Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Клубок гадзюк (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Мориак Франсуа / Клубок гадзюк (на белорусском языке) - Чтение (Весь текст)
Автор: Мориак Франсуа
Жанр:

 

 


Мориак Франсуа
Клубок гадзюк (на белорусском языке)

      Франсуа Марыяк
      Клубок гадзюк
      Раман
      Пераклад: Леанiд Казыра
      ...Божа, ведай, што мы самi не можам жыць у згодзе
      i ладзе, i не ведаем мы, чаго хочам, i iдзём усё далей
      i далей ад сапраўдных жаданняў нашых.
      Св. Тэрэза Авiльская
      Вораг усiх сваiх блiзкiх, у душы - нянавiсць i сквапнасць, - ганебная натура! I тым не менш я хачу, каб вы паспагадалi гэтаму чалавеку, каб лёс яго хоць трошкi запаў вам у сэрца. Да самай смерцi ўбогiя iмкненнi i парывы засланялi ад яго святло... А яно ззяла так блiзка, што часам яркiя промнi даходзiлi i да гэтай iстоты i апякалi яе... Нiкчэмныя, убогiя iмкненнi...
      Але перш за ўсё - людзi не такiя ўжо i мiласэрныя хрысцiяне. Ён стаў iх пакутнiкам i мучыцелем iх. Сярод нас вунь колькi строгiх суддзяў няшчаснага грэшнiка! А менавiта яны i адводзяць ад яго iсцiну, i нiколi ёй ужо не прабiцца праз iх натоўп!
      Не, не грошай хацеў гэты скнара, не помсты прагнуў гэты вар'ят... Што ён любiў на самай справе, вы даведаецеся, калi ў вас хопiць сiлы i мужнасцi выслухаць яго споведзь разам з апошнiм прызнаннем, што перапыняецца смерцю...
      Частка першая
      I
      Ты не паверыш сваiм вачам, калi адамкнеш мой сейф i знойдзеш там на стосе каштоўных папер гэтае пасланне! Можа, было б лепш даверыць гэтае пiсьмо натарыусу, i ён перадаў бы яго табе пасля маёй смерцi; або пакласцi ў шуфляду пiсьмовага стала, - дзецi, ведама, кiнуцца туды адразу, калi яшчэ мой труп не паспее i астыць. Але справа ў тым, што многа год пiсаў я ў думках i зноў перапiсваў гэты доўгi лiст, i шмат разоў бяссоннымi начамi мне ясна бачылася, як ляжыць гэты дакумент помсты i адплаты на палiчцы пустога сейфа. Дакумент, якi рыхтаваўся амаль паўстагоддзя... Супакойся. Зрэшты, ты ўжо супакоiлася: "Усе паперы там, на месцы". Я нiбы чую гэты твой радасны воклiч. Ты вярнулася з банка i, не адхiнуўшы нават жалобнага вэлюму, крычыш дзецям: "Усе паперы там, на месцы!"
      А так мала не хапiла, каб iх там не аказалася: я ўжо збiраўся зрабiць усё, што трэба. Варта было мне толькi захацець, i ў вас цяпер нiчога не было б, акрамя дома i зямлi. На ваша шчасце, нянавiсць мая патухла: я перажыў яе, хоць доўгi час быў перакананы, што гэта i ёсць маё самае моцнае, самае жывучае пачуццё... Але, прынамсi, на сёння яно пакiнула мяне. I мне, старому, дабiтаму чалавеку, сёння цяжка нават сабе ўявiць таго вар'ята, якi цэлымi начамi не так абдумваў сваю помсту (гэтая бомба замаруджанага дзеяння была ўжо даўно зроблена з такой руплiвасцю, што я ганарыўся ёю), як шукаў спосабаў пацешыцца ёю. Я хацеў тады дажыць да таго моманту, калi ты вернешся з банка i адамкнеш пусты сейф. Як бы ў вас усiх выцягнулiся твары! Трэба было толькi выдаць табе даверанасць на права адчынiць сейф не надта рана i не надта позна, каб пацешыць сябе апошняй радасцю i пачуць вашы безнадзейныя галасы: "Дзе каштоўныя паперы? Дзе паперы?.." I мне здавалася тады, што нават самая пакутлiвая агонiя не сапсавала б майго радаснага настрою. А я быў здольны на такое. Аднак хто i калi давёў мяне да гэтага? Не быў жа я вылюдкам, пачварай.
      Ужо чатыры гадзiны, а паднос, што стаiць на маiм стале ад самага снедання, яшчэ не прынялi. Па брудных талерках поўзаюць мухi. Я званiў. Дарэмна. У вёсцы званкi заўсёды сапсаваныя. I я цярплiва чакаю ў тым самым пакоi, дзе спаў яшчэ хлопчыкам i дзе хутка, вiдаць, i памру. А ў дзень маёй смерцi дачка мая Жэнеўева перш-наперш захоча адваяваць гэты пакой сваiм дзецям. Я адзiн займаю самы вялiкi i самы лепшы пакой. Але ўспомнiце i паглядзiце праўдзе ў вочы: я хацеў аддаць гэты пакой Жэнеўеве, i так бы i зрабiў, калi б не доктар Лаказ. Гэта ён тады даводзiў, што маiм бронхам вельмi шкодзiць сырасць, i таму мне нельга жыць на нiжнiм паверсе. I тым не менш я перайшоў бы туды, хоць i з горкай затоенай крыўдай... А калi ўсё ж мне не далi гэтага зрабiць, я шчыра парадаваўся. (Колькi я сябе памятаю, я заўсёды рабiў нейкiя ахвяры. Адны ўспамiны пра iх атручвалi мне жыццё, пакiдаючы ў душы зярняты злосцi i крыўды, якiя з часам давалi свае буйныя ўсходы.)
      Схiльнасць да сваркi - гэта наша сямейная спадчына. Не раз чуў я ад мацi, што i ў майго бацькi на доўгi час былi разладзiлiся адносiны з яго бацькамi, а тыя за трыццаць гадоў так i не змаглi памiрыцца з дачкою, якую выгналi з дому, i так i сканалi, не пабачыўшы яе (ад яе пайшлi мае дваюрадныя браты ў Марселi, з якiмi мы нiколi не былi знаёмыя). Малодшыя пакаленнi звычайна нiчога не ведалi пра прычыны сямейных канфлiктаў, але, поўнасцю давяраючы старэйшым, убiралi ў сябе нянавiсць продкаў; я i сёння, бадай, калi б сустрэў на вулiцы сваiх марсельскiх кузенаў, адвярнуўся б ад iх. Можна не бачыцца з далёкiмi сваякамi, але куды дзецца ад жонкi, ад дзяцей?
      Вядома, ёсць i дружныя, згуртаваныя сем'i, але, як падумаеш, колькi ў нас шлюбаў, дзе муж i жонка даўно абрыдзелi адно аднаму i даводзяць адно аднаго да адчаю, хоць i ядуць за адным сталом, мыюцца з аднаго ўмывальнiка, спяць пад адной коўдрай, то можна толькi падзiвiцца, што ў нас так мала разводаў!.. Ненавiдзяць, точаць зубы адно на аднаго, а ратавацца, уцякаць - не адважваюцца; так i жывуць пад адным дахам...
      Чаму мне так хочацца пiсаць сёння - у дзень майго нараджэння? Мне пайшоў шэсцьдзесят восьмы год, але ведаю пра гэта толькi я адзiн. Жэнеўева, Хюбэр, iх дзецi кожны раз у дзень нараджэння маюць пiрог са свечкамi, кветкi... Табе я ўжо даўно нiчога не дарыў, але не таму, што забываюся пра дзень твайго нараджэння... Гэта мая помста... Ды хопiць пра гэта... Апошнi раз я атрымаў падарунак ад маёй беднай мамы. Старэнькая, нядужая, з хворым сэрцам, яна тады ледзь дайшла да кветнiка i сваiмi аслабелымi рукамi зрэзала некалькi ружаў...
      Ага, дык на чым жа гэта я спынiўся? А, - ты, вядома, нiяк не можаш даўмецца, чаму мне так закарцела пiсаць. Так, так, - iменна закарцела. Можа, табе падкажа што-небудзь мой почырк, гэтыя лiтары, што пахiлiлiся ў адзiн бок, нiбы сосны ад заходняга ветру. Помнiш, у пачатку пiсьма я гаварыў, што доўга абдумваў сваю помсту, - i вось я адмаўляюся ад яе. Але ёсць у цябе нешта, над чым я ўсё ж такi атрымаў перамогу: гэта тваё маўчанне. О! Зразумей мяне правiльна: па слова ты ў кiшэню не лезеш. Ты можаш гадзiнамi гаварыць з Казо пра гарод цi курэй. Ты можаш цэлымi днямi весела шчабятаць i сюсюкаць з дзецьмi, нават з немаўлятамi. Але са мной!.. Ах, гэтае панурае маўчанне за сямейным сталом! Як яно мяне прыгнятала! Стомлены, разбiты, уставаў я з-за стала i заставаўся сам-насам з сваiмi клопатамi i нягодамi. Падзялiцца iмi мне не было з кiм: вакол панавала маўчанне... Асаблiва невыносна стала мне дома пасля справы Вiльнаў, калi я адразу праславiўся i стаў "вядомым адвакатам-крымiналiстам", як пiсалi газеты. Чым больш хацеў я паверыць у сваю значнасць, тым больш ты старалася паказаць мне, што я нiкчэмнасць... Ды не пра гэта гаворка, i не за гэта хачу я табе адпомсцiць, а за тваё ўпартае маўчанне, калi справа датычылася нашага сямейнага жыцця, нашага глыбокага разладу. Колькi разоў, паглядзеўшы п'есу ў тэатры цi прачытаўшы новы раман, я зноў i зноў ставiў сабе адно i тое пытанне: няўжо i ў жыццi ёсць палюбоўнiцы або жонкi, якiя могуць закацiць сцэну, гаварыць праўду ў вочы i знаходзiць сабе ў гэтым палёгку?..
      Больш як сорак гадоў адпакутавалi мы з табою разам, i за ўвесь гэты час ты нiколi не вымавiла нiводнага слова, якое закранала б штосьцi iстотнае, глыбокае ў нашым сумесным жыццi. Кожны раз табе ўдавалася ўхiлiцца i прамаўчаць...
      Доўгi час я думаў, што гэта свядома выпрацаваная табой сiстэма паводзiн, i ўсё нiяк не мог уцямiць, навошта яна табе спатрэбiлася. Але аднойчы я нарэшце зразумеў, што маё жыццё цябе проста не цiкавiць. Я апынуўся далёка за колам тваiх iнтарэсаў, заняткаў, клопатаў i стаў табе чужы. Ты пачала пазбягаць мяне, i не таму, што чагосьцi баялася, а таму, што табе было сумна са мной. Ты добра адчувала, адкуль дзьме вецер, i наперад ведала пра кожную маю спробу зблiзiцца з табой. А калi ўсё ж я заставаў цябе знянацку, ты знаходзiла якiя-небудзь лёгкiя адгаворкi, цалавала мяне ў шчаку i хуценька знiкала...
      Цi варта мне баяцца, што ты парвеш гэтае пiсьмо, як толькi прачытаеш першыя радкi? Хутчэй за ўсё - не. Вось ужо некалькi месяцаў, як я здзiўляю, iнтрыгую цябе. Хоць ты амаль i не глядзiш у мой бок, ты не магла не заўважыць некаторых перамен у маiм настроi. I на гэты раз я ўпэўнены, што ты ад мяне нiкуды не ўцячэш. Я хачу, каб ты, твая дачка, твой сын, твой зяць, твае ўнукi даведалiся нарэшце, якi быў гэты чалавек, што быў вам мужам, бацькам, цесцем, дзедам... Гэты пажылы стомлены адвакат, якога трэба было берагчы i апякаць, бо кашалёк быў у яго руках... Гэты чалавек, якi адзiнока пакутаваў на другой планеце. На якой планеце? Табе нiколi i ў галаву не прыйшло зазiрнуць туды. Супакойся: гэта не надмагiльнае слова ў гонар маёй асобы i не абвiнаваўчая прамова супраць вас. Галоўнай якасцю маёй натуры, якая да глыбiнi душы ўразiла б любую жанчыну (акрамя цябе, безумоўна), з'яўляецца мая жорсткая, бязлiтасная яснасць думкi i слова.
      Ашукваць самога сябе, што дапамагае жыць большасцi людзей, я так за ўвесь свой век i не навучыўся. А калi мне здаралася рабiць нейкае паскудства, то я першы разумеў сутнасць свайго ўчынку.
      Быў вымушаны зрабiць перапынак - чакаў, пакуль прынясуць лямпу i зачыняць аканiцы. Доўга глядзеў у акно i любаваўся прыгожымi танамi чарапiцы на страсе вiннага склада, - адны яркiя, нiбы кветкi, а другiя пералiваюцца, як галубiная шыйка. Дзесьцi ў шатах пiрамiдальнай таполi спяваў дрозд. Яго прыемную бесклапотную песню перабiў грукат пустой бочкi, якую кацiлi па двары. Мне, вiдаць, пашанцавала, што я магу чакаць сваёй смерцi ў гэтым дарагiм майму сэрцу куточку, дзе ўсё засталося такiм, як i ў маленстве. (Праўда, скрып кола водачарпалкi, якое некалi круцiла аслiца, цяпер змянiўся аднастайным тахканнем маторчыка. Ды яшчэ не дае жыцця гэты паштовы самалёт, што кожны надвячорак пралятае над домам i адно брудзiць нябесны блакiт.) Не кожнаму дадзена штодня бачыць проста перад сабой, у рэальным жыццi, той свет свайго мiнулага, якi да большасцi з нас прыходзiць толькi тады, калi ў нас хапае мужнасцi, часу, цярпення аддацца далёкiм успамiнам. Я прыкладаю руку да грудзей i прыслухоўваюся да частых няроўных удараў сэрца. Гляджу на шафу з люстэркам: там у куточку - шпрыц, ампулы амiлнiтрыту, таблеткi, словам, усё, што трэба, калi пачнецца прыступ. Толькi вось цi пачуюць мяне, калi спатрэбiцца дапамога. Усе супакойваюць мяне i гавораць, што ў мяне толькi нешта падобнае на грудную жабу. А я лiчу, што робiцца гэта хутчэй дзеля таго, каб самiм спаць спакайней. Асцярожна раблю ўдых. Адчуванне непрыемнае - нiбы нехта паклаў мне на левае плячо руку i сцiскае яго, нiбы хоча сказаць: "Я тут, не забывайся". Што ж, мушу прызнаць: смерць ставiцца да мяне, бадай, прыхiльна i не робiць сакрэту, што хутка паклiча мяне за сабой. Вось ужо шмат гадоў яна ходзiць зусiм побач. Я чую яе крокi, адчуваю яе дыханне. Яна цярплiва чакае. Праўда, i я сам з ёю памяркоўны i паслухмяна раблю ўсё, чаго яна вымагае. Як i належыць хвораму старому, я дажываю свой век у халаце, сяджу ў мяккiм глыбокiм крэсле з падушкамi, дзе калiсьцi чакала свайго смяротнага часу i мая мама. Як i тады, увесь столiк застаўлены лякарствамi. Я кепска паголены. Ад мяне дрэнна пахне. Я стаў рабом нейкiх дзiвацкiх прывычак. Але не глядзiце на гэта: калi прыступ праходзiць, я зноў ажываю i магу пастаяць за сябе. Я зноў бываю ў майго паверанага Буру, якi ўжо быў гатоў спiсаць мяне з гэтай грэшнай зямлi. У мяне хапае сiлы цэлымi гадзiнамi стрыгчы купоны ў падвалах банка.
      Мне трэба яшчэ пажыць, каб скончыць гэтую споведзь, каб прымусiць цябе хоць раз выслухаць мяне. Так ужо здарылася, што нам з табою не хапiла на гэта жыцця, бо нават тады, калi я спаў з табой у адной пасцелi i спрабаваў штосьцi сказаць, я заўсёды чуў адно i тое: "Ах, як я стамiлася! Страшэнна хочацца спаць! Я ўжо засынаю, засынаю..." Мае пяшчоты, ласкi ты яшчэ прымала, а вось мае словы... Хоць няшчасце наша парадзiлi менавiта размовы - тыя бясконцыя гутаркi, якiя мы так любiлi пасля вяселля. Мы былi тады такiя маладыя: мне толькi што споўнiлася дваццаць тры, табе - васемнаццаць, i, вiдаць, уцехi плоцi прыносiлi нам менш радасцi, чым нашы адкрытыя шчырыя прызнаннi. Як гэта i бывае ў юнацтве, мы тады паклялiся гаварыць толькi праўду i нiчога не ўтойваць. Мне па сутнасцi не было ў чым спавядацца, i даводзiлася нават упрыгожваць свае нявiнныя юнацкiя авантуры. Я не сумняваўся, што i ў цябе такое ж небагатае мiнулае, i не мог нават уявiць сабе, што да знаёмства са мной ты вымаўляла iмя якога-небудзь другога юнака. Так лiчыў я да таго вечара, калi...
      Было гэта ў тым самым пакоi, дзе пiшуцца гэтыя радкi. Шпалеры з таго часу змянiлiся, а мэбля з чырвонага дрэва так i стаiць, як тады. На тым самым месцы графiн з апалавага шкла, чайны сервiз, што выйгралi па латарэi... Свяцiў месяц. Цёплы паўднёвы вецер даносiў да нашага ложка пах гару.
      Многа разоў гаварыла ты мне пра нейкага Рудольфа, i чамусьцi заўсёды ноччу, у спальнi, нiбы яго прывiд абавязкова з'яўляўся памiж намi ў самыя iнтымныя нашы хвiлiны... Ты i ў той вечар назвала гэтае iмя - Рудольф, помнiш? Але гэтага табе ўжо было мала:
      - Дарагi, мне варта было сказаць табе сёе-тое яшчэ перад вяселлем. Павер, мяне сумленне мучыць, што я тады не прызналася... О, нiчога асаблiвага, супакойся!..
      Мяне гэта не збянтэжыла, i я не спрабаваў нават што-небудзь выпытваць у цябе. Але ты сама так шчодра дзялiлася сваiмi сакрэтамi, што мне спачатку стала няёмка. I зрабiла ты гэта не таму, што цябе сапраўды мучыла сумленне, не таму, што ў табе загаварыла пачуццё шчырасцi i далiкатнасцi, хоць ты мяне i пераконвала ў гэтым... Ты проста не магла больш маўчаць, бо знаходзiла асалоду ў гэтых успамiнах. Можа, ты i адчувала небяспеку, што навiсла ў той вечар над нашым шчасцем, але зрабiць з сабой ужо нiчога не магла. Не ад твайго жадання, не ад тваёй волi залежала, каб прывiд гэтага Рудольфа не лунаў над нашай пасцеллю...
      Не падумай толькi, што ля вытокаў нашай бяды стаяла рэўнасць. У тую летнюю ноч 1885 года, калi ты прызналася, што гэты незнаёмы мне юнак быў мiнулым летам тваiм жанiхом, я зусiм не раўнаваў цябе. I толькi намнога пазней прыйшло да мяне гэтая шалёнае пачуццё.
      Неверагодна! Толькi праз сорак пяць год атрымаў я магчымасць пагаварыць з табой пра гэта. Толькi цi захочаш ты чытаць далей гэтае пiсьмо? Цябе ж гэта амаль зусiм не цiкавiць. Усё, што звязана са мною, наводзiць на цябе нуду i смутак. Ты ўся растварылася ў дзецях: яны не давалi табе бачыць i чуць мяне. А калi з'явiлiся ўнукi!.. Што ж, тым горш для мяне! Але я вось вырашыў апошнi раз паспытаць шчасця. Магчыма, мёртвы я буду табе цiкавейшы, чым жывы. Можа, пасля смерцi я хоць на некалькi тыдняў займу нейкае месца ў тваiм жыццi, i ты па клiчу апошняга доўгу дачытаеш гэтыя старонкi да канца. Я так хачу ў гэта верыць. I я веру.
      II
      Сапраўды, я не раўнаваў цябе ў тую ноч, калi ты так шчыра спавядалася. Але як жа табе растлумачыць, што разбурыла гэтая споведзь? Я быў у мацi адзiным сынам. Яна рана аўдавела i адна гадавала мяне. Ты ведала яе цi, правiльней, бачыла, жывучы пад адным дахам столькi гадоў. Нават калi ты i захочаш, то наўрад цi зразумееш тую душэўную блiзкасць, што яднала дзве адзiнокiя iстоты мацi i сына; бо ты вырасла зусiм у iншай сям'i - вялiкай, моцнай, багатай буржуазнай сям'i, дзе панавалi свае правiлы i парадкi. I нiколi ты не зразумееш, з якой пяшчотнай руплiвасцю гадавала сына - сваю адзiную ўцеху на свеце, удава сцiплага чыноўнiка. Мае школьныя поспехi напаўнялi яе гонарам. Я таксама любiў добрыя адзнакi, i iншай радасцi, бадай, не ведаў. У тую пару я не сумняваўся, што жывём мы вельмi бедна. У гэтым мяне пераконвалi i наш сцiплы побыт, i гаспадарчая ашчаднасць, i асаблiва строгая эканомiя, якая была для мамы непарушным законам. Я, вядома, меў усё, што хацеў, i нiякай нястачы не адчуваў. Але толькi потым я зразумеў, як няньчыла i песцiла мяне мацi. У Астэйне ў нас была ферма, адкуль па таннай цане нам прывозiлi прадукты. Як бы я здзiвiўся, калi б у дзяцiнстве мне хто сказаў, што ў нас на стале далiкатэсы: адкормленыя кураняты, зайцы, паштэты з бакасаў, - усё гэта мне не здавалася раскошай. Я часта чуў ад старэйшых, што наша ферма нiкуды не вартая. I сапраўды, калi яна перайшла ў спадчыну да мацi, там былi закiнутыя аблогi, дзе калiсьцi яшчэ мой дзед хлопчыкам пасвiў кароў. Але адкуль мне было ведаць, што бацькi перш-наперш паклапацiлiся пра тое, каб аддаць землi пад лясныя пасадкi, i калi мне споўнiўся дваццаць адзiн год, я стаў уладальнiкам дзвюх тысяч гектараў маладога гоннага лесу, дзе ўжо нарыхтоўвалi i вывозiлi ўмацавальныя слупы для шахтаў. З гэтых сцiплых даходаў мацi памалу ўжо адкладвала грошы. Яшчэ пры бацьку "за апошнiя франкi" мы купiлi маёнтак Калез (аддалi тады сорак тысяч, а цяпер гэтыя вiнаграднiкi я i за мiльён не прадам). Мы жылi на вулiцы Сэнт-Катрын у чатырохпавярховым доме, якi бацька атрымаў у спадчыну перад сваiм вяселлем. Два разы на тыдзень з вёскi прывозiлi кашолку з правiянтам: мацi старалася як мага менш "абiваць парог" мясной крамы.
      А я клаўся спаць i ўставаў з адной толькi думкай: паступiць у Эколь Нармаль*. У чацвер i нядзелю** мяне амаль немагчыма было выгнаць на двор, ("каб хоць праветрыўся"). Я не з тых дзяцей, якiя хваляцца, што сталi выдатнiкамi без нiякiх намаганняў. Я быў зубрылам i ганарыўся гэтым: "Зубрыла! А што тут такога?!" Не скажу, што ў лiцэi я з вялiкiм задавальненнем вывучаў Вергiлiя цi Расiна. Але што зробiш: задалi - значыць, чытай, зубры i нiчога не думай. Праграма ёсць праграма. Са скарбнiцы чалавечага генiя я вылучаў толькi тыя шэдэўры, што былi пазначаны ў праграме. Толькi яны мелi для мяне значэнне. I я пiсаў пра iх у сваiх сачыненнях тое, што трэба было пiсаць, каб дагадзiць выкладчыкам, - гэта значыць тое, што сотнi разоў гаварылася i пiсалася цэлымi пакаленнямi абiтурыентаў, якiя паступалi ў Эколь Нармаль. Вось такiм я быў iдыётам, i, магчыма, iм бы i застаўся на ўсё жыццё, калi б за два месяцы да ўступных экзаменаў не пачаў харкаць кроўю. Хвароба страшэнна напалохала мацi, i я быў вымушаны ўсё кiнуць.
      * Вышэйшая навучальная ўстанова ў Парыжы.
      **У французскiх школах чацвер i нядзеля - вольныя ад заняткаў днi.
      Гэта была расплата за празмернае зубрэнне ў дзяцiнстве i юнацтве. Калi хлопчык расце, развiваецца, нельга яму ад ранiцы да ночы сядзець за пiсьмовым сталом, згорбiўшыся над кнiгамi i сшыткамi. Трэба даваць яму хоць якую фiзiчную нагрузку.
      Табе сумна? Як я гэтага баюся, але прашу цябе: не прапускай нiводнага радка. Павер, я гавару толькi пра самае неабходнае: уся трагедыя нашага сумеснага жыцця пачынаецца з гэтых маленькiх непрыкметных падзей, - ты пра iх не ведала альбо забылася.
      Урэшце ты бачыш з гэтых першых старонак, што я не збiраюся шкадаваць i сябе. Ты тут знойдзеш нямала звестак, ад якiх твая нянавiсць толькi парадуецца. Ну, не трэба, не пярэч мне.., бо ты, калi i ўспамiнаеш пра мяне, то толькi з варожасцю.
      Магчыма, я залiшне рэзкi i не зусiм справядлiвы да таго кволага падлетка, што ўпарта ўчытваўся ў тоўстыя даведнiкi i слоўнiкi. Калi я гартаю ўспамiны дзяцiнства другiх людзей i бачу, якi светлы рай паўстае перад iх вачыма, я з нудою пытаю ў сябе: "А я? Чаму гэтая пустыня адабрала ў мяне нават дзяцiнства? Можа, я нешта забыўся, а другiя берагуць гэта ў памяцi? Можа, i ў маiм маленстве былi такiя ж радасныя часiны?.." Дзе там... У памяцi толькi бясконцае зубрэнне, упартая барацьба за адзнакi, жорсткае сапернiцтва з Энохам i Радрыгам - маiмi аднакласнiкамi. Сяброў у мяне не было, бо я па прыродзе сваёй не прымаў нiякай дружбы. Поспехi ў вучобе, мая незалежнасць i нават высакамернасць прыцягвалi да мяне некаторых школьнiкаў, але я жорстка адштурхоўваў кожнага, хто лез да мяне са сваёй дружбай. Я цярпець не мог нiякiх "сантыментаў". I калi б нават лёс зрабiў мяне пiсьменнiкам, я ўсё роўна не знайшоў бы ў сваiх дзiцячых успамiнах нiводнай пяшчотнай старонкi. Пачакай... усё ж нейкi водблiск святла прабiваецца... Бацька... Я амаль не памятаў яго i часта пераконваў сябе, што ён не памёр, не, а толькi на нейкi час знiк i хутка вернецца... Пасля заняткаў у лiцэi я бягом iмчаўся дамоў, абмiнаючы экiпажы. На тратуарах заўсёды было многа прахожых, i я бег проста па вулiцы. Стрымгалоў узлятаў я па лесвiцы. Мама сядзела ля акна i цыравала бялiзну. Бацькава фатаграфiя вiсела на сваiм месцы - справа ад ложка. Я дазваляў маме пацалаваць сябе, штосьцi мармытаў у адказ на яе пытаннi i садзiўся за ўрокi.
      Як толькi выявiлася мая хвароба, што так крута перавярнула ўсе мае планы, мама адразу перавезла мяне ў Аркашон, дзе на беразе залiва ў маленькай вясковай хатцы я правёў доўгiя месяцы. Што i казаць, настрой у мяне быў самы панылы: падарванае здароўе пад корань падрэзала ўсе мае надзеi на ўнiверсiтэцкую кар'еру. Бедная мама, я злаваўся на яе, бо яна не заўважала маёй трагедыi i, як мне тады здавалася, увогуле не дбала пра маю будучыню. Яна тым i жыла, што з нецярплiвасцю чакала, што пакажа тэрмометр. Раз на тыдзень мяне важылi, i ад маёй вагi цалкам залежалi яе радасць i гора. Шмат гадоў пазней мне давялося спазнаць, як горка i крыўдна ляжаць хвораму, калi нiхто да цябе не падыходзiць i нiхто не цiкавiцца тваiм станам. О, тады я зразумеў: лёс справядлiва карае мяне за маю жорсткасць да мамы, якая так любiла мяне.
      Прыйшла вясна, а з ёю i мая папраўка. Я ажыў. Пашырэў у плячах, пасталеў. У гэтай сухой лясiстай мясцовасцi, пакрытай травой i жаўтазелем (у тую пару Аркашон быў яшчэ вёсачкай), мой разбiты ад нездаровага жыцця арганiзм атрымаў усё неабходнае.
      I якраз у тыя веснавыя днi мама сказала мне, што яна зусiм не баiцца за маю будучыню, бо мы маем немалыя зберажэннi, якiя з кожным годам большаюць. Нiчога яшчэ не страчана, спяшацца няма куды, тым больш што ад службы ў войску мяне хутчэй за ўсё вызваляць. Я ўмеў прыгожа i ясна выказваць свае думкi, i гэты прыродны дар слова здзiўляў усiх маiх настаўнiкаў. Мама лiчыла, што мне лепш за ўсё будзе паступiць на юрыдычны факультэт. А потым без асаблiвых цяжкасцей я змагу стаць вядомым адвакатам або заняцца палiтычнай дзейнасцю... Мама захапiлася i гаварыла, гаварыла, адразу адкрываючы ўсе свае задумы, а я маўчаў i незадаволена слухаў, разгублена гледзячы ў акно.
      Мяне пачыналi ўжо цiкавiць дзяўчаты. Мама назiрала за мной з баязлiвай паблажлiвасцю. Пазней, калi мне давялося жыць разам з тваiмi роднымi, я пабачыў, колькi клопату прыносiць такi перыяд у жыццi маладых для рэлiгiйнай сям'i. А мая мацi бачыла ў гэтым толькi адну небяспеку: каб гэта не пашкодзiла майму здароўю. Пераканаўшыся, што я не злоўжываю заляцаннямi, яна скрозь пальцы глядзела на мае вячэрнiя адлучкi i патрабавала толькi, каб апоўначы я быў дома. Не, не бойся, я не буду табе расказваць пра свае юнацкiя прыгоды. Я ведаю, што такiя рэчы наводзяць на цябе жах. Урэшце, i прыгод асаблiвых у мяне не было.
      Але каштавалi яны мне даволi дорага, i я пакутаваў ад гэтага. Мне было крыўдна, што я непрыгожы, што нiчым не магу звярнуць на сябе ўвагу i што нават маладосць мне не дапамагае. Хоць, здаецца мне, не такi я ўжо быў i нецiкавы. У мяне, як кажуць, правiльныя рысы твару. Жэнеўева - мой партрэт - была вельмi прыгожай дзяўчынай. Але я быў з той пароды людзей, пра якiх гавораць, што ў iх няма маладосцi. Каму прыемна бачыць панурага маладога чалавека, пазбаўленага юнацкай свежасцi. Ад аднаго майго змрочнага выгляду ў людзей адымаўся язык. I чым больш я ўсведамляў гэта, тым больш рабiўся злосным, хмурным i адзiнокiм. Я нiколi не ўмеў добра апрануцца, выбраць гальштук, завязаць яго. Нiколi не ўмеў я поўнасцю бесклапотна аддацца ўцехам, пасмяяцца, падурэць. Нельга нават уявiць, каб хто-небудзь запрасiў мяне на сяброўскую вечарынку: такi госць, як я, з самага пачатку сапсаваў бы ўсю справу. Да таго ж я быў вельмi крыўдлiвы i не мог прапусцiць мiма вушэй нiводнай насмешкi. Затое, калi мне даводзiлася самому жартаваць, адпускаў такiя кпiны, якiх звычайна нiхто дараваць не мог. Я нетактоўна, груба кпiў з якой-небудзь смешнай рысы чалавека, з яго фiзiчнага недахопу, пра якiя варта было б памаўчаць. Жанчын я саромеўся, хоць i трымаўся з iмi ганарыста i незалежна. Размаўляючы з дамамi, я заўсёды надаваў свайму голасу высакамерны, павучальны тон, а гэта, як вядома, нiчога, акрамя агiды, у iх выклiкаць не магло. Я нiчога не разумеў у жаночых уборах. Я адчуваў, што не маю поспеху ў жанчын, i "на злосць iм" яшчэ больш падкрэслiваў у сабе тыя рысы, якiя i так палохалi iх. Словам, кожны дзень маёй маладосцi быў крокам да самагубства. Я наўмысна спяшаўся быць непрыемным i нiкому не падабацца, баючыся, што гэта выйдзе i без маiх намаганняў, само па сабе.
      Не ведаю, справядлiва гэта цi не, але ва ўсiм я вiнавацiў сваю маму. Мне здавалася, што я расплачваюся за тое, што ў маленстве мацi, на маё няшчасце, залiшне мяне песцiла, галубiла, апякала. I ў маладосцi я абыходзiўся з мацi надзвычай жорстка i груба. Я папракаў яе за празмерную мацярынскую любоў. Я не мог ёй дараваць i гэтага вялiкага мацярынскага пачуцця, якога больш нiхто на свеце не мог мне даць. Даруй, што зноў гавару пра гэта. Думкi i ўспамiны пра мацi даюць мне сiлы пераносiць тую адзiноту, на якую ты мяне асудзiла. Можа, гэта i справядлiвая расплата. Бедная мама, даўно ўжо ты адышла на вечны спакой... Памяць пра цябе жыве толькi ў сэрцы гэтага нядужага старога, - а як бы ты пакутавала, калi б даведалася, што лёс адпомсцiць мне за цябе!..
      Так, я быў жорсткi да мацi. Памятаю, як сумна было ў нашай хатцы ў Аркашоне. У час абеду я ледзь выцiскаў з сябе два-тры словы ў адказ на яе нясмелыя пытаннi. А бывала, нi з чога нi з якага мог раззлавацца i нагрубiць...
      Яна не спрабавала мяне зразумець, разабрацца ў прычынах майго гневу. Для яе гэта быў божы гнеў. "Гэта ад хваробы, - гаварыла яна, - табе трэба палячыцца, супакоiць нервы..." I дадавала, што ёй, жанчыне цёмнай i малаадукаванай, не зразумець мяне: "Канешне, якая я табе кампанiя? Маладому чалавеку не вельмi весела са старымi..." I яна, такая эканомная, калi не сказаць, скупаватая, давала мне грошай больш, чым я прасiў, сама штурхала мяне да марнатраўства, прывозiла мне з Бардо нехлямяжыя гальштукi, якiх я нiколi не насiў.
      Мы пасябравалi з суседзямi. У iх была дачка, да якой я пачаў заляцацца, хоць яна мне не падабалася. Дактары параiлi гэтай дзяўчыне лячыцца кожную зiму ў Аркашоне. Мама не знаходзiла сабе месца ад страху, што я магу чым-небудзь заразiцца цi скампраметую суседку i буду вымушаны ажанiцца. Сёння я ўпэўнены, што займаўся гэтым малапаспяховым заляцаннем толькi дзеля таго, каб зрабiць непрыемнасць мацi.
      Праз год мы вярнулiся ў Бардо i адразу пераехалi са старой кватэры ў новы дом. Мацi купiла гэты асабняк яшчэ задоўга да нашага прыезду, але нiчога не гаварыла пра яго, хочучы зрабiць мне сюрпрыз. Я вачам сваiм не паверыў, калi ўбачыў, што лакей адчыняе нам дзверы. Мне поўнасцю аддалi другi паверх. Усё здавалася свежым i новым. У глыбiнi душы я быў зачараваны такой раскошнай абстаноўкай (хоць на цяперашнi розум усё гэта мне здалося б жахлiвым), але ўсё роўна бязлiтасна раскрытыкаваў мамiн выбар i выказаў сумненнi, цi варта было плацiць за гэты дом столькi грошай.
      I тады шчаслiвая мама адкрыла мне поўную карцiну наконт нашых фiнансавых спраў. Зрэшты, яна не павiнна была рабiць гэтага (большая частка нашай маёмасцi была яе пасагам i належала асабiста ёй). Пяцьдзесят тысяч франкаў гадавога даходу ды яшчэ грошы, што даваў нам лес, - "кругленькая" сума на той час, тым больш у правiнцыi!.. На маiм месцы кожны малады чалавек паспрабаваў бы скарыстаць такiя грошы i прабiцца ў колы мясцовай элiты. Нельга сказаць, што ў мяне не хапала амбiцый, але мне ледзьве ўдавалася хаваць ад сваiх таварышаў з юрыдычнага факультэта сваю варожасць i непрыязнь да iх.
      Амаль усе яны былi сынкамi з арыстакратычных сем'яў, выхоўвалiся ў езуiтаў, а я вучыўся ў звычайным лiцэi, дзед мой быў пастухом; я не мог iм дараваць сваёй зайздрасцi да iх манер. Супакойвала трохi толькi тое, што па сваiх разумовых здольнасцях, як мне, здавалася, гэтыя маладыя франты стаялi нiжэй за мяне. Зайздросцiць нiкчэмным пiжонам i адначасна пагарджаць iмi!.. Такое ганебнае дваiстае пачуццё можа атруцiць чалавеку жыццё. А я зайздросцiў iм, пагарджаў iмi, i iх спакойная высакамернасць яшчэ больш распальвала маю нянавiсць. Вось такi ў мяне характар. Я i ў думках не мог сабе дапусцiць, што можна было б паспрабаваць заваяваць iх сiмпатыi, - наадварот, з кожным днём я ўсё больш зблiжаўся з iх працiўнiкамi. Нянавiсць да рэлiгii, якая так надоўга ахапiла мяне, прынесла табе столькi пакут i назаўсёды зрабiла нас ворагамi, гэтая нянавiсць нарадзiлася на юрыдычным факультэце ў 1879 i ў 1880 гадах, калi абмяркоўваўся сёмы артыкул вядомага дэкрэта* i калi выгналi з Францыi езуiтаў.
      * У 1879 г. сенатар Жуль Фера ўнёс у сенат законапраект аб вышэйшай адукацыi, паводле якога езуiтам забаранялася кiраваць навучальнымi ўстановамi i весцi там навучанне. У 1880 г. гэты законапраект абмяркоўваўся ў сенаце, пасля чаго быў прыняты закон аб выгнаннi езуiтаў з краiны.
      Да таго часу пытаннi рэлiгii мяне зусiм не цiкавiлi. Ад мацi я пра iх нiчога не чуў, хiба што вось толькi гэта: "Я зусiм спакойная перад судом божым. Калi ўжо такiя людзi, як мы, не выратуюцца, то тады нiкому не будзе паратунку". У маленстве яна мяне ахрысцiла. Я хадзiў да першага прычасця яшчэ ў лiцэi, але гэтая цырымонiя здалася мне тады сумнай, непрыемнай, i ад яе застаўся ў мяне толькi цьмяны ўспамiн. Ва ўсякiм разе, больш я ўжо нiколi не прычашчаўся, i ва ўсiм гэтым быў поўным невукам. У дзяцiнстве, сустракаючы на вулiцы святароў, я глядзеў на iх, як на пераапранутых людзей з карнавальнага шэсця. Я нiколi не задумваўся над рэлiгiйнымi праблемамi, а калi нарэшце сутыкнуўся з iмi, то толькi з пункту гледжання палiтыкi.
      Я заснаваў студэнцкi гурток. Мы збiралiся ў "Кавярню Вальтэра", дзе я практыкаваўся ў красамоўстве. Сарамлiвы ў асабiстым жыццi, я рабiўся зусiм другiм чалавекам у час публiчных выступленняў. У мяне з'явiлiся прыхiльнiкi. Мне было прыемна быць iх завадатарам, а любiў я iх не больш, чым багатых буржуа. Я злаваўся на iх, калi яны прастадушна выяўлялi свае мiзэрныя iмкненнi i прымушалi мяне лiшнi раз зразумець, што i я сам недалёка адышоўся ад гэтых сыноў дробных чыноўнiкаў. Усе яны вучылiся на стыпендыю, былi разумныя i прагныя да славы. Але ўсе яны былi атручаны зайздрасцю i злосцю. Перада мной яны хутчэй лiслiвiлi, а не любiлi мяне. Зрэдку я частаваў iх у рэстаране. Для iх гэта было сапраўднай падзеяй, пра якую потым доўга ўсе гаварылi. Але мне абрыдзелi iх манеры. Здаралася, я не мог утрымацца ад злоснай насмешкi, якая для кагосьцi была амаль смяротнай ранай, што доўга потым ныла ў сэрцы.
      Мая нянавiсць да рэлiгii была па сутнасцi шчырай. У нейкай ступенi закранала мяне i iмкненне да сацыяльнай справядлiвасцi. Я прымусiў мацi знесцi глiнабiтныя халупы, дзе жылi нашы арандатары, якiя харчавалiся чорным хлебам ды маiсавай кашай. Упершыню яна паспрабавала запярэчыць мне: "Ты думаеш, яны падзякуюць табе?"
      Але больш у гэтым кiрунку я нiчога не зрабiў. Я пакутаваў ад разумення таго, што я аб'яднаны з сваiмi працiўнiкамi адзiнай прагай да грошай i зямлi. Ёсць клас уласнiкаў i ёсць беднякi. I мне стала ясна, што я назаўсёды застануся на баку ўласнiкаў. Капiтал у мяне не меншы, а можа, i большы, чым у гэтых ганарыстых арыстакратаў, якiя, як мне здавалася, адварочвалiся, заўважыўшы мяне, i якiя, напэўна ж, пацiскалi б мне руку, калi б я падаваў яе iм. Дарэчы, i правыя, i левыя не раз на публiчных сходах папракалi мяне за мае дзве тысячы гектараў лесу i вiнаграднiкi...
      Даруй мне, што я так маруджу. Але без гэтых падрабязнасцей табе было б цяжка зразумець, чым была для маёй уражлiвай скалечанай душы наша сустрэча з табой i наша каханне. Я, сялянскi сын, чыя мацi "хадзiла ў хусцiнцы", раптам стаў жанiхом мадмуазэль Фандадэж. Гэта пераходзiла гранiцы самай багатай фантазii. Гэта было неверагодна...
      III
      Мне давялося адкласцi пяро, бо пачало цямнець. Да мяне данеслася ваша размова. Не, не, вы не перашкодзiлi мне, бо гаварылi надта цiха. Але якраз ваша шаптанне больш за ўсё мяне турбавала. Раней з гэтага пакоя я мог падслухваць вашы размовы, але цяпер вы пачалi асцерагацца мяне i перайшлi на шэпт. Нядаўна ты сказала мне, што я стаў недачуваць. Пра што ты гаворыш? Я выдатна чую далёкi грукат цягнiка на чыгуначным мосце. Не, я яшчэ не глухi. А вы наўмысна гаворыце шэптам, каб я не пачуў вашых слоў. Што вы хаваеце ад мяне? Дрэнна iдуць справы? Недарэмна вы ўсе згуртавалiся. I штодня да цябе ўсе збягаюцца, высунуўшы языкi, як сабакi. Тут i наш зяць - маклер па продажы рому i вiна, i муж нашай унучкi - адпеты гультай, i сынок наш Хюбэр - банкiр... Грошы ўсёй сям'i сцякаюцца да яго, а ён выплачвае да дваццацi працэнтаў дывiдэндаў. Так што на мяне не разлiчвайце: я са сваiх рук нiчога не выпушчу. Упэўнены, што сёння вечарам ты будзеш мне "падказваць": "Ды гэта ж так проста i выгадна прадаць пад высечку частку лесу". Ты напомнiш мне, што абедзве дочкi Хюбэра жывуць ад самага вяселля ў сваiх мужоў разам з бацькамi, бо не маюць грошай, каб набыць сваё жыллё i абстаноўку. "У нас на гарышчы столькi мэблi, якая адно псуецца ды пакрываецца пылам. Чаму б нам сёе-тое не пазычыць iм?.." Ведаю, што ты будзеш зараз гаварыць. "Нашы ўнучкi зазлавалi на нас i больш не прыязджаюць. А гэта ж такая радасць - бачыць i слухаць iх..." Вось пра што вы цяпер шэпчацеся.
      Перачытваю радкi, напiсаныя ўчора. Няўжо я трызнiў? Адкуль столькi злосцi i варожасцi? I, па сутнасцi, я не пiсьмо пiшу, а вяду дзённiк. Зноў бяруся за пяро. Што рабiць? Закрэслiць усё i пачаць зноў? Гэта немагчыма: у мяне мала часу. Што напiсана, няхай i застаецца. Адзiнае, што я хацеў - гэта адкрыцца перад табой поўнасцю, прымусiць цябе ўбачыць мяне такiм, якi я ёсць. Ужо трыццаць год, як я для цябе ўсяго толькi аўтамат, якi выдае банкноты на тысячу франкаў. Аўтамат працуе не зусiм спраўна: увесь час яго трэба трэсцi, пастукваць па iм. I ты з нецярплiвасцю чакаеш таго дня, калi нарэшце можна будзе адкрыць яго i поўнымi прыгаршчамi браць адтуль...
      I зноў я ў палоне сваёй злосцi. Трэба лепш вярнуцца да таго месца, дзе я спынiўся ўчора: мне неабходна дайсцi да вытокаў маёй нянавiсцi i жорсткасцi. Прыгадаць тую фатальную ноч... Але спачатку ўспомнi нашу першую сустрэчу.
      У жнiўнi 1883 года я быў разам з мацi ў Люшоне. У тыя часы ў "Атэлi Сакарона" было многа мяккiх крэслаў, канап, пуфаў, дываноў, прыгожых чучал пiрэнейскiх сарнаў. А лiпавы водар у алеях Эцiнi!.. Яго нельга забыць. Прайшло столькi гадоў, але заўсёды, калi цвiтуць лiпы, мне ўсё здаецца, што я ўдыхаю ў сябе той чароўны пах! Ранiцай я прачынаўся пад роўнае цоканне вослiкаў, меладычныя гукi званочкаў i ляскат бiзуноў паганятых. Па вулiцах цурчалi срэбразвонныя ручаi горнай вады. Хлопчыкi-падлеткi гандлявалi булачкамi i рагалiкамi. Конна праязджалi праваднiкi; я глядзеў на кавалькады, што выпраўлялiся ў горы.
      Увесь другi паверх займала сям'я Фандадэж. Яна жыла ў апартаментах караля Леапольда*. "Ну i транжыры!" - гаварыла мама. Гэта не перашкаджала iм заўсёды плацiць са спазненнем (у Бардо, ля самай прыстанi, яны арандавалi ў нас вялiкi зямельны ўчастак, дзе былi таварныя склады).
      * Леапольд (1790-1865) - бельгiйскi кароль.
      Мы з мамай абедалi за агульным сталом, а вам заўсёды падавалi асобна. Я добра памятаю ваш круглы стол ля акна. За iм часцей за ўсё сядзела ваша тоўстая бабулька, якая хавала сваю лысую галаву пад чорнымi карункамi, дзе паблiсквалi шкляныя пацеркi. Мне заўсёды здавалася, што яна мне ўсмiхаецца, гэтая iлюзiя стваралася таму, што ў яе былi малюсенькiя прыжмураныя вочкi, а рот - амаль да вушэй. Ёй прыслужвала манашка з напышлiвым адутлаватым тварам, уся ў белым накрухмаленым палатне. Твая мацi... якая ж яна была прыгожая! Заўсёды ў чорным... Пазней я даведаўся, што яна пахавала двух сыноў. I не на цябе, а на яе, тваю мацi, замiлавана паглядаў я спадцiшка. Мяне хвалявалi яе аголеныя рукi i плечы. Яна не насiла нiякiх караляў, пярсцёнкаў, завушнiц, але ўся яе iстота як магнiтам цягнула мяне да сябе. Я мроiў ёю i, як стэндалеўскi Жульен Сарэль, ужо рыхтаваў план яе спакушэння. З чаго пачаць? Можа, загаварыць? А можа, лепш падкiнуць запiску?.. А цябе... я амаль не заўважаў. Я ўбiў сабе ў галаву, што звязвацца з маладымi дзяўчатамi няма iнтарэсу. Да таго ж, у цябе была нейкая фанабэрыстая, знiшчальная манера глядзець на людзей, якая ўсiх адпуджвала.
      Аднойчы я вярнуўся з казiно i застаў маму за размовай з мадам Фандадэж. Наша госця трымалася i гаварыла падкрэслена ветлiва, ласкава, як добра выхаваны чалавек, якi не можа сабе дазволiць апусцiцца да нiзкага ўзроўню грубаватага субяседнiка. А мая мама не саромелася: "Ты ў мяне ў руках, i я цябе прыцiсну..." Для яе Фандадэжы былi ўсяго толькi неахайнымi плацельшчыкамi. Яна па-сялянску любiла i цанiла толькi зямлю i не вельмi давярала гандлёвым справам i хiсткаму купецкаму багаццю. Я спынiў яе на словах: "Вядома, я магу паверыць подпiсу месьё Фандадэжа, але ведаеце..."
      Упершыню я ўмяшаўся ў дзелавую размову. Мадам Фандадэж атрымала жаданую адтэрмiноўку. Потым я не раз думаў, што сялянскi iнстынкт не падводзiў маю мацi: дорага каштавала мне твая сям'я, i калi б я вам паддаўся, вы хутка разбазарылi б усё маё багацце, усё паплыло б у вашу камерцыю. Якая там камерцыя?! Кантора на першым паверсе, тэлефон, машынiстка... Адна паказуха... А грошы як у трубу вылятаюць. Але я адхiлiўся... Мы ўспамiнаем наша знаёмства ў Люшоне ў 1883 годзе.
      Цяпер ваша сям'я сустракала мяне з ветлiвай усмешкай. Твая бабуля толькi i ведала, што ўвесь час балбатала за сталом. Слухаць нiкога яна не хацела, бо была глухая. А вось твая мама расчаравала мяне, - некалькi разоў мне ўдалося пагаварыць з ёю пасля абеду, i яна здалася мне даволi нуднай асобай. Так што маiм рамантычным намерам не суджана было збыцца. Не крыўдуй, калi ласка, за такiя ўспамiны, але, праўда, гутарка яе была такая нецiкавая, нiкчэмная; усе думкi круцiлiся вакол нейкiх недарэчных дробязяў, ну а мова проста знiшчала сваiм убоствам... Праз тры хвiлiны мне рабiлася сумна, i я з адчаем думаў, як хоць дзеля прылiку падтрымаць гэтую бяссэнсавую гаворку...
      I я зацiкавiўся дачкою. Не адразу ўлавiў я, што нiхто не перашкаджае нашым сустрэчам i размовам. Хiба мог я здагадацца, што Фандадэжы ўбачылi ў маёй асобе выгаднага жанiха? Успамiнаецца наша паездка ў далiну Лiлей. Ехалi мы туды ў адкрытым экiпажы, - бабуля з манашкай на заднiм сядзеннi, а мы з табой спераду. У Люшоне, дзякуй Богу, экiпажаў хапала i наняць iх нiчога не каштавала, але толькi вам - Фандадэжам магло стрэлiць у галаву валачы сюды сямейны экiпаж...
      Цiха iшлi конi. Над iмi вiўся рой мух. Манашка драмала. Твар яе блiшчаў ад поту. Бабулька памахвала веерам. На iм быў намаляваны матадор, якi шпагай заколвае чорнага быка. Такiя вееры ў Люшоне прадавалiся на кожнай вулiцы. Стаяла страшэнная гарачыня, а на табе чамусьцi былi доўгiя, да самых локцяў, пальчаткi. Ты была ўся ў белым. "Пасля смерцi двух братоў, - сказала ты, - я дала сабе зарок насiць толькi белае". Тады я не разумеў, што гэта азначае "даць зарок насiць той цi iншы колер". Пазней я даведаўся, што ў вашай сям'i ўсе мелi схiльнасць да дзiвацтваў, але ў той дзень мне гэта здалося нават паэтычным. Як жа табе расказаць пра душэўны стан таго маладога чалавека, што сядзеў з табой побач? Нечакана мне здалося, што я не выклiкаю ў табе непрыемных пачуццяў... Ты з цiкавасцю глядзiш на мяне... А можа, нават я падабаюся табе!.. I на ўсё жыццё запомнiў я той вечар, калi ты сказала: "Гэта ж так рэдка бывае, каб у мужчыны былi такiя доўгiя вейкi!.. Ах, якiя ў вас вейкi!.."
      Я старанна хаваў свае адносiны да рэлiгii. Помню, у час гэтай прагулкi мы з табой злезлi з экiпажа i пайшлi пад гару пехатой, каб было лягчэй коням; твая бабуля i манашка тым часам узялiся за ружанцы i пачалi мармытаць малiтвы, а фурман, якi за доўгiя гады службы ў вас ад пачатку да канца вывучыў гэты рытуал, своечасова падхоплiваў: "Амi-iн". Нават у цябе ўсё гэта выклiкала ўсмешку. Але я быў вельмi стрыманы. Кожную нядзелю я амаль з задавальненнем суправаджаў цябе i тваю мацi ў царкву да абеднi, хоць царкоўныя цырымонii не выклiкалi ў мяне нiякiх метафiзiчных думак. Рэлiгiйны культ быў; на маю думку, звычайнай з'явай для таго класа, да якога цяпер далучаўся i я. А буржуазiя любiць традыцыi, паважае рэлiгiю сваiх продкаў, шануе гэтую сiстэму абрадаў, якая, калi i мае якi сэнс, то толькi сацыяльны.
      Бывала, у царкве ты крадком кiдала позiркi ў мой бок, i ўспамiн пра гэтыя абеднi звязваецца ў мяне з цудоўным адкрыццём, да якога я тады прыйшоў: я магу зацiкавiць, магу падабацца, магу хваляваць дзявочае сэрца. Маё каханне, як мне здавалася, злiвалася з тваiм каханнем да мяне. Ды што там мае перажываннi!.. Яны, бадай, нiякага значэння не мелi. Самае галоўнае было ў тым, што я верыў у тваё каханне. Як у люстэрку адбiваўся мой вобраз у дзявочай душы, i адбiтак гэты не адштурхоўваў яе ад сябе... Якое шчасце! Якая радасць! Уся мая iстота расцвiла. Нiколi не змагу я забыцца, як пад тваiм цёплым позiркам адтаваў лёд, што скоўваў маю душу, i ў ёй нараджалiся жыватворныя крынiцы трапяткой пяшчоты i чыстага кахання. Самыя звычайныя прыкметы тваёй увагi - поцiск рукi, кветка памiж старонак у кнiзе, - усё захапляла i хвалявала мяне, усё было для мяне новым.
