Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Лота (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Линдгрен Астрид / Лота (на белорусском языке) - Чтение (стр. 3)
Автор: Линдгрен Астрид
Жанр:

 

 


      - Вось табе, - сказала Лота, - таму што ты шкрабешся i колешся. - Яна прасунула руку скрозь дзiрку i ўздрыгнула. Якая ж вялiкая атрымалася дзiрка i як страшна было бачыць у ёй руку!
      - Я скажу, што гэта сабака зрабiў такую дзiрку, - папярэдзiла Лота Бэмсi.
      Яна доўга трымала свiтэр у руках, потым зноў узяла нажнiцы i адрэзала адзiн рукаў, разважаючы, што скажа, быццам сабака зжаваў яго па кавалачках. Затым адрэзала яшчэ адзiн рукаў. Але ў гэты момант у жываце на самай справе стала неяк дрэнна, i Лота напалохалася. Яна скруцiла свiтэр i ўпiхнула яго ў кошык для непатрэбнай паперы, бо не хацела больш бачыць.
      - Лота, дык ты вырашыла стаць зноў добрай цi не? - спытала мама знiзу.
      Лота ўпарта шмарганула носам i сказала сама сабе, што i не падумае гэтага рабiць. Яна ўзяла Бэмсi i прыцiснула да сябе, прашаптаўшы:
      - Гэта будзе iм добрым урокам, Бэмсi. Яны так дрэнна ставяцца да нас.
      Лота ведала, што гэта няпраўда, але калi ты вымушана парэзаць свiтэр на кавалачкi, то табе абавязкова патрэбен хтосьцi акрамя сабакi, каб абвiнавацiць у гэтым.
      - Усе дрэнна ставяцца да нас, - сказала Лота, разводзячы рукамi. Яна зiрнула на кошык для непатрэбнай паперы. - Вось чаму я парэзала свiтэр. Акрамя таго, тут вiнаваты сабака.
      ЛОТА ПАКIДАЕ ДОМ
      Праз некалькi хвiлiн мацi трэба было пайсцi ў краму. Яна зайшла ў дзiцячы пакой i сказала:
      - Паспяшайся быць добрай дзяўчынкай зноў, Лота. Апранай свiтэр, i ты зможаш пайсцi па крамах са мной.
      Лоце вельмi падабалася хадзiць па крамах. Але свiтэр, якi яна павiнна была апрануць, ляжаў у кошыку для непатрэбнай паперы. Нядзiўна, што Лота ўскрыкнула так, што мiсiс Берг у суседнiм доме схапiлася за галаву i здзiвiлася яшчэ больш.
      - Ды што здарылася з табой сёння, Лота? - спытала мама.
      -Нiчога, - адказала Лота. - Зусiм нiчога.
      - Калi ты збiраешся паводзiць сябе так увесь дзень, я вымушана iсцi ў краму адна. Твой гарачы шакалад усё яшчэ на стале. Я вярнуся вельмi хутка.
      Мама пайшла, а Лота села на падлогу i горка заплакала. Усё было зусiм не так, як ёй хацелася.
      Нарэшце яна супакоiлася i пачала разважаць. Ёй, магчыма, прыйдзецца праседзець тут усё жыццё з-за свiтэра. Усе будуць хадзiць у крамы, у школу, на службу, ва ўсiх будзе шмат усяго цiкавага, вясёлага, а яна будзе сядзець адна, без адзежы, на падлозе з Бэмсi.
      - Тады мы таксама пойдзем, - сказала Лота Бэмсi.
      Вось гэта была iдэя! Аднойчы мама расказвала, што Брыджыт, служанка мiсiс Ларсан, паехала ад iх, таму што ёй было дрэнна ў Ларсанаў.
      - А мне дрэнна ў Мартэнсанаў, - сказала Лота. - А Мартэнсанамi былi мама i тата, Джонас i Марыя... i сама Лота таксама.
