэйшы брат iдзе ў войска i што ў суботу мы запрашаем яе, Аню, на праводзiны, i мая мама прасiла перадаць, што пакiдае яе пад сваю адказнасць начаваць у нас, бо мы жывём ажно ў ФРГ (з нашага тагачаснага слэнгу ФРГ перакладалася як Фэдэратыўная Рэспублiка Грамы i азначала самую далёкую полацкую ўскраiну).
      У мяне нiколi не было нi старэйшых, нi малодшых братоў, але назаўтра я падыходзiў да Анiнага дома дакладна ў прызначаны час, бо нарэшце пачалася дыфузiя сноў i рэальнасцi: на вуснах у мяне гарэў яе ўчарашнi, пакiнуты пад наглядам шкiлетаў i неверагодна смачны ад памады пацалунак з прыкусам, а каламутнае адчуванне таго, што мяне выкарыстоўвалi як хлопчыка на пабягушках, не здольнае было перамагчы грахоўна-салодкага пачуцця дарослай мужчынскай разбэшчанасцi, народжанага Анiным абяцаннем разлiчыцца са мною адразу пасля выхадных. Я жадаў яе, i пляваць мне было на гэтыя мiфiчныя праводзiны ў войска i на мiфiчнага брата, якога звалi Мiшкам Яжэвiчам, i на вульгарнасць яе абяцанкi, i на папярэджанне, што на двары ў iх злы сабака, якi аказаўся ўкормленым ваўкарэзам, ад якога я ледзьве ўратаваўся, кiнуўшыся назад у веснiцы.
      Анiн бацька быў макароннiк. Тады iтальянцы траплялiся ў нас так рэдка, што макароннiкамi называлi выключна прапаршчыкаў савецкай армii. Па-змоўнiцку мiргаючы мне, Аня ўтаймавала ваўкарэза i паклiкала бацьку. У вялiзным калiдоры пахла мышамi i нечым ядомым. Пры сцяне стаяў штабель скрынак, на адной з якiх было сапраўды напiсана: макароны. Тамсама, у калiдоры, прапаршчык Шадурка, з-за плячэй якога Аня ўсяляк дапамагала мне вачыма, i выслухаў маю старанна адрэпетаваную хлусню, пасля чаго моўчкi пасунуўся ў глыб дома. Зачынiўшы дзверы, Аня захiхiкала i прыцiснулася да мяне. Я пацягнуўся да яе вуснаў, але ў доме пачулiся крокi, жаласнае мяўканне, i прапаршчык са словамi: "Лавi мышэй, блядушка", выкiнуў у калiдор котную рыску.
      Разлiк адбыўся ў панядзелак у кватэры Анiнай сяброўкi з гiмнастычнай секцыi.
      Аня сустрэла мяне ў прывезенай з замежных спаборнiцтваў смараiдавай сукенцы з залацiстымi маланкамi на рукавах i кiшэнях. Магнiтафон заядаў i рваў стужку. Цiха вылаяўшыся, Аня апошнi раз пстрыкнула пераключальнiкам i павярнулася да мяне. "Ты хоць умееш?" - запыталася яна, страсянуўшы светлымi валасамi стрыжанай русалкi. "Што?" - бязглузда адказаў я. "Джыгi-джыгi", засмяялася яна, сцягваючы цераз галаву сукенку.
      Пад сукенкай на ёй не было анiчога, апрача двух трохкутнiкаў: большага сляпуча белай незагарэлае скуры i меншага - густых жарых кудзерак.
      Думаю, што, нягледзячы на бесцырымонную Анiну падмогу, мяне напаткаў бы поўны правал, але, ужо згараючы ад сораму i нянавiсцi да свайго бездапаможна выцягнутага на канапе цела, я iнтуiтыўна заплюшчыўся i ўявiў сябе на лазенным палку з ленiнградскай бессаромнiцай Зiнкай. Там, на палку, усё атрымалася аўтаматычна, i я нават адчуў пах бярозавых венiкаў i мулкасць дошак пад каленямi. "Толькi не адразу, цярпi, цярпi..." - усцешана зашаптала Аня, калi я ўжо не баяўся расплюшчыць вочы, i выгнулася так, што радзiмыя плямкi апынулiся якраз насупраць маiх вуснаў. Я з лёгкiм страхам дакрануўся да iх i яшчэ паспеў здзiвiцца, што плямкi халодныя, як ваконнае шкло.
