— Плача нутро? То ж бо, я гэта ведаю. Сам двойчы перажыў такое… Дык вось, Антоне, калі нешта ўспомніш, калі нешта знойдзеш — ты Хілінскаму скажы. Мы ж сябры, ён мяне праінфармуе, — уздыхнуў. — Я ж ведаю, мала радасці чалавеку, ды яшчэ ўразліваму, цягацца па нашых установах.
Паклаў мне руку на плячо.
— А на Клепчу, хлопец, не сярдуй. Ён яшчэ малады, дурны, жарсткаваты ад маладосці. Зарываецца, як шчанюк-выжал. Жыццё яго не біла, не ламала. Вось ламане, як нас з Адамам, будзе ведаць цану дабрыні і даверу да таго, каго трэба. Пераканаецца, якая гэта палёгка, калі ніхто ў другі раз не б'е цябе доўбняй па галаве.
РАЗДЗЕЛ VІ КАРОТКІ. АБ СІВЫМ АНТЫКВАРУ І «БАРЫГУ»
Мне ўсё ж давялося яшчэ зайсці да Клепчы, хаця я не жадаў гэтага горай за смерць. Здарылася так, што вечарам наступнага дня ён пазваніў мне і ласкава праінфармаваў, што ні ў адным камісійным магазіне горада тых карцін — прабачце — няма і што, значыцца, меў месца крадзеж. Значыцца, усё было проста.
— Не, не проста, — сказаў я ў трубку. — Не ведаю, як з ягонай смерцю, але ён не паехаў бы на Романь, чакаючы звестак ад жонкі. Маглі скарыстацца адсутнасцю. Бо нехта, скажам, абяцаў за Евангелле вялікія грошы. Шукалі яго, не знайшлі, прыхапілі, што трапілася пад руку, ды і ўсё. А маглі і забіць у нейкі невядомы спосаб.
— То што б вы параілі, шаноўны Антон Глебавіч?
— Я ведаю? Я стаў бы шукаць таго, хто ўмаляў прадаваць яму кнігу, мо ён і падгаварыў узломшчыкаў.
— А можа, сапраўды схапіла сэрца, упаў, захлынуўся? А кватэру абрабавалі пасля?
— Вашы гіпотэзы, вы і правярайце.
Я паклаў трубку. Я цярпець яго не мог за адно толькі падазрэнне.
У гэтыя дні я зрабіў адно адкрыццё. Круціў кнігу і так і гэтак і знайшоў у дзвюх мініяцюрных чырвоных літарах нібы ўплеценыя ў завіткі лісцікі, кветкі і візэрункі — ініцыялы. Можа, мне гэта і здалося, але як часам бачыш у пляме на сцяне партрэт або пейзаж, так бачыў я ў дзвюх мініяцюрах ініцыялы ПДА — Пятро Давыдавіч Альшанскі — і ВХА — Вітаўт Хвёдаравіч Альшанскі. Гэта, здаецца, сцвярджала той факт, што Евангелле належала ім, але я не ведаў, чым гэты так званы факт можа мне дапамагчы. Ну, скажам, мог быць такі пабуджальны матыў, як выкраданне фамільнай каштоўнасці. Але дзе там, да д'ябла, члены той фаміліі? Хутчэй за ўсё, што матыў быў адзіны: спекуляцыя.
І вось праз два дні шаноўны пан Клепча пазваніў мне і ветліва запрасіў да сябе. Самі разумееце, што гэта было не тое запрашэнне, якое можна ігнараваць. Я з'явіўся і ўбачыў у прытульным такім кабінеціку дзве карціны, прыхіленыя да сценкі.
— Яны?
— Ясна, што яны. Унь, бачыце, на адваротным баку «Кромвеля» зацыраваны след пашкоджання.
— Ягоны почырк? — ён працягнуў мне квітанцыю.
— Почырк не ягоны. Подпіс ягоны.
Ён пачырванеў. Людзі ягонага тыпу не любяць, калі ім заўважыш, што яны няправільна гавораць. Мне і памаўчаць бы, але занадта ён мне абрыднуў.
Пасля я меў яшчэ два прыемныя знаёмствы. Адно — з сівенькім дзядком — антыкварам, гэткай сабе дзюбатай птушачкай з надзіва элегантнымі і рухавымі ручкамі. Другое — са здаравенным, выпешчаным бамбізам, такім фацэтам у шэрым гарнітуры з мяккай дарагой воўны. І гальштук да гэтага гарнітура пасаваў, і срэбны стары сыкгнет, менавіта сыкгнет, а не пярсцёнак. Не пасавалі толькі вышыбайлавы вусікі, але гэта ўжо ад густу кожнага чалавека.
— Дык я вам і кажу, — гарачыўся дзядок, — што тут і графічнай экспертызы не трэба. Гэта Пташынскага рука — мне ўжо і не ведаць.
— Словы, — сказаў Клепча.
— Што словы?! Што?!
— Словы, кажу, надта спецыфічныя, ведаеце.