      - Мартэнсаны дрэнныя, - сказала Лота. - Тое, што мы пойдзем ад iх, будзе ўсiм добрым урокам. Мы павiнны паспяшацца, Бэмсi, пакуль мама не прыйшла дадому. Iнакш нiчога не атрымаецца.
      Але будзе зусiм нецiкава, калi нiхто не прыкмецiць, што ты пайшоў. I Лоце захацелася, каб Мартэнсаны заўважылi яе знiкненне i каб iм стала дрэнна без яе. Яна ўзяла кавалак паперы, ручку i напiсала мацi запiску. Джонас навучыў яе, як трэба чытаць i пiсаць. Пiсаць было вельмi цяжка, але Лота старалася. Яна напiсала друкаванымi лiтарамi: "Я пайшла. Паглядзiце ў кошык для непатрэбнай паперы".
      - Калi мама зазiрне ў кошык, яна зразумее, чаму мы пайшлi, - сказала яна Бэмсi.
      Такiм чынам, Лота ўзяла Бэмсi i пайшла, апранутая ў тое ж самае, у чым была зранку: у майцы, штонiках, панчохах i чаравiках. Па дарозе яна зайшла ў кухню i выпiла свой гарачы шакалад. Яна ўзяла кавалачак хлеба з джэмам i з'ела яго, пакуль iшла да дзвярэй.
      КУДЫ IДЗЕ ЛОТА?
      "Гэта вельмi добра пайсцi куды-небудзь. Асаблiва калi ведаеш, куды пайсцi", - думала Лота. Але наконт гэтага ў яе не было нiякай iдэi.
      Нарэшце яна вырашыла, што можна папрасiцца пажыць у мiсiс Берг. Лота перакiнула Бэмсi цераз плот памiж садам Мартэнсанаў i мiсiс Берг i ўзабралася на яго сама. Скоцi, сабака мiсiс Берг, забрахаў, калi ўбачыў iх, але ён анiколькi не напалохаў Лоту. Яна ўпэўнена падышла да дома мiсiс Берг i пастукала ў дзверы.
      - Прывiтанне, - сказала яна. - Магу я тут жыць?
      - Прывiтанне, Лота, - адказала мiсiс Берг, - а я думала, што ты жывеш дома, з татам i мамай.
      - Так, але ж я iх пакiнула. Мне не падабаецца ў Мартэнсанаў.
      - Тады я разумею, чаму ты пайшла ад iх. Але цi не здаецца табе, што трэба апрануць на сябе што-небудзь яшчэ?
      - Я не ем i не апранаюся ў Мартэнсанаў, - сказала Лота i пайшла ў кухню.
      Часам мiсiс Берг вяжа свiтэры, шапкi, пальчаткi i прадае iх людзям, якiя не могуць вязаць. Яна дастала з камоды цёплы свiтэр, каб Лота яго апранула. Калi Лота гэта зрабiла, атрымалася, што ён занадта доўгi для яе i вiсеў, нiбыта сукенка.
      - Ну як? - спытала мiсiс Берг у Лоты.
      - Цудоўна, - адказала тая. - Ён не шкрабаецца i не колецца.
      - Ну i добра, - сказала мiсiс Берг.
      - Так, гэта сапраўды добра, - пацвердзiла Лота i пачала азiрацца. - А дзе вы збiраецеся паставiць мой ложак?
      - А вось гэта праблема, - адказала жанчына. - Ведаеш, Лота, мне здаецца, што ты не зможаш тут жыць: у мяне няма месца яшчэ для аднаго ложка.
      - Але ж я павiнна недзе жыць, мiсiс Берг.
      - Ты будзеш жыць адна.
      - Дык у мяне няма дома, - засмуцiлася Лота.
      - Ты зможаш зняць пакойчык пад дахам, - прапанавала мiсiс Берг.
