- Вы самi не падзяляеце гэтага пачуцця?
Х'юга пацiснуў плячыма.
- Усе такiя рэчы здаюцца мне досыць архаiчнымi.
- Што будзе з маёмасцю?
- Папраўдзе, не ведаю. Магчыма, пяройдзе мне. А можа, ён пакiнуў яе Рут. Альбо Ванда будзе валодаць усiм да канца жыцця.
- Дык ваш дзядзька не выказаў сваiх намераў дакладна?
- Ну... Але ён песцiў адну мару...
- I якую ж?
- Рут i я павiнны пажанiцца. Гэта была яго мара.
- Гэта, безумоўна, было б дужа зручна.
- Надзвычай зручна. Але Рут - Рут мае свой вельмi выразны погляд на жыццё. Улiчыце, яна незвычайна прывабная маладая жанчына i яна ведае гэта. Ёй не карцiць выйсцi замуж i звiць гняздо.
Пуаро нахiлiўся да яго:
- Але вы самi хацелi б, мiстэр Трэнт?
Х'юга сказаў стомленым голасам:
- Я, сапраўды, не бачу анiякай рознiцы, з кiм ты жэнiшся ў наш час. Развод такi лёгкi. Калi вы не ладзiце, то няма нiчога лягчэйшага, як рассячы вузел i пачаць зноў.
Дзверы адчынiлiся, i ўвайшоў Фобз разам з высокiм франтаватым мужчынам.
Мужчына кiўнуў Трэнту.
- Хэло, Х'юга! Мне вельмi шкада. Гэта вялiкае гора для ўсiх вас.
Эркюль Пуаро ступiў наперад.
- Як вы маецеся, маёр Рыдл? Вы памятаеце мяне?
- Вядома! - Галоўны канстэбль пацiснуў Пуаро руку. - Дык гэта вы тут?
У яго голасе гучала задумлiвая нота. Ён з цiкаўнасцю паглядзеў на Эркюля Пуаро.
4
Мiнула дваццаць хвiлiн.
- Ну? - спытаўся маёр Рыдл. Пытальнае "ну" галоўнага канстэбля было адрасавана сяржанту палiцыi, хударляваму пажылому чалавеку з сiваватымi валасамi.
Той пацiснуў плячыма.
- Ён мёртвы больш за паўгадзiну, але не больш за гадзiну. Вы не любiце тэхнiчных падрабязнасцей, я ведаю, таму не буду дакучаць iмi. Гэты чалавек застрэлены ў галаву, пiсталет быў за некалькi дзюймаў ад правай скронi. Куля прайшла акурат праз мозг i выйшла.
- Усё адпавядае самагубству?
- Усё. Цела потым звалiлася ў крэсла, i пiсталет выпаў з яго рукi.
- Вы знайшлi кулю?
- Знайшоў. - Доктар паказаў яе.
- Добра, - сказаў маёр Рыдл. - Мы захаваем кулю, каб упэўнiцца, што яна з гэтага пiсталета. Я рады, што гэта незаблытаная справа i няма нiякiх цяжкасцей.
Эркюль Пуаро мякка сказаў:
- Вы ўпэўнены, што тут няма цяжкасцей, доктар?
Доктар павольна адказаў:
- Ну, я думаю, адна рэч можа здацца вам трохi дзiўнай. Калi ён страляўся, то, напэўна, быў крыху схiлены направа. Iнакш куля зачапiла б сцяну нiжэй люстра, а не трапiла б якраз усярэдзiну.
- Некамфартабельная поза для самагубства, - сказаў Пуаро.
Доктар пацiснуў плячыма.
- Ну, камфорт, калi вы збiраецеся з усiм гэтым скончыць... - Ён не дагаварыў.
Маёр Рыдл спытаўся:
- Цела можна вынесцi зараз?
- Можна. Я займаўся iм да поўдня.
- Што скажаце вы, iнспектар? - Маёр Рыдл звярнуўся да высокага, з апатычным тварам чалавека ў простай вопратцы.
- О'кэй, сэр. Мы атрымалi ўсё, што нам трэба. Засталiся толькi адбiткi пальцаў нябожчыка на пiсталеце.
- Дык вы можаце працягваць.
Цела Гервазы Шэвенi-Гарэ было перанесена. Галоўны канстэбль i Пуаро засталiся адны.
- Так, - прамовiў Рыдл, - усё нiбыта зразумела i проста. Дзверы замкнуты, акно зачынена, ключ ад дзвярэй у кiшэнi мёртвага. Усё як след - апрача адной акалiчнасцi.
- I якой жа, мой дружа?
- Вы! - сказаў Рыдл адкрыта. - Што вы робiце тут?
Замест адказу Пуаро ўручыў яму лiст, якi ён атрымаў ад нябожчыка тыдзень назад, i тэлеграму, якая ўрэшце прывяла яго сюды.
- Гм, - сказаў галоўны канстэбль. - Цiкава. Мы павiнны дакапацца да сутнасцi справы. Мушу сказаць, тут прамая сувязь з яго самагубствам.
- Я згодзен.
- Мы павiнны праверыць усiх у доме.
