Падзенне (на белорусском языке)
ModernLib.Net / Камю Альбер / Падзенне (на белорусском языке) - Чтение
(Весь текст)
Камю Альбер
Падзенне (на белорусском языке)
Альбэр Камю Падзенне Пераклаў Змiцер Колас Прабачце, пане, вы не палiчыце за назойлiвасць, калi я прапаную вам свае паслугi? Бо iначай, баюся, вам не ўдасца згаварыцца з гэтым шаноўным гарылаю, што кiруе лёсам у тутэйшай карчомцы. На жаль, ён размаўляе толькi па-галандску. I калi вы не дазволiце мне растлумачыць яму ваш iнтэрас, ён наўрад цi здагадаецца, што вы хочаце выпiць ядлаўцовай гарэлкi. Ну вось, асмелюся спадзявацца, ён мяне зразумеў; тое, як ён кiўнуў галавой, павiнна азначаць, што мае довады яго пераканалi. Бачыце? Сапраўды - пайшоў, i нават спяшаецца, але з якою ўмудронаю сталасцю ён гэта робiць! Вам, трэба сказаць, пашанцавала - ён не забурчаў. Бо калi ён хоча адмовiць клiенту, яму досыць буркнуць, i настойваць ужо нiхто не рашаецца. Лiчыцца толькi з сваiм гуморам прывiлей вялiкiх звяроў. Але дазвольце адвiтацца, быў вельмi рады вам дагадзiць. О, што вы, што вы, пане, я вам вельмi ўдзячны i з прыемнасцю прыняў бы гэтае запрашэнне, але баюся, што i так ужо надакучыў вам. Вы вельмi прыязны. Што ж, стаўлю свой кiлiшак побач з вашым. Ваша праўда, яго маўклiвасць проста аглушае. Яна падобна да цiшынi вячыстых лясоў, пагрозлiвай, як гармата, зараджаная па самае жарало. Часам мяне здзiўляе, як упарта наш пануры сябар грэбуе цывiлiзаванымi мовамi. Бо яго ж рамяство - якраз у тым, каб прымаць у гэтым амстэрдамскiм бары - якi ён, дарэчы, д'ябал ведае чаму, назваў "Мехiка-Сiцi" - маракоў з усяго свету. З такiм заняткам яго невуцтва, як бы мовiць, не надта стасуецца, вы не лiчыце? Уявiце сабе краманьёнца, якi трапiў у Вавiлонскую вежу! Той, прынамсi, смуткаваў бы па родных мясцiнах. А гэты - не, гэты зусiм не адчувае сябе ў выгнаннi, ён спакойна iдзе сваёю дарогай, яго нiчога не абыходзiць. Адзiн з тых рэдкiх выразаў, якiя я чуў ад яго, зводзiўся да таго, што, маўляў, хочаш пагаджайся, не хочаш - не мяшайся. З чым трэба пагаджацца, у што не мяшацца? Тут наш сябар, несумненна, меў на ўвазе самога сябе. Прызнаюся, мяне заўсёды вабiлi такiя натуры, нiбыта высечаныя з суцэльнай глыбы. Калi паводле прафесii цi прызвання шмат разважаеш пра людзей, здараецца часам адчуваць пэўную настальгiю па прыматах. Ужо ў iх не было прыхаваных думак. Праўда, у нашага гаспадара, хоць ён i сам толькi цьмяна здагадваецца пра гэта, але такiя ўсё ж маюцца. У яго, ведаеце, вельмi недаверлiвы нораў, а ўсё таму, што ён абсалютна нiчога не разумее, што пры iм кажуць. Адсюль i такая пахмурна-паважная пыса - нiбы ён, прынамсi, займеў падазрэнне, што ў чалавечым грамадстве не ўсё iдзе гладка. Калi ў чалавека такi настрой, з iм не надта лёгка гутарыць пра тое, што не тычыцца яго рамяства. Дарэчы, зiрнiце на тую сцяну, углыбiнi, - бачыце, над самай яго галавой квадрат, нiбы там вiсела карцiна. А там, сапраўды, раней вiсела карцiна, i вельмi цiкавая, сапраўдны шэдэўр. Дык вось, я быў сведка таго, як тутэйшы гаспадар яе набыў i як потым збыў. У абодвух выпадках гэта рабiлася з аднолькавай падазронасцю, пасля некалькiх тыдняў перадумвання i перажоўвання. З гэтага пункту погляду грамадства, трэба прызнаць, крыху папсавала некранутую прастату ягонай натуры. Заўважце, я зусiм не папракаю яго. Я нават паважаю ў iм гэтую абгрунтаваную недаверлiвасць i з ахвотаю падзялiў бы яе, каб мне не замiнала, як вы самi маглi пераканацца, мая прыродная таварыскасць. На жаль, я балбатун i вельмi лёгка сыходжуся з людзьмi. Праўда, я ўмею трымаць прыстойную дыстанцыю, але каб пазнаёмiцца, любы выпадак лiчу прыдатным. Калi я жыў у Францыi, я не мог прамiнуць нiводнага разумнага чалавека, каб адразу не наладзiць з iм сяброўскiх зносiн. Ага, як бачу, вам крыху не прывычны гэты дзiўны выраз? Што ж, прызнаюся, ёсць у мяне слабасць да такiх выслоўяў, як i да ўсякiх моўных выкрутасаў наогул. I я сам папракаю сябе за гэтую слабасць, паверце. Я, зрэшты, выдатна разумею, што густ да тонкай бялiзны зусiм не абавязкова азначае, што ў вас брудныя ногi. I ўсё-ткi! Вычварны стыль, як i кужаль, вельмi ччаста хавае каросту. Адзiнае, чым я суцяшаю сябе - што i нягеглыя мямлi таксама не чысцейшыя за нас, гаваруноў. О, вядома, возьмем яшчэ па кiлiшку. Вы доўга будзеце ў Амстэрдаме? Прыгожы горад, праўда? Чароўны? Вось слоўца, якога я даўно ўжо не чуў. Бадай, з тых часоў, як пакiнуў Парыж, а колькi ўжо мiнула! Але ў сэрца свая памяць, i я не забыў нашай мiлай сталiцы, яе набярэжных над Сенай. Парыж! Чысты мiраж, блiскучая дэкарацыя, у якой рухаюцца i жывуць чатыры мiльёны чалавечых iстот. Ужо пяць, паводле апошняга перапiсу? Што ж, i гэтыя хутка народзяць сабе малых. Мяне гэта не здзiвiць. Мне заўсёды здавалася, што ў нашых суайчыннiкаў дзве непазбыўныя страсцi: юрыць i мыслiць. Дзе папала i калi папала, як той казаў. Але не будзем iх за гэта судзiць: яны не адны, уся Эўропа такая. Я часам уяўляю сабе, што скажуць пра нас будучыя гiсторыкi. Iм хопiць адной фразы, каб апiсаць сучаснага чалавека: ён юрыў i чытаў газеты. I гэтаю ёмiстай фармулёўкай, асмелюся далажыць, будзе сказана ўсё. Галандцы? О не, яны зусiм не такiя сучасныя. У iх надта многа вольнага часу. Ды вы самi зiрнiце. Што яны робяць? Ну, вунь тыя паны, напрыклад, жывуць коштам тых вунь кабет. Але ўсе яны, вядома - i самцы, i самкi, - дужа буржуазныя людзi, яны прыходзяць сюды ад прагi да таямнiчага. Альбо проста ад дурасцi. Iначай кажучы - ад лiшку цi браку ўяўлення. Часам гэтыя iмасцi забаўляюцца кожыкам цi рэвальверам, але не думайце, што iм гэта так ужо трэба. Гэтага патрабуе роля, вось i ўсё, i яны памiраюць ад страху, выпускаючы астатнi набой. I ўсё ж я лiчу iх болей маральнымi за тых, хто забiвае пацiху, у сям'i, бярэ блiжнiх на змор. Вы не заўважалi, што наша грамадства выдатна прыстасавана да такога роду знiшчэння? Вы, натуральна ж, чулi пра тых дробненькiх рыбак, што жывуць у бразiльскiх рэках: яны тысячамi кiдаюцца на неабачлiвага плыўца i ўраз абгрызаюць яго сваiмi вострымi зубкамi, пакiдаючы адзiн голы шкiлет. Што ж, так ужо яны створаны, такi ў iх лад. "Хочаце жыць чыста? Як усе?" Вы кажаце - вядома, натуральна. Як тут скажаш - не. "Добра. Зараз мы вас абгрызём. Вось вам работа, вось вам сям'я, вось - арганiзаваны адпачынак". I вострыя зубкi кiдаюцца на цела - i да касцей, да касцей. Але я не маю рацыi. Трэба казаць: не яны - ты так створаны. Гэта наш лад жыцця: галоўнае - хто каго абгрызе першы. Ну вось, нарэшце нясуць нам нашую ядлаўцоўку. Каб вам добра жылося! Ага, вы бачылi - наш гарыла разявiў рот, ён назваў мяне доктарам. У гэтых краях усе дактары. Цi прафесары. Галандцы любяць паважаць - праз сваю дабрыню цi праз сцiпласць. Зласлiвасць, прынамсi, у iх зусiм не нацыянальная рыса. А я, дарэчы, не лекар. Да прыезду сюды, калi вас гэта цiкавiць, я працаваў адвакатам. А цяпер вось - суддзя-пакаяльнiк. Але дазвольце ж назваць сваё iмя: Жан-Батыст Кляманс, ваш пакорны слуга. Рады пазнаёмiцца. У вас тут, несумненна, нейкiя справы? Амаль што? Выдатны адказ! I галоўнае - слушны, бо мы ўсе i ва ўсiм усяго толькi "амаль што". Паслухайце, длазвольце я згуляю з вамi ў дэтэктыва. Вы амаль што майго ўзросту, у вас спрактыкаванае вока саракагадовага чалавека, якi амаль што ўсё паспеў зведаць у жыццi, вы амаль што добра апрануты - цi менавiта так, як у нас апранаюцца ўсе, - i нарэшце, у вас гладкiя, дагледжаныя рукi. Значыць... значыць, вы - буржуа, амаль што! I буржуа вытанчаны! Вам непрывычны мае выкручастыя фразы? Што ж, гэта толькi двойчы даказвае вашу высокую культуру, бо, па-першае, вы ўсё-ткi разумееце iх сэнс, а па-другое, яны вас абураюць. I нарэшце, хвалiцца не буду, але, па-мойму, я вас зацiкавiў, а гэта сведчыць пра пэўную шырыню вашага розуму. Прымаючы ж усё сказанае пад увагу, прыходзiм да высновы, што вы - амаль што... Зрэшты, якое гэта мае значэнне? Прафесii мяне цiкавяць меней за секты. Дазвольце, я задам вам пару пытанняў? Калi палiчыце iх нясцiплымi - не адказвайце. Вы багаты? Збольшага? Добра. I вы не падзялiлiся сваiм багаццем з жабракамi? Не. Значыць, вы належыце да тых, каго я называю садукеямi. Праўда, калi вы не чыталi Святога Пiсання, вам гэта наўрад цi што скажа. Нешта гаворыць? Дык вы ведаеце Святое Пiсанне? Слухайце, вы сапраўды вельмi мяне цiкавiце. Што ж да мяне... Ну, тут ужо мяркуйце самi. Плячыма, ростам i сваiм, па агульным прызнаннi, лютым тварам я хутчэй нагадваю рэгбiста, праўда? Аднак калi меркаваць па гаворцы, мне нельга адмовiць у пэўнай вытанчанасцi. Поўсць, з якой зрабiлi тканiну на маё палiто, састрыглi, вiдаць, з кароставага вярблюда, затое пазногцi ў мяне дагледжаныя. Чалавек я спрактыкаваны, як i вы, але здаюся на вас без нiякай перасцярогi, цалкам давяраючыся толькi вашаму твару. I нарэшце - нягледзячы на свае добрыя манеры i вычварную мову, я сталы наведнiк матроскiх бараў у Зэйдыку. Але кiньце, можаце не шукаць адказу. У мяне дваiстая прафесiя, вось i ўсё. Як i ўся мая натура наогул. Я ж вам казаў: я - суддзя-пакаяльнiк. Са мною толькi адно проста: у мяне абсалютна нiчога няма. Праўда, раней я быў багаты, але не, я не дзялiўся сваiм багаццем з iншымi. Пра што гэта сведчыць? Што я быў такi самы садукей, як i вы... О! Чуеце - сiрэны ў порце? Сёння ноччу будзе туман над Зэйдэрзее. Вы ўжо збiраецеся? Прабачце, калi затрымаў. З вашага дазволу я за ўсё заплачу сам. У "Мехiка-Сiцi" вы мой госць, i мне вельмi прыемна вас пачаставаць. Вядома, заўтра я таксама буду тут, як, зрэшты, i ў любы iншы вечар. З удзячнасцю прыму вашае запрашэнне. Кудой вам iсцi?.. Ну-у... Але, калi не палiчыце за назойлiвасць, я правяду вас да порта? Так будзе прасцей за ўсё. Адтуль вам застанецца абагнуць жыдоўскi квартал, i вы выйдзеце на тыя чароўныя вулачкi, дзе бегаюць трамваi, поўныя кветак i аглушальнай музыкi. На адной з iх - яна называецца Дамрак - ваш гатэль. Не, не, толькi пасля вас, прашу. А я, дарэчы, жыву ў жыдоўскiм квартале - прынамсi, так ён называўся, пакуль яго не падчысцiлi нашыя браты-гiтлераўцы. Вось ужо дзе пашчыравалi! Семдзесят пяць тысяч жыдоў вывезена цi забiта на месцы - як той казаў, чысценька падмялi! Мяне захапляе такая руплiвасць, такая цярплiвая метадычнасць. Калi не маеш характару, трэба выпрацаваць у сябе, прынамсi, нейкую методу. Тут яна, бясспрэчна, зрабiла цуды, i вось я жыву на месцы аднаго з сама