Мудров Винцесь
Восеньскiя вакацыi (на белорусском языке)
Вiнцэсь Мудроў
Восеньскiя вакацыi
(З аповедаў пра Ваню Бянькова)
I
Першымi днямi лiстапада сямнаццацiгадовы Ваня Бянькоў прыехаў дадому, у вёску Бычкi Азярышчанскага раёну. Ваня вось ужо трэцi год вучыўся ў адным з баранавiцкiх ПТВ i, адпрацаваўшы са сваёй групай два месяцы на ўборцы лёну, зарабiў такiм чынам пяць дзён адпачынку.
Убiўшыся ў родную хату, хлопец праспаў цэлыя соднi, потым паўдня адваляўся ў ложку i падняўся толькi тады, калi мацi, Ларыса Пятроўна, сьцягнула зь яго коўдру i жартам агрэла падушкай па галаве.
- Мандрык тут, цi зьехаў куды? - запытаўся Iван, падлiваючы цёплай вады ў рукамыйнiк.
Лёшка Мандрык быў вядомы на ўсю вёску бандзюк - улетку Iван з-за яго ледзь не патрапiў у вязьнiцу, i Ларыса Пятроўна заўсёды хмурнела, калi чула гэтае прозьвiшча.
- Зьнiк недзе... Мандрычыха казала - паехаў на трактарыста вучыцца, - мацi падхапiла рагач, выцягнула зь печы чыгунок з гарачаю бульбаю, - а можа, дзе ў турме сядзiць - за яго дужа не бярыся.
Абкруцiўшы чыгунок анучкаю, Ларыса Пятроўна ўздыхнула, высыпала парную бульбу на талерку.
- На зiму ўсе разьехалiся. Адзiн Лябёдка застаўся. У калгасе рабiць ня хоча - гойсае на матацыкле. На Пакровы Бадунiсе гусака задушыў. Ехаў п'яны з Азярышча... так шыю i пераехаў. Бадунiха i цяпер бядуе. Зьбiраецца ў суд падаваць. - Ларыса Пятроўна накiнула на голаў хустку, мелькам зiрнула ў аскепак люстэрка, што стаяў на рукамыўнiку, падхапiла зь цьвiка ватоўку. - Ну, сядзi... Я на фэрму. А то ж, пэўна, равуць, нядоеныя, - ужо з парога азвалася мацi i, бразнуўшы клямкаю, затупала на падворку.
Лябёдка, пра якога згадвала Ларыса Пятроўна, быў гадоў на пяць старэйшы ад Iвана i да апошняга часу працаваў у бычкоўскiм клюбе кiнамэханiкам. У жнiўнi, акурат перад Iванавым ад'ездам на вучобу, з тым Лябёдкам бяда надарылася: заснуў, падпiты, у кiнабудцы, а нехта з супольнiкаў недапалак у бляшанку кiнуў, у якой стужка ляжала. Ну i задымiла, вядома. Дым з вокнаў папёр, людзi зьбеглiся, а Мандрычыха, загадчыца клюбу, зь перапуду ў Азярышча патэлефанавала, пажарную машыну выклiкала. Пасьля таго выпадку Лябёдку i выкiнулi з працы.
...Куснуўшы кiслы гурок, Iван пасьмiхнуўся - згадаў, як ачмурэлага ад дыму Лябёдку выносiлi з кiнабудкi, i, падпёршы рукою рухавыя пашчанкi, зiрнуў у вакно.
За вакном, у сутоньнi пахмурнага восеньскага дня, хiталася на ветры згалелая яблыня, а на яблынi, на самай высокай яе галiнцы, дрыжэй ад холаду самотны яблык. Яблык быў зьмерзлы, зморшчаны, i, пазiраючы на яго, Iван са скрухаю падумаў, што пройдуць тры днi i давядзецца зноўку зьбiрацца ў дарогу, каб ехаць у праклятушчыя Баранавiчы. Тры днi... i зноўку будзе халодны вагон, зноўку будуць бясконца ляпаць дзьверы, i ён, седзячы на бакавым месцы ля прыбiральнi, будзе стукацца патылiцай аб стоп-кран, аж пакуль у вачах хваравiтым трызьненьнем не паўстане будынак баранавiцкага вакзалу.
Хлопец уздыхнуў, захрабусьцеў кiслым агурком i адчуў раптам, як штосьцi мяккае i цёплае кранулася лыткi. Iван зiрнуў пад ногi i ўбачыў ката Барыса. Барыс пацёрся трохi аб ягоную лытку, пацягнуўся, наставiў на Iвана круглявыя вочы. Давялося кiнуць на падлогу кавалак бульбiны, але Барыс на такi пачастунак нават не глянуў.
- Зажэрся ты, братка! Цябе б, бляха, у Баранавiчы, у iнтэрнат, - прамовiў Iван, i кот, згаджаючыся з такiмi словамi, вякнуў ды паглядзеў на дзьверы.
Iван выпусьцiў ката на двор, удыхнуў празь дзьвярную пройму ядранага паветра i вырашыў таксама праветрыцца.