- Магу назваць iх прозвiшчы. Я толькi што задаваў сякiя-такiя пытаннi мiстэру Трэнту.
Ён паўтарыў iмёны.
- Магчыма, вы, маёр Рыдл, ведаеце што-небудзь пра гэтых людзей?
- Я, натуральна, сёе-тое ведаю пра iх. Лэдзi Шэвенi-Гарэ гэткая ж на свой манер вар'ятка, як i стары сэр Гервазы. Яны былi адданы адно аднаму - i абое зусiм вар'яты. Яна самая незразумелая iстота на свеце, з рэдкай, незвычайнай пранiклiвасцю, здольная бiць у цэль неверагодна трапна. Людзi добра такi смяюцца з яе. Я думаю, яна ведае гэта, але не звяртае ўвагi. У яе абсалютна няма пачуцця гумару.
- Мiс Шэвенi-Гарэ ўсяго толькi iх прыёмная дачка, як мне здаецца?
- Але.
- Вельмi прыгожая маладая лэдзi.
- Надзiва прывабная дзяўчына. Сее смуту сярод тутэйшых юнакоў. Водзiць за нос i кпiць з iх. Добра сядзiць у сядле, i ў яе цудоўныя рукi.
- Гэта цяпер нас не датычыцца.
- Э, так, магчыма, не... Добра, наконт iншых людзей. Я ведаю старога Бэры, безумоўна. Ён тут амаль заўсёды. Як свойскi кот у гэтым доме. Накшталт ад'ютанта лэдзi Шэвенi-Гарэ. Ён вельмi даўнi сябар. Яны ведалi яго ўсё жыццё. Я думаю, ён i сэр Гервазы - абодва мелi iнтэрас у кампанii, дырэктарам якой быў Бэры.
- Освальд Фобз. Цi ведаеце вы што-небудзь пра яго?
- Амаль упэўнены, што сустракаў яго аднойчы.
- Мiс Лiнгард?
- Нiколi не чуў пра яе.
- Мiс Сьюзен Кардвэл?
- Даволi прывабная дзяўчына з рыжымi валасамi? Я бачыў яе тут апошнiя некалькi дзён, яна была з Рут Шэвенi-Гарэ.
- А мiстэр Бараўз?
- Але, я ведаю яго. Сакратар Шэвенi-Гарэ. Памiж намi кажучы, мне ён не падабаецца. Мiлавiдны, i ведае гэта. Не з самых лепшых.
- Цi доўга ён быў з сэрам Гервазы?
- Гады два, я думаю.
- I тут няма больш нiкога?..
Пуаро абарваў фразу.
Высокi бялявы мужчына ў будным гарнiтуры паспешна зайшоў у пакой. Ён задыхаўся i быў усхваляваны.
- Добры вечар, маёр Рыдл. Я пачуў вестку, што сэр Гервазы застрэлiўся; i вось прыбег сюды. Снэл кажа, што праўда. Гэта неверагодна. Не магу паверыць!
- Праўда, Лэйк. Дазвольце вас адрэкамендаваць. Мiстэр Лэйк, агент сэра Гервазы па справах маёнтка. Мiстэр Эркюль Пуаро, пра якога вы, мабыць, чулi.
На твары Лэйка адбiлiся i захапленне, i недавер.
- Мiстэр Эркюль Пуаро? Я страшэнна рады сустрэчы з вамi. Ва ўсякiм выпадку... - Ён раптоўна змоўк, жвавая прыемная ўсмешка знiкла - цяпер ён выглядаў устурбаваным i засмучаным. - Цi не пахне тут рыбай - гэтае самагубства, сэр?
- Чаму тут павiнна пахнуць рыбай, як вы гэта называеце? - рэзка спытаўся галоўны канстэбль.
- Бо тут мiстэр Пуаро. О, i таму, што ўся справа здаецца вельмi неверагоднай!
- Не, не, - хутка сказаў Пуаро. - Я тут не таму, што памёр сэр Гервазы. Я быў у доме - як госць.
- Ах, вось што. Дзiўна, а ён не сказаў мне, што вы прыязджаеце, калi я з iм займаўся рахункамi сёння папаўднi.
Пуаро спакойна сказаў:
- Вы двойчы ўжылi слова "неверагодна", капiтан Лэйк. Дык вы сапраўды здзiўлены весткай пра самагубства сэра Гервазы?
- Сапраўды. Вядома, ён быў вар'ят; кожны згодзiцца з гэтым. Але ўсё роўна я проста не магу ўявiць - як ён быў здатны падумаць, што свет зможа iснаваць без яго.
- Але, - сказаў Пуаро. - Менавiта. - I ён ухвальна паглядзеў у адкрыты, разумны твар маладога чалавека.
Маёр Рыдл адкашляўся.
- Раз вы тут, капiтан Лэйк, можа, вы сядзеце i адкажаце на некалькi пытанняў?
- Добра, сэр.
Лэйк сеў на крэсла насупраць iх.
- Калi вы апошнi раз бачылi сэра Гервазы?
- Сёння, гадзiне а трэцяй. Трэба было праверыць некаторыя рахункi i яшчэ вырашыць пытанне пра новага арандатара адной фермы.
- Доўга вы з iм былi?