Тут ён мне ўпершыню спадабаўся. Але дзядок узвіўся:
— Крымінальныя раманы пішаце?! Дэтэктывы друкуеце!! То што вы хочаце, каб людзі не ведалі спецыфічных выразаў? Што?! А што датычыцца, што вы карцін не бачылі, то я галоўны антыквар, то я такі быў у ад'ездзе і квітанцыі схаваў, а карціны на складзе былі. І вось іх выставілі, што?! Вы ж бачыце, калі здаў.
— За два дні да смерці, — сказаў Клепча, — вось чаму было шмат грошай. Слухайце, а вы гэта дакладна ведаеце, хто званіў Пташынскаму наконт кнігі?
— Ну, хіба я што? Я дакладна! Спыталі б з самага пачатку ў мяне, і не спатрэбілася б тых дурных падазрэнняў, так? І ён рады быў сам сказаць з пачатку. Вось ён хацеў купіць, Барыс Гутнік! Ужо я што, Бору не ведаю, каб не ведаць, хто хацеў купіць.
— З якой прычыны хацеў купіць?
— Кнігалюб. А што, нельга?
— Гандлюе кнігамі.
— Дык я ж не чуў. Часам мяняе.
Прывялі і Бору, таго самага выпешчанага бамбізу.
— Я званіў, — спакойна прызнаўся ён, разглядаючы дагледжаныя пазногці. — Толькі ніякага шантажу не было. І ніякага «чалавека вясковага выгляду», што быў на выстаўцы кнігі, не ведаю… Так, разы тры званіў. Усё думаў, што перадумае… Ну, проста хацеў гэтую кнігу.
— Для працы?
— Не ўсе, хто любіць кнігу, ужываюць яе для працы. Я проста люблю кнігу. А вы хіба не?
Хацеў бы я ведаць чалавека, які ў наш адукаваны век прызнаўся б, што ён цярпець не можа кніг. Хоць да гэтага мы, дзякуй богу, дараслі.
Клепча сумеўся, а малады бамбіза дужа сур'ёзна вёў далей:
— Гэта адзіная мая страсць, таварыш лейтэнант. За гэта, па-мойму, не судзяць. І калі ўжо «кнігі суць рэкі, што напаяюць сусвет», то як можна вінаваціць таго, хто прагне і п'е. Ясна, званіў, не хацеў выпускаць з рук.
— Вам не здаралася гандляваць кнігамі? — спытаў Клепча.
Гутнік палез у кішэнь пінжака і выняў газету.
— Гэта яшчэ нашто?
— Сёння якраз, ідучы сюды, атрымаў. Беластоцкая «Ніва». Бачыце, падзяка за тое, што перадаў у бібліятэку дзвесце пяцьдзесят назваў кніг. Каб гандляваў, наўрад ці зрабіў бы такое. Менш каштоўныя, як лепшых набярэцца, адразу аддаю. Можаце праверыць.
— А мы і праверылі, — сказаў Клепча, — тут вы не хлусіце, усё праўда. І тут аддавалі, і ў Віцебск, і польскім беларусам.
Я не ведаў, чаго Клепча трымае пры гэтых допытах мяне. Папрасіў дазволу закурыць, бо «аж вушы ў мяне ад жадання папухлі», раскрыў пачак.
— Дайце і мне, — папрасіў раптам бамбіза. — Дзякуй. Што-то такое? «БТ»? Курэц з мяне ніякі, але, разумееце, расхвалявала мяне гэтая гісторыя.
Няўмела зацягнуўся, аж шчокі да зубоў прыліпнулі і, паказваючы на газету, сказаў нібы проста ў прастору, але з відавочным жаданнем ушкуліць Клепчу:
— Імя надрукавалі. Ветлівыя людзі. А тут і сабака не скажа «дзякуй».
Гэты чалавек пачаў выклікаць да сябе прыхільнасць. Нават ягоныя вусікі не здаваліся ўжо мне фатаўскімі.
Ідучы дадому, я думаў, што і апошнія ўскосныя доказы рухнулі. Нічога не дало ўскрыцце, нічога не дало знікненне карцін. Ні ў кватэры, ні на месцы, дзе загінуў Мар'ян, не было знойдзена аніякіх слядоў. Наконт кнігі званіў ні ў чым не вінаваты кнігалюб, дый невядома, ці кнігу шукалі ўзломшчыкі, што ўсыпілі сабак.
…Мінуў тыдзень. Ніхто мне не званіў, ніхто не выклікаў мяне, і па гэтых прыкметах я зразумеў, што следства з поваду заўчаснай смерці Мар'яна Пташынскага, хутчэй за ўсё, зайшло ў тупік.
