Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Палескія рабінзоны

ModernLib.Net / Путешествия и география / Мавр Янка / Палескія рабінзоны - Чтение (стр. 5)
Автор: Мавр Янка
Жанр: Путешествия и география

 

 


У выніку ўсёй працы з'явіліся два сякія-такія гаршкі. З задавальненнем глядзелі хлопцы на свае вырабы, і яны пачалі ім здавацца нават нядрэннымі. Хоць на наш погляд гэтыя рэчы былі б зусім недарэчныя.

Але задавальненне значна зменшылася, калі яны падумалі, што да канца яшчэ вельмі далёка.

– Сушыць іх трэба некалькі дзён, – сказаў Мірон, – бо трэба пачынаць з цёмнага, вільготнага месца. А потым абпальваць некалькі дзён, таксама пачынаючы з лёгкага агню, нават дыму. Ды і то невядома, ці не патрэскаюцца, бо гліна не падрыхтаваная і не апрацаваная як трэба.

– Э-э! – працягнуў Віктар. – У такім разе і не дачакаемся. Мусіць, мы тады ўжо дома будзем. Вада бадай ужо спала.

– Я не буду шкадаваць, калі не дачакаемся. А калі спатрэбяцца, мы самі будзем рады, што зрабілі. Рыбы на сёння хопіць, пойдзем пашукаем да яе яшчэ чаго-небудзь.

Як звычайна, накіраваліся ў лес. Праз некаторы час знайшлі некалькі маладзенькіх грыбоў.

– Бач, якія прыгожыя сыраежкі! – усцешыўся Віктар, сарваў і адразу з'еў корань. – Смачныя, салодкія! – цмокнуў ён. – Нездарма іх завуць сыраежкамі.

А яшчэ праз некалькі крокаў натрапілі хлопцы на лісічкі.

– Цёплае надвор'е, пачынаюць грыбы лезці, – задаволена казаў Мірон. – Будзем мець падмацаванне замест цецерукоў.

Перасеклі лес наўскасяк і выйшлі да таго месца, дзе яны ў першы дзень бачылі клін, што вытыркаўся ў возера. Цяпер з гэтага боку ўжо возера не было.

– Суха ўжо! – крыкнуў Віктар і пабег наперад.

Пабег за ім і Мірон. Але хутка пераканаліся, што да сухога месца яшчэ далёка. Тут была дрыгва, у якую і думаць нельга было совацца.

– А ўсё ж такі цяпер можна ўжо спадзявацца знайсці выхад, – суцяшалі сябе хлопцы. – Заўтра пойдзем шукаць.

Тут Мірон звярнуў увагу на малады аер у балоце.

– А вось і яшчэ страва! – сказаў ён, вырваў расліну, вылушчыў белы канец каля кораня і пачаў есці.

– Праўда! Ведаю. Не раз еў! – крыкнуў Віктар і далучыўся да Мірона.

– Здаецца, і сёе, і тое з'ясі, – разважалі хлопцы, калі ішлі назад, – а ўвесь час адчуваеш голад, усё чагосьці не хапае.

Пад вечар пачаўся дождж, вялікі, доўгі. Увесь час прыйшлося сядзець у будцы. Хоць і старанна яна была пабудавана і дагледжана, але ўсё роўна працякала.

– Абавязкова спалю яе, калі будзем адыходзіць дадому! – злаваў Віктар.

Зноў зрабілася нудна і сумна. Зноў нямілым стала ўсё навакол. Адна толькі ўцеха была: заўтра яны канчаткова выберуцца з гэтага дзікага кута, бо вада ўжо спала.

XII

Зноў няўдалая спроба. – Неспадзяваная сустрэча. – Вожык дапамог. – Апошняя рыба. – Новая спроба. – Нядоўгая радасць. – У пастцы. – Апошнія патугі. – Побач са смерцю.


Спалі дрэнна. Увесь час пільнавалі агонь, грэліся, сушыліся. Дождж перастаў на світанні, і хлопцы зараз жа пачалі рыхтавацца ў дарогу.

Вялікую надзею яны мелі, што цяпер ужо выберуцца. Не можа быць, каб нідзе аніякай магчымасці не было! Калі спатрэбіцца, яны нават папаўзуць, як тады паўзлі ад возера. Так або іначай трэба нарэшце вырвацца…

Перад адыходам Мірон кінуў у вогнішча ўсе назапашаныя дровы.

– Хай гараць. Можа, яшчэ прыйдзецца назад вярнуцца.

Ісці было вельмі непрыемна. Зямля мокрая, з дрэў капае вада. Закране першы якую галіну – другі крычыць, што яго абліло. Абутак прамок адразу, а далей паступова прамакала і адзенне.

Пайшлі тым самым шляхам, што і першы раз, – навакол. Але самаадчуванне было нават горшым, як тады. Тады, прынамсі, адразу было відаць, што далей – вада, значыць, і совацца няма чаго. А цяпер кожны раз прыходзілася лезці ў балота спрабаваць, ці нельга прайсці, – і кожны раз вяртацца назад.