- Магчыма, паўгадзiны.
- Падумайце добра i скажыце мне, цi не заўважылi вы чаго-небудзь нязвыклага ў яго паводзiнах?
Малады чалавек задумаўся.
- Не, наўрад. Ён быў, бадай, трошкi ўзбуджаны, але гэта не было нязвыкла для яго.
- Можа, ён быў хоць крыху прыгнечаны?
- О, не, ён быў у гуморы. Ён цешыўся жыццём менавiта цяпер, пiшучы гiсторыю роду.
- I як даўно ён заняўся гэтым?
- Пачаў месяцаў шэсць назад.
- Тады, як прыехала сюды мiс Лiнгард?
- Не. Яна прыехала прыкладна два месяцы назад, калi ён убачыў, што сам не справiцца з даследчай работай.
- Дык вы думаеце, ён быў у добрым настроi?
- О, проста ў цудоўным! Ён сапраўды лiчыў, што на свеце нiшто не мае значэння, апрача яго роду.
У голасе маладога чалавека раптам прамiльгнула горыч.
- Значыцца, наколькi вы ведаеце, у сэра Гервазы не было нiякай трывогi?
Паўза, вельмi кароткая, але паўза была, перш чым капiтан Лэйк адказаў:
- Не.
Пуаро нечакана кiнуў пытанне:
- Вы думаеце, сэр Гервазы зусiм не быў заклапочаны сваёй дачкой?
- Сваёй дачкой?
- Менавiта.
- Як мне вядома, не, - стрымана адказаў малады чалавек. Пуаро больш нiчога не гаварыў. Маёр Рыдл сказаў:
- Добра, дзякуй вам, Лэйк. Мусiць, вам лепш пабыць недзе тут на выпадак, калi мне спатрэбiцца яшчэ што ў вас запытацца.
- Вядома, сэр. - Лэйк устаў. - Я магу што-небудзь зрабiць?
- Вы можаце прыслаць сюды дварэцкага. I, можа, вы пацiкавiцеся для мяне, у якiм стане лэдзi Шэвенi-Гарэ i цi магу я трошкi пагутарыць з ёю зараз; цi яна занадта засмучаная...
Малады чалавек кiўнуў i пакiнуў пакой хуткiм рашучым крокам.
- Прыемная асоба, - сказаў Эркюль Пуаро.
- Але, цудоўны хлопец, i спраўны на службе. Яго ўсе любяць.
5
- Сядайце, Снэл, - сказаў маёр Рыдл сяброўскiм тонам. - У мяне багата пытанняў. Разумею, гэта быў шок для вас.
- О, сапраўды, сэр. Дзякуй, сэр. - Снэл сеў з такiм сцiплым, нясмелым выглядам, што гэта, па сутнасцi, было тое самае, калi б ён застаўся стаяць.
- Служыце тут ужо ладны кавалак часу, цi не так?
- Шаснаццаць гадоў, сэр, з той самай пары, як сэр Гервазы, э, асеў, як кажуць.
- Ага. Вядома ж, ваш гаспадар быў у свой час вялiкi падарожнiк.
- Але, сэр. Ён прымаў удзел у экспедыцыi на полюс i ў многiя iншыя цiкавыя мясцiны.
- Добра, Снэл, прашу, скажыце мне, калi апошнi раз вы бачылi свайго гаспадара сёння вечарам?
- Я быў у сталовай, сэр, сачыў, каб як след быў сервiраваны стол. Дзверы ў залу былi адчынены, i я бачыў, як сэр Гервазы сыходзiў па лесвiцы, iшоў праз залу, а пасля па калiдоры пайшоў у кабiнет.
- А каторай гадзiне гэта было?
- Якраз каля васьмi. Магчыма, ужо было без пяцi восем, - спакойна адказаў Снэл.
- I тады вы бачылi яго апошнi раз?
- Але, сэр.
- Вы чулi стрэл?
- О, так, сэр; але, вядома, я i не падумаў, што гэта стрэл. Ды i як я мог падумаць?
- А што вы падумалi?
- Я палiчыў, што гэта аўтамабiль, сэр. Шаша зусiм блiзка ад паркавай агароджы. Або гэта мог быць стрэл у лесе - браканьер, можа. Я нiяк не думаў...
Маёр Рыдл перабiў яго:
- Калi гэта было?
- Роўна восем хвiлiн дзевятай, сэр.
Галоўны канстэбль рэзка запытаўся:
- Як вы можаце памятаць час з такой дакладнасцю?
- Проста, сэр. Я толькi што даў першы гонг.
- Першы гонг?
- Але, сэр. Паводле загаду сэра Гервазы, гэты гонг заўсёды павiнен быў гучаць за сем хвiлiн да сапраўднага абедзеннага гонга. Ён заўсёды пiльна сачыў, сэр, каб усе ўжо былi ў сталовай, калi ўдарыць другi гонг. Дык вось, даўшы другi гонг, я падышоў да дзвярэй сталовай i абвясцiў абед, i ўсе ўвайшлi.
- Я пачынаю разумець, - сказаў Эркюль Пуаро, - чаму ў вас быў такi здзiўлены выгляд, калi вы сёння абвясцiлi абед. Сэр Гервазы, звычайна, быў у сталовай?