      У самым далёкiм кутку сада мiсiс Берг стаяў хлеў, дзе ляжалi газонакасiлка, граблi, рыдлёўка, два мяхi з бульбай, дровы ды i патроху таго-сяго. На другiм паверсе, пад дахам, быў невялiчкi пакойчык, у якiм старая трымала мэблю i мноства iншых непатрэбных рэчаў.
      Iншы раз Джонасу, Марыi i Лоце падабалася ўзбiрацца сюды, каб паглядзець на ўсе гэтыя таемныя рэчы. Але мiсiс Берг заўсёды крычала iм з акна, што туды хадзiць нельга. Зараз усё было iнакш. Мiсiс Берг на самай справе прапаноўвала Лоце зняць гэты пакой. Лота нават рассмяялася.
      - Гэта самая цудоўная навiна, якую я пачула за апошнi час. Магу я пераехаць зараз жа?
      - Па-першае, давай сходзiм i паглядзiм, як там усё выглядае, - сказала мiсiс Берг.
      Лота i мiсiс Берг паднялiся на дах разам. Жанчына нават пакрывiлася, калi агледзела пакойчык.
      - Ты не здолееш жыць тут, Лота.
      - Я здолею, - адказала Лота. - Гэта ж цудоўна! Тут так хораша i цёпла!
      - Нават занадта хораша i цёпла, - сказала мiсiс Берг i адчынiла маленькае акенца, каб праветрыць пакой.
      Лота падбегла да акна i радасна крыкнула:
      - Паглядзiце! Я магу адсюль бачыць дом Мартэнсанаў.
      - Так, i iх прыгожы дом i сад, - сказала мiсiс Берг.
      Лота паказала язык дому Мартэнсанаў i рассмяялася, радасна кранаючы фiранкi ў белую i чырвоную клетку.
      - Я нiколi не буду там жыць. Я збiраюся жыць усё сваё жыццё тут. I ў мяне ўжо ёсць фiранкi. А зараз мне патрэбна мэбля.
      - Ты зробiш усё сама цi табе дапамагчы? - спытала мiсiс Берг.
      - Вы можаце мне дапамагчы. Але вырашаць усё буду я сама.
      - Ну, вырашай тады, якую мэблю ты хочаш?
      Лота ўсмiхнулася. Усё складвалася нават больш цiкава, чым яна ўяўляла сабе. Ёй трэба было пайсцi з хаты яшчэ раней!
      - Мне хацелася б вось гэта, - сказала Лота, паказваючы на маленькую камоду.
      - Калi ласка, - адказала мiсiс Берг.
      - Мне спатрэбяцца крэслы. У вас ёсць якiя-небудзь крэслы?
      - Ёсць, але ж яны зламаныя, - адказала мiсiс Берг.
      - Гэта не мае значэння. Што ж яшчэ?.. А як наконт ложка? Тут ёсць ложак?
      - Так. Тут ёсць маленькi ложак i нават ложак для лялькi. Мая дачка спала ў iм, калi была маленькая.
      - У лялечным ложку? - здзiвiлася Лота.
      - Ну, вядома ж, у дзiцячым ложку, - адказала мiсiс Берг.
      - Тады зараз там буду спаць я. А Бэмсi зможа спаць у лялечным ложку. Яму там не будзе цесна. А цi ёсць якая-небудзь бялiзна?
      - Ёсць матрац, некалькi падушак i, можа, нават коўдра, але ж няма прасцiн, - сказала мiсiс Берг.
      - Я абыдуся без прасцiн, - адказала Лота. - Дык вы дапаможаце мне з мэбляй, мiсiс Берг?
      Мiсiс Берг дапамагла Лоце расставiць мэблю ў пакойчыку. Яны паставiлi стол i крэслы побач з акном, буфет стаў каля адной сцяны, а ложак - каля другой. Ложак лялькi добра глядзеўся побач з вялiкiм ложкам, i Лота паклала Бэмсi на маленькую падушку.
      - Усё як у сапраўдным пакоi! - усклiкнула Лота.
