Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Нараджэнне майстра (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Моруа Андрэ / Нараджэнне майстра (на белорусском языке) - Чтение (Весь текст)
Автор: Моруа Андрэ
Жанр:

 

 


Моруа Андрэ
Нараджэнне майстра (на белорусском языке)

      Андрэ Маруа
      НАРАДЖЭННЕ МАЙСТРА
      Мастак П'ер Душ якраз канчаў нацюрморт - кветкi ў аптэчным слоiку i баклажаны на талерцы, - калi ў майстэрню ўвайшоў пiсьменнiк Поль-Эмiль Глез. Некалькi хвiлiн Глез глядзеў, як працуе яго сябар, потым рашуча сказаў:
      - Не!
      Мастак перастаў падпраўляць баклажан i ў здзiўленнi падняў галаву.
      - Не, - паўтарыў Глез. - Не! Так ты нiколi не будзеш мець поспеху. Ёсць у цябе майстэрства, ёсць у цябе талент, i чалавек ты сумленны. Але твой жывапiс, галубчык, занадта просты, нават банальны. Ён не крычыць, не лезе ў вочы. У Салоне, дзе пяць тысяч палотнаў, твае карцiны не прыцягнуць увагi сонных разявак... Не, П'ер Душ, поспеху мець ты не будзеш. А шкада.
      - Але чаму? - уздыхнуў сумленны мастак. - Я малюю тое, што бачу. Стараюся выявiць тое, што адчуваю.
      - Справа не ў гэтым, мой бедны сябра. У цябе ёсць жонка, галубчык, жонка i трое дзяцей. Кожнаму з iх трэба па тры тысячы калорый у дзень. А карцiн куды больш, чым пакупнiкоў, i дурняў куды больш, чым знаўцаў. То якiм жа спосабам, П'ер Душ, ты мяркуеш выбiцца з натоўпу нiкому не вядомых няўдачнiкаў?
      - Працай, - адказаў мастак, - i шчырасцю.
      - Гэта несур'ёзна. Ёсць толькi адзiн спосаб разбудзiць сонных дурняў, П'ер Душ, - адважыцца на што-небудзь небывалае. Абвясцi ўсiм, што ты едзеш на Паўночны полюс паляваць сярод iльдоў. Выйдзi на вулiцу ў вопратцы эгiпецкага фараона. Альбо яшчэ лепш - ствары якую-небудзь новую школу. Выцягвай, як бiлецiкi з капялюша, розныя вучоныя словы: экстэрыярызацыя, дынамiзм, падсвядомасць, абстракцыя - i складай манiфесты. Адмаўляй рух цi, наадварот, спакой, белае цi чорнае, круг цi квадрат. Выдумай якi-небудзь "неагамерычны" жывапiс, якi прызнае толькi жоўты колер i чырвоны, жывапiс "цылiндрычны", "актаэдрычны", "чатырох вымярэнняў"...
      У гэты момант дзiвосны i тонкi пах духоў абвясцiў аб з'яўленнi панi Каснеўскай. Гэта была прыгожая полька, сiнiмi вачамi якой захапляўся П'ер Душ. Выпiсваючы дарагiя часопiсы з раскошнымi рэпрадукцыямi шэдэўраў, намаляваных трохгадовымi дзецьмi, яна не сустракала там прозвiшча сумленнага Душа, а таму лiчыла яго жывапiс нiкуды не вартым. Выцягнуўшыся на канапе, яна зiрнула на пачатае палатно, трасянула пасмамi льняных валасоў i ўсмiхнулася з лёгкай пагардай:
      - Учора я была на выстаўцы мурынскага мастацтва эпохi росквiту, паведамiла яна сваiм пявучым, раскацiстым голасам. - Ах! Якая экспрэсiя! Якая выразнасць! Якая сiла!
      П'ер Душ прынёс i паказаў ёй гатовы партрэт, якi яму самому падабаўся.
      - Нядрэнна, - працадзiла яна праз зубы. I пайшла... пахучая, пявучая, iмклiвая i расчараваная.
      Шпурнуўшы палiтру ў кут, П'ер Душ павалiўся на канапу.
      - Пайду ў страхавыя агенты, у банк, у палiцыю, абы куды! - заявiў ён. Мастацтва - самы нiкчэмны занятак. Каб мець поспех у разявак, трэба быць махляром альбо шэльмай. А крытыкi, замест таго каб падтрымлiваць майстроў, расхвальваюць дзiкунства. Хопiць з мяне! К д'яблу!
      Выслухаўшы гэты крык душы, Поль-Эмiль Глез закурыў цыгарэту i надоўга задумаўся.
      - А можаш ты, - запытаў ён нарэшце, - аб'явiць урачыста i зусiм сур'ёзна Каснеўскай i некаторым iншым, што апошнiя дзесяць гадоў распрацоўваеш новы творчы метад?
      - Хто? Я?