- Нiколi раней не здаралася, каб ён у гэты час не быў там, сэр. Гэта быў проста шок. Я падумаў, што...
Маёр Рыдл зноў спынiў яго:
- I астатнiя таксама звычайна былi там?
Снэл кашлянуў.
- Нiводзiн чалавек, якi спазнiўся на абед, сэр, нiколi не запрашаўся ў дом другi раз.
- Гм, вельмi сурова.
- Мой гаспадар, сэр, наняў кухара, якi раней быў ва ўладара Маравii. Сэр Гервазы нярэдка гаварыў, сэр, што абед - гэткая ж важная справа, як i рэлiгiйны рытуал.
- А што наконт яго ўласнай сям'i?
- Лэдзi Шэвенi-Гарэ заўсёды вельмi клапацiлася, каб не засмуцiць яго, сэр, i нават мiс Рут не асмельвалася спазнiцца на абед.
- Цiкава, - прамармытаў Эркюль Пуаро.
- Зразумела, - сказаў Рыдл. - Значыцца, раз абед - у чвэрць дзевятай, то вы далi першы гонг у восем хвiлiн дзевятай, як звычайна?
- Так, сэр, толькi ж гэта было не як заўсёды. Звычайна абед у нас быў а восьмай. Сэр Гервазы загадаў, каб сёння абед быў у чвэрць дзевятай, бо ён чакаў джэнтльмена з апошняга цягнiка.
Снэл злёгку пакланiўся Пуаро.
- Калi ваш гаспадар iшоў у кабiнет, цi не здаўся ён вам засмучаным або ўстурбаваным?
- Я не магу адказаць, сэр. Ён быў занадта далёка ад мяне, каб я мог бачыць выраз яго твару. Я проста заўважыў сэра Гервазы, вось i ўсё.
- Ён адзiн iшоў у кабiнет?
- Так, сэр.
- Цi заходзiў хто-небудзь у кабiнет пасля гэтага?
- Я не магу адказаць, сэр. Потым я пайшоў у буфетную i быў там да першага гонга ў восем хвiлiн дзевятай.
- Тады вы i пачулi стрэл?
- Так, сэр.
Пуаро мякка ўставiў пытанне:
- Думаю, iншыя таксама чулi гэты стрэл?
- Так, сэр. Мiстэр Х'юга i мiс Кардвэл. I мiс Лiнгард.
- Гэтыя людзi таксама былi ў зале?
- Мiс Лiнгард выходзiла са сталовай, а мiс Кардвэл i мiстэр Х'юга якраз спускалiся па лесвiцы.
Пуаро пацiкавiўся:
- А была якая-небудзь размова пра тое?
- Была, сэр. Мiстэр Х'юга спытаўся пра шампанскае на абед. Я сказаў яму, што на стол пастаўлены чэры, рэйнвейн i бургундскае.
- Ён падумаў, што стрэлiў корак ад шампанскага?
- Так, сэр.
- I нiхто не ўспрыняў гэта ўсур'ёз?
- Нiхто, сэр. Яны ўсе пайшлi ў сталовую, усе гаманiлi i смяялiся.
- Дзе былi астатнiя сямейныя?
- Я не магу адказаць, сэр.
Маёр Рыдл спытаўся:
- Вы што-небудзь ведаеце пра гэты пiсталет? - Гаворачы, ён працягнуў яго Снэлу.
- О, так, сэр. Пiсталет належыць сэру Гервазы. Ён заўжды трымаў яго ў шуфлядзе стала, вось тут.
- Ён звычайна быў зараджаны?
- Я не магу сказаць, сэр.
Маёр Рыдл паклаў пiсталет i адкашляўся.
- Зараз, Снэл, я задам вам досыць важнае пытанне. Я спадзяюся, вы адкажаце на яго з усёй шчырасцю. Цi ведаеце вы якую-небудзь прычыну, якая магла прывесцi гаспадара да самагубства?
- Не, сэр. Я нiчога такога не ведаю.
- Вас не здзiўлялi ў апошнi час сэр Гервазы, яго манеры? Ён не быў прыгнечаны? Альбо ўстурбаваны?
Снэл кашлянуў, як бы просячы прабачэння.
- Даруйце мне, сэр, тое, што я скажу, але сэр Гервазы заўсёды здаваўся чужым людзям трохi дзiўным. Ён быў надзвычай арыгiнальны джэнтльмен, сэр.
- Угу, угу, я ведаю гэта.
- Людзi збоку, сэр, не заўсёды разумелi сэра Гервазы.
Снэл вымавiў слова "разумелi" з такой значнасцю, што яно павiнна было б пiсацца з вялiкай лiтары.
- Ведаю, ведаю. Але цi не было чаго-небудзь, што вы назвалi б нязвыклым?
Дварэцкi вагаўся.
- Я думаю, сэр, што Гервазы быў нечым заклапочаны, - нарэшце вымавiў ён.
- Заклапочаны i прыгнечаны?
- Я не сказаў бы, што прыгнечаны, сэр. Але што заклапочаны - дык напэўна.