      Мiсiс Берг знайшла стары дыванок i паклала яго на падлогу. З дыванком пакой яшчэ больш стаў падобны на сапраўдны. Потым мiсiс Берг паставiла на камоду круглае запэцканае мухамi люстэрка. Над ложкам Лоты яна павесiла карцiну з Чырвонай Шапачкай i ваўком. Лоце гэта спадабалася.
      - О, гэта добра! Я павiнна мець карцiну, iнакш гэта не сапраўдная хата. А гэта карцiна прыгожая, мiсiс Берг.
      Звычайна Лота гаварыла, што, калi яна стане дарослай, у яе будуць мазалi на нагах, як у мiсiс Берг, i гаспадарка, як у мамы. Зараз яна агледзелася ў сваiм маленькiм пакойчыку i засталася вельмi задаволенай.
      - У мяне ўжо ёсць свая гаспадарка, - уздыхнула Лота.
      - Але ж ты не вельмi спяшайся нацерцi мазалi, - усмiхнулася мiсiс Берг.
      - Добра, iм прыйдзецца трохi пачакаць, - згадзiлася Лота i чхнула тры разы.
      - Тут многа пылу, таму ты чхаеш, - сказала мiсiс Берг.
      - А я вытру пыл. Тут ёсць ануча? - спытала Лота.
      - Зазiрнi ў камоду, - падказала мiсiс Берг.
      Лота высунула верхнюю шуфляду.
      - Ой, дык гэта ж сапраўдны ляльчын посуд!
      Мiсiс Берг таксама зазiрнула ў шуфляду.
      - Я зусiм забылася пра ляльчын посуд.
      - Мне пашанцавала, што я знайшла яго! - сказала Лота i пачала расстаўляць усё на стале: кубачкi, сподачкi, паднос, кафейнiк, цукарнiцу, збаночак для вяршкоў. Посуд быў белы з маленькiмi блакiтнымi кветачкамi. Лота ажно падскоквала ад радасцi.
      - Калi б Марыя ўбачыла ўсё гэта, яна б з'ехала з глузду, - смяялася Лота.
      - Я сумняваюся, - сказала мiсiс Берг. У яе вачах свяцiлiся хiтрынкi. Паглядзi, Лота, можа, у другой шуфлядзе ёсць ануча?
      Лота выцягнула другую шуфляду i знайшла вялiкую ляльку з блакiтнымi вачамi i чорнымi валасамi.
      - Ой! - ускрыквала Лота. - Ой!
      - Ну, добра, добра, гэта - Вiола Лу, - сказала мiсiс Берг.
      - Гэта яе iмя? - спытала Лота. - Яна прыгожая! Зараз Бэмсi не можа легчы на ляльчын ложак, таму што там збiраецца спаць Вiола Лу... Можна мне ўзяць яе, мiсiс Берг?
      - Так, калi ты будзеш даглядаць за ёй, - адказала мiсiс Берг. - Вядома, яна будзе спаць у сваiм ложку, а Бэмсi прыйдзецца пакiнуць яго.
      Лота кiўнула:
      - Так. Акрамя таго, мне здаецца, яму больш спадабаецца спаць са мной.
      - А зараз высунь апошнюю шуфляду, - сказала мiсiс Берг. - Можа, ты знойдзеш там якую-небудзь вопратку для лялькi. Я памятаю, што калiсьцi шмат шыла для яе.
      Калi Лота высунула апошнюю шуфляду, яна ўбачыла мноства свiтэраў, сукенак, палiто, шапачак, бялiзны, начных сарочак; i ўсё гэта было для Вiолы Лу.
      - Калi б Марыя ўбачыла ўсё гэта, яна, канешне, з'ехала б з глузду, сказала зноў Лота. Яна павыцягвала ўсю вопратку з шуфлядкi, потым села на падлогу i пачала прымяраць усё на Вiолу Лу.
      Мiсiс Берг знайшла стары ручнiк i дала яго Лоце, каб выцерла пыл. Але Лота адмоўна пакруцiла галавой.