      - Пачакай... Я апублiкую ў часопiсах парачку артыкулаў для нашай "элiты" i паведамлю, што ты засноўваеш iдэааналiтычную школу жывапiсу. Да гэтага часу партрэтысты ў сваiм невуцтве вывучалi чалавечае аблiчча. Глупства! Сапраўдная сутнасць чалавека - гэта тыя вобразы, якiя ён абуджае ў нас. Напрыклад, партрэт палкоўнiка: блакiтны з золатам фон, а на iм пяць вялiзных пагонаў, у адным кутку - конь, у другiм - крыжы. Партрэт фабрыканта: заводская труба i здаравенны кулак на стале. Разумееш, П'ер Душ, якую ты навiну нясеш свету? Скажы мне, зможаш ты намаляваць за месяц дваццаць iдэааналiтычных партрэтаў?
      Мастак журботна ўсмiхнуўся:
      - За адну гадзiну намалюю. Але сумна тое, Глез, што, каб я быў чалавекам iншым, твая выдумка, можа, i ўдалася б.
      - Паспрабуем.
      - Я не ўмею трапаць языком.
      - Вось што, галубчык... Калi цябе папросяць растлумачыць, ты, не спяшаючыся, запалi сваю люльку, пусцi ў твар таму, хто пытае, воблака дыму i, памаўчаўшы, скажы так: "Вы бачылi калi-небудзь, як цячэ рака?"
      - А што гэта азначае?
      - Нiчога, - адказаў Глез. - Вось таму i палiчаць, што ты - сiла. Пачнуць цябе раскрываць, вывучаць, захапляцца табой, а потым, калi ты ўжо будзеш на вяршынi славы, мы i прызнаемся, што ўсё гэта мiстыфiкацыя. Цiкава, як яны будуць сябе адчуваць?
      * * *
      Мiнула два месяцы. Выстава карцiн Душа ператварылася ў сапраўдны трыумф. Пахучая, пявучая, iмклiвая, чароўная панi Каснеўская не адыходзiла ад свайго новага кумiра.
      - Ах! - паўтарала яна. - Якая экспрэсiя! Якая выразнасць! Якая сiла! I якiм чынам, дарагi сябар, вы дабiлiся такога цудоўнага сiнтэзу?
      Мастак, не спяшаючыся, запалiў сваю люльку, выпусцiў воблака дыму i, памаўчаўшы, сказаў:
      - Мадам, вы бачылi калi-небудзь, як цячэ рака?
      Вусны прыгожай полькi задрыжалi, абяцаючы яму пахучае i пявучае шчасце.
      Малады блiскучы Струнскi ў палiто з трусiным каўняром тлумачыў групе наведвальнiкаў:
      - Файна! Файна! Магутна! Скажыце мне, Душ, як вы натрапiлi на такое адкрыццё? Цi не з маiх артыкулаў?
      П'ер Душ доўга маўчаў, потым выпусцiў яму ў твар воблака дыму i прамовiў з надзвычайнай сур'ёзнасцю:
      - Дарагi мой, вы бачылi калi-небудзь, як цячэ рака?
      - Файна сказана! Магутна! - аслупянеў Струнскi.
      Тым часам вядомы гандляр карцiнамi, закончыўшы агляд майстэрнi, падхапiў мастака пад руку i зацягнуў яго ў куток.
      - Душ, дружа мой, - сказаў ён, - а вы - хiтрун! На гэтым можна выскачыць. Так i быць, бяру вашу прадукцыю. Толькi не ўздумайце без майго дазволу мяняць манеру. Купляю пяцьдзесят карцiн у год... Згодны?
      Нiчога не адказаўшы, П'ер Душ спакойна палiў.
      Мала-памалу майстэрня апусцела. Наведвальнiкi выйшлi, i Поль-Эмiль Глез зачынiў дзверы. З лесвiцы, паступова аддаляючыся, даносiўся гул захаплення. Застаўшыся з мастаком сам-насам, пiсьменнiк весела засунуў рукi ў кiшэнi.
      - Ну як, галубчык, - запытаў ён, - абкруцiлi мы iх вакол пальца? Чуў, што гаварыў гэты смаркач з трусiным каўняром? А прыгожая полька? А тры дзяўчынкi-красунi? Яны гатовы былi малiцца на цябе: "Ой, як нова! Ой, як свежа!" Ах, дарагi П'ер, ведаў я, што чалавечай дурасцi канца няма, але тое, што адбылося сёння, перавысiла мае самыя горшыя меркаваннi.
      I яго ахапiў шалёны, нястрымны смех. Мастак нахмурыў бровы i, бачачы, што той аж заходзiцца з рогату, раптам выпалiў:
      - Iдыёт!
      - Iдыёт? - ускiпеў раз'юшаны пiсьменнiк. - Ды такая штука яшчэ нiкому не ўдавалася з часоў Бiксiу!..
      Мастак з гордасцю агледзеў дваццаць iдэааналiтычных партрэтаў i, канчаткова пераканаўшыся, зiрнуў на свайго прыяцеля:
      - Я не жартую, Глез, ты - iдыёт. У гэтых карцiнах нешта ёсць.
      Уражаны пiсьменнiк вытарапiў вочы.
      - Ах, вось ты як! - закрычаў ён. - Ты што, забыў, хто табе падсунуў гэты новы творчы метад?
      П'ер Душ, памаўчаўшы, выпусцiў са сваёй люлькi воблака дыму i сказаў:
      - Ты бачыў калi-небудзь, як цячэ рака?
      Пераклад: Юрка Гаўрук