Перадзiм'ем у Бычках сумна. Прайдзiся празь усю вёску - жывой душы ня стрэнеш. Клюб зачынены, бiблiятэка таксама. Вецер пясок са сьнегам круцiць ды выцьвiлы сьцяжок на шасту матляе. Сьцяжок, як сьведчыць надпiс на кардонцы, у гонар камбайнэра Ф.I.Траяна ўзьняты, якi ў жнiўнi на сваiм СК-4 чатырыста тон збожжа намалацiў. Збожжа даўно на станцыю зьвезьлi. Хведзька Траян даўно тыя грошы прапiў, што яму ў прэмiю далi, а сьцяжок усё матляўся, i шост гудзеў на ветры, i не было ў сьвеце анiчога больш сумнага, чым гэтае матляньне i гэтае панылае гудзеньне.
"I на якую халеру прыехаў?" - падумаў Iван, тузануўшы дзьвярную ручку. Кiнабудка была зачыненая i, мяркуючы па той колькасьцi пяску, што намяло пад дзьверы, невядома калi адчынялася. Iван прыпаў вокам да шчылiны дзьвярэй, доўга глядзеў на стаптаны чаравiк, што ляжаў пасярод кiнабудкi, разважаючы каму той мог належаць - Лябёдку цi Мандрыку? - i гэтыя развагi былi перарваныя матацыклетным рокатам. Рокат чуўся з боку Азярышча: матацыкал змучана чхаў, страляў выхлапнымi газамi, i гэта сьведчыла за тое, што па дарозе ехала Лябёдкава "Панонiя".
Зьяжджаючы з Дабранскай гары, матацыкал загуў на фарсажы, а пад'ехаўшы да клюба, заляскатаў парывiста i глуха.
- Ваня! Прыехаў! - выгукнуў кiроўца "Панонii", задаволена пасьмiхнуўся i, зьняўшы крагi, працягнуў Iвану сваю перапэцканую машыннай алiвай руку. Лябёдку было цяжка пазнаць. Калi раней ён гойсаў на сваёй "Панонii" ў танкiсцкiм шлеме, дык цяпер галаву ягоную ўпрыгожваў моташлем з самаробным брылём, i гэты брыль рабiў яго падобным да вялiзнай качкi.
- Зь Вiцебска еду, ад брата, - растлумачыў Лябёдка, пасьля чаго крутнуў ручку газу i, матлянуўшы галавой, прамовiў: - Адвязвай ды сядай. Газанем, бляха!
За сьпiнай былога кiнамэханiка месьцiлася, прытарочаная да сядзеньня, пашарпаная валiза. Iван паспрабаваў быў разьвязаць аборку рукамi, потым пусьцiў у ход зубы i ў рэшце рэшт палез у кiшэнь па сьцiзорык.
- Асьцярожней толькi, у мяне там радыёлямпы, - мармытнуў Лябёдка i з натхненьнем паддаў газу.
Па тупкай сьцяжыне паехалi з грукатам, зь ветрыкам, а ўзьехаўшы на пясок, матацыкал запаволiў бег i завыў як перад скананьнем.
- Калi прыехаў? - запытаўся Лябёдка.
- Учора, - азваўся Iван; у гэты момант матацыкал стрэлiў выхлапнымi газамi, тузануўся i заглух.
- Даканаў мяне гэты пярдун! - Лябёдка грукнуў кулаком па бэнзабаку, i хлопцы, даўшы волю мацюкам, добрых трыста мэтраў - аж да самае сталоўкi пiхалi-разганялi матацыкал, але той так i не завёўся.
У сталоўцы, куды яны ўвайшлi, было пуста, адно за прылаўкам, падпёршы рукамi кучаравую галаву, сядзела дачка загадчыцы Люська Халiмонава i з сумам у вачах чытала нейкую кнiжку. Зь Люськаю Iван некалi вучыўся ў школе, сядзеў за адной партай, а аднойчы, здаецца, у сёмай клясе, нават пiсаў "любоўныя" цыдулкi. I хаця пасьля таго мiнула цi мала часу, Iван i цяпер пры стрэчы зь Люськаю чырванеў i наагул пачуваў сябе нiякавата.
Абабiўшы кiрзачы, Лябёдка паважнай хадою падышоў да Люськi, гульлiва пасьмiхнуўся, а Люська, не адрываючыся ад чытаньня, памацала рукой пад прылаўкам i выставiла перад наведнiкам бутэльку "Стралецкай".
Такiя Люсьчыны паводзiны наведнiку вiдочна не спадабалiся. Зьняўшы з галавы моташлем, ён налёг грудзiнаю на прылавак, з робленай цiкавасьцю зазiрнуў у кнiгу.
- Што, Мапасана чытаем? - прагугнiў Лябёдка, i шырокая пяцярня ягоная паволi легла на Люсьчын азадак.
Люська, вiдаць, толькi таго i чакала, бо кнiжка надта ж iмпэтна ўзьнялася ў паветра i гучна ляснула па Лябёдкавай патылiцы.
- Лябёдка! Зноў хулюганiш? - пачулася за перабойкаю, а ў раздатачным вакенцы ўзьнiк расчырванелы твар загадчыцы сталоўкi.
- Пятроўна! Цешчы ты мая дарагая! Я ж да вас сватацца прыйшоў! жартаўлiва заенчыў Лябёдка, i адказам яму быў грукат мэталёвага посуду i абураны голас Пятроўны:
- А каб цябе парвала, такога зяця!
