Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Калодзеж (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Отечественная проза / Мудров Винцесь / Калодзеж (на белорусском языке) - Чтение (стр. 1)
Автор: Мудров Винцесь
Жанр: Отечественная проза

 

 


Мудров Винцесь
Калодзеж (на белорусском языке)

      Вiнцэсь Мудроў
      Калодзеж
      1
      У шыбу пастукалi i на падворку натужна кашлянуў Канавальчык.
      - Гэй, Матруна, памёрла, цi што?
      Спрасонку вочы не адразу ўгледзелi - колькi часу, а калi ўгледзелi, дык нават сэрца ёкнула i самлелыя вусны бязгучна прашапталi: "Божухна, што ж гэта я..."
      Такога яшчэ не было, каб Матруна праспала i не падаiла сваёй кармiлiцы. А пятай гадзiне - i ўзiмку i ўлетку - яна прыхоплiвалася з ложку, апраналася й бегла да Зьвяздохi - рудой, зь белай плямай на пакатым лобе каровы. I пакуль iншыя гаспадынi яшчэ сядзелi ў ложках i невiдушча вадзiлi рукамi, шукаючы вопратку, з Матрунчынага хлява ўжо вырывалiся на прасьцяг зычныя цыркi ды воклiчы: "Стой ты, халера!" А цяпер во... на ходзiках палова шостай, Канавальчык стукае ў шыбу, Зьвяздоха рыкае ў хляву, кот Базыль дзярэ палена, счакаўшыся сырадою, а яна сьпiць, як сьветам загавеўшы.
      Ранiца дыхнула ў твар волкай прахалодай i пахам парфумы, што непрыемна казытнуў у носе.
      - Хто пасьвiць? - крыкнула Матруна, падхапiўшы з паркану даёнку.
      - Карпачыха зь зяцем, - азваўся сусед i Матруна на хаду ўздыхнула: карпачысiнага зяця - вядомага ў навакольлi п'янчугу - зранку было не абудзiць, а таму статак, вiдаць, яшчэ не пагналi.
      "Уходае мяне гэты малец", - нарадзiлася ў галаве падступная думка i першыя, самыя гучныя цыркi, скаланулi даёнку.
      Вось ужо тыдзень, як Матруне няма жыцьця з-за пляменьнiка. Лёшка, васемнаццацiгадовы бэйбус, прыехаў на пагасьцiны зь Ленiнграду i ў першы ж вечар пабiўся ў клюбе зь Пецькам Халiмонавым. Пецька, казалi, ударыў пляменьнiка пад дых, звалiў з ног, а пляменьнiк, дзiўным чынам крутнуўшыся, заехаў крыўдзiцелю пяткай у лабешнiк. Увесь наступны дзень гарадзкi бэйбус ляжаў на гарышчы, гучна аддзiмаўся, за ўвесь дзень выпiў толькi конаўку сырадою, а ўвечары пад вокнамi хаты заляскатаў Пецькавы матацыкал. Матруна тады зьнямела, думала зноў бiцца будуць, а калi выбегла з хаты, дык убачыла, што мальцы прыязна адно другому пасьмiхаюцца i пляменьнiк частуе вясковага бандзюка прывезенымi зь Ленiнграду цыгарэтамi. "Хто будзе бочкi кацiць адразу паведамляй, - даляцеў да вушэй сiплы Пецькавы голас, - я хутка разьбяруся". Матруна пасьля таго перавяла дых, а пляменьнiк, прыхапiўшы грошы, скочыў на матацыкал i вярнуўся дахаты толькi на наступны дзень. Халiмонiха апавядала - у Вазярышча езьдзiлi, гулялi ў рэстаране, а потым у разьвядзёнкi начавалi.
      - Пецю дваццаць гадочкаў усяго, а зблытаўся з трыццацiгадовай, - сьлёзна пажалiлася прыканцы размовы Халiмонiха. - Далiбог, паеду ў Азярышча i аблiю тую шалахвостку варам.
      З таго дня пляменьнiк дзень да ночы гойсаў зь Пецькам на матацыкле i Матруна, пачуўшы на золку шалёнае матацыклетнае ляскатаньне, доўга потым не магла заснуць.
      Учора, праўда, матацыкал сярод ночы не ляскатаў. Дзесьцi а першай гадзiне рыпнулi весьнiцы i па стоеным шорганьнi падэшваў Матруна зразумела, што пляменьнiк заявiўся не адзiн. Звычайна Лёшка спаў на хаце, дзе ляжала леташняе сена, цяпер жа крокi суцiхлi ля адрыны i кот Базыль, якi ўзьнiк на тле цёмна-шэрага вакна, стаў бiць нягнуткiм хвастом па падваконьнi.
      Гадзiну, а можа i дзьве Матруна ляжала з шырока расплюшчанымi вачыма, слухала начныя зыкi i зьмежыла вочы толькi тады, як у прастакутнiку прасьвятлелага вакна праплылi дзьве кудлатыя галавы i кот, бязгучна вякнуўшы, скочыў на падлогу. I адразу ж цяжкая, лiпучая замарач лягла на павекi i прысьнiўся малады Каравайчык са стрэльбаю ў руках i яшчэ нехта - мяккi, хмельны, цёплы, чыё аблiчча забылася да часу, i калi ранiцою, падаiўшы карову, Матруна згадала сон, вочы ейныя паланiла пенная бель сырадою i адтуль, з глыбiнi даёнкi, усплыла разьвiтальная ўсмешка таго самага немца.