Нават возера не было відаць; перад ім распасцерлася вялікае балота, пакрытае рэдкім хмызняком і паасобнымі дрэвамі. Толькі часам блісне між зелянінай вада і зноў схаваецца.

Яны прайшлі толькі палову свайго вострава, а змарыліся куды болей, як тады за ўвесь шлях. Да таго ж голад пачаў мучыць. Спачатку іх падтрымлівала надзея, што вось зараз яны выберуцца, але хутка надзея знікла. Нават Мірон не вытрымаў:

– Гэтак можна швэндацца тут усё сваё жыццё!

– Толькі цяпер я адчуў, які прыемны, прыгожы, прытульны быў наш куток, будан, вогнішча! – сказаў Віктар. – Хадзем назад!

– Хадзем! – згадзіўся Мірон. – Усё роўна сёння не паспеем усяго абысці. Заўтра пачнём з гэтага месца.

Калі вярнуліся назад, было пад вечар ужо. Жар ад вогнішча захаваўся, але ў запасе не было ні ламачча, ні ежы.

Хлопцы былі так стомлены, што ім не хацелася нават варушыцца. Трэба было ісці па галлё, па рыбу, але абодва згадзіліся лепш галадаваць, абы толькі адпачыць, бо і папярэднюю ноч яны амаль не спалі.

Падсушыліся, выпілі «чаю» і зараз жа паляглі спаць.

Прачнуліся на світанні, праспаўшы гадзін адзінаццаць. Затое зноў адчувалі сябе бадзёрымі і вясёлымі. Толькі голад даваў сябе знаць.

Ускінулі на плечы свае дубіны і бягом памчаліся да сажалкі. Наперадзе шпарка бег Віктар, ззаду дыбаў Мірон. Беглі яны па дарозе, якую добра ведалі, таму нават не глядзелі вакол сябе. Вось кусты па беразе іх сажалкі; Віктар ужо абмінуў куст…

Але ў гэты момант адбылося нешта такое, чаго Мірон зусім уразумець не мог.

Пачуўся крык, рэў, стук, і насустрач Мірону выскачыў бледны, бяззбройны Віктар.

– Уцякай! – паспеў ён толькі крыкнуць і паляцеў як страла.

Мірон нават і сам не заўважыў, як ужо імчаўся следам за Віктарам.

Вецер свісцеў у вушах, галіны сцёбалі па твары, а яны ўсё ляцелі ды ляцелі. Азірнуўся быў Мірон назад, нічога не заўважыў, але не адставаў ад Віктара. Толькі каля вогнішча спыніўся Віктар і пачаў углядацца назад.

– Што… такое? – задыхаўшыся, спытаўся Мірон.

– Мядзведзь! – коратка адказаў Віктар.

Але як яны абодва ні прыглядаліся, нікога не было відаць.

– А можа, табе толькі здалося? – насмешліва сказаў Мірон.

– Добра здалося, калі я сам стукнуў яго па галаве! – адказаў Віктар сур'ёзна.

Потым, прыгінаючыся, пачаў красціся наперад. Рушыў за ім і Мірон. Крокаў пяцьдзесят пасунуліся яны і нічога не заўважылі. Тады толькі Віктар супакоіўся.

– Я быў упэўнены, што мядзведзь за намі гоніцца, – прамовіў ён з палёгкай.

– Ды раскажы ты толкам, у чым справа? – нецярпліва запытаў Мірон.

– А вось калі я заскочыў за куст, дык трапіў акурат у лапы да мядзведзя. Сажалка высахла, засталося толькі балота, а ў ім бялела шмат рыбы. Вось мядзведзь і капашыўся там, падбіраў нашую рыбку. Мусіць, таму ён і не пачуў нас, што быў заняты гэтай справай. Я з разгону так і паляцеў на яго. Ён мігам выпрастаўся, стаў на заднія лапы і павярнуўся да мяне. У бяспамяцці я стукнуў сваёй булавой яму па мордзе. Ён зароў і ўхапіўся лапамі за вочы. Відаць, я трапіў яму ў вока. Булава вывалілася з рук, і я паляцеў назад. Вось і ўсё.

– Во як? – сказаў Мірон. – Дык гэта не жарты?

– Добрыя жарты – трапіць мядзведзю ў лапы з адным толькі кіем.

– А ведаеш што? – засмяяўся Мірон. – Гэта ж вожык нас выратаваў. Калючкі папсавалі мядзведзю вока, вось яму і не было як гнацца за намі. А простым кіем ты не мог бы выбіць яму вока.

– Я ж табе казаў: падавай на маю булаву ўсіх звяроў, нават сланоў і кракадзілаў! – сказаў Віктар і ўзяўся ў бокі.