Пятроўна выйшла з кухнi, паправiла на галаве хустку, а згледзеўшы Iвана, якi муляўся ля дзьвярэй, з усьмешкаю на вуснах запытала:
- Што, Ваня, прыехаў... будзеце цяпер на пару пiячыць? - Пятроўна хацела яшчэ нешта сказаць, аднак Лябёдка, абураны такiмi словамi, паставiў "Стралецкую" на блiжэйшы столiк i суворым голасам загадаў:
- Абслугоўвайце наведнiкаў!
Iван, слухаючы ўсё гэта, гатовы быў скрозь зямлю правалiцца. Ён ужо i ня рады быў, што пацёгся зь Лябёдкам у сталоўку, i, перакiдваючы з рукi на руку брынклiвую валiзу, кiдаў дакорлiвыя позiркi на шырозную Лябёдкаву сьпiну.
Пятроўна ляснула дзеля прылiку косткамi лiчыльнiкаў, з усьмешкаю на перакошаным твары прамовiла:
- Два шэсьцьдзесят... наведнiкi.
- Дзьве скумбрыны i чатыры хлеба, - усё тым жа афiцыйным тонам прасiпеў Лябёдка, пашнарыў па кiшэнях i, зьвяртаючыся да да Iвана, прабачальным голасам запытаў: - У цябе пару рваных ня знойдзецца?
Iван зь Лябёдкам расьлi бязбацькавiчамi. Iван свайго бацьку толькi на фотаздымку бачыў, а Лябёдкаў бацька, калi сын яшчэ i ў школу не хадзiў, завэрбаваўся па аргнаборы ў Карэлiю, i яго там, нецьвярозага, забiла на лесапавале. Бязбацькавiчы, як вядома - тыя ж браты. Iван мiнулым часам цэлымi соднямi прападаў у кiнабудцы. У карты граў, кружэлкi круцiў на клюбнай радыёле, а вечарамi стужкi перамотваў ды фiльмы глядзеў праз адтулiну. Праўда, калi Лябёдка бываў не ў гуморы - з бадуна, цi калi з Мандрычыхай палаецца, дык мог свайму "брату" i па карку заехаць, а то, згадаўшы саратаўскую вучэбку, у якой служыў у войску, мог загадаць разоў сорак ад падлогi адцiснуцца. I вось, сядаючы за стол у куце сталоўкi i адчуваючы, што настрой Лябёдкавы канчаткова сапсаваны, Iван з насьцярогаю пакасiўся на сваю былую аднаклясьнiцу.
"Стралецкая" - настойка на дзiва паганая. Яе глытаеш, а яна назад лезе...
Кульнуўшы па першай, хлопцы скрывiлiся, пусьцiлi пад ногi згуслую сьлiну i з драпежным выглядам на тварах сталi зьдзiраць зубамi скуру зь перасохлых рыбiн.
Пару хвiлiнаў яны сядзелi моўчкi, грызьлi каляную рыбу, аж пакуль Лябёдка не пацягнуўся за бутэлькай i, налiваючы па другой, не працадзiў:
- Яны яшчэ пашкадуюць...
Налiў сабе Лябёдка ў два разы болей, чым сябру, i пад пiльным Iванавым позiркам трунак улiўся ў ягонае нутро нат не зварухнуўшы коўцiка.
- Два разы вымпэл атрымлiвалi... Курва гэтая, Мандрычыха, на сэмiнары езьдзiла. А безь мяне... раз на тыдзень круцяць, i стужка праз мэтар iрвецца. - Былы кiнамэханiк выплюнуў на падлогу рыбiну луску, выцягнуў з кiшэнi пачак "Беламору".
- А хто круцiць? - пацiкавiўся Iван, мерачыся запусьцiць пальцы ў пачак з куравам.
- Як хто - Мандрычыха!
- Мандрычыха?! - а яна ўмее?
Былы кiнамэханiк чыркнуў запалкаю, паднёс да папяросы, i жоўты вогнiк зь вясёлым iмпэтам мiльгануў у ягоных вачах.
- Мiшка Бадуноў круцiць. А яна так... ажыцьцяўляе агульнае кiраўнiцтва. Лябёдка зацягнуўся папяросай, з шумам выпусьцiў дым, i той паволi паплыў у бок вакенца раздачы.
- Мiшка ж непаўналетак, дык яна да Даўгалёва езьдзiла, дамаўлялася. Казалi, пляшку белай ставiла. Ну i дамовiлася, старая курва. Палову стаўкi сабе забiрае, а палову Бадунiсе аддае.
За сьценкаю зноўку штосьцi грукнула, палiлася вада, i пачуўся зычны голас Пятроўны:
- Хопiць смалiць! Не ў хляве!
Яшчэ празь iмгненьне ў пройме раздатачнага вакенца мiльгануў раззлаваны твар Пятроўны, вакенца зачынiлася, i загадчыца, ужо прыглушаным голасам, дадала:
- Закругляйцеся. Хутка зачыняць буду.
Шызы дым, якi дагэтуль плыў у вакенца, папоўз па сьцяне, ахутаў шыльду зь нязграбным надпiсам "У нас не курят".
- Задзяўбла, - прашаптаў Лябёдка, затушыў аб нутраны бок стала папяросiну i, падвысiўшы голас, выдыхнуў: - Куды зачыняцца?! Сталоўка да сямi працуе!
- Да дваццацi сямi! - крыкнула за сьценкаю Пятроўна, пасьля чаго Лябёдка хiтнуў галавой i пацягнуўся за бутэлькаю.