      ...Зьвяздоха, цяжка аддзiмаючыся, пайшла да весьнiц, а паколькi яна мела звычай класьцi ляпехi пасярод двара, гаспадыня рушыла сьледам, прыцiскаючы да верху каровiнага хваста палку-рагулю.
      - Пагналi ўжо, - дакорлiва выдыхнуў Канавальчык, - недзе ў Зарэччы рыкаюць, цяпер i не дагонiш, - i ў падтрымку такiх словаў за сьпiнай суседавай па-блазенску голасна азвалася авечка: - М-м-еее...
      Хаты iхныя стаялi наводшыбе i кожнай ранiцы даводзiлася гнаць Зьвяздоху i канавальчыкаву Машку - глумлiвую, на дзiва галасiстую авечку - да клюба, дзе зьбiраўся статак. На гэтым тыднi радоўку адбываў Канавальчык - таму стары псюк i крывiў гiмору - маўляў, праспала, а мне ганi, i Матруна, не ўздымаючы вачэй, ляснула палкай па халяве гумовага бота й голасна крыкнула: -Пайшлi ў поле!
      Зьвяздоха паважна iшла пасярод вулiцы, поруч бегла авечка, трэсла закручаным хвастом; хвост, здавалася, зьвiнеў званочкам i галава поўнiлася мiлагучным звонам - як гэта заўсёды бывае з недасыпу. Паганяючы скацiнку, Матруна чухала пальцам то ў адным, то ў другiм вусе, пару разоў страсянула галавою, а дайшоўшы да павароткi азiрнулася i з палёгкай перавяла дых. Стары псюк, якi звычайна любiў стаяць на дарозе i паглядаць ёй усьлед, на гэты раз падаўся да хаты.
      Сорак гадоў, лiчы, жывуць яны поруч, а ня горнецца душа да суседа... ня горнецца. Пасьля жончынай сьмерцi Канавальчык увесь сьсiвеў, схуднеў i галава ўехала ў плечы, але Матруна, як чуе ягоны голас, i дагэтуль уяўляе суседа высокiм кудлатым вахлаком, i шторазу пакутлiва ўздыхае.
      Шмат што ў жыцьцi забылася, адляцела ў невараць, а тая, iх першая сустрэча, нiбыта ўчора надарылася. Матруна нават запомнiла колер нiткi, якой была зацыравана канавальчыкава пiлётка. Пад час адступленьня - а калi ж яшчэ з пiлёткi выдралi зорку i рваную дзiрку няўмела зацыравалi зялёнаю нiткай.
      ...Яны зь сястрой абiралi бульбу, калi на двары штосьцi зашамацела i ў вакне цёмным ценем праплыла нечая вялiзная, пазначаная руляй карабiну, постаць. Празь iмгненьне ў прысенку цяжка затупалi, закерхалi i Соня, выпусьцiўшы бульбiну, зьбялелымi вуснамi прашаптала: "Немцы!"
      На парозе, аднак, паўстаў цыганаваты мужчына ў куртатым нямецкiм шынялi i ў выцьвiлай рускай пiлётцы. Мужчына моўчкi кiўнуў, зьняў з плечука карабiн, пачэрпнуў вады зь вядра i доўга пiў, казелячы вокам на аголенае Соньчына калена.
      - Дзе Таўпiла? - запытаўся, нарэшце, няпрошаны госьць, паставiўшы ў кут сваю пукалку.
      Таўпiла жыў у хаце насупраць. Надоечы яго прызначылi старастам i Соня, зыркнуўшы ў кут, дрогкiм голасам прамовiла:
      - Сын ягоны ў Чырвонай Армii.
      - Ведаем, - буркнуў госьць, таргануў галавою, патрабуючы адказу на сваё пытаньне, а пачуўшы, што немцы пагналi Таўпiлу пiлаваць дровы, неяк адразу змарнеў, папрасiў пяток бульбiн i пайшоў з хаты.
      Праз тыдзень мужчына завiтаў iзноў. I не адзiн, а зь Мiцькам Дзенiсенкам акружэнцам, якi два гады жыў прымаком у суседняй вёсцы, а ўлетку 43-га, прыхапiўшы з сабой цэлы воз майна, падаўся ў Гатаўскi лес. Гэтым разам госьця як падмянiлi. Падлабуньваючыся да Мiцькi Дзенiсенкi - свайго камандзiра - ён загадаў сабраць вячэру, падраў на бiнты дзьве прасьцiны, прырэзаў штыхом ярку - апошняе, што было ў гаспадарцы, i пры гэтым шторазу пытаўся: "Дзе сястра?". Потым госьцi пiлi самагонку, якую выгнаў Таўпiла, а Соня той парой сядзела бяз духу ў адрыне: хавалася ад партызанскага камандзiра, якi чапляўся да яе, яшчэ як жыў у прымах.
      - Захварэла, цi што?! - працяў паветра натужны голас i Матруна ачулася.
      Насустрач ёй, махаючы кароткай пугай, трухала Карпачыха.
      - А мы пагналi ўжо, ды бачу - Зьвяздохi няма. Пайшла вось напярэймы. Думала, захварэла...