- Вы не здагадваецеся, якая магла быць прычына яго заклапочанасцi?
- Не, сэр.
- Можа, гэта было звязана, напрыклад, з якой-небудзь канкрэтнай асобай?
- Я зусiм нiчога не магу сказаць, сэр. Ва ўсякiм выпадку, гэта толькi маё ўражанне.
Пуаро загаварыў зноў:
- Вы былi здзiўлены яго самагубствам?
- Надта здзiўлены, сэр. Для мяне гэта быў страшэнны ўдар. Я не мог уявiць, што такое магчыма.
Пуаро задуменна пакiваў галавой.
Рыдл зiрнуў на яго i сказаў:
- Добра, Снэл, вiдаць, гэта ўсё, пра што мы хацелi спытацца ў вас. Вы цвёрда ўпэўнены, што ў вас няма больш нiчога расказаць нам - нiякага незвычайнага выпадку, напрыклад, якi здарыўся ў апошнiя днi?
Дварэцкi, устаючы, адмоўна пакiваў галавой.
- Нiчога, сэр, абсалютна нiчога.
- Тады вы можаце iсцi.
- Дзякую, сэр.
Снэл пайшоў быў да дзвярэй, але адступiў назад i стаў убаку: лэдзi Шэвенi-Гарэ заплыла ў пакой. Яна была апранута ў нейкi ўсходнi ўбор пурпурова-аранжавага шоўку, якi туга аблягаў яе цела. Твар яе быў спакойны, i ўся яна была спакойная i засяроджаная.
- Лэдзi Шэвенi-Гарэ! - Маёр Рыдл ускочыў.
- Мне сказалi, вы хацелi б пагаварыць са мной, вось я i прыйшла.
- У гэтым пакоi вам, напэўна ж, надта балюча. Пяройдзем у iншы?
Лэдзi Шэвенi-Гарэ адмоўна пакiвала галавой i села на адно з крэслаў чыпендэйл. Яна прамармытала:
- О, нiчога, якое гэта мае значэнне?
- Гэта вельмi добра, лэдзi Шэвенi-Гарэ, што вы не даяце волi сваiм пачуццям. Я разумею, якiм страшным шокам гэта было, i...
Лэдзi Шэвенi-Гарэ перабiла яго.
- Праўда, спачатку было як шок, - пагадзiлася яна. Яе тон быў лёгкi, гутарковы. - Але, ведаеце, нiякай смерцi ў сапраўднасцi няма, ёсць толькi Змена. -Яна дадала: - На самай справе, Гервазы стаiць зараз якраз за вашым левым плячом. Я выразна бачу яго.
Левае плячо маёра Рыдла злёгку ўздрыгнула. Ён з недаверам паглядзеў на лэдзi Шэвенi-Гарэ.
Яна ўсмiхнулася яму загадкавай, шчаслiвай усмешкай.
- Вы не верыце, вядома! Мала хто верыць! А мне свет духаў такi ж рэальны, як гэты. Але, калi ласка, пытайцеся ў мяне, што хочаце, i не бойцеся ўсхваляваць мяне. Я зусiм не засмучана. Разумееце, усё - Лёс. Чалавек не можа мiнуць сваёй Кармы*. Усё супадае - люстра - усё.
* Карма - з рэлiгii iндуiзму: вучэнне аб пераўвасабленнi душ, вера ў тое, што ўсе ўчынкi чалавека вызначаюць яго лёс у будучым, пасля пераўвасаблення.
- Люстра, мадам? - запытаўся Пуаро.
Яна слаба кiўнула галавой у той бок.
- Але. Яно разбiта, вы бачыце. Сiмвал! Ведаеце верш Тэнiсана? Я любiла чытаць яго дзяўчынай, хоць, вядома, тады не разумела глыбiннага сэнсу. "Раскалолася люстра ад краю да краю. Праклён мяне спасцiгае!" - крыкнула лэдзi з Шэлата". Вось што здарылася з Гервазы. Праклён спасцiгнуў i яго. Я думаю, вы ведаеце, што большасць вельмi старых родаў носяць на сабе праклён... Раскалолася люстра. Ён ведаў, што быў асуджаны! Праклён збыўся!
- Але, мадам, не праклён раскалоў люстра, - гэта была куля!
Лэдзi Шэвенi-Гарэ ўсё тым жа саладжавым голасам сказала:
- Гэта ж тое самае... Гэта лёс.
- Але ваш муж застрэлiўся.
Лэдзi Шэвенi-Гарэ паблажлiва ўсмiхнулася.
- Ён не павiнен быў так рабiць, зразумела. Але Гервазы быў заўсёды нецярплiвы. Ён нiколi не ўмеў чакаць. Яго час прыйшоў - ён ступiў насустрач. Усё так проста...
Маёр Рыдл раздражнёна выкашляўся i рэзка сказаў:
- Дык вы не былi здзiўлены, што ваш муж скончыў жыццё самагубствам? Вы чакалi, што так здарыцца?
