Тады незнаёмы таварыш сказаў:
– Зараз павінны прыйсці яшчэ некалькі чалавек з іхняй кампаніі. Трэба іх прыняць не горш, як гэтых. Вы, мае дарагія таварышы, паказалі сябе храбрымі і свядомымі савецкімі рабятамі. Думаю, і цяпер вы прымеце ўдзел у аперацыі.
– А як жа! – усклікнулі яны з радасцю.
Пад кіраўніцтвам такога таварыша новая аперацыя здавалася ім нават прывабнай. Хоць і страшнавата, і сэрца сціскаецца ад хвалявання, але затое адчуваеш, што робіш важную справу.
– Я думаю, іх будзе не больш як два-тры чалавекі, – казаў далей таварыш. – Мы неспадзявана выскачым на іх, і яны напэўна здадуцца без бою. Тым больш што наўрад ці яны ўсе будуць мець зброю – для іхняга зборышча яна ім непатрэбная, а насіць так рызыкоўна.
– А калі іх будзе болей? – спытаў Віктар.
– Тады пабачым, што трэба будзе рабіць. А цяпер скажыце, як вас зваць.
Хлопцы адрэкамендаваліся і ў сваю чаргу спыталіся, як яго зваць і як ён трапіў у рукі гэтых бандытаў.
– Прозвішча маё Саўчук Андрэй Аляксандравіч, – пачаў ён свой расказ. – Служу я ў пагранатрадзе. Гэты чорны жыве на хутары кіламетраў за дзесяць адсюль. Той малады часта прыходзіць да яго з суседняга мястэчка. Аднаго разу мы атрымалі весткі, што гэты чорны (Станоўскім завецца) мае сувязь з кантрабандыстамі. Якраз учора трапіў мне на вочы гэты трэці, незнаёмы чалавек. Ён накіраваўся на хутар. А хутар гэты знаходзіцца ў глушы, наводшыбе. Я пайшоў за ім. Але, відаць, і гэты чорны дзядзька быў не дурны. Ён, відаць, чакаў гэтага госця і прадбачыў, што за ім могуць сачыць. Калі мы ўжо былі недалёка ад хутара, яны абодва накінуліся на мяне, звязалі і па глухіх сцежках прывялі сюды. Мусіць, вы чулі, як яны збіраліся мардаваць мяне, каб даведацца, якім чынам і ад каго мы пра іх даведаліся. Яны думалі забіць мяне, потым таго ці тых, хто сказаў, і гэткім чынам схаваць сляды. Каб не вы, – скончыў ён усхваляваным голасам, – я перацярпеў бы такія пакуты, перад якімі смерць – нішто. Дзякую вам!
– Завошта? – шчыра дзівіўся Віктар. – Хто ж гэтага не зрабіў бы на нашым месцы?!
– Усё ж такі вы рызыкавалі.
– Невялікая рызыка, – сказаў Мірон. – Вы для нас зрабілі болей, як мы для вас. А вось якім чынам вы прабраліся цераз балота? Мы аніяк не маглі знайсці выхада і збіраліся сядзець тут да зімы.
– З таго боку ёсць падрыхтаваныя кладкі, але яны ў балоце, зверху іх не відаць.
– Я ж казаў, што там пераход! – накінуўся Віктар на Мірона. – А ты ўсё мудрагеліў.
– Усё роўна вы не прайшлі б, – усміхнуўся Саўчук. – Там хітра зроблена. Вось такім чынам (ён начарціў на зямлі план). Калі вы нават знойдзеце адну кладку, дык яна хутка канчаецца і вы трапіце ў багавінне. Другая кладка зусім убаку. Каб трапіць на яе, трэба цягнуць з сабою доўгую дошку і перакінуць яе на тую другую кладку. А праз некалькі крокаў і тая канчаецца. Тады трэба зноў шукаць наступную і зноў перакідаць дошку. Пераход цяжкі, марудны і небяспечны. Ніхто б не здагадаўся, калі не ведаць. Толькі вопытныя кантрабандысты маглі ўзяцца за гэткае мерапрыемства. Мусіць, іхняя справа мае шырокі размах.
