Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Чорны замак Альшанскі

ModernLib.Net / Исторические детективы / Караткевіч Уладзімір / Чорны замак Альшанскі - Чтение (стр. 13)
Автор: Караткевіч Уладзімір
Жанр: Исторические детективы

 

 


Мне зноў пашанцавала. Калі я вылез з аўтобуса, які не заходзіў у Альшаны, а прамаваў проста на Кладна, я ўбачыў, што месца маё займае нейкі чалавек, які здаўся мне нібы крыху знаёмы, а ад прыпынку збіраецца ад'язджаць на нейкай дзіўнай таратайцы, што памятала, мабыць, бацьку апошняга Альшанскага, пан фальварковец з-пад Альшан Ігнась Якаўлевіч Высоцкі ўласнай персонай.

— Стой, воўк цябе рэж, — прыкрыкнуў ён на каня і ўсміхнуўся мне. — Во і вам пашанцавала. Не трэба тых кіламетраў тэпаць.

— Што, адвозілі кагосьці?

— Ды так, кантралёр-рэвізор адзін быў у Семярыках. Датопаў да Альшанкі гэтыя чатыры кіламетры. Ды Ганчаронка сустрэў. Знаёмыя. Тут бухгалтар да старшыні: «Хай яго Высоцкі падвязе. Чаго чалавеку ногі біць? Ну і, глядзіш, прыдасца некалі».

Альшанскі яму:

— Трэба так гаспадарку і твае сальда-бульда весці, каб кантралёр-рэвізораў толькі з далікатнасці на прыпынак вазіць. Каб ведаў, што гэта мы не ад страху, а ласку яму робім. Ладна, хай Высоцкі адвязе.

— А мне што? Я і павёз. Служба такая.

— І што за чалавек?

— Ды дзіўны нейкі, маўчун. Толькі вуса й круціць ды, як каля замка ехалі, спытаў, ці гэта ён і ёсць,

— Нешта ён мне здаўся падобны на кагосьці.

— Ды і мне спачатку, здалёк. Недзе некалі нібыта бачыў. Пасля прыгледзеўся — не, зусім невядомая морда.

Цёмныя купы дрэў часам амаль змыкаліся над дарогай, утвараючы тунель. І ў канцы яго мігцела нізкая калючая зорка. Крыкнуў, заплакаў, зарагатаў у нетрах пугач. Пазнавата. «Песні» іхнія адышлі разам з вясной. Хаця бываюць сярод іх адзінкі, што плачуць і рагочуць летам, нават ранняй восенню.

— Ну а вы адкуль, так бы мовіць? — спытаў Высоцкі.

Маніць не выпадала. Шмат людзей бачыла мяне ў Замшанах, некаторыя (познія смаржкі, відаць, збіралі для аптэкі) — на сцежцы, што вяла да ўрочышча. Дый не люблю я гэтага занятку, акрамя тых выпадкаў, калі іначай — зарэз. І, самае галоўнае, чаму вучыла нябожчыца маці і што я запамятаў на ўсё жыццё: «Хлус павінен мець добрую памяць». Сапраўды, павінен, каб пра нейкія падзеі не збрахаць таму ж самаму чалавеку зусім па-іншаму. Або проста прагаварыцца ненарокам, што не ў Магілеў ты ездзіў, а зусім у Гомель, дзе жыве былая каханка, пра існаванне якой жонка або, яшчэ горш, нявеста вельмі добра ведалі, але лічылі гэта «грахом маладосці, калі ён яшчэ не быў знаёмы са мною».

— З Замшан еду.

— І ў Цёмным Бары былі, — мне здалося, што ён нібы на хвіліну напружыўся, але гэта ён проста крыху пагладзіў каня па рэпіцы. І зноў тая ж лянотная грацыя.

— І там быў.

— Ну і што ж вы там выкапалі? Гэта ж, пэўна, справа таго ж Юлляна Сая?

— Таго.

— А божа, як жа яна мне абрыдла. Столькі год мінула, а ўсё адно як пачне ўспамінаць нехта «дела давно минувших дней» ды што было «за польскім часам», і варта яму тую справу ўспомніць — неадменна нейкая зараза на мяне пакасавурыцца. Хоць ты ад людскіх вачэй у самбук* бяжы ці ў каноплі.

* Бузіна.

— То чаму б вам не з'ехаць адсюль?

— Я не адчуваю сябе вінаватым. Не хачу, каб нехта думаў: «Ага, дапякло… Мабыць, ведала аб нечым кошка». Ну і потым, што я ў іншым месцы. А тут мая зямля, спрадвеку мая.

— Родны той куток, дзе рэзан пупок?

— Ды не, проста там, дзе ўпершыню сябе адчуў. Што можаш рабіць сёе і тое, думаць сёе і тое, ісці туды і сюды. Дзейнічаць. Пупок мне маглі недзе і ў Рыме рэзаць, а калі, скажам, немаўляці і месяца не было, як яго адтуль вывезлі, то што яму Рым? Вось і мне так. Маё ўсё тут.

Памаўчаў. Квакша крычала недзе ў шатах дрэў:

— Ну і што? У чым пераканаліся?