- О, не! - Яе вочы акруглiлiся. - Нельга заўсёды прадбачыць будучыню. Гервазы, несумненна, быў вельмi дзiўны чалавек, незвычайны чалавек. Ён быў зусiм не падобны нi на кога. Ён быў адным з Вялiкiх i цяпер народжаны зноў. Я ведала гэта даўно. Думаю, ён сам гэта ведаў. Яму цяжка было прыстасоўвацца да дурных i дробных стандартаў штодзённага жыцця. - Пазiраючы цераз плячо маёра Рыдла, яна дадала: -Ён усмiхаецца зараз. Ён думае, якiя ўсе мы неразумныя. Такiя мы i ёсць, сапраўды. Проста як дзецi. Прыкiдваемся, што свет iснуе на самай справе i што гэта мае значэнне... Жыццё - толькi адна з вялiкiх Iлюзiй.
Адчуваючы, што ён прайграе бiтву, маёр Рыдл у роспачы запытаўся:
- Вы зусiм не можаце дапамагчы нам высветлiць, чаму ваш муж скончыў жыццё самагубствам?
Яна пацiснула сваiмi тонкiмi плячыма.
- Сiлы рухаюць намi - яны рухаюць намi... Вы не можаце зразумець. Вы рухаецеся толькi ў матэрыяльнай сферы.
Пуаро кашлянуў.
- Гаворачы пра матэрыяльную сферу, цi ведаеце вы што-небудзь, мадам, пра тое, як ваш муж размеркаваў свае грошы?
- Грошы? - Яна здзiўлена паглядзела на яго. - Я нiколi не думаю пра грошы. - У яе голасе гучала пагарда.
Пуаро пераключыўся на iншую тэму:
- У якi час вы спусцiлiся сёння ўнiз на абед?
- Час? Якi ён, Час? Бясконцы, вось вам адказ. Час бясконцы.
Пуаро сказаў:
- Але ваш муж, мадам, быў даволi пунктуальны ў часе - асаблiва, як мне казалi, калi датычылася абедзеннага часу.
- Ах, мiлы Гервазы... - Яна памяркоўна ўсмiхнулася. - Ён быў такi дурненькi з той пунктуальнасцю. Але гэта рабiла яго шчаслiвым. I таму мы нiколi не пазнiлiся.
- Вы былi ў сталовай, мадам, калi пачуўся першы гонг?
- Не, я была тады ў маiм пакоi.
- Цi памятаеце вы, хто быў у сталовай, калi вы сышлi ўнiз?
- Амаль усе, мне здаецца, - няўпэўнена сказала лэдзi Шэвенi-Гарэ. - Гэта мае значэнне?
- Магчыма, не, - пагадзiўся Пуаро. - Тады што-нiшто яшчэ. Цi казаў вам калi-небудзь ваш муж, што яго, як ён падазрае, абкрадваюць?
Лэдзi Шэвенi-Гарэ, здавалася, не дужа цiкавiла гэта пытанне.
- Абкрадваюць? Не, я не думаю.
- Абкрадваюць, ашукваюць, абiраюць нейкiм чынам?..
- Не, я не думаю... Гервазы вельмi ўгневаўся б, калi б хтосьцi адважыўся на такое.
- Прынамсi, ён нiчога не гаварыў вам?
- Не, не. - Лэдзi Шэвенi-Гарэ адмоўна пакiвала галавой, па-ранейшаму без вялiкай цiкавасцi. - Я памятала б...
- Калi апошнi раз вы бачылi свайго мужа жывога?
- Ён заглянуў, як звычайна, спускаючыся ўнiз перад абедам. Мая служанка была там. Ён проста сказаў, што iдзе ўнiз.
- Прыгадайце, пра што ён больш за ўсё гаварыў апошнiя некалькi тыдняў?
- О, пра гiсторыю роду. Ён так паспяхова займаўся гэтым. Забаўная, мiлая мiс Лiнгард, - ён ужо не мог без яе. Яна шукала i знаходзiла яму матэрыялы ў Брытанскiм музеi - усё, што патрэбна. Яна, ведаеце, працавала з лордам Малкастарам над яго кнiгай. I была тактоўная - я маю на ўвазе, яна абмiнала лiшняе. Урэшце, ёсць такiя продкi, якiх не хочацца чапаць. Гервазы быў вельмi чуллiвы. Яна дапамагала i мне. Здабыла мне процьму iнфармацыi пра Хэтшыпсат*. Я - пераўвасабленне Хэтшыпсат, ведаеце. - Ледзi Шэвенi-Гарэ зрабiла гэтую заяву спакойным голасам. - А да таго, - гаварыла яна далей, - я была жрыцай у Атлантыдзе.
* Хэтшыпсат - егiпецкая царыца (XV ст. да н.э.).
Маёр Рыдл пакруцiўся ў крэсле.
- Э-э, вельмi цiкава, - сказаў ён. - Добра, лэдзi Шэвенi-Гарэ, я думаю, гэта ўсё. Вы былi надзвычай зычлiвыя.
Лэдзi Шэвенi-Гарэ ўстала, разгладзiла свае шаты.
- Дабранач, - сказала яна. Позiрк яе скiраваўся ў нейкую кропку за маёрам Рыдлам.