      I толькi мая мама нiчога не мела ад гэтага майго адраджэння. Я адчуваў, з якой варожасцю глядзiць яна на маю яшчэ не зусiм акрэсленую задуму, на маю нясмелую мару, якую я i сам лiчыў вар'яцкай. Я злаваўся на маму, што яна не падзяляе маёй радасцi. "Няўжо ты не бачыш, што гэтая сямейка хоча завабiць цябе ў пастку?" - паўтарала яна, не ведаючы пра тое, што сама можа растаптаць маё светлае пачуццё. Нарэшце я спадабаўся дзяўчыне!.. Так, на свеце ёсць дзяўчына, якой я спадабаўся!.. Можа, нават яна захоча выйсцi за мяне замуж!.. Я верыў у гэта насуперак мацi i яе падазронасцi. Турбавала, непакоiла, апякала толькi адно: цi захочуць твае багатыя арыстакратычныя бацькi параднiцца з нашай сям'ёй?.. Як жа я бунтаваў тады супраць мамы за тое, што яна магла перакрэслiць усе мае надзеi!..
      I ўсё ж мама навяла даведкi пра фiнансавы стан вашай сям'i: патрэбныя сувязi, дзякуй Богу, у яе былi амаль ва ўсiх асноўных банках. Радасць мая была бязмежнай, калi мацi мусiла прызнаць: фiрма Фандадэж, нягледзячы на некаторыя часовыя цяжкасцi, карыстаецца вялiкiм даверам i з ёю лiчацца самыя салiдныя ўстановы. "Яны маюць шалёныя грошы, - гаварыла мама, - але занадта ўжо шыкуюць. Усё трацяць на коней, на экiпажы, на чэлядзь. Не каб адкласцi, зберагчы, сэканомiць, а так... кiдаюцца грашыма, абы пускаць пыл у вочы..."
      Звесткi, атрыманыя з банкаў, канчаткова пераканалi мяне, што прыйшла пара майго шчасця. Цяпер у мяне быў доказ бескарыслiвасцi тваiх блiзкiх: яны ўсмiхаюцца мне не таму, што хочуць мець нейкую выгаду ад мяне, а таму, што iм прыемна са мной. I нечакана мне здалося натуральным, што я магу падабацца ўсiм людзям, усiм без выключэння. Нам з табой дазвалялi разам бываць вечарамi, шпацыраваць па прыгожых алеях парка. Як крыўдна i балюча, што ў пачатку жыцця, калi чалавеку выпадае трохi шчасця, нiхто не папярэдзiць, нiхто не скажа яму: "Можа, ты дажывеш i да ста гадоў, але не зведаеш ужо нiколi больш радасцi, акрамя вось гэтых хуткаплынных дзён. Дык радуйся, цешся, пi да дна сваё шчасце, - больш рабiць гэта табе ўжо не давядзецца. Сустрэлася на тваёй пуцявiне крынiчка шчасця - помнi: яна першая i апошняя. Спатоль сваю смагу раз i назаўсёды, бо не пiць табе з яе больш нiколi..."
      А я, наадварот, тады пераконваў сябе, што гэта толькi пачатак доўгага светлага жыцця, напоўненага радасцю i шчасцем. Як жа я не цанiў тых вечароў, калi мы з табой нерухома сядзелi на паркавай лаўцы пад дрымотнымi шатамi дрэў!..
      Але ўжо i тады былi невыразныя прыкметы бяды, толькi я iх не ўмеў разгадаць. Помнiш тую цёмную ноч, калi мы сядзелi з табой на лаўцы ля дарогi, што вядзе да водалячэбнiцы ў горы? Раптам, без дай прычыны, ты горка заплакала. Як цяпер помню я пах тваiх шчок, па якiх сцякалi гарачыя слёзы, слёзы невядомай мне трывогi. Я думаў, што ты плачаш ад шчасця. Праз сваю маладосць iнакш я i не мог растлумачыць сабе гэтых слёз. Праўда, ты яшчэ i супакоiла мяне: "Нiчога, нiчога, гэта таму, што я побач з вамi..."
      I ты не ашуквала мяне, манюка! Ты сапраўды плакала таму, што была побач са мной, а не побач з другiм, чыё iмя сарвалася з тваiх вуснаў праз некалькi месяцаў вось у гэтым пакоi, дзе я цяпер пiшу сваёй старэчай рукой. А вакол мяне - мая мiлая сямейка, якая толькi i чакае моманту паклiкаць святара i рынуцца да маiх грошай.
      Але што мог я падазраваць у той вечар? Я быў на вяршынi шчасця i тулiўся да твайго пляча, да тваёй тоненькай шыйкi i ўдыхаў у сябе свежы, чысты водар, якi iшоў ад маёй маленькай пакутнiцы. Цёплая вiльготная пiрэнейская ноч пахла мокрай травой, мятай i... табой. На плошчы каля водалячэбнiцы лiхтары высвечвалi лiсце старых лiп. Стары ангелец з нашага атэля лавiў сачком начных матылёў, якiя зляталiся на святло. Ты сказала мне: "Дайце, калi ласка, насавую хустачку..." Я выцер твае слёзы i схаваў насоўку сабе за пазуху.
      Я стаў зусiм iншым чалавекам. Iншым чалавекам - i гэтым усё будзе сказана. Светлы прамень надзеi i шчасця дакрануўся да мяне. Я адчуваў гэта па позiрках жанчын. Пасля таго вечара, пасля тваiх слёз я не сумняваўся ў гэтым. А колькi пасля было вечароў, калi ты ўся свяцiлася радасцю, даверлiва брала мяне за руку i прыцiскалася да мяне. Магчыма, я надта хутка iшоў да свайго шчасця, i ты задыхалася, не паспявала за мной. Але я быў цнатлiвым жанiхом. Ты абудзiла ў маёй iстоце ўсе пачуццi, i нiколi ў мяне не ўзнiкала спакуслiвая думка, што можна злоўжыць даверам да мяне тваiх бацькоў. Тым больш не магло мне прыйсцi ў галаву, што за гэтым даверам хаваецца разлiк.
      Так, я быў iншым чалавекам. I вось аднойчы... З той пары мiнула сорак гадоў, i я нарэшце магу табе ў гэтым прызнацца. Вядома, не дзеля таго, каб зрабiць табе прыемнае. Дык вось, гэта здарылася па дарозе ў далiну Лiлей. Мы iшлi пешшу. У рэчцы цурчала вада. У руцэ ў мяне была сцяблiнка палявога кропу. Унiзе, пад намi ўжо змяркалася, а на вяршынях яшчэ ззяў сонечны бляск... I раптам мяне ахапiла вострае адчуванне, не - амаль фiзiчная ўпэўненасць, што iснуе нейкi iншы свет, iснуе рэальна, канкрэтна, але мы ведаем, бачым толькi цень яго...
      Гэтае адчуванне прыйшло да мяне толькi на адно iмгненне, i за ўсё маё сумнае жыццё больш нiколi не паўтаралася. Але сама незвычайнасць гэтага пачуцця надавала яму яшчэ большую значнасць у маiх вачах. I таму пазней, калi рэлiгiйныя спрэчкi пачалi раз'ядаць нашы з табой адносiны, я заўсёды адганяў ад сябе ўспамiн пра гэта. Я хацеў табе прызнацца, што... Аднак не прыйшоў яшчэ час гаварыць пра гэта.
      Не варта ўспамiнаць пра нашы заручыны. Аднойчы вечарам мы сталi жанiхом i нявестай, i адбылося гэта неяк без майго жадання. Здаецца, ты зразумела мае словы зусiм не так, як я хацеў, i раптам я аказаўся звязаным з табой. Доўга не мог я апомнiцца ад такой нечаканасцi. Не трэба пра гэта ўспамiнаць. I ўсе ж ёсць тут адна непрыемная рэч, пра якую я прымушаю сябе сказаць. Ты адразу паставiла мне сваю першую ўмову: "дзеля згоды i спакою" ты адмовiлася весцi агульную гаспадарку з маёй мацi i нават жыць з ёю ў адным доме. Гэта было сказана цвёрда, i нi ты, нi твае бацькi не збiралiся нi ў чым саступаць.
      Дзiўна... Столькi гадоў прайшло, а я да драбнiц помню тую размову з мамай у душным нумары гатэля. Акно было адчынена. Праз занавескi прабiвалiся сонечныя промнi, у якiх iскрылiся залатыя пылiнкi. З вулiцы даносiлiся цiхiя гукi званочкаў i мелодыя цiрольскай песнi. Ад спёкi ў мамы разбалелася галава, i яна ў спаднiцы i кофтачцы ляжала на канапе (яна нiколi не ведала, што такое пеньюар, халат, капот).
      Я выкарыстаў момант, калi мама загаварыла, як мы будзем жыць пасля вяселля: яна збiралася аддаць нам увесь першы паверх, а сабе пакiнуць толькi адзiн пакойчык на чацвертым паверсе...
      "Паслухай, мама... Iза думае, што лепш было б..." Выкладаючы свае планы (твае планы), я крадком пазiраў на мiлы старэчы твар i сарамлiва адводзiў вочы. А яна ўсё церабiла хворымi распухлымi пальцамi аборку на кофтачцы. Лепш бы яна з чым-небудзь не пагадзiлася, пачала спрачацца!.. Я тады ведаў бы, што мне рабiць. А яна маўчала. I яе маўчанне было для мяне горш за ўсе пакуты.
      Яна не паказвала выгляду, што пакрыўдзiлася цi нават здзiвiлася... Нарэшце мама загаварыла, падбiраючы словы, каб пераканаць мяне, што яна даўно ведала пра нашу разлуку i што ў гэтым няма нiчога незвычайнага.
      - Амаль круглы год я буду жыць у Арынi, - сказала яна. - Там мне найбольш падабаецца, а вам пакiну Калез. Зробiм у Арынi прыбудову на тры пакоi, i мне гэтага уга як хопiць. Дый каштаваць няшмат будзе. Канешне, грошай шкада, бо праз год мяне ўжо, можа, i на гэтым свеце не будзе. Але нiчога, табе застанецца. Будзеш некалi прыязджаць на паляванне. Там шмат дзiкiх галубоў. Праўда, ты не заядлы паляўнiчы, але ж у цябе пойдуць дзецi, мо яны..."
      Божа, як далёка зайшла мая няўдзячнасць, а мацярынская любоў была бясконцая!.. Я праганяў маму з наседжанага месца - яна пакорлiва згаджалася... Усiм магла ахвяраваць гэтая жанчына дзеля майго шчасця! Але, - помнiш, Iза, пасля гэтай цяжкай размовы вечарам ты спыталася ў мяне:
      - Што з вашай мамай? Ёй нездаровiцца?
      Назаўтра мама паправiлася i выглядала як i заўсёды. З Бардо прыехаў твой бацька са старэйшай дачкой i зяцем. Яны ўжо ведалi пра нашы заручыны i разглядалi мяне з галавы да ног. Мне здавалася, што я чую iх галасы: "Ну, як, па-твойму, можна з гэтым тыпам выйсцi да прыстойных людзей?.. Пра мацi няма нават i гаворкi..." Нiколi не забудуся, як здзiвiла мяне твая сястра Мары-Луiза. Вы звалi яе Марынетай. Яна была старэйшая за цябе, а выглядала маладзейшай - зграбная, танюсенькая, з доўгай шыйкай, з пышнай прычоскай i яшчэ зусiм дзiцячымi вачыма. Стары муж, барон Фiлiпо, за якога яе выпхнуў замуж бацька, здаўся мне брыдкiм i непрыемным. Але пасля яго смерцi я часта думаў, што гэта быў адзiн з самых няшчасных людзей, якiх мне давялося ведаць. Якiх толькi пакут не прымаў на сябе гэты чалавек, каб прымусiць маладую жонку забыцца, што яму пайшоў ужо сёмы дзесятак. Гарсэт моцна зацiскаў яго цела, i здавалася, барон вось-вось задыхнецца. Высокi накрухмалены каўнер прыхоўваў абвiслыя шчокi i складкi на падбародку. Нафарбаваныя вусы i бакенбарды толькi падкрэслiвалi старэчую бледнасць яго змарнелага твару. Ён амаль не слухаў, пра што мы гаварылi, а ўвесь час усё мерыўся зiрнуць на сябе ў люстэрка, i калi яму гэта ўдавалася, успомнi, як мы хiхiкалi, гледзячы, з якой заклапочанасцю i трывогай гэты бядак ацэньваў сваё адлюстраванне. Устаўныя скiвiцы не давалi яму ўсмiхацца, i на ягоным твары заўсёды ляжала адзнака суровасцi i засяроджанасцi. Мы заўважылi таксама, як далiкатна i асцярожна надзяваў ён свой цылiндр, каб не парушыць мудрагелiста зачасанай пасмы валасоў, што цягнулася ад патылiцы i разбягалася па лысай галаве рэдкiмi струменьчыкамi, нiбы дэльта плыткай рачулкi.
      Твой бацька быў яго аднагодкам, але, нягледзячы на сiвую бараду, лысiну i тоўсты жывот, яшчэ падабаўся жанчынам i часам карыстаўся гэтым пры наладжваннi дзелавых кантактаў. Толькi мая мацi дала яму рашучы адпор. Магчыма, што ўдар, нанесены мной напярэдаднi, зрабiў яе яшчэ больш незгаворлiвай i цвёрдай. Мацi аспрэчвала кожны пункт шлюбнага дагавору, нiбы гаворка iшла пра гандлёвае пагадненне цi пра дагавор на арэнду зямлi. Я рабiў выгляд, што злуюся, не згаджаюся з мамай, а ў глыбiнi душы радаваўся, што яна так стойка баронiць мае iнтарэсы. I калi сёння мая маёмасць строга адмежавана ад тваёй, i вы не маеце нiякай улады нада мною, то гэтым я абавязаны толькi маме. Гэта яна тады настойвала, каб памiж мною i табой быў зроблены самы дакладны падзел маёмасцi, нiбы я быў наiўнай дзяўчынай, якая адважылася выйсцi замуж за несусветнага п'янюгу.
      Твае бацькi пагадзiлiся з гэтым патрабаваннем, i я супакоiўся: значыць, яны трымалiся за мяне, даражылi мною, бо лiчылiся з тваiм каханнем да мяне.
      Мама i слухаць не хацела, каб твой пасаг выплочваўся рэнтай, i дамагалася, каб далi яго адразу грашыма або нерухомай маёмасцю. "Яны мне тыцкаюць гэтым баронам Фiлiпо, - гаварыла яна, - якi ўзяў старэйшую без адзiнага франка. Во куды загнулi! Каб такi стары чорт ды яшчэ пасаг патрабаваў! Няхай радуецца, што адхапiў такую маладзiцу! Ну, а з намi так справа не пойдзе. Яны думалi, я надта буду радавацца, што параднюся з iмi... Дрэнна яны мяне ведаюць..."
      А мы, "галубкi", толькi прытваралiся, што нас гэтая спрэчка зусiм не цiкавiць. Па-мойму, ты верыла ў вопыт свайго бацькi, а я - у мамiну разважлiвасць i асцярожнасць. Хто яго ведае, а можа, мы з табой тады яшчэ не зусiм разумелi, што значыць мець добрыя грошы?..
      Не, выбачай, Я, можа, залiшне суровы. Грошы ты заўсёды любiла толькi дзеля дзяцей. Ты, бадай, i мяне магла б забiць дзеля ўзбагачэння тваiх дзетак, а не дзеля сябе, бо iм ты аддала б i апошнi кавалак хлеба.
      А я вось... я люблю грошы, мне з iмi спакайней. I я не баюся пра гэта гаварыць. Пакуль я буду гаспадаром свайго багацця, вы нiчога мне не зробiце. Ты вось усё паўтараеш мне: "Нам з табой ужо так мала трэба..." Якая памылка! Старога лiчаць за чалавека толькi да таго часу, пакуль у яго ёсць грошы. Як толькi грошы знiкаюць, яго выкiдаюць як непатрэбны хлам. У нас толькi адзiн выбар: або ты апынешся ў багадзельнi, або будзеш трымацца за сваё багацце. Гэта ж не выдумкi - гэтыя страшныя выпадкi ў сялянскiх сем'ях: маладыя выцягнуць са старых усё да капейкi, абяруць да нiткi, а потым голадам iх мораць, каб хутчэй са свету зжыць. А колькi разоў прыкмячаў я падобнае i ў заможных буржуазных сем'ях! Праўда, тут дзейнiчаюць больш тонка i захоўваюць некаторую прыстойнасць. Ну дык вось, я баюся страцiць багацце. I мне ўсё здаецца, што мала ў мяне яшчэ золата, трэба яшчэ, яшчэ... Вас золата цягне да сябе, вабiць, а мяне яно ахоўвае i баронiць.
      Надышоў час вячэрняй малiтвы, а я чамусьцi не чуў, як бiлi ў званы... А-а, сёння ж i не званiлi, сёння страсная пятнiца. Вечарам з горада прыедуць на аўтамабiлi ўсе нашы мужчыны - сын i зяцi. Усе мы збяромся за адным сталом. Я адчуваю сябе больш упэўнена, калi вы ўсе разам, цяжэй гутарыць i змагацца з кожным паасобку. I яшчэ я з задавальненнем з'ем у гэты дзень вялiкага посту мясную катлету. Не, не, дражнiць вас я не збiраюся, проста мне хочацца паказаць вам, што воля мая непахiсная i нi ў чым я вам не саступлю. I калi табе за сорак пяць гадоў так i не ўдалося паслабiць маё становiшча, то толькi таму, што я нiколi не зрабiў табе нiводнай уступкi... Так што вы сёння будзеце есцi фасолю i сардзiны ў алеi, а я - катлету. I гэта будзе знакам таго, што я па-ранейшаму моцны i не пакiдаю вам нiякай надзеi: пакуль я жывы - не абакрасцi вам мяне!
      IV
      Я не памылiўся. Маё з'яўленне ўчора за сямейным сталом разладзiла ўсе вашы планы. Весела было толькi за дзiцячым столiкам, бо вечарам у страсную пятнiцу дзецям у нас падаюць шакалад i булку з маслам. Дзяцей было шмат, i я iх ледзьве пазнаю. У маёй унучкi Янiны ўжо ёсць дачушка... Толькi што пачала хадзiць... Я паказаў усiм, што ў мяне цудоўны апетыт. Ты паспрабавала апраўдаць мой грэх перад дзецьмi: "Наш дзядуля старэнькi, хворы. Доктар сказаў яму есцi катлетку".
      Мне страшэнна не спадабаўся аптымiзм Хюбэра. Ён самаўпэўнена даводзiў усiм, што справы на фондавай бiржы хутка пойдуць на лад, - але ж так стараюцца падбадзёрыць сябе толькi людзi, калi гаворка iдзе пра iх жыццё цi смерць. А ён жа мой сын. Гэты саракагадовы мужчына - мой сын! Ведаю гэта, але не адчуваю. Як цяжка паверыць у такую iсцiну!.. А што, калi справа ў яго не клеiцца?.. Банкiр, якi дае ўкладчыкам такiя дывiдэнды, вядзе вялiкую i рызыкоўную гульню... А раптам зусiм недалёка ўжо той дзень, калi гонар нашай сям'i будзе пастаўлены пад сумненне?.. Гонар сям'i! Не, i гэты iдал нiякай ахвяры ад мяне не дачакаецца. На ўсякi выпадак ужо цяпер прымаю рашэнне: вытрымаць удар i нi ў якiм разе не расчулiцца! Тым больш што акрамя мяне ёсць яшчэ i стары Фандадэж. А гэты не дасць вадзiць сябе за нос...
      Але што гэта я захапiўся i мялю нейкую лухту! Мусiць, не хочацца мне, ой як не хочацца варушыць успамiны пра тую чорную ноч, калi ты разбурыла наша шчасце!..
      Дзiўная рэч - ты як быццам зусiм i не памятаеш пра гэта. Але што зробiш? Тыя некалькi гадзiн цёплай летняй ночы, тая шчырая размова ў цёмнай спальнi вырашылi ўвесь наш лёс. Кожнае тваё слова аддаляла мяне ад цябе, а ты нiчога не заўважала, усё гаварыла, гаварыла... Твая памяць зберагла тысячы нiкчэмных дробязяў, а вось пра катастрофу ў нашым жыццi ты зусiм забылася. Ты верыш у Бога, верыш у вечнасць чалавечага жыцця. Дык ведай, што ў тую ноч ты пазбавiла мяне гэтай веры. Бо маё першае чыстае каханне прымусiла мяне паяднацца з тваёй верай. Бо я кахаў цябе i гатоў быў палюбiць усё, што было дарагiм для цябе. Я замiлавана глядзеў, як ты ў доўгай начной кашулi, нiбы дзяўчынка-школьнiца, станавiлася на каленi i шаптала малiтву...
      Мы жылi ў гэтым самым пакоi, дзе я цяпер пiшу сваё апошняе пiсьмо. Чаму пасля вясельнага падарожжа мы пасялiлiся ў Калезе, у маёй мацi? (Я не згадзiўся забраць у яе Калез, дзе ўсё было з любоўю зроблена яе рукамi.) Пазней мая злосць на цябе ўсё расла i расла, i я ўспомнiў пра некаторыя абставiны, якiм спачатку не надаваў значэння, а можа, i наўмысна не хацеў заўважаць. Перш за ўсё твае бацькi адмовiлiся рабiць вяселле, бо, як ты тлумачыла, перад гэтым памёр нейкi ваш далёкi сваяк. А я не сумняваўся, што i ты, i твая сямейка саромелiся такога сцiплага шлюбнага саюзу. Нездарма ж барон Фiлiпо расказваў кожнаму стрэчнаму: "Ведаеце, у маёй жонкi ёсць малодшая сястра. Ну проста прыгажуня! I гэта ж трэба, утрэскалася ў аднаго тыпа! Чалавек ён, праўда, прыгожы, багаты, але паходжанне яго даволi цёмнае. Сваякоў прыстойных няма, ды i бацькi... ведаеце..." Словам, ён гаварыў пра мяне, нiбы я быў падкiдышам цi незаконнанароджаным. Тым не менш барон Фiлiпо рабiў нечаканую выснову, што, можа, яно i лепш, што ў мяне няма вядомых сваякоў: "Не будзе за каго чырванець. Ну, а старэнькая мацi сваё месца ведае i замiнаць не будзе". Нарэшце ты, з яго слоў, была надта распешчаная i кiравала сваiмi бацькамi, як хацела. "I яшчэ вось што скажу, - падагульняў барон Фiлiпо, грошы, маёмасць у маладога чалавека немалыя. А перад гэтым, ведаеце, цяжка ўстаяць, i нават такая паважаная сям'я, як Фандадэжы, пайшла на гэты шлюб, заплюшчыўшы вочы на ўсё астатняе".
      Калi гэтыя плёткi дайшлi да мяне, нiчога новага яны мне не далi, - я па сутнасцi ўсё гэта ведаў. Шчасце ап'янiла мяне, i тады я не надаў гэтаму нiякага значэння. I трэба шчыра сказаць: я нават быў задаволены, што вяселле наша прайшло амаль тайна. А iнакш дзе я знайшоў бы прыстойных шафераў? У той галоднай студэнцкай шайцы, якую я калiсьцi ўзначальваў? - Не. А прасiць маiх учарашнiх ворагаў не дазваляў мне гонар. Вядома, гэты мой шлюб даваў цудоўную магчымасць зблiзiцца з "арыстакрацiкамi". Але я малюю сябе ў гэтай споведзi такiмi ўжо чорнымi фарбамi, што магу i не хаваць адной станоўчай рысы маёй натуры: заўсёднае iмкненне да незалежнасцi. Я нi перад кiм не станавiўся на каленi, заўсёды быў верны сваiм перакананням. Хоць трэба сказаць, што ў нашым шлюбе я пайшоў на пэўны кампрамiс, i мяне нават мучыла сумленне. Я абяцаў тваiм бацькам не перашкаджаць табе выконваць рэлiгiйныя абрады, а сам узяў на сябе толькi абавязак не далучацца да франкмасонства. Урэшце, больш вы ад мяне нiчога i не патрабавалi. У той час яшчэ лiчылася, што рэлiгiя - гэта жаночая справа, i ў вашых арыстакратычных сем'ях было прынята, што муж павiнен "суправаджаць" жонку на царкоўныя службы. I гэтага было дастаткова. А ў Люшоне я ўсiм вам даказаў, што супраць такога абавязку нiчога не маю.
      У вераснi 1885 года, калi мы вярнулiся з Венецыi, твае бацькi не захацелi запрасiць нас да сябе ў маёнтак Сенон. А нам тлумачылi, што туды нiбыта з'ехалiся iх знаёмыя, сваякi, а таксама сябры барона Фiлiпо i занялi "ўсе пакоi". I тады мы вырашылi часова спынiцца ў маёй мамы. Мы забылiся пра нашу бесцырымоннасць i жорсткасць у адносiнах да мамы i як быццам зрабiлi ёй ласку, што згадзiлiся пажыць у яе доме да таго часу, пакуль нам не надакучыць.
      А мама i не збiралася радавацца.
      - Усё, што ёсць у гэтым доме, - ваша, - стрымана гаварыла яна. - Можаце запрашаць сюды каго захочаце. Замiнаць я вам не буду. Ды я i дома рэдка бываю...
      Так яно i было. Увесь час мацi некуды спяшалася: то на вiнаграднiкi, то ў вiнныя скляпы, то на птушнiк, то ў пральню. Пасля абеду яна iшла ў свой пакойчык, каб трохi адпачыць. Калi яна часам заставала нас у гасцiнай, то заўсёды чырванела i прасiла прабачэння. Перад тым як зайсцi, яна асцярожна стукала ў дзверы, i мне давялося тлумачыць ёй, што рабiць гэтага не варта. Яна дайшла да таго, што прапанавала табе кiраваць гаспадаркай, але ты, дзякуй Богу, адмовiлася. Зрэшты, у цябе да гэтага не было нiякай ахвоты. Ты даволi памяркоўна ставiлася да мамы, старалася не сварыцца, не крыўдзiць яе, i яна плацiла табе глыбокай удзячнасцю. Дарэмна яна баялася, што ты разлучыш мяне з ёю. Я не шкадаваў ёй сыноўскай ласкi i клапацiўся пра яе яшчэ больш, чым да вяселля. Яна здуiўлялася, гледзячы, як мы з табой радуемся i бестурботна смяёмся: няўжо гэты шчаслiвы малады муж - яе сын?.. Той, што быў такiм суровым i замкнутым... "Значыць, - думала яна, - не змагла я падабраць да яго ключыка... Куды мне ўжо было... Нi адукацыi, нi выхавання... Добра, што хоць жонка цяпер робiць тое, што павiнна была зрабiць я..."
      Помню, з якiм замiлаваннем глядзела яна на цябе, калi ты малявала цi iграла на пiянiна "Песню без слоў" Мендэльсона, абавязкова спатыкаючыся ў адным i тым жа месцы.
      Бывала, да цябе прыязджалi сяброўкi. Ты нiколi не забывалася папярэдзiць iх:
      - Зараз убачыце маю свякроў. Цiкавы экземпляр... Сапраўдная сельская арыстакратка. Раю паглядзець i запомнiць: больш такiх нiдзе ўжо не сустрэнеш...
      Ты лiчыла, што ў мамы ёсць свае арыгiнальныя манеры i многа такту. Яна ўмела гаварыць са слугамi на мясцовым дыялекце, i ты паблажлiва адзначала, што яна цудоўна трымаецца з "простымi людзьмi". Па прывычцы ты паказвала сяброўкам стары дагератып, дзе мама ў пятнаццаць гадоў насiла яшчэ хустку. Ты нават вывучыла старадаўнюю народную песеньку пра дабрачыннасць сялянскiх сем'яў i выконвала яе перад сваiмi гасцямi. Якая ж ты была тады згаворлiвая, памяркоўная! Але мацярынства адкрыла тваю сапраўдную натуру...
      Я ўсё збiваюся i нiяк не магу расказаць пра тую ноч. Было тады так душна, што мы нават не зачынялi акна, хоць ты i баялася кажаноў. На дварэ шапацела старая лiпа, а нам усё здавалася, што нехта дыхае ў кутку пакоя. Часам ад подыху ветру лiсце пачынала шумець так, нiбы iшоў моцны лiвень. У акне красаваўся маладзiк. Яго халоднае святло падала на падлогу, на крэслы, дзе ляжала наша адзенне. Нечакана ўсё сцiхла, i ты сказала: "Давай спаць. Трэба заснуць..." Але i ў сне не знаходзiлi мы спакою: прывiд невядомага мне Рудольфа блукаў па пакоi. Варта мне было толькi абняць цябе, як у тваiм сэрцы ўваскрасаў яго вобраз... Ты вызвалялася з маiх абдымкаў, але прывiд не знiкаў... Не хацеў я, баяўся пакутаваць. Так, мусiць, ужо створаны чалавек: бяда, гора, смерць - нiшто не перашкодзiць яму баранiць сваё шчасце... Я ведаў, што не трэба ў цябе нiчога распытвацца. Няхай яго iмя будзе вадзяной бурбалкай: мiльгне i лопне на паверхнi нашага жыцця... Забыцца... Забыцца, выкiнуць з памяцi гэтае iмя, бо гэта першы знак нашай бяды, гэта яд, i ад яго паратунку не будзе... I я маўчаў. Але ты, няшчасная, ты не магла насiць у сабе гэты ўспамiн пра няспраўджанае каханне, пра ашуканую, неспатоленую страсць... I дастаткова было, каб у мяне вырвалася пытанне: ды хто ж ён такi, гэты Рудольф? - як ты адразу загаварыла:
      - Дарагi, мне варта было б сказаць табе сёе-тое яшчэ перад вяселлем... О, нiчога асаблiвага, супакойся!..
      Ты гаварыла шэптам. Спяшалася. Табе трэба было выгаварыцца. I цемру пранiзвалi словы-стрэлы... Твая галава ўжо не ляжала ў мяне на плячы. Мы заставалiся ў пасцелi зусiм побач, а памiж намi ўжо была непраходная бездань.
      Рудольф... Мацi яго была аўстрыйка, а бацька - француз, багаты фабрыкант... З Рудольфам ты пазнаёмiлася ў Эксе. Ты ездзiла туды з бабуляй. Было гэта якраз за год да нашай з табой сустрэчы ў Люшоне. Ён прыехаў з Кембрыджа. Якi ён быў з выгляду, ты не гаварыла, але я адразу намаляваў сабе яго партрэт: там былi ўсе прывабныя спакушальныя рысы, якiх сам я быў пазбаўлены... Месяц высвечваў маю вялiкую мужыцкую руку з нязграбнымi пальцамi i кароткiмi пазногцямi. Калi табе верыць, то нiчога благога вы тады не зрабiлi, хоць паводзiў ён сябе нiбыта не так далiкатна, як я. Не памятаю я дакладна тваiх прызнанняў. Дый навошта яны мне? Справа не ў гэтым. О, калi б ты яго не пакахала!.. Я, вядома, паступова супакоiўся б i дараваў бы табе гэты няўдалы раман, калi б з першага разу загiнула чысцiня нявiннага дзяўчацi. Але ўжо тады ў мяне ўзнiкла сумненне: "Не прайшло i года, а яна пасля такога вялiкага кахання пакахала мяне!.. Як жа так?.." I я ўвесь пахаладзеў. "Значыць, усё гэта фальш, - думаў я, - яна ўвесь час ашуквала мяне. I як жа гэта я ўбiў сабе ў галаву, што яна можа пакахаць мяне? Такiх, як я, нiхто не кахае!"
      Яшчэ мiгцелi апошнiя перадсвiтальныя зоркi. Недзе ў садзе прачнуўся дрозд. Праз адчыненае акно павеяў ветрык, i мы адчулi яго прыемную свежасць. Здаецца, усё было, як i раней, у пару майго шчасця... Усяго якiх дзесяць хвiлiн назад яно яшчэ было са мной, шчасце, а цяпер я ўжо гавару: "У пару майго шчасця..." Я запытаўся:
      - Ён не захацеў цябе браць замуж?
      Гэта быў удар па тваiм самалюбстве. О, як ты пакрыўдзiлася, як зашыпела... Я, безумоўна, памыляўся. Усё было якраз наадварот. Рудольф вельмi кахаў цябе i палiчыў бы за вялiкi гонар мець жонку з сям'i Фандадэжаў. Але яго бацькi даведалiся, што абодва твае браты памерлi ў дзяцiнстве ад сухотаў. А паколькi ў Рудольфа здароўе было слабое, то яго бацькi i слухаць не хацелi пра такi шлюб.
      Ты расказвала i расказвала i нават не падазравала, што губiш сваё i маё шчасце:
      - Вось бачыш, дарагi, - такая ўжо мая доля: кахаць аднаго, а выйсцi замуж за другога. Ты ж ведаеш, мае бацькi страшэнна ганарлiвыя, i яны моцна пакрыўдзiлiся, калi шлюб мой з Рудольфам разладзiўся. Вось гэта i прынесла нам з табой шчасце. У такiх сем'ях, як наша, усе надаюць неверагоднае значэнне здароўю, асаблiва калi справа датычыць шлюбу. Мама перапалохалася, што ўвесь горад ведае, чаму Рудольф пакiнуў мяне, i цяпер нiхто не захоча мяне ўзяць. Кожны дзень яна толькi i паўтарала, што кукаваць мне да смерцi старой дзеўкай. Некалькi месяцаў не было мне жыцця ад маёй мацi. Як быццам мала сваёй бяды... Скончылася тым, што яна i бацьку ўгаварыла...
      Я трымаўся спакойна i маўчаў, каб не перапыняць цябе. А ты ўсё даказвала мне, што наша каханне было наканавана самым Богам.
      - Я пакахала цябе з першага позiрку. Я многа малiлася ў Лурдзе i, калi ўбачыла цябе - адразу зразумела: Бог пачуў мае малiтвы...
      Ты i не здагадвалася, якiм болем аддавалiся ўва мне гэтыя словы. Нават бязбожнiкi маюць больш узвышанае ўяўленне пра рэлiгiю, чым ты - веруючая. Кожны бязбожнiк абурыцца, калi давядзецца, з якiмi нiзкiмi, карыслiвымi просьбамi звярталася ты да Бога, да свайго бацькi нябеснага. Але што мне да таго? З тваiх слоў выходзiла, што твая мацi i ты накiнулiся на першага стрэчнага жанiха i падлавiлi яго на кручок.
      Вось тады я i зразумеў, якiм недарэчным быў наш шлюб. Адбыўся ён толькi таму, што на тваю паважаную мацi найшло нейкае вар'яцтва, якiм яна заразiла i бацьку, i цябе... Ты мне расказала, што барон Фiлiпо нават пагражаў адрачыся ад цябе, калi ты выйдзеш за мяне замуж. Атрымлiваецца так, што ў той час, калi мы пасмейвалiся з барона ў Люшоне, гэты чалавек рабiў усё магчымае, каб схiлiць Фандадэжаў да разрыву са мной.
      - Ды толькi дарэмна ён стараўся. Я пакахала цябе, рашэнне маё было цвёрдае, i я не шкадую пра гэта...
      Я маўчаў, слухаў i не перабiваў цябе. А ты ўсё пераконвала мяне, што не было б табе шчасця з гэтым Рудольфам. Занадта ён быў прыгожы, ды i кахаць не ўмеў, а толькi паблажлiва дазваляў, каб кахалi яго. Любая жанчына магла адабраць яго ў цябе. I ты не заўважала, што нават голас твой мяняўся, калi ты вымаўляла яго iмя: звычайна голас у цябе трохi сухаваты, а тут раптам з'яўлялiся такiя пяшчотныя, трапяткiя ноткi, нiбы з тваiх грудзей iрвалiся на волю ўсхваляваныя любоўныя ўздыхi.
      Выходзiць, не ашчаслiвiў бы цябе твой Рудольф, таму што быў прыгожы, абаяльны i падабаўся жанчынам. Iнакш кажучы, ты вырашыла шукаць шчасця са мною, бо са мною табе было прасцей, спакайней: хто паквапiцца на такога панурага, нецiкавага тыпа. "У Рудольфа былi, - казала ты, - нязносныя звычкi, як i ў многiх маладых гуляк, што вучылiся ў Кембрыджы i нахапалiся ангельскiх манер". Дык няўжо ты аддала перавагу мужыку, якi не можа выбраць тканiны на касцюм, завязаць гальштука, не займаецца спортам, не ўмее далiкатна i дыпламатычна размаўляць, не ведае, як жыць прыгожа i весела? Не, ты выбрала гэтага няшчаснага маладога чалавека толькi таму, што ён трапiў табе на вочы якраз тады, калi мацi ўбiла сабе i табе ў галаву, што "немагчыма выдаць замуж гэтую дачку", i так вымучыла цябе, што ты не магла больш чакаць... Да таго ж у жанiха было дастаткова грошай, каб апраўдаць гэты шлюб у вачах "прыстойных людзей".
      Я маўчаў i слухаў, ледзьве стрымлiваючы сябе, сцiскаў кулакi, кусаў губы. I нават цяпер, калi я сам сабе раблюся агiдным i страшным, калi я праклiнаю сваё цела i душу, думкi мае заўсёды вяртаюцца ў той далёкi 1885 год. Мне ўспамiнаецца той дваццацiтрохгадовы юнак, няшчасны муж, якi амаль у непрытомнасцi прыцiскаў да грудзей рукi, нiбы хацеў задушыць у сабе сваё маладое каханне.
      Я ўвесь дрыжаў. Ты заўважыла гэта i спыталася:
      - Табе холадна, Луi?
      - Нешта i праўда ў нас халаднавата...
      - Паслухай, а ты мяне не раўнуеш? Гэта было б зусiм недарэчна.
      Я супакоiў цябе, што не збiраюся раўнаваць, i я не ашукваў цябе. Але хiба ты магла зразумець, што драма мая была зусiм не ў рэўнасцi?
      Ты i думаць не думала, якую глыбокую рану зрабiла мне, але маё маўчанне цябе занепакоiла. У начной цемры твая рука працягнулася да мяне, пагладзiла мой лоб, твар. Дарэмна ты спадзявалася, што шчокi мае будуць вiльготныя ад слёз, але, хто ведае, можа, тады твая рука i не пазнала знаёмых рыс на маiм суровым твары. Я моцна сцiснуў зубы i ўвесь акамянеў. Ты спалохалася. Ты хацела запалiць свечку. Перагнулася цераз мяне i нiяк не магла намацаць запалкi на начным столiку. А я задыхаўся пад тваiм ненавiсным целам.
      - Што з табой? Толькi не маўчы, не палохай мяне!
      Я прыкiнуўся здзiўленым i сказаў, што нiчога са мной не здарылася i ты дарэмна турбуешся.
      - Ах, дурненькi ты мой! Як жа ты мяне напалохаў! Ну, я тушу свечку. Давай спаць...
      Ты хутка задрамала, а я доўга глядзеў, як нараджаецца свiтанак, першая ранiца майго новага жыцця. На чарапiчным даху шчабяталi ластаўкi. Нехта прайшоў па двары, моцна грукаючы ботамi. Усё, што я чую цяпер, праз сорак пяць гадоў, я чуў i тады: спеў пеўняў, меладычныя гукi царкоўнага звону, працяжныя гудкi таварнага цягнiка... I сёння ўдыхаю я той самы пах, што i тады: пах паленай травы, што даносiў вецер з далёкiх ландаў... Раптам я ўскочыў з пасцелi.
      - Iза, помнiш, ты плакала, калi мы сядзелi на лаўцы ў Баньеры? Гэта таму, што ты страцiла Рудольфа?
      Ты маўчала, i я схапiў цябе за руку. Амаль са звярыным стогнам ты вырвалася ад мяне. Потым ты павярнулася на бок. Ты моцна спала. Увесь твой твар утапiўся ў прыгожых доўгiх валасах. Ранiшнi халадок напоўнiў пакой. Ты нацягнула на сябе скамечаную прасцiну i скруцiлася ў клубочак. Так спяць маладыя звяркi. Навошта было трывожыць твой спакойны дзiцячы сон? Тое, што я хацеў пачуць, я ўжо ведаў. Хiба не так?
      Я цiхенька падышоў да шафы з люстэркам i пачаў пiльна ўглядацца ў сябе. Перада мною стаяў зусiм iншы чалавек. Чаму iншы? Я зноў стаў самiм сабой тым, каго нiхто на свеце не любiў i не шкадаваў... Вялiкай мужыцкай рукой правёў я па твары, на якiм ужо цямнелася калючае шчацiнне...
      Я моўчкi апрануўся i выйшаў у сад. Мама ўжо была на алеi ружаў. Яна заўжды ўставала разам са слугамi. Мама ўсмiхнулася мне:
      - Што, захацелася прайсцiся ў халадку. Сёння то ўжо будзе горача. У восем гадзiн трэба пазачыняць аканiцы...
      Я пацалаваў яе з нейкай асаблiвай пяшчотай, i мама цiха сказала:
      - Дарагi ты мой...
      Сэрца маё (ты, напэўна, здзiвiшся, што я гавару пра сэрца) разрывалася ад шчымлiвага болю... Як жа мне хацелася пра ўсё расказаць маме... Словы самi прасiлiся на вусны... Але як пачаць? А цi зразумее мяне мая бедная мама? Маўчаць намнога лягчэй, прасцей, i гэтай спакусе я паддаваўся заўсёды.
      Я спусцiўся да тэрасы. Над вiнаграднiкамi ледзь-ледзь вырысоўвалiся сiлуэты пладовых дрэў. Пагоркi нiбы плячом прыўзнiмалi заслону туману. Перада мной, як жывая iстота, узвышалася царква са званiцай. Ты вось усiм паўтараеш, што я нiчога не разумею ў такiх рэчах... А ў тую хвiлiну мне адкрылася, што чалавеку, жыццё ў якога паламалася, трэба абавязкова шукаць прычыну i сэнс сваёй трагедыi, i што галоўныя падзеi нашага жыцця, асаблiва тыя, якiя датычаць сэрца нашага, пасланы нам з патаемным запаветам, i трэба толькi ўмець прачытаць, разгадаць яго... Што ж, былi ў маiм жыццi часiны, калi я мог спасцiгнуць такiя таямнiцы, i гэта павiнна было зблiзiць мяне з табою. Зрэшты, у тую ранiцу хваляванне маё было нядоўгае... Помню, як я вярнуўся дадому. Яшчэ не было i васьмi, а сонца ўжо няўмольна палiла. Ты стаяла ля акна i, нахiлiўшы галаву, прытрымлiвала адной рукой свае распушчаныя валасы, а другой расчэсвала iх шчоткай. Ты не бачыла мяне. Я спынiўся i паглядзеў на цябе з такой нянавiсцю, што i сёння, здаецца, у роце ў мяне горыч той нянавiсцi.
      Я ўбег у свой кабiнет, адамкнуў шуфляду, дзе ляжала скамечаная хустачка... Тая, якой выцiраў я твае слёзы i як дурань хаваў з таго часу. Я ўзяў насоўку, прывязаў да яе камень, нiбы да шыi жывога сабакi, якога сабраўся ўтапiць, i кiнуў яе ў сажалку.
      V
      I з таго дня пачалася эра вялiкага маўчання, якая цягнецца ўжо пятае дзесяцiгоддзе. Вонкава нiчога не змянiлася ў нашым жыццi. Усё як быццам iшло па-ранейшаму. Не перапынялася i наша цялесная блiзкасць, толькi ў нашых абдымках ужо не паўставала перад намi здань Рудольфа, i ты нiколi не паўтарала больш гэтага небяспечнага iмя. Што ж, ён ужо адведаў нас i зрабiў сваю справу - падарваў наша шчасце. А цяпер заставалася толькi маўчаць i чакаць новых пакут...
      Можа, ты i папракала сябе за тую споведзь. Наўрад цi надавала ты свайму прызнанню нейкае асаблiвае значэнне. Проста ты падумала, што будзе разумней не ўпамiнаць больш гэтага iмя. Не ведаю, можа, ты не заўважала, што мы ўжо не шапталiся, як раней, начамi. Скончылiся нашы доўгiя размовы. Мы ўзважвалi цяпер кожнае слова i абое трымалiся насцярожана.
      Ноччу я часта прачынаўся - боль i крыўда будзiлi мяне. "Усё... I нiкуды цяпер не вырвацца... Спрытна ж ты мяне падлавiла", - думаў я. Мне часам уяўлялася, як я ўстрою табе сцэну. Вось я груба трасу, буджу цябе, скiдаю з пасцелi. А ты крычыш: "Не, я не ашуквала цябе, клянуся, я пакахала цябе!.."
      Пакахала... Цяпер то я ведаю тваё каханне... I як жа лёгка, аказваецца, пераканаць свайго партнёра! Варта толькi прытварыцца... А я ж не пачвара. Любая дзяўчына, якая шчыра пакахала б мяне, магла б зрабiць са мной усё, што захацела б.
      Бывала, я стагнаў ад свайго бяссiлля, а ты i не прачыналася.
      Твая першая цяжарнасць зняла ўсялякую патрэбу высвятляць нашы адносiны, i яны паступова змянiлiся. Ты зацяжарыла перад зборам вiнаграду. Мы вярнулiся ў горад. Цяжарнасць тваю зберагчы не ўдалося: атрымаўся выкiдыш. Некалькi тыдняў давялося табе праляжаць у пасцелi. Вясной ты зноў зацяжарала. Як мы цябе бераглi тады!.. I вось пайшлi гады, калi ты зачынала, нараджала, хварэла, кармiла, - прычын у мяне было больш чым дастаткова, каб аддалiцца ад цябе. I я пачаў дазваляць сабе некаторыя вольнасцi. Праўда, паводзiў я сябе ўмела i трымаў усё пад строгiм сакрэтам. Я працаваў ужо ў судзе, "меў сваё крэсла", як казала мама, i мне трэба было захоўваць прыстойнасць. Свае авантуры я прарабляў у пэўны час i ў надзейных месцах. Жыццё ў невялiкiм правiнцыйным гарадку само падказвае распуснiку, як зрабiць, каб усё было цiха. Супакойся, калi ласка, Iза, я мiласэрна пазбаўлю цябе ад успамiнаў пра мае залёты...
      Але, калi б я паводзiў сябе не так асцярожна, ты ўсё роўна нiчога не заўважыла б. Пасля нараджэння Хюбэра ты паказала тваю сапраўдную натуру: ты ад прыроды - мацi i толькi мацi. Я для цябе перастаў iснаваць. Ты ўся была аддадзена дзецям. Я зрабiў цябе мацi, i на гэтым мая мiсiя закончылася. Больш ад мяне ты ўжо нiчога не чакала.
      Пакуль дзецi былi немаўлятамi, яны амаль не цiкавiлi мяне, i з-за iх у нас з табой не было нiякiх сутычак. Разам бывалi мы рэдка. Сустракалiся хiба што дзеля таго, каб выканаць свой шлюбны абавязак. I нават у тыя кароткiя iмгненнi блiзкасцi мы былi ўжо страшэнна далёка адно ад аднаго.
      Пра маё iснаванне ўспомнiла ты толькi тады, калi табе здалося, што я стаў небяспечны для тваiх дзетак. Ты ўзненавiдзела мяне, калi я загаварыў пра свае правы на iх. Можаш цяпер парадавацца: нiякага бацькоўскага iнстынкту ў мяне не было. Ува мне проста заклекатала рэўнасць, я зайздросцiў гэтым малым, якiя абудзiлi ў табе такую палкую любоў. I вось, каб пакараць цябе, я хацеў адабраць iх у цябе. Вядома, я гаварыў пра высокiя матывы, перш-наперш пра бацькоўскi абавязак. Не хацеў я, каб адпетая ханжа, прытворшчыца-святоша сапсавала маiх дзяцей... Вось у якую гордую позу я станавiўся... Урэшце, якая поза? Так я лiчыў i на самай справе.
      Божа, цi ўдасца мне калi-небудзь закончыць гэтае пасланне? Я пачаў пiсаць яго табе, а цяпер мне здаецца, што не зможаш ты чытаць усё гэта. Значыць, хутчэй за ўсё пiшу я самому сабе. Можа, гэта прафесiйная прывычка: стары адвакат прыводзiць да ладу папку з абсалютна прайгранай справай свайго жыцця...
      Зноў чуваць царкоўныя званы... Заўтра вялiкдзень. Давядзецца мне спусцiцца ў гасцiную i адзначыць разам з вамi "святы дзень", як я табе абяцаў. "Дзецi скардзяцца, што зусiм цябе не бачаць", - сказала ты сёння ранiцай. Разам з табой была каля маёй пасцелi Жэнеўева. Ты выйшла, каб пакiнуць нас адных. Жэнеўеве трэба было пра нешта мяне папрасiць. Я чуў, як вы шапталiся ў калiдоры. "Пагавары з iм спачатку ты", - пераконвала ты Жэнеўеву. Я здагадваўся, што гаворка пойдзе пра мужа маёй унучкi, пра гэтага шалапута i гультая Фiлi. Якi ж я малайчына! Так павярнуў размову, што не даў Жэнеўеве загаварыць пра свайго няўдалага зяця, i яна пайшла з чым прыйшла. Я-то добра ведаю, што ёй трэба. На мiнулым тыднi я чуў, як яны свае планы строiлi. Акно гасцiнай акурат пад маiм акном, i, калi вокны адчынены, я магу пачуць кожнае слова. Варта мне толькi нахiлiцца. Яны хочуць, каб я "пазычыў" Фiлi вялiкую суму, а ён унясе яе на бiржу i атрымае чвэрць пакета акцый... Хацець то хочуць, але я, стары лiс, носам чую: хутка будзе бура. Трымай грошы пад замком... Ведалi б яны, колькi я прадаў акцый у мiнулым месяцы: я яшчэ тады ўлавiў, што курс акцый вось-вось пачне падаць, i апярэдзiў падзеi...
      Усе паехалi да вячэрнi. Апусцеў дом, нi душы на вулiцы, на палях. А я сяджу тут адзiн, стары Фаўст, адрынуты ад усiх людскiх радасцяў сваёй жахлiвай старасцю.
      Не ведаеце вы, што такое старасць. А як уважлiва слухалi вы мяне за снеданнем, калi я загаварыў пра справы на бiржы, - так i елi мяне вачыма, так i лавiлi кожнае слова. Зрэшты, гаварыў я толькi для Хюбэра - няхай думае, пакуль яшчэ не позна. Як жа ён устрывожыўся! Вось дзе ўжо хто не ўмее хаваць свае непрыемнасцi! Але еў ён за дваiх, апаражняючы адну талерку за другой. А ты яму ўсё падкладала. Усе мацяркi аднолькавыя: як убачаць, што ў любага сынка непрыемнасцi, дык амаль сiлком прымушаюць яго есцi, нiбы гэта яго падбадзёрыць i дапаможа выйсцi з бяды. А Хюбэр цябе перабiваў, не даваў гаварыць, грубiў, як калiсьцi я грубiў сваёй маме.
      Затое малады Фiлi, муж маёй унучкi Янiны, так ужо ўвiхаўся каля мяне! Ну а сама Янiна месца сабе не знаходзiла i ўсё клапацiлася пра маё здароўе:
      - Дзядуля, даражэнькi, нашто вы палiце? Гэта ж так шкодна! А вы ўпэўнены, што ў гэтай каве сапраўды няма кафеiну?
      Дрэнная з яе актрыса: фальш у кожным слове, нават тэмбр голасу выдае яе з галавой. Ты сама ў маладосцi прытваралася i фальшывiла, але пасля першых родаў перастала крыўляцца i зрабiлася самой сабой. А вось Янiна да канца жыцця застанецца дурненькай дамачкай, якая стараецца гнацца за модай, паўтарае чужыя словы, думкi, бо сваiх не мае i нiчога на свеце не разумее. I як гэта Фiлi, такi заядлы гуляка, можа ўжыцца з гэтай дурнiцай i крыўлякай? Зрэшты, не ўсё ў ёй фальшывае - яна шчыра кахае прыгажуна Фiлi. Янiна таму i iграе сваю ролю няўдала, што для яе нiчога на свеце не iснуе, акрамя яе кахання.
      Пасля снедання мы выйшлi на веранду. Фiлi i Янiна ўмольна ўпiвалiся позiркамi ў Жэнеўеву, а тая ў сваю чаргу не адводзiла вачэй ад мяне i ўсё парывалася нешта сказаць. Ты, Iза, амаль незаўважна падала знак: тут не пачынай. Тады Жэнеўева падышла да мяне i прапанавала:
      - Тата, давай прагуляемся трохi! Такi цудоўны дзень!..
      Няўжо я стаў для ўсiх вас такiм страшным? Спачатку я вырашыў, што i з месца адсюль не крануся, але стала шкада дачкi, i я ўзяў яе пад руку. Мы выйшлi ў сад. З веранды ўся сямейка пiльна назiрала за кожным нашым крокам. Жэнеўева адразу ж i пачала:
      - Тата, я хацела пагаварыць з табой пра Фiлi...
      Яна дрыжала. Паверце: гэта страшна, калi родныя дзецi цябе цураюцца... Але ж хiба можна ў шэсцьдзесят восем гадоў адным махам зняць з твару выраз жорсткасцi i няўмольнасцi, якi фармiраваўся гадамi, дзесяцiгоддзямi?.. У такiм узросце гэтага нельга зрабiць. А душа балiць ад крыўды, што яна схавана пад такой маскай... Жэнеўева паспешлiва выказала сваю просьбу. Кожнае яе слова было папярэдне добра ўзважана. Як я i чакаў, гаворка iшла пра пазыку i будучую дзейнасць Фiлi на бiржы. Жэнеўева гаварыла складна, пераканаўча i ўсё ж зрабiла вялiкую прамашку: яна нацiскала якраз на тыя довады, якiя мяне толькi раздражнялi. Яе паслухаць, дык атрымлiвалася, што гультайства Фiлi наробiць бяды маладой сям'i. Фiлi, бачыце, i так ужо пачаў псавацца... Я адказаў, што такому валацугу, як Фiлi, занятак на бiржы будзе толькi зручнай шырмай, i лепшага прыкрыцця для любоўных авантур яму i не трэба. Жэнеўева стала яго баранiць... Ну што ты зробiш: усе любяць гэтага Фiлi... "Навошта, татачка, судзiць яго стражэй, чым Янiна?.."
      Я сказаў, што нават i не збiраюся судзiць i выносiць свой прысуд гэтаму маладому жарэбчыку, i ўвогуле яго любоўныя справы мяне зусiм не цiкавяць.
