Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Жыццё людзей (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Моруа Андрэ / Жыццё людзей (на белорусском языке) - Чтение (Весь текст)
Автор: Моруа Андрэ
Жанр:

 

 


Моруа Андрэ
Жыццё людзей (на белорусском языке)

      Андрэ Маруа
      Жыццё людзей
      урыўкi з Усеагульнай гiсторыi,
      выдадзенай у 1992 годзе ўнiверсiтэтам Тамбукту
      Пераклад: Л.Казыра
      РАЗДЗЕЛ CXVIII
      1954 - надзвычайныя здарэннi на Зямлi. 1959 - выданне "Жыцця людзей" на Ўране. 1982 - першае выданне на Зямлi.
      Як толькi ў канцы 1970 года памiж Зямлёй i большасцю вялiкiх планет наладзiлiся дружалюбныя адносiны, зямным вучоным захацелася параўнаць свае гiпотэзы i дактрыны з навуковымi працамi iншапланетных калег.
      Рабiць гэтае параўнанне часта было даволi цяжка, бо, як вядома, найбольш слынныя фiзiкi Венеры, Юпiтэра i Марса не ўспрымаюць нi святла, нi гукаў i жывуць у свеце радыяцый, пра якiя мы дагэтуль нiчога не ведалi. Але сёння, у 1992 годзе, дзякуючы хуткаму развiццю тэорыi пачуццёвых эквiвалентаў, можна сказаць, што мы здольныя перакласцi на зямную мову ўсе мовы планет, акрамя Сатурна.
      Адным з самых цiкавых адкрыццяў нашай эпохi сталi працы, што напiсалi пра нас, жыхароў Зямлi, вучоныя iншых планет. Людзi i падумаць не маглi, што натуралiсты з Марса, Венеры i нават Урана мiльёны гадоў назiраюць за Зямлёй пры дапамозе куды больш дасканалых iнструментаў, чым нашы. Зямная навука далёка адстала ад дасягненняў вучоных з суседнiх планет. А паколькi нашы органы не ўспрымаюць радыёактыўных выпрамяненняў, якiмi карысталiся назiральнiкi, то мы i не здагадвалiся, што нават у самыя патаемныя моманты нашага жыцця мы маглi апынуцца пад уважлiвым вокам нябеснага ўльтрамiкраскопа.
      Цяпер кожны адукаваны чалавек можа пазнаёмiцца з гэтымi працамi ў Бiблiятэцы Таварыства планет. Яны цiкавыя самi па сабе, выклiкаюць пачуццё павагi i таму будуць асаблiва карысныя тым маладым людзям, якiя вырашылi прысвяцiць сябе вавуцы. Калi заўважаеш неверагодныя памылкi ў меркаваннях такiх разумных iстот, якiя да таго ж мелi выдатную даследчую тэхнiку, мiжволi задумваешся i над нашымi ўласнымi меркаваннямi i сам у сябе пытаешся: а цi не глядзiм мы на раслiны i жывёл так, як на нас глядзелi марсiяне?
      Найбольшай увагi, як нам здаецца, варты А.Е.-17 - уранскi вучоны, якi ў 1959 годзе апублiкаваў "Жыццё людзей". Да мiжпланетнай вайны гэтая кнiга карысталася папулярнасцю як на Ўране, так i ў жыхароў Венеры i Марса. Яна даступная i нам, бо ўранцы - адзiныя iншапланетныя жахары, якiя, як i мы, адораны разуменнем жыцця, а таму iх слоўнiкавы запас досыць блiзкi да нашага. Да таго ж свае эксперыменты яны праводзiлi так, што iх вынiкi добра адчувалiся на Зямлi на працягу 6 месяцаў. Пра гэта можна прачытаць у нашых зямных газетах i хронiках таго часу. А цяпер мы паспрабуем:
      1. Коратка апiсаць некаторыя факты, якiя мелi месца на нашай планеце ў 1954 годзе.
      2. Паказаць, як вядомы вучоны А.Е.-17 расцанiў вынiкi сваiх эксперыментаў.
      НЕЗВЫЧАЙНАЯ ВЯСНА
      Пачынаючы з сакавiка 1954 года многiя назiральнiкi адзначалi, што iх здзiўляе стан атмасферы ў паўночным паўшар'i. Хоць надвор'е было добрае, нечакана ў вельмi абмежаваных зонах пачыналi бушаваць навальнiцы. Капiтаны караблёў, а таксама пiлоты паведамлялi на Цэнтральную метэастанцыю, што час ад часу компасы давалi адхiленнi без усялякай на тое прычыны. У многiх месцах людзi бачылi, як па зямлi праходзiла нешта накшталт ценю ад вялiзнай хмары, мiж тым як неба заставалася ясным i нiякай хмары не было вiдаць. Газеты друкавалi iнтэрв'ю з вучонымi-метэаролагамi, якiя сцвярджалi, што гэтыя з'явы iмi прадугледжвалiся, што яны выклiканы плямамi на Сонцы i знiкнуць з надыходам перыяду прылiваў Месяца ў час раўнадзенства. Аднак гэты перыяд настаў i прынёс яшчэ больш дзiўныя праявы.
      ЗДАРЭННЕ Ў ГАЙД-ПАРКУ
      Трэцяя нядзеля красавiка 1954 года. Мноства людзей сабралася на алеi, што вядзе да Мармуровай аркi, каб паслухаць дакладчыкаў-энтузiястаў. Нечакана ўсе ўбачылi, як на iх навальваецца цень ад нейкай нябачнай перапоны, якая пагрозлiва ўстала мiж Зямлёй i Сонцам. Праз некалькi iмгненняў зямля на ўчастку 300 цi 400 ярдаў, ад агароджы да сярэдзiны парку, раптам паднялася, пападалi вырваныя з карэннем дрэвы, некаторых людзей засыпала, а тыя, што былi блiзка каля гэтага ўчастка, з жудасцю ўбачылi, як у зямлi ўтварылася яма, глыбiнёй не менш за 100 ярдаў, а з выкапанай зямлi стварыўся ўзгорак такой жа вышынi.
      Назаўтра палiцэйскi дакладваў начальству: "Усё выглядала так, нiбы нейкi гiгант капануў у парку вялiзнай рыдлёўкай". I гэта было праўдападобна, бо адзiн бок ямы быў прамы i гладкi, мiж тым як са схiлу капца зямля асыпалася, адкрываючы знявечаных людзей.
      Засыпала больш як 300 чалавек. Ледзь выкарабкалiся наверх тыя, каму пашчасцiла апынуцца пад тонкiм пластом зямлi. Некаторыя з iх, раптоўна звар'яцеўшы, з жудаснымi крыкамi збягалi ўнiз па стромкiм адхоне свежага капца. А на яго вяршынi нечакана з'явiўся капiтан Уард - адзiн з прапаведнiкаў пратэстанцкай арганiзацыi "Армiя Выратавання" - i з незвычайнай разважлiвасцю пачаў крычаць, вытрасаючы пры гэтым пясок з валасоў i адзежы:
      - Я папярэджваў аб гэтым, браццi! Вы верыце ў фальшывых багоў, i ўсявышнi разгневаўся на свой народ, i перст яго занесены над намi...