– Ой, не хваліся, герой! – паківаў яму пальцам Мірон. – Прыпомні, як ты, збялелы, бяззбройны, ляцеў ад яго.

– А ты нават і не ведаў чаго, але таксама ляцеў!

І абодва героі весела засмяяліся.

Праз паўгадзіны пайшлі назад. Чым болей набліжаліся да сажалкі, тым болей напружваліся. Чатыры вокі пільна ўглядаліся ў кусты, чатыры вухі не прапускалі аніводнага гуку. Кожны момант хлопцы гатовы былі драпануць назад.

Такім чынам падкраліся да самага берага і ўбачылі балотца з невялікімі лужынкамі, здохлую, паўжывую і жывую рыбу, сляды мядзведзя, а побач булаву. Ніякіх адзнак, што быў паблізу і сам мядзведзь, не было.

Калі падышлі бліжэй ды паднялі дубіну, то заўважылі на ёй сляды зубоў.

– Відаць, ад злосці кінуўся на дубіну, – заўважыў Віктар. – Калі за намі не пагнаўся, дык пэўна застаўся без вока.

– Нажылі мы цяпер суседа-ворага, – сказаў Мірон.

– Дармо! Ён сам цяпер будзе баяцца нас. Наконт гэтага можна быць спакойным. Наогул мядзведзь сам не нападае на чалавека, а на двух – тым болей.

Набралі хлопцы рыбы колькі ўлезла і накіраваліся дадому.

– Апошняя рыба, – сумна сказаў Мірон. – Калі не выберамся заўтра, паслязаўтра, то дрэнная будзе справа.

– А мы зараз жа пасля снедання пойдзем, – адказаў Віктар.

Ён цяпер больш за ўсё цешыўся са сваёй булавы.

– Гістарычная зброя! – казаў ён. – Нават са слядамі мядзведжых зубоў. У музей аддам яе.

Дома не толькі добра паснедалі, але і назапасілі рыбы. Частку засмажылі, а частку падкурылі ды павесілі сушыцца.

Заставалася яшчэ больш гадзіны да поўдня, калі яны рушылі ў дарогу.

Хутка дайшлі да таго месца, дзе спыніліся ўчора, і зноў пачалі свой абход. І зноў пачалася тая самая пакута, зноў пасоўваліся наперад, у балота, і зноў вярталіся назад. Нарэшце падышлі да таго месца, дзе першы раз яны далёка падаліся ў балота.

– Апошняя надзея… – прамовіў Мірон.

Энергічна і ўпэўнена пайшлі хлопцы наперад. Вось ужо і тое месца, дзе яны прымушаны былі павярнуць назад. Далей, дзе раней была вада, цяпер засталося толькі балота.

– Смялей! Смялей! – падбадзёрвалі яны адзін аднаго.

Чапляліся за дрэўцы, пераскаквалі з купінкі на купінку, часам загразалі ў багавінні па пояс, памагалі адзін аднаму. Так яны ўсё пасоўваліся ды пасоўваліся наперад і, нарэшце, вылезлі на сухі бераг.

Уздых вырваўся з грудзей, нібы яны з духаты выйшлі на свежае паветра.

– Вылезлі з гэтага праклятага балота! Хутчэй да якой-небудзь вёскі! Хлеба, хлеба пакаштаваць бы!

Яны павярнулі налева, на поўдзень, і шпарка пайшлі наперад. Лес здаваўся такім самым, як і на іх востраве, мясцовасць нават была вышэйшай, што вельмі цешыла хлопцаў. Калі прайшлі кіламетры са два, то… зноў уткнуліся ў балота!

– Няўжо ж такое самае?! – з жахам сказаў Віктар.

– Наўрад, мясцовасць навокал іншая, вышэйшая, – абнадзеіў Мірон.

Смела рушылі наперад, але хутка павінны былі вярнуцца. Прайшлі з паўкіламетра ўдоўж, зноў паспрабавалі, – і зноў такая ж дрыгва.

Сэрцы сціснуліся ў хлопцаў. Няўжо ж пачнецца тое самае? Сцяўшы зубы, кідаліся яны ва ўсе бакі і кожны раз павінны былі адыходзіць. Яны забыліся на зморанасць, на голад, напружвалі апошнія сілы, але дрыгва няўмольна прымушала іх паварочваць усё направа ды направа, пакуль ужо цямком не апынуліся яны на тым самым месцы, дзе выйшлі з балота.

Віктар кінуўся на зямлю і прыціснуўся да яе тварам. Мірон стаяў, апусціўшы рукі, і нейкімі дурнымі вачыма глядзеў у адну кропку.

– Выйсця няма! У пастцы! – прашаптаў ён нарэшце.

– Відаць, загінуць прыйдзецца тут, – прастагнаў Віктар.