      - А хiба ён цiкавiцца мной? Яму ж нiякай справы да мяне няма. Дык з якой гэта ласкi я буду пра яго думаць?
      - Ён цябе вельмi паважае...
      Гэтая бессаромная хлусня прымусiла мяне трохi "супакоiць" Жэнеўеву:
      - О, вядома, толькi з пачуцця вялiкай павагi твой зяцёк i ахрысцiў мяне "старым кракадзiлам". Прашу, не пярэч мне. Я сам не раз чуў, як ён за маёй спiной так мяне называў... Што ж, сварыцца з iм я не збiраюся; кракадзiл дык кракадзiл, кракадзiлам i застануся. А чаго можна чакаць ад старога кракадзiла? Толькi ягонай смерцi. Але пачакайце! Глядзiце, каб гэты нябожчык не ўцяў вас i з таго свету! (Вельмi шкадую, што сказаў гэта, - цяпер яны пачнуць трывожыцца, рабiць здагадкi.)
      Жэнеўева спалохана апраўдвалася, больш за ўсё на свеце баючыся, што я пакрыўдзiўся на гэтую мянушку "кракадзiл". Ды што мянушка... Абражала мяне не мянушка, а маладосць Фiлi. Няўжо гэты малакасос нiяк не ўцямiць сабе, што я i не магу да яго ставiцца iнакш. Я пражыў свой век i нiчога, акрамя нянавiсцi да сябе, не бачыў, а ён з маладых гадоў купаецца ў такой раскошы, якая мне нiколi i не снiлася. Ненавiджу такiх... Ну, а гэтага Фiлi не магу пераносiць. Як блудны кот цiха скача ў чужое акно, знюхаўшы смачненькае, так i ён мяккай хадою пракраўся ў мой дом, пачуўшы прынадны пах багацця. Пасаг у маёй унучкi быў невялiкi, затое ў яе былi ашаламляльныя "надзеi". Чорт бы iх пабраў, гэтыя надзеi нашых дзетак! Каб здзейснiць iх, дзеткi рады пераступiць i цераз наш труп.
      Жэнеўева расплакалася, усхлiпвала, выцiрала слёзы, i тут я прашаптаў ёй:
      - Паслухай, у рэшце рэшт у цябе ёсць муж. Твой Альфрэд камерсант - гандлюе ромам. Няўжо ён не можа ўладкаваць да сябе Фiлi i памагчы яму? Чаму я павiнен быць велiкадушным больш, чым вы?
      I тут пайшла зусiм iншая размова. Жэнеўева загаварыла пра бедалагу Альфрэда. Ды з такой агiдай, з такой грэблiвасцю! "Ды гэта ж баязлiвец, поўная нiкчэмнасць! Якi з яго камерсант?! Справы не ведае, прыбытку нiякага!.. Была калiсьцi фiрма, а цяпер!.. Там аднаму ўжо няма чаго рабiць, не тое што дваiм..."
      Я супакоiў дачку:
      - Муж твой - чалавек сапраўды асцярожны. Але асцярожнасць у камерцыi - рэч карысная: калi наблiжаецца навальнiца, трэба хутчэй апускаць ветразi. Будучыня за такiмi, хто, як Альфрэд, бачыць далёка i не робiць вялiкiх ставак. Сёння самы вялiкi недахоп дзелавога чалавека - шырокi размах..."
      Жэнеўева падумала, што я насмiхаюся з яе, а я i праўда ў гэтым перакананы i недарэмна трымаю грошы пад замком, не давяраю нават ашчадным касам.
      Мы вярталiся дамоў. Жэнеўева больш не адважвалася гаварыць. Я знарок iшоў збоку i не падтрымлiваў яе за руку. Усе дамачадцы сядзелi на верандзе, глядзелi на нас i, вядома, гаварылi пра яўныя злавесныя прыкметы разладу памiж намi. Вiдаць, наш прыход спынiў спрэчку памiж сям'ёй Хюбэра i сям'ёй Жэнеўевы. Ох, якая бойка будзе вакол маёй спадчыны, як толькi я выпушчу яе з рук. Усе сядзелi. Стаяў адзiн Фiлi. Вецер развяваў яго вiхрастыя, непакорлiвыя валасы. На iм была кашуля з расшпiленым каўняром i кароткiмi рукавамi. Ненавiджу гэтых сучасных малайцоў, - яны падобныя да атлетычных дзевак. Яго круглыя дзiцячыя шчокi запунсавелi, калi на дурное пытанне Янiны: "Ну, як пасакрэтнiчалi?" - я ласкава адказаў: "Мы пагаварылi пра старога кракадзiла..."
      Яшчэ раз скажу: не за мянушку я яго неўзлюбiў, а за тое, што моладзь не разумее, што такое старасць. Не можа нават уявiць сабе пакут чалавека, якi нiчога не атрымаў ад жыцця i нiчога ўжо не чакае ад смерцi. Што будзе з намi на тым свеце? Дый цi ёсць ён - той свет? Не дадзена нам пры жыццi ведаць гэта... Але ж ты, Iза, ты не адпакутавала таго, што лёс адвёў мне на гэтым свеце. Дзецi не чакаюць тваёй смерцi. Яны па-свойму любяць, шануюць цябе. Так сталася, што ты заваявала iх сэрцы. А я ж любiў iх... Жэнеўева - тоўстая саракагадовая жанчына, якая толькi што спрабавала вывудзiць у мяне чатырыста тысяч франкаў свайму гультаю зяцю, - а я ж помню яе маленькую ў сябе на каленях!.. А ты, бывала, як убачыш такое, адразу клiчаш яе да сябе... Ды што ж гэта я! Так я нiколi не давяду да канца сваёй споведзi, калi буду блытаць цяперашняе з мiнулым. Пастараюся быць больш паслядоўным.
      VI
      Мне здаецца, Iза, што я ўзненавiдзеў цябе не адразу пасля той злашчаснай ночы. Мая нянавiсць нараджалася паступова, калi я ўсё больш i больш пераконваўся ў тваёй абыякавасцi да мяне, бо нiчога не iснавала для цябе на свеце, акрамя гэтых плаксiвых, прагных крыкуноў-дзетак. Ты нават не заўважыла, што ў трыццаць гадоў я стаў вядомым адвакатам па грамадзянскiх справах. У мяне была салiдная клiентура, са мною раiлiся, мяне цанiлi ва ўсёй нашай акрузе. У нас працавалi самыя лепшыя адвакаты з усёй Францыi, i ўступалi мы толькi Парыжу. А пасля справы Вiльнаў (1893 год) я праславiўся, акрамя таго, i як адвакат-крымiналiст (такое ў юрыдычнай практыцы здараецца надзвычай рэдка). I толькi ты адна не ведала, што мая прамова на гэтым працэсе атрымала сусветную вядомасць. I якраз у 1893 годзе наш разлад перайшоў у адкрытую вайну.
      Гэтая справа Вiльнаў праславiла мяне, але пасля яе мяне яшчэ мацней сцiснулi цiскi, у якiх я i так задыхаўся. Дагэтуль я яшчэ верыў, спадзяваўся, чакаў, але мой трыумф канчаткова даказаў мне, што я для цябе не iсную i ты нiчога не хочаш ведаць пра мяне i мае клопаты.
      Муж i жонка Вiльнаў (я ўсё ж такi прыгадаю табе iх гiсторыю) пражылi разам дваццаць гадоў i здолелi зберагчы такое чыстае каханне, што iм усе зайздросцiлi i гаварылi: "Вось ужо дзе пара! Вадой не разальеш!" Жылi яны з пятнаццацiгадовым сынам у сваiм маёнтку ў Арноне. Гасцей амаль не прымалi, бо iм i адным было добра. "Такое каханне толькi ў кнiгах бывае!" - дзiвiлася твая мацi, якая заўсёды гаварыла збiтымi фразамi (дарэчы, Жэнеўева дасканала авалодала гэтым бабулiным "мастацтвам")...
      Дык вось, аднойчы ранiцай слуга прыбiраў пакоi на першым паверсе. Нечакана ўгары пачуўся стрэл i страшэнны крык. Слуга кiнуўся на другi паверх. Спальня гаспадароў на замку. Да яго даносяцца прыглушаныя галасы, чуваць, як перасоўваюць мэблю, нехта пабег у ванную... Нарэшце дзверы адчынiлiся. Месьё Вiльнаў ляжыць на пасцелi, уся кашуля ў крывi. Над iм - перапалоханая, непрычасаная, у халаце мадам Вiльнаў з рэвальверам у руцэ: "Я паранiла майго мужа. Хутчэй прывязiце сюды доктара i камiсара палiцыi. Я адгэтуль нiкуды не пайду". Больш ад яе нiхто не мог нiчога дабiцца. На ўсе пытаннi быў адзiн адказ: "Я паранiла мужа". Гэта пацвердзiў i сам месьё Вiльнаў, як толькi апрытомнеў i змог гаварыць. Даваць iншыя паказаннi ён адмовiўся. Жонка таксама...
      Выбiраць адваката Вiльнаў не захацелi. Выйшла так, што абараняць iнтарэсы мадам Вiльнаў прызначылi мяне. Штодня ездзiў я да яе ў турму, аднак выпытаць мне нiчога не ўдалося. Па горадзе хадзiлi самыя неверагодныя чуткi, але я з самага пачатку не сумняваўся, што мадам Вiльнаў невiнаватая: яна сама ўзяла на сябе вiну, а яе дарагi i любы муж пагадзiўся з гэтым. О, у людзей, якiя самi не зведалi ўзаемнага кахання, ёсць асаблiвае абвостранае пачуццё, i яны беспамылкова адгадваюць палкае каханне ў iншых. Гэтая жанчына была ўся ў палоне кахання да свайго мужа. Яна, безумоўна, не страляла, не магла страляць. Версiя пра тое, што страляць мог хто-небудзь з яе раўнiвых паклоннiкаў, таксама адпадала: нiкога з гасцей нi ў той дзень, нi напярэдаднi ў доме не было. Нарэшце... добра, не буду цябе стамляць падрабязнасцямi...
      Да самага пачатку суда я бачыў сваю задачу толькi ў тым, каб адмаўляць вiну маёй падабароннай i даказваць, што яна не магла пайсцi на такое злачынства. I ўжо ў апошнi момант мяне асянiла генiяльная здагадка i таямнiца трагедыi адкрылася. Усё вырашыла паказанне сына падсуднай, пятнаццацiгадовага Iва Вiльнаў, - дакладней, не само паказанне - яно было нязначнае i нiчога новага не давала, а той умольны i патрабавальны позiрк, якiм глядзела на яго мацi: яна вачэй ад яго не адрывала да таго часу, пакуль ён не скончыў гаварыць i яго не павялi з судовай залы, - толькi тады яна супакоiлася i з палёгкай уздыхнула. Вось гэта i развеяла ўсе мае сумненнi. Я абвiнавацiў у замаху на забойства сына, гэтага падлетка, якi прыраўнаваў мацi за яе гарачае каханне да бацькi. Суддзi, сведкi, прысутныя - усе былi ашаломлены маёй бездакорнай логiкай i блiскучым красамоўствам. Гэтая мая прамова ўвайшла ў гiсторыю юрыспрудэнцыi, а прафесар Ф.* сам прызнаўся, што ў ёй ён знайшоў самы iстотны элемент сваёй сiстэмы. Акрамя таго, маё выступленне падштурхнула спецыялiстаў глыбей зацiкавiцца псiхалогiяй падлеткаў i шукаць метады лячэння iх неўрозаў.
      * Аўтар, вiдаць, мае на ўвазе Зiгмунда Фрэйда (1856-1939), заснавальнiка тэорыi псiхааналiзу.
      Дарагая Iза, я расказваю пра гэты выпадак зусiм не дзеля таго, каб выклiкаць у цябе запозненае захапленне маiм талентам, якога ты не адчувала ў днi маёй славы, калi газеты ўсяго свету друкавалi артыкулы пра мяне i змяшчалi мой партрэт. Справа тут у iншым. Поўная твая абыякавасць у той урачысты момант майго жыцця вельмi наглядна паказала мне, якi я табе чужы i непатрэбны. А ў гэты самы час перад маiмi вачыма стаяў прыклад жаночага самаахвярнага кахання, - за турэмнымi кратамi я бачыў жанчыну, якая ахвяравала сабой не так дзеля таго, каб адвесцi бяду ад свайго дзiцяцi, а каб уратаваць сына свайго мужа, спадчыннiка яго iмя. Не хто iншы, як ён, ахвяра, упрошваў сваю жонку: "Вазьмi вiну на сябе..." У сваiм каханнi яна пайшла да канца i хацела пераканаць увесь свет, што яна - злачынка, яна хацела застрэлiць чалавека, якi быў ёй даражэйшы за ўсiх на свеце. I паклiкала яе на гэта не мацярынская, а шлюбная любоў... (Падзеi, якiя адбылiся пасля, поўнасцю пацвердзiлi гэта: яна пакiнула сына i заўсёды знаходзiла прычыны, каб быць далёка ад яго.) А магла ж якая-небудзь жанчына пакахаць мяне так, як кахала Вiльнаў жонка. Я многа разоў бачыўся з iм, калi вялося следства. Чым ён лепшы за мяне? Даволi прыгожы, прыстойны мужчына, але не сказаць, каб вельмi разумны, - гэта даказваецца яго варожымi адносiнамi да мяне пасля працэсу. А я быў таленавiты. Апынiся тады побач са мной адданая мне жонка, якiх бы толькi вышынь я не дасягнуў! Але адзiнокаму чалавеку цяжка, немагчыма ўвесь час верыць у сябе. Нам патрэбна, каб побач з намi быў сведка нашай сiлы, каб ён адзначаў нашы ўдачы, няўдачы, падлiчваў ачкi, а ў днi нашых перамог увенчваў нас лаўрамi, - як некалi ў школе, атрымлiваючы пахвальны лiст, я шукаў у натоўпе маму, i пад гукi ваеннага аркестра яна ўскладала на маю галоўку залаты лаўровы вянок.
      У час працэсу Вiльнаў мамiна здароўе моцна пагоршала. Я не адразу заўважыў гэта. Першай прыкметай упадку была яе нечаканая любасць да маленькага чорненькага сабачкi, якi пачынаў утрапёна брахаць, як толькi хто наблiжаўся да мамы. Кожны раз, калi я наведваў маму, яна толькi i ведала, што гаварыла пра гэтага сабачку.
      Зрэшты, мамiна пяшчота не магла замянiць мне таго кахання, якое выратавала б мяне на самым галоўным павароце майго жыцця. Была ў мамы адна загана, якую разам з кроўю перадала яна i мне: прага да грошай. Яна ўгаварыла мяне не пакiдаць адвакатуры, дзе, як яна казала, "можна зарабiць добрыя грошы". А мяне вабiла лiтаратурная дзейнасць. I мяне запрашалi супрацоўнiчаць у газетах, часопiсах... На выбарах левыя партыi прапаноўвалi мне вылучыць сваю кандыдатуру ў парламент ад акругi Ля-Бастыд (чалавек, якi пасля маёй адмовы даў згоду балацiравацца, прайшоў без нiякiх цяжкасцей). Але я не паддаўся свайму славалюбству, таму што хацеў мець "добрыя грошы".
      Ды i ты сама, Iза, гэтага хацела, i ты дала мне зразумець, што нiколi не пакiнеш правiнцыi. Вядома, калi б ты кахала мяне, ты б даражыла i маёй славай. I ты падказала б мне, што ўмельства жыць у тым i ёсць, каб ахвяраваць нiзкiмi, дробнымi iнтарэсамi дзеля высокай мэты. Бязглуздыя журналiсты пачынаюць шумiху, калi пранюхаюць, што нейкi адвакат, атрымаўшы дэпутацкае крэсла цi мiнiстэрскi партфель, спрабуе сёе-тое перахапiць сабе ў кiшэню. А было б лепш, каб панове газетчыкi выказвалi сваё захапленне паводзiнамi тых дзелавых людзей, якiя ўтаймавалi свае пачуццi, адмовiлiся ад славы палiтычнага дзеяча i занялiся такой справай, якая прыносiць найбольшы даход. Калi б ты кахала мяне, ты вылечыла б мяне ад гэтай маёй сквапнасцi. А так усё жыццё для мяне iснавала толькi адно - чысты прыбытак. Я ганяўся за буйной, сярэдняй i нават дробнай здабычай i добра ведаў, куды i як патрацiць кожны франк. Ды што там! "Зарабiць добрыя грошы" - вось што было маей адзiнай уцехай. Мара i мэта кожнага крамнiка.
      Вось i ўсё, што ў мяне засталося, - грошы, нажытыя маёй працай за доўгiя i цяжкiя гады. Даўно вы точыце зубы на гэтыя грошы!.. Ах, як палохае мяне нават думка, што яны апынуцца ў вашых кiшэнях пасля маёй смерцi! Я гаварыў у пачатку гэтага пiсьма, што зрабiў адпаведныя захады, каб вам нiчога не дасталося. I там жа даў табе зразумець, што я адмовiўся ад гэтай помсты... Але я не ведаў тады, што мая нянавiсць да вас мае свае прылiвы i адлiвы. То яна адхлыне - i я мякчэю... То зноў навальваецца - i брудная хваля захлiствае мяне...
      З сённяшняга дня, калi вы хацелi абабраць мяне дзеля вашага Фiлi i калi я ўбачыў, як вы ўсе сабралiся на верандзе i сачылi за мной, мяне не пакiдае карцiна дзяльбы маёй спадчыны. Вось дзе будзе сцэна! Вы, як сабакi, будзеце грызцiся за мае землi i каштоўныя паперы... Землi вы атрымаеце. А вось каштоўных папер ужо няма. Так, так, тыя самыя каштоўныя паперы, пра якiя я гаварыў на першай старонцы гэтага пiсьма, я прадаў на мiнулым тыднi. I добра зрабiў, што збыў iх з рук: з таго часу курс акцый на бiржы падае з кожным днём. Усе караблi тонуць i iдуць на дно, калi я пакiдаю iх. Я нiколi не памыляюся. I вось цяпер у мяне мiльёны, мiльёны чысценькiмi... Вы iх таксама атрымаеце... Калi я захачу... Але бываюць днi, калi я гавару сабе: "Нi франка я вам не дам!"
      Чую, як ваша зграя падымаецца па лесвiцы. Вось вы спынiлiся, гаворыце i не баiцеся пябудзiць мяне (вы ж даўно вырашылi, што я глухi). Праз шчылiну ў дзвярах бачу святло ад запаленых свечак. Пазнаю фальцэт дарагога Фiлi (у яго як быццам усё яшчэ ламаецца голас). Раптам чуецца прыглушаны жаночы смех. Ты кагосьцi супакойваеш i зараз скажаш: "Цiшэй! Ён жа яшчэ не спiць". Ты падкрадваешся да маiх дзвярэй, прыслухоўваешся, заглядаеш у замочную шчылiну. Мяне выдае лямпа. Ты вяртаешся да зграi i, мусiць, шэпчаш: "Не спiць яшчэ! Падслухвае". Усе на пальчыках адыходзяць. Парыпвае лесвiца, а потым адны за аднымi зачыняюцца дзверы. У гэтую велiкодную ноч вы сабралiся ўсе парамi. I я мог бы стаць жывым ствалом нашага генеалагiчнага дрэва, на якiм квiтнееце ўсе вы - яго маладыя парасткi. Звычайна ў сям'i любяць бацьку. Але ты стала маiм ворагам, i дзецi апынулiся на тваiм баку.
      Самы час перайсцi цяпер да нашай мiжусобнай вайны. Але сёння няма ў мяне сiлы пiсаць. I спаць яшчэ не хочацца. Не люблю я валяцца ў пасцелi. У сне чалавек падобны да нябожчыка. А нашто ж прытварацца нябожчыкам? Мне чамусьцi здаецца, што смерць пабаiцца прыйсцi да мяне, пакуль я трымаюся на нагах. Баюся, сам не ведаю чаго: пакуты, болю, агонii, апошняга глытка паветра? Не. Але ж смерць - гэта небыццё... Яе можна акрэслiць толькi знакам адмаўлення мiнус.
      VII
      Пакуль трое нашых дзяцей былi малыя, нам удавалася хаваць нашу варожасць, хоць атмасфера ў доме была цяжкая. Твая абыякавасць да мяне, адчужанасць да ўсяго таго, што было звязана са мной, не давалi табе пакутаваць i ты нават не адчувала гэтай атмасферы. Дома бываць я стараўся як мага радзей. Ранiцай я снедаў адзiн i ў адзiнаццаць ад'язджаў у суд. Мяне цалкам паглыналi справы, а тая рэштка часу, якую я мог аддаваць сям'i, ты, вядома, здагадваешся, як i дзе праводзiлася. Чаму ж мяне спакусiла гэтая жахлiвая ў сваёй прастаце распуста, пазбаўленая ўсялякiх пачуццяў i нават фальшывай пяшчоты? Я мог бы лёгка заводзiць раманы, якiя выклiкаюць захапленне ў прыстойных людзей. Хiба маладому адвакату не даводзiцца мець справу з прыгожанькiмi клiенткамi? Нямала жанчын, якiя звярталiся да мяне, бачылi i хацелi ўсхваляваць ува мне мужчыну... Але я страцiў веру ў гэтыя мiлыя iстоты, цi, дакладней, не верыў, што магу спадабацца каму-небудзь з iх. З першага погляду я заўсёды пераконваўся, што жанчыны, гатовыя стаць маiмi каханкамi, хацелi мець з гэтага нейкую выгаду. Ад такой прадузятай думкi мне рабiлася страшна... Трэба прызнацца i вось у чым. Да трагiчнай упэўненасцi, што нiхто нiколi не можа мяне пакахаць, далучалася яшчэ i падазронасць багатага чалавека, якi баiцца, каб яго не абвялi вакол пальца, каб не выцягвалi з яго грошай. Ну, табе-то я даваў "пенсiю". Занадта добра ведала ты мой характар, каб чакаць ад мяне хоць на франк больш вызначанай сумы. Зрэшты, сума была даволi вялiкая, i табе яе хапала. З табой усё было проста. А вось iншыя жанчыны!.. Я з лiку тых мужчын, якiя ўпэўнены, што на свеце iснуюць толькi дзве групы жанчын: бескарыслiвыя, закаханыя, шчырыя Евы i сквапныя да чужых грошай распуснiцы. А на самай жа справе ў большасцi жанчын прага кахання лёгка суiснуе i зжываецца з неабходнасцю падтрымкi, заступнiцтва, - iм хочацца, каб нехта клапацiўся пра iх, абараняў, песцiў... У свае шэсцьдзесят восем гадоў я так ясна бачу гэта, што часам мне хочацца выць ад адчаю, - чаму я сам, сваiмi рукамi, адштурхнуў ад сябе каханне? I не дабрадзейнасць кiравала тады мною, а недаверлiвасць i скупасць. Варта было завязацца нейкай цiкавай сувязi, як яна раптам абрывалася - то ўсё разбурала мая падазронасць, то я сам рабiўся непрыемным жанчыне за тыя свае звычкi, якiя i ты недалюблiвала: за спрэчкi пра чаявыя з афiцыянтамi цi рамiзнiкамi. Я люблю загадзя ведаць, колькi павiнен заплацiць. Люблю, каб на ўсё была свая цана. Сорамна мне, брыдка, але прызнаюся: у распусце мне падабалася тое, што там была ўстаноўлена строгая цана. I хiба ў такога чалавека, як я, ёсць што-небудзь агульнае памiж сардэчнымi парывамi i голым жаданнем? Сардэчныя парывы... я не сумняваўся, што нiколi мне iх не здзейснiць, i таму душыў iх у самым зародку. Я быў вялiкi майстар забiваць у сабе ўсялякае пачуццё ў тую самую хвiлiну, калi розум i воля яшчэ адыгрываюць у каханнi асноўную ролю, калi мы стаiм на гранi страсцi i яшчэ можам поўнасцю аддацца ёй або вырвацца з яе путаў. Я выбраў самыя простыя адносiны - тыя, якiя можна купiць за пэўную цану. Цярпець не магу, калi мяне ашукваюць, але тое, што я павiнен заплацiць, я заўсёды заплачу. Вы ўсе гарлапанiце пра маю скупасць. Дык паслухайце: я нiколi не дазваляў сабе мець даўгi i заўсёды на месцы франк у франк аплочваў свае рахункi. Усе пастаўшчыкi, з якiмi мне даводзiлася мець справы, ведаюць i вельмi цэняць гэта. Я i ў думках не магу дапусцiць, што камусьцi вiнен хоць адзiн франк. Iменна так разумеў я i "каханне". За паслугi плацi i будзь здароў! Божа, якая агiда! Не, мусiць, залiшне я ўжо сябе бэшчу: усё ж такi кахаў я адну жанчыну, дый яна, здаецца, мяне кахала... Было гэта ў 1909 годзе, пад канец маёй маладосцi. Навошта замоўчваць гэты раман? Ты пра ўсё ведала i прыпомнiла мне гэта, калi табе спатрэбiлася сёе-тое ў мяне выпрасiць.
      Я выратаваў гэтую маладзенькую настаўнiцу ад турмы (яе падазравалi ў дзетазабойстве). Спачатку яна аддалася мне ад удзячнасцi, але потым... У той год спазнаў я шчырае каханне... Але ўсё загубiў мой ненасытны эгаiзм. Мала таго што я трымаў яе ў беднасцi i галечы, я яшчэ патрабаваў, каб яна заўсёды належала толькi мне, каб нi з кiм не сустракалася, не бачылася, каб толькi я мог карыстацца ёю ў любы момант, калi мне ўздумаецца... Яна была маёй уласнасцю, маёй рэччу. Валодаць, карыстацца сабе на патрэбу, - гэтыя мае iмкненнi пашыралiся i на людзей. Я характарам рабаўладальнiк. I вось аднойчы ў жыццi я нiбыта i знайшоў сабе пакорлiвую ахвяру, якая адпавядала ўсiм маiм патрабаванням. Я трымаў яе пад суровым наглядам i сачыў нават за яе думкамi... Ах, ды што гэта я!.. Зусiм забыўся, што абяцаў табе не гаварыць пра такiя рэчы. Словам, паехала яна ў Парыж, бо так жыць больш не магла.
      "Паслухай, Луi, - не раз паўтарала ты мне, - каб жа ты не ладзiў i не мог ужыцца толькi з намi, а то ж усе цябе баяцца, усе ўцякаюць ад цябе! Ты ж сам бачыш, Луi!" Я не сляпы i бачыў гэта. Калегi ў судзе пазбягалi мяне. Доўга не хацелi выбiраць мяне ў Савет прысяжных павераных. А на пасаду старшынi адвакацкага корпуса выбiралi не мяне, а ўсялякiх крэцiнаў, пасля якiх мне было б сорамна займаць гэты пост. Ды i нашто ён мне здаўся? Толькi лiшнi клопат i расходы на прыёмы. Дорага абыходзiцца ўсё гэта. Аўчынка не варта вырабу. Ты, вядома, не была б супраць такога павышэння - дзеля дзяцей. Ты нiколi нiчога не хацела дзеля мяне самога, а пры выпадку заўсёды дадавала: "Луi, зрабi гэта дзеля дзяцей".
      Праз год пасля нашага вяселля моцна захварэў твой бацька, i дарога ў маёнтак Сенон была для нас закрыта. Ты доўга не думала i вырашыла, што мы паселiмся ў Калезе. З усяго, што было ў мяне, ты сапраўды шчыра палюбiла i прыняла толькi маю радзiму. Ты пусцiла карэнне ў маю родную зямлю, але яно так i не пераплялося з маiм карэннем. Дзецi заўсёды праводзiлi свае вакацыi ў гэтым доме, у гэтым садзе. Тут памерла наша маленькая дачушка Мары. Але смерць яе не выклiкала ў тваёй душы жаху да гэтага дома, - наадварот, той пакой, дзе бiлася ў перадсмяротных пакутах наша Мары, ты i цяпер лiчыш святым месцам. Тут ты вывела свой вывадак, песцiла i даглядала дзяцей, не спала начамi над калыскай, чытала натацыi нянькам i гувернанткам. Тут, памiж вось гэтымi яблынямi нацягвалi вяроўкi i вешалi на iх памытыя сукеначкi Мары... А тут, у гэтай гасцiнай, абат Ардуэн сядаў за пiянiна. Вакол збiралiся дзецi i спявалi хорам. Прычым спявалi не толькi псалмы i духоўныя гiмны, - "каб не разгневаўся тата". Летнiмi вечарамi я любiў пасядзець каля дома, папалiць i паслухаць чыстыя дзiцячыя галасы, што старанна выводзiлi арыю з оперы Люлi*: "Ах, лясы i скалы, светлыя крынiцы..." Цiхае, спакойнае шчасце, ды толькi не маё... Я гэта ведаў. Забаронена для мяне сфера чысцiнi, узнёсласцi i светлых мрояў: спакойнае каханне... маркотная хваля цалуе бераг...
      * Жан-Батыст Люлi (1633-1687), французскi кампазiтар, заснавальнiк французскай класiчнай оперы.
      Варта было мне зайсцi ў гасцiную, як галасы змаўкалi. Спынялiся ўсе размовы. Першая выходзiла Жэнеўева з кнiжкай у руках. I толькi Мары не баялася мяне. Я клiкаў яе да сябе, i яна прыбягала. Я браў яе на рукi, яна пяшчотна тулiлася да мяне. Я чуў, як б'ецца яе маленечкае сэрца, - часта-часта, нiбы ў птушачкi. А толькi, бывала, выпушчу яе, яна пырхне ў сад... Мары!..
      Вельмi рана дзяцей пачало непакоiць тое, што я не хаджу ў царкву i ем скаромнае ў пятнiцу. На iх вачах iшла барацьба памiж бацькам i мацi, але вельмi рэдка справа даходзiла да вострых канфлiктаў, калi я, шчыра кажучы, найчасцей цярпеў паражэнне. Пасля кожнай сутычкi працягвалася нябачная вайна. Месцам баявых дзеянняў заўсёды быў Калез, бо ў горадзе я амаль не бываў дома. Але мой адпачынак заўсёды супадаў са школьнымi канiкуламi, i два месяцы (жнiвень i верасень) мы збiралiся тут усе разам.
      Добра помню той дзень, калi мы ўпершыню сутыкнулiся з табой лоб у лоб (усё пачалося з-за аднаго жарту, якi я дазволiў сабе ў прысутнасцi Жэнеўевы, а яна якраз вучыла "закон божы"); у той спрэчцы я даволi рэзка загаварыў пра сваё права берагчы розум маiх дзяцей, а ты - пра свой абавязак ахоўваць iх душы. Вось тады i адчуў я тваю сiлу: я быў поўнасцю разбiты i мусiў пагадзiцца, каб выхаванне Хюбэра даверылi езуiтам, а дзяўчатак аддалi ў пансiён пры жаночым манастыры. Усё адбылося так, як таго i патрабавалi "прэстыжныя традыцыi сям'i Фандадэж". Мяне ахапiла крыўда, прага помсты. Цяпер-то я ўжо добра ведаў, як вывесцi цябе з раўнавагi, пра што загаварыць з табой, каб ты хоць ад нянавiсцi забылася пра сваю абыякавасць да мяне... Рэлiгiя - вось што звядзе нас з табой у рукапашным баi! Калiсьцi нявер'е ў Бога было для мяне толькi незапоўненай формай, куды злiвалiся, нiбы струменi расплаўленага металу, слёзы i крыўды дробнага селянiна, якi хоць i разбагацеў, але ўсё роўна цярпеў знявагу i кпiны ад сваiх аднакласнiкаў; цяпер на змену колiшнiм юнацкiм слёзам i крыўдам прыйшла горыч любоўнага расчаравання i глыбокай нянавiсцi.
      I вось аднойчы за сталом зноў разгарэўся бой. (Я папытаўся ў цябе, цi атрымлiвае асалоду ўсявышнi, калi глядзiць на цябе, як ты ў посны дзень ясi стронгу замест варанай цяляцiны.) Ты дэманстратыўна выйшла з-за стала. Трэба было бачыць, як паглядзелi на мяне дзецi... Я пайшоў за табой у тваю спальню. Нiякiх слёз на тваiх вачах не было. Ты спакойна сустрэла мяне, гаварыла так, нiбы нiчога i не было. У той дзень я зрабiў для сябе цiкавае адкрыццё: не так ужо i не абыходзiла табе маё "асабiстае" жыццё. Аказалася, што ты перахапiла некаторыя пiсьмы, якiя давалi табе ўсе падставы патрабаваць разводу праз суд. "Я засталася з табой толькi дзеля дзяцей, але, калi ты яшчэ хоць раз паспрабуеш глумiцца над iх душамi, я не спынюся нi перад чым..."
      Што ж, ты i сапраўды нi перад чым не спынiлася б, i, бадай, развiталася б i са мной, i з маiмi грашыма. Пры ўсёй тваёй хцiвасцi да чужога багацця ты пайшла б на любую ахвяру, абы ў душах дзетак тваiх засталiся непарушнымi "асновы веры" - гэты збор выдуманых правiлаў, формул, звычак...
      На той час я яшчэ не меў зброi супраць цябе - таго зняважлiвага пiсьма, якое ты напiсала мне пасля смерцi Мары. Сiла была на тваiм баку. Ды i становiшча маё моцна пахiснулася б, калi б справа дайшла да разводу: тады, асаблiва ў правiнцыi, не вельмi жартавалi з такiмi рэчамi. Досыць было таго, што пра мяне ўжо хадзiлi чуткi, нiбыта я франкмасон. Мае погляды мала хто падзяляў, у свецкiх колах мяне цуралiся, i, калi б не слыннасць тваёй раднi, я даўно меў бы непрыемнасцi на службе. А галоўнае... пасля разводу мне давялося б вярнуць акцыi Суэцкага канала, якiя бацькi далi табе ў пасаг. Я ўжо так звыкся з iмi, што даўно лiчыў iх сваiмi. Страшна было падумаць, што давядзецца развiтацца з iмi, як, дарэчы, i з рэнтай, якую плацiў нам твой бацька...
      Я змiрыўся i даў сваю згоду на ўсё, што ты патрабавала ад мяне, але ўпотайкi вырашыў, што ўвесь свой вольны час я прысвячу дзецям i схiлю iх на свой бок. Гэта было ў жнiўнi 1896 года. Пераблыталiся ў мяне ў галаве тыя гарачыя i сумныя летнiя месяцы, што мы праводзiлi ў нашым маёнтку... А падзеi, пра якiя я зараз раскажу, адбылiся ў апошнiя пяць гадоў XIX стагоддзя.
      Я думаў, што будзе не так ужо i цяжка адваяваць у цябе дзяцей... Я разлiчваў на свой бацькоўскi аўтарытэт, на свой розум... Няўжо гэта складана, - думалася мне, - прывабiць i схiлiць на свой бок дзвюх дзяўчынак i дзесяцiгадовага хлопчыка? Ды гэта ж дробязь!
      Дзецi страшэнна здзiвiлiся i нават спалохалiся, калi я паклiкаў iх з сабою на прагулку. Ты сядзела пад лiпай, а тры пары дзiцячых вочак запытальна глядзелi на цябе.
      - Ну, вядома, мае мiлыя, iдзiце, пагуляйце з татам. I не трэба пытацца дазволу, раз ён вас клiча.
      Мы пайшлi. А як трымацца з дзецьмi? Пра што гаварыць з iмi? Адна справа весцi судовыя спрэчкi з суровым пракурорам цi ўвiшным абаронцам падсуднага, калi я выступаю на баку iстца... Не так ужо страшна выступаць перад запоўненай залай, дзе ўсе настроены супраць цябе... А вось як гаварыць з дзецьмi? Перад iмi я бянтэжуся. Як, дарэчы, не ўмею трымацца i з простымi людзьмi, нават з сялянамi, хоць я i сам сялянскага роду. Тут я губляюся, пачынаю чырванець, запiнацца...
      Дзецi весела шчабяталi, бегалi, скакалi, але паглядалi на мяне неяк насцярожана. На iх сэрцах ужо вiселi твае замкi, i ключы ад iх былi толькi ў цябе. "Па клiчу сумлення" ты не прынiжала майго бацькоўскага аўтарытэту, але i не хавала ад iх, што трэба шчыра малiцца за "беднага тату". I што б я нi рабiў, у iх уяўленнi я заўсёды заставаўся "бедным татам", за якога трэба падаць на каленi, малiцца i старацца, каб ён нарэшце паверыў у Бога. Усе мае выпады супраць рэлiгii яшчэ больш пераконвалi дзяцей, што iх тата - грэшнiк, бязбожнiк...
      Урачыста адзначалiся ў нас царкоўныя святы. З маленства дзецi запамiналi, ведалi, чакалi iх. А першае прычасце было для кожнага выключнай з'явай... Вечарамi яны спявалi хорам, - да маiх вушэй даляталi не толькi арыi з опер Люлi, але i духоўныя псалмы. Я здалёк бачыў даверлiвыя адданыя тварыкi, звернутыя да неба... Мае крокi па садовай дарожцы спынялi гэты вячэрнi рытуал...
      Кожнае нядзелi вы будзiлi мяне сваёй мiтуснёй i шумлiвымi зборамi да ад'езду ў царкву. Ты вечна баялася спазнiцца... Перад ганкам фыркалi конi... Хтосьцi з дзяцей абавязкова забываўся свой малiтвеннiк... Нiяк не маглi дачакацца кухаркi... Нечы пранiзлiвы голас пытаўся: "А якая гэта нядзеля пасля сёмухi?.."
      Вы вярталiся з царквы, i дзецi адразу беглi да мяне. Я звычайна яшчэ ляжаў у пасцелi. Маленькая Мары, вiдаць, прашчабятала перад алтаром усе малiтвы, якiя толькi ведала ("каб выратаваць тату"), i цяпер уважлiва глядзела на мяне з надзеяй, што я пачаў ужо выпраўляцца. Толькi яна адна мяне не раздражняла. Яе абедзве старэйшыя сястрычкi ўжо ставiлiся да веры так, як i ты, Iза: спакойна, бяздумна, з адвечным iмкненнем буржуа да камфорту... О! Ты добра ведала, што такая "вера" ўратуе iх ад гераiчнай дабрачыннасцi, ад усяго ўзвышанага хрысцiянскага вар'яцтва. А вось Мары верыла ў Бога з кранальнай шчырасцю. Яна сардэчна i лагодна адносiлася да слуг, арандатараў, беднякоў. Пра яе гаварылi: "Ды яна ўсё гатова аддаць. У такой грошы ў руках не затрымаюцца. Гэта ўсё, вядома, добра, але трэба за ёй наглядаць..." I яшчэ гаварылi: "Нiхто перад ёю не можа ўстаяць, нават бацька". Вечарамi яна сама падыходзiла, лезла да мяне на каленi. Неяк раз яна заснула ў мяне на руках, прытулiўшыся галоўкай да майго твару. Яе валаскi казыталi мне шчаку. Нерухома сядзець, ды яшчэ ў нязручнай паставе, было цяжка. Хацелася папалiць. Але я не зварухнуўся. I толькi калi а дзевятай гадзiне прыйшла па яе нянька, я сам занёс яе ў пасцель, а вы ўсе ашаломлена глядзелi на мяне, нiбы перад вамi з'явiўся драпежны звер, падобны да тых iльвоў i тыграў, якiя лiзалi ногi юным пакутнiкам на арэне Калiзея. Праз некалькi дзён - ранiцай чатырнаццатага жнiўня, - Мары сказала мне (ведаеш, як гэта робяць дзецi):
      - Татачка, паабяцай мне, што зробiш тое, што я цябе папрашу... Не, ты спачатку паабяцай, а потым я табе скажу...
      I яна сказала мне, што заўтра ты будзеш спяваць на месе ў царкве, i ўсiм было б вельмi прыемна, каб я прыйшоў цябе паслухаць.
      - Ты ж паабяцаў! Паабяцаў! - паўтарала яна, цалуючы мяне.
      Мой пацалунак яна прыняла за знак згоды. Увесь дом ведаў пра гэтую падзею. "Гаспадар заўтра пойдзе ў царкву. Проста не верыцца... Яго ж нагi там нiколi не было", - дзiвiлiся слугi.
      Страшэнная злосць апанавала мяне ў час вячэры, i стрымаць сябе мне не ўдалося. Хюбэр нешта папытаўся пра справу Дрэйфуса. Сваiм адказам ты ўвяла мяне ў люты гнеў. Я плюнуў, выйшаў з-за стала i больш не паказваўся. Назаўтра, калi яшчэ ўсе спалi, я паехаў у Бардо i прабыў цэлы дзень у душным бязлюдным горадзе.
      Дзiўна, што пасля гэтага я ўсё ж такi вярнуўся ў Калез. Чаму я праводзiў адпачынак разам з вамi? Я ж мог падарожнiчаць... Прычын, вядома, можна навыдумляць якiх хочаш. А па праўдзе сказаць, я баяўся выдаткаў. Не мог я зразумець, як гэта можна кiнуць гаспадарку, справы, паехаць у падарожжа, змарнаваць процьму грошай... Якая ж гэта радасць - раз'язджаць па свеце, ведаючы, што дома столькi клопату... I таму кожны раз я вяртаўся да сваёй кармушкi. Ёсць у мяне свой стол, свой дом i нашто мне бегаць па рэстаранах? Дух эканомii, ашчаднасцi - гэта мамiн запавет, i iм я ўсё жыццё даражыў.
      Дык вось, я вярнуўся дадому такi разбiты, што нават Мары не магла мяне ўцешыць. I з таго часу я змянiў тактыку: цяпер я не проста нападаў на тваю веру, а чапляўся за кожны зручны выпадак, каб паказаць, што ты жывеш зусiм не так, як таго патрабуе вера. I хоць ты была добрай хрысцiянкай, рабiць гэта мне было няцяжка. Думаю, спрачацца са мной на гэты конт ты не будзеш. Пра тое, што памагчы блiжняму - гэта першы абавязак хрысцiянiна, - ты не ведала, а калi ведала, то даўно забылася. Пад словам "мiласэрнасць" ты разумела сякiя-такiя абавязкi ў дачыненнi да бедных i добрасумленна выконвала iх дзеля свайго ж выратавання i вечнага жыцця ў лоне божым. Мушу агаварыцца, што цяпер ты моцна змянiлася. Цяпер ты клапоцiшся пра беднякоў, сама даглядаеш хворых на рак. Але ў тыя часы адной рукой ты кiдала падачку якому-небудзь бедняку, а другой выцiскала ўсе сокi з такiх самых, як ён. Гаспадыня дома, ты "па-гаспадарску" ставiлася да слуг: рабiць прымушала як мага больш, а плацiць старалася як найменш. А помнiш тую старэнькую бабульку, што кожную ранiцу прывозiла нам агароднiну? Калi б ты яе ўбачыла на цвiнтары, ты падала б ёй мiласцiну. А так ты лiчыла справай гонару патаргавацца з ёю за кожны качан капусты, каб абакрасцi i без таго бедны яе заробак.
      Калi слуга цi парабак сцiпла намякаў табе, што яму варта было б накiнуць некалькi франкаў за добрую работу, ты спачатку здзiўлялася, а потым давала волю свайму гневу. У цябе быў сапраўдны талент пераконваць гэтых безабаронных людзей, што ў iх усё ёсць i больш iм нiчога не трэба. З тваiх вуснаў так i сыпалiся прывiлеi, якiмi карыстаўся просьбiт: "Я вам даю жытло, бочку вiна, хлеб i да хлеба, палову свiннi, якую вы выкармiлi маёю бульбай... У вас ёсць сад, агарод..." Бедалагi аж рот разяўлялi: вунь, аказваецца, якiя яны багацеi... Ты любiла паўтараць, што твая пакаёўка нi ў чым не мае патрэбы, а свае сорак франкаў штомесяц носiць ў ашчадную касу.
      - Вы паглядзiце! Сукенкi на ёй - мае. Бялiзна - мая. Абутак - мой. Нашто ёй тыя грошы?! Ёй i сорак франкаў няма куды дзяваць. А дасi больш - будзе гасцiнцы ў вёску сваякам пасылаць...
      Буду справядлiвы, Iза: калi хто са слуг хварэў, ты руплiва даглядала яго i да пасцелi прыходзiла, i лякарствы давала, i сякiя-такiя ласункi прыносiла. Словам, у бядзе ты iх не пакiдала. Гэта праўда. А ў адказ гэтыя людзi, якiя не надта паважаюць слабахарактарных гаспадароў, шанавалi i часам нават любiлi цябе.
      Аднак ты нiколi не прызнавалася, што твае погляды на жыццё, выхаваныя бацькамi i эпохай, не заўсёды стасавалiся з Евангеллем. На гэтым я цябе, бывала, падлоўлiваў: "Паслухай, Iза! А здаецца мне, Хрыстос на гэты конт гаварыў вось што..." Ты адразу нямела i шалела ад злосцi, што я дазваляю сабе такое пры дзецях. Потым ты спрабавала апраўдвацца: "Нельга ж усё разумець лiтаральна..." Вось тады то я ўжо даваў сабе волю: я засыпаў цябе прыкладамi, якiя даказвалi, што святасць у тым i ёсць, каб дакладна прытрымлiвацца духу i лiтары Евангелля. Калi ж ты, на сваё няшчасце, пярэчыла мне, што ты не святая, я канчаткова дабiваў, цябе словамi з Евангелля: "Будзьце дасканалымi, як дасканалы тварэц ваш нябесны".
      Прызнайся, бедная мая Iза, што я па-свойму хацеў табе дабра, быў патрэбным, карысным табе, i, калi ты сёння даглядаеш хворых на рак, то гэтым яны абавязаны крыху i мне. Бо раней твая "любоў да блiзкага" датычылася толькi тваiх дзяцей. Iм ты аддавала ўсю сваю дабрату i пяшчоту. Дзецi... Дзецi... Дзецi... Больш ты нiкога не бачыла... I не толькi мяне, мужа свайго, але i ўсяго свету. Ты нават Богу малiлася толькi за здароўе i будучыню тваiх дзяцей. I за гэта я любiў уесцi цябе: "Iза, а цi не лепш было б сапраўднаму хрысцiянiну жадаць, каб Бог паслаў яго дзецям бяду, беднасць, хваробы?" Ты рэзка абрывала мяне: "Не хачу я з табой гаварыць! Сам не ведаеш, што мелеш..."
      Але, на тваю бяду, са мной быў настаўнiк нашых дзяцей, дваццацiтрохгадовы семiнарыст, абат Ардуэн. У нашых спрэчках я браў яго ў сведкi i без нiякай лiтасцi ставiў маладога чалавека ў цяжкае становiшча, бо звяртаўся да яго толькi тады, калi сам быў упэўнены, што праўда на маiм баку, а Ардуэн у пытаннях веры быў шчыры i не ўмеў хаваць сваiх думак. Калi пачалася справа Дрэйфуса, у мяне з'явiлася яшчэ больш падстаў нацкоўваць на цябе бедалагу абата. "Падумаць толькi: праз нейкага там жыда перастройваць усю армiю, падрываць яе моц, прэстыж!" - абуралася ты. Я хапаўся за гэтыя словы, нiбыта не згаджаўся з табой, i не супакойваўся да таго часу, пакуль не ўмешваўся абат Ардуэн. А ён-то ўжо ведаў, што гаварыць: "Нават у iмя выратавання радзiмы сапраўдны хрысцiянiн не можа дапусцiць, каб засудзiлi невiнаватага".
      Зрэшты, я надта i не стараўся перамянiць твае адносiны да справы Дрэйфуса, пра якую ты ведала толькi з карыкатур, што змяшчалi на сваiх старонках добранадзейныя газеты. Да цябе, безумоўна, далучылiся i дзецi. I нават тады, калi, здавалася, я ўзяў верх у спрэчцы пра Дрэйфуса, вы ўсё роўна засталiся пры сваёй думцы, лiчылi, што мне ўдалося гэта дзякуючы маёй хiтрасцi. I вось вы дайшлi да таго, што згаварылiся маўчаць пры мне. Варта было мне толькi ўвайсцi, як разам змаўкалi ўсе размовы, - што, дарэчы, здараецца i цяпер. Але часам вы не ведалi, што я затаiўся ў кустах i падслухоўваю, а калi я нечакана выходзiў, вам не было куды дзявацца i вы мусiлi прымаць бой.
      - Гэта святы чалавек, - гаварыла ты пра абата Ардуэна, - але яшчэ зусiм дзiця: нiяк не можа ўцямiць, што на свеце ёсць лiха. Мой муж гуляе сабе з iм, як кот з мышкай, таму i трымае яго ў доме... Бач, i на бязбожнасць забыўся...
      Праўду кажучы, я згадзiўся наняць гэтага духоўнага настаўнiка толькi таму, што нiхто не захацеў бы цэлае лета займацца з дзецьмi за сто пяцьдзесят франкаў. Спачатку я лiчыў гэтага сарамлiвага, цыбатага юнака нiкчэмнай iстотай i не звяртаў на яго нiякай увагi. Ён даваў урокi дзецям, вадзiў iх на прагулкi, мала еў i ўвесь час маўчаў. Пасля вачэры ён адразу iшоў у свой пакойчык. Калi часам дома нiкога не было, ён спрабаваў iграць на пiянiна. У музыцы я не разбiраюся, але, як ты казала, "слухаць яго было прыемна".
      Ты, канешне, памятаеш той выпадак з Ардуэнам, хоць, напэўна, i не здагадваешся, што iменна з-за яго памiж мною i гэтым маладым чалавекам завязалася нiтачка ўзаемнай сiмпатыi. Аднойчы дзецi прыбеглi i сказалi мне, што да нас iдзе святар. Я, як звычайна, адразу пашыбаваў у вiнаграднiк i схаваўся там. Але ты прыслала па мяне Хюбэра: у святара была нейкая пiльная патрэба. Праклiнаючы ўсё на свеце, я рушыў да дома. Не ведаю чаму, але я вельмi баяўся гэтага пажылога чалавека. Ён сказаў мне, што прыйшоў пакаяцца перад нашай сям'ёй. Калiсьцi ён нам рэкамендаваў абата Ардуэна як цудоўнага маладога чалавека, семiнарыста - выдатнiка i вопытнага духоўнага настаўнiка. Тады святар нам сказаў, што пасвячэнне Ардуэна ў сан крыху затрымлiваецца з-за яго здароўя. I вось наш святар толькi што даведаўся, што гэтая затрымка з'яўляецца дысцыплiнарным спагнаннем. Абат Ардуэн пры ўсёй сваёй дабрачыннасцi вельмi любiць музыку, i аднаго разу нехта з семiнарыстаў спакусiў яго пайсцi ў тэатр на канцэрт. З гэтай прычыны малады чалавек не начаваў у семiнарыi. Хоць ён быў у цывiльным, яго пазналi ў тэатры i данеслi дырэктару семiнарыi. Як знарок у той вечар у праграме ўдзельнiчала выканаўца арыi Таiс*, мадам Жаржэта Лебрэн. Калi яна выйшла на сцэну з голымi нагамi, у кароткай грэчаскай тунiцы, перахопленай пад грудзьмi сярэбраным поясам ("Кажуць, больш на ёй нiчога не было"), па зале пракацiлася спалоханае: "А-ах!" Нейкi стары чалавек з ложы гнеўна запратэставаў: "Ну, гэта ўжо занадта! Да чаго дакацiлiся?! Куды мы трапiлi?!" Вось на якiм канцэрце давялося пабыць абату Ардуэну i яго сябру. Адзiн злачынец быў адразу выключаны з семiнарыi. Ардуэну даравалi за яго выдатныя поспехi ў вучобе, але начальства пастанавiла затрымаць на два гады яго пасвячэнне ў сан...
      * "Таiс" - лiрычная драма кампазiтара Ж.Маснэ паводле аднайменнага рамана А.Франса, якi прасякнуты скептычным стаўленнем да хрысцiянскага фанатызму.
      I я, i ты, Iза, у адзiн голас супакойвалi святара i гаварылi, што пасля яго расказу наш давер да абата Ардуэна не зменшыцца. Але святар быў няўмольны i з таго часу заўсёды з непрыязнасцю ставiўся да Ардуэна, якi "так брыдка ашукаў самога сябе". Ты, вядома, памятаеш пра ўсё гэта, але ты не ведаеш, што было потым. Вечарам, калi я палiў на тэрасе, да мяне падышоў абат Ардуэн i збянтэжана папрасiў прабачэння за тое, што сам не расказаў пра свой непрыстойны ўчынак. Я пачаў пераконваць абата, што тое юнацкае свавольства здалося мне хутчэй сiмпатычным, чым непрыстойным учынкам, аднак малады чалавек з нечаканай цвёрдасцю запярэчыў мне i ўпэўненым голасам выпалiў цэлую абвiнаваўчую прамову супраць самога сябе. З яго слоў выходзiла, што я не магу нават сабе ўявiць, якая вялiкая яго вiна: ён парушыў абавязак паслушэнства, апаганiў сваё прызванне, саграшыў супраць маралi. Акрамя таго, ён абняславiў усю семiнарыю... Словам, цяпер не хопiць усяго жыцця, каб выправiць бяду... Да сённяшняга дня стаiць у мяне перад вачыма згорбленая ад роспачы постаць гэтага чалавека. Пры ўсёй маёй непавазе да духоўных асоб я не мог западозрыць Ардуэна ў крывадушнасцi: увесь ён быў перапоўнены горам i смуткам. I, бедалага, усё прасiў дараваць яму, што ён адразу ва ўсiм не прызнаўся. Спрабаваў апраўдвацца, што прычынай гэтага была беднасць: яму трэба было знайсцi хоць якi заробак, каб не быць два месяцы абузай сваёй мацi, няшчаснай удаве, якая ходзiць па хатах i мые бялiзну ў Лiбурне. Я яму адказаў, што, на маю думку, ён не быў абавязаны папярэджваць нас пра гэты выпадак, якi датычыў толькi семiнарскай дысцыплiны. Тады ён узяў мяне за руку i сказаў такое, ад чаго я доўга не мог апамятацца:
      - Вы добры чалавек...
      Ты ж ведаеш, як я смяюся. Мой смех нават у пачатку нашага жыцця псаваў табе нервы. Гэты няскладны, працiўны смех яшчэ ў гады маёй маладосцi мог ушчэнт разбiць радасны настрой вакол мяне. У той вечар я клаўся ад смеху, пачуўшы гэтыя словы... Нарэшце я супакоiўся i змог гаварыць:
      - Месье абат, вы самi не ведаеце, якую лухту вы толькi што сказалi. Спытайцеся ў кожнага, хто мяне ведае, добры я цi не. Паслухайце маю жонку, дзяцей, сваякоў, калег - i вы пачуеце толькi адно: злосць - вось яго натура.