      - Праспала, - з уздыхам прамовiла Матруна i Карпачыха, вомiгам зразумеўшы, што да чаго, даверлiва-суцiшным голасам засакатала: - Твой жа ўчора зь лябёдкавай падчаркай сышоўся. Пасьля кiна да Траяна ў сад лазiлi, а потым, у абдымачку, у ваш бок пайшлi... Глядзi, зьвядзе твайго мальца... Заўчора iду, гляджу, сядзiць на бярвеньнi, лыткамi сьвецiць i з пiпiроска ў зубах... Агут-ту, п-паскуда... - выдала Карпачыха i тут жа кiнулася, тупаючы вялiзнымi кiрзачамi, спаганяць гнеў на канавальчыкавай авечцы.
      - Цi з Казiкам пасьвiш? - крыкнула Матруна наўздагон i сяброўка, ужо з ладнай адлегласьцi, пракрычала: - Анягож... зь iм, западэнцам праклятым... Учора Мар'i ячмень малацiлi, дык толькi ранiцой i прытоўкся... з мокрымi штанамi. Цi то ўжо ў лужыне спаў, цi то абасцаўся... халера яго знае.
      Звон у вушах не даваў пакою i пакуль яна ўзышла на пагорак, дзе стаяла хата, увушшу пачалi бiць званы - маркотна, глуха, цьмяна - i страшэнная стома авалодала целам. Трымаючыся за парканьне, Матруна дапяла да весьнiц, пастаяла крыху, зьбiраючы сiлы, а адчуўшы, што сiлаў не прыбывае, бязвольна апусьцiлася на мяккую, перакапаную курамi зямлю. "Ад недасыпу", - падумала Матруна, падпаўзла да лаўкi i, паглядзеўшы - цi ня бачыць яе Канавальчык, прытулiла да лаўкi сьсiвелую скронь.
      Звон паволi ацiх, душа i цела зрабiлiся лёгкiмi, салодкая дрымота падняла Матруну ў паветра, панесла праз мроiва гадоў i апусьцiла на зямлю дакладна на тое ж самае месца, ля збуцьвелага паркану. "Гэта ад нэрваў... зараз пройдзе", - прагучаў над вухам таўпiлавы голас i штосьцi халоднае кранулася вуснаў. "Выпей, адразу палягчэе". Зубы стукнулi аб край конаўкi i разам з халоднай вадой грудзi напоўнiлiся гнятлiвай тугою: ёй да млосьцi, да сардэчнага болю закарцела кiнуцца ў калодзеж. Яна паспрабавала ўстаць, але Таўпiла схапiў за руку, правёў шурпатай даланёй па валасах, здушана прамовiў: "Ну чаго ты?.. ну супакойся... цяпер нам немцы не страшныя... зараз пяску наверх насыпем... я яшчэ самасаду нацярушу... у iхных аўчарак ад самасаду нюх зусiм губляецца..." Голас таўпiлавы гучаў глуха, усё адно як з-пад зямлi, потым зусiм ачах i Матруна разьмежыла павекi. Малады цыбаты певень нетаропка хадзiў каля лаўкi, поруч, у цяньку, дзьве рабыя курыцы купалiся ў пяску, кудлаты суседавы цюцька ганяўся за вераб'ямi, а кот Базыль, якi й дагэтуль не пакаштаваў сырадою, адчайна дзёр кiпцюрамi камель старой лiпы. "Авохцi мне... я ж малако не працадзiла!" - падхапiлася Матруна i хаця ляжаць давялося кароткую хвiлю, званы больш ня бiлi ўвушшу i гарачыя голкi не калолi грудзiну. Жанчына вынесла з прысенку даёнку, плюснула кату сырадою - аблiла пры гэтым кашэчую галаву i, спынiўшы пагляд на высокiм быльнiку, якi кусьцiўся ля дарогi, пакутлiва ўздыхнула. - Толькi што скасiла - iзноў падняўся, - прашапталi вусны i слых iзноўку напоўнiўся ценькiм аднастайным гудам.
      Была раная ранiца, калi знадворку зарыпелi калёсы i пракурана закашляў стары Таўпiла. На ўскрайку вёскi, за могiлкамi, немцы зрабiлi лесасеку i сусед шторанку вазiў у Вазярышча бярозавыя пацурбалкi. Праяжджаючы мiма, ён кожнага разу кiдаў некалькi цурбакоў у прыдарожную крапiву i ехаў далей. Цяпер жа Таўпiла спынiў каня i цяжка затупаў пад вокнамi.
      - Вось, дзеўкi, немцы выдалi за працу, - прамовiў стары, убiўшыся ў хату i паклаўшы на стол акраец бохана. - Калi паварушыцеся, будзеце есьцi хлеба ўдосыць.
      Сусед сьцярожка ляпнуў па кiшэнi, пасля чаго, гэтак жа сьцярожка, выцягнуў адтуль мяшэчак самасаду i зьлёгку патрушчаны грыб. Грыбоў такiх расло процьма ў навакольлi i вяскоўцы лiчылi iх паганкамi.
      - Кухар нямецкi на чыгуначнай станцыi за кош маладых паганак поўбоханы дае. Так што хапайце кашы i бяжыце ў поле, зьбiраць гэтыя самыя шампiньзе, цi як iх там немцы называюць... Можа атруцяцца, паскуды!