вялiкiх злачынстваў у гiсторыi. Мусiць, якраз гэта дапамагае мне разумець нашага гарылу i прычыны яго недаверлiвасцi? Дзякуючы гэтаму я магу змагацца з сваёю прыроднаю схiльнасцю, да ўсiх ставiцца спагадна. Калi я бачу новы твар, нехта крычыць ува мне: "Цiшэй. Небяспека!" I нават калi мяне вабiць да каго-небудзь неадольна, я па-ранейшаму пiльны. Ведаеце, падчас адной карнай экспедыцыi ў нашай вёсцы нямецкi афiцэр вельмi ласкава папрасiў старую кабету, каб яна сама выбрала, каторага з яе двух сыноў расстраляць як заложнiка. Каб сама выбрала - вы ўяўляеце? Гэтага? Не - таго. I потым глядзець, як яго павялi. Не будзем кiдацца ў крайнасцi, але, паверце, у гэтым свеце ўсё магчыма. Я ведаў, аднаго крыштальна чыстага чалавека, якi ўсiм сваiм нутром не прызнаваў недаверу. Гэта быў пацыфiст, прыхiльнiк неабмежаванай чалавечай свабоды, ён любiў непадзельнай любоўю ўсё чалавецтва i ўсiх звяроў на зямлi. Выбраная душа, гэта ўжо пэўна! I вось, калi пачалiся сучасныя рэлiгiйныя войны ў Эўропе, ён падаўся на вёску. I на парозе сваёй хаты напiсаў: "Адкуль бы вы нi прыйшлi, уваходзьце, вы тут - жаданыя госцi!" Хто ж, на вашу думку, адгукнуўся на гэта ласкавае запрашэнне? Фашысцкiя памагатыя. Яны ўвайшлi да яго, як у сваю хату, i выпусцiлi яму кiшкi. О, прабачце, панi! Зрэшты, яна нiчога не зразумела. А як людна, га? I гэта нягледзячы на тое, што ўжо позна i некалькi дзён бесперастанку лье дождж. На шчасце, ёсць ядлаўцоўка, адзiны светлы праменьчык у гэтым змроку. Вы адчуваеце, як яна запальвае ў вас свой залацiста-жоўты агонь? Люблю вось так, вечарамi, хадзiць па горадзе i адчуваць, як ядлаўцоўка грэе мне кроў. Часам я магу хадзiць цэлую ноч i ўсё думаю, мару. Цi размаўляю сам з сабой. Вось як цяпер, ваша праўда. Але баюся, я вас ужо натамiў? Дзякуй, вы вельмi ласкавы. Я, ведаеце, увесь перапоўнены, досыць разявiць рот, i словы цякуць, цякуць... Бадай, мяне натхняе гэта краiна. Я люблю гэты люд, што кiшыць на ходнiках, зацiснуты ў вузкай прасторы памiж каналаў i дамоў, абложаны з усiх бакоў туманам, настылай зямлёй i морам, над якiм падымаецца пара, як над лугаванай вадой. Я люблю яго за тое, што ён таксама дваiсты. За тое, што ён тут i недзе вельмi-вельмi далёка. Праўда-праўда! Не верыце? Вы, пэўна, бачыце, як важка яны ступаюць па гэтым брудным бруку, як грузна плiшчуцца мiж сваiх дробных крам, заваленых залачонымi селядцамi i каштоўнасцямi колеру апалага лiсця, i думаеце, што ў гэты вечар яны тут? Значыць, вы - як усе. Вы прымаеце гэтых слаўных людзей за племя сiндыкаў i гандляроў, якiя лiчаць свае грошы, спадзеючыся на вечнае жыццё, i робяцца лiрыкамi адно тады, калi надзяюць капялюш з шырокiм брылём, каб крыху павучыцца анатомii. Але вы памыляецеся. Яны сапраўды праходзяць побач з намi, але зiрнiце, дзе iх галовы: яны там, у гэтай неонавай смузе, што пахне ядлоўцам i мятай, спускаючыся з чырвона-зялёных шыльд. Галандыя - гэта сон, пане, залацiсты, смужлiвы сон, больш залацiсты ўначы, болей смужлiвы ўдзень, але i ўдзень i ўначы ён населены Лаэнгрынамi - вось такiмi, як гэтыя, што летуценна коцяць на сваiх чорных роварах з высокiмi рулямi - бы на жалобных лебедзях, што безупынна кружаць па ўсёй краiне, уздоўж каналаў i марскiх берагоў. Яны мрояць, ахунутыя ў мядзяную смугу, дрымотна кружацца на месцы i шэпчуць свае малiтвы ў залатым туманным фiмiяме. Яны ўжо не тут. Яны за тысячы кiламетраў, на дарозе да далёкай выспы Явы. Яны моляцца гэтым вычварным iнданезiйскiм бажкам, якiмi ўпрыгожаны ўсе iх вiтрыны, гэтым бажкам, якiя лунаюць цяпер па-над намi, раней чым учэпяцца, нiбы раскошныя малпы, за нейкую шыльду цi ступеньчаты дах, каб нагадаць гэтым самотным каланiстам, што Галандыя - не толькi гандлёвая Эўропа, але i мора - мора, якое вядзе да Сiпанга i да тых выспаў, дзе людзi памiраюць звар'яцелыя ад шчасця. Але я зноў даю сабе волю, бачыце - зноў пачынаю абараняць. Ужо прабачце, калi ласка. Што зробiш, прывычка, васпане, прызванне! I апроч таго, мне вельмi хочацца растлумачыць вам, у чым дух гэтага горада, у чым сутнасць рэчаў наогул! Бо гэтая сутнасць - тут, вакол нас. Вы заўважылi, што канцэнтрычныя каналы ў Амстэрдаме нагадваюць колы пекла? Буржуазнага пекла, вядома, населенага кепскiмi снамi. Калi падыходзiш да яго звонку i пачынаеш праходзiць колы адно за адным, то заўважаеш, як жыццё з яго зладзействамi паступова гусцее, змрачнее на вачах. Тут мы ў апошнiм коле. У коле тых, хто... Га! Дык вы ведаеце? Халера, вас сапраўды не так лёгка класiфiкаваць. Значыць, вы разумееце, чаму я кажу, што менавiта тут сканцэнтравана сутнасць усiх рэчаў, хоць мы на самым ускрайку кантынента. Чуллiвы чалавек разумее такiя дзiвацтвы. Ва ўсякiм выпадку чытачы газет i юрлiўцы не могуць пранiкнуць далей, iм гэта край. Яны сцякаюцца сюды з усiх куткоў Эўропы i спыняюцца на палiнялым пяску вакол гэтага марскога залiва. Яны прыслухоўваюцца да сiрэн, марна iмкнуцца ўбачыць абрысы караблёў у тумане i потым зноў брыдуць уздоўж каналаў, да сябе. Прамоклыя пад дажджом, здранцвелыя ад холаду, яны заходзяць у "Мехiка-Сiцi", каб на ўсiх мовах свету папрасiць шклянку ядлаўцоўкi. Тут я iх i чакаю. Ну што ж, да заўтрага, мiлы пане i дарагi мой суайчыннiк. Не-не, цяпер вы лёгка знойдзеце дарогу, дазвольце развiтацца каля гэтага моста. Уначы я нiколi не хаджу па мастах. Такi ўжо даў зарок. Уявiце, што некаму раптам узбрыдзе кiнуцца ў ваду! Тут адно з двух: або вы кiдаецеся за iм - а пасля гэтага такой халоднай парой нiчога добрага чакаць не даводзiцца, - або праходзiце мiма, i тады ўспамiн пра ўсплёск над вадой выклiкае ў вас часам нейкую дзiўную ламоту ў спiне. Ну, дабранач! Што? Вас цiкавiць, што гэта там за кабеты за шыбамi? Гэта сон, пане, прыемны сон за невялiчкую ўзнагароду, вандроўка да Iндыi! Гэтыя паненкi пахнуць духмянымi прыправамi ўсходнiх краiн. Вы заходзiце, яны захiнаюць шторы, i плаванне пачынаецца. Багi сыходзяць да аголеных цел, мiма плывуць выспы, звар'яцелыя, увянчаныя раскудлачанымi на ветры пасмамi высачэзных пальм... Вы паспрабуйце. Што такое суддзя-пакаяльнiк? Ага! Як бачу, я вас заiнтрыгаваў. Але паверце, я зрабiў гэта без нiякага злога намеру i гатовы цяпер жа ўсё растлумачыць. У пэўным сэнсе, гэта нават уваходзiць у мае абавязкi. Але спачатку - некалькi фактаў з майго жыцця, яны дапамогуць вам лепей зразумець мой расказ. Некалькi год назад я быў адвакатам у Парыжы i, далiбог, даволi вядомым. Я, зразумела, не назваў вам свайго сапраўднага iмя. У мяне была тады спецыялiзацыя: высакародныя справы. Удовы i сiроткi, як гэта называюць, хоць я, напрыклад, не надта разумею - чаму? Бо ёсць такiя хiжыя ўдовы i злачынныя сiроткi, што другiх такiх пашукай. Але досыць мне было ўчуць, што ад падсуднага хоць крыху патыхае ахвярай, як рукавы самi ўзляталi над маёй галавой. Ды як! Божа, гэта была сапраўдная навальнiца! Здавалася, само маё сэрца трапеча ў гэтых рукавах, i багiня правасуддзя спiць са мной у адным ложку. Я ўпэўнены, што вас захапiла б дакладнасць маiх iнтанацый, шчырае хваляванне, пераканаўчасць, iмпэт i стрыманае абурэнне, якiя гучалi ў маiх абарончых прамовах. Прырода не абдзялiла мяне фiзiчна, i высакародныя манеры давалiся мне без намаганняў. Апроч таго, мяне заўсёды падтрымлiвалi два шчырыя пачуццi: задавальненне ад таго, што я змагаюся за справядлiвасць, i iнстынктыўная пагарда да суддзяў наогул. Пагарда гэтая, зрэшты, была, можа быць, не такая ўжо iнстынктыўная. Цяпер я ведаю, што ў яе былi свае падставы. Але збоку яе хутчэй можна было прыняць за падсвядомую страсць. Бо пакуль што, прынамсi, нельга сказаць, што суддзi ўжо непатрэбныя, праўда? I ўсё ж я не мог зразумець, як гэта чалавек можа выбраць сабе прафесiяй такi дзiўны занятак. Я дапускаў гэта, бо бачыў, што такая рэальнасць, але дапускаў не болей, як iснаванне саранчы. З тою рознiцай, што набегi прастакрылых не прыносiлi мне нi шэлега, а спрэчкi з пагарджанымi мною людзьмi дазвалялi зарабiць на хлеб. Дык вось, я абараняў справядлiвасць, i гэтага было досыць для майго душэўнага спакою. Усведамленне сваёй праўды, задавальненне тым, што ты маеш рацыю, i радасць, што можаш сябе паважаць, васпане, гэта тыя магутныя спружыны, якiя дазваляюць нам высока трымаць галаву i смела рушыць наперад. I наадварот, калi вы пазбавiце людзей гэтых пачуццяў, вы ператворыце iх у шалёных сабак. Колькi злачынстваў зроблена толькi праз тое, што чалавек быў болей няздольны вытрываць сваёй несправядлiвасцi! Некалi я ведаў аднаго прамыслоўца, у якога была цудоўная жонка. Усе захаплялiся ёю. А ён - ён здраджваў ёй. Гэты чалавек лiтаральна шалеў ад таго, што быў вiнаваты, ад таго, што не мог нi дастаць, нi хоць бы выдаць самому сабе пасведчанне ў сваёй дабрачыннасцi. I чым больш яго жонка выяўляла сваю бездакорнасць, тым больш ён шалеў. Нарэшце пачуццё сваёй вiны зрабiлася яму невыносным. I што ж, вы думаеце, ён зрабiў? Перастаў здраджваць? О не! Ён забiў яе. Менавiта праз гэта мы з iм i пазнаёмiлiся. Але становiшча ў мяне было болей зайздроснае. Не толькi таму, што я не рызыкаваў прыстаць да лагеру злачынцаў (у мяне, напрыклад, не было нiякiх шанцаў забiць сваю жонку, бо я быў нежанаты), але i таму, што я станавiўся на iх абарону - з адною ўмовай, што яны мусiлi быць сапраўдныя забойцы, як бываюць, скажам, сапраўдныя дзiкуны. Сама манера, з якою я вёў такую абарону, прыносiла мне вялiкае задавальненне. У сваёй прафесiйнай дзейнасцi я быў абсалютна беззаганны. Я не толькi, што само сабой зразумела, нiколi не браў хабару, я нiколi не апускаўся нi да якiх махiнацый. I што здараецца яшчэ радзей, я нiколi не лiслiвiў нi перад журналiстамi, прыхiльнасць якiх магла б мне паспрыяць, нi перад чыноўнiкамi, дружба з якiмi была б мне карыснай. Двойчы цi тройчы мне выпадала шчаслiвая магчымасць дастаць ордэна Ганаровага Легiёна, але я кожны раз адмаўляўся са сцiплаю годнасцю, у якой бачыў сваю сапраўдную ўзнагароду. Нарэшце, я нiколi не браў грошай у бедных i нiколi не крычаў пра гэта ўсiм i ўсюды. Але не думайце, мiлы пане, што я кажу ўсё гэта, каб пахвалiцца. Тут маёй заслугi няма: мяне заўсёды смяшыла тая прагнасць да славы, якая замянiла ў нашым грамадстве пачуццё свайго гонару. Я цэлiў вышэй. I хутка вы ўбачыце, што ў дачыненнi да мяне гэта даволi трапны выраз. Ды мяркуйце хоць бы па маёй задаволенасцi. Я быў зачараваны сваёю натурай, а ўсе мы ведаем, што якраз у гэтым i ёсць шчасце, хоць