      Запiнаючыся, абат Ардуэн пачаў мне даводзiць, што па-сапраўднаму злы чалавек нiколi адкрыта не скажа пра сваю злосць.
      - Паверце, месьё абат, - запярэчыў я, - вы не знойдзеце ў маiм жыццi таго, што вы называеце дабрачыннасцю.
      Тады Ардуэн, намякаючы на маю адвакацкую прафесiю, прывёў словы Хрыста: "У цямнiцы я быў, i вы наведалi мяне..."
      - Ды гэта ж мне выгадна, месьё Ардуэн! Да таго ж, гэта мая прафесiя, якая, дарэчы, прыносiць мне немалыя грошы. Калiсьцi я плацiў турэмным наглядчыкам, каб яны пры выпадку шапнулi на вуха падсуднаму маё прозвiшча... Вось як!.. А вы кажаце...
      Не помню добра, што ён мне адказаў. Мы iшлi па лiпавай алеi. Што ж, ты, Iза, толькi рукамi развядзеш, калi я скажу табе, што мне было прыемна быць побач з гэтым чалавекам у сутане. А мне папраўдзе было з iм так добра!..
      Здаралася, я ўставаў на золку i iшоў у сад, каб падыхаць свежым ранiшнiм паветрам. Я глядзеў, як абат спяшаўся на месу. Ён быў такi засяроджаны, што мог за два крокi не заўважыць мяне... Якраз у тую пару я даймаў цябе сваiмi кпiнамi i стараўся даказаць, што жывеш ты ў поўным разладзе з сваiмi прынцыпамi. Але сумленне маё не давала мне спакою: кожны раз, калi я лавiў цябе на скупасцi цi жорсткасцi, - я хоць i крычаў, што ў вас, набожных, не засталося i следу ад хрысцiянскага духу, - я ўсё ж такi ведаў, што пад маёю страхою жыве чалавек, якi застаўся адданым гэтаму духу - абат Ардуэн...
      VIII
      У нашым з табою жыццi, Iза, была адна падзея, пасля якой я атрымаў поўнае права лiчыць цябе агiднай. У 1896 цi 1897 годзе - табе гэта лепш ведаць памёр наш швагер барон Фiлiпо. Неяк ранiцай твая сястра Марынета прачнулася, загаварыла з мужам, а той - нi слова ў адказ. Яна адчынiла аканiцы i ўбачыла, што вочы ў старога закацiлiся, нiжняя скiвiца адвiсла. Да яе не адразу дайшло, што муж памёр, i некалькi гадзiн (а можа, i болей) яна праспала разам а трупам.
      Я далёка не ўпэўнены, што кожны з вас адчуў усю подласць завяшчання гэтага нiкчэмнага чалавека: ён пакiнуў жонцы велiзарнае багацце, але пры ўмове, што яна застанецца ўдавою i другi раз замуж нiколi не выйдзе. У адваротным выпадку амаль уся спадчына павiнна была перайсцi да пляменнiкаў нябожчыка.
      - Трэба цяпер больш клапацiцца пра Марынету, - паўтарала твая мацi. Дзякуй Богу, што сям'я наша дружная, - адзiн за аднаго. Не трэба пакiдаць яе адну.
      Марынеце на той час было каля трыццацi, але ж ты памятаеш, як яна выглядала: прыгожая, зграбная, свежая - як дзяўчынка. У свой час яна паслухалася бацькоў, выйшла замуж за старога i пакорлiва жыла ў гэтым няроўным шлюбе. Нiхто з вас не сумняваўся, што Марынета лёгка пагодзiцца ўзяць на сябе i ролю безуцешнай удавы. Вы зусiм не ўлiчылi таго, якiм штуршком стане для яе вызваленне, выхад з цёмнага падзямелля на прастор, на святло.
      Не, Iза, ты не думай, што я буду злоўжываць прывiлеяй весцi свой маналог, якую я тут сабе прысвоiў. Табе вельмi хацелася, каб усе завешчаныя мiльёны засталiся ў сям'i i каб дзецi твае маглi iх скарыстаць. Гэта натуральна. Усе вы цвёрда вырашылi, што Марынета не павiнна губляць той узнагароды, якую яна заслужыла за дзесяць гадоў рабскага жыцця са старым баронам. Вы дзейнiчалi, як добрыя сваякi: нiякага другога замужжа, Марынета застанецца ўдавою! А цi ўспомнiла ты, Iза, што зусiм нядаўна ты сама была маладой жанчынай?! Ну, пра каханне да мяне я не гавару: яго ты нiколi не ведала, ты была толькi мацi сваiх дзяцей i больш для цябе нiкога на свеце не iснавала. У вас у сям'i нiхто не вызначаўся багатай фантазiяй: вы нiколi не змаглi б паставiць сябе на месца другога, будзь ён падонак, будзь ён самы прыстойны чалавек!
      Усе пагадзiлiся, што першае лета пасля смерцi мужа маладая ўдава прабудзе ў Калезе. Не скажу, Iза, што памiж табой i Марынетай, - тваёй роднай сястрой, была вялiкая дружба, але яна вельмi любiла нашых дзяцей, асаблiва маленькую Мары. Я сам амаль не ведаў яе, i мяне перш за ўсё прыемна здзiвiлi яе прыгажосць i грацыя. Нiхто не паверыў бы, што яна старэйшая за цябе. Ты нараджала, зноў насiла ў сябе пад сэрцам дзяцей, i ад тваёй зграбнай фiгуры мала што засталося. А яна, здавалася, выйшла цнатлiвай з пасцелi гэтага старога барона. Тварык яе быў яшчэ зусiм дзiцячы. Па тагачаснай модзе яна насiла высокую прычоску. Яе залацiстыя валасы былi прыгожа завiтыя каля шыi (цяпер забылiся пра тую моду). Вочы яе былi, бадай, занадта круглыя, нiбы яна ўвесь час была чымсьцi здзiўленая. Жартуючы, я часам абдымаў яе "асiную талiю", хоць бюст у яе быў на цяперашнiя меркi залiшне развiты.
      Мне падабалася яе весялосць, жыццярадаснасць. Увесь час яе цягнула да дзяцей: яна то забаўлялася з iмi ў садзе, то гуляла ў хованкi, то расказвала казкi... "Марынета ў нас трохi ветраная, - гаварыла ты, - i не зусiм разумее, як трэба сябе паводзiць у яе становiшчы".
      Ты пайшла ёй на ўступку i дазволiла насiць у буднiя днi белыя сукенкi. Але ты лiчыла страшэнна непрыстойным, каб у нядзелю яна ехала на месу без доўгай чорнай вуалi i без накiдкi, абшытай жалобным крэпам.
      Адзiнай уцехай, якую мела Марынета пры мужы, была верхавая язда. Барон Фiлiпо быў выдатным знатаком конскiх парод i да апошняга свайго дня кожную ранiцу рабiў прагулкi конна. Марынета ўзяла з сабой у Калез сваю кабылу i гадзiнамi гарцавала па ваколiцах адна, бо суправаджаць яе не было каму. Ты, Iза, убачыла ў гэтым двайны грэх: удава, якая тры месяцы назад страцiла мужа, не павiнна ўвогуле займацца нiякiм спортам, а раз'язджаць на канi, ды яшчэ без нiякага суправаджэння - гэта проста недаравальна.
      "Я-то ёй усё выгавару, што пра яе думаюць у нашай сям'i", - бубнiла ты. I ты выгаворвала, але толькi Марынета ўсё рабiла па-свойму. Нарэшце яна стамiлася ад тваiх павучанняў i папрасiла мяне суправаджаць яе на прагулках. Я згадзiўся, i яна за свае грошы купiла мне добрага рахманага каня.
      Звычайна мы выязджалi на досвiтку, калi яшчэ не назаляюць мухi i аваднi. Коней падводзiлi проста да ганка. Марынета гарэзлiва паказвала язык зачыненым аканiцам тваёй спальнi i прышпiльвала да сваёй амазонкi мокрую ад расы ружу. "Хоць i нельга насiць кветак удаве, але..." - жартавала Марынета. Ад царквы даносiўся звон: хутка пачнецца ранiшняя меса. Абат Ардуэн сарамлiва кланяўся нам i знiкаў у густым ранiшнiм тумане. Першыя некалькi кiламетраў мы ехалi памалу i маглi спакойна пагаварыць, пажартаваць. Я заўважыў, што карыстаюся пэўным аўтарытэтам у сваёй швагеркi. I прычынай гэтага былi хутчэй за ўсё мае крамольныя думкi, якiмi я бударажыў сям'ю, а не тое, што я працаваў у судзе i займаў там даволi высокую пасаду. А вось твае погляды, Iза, амаль поўнасцю сыходзiлiся з прынцыпамi яе нябожчыка мужа. Ты сама жанчына i ведаеш, што ў вас, жанчын, i рэлiгiя i ўсялякiя iдэi заўсёды ўвасабляюцца ў вобразе якога-небудзь чалавека - любiмага або ненавiснага.
      Што ж, у мяне была магчымасць яшчэ больш павысiць свой прэстыж у вачах гэтай маладзенькай бунтаркi. Але вось бяда! Я мог без асаблiвага намагання ва ўсiм падтрымлiваць Марынету, калi яна ваявала з вамi. Аднак варта было ўсплыць гэтым мiльёнам... Тут я змаўкаў. Не мог я сябе прымусiць падзяляць яе пагарду да спадчыны барона Фiлiпо. Я разумеў, што толькi выйграю, калi ўслед за Марынетай буду паўтараць словы пра высакароднасць, маладосць, незалежнасць, але зрабiць з сабою нiчога не мог. Нават прытварацца i рабiць выгляд, нiбыта я на яе баку, калi яна бажылася, што не баiцца страцiць сем мiльёнаў, было звыш маiх сiл. А калi ўжо гаварыць усё да канца, то мяне чамусьцi не пакiдала думка, што Марынета можа раптоўна памерцi i мы будзем яе спадкаемцамi (я думаў не пра дзяцей, а пра сябе).
      Колькi я нi пераконваў сябе, колькi нi рыхтаваўся, колькi нi паўтараў гэты ўрок красамоўства, - язык мой гаварыў зусiм iншае: "Сем мiльёнаў! Марынета, апамятайцеся! Ды няма на свеце мужчыны, якi быў бы варты хоць паловы такога скарбу".
      - Ах, вось вы як? - крычала яна. - Дык чаму ж вы рысавалiся, гаварылi, што ненавiдзiце нашых?! Вы такi ж самы, як яны! Адна парода!
      I яна пускалася ў галоп, а я заставаўся далёка ззаду... Вось так трацiў я сiмпатыi Марынеты. Ах, гэтая прага да грошай! Чаго яна мяне толькi не пазбавiла! Я мог бы знайсцi ў Марынеце мiлую сястру, а можа, сяброўку... I вы цяпер хочаце, каб я аддаў вам грошы, тое, дзеля чаго я ўсiм ахвяраваў? Не, даражэнькiя, яны мне каштавалi занадта дорага, каб я кiдаўся iмi. Пакуль я буду жыць на гэтым свеце, вы нi франка не атрымаеце ад мяне!..
      А спакою вам няма. У нядзелю прыляцела да мяне жонка Хюбэра. Цiкава, сама прыехала цi гэта вы яе падаслалi? Убогая iстота гэтая Алiмпiя! (Чаму Фiлi ахрысцiў яе Алiмпiяй? А мянушка прыжылася, мы нават забылiся яе сапраўднае iмя...) Мне здаецца, што яна сама вырашыла прыехаць i вам, бадай, не сказала пра свой намер. Яе вы не прынялi ў вашу зграю, бо не лiчыце сваёю. Гэтая жанчына абыякавая да ўсяго, што выходзiць за межы яе ўласнага маленькага свету. I пляваць яна хацела на ўсё, што непасрэдна яе не датычыць. Яна не ведае нiводнага закону "сям i" i не здагадваецца нават, што я ваш вораг. I гэта не таму, што яна паважае мяне цi мае да мяне якiя-небудзь сiмпатыi: яна нiколi не думае пра другiх i наўрад цi здольная каго ўзненавiдзець. Калi вы пры ёй благiм словам успомнiце мяне, яна заўсёды пярэчыць: "А ён такi добры са мной". Яна не адчувае маёй жорсткасцi. А паколькi я часам абараняю яе ад вашых наскокаў, то Алiмпiя шчыра верыць, што падабаецца мне.
      З яе блытаных слоў я зразумеў, што Хюбэр спынiўся своечасова, але ўсё ж давялося закласцi ўсю маёмасць i жончын пасаг, каб выратаваць становiшча.
      - Ён кажа, што абавязкова забярэ назад свае грошы, толькi яму цяпер патрэбен... ну... як гэта ён казаў?.. Аванс у лiк спадчыны...
      Я лагодна слухаў, кiваў галавой, згаджаўся з ёю i рабiў выгляд, што зусiм не разумею, чаго яна ад мяне хоча... Як жа я навучыўся прыкiдвацца прасцяком!
      Калi б ты, дарагая Алiмпiя, ведала, што я аддаў дзеля грошай!.. А тады мне iшоў толькi трыццаць пяты год!.. Мы вярталiся з Марынетай ласля нашай прагулкi. Цiха iшлi конi. Сонца ўжо няшчадна палiла дарогу i бясконцыя палеткi вiнаграднiкаў, апырсканых купарвасам. Як мог, я даводзiў гэтай маладой насмешнiцы, што нi ў якiм разе нельга выпускаць з рук мiльёны барона Фiлiпо. А калi я змаўкаў, яна звонка смяялася. Я пачынаў абараняцца i зусiм збiваўся з тропу.
      - Марынета, я раблю ўсё гэта толькi дзеля вас. Няўжо вы думаеце, што такi чалавек, як я, захоча, каб на вашай спадчыне пагрэлi рукi мае дзецi? Iза iншая справа! Яна, вядома... Але я...
      А Марынета працадзiла праз зубы:
      - А вы i праўда страшны чалавек!..
      I зноў я паўтараў, што мяне хвалюе толькi яе шчасце, яе будучыня, яе жыццё... Яна адмоўна круцiла галавой: "Не! Не! Сцiхнiце! Не гаварыце!" А ў глыбiнi душы, хоць Марынета не прызнавалася ў гэтым, яна марыла не так пра замужжа, як пра сваiх дзяцей, пра сваё мацярынства.
      Пасля снедання я, не зважаючы на спёку, выходзiў з дому, дзе ў халодных i цёмных пакоях заставалiся падрамаць усе мае дамачадцы. I калi я адчыняў шкляныя дзверы i рабiў крок насустрач вогненнаму блакiту, мне не трэба было абарочвацца: я ведаў, гэтая насмешнiца, якая так пагарджае мною, iдзе следам. На высокiх тонкiх абцасiках ёй цяжка было iсцi па няроўнай жвiровай сцежцы. Нарэшце мы даходзiлi да тэрасы. Тут Марынета любiла забаўляцца: клала руку на гарачы ад сонца камень i лiчыла, колькi секунд зможа так пратрымаць.
      Унiзе, пад намi, ляжала раўнiна, залiтая яркiм сонечным святлом. Навокал панавала цiшыня, як глыбокай ноччу, калi зямля спiць у месячным ззяннi. Далёка на гарызонце аркай стаялi камянiстыя пагоркi, нiбы падпiралi сабой блакiтнае неба. Усё замерла, i да чатырох гадзiн не ўбачыш тут нi звера, нi чалавека. Нават мухi слупам вiлiся на адным месцы, а адзiны на ўсю раўнiну дымок нерухома павiс над зямлёй...
      Я ведаў: жанчына, якая стаiць побач, нiколi не зможа мяне пакахаць. Адзiнае яе пачуццё да мяне - агiда... Але мы з ёю дыхалi адным паветрам у гэтым глухiм закiнутым маёнтку. Гэтая маладая пакутнiца апынулася пад шчыльным каўпаком i падсвядома шукала майго позiрку, як кветка гелiятропа сама цягнецца i раскрываецца да сонца. Аднак на ўсе мае нясмелыя намёкi адзiным адказам былi насмешкi, кпiны... Вось так мы i стаялi над раўнiнай, дзе, нiбы ў велiзарным брадзiльным чане, налiвалiся хмельным сокам гронкi вiнаграду...
      А ты, Iза, што ты думала пра нашы ранiшнiя прагулкi, пра нашы размовы? Я i гэта ведаю, бо падслухаў, як ты казала сваёй мацi (яна знарок прыехала, каб наглядаць за Марынетай):
      - Ён прывучае яе да благiх думак, але ва ўсiм астатнiм... нiякай бяды я не бачу. Супакойвае, забаўляе яе - ну i добра!
      - Самае галоўнае, каб яна не была адна, няхай забаўляе, - адказала табе мацi.
      Вы цешылiся, што я ўвесь час быў з Марынетай. "Але калi вернемся ў горад, трэба будзе нешта прыдумаць".
      "Супакойвае, забаўляе..." - як бы ты, Iза, нi злавала на мяне, але я не магу дараваць табе гэтых слоў. Ты i сапраўды не ўбачыла нiякай небяспекi для сябе ў нашых адносiнах з Марынетай... Жанчыны хутка забываюцца пра тое, што ў самiх ужо даўно перагарэла.
      Удзень над раўнiнай i сапраўды нiчога не магло адбыцца. Хоць навокал не было нi душы, мы ўсё ж адчувалi сябе навiдавоку, як на сцэне. I калi б трапiўся якi чалавек, то ён убачыў бы, як над распаленай раўнiнай, нiбы два дрэвы, нерухома стаяць мужчына i жанчына, стаяць так блiзка, нiбы зраслiся ў адну iстоту...
      Але i нашы начныя прагулкi былi таксама нявiнныя. Успамiнаю адзiн жнiвеньскi вечар. За сталом разгарэлiся бурныя спрэчкi вакол справы Дрэйфуса. Марынета разам са мной была на баку Дрэйфуса i патрабавала перасуду. Яна цяпер нават лепш за мяне ўмела ўцягваць у размову абата Ардуэна i вымушаць яго сказаць сваё слова. Ты на ўсе лады расхвальвала газетны артыкул Друмона*, а Марынета раптам спыталася сваiм дзiцячым галаском, нiбы школьнiца на ўроку "закону божага":
      * Эдуард Друмон (1844-1917), рэакцыйны журналiст, выдавец антысемiцкай газеты "La Libre Parole" ("Вольнае слова"), якая вяла раз'юшаную кампанiю супраць Дрэйфуса.
      - Месьё абат, скажыце, а хiба можна хрысцiянам ненавiдзець жыдоў?
      На нашу радасць, абат Ардуэн у той вечар не адкруцiўся туманнымi разважаннямi. Ён гаварыў пра гiстарычную велiч жыдоўскага народа, яго свяшчэнную ролю сведкi спраў госпада на зямлi, пра яго наканаваны зварот да iсцiннай веры... А калi Хюбэр запярэчыў, што трэба ненавiдзець забойцаў Збавiцеля нашага, абат адказаў, што кожны з нас мае права ненавiдзець толькi аднаго забойцу: "Самога сябе, i нiкога больш..."
      Ты зусiм разгубiлася i яхiдна прабубнiла, што так можна дагаварыцца да таго, што Францыю трэба аддаць чужаземцам. На шчасце абата, ты ўспомнiла пра Жану д'Арк, i на ёй вы памiрылiся. На ганку нехта з дзяцей усклiкнуў:
      - Ой, як месяц свецiць! Як прыгожа!..
      Я ўстаў i пайшоў да тэрасы. Я ведаў, што Марынета пойдзе следам. Так яно i было: "Пачакайце мяне..." - пачуўся яе запыханы голас. Яна накiнула на плечы баа.
      Поўня стаяла над зямлёю. Яе халоднае святло залiвала сялянскiя хаткi, наш маёнтак, палеткi... Недзе забрахалi сабакi... Зноў цiшыня... Нерухома стаялi дрэвы. "Паслухайце, а цi не зачараваў iх месяц? - спыталася Марынета. - Хоць бы адзiн лiсток паварушыўся!.." I раптам яна прашаптала:
      - Такiя ночы створаны на пакуту адзiнокiм людзям. А колькi закаханых у гэты момант туляцца адно да аднаго, каб падарыць шчасце, пяшчоту, радасць, надзею!..
      На вейках у яе я добра бачыў слёзы. Кругом усё замерла, знямела... Жыло толькi яе трапяткое дыханне... О, Марынета!.. Што ад цябе засталося?.. Трыццаць гадоў як ты ў магiле... А я так добра помню водар тваiх валасоў у тую ноч!.. Хто ведае, можа, для таго, каб поўнасцю паверыць, што чалавек, яго цела некалi ўваскрэсне, трэба перамагчы ў сабе плоцкiя ўцехi?.. Ну, а хто злоўжывае iмi - панясе кару: ён не толькi не зможа паверыць у сваё ўваскрэсенне, але i ўявiць яго сабе...
      Я ўзяў яе за руку, нiбы хацеў суцешыць маленькае дзiця, а яна па-дзiцячы прытулiлася галоўкай да майго пляча. Я прыняў гэты дар, як зямля прымае персiк, што падае з дрэва. Большасць людзей не выбiраюць сабе спадарожнiкаў, як не выбiраюць сабе суседзяў дрэвы... Стаяць сабе адно каля аднаго, а пераплятаюцца толькi таму, што яны разраслiся...
      Але ў тую хвiлiну я зрабiў подласць - я падумаў пра цябе, Iза, i захацеў адпомсцiць табе: выкарыстаць сiмпатыi, слабасць Марынеты i прымусiць цябе пакутаваць! Гэтая думка ахапiла мяне толькi на адно iмгненне, але ўсё ж яна ўзнiкла, я рыхтаваў злачынства!.. Няўпэўненым крокам мы рушылi туды, дзе было менш святла, да гранатавага гаю... Але лёс захацеў так, каб у гэты момант на алеi пачулiся крокi. Па гэтай алеi звычайна хадзiў у царкву абат Ардуэн... Хутчэй за ўсё гэта быў ён. Мне ўспомнiлiся яго словы: "Вы добры чалавек". О, калi б мог ён прачытаць мае думкi ў гэты момант! Мне стала сорамна. Можа, гэта мяне i ўратавала...
      Я вывеў Марынету на святло i пасадзiў на лаўку. Выцер ёй вочы i пяшчотна загаварыў... Вось так я суцяшаў i нашу дачку, нашу маленькую Мары, калi яна, бывала, бяжыць па лiпавай алеi, спатыкнецца, упадзе, а я яе падыму i лашчу... Я прытварыўся, што не заўважыў нi хвалявання Марынеты, нi яе слёз, нi яе забыцця...
      IX
      Назаўтра ранiцай яна не паехала катацца на канi. А мне трэба было ў Бардо. (Нягледзячы на водпуск, два разы на тыдзень я бываў там, бо не хацеў перапыняць сваiх кансультацый.)
      Я зрабiў усе свае справы ў горадзе, прыехаў на вакзал i сеў на цягнiк. Побач, на суседняй платформе стаяў Паўднёвы экспрэс. Якое ж было маё здзiўленне, калi ў акне вагона, на якiм было напiсана "Б'ярыц", я ўбачыў Марынету. На ёй не было нiякага жалобнага ўбору, вопратка - па апошнiм слове моды... Я ўспомнiў, што нейкая сяброўка даўно ўжо запрашала яе прыехаць у Сэн-Жан-дэ-Люз. Марынета гартала часопiс i не ўбачыла маiх знакаў, якiя я ёй падаваў. Вечарам ты амаль не звярнула ўвагi на мой расказ пра сустрэчу з Марынетай i палiчыла гэта дзiцячай выхадкай тваёй сястры. Да таго ж аказалася, што ранiцай адразу пасля майго ад'езду Марынета атрымала тэлеграму ад сваёй сяброўкi. Ты нават здзiвiлася, што я пра гэта нiчога не ведаў. Можа, ты западозрыла, што мы дамовiлiся тайна сустрэцца ў Бардо? Зрэшты, табе было не да Марынеты. Ужо некалькi дзён не ўставала з пасцелi наша маленькая Мары вось што цябе непакоiла. Аддаю табе належнае: калi хто-небудзь з тваiх дзяцей хварэў, усё на свеце пераставала для цябе iснаваць.
      Не хацеў бы я спыняцца на тым, што здарылася праз некалькi дзён. Трыццаць гадоў прайшло, а душа плача, балiць, як успомню пра гэта... Я ведаю, у чым ты мяне абвiнавацiла. Ты нават пасмела мне проста ў вочы сказаць, што я не захацеў выклiкаць доктара з Вардо. Несумненна, калi б мы запрасiлi прафесара Арназана, ён вызначыў бы, што ў Мары брушны тыф, а не грып, як усе мы думалi. Але пастарайся ўспомнiць: адзiн толькi раз ты спыталася ў мяне: "Можа, паклiкаць Арназана?" Я адказаў: "Доктар Абру запэўнiвае, што ў суседняй вёсцы ў яго набярэцца больш як дваццаць хворых на такi самы грып..." I ты супакоiлася. Чаму ж ты потым пачала гаварыць, што на другi дзень прасiла-малiла мяне паслаць тэлеграму Арназану? Калi б так яно i было, я помнiў бы пра гэта. Праўда, я столькi перадумаў пра ўсё гэта, што цяпер ужо i сам заблытаўся. Дапусцiм, што я скупы, - згодзен... Але ж не да такой ступенi, каб дрыжаць над кожным франкам, калi размова iдзе пра здароўе Мары. Не, не магло такога быць... Тым больш што прафесар Арназан гатовы кожнага лячыць не за грошы, а з павагi да Бога i да людзей. I калi мы не звярнулiся да яго, то толькi таму, што былi ўпэўнены, што ў Мары самы звычайны грып, якi "абвастрыўся расстройствам кiшэчнiка". Гэты невук Абру прымушаў бедную Мары есцi, каб яна не аслабела. Гэта ён яе i забiў, ён, а не я! Не настойвала ты, не патрабавала, не прасiла, каб выклiкалi Арназана. Ты хлусiш! Не нясу я нiякай адказнасцi за смерць Мары! Як павярнуўся ў цябе язык сказаць мне такое? А ты ж у гэта верыш, заўсёды верыла...
      Тое страшнае лета!.. Мы нiдзе не маглi дастаць лёду. Цэлымi днямi я стаяў над Мары, выцiраў мокрым ручнiком яе потны тварык, адганяў мух. Арназан прыехаў тады, калi ўжо было позна. Лячэнне змянiлi, але нiякiя лекi не маглi ўжо яе ўратаваць. Няшчаснае дзiцятка, мусiць, трызнiла i ўсё шаптала: "Для таты! Для таты!" А памятаеш яе немы крык: "Балi-iць! Балi-iць! Божа, я ж яшчэ зусiм маленькая... - I раптам спахапiлася: - Не, я яшчэ пацярплю, я магу..." Абат Ардуэн паiў яе "святою вадой", якую прывезлi з Лурда. У болю i адчаi схiлялiся нашы галовы над схуднелым, знясiленым цельцам... А калi ўсё было скончана, ты абвiнавацiла мяне ў бяздушнасцi i нячуласцi.
      А хочаш ведаць, што тварылася ў мяне на душы? Дзiўная рэч, - ты, набожная жанчына, нiяк не магла адарвацца ад мёртвага цела дачкi. Цябе прасiлi, угаворвалi паесцi, адпачыць, паберагчы сiлы... Даводзiлася сiлком выводзiць цябе з пакоя. А ты ўсё рвалася да нябожчыцы, цалавала яе халодныя шчочкi, лобiк, гладзiла яшчэ жывыя яе валасы. Часам ты падала на каленi, нiбы збiралася малiцца, - але, не, ты хацела толькi прытулiцца да акамянелых, ледзяных ручак.
      Абат Ардуэн падымаў цябе, гаварыў пра дзяцей, на якiх трэба быць падобным, каб увайсцi ў царства нябеснае да Бога: "Яна жывая, яна бачыць вас, яна чакае вас..." Ты толькi кiвала галавой. Словы гэтыя не даходзiлi да цябе. I вера твая не магла табе дапамагчы. Ты думала толькi пра гэтае мёртвае цела, якое было часцiнкай тваёй плоцi... Цела Мары... Хутка яго закапаюць у зямлю... А я, бязбожнiк, гледзячы на труп сваёй дачкi, зразумеў усё страшнае значэнне слова "прах". Мяне апанавала пачуццё незваротнай страты, вечнай разлукi... Яе тут ужо не было. А гэта зусiм не яна. "Вы шукаеце Мары? - Тут яе больш няма..."
      Пазней ты папракала мяне, што я хутка пра яе забыўся. Не ведаеш ты, што абарвалася ўва мне, калi я падышоў да труны развiтацца i апошнi раз пацалаваў Мары. Гэта ж была ўжо не яна!.. Ты праклiнала мяне за тое, што я не хадзiў з табой кожны дзень на могiлкi. "Нагi яго там не бывае, - паўтарала ты. - I гэта бацька! Як яму не брыдка! А, здаецца, адну толькi Мары ён i любiў. Камень, а не сэрца ў гэтага чалавека!"
      Марынета прыязджала на пахаванне, але праз тры днi зноў паехала ад нас. Гора асляпiла цябе, i ты не бачыла новай бяды. Ад'езд сястры як быццам прынёс табе палёгку. А праз два месяцы мы даведалiся пра яе заручыны з нейкiм лiтаратарам цi журналiстам з Б'ярыца. Умешвацца ўжо было позна. Гэтага дараваць ты не магла. У табе заклекатала нянавiсць да Марынеты. Ты не пажадала бачыць яе мужа, хоць гэта быў самы звычайны малады чалавек, якiх шмат на белым свеце. Адзiным яго злачынствам было тое, што ён пазбавiў нашых дзяцей багатай спадчыны, якой, дарэчы, i сам не пакарыстаўся, таму што большая яе частка пайшла пляменнiкам барона Фiлiпо.
      Разважлiвасцi табе заўсёды не хапала. Вось i на гэты раз ты лаяла на чым свет стаiць "злачынцу". Павер, нiколi ў жыццi не сустракаў я чалавека больш несправядлiвага, чым ты. На споведзi ты, пэўна, каешся ў сваiх маленькiх грашках, а не бачыш таго, што кожны твой учынак, усё тваё жыццё - грубае парушэнне евангельскiх запаведзяў. Калi трэба знiшчыць ненавiснага табе чалавека, ты i вокам не маргнеш i нагаворыш на яго ўсяго, што толькi не прыйдзе табе ў галаву. Тут ты не спынiшся нi перад праўдай, нi перад хлуснёю. Ты нiколi ў вочы не бачыла мужа сваёй сястры, ведаць не ведала яго, а з поўнай упэўненасцю ўсiм трубiла: "Ведаеце, Марынета паехала ў Б'ярыц i стала ахвярай гэтага нягоднiка. Прайдзiсвет, з тых, што бадзяюцца па свеце i арудуюць у атэлях..."
      Калi няшчасная Марынета памерла ад родаў (ах, не хачу я судзiць цябе так жорстка, як ты мяне пасля смерцi Мары!), - мала сказаць, што ты спакойна перанесла гiбель сваёй сястры, ты, здавалася, нават радавалася: "Ну, што я гаварыла? Iнакш гэта i не магло скончыцца. Сама пайшла на пагiбель!.." Ну, а табе, вядома, няма ў чым сябе папракаць: абавязак ты выканала поўнасцю: "Сястра ведала, што дзверы ў бацькоўскi дом для яе не былi зачыненыя, мы чакалi яе, варта ёй было толькi знак падаць..." Ва ўсякiм разе, ты шчыра магла сабе сказаць: "Не я на гэта яе падштурхнула". Не так проста, аказваецца, было табе вытрымаць сваю цвёрдасць. "Але што зробiш, - апраўдвалася ты, - у жыццi бываюць выпадкi, калi трэба прымусiць сваё сэрца маўчаць".
      Не, не буду я цябе дакараць. Я гатоў нават прызнаць, што ты з дабрынёй i пяшчотай ставiлася да сына Марынеты, яе маленькага Люка. На лета ты забiрала хлопчыка да сябе, а зiмой ездзiла да яго, - ён вучыўся ў пансiёне недалёка ад Баёна. Ты гаварыла: "Я выконваю свой абавязак, раз яго бацька не хоча клапацiцца пра хлопчыка..."
      Я нiколi табе не расказваў, што ў вераснi 1914 года бачыў у Бардо бацьку нашага Люка. Я хацеў купiць сабе сейф, але ўсе сейфы разабралi бежанцы з Парыжа*. Нарэшце дырэктар Лiёнскага банка паведамiў мне, што адзiн яго клiент вяртаецца ў Парыж i, магчыма, згодзiцца прадаць мне свой сейф. Калi мне сказалi прозвiшча гэтага клiента, я зразумеў, што гэта бацька Люка. Мушу цябе засмуцiць: ён зусiм не быў падобны да той пачвары, якую ты сама сабе намалявала. Самы звычайны чалавек. Узрост - трыццаць восем гадоў, выгляд стомлены. I напэўна ж баяўся, каб не забралi ў войска. Цяжка ў iм было пазнаць таго маладога чалавека, якога бачыў я чатырнаццаць гадоў таму назад на пахаваннi Марынеты. Тады ж я меў з iм дзелавую размову. Ён гаварыў са мной шчыра, адкрыта. Аказваецца, у яго была сужыцелька-жанчына, мусiць, не вельмi добрая, бо ён не хацеў, каб Люк быў разам з iмi. I, жадаючы сыну дабра, ён аддаў яго тваёй мацi. Бедная мая Iза, калi б толькi ты i дзецi ведалi, што я прапанаваў гэтаму чалавеку ў той дзень! Цяпер гэта можна сказаць. Я хацеў, каб ён пакiнуў гэты сейф сабе на сваё прозвiшча, а мне даў даверанасць. Тады ўсё маё багацце можна было б захоўваць у гэтым сейфе. Там быў бы i дакумент, якi сведчыў бы, што ўсё гэта належыць Люку. Пакуль я жывы, бацька Люка не меў бы доступу да сейфа, а пасля маёй смерцi ён станавiўся яго поўным гаспадаром, пра што, безумоўна, вы нiчога не ведалi б...
      * У вераснi 1914 г. многiя парыжане пакiнулi сталiцу, баючыся наступлення нямецкiх войск.
      Зразумела, што такiм чынам я аддаў бы ў рукi гэтага чалавека сябе i сваё багацце. Вось да чаго вы мяне давялi! Вось як я вас ненавiдзеў! I што ты думаеш?! Ён не захацеў пайсцi на такую здзелку. Не пасмеў. Загаварыў пра свой гонар.
      А як магло здарыцца, што я адважыўся на такое вар'яцтва? На той час дзецям было ўжо пад трыццаць гадоў. Яны мелi свае сем'i. I Жэнеўева, i Хюбэр былi тваiмi надзейнымi супольнiкамi. Вы дзейнiчалi спадцiшка, а ворагам вашым быў я. Iза, але ж i з дзецьмi, асаблiва з Жэнеўевай, у цябе вялiкай згоды не было. Ты яе папракала, што яна заўсёды пакiдае цябе адну, нi ў чым не раiцца з табой, усё робiць па-свойму. Тым не менш вы адразу забывалiся пра свае спрэчкi, калi справа заходзiла пра мяне. Зрэшты, усё рабiлася цiшком, а выключэннем былi толькi ўрачыстыя падзеi ў нашым жыццi. Помню, якiя разгарэлiся баталii, калi давялося жанiць Хюбэра i выдаваць замуж Жэнеўеву. Я не хацеў даваць пасагу, а толькi рэнту. Я адмовiўся тады даць звесткi пра сваю маёмасць, з чаго яна складаецца, дзе захоўваецца. Я стойка трымаўся i зламаў вас. Мне дапамагла не толькi нянавiсць да ўсiх вас, але i любоў, любоў да маленькага Люка. А бацькi маёй будучай нявесткi i будучага зяця згадзiлiся на ўсё, бо цвёрда ведалi, што ў маiх руках незлiчонае багацце.
      Але маўчанне маё трывожыла вас. Вам так не цярпелася выведаць мой сакрэт. Жэнеўева, бывала, хацела купiць мяне сваёй ласкай. Якая прасцячка! Я ўжо здалёк чуў яе цяжкiя крокi i часта ёй гаварыў: "Благаславiце мяне, хутка я памру". Я жартаваў, i мне прыемна было глядзець, як нервуецца яна, як сквапна блiшчаць яе вочы. Потым Жэнеўева пераказвала табе гэтыя словы. I ўся сям'я аж стагнала ад радасцi i нецярпення. А я тым часам думаў, як пакiнуць вам толькi тое, што немагчыма ўтаiць. Я думаў пра маленькага Люка i збiраўся нават закласцi зямлю...
      I ўсё ж праз год пасля смерцi Мары я папаўся на ваш кручок. Я захварэў. Некаторыя прыкметы былi такiя самыя, як i ў той хваробы, што загубiла нашу дачушку. О! Як я не люблю лячыцца! Не пераношу дактароў, лекаў! Глядзець не магу, як вакол мяне топчуцца, разглядаюць, спачуваюць! Але ты не адступiлася ад мяне, пакуль я не згадзiўся легчы ў пасцель i выклiкаць Арназана.
      Што ж, няма слоў, ты шчыра клапацiлася пра мяне. Часам, калi ты ў мяне пыталася, як я адчуваю сябе, мне нават здавалася, што ў тваiм голасе гучалi ноткi трывогi. Ты мацала мой лоб з такой самай пяшчотай, як i хворым дзецям. Ты загадала, каб перанеслi твой ложак да мяне ў пакой. Калi ноччу я пачынаў варушыцца, ты ўставала i памагала мне напiцца. "Яна даражыць мною! - думаў я. - Хто б мог падумаць? - Напэўна, таму, што "зарабляю добрыя грошы..." Не, грошы самi па сабе радасцi ёй не даюць... А можа, яна баiцца, што пасля маёй смерцi дзецям будзе горш? Вось тут больш праўды..." Але я не адгадаў.
      Пасля таго як Арназан агледзеў мяне, ты выйшла з iм на ганак i ад хвалявання гучна загаварыла:
      - Доктар, прашу вас, гаварыце ўсiм, што Мары памерла ад брушнога тыфу. А то, ведаеце, у мяне два браты памерлi ад сухотаў, i цяпер па горадзе папаўзлi плёткi, нiбыта i ў Мары была гэтая хвароба. Чужыя языкi такiя злыя, доктар! Я так баюся, каб i мужава хвароба не нарабiла бяды Хюбэру i Жэнеўеве! Калi муж сапраўды цяжка хворы, зноў пойдзе погаласка. Я так перапалохалася i ўсё думала пра нашых дзетак! Вы ж ведаеце, прафесар, ён у маладосцi, яшчэ перад нашым вяселлем, таксама хварэў на лёгкiя. I пра гэта ўсе дачулiся. У нас жа ўсё пра кожнага ведаюць. I так ужо любяць смакаваць чужыя непрыемнасцi! Нават калi б муж памёр ад якой-небудзь iнфекцыйнай хваробы, нiхто б у гэта не паверыў, як не вераць, што i Мары сышла на вечны спакой ад тыфу. I за што ж такая бяда на маiх дзяцей?! Я месца сабе не знаходзiла: не хоча лячыцца i што хочаш яму рабi! Як быццам гэта датычыцца толькi яго аднаго. Такi ўжо чалавек: нiколi нi пра кога не думае! Нават пра сваiх дзяцей! Не, не, доктар, вам цяжка паверыць, што ёсць на свеце людзi, як мой муж! Вы ж такi самы, як абат Ардуэн, - вы не верыце, што на зямлi ёсць зло.
      А я ляжаў у пасцелi i смяяўся. Ты зайшла ў пакой i спыталася:
      - Чаго ты рагочаш?
      - А так...
      - Пра што ты думаеш?
      - Нi пра што...
      Х
      Амаль месяц не браўся я за свае запiскi. Пасля цяжкага прыпадку мусiў я ляжаць у пасцелi пад вашым пiльным наглядам. Як толькi хвароба падкошвае мяне, вы ўсе тут як тут. Цэлымi днямi сядзiце ў пакоi i сочыце за мной.
      У мiнулую нядзелю завiтаў да мяне Фiлi. Было горача, душна, я ледзьве мог гаварыць, думкi блыталiся, i я задрамаў... Цi доўга я спаў? Не ведаю. Пабудзiў мяне яго пранiзлiвы голас. У прыцемку я бачыў, як ён увесь насцярожыўся. Вочы яго блiшчалi, як у маладога ваўка. На левай руцэ над гадзiннiкам ён насiў яшчэ залаты ланцужок. На худых, яшчэ хлапечых грудзях кашуля была расшпiлена... I зноў я задрамаў... Прачнуўся ад скрыпу ягоных чаравiкаў. Я прыплюшчыў вочы i пачаў сачыць. Фiлi абмацваў мой пiнжак, дзе ва ўнутранай кiшэнi ляжаў мой кашалёк. Сэрца маё затахкала, але я прымусiў сябе не варушыцца. Няўжо ён нешта западозрыў? Вярнуўся на сваё месца...
      Я зрабiў выгляд, што толькi-толькi прачнуўся, i папытаўся, цi доўга я спаў.
      - Ды не, што вы, дзядуля! Мо дзве-тры хвiлiны.
      На мяне напаў той страх, якi ахоплiвае адзiнокiх старых людзей, калi iх высочвае якi-небудзь малады спрытнюга. Няўжо я звар'яцеў? Мне здалося, што гэты ўнучак мог забiць мяне! Недарэмна ж Хюбэр сказаў неяк, што ад Фiлi можна ўсяго чакаць...
      Вось бачыш, Iза, якое было маё шчасце... А калi ты будзеш чытаць пра ўсё гэта, позна ўжо будзе мяне шкадаваць. Але мне добра на душы ад адной надзеi, што ты ўсё ж такi паспачуваеш мне трохi. Не веру я ў тваё вечнае пекла з кiпучай смалою. Затое добра ведаю, што значыць быць праклятым на зямлi. Куды нi пойдзе такi чалавек - заўсёды перад iм сумная дарога! Не ўмее ён жыць на зямлi, - не ў тым сэнсе, як гэта разумееце вы, свецкiя людзi, а ў самым глыбокiм... Iза, я пакутую. Дзьме гарачы паўднёвы вецер. Мне душна, мяне мучыць смага, а ў мяне толькi цёплая нясмачная вада з умывальнiка. У мяне ёсць мiльёны, а шклянкi чыстай халоднай вады няма!
      Калi я магу яшчэ цярпець гэтага Фiлi, то толькi таму, што ён нагадвае мне другога юнака - нашага Люка, якому цяпер было б ужо за трыццаць. Я нiколi не перакрэслiваў тваёй хрысцiянскай дабрачыннасцi i добра бачыў, што гэты хлопчык дапамагаў табе яе развiваць. Яго ты не любiла, бо нiчога не знайшлося ў iм ад Фандадэжаў. А гэта ж быў сын Марынеты, тваёй сястры!.. Не любiла ты гэтага чарнавокага хлопчыка з прыгожым высокiм лобам i завiткамi на скронях - "як у гiшпанцаў", - казаў Хюбэр. Вучыўся ён дрэнна, але табе да гэтага справы не было: "Досыць з мяне таго, што я няньчуся з iм кожнае лета".
      Не, не цягнула яго да кнiг. У нашых ваколiцах, дзе, здаецца, даўно ўжо перастралялi ўсю дзiчыну, ён амаль штодня знаходзiў здабычу. Калi раз на год на нашых палетках з'яўляўся заяц, Люк абавязкова высочваў яго i прыносiў у маёнтак. Як цяпер бачу: iдзе ён па доўгай алеi i радасна паказвае забiтага зайца, трымаючы яго за доўгiя вушы... Я заўсёды чуў, як на золку ён выходзiў з дому. Я адчыняў акно i чуў яго бадзёры голас:
      - Пайду пагляджу, як там мае вуды.
      Ён заўсёды глядзеў мне проста ў вочы i спакойна вытрымлiваў мой позiрк. I ён зусiм не баяўся мяне.
      Часам я ад'язджаў на некалькi дзён, а калi вяртаўся не папярэдзiўшы вас, то да мяне адразу даносiўся пах цыгар, на падлозе ў гасцiнай я не бачыў дывана i знаходзiў усе прыкметы перапыненага банкету. Толькi, бывала, я за дзверы Жэнеўева i Хюбэр запрашалi сваiх сяброў i наладжвалi баль, хоць я строга забаранiў гэта рабiць. А ты, Iза, патурала iм: "Няхай ужо, трэба ж неяк падтрымлiваць адносiны. Дый гасцiннасць нашу няхай людзi ведаюць..." У такiх выпадках толькi Люк мог прытушыць мой гнеў. Яго вы i падсылалi да мяне. А хлопчыку было смешна, што я наводжу на вас такi страх:
      - Ведаеш, я зайшоў у гасцiную. Яны ўсе там танцавалi, спявалi, а я ўзяў ды крыкнуў: "Дзядзька iдзе! Вунь па алеi!.." Ну i перапалох быў! Усе паразбягалiся! Цётка Iза i Жэнеўева схапiлi паднос з закускай i кулём на кухню!..
      Толькi для Люка я не быў страшыдлам. Часам я хадзiў з iм на рэчку паглядзець, як ён вудзiць рыбу. Гэтага няўрымслiвага хлопчыка, якi i хвiлiны не мог уседзець на месцы, тут нельга было пазнаць: ён увесь замiраў i гадзiнамi мог сачыць за паплаўком. I толькi рукi бясшумна рухалiся. Жэнеўева мела рацыю, калi гаварыла, што з яго не атрымаецца "лiтаратара". Сапраўды, яму i ў галаву не прыйшло б выйсцi вечарам на двор, любавацца начным небам, зоркамi, ззяннем месяца, з замiлаваннем слухаць птушыныя спевы, удыхаць пах роснай травы... Ён не мог захапляцца прыродай, не было ў яго гэтага пачуцця, бо сам ён быў часцiнкай прыроды, яе сiлай, яе чыстай крынiцай.
      Я ўсё думаў пра тое, якое невясёлае было яго маленства: мацi памерла, пра бацьку ў нашым доме забаранялася гаварыць... Пансiён, а там - усе чужыя. Адзiн сярод людской пустынi. Мне самому гэтага хапiла б, каб душа мая перапоўнiлася горыччу i нянавiсцю да ўсiх людзей. А з яго шчодрай крынiцай бiла радасць жыцця! Усе яго любiлi. Гэтага я зразумець не мог: мяне ж усе ненавiдзелi. А яго любiлi ўсе, нават я. Ён усiм ўсмiхаўся, i мне таксама...
      Усё ў гэтым хлопчыку было натуральнае, непасрэднае, чысте. Ён рос, i мяне ўсё больш здзiўляла яго шчырасць i дабрата. Нашы дзецi таксама добрыя, згодзен, Хюбэр быў "залатым хлопцам", як ты казала. Гэта, бясспрэчна, плён твайго выхавання. Калi б Люк яшчэ пажыў на свеце i стаў дарослым мужчынам, яму можна было б ва ўсiм даверыцца. Яго чысцiня не была штучнай, выхаванай, набытай: гэта была празрыстая чысцiня ручая, дзе высвечваецца кожны каменьчык, кожная жвiрынка. Усё яго аблiчча iскрылася чысцiнёй, як iскрыцца раса на мурожнай траве. Чысцiня... Я наўмысна так вылучаю гэтую рысу нашага Люка, таму што яна глыбока закранула мяне. Твае прынцыпы, твае грубыя намёкi, твае бясконцыя грымасы, твае падцiснутыя губы не маглi мне даць яснага разумення сутнасцi зла. А спасцiг я гэта дзякуючы Люку. Ты ўсё гаворыш, што чалавецтва асуджана Богам вечна насiць на сабе пячаць першароднага грэху, але нiхто не знайшоў бы гэтай гнойнай балячкi ў нашага Люка: ён па сваёй прыродзе беззаганны, прыгожы. А я... побач з iм я балюча адчуваў сваю пачварнасць...
      Цi можна сказаць, што я любiў яго, як сына? Не, я любiў яго якраз за тое, што ён не меў нiчога агульнага са мной. Я добра бачу, якiя рысы атрымалi ад мяне ў спадчыну Жэнеўева i Хюбэр: сквапнасць, прагу да матэрыяльнага багацця, пагардлiвасць, уладарнасць (Жэнеўева бязлiтасна абыходзiцца са сваiм мужам i такая ж высакамерная, як i я). А Люк зусiм iншы. Я ведаў: у iм не знайсцi мне свайго падабенства.
      Большую частку года я пра яго амаль не ўспамiнаў. Бацька забiраў яго з пансiёна да сябе на Новы год i на вялiкдзень, i толькi на лета хлопчык прыязджаў да нас. А ў кастрычнiку, калi адляталi з нашых мясцiн пералётныя птушкi, знiкаў i Люк.
      Цi быў ён набожны? На гэты конт ты гаварыла так:
      - Нават гэты дзiкi звярок паддаўся ўплыву езуiтаў. У нядзелю нiзашто не прапусцiць месы, ходзiць да споведзi, прычашчаецца... Молiцца ён не вельмi старанна, усё спяшаецца, але што з яго патрабаваць?!
      Пра веру, пра Бога мы нiколi з iм не гутарылi. Ён любiў гаварыць пра канкрэтныя рэчы. Часам, калi Люк даставаў з кiшэнi складаны ножык, паплавок цi дудачку, каб заваблiваць жаваранкаў, на траву падаў i яго маленькi чорны ружанец. Хлопчык хуценька падымаў яго i клаў назад у кiшэню. У нядзелю ранiцай ён, бадай, выглядаў больш сур'ёзным, ураўнаважаным, сталым, i здавалася, што хтосьцi яшчэ ноччу ўсклаў на яго худыя плечы нейкi нябачны цяжкi груз.
      У Люка было багата чаго, што прывязвала мяне да яго. Магчыма, гэта здасца табе дзiўным, але я хачу расказаць вось яшчэ пра што. У тыя нядзельныя ранкi не раз пазнаваў я ў гэтым хлопчыку брата нашай маленькай Мары, што назаўсёды пайшла ад нас дванаццаць гадоў таму назад. Сапраўды дзiўна: характарам Мары была зусiм непадобная да яго: яна ж i мухi пакрыўдзiць не магла... А як любiла яна "лячыць раны на дрэвах": убачыць дупло - абавязкова абкладзе яго мохам i паставiць туды статуэтку багародзiцы, помнiш? Дык вось, у гэтым "звярку", як ты яго называла, для мяне ўваскрасала наша Мары...
      У пачатку вайны Люку было амаль пятнаццаць гадоў. Забралi ў войска Хюбэра. Калi ён праходзiў медыцынскую камiсiю, ты месца сабе не знаходзiла: яго здароўе, якое раней прыносiла табе столькi страху i перажыванняў, цяпер стала тваёй надзеяй. Яшчэ перад мабiлiзацыяй Хюбэра, калi нудная канцылярская работа цi якiя-небудзь непрыемнасцi ўзбуджалi ў iм жаданне пайсцi на фронт добраахвотнiкам, ты пачынала адкрыта гаварыць кожнаму стрэчнаму тое, што раней так старанна ад усiх утойвала: "Ды якi з яго салдат?! З яго здароўем?! З яго хваравiтай спадчыннасцю..."
      Не бойся, бедная мая Iза, што я кiну ў цябе камень. Я нiколi цябе не цiкавiў, а ў тую пару - тым больш. I ты тады зусiм не заўважала, як пасля кожнай ваеннай аперацыi нарастала ў маёй душы трывога. Мабiлiзавалi i бацьку Люка. Яго накiравалi ў нейкае мiнiстэрства. Цяпер Люк быў з намi не толькi летам, але i на Новы год, i на вялiкдзень. Ад вайны хлопчык быў у захапленнi, i ўсё баяўся, што ваенныя дзеяннi скончацца, пакуль яму споўнiцца васемнаццаць гадоў. Раней яго нiхто не бачыў з кнiгай. А цяпер ён глытаў раманы пра вайну, чытаў спецыяльныя працы, вывучаў карты, кожны дзень займаўся фiзiчнымi практыкаваннямi. У шаснаццаць гадоў гэта быў ужо сапраўдны мужчына. Размовы пра параненых i забiтых яго зусiм не цiкавiлi. З самых страшных апавяданняў пра кроў i ахвяры, пра жыццё ў акопах, якiя я прымушаў яго чытаць, ён ствараў сабе ўласнае ўяўленне пра вайну - грандыёзнае спартовае спаборнiцтва, куды нельга спазнiцца. Ах, як жа ён баяўся спазнiцца. А ў яго ў кiшэнi ўжо ляжаў бацькаў дазвол... Наблiжаўся пагiбельны студзень 1918 года, калi Люку павiнна было споўнiцца васемнаццаць... Я з трывогай сачыў за кар'ерай старога Клемансо*. Так, мусiць, некалi бацькi зняволеных дзяцей чакалi падзення Рабесп'ера i спадзявалiся, што тыран згiне раней, чым iх сыны стануць перад судом.
      * Жорж Клемансо (1841-1929), французскi палiтычны дзеяч; у 1917-1920 гг. старшыня савета мiнiстраў i ваенны мiнiстр.
      Калi Люк быў у лагеры, у Сужы, i праходзiў там пачатковую падрыхтоўку, ты пасылала яму цёплую вопратку, усялякiя ласункi, але гаварыла часам такiя словы, за якiя я быў гатовы забiць цябе, Iза: "Шкада будзе, калi беднага хлопчыка заб'юць... Але што зробiш... На ўсё воля божая... Добра, што ён хоць не пакiнуў пасля сябе сiрот..." Я прызнаю, што ў гэтых словах, вядома, нiчога ганебнага не было...
      I вось надышоў дзень, калi я зразумеў, што спадзявацца няма на што: не скончыцца вайна раней, чым Люка адправяць на перадавую. Калi немцы прарвалi фронт у Шмэн-дэ-Дам, Люк прыехаў да нас развiтацца, - на два тыднi раней, чым меркавалася. Як гэта кепска! Набяруся мужнасцi i нагадаю табе яшчэ адну страшную падрабязнасць, ад якой я i цяпер яшчэ з крыкам прачынаюся начамi. У той дзень я пайшоў у свой кабiнет i дастаў з пiсьмовага стала скураны пояс, якi спецыяльна заказаў у рымара. Я стаў на лаўку i паспрабаваў падсунуць да сябе гiпсавую галаву Дэмасфена, якая стаяла на самым версе кнiжнай шафы. Але мне гэта было не пад сiлу. Галава была бiтком набiта залатымi манетамi. Тады я прыгаршчамi набраў манет, якiмi даражыў больш за ўсё на свеце, i запхнуў iх у пояс. Калi я злез з лаўкi, гэтая скураная змяя, што праглынула столькi золата, абвiлася вакол маёй шыi i цяжка цiснула на патылiцу.