      Калi мы апранулiся, я па-мужчынску ўпэўнена правёў па iх пальцамi i нарэшце падзялiўся сваiм геаграфiчным адкрыццём: "Ты ведаеш, яны падобныя на Новую Зеландыю". "Ну насмяшыў, - адказала Аня i кiўнула на вывадак парцалянавых слонiкаў, за якiм на серванце стаяў будзiльнiк. - Зматваемся, а то Ленчына маманя можа раней прыцягнуцца". Выправоджваючы мяне з кватэры, мая другая жанчына папярэдзiла: "Мiшка даведаецца - з-пад зямлi дастане".
      У аўторак на заняткi я не пайшоў. Я хацеў, каб здарылася адно з двух: або няхай Аня кожны дзень сцягвае перада мной сукенку, альбо няхай яе назаўсёды забяруць куды-небудзь у гiмнастычную зборную СССР у Маскву.
      У сераду мацi пагнала мяне ў школу, дзе высветлiлася, што Шадурка i праўда паехала на нейкiя спаборнiцтвы i ў цэлым горадзе нашу таямнiцу цяпер ведалi толькi два шкiлеты, якiя з гэтае прычыны выклiкалi ў мяне ледзьве не замiлаванне.
      Вярнулася Аня за пару дзён да зiмовых вакацыяў. Яе з'яўленне ў класе ўразiла нават цiхага дэбiла Дзiму Чыкiна, якога не адпраўлялi ў спецшколу дзеля таго, што ягоны бацька быў дырэктарам аўтарэмзавода. Аня, чаго раней з ёю нiколi не здаралася, па чарзе абыходзiла ўсе сталы i, цалкам iгнаруючы дзяўчынак, з кожным з хлопцаў вiталася па iменi. "Прывет, Вова, - прамовiла яна такiм абыякава-бескалёрным голасам, што мне зрабiлася нiякавата. - Прывет, Дзiма, я табе жвачку прывезла..." Гэтую дзiўную працэдуру перапынiў прыход нашага фiзiка Юлiяна Людзвiгавiча, што меў мянушку Кулон.
      Далей падзеi разгортвалiся надзвычай iмклiва. Не паспеў Кулон кагосьцi выклiкаць, як Шадурка падняла руку. "Што ты хочаш, Аня?" - запытаўся фiзiк, абсалютна, як i мы, упэўнены, што Аня можа хацець чаго заўгодна, але толькi не iсцi да дошкi. "Юлiян Людзвiгавiч, я малекулы бачу", - усхвалявана абвясцiла Аня. Па кабiнеце прашамацеў смех, якi змянiўся насцярожаным маўчаннем. "Сядай, Шадурка, гэта не смешна", - сказаў Кулон, i ягоная рука з асадкай папаўзла па журнальным спiсе.
      Аня села, але адразу зноў падняла руку, прычым, быццам першакласнiца, якой карцiць атрымаць пяцёрку за вывучаны вершык, цягнула яе ўсе вышэй i вышэй. Кулон падняў вочы. "Што яшчэ, Шадурка?" "Юлiян Людзвiгавiч, я ўжо атамы бачу, - захлынаючыся ад радасцi, загаварыла Аня. - Чэснае камсамольскае. Вось, вось, лётаюць..." Яна выбегла з-за стала ў праход i паказвала пальцам у паветра.
      "Нармалёва", - прысвiснуў нехта з "камчаткi". Кулон асцярожна ўзяў Аню пад руку i вывеў з класа.
      Аню лекавалi ўсю зiму i вясну: спачатку ў былым бернардзiнскiм кляштары, дзе перад вайною выбiвалi прызнанне ў Юлькi, а ў пяцiдзесятыя гады адчынiлi абласную вар'ятню, потым - дзесьцi ў Падмаскоўi.