– Нават занадта шырокі, – прамовіў Віктар і выняў паперы. – Вось зірніце.
– А там яшчэ ёсць і піраксілінавыя шашкі, – дадаў Мірон.
– Што вы кажаце? – усхапіўся Саўчук і з напружанай цікавасцю пачаў разглядаць паперы. – Гэта ж не толькі кантрабандысты, але шпіёнская і шкодніцкая арганізацыя. Ды яшчэ з удзелам, як кажуць, нейкай суседняй дзяржавы. Добрую справу вы зрабілі, таварышы! Раскажыце цяпер, як вы тут жылі, – папрасіў Саўчук.
Мірон і Віктар, перабіваючы адзін аднаго, расказалі пра сваё падарожжа, крушэнне, пра пакуты і прыгоды, пра бандытаў і іхні склад. Саўчук выслухаў іх з надзвычайнай цікавасцю, а затым сказаў:
– Хоць і ў неабдуманае, недарэчнае падарожжа вы пусціліся, але вас можна пахваліць за тое, што вы добра змагаліся за сваё існаванне, не апусцілі рук і, як відаць, засталіся такімі ж бадзёрымі і вясёлымі. Пасля такой практыкі вам ужо ніякія нягоды не будуць страшнымі.
Так, у гутарцы, прайшло гадзіны са дзве. Сонца пачало ўжо схіляцца на захад.
– Калі не прыйдуць праз дзве гадзіны, то мы пойдзем дадому, – сказаў Саўчук.
Словы «пойдзем дадому» прагучалі для нашых хлопцаў як нешта незвычайнае, казачнае. Няўжо сапраўды так бывае, што можна ўстаць і пайсці дадому?…
Уверсе, на дрэве, каркнула варона. Праз хвіліну каркнула на другім. Затым з'явілася варона на ніжняй галіне, потым яна спусцілася на зямлю і бокам-бокам пачала набліжацца да зубра.
– Эх, шкада гэтай цудоўнай жывёліны! – прамовіў Саўчук.
– Затое і забойца загінуў, – заўважыў Мірон.
– Ды хіба ён варты зубра? – горача ўсклікнуў Віктар. – Гэткіх бандытаў вунь колькі знайшлося, а зубр быў адзін і, можа, больш ужо не будзе.
Каля зубра ўжо скакала некалькі варон. Іх збіралася ўсё больш і больш. Яшчэ хвіліна, другая – і яны абляпілі ўсяго зубра.
– І адкуль толькі яны ўзяліся? – дзівіўся Мірон. – Цэлы месяц мы іх тут бадай не бачылі, а цяпер глядзі, колькі сабралася.
– Трэба іх разагнаць, – сказаў Саўчук, – а то ствараецца ўражанне, што тут і духу чалавечага няма, а гэта для нас нявыгадна: новапрыбыўшыя могуць занепакоіцца, куды падзеліся іх таварышы.
Віктар і Мірон стрэльнулі з рэвальвераў. Гул ад стрэлаў пакаціўся па лесе і закончыўся нібы новым, далёкім і глухім стрэлам.
– Што гэта – рэха ці нечы стрэл?
Саўчук упэўнена сказаў:
– Гэта яны стралялі ў адказ, бо гук пачуўся тады, калі рэха ўжо заціхла. Цяпер будзьце гатовы.
– Заўжды гатовы! – адказалі хлопцы весела, але ў іх галасах выразна адчувалася хваляванне, тое хваляванне, якое бывае не ад страху, а ад незвычайнасці моманту.
Далёка між дрэў замільгалі людзі… адзін… два… тры… чатыры… Болей як быццам няма. Ну што ж – не страшна. Яны смела накіроўваюцца да вогнішча; яны добра ведаюць, што там свае. У аднаго ў руках рэвальвер, з якога ён толькі што страляў. У іншых, як відаць, зброі няма. Зусім добра!…
– Я гэтаму пераб'ю руку ці плячо, – прашаптаў таварыш Саўчук, – а тады ўсе выскачым.
І ён накіраваў на яго стрэльбу. Віктар узяў у рукі свае абодва рэвальверы. Мірон, які раней аддаў свой другі рэвальвер Саўчуку, паглядзеў на Віктара з зайздрасцю.