      Гэтая невытлумачальная падзея так моцна нагадвала боскiя пакараннi, апiсаныя ў Бiблii, што многiя скептыкi з прысутных ад гэтага моманту паверылi ў бога i сталi шчырымi веруючымi на ўсё жыццё.
      Здарэнне дало магчымасць ацанiць вартасцi лонданскiх палiцэйскiх. Трое з iх апынулiся сярод ахвяр. Неўзабаве прыбылi яшчэ 12 чалавек. Яны смела ўзялiся наводзiць парадак. Адразу ж выклiкалi конную гвардыю i пажарнiкаў. Суперiнтэндант палiцыi Кларквэл узначалiў сiлы дапамогi, i не прайшло i чатырох гадзiн, як парк меў свой звычайны выгляд. На жаль, загiнула 200 чалавек.
      Вучоныя розна тлумачылi гэтае здарэнне. Калi не звяртацца да чагосьцi звышнатуральнага, то цiкавай магла стаць толькi гiпотэза пра землетрасенне, хоць i яна была малаверагодная, бо сейсмографы не зарэгiстравалi нiякiх штуршкоў. Людзi ўвогуле супакоiлiся, калi даведалiся, што гаворка iдзе пра землетрасенне з незвычайнай прыродай паходжання. Сейсмолагi назвалi гэта "вертыкальным манаформным сейсмам".
      ДОМ НА ВУЛIЦЫ ВIКТОРА ГЮГО (ПАРЫЖ)
      Пасля выпадку ў Гайд-парку шмат дзе адбылiся падобныя здарэннi. Яны не так звярталi на сябе ўвагу, бо не мелi смяротных вынiкаў. Аднак то тут, то там на нашай планеце з аднолькавай хуткасцю ўзнiкалi гэтыя загадкавыя капцы. Некаторыя з iх iснуюць нават i цяпер. У прыватнасцi, я назаву капцы на Эенскай раўнiне (Францыя), у Перыгордзе, у Рошнаве (Валахiя, Румынiя) i ў Iтапуры (Бразiлiя).
      Але гэтая мiстычная рыдлёўка, якая нiбы практыкавалася толькi на незаселеных участках зямлi, цяпер збiралася перакiнуцца i на будынкi. 24 красавiка, апоўднi, прахожыя былi здзiўлены нейкiм незразумелым гукам, якi адны параўноўвалi са свiстам шаблi, другiя - тонкага i вельмi моцнага струменю пары. Гэта адбылося ў парыжскiм квартале, мiж Трыумфальнай аркай, авеню дэ ля Гранд-Армэ, авеню Марсо i авеню Анры-Мартэн.
      Той, хто знаходзiўся насупраць будынка нумар 66 на авеню Вiктора Гюго, бачыў, як на iм з'явiлася вялiкая крывая расколiна; дом два цi тры разы страсянуўся, i паверх з мансардамi, дзе былi пакоi для абслугi, раптам спляскаўся, нiбы ад моцнага нацiску. У вокнах, на балконах з'явiлiся спалоханыя жыхары. На шчасце, дом не абвалiўся, хоць i нагадваў пераламаную папалам лiтару. Пасярод лесвiцы выратавальнiкi ўбачылi шчылiну, зробленую нейкiм нябачным iнструментам. I здавалася нават, што нейкае лязо прайшло па прамалiнейнай траекторыi праз дрэва сходаў, дываны, жалеза парэнчаў.
      Мэбля, дываны, карцiны - усё на яго шляху акуратна было разрэзана папалам. Цудам нiхто не пацярпеў. Пакоi абслугi былi пустыя, бо якраз быў час абеду. Адна дзяўчына з трэцяга паверха адчула штуршок i ўбачыла, як яе ложак чымсьцi няроўна рассекла. Ёй не забалела, толькi здалося, нiбы яе ўдарыла слабым электрычным разрадам.
      Усё гэта выклiкала нямала меркаванняў. Зноў загаварылi пра сейсм. Некаторыя газеты абвiнавачвалi архiтэктара i домаўладальнiка ў тым, што яны пабудавалi дом з нядобраякасных матэрыялаў. Ад парламента патрабавалi тлумачэння. Урад абяцаў прыняць меры, каб такiя здарэннi больш не паўтаралiся, адначасова паставiўшы пытанне аб даверы. Ён быў пацверджаны галасаваннем.
      ПАДАРОЖНIКI
      Як i пасля выпадку ў Гайд-парку, за падзеямi на авеню Вiктора Гюго адбылося нямала вельмi падобных здарэнняў. Пра iх мы не будзем расказваць, аднак, як нам сёння здаецца, разумны назiральны чалавек павiнен быў дапусцiць ва ўсiм гэтым нейкую замаскiраваную дзейнасць з пэўнай мэтай. Невядомая нябачная сiла парассякала вялiкiя i малыя дамы ў многiх краiнах. То ў Масачусетсе (ЗША), то ў Данii, то ў Гiшпанii гэтая сiла падымала ў паветра, а потым кiдала ўнiз сялянскiя хаты, разбiваючы iх разам з жыхарамi. У Нью-Йорку на Мэдысан авеню папалам рассекла будынак. Чалавек 50 загiнула ў вынiку гэтых здарэнняў, але паколькi ўсё гэта адбывалася ў розных краiнах i кожны асобны выпадак меў усяго некалькi ахвяр, пра гэта старалiся шмат не гаварыць, тым болей што нiхто нiчога не мог разумна растлумачыць.
      Аднак новыя прыгоды ў маi - чэрвенi 1954 года незвычайна ўсхвалявалi ўсю планету. Першай ахвярай стала маладая мурынка з Хартфарда (Канектыкут, ЗША).
      Паштальён - адзiны сведка гэтага здарэння - расказваў, што мурынка якраз выходзiла з дома сваiх гаспадароў, калi яе раптам падхапiла i пачало падымаць угору. Са страшэнным крыкам яна ўзляцела на метраў 100, а потым разбiлася аб зямлю. Паштальён сцвярджаў, што не бачыў над ёй нiякiх паветраных апаратаў.
      Другiм "паветраплавальнiкам" стаў адзiн таможнiк з Кале (Францыя). Людзi бачылi, як яго таксама вертыкальна падняло ў паветра i хутка панесла цераз пралiў да ангельскага берага. Праз некалькi хвiлiн яго звайшлi на ўзбярэжжы каля Дуўра (Англiя). Таможнiк быў мёртвы, хоць i не меў бачных раненняў. Здавалася, што ён быў асцярожна апушчаны на зямлю. Ён пасiнеў, нiбы вiсельнiк.