— Ні ў чым. Правакатар або не — таямніца сія вялікая ёсць.

— Не лезу я ў гэтыя справы, — хвіліну памаўчаўшы, сказаў ён. — Дый потым справа цёмная, правакатар ці не. Хто давёў? Хто адваротнае, ядры іх у корань, давёў?… То ж бо… Можа, правакатар, а можа, проста ахвяра. Хто можа судзіць? Торкнуў нехта з вышэйшых пальцам, і добра там разабраліся ці памыліліся — і вось ужо на табе, чалавеча, колькі там залатнікоў свінцовага бобу.

— Так, — сказаўя, — довадаў ніякіх. Пустая справа. Чым хутчэй пра яе забудзем — тым лепей.

Золкай сырасцю павеяла з цёмных нетраў пушчы (відаць, непадалёк дарогі быў вільготны яр). І зноў прарэзаў ноч крык пугача.

— Пагамонім? — спытаў раптам Высоцкі з гарэзлівай усмешкай.

— Як пагамонім?

— А вось так.

Ён прыклаў далоні чоўнікам да рота, і раптам у дваццацёх сантыметрах ад мяне прагучаў злавесны, жудасны кліч-прызыў:

— Ку-га. Ку-га-а-а…Гха-га-га-га-га.

Падмануты пугач адказаў з лесу. І зноў адказаў яму Высоцкі. І зноў. І толькі потым пала ціша. Пугач, відаць, усё ж адчуў нейкую ненатуральнасць у адказе-вызаве. І, можа, яму проста абрыдла.

— Ведай нашых, — засмяяўся Высоцкі. — Падманулі мы ўсё ж яго.

— Совы — сімвал мудрасці.

— Значыць, і мудрасць падманулі.

— Не заўсёды гэта канчаецца дабром.

— У жыцці вельмі многае не канчаецца дабром. — паціснуў плячыма. — І скажыце вы. Усе гэтую няпэўную гісторыю памінаюць. А я яго толькі раз бачыў на дні нараджэння брата (заскочыў Крыштоф на гадзінку), а вось брата гэтага, Уладка, якога немцы за падполле расстралялі, ніхто і не ўспомніць.

— Людская ўдзячнасць.

— Ну людскую ўдзячнасць і ўзаемадапамогу мы ведаем: «Як п'юць ды ядуць, дык нас не завуць. А як с…ць і д…ць, дык нас ішчуць».

— Гэ-э, браце, плюнь. З часам усё-ўсё ўсплыве наверх. — Вознік пакасіўся на мяне, але нічога не сказаў.


РАЗДЗЕЛ III ПЕРАД ВАЧЫМА КАХАННЯ, ВАЧЫМА ВАР'ЯЦТВА І СМЕРЦІ

У тыя наступныя дні зачасцілі да мяне ў маю «плябанію» госці. Часцей за ўсё Шаблыка са Змагіцелем, часам археолагі ў поўным ці частковым складзе. Бывала, што на культурную бяседу з'яўляўся дзед Мультан (адзін або са Стасікам і Васількам). Разы два ці тры наведваўся наш ксёндз.

У той вечар кампанія сабралася ў поўным складзе. На бервяне, што замест прызбы ляжала ля «нашых» дзвярэй у «плябанію», размясціўся худзенькі «Волат» («Наша таўстуха Валянціна»), «бяляначка і замазурачка». Таня Салей з Тарэсай Гайдучык, сама Сташка Рэчыц ды Шаблыка са Змагіцелем. Дзеду Мультану і ксяндзу я вынес крэслы, а мы з Генкам Седуном не без выгоды размясціліся проста на траве. Я паспеў ужо расказаць ім аб такіх-сякіх рэзультатах пошукаў, абмінуўшы, вядома, самае важнае. У прыватнасці, чамусьці пра Лапатуху, пра братоў Высоцкага і, вядома ж, пра цень, які падаў на айца Леанарда Жыховіча, прысутнага тут.

Гамарня была як на кірмашы. Атрымалася нешта накшталт сярэдневяковага дыспуту: кожны высоўваў свой тэзіс, а ўсе накідваліся на яго са сваімі антытэзамі, кожны быў як бы «адвакатам д'ябла», асобай, неабходнай на кожным сярэдневяковым дыспуце (не выключаючы і Беларусі), асобай, якая павінна была абвяргаць кандыдата, скажам, у бакалаўры, рознымі падступнымі і нават недазволенымі, ерэтычнымі пытаннямі. Дапусцім, кандыдат высоўваў тэзу аб тым, што зачатак Марыяй Хрыста быў незаганны і нявінны і што ў дзень успення (15-га, значыць, а па-новаму 28 жніўня) яе, яна адышла цнатлівай. На гэта «адвакат д'ябла» ставіў яму недазволеную падножку, за якую, каб гэта не на дыспуце, — гарэць бы «адвакату» на вогнішчы або сядзець у каменным мяху год і шэсць тыдняў* (вядома, калі ў месцы суда быў каменны мех, а то пайшоў бы бяскарна).