      Я сарамлiва падаў пояс Люку. Ён спачатку нiчога не зразумеў:
      - А навошта мне гэта? Што я з iм...
      - О! Люк! Гэта табе яшчэ як спатрэбiцца! А раптам у палон трапiш... Ды цi мала што!.. З золатам, брат, нiколi не прападзеш!
      - Дзядзька! - засмяяўся ён. - У мяне i так барахла хапае. Няўжо ты падумаў, што я яшчэ павалаку з сабой гэты пояс? Ды ў першай жа атацы я выкiну яго ў кустах.
      - Але, хлопчык, дарагi, у пачатку вайны ўсе, хто меў золата, бралi яго з сабой.
      - Яны проста не ведалi, што iх чакае на фронце.
      Ён стаяў пасярод пакоя. Потым кiнуў залаты пояс на канапу. Якiм жа кволым здаўся мне тады гэты дужы здаровы юнак у вайсковай форме не па росту. З шырокага каўняра выступала тоненькая дзiцячая шыйка. Валасы ўжо былi падстрыжаны нагала, i ад гэтага твар страцiў своеасаблiвасць, стаў такiм, як i ва ўсiх салдат. Ужо яго падрыхтавалi да смерцi, ужо "прыбралi", як i ўсiх астатнiх, ужо нельга адрознiць яго ад iншых, ужо стаў ён безыменным, невядомым, ужо прапаў... Люк яшчэ раз абыякава глянуў на пояс, потым узняў вочы на мяне. У позiрку яго была насмешка, пагарда... I ўсё ж ён абняў, пацалаваў мяне на развiтанне. Разам мы выйшлi на двор. Ён адышоўся на некалькi крокаў, яшчэ раз глянуў на мяне i цiха сказаў:
      - Здаў бы ты ўсё гэта ў Французскi банк.
      А я ўжо нiчога не бачыў: слёзы засляпiлi вочы... Чуў толькi, як ты, смеючыся, адказала яму:
      - Ого! Чаго захацеў?! Такога ад яго не дачакаешся.
      Доўга стаяў я на ганку... I раптам ты спыталася:
      - Прызнайся, ты ж ведаў, што ён не возьме золата? Гэта што? Прыгожы жэст?
      I тут я ўспомнiў, што пояс застаўся на канапе. А слугi - народ цёмны! Нiколi не ведаеш, чаго ад iх чакаць...
      Я хуценька пайшоў да сябе, ускiнуў пояс на плечы i зноў высыпаў золата ў галаву Дэмасфена.
      Праз некалькi дзён памерла мама, а я амаль не памятаю гэтага. Апошнi час яна цяжка хварэла i жыла не з намi. Цяпер вось кожны дзень я думаю пра яе, i паўстае перада мною мама маладая, здаровая, прыгожая, якой была яна ў днi майго маленства. А вобраз нямоглай, хворай старой чамусьцi сцёрся ў памяцi. Ненавiджу хадзiць на могiлкi, а да мамiнага помнiка часам хаджу. Раней прыносiў кветкi, цяпер перастаў, бо iх усё роўна крадуць. Беднякi прыходзяць красцi ружы багацеяў, каб пажывiцца за кошт нябожчыкаў. Трэба было б паставiць абгародку, ды пры цяперашнiх цэнах гэта дорага каштуе... Люк... Бедны хлопчык... У цябе i магiлкi няма. Ён прапаў - так i лiчыцца: "прапаў без вестак". Я нашу ў бумажнiку тую адзiную паштоўку, якую ён паспеў мне напiсаць: "Усё iдзе добра. Пасылку атрымаў. Моцна цалую". Так i напiсаў: "Моцна цалую". Такi сказаў мне добрае слова бедны мой хлопчык...
      XI
      Сёння ўночы прачнуўся ад удушша. Давялося ўставаць. Ледзь давалокся да крэсла i пад сумнае завыванне ветру перачытаў апошнiя старонкi сваiх запiсак. Божа мой! Якую мярзотнасць маёй душы яны адкрываюць!.. Перад тым як зноў пiсаць, я пасядзеў ля акна. Вецер сцiх. Неба праяснiлася. Спакойна спаў гарадок. I нечакана ў тры гадзiны ночы зноў наляцеў вецер, прагрукатаў па небе гром i па чарапiчным даху моцна забарабанiлi цяжкiя, халодныя кроплi дажджу. Я нават спалохаўся, што гэта, можа, град. Закалола ў сэрцы. Толькi-толькi адцвiлi вiнаграднiкi, узялася завязь будучага ўраджаю - i на табе: такi лiвень! Як наўмысна!..
      А зрэшты, што мне да таго ўраджаю?! Увесь ураджай са свайго жыццёвага загону я ўжо сабраў. Мне застаецца толькi адно: пакуль ёсць час, спазнаць трохi лепш самога сябе... Паслухай, Iза, пасля маёй смерцi ты знойдзеш у сейфе сярод папер адзiн дакумент, якi засведчыць табе маё апошняе жаданне. Склаў я гэты дакумент праз некалькi месяцаў пасля смерцi Мары, калi я i сам цяжка хварэў. Там ты знойдзеш прыблiзна такiя словы: "Калi перад смерцю я згаджуся пачуць апошняе слова святара, то цяпер, пры здаровым розуме i яснай памяцi, я загадзя пратэстую супраць такога гвалту над маёй разумовай i фiзiчнай слабасцю з мэтай дабiцца ад мяне таго, чаго мая душа не прымае".
      Дык вось, я павiнен прызнацца табе, што за апошнiя месяцы, калi я зноў i зноў азiраю свой жыццёвы пiлях, пiльна ўглядаюся ў свой унутраны свет, мне становiцца ўсё ясней i ясней: менавiта цяпер мяне прыцягвае да сябе вучэнне Хрыста. I цяпер я не адмаўляю таго, што i ў мяне, можа, знойдзецца дарога, якая прывядзе мяне да Бога. Калi б мне ўдалося памяняць свае адносiны да сябе, палюбiць сябе, мне было б лягчэй знайсцi гэтую дарогу... Але ўва мне столькi жорсткасцi, столькi душэўнай скупасцi... Адзiнае, што мне добра ўдаецца, гэта выклiкаць ва ўсiх нянавiсць i ствараць вакол сябе пустыню. Значыць, застаецца мне толькi адно - надзея!.. Я вось што думаю, Iза: не дзеля вас, праведнiкаў, сыходзiў твой Бог на зямлю, а дзеля нас, грэшнiкаў... Нiчога ты пра мяне не ведаеш... Нi пра мяне, нi пра маю душу... Магчыма, гэтыя старонкi, што ты прачытала, хоць трохi зменшаць тваю нянавiсць да мяне. Ты ўбачыш, што былi ў мяне i патаемныя добрыя пачуццi, якiя абуджалi ўва мне Мары сваёй дзiцячай ласкай ды наш няшчасны Люк...
      Iза, не падумай, што я строю з сябе нейкага пакрыўджанага анёла. Сваё сэрца я добра ведаю: гэта - клубок гадзюк. Яны кiшаць у мяне ўнутры, душаць маё сэрца, пранiзваюць яго сваiмi джаламi, i ледзьве-ледзьве яно ўжо б'ецца. I нельга разблытаць гэты ядавiты клубок! Яго можна толькi рассекчы ўдарам вострага мяча: "Не мiр, а меч прынёс я вам" - так, здаецца, казаў твой Хрыстос.
      Не ведаю, Iза, можа, заўтра я адракуся ад таго, што тут нагаварыў табе, як адрокся ад свайго апошняга жадання, выказанага трыццаць гадоў таму назад. Можа, ты мне i даруеш усё. Я i сёння ненавiджу ўсiх тых, хто толькi называе сябе хрысцiянамi... А хiба мала такiх, хто на самай справе глумiцца над верай i над iмем божым?! "Але табе, мярзотнiку, хто даў права судзiць iх?" спытаешся ты. Iза, а цi няма ў маёй мярзотнасцi чагосьцi блiжэйшага да тваёй веры, чым у iх, у гэтых "дабрачынных"? Можа, маё пытанне здасца табе блюзнерствам? Ну, а як мне даказаць табе, што праўда на маiм баку? Чаму ты нiколi не гаворыш са мной? Магчыма, ты i знайшла б тое слова, ад якога маё сэрца адтала б? Сёння ноччу мне ўсё здаецца, што, можа, нам яшчэ няпозна пачаць жыць па-новаму. А што, калi сёння, не чакаючы смерцi, аддаць табе гэтыя старонкi?! I прасiць цябе, i малiць iмем Бога твайго, каб дачытала iх да канца?! I дачакацца таго моманту, калi ты дойдзеш да апошняга радка! I тады б я ўбачыў, як ты заходзiш у мой пакой уся ў горкiх слязах! I ты раскiнула б рукi для абдымкаў! I я папрасiў бы цябе дараваць!
      I мы абое ўпалi б адно перад адным на каленi!..
      Бура, мусiць, уцiхамiрылася. Зноў на небе загарэлiся бляклыя зоркi. Хутка пачне свiтаць... Мне здалося, што зноў пайшоў дождж, але не, гэта ад подыху ветру падаюць кроплi з лiсця дрэў. Цi не легчы мне ў пасцель? Можа, будзе лягчэй? Стамiўся я, няма ўжо больш сiлы пiсаць, i я адкiдваюся на цвёрдую спiнку крэсла...
      Нейкае змяiнае шыпенне... Потым - маланка на ўсё неба i магутны выбух. I надышла злавесная цiшыня... Зноў на пагорках пачалi ўзрывацца бомбы, якiя кiдаюць вiнаградары, каб адагнаць градавыя хмары. Град - гэта велiзарнае бедства для нашых мясцiн. З боку суседнiх памесцяў Сатэрн i Барзак узлятаюць у неба ракеты. У Сэн-Венсэне на ўсю моц б'юць у званы ў надзеi адвесцi градабой... I раптам па чарапiцы застукала, нiбы нехта зверху сыпануў прыгаршчы маленькiх каменьчыкаў... Град! Раней, у былыя часы, нiхто не ўтрымаў бы мяне ў пасцелi i я пабег бы да акна. Было чуваць, як з грукатам адчыняюцца аканiцы ў спальнях. Ты крыкнула нейкаму чалавеку, што перабягаў цераз двор: "Моцны град?" - "Моцны. Добра яшчэ, што з дажджом..." Па калiдоры пратупалi босыя дзiцячыя ножкi, - вiдаць, ад шуму прачнуўся нехта з малых. Я па прывычцы прыкiнуў: "Не менш як сто тысяч франкаў паплыло", але з месца не зварухнуўся. А калiсьцi!.. О, я даўно ўжо быў бы на полi!.. Помню, неяк раз знайшлi мяне ноччу сярод вiнаграднiку - у хатнiх тапачках, са свечкай у руцэ, а на галаву мне падаў буйны град... Туды цягнуў мяне прыроджаны сялянскi iнстынкт, мне хацелася кiнуцца на зямлю i прыкрыць вiнаграднiкi сваiм целам, уратаваць iх ад градабою... Але сёння ўсё маё багацце стала мне чужым, непатрэбным. Нарэшце я вызвалiўся з гэтых путаў i выйшаў на новую дарогу. Нейкая сiла падштурхоўвае мяне: "Iдзi! Iдзi!.." Што гэта? Сляпая сiла? Любоў? Можа, i любоў...
      Частка другая
      XII
      Парыж. Вулiца Брэа.
      I чаму мне ўздумалася ўзяць з сабой гэты сшытак? Што рабiць цяпер з маiм доўгiм пасланнем? Памiж мною i вамi ўсё скончана. Ты, Iза, каму я адкрыў тут усю сваю душу, не павiнна больш iснаваць для мяне. Дык навошта мне зноў садзiцца за гэтыя запiскi? Але я зноў бяру ў рукi пяро: мне трэба пiсаць, мне трэба выгаварыцца - у гэтым мой паратунак i мая адзiная ўцеха... Якiя дзiўныя радкi напiсаў я ў тую ноч, калi град пабiў вiнаграднiкi!.. Няўжо я стаяў на мяжы вар'яцтва? Не, не, не трэба гаварыць нi пра якае вар'яцтва. Нельга нават ужываць тут гэтае слова, бо сваякi мае здольныя на ўсё i слова гэтае павернуць супраць мяне, калi, не дай Бог, гэтыя старонкi трапяць iм у лапы. Цяпер мае запiскi маюць адрасата, i трэба будзе iх спалiць, як толькi я адчую сябе горш... Застаецца, праўда, адзiн чалавек, якому я магу iх перадаць... Гэта мой сын, якога я прыехаў шукаць у Парыжы. Нiколi мы з iм не бачылiся, але ён ёсць, ён жыве тут, у гэтым горадзе. Як мне хацелася расказаць Iзе пра яго iснаванне на тых старонках, дзе я намякаў пра свой любоўны раман у 1909 годзе. Я ледзьве не прагаварыўся, што мая палюбоўнiца была цяжарная ад мяне, калi ад'язджала ў Парыж...
      Я лiчыў сябе чалавекам добрым i велiкадушным, бо да вайны пасылаў мацi i малому па шэсць тысяч франкаў у год. Нiколi я i не падумаў пра тое, каб павялiчыць гэтую суму...
      Я знайшоў мацi i сына... I, вядома, моцна вiнаваты перад iмi. Жывуць яны ў нястачы, задыхаюцца ад цяжкай, няўдзячнай працы. Я таму i наняў сабе пакойчык у гэтым квартале, каб быць блiжэй да iх. Кватэрка мая цесная. Ложак, шафа ды столiк - вось i ўвесь абсталюнак. А якi грукат на вулiцы! У мой час на Манмартры было цiха, спакойна. А цяпер, здаецца, тут знайшлi сабе прытулак усе парыжскiя прыдуркi, якiя нават ноччу не могуць утаймавацца. Мае дарагiя дамачадцы i то не так шумелi ў тую ноч, калi я ўсё пачуў i ўбачыў на свае вочы... Але якi сэнс зноў вяртацца да гэтага?.. Не, трэба расказаць i пра гэта... Можа, мне будзе лягчэй, калi i гэты чорны ўспамiн я далучу да сваiх запiсак, якiм нядоўга ўжо засталося iснаваць... А зрэшты, навошта мне iх палiць? Мой сын i спадчыннiк мае права ўсё ведаць пра мяне. А раптам гэтая мая споведзь хоць трохi наблiзiць яго да мяне?..
      Ды дзе там... Варта было мне раз, другi яго пабачыць, як я зразумеў, што гэта за птушка. Не той гэта чалавек, якi зацiкавiцца маiм рукапiсам. Хiба тут у чым разбярэцца гэты нiкчэмны прыказчык, гэты атупелы дзяцюк, для якога адзiная ўцеха ў жыццi - скачкi на iпадроме.
      Ноччу, калi цягнiк падыходзiў да Парыжа, я страшэнна нерваваўся. Мне ўяўлялася, як пасыплюцца на мяне справядлiвыя папрокi, i я загадзя рыхтаваўся да абароны... Ах, як лёгка паддаёмся мы ўплыву лiтаратурных i тэатральных шаблонаў!.. Я быў перакананы, што ў майго незаконнага сына душа перапоўнена горыччу i высокiмi пачуццямi. Ён мне бачыўся то высакародным, як Люк, то прыгожым, як Фiлi... Я ўсё прадбачыў, толькi не тое, што ён будзе падобны да мяне... Няўжо ёсць такi бацька, якому прыемна, калi яму гавораць: "А ведаеце, ваш сын вельмi падобны да вас!" Божа, як жа я сябе яшчэ раз узненавiдзеў, калi з жахам убачыў перад сабой свой уласны прывiд. Я любiў Люка i гатовы быў прызнаць яго сваiм сынам, можа, якраз за тое, што ў iм нiчога не было ад мяне. Трэба прызнаць, што i Рабэр, гэты парыжскi басяк, сiм-тым адрознiваўся ад мяне: ён ад прыроды тупаваты, не змог вытрымаць нiводнага экзамену i ўрэшце назаўсёды закiнуў вучобу. А мацi з апошнiх сiл выбiвалася, каб даць адукацыю гэтаму пню. I вось... Як гэта можна дараваць?! Часам яна не можа стрымацца i пiлуе свайго безгаловага сынка за яго няздатнасць да навукi. А ён сядзе, панурыць галаву, а ў самога душа не на месцы за тыя грошы, што пусцiлi на вецер... Любiць грошы... Вось у гэтым ён i сапраўды мой сын. Але не хапае ў яго фантазii, каб уявiць, якое багацце я яму хутка перадам. Не можа ён паверыць у такi цуд. Праўду кажучы, i мацi, i ён сам чагосьцi баяцца: "Гэта ж незаконна... могуць потым яшчэ пасадзiць..."
      Мажная няўклюдная жанчына... Бледны маршчынiсты твар... Выцвiлыя рэдкiя валасы... Непрыгожыя спрацаваныя рукi... Якая карыкатура на тую маладзiцу, што я калiсьцi кахаў! Яна ўглядаецца ў мяне сваiмi яшчэ прыгожымi вачыма: "Калi б я сустрэла вас на вулiцы, - гаворыць яна мне, - напэўна, не пазнала б". А я? Хiба я пазнаў бы яе? Я чакаў ад яе ўсяго: папрокаў, злосцi, помсты, толькi не гэтай маркотнай абыякавасцi. Яна асунулася, атупела ад штодзённай нуднай працы ў нейкай канторы. Усяго на свеце баiцца. Асаблiва асцерагаецца судовых улад, з якiмi ў яе былi калiсьцi непрыемнасцi. А я ж так падрабязна растлумачыў ёй i Рабэру свой план. Рабэр набудзе ў якiм-небудзь банку сейф на сваё iмя, а я перанясу туды сваё золата, грошы i каштоўныя паперы. Ён дасць мне даверанасць на права карыстацца сейфам i абавязацельства, што сам не дакранецца да гэтага сейфа да дня маёй смерцi. Я, безумоўна, хачу, каб Рабэр напiсаў заяву, у якой ён прызнае, што ўсе скарбы ў сейфе належаць мне. Не магу ж я цалкам аддаць сябе ва ўладу гэтага незаконнага сынка. Я яго зусiм мала ведаю. Мацi i сын пярэчаць, што пасля маёй смерцi гэтыя дакументы абавязкова знойдуць i тады пачнецца... Ну i iдыёты! Нiяк не хочуць даверыцца мне! Я паспрабаваў iм давесцi, што ў такiм выпадку можна падключыць майго даверанага Буру, з якiм я вяду справы ўжо сорак гадоў i якi абавязаны мне ўсiм. У яго захоўваецца мой пакет з надпiсам: "Спалiць у дзень маёй смерцi", i няма нiякiх сумненняў, што ён абавязкова гэта зробiць. Вось у той пакет я i пакладу заяву Рабэра. А я абсалютна перакананы, што Буру ўсё спалiць, - тым больш што ў гэтым пакеце ляжаць сякiя-такiя дакументы, якiя яму асабiста выгадна кiнуць у агонь.
      Але Рабэр i мацi зноў баяцца, што Буру нiчога не спалiць i пачне iх шантажыраваць. Шчыра кажучы, я i сам пра гэта падумаў i вырашыў перадаць iм некаторыя дакументы, якiх будзе дастаткова, каб адправiць Буру на катаргу, калi ён пачне што вытвараць. Такiм чынам, Буру будзе вымушаны спалiць заяву Рабэра ў iх на вачах i толькi тады атрымае ў свае рукi дакументы, што кампраметуюць яго. Ну, чаго можна яшчэ хацець?
      Але да старой iдыёткi i маладога невука нiчога не даходзiць! Я iм аддаю мiльёны, а яны, замест таго каб кiнуцца мне ў ногi, пачынаюць спрачацца, сумнявацца... Нават калi б тут i была нейкая рызыка, - дык ёсць жа за што рызыкаваць! Не, усё роўна не хочуць падпiсваць заявы: "Потым жа давядзецца плацiць падаходны падатак, а тады ў нас i спытаюць: "Адкуль у вас узялося такое багацце?.."
      Ах, як жа трэба ненавiдзець сваю сям'ю, каб не выгнаць гэтых двух псiхапатаў i назаўсёды не замкнуць перад iмi дзверы!.. Яны цяпер баяцца маiх законных спадчыннiкаў: "Ды яны ж усё разнюхаюць i пададуць на нас у суд..." Рабэру i яго мацi ўжо здаецца, што мая жонка i дзецi паднялi на ногi палiцыю i сочаць за мной. Таму сустракацца цяпер са мной можна толькi ноччу дзе-небудзь на ўскраiне горада. Ды хiба ў маiх гадах, з маiм здароўем можна не спаць начамi i раз'язджаць на таксi! Не думаю я, каб мае дамачадцы што западозрылi: не ўпершыню я паехаў у падарожжа адзiн. I адкуль iм ведаць, што ў тую ноч у Калезе я, нябачны iм, прысутнiчаў на iх ваенным савеце. Ва ўсякiм разе, яны яшчэ не паспелi асачыць мяне ў Парыжы. I на гэты раз нiшто i нiхто не перашкодзiць мне дамагчыся свайго! А з таго моманту, калi Рабэр прыме маю прапанову, я буду спаць спакойна. Але ён баязлiвец, i ўгаворваць яго, вiдаць, давядзецца доўга...
      Сёння вечарам, трынаццатага лiпеня, на рагу вулiцы Брэа iграе аркестр. Кружацца пары...
      О, цiхi, спакойны Калез! Успамiнаю сваю апошнюю ноч у гэтым гарадку... Я тады не паслухаўся доктара, выпiў таблетку вераналу i моцна заснуў. Нечакана я прачнуўся, глянуў на гадзiннiк: была гадзiна ночы. Да мяне данеслася гамонка. Я насцярожыўся. Акно ў пакоi было адчынена. Я прыслухаўся - нi на двары, нi ў гасцiнай нiкога няма. Я пайшоў у ванную - там акно выходзiць на поўнач, гэта значыць да пад'езда. Бачу - уся сямейка на ганку. У такi познi час там няма каго баяцца: навокал - нi душы, а на той бок выходзяць вокны толькi з калiдора i ванных пакояў.
      Ноч была цёплая i цiхая. Калi размова спынялася, я мог нават чуць частае дыханне Iзы... Кожнага свайго ворага я пазнаваў па голасе, смеху... I вось я на свае вушы пачуў:
      - А ты ўпэўнена, мама, што ў сейфе няма каштоўных папер? Жмiнды заўсёды неасцярожныя... Ты ўспомнi пра золата, якое ён хацеў аддаць Люку. Дзе ён яго хаваў?
      - Не, у сейфе нiчога каштоўнага няма. Ён даўно здагадаўся, што я ведаю шыфр, якiм адмыкаецца замок: "Мары". У сейф ён лазiць толькi тады, калi яму трэба паглядзець квiтанцыi на страхоўку або на падаткi.
      - Мама, гэта ж вельмi важна. Мы i па квiтанцыях можам лёгка вызначыць суму яго даходаў.
      - Не, там толькi паперы, якiя маюць дачыненне да нерухомай маёмасцi. Я ўжо глядзела.
      - Што ж, гэта таксама цiкава. Значыць, ён прыняў усе меры перасцярогi.
      Фiлi пазяхнуў i прамармытаў:
      - Ну i кракадзiл! I пашэнцiла мне нарвацца на такога кракадзiла!
      - Калi хочаце ведаць маю думку, - сказала Жэнеўева, - то мне здаецца, нiчога мы не знойдзем i ў тым сейфе, якi захоўваецца ў Лiёне... Ты што, Янiна?
      - Мама, ды што ж гэта такое?! Усе кажуць, што ён трохi любiць цябе. А Хюбэр, Жэнеўева! Няўжо, калi вы былi малыя, ён нi разу не гуляў з вамi, не песцiў вас?! Значыць, вы самi вiнаватыя. Не ўмелi ўзяць яго ласкай. Трэба было круцiцца каля яго, лашчыцца. Я ад яго чаго хочаш дамаглася б, ды толькi ён не можа глядзець на майго Фiлi...
      Хюбэр перапынiў сваю пляменнiцу:
      - Дорага нам абыдзецца нахабства твайго мужа.
      Пачуўся смех Фiлi. Я трохi нахiлiўся i ўбачыў, як полымя запальнiчкi на секунду асвяцiла яго круглы падбародак i тоўстыя губы.
      - Ну, хопiць! Выходзiць, што ён толькi мяне i чакаў, каб вас узненавiдзець.
      - Але ж раней ён нас не так ненавiдзеў.
      - А ўспомнiце вы, што расказвала бабуля. Як ён пашкадаваў сваю дачку, сваю маленькую Мары? Пляваць яму было на яе! На магiлку так нiколi i не схадзiў!..
      - Не, Фiлi, вы ўжо залiшне далёка зайшлi. Калi ён i любiў каго на свеце, то толькi Мары.
      Калi б Iза не сказала сваiм слабым, дрыготкiм голасам гэтых слоў, я не змог бы сябе стрымаць.
      Умяшалася Жэнеўева:
      - Ну, а каб Мары i засталася жыць, мы ўсё роўна нiчога ад гэтага не мелi б. Ён усё аддаваў бы ёй...
      - Ды сцiхнiце вы! Ён i яе ўзненавiдзеў бы, як усiх астатнiх. Гэта ж пачвара, а не чалавек!..
      Iза зноў спынiла Фiлi:
      - Прашу вас, не гаварыце так пра майго мужа, ды яшчэ пры мне i яго дзецях. Вы павiнны ставiцца да яго з павагай.
      - З павагай! З павагай!.. Вялiкая мне радасць параднiцца з такой сямейкай!..
      Жэнеўева суха адрэзала яму:
      - Вас нiхто не прымушаў i не цягнуў сюды.
      - А нашто ж тады было пускаць туман у вочы: "Ах, у нас грошы, у нас такiя надзеi..." Ну во, цяпер Янiна раве! Чаго ты? Што я такога сказаў?.. Ох, як жа ўсё гэта абрыдзела!
      Усе змоўклi. Чуваць было толькi, як усхлiпвае Янiна. Нехта (не змог я пазнаць голасу) сказаў: "Якая зорная ноч!"
      - Ужо позна, дзецi мае. Дзве гадзiны. Пара спаць.
      Хюбэр занепакоiўся: як можна разыходзiцца, калi нiчога так i не вырашылi. А цяпер - самы час дзейнiчаць. Яго падтрымаў Фiлi.
      - Ды ён не сёння-заўтра Богу душу аддасць, а тады ўжо нiчога не зробiш. Усё прадугледзеў, стары кракадзiл...
      - Пачакай, памаўчы, Фiлi. Паслухайце, дзецi мае, усё, што магла, я зрабiла.
      - Не, не ўсё, - запярэчыў Хюбэр.
      I ён штосьцi пачаў шаптаць. Што? Нiчога я не змог разабраць. Значыць, самае цiкавае, самае галоўнае застанецца для мяне таямнiцай... Нарэшце загаварыла Iза. Па яе голасе я зразумеў, што яна чымсьцi ўсхваляваная, перапалоханая:
      - Не, не! Я не магу, не хачу...
      - Справа не ў тым, мама, хочаш ты цi не хочаш. Нам трэба ратаваць нашу спадчыну - вось i ўсё.
      Зноў пачулiся неразборлiвыя шэпты. Iзноў голас Iзы:
      - Гэта вельмi жорстка, сынок.
      - Бабуля, няўжо вам захацелася стаць яго супольнiцай? Ён абкрадае нас, пазбаўляе спадчыны, а вы будзеце маўчаць?! Яму ж гэта якраз на руку!
      - Янiна, мiлая, як ты можаш!..
      Бедная Iза, колькi бяссонных начэй правяла яна над яе калыскай! Забрала яе да сябе ў пакой, таму што бацькi хацелi спаць спакойна, а нiякая нянька не згаджалася заставацца з гэтай плаксай...
      А Янiна рэзкiм нахабным тонам гаварыла (Ох i даў бы я ёй за такi тон!):
      - Мне цяжка гаварыць вам такое, бабуля, але гэта мой абавязак.
      Абавязак! Яе абавязак! Вось як яна заспявала, калi спалохалася, што яе можа кiнуць гэты гультай...
      Жэнеўева падтрымала сваю дачку:
      - Я так разумею: твая слабасць, мама, давядзе да таго, што ты будзеш з iм заадно.
      Iза цяжка ўздыхнула:
      - А можа, лепш было б напiсаць яму пiсьмо?
      - Ну што ты, мама! Якiя пiсьмы?! - забубнiў Хюбэр. - Гэтыя пiсьмы нас i загубяць! Спадзяюся, ты яшчэ не напiсала яму?
      Iза прызналася, што два цi тры разы пiсала мне.
      - Ну, а там хоць не было нiякiх пагроз, абраз?..
      Iза маўчала, баялася прызнацца. А я... я цiха смяяўся. Як каштоўную рэлiквiю я захоўваў яе тры пiсьмы: у двух яна лаяла мяне на чым свет стаiць, а трэцяе было амаль пяшчотнае. Такiм чынам, гэтага было дастаткова, каб прайграць працэс, калi б дзеткi праз сваю дурноту ўгаварылi яе падаць на мяне ў суд i патрабаваць скасавання шлюбу... Цяпер усе захвалявалiся, загаварылi, так бывае з сабакамi: адзiн гаўкне - i ўся зграя адразу залiваецца брэхам.
      - Бабуля, скажыце, - могуць быць у яго небяспечныя для нас пiсьмы?
      - Думаю, што не... Праўда, Буру, ну, гэты павераны з Сэн-Венсана, неяк аднойчы сказаў мне жаласлiвым тонам (хоць я не надта давяраю гэтаму прайдзiсвету i крывадушнiку): "Ах, мадам, i трэба ж было вам яму напiсаць! Гэта ж такая неасцярожнасць!.."
      - Дык усё-такi што ты там напiсала?
      - У адным пiсьме былi даволi рэзкiя папрокi, - гэта пасля смерцi Мары. Другi раз я напiсала яму ў дзевяцьсот дзевятым годзе. Тады ён, ведаеце, звязаўся з адной дамай... Гэта было вельмi сур'ёзна, i я была абавязана напiсаць.
      Хюбэр замармытаў:
      - Вунь яно што! Гэта ж вельмi важна. Ну, ну... Далей...
      Iза супакоiла ўсiх i сказала, што ў трэцiм пiсьме яна напiсала, што была залiшне рэзкай, зняла з мяне свае папрокi i прызнала сябе вiнаватай.
      - Ах, Божа! Ды тут сам чорт не разбярэцца! Трэба ж столькi глупства натварыць!
      - У такiм выпадку яму няма чаго баяцца разводу...
      - Але чаму ўжо ўсе вы так ўпэўнены, што ў яго адны чорныя задумы супраць вас?
      - Мама! Ты што?! Сляпы i той убачыў бы яго намеры! Усе свае фiнансавыя справы трымае ў сакрэце. А яго намёкi? А словы Буру, памятаеш: "Ох i паплачуць яны пасля смерцi старога!.. Будзе iм сюрпрызiк!.."
      Усе пачалi спрачацца так горача, нiбы Iзы там i не было. Моцна застагнаўшы, яна паднялася з крэсла. "Не трэба было мне з маiм рэўматызмам столькi быць на холадзе". Нiхто яе не пачуў, нiхто не адклiкнуўся. Да мяне данеслiся абыякавыя "Дабранач", якiя кiдалi ёй дзецi, не перапыняючы сваёй спрэчкi. I, вiдаць, ёй давялося самой падысцi да кожнага i развiтацца. Усiм было ўжо не да яе. Я паспяшаўся легчы ў пасцель. На лесвiцы пачулiся цяжкiя крокi. Яна падышла да маiх дзвярэй. Я добра чуў яе няроўнае шумнае дыханне. Адчынiлiся дзверы. Iза падышла да маёй пасцелi. Нахiлiлася i доўга-доўга ўглядалася ў мяне. Я ўжо думаў, вось-вось не вытрымаю i выдам сябе, што яшчэ не сплю. Потым яна выйшла i зачынiла за сабой дзверы. Калi пстрыкнуў замок i ў яе спальнi, я зноў вярнуўся на свой "назiральны пункт".
      Усе былi яшчэ на месцы. Але гаварылi цяпер напаўголаса, Многiх слоў мне не было чуваць.
      - Не пара ён ёй быў, - гаварыла Янiна. - Гэта таксама адыграла сваю ролю. Фiлi, дарагi, ты каш.яеш, накiнь палiто.
      - А зрэшты, не жонку ён ненавiдзiць больш за ўсiх, а нас. Проста ў галаве не ўмяшчаецца! У раманах i то такога не знойдзеш. Асуджаць маму мы, вядома, не можам, i ўсё ж такi яна занадта спакойна адносiцца да яго, - спрабавала падагульнiць Жэнеўева.
      I зноў голас Фiлi:
      - А ёй няма чаго турбавацца. Пасаг свой яна заўсёды можа сабе вярнуць. Бацькавы акцыi Суэцкага канала... Iм цяпер цаны няма!..
      - Ды iх прадалi даўно, тыя акцыi!..
      Гэта сказаў Альфрэд, муж Жэнеўевы (я адразу пазнаў яго заiклiвы басок). Да гэтага моманту Альфрэд не ўставiў нiводнага слова. Жэнеўева, як заўсёды, груба спынiла яго:
      - Ты што, з глузду з'ехаў?! Калi прадалi? Хто прадаў?..
      Альфрэд расказаў, што яшчэ ў канцы мая, калi ён аднойчы пасля абеду зайшоў у цешчын пакой, яна падпiсвала распараджэнне аб продажы акцый i сказала яму: "Цяпер самы зручны момант iх збыць, - вышэй курс ужо не падымецца..."
      - I ты маўчаў?! - завыла Жэнеўева. - Ну i тупiца!.. Гэта зноў-такi бацькава работа. Ён яе навучыў. Ён яе прымусiў... Пень ты! Дзе ж ты быў раней?!.
      - Я думаў, што яна i вам пра гэта сказала. Тым больш што па шлюбным кантракту ён не мае нiякага права на яе пасаг...
      - Дурань ты! Няўжо ты думаеш, што ён на гэтым не пагрэў рукi? Ды ўсё, што было звыш намiнальнага кошту, напэўна асела ў бацькавай кiшэнi!.. А ён маўчаў... Ён думаў... Божа, i за што ты мяне так пакараў, каб я пакутавала ўсё жыццё з гэтым асталопам?..
      Умяшалася Янiна - папрасiла гаварыць цiшэй, каб не пабудзiць яе малой дачкi. Некалькi хвiлiн гаварылi так цiха, што я нiчога не мог разабраць. I вось голас Хюбэра:
      - Я ўсё абдумваю той план, якi тут сёння вы прапанавалi. На маму надзеi нiякай няма, сама яна на такое нiколi не пойдзе. Трэба яе паступова падрыхтаваць, угаварыць...
      - Можа, яна зразумее, што гэта лепш, чым развод. Як-нiяк, развод у судзе гэта ўжо непрыемна. А потым жа трэба будзе скасоўваць шлюб i ў царкве. А на гэта яе адвагi можа не хапiць... Канешне, тое, што прапанаваў Фiлi, выглядае не вельмi прыгожа... Хаця што тут такога? Не мы ж будзем суддзямi. Ды i залежыць усё не ад нас. Наша задача толькi паставiць пытанне, ды так, каб дарогi назад яму не было. Усё вырашыцца на нашу карысць толькi тады, калi спецыялiсты палiчаць гэта неабходным.
      - А я вам гаварыла i яшчэ раз паўтараю, - амаль крычала Алiмпiя, - нiчога ў вас не выйдзе!..
      Мусiць, добра яе давялi, раз так раскрычалася. Яна ўсё даказвала, што чалавек я ўраўнаважаны, станоўчы, спакойны.
      - Я сама з iм часта згаджаюся, - дадала яна. - А што зробiш, калi праўда на яго баку. I яшчэ скажу я вам: з яго вяроўкi можна вiць, толькi падыход трэба. Я хутка яго прыручыла б, калi б вы мне не замiналi...
      Не пачуў я, што сказаў Фiлi, але, вiдаць, ён адпусцiў нейкi жарт, бо ўсе пачалi смяяцца з Алiмпii.
      Цяпер я чуў толькi абрыўкi размовы.
      - Пяць гадоў у судзе не выступае...
      - А што? Сэрца?..
      - Цяпер-то i сэрца. А кiнуў працу, калi яшчэ не вельмi хварэў. Хто з такiм ужывецца? Сварыўся штодня з калегамi, нiкому спакою не даваў. I сам-насам, i пры сведках - нiкога не саромеўся. Дарэчы, пра сведак я ўжо маю адпаведныя матэрыялы...
      Дарэмна я ўвесь замiраў i прыслухоўваўся: размова перайшла на шэпт.
      I раптам голас Алiмпii:
      - Вы што?! Адзiны чалавек у гэтым доме, з кiм можна пагаварыць пра кнiгi, пра жыццё, пра ўсё, што хочаш!.. I вы надумалiся...
      З адказу Фiлi я зразумеў толькi адно: "З глузду з'ехала".
      Тады Хюбэраў зяць - адзiны маўчун ва ўсёй гэтай кампанii - сказаў прыглушаным голасам:
      - Я папрашу вас, Фiлi, гаварыць больш ветлiва з маёй цешчай.
      - Ды супакойся ты! I пажартаваць нельга... Мы ж абодва з табой ахвяры ў гэтай справе...
      Хюбэраў зяць пачаў даказваць, што ён не лiчыць сябе ахвярай, бо ажанiўся па любвi з дачкой Алiмпii. I тады ўсе хорам загаманiлi: "I я па любвi!", "I я!", "Я таксама!" Жэнеўева з насмешкай сказала мужу:
      - Як? I ты?.. Ах ты мой дарагi! Ах ты мой Рамэо! Жанiўся са мной i ведаць не ведаў, якi ў майго бацькi кашалёк?!. Дык няхай твая хворая галоўка ўспомнiць нашы заручыны, цi не ты гэта мне шаптаў тады: "Ён не хоча гаварыць пра сваё багацце. Ну i няхай сабе. Мы i без яго ведаем, што яно велiзарнае..."
      Усе дружна зарагаталi. У гомане пачуўся голас Хюбэра. Я разабраў толькi апошнiя фразы:
      - Гэта пытанне справядлiвасцi, пытанне маралi, калi хочаце. Мы абараняем сваю спадчыну, мы абараняем свяшчэнныя правы нашай сям'i... Добра было б пасачыць цяпер за кожным яго крокам, але гэта нам не ўдасца. У гэтага чорта магутныя сувязi ў палiцыi, я ў гэтым не раз пераконваўся. Яго абавязкова папярэдзяць...
      А праз хвiлiну-другую да мяне данеслася:
      - Усе ведаюць пра яго рэзкасць, сквапнасць... У двух цi трох працэсах ён спатыкнуўся i вёў сябе не зусiм далiкатна. Але што датычыць яго кампетэнтнасцi, ураўнаважанасцi...
      - Ва ўсякiм разе нiхто не будзе адмаўляць, што яго адносiны да нас бесчалавечныя, жорсткiя. А хiба гэта нармальна?!
      - Ты думаеш, Янiна, - сказаў Альфрэд сваёй дачцэ, - што гэтага будзе дастаткова, каб паставiць дыягназ?
      Вось цяпер я ўсё зразумеў! I на душы ў мяне неяк адразу паспакайнела. Зноў да мяне вярталася цвёрдая, непахiсная ўпэўненасць: яны самi - пачвары, вылюдкi, а я - iх ахвяра. Пакуль тут была Iза, яна хоць трохi мяне баранiла i яны прыкусвалi сабе языкi. А цяпер я бачыў, як... Але пляваць мне на вашы планы! Дурныя шчаняты! Я вам пакажу!.. Бач, што задумалi: захацелi праз суд устанавiць нада мной апеку або справадзiць у вар'яцкi дом? Паспрабуйце толькi пальцам паварушыць, я хутка пастаўлю Хюбэра, вашага завадатара, на месца. Ён i не падазрае, што яго лёс у маiх руках. Ну а Фiлi... З iм зусiм проста. Пра яго я маю сякiя-такiя матэрыялы з дасье палiцыi... Я не збiраўся нiколi раней iх выкарыстоўваць, ды i цяпер наўрад цi дам iм ход. Дастаткова мне будзе толькi ашчэрыць зубы...
      Упершыню ў жыццi мне стала прыемна ад таго, што я не самы мярзотны чалавек. Вунь колькi iх! Яны тут, побач... У мяне няма жадання помсцiць iм. Я адпомшчу толькi тым, чаго яны так баяцца - пазбаўлю iх спадчыны...
      - Зорка ўпала! - крыкнуў Фiлi. - Не паспеў я нiчога загадаць...
      - А калi ты што паспяваў? - сказала Янiна.
      З непасрэднай дзiцячай весялосцю, якая ў яго яшчэ добра захавалася, Фiлi гаварыў:
      - Нiчога, цяпер як убачу - адразу закрычу: "Мiльёны!"
      - Дурны ты яшчэ, Фiлi!
      Усе ўсталi. Пачуўся скрып дзвярэй, стрыманы смех Янiны. Цяпер я цвёрда ведаў, што мне рабiць. Ужо два месяцы ў мяне не было прыступаў. Значыць, нiчога не перашкодзiць мне паехаць у Парыж. Я заўсёды ад'язджаў без папярэджання. Не хацелася толькi, каб гэты ад'езд быў падобны на ўцёкi. Да ранiцы я не спаў, абдумваў кожны крок сваiх будучых дзеянняў...
      ХIII
      Апоўднi я быў на нагах. Адчуваў сябе бадзёра i весела. Выклiкаў па тэлефоне Буру. Ён прыехаў пасля снедання. Амаль цэлую гадзiну мы шпацыравалi з iм пад лiпамi. Iза, Жэнеўева i Янiна здалёк сачылi за намi. Я радаваўся, што яны западозрылi нядобрае i ўстрывожылiся. Шкада толькi, што ўсе мужчыны паехалi ў Бардо. Пра Буру, гэтага маленькага старога чалавечка, Жэнеўева гаварыла: "Ого, гэты чорт за бацьку ў агонь i ваду..." А Буру ўсяго толькi мой раб. Я звязаў яго па руках i нагах. Трэба было бачыць, як ён прасiўся ў той дзень, каб я не аддаваў зброi супраць яго свайму будучаму спадчыннiку!.. "Вам няма чаго баяцца, - супакойваў я яго. - Ён адразу верне вам гэты дакумент, як толькi вы спалiце падпiсаную iм заяву..."
      Развiтваючыся, Буру нiзка пакланiўся дамам. У адказ яму ледзьве кiўнулi. Няўпэўненым крокам падышоў ён да свайго веласiпеда i рушыў з двара. Я адразу паведамiў жанчынам, што сёння вечарам паеду ў Парыж. Iза пачала адгаворваць мяне: "Як? З тваiм здароўем аднаму выпраўляцца ў такую дарогу? Гэта небяспечна! Усё можа здарыцца..."
      - Нiчога не зробiш, - адказаў я. - Мне трэба ўладзiць некаторыя фiнансавыя справы. Я пра вас клапачуся больш, чым вам здаецца.
      Яны з трывогай глядзелi то на мяне, то адно на аднаго. Мой iранiчны тон выдаваў мяне. Першая асмялела Янiна:
      - Няўжо няма каму вас замянiць? Магла б i бабуля з'ездзiць, i Хюбэр...
      - Ты правiльна разважаеш, дарагая!.. Правiльна. Толькi, ведаеш, я прывык усё рабiць сам. I яшчэ - гэта, канешне, дрэнна, але я нiкому не давяраю.
      - Нават свайму сыну?! Дзядуля!
      Яна так манерна праспявала слова "дзядуля", што мяне аж злосць разабрала. Якая самаўпэўненасць! Знайшлася мне дыпламатка!.. Адзiн пiсклявы голас чаго варты! Добра я яго запомнiў учора ноччу!.. I я разрагатаўся шкодным майму сэрцу смехам. Пачаў задыхацца, кашляць. Жанчыны перапалохалiся. Iза... Нiколi не забуду яе змучанага бледнага твару. Не ўсё, мусiць, i ў яе добра са здароўем...
      Я пайшоў. А Янiна, напэўна, не хацела пакiнуць Iзу ў спакоi:
      - Бабуля, не дазваляйце яму ехаць! Чуеце?!..
      Але жонка мая ўжо не магла ваяваць са мною. Апошнiм часам яна моцна здала. А неяк нядаўна я пачуў, як яна казала Жэнеўеве: "Вось каб легчы, заснуць i нiколi ўжо не прачынацца..."
      Мне стала шкада яе, як калiсьцi было шкада маю бедную маму... А няўмольныя дзецi ўсё цкавалi яе на мяне!.. Яны, канешне, па-свойму любiлi мацi, выклiкалi доктара, прымушалi пiць лякарствы, ляжаць у пасцелi... Калi дачка i ўнучка адышлiся, Iза дагнала мяне i папрасiла:
      - Паслухай, мне патрэбны грошы...
      - Сёння ў нас толькi дзесятага. А першага я даў табе на цэлы месяц наперад.
      - Даў, але мне давялося трохi дапамагчы Янiне. У iх шмат даўгоў. Праз месяц я табе ўсё вярну...
      Я адказаў, што ўсё гэта мяне мала цiкавiць i кармiць гэтага дармаеда Фiлi я не збiраюся.
      - Паслухай, у мяне самой даўгi... I булачнiку, i мяснiку... Вось рахункi...
      Я пашкадаваў яе. Прапанаваў падпiсаць некалькi чэкаў: "Так я буду больш пэўны, што грошы не паплывуць у другое месца..."
      Яна згадзiлася. Я дастаў сваю чэкавую кнiжку i заўважыў, што Янiна i Жэнеўева сочаць за намi з алеi ружаў:
      - Ого! Яны ж думаюць, што мы з табой гаворым пра нешта другое...
      Iза ўздрыгнула i цiха спыталася:
      - Пра што "другое"?
      I ў гэты момант я адчуў рэзкi боль у сэрцы. Абедзвюма рукамi схапiўся за грудзi. Яна змянiлася з твару:
      - Табе дрэнна?
      На iмгненне я ўчапiўся за яе руку. Калi б якi чужы чалавек бачыў нас у той момант, то напэўна падумаў бы: "Вось дзе пара! I жыццё пражылi ў згодзе i еднасцi, i на старасцi адно без аднаго не могуць!.."
      Я прашаптаў: "Нiчога. Мне ўжо лягчэй".
      Напэўна, Iза рашыла, што вось i прыйшла тая хвiлiна, калi можна i трэба пагаварыць шчыра, адкрыта, але на гэта ў яе не было сiлы. Яна сама таксама задыхалася. А я хоць i быў хворы, але не здаўся, стараўся трымацца цвёрда, упэўнена. I не пазнаць было жонкi: хвароба знянацку падкасiла яе, яна ўся асунулася i калi i думала пра каго цяпер, то толькi пра дзяцей. Самой ёй было ўжо нiчога непатрэбна. Яна хацела штосьцi сказаць, падбiрала словы, крадком паглядала ў той бок, дзе стаялi дачка з унучкай: "Можа, адтуль прыйдзе падмога?.. - Не..." I зноў яе позiрк застыў на мне. Божа! Як шмат убачыў я ў гэтых няшчасных вачах! Тут i глыбокi адчай, i страшэнная знямога, i светлая спагада, i трапяткi сорам!.. Тое, што гаварылi ноччу дзецi, напэўна, паранiла i яе душу.
      - Луi! Цяжка мне, трывожна. Не едзь адзiн!
      Я адказаў, што, калi са мной здарыцца бяда ў дарозе, перавозiць мяне сюды не трэба.
      Яна пачала прасiць мяне не рабiць такiх страшных намёкаў, а я адрэзаў:
      - Навошта марнаваць грошы? Зямля на могiлках усюды аднолькавая.
      - Вось бачыш, - уздыхнула яна. - Цяпер i я так лiчу. Няхай хаваюць, дзе захочуць... Калiсьцi ўсё прасiла, каб мяне пахавалi побач з Мары... Ды што цяпер засталося ад нашай Мары?
      Лiшнi раз я пераканаўся, што для яе Мары была толькi прахам, жменькай костачак. Не пасмеў я гаварыць, што ўсе гэтыя доўгiя гады дзiцятка маё заставалася для мяне жывым, я чуў яго дыханне, i чысты жывы вобраз Мары не раз паўставаў перада мною ў гэтым сумным нялёгкiм жыццi.
      Дарэмна Жэнеўева i Янiна выглядалi i чакалi мацi. Яна была такая стомленая... Можа, i зразумела яна нарэшце ўсю нiкчэмнасць той шматгадовай барацьбы, якую вяла яна супраць мяне? Жэнеўева i Хюбэр пад нацiскам сваiх дзяцей штурхалi супраць мяне гэтую старую жанчыну Iзу Фандадэж, якая была калiсьцi маёй нявестай i разам са мной удыхала ў сябе водар пiрэнейскiх начэй...
      Хутка будзе паўстагоддзя, як мы ваюем адно з адным... I вось у гэты гарачы поўдзень абодва сапернiкi адчулi, што iх усё ж лучыць адна нiтачка, якая прадзецца старасцю... Мы ненавiдзелi адно аднаго, iшлi па жыццi рознымi пуцявiнамi, а сышлiся ў адным месцы... Далей ужо няма куды iсцi... Далей смерць... Ва ўсякiм разе для мяне. А ёй... ёй яшчэ заставаўся Бог... Уся людская марнасць, пажадлiвасць, штодзённая руцiна, усе клопаты, радасцi i беды яе разам адпалi, i цяпер нiчога не стаiць мiж ёю i Богам. Цi бачыць яна яго цяпер? Не, не бачыць. Засталася яшчэ адна перашкода - няздзейсненыя планы i патрабаваннi яе дзяцей. Iх сквапныя жаданнi перапаўнялi яе душу. Зноў даводзiлася шукаць, хiтраваць, пагражаць, лiслiвiць... Грашовы клопат, трывога аб здароўi дзяцей, iх намеры, iх прага да славы i багацця - нiкуды ад гэтага не падзенешся, i ўсё трэба пачынаць нанава, як нанава рашае школьнiк задачу, калi настаўнiк усё перакрэслiць i напiша: "Перарабiць".
      I зноў яна глянула на алею. Там паходжвалi Жэнеўева i Янiна i нiбыта абразалi садовымi нажнiцамi сухiя галiнкi на кустах ружаў. Я сеў на лаўку, каб трохi аддыхацца, i доўга глядзеў услед жонцы, - яна iшла па алеi, нiзка апусцiўшы галаву, нiбы свавольнiк-падлетак, якi нарабiў бяды i iдзе на размову да строгага бацькi. Моцна парыла. Наблiжалася навальнiца. Шкада было глядзець на Iзу. Iшла яна цяжка, марудна: так ходзяць людзi, якiм кожны крок нясцерпная пакута. Мне нават пачулася, што яна прастагнала; "Ох, бедныя мае ногi!" I я падумаў, што нянавiсць памiж мужам i жонкай, якiя нямала разам пажылi на свеце, не такая неадольная, як iм здаецца...
      Вось Iза падышла да дачкi i ўнучкi. Тыя, мусiць, пачалi яе папракаць. Нечакана яна павярнулася i пайшла да мяне. Расчырванелася, задыхалася, ледзьве дакульгала да лаўкi:
      - Не магу я пераносiць такога надвор'я. I дыхаць не дае, i цiск мучыць... Паслухай, Луi, я... хацела ў цябе спытацца... Ведаеш, сама не свая... Нервы... Ты ж памятаеш... Суэцкiя акцыi... Мой пасаг... Мы з табой прадалi iх... А куды пайшлi тыя грошы?.. Ты ж тады сказаў мне падпiсаць яшчэ нейкiя паперы...
      Я адказаў, што яна атрымала велiзарны прыбытак. Акцыi былi прададзены па самай высокай цане, i адразу ж пасля гэтага iх курс пачаў рэзка падаць. Я растлумачыў, якiя працэнтныя паперы купiў за атрыманыя грошы.
      - Пасаг твой даў добры барыш. Усё аформлена на тваё iмя i пакладзена ў Вестмiнстэрскi банк. Сума зайздросная, нават калi ўлiчыць дэвальвацыю франка. Можаш быць спакойная. Дзецям да гэтага няма нiякай справы. Я - гаспадар сваiх уласных грошай i ўсяго таго, што я нажыў. Гэта маё. Але тое, што прыйшло з табой - гэта тваё. Дык iдзi супакой вунь тых анёлаў бескарыслiвасцi. Ах, як яны нас свiдруюць!..
      Яна схапiла мяне за руку.
      - За што ты iх ненавiдзiш? За што ты ўсю сваю сям'ю ненавiдзiш?
      - Гэта вы мяне ненавiдзiце. Цi лепш сказаць, дзецi мае ненавiдзяць мяне. А ты... ты проста не заўважаеш мяне. Для цябе я iсную толькi тады, калi нервую цябе, наводжу страх...
      - Мог бы дадаць яшчэ: "I калi мучу цябе..." Хiба я мала адпакутавала?
      - Не трэба, Iза. Для цябе iснавалi толькi дзецi. Iх ты толькi i бачыла...
      - А да каго ж мне было гарнуцца, як не да iх? Больш у мяне нiкога не было. Ты пакiнуў мяне, пачаў здраджваць мне, i паўгода не прайшло пасля вяселля. Сам усё ведаеш...
      - Iза, дарагая, няўжо ты хочаш, каб я паверыў, нiбыта мае шашнi цябе хвалявалi... Хiба што, можа, закраналi тваё самалюбства. Маладыя жонкi вельмi ганарлiвыя...
      Яна горка ўсмiхнулася.
      - Ты як быццам i шчыра гаворыш. Падумаць толькi, ты нават не заўважаў...
      Я ўвесь закалацiўся, - засвяцiлася надзея. I гаварыць неяк няёмка: калi тое было, сорак гадоў прайшло, патухлi ўжо даўно тыя пачуццi, а вось успомнiў - i затрапяталася надзея, што кахала яна мяне, а я i не ведаў... Ды не, цяпер ужо я не паверу.