РАЗДЗЕЛ VІІ ШТО БЫЛО СКАЗАНА Ў «НОВЫМ ТЭСТАМЕНЦЕ» І ЯКУЮ ТАЯМНІЦУ СХАВАЎ У «АПАКАЛІПСІСЕ» ІААН БАГАСЛОЎ…
Працаваць я не мог. Бавіцца — таксама. Неадчэпныя думкі аб Мар'яне і ягоным нечаканым канцы мучылі мяне і ўдзень і ўначы. Заставалася адно: тупа і ўпарта сядзець над ягонай кнігай і думаць, думаць, думаць. Думаць без усякай надзеі да нечага дадумацца, без усякай змогі звесці канцы з канцамі. Адзінае, што было тут ненадрукаванае, гэта маргіналіі*, каментарыі хуткапіссю. Часцей за ўсё містычнага характару, накшталт: «Збылося пры каранаванні» або «спраўдзілася ў вешчым сне такога і такога».
* Паметкі на палях.
Мне ўжо даўно хацелася плявацца, і аднак… У той вечар я вырашыў зрабіць апошнюю спробу. Пад зялёным абажурам гарэла асабліва моцная лямпа. Святло біла мне ў вочы, і таму я апусціў каўпак яшчэ ніжэй, каб яно падала толькі на кнігу. Ці я выснажыўся за апошнія дні, ці так падзейнічала ціша, але я на хвіліну задрамаў і, мабыць, асунуўся ніжэй у крэсле. А калі расплюшчыў вочы, яшчэ замглёныя сном, убачыў на левай балонцы ледзь прыкметныя цёмныя кропкі. Узняў галаву — яны зніклі. Апусціў — зноў з'явіліся. І тады я зразумеў, што бачу не кропкі, а ледзь прыкметны «цень ад кропак», ад нейкіх шурпатасцей паперы. Заплюшчыў вочы, правёў кончыкамі пальцаў і адчуў іх навобмацак. Я перагарнуў балонку і ўбачыў, што гэтым невідочным, мікраскапічным пукатасцям, якія і давалі падобны на россып парушынак цень, адпавядалі значна меншыя за шпілечную галоўку ўмяцінкі, зробленыя, можа, тупым канцом іголкі. Пазней я ўпэўніўся, што ў гэтым месцы яны яшчэ былі буйныя. Каб не шчаслівы збег абставін, каб не гэтае нізкае месцазнаходжанне крыніцы святла і маіх вачэй — я так бы нічога і не даведаўся. Але толькі гэта і было шанцаваннем. Далей прыйшла чарга на ўменне.
Гэтыя націскі былі размешчаны без усялякай сістэмы. Я налічыў дзевяць такіх пад літарай А, дзесяць пад літарай С і г.д. Калі гэта і быў тайнопіс, то такі, якога не разгадаеш. Крыптаграма? Аанаграма? А чорт яго ведаў, як называўся той спосаб у сярэднія вякі. Выскачыла мне з галавы тая назва. Ну, я вам тады растлумачу сутнасць. Патэнтнага бюро тады не было, бюро адкрыццяў таксама. Скажам, вучоны рабіў нейкае адкрыццё, але хацеў мець яшчэ крыху часу, каб яго праверыць. Але як зрабіць, каб не перахапіў нехта іншы, каб пасля можна было давесці свой прыярытэт? Тады ён зашыфроўваў вынаходніцтва.
Яно, скажам, заключалася ў адным сказе: «У шэфа доўгі, чырвоны ад віна нос». Няўдалы прыклад, бо тут давялося б шыфраваць зусім па іншай прычыне, не па навуковай, а па адміністрацыйнай, але няхай.
І вось наш навуковец выпісваў адтуль, колькі разоў сустракаецца тая ці іншая літара, і запісваў гэта так: ў-1, о-З, р-1, ы-2, і-2, у-1, ф-1, н-3, в-2, с-1, ч-1, г-1, а-3, ш-1, э-1, д-2. Або: ўооорыііі і г.д.
Калі чалавек паміраў, таямніца аб шэфавым носе памірала разам з ім. Не ведаю, ці можа ў такім выпадку дапамагчы нават самая складаная электронная машына з безліччу перабраных і выпрабаваных варыянтаў.
Той, хто адкрыў нешта, завяраў шыфроўку ў натарыуса, рассылаў іншым буйным вучоным і пасля спаў спакойна, ведаючы, што ніхто гэтага не разгадае, што ўчастак застаўся за ім.
А ўрэшце быў факт, калі, здаецца, Галілей — я не астраном і таму, магчыма, расказваю вам легенду або ў нечым скажаю рэчаіснасць, але сутнасць гісторыі была прыблізна такая, і я пра гэта недзе чытаў — застрахаваўся такім чынам і, ледзь не Кеплер, не паленаваўся перабраць усе магчымыя варыянты і падстаноўкі літар і заявіў, што зашыфраваны сказ гучыць так: «Прывітанне вам, блізнюкі, Марса параджэнне!» А калі гэта так, то Галілей адкрыў спадарожнікі Марса. Было, праўда, некалькі лішніх літар, здаецца, тры, але тады і гэта назнарок рабілі, дзеля большай упэўненасці.