* За рэдкім выключэннем (чалавек быў «сцягам» нейкай апазіцыйнай групы ці руху) чалавека нельга было ў сярэднявечнай Беларусі замкнуць больш як на год і шэсць тыдняў. Езуітызм суддзяў часам выяўляўся ў тым, што пакараць смерцю па тых ці іншых прычынах нельга было, а год і паўтара месяца так званай горнай вязніцы было замала. Калі злосць была асабліва вялікай — садзілі ў вязніцу — яму ў дванаццаць локцяў ад акна, праз якое спускалі вязня, а пасля — скупую ежу. Голад, вільгаць, вечная цемра рабілі тое, что чалавек выходзіў адтуль праз год і шэсць тыдняў часцей за ўсё зламаны здароўем, часам звар'яцелы, а бывала — сляпы.

Дыялог між іх мог бы адбыцца такі:

Дыспутант: «…і ва ўспенні была цнатлівай».

Адвакат д'ябла: Не, былі ў яе пасля браты Хрысту. «Маці і браты яго стаялі вонкі ля лома, жадаючы гаварыць з ім»… (Мацея 12,46).

Дыспутант: Тут маюцца на ўвазе аднадумцы, браты па ідэі.

Адвакат: Не, ілюстрысіме. Крыху далей «І паказаўшы рукою… на вучняў сваіх, сказаў: Вось маці Мая і браты Мае» (Мацея 12,49).

Дыспутант: Магчыма, і тыя былі «браты па ідэі» (пачынае запінацца), але менш пасвечанымі, другога гатунку перад вучнямі.

Адвакат (поўны трыумфу): А як тады зразумець крыху далей у таго ж Мацея (13, 54-57), што, калі Хрыстос прапаведаваў у сінагозе ў Бетлеме Юдэйскім, усе здзіўляліся і казалі: «…адкуль у яго такія прамудрасць і сілы? Ці не цесляў ён сын? Ці не яго маці завецца Марыя, і браты яго Іякаў і Іёсі і Сымон і Іюда? І сёстры яго ці не ўсе паміж нас? Адкуль жа ў яго ўсё гэта? І спакусіліся аб ім». І ў пакаранне за іхняе бязвер'е Ён не стварыў там шматлікіх цудаў. «Не бывае прарока ў сваёй айчыне».

Дыспутант (прыперты да мура, але пагрозліва): Дык ты ў догмат непарочнасці Дзевы Марыі не верыш?

Адвакат д'ябла (спалохана): Не, не. Лічу, што варты ступені бакалаўра, а пытанне хай вырашаюць на вышэйшым узроўні.

(Гул ухвалення!)

Нешта такое адбывалася і ў нас, толькі што без падножак. А калі ўсе ўдосталь нагарланіліся, раптам умяшаўся Шаблыка:

— Ні пад якой вежай, ні ў якіх катакомбах іхніх скарбаў украдзеных шукаць не трэба. Абставіны ведаеце самі. Падскарбі, дзяржаўны казначэй, не занёс гэтых скарбаў у роспісь. Значыць, шэсцьсот тысяч залатых і на шэсць мільёнаў каменнямі, пабраныя Пятром Альшанскім са змоўшчыкаў, Міхала Слуцкага і іншых, ды пад шумок з каралеўскіх земляў, — у казну не вярнуліся ні тады, ні пры Вітаўце Альшанскім, што абрабаваў усіх паплечнікаў Валюжыніча, выдаўшы іх, ды яшчэ і павінен быў тыя грошы аддаць каралю. Уцяклі, відаць, з грашыма Грыміслаў Валюжыніч ды Ганна-Гардзіслава Альшанская.

— Іх дагналі, — сказаў ксёндз.

— Але іх і выпусцілі, — сказаў Шаблыка. — Бо да пагоні прыяднаўся суддзя Станкевіч. І патрабаваў, каб выпусцілі.

— Маглі і перастрэць пасля іншыя людзі князя, — сказала Валя Волат.

— Адкуль гэта вядома? — кінуў Шаблыка.

— Божа мой, — умяшаўся раптам Змагіцель, — чаму вы такія сухія, чаму вы такія рацыяналісты? Чаму не верыце людскім байкам, чуткам, паданням? Бывае ж і ў іх зерне праўды. А што легенда тут кажа? А кажа яна, што ўцякалі яны, заганяючы коней. Па гэтых непралазных нетрах, яшчэ горшых, чым тады пад Наваградкам. А там у той час нейкі князь памёр у дзесяцёх — на нашы грошы — кіламетрах ад горада, бо не маглі прывезці лекара. І што гналіся за імі, і што наздагналі недзе ля Замшан, а кіраваліся яны ва ўрочышчы Цёмны Бор, каб пасля Альшанкай і «іншымі рэкі» сплысці ў Нёман, а адтуль бог-бацька ведае, куды кіравацца. Ці на захад, бо на ўсходзе часы былі смутныя, ці некуды пад Кладна, дзе яшчэ блукалі рассеяныя аднадумнікі. Але іх наздагналі і збіраліся ўжо вязаць, але Станкевіч, які адстаў, якраз выцерабіўся на паляну і загадаў адпусціць. І з грузам. І не аслухаўся Вітаўт Хвёдаравіч вярхоўнага суддзі.