Бандыты падышлі да вогнішча і спыніліся.
– Ці не на паляванне пайшлі? – пачуліся галасы. – Навошта? Вунь якую штуку забілі і яшчэ павалакліся.
Грымнуў стрэл… Чалавек з рэвальверам войкнуў і ўхапіўся левай рукой за правую; рэвальвер упаў на траву. Трое іншых не паспелі разабрацца, у чым справа, як убачылі, што да іх падбягаюць трое ўзброеных людзей.
– Рукі ўгору!
Бандыты, азіраючыся навакол, відаць, у чаканні сваіх, трошкі паднялі рукі. Нападаючыя мігам апынуліся каля іх. Рэвальвер бандыта ляжаў каля ног Саўчука.
Тады адбыўся нечаканы паварот.
Адзін з бандытаў, убачыўшы, што з трох нападаючых двое зусім яшчэ маладыя хлопцы, кінуўся пад ногі Саўчуку, зваліў яго і ўхапіўся за рэвальвер, што ляжаў на зямлі. Двое яго таварышаў апусцілі рукі і нарыхтаваліся кінуцца ў бойку. У гэты самы момант пачуліся тры стрэлы…
Два разы стрэліў Мірон у бандыта, што схапіў рэвальвер. Той выпусціў зброю. Віктар, не цэлячыся, стрэліў у «сваіх» бандытаў, і гэта затрымала іх на тую секунду, якая патрэбна была Саўчуку, каб падняцца на ногі. А тады ўжо бандыты «шчыра» паднялі рукі.
– Малайцы, хлопцы! – коратка сказаў Саўчук, і гэтыя словы з вуснаў камандзіра былі для іх самай лепшай пахвалой.
Двум здаровым бандытам было загадана перавязаць сваіх раненых таварышаў. У аднаго з іх была перабіта правая рука, другому Мірон прастрэліў плячо і зачапіў бок. На бінты для іх прыйшлося рваць сарочкі.
– Вы іх тут пільнуйце, – ціха сказаў Саўчук, – а я прывяду тых двух.
Як толькі Саўчук адышоўся, хлопцы адразу адчулі трывожную напружанасць. Яны пачалі заўважаць, што бандыты, робячы перавязку, больш сачылі за хлопцамі, чым за сваёй работай. Яны паварочваліся і станавіліся не так, каб зручна было перавязваць, а так, каб зручна было кінуцца на вартавых.
Памятаючы параду Саўчука, хлопцы трымаліся на такой адлегласці, каб адным махам да іх нельга было даскочыць, а рэвальверы не апускалі ні на адну хвіліну. Апрача таго, трымаліся блізка адзін ля аднаго і ўвесь час мянялі свае пазіцыі, каб было зручна ім, а не бандытам. Ніводнага слова не сказалі хлопцы адзін аднаму, а дзейнічалі так дружна і ўзгоднена, нібы ўсё ў іх было дагаворана. Значыцца, абодва добра навучыліся разумець становішча.
Хлопцы ўздыхнулі вальней, калі падышоў Саўчук з двума ранейшымі палоннымі. Раты іх былі ўжо развязаны.
– І вы папаліся? – з папрокам сказаў адзін з іх сваім новым таварышам.
– Гэтак жа, як і вы! – злосна буркнуў нехта ў адказ.
Саўчук падышоў да іх і сказаў:
– Дазвольце ўжо і вам звязаць рукі. Мы вымушаны гэта зрабіць.
Бліснулі бандыты вачыма, сцялі зубы, сціснулі кулакі, але за спіною стаялі хлопцы з рэвальверамі – і бандыты скарыліся.
Каб перавязаць усім рукі і ногі, Саўчук зняў з бандытаў усе паясы і рамяні, якімі яны былі падперазаны. Віктар штурхнуў пад бок Мірона і шапнуў:
– Цяпер яны не ўцякуць, каб нават і ногі былі не звязаныя.
Тыя два, якіх звязалі яшчэ раніцай, пачалі прасіцца:
– Рукі здранцвелі, развяжыце хоць на некалькі хвілін.