      - I нiколi ў цябе не вырвалася нi слова, нi крыку... Усё ў цябе забiралi дзецi.
      Яна закрыла твар абедзвюма рукамi. Толькi цяпер, у гэты дзень, я заўважыў, якiя на iх цёмныя плямы i ўздутыя вены.
      - Дзецi? Пра што ты гаворыш? З таго часу, як мы пачалi спаць у розных пакоях, я нiколi не клала iх з сабой, нават калi хварэлi. Усё чакала, усё спадзявалася, што прыйдзеш...
      Горкiя слёзы цяклi па яе старэчых руках. I гэта была Iза. Адзiн я мог разгледзець у гэтай непаваротлiвай, нядужай старой жанчыне тую юную дзяўчыну маю колiшнюю спадарожнiцу ў далiне Лiлей...
      - Сорамна i смешна ў мае гады ўспамiнаць гэта... Даруй мне, Луi.
      Я моўчкi глядзеў на вiнаграднiкi. I ў гэты момант мяне ахапiла сумненне. Няўжо такое можа быць? Жывеш з чалавекам амаль паўстагоддзя i бачыш яго толькi напалову!.. Няўжо з усiх яго слоў, учынкаў мы адбiраем i запамiнаем толькi тое, што падаграе нашу крыўду на яго i падтрымлiвае злапамятлiвасць? У нас жыве нейкае пагiбельнае iмкненне спрашчаць чалавека, адкiдаць усе рысы, якiя маглi б змякчыць той агiдны вобраз, што мы самi стварылi. Як жа мы спяшаемся выкiнуць з памяцi тое, што дапамагло б нам намаляваць не карыкатурны, а сапраўдны партрэт чалавека!.. Не, нам часцей за ўсё патрэбна карыкатура... I тады нам прасцей, лягчэй апраўдаць нашу нянавiсць... А цi не заўважыла Iза майго хвалявання? Ох, як паспяшалася яна выкарыстаць гэта.
      - Ты не паедзеш сёння?
      У вачах у яе блiснуў радасны агеньчык, як гэта заўсёды бывала, калi ёй здавалася, што яна "перамагла мяне". Я прытварыўся здзiўленым i адказаў, што не бачу нiякiх прычын, каб адкладаць паездку. Мы ўсталi i памалу пайшлi ў маёнтак па лiпавай алеi. Так было далей, затое не трэба было падымацца ўгору па крутой сцежцы i лiшнi раз верадзiць сэрца. Што рабiць? Я быў разгублены. А можа, не ехаць? Можа, пайсцi ды аддаць жонцы свой сшытак?.. А што, калi... Яна абаперлася рукой на маё плячо. Столькi гадоў яна не рабiла гэтага!.. Алея выводзiла да дому з паўночнага боку. Iза сказала:
      - Нiколi гэты Казо не прыбiрае садовых крэслаў...
      Я разгублена паглядзеў на пустыя крэслы, што стаялi цесным кружком. Тым, хто сядзеў на iх ноччу, трэба было быць блiжэй адно да аднаго, каб гаварыць шэптам. На зямлi многа слядоў. Усюды акуркi тых цыгарэт, што палiць Фiлi. Тут, мiж гэтых разгалiстых лiп, якiя пасадзiў яшчэ мой бацька, пад начным небам засядаў варожы ваенны савет. Тут вырашалася, як аддаць мяне пад апеку або заслаць мяне ў вар'яцкi дом. Неяк аднойчы вечарам я ў парыве самапрынiжэння параўнаў сваё сэрца з клубком гадзюк. Не, не, цяпер-то я зразумеў: гадзюкi пакiнулi мяне, выпаўзлi на волю i ноччу скруцiлiся ў мярзотны клубок сярод вось гэтых крэслаў, i на зямлi яшчэ вiдаць iх сляды...
      "Грошы свае ты атрымаеш, Iза, - думаў я. - Але толькi свае. Больш ты ад мяне нiчога не дачакаешся. Я зраблю так, каб i маёнтак вам не дастаўся. I лес прадам. Усё, што я атрымаў ад бацькоў, пойдзе майму сыну. Яго я яшчэ не ведаю. Але заўтра я пабачуся з гэтым юнаком. Якi б ён нi быў, ён - не ўдзельнiк вашай змовы. Гадаваўся, выхоўваўся ён далёка i не можа мяне ненавiдзець. А калi i ненавiдзiць, то прадмет яго нянавiсцi - чалавек уяўны, абстрактны, якi са мной нiчога агульнага не мае.
      Я гнеўна скiнуў з пляча жончыну руку i, забыўшыся пра сваё хворае сэрца, хутка пачаў падымацца на ганак. Iза крыкнула: "Луi!.." Я нават не аглянуўся.
      XIV
      Мне не спалася, я ўстаў, апрануўся i выйшаў на вулiцу. Не так проста было трапiць на бульвар Манпарнас: давялося пракладаць сабе дарогу праз натоўп, пятляць, абыходзiць танцораў. У былыя часы нават такiя заядлыя рэспублiканцы, як я, ухiлялiся ад гулянняў на свята Чатырнаццатага лiпеня*. Тады нiводнаму прыстойнаму чалавеку i ў галаву не прыйшло б удзельнiчаць у гэтых вулiчных забавах i шэсцях. А цяпер вунь, куды нi глянь, усюды весяляцца, спяваюць, танцуюць. I зусiм гэта не вулiчны зброд. Нiякiх жулiкаў, хулiганаў, зладзеяў. Добра апранутыя маладыя людзi радуюцца самi i радуюць другiх. Сярод жанчын, што танцуюць, амаль няма прастытутак. Часам таксi перапыняюць танец, i тады маладыя людзi жартаўлiва, бяскрыўдна чапляюцца за дзверцы, за колы машын. Нейкi юнак незнарок штурхнуў мяне i гарэзлiва закрычаў: "Дарогу шаноўнаму старому!" Я праходзiў мiж двух радоў усмешлiвых, радасных твараў. "Што, не спiцца, дзед?" - прыязна кiнуў мне чарнявы падлетак з раскошнай шавялюрай... Эх, Люк, Люк! Даўно ты ўжо ў сырой зямельцы!.. А мог бы i ты вось гэтак смяяцца, танцаваць!.. Можа, ты i мяне яшчэ навучыў бы бесклапотна адпачываць, радавацца жыццю!.. Асыпаў бы я цябе i грашыма, i золатам, i падарункамi!.. Ды не... нiчога табе ўжо не трэба... Так разважаў я, седзячы на тэрасе кавярнi...
      * Нацыянальнае свята французскага народа. 14 лiпеня 1789 г. паўстанцы штурмам узялi Бастылiю, што стала пачаткам Вялiкай французскай рэвалюцыi.
      I раптам у натоўпе я ўбачыў самога сябе: гэта быў Рабэр. Побач з iм таптаўся нейкi нязграбны юнак, вiдаць, таварыш майго сына. У Рабэра такiя ж доўгiя ногi i кароткае тулава, як у мяне, ён уцягвае галаву ў плечы зусiм як я. Глядзець на яго брыдка. Усе мае фiзiчныя недахопы ў яго падкрэслены. У мяне самога доўгi твар, ну а ў яго - дык зусiм конская мыза. Плечы прыўзнятыя, як у гарбуноў. Дый голас у яго таксама як у гарбуна.
      Я паклiкаў яго. Ён адстаў ад свайго прыяцеля i спалохана азiрнуўся.
      - Толькi не тут! - выцiснуў ён з сябе. - Прыходзьце на вулiцу Кампань-Прэм'ер. Я буду чакаць на тратуары з правага боку.
      Я сказаў, што тут, у такiм натоўпе, нас менш за ўсё можна заўважыць. Ён як быццам трохi супакоiўся, развiтаўся са сваiм таварышам i падсеў да майго столiка.
      Ён трымаў у руках спартовую газету. Маўчанне наша зацягнулася, i я загаварыў пра коней. Стары Фандадэж любiў пагаварыць са мной на гэтую тэму, i пра коней сёе-тое я ведаў. Я расказаў Рабэру, што мой цесць вельмi грунтоўна абдумваў, на якога каня ставiць, i ўлiчваў не толькi яго радаслоўную, але i шмат iншых дэталяў, нават тое, якая зямля на бегавой дарожцы... Рабэр перапынiў мяне:
      - А ў нас у краме заўсёды можна пранюхаць, ёсць шанц на выйгрыш цi не. (Пасля ўсiх сваiх няўдач ён уладкавўся ў мануфактурнай краме на вулiцы Пцi-Шам.)
      Аказваецца, яго цiкавiў толькi выйгрыш. Коней ён не любiў.
      - Мяне не да коней цягне. Вось веласiпед...
      I вочы ў яго заблiшчалi.
      - А потым, - сказаў я, - захочаш аўтамабiль...
      - Вы так думаеце?
      Ён паслiнiў вялiкi палец, адарваў папяроснай паперы i скруцiў цыгарэту. I зноў маўчанне... Я спытаўся, як iдуць справы ў яго на працы. Ён адказаў, што частку персаналу ўжо звольнiлi, але яму асабiста няма чаго баяцца. Пра крызiс, якi ахапiў усю краiну, малады чалавек нiчога не ведаў. Думкi яго нiколi не сягалi за межы яго вузкiх, дробных, асабiстых iнтарэсаў. I вось гэтаму тупому басяку я аддам мiльёны... А можа, узяць ды пусцiць гэтыя грошы на добрыя справы. Няхай будуюць школы, бальнiцы... Не, дзеткi мае так мяне не ўпусцяць: абавязкова знойдуць i прызначаць апеку... А калi па завяшчаннi?.. Не, тады ўсё роўна давядзецца ўсё дзялiць памiж спадчыннiкамi, i толькi рэшту... Эх, Люк, быў бы ты цяпер са мной! Ён, вядома, не захацеў бы ўсё гэта прыняць... Але што там, знайшоў бы я спосаб абагацiць яго! Ды так, каб ён мяне i не западозрыў... Даў бы, напрыклад, пасаг яго каханай...
      - Паслухайце, месьё, я... - сказаў Рабэр, пагладжваючы шчаку сваiмi тоўстымi, чырвонымi, як каўбасы, пальцамi. - Я вось што думаю: а калi ваш павераны, ну, гэты Буру, возьме ды Богу душу аддасць, а мы не паспеем спалiць маю заяву...
      - Ну дык i што? На месца Буру стане яго сын. А зброю супраць Буру, якую я вам дам, калi трэба будзе, можна павярнуць i супраць сына.
      Рабэр маўчаў i ўсё пагладжваў сваю шчаку. Не хацеў i я больш гаварыць. Я пасядзеў на свежым паветры, i, здаецца, у мяне пачынаўся прыступ.
      - Добра, - сказаў Рабэр, - дапусцiм, Буру спалiць маю заяву, i тады я аддам яму той дакумент, якi i трымае яго ў нашых руках. Але дзе гарантыя, што гэты чалавек пасля не пойдзе да вашых спадчыннiкаў i не скажа: "Я ведаю, дзе схавана ваша спадчына. Прашу выдаць мне дзесяць тысяч за тое, што я прадам вам сакрэт, i столькi ж пасля таго, як скарб будзе ў вашых руках". Да таго ж ён можа ўсё ўладзiць так, каб яго iмя нiдзе не фiгуравала. I тады ён ужо нiчым не рызыкуе. Пачнецца расследаванне, зробяць дазнанне, пераканаюцца, што я - ваш сын, што жывём мы з мацi раскошна, а не так, як да вашай смерцi... I тады адно з двух: або плацiць падаткi з усёй сумы спадчыны, або каламуцiць ваду, хiтраваць...
      На гэты раз гаварыў ён ясна i дакладна. Розум яго выйшаў са здранцвення. Мазгi нарэшце запрацавалi... Я быў прыемна здзiўлены, што ў гэтага прыказчыка моцна развiты сялянскiя рысы: прадбачлiвасць, недавер, страх перад рызыкай, жаданне нiчога не пакiдаць на волю выпадку. Яму, безумоўна, лепш было б атрымаць з рук у рукi сто тысяч, чым хаваць такое велiзарнае багацце.
      Я пачакаў, пакуль супакоiцца сэрца...
      - У тым, што ты тут нагаварыў, ёсць доля праўды. Я згодзен з табою. Што ж, не падпiсвай заявы. Я цалкам давяраю табе з мацi. Зрэшты, калi спатрэбiцца, я дакажу як двойчы два, што гэтыя грошы мае. Але гэта ўжо нiякага значэння не мае: праз паўгода, ад сiлы праз год я памру...
      У адказ - нi слова спагады, суцяшэння, удзячнасцi, якiя ў такiх выпадках гавораць нават чужыя людзi. Не думаю, каб ён быў такi жорсткi, - проста ён быў зусiм нявыхаваны.
      - Ну, калi так, - сказаў ён, - можна паспрабаваць...
      Падумаў трохi i дадаў:
      - Трэба будзе хоць зрэдку наведвацца ў банк, пакуль вы жывыя. Няхай прывыкаюць да майго твару. Я буду хадзiць туды па грошы вам.
      - Паслухай, Рабэр, - сказаў я, - ёсць у мяне яшчэ некалькi сейфаў за гранiцай. I калi ты хочаш, калi ты думаеш, што больш надзейнае...
      - Што вы?! Пакiнуць Парыж? Не, нiколi!
      Я растлумачыў, што ён мог бы жыць у Парыжы i толькi час ад часу выязджаць за гранiцу. Тады ён спытаўся, у якiм выглядзе маё багацце - у грашах цi ў працэнтных паперах, i дадаў:
      - А ўсё ж такi добра было б, каб вы мне напiсалi пiсьмо... Ну, нешта такое, што вы пры ясным розуме i поўнай свядомасцi завяшчаеце мне без нiякага прымусу сваю маёмасць... Гэта можа мне вельмi спатрэбiцца... Хто ведае... Дый на душы ў мяне было б лягчэй... А то, ведаеце, раптам усё раскрыецца - мяне ж вашыя дзецi ў крадзяжы абвiнавацяць...
      Ён змоўк, купiў сабе кiтайскiх арэхаў i накiнуўся на iх так, нiбы цэлы тыдзень нiчога не еў. I раптам спытаўся:
      - Вось цiкава мне, а што яны вам зрабiлi?
      - Бяры, пакуль даюць, i не задавай больш пытанняў, - суха адказаў я.
      Яго мяккiя шчокi пачырванелi. На твары з'явiлася пакрыўджаная нацягнутая ўсмешка, якой, мусiць, ён адказвае на папрокi свайго гаспадара, - i тады блiснулi яго здаровыя белыя вострыя зубы - адзiнае, што ўпрыгожвае гэтага няўклюду.
      Ён зноў змоўк i ўзяўся за арэхi. Не скажу, каб ён выглядаў надта шчаслiвым. Вiдаць, фантазiя ўжо малявала яму ўсялякiя непаразуменнi з палiцыяй, з маiмi дзецьмi... I трэба ж было мне трапiць на такога! Усюды бачыць толькi небяспеку... Мне захацелася трохi развесялiць яго.
      - У цябе ёсць сяброўка? - у лоб спытаўся я. - Можаш цяпер ажанiцца, будзеш жыць з ёю, як багаты буржуа.
      Ён зрабiў нейкi няпэўны жэст i заклапочана пакiваў галавой. А я спакушаў далей:
      - Ды цяпер ты можаш ажанiцца з кiм захочаш. I калi ёсць у цябе на прыкмеце жанчына i здаецца табе непрыступнай...
      Рабэр навастрыў вушы, i ўпершыню я ўбачыў, як загарэўся ў яго вачах агеньчык маладой страсцi.
      - Няўжо я змагу ажанiцца з мадмуазэль Бружэр?
      - А хто яна, гэтая мадмуазэль Бружэр?
      - Ды не... Я пажартаваў. Гэта старшая прыказчыца ў нашай краме. Такая жанчына! Але што я для яе... Пустое месца... Яна i ў мой бок не глядзiць...
      Я запэўнiў яго, што нават з дваццатай часткай таго багацця, якое я даю яму, ён зможа ўзяць замуж самую лепшую "старшую прыказчыцу" ў Парыжы.
      - Ах, мадмуазэль Бружэр! - паўтарыў ён. - Не, куды там!..
      Боль у сэрцы не праходзiў. Я паклiкаў афiцыянта i хацеў разлiчыцца, але Рабэр апярэдзiў мяне:
      - Не, не. Што вы! Я сам.
      Я з задавальненнем паклаў свае грошы назад у кiшэню. Мы ўсталi. Музыканты ўжо складалi свае iнструменты. Патухлi гiрлянды электрычных лямпачак. Рабэру не трэба было асцерагацца, што яго ўбачаць разам са мной.
      - Я правяду вас, - сказаў ён.
      Сэрца ныла. Я папрасiў Рабэра не iсцi так хутка i сказаў яму, што мне спадабалася, што ён не спяшаецца дарвацца да грошай.
      - Толькi вось калi сёння ноччу я памру, - дадаў я, - ты страцiш вялiкае багацце.
      Ён пацiснуў плячыма i даволi абыякава аднёсся да такой бяды. Хоць у цэлым я, вядома, парушыў спакой гэтага маладога чалавека. Ростам ён быў ужо роўны са мной. А цi набудзе ён калi-небудзь арыстакратычныя замашкi? Вельмi ўжо нiкчэмны выгляд меў гэты прыказчык, мой сын, мой спадчыннiк... Я паспрабаваў надаць нашай размове душэўны характар, пачаў гаварыць яму, што страшэнна каюся, перажываю, пакутую, што пакiнуў без дапамогi яго з мацi. Ён, мусiць, здзiвiўся: ён лiчыў, што я абышоўся з iмi "па-людску". Як-нiяк хоць грошы пасылаў... Ёсць такiя, хто й гэтага не зрабiў бы. I дадаў страшныя словы: "Тым больш што не вы першы ў яе былi..."
      Сынок, вiдаць, не меў нiякай спагады i лiтасцi да сваёй мацi... Падышлi да майго дома, i ён нечакана сказаў:
      - Можа, мне памяняць прафесiю... Заняцца чым-небудзь такiм, каб бываць на бiржы... Тады прасцей было б растлумачыць, адкуль у мяне такiя грошы.
      - I не думай, Рабэр! Ты што?! Звяжашся з бiржай - загiнеш!
      Ён заклапочана глядзеў на тратуар.
      - Я ўсё пра гэтыя падаткi думаю. А раптам iнспектар пачне дапытвацца...
      - Зразумей жа ты нарэшце, што твае грошы будуць ляжаць у сейфе, i нiхто на свеце, акрамя цябе, не мае права адмыкаць сейф...
      - Яно-то так. Але, ведаеце...
      Я не вытрымаў i ляснуў дзвярыма перад яго носам.
      XV
      Калез.
      У акно б'ецца муха. Перада мной бязлюдныя палеткi. Завывае вецер. Гонiць цяжкiя хмары. Iх цень плыве па раўнiне. Нечакана ўсё сцiхла. Мёртвая цiшыня... Так заўсёды бывае перад навальнiцай. "Тата, i вiнаграднiкi грому баяцца..." вось у такi самы дзень гадоў трыццаць таму назад так сказала наша Мары.
      I зноў я ўзяў у рукi свой сшытак. Прыглядаюся да свайго почырку. Вось ён якi цяпер стаў... Я ўсё ж такi давяду да канца мой расказ. Цяпер я ведаю, каму прызначана гэтая споведзь. Давядзецца толькi знiшчыць тыя старонкi, ад якiх iм стане страшна. Я i сам сёе-тое не магу тут спакойна чытаць. Спыняюся на кожным радку, думаю, успамiнаю. Вось такi я чалавек, чалавек сярод людзей, такi я... Вас, можа, нудзiць ад такiх, як я, - а я тым не менш ёсць, я iсную...
      У ноч з трынаццатага на чатырнаццатага лiпеня, калi я развiтаўся з Рабэрам, я ледзьве даплёўся да свайго пакоя i лёг у пасцель. Страшэнны груз душыў мяне. Я задыхаўся, а памiраць не памiраў... Акно было адчыненае. Калi б пакой мой быў на пятым паверсе!.. А так, з другога паверха, i не заб'ешся, толькi гэтая думка мяне i спыняе. Дрыготкай рукой ледзьве дацягнуўся да таблетак, якiя звычайна мне дапамагаюць.
      Пад ранiцу нарэшце пачулi мой званок. Паклiкалi доктара, ён даў мне ўкол. Дыхаць стала лягчэй. Мне загадалi некалькi дзён не ўставаць з пасцелi. Моцны боль робiць нас вельмi паслухмянымi, i я баяўся нават пальцам паварушыць. Брыдкiя шпалеры ў маiм пакоi, смурод, дабiтая мэбля, святочны шум i гул у дзень Чатырнаццатага лiпеня - нiчога мяне не гняло: боль сцiх, а большага я i не хацеў. Неяк вечарам заходзiў Рабэр. Пасядзеў трохi i больш не паказваецца. А мацi яго прыходзiць кожны дзень. Дапамагае мне, робiць сякiя-такiя паслугi, прыносiць пошту (пiсьмы мне дасылалi да запатрабавання, - з дому, праўда, нiводнага радка).
      Я не скардзiўся, трымаўся спакойна, лагодна i прымаў усе лякарствы, якiя мне прыносiлi. Пра наш сумесны план мацi гаварыць не хацела. "А куды спяшацца?" - i адразу пераводзiла гаворку на што-небудзь iншае. "Як куды спяшацца?" - уздыхаў я i паказваў на свае грудзi.
      - Мая мама дажыла да васьмiдзесяцi гадоў, а прыступы ў яе былi цяжэйшыя, чым у вас, - супакойвала яна мяне...
      Аднойчы ранiцай мне стала намнога лягчэй. Такiм бадзёрым я даўно сябе не адчуваў. Я прагаладаўся, але ўсё, што давалi ў гэтым доме, немагчыма было есцi. У мяне з'явiлася спакуслiвая думка схадзiць паабедаць у невялiкi рэстаранчык на бульвары Сэн-Жэрмэн. Кухня там была адмысловая. Дый каштавала ўсё нядорага. А то зойдзеш, бывала, у якi невядомы рэстаран i дрыжы, бойся, што зараз як налiчаць!..
      На таксi даехаў да вулiцы Рэн. Прайшоўся трохi, каб паспрабаваць свае сiлы. Што ж, здаецца, здароўе маё пайшло на лад. Час быў яшчэ раннi - гадзiн дванаццаць, - i я вырашыў зайсцi ў кавярню "Дэ Маго" выпiць шклянку мiнеральнай вады. Сеў у мяккае крэсла i рассеяна глядзеў на бульвар...
      Раптам мне кальнула ў сэрца. У акне на тэрасе кавярнi я ўбачыў знаёмыя вузкiя плечы, лысiну, сiваватую патылiцу, адтапыраныя вушы... Хюбэр... Ён унурыўся ў газету i з-за сваёй блiзарукасцi амаль носам вадзiў па радках. Наўрад цi ён мяне бачыў. Сэрца маё памалу супакойвалася. Мяне нават ахапiла нейкая радасць: я за табой сачу, а ты, дурань, i не падазраеш...
      Цiкава!.. Я зусiм не здзiвiўся б, калi б сустрэў свайго сынка дзе-небудзь у шыкоўным рэстаране на Вялiкiх бульварах. Але тут!.. Як ён апынуўся ў гэтым квартале?.. Значыць, прыйшоў ён сюды з нейкай мэтай... Я вырашыў пачакаць. Загадзя расплацiўся за мiнеральную, каб можна было адразу пайсцi, калi спатрэбiцца.
      Хюбэр кагосьцi чакаў i ўсё паглядаў на гадзiннiк. Я крыху здагадваўся, хто зараз крадком падыдзе да яго, i быў амаль расчараваны, калi пад'ехала таксi i адтуль вылез мой дарагi зяць Альфрэд. Ён быў у пiжонiстым саламяным капелюшы-канацье. Пакiнуўшы далёка жонку, гэты саракагадовы таўстун зусiм ажыў. Вунь як выфранцiўся: белы касцюм, яркiя жоўтыя туфлi... На фоне гэтай правiнцыяльнай крыклiвасцi вельмi добра выглядаў Хюбэр у сваiм строгiм элегантным касцюме. Ну, гэты-то ўмее глядзець сябе. Недарэмна Iза гаворыць пра яго: "Апранаецца, як сапраўдны Фандадэж".
      Альфрэд зняў капялюш i выцер потны лоб. Потым залпам выпiў чарачку каньяку. Хюбэр устаў i паглядзеў на гадзiннiк. Я падрыхтаваўся iсцi следам за iмi. Мусiць, пойдуць браць таксi. Што ж, я зраблю тое самае i высачу iх. Хоць, вiдаць, не так гэта будзе проста. Добра ўжо тое, што я ўбачыў... Я пачакаў, пакуль яны адышлiся. У таксi яны не селi... Пехатой пайшлi цераз плошчу. Пра нешта гамоняць i кiруюць у бок Сэн-Жэрмэн-дэ-Прэ... Вось дзе нечаканасць, вось дзе цуд: абодва зайшлi ў царкву!.. Наўрад цi палiцэйскi, якi бачыць, што злодзей сам лезе ў пастку, адчувае такую радасць, як я ў той момант. Я аж задыхаўся ад радасцi. Я зноў трохi пачакаў - яны маглi хутка вярнуцца: сын мой блiзарукi, затое ў зяця вочы як у ястраба. Я ледзьве прымусiў сябе пастаяць пару хвiлiн на тратуары, а потым таксама падаўся ў царкву.
      Было гэта ў пачатку першай гадзiны. Асцярожна прайшоўся я па цэнтральным нефе. Людзей было мала, i хутка я пераканаўся, што тых, каго я шукаў, тут не было. На нейкае iмгненне я засумняваўся: можа, яны бачылi мяне i зайшлi сюды, каб заблытаць сляды, а самi выйшлi цераз бакавыя дзверы. Я павярнуў назад i, хаваючыся за вялiзнымi калонамi, пайшоў па правым бакавым прыдзеле. I раптам у самым цёмным кутку, у глыбокай нiшы, я ўбачыў iх. Абодва сядзелi на крэслах, а пасярод iх затаiлася яшчэ адна згорбленая, пакорлiвая асоба. Прысутнасць гэтага чалавека мяне зусiм не здзiвiла. Некалькi хвiлiн назад у кавярнi я чакаў, што менавiта гэты нiкчэмны чарвяк Рабэр падпаўзе да столiка майго законнага сына.
      Я прадчуваў такую здраду, але ўсё адганяў ад сябе гэтую думку. Пасля самай першай сустрэчы з Рабэрам мне стала ясна, што ў гэтага шчанюка, гэтага раба не хопiць адвагi, каб паслухацца мяне. Дапускаў я i тое, што мацi гэтага дурня, якая занадта добра помнiць свае непрыемнасцi з прадстаўнiкамi правапарадку, напэўна ж будзе раiць сыну ўпотай згаварыцца з маёй сям'ёй i прадаць мой сакрэт як мага даражэй... I шкада, i агiдна было мне глядзець на Рабэра: моцна яго зацiснулi гэтыя два кiты! Адзiн з iх - Альфрэд - неблагi хлопец, як кажуць. Думае толькi пра сваю выгаду, далей свайго носа нiчога не бачыць (што, зрэшты, iдзе яму на карысць). А вось другi - сынок мой Хюбэр!.. У гэтага ёсць i празорлiвасць, i асцярожнасць, i вострыя iклы, i выключная ўладарнасць над людзьмi (рыса, канешне, атрыманая ад мяне). Рабэр тут, вядома, бездапаможны... Я сачыў за iмi з-за калоны так, як глядзiш часам на барацьбу павука i мухi, калi ўжо загадзя ведаеш, што зараз ад аднаго ўдару загiне i павук i муха. Рабэр усё нiжэй i нiжэй схiляў сваю галаву. А пачынаў ён, мусiць, бадзёра: "Усё дзелiм папалам!" Гэты звярок, бачыце, убiў сабе ў галаву, што сiла на яго баку... Эх, дурань!.. Ды з таго моманту, як ты падаў свой голас, цябе адразу раскусiлi, i не табе цяпер ставiць умовы... I толькi я, сведка гэтай барацьбы, бачыў яе абсалютную безнадзейнасць i непатрэбнасць! Я адчуваў сябе як усемагутны Бог! Я збiраўся знiшчыць гэтых гнюсных насякомых, растаптаць гэтых мярзотных гадзюк, i цiхенька смяяўся.
      Прайшло яшчэ хвiлiн дзесяць, i Рабэр зусiм анямеў. Затое ўвесь час гаварыў Хюбэр, - вiдаць, аддаваў распараджэннi, а малады чалавек пакорлiва слухаў i ўгодлiва кiваў галавой. Ён усё больш горбiўся: спiна была ўжо зусiм круглая. Альфрэд развалiўся ў саламяным крэсле, закiнуў нагу на нагу i зрэдку задаволена адкiдаў назад галаву, i я мог бачыць яго чорную бараду, яго вясёлы тлусты твар.
      Нарэшце яны ўсталi i не спяшаючыся пайшлi да выхаду. Я рушыў следам. Панура плёўся Рабэр, нiбы злодзей памiж двума жандарамi. Нязграбнымi чырвонымi рукамi камячыў ён свой паношаны шэры капялюш. I ў той самы момант, калi я падумаў, што больш тут ужо нiхто мяне нiчым не здзiвiць, я ўбачыў, як Хюбэр адстаў ад Альфрэда i Рабэра, апусцiў руку ў крапiльнiцу са "святой вадой", павярнуўся да алтара i ўрачыста перахрысцiўся.
      Больш мне не было куды спяшацца. Навошта турбавацца, сачыць за iмi далей? Цяпер я ведаў, што сёння ўвечары або заўтра ранiцай Рабэр прымчыцца да мяне, скажа, што ён з усiм згодны, i будзе прасiць хутчэй брацца за наш план. Як жа мне яго сустрэць? Трэба падумаць. Часу ў мяне яшчэ хапае... Я стамiўся i прысеў перадыхнуць. Сынава ханжаства, яго пачварны жэст перад алтаром... "святая вада...". Вось што ашаламiла мяне, вось што балюча паранiла мяне i засланiла сабой усё астатняе!..
      Маладзенькая, сцiпла апранутая дзяўчына села побач, паклала нейкi клуначак i стала на каленi. Я добра бачыў яе профiль, крыху схiленую наперад шыйку. Погляд яе быў прыкаваны да таго самага алтара, на якi так урачыста хрысцiўся Хюбэр...
      Зайшлi два семiнарысты. Адзiн высокi, худы, - ён нечым нагадаў мне абата Ардуэна. Другi быў невялiчкага росту, з пухленькiм дзiцячым тварам. Яны таксама ўкленчылi i застылi. Вочы iх умольна ўпiвалiся ў алтар. А я не мог зразумець, што яны там бачаць. "Ну што, - думаў я, - нiчога тут асаблiвага няма, акрамя цiшынi, халадку, паху ладану, воску ды каменных сырых сцен..." I зноў мой позiрк спынiўся на твары маладзенькай дзяўчыны. Цяпер вочы яе былi заплюшчаныя. У яе былi доўгiя вейкi, i мне ўспомнiлiся заплюшчаныя вочы нашай Мары, калi яна ляжала ў труне. Я адчуваў, што вось тут, зусiм блiзка, побач са мной, i разам з тым бясконца далёка ад мяне, iснуе невядомы мне свет дабрынi... Iза часта гаварыла мне: "Ты бачыш усюды благое, адно толькi благое..." Гэта было i праўда, i няпраўда.
      XVI
      Абедаў я з добрым настроем. Такой раскаванасцi, свабоды, упэўненасцi даўно я не адчуваў. Нiбы здрада Рабэра не толькi не перакрэслiла ўсiх маiх планаў, а, наадварот, паспрыяла iм. У маiм узросце чалавеку, жыццё якога можа абарвацца ў кожную хвiлiну, не варта шукаць прычын перамены свайго настрою: яны фiзiялагiчныя. Мiф аб Праметэю недарэмна сцвярджае, што ўвесь сусветны смутак залежыць ад печанi. Але хто адважыцца прызнаць такую простую, грубую iсцiну? Боль пакiнуў мяне. Я з задавальненнем з'еў смажанае мяса з кроўю. Я радаваўся, што кавалак дастаўся мне вялiкi i не давядзецца трацiць грошы на другiя стравы. А на дэсерт вырашыў узяць сыру - тады i пад'ясi, i танна заплацiш.
      Як жа мне быць з Рабэрам? Трэба нешта прыдумаць, але я стамiўся i не магу засяродзiцца. А зрэшты, нашто мне задурваць сабе галаву нейкiмi планамi? Лепш за ўсё - экспромт. Не хацеў я нiчога планаваць i ўсё ж смакаваў, наперад адчуваў тую асалоду, што чакае мяне: хiба гэта не ўцеха, хiба гэта не радасць - пагуляць, як кошка, з гэтым дурным мышанём, Рабэрам. А ён жа, вядома, i не здагадваецца, што я дазнаўся пра яго здраду... Жорсткi я цi не? Бадай, жорсткi. Але не болей, чым iншыя, чым дзецi цi жанчыны. Жорсткi - як i ўсе (i тут мне ўспомнiлася маладзенькая дзяўчына з царквы Сэн-Жэрмэн-дэ-Прэ) - як i ўсе тыя, хто не шануе Хрыста.
      Я вярнуўся на таксi ў свой пакойчык на вулiцы Брэа i прылёг адпачыць. Студэнты, якiя займалi большасць пакояў у гэтым доме, раз'ехалiся на вакацыi. Было цiха i спакойна. I ўсё ж пакойчык мой з такой беднай мэбляй i не вельмi чыстымi фiранкамi нiяк не назавеш утульным. Ад ложка ў стылi Генрыха II паадклейвалiся маленькiя кавалачкi драўлянай разьбы. Чыясьцi дбайная рука сабрала iх i паклала ў бронзавы кубачак, што стаяў на камiне. На глянцавiтых шпалерах з муаравым узорам скрозь плямы. Нават пры адчыненым акне пах ад начной прыгожай тумбачкi, аблiцаванай чырвоным мармурам, стаяў у паветры. Стол быў засланы абрусам гарчычнага колеру... Вось такое тут было "абсталяванне" узор недарэчных, безгустоўных мяшчанскiх прэтэнзiй.
      Прачнуўся я ад нейкага шоргання. Расплюшчыў вочы i ўбачыў перад сабой Рабэраву мацi. Яна лiслiва ўсмiхалася. I калi б нават я нiчога не ведаў пра здраду яе сынка, то адна толькi гэтая ўсмешка навяла б мяне на нядобрыя думкi. Празмерная ласкавасць, угодлiвасць - надзейныя прыкметы вераломнага ўчынку. Я, аднак, таксама ўсмiхнуўся i пахвалiўся, што адчуваю сябе многа лепш. Дваццаць гадоў назад у яе быў не такi тоўсты нос. Прыгожы круглы роцiк тады быў запоўнены двума радамi моцных белых зубоў, якiя атрымаў сабе ў спадчыну Рабэр. А сёння яна шырока ўсмiхнулася, i я ўбачыў устаўныя скiвiцы. Яна, мусiць, iшла хутка, спацела, i едкi пах поту перабiваў нават "водар" ад прыгожай начной тумбачкi. Я папрасiў яе шырэй адчынiць акно. Яна паслухмяна ўстала, падышла да акна i насцеж расчынiла яго. Зноў вярнулася, зноў абдарыла мяне сваёй робленай усмешкай i прашчабятала, што цяпер, калi я паправiўся, Рабэр поўнасцю гатовы да "той самай справы". Заўтра, у суботу, хлопчык прыйдзе да мяне апоўднi. Я нагадаў ёй, што ў суботу пасля абеду банкi не працуюць. Тады яна сказала, што Рабэр адпросiцца з работы ў панядзелак. Яго абавязкова адпусцяць, а, зрэшты, можна i не адпрошвацца: няма чаго цяпер баяцца гаспадара.
      Яна моцна здзiвiлася, калi я рашуча запярэчыў i сказаў, каб Рабэр не звальняўся з працы яшчэ некалькi тыдняў. Развiтваючыся, яна паабяцала зайсцi да мяне заўтра разам з сынам, але я адказаў, што буду чакаць Рабэра аднаго i хачу пагаварыць з iм сам-насам, каб лепш, глыбей пазнаёмiцца з юнаком i навучыць яго сяму-таму... Бедная дурнiца не магла схаваць сваёй заклапочанасцi: яна, вядома, баялася, каб сын не выдаў сябе. Аднак, калi я гавару сваiм прывычным рашучым голасам i свiдрую субяседнiка сваiм суровым позiркам, нiхто i не адважыцца спрачацца са мною. Вось так, дарагая, сама ж падвучыла сынка пайсцi на змову з маёй сям'ёй!.. Я вельмi добра ведаў гэтага баязлiўца, гэтага недарэку, каб уявiць сабе, як заўтра будзе ён калацiцца перада мной.
      Калi назаўтра ранiцай няшчасны Рабэр пераступiў мой парог, я адразу зразумеў, што адпакутаваў ён за гэтую ноч больш, чым я мог меркаваць. Павекi яго пачырванелi, апухлi, - спаць яму, вiдаць, нi хвiлiнкi не давялося. Па-зладзейску бегалi вочкi... Я запрасiў яго сесцi i са спачуваннем сказаў, што мне не падабаецца яго хваравiты выгляд. Словам, я быў з iм лагодны, амаль пяшчотны. З зайздросным адвакацкiм красамоўствам я пачаў маляваць яму карцiны райскага бесклапотнага жыцця, якое адкрывалася перад iм. Я куплю яму ў Сэн-Жэрмэне дом, парк гектараў на дзесяць. Усе пакоi ў доме будуць абстаўлены старадаўняй мэбляй. У парку - сажалка, у ёй - цудоўная рыба. На двары - гараж на чатыры аўтамабiлi. Адна за адной на маладога чалавека сыпалiся ўсё новыя i новыя спакусы. Калi я загаварыў пра аўтамабiль i прапанаваў купiць машыну самай лепшай амерыканскай маркi, трэба было бачыць, якiя пакуты цярпеў гэты чалавек. Хутчэй за ўсё ён паабяцаў не прымаць ад мяне пры жыццi нiводнага франка.
      - Больш цябе ўжо нiхто i нiшто не патрывожыць, - дадаў я. - Купчую падпiшаш сам. Я ўжо адклаў i ў панядзелак перадам табе некаторыя каштоўныя паперы, ад якiх ты будзеш мець гадавую рэнту сто тысяч франкаў. З такой сумай можна пакуль што спакойна жыць. А асноўная частка майго капiталу - у Амстэрдаме. На наступным тыднi мы з табой з'ездзiм туды i аформiм усе дакументы... Пачакай, Рабэр, што з табой?..
      Ён прамармытаў:
      - Не, не трэба... Я нiчога не вазьму ад вас... пакуль вы будзеце жыць... Не хачу я вас абкрадаць... Не хачу... Не трэба...
      Ён стаяў, абапёршыся аб шафу, i грыз пазногцi на левай руцэ. Я пранiзваў яго сваiм пiльным позiркам, якога так баялiся ў судзе. Бывала, у некаторых падсудных падкошвалiся ногi ад такога погляду, i яны падалi на рукi жандараў...
      А ў глыбiнi душы я быў нават удзячны Рабэру. Цяпер я мог жыць свабодна, незалежна ад яго. А магло ж так здарыцца, што дажываў бы я свой век разам з гэтым чарвяком. Не было ў мяне да яго i нянавiсцi. Я вырашыў адкiнуць яго са сваёй дарогi i не рабiць яму нiчога благога. I ўсё ж я не мог адмовiць сабе ў асалодзе трохi пазабаўляцца з iм:
      - Як гэта прыгожа, Рабэр! Ты мяне парадаваў. Мяне вельмi кранула, што ты хочаш дачакацца маёй смерцi. Але я не прыму такой ахвяры. У панядзелак ты атрымаеш усё, што я абяцаў, а да канца тыдня я перавяду на тваё iмя астатнюю частку капiталу (ён замахаў рукамi, скрывiўся, нешта замармытаў). Як гэта разумець, Рабэр?! Мне ўсё гэта надакучыла! Або ты згадзiшся, або зусiм нiчога ад мяне не атрымаеш, - суха адрэзаў я.
      Ён адвёў убок вочы i папрасiў пачакаць некалькi дзён, - хацеў выйграць час, каб напiсаць у Бардо i атрымаць адтуль адпаведныя ўказаннi. Ах ты iдыёт няшчасны!
      - Рабэр, ты мяне здзiўляеш. Не разумею я цябе...
      Я акiнуў яго, як мне здавалася, лагодным позiркам. Якая там лагоднасць?! Вочы ў мяне яшчэ горшыя, чым я сам. Рабэр ледзь чутна прашаптаў:
      - Чаму вы на мяне так гледзiце?
      - Чаму я на цябе так гляджу? - перапытаў я, мiжволi перадражнiваючы яго. А ты, чаму ты не можаш глядзець мне проста ў вочы?
      Людзi, якiх усе любяць, ад прыроды ўмеюць знаходзiць менавiта тыя словы i жэсты, якiя прыцягваюць усе сэрцы. А я ўжо так прывык выклiкаць ва ўсiх страх i нянавiсць, што ў мяне i вочы, i бровы, i голас, i нават смех толькi падкрэслiваюць маю бессардэчнасць. Так было i цяпер: я хацеў надаць свайму позiрку лагоднасцi, паблажлiвасцi, а няшчасны хлапец курчыўся ад страху. Я ўсмiхнуўся, а ён успрыняў маю ўсмешку як злавесны знак бяды. I нарэшце - так апошнiм ударам дабiваюць жывёлiну - я нечакана спытаўся:
      - Ну, а тыя, колькi ж паабяцалi яны?
      Ашаломлены юнак з жахам i адчаем глянуў на мяне: "Х-хто т-тыя?.. Хто па-а-бяцаў?"
      - Як хто? А тыя два месье: адзiн - тоўсты, другi - тонкi.
      Мне ўжо хацелася хутчэй скончыць гэтую размову. Агiдна было працягваць такую гульню, але ж не адразу неяк адважышся раздушыць абцасам сараканожку...
      - Ды супакойся ты! - сказаў я нарэшце. - Я дарую табе.
      - Гэта не я... Я не хацеў... Гэта...
      Я зацiснуў яму рот рукой. Не хапала яшчэ, каб гэты чарвяк абвiнавацiў ва ўсiм сваю мацi.
      - Цiха! Не трэба нiкога называць... Ну, колькi абяцалi? Мiльён? Пяцьсот тысяч? Меней? Немагчыма! Трыста тысяч? Дзвесце?
      - Не, - жаласна запiшчаў ён. - Нам абяцалi рэнту. Гэта нас i спакусiла, гэта надзейней. Дванаццаць тысяч франкаў у год.
      - З сённяшняга дня?
      - Не, калi яны спадчыну атрымаюць. Яны ж не маглi дадумацца, што вы можаце ўсё ўжо цяпер пакласцi на маё iмя. А цяпер позна ўжо... Цяпер яны мяне адразу ў суд... Хiба што ўсё схаваць ад iх... Ах, якi я быў дурань!.. Вось мне i кара...
      I ён уткнуўся галавой у мой ложак i залiўся горкiмi слязьмi. Адна рука яго бездапаможна павiсла, вялiкая чырвоная рука, налiтая кроўю...
      - Як-нiяк, а я ж ваш сын, - стагнаў ён. - Не адракайцеся ад мяне...
      I нязграбным рухам ён паспрабаваў абняць мяне за шыю. Я даволi далiкатна не даў яму гэтага зрабiць. Потым падышоў да акна i сказаў:
      - З першага жнiўня ты i твая мацi будзеце атрымлiваць паўтары тысячы франкаў у месяц. Я паклапачуся, каб гэтая рэнта выдавалася да канца твайго жыцця. Калi спатрэбiцца, яе перавядуць на iмя тваёй мацi. Мая сям'я нi ў якiм разе не павiнна ведаць, што я раскрыў вашу змову ў царкве Сэн-Жэрмэн-дэ-Прэ. (Ён аж падскочыў, калi пачуў гэтую назву.) Думаю, няма патрэбы папярэджваць цябе, што, калi ты не зможаш утрымаць язык за зубамi - страцiш усё. I яшчэ. Я змагу табе аддзячыць, калi ты будзеш трымаць мяне ў курсе ўсяго таго, што будзе задумвацца супраць мяне.
      Цяпер-то ён добра ведаў, як цяжка ад мяне што-небудзь утаiць i як дорага будзе каштаваць яму яшчэ адна здрада. Я даў зразумець, што не жадаю больш бачыць нi яго самога, нi яго мацi. Пiсаць яны мне могуць да запатрабавання ў тое самае паштовае аддзяленне.
      - Калi ад'язджаюць з Парыжа твае супольнiкi?
      Ён запэўнiў мяне, што яны паехалi ўчора вечарам. Я рэзка спынiў яго, калi ён пачаў расшарквацца, дзякаваць i даваць абяцаннi. Ён, вядома, быў ашаломлены: нейкае казачнае бажаство, якому ён здрадзiў, то ўзнiмала яго да нябёс, то кiдала ў бездань, то зноў падхоплiвала... Сабой ён ужо не валодаў i аддаў усяго сябе ў рукi гэтаму бажаству. Выгнуўшы спiну, утулiўшы хвост, гэты сабака паўзком выносiў костку, якую я кiнуў яму... Раптам ён спахапiўся i спытаўся, як i цераз каго ён будзе атрымлiваць рэнту.
      - Ты яе атрымаеш. Я заўсёды выконваю свае абяцаннi. Астатняе - не твая справа!..
      Рука яго ўжо была на клямцы, а штосьцi не давала яму пайсцi. У поўнай нерашучасцi ён загаварыў:
      - Добра было б цераз якую-небудзь страхавую арганiзацыю... ну, нiбыта гэта пажыццёвая рэнта цi яшчэ што-небудзь такое... Так было б спакайней...
      Я з усёй сiлы выпхнуў яго за дзверы.
      XVII
      Я абапёрся аб камiн i машынальна пачаў лiчыць кавалачкi драўлянай разьбы, што ляжалi ў бронзавым кубачку.
      Колькi марыў я пра гэтага незнаёмага сына! Усё маё бязрадаснае жыццё мяне нiколi не пакiдала адчуванне, што ён ёсць, падрастае, мужнее. Дзесьцi ёсць у мяне сын, мой сын, я знайду яго, калi захачу, i, можа, хоць ён стане мне ўцехай. Жыве ён не ў раскошы, але ад гэтага ён мне яшчэ блiжэйшы: мне прыемна было думаць, што ён нiчым не будзе нагадваць майго законнага сына Хюбэра. Мне бачыўся ён простым, здаровым, дужым - вартасцi, якiя так шануюць у народзе... Словам, на яго я ставiў сваю апошнюю карту. Я цвёрда ведаў: калi i яна будзе бiтая, то больш чакаць ад гэтага жыцця мне не будзе чаго, - застанецца толькi скруцiцца ў клубочак, адвярнуцца да сцяны i чакаць смерцi... За сорак гадоў, як мне здавалася, я звыкся з нянавiсцю - мяне ненавiдзелi, i я ненавiдзеў. А аказалася, як i ўсе людзi, я песцiў у душы iскрынку надзеi i, як мог, ашукваў свой душэўны голад... да самай апошняй мяжы... А цяпер усё было скончана.
      Цяпер я пазбаўлены нават ганебнай асалоды строiць планы, як пазбавiць спадчыны тых, хто хацеў мне лiха. Рабэр навёў iх на мой след: у рэшце рэшт яны знойдуць усе мае сейфы, нават тыя, якiя запiсаны на чужое iмя. А можа, прыдумаць яшчэ што-небудзь? Эх! Пажыць бы яшчэ ды ўсё растрацiць! А потым памерцi... i каб у iх не было нават чым заплацiць за маю самую танную труну... Але пасля такога жыцця, калi ўсё падлiчвалася да апошняга сантыма, ашчаджалася, эканомiлася - хiба можна пасля такога жыцця стаць марнатраўцам?! Ды яшчэ ў маiм веку!.. А дзеткi мае, канешне ж, будуць сачыць за кожным маiм крокам. Не, не магу я кiдаць грошы на вецер - гэта дало б небяспечную зброю маёй сямейцы... Трэба было пачынаць усё гэта раней, памалу, пацiху... А цяпер - паспрабуй, разарыся! Куды ты падзенеш свае капiталы? Ах, забраць бы iх з сабой у магiлу, i там сцiскаць у абдымках гэтае золата, гэтыя купюры! I даказаць усiм святым, што багацце зямное можа паслужыць i на тым свеце!
      А можа, стаць шчодрым дабрачынцам? Узяць ды паслаць у канторы грамадскай апекi або ў манастыры ахвяраваннi ад добрага чалавека, якi захацеў застацца невядомым? Магу ж я нарэшце забыцца пра сваiх ворагаў i падумаць пра iншых людзей?.. Але самае страшнае ў тым, што старасць - гэта вынiк цэлага жыцця, вынiк канчатковы, у якiм немагчыма памяняць нiводнай лiтары, нiводнай лiчбы, нiводнай коскi... Шэсцьдзесят восем гадоў ляпiў я з сябе гэтага старога, перапоўненага нянавiсцю да сваiх блiзкiх... Такiм я i памру. Якiм зрабiла мяне жыццё, такiм я i застануся! А як хацелася б стаць другiм! О, Божа, калi ты ёсць!..
      Вечарэла. Прыйшла служанка, паслала мне пасцель, а аканiц не зачынiла. Я лёг. Вулiчны тлум i святло лiхтароў не перашкаджалi мне драмаць. Не раз я прачынаўся, - як у вагоне, калi цягнiк спыняецца, - i зноў засынаў. Я не адчуў сябе хворым, i ўсё ж мне здавалася, што варта толькi затаiцца i пачакаць, як сон гэты зробiцца вечным.
      Мне заставалася зрабiць распараджэннi, каб Рабэру выплачвалi рэнту, ды схадзiць на пошту i забраць пiсьмы, калi яны там ёсць. Ужо тры днi я туды не заходзiў. Цяпер не зробiць гэтай паслугi i Рабэрава мацi. Гэтае чаканне невядомага, можа, самага важнага, самага патрэбнага пiсьма!.. Яно застаецца заўсёды з намi, нягледзячы нi на што! Вось вам доказ таго, што нельга нiколi чалавека пазбавiць надзеi! Нiкому не вырваць з нас гэтага жывучага пырнiку!..
      Назаўтра я ўстаў апоўднi. Думка пра пiсьмы надала мне сiлы, i я пайшоў на пошту. Iшоў дождж, у мяне не было з сабой парасона, i таму я стараўся трымацца ля самай сцяны. Мусiць, нешта я рабiў не так: прахожыя паварочвалiся, прыглядалiся да мяне. А мне хацелася крыкнуць iм: "Што вы на мяне гледзiце? Што ўва мне незвычайнага? А можа, вы думаеце, што я вар'ят? Ну, тады нiкому не гаварыце, а то мае дзеткi адразу схопяцца за гэта. Ды не глядзiце вы на мяне гэтак: я такi, як i ўсе, - вось толькi родныя дзецi мяне ненавiдзяць i я мушу баранiцца ад iх. Але гэта зусiм не значыць, што перад вамi вар'ят. Часам я бываю ўзбуджаны - гэта ад лякарстваў: я хварэю на грудную жабу. Я гавару сам з сабою. Ну i што? Я заўсёды адзiн. А чалавеку абавязкова трэба з кiм-небудзь гаварыць. Дык што ж тут незвычайнага, калi адзiнокi чалавек нешта мармыча i робiць нейкiя жэсты".
      У пакеце, якi мне выдалi на пошце, былi плацёжныя паведамленнi, некалькi пiсем з банкаў i тры тэлеграмы. У тэлеграмах хутчэй за ўсё пойдзе гаворка пра нейкае маё распараджэнне на бiржы, якога маклер не змог выканаць. Я вырашыў зайсцi ў якую-небудзь забягалаўку паблiзу i там азнаёмiцца з поштай.
      За доўгiмi сталамi сядзелi выпацканыя ў мел i цэмент муляры. Гэта былi людзi самага рознага ўзросту. Яны паволi дажоўвалi свае невялiкiя порцыi, запiваючы абед лiтрам вiна, i амаль усе маўчалi. Яны працавалi з самай ранiцы пад дажджом. З паловы другой iм зноў брацца за працу. Быў канец лiпеня. На вакзалах - натоўпы людзей... Цiкава, цi зразумелi б муляры мае пакуты? Напэўна. Хiба я, стары адвакат, мог сумнявацца ў гэтым? Ужо на першым сваiм працэсе я сутыкнуўся з даволi тыповай з'явай: сыны не хацелi кармiць свайго старога бацьку, перасварылiся памiж сабой, i кожны стараўся прагнаць бедачыну ад сябе. Праз кожныя тры месяцы стары мяняў свой прытулак. Усюды яго праклiналi. Сыны адкрыта наклiкалi на яго смерць, дый сам ён чакаў сваёй пагiбелi як паратунку... А колькi разоў пасля гэтага даводзiлася мне ўмешвацца ў такiя вось жорсткiя гiсторыi: стары бацька доўга супрацiўляецца i не хоча выпускаць з рук сваё дабро. А дзеткi просяць, моляць, залатыя горы абяцаюць... Нарэшце стары не вытрымлiвае i ўсё аддае, а дзецi потым мораць яго работай, голадам i зжываюць са свету... Нешта падобнае адчуў, вiдаць, на сваёй скуры вунь той стары худы, бяззубы муляр, якi сядзiць за два крокi ад мяне i марудна перацiрае хлеб голымi дзяснамi...
      Цяпер нiкому не дзiва, што я, добра апрануты дзядок, сяджу ў гэтай забягалаўцы. Я жаваў кавалачак белага трусiнага мяса i глядзеў, як навыперадкi, адна за адной збягаюць па шыбе кроплi дажджу. Потым паспрабаваў разабраць прозвiшча гаспадара, якое было напiсана на тым баку вiтрыны. Я палез у кiшэнь па насоўку i намацаў сваю пошту. Надзеў акуляры i пачаў чытаць першую, што папалася ў рукi, тэлеграму: "Пахаванне мамы заўтра дваццаць трэцяга лiпеня адпяванне дзевяць гадзiн царква Сэн-Луi". Адправiлi тэлеграму сёння ранiцай, а тыя дзве былi пасланы пазаўчора з прамежкам у некалькi гадзiн. У адной паведамлялася: "Мама захварэла пры смерцi вяртайся", а ў другой: "Мама памерла..." Усе тры падпiсаны Хюбэрам.