— То чаму ён з крадзеным адпусціў? — жвавенька спытала Таня Салей.

— Што ж ён, прызнаўся б пры суддзі, што яны тое крадзенае вывозяць, якое князь у бунтаўшчыкоў украў і казне не вярнуў? — строга кінула і сваё пытанне-адказ Тарэса Гайдучык. — Прамаўчаць мусіў.

Змагіцель вёў сваё далей:

— Паехалі ўсе назад… І вось тут пагудка людская мовіць, што другая была перастрэча, што гналі яны ракой, хутчэй, вядома, чым нетрамі, і абагналі і ўцекачоў і пагоню, а засаду зрабілі ля Бярэзіны. І ўзялі абодвух. І нібыта (тут ужо кожны канчае па сваім гусце) ці, адабраўшы скарб, пусцілі на ўсе чатыры бакі, ці забілі.

— Ды ці была тая другая засада? — спытала скептычная Таня. — Можа, тыя грошы і іншае даўно ўжо ў свеце рассеяліся.

— Не ведаю, — сказаў Змагіцель, — але байку таксама трэба браць пад увагу. І калі грошы забралі, то чаму пазней, калі рэвізія каралеўская прыехала, Станкевіч на Евангеллі кляўся, што загадаў адпусціць уцекачоў, а Альшанскі — таксама на Евангеллі — кляўся, што, відаць, Валюжыніч з Ганнай грошы звезлі, а ён таго не ведаў і адпусціў, а сам тых грошай ані дэнарыя ў руцэ не трымаў, ані падвойнага літоўскага білона пад пазногаць не заціснуў.

— І ўжо тыдні два мінула, — сказаў ксёндз, — калі ён разам з тым, і таксама на Евангеллі, кляўся, што ўцекачы жывыя. Не мог таго часу чалавек на крывое свядоцтва на святой кнізе пайсці. І сведкі кляліся, што жывыя.

— Ну вось, — зноў сказаў Змагіцель, — і рэвізія была, і падчас той рэвізіі князь Альшанскі Вітаўт Хвёдаравіч нагла і хуткім чынам памрэ. Калі было, калі і ведаў нешта…

— То канцы ў ваду, — сказаў Шаблыка, — і шукаць дарэмна.

— Чаму дарэмна? — выбухнуў Змагіцель. — А надпіс патаемны? А можа, ён пра нешта іншае кажа? А скрынкі нямецкія? А нямецкая «акцыя» перад адступленнем? Хавалі ж пэўна нешта?

Мне не падабалася гэтая размова пры ксяндзу. Лепей было б яму менш ведаць аб падзеях. І тых, у канцы пятнаццатага — пачатку семнаццатага стагоддзяў. І тых, у сорак чацвёртым. Пакуль я не давяду, што ён або адроддзе пекла, або чысты, як шкельца.

А Сташка Рэчыц, можа, уражаная тонам, на якім вёў апавяданне Змагіцель, раптам сагнулася (валасы колеру цёмнага чырвонага дрэва цяжка ўпалі ўніз) і тонкай рукой, трэскай, заціснутай у пальцах, намалявала на сцежцы план замка.

— Вось так, — сказала яна. — Мы тут у вашу адсутнасць зрабілі разведку, прамацалі зямлю правей задняй вежы (гэта справа, як ад брамы ісці).

— І што? — спытаў я.

— Падмурак і рэшткі муроў яшчэ ад адной вежы. На самым беразе Альшанкі. Так што калі ўлічыць яе, то ваша трэцяя, гэта якраз і будзе другая ад краю, там, дзе была калісь Слуцкая брама, якую замуравалі. А ніяк не наступная ад яе, што лявей.

— Не думаю, — пасля кароткага роздуму сказаў я. — Тая вежа стаяла паасобку. Вёў да яе падземны ход, бо не нашлі ж муроў, што ядналі тую, Надрэчную, з замкам. Тая, Надрэчная, была, відаць, Водаўзводнай, ахоўвала калодзеж, а можа, і прымітыўны водаправод, што вёў ад Альшанкі ў замак. І менавіта таму не магла яна быць «кутняй». Кутняя — яна і ёсць кутняя, у куце крайняя. А значыць, трэцяя — гэта аніяк не Слуцкая, а тая, што лявей за яе.

— Гэта яшчэ падумаць трэба, — яе вялізныя зялёна-блакітныя вочы з ценем лёгкай іроніі глядзелі на мяне.

— Слуцкую калі замуравалі?

— Месяцы за чатыры да смерці Вітаўта Хвёдаравіча Альшанскага.

— Тым болей. Што можна схаваць у прахадной ды праязной вежы?

Гэта, здаецца, падзейнічала.

— І што маглі схаваць у даўно замураванай вежы людзі Гімлера і Розенберга, сам апошні Альшанскі? Як яны маглі схаваць — вось што самае галоўнае.

— Так, мабыць, у гэтым вялікая рацыя ёсць, — сказаў ксёндз.