часам, дзеля ўзаемнага супакаення, мы ганiм гэтую ўцеху i называем яе эгаiзмам. Я ж упiваўся ёю, я быў зачараваны, прынамсi, тою часткай сваёй натуры, якая так спраўна, так безадмоўна i так чуллiва рэагавала на сiротак i ўдоў, што з цягам часу разраслася i запанавала над усiм маiм жыццём. Мне, напрыклад, было невыказна прыемна пераводзiць сляпых цераз вулiцу. Калi яшчэ здалёк я заўважаў нерашучы кiёк, якi вагаўся на беразе ходнiкаў, я кiдаўся наперад, абганяў усiх, часам усяго на нейкую секунду выпярэджваў ужо працягнутую спачувальную руку, каб мой сляпы не мог пакарыстацца нiчыёй iншаю спагадай, апроч маёй, i мяккай, але ўпэўненай рукою вёў яго па пераходзе, мiнаючы ўсе перашкоды руху, да цiхай гаванi другiх ходнiкаў, дзе мы расставалiся з узаемнай удзячнасцю i хваляваннем. Гэтаксама я любiў дагадзiць патрэбнаю даведкай незнаёмаму мiнаку на вулiцы, падаць запалкi, падвесцi цяжкую каляску цi падштурхнуць раптам заглухлы аўтамабiль, я заўжды купляў газеты ў сябраў Армii грамадскага ратунку цi кветкi ў старой гандляркi, хоць ведаў, што яна iх крадзе на Манпарнасаўскiх кладах. Я любiў - ах, гэта нават цяжка выказаць! - як я любiў даваць мiласцiну! Адзiн мой прыяцель, сапраўдны хрысцiянiн, прызнаваўся, што першае пачуццё, якое ён адчувае, калi бачыць, як да яго дзвярэй iдзе жабрак, пачуццё прыкрасцi. У мяне ж было нешта горшае: я трыумфаваў! Але пакiнем гэта. Пагаворым лепей пра маю далiкатнасць. Яна была агульна прызнаная i бясспрэчная. Мая ветласць, сапраўды, несла мне адны ўцехi. Калi ранкам мне шчасцiла саступiць сваё месца ў аўтобусе або ў метро таму, хто меў у гэтым патрэбу, калi я мог падняць аброненую старой кабетай рэч i вярнуць ёй яе з сваёй звычайнаю ўсмешкай цi проста - саступiць таксi таму, хто, можа быць, спяшаўся болей за мяне - увесь мой дзень асвячаўся гэтаю ўдачай. Трэба сказаць, мяне радавалi нават тыя днi, калi баставаў гарадскi транспарт, бо тады ў мяне ўзнiкала магчымасць падсадзiць у сваю машыну некалькi няшчасных суайчыннiкаў, якiя тлумiлiся на прыпынку, не ведаючы, як iм дабрацца дадому. Аддаць сваё крэсла ў тэатры, каб дазволiць каханаму сесцi побач з каханай, пакласцi ў вагоне валiзку маладзенькай дзяўчыны на палiцу, занадта высокую ёй, - усе гэтыя i падобныя подзвiгi я рабiў часцей за другiх, таму што пiльней лавiў кожны выпадак i таму што яны дарылi мне большую асалоду. Мяне лiчылi за чалавека шчодрага i велiкадушнага, i я сапраўды быў такi. Я многа ахвяраваў як на грамадскiх пачатках, так i па прыватных матывах. I я нiколi не шкадаваў, калi мне трэба было расстацца з нейкаю рэччу або пэўнаю сумай грошай. Наадварот - я знаходзiў у гэтым трывалыя ўцехi, не сама меншай з якiх была лёгкая меланхолiя, што нараджалася ўва мне, калi я прадбачыў бясплённасць сваiх дароў i верагодную няўдзячнасць, якую яны напаткаюць. Я настолькi любiў даваць, што ненавiдзеў, калi гэта трэба было рабiць з нейкага абавязку. Педантычнасць, дакладнасць у справах, што маюць дачыненне да грошай, мяне заўжды прыгняталi, i я падпарадкоўваўся iм з вялiкаю прыкрасцю. Я хацеў адчуваць сябе адзiным гаспадаром сваёй дабрадзейнасцi. Усё гэта, вядома, толькi дробныя штрыхi да маёй бiяграфii, але яны дапамогуць вам зразумець, якую трывалую асалоду я знаходзiў у сваiм жыццi i асаблiва ў сваёй прафесii. Быць, напрыклад, перастрэтым у калiдоры Палаца правасуддзя жонкай якогась падсуднага, якога ты абараняў толькi ў iмя справядлiвасцi або праз шкадаванне, што значыць-бясплатна; пачуць, як гэтая кабета лапоча, што нiчым, далiбог, нiчым нельга выказаць, якую паслугу зрабiў ты iх сям'i; адказаць, што iначай i быць не магло, любы iншы зрабiў бы таксама, прапанаваць нават грашовую дапамогу на першыя цяжкiя днi, а потым рэзка спынiць яе сардэчныя падзякi, каб захаваць iх чыстае гучанне, пацалаваць нябозе ў руку i сцiпла знiкнуць - гэта, паверце, шаноўны пане, i ёсць дасягнуць той вышынi, на якую вульгарная прагнасць да славы не здольная, гэта значыць - узбiцца на тыя вяршынi, дзе дабрачыннасць жывiцца ўжо толькi самою сабой. Але спынiмся на гэтых вяршынях. Вы цяпер разумееце, што я хацеў сказаць, калi гаварыў, што цэлiў вышэй. Я меў на ўвазе менавiта гэтыя вяршынi адзiныя, на якiх я мог жыць. Сапраўды, мне пачувалася добра толькi тады, калi я быў на вышынi. Нават у сама нязначных жыццёвых сiтуацыях я адчуваў патрэбу быць вышэй. На аўтобусе я любiў ездзiць больш, як на метро, на брычцы - больш, як на таксi, жыць на верхнiм паверсе мне падабалася больш, як на нiжнiм. Я быў вялiкi аматар спартовых самалётаў, любiў, каб усё неба было адкрыта над маёй галавой, i на параходах заўсёды гуляў на верхнiм памосце. Я ўнiкаў цяснiн у гарах, лез на перавалы, на ўзгор'i, а калi i пагаджаўся на раўнiну, дык яна мусiла быць, прынамсi, высакагорная. Каб мне па волi лёсу давялося выбiраць памiж прафесiямi токара i страхара, будзьце спакойны, я выбраў бы стрэхi i не адчуваў бы галавакружэння. Скляпы, сутарэннi, безданi, пячоры абуджалi ўва мне жах. Я нават адчуваў нейкую асаблiвую нянавiсць да спелеолагаў, якiя мелi нахабства друкаваць свае артыкулы на першых палосах газет. Iх поспехi выклiкалi ў мяне агiду. Iмкненне залезцi пад зямлю на глыбiню ў восемсот метраў з рызыкай, што табе зацiсне галаву ў нейкай каменнай лёсе (цi "сiфоне", як кажуць гэтыя ўтрапёныя вар'яты), здавалася мне подзвiгам, вартым людзей з ненармальнай, хваравiтаю псiхiкай. У гэтым было нешта заганнае. Зусiм iншае - натуральная тэраса на скале вышынёю ў пяцьсот - шэсцьсот метраў, над морам, што плёскаецца ўнiзе, залачонае сонцам. Тут мне заўжды дыхалася лёгка, асаблiва калi я быў адзiн, над усiм чалавечым мурашнiкам. Я добра тады разумеў, чаму ўсе вялiкiя казанi, прароцтвы i цуды рабiлiся на вяршынях. Па-мойму, чалавек не здольны мыслiць у склепе цi ў вязнiцы (хiба што яна будзе на вежы, адкуль вiдзён увесь абшар); там не мысляць - там пакрываюцца цвiллю. I я выдатна разумеў таго чалавека, якi, пастрыгшыся ў манахi, убачыў, што акно ў яго келлi выходзiць не на шырокi краявiд, а на глухую сцяну, i адразу скiнуў з сябе клабук. Што ж да мяне, дык тут ужо можаце быць упэўнены - я не цвiў. Штогадзiны, штодня, сам-насам i на людзях я караскаўся да вяршынi, я запальваў там зыркi агонь i прыслухоўваўся да радасных прывiтальных крыкаў, што неслiся знiзу. Вось так я цешыўся жыццём i сваёй дасканаласцю. Мая прафесiя, на шчасце, спрыяла майму iмкненню да вяршынь. Яна пазбаўляла мяне горкай крыўды на маiх блiзкiх, якiм я заўсёды рабiў паслугi, але нiчога не быў вiнен. Яна ставiла мяне вышэй за суддзяў, якiх я сам судзiў у сваю чаргу, i вышэй за падсудных, якiх я прымушаў быць мне ўдзячнымi. Заўважце, шаноўны, што сам я жыў бяскарна. Мяне не датычыў нiякi прысуд, мяне наогул не было на судовым памосце - я лунаў недзе там, пад скляпеннем, як багi ў антычным тэатры, якiх адмысловай машынай спускалi, каб надаць дзеi патрэбны кiрунак i сэнс. Урэшце, жыць на вяршынi - пакуль што адзiны сродак, каб цябе заўважыла i ўшанавала як мага большая колькасць людзей. Некаторыя з маiх мiлых злачынцаў iшлi на забойства, кiруючыся менавiта гэтаю думкай. Чытанне газет у тым незайздросным становiшчы, у якiм яны былi, вядома, давала iм слабае суцяшэнне. Як i большасць людзей, яны не маглi болей вытрываць сваёй невядомасцi i з такой нецярплiвасцю iмкнулiся хутчэй быць заўважанымi, што часам гэта штурхала iх на сумныя крайнасцi. Каб зрабiцца вядомым, увогуле, досыць забiць кансьержку ў сваiм пад'ездзе. Але, на няшчасце, гэта хутка мiнучая слава, бо - надта ўжо многа кансьержак сапраўды заслугоўваюць i дастаюць нож у спiну. Толькi злачынства стала трымае галоўную ролю на сцэне, а злачынца - злачынца ўзнiкае на ёй на iмгненне, i адразу падмяняецца iншымi. I за такi кароткi трыумф яму даводзiцца нарэшце вельмi дорага заплацiць. А вось абарона нашых няшчасных шукальнiкаў славы прыносiла мне якраз сапраўдную вядомасць, прычым у той жа час i ў тым самым месцы, але намнога болей эканамiчнымi сродкамi. Гэта натхняла мяне рабiць усе вартыя ўхвал намаганнi, каб яны заплацiлi як мага меней; бо часткова яны плацiлi i за мяне. Шчырае абурэнне, талент i гарачыя пачуццi, якiмi я шчодра аздабляў свае прамовы, былi той кампенсацыяй, якая пазбаўляла мяне ўсякiх даўгоў перад iмi. Суддзi каралi, асуджаныя выкуплялi сваю вiну, а я, свабодны ад усiх абавязкаў, бяскарны i непадсудны, - лунаў на волi, асветлены райскiм праменнем. Ну сапраўды, пане, цi ж гэта не рай - такi непасрэдны кантакт з жыццём? А я жыў менавiта так. Вучыцца жыць мне не даводзiлася нiколi. Тут мне ўсё было ясна ад самага нараджэння. Ёсць людзi, у якiх галоўная праблема - унiкнуць падобных да сябе цi, прынамсi, неяк ужыцца з iмi. У мяне ж ужыўлiвасць была прыроджаная якасць. Калi трэба, я мог быць маўклiвы, калi трэба - па-сяброўску гаваркi, я мог паводзiць сябе бесцырымонна або паважна, але заўсёды трымаўся так, як вымагалi таго абставiны. Таму папулярнасць мая расла i буйнела, i я ўжо збiўся з лiку сваiх перамог у сама розных кампанiях. Я быў даволi прыгожы з твару, лiчыўся за нястомнага танцора i сцiплага эрудыта, любiў адначасова i жанчын, i правасуддзе - што, памiж iншым, не так ужо лёгка спалучаць, - я займаўся сама рознымi вiдамi спорту, цiкавiўся выяўленчым мастацтвам, паэзiяй, музыкай, карацей кажучы... тут я мушу спынiцца, каб вы не западозрылi мяне ў самалюбаваннi. Але ўсё-такi, уявiце сабе мужчыну ў росквiце сiлы, поўнага здароўя i шчодра надзеленага сама рознымi талентамi, аднолькава добра спрактыкаванага i з пункту погляду фiзiчнага, i iнтэлектуальнага, якi не ведае, што такое бяссоннiца, i цалкам задаволены сабой, але выяўляе гэта адно праз сваю шчырую таварыскасць да iншых. Вы мусiце пагадзiцца, што нават пры ўсёй сцiпласцi я маю права сказаць, што жыццё ў мяне складвалася ўдала. Сапраўды, мала хто жыў такiм натуральным жыццём, якiм жыў я. Я прымаў яго такое, як яно ёсць, цалкам, не адмаўляючыся нi ад яго дзiвацтваў, нi ад яго вялiкасцi, нi ад яго рабскiх абавязкаў. У прыватнасцi, усё плоцевае i матэрыяльнае, цi, карацей кажучы, - усё тое, што належыць да фiзiчнай сферы жыцця i так часта бянтэжыць цi вядзе да разгубленасцi многiх людзей у iх каханнi або адзiноце, прыносiла мне заўжды толькi ўцехi. Але я не быў сляпым рабом свайго цела. Яно было натуральнай, неадрыўнаю часткай майго iснавання. Усё ўва мне было гарманiчна, i мая спакойная, разважная