– Выбачайце, – адказаў Саўчук, – цяпер аніяк нельга. Прыйдзецца яшчэ трошкі пацярпець. Я таксама цярпеў. Вы тым часам пасядзіце тут ля вогнішча, можаце нават распачаць свой сход. Шкада толькі, што старшыня ваш забіты.
– Сам вінаваты, – сказаў адзін з бандытаў. – Не знішчыў гэтых шчанят, калі была магчымасць, дык цяпер і сам загінуў і нас загубіў.
Хлопцы адчулі задавальненне, што бандыты так высока ацанілі іхнюю ролю ў гэтай справе.
Пасля таго Саўчук адвёў хлопцаў убок і сказаў:
– Баявыя аперацыі мы з вамі скончылі паспяхова. Ёсць і трафеі, і палонныя. А як нам з усім гэтым выбрацца адсюль? Правесці ўсіх са звязанымі рукамі па тых кладках немагчыма. Апрача таго, у нас ёсць яшчэ двое раненых, з якіх аднаго прыйдзецца несці. І забітага трэба было б пахаваць, а няма чым. Адным словам, мы самі з усёй гэтай аперацыяй не справімся. Так?
Мірон і Віктар павінны былі згадзіцца, што яно так. Значыцца – трэба ісці па дапамогу. Ісці можа толькі адзін таварыш Саўчук. А хлопцам прыйдзецца заставацца тут і пільнаваць гэтую кампанію…
– Гэта вельмі сур'ёзная справа, – казаў Саўчук. – Для вас яна больш сур'ёзная, чым усе сённяшнія ваенныя дзеянні. На працягу ўсёй ночы вы будзеце рызыкаваць жыццём кожную хвіліну, бо яны будуць прыдумваць усялякія штукі. Будзьце пільнымі, не спускайце з іх вачэй усю ноч. Калі што якое, страляйце не задумваючыся. Як вам здаецца, справіцеся?
– Справімся! – упэўнена адказаў Віктар.
А Мірон трошкі падумаў і тады ўжо сказаў:
– Ды нам нічога іншага не застаецца, як справіцца.
– А цяпер пойдзем праверым усе вузлы і вяроўкі, – павярнуўся Саўчук. – Прыгледзьцеся добра, як яны звязаны.
Звязаныя злосна бурчалі:
– Зноў праверка! Ды вы толькі што звязвалі. Лепш есці далі б.
– Ціха, ціха, – лагодна казаў Саўчук. – Усё будзе ў свой час. А цяпер пацярпіце адну толькі ноч. Больш вас ніколі звязваць не будуць.
Затым Саўчук дапамог хлопцам назапасіць галля на ноч і пасля таго рушыў у дарогу.
XXIV
Апошняя ноч на востраве. – «Кармленне звяроў». – Хітрыкі палоннікаў. – Смалены бандыт. – Зварот дадому.
Хлопцы зноў засталіся ў лесе. Але цяпер перад імі сядзела пяць чалавек ды шосты ляжаў побач. І людзі гэтыя для іх былі больш небяспечныя, чым усе тутэйшыя звяры.
Калі бандыты ўбачылі, што старэйшы пайшоў, яны ажывіліся і пачалі перагаворвацца. Відаць, яны сцямілі, што той пайшоў па дапамогу і вернецца няхутка, а таму ў іх з'явілася надзея як-небудзь абдурыць гэтых хлопцаў. Калі хлопцы падышлі бліжэй да іх, палонныя змоўклі. Толькі скоса пазіралі на сваіх вартаўнікоў. А потым «стары знаёмы» бандыт спытаў:
– Скажыце, чаму вы не адгукаліся, калі мы тыдні два назад шукалі вас і нават стралялі? Ці вы не чулі?
– Чулі, ды не хацелі сустракацца з вамі, – адказалі хлопцы.
– Чаму? Мы ж маглі вам паказаць дарогу.
– Ведаем, якую дарогу вы хацелі нам паказаць.
– Адкуль жа вы маглі ведаць?
– Бабры сказалі! – засмяяўся Віктар.
– А! Дык вы падслухалі?