Праз некаторы час Галілей усё праверыў і выступіў з паведамленнем, што змест ягонага адкрыцця, калі адкінуць шэсць лішніх літар, такі: «Высачайшую планету трайною назіраў». Выявілася, што ён адкрыў кольцы Сатурна. Але я ніколі не быў Галілеем і ніколі не буду Кеплерам, дый чорт яго возьме цярплівасці на два гады падстановак і варыянтаў, каб пасля зведаць цікавы факт, што ў жонкі такога і такога ногі крывыя і валасатыя.
Таму я падумаў, што ўмяцінкі могуць быць і на іншых аркушах і што я іх проста не заўважыў. Гэтыя я прыкмеціў на першай балонцы «Апакаліпсіса», і, па логіцы думкі, можна было меркаваць, што і астатнія, калі яны ёсць, будуць зробленыя невядомым шыфравальшчыкам на першых балонках кожнай кнігі. Гадзіны дзве заняло прагляданне на святло, аж пакуль я не дабраўся да «Новага тэстаменту». І тут я заўважыў…
Я выпісваў літары. Нешта атрымлівалася.
«Я есм перыв (гэта значыць первы, першы — аўтар наблытаў, бо тэксту кнігі не хапала) і опошні…»
Мне карцела ўзяцца за «Апакаліпсіс». Неяк падсвядома я меркаваў, што асноўная частка тайнопісу там, што мозг сярэдневяковага чалавека абавязкова павінен быў бы праводзіць нейкую паралель паміж сваёй таямніцай і таямнічасцю «Адкравення», што ён павінен быў нібы спаборнічаць у незразумеласці з самім апосталам Іаанам. Але я стрымаўся і вырашыў сачыць слова за словам, аж пакуль не заяснее надзея.
Вы ўжо ведаеце, што ў агульную вокладку былі пераплецены без усялякага парадку і без якой бы там ні было сістэмы кнігі зусім рознага зместу. Урэшце, я дабраўся да «Статута» 1588 года.
Нашч…
Я поўзаў па гэтых радках, літарах і націсках, слепячы вочы нізкім агнём пяцісотватнай лямпы.
…атку разумному — нашчадку разумнаму.
Я ўпаў у нейкую раз'юшанасць работай, у нейкі шалёны азарт. Усё ж гэта была шыфроўка пачатку XVІІ стагоддзя. Яшчэ быў жывы Леў Сапега, яшчэ не нахлынулі шведы, яшчэ старажытная мова гучала, гучала на поўны рот й ва ўрадзе і ў судзе. І паступова на асобным аркушы ўзніклі выпісаныя мною словы:
Ён назнарок не дзяліў сказа на словы, гэты шыфравальшчык. Але тут ён дапусціў адну ўласцівую ўсім людзям памылку: пісаў літары як найгусцей менавіта там, дзе словы дзяліліся. Я праверыў, дзе стаіць «ъ» пасля зычнай, і пераканаўся, што гэта так. І тады я стаў дзяліць сказ на словы і, адначасова, перакладаць яго. Шкодзіла тое, што невядомы аматар таямніц назнарок парушаў сучасную яму старабеларускую граматыку, каб цяжэй было здагадацца. А можа, недастаткова ведаў яе. Але ж зусім адступіць ад яе ён не мог. Ён заўсёды так ці йначай заставаўся ў яе палоне.
Нашчадку разумнаму вяную (завяшчаю) медзь пасярэбраную. І кому медзь, таўчы В (тры) фунты (з) паловаю. Чарговасць (такая): карэнчыкі лацне (зручна) пачатак схавалі, медзь укрыла астанняе (астатняе)…
Не дужа гэта было зразумела, але нейкі сэнс намячаўся. Што ж, далей, давай далей.
…аче каженикъ галавою кепъ ни украдзеш (нрзбрл.) бязецна загамую бо клюкою розумны складзи змю лсвцаю дымам складзи канонъ вшыткае вакол меди каб меци занехаеш (нрзбрл.) за завораю.
Каб ты дзе згарэў бы са сваёю шыфроўкаю, халера! Але нічога не зробіш, папаўзеш далей, хаця вучоныя нашы так і не ўдасужыліся за сто год даследаванняў зрабіць адносна поўны слоўнік старабеларускай мовы (слоўнічкі ў канцы некаторых гістарычных прац у лік не ўваходзяць, дый каштуюць няшмат).
аче (калі) каженикъ (скапец) галавою, кепъ.
Чамусьці мне прыйшло ў галаву венгерскае kep, і зусім не прыйшло да галавы, што й па-польску дурань — kiep. Ото я й выявіўся — кепъ.
«Калі скапец галавою, дурань, (то) не ўкрадзеш (нрзбрл) подла. Загамую (затрымаю), бо клюкою (тут не хапала слова, але можна было ўявіць, што «клюкою», ключом хітрасці або розуму). Разумны, (то) складзі змяёю, лесвіцаю, дымам…»
Дымам? Пры чым тут дым?!
«Канонъ (то бок пярэдадне, а можа, у значэнні спачатку) вшыткае (усё цэлае, усё да канца) вакол медзі, занехаеш (не звернеш увагі, выпусціш з увагі (нрзбрл) за завораю (за завалаю)».