Хутка яны разышліся, і неяк так здарылася, што дзяўчаты і Генка чкурнулі некуды, відаць, на танцы ў Альшанку, і мне давялося праводзіць Сташку на яе раскоп, на Белую Гару.

Маўчалі. Ішла лёгкай-лёгкай хадой. Пэўна, вось так будзе ісці і тады, калі пройдзе пяцьдзесят кіламетраў. Сапраўдная, лятучая паходка бадзягі. Дакладныя, гожыя рухі.

— Што гэта ваш сябар, Змагіцель, так дзіўна адлегласці лічыць: «дзесяць кіламетраў на нашы грошы»? Што, сваіх мер не было?

— Былі. І вы гэта цудоўна ведаеце. Спачатку «пешы» і «конны» пераход, пасля, з адзінаццатага стагоддзя і да васемнаццатага года, самая распаўсюджаная — «вярста». Што ў нас, што ў Польшчы, што ў Масковіі. Толькі ж паўсюль назва адна, а даўжыня — іншая. Ад паўтысячы да тысячы сажняў. Но?! А з канца XVIII стагоддзя нешта каля тысячы шасцідзесяці метраў. А ў нас у Беларусі да разбору ўвогуле дзве вярсты: малая — 789 сажняў і вялікая — 1000 сажняў.

— То што, цяжка хіба перавесці?

— Ну вось, скажам, прызначаю я вам спатканне на мяжы першай і другой вярсты ад Альшан. А вы, небарака, і не ведаеце, ці вам тысячу пяцьсот шэсцьдзесят метраў адысці, ці тысячу дзевяцьсот сорак восем.

— А слупы верставыя?

— «А рамізнікі тады нашто»? — працытаваў я.

Мы засмяяліся. Пасля яна пакасілася на мяне сваімі «марскімі вачыма» і спытала:

— А вы сапраўды прызначылі б мне спатканне? І як, у канцы малой ці ў канцы вялікай вярсты?

— Прызначыў бы, калі вам так ужо захацелася б зрабіцца бедалагай.

— Хіба такой ужо бедалагай?

— Ды прыгледзьцеся да мяне лепей.

І тут я прыкусіў язык. Неандэртальскі прашчур варага побач з гэтай яснай як дзень прыгажосцю, з гэтымі чорнымі брывамі на загарэлым ужо абліччы, з гэтымі цяжкімі, каштанавымі з глыбінным залатым водбліскам валасамі. Не, гэта было фундаментальным глупствам. Не рэкну болей ані слова. Не трэба было й пачынаць.

На шчасце, нас дагналі Альшанскі з Ганчаронкам. Некаторы час ім з намі было па дарозе.

— Ну як? — спытаў старшыня.

— Ды паступова разгортваецца клубок, — невядома з якой прычыны пусціў я пробны шар. — Але да канца ўсё яшчэ далёка.

— Ды вось спрачаемся, у другой ці ў трэцяй ад рога, — другі раз за вечар «залажыла» мяне дурненькая Сташка.

— А можа, і не ў іх, — пастараўся я выправіць становішча.

І тут нечаканая падзея перапыніла небяспечную размову. Нехта, цьмяны ў сутонні, кінуўся з дарогі ў хмызы. Зашалахцеў за ім алешнік.

— Хто такі? — ціха спытаў я.

— А чорт яго ведае, — сказаў Ганчаронак. — Мо пара нейкая… А мо… Лапатуха. Чорт яго заўсёды ведае, адкуль і куды яго нясе. Чаго яго не адправіць куды трэба. І дагляд, і рэжым, і ежа.

— І траўма, — сказаў Альшанскі.

— Ды ён жа горш за ўсякую траўму сабе шкодзіць. То начуе ў бабкі Настулі — з жаласці яна яго пускае. А то ў нейкай з вежаў замка. І не толькі тады, калі цёплы час. Закалее неяк, а нам — адказвай.

— Траўма, — Сташка ссунула свае чорныя бровы.

— Ды ён бясшкодны. Нам шкада яго, — сказаў Нічыпар.

— Лухта якая, — забурчаў Ганчаронак. — Бясшкодны вар'ят… Вось маўчыць-маўчыць, а потым — нападзе. Сцеражыцеся, усё можа быць.

— Людзей на вачах ягоных стралялі. Дапускаю, што і сваякоў ягоных.

— Эх, хлопцы, пабойваюся я яго, — уздыхнуў бухгалтар. — Калі нападзе, то я… сабаку ўдарыць не магу, а як жа чалавека… Ну добра, нам сюды.

— А нам сюды, — сказаў я і павёў Стасю да мосціка цераз Альшанку.

Мосцік той заслугоўваў хутчэй назвы «кладка», мне давялося ўзяць спадарожніцу за локаць. І я адчуў яго вастрыню і цеплыню і як рука, вышэй сугібу, пакрылася лёгкай гусінай скурай, ці ад холаду, ці ад хвалявання. І зразумеў, што прызначыў бы ёй сустрэчу хоць на краі свету. І мне вельмі хацелася пацалаваць яе, і паплысці, паплысці куды пад гэтым зорным небам, над гэтай нястрымнай нешырокай ракой, і сказаць ёй нешта такое, чаго ні разу не казаў ніводзін мужчына ніводнай жанчыне. Мне здалося, што і яна нібы няўлоўна цягнецца да мяне.