– Чуткі такія па лесе пайшлі.
Нарэшце хлопцы адчулі, што вельмі хочуць есці.
У трафейнай торбе прадуктаў было нямнога, асабліва хлеба: раніцою хлопцы і Саўчук добра пад'елі, не шкадуючы бандыцкіх запасаў. Вочы палонных прагна накіраваліся на ежу.
– Як тут дзяліць? – казаў Мірон, круцячы ў руках хлеб. – А есці на іхніх вачах не магу. І схавацца ад іх няма як.
Тыя два, што былі ўзяты раніцой, нарэшце не вытрымалі і папрасілі:
– Дайце хоць хлеба кавалачак, мы ўвесь дзень нічога не елі.
– Хлеба? – усклікнуў Віктар. – Мы ж яго цэлы месяц не елі. Лепш мы засмажым вам цудоўнага зубровага мяса.
Сваім вострым кінжалам яны лёгка нарэзалі тонкіх лустаў мяса і паклалі ў агонь, а самі са спакойным сумленнем узяліся за хлеб і сала. Палонныя цярпліва чакалі сваёй чаргі, аб нечым перашэптваліся. Пакуль хлопцы павячэралі, мяса сасмажылася. Можна было вячэраць і палонным, але як?…
– Вы па чарзе. Развяжыце рукі аднаму, потым другому, – прапанаваў адзін з бандытаў, відаць, абмеркаваны ўжо імі план.
– Ну, не! – сказаў Віктар. – Лепш ужо вы пацярпіце да заўтрага без яды. Ніякай бяды з вамі не будзе. Мы тут галадалі больш – і нічога з намі не здарылася.
Палонныя паспрабавалі былі яшчэ даводзіць, што баяцца хлопцам няма чаго, што развязаны будзе толькі адзін, а супраць яго будуць двое ўзброеных, але хлопцы і слухаць не хацелі. Тады самы галодны без ніякіх хітрыкаў папрасіў:
– Дайце мне ў рот хоць кавалак.
– Гэта іншая рэч! – згадзіліся хлопцы і далі яму ў рот кавалак мяса.
Затым па просьбе далі другому, а іншыя адмовіліся. Цяжкараненаму давалі і хлеба, і сала, але ён папрасіў толькі піць.
Мірон узяў бляшанку і пабег да бабровага ручая па ваду. Калі напаіў хворага, папрасілі і здаровыя. Зноў пабег Мірон.
– Вы б узялі другую бляшанку і пабеглі абодва, – параіў адзін.
– Дзякуем за параду! – насмешліва адказаў яму Віктар.
Потым бегаў яшчэ Віктар два разы, пакуль напаілі ўсіх. Тады з'явілася новая просьба:
– Дайце пакурыць. Вазьміце ў нашых кішэнях папяросы і запалкі.
Віктар дастаў папяросы і пачаў соваць усім у рот. Потым паднёс ім агонь. Мірон занепакоіўся, каб Віктар і сам не закурыў, бо спакуса для яго была надта вялікая. Ён сквапна глядзеў на папяросы, што былі ў яго руках, узяў адну, пачаў круціць яе, разглядаць…
Мірон кінуўся ратаваць свайго прыяцеля. Ціхенька ўзяў з яго рук папяросы і сказаў:
– Паслухайся мяне, Віця, пацярпі! Столькі часу прайшло, ты ўжо адвык. Ці варта зноў пачынаць.
Тон Мірона быў такі сяброўскі, такі шчыры, што Віктар усміхнуўся і сказаў:
– Добра, не буду.
Цяжкаранены вельмі часта прасіў піць, і хлопцы ахвотна насілі яму ваду. Не адмаўлялі яны і здаровым, толькі рабілі гэта неахвотна. Потым трэба было даць пакурыць. А там былі і яшчэ просьбы, у якіх нельга было адмовіць…
Адным словам, клопату было да самага цямна. А чым цямней станавілася, тым больш трывожыліся хлопцы. Хоць яны і не шкадавалі галля, але ўсё ж такі не кожны рух палоннікаў можна было заўважыць у змроку. Яны памяталі, як таварыш Саўчук сядзеў тады з жэрдкай і… зусім вольны.