Цямнела. Вечар быў цёплы, ціхі. Пяшчотныя гукі прыроды цешылі вуха. Але нашыя хлопцы нічога гэтага не адчувалі, не заўважалі. Перш за ўсё ім вельмі хацелася адпачыць. Яны ж страцілі апошнія сілы ў гэтым змаганні за вызваленне. Яны хацелі б праляжаць тут усю ноч, каб назаўтра зноў паспрабаваць вырвацца. Але…

– Слухай, Віктар! – прамовіў Мірон нейкім глухім голасам. – Мы павінны зараз жа вярнуцца назад, бо іначай застанемся без агню.

Віктар прыпадняўся, правёў рукою па лбе, страсянуўся і ўскочыў на ногі.

– Але, – сказаў ён. – Трэба змагацца.

І яны моўчкі пайшлі назад у балота, уначы…

Не будзем апісваць гэтую жудасную дарогу. Скажам толькі, што вярнуліся яны назад, нібы пастарэўшы на некалькі гадоў. Кожны з іх бачыў смерць, загразаў у багавінні па шыю. Правялі ў балоце гадзіны чатыры і выратаваліся толькі таму, што адзін аднаму памаглі.

Дацягнуліся да стаянкі бадай што непрытомнымі. Ледзь раздзьмухалі апошнія вугольчыкі, распалілі вялікі агонь і паснулі каля яго. Не залазілі нават у сваю будку.

Гэта была іхняя дзесятая ноч на востраве…

А ў сне яны бачылі кожны па-свойму свае хаты, сям'ю. Ім было так добра, утульна, цёпла, толькі з акна ці дзвярэй дзьмуў халодны вецер.

XIII

Прымусовае чаканне. – На пашы. – Жаба-птушка. – Хатні настрой. – Чалавек.


Спачатку іх грэў і сушыў агонь, а потым – сонца.

У сне яны паварочваліся да цяпла то адным, то другім бокам, пакуль не высахлі з усёй сваёй граззю. Спалі вельмі доўга, аднаўляючы сілы.

Першым прачнуўся Мірон і зараз жа кінуўся да вогнішча. Калі агонь зноў запалаў, Мірон сеў на зямлю, абхапіў рукамі свае худыя калені і задумаўся…

Праз некаторы час усхапіўся Віктар, паглядзеў на Мірона з такім выглядам, нібы зусім не чакаў яго тут сустрэць, і пачаў чухацца так, што пыл пайшоў ад яго, нібы дым ад вогнішча.

– А сёння я быў дома! – сказаў ён нарэшце.

– І я таксама, – задуменна адказаў Мірон. – Сёння пачаліся ў нас заняткі. Сёння нашы бацькі зусім ужо ўстрывожыліся. Сёння пачнуць нас усюды шукаць, толькі не тут…

– Можа, які сігнал можна даць? – сказаў Віктар.

– Каму ты дасі праз некалькі кіламетраў балот ды лясоў? – адказаў Мірон. – Я думаю, нам варта перасяліцца на той востраў, дзе мы ўчора былі. Усё ж такі бліжэй да людзей.

– Адкуль ты ведаеш, што бліжэй? Можа, зусім наадварот. А тут, на беразе…

– На якім беразе? – перапыніў Мірон. – Хіба ты не бачыш, што возера ў нас ужо няма? Вунь куды яно адсунулася. І адтуль па балоце, напэўна, ніхто да нас не падыдзе.

– А з лесу таксама ніхто да нас праз балота не пройдзе.

– А мы нікога не будзем чакаць, мы самі пойдзем, як падсохне.

– Можа, у ліпені і падсохне, але як дажыць да гэтага часу? – пахмура казаў Віктар.

– Дагэтуль было горш і то пражылі, а там пойдуць грыбы, ягады.

– Падохнем ад гэткай ежы. Глянь, якія ўжо мы зрабіліся, – Віктар паглядзеў на свае кастлявыя рукі. – А ты, брат, зусім на Дон Кіхота стаў падобны.

Мірон уважліва паглядзеў на свайго таварыша і толькі цяпер заўважыў, як той змяніўся за гэты час: не толькі шчокі, але і нос, і рот, і нават вочы здаваліся не тымі.

– А ты на Санча Панса зусім не падобны, – сказаў Мірон, усміхнуўшыся. – Давай тады паснедаем. Ёсць печаная рыба, ды сушанай, можа, хопіць на два-тры дні. Ёсць яшчэ аер, бярозавы сок.

– А там зноў завядзём хатнюю жывёлу! – ужо весела падхапіў Віктар.

Пасля снедання настрой у хлопцаў яшчэ больш палепшыўся.

– Хадзем на паляванне! – крыкнуў Віктар. – Ды памыемся дзе-небудзь. А перасяляцца на той востраў пачакаем – хай падсохне.

Узялі свае дубіны і павольна накіраваліся ў лес. Цяпер, калі выявілася, што ім так ці іначай прыйдзецца яшчэ сядзець тут некалькі дзён, хлопцы супакоіліся і маглі зноў накіраваць сваю ўвагу і энергію на «авалоданне» востравам.