      - Я магу выцерцi пыл пазней, мiсiс Берг. Зараз я павiнна вырашыць, якая сукенка будзе лепшай для нядзелi.
      Як цяжка было выбраць такую сукенку! Iх было так шмат! Былi чырвоныя, жоўтыя, блакiтныя, белыя, у клетку, у кропкi, нават з кветачкамi.
      - Белая сукенка з вышыўкай будзе найлепшая, - вырашыла нарэшце Лота. - Яе можна будзе апрануць толькi ў нядзелю.
      - Ты маеш рацыю, - сказала мiсiс Берг. - Яе не трэба апранаць кожны дзень.
      Калi ўсё было даведзена да ладу, мiсiс Берг пагладзiла Лоту па шчацэ i сказала:
      - Тут мы ўжо ўсё скончылi, i я лепш пайду дадому.
      Лота кiўнула:
      - Добра, але ж вы павiнны наведваць мяне. Калi вы ўбачыце Мартэнсанаў, скажыце iм, што я жыву ў сваiм уласным доме i нiколi не вярнуся да iх.
      - Добра, я так i скажу, - адказала мiсiс Берг.
      Калi жанчына была ўжо на сярэдзiне лесвiцы, Лота закрычала:
      - Мiсiс Берг, а як наконт ежы? Вы дасцё мне што-небудзь?
      - Так, але ж табе прыйдзецца прыходзiць самой, - сказала мiсiс Берг. - Мне неяк не вельмi хочацца бегаць унiз i ўверх па лесвiцы.
      Якраз у гэты момант Лота паглядзела ўверх i ўбачыла кошык, якi звiсаў з крука на столi.
      - Мiсiс Берг, у мяне цудоўная iдэя!..
      Iдэя Лоты была прывязаць доўгую вяроўку да кошыка i апускаць яго з акна так, каб мiсiс Берг магла пакласцi туды ежу.
      - Потым я паднiму яго i - ап! Вось i ежа, - сказала Лота.
      - Ты разумная, - сказала мiсiс Берг. Яна рассмяялася i пайшла за ежай для Лоты. Калi яна вярнулася, Лота ўжо апусцiла кошык.
      - Хоп! Вось i ежа! - закрычала мiсiс Берг.
      - Вы не расказвайце, што ў кошыку, - сказала Лота. - Я хачу здзiвiцца.
      Яна падняла кошык у пакой; у iм былi аранжад, дзве саломiнкi, халодны памiдорны блiн, загорнуты ў кавалак паперы, i невялiчкi збанок з джэмам.
      - Лепш, чым у Мартэнсанаў, - сказала Лота. - Да пабачэння, мiсiс Берг, i вялiкае вам дзякуй!
      Мiсiс Берг пайшла, а Лота паклала аладку на стол i памазала яе джэмам. Потым яна скруцiла яе, узяла абедзвюма рукамi i пачала адкусваць ад яе, запiваючы аранжадам праз саломiнку.
      - Не можа быць лепей, - сказала Лота. - I нiякiх талерак! I наогул, мяне здзiўляе, чаму людзi гавораць, што вельмi цяжка весцi гаспадарку?
      Калi яна скончыла есцi, яна выцерла пальцы аб анучу. Потым пачала выцiраць пыл з мэблi, выцерла стол, камоду, крэслы, ложак, ляльчын ложак, люстэрка, а таксама карцiну з Чырвонай Шапачкай i ваўком. Яна прыгатавала ложак для Вiолы Лу i для сябе з Бэмсi. Лота была так задаволена сваёй гаспадаркай, што яна заспявала песню, якую нядаўна вывучыла:
      Я прыходжу ў свой маленечкi дамок,
      Ноч маўчыць,
      I вельмi-вельмi цёмна,
      Запалю агеньчык жоўты мой,
      Завуркоча кот: "Заходзь дадому!"
      - Але ж у мяне няма коцiка, - сказала Лота задумлiва.