ўпэўненасць у сабе перадавалася людзям, якiя часам прызнавалiся, што гэта дапамагае iм жыць. Многiя iмкнулiся са мной пазнаёмiцца. А пазнаёмiўшыся, часта лiчылi, што недзе ўжо мяне бачылi. Жыццё, яго дары i людзi самi iшлi мне насустрач, i я прымаў гэтую пашану з дабрадушнаю гордасцю. Праўда ж, я жыў настолькi паўнакроўна i беззаганна, што нават лiчыў сябе крыху звышчалавекам. Я нарадзiўся ў паважанай, але зусiм нязнатнай сям'i (мой бацька быў афiцэр), але, мушу прызнацца, часам, прачынаючыся на свiтанку, я адчуваў сябе прынцам цi нейкiм стварэрнем ад Бога. Гэтае пачуццё, заўважце, тлумачылася зусiм не маёю ўпэўненасцю, што я разумнейшы за ўсiх. Такая ўпэўненасць, зрэшты, нiчога не вартая, бо яе падзяляюць нямала бязглуздых тупiц. Не, у мяне ўсё было iначай, я быў такi задаволены, што лiчыў - мне нават няёмка прызнацца, - я лiчыў сябе божым выбраннiкам. Але, выбраннiкам, адзiным з усiх, каму лёсам наканаваны трывалы i вечны поспех. Гэтым, увогуле, i тлумачылася мая сцiпласць. Я не дазваляў сабе прыпiсаць гэты поспех толькi сваiм заслугам, я не мог дапусцiць, каб спалучэнне такiх разнастайных i часам супярэчлiвых якасцей у адным чалавеку было вынiкам звычайнага выпадку. I таму, калi я i жыў сярод шчасця, я адчуваў, што яно мне дазволена, калi так можна сказаць, загадам ад неба. Калi ж цяпер я вам скажу, што не меў нiякай прыхiльнасцi да рэлiгii, вы яшчэ лепей убачыце, наколькi дзiўнае i незвычайнае было такое перакананне. Так цi iнакш, было яно звычайнае цi не, але яно доўга дапамагала мне ўзвышацца над усiмi дробязямi жыцця. Я лунаў, лiтаральна лунаў у паднябёснай вышынi цэлымi гадамi, пра якiя, па праўдзе сказаць, i цяпер яшчэ захоўваю шкадаванне ў душы. Я лунаў да таго самага вечара, калi... Але не, гэта ўжо зусiм iншая гiсторыя, i яе трэба забыць. Зрэшты, я, можа быць, перабольшваю. Мне паўсюль пачувалася добра, што праўда, то праўда, але я нiчым не мог задаволiцца. Кожная здабытая радасць прымушала мяне шукаць новую. Я лётаў са свята на свята, з балю на баль. Здаралася, я танцаваў цэлую ноч i ўсё болей шалеў ад людзей i жыцця. I часам, вельмi позна ўначы, сярод скокаў, на лёгкiм падпiтку, калi я адчуваў сябе ўжо зусiм раскавана i ахунаўся ў нейкае млявае, радаснае i чароўнае забыццё, мне на iмгненне здавалася, што з глыбiнi маёй поўнай знямогi да мяне выплывае разгадка ўсiх таямнiц i сакрэтаў сусвету. Але назаўтра знямога праходзiла, i разгадка - знiкала; усё пачыналася зноў. Вось так я ганяўся за ўцехамi, заўсёды iх здабываў, але нiколi не наталяўся, я не ведаў, дзе мне спынiцца, - да таго самага дня цi, дакладней, вечара, калi раптам абарвалася музыка i пагаслi агнi. Той баль, дзе я быў шчаслiвы... Але дазвольце, я гукну нашага сябра-прымата. Кiўнiце яму ў знак удзячнасцi, а цяпер - што галоўнае - выпiце разам са мною, мне вельмi патрэбна вашае спачуванне. Як бачу, мае словы вас крыху здзiўляюць? Няўжо ў вас нiколi не ўзнiкала патрэбы ў нечым спачуваннi, у чыёйсьцi дапамозе, дружбе? Узнiкала, вядома. А я навучыўся задавальняцца адным спачуваннем. Яго прасцей знайсцi, i потым - яно нi да чога не абавязвае. "Паверце, я вам вельмi спачуваю", - кажаце вы, а самi адразу думаеце: "Ну, досыць, цяпер пара заняцца iншымi справамi". Дарэчы, гэта дзяжурныя фразы ў старшынi ўрада: на iх ён не скупiцца нiколi, асаблiва пасля нацыянальнай катастрофы. А вось з дружбай - зусiм не так проста. Здабываць яе даводзiцца доўга i цяжка, але калi яна ёсць, яе ўжо нельга пазбыцца, за яе трэба плацiць. Вы толькi не думайце, што вашы сябры будуць званiць вам штовечар, няхай i павiнны былi б гэта рабiць - хоць бы дзеля таго, каб даведацца, цi не той гэта вечар, калi вы вырашылi пакончыць жыццё самагубствам цi, можа, проста - хочаце з iмi пабачыцца або прагуляцца. Не-не, крый божа, калi яны i пазвоняць, дык толькi тады, калi вы будзеце не адзiн i свет вам будзе здавацца чароўным. А на самагубства - на самагубства яны самi вас падштурхнуць, бо, на iх думку, для вас гэта будзе святы абавязак i найлепшае выйсце. Ратуй нас неба, шаноўны пане, каб нашыя сябры былi пра нас такой высокай думкi! Што ж да тых, хто абавязаны нас любiць, - я маю на ўвазе бацькоў i тых, з кiм мы павянчаныя (а слова якое, га!), - дык тут зусiм iншая песня. Гэтыя заўсёды маюць патрэбнае слова, нават не слова - кулю! Яны вам звоняць так, нiбы страляюць з карабiна. I цэляць заўсёды лучна. Вось хто сапраўдныя здраднiкi! Што? Якi вечар? Ах, той! Чакайце, я яшчэ дайду, са мною спяшацца не трэба. Зрэшты, усё, што я кажу пра нашых сяброў i крэўных, ужо, пэўным чынам, датычыцца гэтай гiсторыi. Неяк мне расказалi пра аднаго чалавека, сябар якога сеў у турму. Дык уявiце сабе, кожны вечар гэты небарака клаўся спаць на падлозе, каб пазбавiць сябе тых выгод, якiх не меў той, каго ён любiў! Скажыце, шаноўны, хто будзе спаць на падлозе за вас? Ды цi сам я здольны на гэта? Паверце, я хачу быць здольным, i я буду. Мы ўсе некалi будзем здольныя на гэта, i ў гэтым будзе наш ратунак. Але гэта нялёгка. Нялёгка, бо дружба няўважлiвая цi, прынамсi, бяссiльная. Яна б i хацела, але не можа. Цi, можа быць, яна не так ужо моцна хоча? Можа быць, мы не так ужо моцна любiм жыццё? Вы заўважалi, што толькi смерць абуджае нашы пачуццi? Як мы любiм сяброў, што пакiнулi нас назаўжды! Як захапляемся мы вялiкiмi майстрамi, якiя ўжо змоўклi навекi, бо iх рот набiты зямлёй! Пахвала тады сама зрываецца ў нас з языка, тая пахвала, якую яны, мабыць, чакалi ад нас усё жыццё. I ведаеце, чаму мы заўсёды больш справядлiвыя i зычлiвыя да памерлых? Прычына вельмi простая! Перад iмi ў нас няма абавязкаў. Яны не абмяжоўваюць нашай свабоды, i мы можам пахвалiць iх тады, калi хочам, памiж кактэйлем i мiлай каханкай, - калi нам, увогуле, усё роўна рабiць болей няма чаго. Калi ж яны i патрабуюць ад нас чагосьцi, дык толькi ўспамiнаў, а памяць у нас вельмi кароткая. Мы любiм толькi нядаўна памерлых сяброў, пакуль у нас яшчэ жыве свежае хваляванне, пакуль не ацiх наш боль - нарэшце, мы любiм зноў-такi самiх жа сябе! У мяне быў адзiн сябар, якога я стараўся часцей пазбягаць. Мне з iм было крыху нудна, i потым - ён назаляў мне сваiмi маральнымi настаўленнямi. Аднак калi ён апынуўся на смяротным ложы, будзьце спакойны, я адразу ж сядзеў ля яго. Кожны дзень я прыходзiў да хворага, i ён памёр задаволены мною, пацiскаючы мне руку. У адной жанчыны, якая вельмi доўга, але бясплённа заляцалася да мяне, хапiла добрага густу памерцi маладой. Колькi месца яна адразу заняла ў маiм сэрцы! А ўявiце сабе не простую смерць, а самагубства! Божа лiтасцiвы, во дзе ўздымаецца вэрхал! Бесперастанку звонiць тэлефон, сэрца перапаўняецца, гучаць наўмысна кароткiя фразы, поўныя намёкаў, стрыманага болю i нават папрокаў - але-але! - папрокаў самому сабе! Так ужо створаны чалавек, мiлы пане, у яго два аблiччы: ён не можа любiць другiх, калi не любiць самога сябе. Паназiрайце за сваiмi суседзямi, калi ў вашым доме нехта памрэ. Да таго яны сонна марнеюць у сваiм нiкчэмным жыццi, але вось, раптам, памiрае, ну, скажам, напрыклад, дворнiк. I адразу ж усе прачынаюцца. Колькi мiтуснi, пытанняў, жалю! Нарэшце навiна аблятае ўвесь дом, i спектакль пачынаецца. Што вы хочаце, людзям патрэбны трагедыi, гэта дапамагае iм хоць крыху ўзняцца над самiмi сабой, гэта iх хмельны напiтак. Дарэчы, я не выпадкова завёў гаворку пра дворнiка. У нашым доме таксама быў адзiн, асоба сапраўды пакрыўджаная Богам - заўсёды злосны, да пачварнага пагардлiвы i злапомны. Ён мог бы збянтэжыць нават сама памяркоўнага манаха-францысканца. Я нiколi не гутарыў з iм, але адно яго iснаванне ўжо псавала мне радасць жыцця. I вось нарэшце ён памёр, i я пайшоў на яго пахаванне. Чаго - скажыце вы мне? Два днi да хаўтураў былi, зрэшты, вельмi цiкавыя. Дворнiчыха ляжала хворая ў сваiм адзiным пакойчыку, i труну з целам нябожчыка паставiлi побач з ёю на драўляных козлах. Кожны жыхар мусiў сам забiраць сваю пошту. Усе заходзiлi, казалi: "Дзень добры, панi", -слухалi хвалебныя словы ў адрас нябожчыка, на якога няшчасная паказвала рукой, i, узяўшы свае газеты, знiкалi. Вы хочаце сказаць, што ў гэтым няма нiчога вясёлага! Тым не менш, увесь дом пабываў у гэтым пакоi, дзе нясцерпна патыхала фенолам. I заўважце, людзi не пасылалi сваiх пакаёвак, яны самi iшлi пакарыстацца такiм удалым выпадкам. Зрэшты, i пакаёўкi таксама прыходзiлi, але цiшком, каб iх не заўважылi. У дзень пахавання аказалася, што труна настолькi вялiкая, што не пралазiць у дзверы. "О даражэнькi ты мой, - прастагнала дворнiчыха са свайго ложка, i ў яе голасе пачулася адначасова зачараванае i прыкрае здзiўленне, - якi ж ты быў вялiкi!" - "Не хвалюйцеся, панi, - азваўся распараднiк працэсii, - зараз мы яго нахiлiм i пранясём стаўма". Яго сапраўды нахiлiлi, пранеслi i потым паклалi, i я быў адзiны (калi не лiчыць былога бармена, з якiм, як я даведаўся, нябожчык штовечар пiў у бары "Перно"), хто дайшоў аж да могiлак i кiнуў кветкi на труну, раскошнасць якой мяне, дарэчы, здзiвiла. Пасля гэтага я зайшоў да дворнiчыхi, каб паслухаць, як яна голасам трагiчнай акторкi выкажа мне сваю ўдзячнасць. Вы запытаецеся, навошта я гэта зрабiў? Нiнавошта. А можа, таксама - каб выпiць свой хмельны напой. Аднойчы мне давялося хаваць старога супрацоўнiка з Калегii адвакатаў. Гэта быў даволi нiкчэмны чыноўнiк, але я заўсёды пацiскаў яму руку. Зрэшты, там, дзе я працаваў, я ўсiм пацiскаў руку, i нават не адзiн, а два разы на дзень. Такая мiлая сардэчнасць, якая, увогуле, нiчога не каштавала, прыносiла мне сiмпатыю ўсiх, а яна была вельмi карысная майму працвiтанню. Старшыня Калегii нават пальцам не варухнуў, каб уладзiць хаўтуры нашаму беднаму таварышу па службе. А я зрабiў усё як найлепш, i гэта - напярэдаднi сваёй вандроўкi, што асаблiва ўсiмi падкрэслiвалася. Безумоўна, я ведаў, што мой удзел у пахаваннi будзе абавязкова заўважаны i сустрэне найлепшыя водгукi. Таму вы зразумееце, што нават снег, якi падаў у той дзень, не прымусiў мяне адступiцца. Што? О не, я ўжо блiзка. Ды вы не турбуйцеся, я зусiм не адхiляюся ад тэмы. Дазвольце толькi, я спачатку закончу пра гэтую дворнiчыху. Яна лiтаральна зруйнавала сябе, аддаўшы ўсе грошы на дарагое распяцце i багатую дубовую труну са срэбнымi ручкамi, але ўжо праз месяц - вiдаць, каб паўней прачуць свае перажываннi - зблыталася з нейкiм прайдзiсветам, у якога, памiж iншым, быў даволi