- Дабранач, любы Гервазы. Я хацела б, каб ты прыйшоў, але, ведаю, ты мусiш заставацца тут. - Яна дадала, растлумачваючы яму: - Ты мусiш заставацца там, дзе ты адышоў ад нас, самае меншае дваццаць чатыры гадзiны. Павiнен мiнуць пэўны час, перш чым ты зможаш свабодна рухацца i камунiкавацца.
Яна выплыла з пакоя.
Маёр Рыдл выцер лоб.
- Ух! - мармытнуў ён. - Вар'ятка куды большая, чым я думаў. Яна сапраўды верыць ва ўсё гэтае глупства?
Пуаро з сумненнем, задумлiва пакiваў галавой.
- Магчыма, яна так ратуецца, - сказаў ён. - Ёй трэба стварыць свет iлюзiй, каб уцячы ад суровай рэальнасцi, ад мужавай смерцi.
- Мне здаецца, - сказаў маёр Рыдл, - фармальна яе можна палiчыць вар'яткай. Нагаварыць кучу ўсялякай лухты - i нiводнага разумнага слова!
- Не, не, дружа мой. Самае цiкавае, як Х'юга Трэнт мiмаходзь заўважыў, тое, што з усяго гэтага пустаслоўя праблiскваюць разумныя думкi. Яна паказала гэта сваёй заўвагай пра тактоўнасць мiс Лiнгард, што тая не выпiнала непажаданых продкаў. Паверце мне, лэдзi Шэвенi-Гарэ нiякая не дурная.
Ён устаў i пахадзiў туды-сюды.
- У гэтай справе мне сёе-тое не падабаецца. Так, зусiм не падабаецца.
Рыдл з цiкаўнасцю паглядзеў на яго.
- Вы маеце на ўвазе матыў самагубства?
- Самагубства, самагубства! Усё гэта памылкова. Гэта памылкова псiхалагiчна. Кiм лiчыў сябе Шэвенi-Гарэ? Калосам, незвычайна важнай асобай, цэнтрам сусвету! Хiба такi чалавек знiшчае сябе? Зразумела, не. Хутчэй ён знiшчыць каго-небудзь iншага, раздушыць, як мурашку, нiкчэмную чалавечую iстоту, што адважылася раздражняць яго... Такi ўчынак ён мог бы лiчыць як неабходны, свяшчэнны! Але самазнiшчэнне? Знiшчэнне такiм эгаiстам самога сябе?
- Усё гэта вельмi добра, Пуаро. Але факты, факты. Дзверы замкнуты, ключ у яго ўласнай кiшэнi. Акно зачынена на шпiнгалет. Я чытаў пра такiя рэчы ў кнiгах, але я нiколi не сустракаўся з iмi ў рэальным жыццi. Што-небудзь яшчэ?..
- Так, ёсць што-нiшто яшчэ. - Пуаро сеў на крэсла. - Я Шэвенi-Гарэ. Я сяду тут, за мой стол. Я вырашыў забiць сябе, бо, дапусцiм, я адкрыў у гiсторыi нашага роду нешта страшэнна ганебнае. Не дужа пераканаўча, праўда, але гэтага будзе дастаткова. Еh biеn*, што я раблю? Я крэмзаю на кавалку паперы слова "ДАРУЙЦЕ". Так, гэта зусiм магчыма. Потым адчыняю шуфляду стала, дастаю пiсталет, якi тут хаваю, зараджаю, калi ён не зараджаны, i потым - страляюся? Не, я спачатку паварочваю сваё крэсла кругом - так, i трохi нахiляюся направа - так, i тады - тады прыкладваю пiсталет да скронi i страляю!
* Так (фр.).
Пуаро ўскочыў з крэсла i, апiсаўшы круг, усклiкнуў:
- Я пытаюся ў вас, цi гэта мае сэнс? Навошта паварочваць крэсла кругом? Калi б, напрыклад, тут на сцяне вiсела карцiна, тады, так, гэта можна было б вытлумачыць. Нейкi партрэт, апошняя рэч на свеце, якую хацелася б убачыць перад смерцю; але фiранка - аh nоn*, гэта не мае сэнсу.
* Не (фр.).
- Ён мог захацець глянуць з акна. Апошнi позiрк на маёнтак.
- Мой дарагi дружа, вы самi не верыце ў тое, што гаворыце. Вы самi ведаеце: гэта нонсэнс. У восем хвiлiн дзевятай было цёмна, i ў любым выпадку фiранкi апушчаны. Не, тут павiнна быць нейкае iншае тлумачэнне...
- Я тут бачу толькi адно. Гервазы Шэвенi-Гарэ быў вар'ят.
Пуаро адмоўна пакiваў галавою: не, гэта яго не задавольвала. Маёр Рыдл устаў.
- Хадземце, - сказаў ён. - Пойдзем i пагутарым з усiмi астатнiмi. Можа, што-небудзь высветлiм такiм шляхам.
6
Пасля цяжкай гутаркi з лэдзi Шэвенi-Гарэ маёр Рыдл адчуў значную палёгку, размаўляючы з такiм спрактыкаваным юрыстам, як Фобз.