      ...Яны iшлi па полi i сястра, якая iшла першай, нечакана войкнула i заскакала, схапiўшыся за пятку: пад яе нагамi, у чэзлай траве, спруцянелай вужакай выгiнаўся калючы дрот. Соня выцiснула з пяткi кроплю чорнай крывi, перакрывiлася ад болю i тут жа падабрала з-пад ног дзьве крамяныя паганкi. Зьбiралi грыбы да самага вечара - Соня скакала па полi, прыпадаючы на правую ногу, - а як прысьпела пара iсьцi да дому, села на купiну i са стогнам прамовiла:
      - Не магу ступiць... пятка апухла.
      Спачатку Соня скакала поруч, абапiраючыся на плячук, потым давялося цягнуць небараку на сабе; сястра сьцiскала рукамi ейную шыю, здушана плакала i гарачыя Соньчыны сьлязiны казытлiва падалi за каршэнь.
      - Зараз, Соня, пацярпi... прыдзем - напаю цябе чаем зь зёлкамi, супакойвала яна сястру i вечаровая палымнiца, што дагарала на захадзе, барвовай плямай расплывалася ўваччу.
      Ноччу Сонi стала дрэнна. Прабiтая пятка пасiнела, нага пачала пухнуць i да Соньчынага лобу немагчыма было дакрануцца, такi ён быў гарачы. Яна прыклала да ранкi лiсьцiк трыпутнiку, потым альяс, напаiла сястру адварам зьверабою, але нiчога не дапамагала: сястра марнела на вачах i дзед Таўпiла, якога яна паклiкала ранiшнiм дасьвецьцем, ледзь чутна прашаптаў:
      - Лекi патрэбныя... можа быць заражэньне крывi.
      "Якiя лекi? Пра што ён кажа? Яшчэ летась усё да апошняга парашку аддалi партызанам", - падумала яна ў тую хвiлiну, а сусед, падхапiўшы з падлогi кошык з грыбамi, раструшчыў абвялымi пальцамi крохкую паганку i дадаў:
      - На лесасеку немец прыяжджае... пагаманю зь iм.
      Таўпiла падаўся з хаты, яна вышла следам, села, сьцепанаючыся ад ранiшняга халадку, на ганак i заплакала. Сонца з урачыстай павольнасьцю ўзнялося над небакраем, доўгi цень ад калодзежнага асьверу прапоўз ад адрыны да паркану, а яна, ужо бяз сьлёз, усё сядзела на ганку, невiдушча глядзела ў бок Дабранскай гары i страшныя думкi кроiлi сьвядомасць: яна з падступнай злараднасьцю думала пра тое, што Мiцька Дзянiсенка так i не дамогся Сонi. А з Дабранскай гары тым часам увiшным мурашом спаўзала цёмная фiгурка - нехта ехаў на веласiпедзе.
      Пазбылася одуму толькi тады, як пачула бразгат веласiпеднага званку: ля весьнiц стаяў малады немец i махаў рукою.
      - Зонiа? - запытаўся нечаканы госць i яна кiўнула ў адказ.
      Немец неяк дзiўна павёў вачыма, перапытаў: - Ты ест Зонiа? - i толькi тады яна канчаткова ачулася, тыцнула пальцам у бок хаты, дрогкiм голасам паведамiла:
      - Соня там... хворая.
      Яна даўно ўжо запрыкмецiла гэтага немца - ён часьцяком праяжджаў на веласiпедзе мiма iхнай хаты, кiруючыся з Азярышча на лесасеку - i заўсёды дзiвiлася - як гэта фрыц не баiцца ехаць цёмным лесам. Iншы раз яна сустракала веласiпедзiста, стоячы пасярод двара, той вiтаў яе бразгатлiвым званком, махаў рукою, аднак нiколi не спыняўся. I вось сёньня спынiўся i змучаная бяссоньнем галава не адразу ўцямiла - адкуль малады фрыц ведае сестрына iмя.
      Калi яна ўскочыла на ганак i расчынiла дзьверы, немец, якi дагэтуль iшоў сьледам, нечакана спынiўся й пагрозлiва запытаў: - Тыфус?
      - Найн, найн... Сястра нагу прабiла, трэцiя соднi ляжыць, - i, каб было больш зразумела, яна паказала пальцам на голую пятку.
      У цёмным прысенку яе апанавала дзiўнае насланьнё - на кароткую хвiлю здалося, што немец крануўся ейных клубаў i ад таго насланьня зашумела ўвушшу i сьцягнула скуру на цемi.
      Соня ляжала незварушна, з заплюшчанымi вачыма. Немец крануўся краем пальцаў Соньчынага лобу, уражана зацокаў языком, потым зiрнуў на пасiнелую ногу, зацокаў зь яшчэ большай апантанасьцю, а яна стаяла, утрапёная, пасярод хаты, баючыся зварухнуцца i пазбыцца таго салодкага здранцьвеньня, што авалодала целам. I нават калi за госьцем зачынiлiся дзьверы i Соня кволам голасам запытала: "Хто гэта быў?" - не скранулася зь месца i нiчога не адказала.