прыгожы голас. Гэты фат часцяком яе лупцаваў, з iх пакоя даносiўся жудасны лямант, але ўжо праз хвiлiну ён адчыняў акно i на ўсё горла спяваў свой улюбёны раманс: "О жанчыны, мае прыгажунькi!" - "Чорт ведае што!" - казалi суседзi. А чаму "чорт ведае што", папытаюся я ў вас? Ну, няхай паводзiны ў гэтага барытона гаварылi не на яго карысць, няхай у дворнiчыхi таксама. Але гэта яшчэ не даказвае, што яны не кахалi адно аднаго. Як i не даказвае, што яна не кахала свайго памерлага мужа. Прынамсi, пасля таго як прайдзiсвет раптам знiк, натамiўшы свой голас i рукi, верная ўдава пачала зноў узносiць хвалу свайму мужу-нябожчыку! Як бы то нi было, але я ведаў многа такiх, што, здавалася б, знешне жылi цiха i мiрна, але праз гэта зусiм не былi болей верныя або шчырыя. Я знаў аднаго чалавека, якi дваццаць гадоў свайго жыцця аддаў абсалютна пустой балаболцы, усiм ахвяраваў дзеля яе: сябрамi, кар'ерай i нават прыстойнасцю, - а потым аднойчы прызнаўся, што нiколi яе не кахаў. Проста яму было нудна, вось i ўсё. Ён нудзiўся, як i большасць людзей, i каб нечым заняцца, стварыў сабе такое жыццё, поўнае складанасцей i драматызму. Людзям трэба, каб нешта здаралася, i гэтым тлумачыцца большасць чалавечых канфлiктаў. Усе толькi i чакаюць, каб нешта адбылося - няхай нават рабства без кахання, няхай нават вайна, няхай смерць. I таму мы маем падставу ўсклiкнуць: няхай жывуць пахаваннi! У мяне ж не было i гэтага апраўдання. Я зусiм не нудзiўся - я панаваў. А ў той памятны вечар, магу вам сказаць, я нудзiўся меней за ўсё. Не, праўда, я абсалютна не хацеў, каб нешта адбылося. I тым не менш... Уявiце сабе такi цiхi восеньскi вечар, калi над горадам яшчэ дзьме цёплы ветрык, а над Сенай ужо ўздымаецца вiльготная прахалода. Надыходзiла ноч, яшчэ светлае на захадзе неба змрачнела, цьмяна блiскалi лiхтары. Я iшоў па набярэжнай да моста Мастацтваў. Памiж зачыненых латкоў букiнiстаў мiгцела сваiмi хвалямi рака. На набярэжнай было амаль бязлюдна: Парыж сеў за вячэру. Я таптаў нагамi пыльнае жоўтае лiсце, якое нагадвала пра нядаўняе лета. Неба пакрысе напаўнялася зорамi. Яны загаралiся раптам, калi я адыходзiў ад чарговага лiхтара, i хутка зноў гаслi. Я ўпiваўся цiшынёю i вячэрнiм спакоем апусцелага горада. Я быў задаволены. Дзень прайшоў вельмi ўдала: мне сустрэўся сляпы, якому я дапамог перайсцi вулiцу, я здолеў памякчыць прысуд аднаму свайму падапечнаму, i той горача пацiснуў мне за гэта руку, я зрабiў яшчэ некалькi велiкадушных учынкаў i за абедам у коле сяброў вызначыўся iмправiзаванай прамовай пра чэрствасць нашых кiраўнiкоў i крывадушнасць элiты. Я зайшоў на мост Мастацтваў, бязлюдны ўжо ў гэты час, i спынiўся, каб паглядзець на раку, якая ледзь вiднелася ў згусцелым змроку. Я стаяў тварам да статуi Генрыха IV, якраз над самай выспай, i адчуваў, як ува мне расце бязмежнае пачуццё сваёй усемагутнасцi i, я б нават сказаў, нейкай завершанасцi. Я ўжо збiраўся быў запалiць цыгарэту, як гэта часта бывае ў хвiлiну задавальнення, але раптам за спiнаю ў мяне прагучаў смех. Здзiўлены, я рэзка павярнуўся - нiкога. Я кiнуўся да парэнчаў - на рацэ не было нi чоўна, нi баркi. Я зноў зiрнуў на выспу, i зноў пачуў за спiнаю гэты смех, але цяпер ужо больш далёкi, нiбы яго зносiла плынню. Я стаяў, нерухомы. Смех цiшэў, але я чуў яго вельмi, выразна, ён ляцеў знiадкуль, з пустаты. Цi, можа быць, з хваль? Я адчуваў, як шалёна тахкае маё сэрца. Але зразумейце мяне правiльна, у гэтым смеху не было нiчога таемнага, гэта быў звычайны, добры смех, абсалютна натуральны i амаль сяброўскi, якi ўсё ставiць на сваё месца. Зрэшты, хутка ён ужо сцiх. Я спусцiўся на набярэжную i пайшоў па вулiцы Дафiн. Купiў зусiм не патрэбныя мне цыгарэты. Я быў уражаны, уражаны настолькi, што мне нават дыхалася цяжка. Вярнуўшыся дахаты, я пазванiў свайму прыяцелю, але той ужо некуды пайшоў. Я сам хацеў быў пайсцi куды-небудзь, калi раптам пачуў смех пад акном. Я адчынiў аканiцы. На ходнiках стаяла моладзь, яны весела смяялiся, развiтваючыся пасля пагулянкi. Я зачынiў акно i пацiснуў плячыма; нарэшце, мне было што рабiць - трэба было пагартаць адну новую справу. Я пайшоў у ванны пакой, каб выпiць халоднай вады. Мой адбiтак у люстры ўсмiхаўся, але мне падалося, што ў гэтай усмешцы ёсць нешта няшчырае... Што? Ах, прабачце, гэта я падумаў пра iншае. Убачымся з вамi заўтра, дамовiлiся? Ну, значыць, да заўтрага. Не-не, цяпер я застацца, на жаль, не магу. Бачыце, вунь там мяне клiча гэткi буры мядзведзь? Я абяцаў яму даць кансультацыю. Слаўны хлопец, далiбог, а палiцыя ўвесь час да яго чапляецца, i толькi праз сваю гнюснасць i мярзотную звычку. Вы лiчыце, што ў яго пыса забойцы? Будзьце ўпэўнены, яго пыса цалкам адпавядае яго прафесii. Ён сапраўды някепскi грабежнiк, i вы здзiвiцеся яшчэ больш, калi я скажу, што гэты пячорны чалавек выдатна разбiраецца ў жывапiсе i падпольна гандлюе карцiнамi. У Галандыi ўсе спецыялiсты ў жывапiсе цi ў гадоўлi цюльпанаў. А гэты, дарэчы, нягледзячы на свой сцiплы выгляд, - аўтар сама нашумелага ў апошнi час крадзяжу. Ён украў карцiну. Якую? Можа быць, я некалi вам пра гэта скажу. Не здзiўляйцеся, што мне ўсё вядома. Хоць я i суддзя-пакаяльнiк, але i ў мяне ёсць слабая струнка: я даю юрыдычныя кансультацыi гэтым мiлым людзям. У свой час я старанна вывучыў усе тутэйшыя законы i цяпер маю добрую клiентуру ў гэтым квартале - тут нiхто не пытаецца пра дыпломы. Зрэшты, зрабiць гэта было не так ужо лёгка, але мне давяраюць. У мяне такi шчыры, прыемны смех, я ўмею так бадзёра пацiснуць руку - усё гэта вялiкiя казыры. I потым, я дапамог уладзiць некалькi даволi складаных спраў, прычым зрабiў гэта не толькi дзеля карысцi, але i па перакананнi. Бо я лiчу, што калi сутэнёраў i рабаўнiкоў будуць паўсюль i заўсёды караць, дык усе так званыя сумленныя людзi палiчаць сябе занадта невiнаватымi. А на маю думку, шаноўны пане, - адну хвiлiнку, я ўжо iду! - на маю думку, якраз гэтага i трэба пазбягаць. Iначай усё будзе вельмi ўжо смешна. Я сапраўды, мой дарагi суайчыннiк, шчыра вам удзячны за вашу цiкаўнасць. Але, далiбог, у маёй гiсторыi няма нiчога незвычайнага. I калi вы так ужо хочаце ведаць усё да канца, скажу, што я не доўга памятаў пра той смех, усяго некалькi дзён, а пасля - пачаў забываць. Толькi зрэдку яшчэ мне здавалася, што ён гучыць недзе ўва мне. Але найчасцей я без нiякага намагання думаў пра iншае. I ўсё-ткi, мушу прызнацца, набярэжных над Сенай я пачаў пазбягаць. А калi мне здаралася праязджаць па iх на машыне або на аўтобусе, нешта замiрала ўва мне. Я, напэўна, чагосьцi чакаў. Але аўтобус пераязджаў цераз Сену, нiчога не адбывалася, i я з палёгкай уздыхаў. На той час у мяне крыху пагоршылася здароўе. Нiчога дакладнага, так - агульная млявасць. Але знайсцi свой звычайны гумор мне ўдавалася цяпер не так лёгка. Я хадзiў да лекараў, тыя выпiсвалi розныя лекi, каб трошкi мяне падбадзёрыць, я падбадзёрваўся, але толькi на час, i потым расклейваўся зноў. Жыццё больш не здавалася мне такiм радасным: калi цела чаўрэе, у душы пасяляецца сум. Мне здавалася, што я ўжо крыху развучыўся рабiць тое, чаму нiколi не вучыўся, але заўсёды так добра ўмеў - я маю на ўвазе ўменне жыць. Але, напэўна, менавiта тады ўсё i пачалося. Сёння ўвечары я таксама нешта не ў форме. Нават словы не клеяцца. Дый усё атрымлiваецца, па-мойму, не вельмi пераканаўча. Гэта ўсё праз надвор'е, пэўна. Дыхаецца кепска, i паветра такое цяжкае, што проста цiсне на грудзi. Вы не запярэчыце, калi я прапаную вам трошкi прайсцiся па горадзе? Не? Ну, вось дзякуй. Якiя ўсё ж прыгожыя каналы па вечарах! Мне падабаецца, калi з iх павявае застойнай вадою, пахам цвiлага лiсця, што мокне ў канале, i пахавальным водарам кветак, якiмi завалены баркi. Не-не, паверце, у маёй прыхiльнасцi да гэтых пахаў няма нiчога паталагiчнага. Я проста змiрыўся з iмi. Дый, сказаць праўду, я i каналамi захапляцца сябе прымушаю. А па-сапраўднаму я больш за ўсё люблю Сiцылiю - тут вы мяне разумееце, - асаблiва калi стаiш на вяршынi Этны i ўсё вакол залiта святлом, а перад табою адкрываецца ўся выспа i мора. Яшчэ люблю Яву, але толькi ў перыяд пасатаў. У маладосцi я там бываў. Дый наогул люблю ўсе выспы. На iх лягчэй панаваць. Якi прыгожы дом, праўда? А вунь, бачыце, там дзве галавы - гэта галовы мурынаў-нявольнiкаў. Нешта накшталт шыльды. Раней гэты дом належаў гандляру рабамi. О, у той час нiхто не хаваў сваiх сакрэтаў! Дужыя былi людзi, шчыра так i казалi: "Вось мая хата, заходзьце, я гандлюю рабамi, прадаю чорнае мяса". Вы можаце сабе ўявiць, каб нехта сёння мог адкрыта прызнаць, што ён займаецца падобнымi справамi? Якi скандал! Я ўжо адсюль чую, што б сказалi мае браточкi ў Парыжы. У такiх пытаннях яны няўмольныя, яны б адразу, без усялякiх ваганняў, выдалi два цi тры манiфесты, а то, можа, i болей! Па развазе, бадай, i я б прыклаў сваю ручку. Рабства? Не-не, як можна! Мы супраць! Праўда, мы вымушаны мiрыцца з iм у сям'i цi, скажам, на заводах, але так ужо яно заведзена. Але каб хвалiцца - гэта занадта! Я разумею, што немагчыма абысцiся без таго, каб не ўладарыць цi не мець каго-небудзь у сваiм паслушэнстве. Рабы патрэбны кожнаму чалавеку як паветра. Загадваць - значыць дыхаць, вы не згодны са мною? I нават сама абяздоленыя дыхаюць. Бо i ў чалавека, якi стаiць на сама апошняй прыступцы сацыяльнай iерархii, ёсць бацькоўская цi сямейная ўлада. Калi ж ён халасты, у яго ёсць сабака. Галоўнае, увогуле, у тым, каб магчы сварыцца, калi другi не мае права табе адказаць. "Не смей адказваць бацьку!" - вы, вядома ж, чулi такое выслоўе. У пэўным сэнсе, яно даволi дзiўнае. Каму ж тады адказваць, як не таму, каго любiш? Але з iншага пункту погляду, яно бясспрэчнае, бо нехта ж павiнен мець права на апошняе слова. Iначай любому доваду можна супрацьпаставiць iншы, i так будзе бясконца. Затое ўлада адразу спыняе ўсякiя спрэчкi. Мы патрацiлi нямала часу, каб уразумець гэтую iсцiну. I вы, напэўна, заўважылi, што ў нашай старэнькай Эўропе ўсе фiласофскiя разважаннi падаюцца цяпер проста чароўным спосабам. Мы не кажам, як у даўнi, наiўны час: "Я думаю так. Што вы можаце сказаць супраць?" Мы зрабiлiся болей празорлiвыя. Мы замянiлi дыялог паведамленнем. "Iсцiна - вось у гэтым, - кажам мы. - Вы можаце з ёю не пагаджацца, але нас гэта не цiкавiць. Праз некалькi год вас знойдзе палiцыя i пакажа, што рацыю меў я". Ах, мiлая наша планета! Нам усё на табе