      Пасля гэтага пачаўся так званы перыяд удалых падарожжаў. Першым чалавекам, якi закончыў сваё "падарожжа" жывы, быў стары жабрак. Нябачная рука схапiла яго ў той момант, калi ён прасiў мiласцiну на цвiнтары сабора Парыжскай Багамацi. Праз 10 хвiлiн ён апусцiўся акурат пад ногi аслупянеламу палiцэйскаму на плошчы Пiкадзiлi-Сэркус (Лондан). Вандроўка не зрабiла яму нiякай шкоды, i ён меў такi выгляд, нiбы падарожнiчаў у зачыненай кабiне, куды не даходзiлi нi вецер, нi святло. Сведкi пачатку падарожжа расказвалi, што жабрак знiк з вачэй, як толькi адарваўся ад зямлi. Такiя "падарожжы" часам працягвалiся некалькi тыдняў. Цяпер iх лiчылi даволi камiчнымi, бо ведалi, што яны не з'яўляюцца небяспечнымi. Здавалася, што самая багатая фантазiя кiруе нябачнай рукой. Аднойчы маленькая дзяўчынка з Данвера (Каларада, ЗША) апынулася сярод расейскай раўнiны. А зубны ўрач з Сарагосы (Гiшпанiя) аказаўся ў Стакгольме. Найболей гаварылi пра падарожжа месьё Марка Лефо - ганаровага старшынi французскага Сената, якi ўзляцеў у Люксембургскiм садзе (Парыж) i быў дастаўлены на бераг возера Антарыо (Канада). Ён скарыстаў гэта, каб зрабiць падарожжа па Канадзе. Калi ён вярнуўся на радзiму, яго з трыумфам сустрэлi на вакзале Буа-дэ-Булонь. Магчыма, гэтая мiжвольная рэклама шмат паспрыяла таму, што яго ў 1956 годзе выбралi прэзiдэнтам Рэспублiкi.
      Заўважылi, што адзенне ўсiх "падарожнiкаў" пасля прызямлення было ў плямах ад нейкай чырванаватай вадкасцi. Гэта, бадай, было адзiнай нязручнасцю ўвогуле бяскрыўдных прыгод. Праз 2 месяцы падарожжы спынiлiся, каб даць месца новым, яшчэ больш загадкавым падзеям. Пачатак iм паклаў эпiзод, якому далi назву "дзве сям'i".
      ПРЫГОДЫ ДЗВЮХ СЕМ'ЯЎ
      Першая сям'я - маладая французская пара - жыла ў невялiкiм доме ў гарадку Нэi-сюр-Сэн, паблiзу Парыжа. Жак Мартэн, муж, эрудыт, аўтар дысертацыi аб жыццi вядомага французскага пiсьменнiка i дыпламата Поля Марана, чалавек спартыўнага складу, - працаваў у лiцэi Пастэра. Жак меў чацвёра дзяцей. 3 лiпеня апоўначы мадам Мартэн толькi паспела заснуць, як пачула той свiст, пра якi мы ўжо расказвалi. Яна адчула лёгкi штуршок, i ёй падалося, нiбы яна з вялiкай хуткасцю ўзнiмаецца ў паветра. Расплюшчыўшы вочы, яна здзiвiлася, убачыўшы свой пакой, залiты блакiтным месячным святлом. У пакоi, аднак, не хапала адной сцяны. Потым мадам Мартэн заўважыла, што яна ляжыць на краi ложка, рассечанага папалам, а злева, там, дзе некалькi секунд назад ляжаў яе муж, - бездань, над якой зiхацяць зоркi. У жудасцi яна адкiнулася на той край ложка, якi яшчэ стаяў трывала. Ложак меў толькi 2 ножкi, але не хiстаўся. Гэта здзiвiла i разам трохi супакоiла мадам Мартэн. Потым яна адчула, што больш ужо не падымаецца, а хутка перамяшчаецца па прамой лiнii; урэшце ёй кальнула ў сэрца так, як гэта бывае, калi апускаешся ў лiфце, i яна здагадалася, што пачала знiжацца. Мадам Мартэн уявiла, як яна ўпадзе i насмерць разаб'ецца, i ўжо заплюшчыла вочы, чакаючы фатальнага прызямлення. Аднак усё адбылося iнакш: яна мякка асела на зямлю, паглядзела вакол сябе i нiчога не ўбачыла. У пакоi стаяла цемра. Вось працяг яе расказу:
      "Здавалася, бездань зноў зачынiлася. Я паклiкала мужа. Думала толькi, што я выйшла з нейкага кашмару. Я страшэнна хвалявалася. Мне хацелася пра ўсё расказаць мужу. Я працягнула руку, наткнулася на мужчынскае плячо i пачула моцны незнаёмы голас чалавека, якi гаварыў па-ангельску:
      - Оh! Dаrling!* Як ты мяне напалохала...
      * О! Дарагая! (англ.)
      Я рэзка адсунулася i хацела запалiць святло, але нiяк не магла знайсцi выключальнiка.
      - Што з табой? - прамовiў незнаёмы.
      Ён сам запалiў святло. Мы абое адначасова ўскрыкнулi. Перада мной быў малады ангелец. Бландзiн з невялiкiм кароткiм носам, крыху блiзарукi, ён быў у пiжаме i яшчэ добра не прачнуўся. Пасярод ложка была шчылiна. Коўдры, матрац, падушка - усё было рассечана папалам. Адна частка ложка была вышэйшая за другую на 5-10 сантыметраў. У гэтых складаных абставiнах паводзiны майго суседа, як толькi ён зусiм прачнуўся, прымусiлi мяне прасякнуцца павагай да брытанскай нацыi. Лёгка даравальнае ўтрапенне цягнулася ўсяго толькi нейкi момант, пасля ангелец вёў сябе проста, натуральна, карэктна, нiбы мы былi ў салоне. Я гаварыла па-ангельску i сказала яму сваё iмя; ён назваў сябе: "Джон Грэхем". Мы знаходзiлiся на поўднi Англii ў горадзе Рычмандзе. Агледзеўшыся, я заўважыла, што палавiна майго пакоя была са мной. Я пазнала сваё акно, свае занавескi вiшнёвага колеру, фатаграфiю мужа, якая была на куфры. Я пазнала таксама столiк з кнiгамi каля майго ложка; на кнiгах ляжаў мой гадзiннiк. Другая палова была мне незнаёмая. На начным столiку стаяў партрэт прыгожай жанчыны, ляжалi фатаграфii дзяцей, часопiсы, пачак цыгарэт. Джон Грэхем доўга ўглядаўся ў мяне, вывучаў рэчы, разам з якiмi я з'явiлася перад iм, а потым з усёй сур'ёзнасцю спытаўся:
      - А што вы тут робiце, мiсiс Мартэн?
      Я адказала яму, што сама не ведаю, i, паказаўшы рукой на партрэт, сказала:
      - Гэта мой муж.
      У сваю чаргу, кiўнуўшы на фатаграфiю, ён прамовiў:
      - Гэта мая жонка.
      Яна была вельмi прыгожая, i я з трывогай падумала, што, магчыма, у гэты момант яна ў абдымках Жака.
      - Цi лiчыце вы, - спыталася я, - што палова вашага дома была перавезена ў Францыю ў той час, як наша палавiна адпынулася тут?
      - Чаму?
      Ён мяне раздражняў. Чаму? Пра гэта я i сама нiчога не ведала. Можа, таму, што ва ўсёй гэтай гiсторыi былi элементы нейкай прадуманай сiметрыi.
      - Туманная гiсторыя, - пакiваў галавою мой субяседнiк, - i як яно так зрабiлася?