Рэшткi "Стралецкай" былi разьлiтыя пароўну.
- Азярышчанцы казалi - Даўгалёў ня ведае, што й рабiць. Кiнамэханiкi ж на дарозе не валяюцца! Ня сёньня-заўтра папросiць заяву напiсаць. Толькi во яму! - Лябёдка ляпнуў даланёй левай рукi па выстаўленай правай i падняў шклянку.
- Люська! Чаго ты тут мацюкi слухаеш?! Iдзi дахаты! - азвалася за сьценкаю Пятроўна, i Люська, захлопнуўшы кнiгу, без асаблiвай ахвоты падалася да вешалкi.
- Пятроўна, куды ж яна?! Хай пачакае... я ж папраўдзе жанiцца хачу! жартаўлiва заенчыў Лябёдка, а Люська, зьняўшы зь вешалкi палiто, крутнула пальцам ля скронi.
- У каго, у цябе? - крыкнуў увасьлед дзяўчыне былы кiнамэханiк, але тая не пачула - выбегла на двор.
Ад дзьвярэй павеяла халадэчай. Ачуўшыся, Iван пацёр лабешнiк, п'янавата ўтаропiўся ў супольнiка. Ад выпiтага кружылася галава, у вушах шумела i ён зусiм ня цямiў - пра што вёў гаворку сябра.
- У труне я бачыў гэты кiнапракат! - гукаў суразмоўнiк, раз-пораз пляскаючы даланёй па валiзе. У валiзе пры гэтым штосьцi бразгала. - Як захачу, дык буду мець болей, чым той Даўгалёў... з усёй яго канторай. - Слова "кантора" былы кiнамэханiк вымавiў зусiм цiха i, увабраўшы голаў у плечы, зiрнуў у бок прылаўка.
- Давайце, п'янтосы... зачыняць буду! У мяне карова целiцца, - азвалася з кухонных нетраў Пятроўна, i Лябёдка ад таго воклiчу перакрывiўся як ад зубнога болю.
- Каб ты сама ацялiлася, - працадзiў скрозь зубы былы кiнамэханiк, паныла глянуў на пустую пляшку i нечакана для Iвана ляпнуў яго па сьпiне. - Ваня-а! Сябрук! Хочаш, заўтра ж паедзем. Пакажу табе, як грошы робяцца. А? Ваня-а!
Iван кiсла пасьмiхнуўся, узьняў на прыяцеля ашклянелыя вочы.
- Як гэта? - выдыхнуў ён, не даючы веры Лябёдкавым словам.
- Пабачыш... Ва Ўсьвяцкi раён паедзем, у Вялiкарусiю, - Лябёдка разьвёў рукамi, зьбiраючыся, пэўна, паказаць, як ён будзе зарабляць грошы, i ў гэты момант сталоўка панурылася ў цемру. - Што гэта? - зьдзiўлена прамармытаў Лябёдка, рыпнуўшы крэслам, а зразумеўшы ў чым справа, абурана гаркнуў: Пятроўна! Харэ барзець! Уключы!
Пятроўна затупала на кухнi, потым яе шырокая постаць акрэсьлiлася ля прылаўка i, бразнуўшы ключамi, загадчыца сталоўкi коратка i рашуча загадала:
- Усё! Выкульвайцеся!
... На двары было цёмна, над галавой зьзялi зоркi, i Iван, азiрнуўшы азоранае неба, шчыра зьдзiвiўся: чаму ён ня бачыў гэтых зорак там, у Баранавiчах? Дыхнуўшы парай, хлопец абтрэс апошнiя кроплi i прыслухаўся. За сьпiнаю чулася гучнае цурчэньне.
- Ну, дык як, паедзем? - запытаўся Лябёдка праз хвiлю, асьвяцiўшы твар агнём запаленай сярнiчкi.
Жарынка Лябёдкавай папяросы задрыжэла ў цемры, узьнеслася ўгору, матлянулася некуды ўбок i неўзабаве вярнулася на месца.
- Вушанку толькi вазьмi, а то надзьме, - за рогам бразнула завала, пачулася незадаволенае мармытаньне, i яшчэ празь iмгненьне таропкiя крокi Пятроўны зьлiлiся з брэхам бычкоўскiх сабак.
Дапалiўшы папяросы, сябры выкацiлi на бальшак Лябёдкаву "Панонiю", крэкнулi, рыхтуючыся да разгону, i Лябёдка, тупаючы кiрзачамi па дарозе, засоплена выдыхнуў:
- Заўтра... а восьмай... ля сталоўкi.
Апошнiм высiлкам Iван пiхнуў матацыкал, павалiўся на зямлю i падняўся толькi тады, калi пачуў, як "Панонiя", ужо недзе пад самай гарой, зь неахвотаю заляскатала маторам.
Прыемна ўсё ж такi прачнуцца ў роднай хаце, зiрнуць на гадзiньнiк i, адчуўшы, што спаць можна колькi ўлезе, кульнуцца на левы бок. У такiя хвiлiны душу наведвае цiхая радасьць, i сны потым сьняцца прасьветлыя i шчымлiвыя.