Але я прыкусіў язык. Я не меў права. Я быў на дзесяць з гакам год старэйшы за яе. Яна была — дзіця, а я — чалавек, які досыць ці не занадта многа пажыў.

«Дзяўчына, што табе ўва мне», — падумалася мне толькі словамі з нейкага старога падання.

І таму я толькі пастаяў на вяршыні, на краі гарадзішча, з тугою прасачыў вачыма, як яна, танюткая трысцінка, ідзе да вогнішча, і змрочна паплентаўся назад да сваёй «плябаніі».

Вось так яно і было ў той вечар: зазірнуў мімаходам у вочы каханню, можа, таму, якое ўсё жыццё чакаў, і сам сабе сказаў: «Не трэба. Не смей. Не псуй жыцця выдатнаму чалавеку, які варты лепшага». І сядзеў я на сваёй прызбе-бервяне, шалёна курыў, глядзеў у ноч і думаў пра Сташку і пра тое, ці такое яно было, каханне ў мінулым. Ці больш разлічанае, ці, можа, гэта ў нас яно больш разлічанае, а ў іх было куды болей мужнае і самаахвярнае?

Здаецца, урэшце задрамаў. Плыў сіняй-сіняй, дужа цёплай ракой, што вілася між залатых берагоў. Нехта вабіў мяне з гэтых берагоў і знікаў, каб з'явіцца зноў, у іншым месцы. Я ведаў і не ведаў, хто гэта, бо яно не паказвала свайго аблічча.

А потым паўсюль ужо была ярка-сіняя вада, а над галавою такое ж сіняе неба. А я ляжаў на спіне, адчуваючы неба вачыма, а ваду спіной.

І я быў цэнтрам сусвету. А пасля ў гэтым сусвеце з'явілася чыёсць аблічча. І я, ані не здзівіўшыся, чамусьці сказаў уголас:

Усё бачнае ізноў укрыюць воды,

І божы твар адвобразіцца ў іх.

— Спіцё, — як праз туман, убачыў я аблічча Леанарда Жыховіча.

— Не.

Вочы ксяндза як навейвалі нешта.

— Гэта добра, — злавесным, як мне праз паўсон здалося, голасам сказаў ён. — Думайце аб людзях, думайце аб сабе.

І знік. А мне раптам так захацелася спаць, што я ледзь дабраўся да ложка і, як у яму нейкую, праваліўся ў сон.

І гэта зноў быў той сон. Той і не той, працяг таго і нібыта не працяг.

Удар і падзенне, імклівае, з рыштаванняў вакол шпіля касцёла. Бліжэй і бліжэй зямля. Чырвона-зялёны, як ззянне фосфару, а пасля — выбух яго. І цемра.

Не, гэта проста цемра ночы. Гэта ажылі тыя словы Змагіцеля аб людскім погаласе пра тыя ўцёкі.

І вось ноч, волатавыя стаўбуры дрэў, рэдкія зоркі ў рэдкіх прасветах лістоты і коні, што з хрыпеннем ірвуць грудзьмі паветра, не, вецер, амаль ураган. Але коні стаміліся, але за спіной усё бліжэй і бліжэй ляск іншых, варожых падкоў.

І вось паляна, скупа асветленая бледна-зялёным святлом ветаха. На ёй, у дальнім яе канцы, трохкутныя або чатырохкутныя піраміды з дзікага, шэра-зялёнага ад моху камення.

«Дзе я іх бачыў? Ага, ля Бяздоннага возера пад Слонімам і яшчэ… і яшчэ ля сцежкі, якой ішоў з Замшан у Цёмны Бор.

Там мы прабіліся, мы вырваліся з іхняга кальца, але які ў гэтым толк, калі яны гоняцца, наступаючы на пяткі, а нашы коні змучаныя і ўжо вось-вось ворагі будуць тут. Конь Ганны, маёй цяпер ужо назаўсёды, Гардзіславы маёй, змучаны менш. І далей яна павінна ўцякаць адна, бо ратуе цяпер ужо дзве душы. А я застануся прыкрываць яе адыход. На каго яна падобная абліччам пад гэтым капюшонам. На Станіславу? На Сташку. На якую такую Сташку?»

— Скачы, Ганусю. Ты лёгкая, твой конь не так выснажыўся… Ляці!

— Дурны… «І ложа, і пошасць, і радасць, і болесць, і смерць адна на дваіх».

— Ляці!

Позна. З трох бакоў паляны выязджаюць з пушчы коннікі, абкладваюць нас дваіх. Паўкруглы аршак* усё болей замыкае кола вакол нас. Чалавек сорак. Некаторыя ў цэльнакутых латах, некаторыя ў калантарах, жалезных, пласцінамі, сёй-той проста ў кальчузе, два ці тры ў рабрыстых, кутых палосамі панцырах (з суцэльных шлемаў праз шчыліны відаць толькі бязлітасны бляск вачэй). А унь трох у лускатай усходняй зброі. А там некалькі ў карацановай зброі, таксама кальчужнай, але кожнае колца прыкрыта зверху сталёвай лускавінкай. У некаторых тыгрыныя скуры на плячах (гусараў, ці што, пазычыў у нейкім бліжэйшым вайсковым аддзеле ці, можа, некаторыя сябры-гусары самі вызваліся прыняць удзел у ловах). Дзіды, шаблі, чаканы. Нібы на вялікі бой выехалі, а не на спайманне дваіх знясіленых людзей.