      - "Як! Як!.." - сказала я. - Гэта...
      У гэты момант мы пачулi стогны з верхняга паверха i разам падумалi: "Дзецi!"
      Джон Грэхем саскочыў з ложка i босы кiнуўся да дзвярэй. Праз адчыненыя дзверы я пачула крыкi, кашаль i голас ангельца, якi то супакойваў, то сварыўся на дзяцей. Я хуценька ўстала, паглядзелася ў люстэрка. Твар быў як звычайна. Крыху паправiла валасы. Заўважыўшы, што дэкальтэ маёй начной кашулi занадта выразнае, я пашукала вачамi кiмано i тут жа ўспомнiла, што павесiла яго ў другой палавiне пакоя, якая засталася ў Францыi.
      Я ўсё яшчэ была перад люстэркам, як пачула за спiной збянтэжаны голас.
      - Дапамажыце, калi ласка! - папрасiў Джон Грэхем.
      З дзiцячага пакоя чулiся моцны плач i крыкi.
      - Ахвотна. А ў вас не знойдзецца жаночага халата i тапачак?
      - Безумоўна, знойдзем.
      Ён даў мне чысты халат i паказаў, як прайсцi ў дзiцячы пакой. Гэта былi цудоўныя малыя. Яны хварэлi на коклюш. Найбольш, вiдаць, мучыўся самы меншы мiлы белабрысы хлопчык. Я ўзяла яго за руку, i ён крыху супакоiўся.
      Так у гэтым пакоi прабылi мы дзве гадзiны. Абое страшэнна хвалявалiся, ангелец ад думак пра жонку, я - пра мужа.
      Я спыталася ў Джона, цi можна пазванiць у палiцыю. Ён паспрабаваў пазванiць i зразумеў, што тэлефон пашкоджаны. Антэну радыёпрыёмнiка перарэзала папалам. Як толькi пачало свiтаць, Джон Грэхем выйшаў з дому. Дзецi паснулi. Праз некалькi хвiлiн Джон вярнуўся i папрасiў мяне выйсцi разам з iм. Трэба было бачыць фасад дома! Невядомы чараўнiк, вiдаць, хацеў падабраць два дамы аднолькавай вышынi, якiя можна было б падзялiць больш-менш аднолькава. I гэта яму ўдалося. Аднак наш цагляны дамок у Нэi быў даволi просты, з высокiмi вокнамi, акружанымi каменнымi карнiзамi, а перад намi ж стаяў чорна-белы катэдж з шырокiмi паўавальнымi вокнамi. Спалучэнне гэтых зусiм непадобных частак нарадзiла дзiўны архiтэктурны ансамбль. "Арлекiн" Пiкасо ў архiтэктуры - дый годзе!
      Я папрасiла мiстэра Грэхема, каб ён даў тэлеграму ў Францыю i даведаўся, што сталася з яго жонкай. У адказ пачула, што тэлеграф адчыняецца толькi ў 8 гадзiн. Ён быў такi флегматык i нават у гэтых надзвычайных абставiнах дапусцiць не мог, што можна было б парушыць распарадак i пабудзiць тэлеграфiста. Дарэмна я старалася яго разварушыць, адказ быў адзiн:
      - Тэлеграф працуе з 8 гадзiн!
      Нарэшце а палове восьмай, калi Джон Грэхем збiраўся iсцi на тэлеграф, мы ўбачылi, што да дома на канi пад'ехаў палiцэйскi. Ён здзiўлена паглядзеў на дом i перадаў нам тэлеграму ад прэфекта парыжскай палiцыi. У тэлеграме было пытанне, цi знаходжуся я па гэтым адрасе, i адначасова паведамлялася, што мiсiс Грэхем - жывая i здаровая - знаходзiцца ў Нэi.
      Няма патрэбы далей цытаваць гэты тэкст. Дастаткова адзначыць, што мiсiс Грэхем з такой жа руплiвасцю клапацiлася пра дзяцей мадам Мартэн, як i яна сама - пра дзяцей ангелькi. Абедзьве сям'i былi ў захапленнi ад далiкатнасцi сваiх спадарожнiкаў у гэтых прыгодах i моцна сябравалi мiж сабой да канца дзён сваiх. Яшчэ 10 гадоў назад мадам Мартэн жыла са сваёй сям'ёй у Шамбурсi (Сена i Ўаза).
      Рамкi гэтага раздзела не дазваляюць нам спынiцца на аналагiчных прыгодах, якiя здзiўлялi людзей на працягу ўсяго мая 1954 года.
      Серыя "рассечаных дамоў" цягнулася яшчэ даўжэй, чым "перамяшчэннi людзей". Больш як 100 сем'яў было абменена. I гэтыя абмены сталi ўлюбёнымi тэмамi для пiсьменнiкаў i кiнематаграфiстаў. Тут было нешта фантастычнае, што кранала пачуццi i вельмi падабалася публiцы. Дарэчы, даволi пацешна было бачыць (i гэта адбылося на самай справе), як каралева прачынаецца ў ложку жандара, а расейская танцоўшчыца ранiцай здагадваецца, што яна ў алькове прэзiдэнта ЗША. Потым прыгоды з абменам рэзка спынiлiся.
      Настаў час новых прыгод. Здавалася, што таямнiчыя iстоты, якiя забаўлялiся, парушаючы жыццё людзей, былi капрызныя i iм хутка надакучалi адны i тыя забавы.
      ЗНЯВОЛЕННЕ Ў КЛЕТКУ
      У пачатку верасня невядомая рука, чыю сiлу цяпер ведае ўся Зямля, замахнулася на самых таленавiтых вучоных нашай планеты. 12 чалавек, амаль усе славутыя фiзiкi i хiмiкi, адначасова былi сабраны з розных краiн i дастаўлены на паляну ў лесе Фантэнбло (непадалёк ад Парыжа). Кампанiя маладых людзей кожную нядзелю прыязджала сюды, каб адпачыць i пагуляць па лясных узгорках. Аднойчы яны ўбачылi, як мiж дрэў i камянёў журботна блукаюць старыя. Заўважыўшы iх збянтэжанасць, хлопцы хацелi iм дапамагчы. Падышоўшы блiжэй, яны здзiўлена спынiлiся: ад старых iх аддзяляла нейкая празрыстая непраходная заслона. Хлопцы думалi абмiнуць перашкоду, абышлi вакол i канчаткова ўпэўнiлiся, што старыя акружаны нябачнай сцяной. Некаторыя з маладых пазналi тут сваiх выкладчыкаў. Клiкалi iх, але нiхто iх не пачуў. Гук, вiдаць, не праходзiў праз гэтую сцяну. Вядомыя прадстаўнiкi навукi апынулiся ў клетцы, нiбы драпежнiкi.
      Здавалася, яны даволi хутка змiрылiся са сваiм становiшчам: ляглi на сонейку, дасталi з кiшэняў паперу i пачалi пiсаць нейкiя ўраўненнi, даволi весела абмяркоўваючы iх. Адзiн хлопец пайшоў паведамiць уладам. Апоўднi сабраўся натоўп цiкаўных. Мiж тым вычоныя, вiдаць, пачыналi хвалявацца. Яны падыходзiлi да нябачнай сцяны i, разумеючы, што iх галасоў нiхто не чуе, паказвалi на мiгi, каб iм далi есцi.