«А што, калі і цяпер гэтак жа сядзіць хто-небудзь з гэтых бандытаў?» – мільгала думка ў абодвух. І яны раз-пораз правяралі палоннікаў.
– Чаго вы лезеце кожную хвіліну? – злавалі тыя. – Паспрабуйце самі вызваліцца з такіх путаў. Праўду кажуць: загадай дурню Богу маліцца, дык ён і лоб разаб'е.
Непрыемна было слухаць такія словы, але хлопцы не крыўдзіліся: можа, яны і сапраўды занадта стараюцца? Але праз некаторы час пераканаліся, што ў такой справе ніякая пільнасць не можа быць залішняй.
Самым спакойным палоннікам быў ранены ў руку. У яго замест рук былі звязаны ногі. Ён сядзеў, апусціўшы галаву, і ні на што не звяртаў увагі. Нават не прасіў ні есці, ні піць. Здаровая рука яго была засунута пад сагнутыя калені. Хлопцы нават не правяралі, ці добра звязаны ў яго ногі. Цяпер Віктар неяк звярнуў увагу, што здаровая рука палоннага ўвесь час уздрыгвае. Падышоў, паглядзеў і крыкнуў:
– Эге! Гэты нумар не пройдзе!
Аказалася, што за доўгі час ён пальцамі здаровай рукі і трэсачкамі развязаў сабе вяроўкі на нагах. Прыйшлося прыкруціць яму здаровую руку да нагі.
Хлопцы яшчэ раней дагаварыліся, што ноччу вартаваць будуць разам, а не па чарзе.
– Сярод гэткай кампаніі боязна заставацца аднаму нават і тады, калі яны звязаныя, – казалі яны.
І яны абодва заставаліся на варце пасля таго, як усе бандыты паснулі. Утыркнуўшыся галовамі адзін аднаму ў спіну, яны храплі на ўвесь лес.
– Піць! – пачуўся голас раненага.
Узялі бляшанку – вады няма. Няўжо дзеля гэтага бандыта ісці ў цемру па ваду? Але ранены цяжка дыхаў, стагнаў – і ў хлопцаў не хапіла духу адмовіць яму. Схапіўшы бляшанку, Віктар пабег па ваду.
Мірон застаўся адзін. Жудасна яму зрабілася. Усё навакол стала нібы інакшым. Бандыты ўсе нібы пачалі варушыцца, трэсціся, хоць у той жа час храплі так, што рэха па лесе ішло.
Калі Віктар вярнуўся, Мірон прашаптаў:
– Больш па ваду не хадзі. Можа, гэтай хопіць, а калі не, – хай крыху пацерпяць. Мне пачало здавацца, нібы яны ўсе ўзад і ўперад торгаюцца. А спяць яны нават занадта моцна. Ніхто з іх за ўвесь час не павярнуўся на другі бок. У гэтым няёмкім становішчы дзіва так праляжаць.
– Трэба паглядзець! – сказаў Віктар.
Падышлі да адной пары, дакрануліся.
– А? Што? Хто тутака? Пайшоў к чорту! – пачуўся сонны голас.
Памацалі вяроўкі – мокрыя, лахматыя!
– Ах, каб на іх ліха! – ускрыкнуў Віктар. – Гэта ж яны грызуць адзін аднаму вяроўкі. Зараз жа рассуньцеся! Ну! А то страляць будзем! Раз… два…
Палоннікі нездаволена пачалі адсоўвацца і бурчаць:
– Вось чортавы дзеці!
Прыйшлося праверыць усіх. У двух вяроўкі былі слюнявыя і пагрызеныя. Каб яшчэ гадзіна, другая, справа была б дрэнная. Замацавалі зноў і размясцілі іх паасобку.
Ноч цягнулася доўга. Марудна. Усё здавалася, што бандыты зноў нешта надумалі. Цяпер яны ўжо так не храплі, не ляжалі спакойна, як раней. Часта варочаліся з боку на бок. Хлопцы пільна сачылі, каб яны не збліжаліся, і ўвесь час пакрыквалі:
– Адсуньцеся!… Далей!…
Праз якую гадзіну зноў усё сцішылася.