      У дзесятым класе наша парачка шкiлетаў зноў убачыла Аню. Яна нiколi нi з кiм не загаворвала. Яе не выклiкалi адказваць i вызвалiлi ад выпускных экзаменаў. Яна не ездзiла на зборы i чэмпiянаты i прыкметна пакруглела. Памiж сабой мы са шкадобаю называлi яе Малекулай. Мы даўно ведалi, што на апошнiх у Анiным жыццi спаборнiцтвах пасля п'янкi яе згвалцiлi трэнеры. Трох цi чатырох пасля гэтага пасадзiлi.
      Калi Аня па-ранейшаму бачыла малекулы i атамы, дык вырашыла пра гэта маўчаць. Адзiны чалавек, каму яна магла даверыць сваю таямнiцу, быў Мiшка Яжэвiч, бо ён, як нi дзiўна, не кiнуў з ёю сустракацца i часам чакаў яе пасля ўрокаў на лавачцы каля школьнага саду. Iх разам з памаранчавым намётам бачылi то на дзвiнскiм беразе за Сафiйскiм саборам, то ў чыгуначнай лесапасадцы, дзе за год да гэтага знайшлi выкiнуты з маскоўскага цягнiка полiэтыленавы мех з трупам нетутэйшай жанчыны. Старэйшыя хлопцы з нашага двара з зайздрасцю казалi, што Мiшка ўладкаваўся, як кароль: трахае дурнiцу i галава нi пра што не балiць.
      Прыехаўшы праз год з Менска дадому, я ўбачыў Мiшку Яжэвiча з маладой жонкаю i дзiцячай каляскай. Малекулы ў горадзе не было. Яе бацьку-макароннiка хацелi пасадзiць за крадзяжы, i ён прадаў дом i з'ехаў у Стаўрапаль. Разам з iм паехала i Аня, якая перад тым працавала прыбiральшчыцай у цырульнi "Ландыш", што насупраць цяперашняга помнiка Францiшку Скарыну.
      Гадоў праз дзесяць пасля тых падзеяў Мiшка Яжэвiч заснаваў кааператыў, што вырабляў жаночыя паясы, i збудаваў сабе на цiхай заможнай вулiцы двухпавярховы катэдж. Яшчэ гадоў праз дзесяць мне расказалi, што аднойчы Мiшка не вярнуўся ўвечары дахаты i ранiцою мiлiцыя павезла ягоную жонку ў лес пад Лепель. Апазнаць Мiшку ў выцягнутым са спаленага "фольксвагена" абгарэлым трупе ўдалося па верхняй скiвiцы з залатымi зубамi.
      I без таго цяжкiя хаўтуры былi азмрочаныя двума вусцiшнымi здарэннямi. Па-першае, у фатографаў нiяк не атрымлiвалiся здымкi на жалобны партрэт: пасля павелiчэння добрых, здавалася б, фатаграфiяў твар нязменна выходзiў чорны. Нехта падрадзiўся зрабiць партрэт са здымка ў замежным пашпарце, але атрымалася яшчэ горш: на месцы вачэй выступiлi чорныя кругi, а на шыi - белы пасак накшталт вяроўкi. Другое здарэнне было яшчэ жудлiвейшае: калi рыхтавалiся апускаць труну, у магiлу спрабавала кiнуцца нiкому не вядомая п'яная жабрачка, што збiрала на кладах пустыя пляшкi.
      У фiнале маёй гiсторыi Маэм зноў будзе прадстаўлены толькi кiпцястай птушынаю лапай.
      Я не спытаюся ў гэтай старэйшай ад мяне гадоў на дваццаць iстоты, цi памятае яна Мiшку. У мяне не знойдзецца буйной купюры, каб пакласцi ў яе зашмальцаваную мужчынскую кепурку з абразком святой Еўфрасiннi. А калi б смуглым ад бруду пальцам i заманулася скамечыць мой даляр у маленькi шарык, каб яго праглынула птушка, дык грыфы ўсё роўна засталiся ў Веракрусе, а тут скакалi па непадмеценых прыступках адно сытыя манастырскiя вераб'i.