      У натоўпе было некалькi афiцэраў, i адзiн з iх паабяцаў перадаць ежу гэтым няшчасным з самалёта. Задумка была выдатная. Праз дзве гадзiны пачуўся гул матора. Пралятаючы над гэтай нябачнай клеткай, лётчык спрытна, акурат усярэдзiну, выкiнуў пакеты з правiянтам. На жаль, калi да зямлi заставалася метраў дваццаць, пакеты перасталi падаць i нiбы застылi ўгары. У клетцы быў нябачны дах.
      Пад вечар вучоныя мелi выгляд безнадзейных людзей. Яны ўсё паказвалi на мiгi, што хочуць есцi i баяцца начнога холаду. Засмучаныя гледачы нiчога, аднак, не маглi зрабiць. I няўжо давядзецца глядзець на пагiбель гэтых свяцiлаў навукi?
      Нiхто не думаў, што могуць быць якiя-небудзь змены да заўтрашняй ранiцы. Аднак ужо на досвiтку, калi добра прыгледзецца, можна было заўважыць, што ў цэнтры клеткi з'явiўся новы дэкор. Пра гэта паклапацiлася нябачная рука. Пакеты, якiя кiнуў лётчык, цяпер вiселi на вяроўках на вышынi пяць метраў. Другi канат вiсеў побач i даходзiў да самай зямлi. Кожны малады чалавек мог бы лёгка залезцi па гэтым канаце i зняць выратавальныя пакеты. Але мала было надзеi, што хто-небудзь з гэтых сямiдзесяцiгадовых людзей адважыцца на такую гiмнастыку. Яны хадзiлi вакол канатаў, нават правяралi iх на трываласць, i ўсё ж рызыкантаў сярод iх не знаходзiлася.
      Так прайшоў увесь дзень. Надышла ноч. Цiкаўныя пачалi разыходзiцца. Апоўначы адзiн студэнт вырашыў паспрабаваць, цi на месцы нябачная сцяна. На яго вялiкае здзiўленне, нiякай заслоны ён не адчуў i з радасным крыкам iшоў уперад. Жорсткая сiла, якая два днi насмiхалася з людзей, нарэшце злiтавалася. Вучоных накармiлi, сагрэлi, i нiхто з iх не захварэў.
      Вось тыя асноўныя факты, якiя характарызавалi гэты незразумелы перыяд. Сёння, аднак, мы ведаем, што гэта быў перыяд, калi ўранскiя вучоныя праводзiлi свае эксперыменты. А цяпер мы падаём найбольш важныя фрагменты з кнiгi славутага А.Е.-17.
      Чытач зразумее, што мы былi вымушаны знаходзiць зямныя эквiваленты ўранскiм словам, пераклад якiх не заўсёды быў лiтаральны. Час уранцы адлiчваюць гадамi, якiя значна даўжэйшыя, чым зямныя. Там, дзе гэта было можна, мы зрабiлi пералiк часу на прывычныя нам зямныя меркi. Акрамя таго, уранцы, гаворачы пра людзей, ужываюць слова, якое прыкладна азначае "бяскрылыя двухногiя". Гэтае занадта складанае слова мы амаль усюды замянiлi на "людзi" або "зямляне". Гэтаксама мы зрабiлi з паняццем "горад", якое ўранцы азначаюць як "чалавечы мурашнiк". Дарэчы, у гэтым, як нам здаецца, яны мелi рацыю. I яшчэ трэба, каб чытач не забываўся, што ўранцы, як i мы, адораны зрокам, аднак гукi iм зусiм невядомыя.
      Уранцы "гавораць" мiж сабой пры дапамозе спецыяльнага органа, якi складаецца з мiгатлiвых каляровых лямпаў. Вядома, што ўранцы, не знайшоўшы гэтых апаратаў у людзей, тут жа вырашылi, што мы наогул няздольныя перадаваць свае думкi адзiн аднаму.
      Тут мы змяшчаем толькi кароткiя фрагменты кнiгi А.Е.-17 i настойлiва раiм усiм студэнтам прачытаць яе поўнасцю. Ёсць цудоўнае выданне гэтай кнiгi з каментарыем прафесара Пекiнскага ўнiверсiтэта Аг-Чу.
      Як ужо, вiдаць, здагадаўся чытач, А.Е.-17 - гэта не ўранскае прозвiшча аўтара, а наменклатурны iндэкс, дадзены прафесарам Аг-Чу.
      ЖЫЦЦЁ ЛЮДЗЕЙ ПАВОДЛЕ А.Е.-17
      Пры дапамозе звычайнага тэлескопа на паверхнi малых планет, i ў прыватнасцi на Зямлi, можна ўбачыць плямы. Яны настолькi вялiкiя, што нельга дапусцiць, каб гэта былi азёры цi моры. Калi доўгi час назiраць гэтыя плямы, то можна заўважыць, што на працягу некалькiх зямных стагоддзяў яны павялiчваюцца, дасягаюць максiмальных памераў, потым пачынаюць меншаць, а часам нават зусiм знiкаюць. Многiя назiральнiкi лiчылi, што гэта - вынiк захворвання глебы. Сапраўды, гэта вельмi магло нагадваць утварэнне i рассысанне пухлiны. I толькi пасля вынаходнiцтва ўльтратэлемiкраскопа стала зразумела, што мы маем справу са скопiшчам жывой матэрыi. Першыя апараты ўсё ж не былi яшчэ дасканалыя i дазвалялi бачыць, нiбы ў тумане, нешта накшталт жывога жэле. Вядомыя назiральнiкi, як, напрыклад, Н.-33, сцвярджалi тады, што гэтыя скопiшчы - зграi жывёлiн, якiя вядуць агульны спосаб жыцця. З дапамогай сучасных апаратаў удалося высветлiць, што ўсё гэта не так. Цяпер не толькi былi вiдаць iндывiдуумы, але i тое, што яны адрознiваюцца памiж сабою i робяць пэўныя рухi. Плямы, якiя заўважыў Н.-33, на самай справе аказалiся велiзарнымi гнёздамi. Iх, бадай, можна параўнаць з уранскiмi гарадамi. (Гэтым гнёздам мы далi назву "гомiльеры" - "чалавечыя мурашнiкi".)
      У гэтых гарадах жывуць маленькiя iстоты - людзi. Гэта двухногiя бяскрылыя млекакормячыя з нязначным валасяным покрывам на целе, якое звычайна ахiнаецца штучнымi матэрыяламi. Доўгi час меркавалася, што гэту дадатковую скуру людзi ўтвараюць самi па сабе. Мае ж даследаваннi даюць падставы сцвярджаць, што гэта - памылковае меркаванне, бо людзi маюць нейкi iнстынкт, якi вымушае iх збiраць i сплятаць раслiнныя або жывёльныя валокны, каб баранiцца ад холаду.