      Я скамячыў тэлеграмы i не кiнуў есцi. Адна толькi думка свiдравала мяне: цi хопiць сiлы сесцi на вячэрнi цягнiк i даехаць дадому? I толькi пасля мяне ашаламiла. Як? Я перажыў Iзу?.. Ды я ж даўно ўжо адной нагой у магiле! Нiхто, ну нiхто на свеце - а я i пагатоў - не сумняваўся, што я першы лягу ў труну... Усе мае планы, выдумкi, хiтрыкi - усё гэта было скiравана на тыя днi, якiя прыйдуць пасля маёй смерцi... Iза... Яна мне бачылася толькi так: трохi заплаканая ўдава ў доўгай крэпавай вуалi, якая замiнае ёй адамкнуць сейф... А тут!.. Каб сонца пайшло ў другi бок, я не так здзiвiўся б, не ўстрывожыўся!.. Тым не менш ува мне загаварыў дзелавы чалавек. Я пачаў разбiрацца, узважваць, што i як у гэтым становiшчы можна выкарыстаць супраць маiх ворагаў... Вось што мяне турбавала аж да самага моманту, калi цягнiк застукаў па рэйках. А тады запрацавала мая фантазiя: я ўявiў сабе Iзу на смяротным ложы i пачаў думаць, што адбывалася каля яго ўчора i пазаўчора. Да драбнiц узнаўляў у памяцi жончын пакой у Калезе (я не ведаў, што яна памерла ў Бардо). Я прашаптаў: "Ужо, напэўна, паклалi ў труну..." - i да мяне прыйшло нейкае мярзотнае пачуццё палёгкi. А то я ж не ведаў бы, як паводзiць сябе пад пiльнымi, варожымi позiркамi дзяцей. Цяпер пытанне вырашана. Ну, а што да пахавання, то тут усё спрашчаецца: я прыеду i адразу, вядома, звалюся. Прысутнiчаць на пахаваннi ў мяне проста не будзе сiлы. Цяпер вунь ледзьве даплёўся да ўмывальнiка. Але немачы сваёй я цяпер не баяўся: раз памерла Iза, значыць, мне яшчэ не скора памiраць, - сваю чаргу я прапусцiў. А вось прыступу баяўся, тым больш што быў адзiн у купэ. На вакзале мяне сустрэнуць (тэлеграму я даў), - хутчэй за ўсё прыедзе Хюбэр...
      Не, я памылiўся. Сустрэў мяне не Хюбэр. Як жа мне палягчэла, калi я ўбачыў перад сабой тоўсты, змучаны ад бяссоннiцы твар Альфрэда. Ён, здавалася, трохi спалохаўся, калi ўбачыў мяне. Я мусiў узяць яго пад руку i не мог без яго дапамогi сесцi ў машыну. Дажджлiвым ранкам ехалi мы па сумных вулiцах квартала, дзе былi гарадскiя бойнi i школы. Распытваць патрэбы не было, Альфрэд сам падрабязна пра ўсё расказаў: i як Iза без прытомнасцi ўпала ў гарадскiм скверы, i як яе перанеслi ў аптэку паблiзу, а потым павезлi дамоў, i як цяжка было несцi грузнае цела на другi паверх, i як пусцiлi ёй кроў, зрабiлi пункцыю... У яе было кровазлiццё ў мозг, але ўсю ноч яе не пакiдала прытомнасць. Знакамi яна настойлiва клiкала мяне, а потым заснула вечным сном. Гэта адбылося ў той самы момант, калi святар прынёс святы ялей. "Але яна прычашчалася напярэдаднi..."
      Машына спынiлася перад нашым пад'ездам. Ён быў ужо задрапiраваны чорнай тканiнай. Альфрэд спяшаўся, казаў, што можа не паспець пераапрануцца для жалобнай цырымонii. Але яму такi давялося дапамагчы мне вылезцi з машыны i правесцi мяне да першых прыступак.
      Я не пазнаў нашай пярэдняй. Сцены - чорныя, усюды гараць свечкi, гара кветак, дзве нерухомыя манашкi... Я зажмурыўся. Усё было чужое, незвычайнае, дзiўнае, як у сне. Ад гэтых жалобных тканiн, кветак, свечак да штодзённага жыцця вяла звычайная лесвiца з пацёртай дывановай дарожкай...
      Па лесвiцы спускаўся Хюбэр. Строгi фрак надаваў яму яшчэ большую сур'ёзнасць, салiднасць. Ён падаў мне руку i штосьцi сказаў. Але як далёка быў яго голас!.. Я хацеў адказаць яму, а змог толькi паварушыць губамi... Язык мяне не слухаўся. Хюбэр нахiлiўся да мяне, яго твар зрабiўся вялiзным, i я правалiўся ў чорную бездань. Потым мне сказалi, што я самлеў i быў у непрытомнасцi хвiлiны тры, не болей. Апрытомнеў я ў маленькiм пакойчыку, дзе ў гады маёй адвакацкай дзейнасцi была пачакальня. Ад нюхальных соляў заказытала ў носе. Пачуўся голас Жэнеўевы: "Зараз яму палягчае..." Я расплюшчыў вочы i ўбачыў схiленыя нада мной твары. Як жа яны змянiлiся: адны былi апухлыя, чырвоныя, другiя - зеленавата-бледныя. Таўстуха Янiна здавалася равеснiцай нябожчыцы. Асаблiва пабрыдчэў ад слёз Хюбэр: твар яго стаў зусiм непрыгожы, але выраз яго быў, як у дзяцiнстве, калi Iза брала яго на каленi, супакойвала i гаварыла: "Ну, ну, мой маленькi, гора ў яго, гора ў майго харошага хлопчыка..." Адзiн толькi Фiлi не змянiўся: твар у яго быў як заўсёды прыгожы i абыякавы. На маладым чалавеку красаваўся той самы фрак, у якiм ён цягаўся па ўсiх рэстаранах Парыжа i Берлiна. Так, мусiць, выглядае гэты басяк, калi едзе на чарговую вечарынку цi вяртаецца з начной гулянкi, п'яны i расхлябаны (вунь нават вузел на гальштуку не паспеў як след завязаць). За Фiлi стаялi нейкiя жанчыны пад жалобнымi вуалямi, - я не мог пазнаць iх. Можа, гэта была Алiмпiя з дочкамi. У прыцемку бялелi нечыя накрухмаленыя манiшкi.
      Жэнеўева паднесла да маiх губ шклянку. Я зрабiў некалькi глыткоў i сказаў, што мне палепшала. Ласкавым i добрым голасам дачка спыталася, цi не хачу я легчы ў пасцель. Я адказаў першае, што мне прыйшло ў галаву:
      - Я хацеў бы праводзiць яе да магiлы, раз ужо не суджана мне было развiтацца з ёю жывою...
      Як той акцёр, што спрабуе знайсцi правiльную iнтанацыю, я паўтараў: "Раз не суджана мне было развiтацца з ёю жывою... развiтацца з ёю жывою... жывою...", раптам гэтыя звычайныя словы, сказаныя толькi дзеля прыстойнасцi, дзеля таго, каб падмацаваць маю ролю на пахаваннi жонкi, - раптам гэтыя словы з магутнай сiлай абудзiлi ўва мне тое самае пачуццё, якое яны i павiнны былi выказаць. I да мяне дайшло тое, чаго нiяк не хацеў прымаць мой розум: больш нiколi не спаткаю, не ўбачу я Iзы, i нiколi не мець нам душэўнай размовы, i нiколi не прачытае яна гэтых старонак!.. Навекi ўсё застанецца так, як было ў Калезе, калi мы гутарылi з ёю апошнi раз... Нiчога цяпер ужо не паправiш, не пераробiш... Яна памерла, так i не ведаючы, што быў я не толькi вылюдкам i катам, што жыў ува мне i другi чалавек... Божа! Нават калi б я прыехаў у самую апошнюю яе хвiлiну, нават калi б мы не сказалi слова адно аднаму, яна ўбачыла б гэтыя слёзы, якiя цяпер лiлiся па маiх шчоках, i адышла б на вечны спакой, гледзячы на маю тугу i адчай...
      А цяпер толькi нашы дзецi ў здранцвеннi глядзелi на гэтае вiдовiшча. Напэўна, нiколi ў сваiм жыццi яны не бачылi, каб я плакаў. Гэты старэчы грозны, люты твар, гэтая страшная галава Медузы*, чыйго погляду нiхто не мог вытрымаць, на вачах мяняўся i рабiўся чалавечым.
      * Медуза - у мiфалогii старажытнай Грэцыi страшыдла, у якога на галаве замест валасоў варушылiся змеi. Людзi камянелi на месцы, паглядзеўшы на яе.
      Я пачуў, як нехта сказаў (здаецца, гэта была Янiна):
      - Каб вы не паехалi, можа... Чаму вы паехалi?
      Чаму я паехаў? А хiба я не паспеў бы вярнуцца? Паспеў бы, калi б далi тэлеграму не да запатрабавання, а на вулiцу Брэа!.. Хюбэр неасцярожна дадаў:
      - Паехаць i нават не пакiнуць адраса... Дзе шукаць, куды пiсаць?..
      I тут цьмяная дагэтуль здагадка стала ўпэўненасцю. Абапёршыся абедзвюма рукамi на падлакотнiкi крэсла, я прыўстаў i, калоцячыся ад гневу, закрычаў Хюбэру:
      - Няпраўда!
      Ён замармытаў:
      - Бацька, апамятайся!
      - Так, так! Вы ўсе махляры!.. Вы ведалi мой адрас! Паглядзi мне ў вочы, нягоднiк, i паспрабуй сказаць, што вы не ведалi адраса!
      Хюбэр спрабаваў запярэчыць:
      - Адкуль жа нам было яго ведаць?..
      - А хiба ты не сустракаўся з чалавекам, з якiм я меў справы ў Парыжы?! Не сустракаўся?! Няўжо ў цябе i на гэта павернецца язык?!
      Усе акамянелi i са страхам глядзелi на мяне. Хюбэр апусцiў галаву, як хлапчук, злоўлены ў падмане.
      - Дарэчы, не дорага вы яму заплацiлi за здраду! Не вельмi вы шчодрыя, дзецi мае! Дванаццаць тысяч гэтаму няшчаснаму за тое, што ён аддаў вам такое багацце! Гэта ж амаль нiчога!
      Я зарагатаў i моцна закашляўся. Дзецi анямелi. I толькi Фiлi выцiснуў праз зубы: "Гнусная гiсторыя!.."
      А я гаварыў далей, i кожнае маё слова выкрывала iх. Панiзiў толькi голас, калi заўважыў умольны сынаў жэст:
      - Гэта вы вiнаватыя, што я не развiтаўся з ёю. Вы ведалi пра кожны мой крок, але вам трэба было, каб я нiчога не западозрыў. Вы хавалiся ад мяне. Калi б вы паслалi тэлеграму на вулiцу Брэа, я адразу зразумеў бы, што мне здрадзiлi. I нiчога на свеце не магло вас прымусiць зрабiць гэта, нават апошняя просьба вашай мацi! Вы яе, вядома, шкадавалi, але пайшлi напралом...
      Вось што я iм сказаў, прыгадаўшы i яшчэ большыя грахi. Хюбэр пачаў упрошваць сястру:
      - Прымусь яго змоўкнуць, Жэнеўева! Прымусь! Людзi ж могуць пачуць!..
      Жэнеўева абняла мяне за плечы i зноў пасадзiла ў крэсла.
      - Не трэба, бацька! Супакойся, прашу цябе! Не час цяпер на гэта... Потым на свежую галаву пагаворым... Iмем мацi нашай заклiнаю... Яна яшчэ тут, у труне...
      Смяротна бледны Хюбэр прыклаў палец да губ: зайшоў кiраўнiк пахавальнай цырымонii са спiсам важных асоб, якiя ў жалобнай працэсii павiнны былi iсцi побач з катафалкам. Я ўстаў i зрабiў некалькi крокаў. Сям'я расступiлася перада мной, i я, хiстаючыся, пайшоў да дзвярэй. Ледзьве-ледзьве хапiла мне сiлы дайсцi да пакоя, дзе ляжала нябожчыца. Ад дзвярэй да труны дарогу ярка асвятлялi свечкi. З неймавернай цяжкасцю перастаўляючы ногi, я дайшоў да труны i ўпаў на каленi. Тут да мяне падаспелi Жэнеўева i Хюбэр, дапамаглi мне ўстаць, падхапiлi пад рукi i далiкатна павялi. Адзiн я ўжо не змог бы падняцца на другi паверх. Адна манашка згадзiлася пабыць каля маёй пасцелi, пакуль iдзе цырымонiя. Хюбэр рабiў выгляд, нiбыта мiж намi нiчога не адбылося. Перад тым як пайсцi ён папытаўся, цi добра зрабiлi, што ўнеслi ў спiс важных асоб старшыню калегii адвакатаў. Я нiчога не адказаў i адвярнуўся да акна. Там церушыўся дробны нудны дождж...
      Унiзе ўжо чуўся тупат ног. Вiдаць, увесь горад прыйдзе на пахаванне. З кiм толькi мы не звязаны па лiнii Фандадэжаў! А па маёй! Суд, адвакатура, банкi, увесь дзелавы свет... Мне было прыемна адчуваць, што я апраўдаў сябе перад сям'ёй i даказаў сваю невiнаватасць. Я злавiў дзяцей на хлуснi. Яны не адважылiся адмаўляць сваёй вiны... Дом запоўнiўся манатонным прыглушаным гоманам, нiбы ў iм спраўлялi нейкi дзiўны, незвычайны баль без музыкi. Пачалася цырымонiя развiтання з нябожчыцай. А я прымусiў сябе засяродзiцца на злачынстве сваiх дзяцей: яны, i толькi яны, вiнаватыя ў тым, што я не быў побач з Iзай у яе смяротны час... Але дарэмна нагнятаў я ў сабе сваю старую нянавiсць. (Так бывае з загнаным канём: прышпорвай яго, не прышпорвай - а ён ужо нiкога не слухаецца.) Сэрца маё памякчэла, полымя нянавiсцi прытухла... Чаму? Можа, таму, што я адпачыў... А можа, ад таго, што апошняе слова было за мной...
      Да мяне перасталi даносiцца жалобныя песнапеннi святароў. Усё далей i далей адыходзiла пахавальная працэсiя... Пайшла мая Iза ў свой апошнi шлях... I ў нашым вялiкiм доме ўсталявалася глыбокая цiшыня... За катафалкам пайшлi ўсе: дзецi, сваякi, слугi. У доме засталiся толькi я ды манашка, якая сядзела ля мяне i чытала малiтвеннiк.
      Цiшыня зноў навеяла на мяне горкую тугу вечнай разлукi, непапраўнай страты. Зноў балюча сцiснулася сэрца. Усё было скончана. Позна. Нiчога мы з Iзай больш не скажам адно аднаму. Усё...
      Я ляжаў у пасцелi i тупа глядзеў на мэблю ў стылi Людовiка XIII, якую мы з Iзай выбiралi ў дзень нашых заручын. Гэтыя рэчы доўга служылi ёй, пакуль не перайшла да яе па спадчыне матчына мэбля. Вось гэты сумны ложак, ложак нашай бяды i няшчасця...
      Усе вярнулiся з могiлак. Да мяне зайшлi Хюбэр i Жэнеўева. Я зразумеў, што нiяк не могуць яны прывыкнуць да майго твару, залiтага слязьмi. У жалобным маўчаннi стаялi яны ля майго ложка. Дзiўна неяк выглядаў Хюбэр: яшчэ толькi поўдзень, а ён у фраку - у вячэрнiм уборы. А Жэнеўева - нiбы чорная вежа, на якой вылучалася толькi белая хусцiнка. Адкiнутая вуаль адкрывала круглы зняможаны твар... Гора сарвала з нас маскi, i мы не пазнавалi адно аднаго.
      Яны пацiкавiлiся маiм здароўем. У голасе трывога, адчай, роспач...
      Жэнеўева сказала:
      - Амаль усе iшлi да самых могiлак. Яе так любiлi...
      Я папрасiў расказаць, што было з Iзай перад смерцю.
      - Ёй нездаровiлася. Яна i не хавала гэтага. Можа, бедная, i прадчувала сваю смерць, бо якраз перад гэтым яна цэлы дзень не выходзiла са свайго пакоя, усё нешта перабiрала, спалiла ў камiне стос пiсем... Мы нават падумалi, што загарэлася сажа ў комiне...
      Я перапынiў дачку i спытаўся (як жа я раней пра гэта не падумаў):
      - Як ты думаеш, Жэнеўева, мой ад'езд тут не... адыграў сваёй ролi?
      Жэнеўева задаволена адказала:
      - Вядома, i ад'езд гэты зрабiў сваё... Мама моцна пакрыўдзiлася.
      - А вы ёй нiчога не гаварылi?.. Ну... не расказвалi пра тое, што напалi на мой след?
      Жэнеўева запытальна паглядзела на брата: цi можна паказаць, што яна зразумела, пра што iдзе гаворка. Выгляд у мяне, мусiць, быў у гэты момант люты, бо яны абое перапужалiся. I пакуль Жэнеўева дапамагала мне сесцi зручней, Хюбэр паспешлiва адказаў, што мама захварэла дзён праз дзесяць пасля майго ад'езду i што ўвесь гэты час яны рабiлi ўсё магчымае, каб мама нiчога не ведала пра наш разлад. А цi было гэта праўдай? Ён яшчэ дадаў перарывiстым голасам:
      - Паверце, калi б мы сказалi ёй пра гэта, то мы былi б першымi, хто вiнаваты ў яе смерцi...
      Ён адвярнуўся, i я ўбачыў, як уздрыгваюць ад плачу сынавы плечы. Нехта прачынiў дзверы i папытаўся, цi скора будуць садзiцца за стол. Пачуўся голас Фiлi: "Як сабе хочаце! Я не вiнаваты, што ў мяне кiшкi марш iграюць". Жэнеўева выцерла слёзы i спыталася, што мне даць есцi. Хюбэр паабяцаў зайсцi адразу пасля абеду, - тады мы пра ўсё i пагаворым раз i назаўсёды, калi толькi ў мяне хопiць сiлы выслухаць яго. Я кiўнуў галавой.
      Яны пайшлi. Манашка дапамагла мне ўстаць. Я прыняў ванну, апрануўся i з'еў маленькую талерачку булёну. Не хацелася мне ўвязвацца ў гэтую бойку. На роўных яна не пройдзе: сапернiк будзе шкадаваць хворага, нямоглага старога.
      Калi дзецi вярнулiся, перад iмi быў зусiм другi чалавек, якi не меў нiякай патрэбы ў iх спагадзе. Я прыняў свае лекi i трымаўся бадзёра i незалежна.
      Хюбэр пераадзеўся ў звычайны касцюм, а Жэнеўева захуталася ў стары матчын халат. "У мяне няма нiчога чорнага, няма ў што i апрануцца..." Яны селi насупраць мяне, i пасля некалькiх звычайных фраз, якiя гавораць, пахаваўшы нябожчыка, Хюбэр пачаў:
      - Я многа перадумаў.
      Ён старанна падрыхтаваў сваю прамову. Гаварыў так урачыста, нiбы звяртаўся да сходу акцыянераў: кожнае слова - узважана, нiякiх адступленняў, нiякiх перабольшанняў...
      - Ля мамiнага ўзгалоўя я праверыў сваё сумленне. Я паспрабаваў зiрнуць iначай на наш разлад i паставiць сябе на тваё месца. Мы бачылi ў табе бацьку, якi як можа стараецца пазбавiць спадчыны сваiх родных дзяцей, i гэта, па-мойму, робiць законнымi ўсе нашы дзеяннi i ўчынкi. Прынамсi, кожны чалавек iх зразумее i прабачыць. Мы далi табе маральную перавагу над намi сваёй бязлiтаснай барацьбой i сваёй...
      Тут ён запнуўся, шукаў патрэбнага слова - а я цiхенька падказаў:
      - ...i сваёй подлай змовай.
      Ён пачырванеў. Жэнеўева зашыпела:
      - А чаму "подлай"? Ты ж куды мацнейшы за нас...
      - Ну што вы! Якая тут моц? Хворы стары супраць зграi маладых ваўкоў...
      - Гэты хворы стары, - сказаў Хюбэр, - у нашай сям'i карыстаецца вялiкiмi прывiлеямi. Ён днямi сядзiць сабе ў пакоi, пiльна сочыць за ўсiм, што робiцца навокал, выведвае нашы прывычкi, слабасцi i ўсё выкарыстоўвае ў сваiх эгаiстычных iнтарэсах. Спяшацца яму няма куды, ён грунтоўна абдумвае кожны свой удар. Ён усё ведае пра iншых, а тыя пра яго - нiчога. Ён - адмысловы майстра падгледзець, падслухаць (тут я не змог стрымаць усмешкi, тады i яны ўсмiхнулiся). Дык вось, - гаварыў далей Хюбэр, - у сваёй сям'i, у сваiм доме людзям заўсёды бракуе асцярожнасцi: спрачаюцца, крычаць, гарлапаняць i самi гэтага не заўважаюць. Залiшне мы паспадзявалiся на таўшчыню сцен у нашым доме. А ёсць жа яшчэ i адчыненыя вокны...
      Гэтыя намёкi трохi змякчылi наш настрой. Але Хюбэр зноў загаварыў сур'ёзным тонам:
      - Я нават дапускаю, што мы маглi табе здацца злачынцамi. Я, канешне, мог бы яшчэ раз спаслацца на тое, што кожны наш крок - гэта законны сродак самаабароны, але не варта абвастраць спрэчку i падлiваць масла ў агонь. Не буду я тут разбiрацца i хто быў падпальшчыкам гэтай сумнай вайны. Я гатоў нават абараняць вiнаватага. Але ты павiнен зразумець... Ён падняўся, працёр акуляры. Твар худы, змучаны... - Ты павiнен зразумець, што я змагаўся за гонар нашай сям'i, за будучыню сваiх дзяцей. Не можаш ты сабе ўявiць, якое наша становiшча, - ты чалавек мiнулага стагоддзя, ты жыў у тую казачную эпоху, калi разумны, абачлiвы чалавек мог рабiць стаўку на надзейныя вартасцi. Я, безумоўна, разумею i аддаю табе належнае: ты заўсёды быў на вышынi абставiн. Ты, напрыклад, самы першы адчуў наблiжэнне буры i своечасова паспеў пусцiць у ход працэнтныя паперы... Але табе ўдалося гэта толькi таму, што ты быў па-за бiржавымi справамi, а калi хочаш - без справы! Ты мог спакойна ацанiць становiшча, усё ўзважыць i дзейнiчаць. А я быў звязаны па руках i нагах... Удар быў занадта нечаканы, нiхто не паспеў апамятацца. Упершыню затрашчалi ўсе разам галiны дрэва, i не было за што ўтрымацца, i не было дзе ўратавацца...
      З якiм болем ён паўтараў: "Не было", "не было..." Моцна, мусiць, скруцiлi яго даўгi!.. Можа, ён на краi безданi?! Але тут Хюбэр спахапiўся, што загаварыў занадта шчыра, i пачаў пераказваць агульнавядомыя iсцiны: магутнае пасляваеннае абсталяванне, перавытворчасць, крызiс спажывання... Усе яго словы мяне мала цiкавiлi. Я ўважлiва прыглядаўся да сына i бачыў, што ён перапоўнены трывогай. I ў гэтыя хвiлiны я адчуў, што нянавiсць мая памерла, патухла жаданне адпомсцiць. А можа, усё гэта памерла ўжо даўно? Я паспрабаваў успомнiць пра свае старыя крыўды, зноў распалiць у сабе агонь гневу i лютасцi... Дарэмна... Навошта спрачацца з вiдавочным. Няпростае пачуццё нараджалася ўва мне да сына, але пераважала ў iм зацiкаўленасць. Усе трывогi гэтага няшчаснага я мог супакоiць адным сваiм словам!.. Як гэта ўсё было дзiўна!.. А ў вачах у мяне стаяла маё багацце... Яшчэ нядаўна яно было мэтай i сэнсам усяго майго жыцця!.. Дарэмна спрабаваў я падараваць, аддаць, згубiць яго!.. Аказваецца, я не мог нават зрабiць з iм таго, што мне хацелася!.. I вось я адкiнуў гэтае багацце. Яно перастала мяне цiкавiць, нiякага дачынення да яго я больш не меў... Хюбэр змоўк i пiльна глядзеў на мяне праз свае акуляры: "Што гэта зноў задумаў бацька? Адкуль чакаць новага ўдару?" Вось ён ужо i падрыхтаваўся: на твары з'явiлася пакутлiвая грымаса, у вачах - страх i адчай, цела адкiнулася на спiнку крэсла, рука прыўзнялася, нiбы папярэджваючы гэты чарговы ўдар... I я пачуў:
      - Я прашу цябе толькi аб адным: дапамажы мне выблытацца i ўмацаваць маё становiшча. Ад мамы мне сёе-тое дастанецца, але мне яшчэ трэба (ён запнуўся, баючыся назваць суму) ...трэба ўсяго толькi адзiн мiльён. А калi ўсё наладзiцца, я тады i адзiн... А зрэшты, глядзi сам. Абяцаю, што тваё слова будзе для мяне законам...
      Ён праглынуў слiну i моўчкi пазiраў на мяне, але нiчога не мог прачытаць на маiм твары.
      - Ну а ты? Як твае справы, дачка? - спытаўся я, паварочваючыся да Жэнеўевы. - У цябе, вiдаць, усё добра. Муж твой - мудрэц...
      Жэнеўева заўсёды з сябе выходзiла, калi хвалiлi мужа. Яна з абурэннем запярэчыла, што iх фiрма абанкруцiлася. Ужо два гады, як Альфрэд не закуплiвае рому, - ён, бачыце, упэўнены, што цяпер лепш пачакаць i не пачынаць нiякiх спраў. Iм-то ёсць за што жыць, толькi вось Фiлi пагражае кiнуць жонку i чакае толькi, каб пераканацца, што цесцеў кашалёк апусцеў.
      Я разануў:
      - Падумаеш, бяда вялiкая!
      - Канешне, Фiлi - падонак! Гэта i я ведаю, i Янiна ведае... Але калi ён кiне яе, яна памрэ... Не вытрымае, памрэ. Табе гэтага не зразумець, тата. Не дадзена табе гэтага. Янiна пра яго ведае куды больш, чым усе мы разам. Яна не раз мне казала, што такiх нягоднiкаў мала на свеце. I ўсё ж такi, калi ён кiне яе, яна памрэ. Табе гэта здаецца глупствам. Такiя пачуццi для цябе не iснуюць. Але з сваiм вялiкiм розумам ты можаш улавiць i тое, чаго сам не адчуваеш...
      - Ты стамляеш тату, Жэнеўева...
      Хюбэр думаў, што сястра сваёй балбатнёй б'е па маiм самалюбстве i можа "ўсё сапсаваць". Ён убачыў прыкметы крыўды i болю на маiм твары. Але адкуль яму было ведаць, што Жэнеўева развярэдзiла маю старую рану... Я ўздыхнуў: "Шчаслiўчык гэты Фiлi!"
      Хюбэр i Жэнеўева ашаломлена пераглянулiся. Яны нiколi не сумнявалiся, што я прыдуркаваты, i, вiдаць, з чыстым сумленнем адправiлi б мяне ў вар'яцкi дом.
      - Падлюга ён, распуснiк! - прабурчаў Хюбэр. - А мы ў яго ў руках...
      - Яго цесць не такi жорсткi, як ты, - сказаў я. - Альфрэд не раз вунь гаварыў, што не такi ўжо Фiлi i распуснiк...
      Жэнеўева не вытрымала:
      - Ён i Альфрэда за сабой цягне: зяць разбэсцiў цесця, усе пра гэта ведаюць у горадзе: разам да прастытутак ходзяць - колькi разоў бачылi!.. Божа! Якi сорам! Якая ганьба!.. Гэтае гора так грызла маму...
      Жэнеўева выцерла слёзы. Хюбэр вырашыў, што я хачу адхiлiць iх ад галоўнага.
      - Ды не ў гэтым цяпер справа, Жэнеўева, - злосна сказаў ён. - Можна падумаць, што свет клiнам сышоўся на табе i тваёй сям'i.
      Разгневаная Жэнеўева адказала, што яшчэ невядома, хто з iх большы эгаiст яна цi Хюбэр, i дадала:
      - Канешне, кожны думае перш-наперш пра сваiх дзяцей. Я ўсё, усё, што толькi магла, рабiла для Янiны i ганаруся гэтым. А хiба наша мама для нас усяго не рабiла?! За дачку я хоць у агонь...
      З'едлiвым тонам (вось дзе мая кроў!) Хюбэр прагугнявiў, што яна "не толькi сама ў агонь пайшла б, але i ўсiх за сабой пацягнула б".
      О! Як пацешыла б мяне такая сварка ў былыя часы!.. Гэта ж такое радаснае прадвесце будучай бязлiтаснай бойкi за тыя рэшткi спадчыны, якiя я не паспеў бы знiшчыць. А цяпер мне брыдка i сумна слухаць усё гэта... Што ж, трэба раз i назаўсёды вырашыць грашовае пытанне. Няхай дадуць мне памерцi спакойна.
      - Дзiўна, дзецi мае! - сказаў я. - Як дзiўна, што я ўрэшце зраблю менавiта тое, што здавалася мне несусветным вар'яцтвам...
      Ну вось! Спрэчкi як не было... Абодва працiўнiкi з'ядалi мяне сваiмi прагнымi, недаверлiвымi вачыма. Яны чакалi. Як яны насцярожылiся!..
      - Я добра памятаў i ўсё жыццё баяўся таго, што здарылася з тым старым селянiнам, якi арандаваў у нас хутар. Ён аддаў дзецям усё, што меў, а тыя, абабраўшы бацьку, зрабiлi ўсё, каб ён памёр з голаду... А яшчэ i так бывае: доўга хварэе, не хоча памiраць стары, - дзеткi дапамогуць яму: пакладуць дзве падушкi на галаву ды прыцiснуць трохi...
      - Тата, не трэба!
      I ў голасе, i на твары адчуваўся непрытворны жах. Я рэзка памяняў тон:
      - У цябе, Хюбэр, будзе многа клопату. Падзел будзе няпросты. Мае ўклады ў некалькiх банках. I тут, i ў Парыжы, i за гранiцай. А яшчэ ж будынкi, землi, лес.
      З кожным маiм словам вочы iх большалi, але абое не адважвалiся верыць. Я заўважыў, як нервова дрыжалi тонкiя сынавы рукi.
      - Я хачу, каб усё было скончана да маёй смерцi. Трэба адразу падзялiць i тое, што вы атрымалi ад нябожчыцы мацi. Пакуль буду жыць, сабе пакiдаю Калез дом i парк. Утрыманне i рамонт - за ваш кошт. Пра вiнаграднiкi я больш i слухаць не хачу. Забiрайце сабе, а мне будзеце плацiць штомесячную рэнту, трэба толькi вызначыць яе памер... Падай мне кашалёк, там... у пiнжаку, у левай кiшэнi.
      З дрыготкiх рук Хюбэра я ўзяў кашалёк. Дастаў адтуль канверт.
      - Вось тут некаторыя звесткi пра стан i памеры маёмасцi. Можаш занесцi гэты канверт натарыусу Аркаму... Або пачакай, лепш патэлефануй, скажы, каб ён зайшоў да мяне. Я сам аддам гэты дакумент i пры табе засведчу яму сваю волю.
      Хюбэр узяў канверт i з трывогай спытаўся:
      - Ты не смяешся з нас? Не?
      - Iдзi, тэлефануй натарыусу i тады ўбачыш, смяюся я цi не.
      Ён кiнуўся да дзвярэй, а потым спахапiўся:
      - Не... сёння няёмка... Трэба пачакаць хоць з тыдзень.
      I ён правёў рукой па вачах. Яму, напэўна, было сорамна, ён хацеў прымусiць сябе думаць пра мацi. У руках быў канверт...
      - Ну што ж, - падахвоцiў я. - Адкрывай i чытай. Я дазваляю.
      Ён хуценька падышоў да акна i адкрыў канверт. Ён не чытаў, а еў вачыма гэтую паперу. Не вытрымала i Жэнеўева: устала, падбегла да брата i з прагнасцю ўпiлася ў вопiс маёмасцi.
      Я глядзеў на сваiх дзяцей... Брат i сястра... Нiчога страшнага ў iх няма. Хюбэр - дзелавы чалавек, бацька сям'i, апынуўся ў катастрафiчным становiшчы... Жэнеўева - мацi сям'i, гаспадыня... I вось - у руках мiльёны, якiя яны лiчылi страчанымi... Папраўдзе, я нiчога не бачыў у iх страшнага. А вось мая ўласная абыякавасць мяне дзiвiла. Я быў падобны да чалавека, якому зрабiлi аперацыю: ён прачынаецца i гаворыць, што нiчога не чуў. Я адкiнуў ад сябе тое, да чаго быў прыкаваны моцна, думаў - навек. I адчуваў я толькi фiзiчную палёгку, стала вальней дыхаць. А па сутнасцi ўсе гэтыя гады я тое i рабiў, што спрабаваў вызвалiцца ад свайго багацця, надзялiць iм каго-небудзь, абы толькi ён быў не з маёй сям'i. Я заўсёды памыляўся, не ведаў сам, чаго хачу. О, мы рэдка ведаем, чаго хочам, i зусiм не любiм тое, без чаго, здаецца, жыць не зможам!..
      Я чуў, як Хюбэр гаварыў сястры:
      - Неверагодна!.. Неверагодна!.. Такое багацце!..
      Потым яны пашапталiся трохi, i раптам Жэнеўева заявiла, што яны не могуць прыняць такой ахвяры, не хочуць, каб я пазбаўляў сябе ўсяго дзеля iх.
      Дзiўна гучалi для мяне словы: "ахвяры", "пазбаўляў сябе...". Хюбэр настойваў:
      - Ты вельмi стамiўся, перахваляваўся за сёння i таму, можа, усё так паспешлiва вырашаеш. Не такi ты ўжо хворы, як табе здаецца. Табе яшчэ i сямiдзесяцi няма, а з грудной жабай людзi да ста дажываюць. Праз нейкi час ты пашкадуеш аб сваiм сённяшнiм рашэннi. Калi ты хочаш, я вызвалю цябе ад усiх матэрыяльных клопатаў. Але жывi сабе спакойна i валодай усiм, што табе належыць. Мы заўсёды хацелi толькi справядлiвасцi...
      Мяне апаноўвала страшэнная стома. Ад бяссоннiцы злiпалiся вочы. Я сказаў, што рашэнне маё канчатковае i больш абмяркоўваць я нiчога не хачу да прыходу натарыуса.
      Яны пайшлi да дзвярэй. Не паварочваючы галавы, я кiнуў услед iм:
      - Забыўся вас папярэдзiць: я прызначыў штомесячную рэнту ў паўтары тысячы франкаў свайму сыну Рабэру, - я абяцаў яму. Напомнi мне пра гэта, Хюбэр, калi мы будзем падпiсваць акт.
      Хюбэр пачырванеў. Такой стралы ён не чакаў. А Жэнеўева не заўважыла тут нiякага падвоху. Толькi вочы яе сталi круглыя ад здзiўлення. Яна хутка ўсё падлiчыла:
      - Васемнаццаць тысяч у год! А табе не здаецца, што гэта мнагавата?..
      XVIII
      Луг сёння святлейшы за неба. Ад мокрай зямлi падымаецца дымок. У лужынах адлюстроўваецца няясны нябесны блакiт. Да ўсяго ў мяне сёння жывая цiкавасць, як i ў тыя часы, калi я сам быў гаспадаром у Калезе. А цяпер усё тут ужо не маё, але сваёй беднасцi я не адчуваю. Льюць дажджы. У бяссонныя ночы я чую, як цяжкiя кроплi б'юць па чарапiцы, ведаю, што будзе бяда: пагнiе вiнаград, i перажываю, як i тады, калi вiнаграднiкi былi мае. Цяпер толькi я зразумеў, што не ўласнiк, не сквапны багацей жыў ува мне, а селянiн з яго спрадвечнай любасцю да зямлi. Так, так - селянiн, нашчадак тых, каму зямля была храмам i майстроўняй, бядой i ўцехай. Для дзядоў, прадзедаў маiх кожны дзень пачынаўся з таго, што з трывогай i надзеяй углядалiся яны ў небасхiл, спрабуючы адгадаць, чаго сёння чакаць: буры цi пагоды...
      Мая рэнта будзе накоплiвацца ў натарыуса: мне пакуль што нiчога не трэба. А зрэшты, калi мне чаго бракавала?!. Усё жыццё я iшоў не да сваёй мэты... Усё жыццё ганяўся за грашыма, эканомiў, дрыжаў над кожным сантымам, а аказалася, што не патрэбна мне было нi золата, нi багацце... Усё жыццё быў палоннiкам страсцей, якiя на самай справе мной не валодалi, былi мне чужыя... Як сабака, што брэша на месяц, быў я загiпнатызаваны халодным бляскам прагi i сквапнасцi... Божа! Прачнуцца ў шэсцьдзесят восем гадоў! Адрадзiцца перад самай смерцю! Божа, дай жа мне пажыць яшчэ хоць некалькi месяцаў, хоць некалькi тыдняў!..
      Сядзелку ўжо адправiлi назад у горад, - я адчуваю сябе намнога лепш. Са мной засталiся Эрнэст i Амелiя. Уколы рабiць яны ўмеюць; служылi яшчэ пры Iзе. У мяне пад рукой самыя неабходныя лякарствы: ампулы марфiну i нiтрыту. Сын i дачка - у горадзе. Яны ўсё яшчэ занятыя падзелам маёмасцi. Сюды прыязджаюць найчасцей тады, калi трэба параiцца наконт ацэнкi той цi iншай часткi спадчыны. Усё iдзе даволi мiрна, без асаблiвых спрэчак. Абое баяцца прагадаць i таму знайшлi даволi камiчнае выйсце: усё дзялiць папалам, нават камплекты бялiзны, наборы чарак i сервiзы. Яны гатовы рэзаць папалам i габелен цi дыван, абы толькi ён не дастаўся каму-небудзь аднаму. Ну што ж, яны хочуць, каб усё было па справядлiвасцi. Вось так разумеюць яны справядлiвасць... О, яны ўмеюць падбiраць сваiм нiкчэмным пачуццям высокiя патэтычныя назвы!.. Ды што гэта я? - Не, не, я адмаўляюся ад апошняга сказа, выкрэслiваю яго. Хто ведае, можа, i яны ў палоне тых iмкненняў, жаданняў, якiя на самай справе не маюць у iх душах глыбокiх каранёў?
      А што яны думаюць пра мяне? Напэўна, абое лiчаць, што я быў пераможаны i здаўся. Ну, а самi, нябось, ходзяць "у пераможцах". Хоць, праўда, кожны раз пры сустрэчы яны з вялiкай павагай адносяцца да мяне i ўсё дзякуюць, дзякуюць... I ўсё ж яны з нейкiм здзiўленнем глядзяць на мяне. А Хюбэр увогуле насцярожана сочыць за мной. Няма ў яго ўпэўненасцi, што зброю сваю я зусiм склаў. Ды супакойся ты, бедачына! Мяне вам не было чаго баяцца ўжо ў той дзень, калi вы прывезлi мяне ў Калез, каб я тут адпачыў, паправiўся... А цяпер!.. Куды мне ўжо!..
      За лугам вiдаць доўгiя рады высокiх вязаў i таполяў. Дрэвы прагна цягнуцца ўгору, нiбы спрачаюцца, каторае вышэйшае. Над палеткам клубiцца туман i дым. Паляць пустазелле. У нас ужо восень. На гронках вiнаграду блiшчаць кроплi дажджу. Учора пакаштаваў я вiнаграду: ягады кiслыя, цвёрдыя. I цяпер ужо не налiцца iм салодкiм духмяным сокам, - усё адабраў ад iх дажджлiвы жнiвень. Позна! А для нас, людзей?.. Можа, для нас нiколi не бывае позна? Зноў i зноў я ўпарта паўтараю сабе, што для чалавека позна нiколi не бывае...
      На другi дзень пасля прыезду ў Калез я зайшоў у жончын пакой. Зрабiў я гэта, вядома, не ад глыбокай пашаны да нябожчыцы: проста мне не было чым заняцца (нiякiх спраў, клопатаў у мяне тут няма, i я нават яшчэ не зразумеў, добра гэта цi дрэнна)... Акно расчынена насцеж, шафы адамкнутыя, шуфляды камода выцягнутыя... Слугi ўсё адсюль павыносiлi. Пакой апусцеў... Засталiся толькi нябачныя сляды гаспадынi... Але i iх хутка знiшчаць сонечныя промнi i вецер... Стаяў цёплы вераснёўскi дзень. Густыя круглыя кроны лiп нагадвалi нейкiя казачныя плады. А над iмi ўрачыста ззяў асеннi блакiтны небасхiл... Аднекуль данёсся звонкi дзявочы смех. Над вiнаграднiкам варушылiся залацiстыя ад сонца капелюшы - пачаўся збор вiнаграду...
      А вось з гэтага пакоя жыццё назаўсёды пайшло... У шафе валялася пара пальчатак, парасон. I нават гэтыя рэчы здавалiся цяпер мёртвымi. Я паглядзеў на стары камiн. Невядомы майстар упрыгожыў яго разьбой - вiдаць граблi, рыдлёўка, серп i сноп пшанiцы. У старасвецкiх камiнах былi вялiкiя печкi. Туды можна было кiдаць доўгiя тоўстыя палены. На лета печкi прыкрывалi шырокiмi размаляванымi экранамi. На нашым экране красавалася пара запрэжаных валоў. Калiсьцi ў дзяцiнстве я на нешта раззлаваўся i прарэзаў увесь экран складаным ножыкам... Я падышоў блiжэй.
      Экран быў коса прыстаўлены да камiна. Я нагнуўся, хацеў адсунуць экран i паставiць яго як трэба, але ён упаў. Я ўбачыў чорны квадрат печкi, поўнай попелу. I ўспомнiў, як расказвала Жэнеўева пра апошнi дзень нябожчыцы ў гэтым маёнтку: "...Спалiла ў камiне стос пiсем... Мы нават падумалi, што загарэлася сажа ў комiне..."
      Толькi ў гэты момант я зразумеў: яна адчувала наблiжэнне смерцi. Немагчыма адначасна думаць пра сваю смерць i пра смерць другiх людзей. Тады я сам жыў з неадчэпнай думкай, што вось-вось памру, i зусiм не заўважаў жончынай нямогласцi. "Нiчога страшнага, што зробiш: узрост..." - гаварылi бяздумныя нашы дзецi. Але сама Iза ў той дзень, калi распальвала гэты камiн, ужо добра ведала: жыццё пачало адлiчваць ёй апошнiя гадзiны. Ёй захацелася знiкнуць зусiм, сцерцi ўсе сляды свайго iснавання. Я глядзеў, як вецер падварушвае шэры попел у камiне. У кутку стаялi шчыпцы, якiмi карысталася Iза. Я схапiў iх i пачаў разграбаць попел. Я раскопваў гэтую кучку праху, нiбы там была схавана таямнiца майго жыцця, таямнiца нашых абодвух жыццяў. Чым глыбей даходзiлi мае шчыпцы, тым больш спрасаваны быў попел... I вось мне трапiлася некалькi кавалачкаў паперы. Яны, мусiць, былi ў сярэдзiне тоўстага стосу пiсем i таму ацалелi. Але на iх толькi паасобныя словы i незразумелыя абрыўкi фраз. Усё было напiсана адным почыркам. Рукi мае дрыжалi, я ўпарта працягваў свае раскопкi. На маленькiм кавалачку, выпацканым у сажу, мне ўдалося прачытаць слова "pax"*, а пад маленькiм крыжыкам стаяла: "23 лютага 1913 г." i пачатак: "Дарагая дачушка..." Я старанна спрабаваў разабраць абрыўкi фраз на абгарэлай з бакоў старонцы, але ўзнавiць змог толькi вось што: "Не вы несяце адказнасць, што гэты хлопчык выклiкае ў вас пачуццё нянавiсцi. Вы былi б вiнаватыя толькi ў тым выпадку, калi б паддалiся гэтай нянавiсцi. А вы, наадварот, стараецеся..." З вялiкiм намаганнем я яшчэ прачытаў: "...залiшне смела вы судзiце мёртвых... яго прыхiльнасць да Люка яшчэ не даказвае..." Далей агонь усё знiшчыў, акрамя вось гэтай фразы: "Даруйце, даруйце яму вiну, хоць вы i не ведаеце якую. Даруйце..."
      * Мiр (лац.).
      У мяне яшчэ будзе час падумаць над гэтым. А цяпер - трэба шукаць, шукаць яшчэ. Я сагнуўся да самай падлогi, цяжка было дыхаць, але я шукаў. I вось яшчэ знаходка! Я выцягнуў з попелу запiсную кнiжку. Агонь нiбы злiтаваўся над ёю... Але там - нiводнай старонкi, адны вокладкi... Толькi на адваротным баку пераплёту я разабраў некалькi слоў: "Букет духоўны", а крыху нiжэй: "Не завуць мяне "Той, хто праклiнае", iмя маё - Iсус". ("Аб Хрысце", святы Францыск Сальскi*).
      * Францыск Сальскi (1567-1622) - багаслоў, каталiцкi епiскап Жэневы; пасля смерцi быў кананiзаваны. Паводле легенды, да яго нiбыта з'явiўся Хрыстос; iх "гутаркi" Францыск Сальскi выклаў у сваiх пiсаннях.
      Далей iшлi iншыя рэлiгiйныя выслоўi, але прачытаць iх было немагчыма. Дарэмна я зноў корпаўся ў попеле. Больш ужо я нiчога не знайшоў. Я ўстаў, паглядзеў на свае брудныя рукi. У люстэрку ўбачыў, што i лоб мой выпацканы ў сажу. Як некалi ў маладосцi, мяне ахапiла жаданне пайсцi куды-небудзь у поле i хадзiць, хадзiць... Я забыўся пра сваё хворае сэрца i хутка збег па лесвiцы.
      Упершыню за гэтыя тыднi я пайшоў на вiнаграднiкi. Там доўгiя рады, адзiн за адным, вызвалялiся ад ягад i рыхтавалiся да зiмовага сну. Краявiд быў чысты, ясны, празрысты, блакiтна-пералiвiсты, як тыя мыльныя бурбалкi, што калiсьцi пускала з саломiнкi Мары. Сонца i вецер падсушылi каляiны i глыбокiя адбiткi валовых капытоў на дарозе. Я iшоў i нёс у сабе невядомы мне раней вобраз Iзы - вобраз жанчыны, мацi, якую раздзiралi моцныя пачуццi... I адзiн толькi Бог мог iх утаймаваць... Гэтую памяркоўную жанчыну з'ядала рэўнасць да роднай сястры. Маленькi Люк быў ёй ненавiсны... Жанчына, сама мацi ўзненавiдзела нi ў чым не вiнаватага хлопчыка... Чаму? Зайздросцiла? Баялася за сваiх дзяцей? Я ж любiў Люка больш, чым iх... Але яна ненавiдзела i Марынету... I прычынай таму быў таксама я... Якi жах! Памерла Марынета, памёр Люк, памерла Iза. - Усе памерлi, памерлi, памерлi! А я, стары, дабiты чалавек, стаю перад той самай магiлай, што забрала iх, i радуюся - радуюся таму, што не быў абыякавы той жанчыне-нябожчыцы, што выклiкаў у яе душы такiя буры.
      Смешна. Я кашляў, задыхаўся i сапраўды смяяўся, схапiўшыся рукой за падпорку, да якой прывязваюць вiнаградную лазу... А перада мной, як кiнуць вокам, у блакiтнай смузе адкрывалiся бясконцыя палеткi, вёскi з залатымi царкоўнымi макаўкамi, дарогi з таполевымi прысадамi. Сонца ўжо садзiлася, i яго промнi ледзь-ледзь даходзiлi да гэтай пакутлiвай грэшнай зямлi... Цяпер я поўнасцю адчуў, на ўсе вочы ўбачыў сваё злачынства. Страшным было не толькi гэтае мярзотнае гняздо гадзюк, гэтая нянавiсць да родных дзяцей, прага помсты, сквапнасць, хцiвасць, самае страшнае было тое, што я нiчога не бачыў, акрамя сплеценых памiж сабой ядавiтых гадзiн. Я прывык, i трымаўся за гэты гнюсны клубок, нiбы ён стаў маiм сэрцам, нiбы ўдары сэрца майго змяшалiся з кiшэннем гэтых злавесных гадзюк. Мала таго што больш як паўстагоддзя я бачыў самога сябе ў крывым люстэрку, ведаў пра сябе толькi тое, што на самай справе не было мной, я i iншых як след не разгледзеў i не ведаў. Мяне заварожвала тая нiкчэмная хцiвасць, якую я ўгадваў на тварах сваiх дзяцей. У Рабэра я прыкмецiў толькi тупасць, падманлiвая знешнасць усё засланяла ад мяне. Нiколi вонкавы выгляд людзей не быў для мяне той абалонкай, якую абавязкова трэба сарваць, каб убачыць сутнасць чалавека... Гэтае адкрыццё мне трэба было зрабiць у трыцдаць, сорак гадоў!.. А цяпер што?! Позна! Сэрца маё ледзьве б'ецца. Апошнi раз бачу я, як восень закалыхвае вiнаграднiкi... Тыя, каго я павiнен быў любiць, памерлi. Няма на зямлi i тых, хто мог бы мяне любiць. Ну, а да тых, хто яшчэ жыве, не знайсцi мне дарогi: нi сiл, нi часу спазнаць iх унутраны свет у мяне ўжо няма. Усё ўва мне: i голас, i рухi, i смех належаць таму пачварнаму вылюдку, якога я супрацьпаставiў усяму свету, вылюдку, што носiць маё iмя...
      Вось такiя думкi не давалi мне спакою, калi надвячоркам стаяў я ў вiнаграднiку i глядзеў на далёкiя сенажацi Iкэма, залiтыя апошнiмi промнямi сонца. Выпадак, пра якi я зараз раскажу, яшчэ больш праяснiў гэтыя думкi. Але я ўжо вяртаўся з iмi дамоў, да глыбiнi душы ўсхваляваны адчуваннем спакою, якi цiха апускаўся на зямлю. Ценi ад дрэў выцягнулiся, уся зямля замерла ў чаканнi... Далёкiя пагоркi нiбы згiналi спiну i, здавалася, чакалi, каб iх хутчэй накрылi туман i начная цемра - а тады яны, можа, лягуць, выцягнуцца i заснуць чалавечым сном.
      Я спадзяваўся, што застану дома Жэнеўеву i Хюбэра: яны абяцалi прыехаць i павячэраць са мной. Упершыню ў жыццi я чакаў iх прыезду, радаваўся, што пабачуся з iмi. Мне карцела хутчэй паказаць iм сваю абноўленую душу. Нельга, нельга было губляць нi хвiлiны! Трэба хутчэй спазнаць iх, i яны няхай спазнаюць мяне! Цi паспею я толькi да смерцi праверыць сваё адкрыццё? Я птушкай палячу да сэрцаў сваiх дзяцей! I не будзе мне цяпер нiякiх перашкод! Я рассек клубок гадзюк i вельмi хутка заваюю iх любоў, i будуць яны плакаць, закрываючы мне вочы!..
      Не, яны яшчэ не прыехалi. Я сеў на лаўку каля дарогi. Прыслухаўся: цi не пачуецца гул матора. Чым больш яны пазнiлiся, тым больш мне хацелася ўбачыць iх. Зноў падпоўз мой былы гнеў: я тут чакаю, хвалююся, а iм, значыцца, усё роўна!.. Гэта яны наўмысна!.. Потым я схамянуўся: цi мала якая магла быць прычына... Дарэмна я нервуюся.
      Пазванiлi на вячэру. Я пайшоў на кухню сказаць Амелii, што трэба трохi пачакаць. Рэдка мяне бачылi ў гэтай кухнi з пачарнелымi бэлькамi, дзе пад столлю вiселi шынкi i кумпякi. Я падсеў блiжэй да агню. Па дарозе я чуў, як Амелiя i наш прыказчык Казо жартавалi. Варта толькi было мне зайсцi - яны змоўклi. Мяне заўсёды акружала атмасфера страху i павагi. Я нiколi не размаўляю са слугамi. I не таму, што я строгi гаспадар, не, - слугi проста не iснуюць для мяне, я iх не бачу, не заўважаю. Але сёння вечарам мне было неяк лягчэй, спакайней побач з iмi. Пакуль прыедуць дзецi, мне захацелася перакусiць тут, на кухнi, за тым сталом, дзе кухарка сячэ мяса. Казо адразу знiк, Эрнэст пачаў апранаць белую куртку, у якой ён заўсёды прыслужваў мне за сталом. Эрнэст маўчаў, маўчала i Амелiя. Гэтае маўчанне мяне прыгнятала. Мне стала не па сабе. Але дарэмна шукаў я слоў, каб хоць як парушыць гэтую нясцерпную цiшыню. Нi пра Амелiю, нi пра яе мужа я нiчога не ведаў. А яны ж аддана праслужылi ў нас больш як дваццаць гадоў! Нарэшце я ўспомнiў пра iх дачку. Яе аддалi замуж, здаецца, у Саўтэр. Неяк раз яна прыехала праведаць бацькоў i прывезла з сабой труса, за якога Iза не заплацiла, бо госця некалькi дзён пiла i ела ў нашым доме... Не паварочваючы галавы, я запытаўся:
      - Ну што, Амелiя, як ваша дачка? Усё ў Саўтэры жыве?
      Амелiя нахiлiла да мяне свой руды абветраны твар, уважлiва паглядзела на мяне i адказала:
      - Што вы? Вы ж ведаеце, месьё, - яна памерла. Дваццаць дзевятага ў гэтым месяцы якраз дзесяць гадоў будзе. Хiба вы не помнiце?
      Муж моўчкi, сурова паглядзеў на мяне. Напэўна, падумаў: "Прытвараецца толькi, а сам, нябось, усё помнiць..."
      Я прамармытаў:
      - "Прабачце... не хацеў... старасць, ведаеце..."