У адным кутку, пад елкай, знайшлі яшчэ некалькі апошніх журавін, у другім месцы паскублі маладога шчаўя, а ў арэшніку знайшлі крыху леташніх арэхаў. Калі ўбачылі ліпу, Мірон спыніўся і сказаў:

– А мы забыліся яшчэ на гэтую спажыву. Маладзенькае лісце ліпы не горш за салату.

Пакаштаваў Віктар і застаўся вельмі задаволены.

– Гэта нават лепш за аер і шчаўе! Э-э, жыць можна! А ўлетку, мусіць, яшчэ больш усялякага дабра набярэцца.

Раптам ён спыніўся і ўтаропіўся на верхавіну дрэва. Зірнуў Мірон і яшчэ болей здзівіўся: там, высока над зямлёй, скакала жаба. Ярка-зялёная, з белым жыватом і дзвюма чорнымі з жоўтымі палоскамі па баках, яна мела лёгкі і жвавы выгляд і спрытна пераскаквала з галіны на галіну.

– Як яна сюды забралася? – спытаўся Мірон.

– Ды яна жыве на дрэве, як птушка, – адказаў Віктар. – Наогул такіх жаб шмат на свеце. Ёсць у паўднёвай і сярэдняй Эўропе. Вось, як бачыш, сустрэлася і ў нас. Яна таксама жывіцца казюлькамі, як і птушка. А ікру адкладае на зямлі, у вадзе.

– Дык вось чаму людзі кажуць, што часам жабы нараджаюцца ў арэхах! А я лічыў гэта байкай, – сказаў Мірон. – Наогул, колькі цікавых рэчаў ёсць у нас у прыродзе, пра якія мы нічога не ведаем.

– Калі прыцісне бяда, можна будзе і жаб пакаштаваць, не гэтых, а тых, што на зямлі. Трэба думаць, што рэч няшкодная.

– Калі трэба будзе, пакаштуем і жаб, – са смешнай пакорлівасцю ўздыхнуў Мірон.

Нічога больш спажыўнага на гэты раз не здабылі.

– Добра, што хоць крыху папасвіліся, – казалі хлопцы, калі ішлі дадому.

Сонца ўжо заходзіла, калі яны вярнуліся на сваю стаянку. Паправілі вогнішча. Агонь весела затрашчаў. Пасля ўчарашніх турбот іх «дом» здаваўся такім прытульным, родным, нібы яны тут і нарадзіліся.

– Няма чаго дурыцца, заўтра абавязкова пайду памыюся, – нездаволена бурчаў Мірон. – А ты як сабе хочаш.

– Заўтра і я пайду, – са смехам адказаў Віктар. – Але вось што: адной чарапахі для чаю мала, трэба яшчэ пасудзіну зрабіць з бяросты.

– Рэч добрая, – згадзіўся Мірон.

Віктар адышоўся да бярозы.

І раптам ён закрычаў так, што рэха пакацілася па ўсім лесе:

– Мірон! Што гэта такое?!

Мірон ускочыў, нібы яго хто тыцнуў пад бок. Падбег да Віктара і ўбачыў, што той падымае з зямлі недакурак.

– Што гэта такое?! – паўтарыў Віктар.

– Недакурак, – спакойна адказаў Мірон.

– Адкуль?! – зароў Віктар.

Тут ужо і Мірон сцяміў, што справа сур'ёзная.

– Пакажы, – прамовіў ён дрыжачым голасам.

Недакурак быў сухі, свежы…

Хлопцы пазіралі адзін на аднаго, як ачмурэлыя.

– Можа, ты? – шэптам запытаўся Віктар.

– Ідзі ты к ліху! – раззлаваўся Мірон. – Хутчэй ты сам.

– І не я. Значыцца…

– …тут нядаўна быў чалавек, – скончыў Мірон. І быў ён не пазней учарашняга дня, бо ў перадапошнюю ноч быў дождж і недакурак пажаўцеў бы.

– А я думаю, што сёння, – упэўнена адказаў Віктар, – бо сёння я тут быў і ў кожным разе такую незвычайную рэч заўважыў бы.

– Відаць, ён быў тут, калі нас не было, і падумаў, што нікога няма. Можа, ён і недалёка паспеў адысціся.

– Гэй! Людзі! Сюды! – загукалі хлопцы што было сілы.

Прыслухаліся – ніхто не адгукаецца.

Зноў пачалі крычаць, зноў прыслухаліся. Потым пабеглі наперад, нібы шалёныя, кідаліся ва ўсе бакі і крычалі датуль, пакуль не страцілі голас. Але ўсё было дарэмна…

– Няма! Пайшоў, – апусціў галаву Віктар. – А ён ведае дарогу.

– Добра ўжо і тое, што сюды можна прыйсці, – сказаў Мірон. – А калі можна прыйсці, значыцца, можна і выйсці.

– Але як, калі не ведаеш, знайсці гэтую сцежку?

– Вядома, нялёгка. Затое мы пэўна ведаем, што яна ёсць. І гэта добра.

Доўга абмяркоўвалі яны гэтае здарэнне, нават заснуць не маглі. Вельмі шкадавалі, што чалавек не знайшоў іх. Але ж затое ў іх з'явілася надзея хутка выбрацца з гэтай пушчы.

І калі нарэшце, здавалася, яны паснулі, Віктар раптам усхапіўся і штурхнуў Мірона ў бок.

– Чаго ты? – нездаволена буркнуў той.

– Слухай, – трывожным шэптам пачаў Віктар. – А што, калі… ён… наўмысля не хацеў сустрэцца з намі?

– Ну, вот яшчэ што выдумаў! Спі. Заўтра ўбачым.

– Не, ты толькі падумай: будка, вогнішча, чарапаха з сокам, розныя хатнія рэчы, а галоўнае – барсучыная скура ў будцы. Хіба можна падумаць, што нікога няма? Га?

– А чаму ж не? – адказаў Мірон, але ўжо не так упэўнена. – Калі мы пойдзем, то пакінем жа і вогнішча, і будку.

– А чарапаху? А барсучыную скуру?

– Ну, ён мог на гэта не звярнуць увагі.

– Але ж ён, здаецца, стаяў і курыў тут.

Довады Віктара пахіснулі і Мірона. Але як яны ні меркавалі, растлумачыць гэты незразумелы факт ніяк не маглі. Ну, хто мог хавацца ад іх і навошта?…

Так і паснулі ў трывожным няведанні.

XIV

Дарэмныя патугі. – Паселішча баброў. – Яшчэ адна няўдалая спроба. – Недакурак варона на хвасце прынесла. – Сонны заяц.


Ледзь толькі ўзышло сонца, як хлопцы былі на нагах і спешна рушылі ў дарогу. Калі яны падышлі ўжо да балота, каб пераправіцца на другі востраў, Мірон прыпыніўся і сказаў:

– А чаму мы так упэўнены, што чалавек прыходзіў з таго вострава? Ён жа мог прыйсці і непасрэдна на наш.

Віктар і сам здзівіўся, адкуль узялася ў іх гэтая ўпэўненасць. Тым болей што чалавеку без ніякай патрэбы і карысці трэба было прабірацца і праз гэтае балота, у якім яны ледзь не загінулі.

– Усё роўна трэба абследаваць абодва, – нарэшце сказаў Віктар, – дык пачнём ужо з таго, які меней вядомы.

Яны пільна прыглядаліся да балота, ці не відаць слядоў незнаёмага чалавека. Але сярод сваіх слядоў новых нельга было заўважыць.

– А можа, ён у другім месцы перайшоў.

Прайшліся ў адзін, другі бок, але ніякіх слядоў не знайшлі.

Як жа не хацелася ім зноў лезці ў гэтае абрыдлае балота! Адно што ўдзень ісці было куды лепш, як уначы. Апрача таго заўважылі, што за апошнія суткі балота крыху пасушэла.

– Відаць, паводка яшчэ не скончылася, – сказаў Мірон. – Вада ўсё падае. Гэта для нас добра.

Перайшлі на той бераг і пайшлі ў абход, як і раней.

Зноў пачалася цяжкая праца. Зноў у роспачы соваліся яны ва ўсе куткі і кожны раз без выніку адыходзілі назад. Вось абагнулі адзін бок, другі, а выйсця ніякага няма. Абышлі трэці бок і завярнуліся зноў назад.

– Значыцца, чалавек прыходзіў не на гэты востраў, а на наш, – упэўнена сказаў Віктар.

У кутку, адкуль хлопцы пачалі абследаванне апошняга, паўднёвага берага вострава, сярод дрэў і лазняку яны заўважылі ваду, нібы азярцо. Яны і раней бачылі яе, але палічылі, што сюды няма чаго совацца, і пайшлі далей да месца сваёй пераправы.

Цяпер жа зацікавіліся і гэтым месцам. Калі праціснуліся праз лазняк, убачылі крынічку, якая, відаць, выцякала з балота ў возера. Крыху далей крыніца была перагароджана нібы грэбляй, перад якой вада крыху затрымлівалася і стварала тое азярцо, што хлопцы бачылі з берага. Цяжка было распазнаць, ці прыродная гэта грэбля, ці зроблена людскімі рукамі. Праўда, два зламаныя дрэвы з галінамі, кучы ламачча ляжалі так, як чалавек не рабіў бы. Але, з другога боку, цяжка было даць веры, што ўсё гэта навалілася тут выпадкова. Перад грэбляй з вады вытыркаліся тры стажкі, нібы копы сена. Зноў жа нельга было даць веры, каб такія стажкі стаялі выпадкова.

Раптам каля грэблі плюхнуліся ў ваду дзве-тры невялікія жывёлівы, падобныя да выдры, якую хлопцы бачылі раней.

– Бабры! – крыкнуў Віктар.

Гэтае з'явішча так зацікавіла хлопцаў, што яны забыліся і на голад, і на зморанасць, і на таемнага чалавека, і на сваё становішча. Столькі разоў яны чулі і чыталі пра гэтых рэдкіх, каштоўных і цікавых жывёл, якія захаваліся ў рэчках лясных раёнаў Расеі і Беларусі. Столькі чулі пра іх паселішча, жыццё. І вось цяпер яны бачаць іх сваімі ўласнымі вачыма ды яшчэ ў першабытных, прыродных умовах.

– Дык вось як яны жывуць! – прамовіў Мірон. – Трэба будзе добра прыгледзецца да іх.

– Абавязкова! – згадзіўся Віктар. – Варта спецыяльна дзеля гэтага застацца на адзін лішні дзень.

Сёння было позна ўжо гэтым займацца. Надыходзіў вечар, хлопцы даўно ўжо выйшлі з «дому», і трэба было спяшацца, каб не пагас агонь. Зірнулі мімаходзь на бабровае паселішча і пайшлі далей.

Уся гэтая мясціна выдалася зусім не грузкая. Калі праціснуліся праз зараснік, то адразу выйшлі на ўзгорак, а за ім недалёка ўбачылі і сваю рыбную сажалку.

– Вось табе і на! – крыкнуў Віктар. – Навошта ж мы пакутавалі на балоце, калі тут ёсць такая добрая дарога!

У высахлай сажалцы відаць было шмат слядоў не толькі звяр'я, але і птушак.

– Відаць, усе паласаваліся нашай рыбай, – заўважыў Мірон.

Так скончыўся гэты дзень. Здавалася, ён быў такі самы цяжкі, няўдалы, безнадзейны, як і папярэдні, але хлопцы неяк менш непакоіліся і не пакутавалі, як тады: новыя падзеі адцягнулі іх увагу ад сумных думак.

А на другі дзень доўга не маглі вырашыць, за што ўзяцца: ці дарогу шукаць, ці ісці паглядзець баброў.

– Зразумей жа ты, – даводзіў Мірон, – што ад дарогі залежыць наша выратаванне. Нельга з-за цікавасці рызыкаваць жыццём. Калі будзем ведаць дарогу, тады заўсёды можам вярнуцца і спакойна заняцца нагляданнем. Я не кажу, каб абавязкова ісці дадому. Хай мы знойдзем хоць след чалавечага жылля і адтуль вернемся.

Віктар жа даводзіў сваё:

– Ну як жа ісці далей, калі побач такая цікавая рэч? Калі яшчэ вернемся ды і ці вернемся наогул – невядома. Можа, гэты след за дваццаць кіламетраў. Ці захочаш тады ты сам вяртацца назад? Я не спадзяюся на гэта.

Доўга спрачаліся яны і, нарэшце, вырашылі кінуць жэрабя. Лёс вырашыў на карысць Віктара.

Праз некаторы час яны былі каля бабровага паселішча. Спачатку ўважліва агледзелі будоўлю. Адно з паваленых дрэў мела сантыметраў сорак таўшчыні, другое – крыху меней, а побач было шмат танчэйшых пнёў.

– Няўжо ўсё гэта яны самі звалілі? – дзівіўся Мірон.

– А то хто ж? Глядзі, як падпілавалі. Усе пні былі завостраныя, нібы калы. Таксама былі завостраныя і канцы дрэў. Бабры пачыналі грызці навакол шырокай паласой, а потым усё вузей і вузей, пакуль дрэва не ламалася.

– Няўжо яны па свайму жаданню валяць гэткае дрэва ў той ці іншы бок? – пытаўся Мірон.

– Мусіць, так, бо, бачыш, няма ніводнага дрэва, паваленага ў другі бок.

Тут яны заўважылі вялікую асіну, якая была падгрызена так, што, здавалася, яе можна было б зваліць пальцам.

– Не! – крыкнуў Віктар. – Хоць сам загіну, а падпільную, як яны будуць валіць гэтае дрэва!

І сапраўды, справа была такая цікавая, што нават Мірон не хацеў ужо ісці адгэтуль.

Здалёк грэбля здавалася абы-як накіданай кучай, а зблізку выявілася, што ўнізе галлё шчыльна пераплецена, нават замазана зямлёй, і вада затрымлівалася як след.

Такія самыя былі і іхнія хаткі. Ад зямлі (у вадзе) яны ўздымаліся не меней, як на рост чалавека. Верхнія пласты галля здаваліся наваленымі абы-як, але чым глыбей, тым лепей яны былі апрацаваны, пераплецены і замазаны.

– Бачыш, вунь пад вадой чарнеецца дзірка, – тлумачыў Віктар. – Гэта іхні ўваход. Такіх уваходаў некалькі. А самі яны жывуць на другім паверсе, куды вада не даходзіць.

– Значыцца, цяпер яны сядзяць у гэтых стажках? Цікава было б злавіць, каб паглядзець бліжэй.

– Не, брат! Гэта нялёгкая справа. На тое ў іх ёсць некалькі выхадаў.

– А можна іх есці?

– А ты ўсё з харчовага пункту погляду разглядаеш! – засмяяўся Віктар. – Не чуў, каб іх елі. Не гэтым цікавяцца, а іх футрам ды яшчэ нейкай «бабровай струёй». Кажуць, нейкія лекі.

Яны ўважліва разглядалі будоўлю, абышлі ўвесь участак і каля другога берага, сярод зарасніку, убачылі чацвёртую хатку. Яна была пабудавана на карчы, і вада ледзь дакраналася да яе фундамента. Трэба было ступіць толькі крок з берага, каб апынуцца на версе гэтай хаткі. Хлопцы зараз жа і ўзлезлі на яе.

Яны зусім не чакалі, што пабудова будзе такой моцнай: яна лёгка вытрымала двух чалавек. Цікава было думаць, што пад іх нагамі сядзяць бабры. Але Віктар выказаў думку, што, мусіць, яна пакінутая, бо на ёй ляжыць старое галлё, у той час як на іншых ёсць свежае, нядаўна згрызенае.

– Яны кожны год рамантуюць свае хаты, – казаў Віктар. – Можа, цяпер зробім засаду, каб падпільнаваць іх?

Знайшлі адпаведнае месца, сушэйшае і гусцейшае, схаваліся і пачалі чакаць. Прайшло з паўгадзіны, гадзіна, а бабры не паказваліся.

– Мусіць, яны напалохаліся нашага шастання, – прашаптаў Віктар. – Наогул, удзень яны не любяць выходзіць, а цяпер тым больш.

– У такім разе не варта болей і сядзець, – падхапіўся Мірон. – Лепш за гэты час пойдзем па сваёй справе. А сюды прыйдзем заўтра, ціхенька, каб іх не спужаць.

Думка была слушная, і Віктар мусіў з ёю згадзіцца. Пайшлі далей вакол вострава. На гэты раз справа спрашчалася тым, што не трэба было абследаваць ні ўсходняга боку ад возера, ні заходняга – ад другога вострава. Нават з паўночнага боку заставалася толькі палова, бо другую, як было вядома, таксама атачала возера. Заставаўся, такім чынам, толькі паўднёвы бок.

За яго і ўзяліся. Але як ні стараліся, як ні соваліся наперад, – нідзе не маглі выйсці.

– Якім жа чынам той чалавек прабраўся? – дзівіліся хлопцы.

– А можа, гэты недакурак якім-небудзь іншым спосабам трапіў сюды? – выказаў думку Мірон.

– Можа, варона на хвасце прынесла? – насмешліва сказаў Віктар.

– Чаго смяяцца? – сур'ёзна адказаў Мірон. – Калі ніякага іншага тлумачэння няма, дык можна падумаць, што якая-небудзь птушка несла ў сваё гняздо ды згубіла. І гэтае дапушчэнне зусім не горшае за тое, што вось нейкі чалавек чамусьці караскаўся праз балота, рызыкаваў жыццём, убачыў жыллё людзей, пастаяў, пакурыў і павалокся назад.

Разважанні Мірона таксама мелі рацыю. Віктар зусім збянтэжыўся.

– Няўжо ж прыйдзецца ўсур'ёз згадзіцца, што гэты недакурак сапраўды варона на хвасце прынесла? – сказаў ён.

– Я гэтага не кажу. Я толькі зазначаю, што і такое тлумачэнне не горшае за іншыя. Так або іначай, а трэба рыхтавацца да жыцця тут, прынамсі, на некалькі тыдняў. Улетку, безумоўна, дзе-небудзь падсохне настолькі, каб выбрацца.

– Тады лепш рабіць кладкі. За гэты час можна накідаць галля і дрэў гэтулькі, што па іх лёгка будзе прапаўзці.

– А гэта думка добрая! – ажывіўся Мірон. – Гэтак і пачнём рабіць. Нават можна ў баброў пазычыць дрэвы, бо самі мы не здолеем так іх ссячы.

План гэты спадабаўся абодвум і значна супакоіў іх. Гэткім чынам яны самі маглі дзейнічаць і набліжаць сваё выратаванне, а не сядзець, чакаючы, пакуль прырода зробіць ласку і падсушыць балота. Адной думкі аб такой магчымасці было досыць, каб энергія ў хлопцаў падвоілася. Віктар адразу ж загарэўся і пачаў марыць:

– Калі мы кожны дзень будзем падкідаць галля, то можна зрабіць такую грэблю, што па ёй нават ехаць можна будзе.


  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9