Прачнуўшыся а сёмай, Ваня Бянькоў памружыўся на сьвятло, што цадзiлася з кухнi, i ў той самы мiг сон зьляцеў з павек i слых напоўнiўся да болю знаёмымi зыкамi: гудзеньнем у комiне, тахканьнем старых ходзiкаў i лагодным кацiным мурканьнем, якое перарывалася за кожным трэскам бярозавых дроў. Паляжаўшы на баку, Iван лёг на сьпiну, зiрнуў краем вока на ката Барыса i з насалодаю, аж да хрусту ў каленях, пацягнуўся. "I куды гэта Лябёдка сабраўся?" - падумаў ён, канчаткова абудзiўшыся, i разважаючы над гэтым пытаньнем, казелiў вочы на Барыса. Кот сядзеў на печы, вуркатаў свае песьнi i час ад часу ўтрапёна пазiраў на ўваходныя дзьверы. Iван удыхнуў паветра, каб паклiкаць Барыса, але ў той жа мiг у сенях бразнула даёнка i кот вомiгам растварыўся ў шарым запечным паўзмроку.
Мацi цiхенька адчынiла дзьверы, i ў хаце запахла сырадоем. Паставiўшы на ўслон даёнку, мацi зьняла зь цьвiка марлiну, страсянула абедзьвума рукамi, i неўзабаве сырадой ценькiм цурком палiўся ў збан. Iван заплюшчыў вочы, прыслухаўся да зыкаў, што даляталi з кухнi, i кожны матчын рух яскрава адбiваўся ў ягонай сьвядомасьцi. I вось цурчэньне стала больш глухiм, мацi штосьцi прамармытала сама сабе, грукнула вядром ды нечакана спалохана гойкнула:
- А каб ты спрах, кацера ты чортава!
Ну вядома - кот Барыс iзноў напужаў мацi. Печ у хаце высокая, i Барыс, сiгануўшы зь верхатуры, напачатку скочыў на матчыну сьпiну i толькi потым зьляцеў на падлогу.
- Во халера на маю галаву! I на чорта мне гэты кот?! - бедавала мацi, разьлiваючы сырадой, а напоўнiўшы другi гарлач, плёснула малака ў Барысаву чаропку. Хвiлiну Iван слухаў, як роспачна ляпаў языком кот Барыс, пасьля чаго крэкнуў i падняўся на ногi.
- Што, пiў учора? - запыталася Ларыса Пятроўна, калi сын, пачэрпнуўшы вады зь вядра, прыпаў да конаўкi.
- Угу! - вымавiў Iван, не перарываючы пiцьця, а наталiўшы смагу, выцер вусны i, апярэджваючы матчыны словы, дадаў: - Зь Лябёдкам, п'янтосам гэтым няшчасным.
Ён прабег на цырлах па халоднай падлозе, шмыгнуў у цёплую пасьцель i яшчэ раз, цяпер ужо з райскiм задавальненьнем, пацягнуўся.
- Алкаш гэты... узяўся тэлевiзары рамантаваць, - азвалася з кухнi мацi, плюхнуўшы вады ў даёнку. - Авадзiсе адрамантаваў, дык, казала, два днi гук быў, а на трэцi ня стала. - На кухнi iзноўку плюхнула вада, гэтым разам у мяднiцу, i мацi, адчынiўшы дзьверы, пачала выносiць збаны на холад.
- У нас жа тэлевiзараў мала, рамантаваць няма чаго, дык панадзiўся ў Азярышча езьдзiць. Думаў, там яму адвалiцца... А людзi, што ў тэлеатэлье працуюць, злавiлi ды ў каршэнь натаўклi - во як! - мацi крэкнула, падхапiўшы штосьцi цяжкое, i выйшла з хаты.
Iван асавела пазяхнуў, зьбiраючыся паспаць яшчэ якую гадзiну, але мацi iзноў убiлася ў хату i, кiнуўшы ля печы абярэмак дроў, недарэчна голасна абвясьцiла:
- У Пятроўны карова ацялiлася. Цялушачка такая ж, як наша Рагуля. Сама чорная, а на лобе мецiна...
Каб ня слухаць матчынай балбатнi, Iван утоўк галаву ў падушку, абхапiў яе рукамi i, ашчадна дыхаючы, стаў думаць - ехаць яму зь Лябёдкам ва Ўсьвяцкi раён, цi, мо, застацца дома.
Лябёдка, на якога не стамлялася лаяцца Ларыса Пятроўна, быў наагул хлопцам нiштаватым. Пiў, вядома, але ж i справу сваю ведаў. Пазалетась ягоны партрэт нават у раённай газэце надрукавалi. "Кiнамэханiк Бычкоўскага кiнастацыянару М. Лебядзько рыхтуецца да чарговага сэансу". Наблытаў, праўда, карэспандэнт у прозьвiшчы, але як не наблытаеш, калi яго ад Лябёдкавай кiнабудкi да старшынёўскага "казла" ўтрох вялi. Дакладней кажучы, вялi двое - сам Лябёдка ды Лёшка Мандрык, а Iван карэспандэнту ногi перастаўляў - гэтак чалавек напiўся.