      I, як звычайна, калi я бянтэжуся, у мяне вырваўся цiхi смяшок, - не змог я стрымаць гэтага недарэчнага смеху. А Эрнэст сказаў сваiм звычайным голасам: "Усё гатова, месьё. Прашу за стол". Я ўстаў i пайшоў у слаба асветленую сталовую, сеў насупраць таго месца, дзе заўсёды сядзела Iза. А вунь там, крыху злева, сядзела Жэнеўева, потым абат Ардуэн, а побач з iм - Хюбэр... Я пашукаў вачыма высокага крэселка Мары, што калiсьцi стаяла памiж акном i буфетам. Потым яно служыла Янiне, а потым яе дачцэ... Да яды амаль не дакрануўся. Страшны быў позiрк чалавека, якi прыслужваў мне за сталом...
      У гасцiнай гарэў камiн. Ярка палала сухая вiнаградная лаза. Кожнае пакаленне пакiнула ў гэтым пакоi свае альбомы, шкатулкi, дагератыпы i нiкому цяпер не патрэбныя цацкi... Так, мусiць, i хваля марская ў час адлiву пакiдае на пяску свае непадобныя адна на адну ракавiнкi... А з двара даносяцца галасы парабкаў, скрып драўлянага прэса. Там поўным ходам iдзе работа: выцiскаюць вiнаградны сок. Балючым рэхам аддаюцца гэтыя гукi ў маiм сэрцы. "Дзецi, дзецi, чаму ж вы не прыехалi? А я так вас чакаў!.." - жаласна прастагнаў я. Калi б слугi праз дзверы пачулi мяне, яны б падумалi, што ў гасцiнай сядзiць нехта чужы: нi слоў, нi голасу майго яны не пазналi б, нiзашто не паверылi б, што так гаворыць той стары нягоднiк, якi прыкiнуўся, быццам нiчога не помнiць i не ведае пра смерць iх дачкi. Усе: жонка, дзецi, парабкi, слугi - усе аб'ядналiся супраць мяне, супраць маёй душы. Усе штурхалi мяне зноў вярнуцца да маёй мярзотнай ролi. Яны да яе прывыклi, i нiчога я тут не магу змянiць. Якi ж я дурань! У шэсцьдзесят восем гадоў надумаўся прымусiць усiх убачыць ува мне другога чалавека!.. Але ж я i сапраўды другi i заўсёды быў другiм! Мы бачым толькi тое, што прывыклi бачыць. Вось i вас я па-сапраўднаму не бачу, бедныя мае дзецi. Калi б быў я маладзейшы, можа, i не было б такiх цвёрдых рубцоў на маiм сэрцы, можа, i не пусцiлi б такiх глыбокiх каранёў вашы i мае прывычкi... Зрэшты, я i ў маладосцi наўрад цi змог бы вызвалiцца ад сваiх путаў. На гэта патрэбна сiла. Якая сiла? Патрэбен нехта. Той, хто мог бы засведчыць перад усiмi людзьмi, што я атрымаў перамогу над самiм сабой. Патрэбен той, каму ўсе блiзкiя мае паверылi б i ўбачылi б мяне iншым. Патрэбен такi сведка, якi мог бы зняць з маiх плеч мярзотны груз i ўскласцi яго на сябе...
      Нават найлепшыя з найлепшых не могуць адны, без дапамогi, навучыцца любiць. Для таго, каб не заўважаць смешных рыс у чалавеку, не палохацца яго заган, а галоўнае - людской дурасцi, трэба спазнаць тайну любвi, якой свет ужо не памятае. I пакуль зноў не адкрыюць гэтай тайны, дарэмнымi будуць усе намаганнi змянiць умовы жыцця людзей. Раней я лiчыў, што толькi эгаiзм уратаваў мяне ад усiх сацыяльных i эканамiчных праблем. Я, вядома, быў сапраўднай пачварай, якая замкнулася ў сваёй адзiноце i абыякавасцi да ўсiх людзей. Але было ў мяне нейкае няпэўнае, хiсткае пачуццё, што не дапамогуць чалавеку нiякiя вонкавыя перамены ў аблiччы свету. Трэба дайсцi да сэрца людскога. I я шукаю таго адзiнага, хто мог бы зрабiць гэта. Трэба, каб ён сам быў сэрцам чалавечых сэрцаў, палкiм увасабленнем усёй чалавечай любвi. Магчыма, гэтае пачуццё маё, жаданне маё i было ўжо малiтвай... I мала ўжо бракавала ў той вечар, каб я не ўпаў на каленi i не склаў урачыста рукi, як некалi рабiла Iза. Помню, я не раз бачыў, вяртаючыся з праходкi, як старанна малiлася Iза, а побач стаялi трое нашых малых. Я на пальчыках падкрадаўся да дзвярэй, i да мяне даляталi словы: "Прад табой, госпадзi, падаю i дзякую, што даў ты мне сэрцам спазнаць цябе i палюбiць цябе..."
      А цяпер вось я ледзьве стаю пасярод гэтага пакоя. Я ўсё думаю i думаю пра сваё жыццё... Не, немагчыма павярнуць назад i паплыць супраць каламутнага, бруднага патока!.. Гэта ж трэба: пражыць усё жыццё i не знайсцi нiводнага сябра! Якi жах! Якой змрочнай, ненавiснай iстотай трэба было быць!.. А можа, гэта здарылася таму, што не ўмеў, не навучыўся я прытварацца?! Калi б усе людзi хадзiлi без маскi, як гэта рабiў я, то можна было б толькi дзiву давацца - якiя яны ўсе падобныя!.. I сапраўды, паглядзiце: нiхто не ходзiць з адкрытым тварам, нiхто! Большасць людзей строяць з сябе высакародных, добрых, спагадлiвых. Самi таго не ведаючы, яны толькi пераймаюць лiтаратурных герояў цi каго-небудзь яшчэ. Святыя добра ведалi, бачылi, што тварыцца ў людзей у душы, i таму ненавiдзелi сябе i пагарджалi сабой. Калi б i я прыкрыўся маскай i не быў такiм адкрытым, аголеным, нiхто б не палохаўся мяне, не пагарджаў мной.
      Вось такiя думкi наведалi мяне ў той асеннi вечар, калi я блукаў па цёмнай гасцiнай, натыкаючыся на цяжкую, грувасткую мэблю з чырвонага цi палiсандравага дрэва... Столькi людзей, чые целы ўжо даўно спарахнелi, калiсьцi сядзелi за гэтымi столiкамi, адпачывалi ў гэтых крэслах... Дзецi выпацкалi сваiмi чаравiчкамi вось гэтую канапу, калi залазiлi на яе. Тут яны любiлi сядзець i гартаць старыя iлюстраваныя часопiсы. Абiўка так i засталася цёмнай у тых месцах, дзе ступалi маленькiя ножкi... За сцяной вые, шамацiць апалым лiсцем вецер... Зноў у нейкiм пакоi забылiся зачынiць аканiцы...
      XIX
      Назаўтра я з трывогай чакаў пошты. Хадзiў узад i ўперад па алеях, як некалi рабiла Iза, калi хто з дзяцей затрымлiваўся i пазнiўся. "Што ж магло здарыцца? - думаў я. - Можа, пасварылiся? А можа, хто захварэў?" Ого! Я стаў майстрам прыдумваць усялякiя страхi! Бывала, i нябожчыца жонка як уваб'е сабе што ў галаву - месца сабе не знаходзiла... Доўга хадзiў я па парку з непрыкаяным выглядам. Нiчога не заўважаў, нiчога не бачыў, як i кожны заклапочаны чалавек. Пра адно толькi я не забываўся - пра сваю перамену. I мне было нават прыемна ад таго, што я хвалююся, трывожуся... Далiну накрыў густы туман: нiчагусенькi не вiдно. Затое звонка, выразна даносяцца ўсе гукi. Па доўгiх радах вiнаграднiку разляцелiся сiтаўкi i дразды. Шукаюць гронак, што не паспелi яшчэ згнiць... Як любiў раннюю восень Люк!..
      Нарэшце прывезлi пошту. Не супакоiла мяне кароценькае сынава пiсьмо. Хюбэр пiсаў, што яму нечакана давялося выехаць у сталiцу па неадкладнай справе: даволi сур'ёзныя непрыемнасцi. Падрабязнасцi ён раскажа праз дзень-два, як толькi вернецца дамоў. Я падумаў, што ў яго якiя-небудзь праблемы з фiнансавай iнспекцыяй, - можа, зрабiў што не па закону...
      Апоўднi я ўжо не мог сябе ўтрымаць. Загадаў завезцi мяне на вакзал i купiў бiлет да Бардо, хоць даў абяцанне i сабе i дзецям нiколi не ездзiць аднаму. Першай, каго я ўбачыў у нашым старым доме, была Жэнеўева. Яна якраз развiтвалася з нейкiм незнаёмым мне чалавекам. Хутчэй за ўсё гэта быў доктар.
      - Няўжо Хюбэр табе нiчога не напiсаў?
      Жэнеўева павяла мяне ў той самы пакой, дзе я страцiў прытомнасць у дзень пахавання Iзы. Уздыхнуў я з палёгкай толькi тады, калi даведаўся, адкуль сыр-бор загарэўся. Аказваецца, уцёк Фiлi. (Я, прызнацца, баяўся горшага.) Ён знiк з нейкай жанчынай, якая "моцна трымала яго ў сваiх лапах". А перад гэтым ён наладзiў сцэну Янiне i не пакiнуў ёй нiякай надзеi. Янiна плача, валасы на сабе рве, i яе стан непакоiць доктара. Альфрэд i Хюбэр дагналi ўцекача ажно ў Парыжы. Можа, з гадзiну назад прыйшла тэлеграма. Альфрэд пiша, што нiчога яны не дабiлiся.
      - Госпадзi! Што робiцца?! Падумаць толькi! Я ж нiчога iм не шкадавала!.. Канешне, мы асцерагалiся i пакуль што вялiкага капiталу iм не давалi, але ж рэнта! На яе можна было жыць ды жыць! А Янiна! От ужо дзе бесхарактарная! Ён з ёю рабiў усё, што хацеў. Спярша ўсё пагражаў кiнуць за тое, што ты нiчога нам не даеш. Але ж уцёк не тады, а цяпер, калi такое багацце прыйшло... Ну як ты гэта растлумачыш?
      Яна змоўкла i запытальна глядзела на мяне...
      - Ну, а ўцёк ён, канешне, з багатай жанчынай?..
      - Ды якой там багатай! Яна настаўнiца спеваў. Ты яе добра ведаеш, - гэта мадам Велар. Падумаць толькi! I не маладая ўжо, i якi там заработак: ледзь канцы з канцамi зводзiла. Ну як ты гэта растлумачыш? - паўтарыла дачка.
      I, не чакаючы адказу, зноў загаварыла сама. У гэты момант зайшла Янiна. Яна падышла да мяне i моўчкi падставiла лоб для пацалунку. Яна не пахудзела, але гора зняло з яе непрыгожага, паўнаватага твару ўсю штучнасць i манернасць, якiя я так ненавiдзеў. "Вы ўжо ведаеце?" - спыталася яна i села ў шэзлонг. Пэўна, яна ўжо наслухалася сваёй мацi. А тая нiяк спынiцца не магла i так i сыпала: "Падумаць толькi!", "Падумаць толькi!.." Паўтор гэты ў яе вуснах гучаў крыху дзiўнавата, бо дачка мая не прывыкла думаць.
      - Падумаць толькi! - не супакойвалася яна. - Якая чорная няўдзячнасць! Выдалi за яго такую дзяўчыну, далi прытулак, грошы i не папракалi за тое, што ў свае дваццаць тры гады ён ужо ўмудрыўся прамантачыць немалое багацце, якое атрымаў па спадчыне (ён быў круглы сiрата, блiзкiх сваякоў не меў i таму рана атрымаў правы паўналетняга). Усё няньчылiся, песцiлi, нiхто i слова не сказаў пра яго распусту. I на табе! Вось як аддзячыў!
      Злосць закiпала ўва мне, i я не мог яе стрымаць. Мая былая натура зноў пачынала гаварыць. Ды хiба сама Жэнеўева, Альфрэд, Iза не ганялiся за Фiлi i не абяцалi яму залатых гор?!
      - I вось што цiкава, - уставiў я, - ты сама верыш у тое, што гаворыш. Вы самi яго i разбэсцiлi!
      - Тата, ты што?! Няўжо ты будзеш яго баранiць?!
      Я запярэчыў, што зусiм не збiраюся абараняць Фiлi, а толькi хачу сказаць, што мы былi да яго не зусiм справядлiвыя, лiчылi яго горшым, чым ён ёсць на самай справе. Вiдаць, яму занадта груба далi зразумець, што раз багацце цяпер забяспечана, то ён павiнен зносiць усе вашы папрокi i хадзiць перад вамi на пальчыках, - нiкуды, маўляў, галубок, ты цяпер не дзенешся. Але людзi нiколi не бываюць такiмi подлымi, як нам здаецца.
      - Падумаць толькi! Ты заступаешся за гэтага прайдзiсвета, што кiнуў жонку, дачку маленькую!..
      - Жэнеўева! - абурана закрычаў я. - Ты нiводнага майго слова не зразумела! Ды пастарайся, паспрабуй ты ўцямiць: кiнуць жонку, дзiця - хiба я сказаў, што гэта добра? Але пайсцi на такое чалавек можа як з подлых меркаванняў, так i па прычынах больш высокага парадку...
      - Ах, вось як ты загаварыў, - перабiла мяне дачка. - Значыць, ты лiчыш, што кiнуць дваццацiдвухгадовую жонку, малую дачку - гэта высакародна!..
      Нiчога не даходзiла да гэтай жанчыны.
      - Або ты на самай справе тупаватая, або толькi прытвараешся. Я вось што скажу: Фiлi не такi ўжо нягоднiк, асаблiва пасля таго, як...
      Жэнеўева зноў усхадзiлася i пачала крычаць, каб я хоць пачакаў, пакуль Янiна выйдзе з пакоя, - як ёй, беднай, слухаць такое, калi апраўдваюць яе мужа.
      Але Янiна, якая да гэтай хвiлiны ўпарта маўчала, раптам загаварыла. Не пазнаць было яе голасу:
      - Навошта сварыцца, мама. Мы не вельмi далiкатна абыходзiлiся з Фiлi. Успомнi, калi падзялiлi спадчыну - як мы з iм загаварылi: пачалi камандаваць, папракаць... Я нават падумала, што вось накiнула на яго ашыйнiк i буду цяпер вадзiць яго на павадку, як прыгожанькага пародзiстага сабачку. Мне неяк i ад сэрца адлягло, што ён мяне не кахаў. Ён стаў для мяне рэччу, маёй уласнасцю: усе грошы былi ў мяне, - няхай папросiць, няхай паскача каля мяне. Помнiш, як ты мне казала: "Няхай цяпер паскача каля цябе, няхай пастаiць на заднiх лапках!" Мы думалi, што грошы для яго даражэй за ўсё на свеце. Можа, ён i сам так думаў, аднак гнеў i сорам узялi сваё. Бо не кахае ён той жанчыны, якая ў мяне яго адабрала. I так яно, напэўна, i ёсць. На развiтанне ён сам прызнаўся. I я веру яму. Ён яе не кахае, але яна не пагарджае iм, не стараецца прынiзiць. Яна аддалася яму, а не купiла яго. А я вось купiла, як прыгожую цацку...
      Некалькi разоў паўтарыла яна гэтыя горкiя словы. Мацi пацiскала плячыма, але радавалася, што Янiна нарэшце заплакала: "Цяпер ёй палягчэе..." I яна ўзялася суцяшаць дачку:
      - Не перажывай, дачушка мая! Голад i воўка з лесу гонiць. Пабегае, пагаладае ды вернецца. Куды ён дзенецца?!
      Перакананы: Янiне было непрыемна слухаць такiя словы. Я ўстаў i ўзяўся за капялюш. Не мог я тут больш быць. Дачцэ сказаў, што найму таксi i паеду ў Калез. I тут Янiна сказала:
      - Дзядуля, вазьмiце мяне з сабой.
      Мацi ўзбунтавалася:
      - Ты што, пры сваiм розуме?! Кожную хвiлiну ты можаш спатрэбiцца юрыстам. А яна сабралася ў Калез?.. Ды там ад адной нуды памерцi можна!..
      Жэнеўева выйшла за мною следам i на лесвiчнай пляцоўцы выгаварыла мне, што я патураю вар'яцкiм жаданням унучкi:
      - Ды гэта ж шчасце якое, што мы збылi гэтага чорта! Няўжо ты не згодзен са мной?! А хiба цяжка знайсцi прычыну для разводу?! Паплача, паные ды супакоiцца. А потым зноў выйдзе замуж, З яе багаццем ад жанiхоў адбою не будзе!.. Вось толькi трэба, каб утаймавалася, забылася пра таго нягоднiка... А ты таксама заспяваў... То ненавiдзеў, цярпець не мог Фiлi, а тут узяўся расхвальваць яго... Ды яшчэ пры ёй... Ну не... не пушчу я яе ў Калез. Уяўляю, з якiм настроем яна адтуль вернецца. Тут-то мы ўжо дамо рады, паможам апамятацца. Забудзе, нiчога ёй не зробiцца...
      "Калi толькi не памрэ ад гора, - падумаў я. - Або будзе пакутаваць, плакаць, чэзнуць..." А можа, Янiна з той пароды жанчын, якiх я добра ведаў па адвакацкай рабоце: гэта жанчыны, для якiх надзея становiцца хваробай, ранай, якая нiколi не загойваецца. I дваццаць гадоў пройдзе, а яны ўсё роўна чакаюць, глядзяць на дзверы вачыма вернага сабакi...
      Я вярнуўся да Янiны i сказаў:
      - Прыязджай, мая маленькая, у любы час... Буду рады цябе бачыць...
      Яна не варухнулася, не паказала, што пачула, зразумела мяне. Зайшла Жэнеўева i недаверлiва спыталася: "Што ты ёй сказаў?" А пазней я даведаўся, што за гэтых некалькi секунд я, аказваецца, "збiў унучку з тропу", пасеяў у яе галаве "шкодныя" iдэi. А я спускаўся па лесвiцы, i ў вушах у мяне ўсё гучалi ўмольныя словы: "Дзядуля, вазьмiце мяне з сабой..." Ад мяне пачула Янiна тыя самыя словы пра Фiлi, якiя ёй хацелася пачуць. Можа, я быў першы, хто не абразiў яе.
      Я iшоў па вулiцах Бардо. Хутка пачатак новага навучальнага года. З гэтай нагоды пачысцеў, упрыгожыўся горад. Усюды ззяюць гiрлянды электрычных лямпачак. Зiхацяць мокрыя ад дажджу тратуары. Галасы шумных жыхароў поўдня перакрываюць грукат трамваяў... Знiк водар майго дзяцiнства. Шукаць яго трэба было дзе-небудзь у больш сцiплых кварталах. Можа, там, на вулiцы Дзюфур-Дзюбэрж'е цi на Грос-Клош якая-небудзь бабулька яшчэ прадае каштаны стаiць сабе на рагу цёмнай вулiцы i прыцiскае да грудзей гаршчочак з гарачымi каштанамi, якiя пахнуць анiсам... Не, сумна мне не было. Я нават радаваўся: у той вечар мяне пачулi, зразумелi. Мы аб'ядналiся з Янiнай - гэта была перамога. А вось з Жэнеўевай нiяк не дагаварыцца, тут я прайграў: супраць такой зацятасцi, тупасцi нiчога не зробiш. Лёгка знайсцi шлях да жывой душы, убачыць яе нават праз злачынствы, праз самыя чорныя заганы, але пошласць неадольная перашкода. Ну што ж, нiчога не зробiш, так i запiшам: немагчыма раскалоць каменныя плiты ўсiх гэтых магiл. Будзе мне вялiкiм шчасцем, калi ўдасца да смерцi знайсцi душэўную блiзкасць хоць з адной чалавечай iстотай.
      Я пераначаваў у гатэлi i ў Калез вярнуўся толькi назаўтра. Праз некалькi дзён прыехаў Альфрэд, i ад яго я даведаўся пра цяжкiя вынiкi маёй размовы з Жэнеўевай: Янiна напiсала Фiлi пакаяннае пiсьмо, дзе яна ўзяла ўсю вiну на сябе i прасiла ў мужа прабачэння. "Жанчыны i на такое глупства здольныя..." Гэты добры таўстун не адважыўся выказаць сваёй думкi, але я ўпэўнены, што яму хацелася сказаць: "Пайшла Янiна па слядах сваёй бабулi..."
      Альфрэд даў мне зразумець, што працэс цяпер можна лiчыць загадзя прайграным, i Жэнеўева вiнавацiць у гэтым мяне: я нiбыта наўмысна "збiў унучку з тропу". Я адно ўсмiхнуўся i спытаўся ў зяця, што, на яго думку, магло мяне на гэта падштурхнуць i якая мне ад гэтага карысць? Ён запэўнiў мяне, што не падзяляе жончыных папрокаў, але яна лiчыць, што зрабiў я гэта дзеля забаўкi, а можа, са злосцi...
      Больш дзецi не прыязджалi да мяне. Праз два тыднi я атрымаў пiсьмо ад Жэнеўевы: яна пiсала, што Янiну давялося пакласцi ў псiхiятрычную бальнiцу. Яна, вядома, не звар'яцела. Урачы вельмi спадзявалiся, што ёй найлепш дапаможа часовая iзаляцыя.
      Я i сам быў "у iзаляцыi", хоць i здаровы. Нiколi яшчэ сэрца не давала мне такой доўгай перадышкi... Восень не спяшалася: ужо больш як два тыднi стаялi ясныя сонечныя днi. Нiводзiн лiсток не ўпаў з дрэў. Зноў заквiтнелi ружы. Адно толькi не давала мне спакою - мае дзецi зноў аддалiлiся ад мяне. Хюбэр заязджаў толькi па справах. Трымаўся холадна, суха, насцярожана. Мой "шкодны" ўплыў на Янiну перакрэслiў усе тыя кволыя сiмпатыi, што толькi-толькi нараджалiся ў маiх дзяцей. Зноў зрабiўся я для iх каварным старым чортам, ад якога ўсяго можна чакаць. А Янiну, адзiную iстоту, якая, можа, i зразумела б мяне, схавалi ад жывых людзей, пасадзiлi пад замок...
      I тым не менш адчуваў я небывалы глыбокi душэўны спакой. Пазбаўлены ўсяго: грошай, надзей, дзяцей, пад пастаяннай пагрозай пакутлiвай смерцi я заставаўся спакойным i ўраўнаважаным. Думкi пра маё сумнае жыццё больш не мучылi мяне. Не адчуваў я грузу пражытых невясёлых гадоў i адзiноты, як быццам i не быў стары i хворы, як быццам наперадзе ў мяне было яшчэ цэлае жыццё.
      XX
      Ужо месяц, як Янiна жыве ў мяне. Уцякла яна з "псiхiятрычкi" i знайшла прытулак у маiм доме. Яна яшчэ не зусiм паправiлася i лiчыць сябе ахвярай змовы: гаворыць, што яе паклалi ў бальнiцу за тое, што яна адмовiлася пачаць працэс супраць Фiлi i патрабаваць разводу. Усе дзецi i сваякi лiчаць, што гэта я ўбiваю ёй такiя думкi, я настройваю яе супраць усiх. Але хiба ж гэта так?! Ведалi б яны ўсе, што цэлымi днямi (а ў вёсцы яны доўга, бясконца доўга цягнуцца) я толькi тое i раблю, што змагаюся з яе iлюзiямi i хiмерамi. Надвор'е зусiм сапсавалася: дождж, дождж i дождж... Усюды гразь, балота. Валяецца гнiлое лiсце. Па двары, пасыпаным жвiрам, тупаюць людзi ў цяжкiх ботах. Вунь хтосьцi iдзе, накiнуўшы мяшок на галаву. Восень агалiла дрэвы, i нiчога не хавае цяпер тых убогiх хiтрыкаў, якiя павiнны былi надаваць саду "маляўнiчасць": каркасы альтанак, чорныя лаўкi, дэкаратыўныя раслiны...
      У спальнях такая сырасць, што вечарамi нам з Янiнай не хапае мужнасцi развiтацца з утульнай гасцiнай, i мы доўга сядзiм перад камiнам. Стары гадзiннiк б'е поўнач, а разыходзiцца, падымацца на другi паверх усё не хочацца... Зноў i зноў пераконваю я ўнучку, што нiхто: нi яе бацькi, нi брат, нi Хюбэр не хоча ёй благога. Як магу, стараюся, каб не ўспамiнала яна пра бальнiцу. А вось ад успамiнаў пра мужа нiяк нельга яе адарваць, i мы ўвесь час гаворым пра Фiлi: "Вы сабе ўявiць не можаце, што гэта за чалавек!.. Вы проста не ведаеце яго!.." А за гэтымi словамi iдуць то абвiнавачваннi, то дыфiрамбы i толькi па iнтанацыi Янiны магу я ўлавiць, будзе яна яго хвалiць цi лаяць на чым свет стаiць. Але факты, якiя яна прыводзiць, здаюцца мне малазначнымi. У Янiны небагатая фантазiя, але каханне дало ёй выдатную здольнасць усё скажаць, перакручваць, перабольшваць. Ды ведаю я твайго Фiлi! Нiкчэмнасць ён, i толькi хуткаплынная маладосць дакранулася да яго красой сваiх промняў. Ты прыпiсваеш гэтаму распешчанаму хлапчуку, якi жыве на ўсiм гатовенькiм, то высокiя тонкiя пачуццi, то вераломныя намеры, а на самай справе думак у яго нiякiх няма, жыве ён аднымi рэфлексамi.
      Ты i твае бацькi не разумелi, што яму хацелася адчуваць сябе мацнейшым за вас, быць незалежным, што ён задыхаўся ў гэтай рабскай атмасферы. Навошта вы так высока трымалi падачкi i прымушалi яго падскокваць? Ён з той пароды сабак, якiя не паддаюцца такой дрэсiроўцы i ўцякаюць туды, дзе косцi кiдаюць проста пад нос.
      Бедная Янiна! Зусiм ты не ведаеш свайго Фiлi!.. Ды што яна можа бачыць, калi ўсё засланiла нуда, рэўнасць, патрэба чуць, бачыць яго, цешыцца яго ласкамi... Усё засланiў жах ад таго, што яна страцiла свайго каханага... I вось аслепленая сваiм каханнем утрапёна бяжыць яна за сваёй здабычай i сама не ведае, хто ён такi, за кiм яна гонiцца... Людзi кажуць: бацькоўская любоў сляпая. Янiна мне ўнучка, але калi б яна была маёй дачкою, я бачыў бы яе такой, якая яна ёсць. Нiчога ў ёй няма абаяльнага. Рысы твару правiльныя, але фiгура няўклюдная, голас нейкi пiсклявы, вочы пустыя... На такiх мужчыны не надта заглядаюцца... I ўсё ж у гэтыя доўгiя вечары яна здавалася мне прыгожай. Была ў яе тая асаблiвая прыгажосць, якую надае жанчыне любоўны адчай. Хто ведае, можа, i знойдзецца мужчына, якога прыцягне да сябе гэты пажар... Але няшчасная гарыць у змроку, у адзiноце, i толькi я адзiны сведка яе пакут...
      Шкада мне Янiны, i я цярплiва слухаю яе бясконцыя ўспамiны пра гэтага незвычайнага Фiлi. А што ў iм незвычайнага? - Мiльёны такiх... Але я слухаю i не магу надзiвiцца, як распалiў гэты Фiлi такое пачуццё ў маёй унучцы. Гэта ж трэба: свету белага не бачыць! Усё перастала iснаваць, акрамя яе мужа, акрамя гэтага маладога самца, якi любiць прыкладацца да чаркi, а на каханне глядзiць як на работу, на цяжкую павiннасць... Якое ўбоства!
      Янiна амаль не заўважае дачкi, якая ўпоцемку прашмыгнула да нас у гасцiную. Мацi, не гледзячы, датыкаецца губамi да яе кучаравенькай галоўкi. Не скажу, каб гэтае малое не адыгрывала нiякай ролi ў жыццi Янiны: толькi дзякуючы гэтай дзяўчынцы перамагла яна ў сабе жаданне кiнуцца ў пагоню за Фiлi (а магла б яна i пагнацца, i ўпрошваць яго, i лаяць, i рабiць сцэны на людзях). Не, не змог бы я яе адзiн утрымаць. Дома яна засталася толькi дзеля дзiцяцi, але вялiкай уцехi ў iм не знаходзiла. Малая нiбы адчувала гэта i вечарам, калi мы чакалi, пакуль пададуць на стол, спяшалася залезцi да дзеда на каленi, нiбы шукала ў мяне прытулку. Валаскi ў яе былi мякенькiя, як пух, пахла ад iх цёплым птушыным гняздзечкам, i мне ўспамiналася тады Мары. Я заплюшчваў вочы i, прытулiўшыся губамi да яе шчочкi, цiхенька сядзеў, ледзьве стрымлiваючы сябе, каб моцна-моцна не абняць гэтае маленькае цельца. У такiя моманты мне здавалася, што гэта Мары або Люк. Часам цалуеш яе, калi яна разгуляецца, i адчуваеш, што шчочкi ў яе чуць-чуць салёненькiя, як у маленькага Люка ў днi летнiх вакацый, калi ён, бывала, так набегаецца за дзень, што возьме ды засне проста за сталом. Не мог ён дачакацца дэсерту i падстаўляў усiм свой сонны стомлены тварык для развiтальнага пацалунку.
      Вось што ўспамiналася, мроiлася мне, пакуль Янiна, нявольнiца свайго кахання, хадзiла ўзад i ўперад па гасцiнай.
      Памятаю, аднойчы яна ў мяне спыталася:
      - Як цяпер мне жыць? Што зрабiць, каб не пакутаваць?.. Як вы думаеце, гэта пройдзе?..
      Ноч была халодная. I раптам я бачу, Янiна падыходзiць да акна, адчыняе яго, высоўвае свой заплаканы твар, глядзiць на сад, залiты блакiтным месячным святлом, i прагна дыхае ледзяным паветрам. Я прывёў яе назад да агню i, хоць не прывык да пяшчоты, падсеў да яе i абняў за плечы. Я спытаўся, цi няма ў яе хоць якой-небудзь падтрымкi.
      - У цябе ёсць вера?
      Яна разгублена адказала:
      - Вера? - быццам не зразумела мяне.
      - Ну, ты верыш у Бога?..
      Яна прыўзняла на мяне свой палаючы твар, недаверлiва паглядзела на мяне i нарэшце сказала: "Пры чым тут вера?.." Я зноў паўтарыў пытанне, тады яна адказала:
      - Ну, канешне, я веру. Хаджу ў царкву, прычашчаюся, словам, раблю ўсё, што ўсе робяць. Але навошта вы пытаецеся? Каб пасмяяцца з мяне?
      - Як ты думаеш, - працягваў я, - Фiлi варты твайго кахання?
      Яна паглядзела на мяне тым сумным, злосным позiркам, якi бывае ў яе мацi, калi яна не разумее, што ёй гавораць, не ведае, як адказаць, i баiцца трапiць у пастку. Нарэшце яна адважылася:
      - Усё гэта не звязана адно з адным. Не трэба да маёй бяды прымешваць рэлiгiю. Ну што, я веру, а таму i не люблю, калi робяць такiя супастаўленнi... Я раблю ўсё, што гаворыць святар...
      Усё гэта было сказана такiм тонам, нiбы яна стаяла перад фiнансавым iнспектарам i дакладвала яму, што "акуратна плацiць усе падаткi". Вось што я ненавiдзеў усё жыццё: гэтую карыкатуру, гэты ўбогi шарж на хрысцiянскае жыццё, а каб мець права iх ненавiдзець, я прытвараўся, што бачу ў карыкатуры сапраўднае хрысцiянства. Трэба мець адвагу адкрыта глядзець на тое, што ненавiдзiш... Але ж я цяпер ведаў... ведаў, што ўсё жыццё сам сябе ашукваў. Я ведаў гэта яшчэ ў канцы мiнулага стагоддзя, у той вечар, калi вось тут, у Калезе, абат Ардуэн сказаў мне: "Вы добры чалавек..." Хiба гэта не так?! А потым я затыкаў сабе вушы, каб не чуць тых слоў, якiя шаптала мне пры смерцi Мары. I менавiта тады, перад яе труною, адкрылася мне таямнiца жыцця i смерцi чалавечай... Мая дачушка памiрала дзеля мяне... Я хацеў забыць гэта... Зноў i зноў спрабаваў згубiць ключ ад брамы таямнiцы, але чыясьцi моцная рука вяртала яго мне на кожным павароце майго жыцця. (Хiба можна забыць позiрк Люка пасля нядзельнай ранiшняй службы, у тую хвiлiну, калi пачынаў стракатаць першы конiк?.. А тая вясновая ноч, калi пайшоў град?..)
      Так цяклi мае думкi ў той вечар. Помню, я ўстаў i з такой сiлай адпiхнуў крэсла, што Янiна здрыганулася. Начны спакой i гэтая страшная цiшыня, здавалася, утаймавалi яе душэўны боль. Агонь у камiне патух, у пакоi рабiлася ўсё халадней, Янiна блiжэй i блiжэй падсоўвала сваё крэсла да камiна, ногi яе амаль дакраналiся да жару. Яна працягвала да вуголля рукi. Лямпа асвятляла яе сагнутую дзябёлую фiгуру... У прыцемку хадзiў я па гасцiнай, застаўленай старою мэбляй з палiсандравага i чырвонага дрэва. Бездапаможна мiтусiўся я вакол гэтай чалавечай глыбы, гэтага нерухомага цела.
      - Дзiцятка ты маё... - Шукаў i не знаходзiў я патрэбных слоў... Як душыць мяне сёння вечарам, калi я пiшу гэтыя радкi, як балiць сэрца, здаецца, вось-вось разарвецца, а ўсё таму, што яно перапоўнена любоўю, i я ведаю нарэшце iмя, яе трапятк.................
      Калез, 10 снежня 193...
      Дарагая Жэнеўева!
      На гэтым тыднi скончу разбiраць бацькавы паперы, якiмi набiты ўсе шуфляды ў яго стале. Але лiчу сваiм абавязкам неадкладна пазнаёмiць цябе з адным даволi дзiўным дакументам. Як ты ведаеш, бацька памёр за сваiм пiсьмовым сталом. Калi ранiцай 24 лiстапада Амелiя зайшла да яго ў кабiнет, яна ўбачыла, што наш бацька сядзiць, уткнуўшыся тварам у сшытак - гэты самы, якi я пасылаю табе заказным пiсьмом. Табе, вiдаць, няпроста будзе разабрацца, што там напiсана, я таксама нямала папацеў. Але i добра, што почырк такi неразборлiвы, - слугi нiчога тут не змаглi прачытаць. Спачатку пачуццё далiкатнасцi падказвала мне, што, можа, не варта пасылаць табе гэтыя запiскi: пра тваю асобу бацька тут выказваецца даволi груба i гаворыць крыўдныя, балючыя словы. Але хiба меў я права хаваць ад цябе гэты дакумент, якi належыць гэтаксама табе, як i мне? Ты ж добра ведаеш маю прынцыповасць адносна ўсяго таго, што датычыцца падзелу нашай спадчыны. Вось чаму я перадумаў i пасылаю табе гэты сшытак.
      А зрэшты, бацька нiкога не пашкадаваў на гэтых старонках! Усiм тут папала! На вялiкi жаль, мы даўно ведаем, як ён ставiўся да нас, так што нам гэта не навiна. Уся мая маладосць была атручана нянавiсцю, якую чамусьцi я выклiкаў у бацькi. Яго нянавiсць, пагарда доўга не давалi мне паверыць у сябе. Я ўвесь сцiскаўся пад яго грозным, бязлiтасным позiркам, i шмат гадоў прайшло, пакуль у мяне з'явiлася пачуццё ўласнай годнасцi.
      Я ўсё яму дараваў, - i дадам нават, што мой сыноўскi абавязак вымусiў мяне даць табе прачытаць гэты дакумент. Незалежна ад таго, як ты паставiшся да гэтых запiсак, дзе надзiва адкрыта выказаны самыя жахлiвыя пачуццi, я ўпэўнены, што вобраз нашага бацькi паўстане перад табой - не скажу больш высакародным, але, ва ўсякiм выпадку, больш чалавечым. (Я маю на ўвазе яго любоў да нашай сястры Мары i маленькага Люка. Iм тут прысвечаны кранальныя старонкi.)
      Сёння я лепш разумею яго боль i тугу, якiя былi ў яго на твары, калi стаяў ён перад мамiнай труной. А мы тады, памятаеш, як былi ашаломлены гэтым? Ты думала, ён прыкiдваецца. Нават калi гэтыя старонкi саслужаць толькi адну службу i адкрыюць, што было на сэрцы ў гэтага непрыступнага, гордага чалавека, то i дзеля аднаго гэтага, дарагая Жэнеўева, варта прачытаць гэтую споведзь, як бы горка i крыўдна табе нi было.
      Дзякуючы гэтай споведзi мне стала лягчэй на душы. Перакананы, што так будзе i з табой. Ад прыроды я чалавек скрупулёзны. Няхай у мяне будзе тысяча падстаў лiчыць, што праўда на маiм баку, дастаткова якой-небудзь дробязi, каб я завагаўся, засумняваўся. Ах, цяжка жывецца чалавеку, у якога так абвострана пачуццё маральнай далiкатнасцi, як у мяне! Бацька ненавiдзеў мяне, а я пры кожным, нават самым законным кроку самаабароны адчуваў душэўную трывогу, нават згрызоты сумлення. Калi б я не быў галава сям'i, на кiм вiсiць адказнасць за гонар нашага роду i дабрабыт дзяцей, я адмовiўся б ад гэтай зацятай барацьбы з бацькам, абы толькi не ведаць гэтых пакут, гэтага душэўнага разладу, - ты ж сама не раз бачыла, як было мне цяжка.
      Я ўдзячны Богу за тое, што па яго волi бацька апраўдаў мяне ў сваiх запiсках. Перш за ўсё яны пацвярджаюць тое, што мы самi ведалi: ён тут прызнаецца, што прыдумваў махiнацыi, каб пазбавiць нас спадчыны. З якiм сорамам чытаў я тыя старонкi, дзе ён апiсвае свой спосаб адначасна трымаць у сваiх руках i паверанага Буру, i гэтага Рабэра. Накiнем на ўсе яго непрыглядныя махiнацыi ноеў плашч*. Але з гэтага вынiкае, што маiм святым абавязкам было не даць здзейснiцца бацькавым планам. I я зрабiў гэта, зрабiў паспяхова, i не збiраюся чырванець за свае ўчынкi. Можаш цяпер не сумнявацца, сястра, - сваiм багаццем ты абавязана мне. У гэтым дзённiку бацька ўсё стараецца даказаць сабе, што яго нянавiсць да ўсiх нас нечакана патухла, i выхваляецца яшчэ, што адрокся ад усiх зямных даброт (павiнен прызнацца, што, чытаючы радкi, я смяяўся). Але звярнi, калi ласка, увагу, калi iменна адбыўся гэты раптоўны паварот: тады, калi ўсе яго хiтрыкi мы разгадалi i яго пабочны сын прадаў нам тайну. Не так проста было збыць такое багацце. План, якi рыхтаваўся гадамi, за некалькi дзён не пераменiш. Адчуваў ён свой блiзкi канец, не было ў яго нi часу, нi магчымасцi пазбавiць нас спадчыны, i бядак не мог прыдумаць нiчога лепшага, як тая вераломная змова, якую мы па мiласцi боскай раскрылi.
      * Паводле бiблейскай легенды, Ноевы сыны - Сiм i Яфет - пачцiва накрылi бацьку плашчом, калi той выпiў многа вiна i голы заснуў.
      Не хацеў наш адвакат прайграваць працэсу нi перад самiм сабой, нi перад намi i пайшоў на махлярства, напалову падсвядома (ахвотна дапускаю гэта): ён вырашыў ператварыць сваё паражэнне ў нейкую маральную перамогу, пачаў крычаць пра сваю бескарыслiвасць, пра адрачэнне ад усяго... Ну, а калi падумаць, то што яму заставалася рабiць?! Але мяне такiмi выкрутасамi не возьмеш, ды i ты, Жэнеўева, як чалавек са здаровым розумам, згодзiшся са мной, што ў нас няма падстаў раставаць ад замiлавання i ўдзячнасцi.
      Ёсць у гэтай споведзi яшчэ адно бацькава прызнанне, якое вельмi супакоiла мяне. У гэтым пытаннi я асаблiва строга правяраў сябе, i, павiнен шчыра сказаць, маё патрабавальнае сумленне доўга пакутавала ад трывогi. Я маю на ўвазе мае спробы, праўда, марныя, паставiць пад сумненне разумовыя здольнасцi бацькi i прымусiць яго прайсцi абследаванне ў псiхiятрычнай клiнiцы. Трэба адзначыць, што тут адыграла сваю ролю i мая жонка, якая шмат зрабiла, каб пахiснуць маю ўпэўненасць на гэты конт. Ты добра ведаеш, што звычайна я не вельмi лiчуся з яе думкамi - асоба яна вельмi ўжо эксцэнтрычная. Але яна не адступалася ад мяне нi днём, нi ноччу, усе вушы мне пратрубiла. I, ведаеш, некаторыя яе аргументы прымусiлi мяне завагацца. Урэшце яна пераканала мяне, што наш вялiкi адвакат, вопытны фiнансiст i глыбокi псiхолаг - самы ўраўнаважаны чалавек на свеце.
      Не трэба, вядома, вялiкай фантазii, каб намаляваць сваiх дзяцей вырадкамi, якiя, ад страху страцiць спадчыну, нi перад чым не спыняюцца i гатовы роднага бацьку здаць у вар'яцкi дом. Бачыш, я асаблiва не падбiраю слоў i гавару зусiм адкрыта... Многа начэй не мог я заснуць. Адзiн Бог ведае, колькi я адпакутаваў.
      Дык вось, дарагая мая Жэнеўева, гэты сшытак, асаблiва яго апошнiя старонкi, даюць усе падставы лiчыць, што ў бацькi нашага былi прыступы перамежнага вар'яцтва. Я лiчу нават, што мы стаiм перад фактам даволi рэдкiм i цiкавым з медыцынскага пункту погляду. Варта было б перадаць гэтыя запiскi псiхiятру. Аднак найпершы наш абавязак - нiкому не паказваць гэтага дакумента, якi можа стаць вельмi небяспечным для нашых дзяцей. Таму папярэджваю цябе i прашу адразу спалiць сшытак, як толькi ты скончыш чытаць. Трэба мець абсалютную ўпэўненасць, што гэтыя старонкi не трапяць у рукi чужых людзей.
      Мы заўсёды трымалi пад строгiм сакрэтам усё, што датычылася нашых сямейных спраў. Не табе мне гаварыць, якiя меры я прымаў, каб наша ўстрывожанасць псiхiчным станам бацькi не стала нiкому вядомай. Аднак не ўсе члены нашай сям'i выяўлялi неабходную стрыманасць i асцярожнасць. У прыватнасцi, твой нягоднiк-зяць усiм расказваў самыя агiдныя гiсторыi пра бацьку. Гэта дорага нам каштавала: па горадзе пайшлi плёткi, а сёй-той праводзiць паралель памiж неўрастэнiяй Янiны i эксцэнтрычнасцю бацькi, якую яму прыпiсваюць, наслухаўшыся балбатнi Фiлi.
      Паўтараю: парвi i спалi гэты сшытак i нiкому пра яго не гавары. Давай i мы з табой пра яго забудзем. I ўсё ж, павiнен прызнацца, мне шкада яго знiшчаць ёсць там i тонкiя псiхалагiчныя назiраннi, i нават мiлыя пейзажныя замалёўкi. Быў, вiдаць, у бацькi не толькi талент прамоўцы, але i пiсьменнiцкая струнка. Але тым больш у нас падстаў знiшчыць гэты дзённiк. Уявi сабе, што нехта з нашых дзяцей цi ўнукаў возьме ды надрукуе бацькавы запiскi!.. Бяды тады не абярэшся!..
      Мы з табой можам называць рэчы сваiмi iмёнамi i павiнны, прачытаўшы гэты сшытак, сказаць сабе ясна i недвухсэнсава: бацька наш не быў псiхiчна нармальным. Вось цяпер да мяне дайшлi словы тваёй дачкi, якiя спачатку я палiчыў хворай фантазiяй: "Дзядуля - адзiны набожны чалавек, якi мне сустрэўся ў жыццi". Бедная Янiна блiзка ўспрыняла туманныя разважаннi i мроi гэтага iпахондрыка. Вораг сваiх блiзкiх, чалавек, ненавiсны ўсiм, i, як ты ўбачыш, няшчасны ў каханнi (ёсць у гэтай споведзi даволi камiчныя падрабязнасцi), раўнiвец, якi не мог дараваць жонцы нявiннага дзявочага флiрту - няўжо на схiле дзён сваiх пачаў ён шукаць уцехi ў малiтве? Не веру я ў гэта. А з тых радкоў, дзе пра гэта гаворыцца, вынiкае зусiм iншае: аўтар пакутаваў разумовым расстройствам, манiяй праследавання; выношваў неадчэпныя думкi, якiя набылi рэлiгiйную форму. Тут i следу нiякага няма ад сапраўднага хрысцiянства. Я-то ў гэтых пытаннях разбiраюся, i гэты лжывы мiстыцызм выклiкае ўва мне толькi агiду.
      Магчыма, ты па-жаночы не так паставiшся да ўсяго гэтага. Аднак, калi раптоўная бацькава набожнасць зробiць на цябе ўражанне i ты будзеш гатова паверыць у яе, успомнi, калi ласка, што бацька не ведаў мяжы ў сваёй нянавiсцi, а калi i любiў каго, то толькi на злосць сям'i цi сваёй роднай мацi. А якiя ў яго рэлiгiйныя парывы? - Ты адразу ўбачыш, што ўсе да аднаго яны проста або ўскосна скiраваны супраць тых прынцыпаў, якiя нам з маленства прывiвала мама. А нястрымны рэлiгiйны мiстыцызм патрэбен яму толькi для таго, каб зручней было нападаць на разумную памяркоўную набожнасць, якая заўсёды была ў вялiкай пашане ў нашай сям'i. Iсцiна - гэта раўнавага... Зрэшты, не буду больш стамляць цябе сваiмi разважаннямi. Нагаварыў я тут дастаткова, так што табе застаецца толькi пазнаёмiцца з бацькавым дзённiкам. З нецярпеннем буду чакаць адказу. Хутчэй хочацца ведаць тваё ўражанне.
      Месца застаецца мала, а трэба яшчэ адказаць на твае пытаннi. Дарагая сястра, мы перажываем цяпер перыяд крызiсу, i нам неабходна вырашыць адну вострую i важную для нас праблему - як быць са спадчынай? Калi мы будзем захоўваць кiпы банкаўскiх бiлетаў у сейфе, то давядзецца пражываць наш капiтал, а гэта ўжо няшчасце. Калi купiць на гэтыя грошы акцыi i стрыгчы купоны, то ўцехi таксама мала: курс акцый увесь час падае. Як бачыш, у любым выпадку мы будзем несцi страты. Таму я лiчу, што разумней за ўсё будзе захаваць крэдытныя бiлеты Французскага банка. Франк сёння каштуе ўсяго чатыры су, але ён забяспечаны вялiкiм залатым запасам. У гэтых справах бацька наш меў багаты вопыт, i мы павiнны браць з яго прыклад. У французаў з'явiлася небяспечная схiльнасць: абавязкова пускаць свой капiтал у якую-небудзь справу. Жэнеўева, нiколi не паддавайся на гэтую спакусу. I яшчэ: цяпер такi час, што жыць трэба прасцей, асаблiва не разганяцца, эканомiць, даражыць кожным франкам. Ну, а калi спатрэбiцца мая парада, я заўсёды да тваiх паслуг, - гэта ты ведаеш. Час, канешне, змрочны, трывожны, але сачыць за справамi на бiржах трэба ўважлiва: кожны дзень можа прынесцi i добры выпадак выкарыстаць капiтал. Я, напрыклад, цяпер усё прыглядаюся да каньяку маркi "Кiна" i анiсавай гарэлкi. Думаю, што крызiсу ў гандлi гэтымi таварамi не чакаецца, трэба толькi дзейнiчаць смела i разам з тым абачлiва.
      Ты парадавала мяне прыемнымi весткамi пра Янiну. Не варта баяцца яе празмернай набожнасцi. Самае галоўнае, каб яна забылася пра Фiлi. Усё астатняе само памалу ўладзiцца: Янiна з нашай пароды, а ў нас заўсёды ўмелi не злоўжываць самымi прыемнымi забавамi.
      Да пабачэння, дарагая Жэнеўева! У сераду прыеду.
      Цалую цябе. Твой брат Хюбэр.
      . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
      Янiна - Хюбэру
      Дарагi дзядзечка! Прашу Вашай дапамогi. Мы пасварылiся з мамай. Яна нiяк не хоча паказаць мне дзядулевага "дзённiка". Кажа, што варта мне толькi яго прачытаць i ад маёй павагi да дзядулi нiчога не застанецца. Але калi яна ўжо так беражэ маю добрую памяць пра нябожчыка, то чаму тады кожны дзень паўтарае мне: "Ты i ўявiць сабе не можаш, як непрыгожа ён пiша пра цябе!.. Нават i знешнасцi тваёй не пашкадаваў!.." Яшчэ больш мяне здзiўляе тое, з якой ахвотай яна дала мне прачытаць Ваша пiсьмо, дзе Вы каменцiруеце "дзённiк"...
      Мама стамiлася ваяваць са мной i сказала нядаўна, што аддасць мне дзядулевы запiскi, калi Вы палiчыце гэта патрэбным, - яна ва ўсiм спасылаецца на Вас. I вось я звяртаюся да Вас, да Вашага пачуцця справядлiвасцi.
      Перш за ўсё дазвольце адразу зняць тую перашкоду, якая датычыць асабiста мяне: як бы жорстка нi гаварыў пра мяне дзядуля ў "дзённiку", паверце: сама я суджу сябе яшчэ больш строга. I яшчэ: я ўпэўнена, што жорсткасць яго не пашыраецца на тую няшчасную жанчыну, якая да самай яго смерцi была побач з iм у Калезе.
      Даруйце мне, дзядзечка, але не магу я пагадзiцца з Вамi ў галоўным: я адзiны сведка апошнiх дзён дзядулi i ведаю, якiя былi ў яго пачуццi ў той час. Вы папракаеце яго за туманную, нездаровую набожнасць. Аднак дазвольце Вам сказаць, што ў Калезе ён тройчы сустракаўся з прыхадскiм святаром (першы раз у канцы кастрычнiка i два разы ў лiстападзе). Дарэчы, Вы можаце папытацца пра гэта ў самога святара. Мама гаворыць, што ў "дзённiку", дзе пазначаны ўсе падрабязнасцi дзядулевага жыцця, чамусьцi нiчога не напiсана пра гэтыя сустрэчы. Гутаркi са святаром мелi, безумоўна, iстотны ўплыў на перамены ў душэўным настроi нашага дзядулi, а нiчога не сказана пра iх у дзённiку толькi таму, што ён не паспеў напiсаць пра гэта. Мама ж сама гаворыць, што запiскi абрываюцца на паўслове. Я асабiста не сумняваюся, што смерць забрала дзядулю якраз у той момант, калi ён хацеў сказаць пра сваю споведзь. I дарэмна будзеце вы мне пярэчыць, што калi б ён атрымаў адпушчэнне грахоў, то пайшоў бы да прычасця. Я добра памятаю тыя словы, якiя паўтараў мне дзядуля за дзень да сваёй смерцi: ён усё бедаваў, што яшчэ не варты прыняць прычасце, i вырашыў пачакаць да каляд. Дзядзечка, чаму мама мне не верыць? Чаму яна лiчыць гэта галюцынацыямi? Як цяпер, чую я, як ён гаварыў са мной у гасцiнай пра гэты жаданы для яго калядны дзень. О, якi сумны, цiхi, слабы быў дзядулеў голас!..
      Супакойцеся, дзядзечка, я не збiраюся рабiць з яго святога. Я згаджаюся з Вамi, што чалавек гэты быў страшны, а часам нават жудасны. Але ў самыя апошнiя днi азарэнне прыйшло i да яго. Гэта ж ён, ён, а не хто другi схапiў рукамi мяне за галаву i сiлком адхiлiў мой позiрк ад...
      А цi не здаецца Вам, дзядзечка, што Ваш бацька быў бы зусiм другiм чалавекам, калi б мы былi не такiмi. Не папракайце мяне, калi ласка, што я хачу кiнуць у Вас камень. Я ведаю i высока цаню Вашы вартасцi. Ведаю я i тое, што дзядуля бываў жорсткi i несправядлiвы з Вамi i маёй мамай. На нашу агульную бяду ён думаў, што мы прыкладныя хрысцiяне... Не спрачайцеся: пасля дзядулевай смерцi я пазнаёмiлася з людзьмi, у якiх, вядома, ёсць свае недахопы, свае слабасцi, але жывуць яны так, як таго патрабуе вера, i сэрцы iх перапоўнены мiласэрнасцю. Калi б дзядуля жыў сярод такiх людзей, магчыма, даўно ўбачыў бы ён тую дарогу, на якую стаў толькi перад самай смерцю.
      Яшчэ раз хачу сказаць: я не збiраюся абвiнавачваць нашу сям'ю, каб абялiць i апраўдаць таго бязлiтаснага чалавека, якi стаяў на яе чале. Не магу я забыцца таго, што бабулiн прыклад павiнен быў бы адкрыць яму вочы, а ён так доўга рабiў толькi адно - помсцiў, як мог, за сваю крыўду... I дазвольце яшчэ мне сказаць, чаму я, урэшце, апраўдваю яго, там, дзе былi скарбы нашы, там былi i сэрцы нашы - мы толькi i думалi пра гэтую спадчыну, якая магла нам не дастацца. А сябе апраўдаць мы, вядома, можам: вы былi чалавекам справы, я беднай жанчынай... I тым не менш усе мы, акрамя бабулi, жылi не так, як трэба жыць. Думкi нашы, жаданнi нашы, учынкi нашы былi адарваны ад веры. I душы нашы, рукi нашы цягнулiся да золата, грошай, багацця, у той час як дзядуля... Цi зразумееце Вы мяне, калi я скажу, што сэрца яго было не там, дзе было яго багацце. I я магу паклясцiся, што дакумент, якi ад мяне так старанна хаваюць, з'яўляецца вырашальным доказам гэтага.
      Спадзяюся, дзядзечка, што Вы пачуеце мяне, i з нецярпеннем чакаю адказу.
      Янiна.

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11