Мiстэр Фобз быў надзвычай стрыманы i асцярожны ў сваiх заявах, але яго адказы вызначалiся беззаганнай дакладнасцю. Ён прызнаўся, што самагубства сэра Гервазы аглушыла яго. Ён нiколi не палiчыў бы сэра Гервазы такiм чалавекам, якi можа адмовiцца ад свайго жыцця. Ён не ведаў нiякай прычыны для такога кроку.
- Сэр Гервазы быў не толькi мой клiент, але i вельмi даўнi сябар. Мы пазнаёмiлiся яшчэ падлеткамi. Я б сказаў, ён заўсёды любiў жыццё.
- Пры такiх акалiчнасцях, мiстэр Фобз, я хачу прасiць вас гаварыць абсалютна адкрыта. Цi не вядомы вам тайная трывога або перажываннi сэра Гервазы?
- Не. У яго, як i ў большасцi людзей, былi такiя-сякiя турботы, але нiчога сур'ёзнага.
- Нiякай хваробы? Нiякiх спрэчак з жонкай?
- Не. Сэр Шэвенi-Гарэ i лэдзi Шэвенi-Гарэ былi адданыя адно аднаму.
Маёр Рыдл асцярожна сказаў:
- У лэдзi Шэвенi-Гарэ, як быццам, трохi дзiўныя погляды.
Мiстэр Фобз усмiхнуўся - паблажлiвая мужчынская ўсмешка.
- Жанчынам, - адказаў ён, - трэба дараваць iх дзiвацтвы.
- Вы займалiся ўсiмi юрыдычнымi справамi сэра Гервазы? - гаварыў далей галоўны канстэбль.
- Так, мая фiрма "Фобз, Оджыльвi i Спэнс" апякуецца сям'ёй Шэвенi-Гарэ больш за сто гадоў.
- Цi былi якiя-небудзь скандалы ў сям'i Шэвенi-Гарэ?
Бровы мiстэра Фобза ўзнялiся.
- На самай справе, я вас не разумею.
- Мiстэр Пуаро, вы не дасце мiстэру Фобзу лiст, якi паказвалi мне?
Пуаро моўчкi ўстаў i з лёгкiм паклонам працягнуў гэты лiст мiстэру Фобзу.
Той стаў чытаць, i бровы яго ўзнялiся яшчэ вышэй.
- Проста незвычайны лiст, - сказаў ён. - Цяпер я разумею ваша пытанне. Не, нiчога з таго, што мне было вядома, не вымушала пiсаць такi лiст.
- Сэр Гервазы не сказаў вам пра яго?
- Нi слова. Мушу сказаць, мне вельмi дзiўна, што ён не зрабiў гэтага.
- Ён давяраў вам?
- Думаю, ён лiчыўся з маёй думкай.
- I ў вас няма нiякiх здагадак - чаго датычыўся гэты лiст?
- Я не хацеў бы рабiць паспешлiвых здагадак.
Маёр Рыдл ацанiў далiкатнасць гэтага адказу.
- А зараз, мiстэр Фобз, можа, вы азнаёмiце нас з тым, як сэр Гервазы размеркаваў сваю спадчыну.
- Калi ласка. У мяне няма нiякiх пярэчанняў супраць гэтага. Сваёй жонцы сэр Гервазы пакiнуў шэць тысяч фунтаў гадавога прыбытку з маёнтка i на выбар Даўэр-Хаўс або гарадскi дом на плошчы Лаўндыс, што яна пажадае. На яе накладалiся, вядома, абавязацельствы выплацiць некалькiм асобам пэўную суму i перадаць пэўную нерухомую маёмасць, але нiчога значнага. Спадчына, ужо без таго, што аддавалася па даравальных запiсах, была пакiнута яго прыёмнай дачцэ, Рут, пры ўмове, што, калi яна выйдзе замуж, яе муж возьме прозвiшча Шэвенi-Гарэ.
- Яго пляменнiку, мiстэру Х'юга Трэнту, не пакiнута нiчога?
- Было, так, пяць тысяч фунтаў.
- Дык трэба разумець, што сэр Гервазы быў багаты чалавек?
- Нават вельмi багаты. Апрача маёнтка, валодаў вялiзнай прыватнай маёмасцю. Вядома, быў не такi заможны, як даўней. Фактычна, увесь прыбытак з капiталу, укладзенага ў бiзнес, паступаў з натугай. Апрача таго, сэр Гервазы страцiў нямала грошай праз адну кампанiю - "Пэраган сiнтэтык рабэ сабстыт'ют"*, куды палкоўнiк Бэры пераканаў яго ўкласцi значную суму.
* "Дасканалы сiнтэтычны заменнiк каўчука".
- Не дужа мудрая парада?
Мiстэр Фобз уздыхнуў.
- Адстаўныя вайскоўцы - найбольшыя няўдачнiкi, калi яны ўключаюцца ў фiнансавыя аперацыi. Я пераканаўся, што iх даверлiвасць пакiдае далёка за сабой даверлiвасць удоў, а гэтым сказана многа!
- Але тыя няўдалыя iнвестыцыi рэзка не зменшылi прыбыткаў сэра Гервазы?
- О, не, не вельмi. Ён усё роўна заставаўся багатым чалавекам.
- Калi было складзена гэтае завяшчанне?
- Два гады назад.
Пуаро сказаў: