— Лебедзь, — строга і ціха сказаў Алесь, — вазьмі яго.
Пёс уздыхнуў.
— Вазьмі яго, Лебедзь.
І тады пёс павараціўся і цяжка завалюхаў за быком. Спачатку ён, здавалася, не апускаўся, а падаў на ўсе чатыры лапы пасля кожнага скачка, але потым разышоўся, і калі раней нагадваў цяжкі мех на чатырох лапах, то цяпер нагадваў таран.
Ішоў у сяйва бык, а за ім, павольна наганяючы яго, бег на свой апошні подзвіг стары сабака.
Багатыроў убачыў, што два салдаты апусцілі стрэльбы.
А бык убачыў, як прыветна схіліў да яго бліскучыя рогі крайні бычок. Ён паскорыў крок насустрач яму.
І ў гэты момант Лебедзь дагнаў быка і грудзьмі, усёй вагою свайго мацёрага цела, ударыў яго ў зад.
Бык упаў на калені і ўжо не здолеў узняцца. З крыкамі беглі да яго па раллі мяснікі. Накінулі па рогі распетлі, пінкамі разагналі сабак, павялі да круга.
Наперадзе, нізка апусціўшы галаву, трухаў Лебедзь. Падышоў, торкнуўся халодным носам у Алесеву далонь.
Багатыроў калаціўся, абмацваючы Бушуя і Галубога. Тыя ледзь дыхалі, але глыбокіх ран у іх не было.
Бык рахмана стаяў убаку і непрыкметна цягнуў морду ў бок сонца і жаўрукоў.
— А з Лебедзем што цяпер загадаеце рабіць, барын? — аддыхаўшыся, спытаў Багатыроў.
— Не ведаю. Хіба ўзяць з сабою?
— Д-добра, — сказаў жывадзёр. — А за тое, што такое мне зрабілі, мо возьмеце яшчэ і шчанюка? Вось унука ягонага-с. Га?
— Чаму не.
Багатыроў шчасна засмяяўся.
— Ах, барын, барын, даражэнькі мой! Бушуй, Галубы! Пёсікі мае! Ды хай ён яшчэ сто гадоў жыве, той бугай, — і раптам зарагатаў. — А бугая?! Бугая куды?! Можа, таксама з сабою?! Можа, у паперку загарнуць?!
Усе глядзелі на быка ў непаразуменні. Што, сапраўды, рабіць з вызваленым жыццём? Куды яго? Не ў брычку ж садзіць ды везці з сабою?
— Не, я вам яго ў брычку садзіць не дам. Такі баец! Такі найлепшы ў свеце баец! Гэта ж падумаць, з-пад сцегаўца выдрацца, трыццаць пудоў на сябе насіць, браму выламаць, усю гэтую навалач разагнаць, чатырох такіх псоў скінуць! Як-кі баец!
— Мне аддайце. Аддайце мне. Слова афіцэра, да скону паю-кармлю. Чорт! Ды да мяне будуць ахвотнікі з усёй Масквы прыходзіць, каб толькі паглядзець на тое дзіва. Ты, Багатыроў, бачыў такое калі-небудзь?
— Ніяк не, барын.
— Бярыце, — сказаў Алесь.
Багатыроў з Алесем ішлі да паселішча, пакінуўшы ўсіх далёка за сабою.
— Чорт ведае як гэта магло здарыцца, — разводзіў рукамі сырэйнік. — Ну, добра, Шчалканаў бандзюга першы. А Сноп, а Міхайла?! Усе ж ведаюць, што гадую я іх лепей, чым усе ў Маскве. Работа такая, што без гэтага челавек не затрымаецца. І людзі ўсе свае, бо на нашу справу чужы чалавек не пойдзе. Адчайныя хлопцы, гэта так, ліхія наконт плюху камусьці адвесіць, пабіцца, канакрада, скажам, зашыбіць. Але каб разбой? Адкуль гэта?
— Яны, цяценька, з Аляксашкам Шчалканавым у карцішкі пачалі балавацца, — прагучаў раптам ззаду дзівосны мілагучны дзіцячы галасок. — Я чуў: гуляюць з нейкім Хлюстам.
— Ідзі, Паўлуша, ідзі.
Некаторы час сырэйнік ішоў моўчкі.
— Дрэнная справа.
— Гэты Хлюст з Нова-Андроньеўскай. Чалавечак гнілы. Карцёжнік несумленны. Згаварыліся, відаць, дый абмішулілі хлопцаў. А потым справа вядомая: плаці грошы ці на жыццё гуляй. І вялікія, відаць, грошы, калі на разбой пайшлі. Ну. цяпер усё.
— А так. Не ведаеце вы нашай басоты. Канец хлопцам. Прырэжуць іх хлюстаўскія.
Алесь ішоў моўчкі. Ён прыкідваў свае сілы. Ён, Мсціслаў, Кірдун, Кандрат Кагут — чацвёра. І на гэтым усё. Неверагодны план паступова складваўся ў ягонай галаве.
— Скардзіцца будзеце-с? — спытаў Багатыроў.
— Нашто, калі іх зарэжуць.
— Гэта праўда-с, — уздыхнуў сырэйнік. — Гэта як піць даць.
— Пяць чалавек на смерць паслаць? Думаю, рублёў дзвесце. З-за меншага не сталі б пэцкацца.
— Атрымоўваецца так, барын.
Алесь глядзеў у ягоныя вочы. Не, вочы не хлусілі.
— Я магу заплаціць за іх грошы.
— Мне патрэбны рукі вашых людзей, — сказаў Алесь.
РАЗДЗЕЛ VІІІ
Гай нібы навісаў над Уладзімірскім гасцінцам. Свяціліся пад паўдзённым сонцам белыя ствалы бяроз, мякка шалахцелі іхнія галіны, зусім непрыкметна, толькі калі глядзець на ўвесь гай, кранутыя зеленню.
Хмызы на адхоне падступалі да самай дарогі, брук якой блішчаў пад сонцам. Недзе далёка-далёка злева, па гэты бок дарогі ўгадвалася багатыроўскае паселішча, а насупраць яго — Аненгофская пасадка, за якой цягнуўся і цягнуўся Ізмайлаўскі бор.
Людзі сядзелі на адхоне. Запрэжкі былі адведзены трохі далей, на лясную дарогу. У апошні момант вырашылі, што першую пару троек, на якой будуць скакаць да «лапцеўскай» падставы, лепей купіць, а потым адвесці ў бок ад дарогі ўцёкаў і там кінуць: нехта падбярэ.
Ля коней зараз былі тыя два новавяскоўцы, якіх Чыўін не ведаў, здаровыя змрочныя мужыкі.
Багатыроў не схлусіў. Хлопцам сапраўды трэба было адкупіцца ад Хлюста, толькі цана чалавечага жыцця была не сорак, а сорак пять рублёў. Калі, па загаду сырэйніка, няўдалыя разбойнікі прыйшлі да Алеся — яны былі ў адчаі.
Алесь заплаціў доўг. Абяцаў столькі ж за падмогу.І вось чакалі. Ля коней — той, якому Алесь даў у пах (яму ўсё яшчэ было цяжка хадзіць), і той, каго ён выкінуў з брычкі (абышоўся чалавек выцінамі).
Астатнія тры сядзелі побач. Рыжы Міхайла, па мянушцы Сямёнаўскі, з распухлым носам. Рабы новавясковец Васька Сноп. І яшчэ сажнёвы прыгажун Шчалканаў з нахабным і дзікаватым тварам.
— Гэтага сцеражыцеся, — сказаў Сноп Алесю. — Можа і забіць.
Сядзелі і чакалі. Алесь успамінаў зробленае за гэтыя дні.
…Андрэя сапраўды прывезлі перад вялікаднем і ў той самы дзень — бо на вялікдзень такога рабіць нельга — білі бізуном у двары Бутырскай турмы.
Кірушка не падвёў. Абышлося нават без «ожгу». Праз два дні арыштант мог ісці. Але Загорскі ведаў, чаго гэта яму каштавала, яму, якога ніхто ніколі не крануў іначай як у бойцы, бо дзяцей біць нельга ні бацькам, ні чужым, а стайня — ганьба панскага двара.
Даведаўшыся, што ў Бутырках усё больш-менш добра, Алесь паехаў у Рагожскую, каб адмовіцца на тры дні ад паслуг Чыўіна: няма чаго было блытаць старога ў гэтую справу.
Быў вялікдзень. На вулках людзі хадзілі з вярбою, а пад нагамі храбусцела малінавае, блакітнае і жоўтае шкарлупінне. І, супернічаючы з ім у бляску, калыхаліся ў паветры вязкі запырсканых сонцам паветраных шароў, нібы налітых небам, сонечным сідрам або крывёй.
Прадавалі «амерыканскіх жыхароў», закаркаваных у шкляных слоіках з вадой, — і сонца гуляла ў вадзе. Прадавалі «цешчыны языкі», што разгортваюцца да пояса, калі дзьмухнеш, — і сонца скакала на чырвоных языках.
Але чым далей да ўскраіны, тым больш было п'яных у лахманах — і тое ж самае сонца бессаромна гуляла ў прарэхах.
Такія жабракі, што і на вялікдзень няма чаго апрануць.
Заліты сонцам, заліты блакітным святлом, Алесь стараўся не глядзець на зямлю. І вось убачыў…
…Плыў над усім гэтым п'яным свінствам і дзікасцю, над лахманамі і золатам, над зверствам — нятленны, сіні контур Круціцкага церамка. Нешта сціснула Алесева сэрца. Упершыню за многія дні сціснула. Пяшчотай і болем.
— Родны мой! Палонны! Святы! Як жа цябе вызваліць? Як ачысціць ад гною і бруду? Як?
Ён разумеў жыхароў Рагожскай, што ішлі ў лазню са сваімі тазамі. Не ў тым справа, што з ніканіянскіх грэх мыцца. Усе ўскраіны горада, усе яго гандлёвыя рады, усе раскошныя палацы былі такім гнайніком, што да яго брыдка было датыкнуцца.
Дзеці ў лазні гуляюць вадою. Пераліваюць яе слоікамі, рукамі, кубкамі. Нельга, каб яны гулялі вадою ў тым самым тазе, з якога мыўся нейкі там Кірушка, хоць ён усяго халуй тых, што ў агульныя лазні не ходзяць.
…І палонны блакіт Круціцкага церамка*.
* Круціцкі церамок на Круціцкім падвор'і пабудавалі пры цару Аляксею Міхайлавічу палонныя майстры з Беларусі.
Чорт з ім, няхай на вуліцах Рагожскай таксама хапае свінства, і фанатызму, і цемры. Няхай дахі на гэтых вулках, на Цялежнай, Вароняй і Хіве, бурыя ад чаю (бяруць у тракцірах спіты чай, сушаць яго на дахах і, дабаўляючы рознае, робяць «сапраўдны кяхцінскі» чай для простанароддзя — усе гэтыя «рагожскія кітайцы»), няхай на вулках тут лужыны, няхай жыццё закарэлае.
Усё адно. Таму што яны трымаюцца ў чысціні, працуюць, таму што іх гоняць, таму што слава тым, каго гоняць, таму што яны вераць, няхай у цёмнае — абы толькі не ў боскасць цароў і іхняга быдла.
…І палонны блакіт Круціцкага церамка.
Чыўін сустрэў Алесеў прыезд спакойна.
— Значыцца, дні тры не будзеш?
— Не.
— Ну што ж, я задаволены. І тваімі… камісійнымі, і табой. І тым, што ведаеш нас, што разумееш… Значыцца, скора і дадому?
— Скора.
— Я ведаю. То бывай.
— Дзяніс Авакумыч, — ахнуў Алесь. — Ды як вы падумалі, што я знікну?
— Справа можа прымусіць.
— А я ўсё ж заеду. А каб паверылі, пакіну ў вас Лебедзя і шчанюка.
— Ну, глядзі, — павесялеў стары
…Незадаволены быў удзелам новавяскоўцаў адзін Кірдун. Бурчаў:
— Звязаўся з атрэб'ем, з пазадкамі… Кня-язь…
— Кінь. Самому брыдка.
— То нашто?
— Андрэй — вось нашто. Ён праз мяне, калі падумаць, сеў. А ты згодзішся ўчатырох на этап напасці? На палову ўзвода каравульных?
— Усямёх таксама не цукар…
— То вось і маўчы.
Алесь сам ведаў: рызыка страшная. Дзейнічаць трэба было рашуча, не вагаючыся ані на хвіліну, і нават пры гэтай умове больш шанцаў было на тое, што ім не выйсці жывымі. Іх чацвёра ішлі на гэта свядома. Алесь і Кандрат — як кроўныя, Мсціслаў — з-за Янькі і сяброўства, Кірдун — бо сюды ішоў Алесь. І ён не шкадаваў траіх новых. Самі селі за стол з Хлюстом, самі напалі на брычку, самі павінны былі б загінуць ад нажа, каб не ён, Алесь. Хай плацяць.
…І вось ён сядзеў і праз апушчаныя веі бачыў, як блішчыць пад сонцам забрукаваны кавалак дарогі, як — калі павесці вачыма направа — брук скончыцца і пойдзе гразь да самага Ніжняга, увалы і шлях, які то нырае ў лагчыны, то (далёка-далёка) узбягае на грады.
А калі паглядзець налева — убачыш голы, але ўжо трошачкі зялёны масіў Ізмайлаўскага звярынца і дарогу.
І на дарозе — ані душы.
А вунь там абдзертае, іржавае золата купалоў Усясвяцкага манастыра. А на дарозе — ані душы.
«Што магло здарыцца з этапам? Чаму не паўзе?»
Алесь быў на адпраўцы мінулага этапа. І вось ён сядзеў і ўяўляў.
…Жоўты, абдзерты дом ля заставы. Ля яго — ціснуцца. Большасць тых, што праводзіць, адстае ад этапа тут: прыміраецца. А частка адстае унь там, каля «слёзнага» Ляснога вострава за тры вярсты адсюль. Што ісці далей? Не дазваляюць, дый не трэба, усё адно не дапаможаш. І чаму там толькі не засыхаюць бярозы?… Столькі слёз… Назаўсёды разлука.
…І вось выводзяць з жоўтага этапнага дома людзей. Вісіць над галовамі галошанне, бабы ломяць рукі, мужыкі глядзяць у зямлю.
Пастроілі. Павялі. Наперадзе тыя, у каго кайданы і на руках і на нагах. Потым — тыя, што толькі з ручнымі кайданамі. За імі — тыя, што зусім без кайданоў.
А потым вазы з хворымі, дзецьмі, бабамі. Дзяцей таксама вязуць.
Божа мой, Божа! Нібы ўся імперыя здымаецца з месца і цягнецца кудысь.
Рыпяць колы. Едуць. Як табар. Як татарскія арбы. Як печанежскія вежы. Звіняць ланцугі, стрэльбы вартавых.
У гразь і пыл. У спёку і снег. Кожны панядзелак і аўторак.
І пойдуць. Пойдуць. А паўз іх будуць пралятаць тройкі са срэбнымі дугамі. Будуць стаяць багацюшчыя пастаялыя двары, бо гэта не толькі дарога слёз, а і дарога «да Макарыя», на кірмаш. І адны будуць везці тавары, а другія ўсю дарогу жыць з міласціны, а таму перад кожнай вёскай зацягваюць «песню літасці», у такт ёй бразгаючы кайданамі.
Милосердные наши батюшки,
Не забудьте нас, невольников
Заключенных, Христа ради!
Пропитайте-ка, наши батюшки,
Пропитайте нас, бедных заключенных!
Сожалейтеся, наши батюшки,
Сожалейтеся, наши матушки,
Заключенных, Христа ради!
Мы сидим во неволюшке,
Во неволюшке — в тюрьмах каменных
За решетками железными,
За дверями за дубовыми,
За замками за висячими.
Распростились мы с отцом, с матерью,
Со всем родом своим, племенем.
І так з дня ў дзень цягнецца дзяржава.
На таржышчы, у руднік, у магілу.
Даколе, Пан Бог!!!
Дзеляць як хочуць, шматуюць, гандлююць, аддаюць слабога ў першыя — лепшыя рукі, кідаюць яго, як мяч, не пытаючы, хто ён.
Куды вядзеш, дарога? На таржышча? У руднік?
Дакуль!!!
Кандрат крануў Алеся за плячо і, калі той павярнуўся, спалохаўся ягонага аблічча.
— Братка, ты што?
— Чаго табе?
Кандрат моўчкі паказаў рукою, і тады Алесь зразумеў, што «Милосердная» яму не толькі ўяўлялася.
Па дарозе павольна паўзла шэра-жоўтая пляма. Шэрая ад пылу і халатаў. Жоўтая ад абліччаў, рук, ад бубновых тузоў тых, што ехалі на вазах, седзячы спіною да коней.
Алесь абвёў вачыма сваіх. Крайні справа, ля падпілаванай бярозы, непарушна стаяў Халімон Кірдун. Трымаў у руках сякеру, прымерваўся да кліна, загнанага ў распіл. Бліжэй, на правую руку ад Алеся, ляжаў са штуцарам у руках Мсціслаў. Павараціў да Алеся твар, засвяціліся сонечныя вочы, падміргнуў. Алесь усміхнуўся, бо гэта магла быць апошняя ўсмешка і таму, хто застаўся, было б балюча.
Загорскі глянуў налева. Драпежна глядзіць на прыцэл штуцара Кандрат. На вуснах злая ўсмешка: зараз дарвецца. А яшчэ далей тры «купленыя». Сноп бледны і спакойны. Міхайла шнырае вачыма па калоне. Шчалканаў спакойненька гуляе пістлетам (у яго іх тры).
Паўзе, паўзе калона слёз. Рыпяць колы. Дзе тут можа быць Андрэй? Хіба пазнаеш? Ды не, можна пазнаць: яны ж спяваюць. Такі голас можна пазнаць і сярод тысячы. Але голасу не чуваць.
Алесь зрабіў знак рукою. Усе паслухмяна апусцілі на нос і рот павязкі.
Дзе ж можа быць Андрэй? Вось калона амаль зраўнялася са Шчалканавым… Не, голасу не чуваць. А «песня літасці» гучыць і гучыць.
І раптам ён убачыў…
…Андрэй ішоў у сярэдзіне другога рада. Ногі, у нажных кайданах, валюхаюць. Ненатуральна рухаюцца клубы. Рукі склаў на грудзях…
Бог ты мой, які бледны твар!
А вочы, як невідушчыя, глядзяць у неба. І шчыльна самкнёны рот. Не спявае.
…Быў поплаў Дняпра, даўно, у дзяцінстве, і голас над поплывам, і разбойнік Война, які тады сказаў:
— Спявай, хлопчык, спявай, пакуль даюць.
Ах, які быў голас! І на каляды, і тады, калі палілі бадняк, і на поплаве, і на вяселлях, і тады, калі гукалі вясну.
Нешта душыла Алеся. Ён махнуў рукою Кірдуну.
У наступны момант вялізная бяроза пачала хіліцца, з рыпеннем ірвучы свае жылы, крэкчучы. Нібы кароткі, на некалькі імгненняў, ураган нарадзіўся ў галлі дрэва — і вось яно ўжо ляжала на шляху, перагарадзіўшы яго, заслаўшы рады катаржных пылам.
Амаль несвядома Алесь бачыў збянтэжаныя, атарапелыя твары. Вочы надзеі… Вочы жаху… Вочы, што не разумелі.
Залп!!!
Ён ірвануў нечакана, страшна, як смерць. З самотнай бярозы па той бок дарогі пасыпалася на калону дробнае галлё.
Ніхто не паспеў яшчэ нічога зразумець пасля падзення дрэва, а горкі дым пораху змяшаўся ўжо з пылам, што яно ўзняло. Усе атарапелі. Праз дым і пыл Алесь цьмяна бачыў твары канвойных, якія не разумелі, што да чаго.
А дробныя пруткі-хлюдзінкі ўсё яшчэ падалі на галовы людзей.
І тады Алесь сказаў голасна і цвёрда, нічога не каментуючы, без ценю сумнення ў тым, што яго могуць не паслухаць. Як сказаў бы Вежа.
— Канвой! Пакласці зброю!
Далейшае адбылося, можа, за нейкую хвіліну, і ніхто, нават сам Алесь, такога не чакаў.
Не чакалі, відаць, і яны, нязвыклыя думаць самі, за многія гады прывучаныя падпарадкоўвацца толькі загаду, толькі чужой, мацнейшай волі. Нават не ёй, а чужому, безапеляцыйнаму голасу.
Парахавы дым яшчэ плыў над калонай. Павольна-павольна.
Была цішыня.
І раптам першы з канвойных, як на аглядзе войск, зрабіў крок наперад.
…Дзынкнула аб брук руля першай стрэльбы.
Упала побач з калонай даволі вялікая бярозавая галіна.
…Другая стрэльба лягла на зямлю… Трэцяя… Чацвёртая… Пятая…
На тварах уладароў была неўразумелая, падцягнутая тупасць. Цалкам аднолькавая ва ўсіх, у той час як нават стрэльбы клаліся на брук па-рознаму: адны — мякка, другія — бразгочучы.
— Кру-гом! — загадаў Алесь.
Ляснулі абцасы.
— Шагам арш!
Першы крок, здаецца, раздрабіў камяні. Потым размерана — як шчоткай па бычыным пузыры — зашоргалі крокі.
Над катаржнымі вісела гнятучая цішыня. Яны збянтэжана глядзелі на канвойных, якія ішлі, як заведзеныя лялькі.
І толькі Алесь бачыў, што ў гэтых ляльках было нешта чалавечае: прыціснутыя да бакоў локці. Патыліцы былі напружаныя, зады малайцаватыя, галовы па-заліхвацку закінутыя. І толькі локці, няспрытна прыціснутыя да бакоў, былі чалавечыя. І па іх можна было зразумець што тут не толькі падпарадкаванне, але і боязь атрымаць кулю ў спіну.
Боязь гэтая ўсё ўзрастала. І ў напятай цішыні, што аж звінела ў вушах і сэрцы, Загорскі разумеў, што ўся гэтая «божая благадаць» трымаецца на апошняй нітачцы.
Вось-вось… Вось-вось… Вось-вось…
І, аднак, цішыня трымалася. Гэта былі абставіны, цалкам не прадугледжаныя інструкцыямі. Маглі быць уцёкі — і тады трэба было страляць у спіну. Мог быць бунт — і тады трэба было страляць па калоне. Кайданнік мог ударыць канвойнага — і тады яго ставілі пад першы лепшы мур або ў першым гарадку вадзілі праз тысячу шпіцрутэнаў.
Але не магло, і ніколі не было, і не магло быць нападу на этап. Ніхто нічога не разумеў нават цяпер. Напад! У мірны час! І не ў нетрах, а тут, ледзь не на ўскраіне Масквы.
Салдаты зрабілі крок якраз да яе. Аненгофскім гаем, у гарачай смузе выпарэнняў, далёка-далёка, як абманка на дне закуранага таза ў золаташукальніка, гарэлі шматлікія бліскаўкі яе купалоў.
Гэтага не магло быць.
І ўсё ж цішыня звінела на адной нітачцы.
Вось-вось… Вось-вось… Вось-вось…
— Стой! Кладзіся!
Крок наперад… Рукамі ў зямлю… Правыя ногі паўзуць назад… Ляглі…
У дзесяцёх кроках ад катаржнай калоны ляжала на зямлі няроўная літара «П». Алесь разумеў, што паклаў іх занадта блізка, але нельга, немагчыма было цягнуць далей напятую цішыню.
Нельга, немагчыма для нерваў… Кожную хвіліну яна магла сарвацца, і тады…
— Катаржныя, стаяць на месцы!
Загорскі баяўся тлуму. Але тыя і так стаялі, як саламяныя слупы, разумеючы яшчэ менш, чым варта.
Алесь хітнуў галавою ў бок Кірдуна. Кірдун пачаў спускацца па адхоне да стрэльбаў. Вочы канвойных — сінія, цёмныя, бляклыя, тытунёвыя — ад самай зямлі — сачылі за ім. Насцярожаныя, як у зацкаваных звяроў.
Яны глядзелі, як спускаецца да стрэльбаў зусім не ваенная, зусім нястрашная постаць аднаго з тых, што асмеліліся напасці на этап, постаць першага, убачанага імі.
Кірдун спускаўся, адваліўшы цывільны зад, размахваючы рукамі. І грозна трапятала пад яго дабрэчымі вачыма чорная павязка, а ў руцэ быў калун, якім ён зваліў дрэва. І гэта была памылка.
Цішыня абарвалася.
Крайні ў адной з ножак літары «П» не вытрымаў. Здаравенны крываногі унтэр.
Крутануўся на месцы і — ніхто не паспеў апамятацца, як крайняя з кінутых канвойнымі стрэльбаў была ўжо ў ягоных руках. Сашчэрыліся зубы, нібы унтэр урэшце зразумеў:
— Салдаты, гэта ж разбой!
Кірдун ішоў проста на рулю, што ўздымалася насустрач яму.
Стрэл.
Чакалі, што Кірдун пахіснецца або кінецца ў хмызы, а замест гэтага ўбачылі, як унтэр схапіўся за перадплечча.
Загорскі павёў вачыма налева і ўбачыў, як дыміцца штуцэр у руках Кандрата.
— Адстраляўся, камрад, — сказаў Кагут.
Халімон падышоў да унтэра і ўзяў стрэльбу з паралізаванай рукі.
— Так, дзядзька, не трэба, — разважліва сказаў ён.
І тут, нібы ў адказ на стрэл, запознена загаласілі бабы на вазах, зараўлі катаржане, заплакалі дзеці. Паміж варты, што ляжала на зямлі, аддаўся крык:
— Гэта разбой! Што вы ляжыце? У ружжо!!!
Алесь загадаў даць другі залп. Зноў паверх галоў. І, калі свіст куль нібы адсек голас, рэзка крыкнуў:
— Ці-ха!
На дапамогу Кірдуну спускаліся ўжо Сноп і Міхайла. Шчалканаў гуляў пісталетамі, па чарзе прыцэльваючыся ў салдат.
Цішыня. Толькі недзе плача дзіця. Жаласна і ціха, як кацяня.
Алесь устаў.
— Усе, хто працягне руку за зброяй, будуць забітыя на месцы, — сказаў ён. — Тыя з этапа, што стануць парушаць парадак і перашкаджаць справе — таксама. Усім сядзець і чакаць сваёй чаргі.
Людзі сабралі зброю і, пакінуўшы яе пад даглядам Кірдуна, сталі над вартай. Унтэр пагойдваўся, трымаючыся за руку, выскаляў зубы.
— Баба, — загадаў Алесь адной з катаржанак, — перацягні яму рану.
Тая боязна — бачком паўз Алеся — падалася да параненага. Надта ўжо грозна глядзелі вочы над павязкамі.
Алесь адчуў раптам страшэнны позыў да таго, каб памачыцца. Яму стала нясцерпна сорамна. Намаганнем ён стрымаў сябе і тут убачыў, што ў гэты самы непадыходзячы момант Мсціслаў і Шчалканаў робяць тое самае. Робяць, не саромячыся нават таго, што, магчыма, нейкая баба з вазоў бачыць іхнія спіны сярод дрэў.
І тут ён зразумеў, што нічога саромнага тут няма.
Сямёра супраць паловы ўзвода. Неабстрэляныя хлопцы супраць ваякаў.
Нічога саромнага тут не было.
І тады прыйшла радасць. Такая вызваленая, што Алесь затрымцеў.
— Катаржане, — глуха сказаў ён. — Той, хто хоча ўцякаць, хто можа ўцякаць, хто абдумваў уцёкі — можа зараз скарыстацца з гэтай магчымасці. Хто не думаў над гэтым, але каму пагражаюць руднік або смерць — таксама. Я патрабую толькі аднаго: парадку. Мы здымем з вас кайданы, але той, хто будзе пнуцца наперад усіх, — здыме іх апошні.
У галаве калоны сядзеў ужо Аляксандар Шчалканаў захутаны, як бедуін, пабрынкваў вязкай адмычак.
Салдат паднялі і пад рулямі павялі ў гай. Зноў паклалі на траву.За імі, але трохі ў другі бок, папоўз этап. Апошнія вызвалілі дарогу вазы: перавалілі канаву і з рыпеннем пацягнуліся ў гушчар.
Алесь паглядзеў, ці добра сочаць за салдатамі (іх, на ўсякі выпадак, перавязалі і паклалі квадратам), і пайшоў да вязняў. Там ужо ваўсю ішла праца. Шчалканаў перабіраў адмычкі, з бліскавічнай хуткасцю шукаючы патрэбную, камбінуючы іх, час ад часу весела пазвоньваючы імі.
Загорскі абвёў вачыма вязняў і ўбачыў, што Адрэя між іх не было. І гэта было добра. Значыцца, яго ўжо ўмыкнулі хлопцы. Яны дамовіліся, што гэта будзе зроблена непрыкметна, каб ніхто не ведаў, дзеля каго быў зроблены напад на этап.
А новавяскоўцы не скажуць. Звязаныя па руках і нагах, павінныя ў падвойным разбоі, а значыць, і ў падвойным пакаранні.
— Людзі, — сказаў Алесь. — Цяпер ужо не катаржане, а людзі. Падумайце добра. Я раіў бы пайсці ўсім. Хто пападзецца, а хто і не. Адсюль нямераныя дарогі. На Ўладзімір, і Ніжні, і Кержанец, і налева, на Растоў Вялікі, Пераяслаў, Волагду, Архангельск. А калі за Волгай павернеце — то Вялікі Ўсцюг і Перм… Думайце хутчэй. Канваіраў патрымаем да вечара… Хто не будзе ўцякаць?
Знайшлося чалавек восем.
— Ну вось. Астатнія — ідзіце.
Падалі кайданы. І гэта была найлепшая для слыху музыка.
РАЗДЗЕЛ ІХ
Сонца сядала. Калоднікі даўно разышліся ў розныя бакі. Тыя, што не захацелі ўцячы, сядзелі каля салдат.
Прарыпелі вазы. На месцы вызвалення засталася купа кінутых халатаў ды яшчэ паўсюль, як змеі, блішчалі ў траве кінутыя кайданы. Нібыта распаўзлося кубло.
Шчалканаў паматваў кісцямі рук:
— Гэх, работачка крывая, прыгож-жая! І разбягуцца ж яны цяперака, літасцівенька, як тарганы.
Алесь падумаў аб тым, колькі мужыкоў сёння не далічыцца на вяроўках кашуль і портак, — і ўсміхнуўся.
— Хадзем, Шчалканаў.
— Гэ-эх, бар-рын, святы ваўчок. Вызваліў ты нас ад Хлюста. Ці вызваліш ад Хваста?
— А хто за вамі пацягнецца? Імя ты майго не ведаеш. А каб і ведаў — каму сказаў бы? За табою, брат, падвойны хвост.
— Ведаю, — Шчалканаў прыплясваў. — Эх, чынчаль-мінчаль, хлюст мазепа. Табе хіба катарга, а мне яшчэ за разбоі па белай спінушцы ды тысяча палачак… А што, калі я на гэта не ўважу?
— Не ўважай, — спакойна сказаў Алесь.
— То ж бо… Ды чорт яго ведае, адкуль цябе Багатыроў выкапаў?… А гэта, брат, крэмень!… Калі нехта з нас брынкне языком — горш чым ад Хлюста не жыць нам. Кругавая парука… Дый потым: Сноп з Міхайлам мяне таксама ў такім разе за бессаромнасць прырэжуць… Гэта мужыкі строгія…
— Зладзейскае тваё сумленне, — сказаў Алесь. — Няўжо толькі гэта цябе і стрымлівае?
Шчалканаў нечакана сур'ёзна паглядзеў на яго.
— Не, — падумаўшы, сказаў ён. — Яшчэ тое, што я ў гэтым тваім учынку выгады не бачу. Ну адбіў, ну адпусціў усіх. А далей што? Якое-такое золата здабыў? Га?
Касыя праменні сонца стрэламі білі ім у твар. Маладзенькі пырнік шастаў пад нагамі. Прабіваліся з яго скручаныя, як дэка старой віёлы, парасткі папараці.
— Адкрыйся, — нечакана папрасіў Шчалканаў, і ў вачах ягоных Алесь раптам убачыў састарэлую ваўчыную тугу.
— Чаму не.
Ён ведаў, што чымсьці вінен і перад гэтай душой, якая паяснічала, але і тужыла, як усе.
— Я з казанскіх, — сказаў Алесь. — Матухна мая па старому сагласію. Аднойчы мяне беглы катаржнік вызваліў са страшэннай бяды… Я забыў… А тут прыйшоў матчын час, а незадоўга перад гэтым пасыпаліся на радзіну беды. І вось маці паклікала ды на смяротным адры і ўзяла абет, што буду жыць, каб нікому не было балюча… А што я паслугу забыў, а таму прыйшло няшчасце і майму дому і сябрам бліжэйшым — то ўзяла слова, што вызвалю, колькі здолею, такіх самых няшчасных… Вось я і зрабіў — «у выкананне абяцанага».
Шчалканаў глядзеў трывожна:
— Казка?
— Не, не казка.
Гэта сапраўды не была казка. Хіба што абставіны былі другія. І Шчалканаў, па тону сказанага, зразумеў, што гэта не казка, паверыў.
— Ну вось. А тут трынды-бярынды, бліны жаруць, снахачы-смаркачы. Недзе там усё ёсць, хоць бы ў Казані, дзе грыбы з глазамі, як ядуць, то плачуць слязамі. А тут Хлюст. Недзе — град Кіцеж. А тут мамаі ахотнарадскія грызікаў вуцюжаць… Гэх, чынчаль-мінчаль, жаўцякі для прыслугі — рыжыкі для сябе — пробель для цешчы.
Ён прыскокваў:
— Пасля лазенкі сам-та груздочкаў з лучком ды з масліцам абажаець. Куды как добра… Ікоркай-це на вербнае пабалавацца, хрысціянску-це душу з'еўшы.
— Што гэта ты па-чалавечы не гаворыш?
— Разрашаем сабе ў благавешчанне рыбкі пакушаць… Багадзельню-це абкраўшы, вялікі пост у благачэсціі правесці.
— Ты што?
— Абрыдла мне ўсё, — сказаў Шчалканаў. — Жывадзёрня багатыроўская бацьку майму належала — абрыдла. Усё абрыдла. Жыццё толькі пакуль сваё не абрыдла — і за гэта, за тое, што ад Хлюста вызваліў, — дзякуй. Але і яно неадменна гады праз два абрыдне.
Голас Шчалканава быў глухі.
— І тады я нешта дзікае зраблю. Зарэжу каго-небудзь, ці што. А сам пайду ў тракцір, чай піць. І прыйдзе па мяне хажалы: «Аляксандар Канстанцінавіч, цябе ведзь велена ўзяць». — «На». — «Не, ты лепей сам». — «То не перашкаджай чалавеку чай піць». І выдую пры ім тры самавары, хаця чаю гэтага бачыць не магу. А потым скажу: «Хрэн з вамі, падлы замаскварэцкія, хадзем, абрыдла ўсё».
Алесь не ведаў, што чалавек, які ішоў побач з ім, літаральна так і зробіць, так і разыграе ўсё праз пару год. Але ён бязмерна паверыў шчырасці, якая прагучала ў словах Шчалканава.
— Не дуры.
— Я тады разумнейшы ва ўсім гэтым горадзе буду… Гэх, вось сёння было жыццё!… Па абету, значыць?
— Па абету.
— Спадобіўся, значыць, і Шчалканаў… У-ух, сокалы залётныя!
Яны выйшлі на паляну, на якой ляжалі салдаты пад аховай Кірдуна.
— Гэй, кіслая воўна! — Шчалканаў мацаў вузлы на руках і нагах. — Не варушыцца, не качацца, да раніцы не крычаць. Хто закрычыць — самма-лічна прырэжу.
Браў з рук Кірдуна анучкі і спрытна заторкваў кожнаму рот.
— Вось так, ляжы, разумны… Не бойсь, Чухлама…
Унтэр, калі да яго дайшло, вылаяўся цяжкім, зацяжным матам.
— Ну-ну, — сказаў Шчалканаў. — Ай, малайчына! Вылайся яшчэ — да раніцы не давядзецца.
Сапраўды, пачакаў, пакуль той вылаецца, і толькі потым заторкнуў рот і яму.
…Пайшлі з паляны ўтрох. Кірдун імкнуўся трымацца ў баку ад Шчалканава. А той ішоў, нібы з яго вынялі ўсе косткі, абмякла шоргаў нагамі па траве.
І толькі калі падышлі да схаваных у гушчары троек, раптам ажывіўся:
— А тваіх няма.
— У гушчары сядзяць, — сказаў Алесь.
— І правільна. Зараз я гэтых новавяскоўцаў адклічу.
Свіст аддаўся над дарожкай. Той, пасля якога коні падаюць на калені.
Кірдун заціснуў вушы. А Шчалканаў заварочаў суздальскімі вачыма, засмяяўся:
— Вось яно як. Хлопцы, сюды!
Новавяскоўцы скочылі з козлаў, ламіліся патроху праз гушчар.
Падышлі. Сталі каля Алеся, Шчалканава і Кірдуна.
Алесь глядзеў на рыжага Міхалку Сямёнаўскага, на Ваську Снапа, на ўсіх іншых, якія ледзь не пазбавілі яго жыцця, а сёння сумленна дапамаглі зрабіць смяротна небяспечную справу.
— Ну вось, чынчаль-мінчаль, — сказаў Шчалканаў. — Што зроблена, тое зроблена. Цяпер справа наша старонняя. Цяпер нам у тракцір пад назвай «А я ўвесь час тут». У «Воўчую даліну». Нічога мы не бачылі, нічога не чулі.
— Там Хлюст, — сказаў Міхайла.
— Хлюсту грошы ў зубы, а нож у бок… І вось яшчэ што: калі нехта пачне выхваляцца, я яму сам Хлюстаў падаруначак паднясу.
— Глядзі, як бы нам табе не давялося такога гасцінчыка даваць, — усміхаючыся, сказаў Сноп.
Шчалканаў выпраміўся.
— Не будзе гэтага, андроны… Ну, хадзем.
— Чакайце, хлопцы, — сказаў Алесь.
Ён дастаў грошы.
— Бярыце яшчэ па пяцьдзесят.