      ДА ЛОТЫ ПРЫХОДЗЯЦЬ ГОСЦI
      Задаволеная Лота забаўлялася з Вiолай Лу, Бэмсi i лялечным посудам даволi доўгi час. Яна яшчэ разоў пяць выцiрала пыл з мэблi. Нарэшце яна села ў крэсла i пачала думаць.
      - Што ж усе робяць дома цэлы дзень? - спытала яна ў Бэмсi.
      У гэты момант яна пачула крокi, якiя даносiлiся з лесвiцы. Гэта былi Джонас i Марыя.
      - А ў мяне дом, - абвясцiла Лота.
      - Так, мы ведаем, - сказаў Джонас. - Мiсiс Берг сказала нам.
      - Я збiраюся пражыць тут усё жыццё, - папярэдзiла Лота.
      - Гэта ты так мяркуеш, - адказаў Джонас.
      Марыя падышла да посуду. Яна асцярожна памацала кубачкi, паднос, кафейнiк. Пры гэтым яна бясконца войкала ад захаплення. Потым убачыла Вiолу Лу i яе цудоўнае адзенне, разглядаць якое было адно задавальненне.
      - Не чапай! - памахала пальчыкам Лота. - Гэта мая хата i мае рэчы.
      - Цi ты не дазволiш мне пагуляць з iмi трошкi? - спытала Марыя, угаворваючы.
      - Добра, - згадзiлася Лота. - Але толькi трошкi.
      Праз хвiлiну Лота спытала:
      - А мама плача?
      - Канешне, не, - адказаў Джонас.
      - Канешне, я плачу, - сказаў голас з лесвiцы, i ў дзвярах паказалася мама. - Канешне, я плачу па маёй маленькай Лоце.
      Лоце было вельмi прыемна пачуць гэта.
      - Мне вельмi шкада, мама, - сказала яна. - Але зараз у мяне свой дом i свая гаспадарка, i таму я ўвесь час вельмi занятая.
      - Я разумею, - сур'ёзна сказала мама. - У цябе тут хораша.
      - Значна лепей, чым дома, - сказала Лота, кранаючы фiранкi.
      - Я прынесла табе раслiну. Гэта такi звычай, калi хтосьцi атрымлiвае новую хату, - растлумачыла мама i працягнула Лоце гаршчок з бягонiяй.
      - Як добра, - сказала Лота. - Я пастаўлю яго на падаконнiк. Вялiкае дзякуй!
      Лота яшчэ раз выцерла пыл з мэблi, каб мама, Марыя i Джонас маглi прасачыць за ёй. Яны згадзiлiся, што Лота добра даглядае свой пакойчык. Калi яна скончыла выцiраць пыл, мама спытала ў яе, цi не збiраецца яна абедаць з Джонасам i Марыяй.
      - Не, мiсiс Берг дае мне ежу, - сказала Лота i паказала, як добра працуе сiстэма з кошыкам.
      - Дык ты не зусiм дурненькая, - сказаў Джонас, сеў на падлогу i пачаў праглядаць старыя часопiсы, якiя ён знайшоў у кутку.
      - Тады да пабачэння, Лота, - сказала мама. - Калi ты надумаешся вярнуцца дадому да калядаў, мы будзем вельмi рады бачыць цябе.
      - А колькi яшчэ часу да калядаў? - спытала Лота.
      - Сем месяцаў, - адказала мама.
      - Я, вiдаць, буду тут жыць больш, чым сем месяцаў, - заключыла Лота.
      - Гэта ты так мяркуеш, - усмiхнуўся Джонас.
      Мацi пайшла, а Лота з Марыяй гулялi з Вiолай Лу. Джонас сядзеў на падлозе i чытаў часопiс.
      - Табе падабаецца ў мяне, Марыя? - спытала Лота.
      - Гэта найлепшы лялечны дом, якi я калi-небудзь бачыла.
      - А гэта не лялечны дом, - запярэчыла Лота, - гэта мой сапраўдны дом.