      Больш у той дзень сястра не прамовiла нi слова. А калi ўвечары яна ўкленчыла перад ложкам i малiтоўна прашаптала: "Соня, не маўчы, скажы хоць што-небудзь", - сястра расплюшчыла вочы i зварухнула сасьмяглымi вуснамi: "Павукi, два страшных павукi... паўзуць да нашай хаты..." Соня трызьнiла i халодны жах зiрнуў з усiх цёмных кутоў i яна, ратуючыся ад страшных павукоў, падбiлася пад коўдру i абхапiла рукамi гарачае Соньчына цела.
      На золку ў шыбу пастукаў Таўпiла.
      - Быў? - запытаўся сусед.
      - Быў, - гукнула яна пераселым ад плачу голасам.
      - Добры немец, Бэртрамам завуць. Казаў, сын у яго нарадзiўся. Можа, на радасьцях, знойдзе якiх лекаў, - Таўпiла закашляўся i неўпрыкмет, нiбыта чухаючы пераносьсе, змахнуў са шчакi слязiну.
      ...Толькi на поўгадзiнкi i выбегла яна з хаты - бегала на вёску за жарынкай, каб запалiць у печы, а калi вярнулася, дык убачыла меднiцу ля ложку, а на стале бохан хлеба ды купку зялёных таблетак.
      - Дзьве ўжо выпiла... - са стогнам прамовiла Соня i ўпершыню за апошнiя днi пасьмiхнулася.
      Адвячоркам Сонi стала зусiм кепска, гаротнiца нават спаўзла ў беспамяцьцi з ложку, але неўзабаве суцiхла i наранiцу ляжала, працятая халодным потам, i штохвiлi прасiла пiць.
      - Нiчога ня памятаю, а вось немца запомнiла, - казала Соня, сёрбаючы адвар зьверабою, - выцягнуў з-пад лаўкi меднiцу i пiхае ў яе нагу - паказвае, як трэба парыць. Была б здаровая - зарагатала...
      Сястра яшчэ нешта казала, але яна ня слухала: дрыготкая рука сыпала ў меднiцу прынесены немцам парашок, блiскучыя драбочкi фарбавалi ваду ў бурачковы колер i ў глыбiнi сьветлай барвы прывiдна калыхаўся ўсьмешлiвы твар маладога немца.
      А дзесьцi праз тыдзень - ад самага ранку - да iх завiтаў Таўпiла i ўпалым голасам паведамiў:
      - Усё, дзеўкi, апошнi раз вязу дровы. Немчура партызан баiцца, будуць лес пiлаваць у iншым месцы, блiжэй да Азярышча.
      Словы такiя ўсхвалявалi: яна i сама не магла зразумець - чаму абмёрла сэрца, - i толькi калi за Таўпiлам зачынiлiся дзьверы i пад вокнамi зашаргацелi i ацiхлi дзедавы крокi, згадала пра немца. Бэртрам па-ранейшаму штодня езьдзiў на лесасеку i яна кожнага разу з хмельным сумам у вачах паглядала на хлопца, мружылася ад сонечных блiскаў, што йгралi на веласiпедных колах i гулкае сэрца кожны раз абмiрала, сьцiснутае, як здавалася, нечымi цёплымi далонямi. Сэрца абмёрла i цяпер, i сасьмяглыя вусны ледзь чутна прашапталi: - Немцу падзячыць трэба... - i сястра Соня, ступiўшы левай нагой на падлогу, згаджальна кiўнула галавой.
      Перад тым, як панурыцца ў лес, бальшак добры кiлямэтар пнуўся пад гару, густа парослай алешнiкам i там, у кустах, яна й вырашыла дачакацца Бэртрама. Чакаць давялося нядоўга, бо не пасьпела яна ўбiцца ў алешнiк, як на дарозе суха зашамацелi веласiпедныя скаты i пачулася таропкае шамаценьне - гэта бiлася аб лiстоту руля Бэртрамавай стрэльбы. У першае iмгненьне яна не магла зварухнуцца ад хваляваньня, а калi, нарэшце, зварухнулася i выкулiлася з кустоў, дык ледзь ня зьбiла немца з ног i той, крутнуўшы руль, заехаў пярэднiм колам у прыдарожную канаву. Пакуль небарака выцягваў веласiпед на дарогу i папраўляў зьбiтую набакiр пiлётку, яна блытана распавяла, што сястра, дзякуючы лекам, амаль ачуняла, ступае на хворую ногу i просiць шаноўнага пана сёньня ж зайсьцi ў адведкi. Тлумачэньне давялося паўтарыць, яна нават прайшлася, прыпадаючы на левую ногу, дэманструючы, як ачунялая Соня ўпраўляецца па гаспадарцы i немец, гойкнуўшы: - Зонiа! - махнуў рукой спачатку ў бок лесасекi, а потым, дробна перабiраючы пальцамi, у бок вёскi.
      Дахаты яна бегла нацянькi, спатыкаючыся на кожным кроку i маракуючы - чым яшчэ можна пачаставаць госьця. Стол быў падрыхтаваны ад ранку - на стале, у вадзiнай ацалелай талерцы, грувасьцiлiся кiславатыя папяроўкi, на сурвэцiне ляжаў парэзаны тонкiмi лустамi хлеб - Таўпiла прынёс поўбоханы за сабраныя паганкi, - а ў печы смажылася цэлая патэльня сьвiнога сала, якое яна выменяла падчас Соньчынай хваробы на бацькавы шынель. Але чагосцi ўсё ж такi не хапала i вось, чарговым разам спатыкнуўшыся, яна ўгледзела цэлую плойму летнiх апенек, якiя кусьцiлiся на пнi i сьпехам стала зьбiраць iх у хвартух.
      ...Грыбы сквiрчэлi i стралялi тлушчам, калi ля весьнiц бзынкнуў веласiпедны званок. Яны з Соняй разам падхапiлiся, пачалi выхоплiваць адна ў адной ашкалёпак люстэрка, абцягнулi гаматныя, прапахлыя цьвiльлю сукенкi, нарэшце паправiлi валасы на скронях i застылi ў нерухомасьцi.
      Немец увайшоў не адразу: доўга тупаў у прысенку, зь лёккiм шоргатам пашнарыў рукою па сьценцы, шукаючы дзьверы, нарэшце адчынiў iх i таксама зьнерухомеў.
      Першай ачулася Соня. - Праходзьце, праходзьце, - гукнула яна госьцю, госьць пераступiў парог, паставiў у кут карабiн i, ня ведаючы - чым заняць рукi, стаў расшпiльваць, а потым зноў зашпiльваць верхнi гузiк мундура.
      Iм бы адразу пайсьцi да стала, тым больш, што немец павёў носам i прыклаў далонь да вуха, жартаўлiва прыслухоўваючыся да сквiрчэньня тлушчу на патэльнi, але замест таго ўсе трое паселi ў кухнi i Соня пачала звонкiм голасам апавядаць як яна ляжала, ледзь жывая, а Бэртрам, задзершы калашыну, паказваў як трэба парыць ногу.
      - Iа, iа, - задаволена кiваў немец, штохвiлi пацiраючы рукi i калi сястра заскакала на левай назе, ляпнуў у далонi i гучна прамовiў: - Брава, Зонiа!
      Госьць гаманiў зь сястрою, абодва весела сьмяялiся i сьмех гэты казытлiва адбiваўся пад пахамi. Яна сядзела ў здранцьвеньнi, ня ведаючы - як уплiшчыцца ў размову, а калi сабралася з духам i хацела запытацца - цi сапраўды прычыняюць лесасеку, азалелы язык пралепятаў нешта зусiм iншае: - Сына як назвалi?
      Немец спачатку не зразумеў, але Соня хуценька растлумачыла, паказаўшы рукамi - як мацi гушкае дзiця.
      - Ага-а... Как назфалi... Лётар, - прамовiў госць, прасьвятлеўшы з твару, палез у нутраны кiшэнь, зьбiраючыся нешта паказаць, ды так i застыў з прыцiснутай да грудзiны рукою.
      Знадворку грукнула, хтосьцi ўвалiўся ў прысенак i на парозе, навалiўшыся плячом на вушак, паўстаў Мiцька Дзенiсенка. Iмгненьне Мiцька стаяў, утаропiўшыся на пакатую Бэртрамаву сьпiну, а што было потым - яна ня бачыла: захiнула твар даланямi. I адразу ж цяжка здрыганулася падлога, пранiзьлiва крыкнула Соня, страшна вылаяўся Мiцька.
      - О-от с-сука, на нашых дзевак галiшся? Зараз, б-ля, зьвяжам ды ў сральнi ўтопiм... Канавальчык... вяроўку!
      На кароткi мiг яна адарвала ад вачэй сапрэлыя далонi: Бэртрам ляжаў тварам долу, а Мiцька Дзянiсенка тыцкаў яму ў патылiцу рулей карабiну.
      - Што ён вам зрабiў? Адчапiцеся ад яго! - крыкнула скрозь сьлёзы Соня i тут жа вiскнула, атрымаўшы кухталя.
      - Сала смажыце, п-посьцiлкi нямецкiя... Нас дык салам нiколi не частавалi!
      Каб ня чуць мацюгоў, яна зацiснула вялiкiмi пальцамi вушы i затрэслася ад бязгучнага плачу. У той мiг яна прагла аднаго: згiнуць, зьнiкнуць, правалiцца ў апраметную.
      Хоць i зацiскала вушы, але пачула, як хтосьцi грукнуў у шыбу i здушана крыкнуў: - Немцы ў вёсцы!
      Толькi краем вока глянула на сьвет, уражаная гэтым крыкам, i потым усё жыцьцё дакарала сябе, што не схавала ў той момант вачэй. Бэртрам разьвiтаўся зь ёю дакорлiвай усьмешкай. Проста пасьмiхнуўся аднымi вуснамi i зьнiк у прысенку, атрымаўшы прыкладам у сьпiну. У прысенку пасыпалiся долу глiняныя глякi, парахня сыпанула з гарышча, i валацуга Мiцька, стукнуўшыся плячом аб вушак, азiрнуўся i здушана прагугнеў:
      - А з вамi яшчэ разбярэмся.
      Сьцiснуўшы даланямi прыадкрыты рот, яна з жахам глядзела ў вакно. Па таўпiлавым гародзе, у бок лесу, беглi трое: Канавальчык з трафэйным веласiпедам на карку, Мiцька Дзенiсенка з двума стрэльбамi ў руках i Бэртрам з узьнятымi да гары рукамi.