цяпер ясна. Мы ўсе знаем адзiн аднаго i ведаем, на што кожны з нас здольны. Ну, напрыклад, каб трошкi перамянiць тэму, возьмем хоць бы мяне. Я заўсёды хацеў, каб мне слугавалi з усмешкай. I калi ў маёй пакаёўкi быў засмучаны выгляд, гэта атручвала мне цэлы дзень. Вядома, яна мела поўнае права быць невясёлай. Але, на маю думку, ёй самой жа было б лепей, каб яна рабiла свой абавязак з усмешкай, а не ў слязах. Зрэшты, мне б гэта было яшчэ лепей. Але, нават нягледзячы на гэтую дробязь, мае разважаннi былi не такiя ўжо неразумныя. Кiруючыся менавiта гэтымi разважаннямi, я нiколi не хадзiў у кiтайскiя рэстараны. Чаму? Таму што, калi азiяты пры белых маўчаць, у iх заўсёды пагардлiвы выгляд. I натуральна, яны захоўваюць яго, калi абслугоўваюць вас за столiкам! Дзе ўжо тут адчуваць асалоду ад з'едзенага кураняцi цi, што яшчэ цяжэй, гледзячы на iх, захоўваць упэўненасць у сваёй праўдзе? Няхай гэта застанецца памiж намi, шаноўны пане, але ведайце: рабства, асаблiва з усмешкай на вуснах, - непазбежна. Але адкрыта мы, безумоўна, не павiнны яго прызнаваць. Цi не лягчэй таму, хто не можа абысцiся без рабоў, назваць iх вольнымi людзьмi? Па-першае, дзеля прынцыпу, а па-другое, каб не зусiм ужо iх расчароўваць у жыццi. Трэба ж даць iм хоць такую падтрымку, праўда? Затое яны заўжды будуць нам усмiхацца, а мы захаваем сваё чыстае сумленне. Iначай цяжка нам давядзецца: пачнецца самакапанне, вечныя пакуты так мы яшчэ, чаго добрага, сцiплыя станем, чым чорт не жартуе! Таму - нiякiх шыльд! I гэтая, памiж iншым, сапраўды - проста абуральная. Дарэчы, уявiце сабе, што б здарылася, каб кожны, хто садзiўся за стол, аб'яўляў сваю сапраўдную прафесiю, га? Ды тут у каго хочаце ў галаве б закруцiлася! Уявiце сабе гэткiя вiзiтныя карткi: "Дзюпон, фiлосаф i баязлiвец", цi "хрысцiянiн i хцiвец", цi "юрлiвец i гуманiст" - тут выбар даволi шырокi. Але гэта было б сапраўднае пекла! А ў пекле, па-мойму, так i павiнна ўсё быць: вулiцы з шыльдамi, i нiякага права на апраўданне. Усё пракласiфiкавана раз i назаўжды. Вось вы, дарагi суайчыннiк, падумайце, якая была б шыльдачка ў вас? Маўчыце? Ну добра, адкажаце крыху пазней. А я сваю шыльдачку ведаю: двухаблiчны, чароўны Янус, i наверсе - дэвiз: "Не давярай!" А на вiзiтнай картцы: "Жан-Батыст Кляманс, камедыянт". Дарэчы, неўзабаве пасля таго вечара, пра якi я вам расказаў, я адкрыў сабе адну рэч. Развiтваючыся са сляпым, якому я дапамог перайсцi дарогу, я зняў капялюш. Вядома, сляпому гэты жэст прызначацца не мог, бо ён бы ўсё роўна яго не ўбачыў. Але каму ж тады? Публiцы! Выканаў ролю - i раскланяўся. Няблага, праўда? I яшчэ быў выпадак, таксама ў гэты час: аднаму аўтамабiлiсту, якi горача падзякаваў мне за дапамогу, я адказаў, што на маiм месцы кожны зрабiў бы iначай. Я, вядома, хацеў сказаць: нiхто не зрабiў бы iначай. Але гэтая агаворка яшчэ доўга мне кроiла сэрца. Бо ў сцiпласцi мне сапраўды не было роўных. Аднак, калi сказаць шчыра, дарагi суайчыннiк, я заўсёды лопаўся ад самахвальства. "Я, я, я", - вось лейтматыў майго чароўнага жыцця, якi чуўся ва ўсiм, што б я нi казаў. Я не мог прамовiць i слова, каб не пахвалiцца. Але рабiў гэта з нечуванаю сцiпласцю, сакрэтам якой валодаў дасканала. Сапраўды, усё жыццё я адчуваў сябе ўсемагутным i вольным. Я лiчыў сябе вызваленым ад абавязкаў да iншых па той простай прычыне, што, на маю думку, я быў вышэйшы за iх. Мне заўсёды ўяўлялася, што я разумнейшы, я ўжо гэта казаў, але, апроч таго, я меркаваў, што я i болей чуллiвы, болей спрытны, што я высакакласны стралок, непараўнальны вадзiцель, найлепшы каханак. Нават у тых абласцях, дзе мне было лёгка выявiць сваю слабасць, напрыклад - у тэнiсе, дзе я быў не больш чым пасрэдны партнёр, я не мог перашкодзiць сваёй думцы, што, каб у мяне стала часу патрэнiравацца, я пераўзышоў бы найлепшых гульцоў. Я прызнаваў у сабе толькi свае перавагi, i гэтым тлумачылiся мае лагоднасць i дабрадушнасць. Калi ж я i займаўся справамi iншых, дык толькi з чыстай паблажлiвасцi, абсалютна дабравольна, што яшчэ больш павялiчвала мае заслугi, i я падымаўся на новую прыступку ў любвi да самога сябе. Разам з гэтымi я адкрыў сабе некаторыя iншыя iсцiны. I ўсё гэта адбылося пасля таго вечара, пра якi я вам гаварыў. Не адразу, не, i не ўсе яны былi мне аднолькава ясныя. Спачатку мне трэба было знайсцi сваю памяць. I толькi тады ўжо, патроху, я пачаў бачыць выразней, я паступова адкрываў сабе тое, што раней ужо знаў. Дагэтуль мне дапамагала мая дзiўная здольнасць усё забываць. Я, сапраўды, забываў усё, i перш за ўсё - свае ж рашэннi. Увогуле, нiчога для мяне не мела значэння. Вайна, самагубства, жабрацтва, любоў - усяму гэтаму я, вядома, надаваў пэўнае значэнне, калi таго вымагалi абставiны, але рабiў гэта вельмi далiкатна i, як бы мовiць, павярхоўна. Часам я прыкiдваўся, нiбыта мяне зацiкавiла справа, якая зусiм не датычылася майго будзённага жыцця. Але ў глыбiнi душы я заставаўся да яе абыякавы. Выключэнне складалi хiба тыя выпадкi, калi закраналася мая свабода. Ну як бы вам сказаць? Усё слiзгала па мне. Так, слiзгала, не пакiдаючы нiякiх слядоў. Але будзем справядлiвыя: здаралася, i мая няпамятлiвасць была вельмi пахвальнаю. Вы заўважалi, напэўна, што ёсць людзi, якiя свята вераць таму запавету, паводле якога трэба дараваць усякую крыўду, i яны сапраўды яе даруюць, але нiколi не забываюцца пра яе. Я ж быў не настолькi высокай натуры, каб дараваць, але нарэшце забываў нават сама чорныя абразы. I майго абражальнiка, якi лiчыў, што я люта яго ненавiджу, лiтаральна збiвалi з панталыку маё нечаканае прывiтанне i шчырая ўсмешка. Тады, у залежнасцi ад свайго характару, ён або захапляўся маёю шырокай душою, або пагарджаў маёй баязлiвасцю, не падазраючы, што прычына намнога прасцейшая: я не памятаў нават, як яго зваць. Такiм чынам, тая самая прыродная загана, якая рабiла мяне абыякавым i няўважлiвым да людзей, адначасова забяспечвала мне высакароднасць. Вось так я i жыў дзень пры днi, не ведаючы нiякай iншай рэальнасцi, апроч свайго "Я". Дзень пры днi - жанчыны, дзень пры днi - велiкадушныя ўчынкi i юр, дзень пры днi - усё кулём, але кожны дзень - толькi я, надзейны вартаўнiк у сябе ж на пасту. Я слiзгаў па паверхнi жыцця, жыў на словах, калi так можна сказаць, i нiколi не апускаўся да рэальнасцi. Тыя кнiгi, што я гартаў, я амаль не чытаў, тых сяброў, з якiмi сыходзiўся, амаль не ведаў, гарадоў, у якiх пабываў, амаль не бачыў, жанчын, з якiмi я спаў, амаль не меў! Усё, што я рабiў, - я рабiў ад нуды цi дзеля забавы. Побач праходзiлi людзi, яны хацелi за мяне ўхапiцца, але iм не было за што, i гэта было няшчасце. Няшчасце для iх. Бо я - забываў. Я нiколi не помнiў нiчога, апроч самога сябе. Але патроху памяць вярнулася да мяне. Цi не - я сам да яе вярнуўся, i я знайшоў у ёй успамiны, якiя мяне чакалi. Але раней чым расказаць вам пра гэта, дазвольце, я паведамлю яшчэ некалькi прыкладаў з таго, што я адкрыў падчас сваiх пошукаў. Я ўпэўнены, вам яны прыдадуцца. Дык вось, аднойчы, седзячы за рулём свайго аўтамабiля, я на хвiлiну задумаўся перад зялёным сiгналам светафора. Нашы цярплiвыя суайчыннiкi адразу пачалi гудзець мне ў спiну, i раптам мне прыгадалася адно здарэнне, якое адбылося ў такiх самых абставiнах. У той дзень мяне абагнаў на матацыкле маленькi сухарлявы чалавечак у акулярах i ў нагавiцах для гульнi ў гольф. Ён спынiўся на чырвоны сiгнал i дарэмна стараўся завесцi матор, якi чамусьцi заглух. Калi запалiўся зялёны сiгнал, я папрасiў яго, са сваёю звычайнаю ветласцю, адцягнуць матацыкл трошкi ўбок, каб я мог праехаць. Чалавечак, якi ўсё яшчэ раздражнёна поркаўся са сваiм наравiстым маторам, паводле ўсiх правiлаў парыжскай галантнасцi, адказаў, што я магу кацiцца да д'ябла. Я паўтарыў сваю просьбу, па-ранейшаму ветлiва, але ўжо з пэўнай нецярплiвасцю ў голасе. Да майго ведама было адразу даведзена, што, калi мне так карцiць, мне зараз намыляць карак. У гэты момант за спiнай у мяне пачулася некалькi гудкоў. З яшчэ большай настойлiвасцю я папрасiў свайго субяседнiка быць ветлiвым i ўлiчыць, што ён замiнае руху. Тэмпераментны пан, безумоўна, раззлаваны цяпер ужо яўнай упартасцю свайго матора, паведамiў, што, калi я хачу, як ён сказаў, "зарабiць па пысе", то ён зробiць гэта з вялiкiм задавальненнем. Такое цынiчнае нахабства мяне добра ўгнявiла, i я выйшаў з машыны, каб накруцiць фанабэрыстаму грубiяну вушы. Я нiколi не лiчыў сябе за баязлiўца (але чаго толькi чалавек не ўяўляе сабе!), апроч таго, я на цэлую галаву быў вышэйшы за працiўнiка i мае бiцэпсы мяне яшчэ нiколi не падводзiлi. Я i цяпер упэўнены, што па пысе хутчэй за ўсё зарабiў бы ён, а не я. Аднак ледзь я ступiў на дарогу, як вакол нас вырас натоўп, i нейкi чалавек падбег да мяне i пачаў крычаць, што я сама апошнi нягоднiк i што ён забараняе мне бiць чалавека, якi сядзiць на матацыкле i знаходзiцца, такiм чынам, у нявыгадным становiшчы. Я павярнуўся да нязванага мушкецёра, але нават не паспеў яго разгледзець як след. Бо толькi я павярнуў галаву, як матацыкл адразу затрашчаў, i я атрымаў важкi ўдар у вуха. Раней чым я ўсвядомiў, што адбылося, матацыкл ужо знiк. Разгубiўшыся, я машынальна рушыў да д'Артаньяна, але ў гэты самы момант пачуўся сярдзiты хор гудкоў - за маiм аўтамабiлем выстраiлася доўгая чарада машын. Зноў запалiўся зялёны сiгнал. I я, яшчэ крыху збянтэжаны, замест таго каб адлупцаваць нахабнага дурня, якi так недарэчы да мяне прычапiўся, паслухмяна сеў у машыну i ад'ехаў. А дурань наўздагон абазваў мяне "нiкчэмным баязлiўцам", i гэта таксама далося мне ў знакi. Нiчога не варты выпадак, скажаце вы? Безумоўна. Але я доўга не мог яго забыць, вось што важна. Праўда, у мяне былi апраўданнi, i хоць я i не адказаў на знявагу, вiнавацiць мяне ў баязлiўстве было, бадай, нельга. Мяне заспелi знянацку, прычапiлiся з двух бакоў, усё перамяшалася ў маёй галаве, i аўтамабiльныя гудкi даканалi гэтую разгубленасць. I ўсё ж я адчуваў сябе няшчасным, нiбыта страцiў свой гонар. Перад маiмi вачыма ўсплывала, як я сядаю ў машыну, нiчога не адказаўшы на абразу, i на мяне глядзяць кплiвыя позiркi з натоўпу, узрадаванага тым больш, што на мне, я i цяпер яшчэ помню, быў вельмi элегантны блакiтны гарнiтур. У вушах у мяне гучала: "Нiкчэмны баязлiвец!" - i цяпер я лiчыў, што, увогуле, заслужыў гэтую мянушку. Як бы то нi было, але я спасаваў, публiчна здрэйфiў. Няхай вiною таму быў збег