      Раптам на лесвiцы пачулiся цяжкiя крокi. Гэта быў тата.
      - Да мяне дайшлi дрэнныя звесткi, - сказаў ён. - Людзi ў горадзе гавораць, што ты пакiнула дом, Лота. Гэта праўда?
      - Так, - кiўнула Лота.
      - Гэта ноч будзе вельмi сумнай для мяне, Лота. Ты толькi падумай, што я буду адчуваць, калi зайду ў дзiцячы пакой, каб сказаць добрай ночы... А там будзе твой пусты ложак. Няма маёй Лоты!
      - Нiчым нельга дапамагчы, - адказала Лота ўпэўнена. А пра сябе ўздыхнула: "Бедны тата!" Ёй сапраўды было вельмi шкада яго.
      - Так, вiдаць, нельга дапамагчы, - згадзiўся тата. - Джонас i Марыя, вам лепш пайсцi дадому. Сёння ў нас гамбургеры, смажаныя абрыкосы на вячэру.
      - Да пабачэння, дарагая Лота, - развiтаўся тата i пайшоў унiз па лесвiцы.
      - Да пабачэння, - адказала Лота.
      - Бывай, - заспяшалiся Джонас i Марыя.
      - Бывайце, - сказала Лота i падышла да акна, каб памахаць iм адтуль.
      АДЗIНОКАЯ ЛОТА
      Лота засталася адна. Мiсiс Берг прынесла ёй сёе-тое паесцi, i Лота падняла ўсё наверх у кошыку. Там зноў былi аранжад, дзве саломiнкi i халодны кавалак смажанай свiнiны.
      - Так жа добра, як i ў Мартэнсанаў, - сказала Лота i прапанавала Бэмсi трошкi адкусiць.
      Калi яна паела, вырашыла зноў выцерцi пыл. Потым яна падышла да акна i назiрала за Мартэнсанамi ў iх двары. Джонас i Марыя гулялi ў кракет з татам. Яблынi былi ў квеценi i выглядалi нiбы вялiкiя букеты кветак. Вiд быў цудоўны.
      - Кракет - гэта смешна, - сказала Лота Бэмсi. - Але ж гэта не так цiкава, як даглядаць за домам.
      Пачало цямнець, i тата, Джонас i Марыя пайшлi ў свой цёплы жоўты дом. Лота ўздыхнула. Пакуль яна выглядала з акна ў пакойчыку пад дахам мiсiс Берг, здарылася такое, чаго Лота нiяк не чакала. Стала цёмна. Цемра ўладкавалася ва ўсiх куточках, усё блiжэй падкрадвалася да Лоты i неўзабаве запоўнiла ўвесь пакой. Заставалася толькi адзiная светлая пляма ў тым месцы, дзе было акно.
      - Мы лепш пойдзем спаць, Бэмсi. Неўзабаве мы зусiм нiчога не ўбачым, сказала Лота.
      Яна хуценька паклала Вiолу Лу ў яе ложак, а Бэмсi ўзяла з сабой. Скруцiўшыся абаранкам, яна нацягнула коўдру на галаву. Яе перапаўнялi думкi: "Гэта не таму, што я баюся цемры, гэта ад таго, што вельмi сумна. Акрамя ўсяго, я хачу спаць". Лота глыбока ўздыхнула. Некалькi разоў яна садзiлася ў ложку i глядзела ў цемру. Потым яна здрыганулася, зноў запаўзла пад коўдру, прыцiскаючы Бэмсi ўсё блiжэй i блiжэй да сябе.
      - Джонас i Марыя, напэўна, таксама леглi спаць, - сказала дзяўчынка ў цемру. - А мама i тата прыйдуць да iх, каб пажадаць iм добрай ночы. Але толькi не мне... - Яна зноў уздыхнула, i гэта быў адзiны гук у пакоi.
      "Нельга, каб было так цiха", - падумала Лота. I яна пачала спяваць сваю песню зноў:
      Я прыходжу ў свой маленечкi дамок,
      Ноч маўчыць...