* Аршак — світа, атрад.

І ў сярэдзіне паўмесяца — сам. Едзе на вараным кані, укрытым карацановай папонай. З-пад чорнага кунтуша ў залатыя травы выбіваецца адамашкавы* жупан. На галаве шапачка футраная з блакітным пяром. Падпяразаны вясёлкавым турэцкім шалем. І аніякіх латаў.

* Шаўковая візэрунчатая тканіна.

«Брэшаш, вельмішаноўны. Я ведаю. Пад жупанам амаль заўсёды ў цябе кальчуга. Дый пад шалем — паручуся — для вернасці пас металёвы».

А аблічча?! Крый божа нават у сне ўбачыць такое падабенства сатанінскае. Твар як з медзі літы, чорныя вусы, чорныя, але ўжо з сівінкай хвалістыя валасы, рот цвёрды, вочы колеру сталі, пранізлівыя. Вусны крывяцца, як дзве змейкі.

— Ну што, верная жоначка? Што, нявестнік?* Ці ўдалася ж табе твая намова?** Ці паспяхова табе вялося маё дабро плюндраваць?***

* Нявестнік — жаніх. ** Намова — падбухторванне. *** Плюндраваць — рабаваць, расцягваць.

— Крадзенае яно, тваё дабро, — я адкідаю манашы капюшон: — А дзе ня крадзена, то гэта юдавы грошы, цана прададзеных табою сяброў.

Ён набліжаецца. Вараны топча верас, скошвае вочы і скаліцца, як д'ябал.

— Ну што ж, — усміхаецца коннік. — Насмеліўся ты на жонку, на майно маё кусіціся*, то не скардзіся цяпер і на маю адправу. Што выбіраць будзеш? Абешанне, або тыдні два ва ўсніяным квасе, каб шкура мацнейшая была, ці сляпымі вас у паток?**

* Кусіціся — квапіцца, рабіць замах, пасягаць.

** Адправа — прысуд і выкананне прысуду. Абешанне — павешанне. Усніе — шкура. Усніяны квас — дубільная кіслата. Паток — выгнанне.

— Умёт ты, гразь, — адказваю я.

Ён махае аршаку пальчаткай.

— Спешыцца ўсім, — і ўскідвае галаву. — Ат чорт! Во нюх у заразы. І адкуль зведаў, куды скачам? Хітры чортаў ліс.

Толькі праз нейкую хвіліну я чую далёкі спеў рагоў, які ўсё набліжаецца і набліжаецца. Пасля паміж чорных стаўбуроў-волатаў сям-там пачалі з'яўляцца водсветамі, а пазней усё мацней і мацней налівацца чырванню рухомыя, усё больш зыркія плямы.

А пасля на паляну выехаў у суправаджэнні чатырох латнікаў з паходнямі ў левай руцэ (правая ва ўсіх ляжала ці на шыйцы гакаўніцы, ці на рукаяці шаблі) туга збіты, але не дужа высокі чалавек у простай, але вельмі, відаць, дарагой мясцовай чузе, жоўтых кабцях і файнавай, суконнай, шапачцы, аблямаванай тонкай палоскаю футра. І жазло кароткае ў руцэ, знак суддзі.

Шапку зняў, рассыпаліся валасы, ледзь не па-сялянску падстрыжаныя «пад гаршчок». Аблічча простае, хударлявае, хаця і шырокае ў выліцах і цвёрдых мускулах на шчаках, вочы пранізлівыя і крыху іранічныя.

«Копны. Сам Станкевіч. Адзін з нешматлікіх непадкупных, адзін з тых, што кожную справу да заслужанага і справядлівага канца даводзіць».

— Што ж гэта ты, княжа? Ты ж абяцаў. А тут кажуць: на ловы выехаў. Бачу я цяпер, якія гэта ловы. А ты ж абяцаў уцекінераў не ганіці і не хапаці. Так бо, харошае тваё абяцанне, калі ў тваіх людзей на сёдлах ужы* бачу. То што мне, цекачоў** аж да самога Жыгіманта Трэцяга. Кроў шведская ды кроў Ягелонаў — ой як яны да сябе іншую кроў цягнуць. Проста як магнітам жалеза.

* Ужа — вяроўка, канат, ліна.

** Цякач — ганец, вястун, скараход.

— Ды мы й сапраўды на ловы, — не адводзячы вачэй, кажа князь. — На ловы, ды вось выпадкова на іх вылезлі. Відаць, заблыталі. То хаця да шляху давялі б. А з раніцы і ловы.