акалiчнасцей, але гэта яшчэ не прычына - акалiчнасцi заўсёды ёсць. Гледзячы назад, я ясна ўяўляў, што мне трэба было зрабiць. Я павiнен быў падысцi да д'Артаньяна, кароткiм трапным ударам збiць яго з ног, потым сесцi ў машыну, дагнаць паскудную малпу, якая мяне зняважыла, прыцiснуць яе матацыкл да ходнiкаў i, адцягнуўшы злоснiка ўбок, задаць яму добрага дыхту, як ён таго заслугоўваў. З некаторымi варыянтамi я сто разоў пракручваў гэты фiльм у сваiх думках. Але таго, што мiнула, не вернеш, i мяне яшчэ некалькi дзён мучылi чорныя ўспамiны. Ну, вы паглядзiце, зноў пайшоў дождж! Давайце схаваемся пад тым вунь адлевам. Вось так, тут будзе лепей. Дык на чым я спынiўся? Ага, правiльна гонар! Дык вось, прыгадаўшы гэту гiсторыю, я зразумеў, што яна азначала. Увогуле, мае мары не вытрымлiвалi выпрабавання жыццём. Я ўяўляў - толькi ўяўляў, цяпер гэта было ўжо ясна, - што я чалавек паўнацэнны i дасканалы, чалавек, якi выклiкае ва ўсiх захапленне сваiмi прафесiйнымi i агульначалавечымi якасцямi. Нешта памiж Сэрданам i дэ Голем, калi хочаце. Карацей кажучы, я марыў быць першым ва ўсiм. Я ўвесь час строiў з сябе важную асобу, какетнiчаў, каб паказаць хутчэй свае фiзiчныя, а не iнтэлектуальныя здольнасцi. Аднак пасля таго, як мне публiчна ўляпiлi поўху i я пакорна змаўчаў, мiлавацца такiм сваiм прыгожанькiм вобразам было ўжо немагчыма. Каб я сапраўды быў прыхiльнiк праўды i розуму, што б мне было да гэтай гiсторыi, на якую ўсе даўно ўжо забылiся? Я хiба што пашкадаваў бы, што ўгнявiўся, што не здолеў стрымаць свайго гневу, панаракаў бы, што ў мяне не хапiла духу, каб узяць сябе ў рукi. Але ж не - я прагнуў узяць рэванш, адпомсцiць, перамагчы. Я нiбыта нiколi i не марыў быць сама разумным i сама велiкадушным стварэннем на зямлi, а iмкнуўся да аднаго - бiць, бiць усiх, хто трапляецца пад руку, быць сама дужым - i ў сама прымiтыўным сэнсе гэтага слова. Праўда, пане, крыецца ў тым, што кожны iнтэлiгент марыць быць гангстэрам i панаваць над грамадствам толькi з дапамогаю грубае сiлы. Аднак гэта не так лёгка, як можа здацца пры чытаннi адпаведных раманаў. I таму нашы iнтэлектуалы кiдаюцца да палiтыкi, шыюцца ў сама экстрэмiсцкiя партыi. Якая рознiца, што гэтым яны прынiжаюць свой розум? Затое яны будуць уладарыць над светам! Карацей кажучы, я таксама заўважыў у сабе салодкую мару стаць прыгнятальнiкам. Прынамсi, я зразумеў, што абараняю злачынцаў толькi таму, што iх злачынствы не робяць мне нiякай шкоды. Iх вiнаватасць жывiла маё красамоўства пастолькi, паколькi сам я не быў iх ахвярай. Калi ж нешта пагражала маёй асобе, я рабiўся не толькi суддзёй - я ператвараўся ў гняўлiвага феадала, гатовага расправiцца са сваiм злоснiкам па ўласных законах, збiць, здратаваць, паставiць яго на каленi. Пагадзiцеся, мой дарагi суайчыннiк, што пасля ўсяго гэтага мне было цяжка ставiцца ўсур'ёз да свайго прызвання служыць правасуддзю i абараняць сiротак i ўдоў. А дождж усё мацнее, значыць, часу ў нас дастаткова, i я, бадай, асмелюся расказаць вам пра яшчэ адно адкрыццё, якое ўсплыло ў маёй памяцi трошкi пазней. Давайце толькi прысядзем на тую вунь лаву пад стрэшкай. Але, ужо не першае стагоддзе тутэйшыя курцы люлек бачаць аднолькавую карцiну: усё той жа дождж, усё над тым жа каналам... Тое, што я хачу расказаць, зрабiць будзе не так лёгка. Гаворка гэты раз пойдзе пра жанчын. Перш за ўсё трэба сказаць, што ў жанчын я заўжды меў поспех, i прычым без вялiкага намагання. Я не кажу, што мой поспех быў у тым, што я рабiў iх шчаслiвымi цi рабiў шчаслiвым хоць бы самога сябе. Не, я проста дабiваўся поспеху - i ўсё. Iначай кажучы, я дасягаў сваёй мэты амаль заўсёды, калi хацеў. I жанчыны лiчылi мяне абаяльным, вы ўяўляеце? Ведаеце, што такое абаяльнасць? Гэта ўменне дабiцца згоды, не задаючы нiякiх пэўных пытанняў. У мяне ў свой час так яно i было. Вас гэта здзiўляе? Ды вы не адмаўляйцеся, я ж бачу. Пры такой пысе, як у мяне, вашае здзiўленне абсалютна натуральнае. На жаль, пане, з гадамi кожны чалавек пачынае плацiць сваiм аблiччам за сваё мiнулае жыццё. А ў мяне... Зрэшты, якая рознiца! Факт ёсць факт: мяне лiчылi абаяльным, i я гэтым карыстаўся. У мяне не было, аднак, нiякiх таемных разлiкаў - я быў шчыры, прынамсi, амаль што шчыры. Мае адносiны з жанчынамi былi заўсёды натуральныя, простыя лёгкiя, як кажуць у падобных выпадках. Да iх не дамешвалiся нiякiя хiтрыкi, калi не лiчыць хiтрыкаў яўных, непрыхаваных - тых, што жанчыны лiчаць нечым накшталт данiны павагi да сябе. Я iх кахаў, калi скарыстацца агульна прынятым словам, што, урэшце, азначае тое самае, што не кахаў нi адной. Я заўжды меркаваў, што пагарда да жанчын - пачуццё пошлае i бязглуздае, i амаль усiх жанчын, якiх ведаў, лiчыў лепшымi за сябе. Аднак хоць я i ставiў iх так высока, але сам карыстаўся iх паслугамi частей, чым служыў iм. Чым гэта растлумачыць? Разумееце, сапраўднае каханне - надзвычайная рэдкасць, яно сустракаецца, можа быць, два цi тры разы на стагоддзе. А ўвесь астатнi час яго ролю выконваюць нуда або марнасць. Адным словам, я не быў Партугальскаю мнiшкай. Хоць гэта i не азначае, што ў мяне было халоднае сэрца. Наадварот - яно было вельмi пачуццёвае, i выбiць з мяне слязу было што раз плюнуць. Але ўся бяда ў тым, што гэтая пачуццёвасць, як i ўсе мае душэўныя парывы, была звернута да самога ж мяне. Я сказаў вам, што нiколi не любiў? Гэта няпраўда. У маiм жыццi была, прынамсi, адна вялiкая любоў - любоў да самога сябе. I калi паглядзець з гэтага пункту, то пасля некаторых, непазбежных у раннiм юнацтве трывог, я вельмi хутка ўсё ўразумеў: пачуццёвасць i толькi пачуццёвасць запанавала ў маiм iнтымным жыццi. Я паўсюль шукаў асалоды i перамог. I ў гэтым мне вельмi спрыяла мая камплекцыя, бо лiтасцiвая прырода не пакрыўдзiла мяне нiчым. Я ганарыўся такою сваёй перавагай i здабываў з яе максiмум задавальнення. Нават цяжка сказаць, што тут наталялася больш - мая прага да ўцех цi iмкненне да прэстыжу. Але зараз вы скажаце, што я зноў пачынаю хвалiцца. Я i не збiраюся адмаўляць, хоць, зрэшты, ганарыцца тут, сапраўды, няма чым, бо ўсё гэта чыстая праўда. Калi ж казаць пра маю пачуццёвасць, дык яна ў мяне была такая высокая, што дзеля дзесяцiхвiлiннай любоўнай прыгоды я быў гатовы адмовiцца ад бацькi i мацi - няхай нават потым мне i давялося б горка пашкадаваць. Ды што я кажу! Менавiта дзеля дзесяцiхвiлiннай, i асаблiва калi я быў упэўнены, што пазней мы нiколi не ўбачымся. Безумоўна, i тут былi свае прынцыпы. Ну, напрыклад, сябрава жонка лiчылася ў мяне свяшчэннаю. Iначай кажучы, я ўжо загадзя прынамсi, за некалькi дзён - i прычым абсалютна шчыра, пераставаў адчуваць да яе мужа ўсякiя сяброўскiя пачуццi. Можа, гэта трэба назваць не пачуццёвасцю, а неяк iначай? Бо ў пачуццёвасцi, здаецца, нiчога агiднага няма. Але давайце не будзем судзiць строга i назавём гэта проста своеасаблiвай фiзiчнай заганай нечым накшталт прыроджанай няздольнасцi бачыць у каханнi нiчога iншага, апроч звычайнага сексу. Такая загана, увогуле, - даволi зручная рэч. У спалучэннi з маёю здольнасцю ўсё забываць яна толькi спрыяла маёй свабодзе. Яна надавала мне гэткi спакойны, адчужаны выгляд абсалютна незалежнага чалавека, i гэта было зарукай маiх новых поспехаў. Я быў далёкi ад рамантычнасцi i менавiта праз гэта пастаянна даваў падставы для дамаганняў розных рамантычных паненак. Па-мойму, тут нашы прыяцелькi маюць нешта агульнае з Банапартам: яны заўсёды ўпэўнены, што перамогуць там, дзе ўсе да iх цярпелi паражэнне. У сваiх адносiнах з жанчынамi я наталяў не толькi сваю пачуццёвасць, але i задавальняў сваю прагу да гульнi. Жанчыны падабалiся мне перш за ўсё як добрыя партнёркi ў своеасаблiвай гульнi, якая, увогуле, была даволi-такi бязвiннаю. Я арганiчна не пераносiў нуды i цанiў у жыццi толькi ўцехi. Любыя сябры, нават сама разумныя, хутка мне надакучвалi, але я нiколi не сумаваў з жанчынамi, якiя мне падабалiся. Мне няёмка прызнацца, але я аддаў бы дзесятак сустрэч з Эйнштэйнам за адно першае спатканне з прыгожанькаю статысткай. Праўда, на дзесятым спатканнi я б ужо затужыў па Эйнштэйне цi па добрай сур'ёзнай кнiзе. Але ўвогуле, высокiя праблемы цiкавiлi мяне адно ў прамежках памiж маiмi маленькiмi забавамi. А колькi разоў я, стоячы з сябрамi на ходнiках, у самы разгар спрэчкi раптам губляў нiтку размовы толькi таму, што вулiцу ў гэты момант пераходзiла якаясь чароўная спакуснiца! Словам, я гуляў. Я ведаў, што жанчыны не любяць, калi да мэты iдуць надта хутка. На iх думку, спачатку патрэбны адпаведная гутарка, пяшчоты. I тут у мяне не ўзнiкала нiякiх цяжкасцей: гаварыць я заўсёды ўмеў - я ж быў адвакат, - а позiркi сама розных адценняў навучыўся кiдаць яшчэ ў войску, калi займаўся ў тэатральным гуртку. Ролi мянялiся часта, але п'еса заўсёды была адна. Напрыклад, мне вельмi ўдавалася сцэна з нейкай неадольнай, падсвядомаю цягай: "я сам не ведаю, што са мной робiцца", "далiбог, я разумею, што гэта неразумна...", "я не хачу гэтага кахання, я так стамiўся..." i гэтак далей. Нумар, увогуле, не надта новы, але дзейнiчаў ён заўжды эфектыўна. Цi быў яшчэ адзiн - нейкае таямнiчае, бязмежнае пачуццё, якога не дарыла яшчэ нi адна жанчына. Можа быць, яно i не вельмi трывалае, можа быць, - i я нават упэўнены ў гэтым (хто ж можа за сябе паручыцца), - але цяпер без яго жыццё - не жыццё. Асаблiва ж добра я адшараваў адну маленечкую тыраду. Сэнс гэтай тырады заключаўся ў пакорным i смутным прызнаннi, што я абсалютная нiкчэмнасць, са мной не варта звязваць свайго жыцця, я сваё аджыў, але нiколi так i не ўбачыў шчасця, за якое цяпер, мабыць, аддаў бы ўсё на свеце, але - на жаль! - ужо занадта позна. Прычыны гэтага "занадта позна" я хаваў у сакрэце, ведаючы, што ў ложак лепш за ўсё класцiся ахiнутым у таямнiцу. Зрэшты, я настолькi ўжываўся ў ролю, што, у пэўным сэнсе, сам ужо верыў у тое, што кажу. Не дзiва, што i мае партнёркi нарэшце пачыналi весцi сваю партыю з вялiкiм натхненнем. Найбольш чуллiвыя iмкнулiся мяне зразумець, i гэтае iмкненне прыводзiла iх да сентыментальнай меланхолii. Другiя, задаволеныя тым, што я паважаю правiлы i далiкатна пачынаю з словаў, самi неадкладна пераходзiлi да канкрэтных дзеянняў. Я ж кожны раз выйграваў двойчы, бо не толькi наталяў сваё жаданне, але i, пераканаўшыся ў сваёй уладзе над жаночаю душою, яшчэ больш умацоўваўся ў любовi да сябе. Усё было менавiта так, i нават калi некаторыя