Меў былы кiнамэханiк, апрача гарэлкi, яшчэ адну жарсьць - радыётэхнiку. У школе нават марыў у радыётэхнiчны iнстытут паступаць, а ў восьмай клясе, знайшоўшы ў нейкiм часопiсе схему, змайстраваў электрагiтару. Iнструмэнт гэты быў у той час вялiкай рэдкасьцю - паглядзець на яго нават з Азярышча прыяжджалi. Лябёдка зь iм на канцэртах выступаў, да клюбнай радыёлы падключыўшы. Ну, а як ужо ў войска iшоў, падараваў гiтару Лёшку Мандрыку, сыну загадчыцы клюба. Лёшка таксама на канцэртах брынкаць узяўся, хоць граць i ня ўмеў. Але брынкаў нядоўга - штосьцi там у гiтары замкнула, i Лёшку падчас канцэрту токам смальнула. Мандрычыха пасьля таго гiтару аб клюбны ганак разьбiла i чутку пусьцiла, што Лябёдка Лёшку халеру тую падараваў, каб са сьвету зьвесьцi.
З войску - а служыць яму давялося ў нейкай дужа сакрэтнай часьцi - Лябёдка вярнуўся зь сяржанцкiмi лычкамi на пагонах i з "корачкамi" радыёмэханiка ў кiшэнi. Уладкаваўшыся кiнамэханiкам, ён першыя паўгоду не вылазiў з кiнабудкi: самаробны тэлевiзар майстраваў, а змайстраваўшы - у п'янку кiнуўся. Аднойчы да таго дапiўся, што сеў на распалены лiтавальнiк i апошнiя свае штаны прапалiў. Пасьля таго выпадку больш тэлевiзарамi не захапляўся, а ўсё сваё начыньне: лiтавальнiк, лямпы з кандзёрамi i кавалак канiфолi Мiшку Бадунову падараваў...
- Ванька, чуеш?! - прашамацела ля вуха, i Iван выцягнуў галаву з падушкi. - Кашу еш, у печы стаiць... Я на фэрму. - На кухнi пстрыкнуў выключальнiк, нема вякнуў кот Барыс - мацi, вiдаць, наступiла яму на хвост, i Iван, паморшчыўшыся, зноўку ўтоўк галаву ў падушку. Хвiлю ён ляжаў, потым усхапiўся на ногi, прабег на кухню i, наставiўшы струмень у памыйную мяднiцу, прашаптаў: - Еду.
II
З Дабранскай гары, на якой стаiць сталоўка, вёска бачная як на далонi. Сёньня нядзеля, людзей не вiдаць, адно што на Траянчысiным двары завiхалася некалькi постацяў, туркацеў трактар ды чулася бязладная гамонка. Iван прымружыўся, пазiраючы ў бок Траянчысiнага двара, i мiжволi пасьмiхнуўся. Ну, вядома: Хведзька Траян зноўку дзялiў са сваёй сястрой угнаеньнi з матчынага сьвiнюшнiка. Загнаўшы на падворак трактар, Хведзька з жонкаю ўскiдвалi на трактарны вазок парсючыны гной, а сястра ягоная, Фроська - ускудлачаная, у квяцiстым халаце - стаяла на вазку i скiдвала гной долу.
Хведзька з Фроськаю ўжо ня першым разам матчына дабро дзялiлi. Летась нават таварыскiм судом судзiлiся i па пятнаццаць рублёў штрафу атрымалi. Iван на тым судзе якраз за сьведку быў. Яму i цяпер карцела пабегчы на Траянчысiн падворак ды паглядзець, як там усё будзе, але ж трэба было чакаць Лябёдку. Пагатоў, жалезны гараж, якi стаяў каля Лябёдкавай хаты, быў прачынены, i гэта наводзiла на думку, што сябрук ужо недзе лётаў на сваёй "Панонii" i мог зьявiцца ў любую хвiлiну.
На вясковую вулiцу тым часам пачалi выбягаць кабеты, старая Траянчыха ўголас залямантавала, Iван стаiў дых, чакаючы развязкi, але нiчога такога ня здарылася: Фроська нечакана зьлезла з вазка, Хведзька ўлез у кабiну, i трактар, напоўнiўшы навакольле белым дымам, паволi выехаў з падворка.
Убачыўшы такое, Iван незадаволена скрывiўся: летась было цiкавей. Летась Фроська братавай пад вока лiхтар наставiла i гной на галаву ўскiнула. Пятнаццаць рублёў штрафу за тое атрымала. На суд тады ўся вёска сышлася, нават з Гатава папрыходзiлi. У дзьвярах стаялi, а загадчыцы клюба Мандрычысе, якая судзьдзёй была, ад задухi i хваляваньня млосна стала.
Прыгадваючы ўсё гэта, Iван агледзеўся, разважаючы, чым бы гэта заняць рукi, а ўбачыўшы на сьцяне сталоўкi пакарабачаную трубку, у якой, па iдэi, павiнен быў тырчаць чырвоны сьцяг, стаў накiдваць на яе сваю вушанку. Зь пятага цi шостага разу яму гэта ўдалося, Iван задаволена пацёр рукi, агледзеўся, шукаючы якую палку, i ў гэты момант чуйны слых ягоны вылучыў зь бязладнага туркаценьня трактара дробны ляскат Лябёдкавай "Панонii".
Матацыкал ляскатаў з натугаю, i, што самае дзiўнае, за сьпiнаю Лябёдкавай сядзела, загалiўшы белыя сьцёгны, загадчыца сталоўкi Пятроўна.
"Куды гэта яны? Цi не ва Ўсьвяцкi раён?" - падумаў Iван i на ўсялякi выпадак прыхаваўся за рогам сталоўкi.