Было ўжо далёка за поўнач, калі хлопцы пачулі нейкі смурод, нібы ад смаленага адзення.
– Што гэта? Ці не падсмаліўся хто?
– Мусіць, той, што бліжэй да вогнішча?
Падышлі да яго. Віктар схіліўся, а ў гэты момант адна рука абхапіла яго за шыю, а другая ўхапілася за рэвальвер.
– Мірон, страляй! – крыкнуў ён немым голасам.
Бандыты заварушыліся, загулі, пачалі куляцца бліжэй. Хлопцам здавалася, што яны ўсе ўжо развязаліся і зараз накінуцца на іх. І вось Віктар адчуў, як жалезная рука адабрала ў яго рэвальвер…
– Страляй! Страляй! Хутчэй! – крычаў ён у роспачы.
Але ў гэты момант пачуўся спакойны голас Мірона:
– Палажы рэвальвер на зямлю і адсоўвай руку! Раз… два…
Пальцы бандыта расшчапіліся, і рэвальвер застаўся на зямлі. Віктар схапіў яго і выпрастаўся.
Мірон стаяў за спіной бандыта, засунуўшы рэвальвер за яго каўнер. Халодная сталь прымусіла бандыта пакарыцца…
– Звязвай рукі! – сказаў Мірон.
Віктар зноў старанна звязаў іх. Рукі былі пасмаленыя, слізкія…
Зрабілі новую праверку. Размясцілі ўсіх вакол вогнішча за некалькі крокаў ад агню. Востры момант усхваляваў усіх, але было ціха, нібы нічога не здарылася. Толькі Віктар, адвёўшы Мірона ўбок, з абурэннем казаў:
– Чаму ж ты не страляў? З-за тваёй непатрэбнай літасці мы абодва ледзь не загінулі!
– Ніякай літасці тут не было, а разумнае меркаванне, – адказаў Мірон. – Каб я стрэліў адразу, то мог трапіць і ў цябе, бо вы былі сашчапіўшыся. Каб я прыставіў рэвальвер да яго галавы, ён мог бы адхіснуцца і нават выбіць у мяне рэвальвер. А калі я засунуў рэвальвер яму за каўнер, то бандыт ужо нічога не мог зрабіць, а я заўсёды паспеў бы стрэліць.
– Але ж і цярплівы, гад! – дзівіўся Віктар. – Смаліць руку разам з вяроўкай – і ні гу-гу!
Нарэшце прыйшоў канец і гэтай страшнай ночы. Сонца яшчэ не вылезла з-за лесу, як між дрэў паказаліся постаці чырвонаармейцаў. Было іх чалавек дванаццаць. Наперадзе ішоў, лепш сказаць, бег камандзір з трыма кубікамі ў пятліцах. Гэта быў Саўчук. Ён увесь час хваляваўся больш, чым самі хлопцы. Ён лепш за іх разумеў, у якім сур'ёзным, адказным і небяспечным становішчы засталіся хлопцы ў гэтую ноч.
Якая ж была яго радасць, калі ён здалёк убачыў іх жывымі на сваёй варце! Хлопцы радасна махалі рукамі, шапкамі і так крычалі «ўра», што ўспудзілі зайца з-пад далёкага куста. А для бандытаў гэты радасны крык азначаў канец надзеі…
– Малайцы, хлопцы! – сказаў Саўчук, абдымаючы іх. – А цяпер давайце збірацца дадому.
…Праз дзве гадзіны ў лесе было ўжо зусім ціха. Сіратліва курэў пакінуты агонь. Каля яго валяліся непатрэбныя рэшткі разабранага зубра. Убаку бялеўся пагорачак свежага пяску – бясслаўная магіла чорнага бандыта.
Лясныя жыхары асмялелі. Залескатала ўверсе вавёрка, аглядаючы пакінутую стаянку. Зноў закаркалі вароны і паступова авалодалі рэшткамі зубра. А да іх ужо накіроўваўся воўк…
У Палескай пушчы распачыналася нармальнае жыццё, парушанае было чалавекам.
1930