Пасля я паспрабаваў перакласці ўсё гэта на сучасную чалавечую мову. Атрымалася, за выключэннем цёмных месц, так:
«Я, першы і апошні, нашчадку разумнаму завяшчаю медзь пасярэбраную. Іншаму, медзь таўчы, у тры фунты (з) паловаю. Чарговасць такая: карэньчыкі зручна пачатак схавалі, (а) медзь укрыла астатняе. Калі (ты) скапец галавою, дурань, (то) не ўкрадзеш (нрзбрл) подла. Затрымаю (бо) цябе ключом (хітрасці?). (Калі) разумны, (то) складзі змяёю, лесвіцаю, дымам… Складзі спачатку ўсё цэлае вакол медзі. Не звернеш увагі (нрзбрл, можа — «застанецца?») за завалаю…»
Калі я запісаў апошнюю літару — мяне аж у пот кінула. І нельга сказаць, каб сэнс гэтага запісу стаў больш ясны пасля перакладу. Як і раней, я не ведаў, у чым тут справа, што да чаго і як.
Я падрыхтаваў сабе вады з варэннем, кінуў туды некалькі кубікаў лёду, узрэзаў свежы пачак цыгарэт, скінуў туфлі і заваліўся на тахту, пакурваючы і прысёрбваючы ваду, бо ў мяне ад гэтых дурацкіх лінгвістычных практыкаванняў глотку нібы наждаком прадзерлі.
Чорт яго ведае, нешта такое, схаванае пад карэннямі, — яно спачатку.
А тое, што потым, нехта схаваў пад меддзю, халера на тую медзь і на тое дрэва з карэннямі. І калі ты не дурань, то гэтае нешта, гэтую медзь, гэтыя карэнні або тое, што схавана пад імі, абкруці змяёю і дымам вакол яшчэ нейкай медзі, каб нешта не засталося за завалаю… Ну, а як абкруціш, то што будзе? Другое прышэсце? Булён з бобам? Дуля з макам пад нос?
Я ўстаў, падышоў да акна і прыпаў лобам да халоднай шыбы. Стаяла ўжо ноч. У чорнай люстры шкла адбіваўся мой твар, агеньчык лямпы, а праз усё гэта праступаў непрытульны гарадскі краявід з апошнімі агнямі ў вокнах і з чорным асфальтам, па якім навыперадкі скакалі расхвастаныя, раздзертыя ветрам вадаспады дажджу.
Быў на мяжы таго, каб кінуць усё гэта. Больш ва ўсёй кнізе не было паметак, і бог яго ведае, што схаваў пад сваім тайнопісам той даўні чалавек, па костачках якога прагрукатала ўжо некалькі стагоддзяў.
«Кіну», — вырашыў я.
Але ў той жа момант я ўявіў, як далёка за мяжой горада, на новых могілках, дзе нават і дрэў яшчэ няма, а толькі пруткі выбіваюцца з халоднага глею, ляжыць у гэтай самай ледзяной персці тое, што было калісьці Мар'янам, лепшым, адзіным, можа, апошнім маім сапраўдным сябрам на гэтай клятай зямлі. Ён завяшчаў мне гэтую таямніцу, ён непакоіўся, ён, магчыма, загінуў з-за яе. Бо хоць вы мяне расстраляйце, а я не верыў, што ўсё тлумачыцца так проста: завалам сэрца і падзеннем у ваду. Я не верыў. У мяне было першабытнае, жывёльнае прадчуванне, як у сабакі, што ўсё гэта не так, і калі слядоў не знойдзена, калі нішто не ўкрадзена, калі ніхто невінаваты з дапытаных да гэтага часу — гэта не азначае, што іх няма, што новых слядоў не будзе. Урэшце, я проста быў абавязаны перад ягонай памяццю.
І таму я зноў закурыў, сціснуў палаючую галаву халоднымі рукамі і, сабраўшы ўсю сваю напятую, сцюдзёную рашучасць, паспрабаваў засяродзіцца, сканцэнтраваць усю сваю ўвагу толькі на адным.
«Медзь… змяя… дым… Пры чым тут, да д'ябла, дым?… Медзь напісана там, як мед… А мо гэта не «медзь», а «мёд»? Лухта сабачая лезе ў галаву, шаноўны сябар Косміч, лухта і трызненне сівой кабылы! Таму што які асёл будзе хаваць нешта там у мёд? Хіба забітага на вайне знатнага чалавека залівалі ў труне мёдам, каб давезці цэлым да радавой магільні ці да бальзаміроўшчыка? Але ўявіце сабе чалавека, які расшыфраваў, шукаў, забіў на гэта палову жыцця і ўсё толькі дзеля таго, каб адшукаць труп. Гэта, прабачце, гумар шыбеніка. Дый потым, што можна намотваць вакол мёду? Не, ясна ж, што гэтае нешта трэба матляць вакол нейкага меднага прадмета. А нашто?… Не, з гэтага канца нічога не выходзіць… Карэнні скрылі пачатак. Дрэва з карэннямі… Стоп! А чаму дрэва? Пра дрэва нідзе не сказана!… І ўрэшце існуюць на свеце амонімы… Так… Ну, ну… Карэньчык можа быць не толькі ў дрэва… Карэньчыкі могуць быць тытунёвыя… Карэньчык можа быць… у… кнігі. У кнігі, чорт пабірай! У кнігі!»