      - Падумаў, што гэта мы яго... зацягнулi ў пастку, - заплакана прастагнала сястра i ўсе гукi зямныя аддалiлiся, ператварылiся ў аднастайны шум i малады немец iзноў пасмiхнуўся ёй аднымi вуснамi, але ня зьнiк у прысенку, а так i застыў, нерухомы i штосьцi халоднае кранулася твару i дзесьцi над самым вухам прагучэў асiплы таўпiлавы голас: "Матруна, чуеш, уставай..." Яна разьмежыла павекi i ў твар ёй пырснулi халоднай вады.
      - Падымайся, хутчэй... схаваць трэба, пакуль нiхто ня бачыў...
      Яна паспрабавала ўстаць, але здолела толькi падпаўзьцi да парога.
      - Забiлi... забiлi, сволачы... на маiм агародзе. Пабеглi, дачушка, пакуль нiхто ня бачыў. А то ж спаляць вёску.
      Дзед Таўпiла схапiў за плечы, падняў на ногi, i яна, не ўтрымаўшыся на ватных нагах, iзноў асунулася на падлогу.
      - Уставай, йо... адзiн не сьцягну! - нягучна, але страшна выдыхнуў сусед i гэта вярнула сiлы.
      ... Немец ляжаў тварам да неба, раскiнуўшы рукi, i здавалася, што ён прылёг адпачыць на ўзьмежку таўпiлавага гароду.
      - Ну, дачушка, дапамагай, пацягнем да калодзежу, - сусед падхапiў немца пад пахi, працягнуў пару мэтраў, упаў на каленi.
      - Можа жывы? - пралепятала яна не сваiм голасам.
      - Як жа, жывы... мазгi толькi цякуць, - буркнуў сусед i кiўком галавы загадаў цягнуць немца да калодзежу: - Давай, пакуль немцы не наляцелi!
      Бэртрамава рука была цёплай i млявай. Не азiраючыся, яна пацягнула немца па ўтравелых разорах i зусiм ня чула, што ёй казаў дзед Таўпiла.
      - Усё з-за мяне, - задыхана бубнеў Таўпiла, цягнучы немца за другую руку. - Крыкнуў... думаў - зьбягуць... а яно во як атрымалася...
      Ля самага калодзежу яна ўпала на траву i зайшлася ад млосных курчаў. Ванiтаваць не было чым; шлункi, здавалася, лезьлi з жывата i пры гэтым страшэнна балела пад дыхнiцай. Штосьцi невымерна цяжкое абрынула ў нетры зямныя; зямля здрыганулася, нiбыта ад далёкага грому, самотная кропля гучна цiўкнула ў калодзежным прадоньнi i слых напоўнiўся замарачным звонам.
      - Бяжы, дачушка, шукай якi мех... Будзем пясок насiць.
      Яна зь цяжкасьцю паднялася на ногi, пайшла, не разьбiраючы дарогi, да хаты; з кожным крокам шум у вушах мацнеў, хата плыла ўваччу i, перад тым, як абрынуцца ў чорную зеўру калодзежу, Матруна ўхапiлася рукой за паркан...
      Пляменьнiк зьлез з гарышча блiзу абеду. Азызлы, пакамечаны, з жмутком саломы ў валасах, ён доўга пiў ваду - з таго вядра, дзе пiла Зьвяздоха, потым сеў на ганак i змучана ўздыхнуў. Бычкоўскiя п'янтосы i дзеўкi ўходалi ленiнградца i на зьдзеклiвае пытаньне - цi пойдзе ён сёньня ў клюб? - небарака страсянуў ускудлачанай галавой. Ад абеду пляменьнiк напачатку адмовiўся, а паблукаўшы па двары, убiўся ў кухню i сiплым голасам паведамiў:
      - Чаго-небудзь гарачага, можа, i зьем.
      Матруна налiла пляменьнiку мiску гарачай капусты, накроiла хлеба i, зiрнуўшы на выгнутую Лёшкаву сьпiну, падумала: "Кастрамская парода".
      Соньчын мужык быў якраз з той самай Кастрамы. Толькi раз i прыяжджаў на пагасьцiны - гадоў дзесяць таму. Хадзiў па двары, зазiраў у кожную шчылiну, штосьцi мармытаў сабе пад нос, а калi раскрываў рот, дык прамаўляў нейкай дзiўнай мовай: "А яблоки у вас быва-ат?" I за абедзеным сталом сядзеў як бяз рук, чакаючы - калi яму нальюць капусты ды накрояць хлеба. Вось i Лёшка такi: поўдня будзе сядзець, а чыгунка зь печы не дастане.
      Пляменьнiк мiж тым агораў адну мiску, потым другую, умалоў яечню з патэльнi, запiў усё конаўкай сырадою i падаўся на падворак.
      - Вось каму жыцьцё, - аднымi вуснамi прашаптала Матруна, таксама вышла з хаты i слых ейны крануў непрыемны шоргат: Лёшка, седзячы на кукiшках, шараваў пяском старую нямецкую каску. Каска здавёнчасу валялася на двары i кожнай вясны Матруна кармiла зь яе маладых гусей.
      - I навошта яна табе? Насiць будзеш, цi што? - запыталася Матруна, узяўшы рукi ў бокi.