      Я сказаў: "iнстынкт" i з самага пачатку гэтай працы з усёй яснасцю хачу адзначыць, што пытанне, якое ўвогуле нiколi не варта было ставiць, на працягу некалькiх гадоў абмяркоўвалася з неверагоднай лёгкасцю. Асаблiва гэта датычыцца маладых натуралiстаў, бо яны ўзялi сабе за моду прыпiсваць гэтым зямным лiчынкам розум, якi па сваёй прыродзе нiбыта такi, як i ў нас, уранцаў. Хай сабе iншыя разбiраюцца, наколькi жахлiвая такая дактрына з рэлiгiйнага погляду. Я ж пакажу ў гэтай кнiзе ўсю абсурднасць падобных канцэпцый толькi з навуковага пункту гледжання.
      Сапраўды, калi ўпершыню назiраеш за гэтым жэле i бачыш тысячы жывых цiкавых сцэн: доўгiя вулiцы, па iх ходзяць людзi, яны часам спыняюцца i, здаецца, нават разумеюць адзiн аднаго, або калi глядзiш на прыватнае асобнае гняздо, дзе бацькi пiльнуюць сваiх малых, сочыш за армiямi на маршы цi захапляешся працай будаўнiкоў, - то ўсё гэта ўяўляецца такiм прыгожым спектаклем, што сапраўды можа здацца, нiбы людзi такi надзелены нейкiм розумам. Аднак каб дасканала вывучыць псiхiчныя здольнасцi гэтых жывёлiн, недастаткова выкарыстоўваць толькi выпадковыя карцiны, што перш-наперш паўстаюць перад даследчыкам.Трэба ставiць людзей у такiя абставiны, якiя найлепш будуць спрыяць даследаванню, трэба як мага больш змяняць гэтыя абставiны, карацей кажучы, трэба эксперыментаваць i ствараць навуку толькi на аснове фактаў. Менавiта так мы падышлi да справы, правёўшы вялiкую серыю эксперыментаў, якiя будуць апiсаны нiжэй. Але перш чым распачаць наш выклад, я прашу чытача ўявiць тыя неверагодныя цяжкасцi, з якiмi мы сутыкалiся ў сваёй працы. Безумоўна, як толькi мы пачалi выкарыстоўваць праменнi, значна лягчэй стала праводзiць эксперыменты на далёкай адлегласцi, бо дзякуючы праменням мы атрымалi магчымасць падхоплiваць целы, манiпуляваць iмi i нават пераносiць з аднаго месца ў другое. Аднак людзi - iстоты вельмi маленькiя, кволыя, i выпрабаванне на iх праменняў - справа грубая i жорсткая. Таму спачатку некаторыя людзi гiнўлi ў час эксперыментаў. Спатрэбiлiся звышдакладныя выпрамяняльныя прылады, каб дасягаць аб'екта назiрання i абыходзiцца з iм з патрэбнай асцярожнасцю. У прыватнасцi, калi мы пачалi пераносiць людзей з аднаго месца ў другое, то спачатку не ўлiчвалi супрацiўлення гэтых iстот. Мы пераносiлi iх занадта хутка праз паветраныя слаi, якiмi акружана Зямля, i людзi задыхалiся. Мы былi вымушаныя стварыць такую ўстаноўку, усярэдзiне якой шкодныя эфекты ад хуткасцi перамяшчэння не ўспрымалiся. Праводзячы доследы па разразанню i пераносу людскiх гнёздаў, мы спачатку не ўлiчвалi канструкцыi будынкаў. I толькi ў ходзе эксперыментаў навучылiся ўтрымлiваць iх, выкарыстоўваючы моцны пучок праменняў.
      Чытач знойдзе тут геаграфiчную карту той часткi зямной паверхнi, дзе мы правялi найбольш iстотныя эксперыменты. Просiм звярнуць увагу на два вялiкiя чалавечыя мурашнiкi, якiя мы назвалi: Хаатычны i Строгi. Гэтыя назвы потым былi прыняты ўсiмi астрасацыёлагамi. А мы, даючы iх, кiравалiся тым, што гэтыя мурашнiкi вельмi адрознiваюцца памiж сабой: адзiн здзiўляе строгасцю свайго плана, другi ўяўляе сабой нейкае складанае перапляценне крывых вулачак. Хаатычны i Строгi мурашнiкi аддзелены адзiн ад аднаго нейкай блiскучай лiнiяй. Мы мяркуем, што гэта мора. Самы вялiкi мурашнiк на Зямлi - Геаметрычны. Ён яшчэ больш правiльны, чым Строгi. Ад першых двух Геаметрычны аддзелены значнай блiскучай паверхняй.
      ПЕРШЫЯ ДОСЛЕДЫ
      Якi пункт Зямлi выбраць для эксперыментаў? Як умяшацца ў жыццё гэтых iстот, каб атрымаць ад iх неабходныя рэакцыi? Прызнаюся, я страшэнна хваляваўся, калi ўпершыню ўзяў даволi моцны апарат i пачаў рыхтавацца да эксперыментаў на Зямлi. Са мною былi мае чатыры вучнi, якiя хвалявалiся не менш, чым я. Адзiн за адным мы пачалi разглядаць праз ультратэлемiкраскоп чароўныя малюсенькiя пейзажы. Мы накiравалi наш апарат на Хаатычны мурашнiк. Знайшлi там даволi адкрытае месца, каб лепш прасачыць, што будзе пасля. Маленькiя дрэўцы паблiсквалi ад веснавога сонца, i мы бачылi,як многiя iстоты злiвалiся ў натоўп. Пасярод натоўпу, чамусьцi асобна ад астатнiх, была толькi адна асоба. Спачатку мы хацелi разгадаць гэту гульню, але гэта нам не ўдалося. Тады мы вырашылi выкарыстаць праменнi. Эфект быў ашаламляльны. У зямлi ўтварылася яма; некалькi iстот засыпала зямлёй; i адразу ж iстоты зрабiлiся надзiва актыўныя. Сапраўды, можна было падумаць, што яны арганiзуюцца даволi разумна. Адны ратавалi засыпаных, другiя пабеглi па падмогу. Даволi хутка ўсе пашкоджаннi былi лiквiдаваны. Пасля мы вырашылi выкарыстоўваць нашы праменнi ў менш населеных пунктах, каб не ставiць у небяспеку гэтых iстот. Мы навучылiся змяншаць магутнасць праменняў i пачалi працаваць больш асцярожна. I толькi калi ўпэўнiлiся ў нашай методыцы, мы вырашылi пачаць першую серыю эксперыментаў.
      Маёй першай мэтай было праверыць, цi знойдзе дарогу назад адна з зямных iстот, калi яе ўзяць i перанесцi з роднага мурашнiка зусiм у iншае месца. Напачатку, як я ўжо адзначыў, мы сутыкнулiся з велiзарнымi цяжкасцямi. Па-першае, iстоты памiралi ў час перанясення, па-другое, мы не ўлiчвалi таго, што яны маюць штучную скуру, ад якой яны лёгка могуць пазбавiцца. Таму, як толькi мы апускалi iх на зямлю, мы адразу гублялi iх з вачэй. Калi ж мы паспрабавалi зрываць гэтую штучную скуру i ставiць меткi непасрэдна на целе, то i тут нас чакала няўдача, бо, апынуўшыся на Зямлi, iстота тут жа набывала новую скуру.