Я кінуўся да стала, дзе ляжала кніга. Я не мог пачакаць, не мог абдумваць усё гэта далей. Таму што яшчэ аднаго расчаравання я не вынес бы. Я страшэнна баяўся і адначасова нібы загадзя — і цвёрда — ведаў, што не памыляюся. Бо я быў ідыёт, які нават не здагадаўся, што лепш за ўсё можна замаскаваць рэч на вачах ва ўсіх.
Карэньчык шчыльна прылягаў да аркушаў, але не быў прашыты ніткамі, і гэта мяне крыху супакоіла. Я ўзяў жалезную лінейку і пачаў асцярожна прасоўваць яе за карэньчык. Лінейка ўваходзіла дужа павольна і з ціхім патрэскваннем: аддзіраўся клей. І гэта было так, нібыта сталёвы ланцэт з патрэскваннем рэзаў маю ўласную плоць. Ну так, гэта было варварства, ясна, але я не мог болей чакаць. І я не рэзаў па кнізе, а проста адсоўваў гэтую рудую скуру, хай сабе і аддзіраючы прыклеенае. Пасля склею зноў. Грунтоўна і старанна.
Ён, урэшце, адстаў. Я зірнуў у прасвет і заўважыў, што там нібы нешта жаўцее. Дзе пінцэтам, а дзе і пальцамі я цягнуў, варушыў і паступова выцягнуў гэтае жоўтае…
…І амаль крыкнуў, уражаны, калі на стол перада мною лягла, урэшце, складзеная ўдвая стужка пергаменту. Доўгая стужка, на якой былі раскіданы літары, напісаныя старажытным, чорным і парудзелым атрамантам. Інкаўстам, як называлі яго продкі ў тыя часы.
Я тут жа змераў пергамент. Даўжынёю ён быў, як разгорнеш, у 63 сантыметры, шырынёю — у 49 міліметраў. Літары былі раскіданы, як ім хацелася, але нават там, дзе яны складалі радок (заўсёды пад пэўным вуглом да палоскі), — я нічога не мог зразумець. А між тым гэта не магло быць адвольнай камбінацыяй знакаў, бо суседнія радкі гучалі так:
ZІN РЯЪ ХМНВ FІNІS.
Прынамсі, адно слова Finis было зразумелае. І слова тое было лацінскае. І азначала яно «канец». Але варта было перайсці да суседніх кавалкаў, напісаных родненькай нашай кірыліцай, і адразу выходзіла лухта накшталт такога:
Скажыце, вы чулі калі-небудзь пра слова, якое пачынаецца з цвёрдага знака, або пра цвёрды знак, які выгодна размяшчаўся пасля галоснай? Я — не.
І я чытаў, і ўсё гэта гучала, як у звар'яцелага рабіна, што чытае беларускую кнігу на яўрэйскі манер, з канца.
А чорт! А чаму і сапраўды не ўявіць, што гэта напісана «з канца», наадварот. Скажам, метадам, які тады лічыўся дасканалай шыфроўкай, а цяпер перайшоў у карыстанне дзяцей, калі яны гуляюць у таемныя суполкі.
Тады першай літары алфавіта павінна адпавядаць апошняя.
А — гэта я, а я — гэта а.
Гм, вось і адпаведныя кавалкі «яа». І яшчэ «яа». І яшчэ. Значыць, гэта «ая». Падобна на тое, што канчаткі прыметнікаў жаночага роду, тыпу «тоўстая», «дурная». Ну што ж, у гэтым нешта ёсць. Цалкам магчыма, што гэта і ёсць дзіцячыя хітрыкі «літарэі», калі алфавіт дзялілі напалам, першую палову пісалі злева направа, а другую справа налева, пад ёю, і пасля замянялі літару з верхняга радка літарай з ніжняга і наадварот.
Што ж, паспрабуем і мы.
Колькі ж гэта ў яго было літар у старабеларускім алфавіце? Ну, у часы Кірылы Тураўскага было сорак дзве. Але нават ужо ў той час амаль не ўжывалася літара ђ — дзерв. А ўжо да XVІ стагоддзя і пагатоў.
Шыфравальшчык наўрад ці ўжываў яшчэ й такія знакі, як юсы простыя і ётаваныя. Выкраслім і іх. Літары «от», «ксі», «псі» не былі ў пашане ў старажытных беларусаў, асабліва ў мірскіх дакументах. Продкі вызначаліся рацыяналістычнасцю і схільнасцю спрашчаць непатрэбна складаныя рэчы. Што ім было ў аўтаматычна перанесеных з грэчаскага алфавіта знаках? Падумаеш — «ксі» ў слове «Аляксандр»? Можна і дзвюма літарамі напісаць.