Лябёдкавы драндулет даехаў толькi да сярэдзiны гары. Чхнуўшы, матацыкал заглух, зьехаў з дарогi i занурыўся пярэднiм колам у прыдарожны кювэт.
- Пятроўна, пачакай! - даляцеў да Iванавых вушэй зычны воклiч, але Пятроўна, якая ўжо шыбавала па бальшаку, на той воклiч нават не азiрнулася. Датупаўшы да сталоўкi, кабета перавяла дых - было добра чуваць яе нэрвовае дыханьне, - павярнула ключ i кiнула на парог грукатлiвую завалу.
- Во паразыт няшчасны! - прамовiла Пятроўна, расчынiўшы дзьверы, i ваконныя шыбы палахлiва зумкнулi ад грукату ейных ботаў.
Праз пару хвiлiн ля дзьвярэй сталоўкi цяжка засоп i былы кiнамэханiк. Падагнаўшы матацыкал да слупа, ён таксама перавёў дых, мацюкнуўся, i шыбы зноўку зумкнулi, цяпер ужо ад надраўнага голасу Пятроўны.
- Забiрай сваю халеру! - загадчыца выставiла на ганак валiзу, грукнула завалай i прашаптала тое ж нядобрае слова, якое хвiлю таму прамовiў Лябёдка.
- Пятроўна... давязу! - крыкнуў быў Лябёдка, калi загадчыца рушыла па дарозе, але тая махнула рукой, сiганула цераз кювэт i неўзабаве зьнiкла за прыдарожнымi кустамi.
Iван кашлянуў, выйшаў насустрач сябру.
- А-а! Ваня! - Лябёдкава рука балюча сьцiснула пальцы. - Вось, забылiся ўчора, - кiўнуў сябрук у бок валiзы i выцягнуў з кiшэнi пачак "Беламору".
Папяросiны ў пачку былi пустыя. Лябёдка паспрабаваў быў напхаць у адну зь iх тытуню, але хутка кiнуў гэты занятак i з уздыхам прысеў на ганак сталоўкi.
- Ну як, чуў? - запытаўся сябрук, падхапiўшы валiзу. Размова вiдочна iшла пра дзяльбу ўгнаеньня. - Зноў за сьведку выступаць будзеш? - рагатнуў Лябёдка, ляснуў чамаданнымi зашчапкамi, а Iван пасьля такiх слоў незадаволена плюнуў.
Летась, падчас таварыскага суда, на якiм Фроську Траянiху судзiлi, Iван у кiнабудцы сядзеў, бо ў зале не было месцаў. I вось, калi Мандрычыха пачала пытацца, хто бачыў бойку, усе, хто сядзеў у клюбе, языкi папрыкусвалi ды вочы ў падлогу панурылi. Хвiлiн пяць так сядзелi, нават кашляць перасталi. Тут у Iвана язык i разьвязаўся. Крыкнуў праз адтулiну, маўляў, ён бачыў i аб усiм распавесьцi можа. Мандрычыха тады акрыяла, пачала нешта пытацца, а Iван адказваў, у адтулiну гарлаючы.
Пасьля суда мацi яго цэлы вечар прабiрала, спрабавала нават вушы накруцiць. Фроська ж ейнай сяброўкай была, а Iван на тую сяброўку невядома што нагаварыў...
- Во, бляха... - вылаяўся Лябёдка, узьняўшы чамаданнае вечка, - шэсьць е пяць эс... так i знаў, што паб'ецца.
Выкiнуўшы з валiзы шкляныя аскалёпкi, былы кiнамэханiк iзноў мацюкнуўся, падняўся на ногi, а Iван, згадаўшы пра шапку, пабег здымаць яе са сьцяны сталоўкi.
З Дабранскай гары ляцелi, не адчуваючы пад сабой азадкаў. Вецер пругка бiў у твары, душа сьцiскалася ў камяк, i рот неяк сам сабою адкрываўся. Iвану карцела сьпяваць, крычаць штосьцi насустрач ветру, а аднаго разу, калi "Панонiя", наехаўшы на грудок, адарвалася ад зямлi, заманулася нават куснуць ад захапленьня Лябёдкаву сьпiну.
Яны ехалi ў Вялiкарусiю.
Ужо ад самой гэтай назвы павявала нечым патаемным. Гэтае "Р", гэтае "У", гэтае "С" працiналi разам зь ветрам душу, казыталi яе трапяткiм халадком. Хоць Iвану i раней даводзiлася бываць у Вялiкарусii (езьдзiлi з мацi ў Невель купляць партфэль i чаравiкi), але тое было даўно. Ды i езьдзiлi яны на рэйсавым аўтобусе. А тут гналi на матацыкле, па прасёлачнай дарозе i ня ў нейкi там Невель, а ў нязнаны i загадкавы Ўсьвяцкi раён.
Праехаўшы кiлямэтраў дзесяць-дванаццаць, "Панонiя" пайшла з натугаю, зь неахвотаю, аглушальна страляючы выхлапнымi газамi. Гэтая стралянiна ўзьняла ў паветра навакольных гракоў, i яны, зьбiўшыся ў кучу, кружлялi ў вышынi, перабiваючы сваiм граем матацыклетнае стракаценьне. Цiснучыся да Лябёдкавай сьпiны, Iван зiрнуў угору i з усьмешкаю на вуснах згадаў, як мацi хрысьцiлася аднойчы, пабачыўшы над галавою гэтых чорных птушак.