      З цягам часу мае вучнi ўсё ж навучылiся сачыць за iстотамi i трымаць iх пад кантролем. Мы высветлiлi, што ў 99 выпадках з 100 iстота вярталася менавiта туды, адкуль мы яе бралi. Я вырашыў перанесцi дзве iстоты з Хаатычнага мурашнiка ў Геаметрычны, якiя знаходзяцца далёка адзiн ад аднаго.
      Праз 10 зямных дзён мой верны вучань Е.Х.-33, якi сачыў за iмi дзень i ноч, паказаў мне, як тыя вярталiся назад. Яны знайшлi дарогу дамоў, нягледзячы на тое, што мясцовасць, куды я iх апусцiў, была iм зусiм невядомая. Да таго ж абедзве iстоты былi зацятымi дамаседамi (гэта мы ведалi, бо даўно сачылi за iмi). Якiм жа чынам знайшлi яны дарогу? Я пераносiў iх так хутка, што заўважыць маршрут яны не маглi. Чым жа яны кiравалiся? Вядома, не памяццю, а нейкай спецыфiчнай якасцю, пра якую мы можам толькi гаварыць, не могучы яе вытлумачыць, бо гэта выходзiць за межы нашай уласнай псiхалогii.
      Тут жа паўстала i другая праблема. Цi пазнаюць астатнiя iстоты вяртальца? Здаецца, што так яно i ёсць. Звычайна калi ён вяртаўся ў сваёй гняздо, там узнiкала вялiкае ўзбуджэнне. Iншыя iстоты пры гэтым прыкладалi да яго рукi, а часам нават губы. Разам з гэтым у некаторых выпадках, як нам падалося, вяртанне выклiкала злосць i незадаволенасць.
      Такiм чынам, першыя эксперыменты паказалi, што бяскрылыя двухногiя маюць нейкi iнстынкт, дзякуючы якому яны пазнаюць свае мурашнiкi.
      Потым мы вырашылi даведацца, цi iснуюць на Зямлi, як у нас на Ўране, такiя пачуццi, як каханне, мацярынская любоў i г.д. Такое меркаванне мне здавалася абсурдным, бо да гэтых чыстых пачуццяў уранцы прыйшлi толькi праз мiльёны гадоў цывiлiзацыi. Аднак абавязак даследчыка - працаваць над праблемай непрадузята i не загадваць вынiкаў, якiя могуць прынесцi эксперыменты.
      Ноччу iстота-самец звычайна адпачывае каля сваёй самкi. Я папрасiў сваiх вучняў разрэзаць папалам гнёзды, каб аддзялiць самца ад самкi, безумоўна, стараючыся не паранiць нiводнага, а потым узяць i склеiць адну палову "А" з паловай "Б" i паглядзець, цi здагадаюцца яны пра якую-небудзь перамену. Пры гэтым мы iмкнулiся ствараць нармальныя ўмовы для эксперыментаў i таму падабралi падобныя гнёзды. Я раiў таксама сваiм вучням падабраць менавiта такiя гнёзды, дзе б колькасць дзяцей была аднолькавая, а памеры пакояў супадалi.
      Нарэшце Е.Х.-33 радасна паказаў мне два гнязды, дзе было па чацвёра дзяцей. Адно гняздо было ў Хаатычным мурашнiку, другое - у Строгiм. Н.Х.-33 з дзiвоснай далiкатнасцю разрэзаў i перанёс паловы гнёздаў. Нiякiх сумненняў вынiкi не выклiкалi. У абодвух выпадках штучна падабраныя намi пары, прачнуўшыся, выявiлi толькi лёгкае здзiўленне. Гэта, мусiць, ад пералёту i прызямлення. Потым усе яны заставалiся на месцы, захоўваючы пры гэтым самыя звычайныя ўзаемаадносiны.
      Факт амаль неверагодны: адразу ж абедзве самкi без нiякага жаху цi агiды пачыналi клапацiцца аб жытле i дзецях, вiдаць, не разумеючы, што ўсё гэта чужое.
      Мы паўтарылi эксперымент многа разоў. У 93 выпадках са 100 паводзiны самак былi аднолькавыя. Самкi маюць устойлiвую прывычку да сваiх абавязкаў i зусiм не думаюць, дзеля каго яны iх выконваюць. Незалежна ад таго, з чыiмi дзецьмi iм даводзiцца апынуцца, яны клапоцяцца пра iх аднолькава старанна. Можна было дапусцiць, што гэтая блытанiна звязана з тым, што мы падбiралi вельмi ўжо падобныя гнёзды. Аднак паступова мы ўскладнялi эксперымент i бралi, напрыклад, адну палову ад беднага, другую - ад багатага гнязда. Вынiк быў той самы: чалавек не можа адрознiваць свайго жытла ад чужога.
      Даказаўшы такiм чынам, што па ўзроўню сваiх пачуццяў зямлянiн стаiць вельмi нiзка ў параўнаннi з iншымi iстотамi, мы вырашылi заняцца яго iнтэлектуальнымi вартасцямi. Для гэтага мы змясцiлi некалькi iндывiдаў у прамянёвую клетку. Ежу паклалi так, што дастаць яе можна было, толькi зрабiўшы больш-менш складаныя рухi. Падбiраючы для эксперыменту зямлян, я нават дазволiў узяць менавiта тых, у якiх, на думку майго калегi Х.-38, былi прыкметы навуковага iнтэлекту. Дэталi гэтага эксперыменту можна знайсцi ў Дадатку "В". Не пакiнуўшы месца сумненням, эксперымент даказаў, што жыццё чалавека настолькi абмежаванае ў часе, што ён iмгненна ўсё забывае i няздольны знаходзiць элементарныя спосабы вырашэння праблем, якiя хоць крышку адрознiваюцца ад тых, да якiх ён спрадвеку прывык.
      Пасля другой серыi эксперыментаў мы так добра навучылiся ўлоўлiваць рухi гэтых iстот, што маглi, нават не ўмешваючыся, сачыць за iмi на працягу iх звычайнага жыцця. Некалькi зямных гадоў я з захапленнем назiраў жыццё аднаго мурашнiка.
      Паходжанне зямных грамадстваў нам невядомае. Як i чаму гэтыя iстоты адмовiлiся ад волi i сталi рабамi мурашнiкаў? Мы пра гэта нiчога не ведаем. Можна дапусцiць, што, збегшыся ў мурашнiкi, яны атрымалi магчымасць супрацьстаяць iншай жывёле, а таксама i сiлам прыроды. Аднак плацяць за гэту магчымасць людзi страшэнна дорага. Нiхто так не пазбаўлены адпачынку i радасцi, як яны. У вялiкiх мурашнiках, у прыватнасцi ў Геаметрычным, актыўнае жыццё пачынаецца на досвiтку i захоплiвае нават частку ночы. Гэта яшчэ можна было б зразумець, калi б дзейнасць чалавека iшла яму на карысць. Але ж чалавек настолькi абмежаваны, настолькi ахоплены iнстынктамi, што працуе i выпрацоўвае намнога больш, чым яму трэба. Дзесяткi разоў я бачыў, як у крамах збiралася так многа тавараў, што людзi самi, здавалася, гэтым былi заклапочаныя. А мiж тым другая група, нi на што не зважаючы, усё вырабляла тыя самыя тавары.