      - Ну так, насуну i пайду па Лiгаўцы, - з усьмешкаю прамовiў пляменьнiк, i ўжо сур'ёзна дадаў: - На Ленфiльме прымаюць. Па два чырвонцы за штуку.
      Матруна таму не дала веры. "Вiдаць, жартуе, - падумала, змахнуўшы пот з упрэлай лабацiны, - цi ж можа гэта быць, каб за жалезiну давалi два чырвонцы?"
      Пляменьнiк iзноўку ўзяўся шараваць каску i шоргат нэрвовым сьвербам прайшоўся па целе.
      - А што, немцы ў вас былi? - выдыхнуў Лёха, падхапiўшы ў далонь жменю вiльготнай жарствы.
      - Былi, каб на iх немач.
      - I што, лютавалi?
      - Ды ўсякае было, - Матруна цяжка ўздыхнула, - i немцы лютавалi, i партызаны. Ужо ж нацярпелiся мы з тваёй мамай страху - ня дай Бог... Але i немцы розныя былi, - голас Матрунiн мiжволi здрыгануўся, - адзiн нават лекi прынёс, калi твая мама нагу прабiла.
      - Што ж вы, з акупантамi зналiся? - запытаўся пляменьнiк, не перапыняючы шараваньня.
      - Ды хто зь iмi знаўся... - выдыхнула Матруна, - прыйшоў чалавек ды прынёс лекi... Яго потым партызаны застрэлiлi. Вунь там, на суседзкiм агародзе.
      Лёшка пакiнуў шараваць i задаў пытаньне, ад якога ў Матруны на момант спынiлася сэрца.
      - А дзе яго пахавалi?
      Напачатку яна прамармытала штосьцi няўцямнае, а потым стоена выдыхнула:
      - У калодзеж укiнулi.
      Словы зьляцелi з вуснаў, i душа, пазбыўшыся путаў, страпянулася ў грудзiне. Пляменьнiк кiнуў шараваць каску, падхапiўся на ногi, пачаў задаваць бязглуздыя пытаньнi: дзе месьцiўся той калодзеж, якое ў немца было званьне, цi вiселi на мундуры мэдалi? Матруна сядзела, ачмурэлая, штосьцi бубнела ў адказ i толькi калi Лёшка пабег са двара i крыкнуў, убiўшыся ў быльнiк: - Цi тут? ачулася i моўчкi махнула рукой.
      Увесь дзень Матруна хадзiла прыгаломшаная; у грудзях пасялiўся лёгкi халадок, сэрца парывiста бiлася, усё валiлася з рук i адно пытаньне не давала пакою: "Цi варта было казаць Лёшку пра магiлу?" Увечары, падаiўшы Зьвяздоху, яна выправiлася да Карпачыхi - хацелася пагаманiць з якой жывой душой, - ды мусiла вярнуцца: сьвятла ў карпачысiнай хаце не было i на шыбах трымцела вечаровая барва. Барва трымцела на рэдкiх лужынах, на кроне старой лiпы, на высокiм быльнiку, трывожыла сэрца й займала дух. Матруне карцела некуды бегчы, карцела нешта рабiць i, падуладная такому п'янкому пачуцьцю, яна зьняла з-пад страхi касу i шпарка, амаль подбегам, рушыла ў бок канавальчыкавай хаты.
      Кусьцiсты быльнiк лёг пад ногi, паветра напоўнiлася гаркавым пахам, галава зьлёгку закружылася, крылатая душа сунялася ў грудзях, i барвовая палымнiца рухавымi блiскамi адбiлася ўваччу. Абапёршыся на касiльна, Матруна ўтрапёна зiрнула пад ногi i ёй здалося, што там, глыбока пад зямлёй, хтосьцi цяжка i змучана ўздыхнуў. Яна мiжволi азiрнулася i ўбачыла суседа Канавальчыка. Сусед стаяў за сьпiнаю, з крывой усмешкай на твары разьдзьмухваў прыгаслую цыгарку.
      - Што гэта ты процi ночы касiць узялася?
      Тытунёвы дым казытнуў у носе, пальцы сьцiснулi касiльна i Матруне раптам да сьвербу ў пахвiне закарцела махнуць касой ды зьнесьцi з плеч пляшывую канавальчыкаву галаву. Яна ступiла крок назад, каб замахнуцца, але тут жа сунялася i сьцiжма халодных iголак кальнула патылiцу.
      - Давай пастаiм, пагамонiм, - гукнуў Канавальчык, але Матруна, улякнута перавёўшы дых, ускiнула касу на плячук i цiха прамовiла: - Позна ўжо.
      Можа таму, што была глухаватая, Матруна нiколi не магла дачуцца суседавых крокаў. I кожны раз, калi сусед нячутна падыходзiў i дыхаў у сьпiну, яе апаноўвала злосьць. Гэтым разам злосьць шуганула праз край, увушшу зноў зазьвiнела i, зайшоўшы ў хату, яна перш-наперш сёрбнула квасу, вымыла твар халоднай вадой, а потым доўга сядзела, не запаляючы сьвятла, i слухала, як гулка тахкала ў грудзiне надарванае сэрца. Ачулася ўжо сярод ночы, калi пад вокнамi заляскатаў матацыкал i Пецька Халiмонаў штосьцi крыкнуў пляменьнiку на адвiтаньне.

  • Страницы:
    1, 2, 3