      Лота спынiлася. Яе голас дрыжаў. Яна пачала зноў:
      Я прыходжу ў свой маленечкi дамок,
      Ноч маўчыць,
      I вельмi-вельмi цёмна...
      Лота не магла больш спяваць. Яна пачала ўсхлiпваць. У гэты момант да яе вушэй данеслiся нейкiя гукi. Гэта тата падымаўся па лесвiцы i спяваў:
      Запалю агеньчык жоўты мой,
      Завуркоча кот: "Iдзi дамоў!"
      Лота села ў ложку.
      - Тата, калi б у мяне быў коцiк! - усклiкнула яна.
      Тата ўзяў Лоту на рукi.
      - Ведаеш, Лота, мама такая сумная. Можа, лепш табе вярнуцца да каляд?
      - Я хачу вярнуцца зараз жа, - адказала Лота.
      Тата ўзяў Лоту i Бэмсi i панёс iх дадому.
      - Лота вярнулася дадому! - крыкнуў тата, калi яны ўвайшлi ў дом.
      Мама сядзела перад камiнам у гасцiнай. Яна працягнула рукi да Лоты i ўсмiхнулася:
      - Сапраўды? Ты сапраўды вярнулася дадому, Лота?
      Лота кiнулася ў матчыны рукi i заплакала так горка, што слёзы пакацiлiся па яе твары.
      - Я збiраюся жыць з табой усё жыццё, мама, - усхлiпвала яна.
      - Гэта цудоўна! - сказала мама.
      Лота скруцiлася клубочкам у мацi на каленях i доўгi час нiчога не гаварыла.
      - Мама, зараз у мяне новы свiтэр. Мiсiс Берг дала яго мне. Гэта добра? праз слёзы спытала яна.
      Мама нiчога не адказала. Яна толькi лагодна глядзела на Лоту.
      Апусцiўшы вочы, Лота прамармытала:
      - Я парэзала свой на кавалачкi. Я хачу сказаць, што прашу прабачэння, але так цяжка зрабiць гэта.
      - А што, калi я таксама папрашу прабачэння? - спытала мама.
      - Тады мы можам сказаць, што мы абедзве просiм прабачэння, - адказала Лота.
      Дзяўчынка абняла мацi за шыю i прыцiснулася да яе так моцна, як толькi магла.
      - Я прашу прабачэння, я прашу прабачэння, я прашу прабачэння, - паўтарала яна.
      Потым мама ўзяла Лоту i Бэмсi на рукi i аднесла iх у дзiцячы пакой, паклала ва ўтульны ложак з чыстымi прасцiнамi, ружовай коўдрай. Тата падняўся наверх таксама, i яны з мамай пацалавалi Лоту i пажадалi ёй добрай ночы.
      - Якiя яны добрыя, - сказала Лота Бэмсi, калi яны пайшлi ўнiз.
      Джонас i Марыя спалi, але Джонас прачнуўся, каб сказаць:
      - Я так i ведаў, што ты пабаiшся застацца там усю ноч.
      - Я вырашыла застацца там толькi на дзень, гуляць i весцi сваю гаспадарку, вось так! - сказала Лота. - А калi ты i Марыя паб'еце Бэмсi яшчэ раз, я вам пакажу!
      - Бiць Бэмсi? Мы нiколi не чапалi твайго свiнячага мядзведзя. - Джонас засмяяўся i заснуў.
      Лота некаторы час не спала, таму што спявала сваю песеньку:
      Я прыходжу ў свой маленечкi дамок,
      Ноч маўчыць,
      I вельмi-вельмi цёмна,
      Запалю агеньчык жоўты мой,
      Завуркоча кот: "Iдзi дамоў!"
      - Гэта песенька больш не пра мяне. Яна пра iншую Лоту, - сказала Лота Бэмсi, моцна абняла яго i заснула.

  • Страницы:
    1, 2, 3