Я доўга думаў над тым, ці ўжываў мой чалавек такія літары, як «зяло», «і дзесяцірычнае», «фіта», «яць» і г.д. І вырашыў, што не ўжываў. Замест іх цалкам можна ўжыць звычайныя з і ф. А яму трэба было як мага спрасціць сваю справу.
Такім чынам, складзены мною «алфавіт шыфравальшчыка» набліжаўся да сучаснага беларускага алфавіта, з тым выключэннем, што ў ім не было літар э (яе ў той час увогуле не было) і, вядома, ў. Бо кірылаўскі алфавіт яе не ўжываў, і мы нават не ведалі б, ці існаваў такі гук у нашай тагачаснай фанетыцы, каб не ўскосныя меркаванні і каб не беларускія кнігі, што пісаныя арабскім шрыфтам, які мае і дз, і мяккае ць, і шмат іншых рэчаў такога роду.
Затое, па роздуме, я ўключыў у алфавіт літару ш (шта), досыць распаўсюджаную ў тагачасных тэкстах. Такім чынам, у мяне атрымалася трыццаць літар, або два рады па пятнаццаць.
На адным баку былі такія літары (я, вядома, даю сучаснае іх напісанне, а не вычварнае тагачаснае).
І больш нічога да самага канца ўсёй шасцідзесяцітрохсантыметровай паласы. Я падставіў літары.
ЯК ЛА ТІ Н
«Як латін…» Нешта складалася. Але чаму толькі гэта? Напісаў, пасля раздумаў і перагарнуў стужку? Можа быць.
Першая літара на адвароце щ. Гэта значыць е. «Як латіне». І тут добра. Пя — значыць ра. Што ж яны ра? Пако етнас? Глупства, пане дабрадзею. Але вось дзесяты радок хмнв Finis падыходзіць — кутъ Finis. «Як латіне ракуць Finis». Што ж, гэта чалавек яшчэ й тут шыфраваў? Пісаў першы радок, дзесяты, дваццаты, а пасля запаўняў прамежкі іншымі радкамі? Але дваццатым радком было нейкае дурацкае ані ы б. Гэта я малпячай сваёй часткай падумаў расшыфраваць усё з налёту.
Калі я пераклаў літарэю на звычайную, нармальную чалавечую мову, на палосе з'явілася такое:
Першая палова стужкі:
Другая палова стужкі:
Пытанне першае: чаму пісаў наўскос? Пытанне другое: чаму пергамент увесь носіць сляды колішняй змятасці і, сям-там, плямы ад клею? Пытанне трэцяе: якім метадам запісу карыстаўся той чалавек?
Вось слова «капь», старая мера вагі. Яна паўтараецца. Ясна, што гэтыя радкі павінны быць побач, бо хутчэй за ўсё тут пералічваецца нешта. Але паміж словамі капь зта і капь срла не дзесяць, а адзінаццаць радкоў. Не, гэта зноў не тое. Ты зноў ледзь не ўдарыўся па лёгкай дарозе. Зноў. І таму зноў пакарай сябе цяжкай працай, чалавеча.
Думай, хлопец! Як бы ні здавалася, што сэнс лёгкі, — думай. Думай! Варушы мазгамі. Чаму палоса змятая? Чаму наўскос? Чаму плямы клею, белыя кавалкі, чаму не змяты менавіта той канец, на якім тыя, адзіныя на ўвесь другі бок, літары?…
У кніжным шыфры ёсць словы: «…складзі змяёю, лесвіцаю, дымам… Складзі спачатку ўсё цэлае вакол медзі».
І тут мяне як стукнула. Я ўспомніў адзін сярэднявечны беларускі спосаб дасылання таемных лістоў. Два военачальнікі, дыпламаты або змоўшчыкі загадзя рабілі сабе два прадметы аднолькавай формы. Кожны меў пры сабе адзін з іх. Калі трэба было даслаць данясенне, адзін з іх наматваў на свой прадмет палосу паперы, даўжыня і шырыня якой былі загадзя абумоўленыя. Пасля тэкст пісалі ўздоўж гэтага прадмета. Потым палосу разматвалі. На раскручанай стужцы нічога нельга было зразумець, бо словы, часткі слоў, нават літары былі цяпер у самых розных яе канцах. Той, хто атрымоўваў данясенне, накручваў яго на свой прадмет пад загадзя агавораным вуглом… і чытаў… Ганец не ведаў зместу. Выпадкова трапіўшы ў рукі ворага, ён нічога не мог выдаць. Усе, нават злосныя непрыяцелі, ведалі гэта, і рабілася такое не з недаверу да ганца, а проста каб чалавека не мучылі дарэмна.
Пакуль што ўсё сыходзілася. І змятасць. І рады, пісаныя «наўскос». І плямы клею, бо ім для зручнасці, каб не раскручвалася падчас пісання, замацоўвалі стужку. І нават тое, што некалькі літар было на адным баку, а ўсё астатняе на другім. Відаць, прадмет быў складанай формы і шыфравальшчык перакруціў палосу, каб яна зручней абвілася вакол нейкага выступу. Паспрабуйце, сапраўды, навіць вакол чагосьці непаслухмяны пергамент! Гэта вам не пакорлівая папера.