      Мы дрэнна разумеем падзел чалавецтва на касты. Усё ж удалося высветлiць, што адна група людзей апрацоўвае зямлю i амаль цалкам забяспечвае ўсiх ежай; другая група вырабляе адзенне або будуе гнёзды; а трэцяя група, здаецца, нiчога не робiць, апрача таго што хутка перамяшчаецца па планеце i есць. Чаму першыя дзве групы церпяць i згаджаюцца кармiць i апранаць трэцюю - гэтага мы не здолелi адгадаць.
      Е.Х.-33 правёў велiзарную работу, iмкнучыся даказаць, што гэта цярпенне мае сексуальнае паходжанне. Ён устанавiў, што вечарамi, калi збiраюцца прадстаўнiкi трэцяй касты, да iх прыходзяць i працаўнiкi, каб паглядзець на паўраздетых жынчын. Такая тэорыя мне падаецца ўдалай, аднак абгрунтавана яна занадта слаба, каб да яе ставiцца сур'ёзна.
      Я асабiста лiчу, што каставы падзел на Зямлi трэба тлумачыць у першую чаргу дзiўнай абмежаванасцю чалавека. Увогуле, я думаю, што было б велiзарнай памылкай тлумачыць дзеяннi людзей, карыстаючыся нашым уранскiм ладам мыслення. У сваiх дзеяннях чалавек не кiруецца свабодным розумам, а падпарадкоўваецца нейкаму фатальнаму неўсвядомленаму ўзбуджэнню. У чалавека няма выбару ў тым, што ён павiнен зрабiць (бедалага-чалавек нiбы слiзгаецца па раней вызначаным схiле, каб прыйсцi да мэты). Мне было добрай забаўкай назiраць асабiстае жыццё некаторых мужчын, для якiх любоўныя прыгоды сталi галоўным сэнсам жыцця. Я бачыў, як яны, iмкнучыся спакусiць жанчыну, бралi на сябе ўсе выдаткi пры будаўнiцтве дома. Не задавольваючыся гэтым, мужчына iшоў шукаць другую спадарожнiцу, якая таксама атрымлiвала жытло! За такое каханне мужчына вядзе бясконцую барацьбу, не зважаючы нi на што. Увесь час сутыкаючыся з цяжкасцямi, мужчына нiякiх разумных вывадаў не робiць i не кiдае сваiх авантур. I нават за дзесятым разам анi не разумнее.
      Няздольнасць чалавека запамiнаць мiнулае, прадбачыць будучыню пацвярджаецца i шматлiкiмi войнамi, якiя ўзнiкаюць памiж людзьмi. У нас, уранцаў, неверагодная нават думка, што адна група ўранцаў можа атакаваць другую або кiдацца прадметамi, каб паранiць сапернiка цi атруцiць яго ядавiтымi газамi.
      А мiж тым усё гэта адбываецца на Зямлi. На працягу некалькiх стагоддзяў я назiраў, як узнiкаюць сутычкi памiж велiзарнымi масамi людзей то ў адным, то ў другiм кутку планеты. Часам яны ваююць пад адкрытым небам, часам хаваюцца ў зямлi i iмкнуцца разбурыць варожыя акопы, абрынаючы на iх цяжкiя груды металу. А часам яны нават прыладжваюць прымiтыўныя крылы, каб кiдаць снарады зверху. Улiчыце пры гэтым, што абодва бакi робяць адно i тое. Гэта жахлiвае i смешнае вiдовiшча. Сцэны тут настолькi страшныя, што, калi б людзi валодалi хоць слабой памяццю, яны б не дапусцiлi iх паўтарэння на працягу многiх пакаленняў. Аднак за кароткi чалавечы век людзi два-тры разы ўвязваюцца ў гэтыя смяротныя бойкi.
      Другi прыклад сляпога падпарадкавання зямлян iнстынктам мы бачым у тым, што яны часам будуюць свае мурашнiкi якраз у такiх месцах планеты, якiя небяспечныя для жыцця i асуджаны на пагiбель. Так, мы з увагай сачылi, як на адным перанаселеным востраве за 8 гадоў ад землетрасенняў тройчы разбуралiся ўсе дамы. Кожнаму разважлiваму назiральнiку ясна, што людзi павiнны былi б пакiнуць гэты востраў. Але дзе там! Як нiчога i не было, людзi заўзята бяруцца за працу i будуюць такiя самыя дамы з дрэва i жалеза. А на другi год яны зноў будуць разбураны.
      "Але, - запярэчаць мне апаненты, - якi б абсурдны нi быў аб'ект дзейнасцi чалавека, бясспрэчна, што гэтая дзейнасць усё ж упарадкаваная, а гэта сведчыць аб iснаваннi на Зямлi нейкай кiраўнiчай сiлы, нейкага розуму".
      Iзноў памылка! Паводзiны людзей пасля землетрасення нагадваюць рухi газавых малекул. Кожная малекула сама па сабе апiсвае даволi складаную траекторыю, аднак у сукупнасцi гэтыя малекулы робяць даволi простыя дзеяннi. Калi мы разбураем горад, мiльёны людзей пачынаюць сутыкацца памiж сабой, замiнаюць адзiн аднаму, дзейнiчаюць самым хаатычным чынам, - i ўсё ж такi праз нейкi час горад узнiмаецца зноў.
      Вось такi гэты своеасаблiвы iнтэлект. Цяпер стала модным разглядаць яго як нейкi водблiск нашага ўранскага розуму. Аднак мода праходзiць, а факты застаюцца. I факты прыводзяць нас да старых расказаў аб уранскай душы i яе прывiлеяваным лёсе. I я быў бы рады, калi б мае эксперыменты памаглi разбiць падобныя дактрыны i паставiць зямлян на месца. Бо зямляне паводле свайго iнтэлекту знаходзяцца на ўзроўнi жывёлiн, хоць i безумоўна цiкавых для вывучэння. Людзi страшэнна наiўныя i непаслядоўныя ў сваiх дзеяннях. Усё гэта сведчыць аб тым, што неймаверная бездань ляжыць памiж уранскай душой i жывёльным iнстынктам.
      СМЕРЦЬ А.Е.-17
      На шчасце для самога А.Е.-17, ён у пару памёр i не стаў сведкам першай мiжпланетнай вайны, пасля якой наладзiлiся дыпламатычныя адносiны памiж Уранам i Зямлёй. А гэта дазволiла атрымаць такiя факты, якiя цалкам адхiлiлi канцэпцыю А.Е.-17. Да канца дзён сваiх ён жыў у славе i ў пашане. Гэта быў добры ўранец. Злаваў ён толькi тады, калi яму пярэчылi.
      Цiкавы для нас факт: на Ўране яму паставiлi манумент. На п'едэстале барэльеф, зроблены па тэлефатаграфii, на якой - натоўп людзей, вельмi падобны да таго, што можна бачыць на Пятай авеню.

  • Страницы:
    1, 2