- Эй, што там у цябе? - гукнуў Лябёдка, таргануўшы правым локцем.
- Дзе? - не зразумеў Iван.
- За пазухай! У сьпiну цiсьне...
За пазухай у Iвана ляжалi ўкручаныя ў газэцiну лусьцiкi.
- Хлеб з маслам. Узяў у дарогу, - патлумачыў Iван, а сябар, крутнуўшы галавой, жартам пракрычаў:
- Лепш бы ты бутэльку ўзяў! Хлеба з маслам нам i так дадуць!
На чарговым пад'ёме "Панонiя" яшчэ раз стрэльнула - хвацка, напята, раскацiста, i Лябёдка, зьехаўшы на ўзьмежак, заглушыў матор.
- Ну i гакае! Што пугаўём лупiць, - захоплена зазначыў Iван, слухаючы гулкае рэха, а зьлезшы з матацыкла, задаволена пацягнуўся.
Сябар мiж тым быў нечым устурбаваны. Прыўзьняўшыся на понажах, ён падняў сядзеньне, выцягнуў з-пад яго нейкую брудную анучку, пасьля чаго прыгнуўся i пусьцiў сьлiну на матацыклетны рухавiк.
- На, зьбегай, змачы ў лужыне, - загадаў ён, працягнуўшы анучку, i Iван, ня цямячы, навошта ўсё гэта трэба, пабег выконваць загад.
Пабоўтаўшы анучку ў халоднай вадзе, ён хацеў яе выкруцiць, але пачуў воклiк: - Ня трэба! - i подбежкам вярнуўся да матацыкла.
- Грэецца, халера, аж нагу пячэ, - Лябёдка пляснуў анучу на распалены рухавiк, i галава ягоная схавалася ў аблачыне смуродлiвай пары.
- Фу, бляха! - Былы кiнамэханiк паморшчыўся, паляпаў па сьцёгнах, шукаючы папярос, а згадаўшы, што курыва няма, мацюкнуўся i сеў на край узбочыны.
Мясьцiны навокал былi глухiя - анi людзей, анi паселiшчаў - адно кусты, кусты, ды сям-там пракiдвалiся пералескi зь цёмнымi елкамi ды беластвольнымi бярозамi. Гулкае бязьлюдзьдзе i асьлiзлае неба над галавой нарадзiлi ў душы няўцямную трывогу, таму Iван, якi таксама ўладкаваўся на ўзбочыне, падсеў блiжэй да сябра.
- Пажаваць чаго, цi што? А, Ваня?
Iван кiўнуў, пагаджаючыся з такiмi словамi, памружыўся на сiнi далягляд i толькi пасьля таго, зразумеўшы намёк, выцягнуў з-за пазухi пакет з лусьцiкамi.
Потым яны елi хлеб з маслам, Лябёдка пры гэтым чытаў раённую газэту, у якую былi загорнутыя лусьцiкi, а прачытаўшы ўголас пра вiзыт Эрыха Хонэкера ў Маскву, абклаў таго мацюкамi i пусьцiў газэту па ветры.
- Кiлямэтраў пяць яшчэ, - крэкнуў Лябёдка, падымаючыся на ногi. - Вунь, за тым лесам - павернем на бальшак, а там ужо недалёка. - Лябёдка паставiў нагу на понаж, а Iван, перш чым асядлаць "Панонiю", паглядзеў на неба. Угары iзноў усхадзiлiся гракi. Надрыўна гарлаючы, яны кружлялi вакол "Зары камунiзму", якая белай птушкай ўздымалася над зямлёю.
Адбiўшы азадкi i ўдосыць наглытаўшыся пылу, яны выехалi на бальшак, павярнулi направа, i неўзабаве з-за пагорка ўсплыў дарожны ўказальнiк з надпiсам "Чурилово". Iван тыцнуў кампаньёна ў бок, пытаючыся такiм чынам, цi ня Ўсьвяцкi гэта раён, i кампаньён сьцьвярджальна кiўнуў галавой.
Па вёсцы пракацiлiся з шыкам, з форсам, разганяючы перапуджаных курэй i прымушаючы азiрацца чурылаўскiх цётак. Ля сельмага Лябёдка, па старой звычцы, газануў, даў кругаля вакол нейкай кабеты, i спынiўся ў лiчаных сантымэтрах ад сельмагаўскага парога.
- Лётаюць як самашэччыя! I калi ўжо сабе галовы скруцяць? - азвалася за сьпiнаю кабета, i Iван, злазячы з матацыкла, падзiвiўся з таго, што вялiкарусы размаўляюць на той жа мове, што i бычкоўцы.
Кабета незадаволена пратупала да крамы, адчынiла рыпучыя дзьверы, а сьледам за ёю ў краму ўвайшоў i Лябёдка. Iвану таксама карцела зiрнуць на тутэйшыя тавары, але навокал круцiлiся вясковыя падшывальцы i трэба было сьцерагчы валiзу. Ён навалiўся жыватом на сядзеньне, прытулiў да валiзы вуха i, мружычыся, не раўнуючы, як той кот Барыс, стаў глядзець на пашарпаныя крамныя дзьверы. Дзьверы доўга не расчынялiся, нарэшце разнасьцежылiся, зь iх выйшла дзябёлая кабета, якая, узяўшы рукi ў бокi, доўга азiралася, а згледзеўшы некага, сiпла галёкнула: