Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Калодзеж (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Отечественная проза / Мудров Винцесь / Калодзеж (на белорусском языке) - Чтение (стр. 3)
Автор: Мудров Винцесь
Жанр: Отечественная проза

 

 


Адвячоркам, калi яны з Карпачыхаю мясiлi цеста для пiрагоў, Матруну пачалi бiць дрыжыкi, ноччу яе апанавала нэрвовая лiхаманка, але ранiцою iльдзiнка непакою ў душы растала i цела чарговым разам апанавала хваравiтая немач. Матруна прысела на хвiлю да вакна i, няздольная зварухнуць анiводнай сваёй цяглiцай, так i застыла ў няёмкай паставе, пазiраючы на няўтульны, колеру цьмянага волава сьвiтанак. Яна сядзела так гадзiну, а можа i дзьве, i калi неба канчаткова праясьнела, у яго прадоньнi сталi нараджацца напаўзабытыя аблiччы: гайдалася ў паветры няголеная пыса Мiцькi Дзенiсенкi; таўпiлавы сын Мiкола сарамлiва пасьмiхаўся ёй, блытаючыся ў вецьцi; i сам Таўпiла, акалелы, пакрыты бухматым iнеем, наблiзiўся да вакна i тут жа растаў, зьлiўшыся зь бязрадасным небам. Там, за вакном, нараджалiся напаўзабытыя галасы, гучалi няўцямныя зыкi: Мiцькава лаянка, сiплы таўпiлавы кашаль, вясёлы воклiк "Брава, Зонiа!", ад якога шумела ўвушшу i абуджалася прыспанае сэрца i, апанаваная ўсёй гэтай замараччу, Матруна не адразу ўцямiла - цi то папраўдзе за шыбай паўстала Карпачыха, цi тое ёй прымроiлася.
      - Едуць! - гукнула сяброўка i ад воклiка ейнага здрыгануўся i апаў долу апошнi лiст з яблыневага вецьця.
      Да весьнiц Матруна iшла як не на сваiх нагах, а ўбачыўшы жанчын, што стаялi ля канавальчыкавай хаты, i зусiм зьнiякавела. "Едуць, едуць", загаманiлi жанкi i з-за павароткi выехала спачатку шэрая "волга", а потым зялёны старшынёўскi "казёл". Цяжка гудучы на няўежджанай дарозе, машыны ўзьехалi на пагорак, спынiлiся i з "волгi" вылез нетутэйшага выгляду мужчына й маладая кабета ў бялюткiм як сьнег палiтоне.
      "Жонка, жонка" - зашапталiся ў натоўпе i той жа мiг сэрца Матрунiна сьцялася - яна iзноў убачыла Бэртрама. Шалёная радасьць палыхнула, апалiла шчокi й згасла ад усьведамленьня, што гэта быў не Бэртрам, а ягоны сын.
      -... Заработная плата сяльчанаў вырасла ў параўнаньнi з 1965-м годам у 1,7 раза. Вёска Бычкi, паводле генэральнага пляна, ператвараецца ў пасёлак з усiмi камунальнымi выгодамi, - грымеў на ўсю вулку зычны голас калгаснага старшынi Сьцяпана Мiканоравiча Бамбiзы. Сьцяпан Мiканоравiч шыбаваў поруч з гасьцямi, а сьледам за iмi, на невялiчкай адлегласьцi, сунуўся той самы мужчына ў шэрым капелюшы.
      - Ну вось, - прамовiў старшыня, падышоўшы да весьнiц, - гэта i ёсьць тая самая Матрона Iванаўна Апалонiк, зь якой вы хацелi пазнаёмiцца.
      Не ўздымаючы вачэй, Матруна пацiснула спачатку шырокую i цёплую мужчынскую далонь, а потым халодную й далiкатную жаночую долоньку.
      - Как ваше здорофйе, Матрйона Iванофна? - запытаўся немец, дыхнуўшы саладжавым пахам мяты.
      Матруна неакрэслена кiўнула i, змагаючыся з нэрвовай дрыготкай, пачала перабiраць пальцамi ражкi навюткай, па выпадку павязанай хусткi.
      Немец стрымана кашлянуў, расшпiлiў, потым зноў зашпiлiў верхнi гузiк палiтону: - Я ест сын Бэртрама Бомбаха, который тут погiб. Вы же его зналi, Матрйона Iванофна?
      Матруна iзноў кiўнула, узьняла вочы i, натыкнуўшыся на суворы пагляд з-пад шэрага капелюша, страсянула галавой.
      - Может, Матрйона Iванофна, вы знаете - где он был похоронен?
      - Вы ведаеце, дзе быў пахаваны спадар Бомбах? - перапытаў праз хвiлю шэры капялюш, але Матруна маўчала, з хваравiтай зацятасьцю пазiраючы пад ногi.
      Немец яшчэ штосьцi пытаўся, выцягнуў з кiшэнi мэталёвую блямбу, згадаў Лёшку Клячкiна, нарэшце асуджана ўздыхнуў i жонка - бялявая й вастраносая кабета - тузанула яго за рукаво. Немка штосьцi прамовiла па-свойму, пайшла да машыны i сьледам за ёю, цяжка шоргаючы падэшвамi чаравiкоў, пайшоў i сын Бэртрама Бомбаха.
      - Гендэ хох! - гукнуў з-за плоту Канавальчык. Канавальчык зiрнуў на жанчын, спадзяючыся, што тыя ацэняць ягоны жарт, але жанчыны абурана зашыкалi, а Карпачыха крутнула пальцам ля скронi i мацюкнулася.
      - Адзiн гарлае абы-што, другая маўчыць як статуёвiна, - ледзь чутна прасiпеў Бамбiза, махнуў рукой i лёгкiм трухам пабег да свайго "казла".
      Неўзабаве машыны зьнiклi за павароткай, i жанкi, пастаяўшы хвiлiнку, пачалi разыходзiцца. Нiхто зь iх не падышоў да Матруны, нiхто нiчога не сказаў, нават Карпачыха сарамлiва адвяла вочы, i толькi Канавальчык штосьцi крыкнуў у ейны бок, ды словы ягоныя заглушыла вуркатанне грэйдзеру, якi выяжджаў з прыдарожных кустоў. Матруна села на лаўку, насунулася сьпiнаю на плот i з дзiўным спакоем падумала, што так i памрэ тут, пад плотам, ня ў сiлах падняцца на ногi.
      У абед прыгналi статак - быў канец кастрычнiку i скацiну пасьвiлi толькi да абеду. Зьвяздоха доўга рыкала пад гарою, клiчучы гаспадыню, нарэшце прыйшла да хаты, пастаяла ля паркану i, лiзнуўшы шупатым языком вiльготныя ноздры, пасунулася ў хлеў. Па абедзе - ужо ў вечаровым сутоньнi - з-за павароткi выехала крытая машына, пад'ехала да хаты i з кабiнкi выкулiўся той самы мужчына, што прывозiў тэлевiзар ды iншыя рэчы. Мужчына штосьцi запытаў, Матруна кiўнула i праз колькi хвiлiнаў госьць вынес з хаты спачатку тэлевiзар, потым згорнуты ў трубку кiлiм, нарэшце, журнальны столiк i люстру, якая суцiшна зазьвiнела на ветры.
      - А ты думала, што табе далi назаўсёды? - гукнуў ад сваёй хаты Канавальчык, калi машына ад'ехала.
      Матруна нават не зiрнула ў суседавы бок i Канавальчык, абражаны такiмi абыходзiнамi, падцягнуў зацухмоленае галiфэ, жвавым трухам перабег дарогу.
      - Гэта сынок таго фрыца прыехаў, якога мы шлёпнулi? - сусед вытрымаў паўзу, чакаючы, што Матруна абзавецца хоць словам, але тая маўчала. - Тут да мяне чалавек прыходзiў... з Камiтэту... - Канавальчык вытрымаў яшчэ адну паўзу, - мiж iншым, пра цябе пытаўся... Я яму ўсё i распавёў. Як мы таго немца вялi, як той немец жыць прасiўся. Гэта ж я яго i шлёпнуў, а Мiцька Дзянiсенка на сябе запiсаў... Хiтры быў, хахляра, таму i выбiўся ў людзi.
      Нейкая дзiўная сiла падняла Матруну на ногi i яна, зьлёгку хiтаючыся ўбокi, пасунулася дадому. Убiўшыся ў хату, Матруна глынула збружэлага квасу, няўмела перахрысьцiлася i, не распрануўшыся, лягла на ложак. Жанчына цяжка ўздыхнула, зьмежыла павекi, а калi зноўку расплюшчыла вочы, дык убачыла ў пройме прачыненых дзвярэй Бэртрама. Бэртрам пасьмiхнуўся ёй аднымi вуснамi, паставiў у кут стрэльбу i, ня ведаючы - чым заняць рукi, стаў расшпiльваць, а потым зноў зашпiльваць верхнi гузiк мундура.
      - Сын твой прыяжджаў, мы яго ўсёй вёскай сустракалi, - прамовiла Матруна i, прыкусiўшы дрыготкую вусну, скрозь сьлёзы прашаптала: - Замуж я так i ня выйшла.
      - Ведаю, - азваўся Бэртрам i голас ягоны прагучаў гулка, няўцямна, нiбыта з калодзежу.
      Згадка пра калодзеж на кароткае iмгненьне абудзiла Матруну; жанчына страпянулася, памкнулася разьвязаць хусьцiнку, якая душыла яе, ды нечакана скацiлася з ложку i паляцела ў халоднае i сырое прадоньне, на дне якога плюскала вада i хтосьцi голасна гукаў ейнае iмя.
      Iмжыстым ранкам ў шыбу пастукалi i на падворку прастуджана кашлянуў Канавальчык.
      - Гэй, Матруна, выганяй карову!
      Канавальчык кашлянуў другiм разам, прыпаў тварам да шыбы i на вiльготным шкле - у тым месцы, куды тыцнуўся канавальчыкавы нос, утварылася буйная кропля. Хвiлiну яна нявыплаканай сьлязiнай трымцела на ветры, а потым сарвалася долу, не пакiнуўшы па сабе нiякага сьледу.

  • Страницы:
    1, 2, 3