— Самі на шлях выедуць. А вы вось лепей зараз нас выведзеце на тое месца, дзе табар перад ловамі разбіваць хацелі, начаваць, ды раніцай — з богам. Звяры ў яры, зубры ў яры. А адтуль, з месца табара, мы ўжо самі дарогу да замка знойдзем ды пачакаем вас, пакуль вы з палявання не вернецеся.

— Ды нашто ж, найяснейшы? Калі вы завіталі ў маю сціплую камяніцу, то давайце або мы вас пакінем з намі ў табары, а раніцай разам у ловы…

— Стаміўся я, ваша яснавяльможнасць. Адпачыць бы хацеў…

— Або мы разам паедзем зараз у замак…

— Ды нашто ж я псаваць буду вашу забаву. Вы нас толькі да табара, да начлегу праводзьце. Гэта ж і недалёка. Нейкія шэсць літоўскіх вёрстаў.

— Польскіх гэта, лічы, дванаццаць, — буркнуў лоўчы.

— Нічога, — сказаў Станкевіч, — час звыкнуць. І памятаць словы Вердума: «Mile podolskie, czyli ukrainskie, sa dwa razy tak wielkie, jak polskie, a im blizej Turcji, tym wieksza mila»*. Ну а там вы станеце біваком, а мы паедзем да замка… Вам трэба такі развеяцца, бо з будучага тыдня і вам і мне прадбачыцца нешта нязвыклае і нас будуць чакаць не вельмі прыстойныя і прыемныя дні, — зірнуў на нас, пасля — на князя. — А гэтыя хай едуць, выберуцца. Я мяркую, няма чаго цаніць крышталёвы кубак, калі ён даў моцную трэшчыну ў дне. Дый не да сасудаў вам будзе.

* Мілі падольскія альбо ўкраінскія, у два разы даўжэйшыя за польскія, а чым бліжэй да Турцыі, тым большая міля.

— А я і не збіраюся яго склейваць. Хай едуць.

— Княжа, — ціхенька шапянуў Лоўчы. — А завадныя коні, зменныя з грузам. Няўжо аддамо? Іх бы…

— Хай забіраюць свае анучы, — кажа чуйны Станкевіч.

— Дык там жа…

— Змоўч, — шыпіць князь і моўчкі выцінае калючай шпорай лоўчага па назе. Цяпер шыпіць той. З болю.

— Аконьвайцеся, чэрці, — бурчыць князь Вітаўт. — Я ўжо аконіўся.

Пагоня ўзвіваецца ў сёдлы, пачынае знікаць між Дрэў, рассейвацца між ім, знікаць. Меркнуць агні паходняў. Зніклі.

Галава жанчыны падае мне на грудзі.

— Божа, вечнай будзе слава твая, — кабета плача. — З пячы вогненнай, з пашчы львінай уратаваў ты нас.

— Ну, Ганна… Ну, Сташка… Ну, Гардзіслава, — я гладжу яе валасы. — Цяпер усё, цяпер усё будзе добра…

Але думкі мае не тут. Я думаю. Станкевіч адпусціў збеглую жонку князя. Ясна, не тыя часы, калі за пралюбадзейства каралі смерцю, хаця й такое сям-там яшчэ здараецца. І ўсім вядомая яго «сімпатыя» да князя Альшанскага. Ну і яшчэ: не ведаў, што пад плашчом я, Валюжыніч. А можа, ведаў? Шмат казалі пра яго, Станкевічаву, «любоў» да ўчынкаў караля Цыкмуна, хаця суддзя і памоўкваў. Ведаў. Напэўна ведаў. Таму і адпусціў. Не ведаў толькі, што ва ўюках на спінах завадных коней. Каб ведаў — сухімі не выйшлі б.

Я цяпер што? Цяпер напэўна ўратаваныя. Шэсць польскіх міляў, дванаццаць нашых. У цемры начнога лесу гэта гадзіны чатыры туды (без святла), ды праводзіны на шлях да замка, ды каб уздумалі ізноў ганіціся — яшчэ тры з гакам — чатыры гадзіны. Першыя тры гадзіны мы можам заблытваць сляды, яшчэ пяць гадзін чуйдух скакаць прэч з ягоных земляў. А там панясе нас рака ў адвечна вольны наш Нёман. Уратаваліся.

Дык адкуль такое балючае, такое трывожнае адчуванне таго, што чакае нейкая немінучая, неакрэсленая пагроза, нейкая няўхільная бяда. Можа, варта было б вярнуцца і аддацца пад абарону суддзі, пад шчыт яго імя? Не, тады, можа, і засталіся б жывыя, але грошы тых, што ўзбунтаваліся, зброя, якую абяцалі тыя грошы, — нічога б гэтага не было. Памры, але аддай тым, каму яны меч, і жыццё, і магчымасць біцца.

— Скачам. Чуйдух. Гардзіслава!

Коні крыху адпачылі, і цяпер не трэба заганяць іх. Галіны хвошчуць па тварах, пушча гусцейшая і гусцейшая. І ў гэтым адна з надзей, хаця страшнае і падсвядома — невыразнае — чакае.

…Цела на ўвесь свет. Ідуць па гульбішчы дама з чорным манахам.


  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23