Усё сыходзілася, усё было» акрамя… акрамя таго, што я не меў і ніколі не мог мець — прадмета, на які тая стужка навівалася тры з паловай сотні год назад.
Адзін разумны нашчадак меў частку чагосьці важлівага, тое, што «скрылі карэнні». Але ён не ведаў, у руках якога другога разумнага нашчадка знаходзілася «медзь», тое, на што трэба матляць, не ведаў яе формы. А значыць, усе мае намаганні пайшлі «на псы».
…Чаму «на псы»? Думай, хлопец, думай! Справа, вядома, будзе дужа цяжкая, калі той «прадмет», скажам, меў форму двух конусаў, складзеных асновамі. Дужа цяжкай, але і тут магчыма. Ды толькі наўрад ці карысталіся яны прадметам такой складанай формы… Часцей за ўсё палоса пергаменту ці паперы матлялася на жазло пэўнай даўжыні… А што такое жазло?… Гэта той самы кій… А што такое кій? Кій — гэта, калі вызначаць прыбліжана, той самы цыліндр, хай сабе складанай канфігурацыі, дзе таўсцейшы, а дзе і танейшы. Калі гэта так, то чаму не вырашыць задачу, якая здавалася нязмерна цяжкай мазгам звычайнага сярэдневяковага чалавека («наш, просты сярэдневяковы чалавек») і якую зараз можа вырашыць нават вучань дзевятага класа, калі ў яго, вядома, на плячах галава, а не кавун.
Я пішу ўздоўж прадмета. Палоса можа навівацца на гэты прадмет пад любым вуглом. Вугал між карацейшай адлегласцю па нармалі (шырыня палосы), аднесеныя да даўжыні радка ёсць косінус вугла намоткі.
…Змераў даўжыню радка пад вуглом. Яна — 58 міліметраў. А шырыня самой палосы — 49 міліметраў.
49/58 = 0,82
Ну вось, гэта пайшло ўжо крыху цікавей. Дзе гэта мая лагарыфмічная лінейка? Я ж не карыстаўся ёю з часоў раскопу ў Гарадзішчы і звязанай з гэтым гісторыі. Чорт пабірай, гэта мог дадумацца толькі бацька: падсунуў яе пад насценны прайгравальнік, каб не драпаў фарбы.
Ну, 0,82 бяром у квадрат. Атрымоўваецца, што матлялі пад вуглом у 20°. На жаль, прадмет, здаецца, і сапраўды быў складанай канфігурацыі. Мяркуючы па змятасцях, крыху таўсцейшы на абодвух канцах і ўсярэдзіне. Але гэта нічога. Дзе вугал іншы — адпаведна і разлічым. Дый, нягледзячы на патаўшчэнні, шаг (вугал намоткі) будзе адзін, павінен быць адзін. Проста ў такіх месцах пергамент будзе заламвацца, заходзіць пад наступны віток або напаўзаць на яго, і, значыцца, вугал амаль не зменіцца, а проста застануцца на стужцы белыя, незапоўненыя літарамі месцы. Што мы й бачым у нашым выпадку.
Цяпер іншае. Цяпер больш складанае. Як вылічыць дыяметр рэчы, на якую трэба матаць усё гэта? Трэба знайсці хаця б адзін радок, які супадае. Скажам, напісана:
/ ма / ма /
І тады разгарнуць стужку і змераць адлегласці паміж складамі, замерыць яе.
А гэта штука роўная ?D.
Пашукаем такі радок. Ёсць такія радкі. Вось па сэнсу бадай такое: «етнас… цю моею… о маю то ма». «(Шт) о маю, то ма… етнас… шо моею». Або — капь срла. Малайчына, што пералічваў, разумнік, што даў мне гэты ключ! Ты й не думаў, што даеш мне не вядомае табе ?D. Ты не меў і зялёнага паняцця, што адсюль, D дыяметр рэчы, на якую ты матаў сваю таямніцу, роўны змеранай адлегласці між радкамі, што супадаюць. Роўнай гэтай адлегласці, падзеленай на 3,14. Галавастыя людзі твайго семнаццатага стагоддзя таксама ведалі гэта, але ведалі крыху іначай — як-то яны гэта ведалі? — ага, яны, наколькі мне памятаецца, ведалі гэта, прынамсі ў Беларусі, як 22/7. Што ж, і гэта хлеб, амаль тое самае з разыходжаннем у чацвёртым знаку. Але ты наўрад ці вадзіў знаёмства з галавастымі людзьмі. Галавастыя людзі, яны непакояць, таму вы іх не любіце, стараецеся не паважаць, і гэта галоўная ваша памылка ўва ўсе часы, шаноўныя панове-магнаты. Таямніца твая нават для галавастых тваёй эпохі ляжала на паверхні.