жанчыны не прыносiлi мне вялiкага задавальнення, я ўсё роўна стараўся час ад часу аднавiць з iмi сувязь, на што мяне, безумоўна, штурхала не толькi жаданне асвяжыць былыя пачуццi пасля доўгай разлукi, але i iмкненне праверыць, што повязi, якiя злучалi нас, яшчэ жывуць i адно ад мяне залежыць, жыць iм далей цi не. Часам я нават прымушаў iх прысягнуць, што яны не будуць належаць нiкому, апроч мяне, i рабiў гэта толькi дзеля таго, каб раз i назаўжды адагнаць ад сябе ўсякую падазронасць у сувязi з гэтым. Праўда, нi ў сэрцы, нi ў думках падобных падазрэнняў у мяне не ўзнiкала. Я быў настолькi ўпэўнены ў сабе, што мне было цяжка ўявiць, каб жанчына, якая належала мне, некалi магла належаць другому. Я не мог гэтага дапусцiць, нават калi гэта было вiдавочна. I толькi павязаўшы iх клятвай, я адчуваў сябе вольным. Цяпер, калi я ведаў, што жанчына нiкому належаць не будзе, я мог з лёгкасцю яе кiнуць, што iначай было амаль немагчыма. Мне патрэбна была цвёрдая ўпэўненасць, што мая ўлада над iмi будзе iснаваць вечна. Забаўна, праўда? Але ўсё менавiта так, мой дарагi суайчыннiк. Адны крычаць: "Кахай мяне!" Другiя: "Не трэба мяне кахаць!" Але ёсць яшчэ адна, асаблiвая парода людзей - сама кепская i сама няшчасная, - яны патрабуюць: "Не кахай мяне, але вернасць захоўвай!" Тут вось дзе загваздка: пераканацца ў вернасцi канчаткова, бадай што, немагчыма, i з кожнай новай каханкай усё трэба паўтараць нанава. З часам гэта ўваходзiць у звычку, i хутка ты пачынаеш патрабаваць клятвы, нават не думаючы, на што яна табе патрэбна: у цябе ўжо рэфлекс. Нарэшце ўзнiкае такая сiтуацыя, калi ты бярэш, абсалютна таго не жадаючы. I можаце мне паверыць, некаторым бывае цяжэй за ўсё не ўзяць таго, чаго яны не хочуць. Так са мной аднойчы i здарылася. Няма нiякай патрэбы расказваць, хто яна была, скажу толькi адно: яна мяне зусiм не хвалявала i прывабiла хiба што сваiм пасiўным i адначасова прагным выглядам. Шчыра кажучы, задавальненне было даволi пасрэднае, чаго i трэба было чакаць. Але комплексамi я нiколi не мучыўся i, развiтаўшыся з гэтай асобай, хутка яе забыў. Я не думаў, каб яна нешта заўважыла, i ўжо зусiм не мог уявiць, што ў яе ўзнiкнуць нейкiя думкi. Зрэшты, у яе быў такi адчужаны выгляд, што мне падалося, нiбы яна наогул не здольная бачыць, што робiцца ў свеце. I тым не менш, праз некалькi тыдняў я даведаўся, што яна расказала пра мае недахопы нейкаму старонняму чалавеку. Першае пачуццё ў мяне было, што мне здрадзiлi; аказваецца, яна была не такая пасiўная, якой мне здавалася, i ў яе таксама былi нейкiя думкi! Але потым я пацiснуў плячыма i зрабiў выгляд, быццам мне ўсё гэта проста смешна. I я сапраўды пасмяяўся, бо гэты iнцыдэнт, зразумела, не меў нiякага значэння. Дый дзе ж яшчэ, як не ў справах сексу з усiмi яго дзiвацтвамi, сцiпласць мусiць быць правiлам? Але ж не, i тут кожны хоча выставiць сябе ў сама выгадным святле, няхай хоць бы перад самiм сабою. Вось i я - я сцiпла пацiснуў плячыма, i ведаеце, што зрабiў? Трошкi пазней я зноў спаткаўся з гэтай жанчынай, зноў зрабiў усё, каб яе спакусiць, i зноў авалодаў ёю. Зрэшты, гэта было не так ужо цяжка: жанчыны таксама не любяць, каб гэтая справа канчалася расчараваннем. I вось, як толькi мне ўсё гэта ўдалося, я пачаў лiтаральна мучыць яе. Гэта атрымлiвалася ў мяне мiмаволi. Я кiдаў i зноў вяртаўся да яе, я прымушаў яе аддавацца мне ў сама неадпаведны час i ў сама неадпаведных абставiнах, я абыходзiўся з ёю ва ўсiх адносiнах так жорстка, што нарэшце прывязаўся да яе, як, напэўна, прывязваецца турэмны наглядчык да свайго вязня. I так доўжылася да таго дня, пакуль яна, у нястрымным парыве пакутлiвай палкасцi, на ўвесь голас не ўславiла таго, хто яе прыгнятаў. З таго дня я пачаў ад яе аддаляцца. I потым забыўся зусiм. Нягледзячы на ваша далiкатнае маўчанне, я, бадай, пагаджуся, што гэта не вельмi яркая гiсторыя. I ўсё-такi - прыгадайце сваё жыццё, мой дарагi суайчыннiк! Пакапайцеся ў памяцi, я ўпэўнены, што вы знойдзеце ў ёй такую самую або падобную да гэтай гiсторыю i пазней самi распавядзеце яе. Што ж да мяне, то я смяяўся, калi прыгадваў гэту прыгоду. Праўда, гэта быў ужо iншы смех, ён быў нечым падобны на той, што я чуў на мосце Мастацтваў. Я смяяўся са сваiх любоўных i абарончых прамоў. Нават больш з абарончых, нiж з любоўных, бо ў размовах з жанчынамi я ўсё-ткi хлусiў менш. Маiмi паводзiнамi тут кiраваў iнстынкт, а ён гаворыць заўсёды ясна i без акалiчнасцей. Акт кахання - гэта ўжо прызнанне. Тут найбольш яскрава выяўляюцца i ваш эгаiзм, i ваша пыхлiвасць цi, наадварот, - ваша сапраўдная велiкадушнасць. Па сутнасцi, у гэтай сумнай гiсторыi я больш, чым калi б то нi было, паказаў сабе, хто я ёсць. Я быў у ёй больш шчыры, чым сам пра гэта здагадваўся, я ўбачыў нарэшце, як я жыву. I ўсё ж, нягледзячы на ўсё гэта - нягледзячы на тое, што я паводзiў сябе менавiта так, як вам расказаў, маё прыватнае жыццё было больш вартае павагi, чым мае напышлiвыя адвакацкiя прамовы пра бязвiннасць i правасуддзе. Ва ўсякiм выпадку, у сваiх адносiнах з жанчынамi я не мог падманвацца наконт сапраўднай сутнасцi маёй натуры. Нiхто не крывадушнiчае ў сваiх уцехах - ужо не памятаю, цi сам я гэта прыдумаў, цi прачытаў недзе, але думка слушная, праўда? Дык вось, пасля ўсяго, што са мной здарылася, i калi я пачаў разважаць аб прычынах, якiя перашкаджалi мне лёгка расставацца з жанчынамi i прыводзiлi да мноства паралельных сувязей, я канчаткова пераканаўся, што маё шчадралюбнае сэрца тут нi пры чым. Не яно кiравала мною, калi нейкая паненка, стамiўшыся чакаць Аўстэрлiца нашай любовi, сама заводзiла размову пра расстанне. Я адразу кiдаўся ёй насустрач, я iшоў на любыя кампрамiсы, уключаў усё сваё красамоўства, стараючыся распалiць у ёй пяшчоту i салодкую, мяккую страсць, але сам толькi ўяўна адчуваў тое ж самае - адзiнае, што мяне хвалявала, гэта магчымасць страцiць сваю любоўную ўладу над ёй. Часам, зрэшты, мне здавалася, што я пакутую сапраўды. Але досыць было бунтарцы ўсё-такi спраўдзiць сваё абяцанне i пакiнуць мяне, як я адразу яе забываў - як забываў i тады, калi яна вырашала вярнуцца. Не, не каханне i не велiкадушнасць кiравалi мною, калi мне пагражала небяспека аказацца пакiнутым; гэта было зусiм iншае жаданне жаданне быць самому каханым i атрымлiваць тое, што, на маю думку, мне належала. Але як толькi мяне зноў кахалi - я забываў пра сваю партнёрку i ўвесь свяцiўся ад радасцi, добры настрой вяртаўся да мяне, я рабiўся зноў абаяльны. Заўважце, дарэчы, што моц маёй любоўнай улады над вернутаю каханкай нарэшце пачынала прыгнятаць i мяне. I ў асаблiва прыкрыя хвiлiны я казаў сабе, што iдэальным выйсцем з такога становiшча была б смерць гэтай асобы. Па-першае, яна замацоўвала б навечна наш саюз, а па-другое, пазбавiла б няшчасную ад рабскага паслушэнства. Але ж няможна хацець смерцi ўсiх i нарэшце вынiшчыць усё чалавецтва, толькi каб карыстацца бязмежнай свабодай, якую iначай уявiць сабе немагчыма. Супраць гэтага паўставалi мае пачуццёвасць i любоў да людзей. Адзiнае сапраўды глыбокае пачуццё, якое мне выпадала перажыць у любоўных iнтрыжках, была ўдзячнасць. Удзячнасць за тое, што ўсё iдзе добра, што мне нiхто не назаляе, удзячнасць да тых жанчын, якiя пакiнулi мяне ў спакоi i далi поўную свабоду дзеянняў. Я нiколi не быў такi мiлы i вясёлы з каханкай, як у тых выпадках, калi сустракаўся з ёю, толькi што пераспаўшы з другой. Я нiбы адчуваў сябе ў даўгу перад усiмi жанчынамi за тое, што даравала мне адна з iх. Але якой бы нi была блытанiна ў маiх пачуццях, сэнс iх заўсёды зводзiўся да аднаго: утрымаць сваю ўладу над усiмi, каб скарыстацца ёю ў любы зручны мне час. Я выдатна разумеў, што магу быць шчаслiвы толькi ў тым выпадку, калi ўсе людзi на зямлi - цi, прынамсi, як мага большая iх колькасць - будуць неадрыўна глядзець на мяне, вечна адданыя, пазбаўленыя прыватнага жыцця, гатовыя ў любы момант адказаць на мой поклiч, нарэшце - асуджаныя на бясплоднасць да таго самага дня, пакуль я не зраблю ласку асвяцiць iх сваiм жыватворным ззяннем. Словам, каб мне жылося шчаслiва, людзi, якiх я выбiраў, мусiлi наогул не жыць. Яны павiнны былi толькi зрэдку на нейкi час ажываць, калi на тое была мая воля. Паверце, я зусiм не займаюся самалюбаваннем, расказваючы вам усё гэта. Калi я прыгадваю той перыяд свайго жыцця, калi я патрабаваў усё, нiчога не даючы наўзамен, прымушаў столькi людзей служыць мне, нiбы засоўваў iх у лядоўню, каб заўжды мець у патрэбны час пад рукой, - ува мне ўзнiкае нейкае дзiўнае пачуццё. Далiбог, я нават не ведаю, як яго назваць. Можа быць, гэта сорам? Скажыце, дарагi суайчыннiк, цi не можа ад сораму трошкi пячы ў грудзях? Можа? Значыцца, гэта ён. Цi нейкае iншае дзiўнае пачуццё, якое таксама датычыцца гонару. Так цi iнакш, але гэтае пачуццё, здаецца, ужо не пакiдала мяне пасля таго, як з глыбiнь маёй памяцi ўсплыла яшчэ адна сумная гiсторыя. Я больш не магу адцягваць свайго расказа пра яе, нягледзячы на ўсе мае выкруты i адступленнi, хоць, спадзяюся, вы на мяне не вельмi за iх крыўдуеце. Го, а дождж перастаў! Зрабiце ласку, правядзiце мяне дадому. Нешта я стамiўся. I што сама дзiўнае - не ад таго, што доўга гаварыў, а ад адной толькi думкi, што мне яшчэ трэба будзе вам расказаць. Хадземце. Мне не спатрэбiцца многа слоў, каб апiсаць сваё галоўнае адкрыццё. Дый наогул навошта казаць лiшняе? Няхай статуя пакажацца вам ва ўсiм сваiм непрыкрытым выглядзе, таму - далоў напышлiвыя фразы! Дык вось... Гэта здарылася цёмнай лiстападаўскай ноччу, за два цi тры гады да таго, як у спiну мне прагучаў ужо вядомы вам смех. Вяртаючыся дадому, я iшоў да Каралеўскага моста, каб перайсцi на левы бераг ракi. Была першая гадзiна ночы, церусiў дробны дождж, нават не дождж - iмжа, у якой расплывалiся абрысы рэдкiх мiнакоў. Толькi што я развiтаўся са сваёю сяброўкай, якая, напэўна, ужо спала, i мне было прыемна адчуваць лёгкую стому ў супакоеным целе. Кроў цiха пульсавала ўва мне, як гэты асеннi дождж. На мосце я заўважыў нейкi сiлуэт, ён схiлiўся над парэнчамi i нiбыта ўзiраўся ў ваду. Падышоўшы блiжэй, я ўбачыў маладую стройную жанчыну, якая была ва ўсiм чорным. Толькi памiж цёмных валасоў i каўнерам палiто выглядвала палоска прывабнай i мокрай ад дажджу шыi. Яна ўсхвалявала мяне. Але я крыху павагаўся i прайшоў мiма. Я спусцiўся з моста, павярнуў на набярэжную i рушыў да бульвара Сэн-Мiшэль, на якiм тады жыў. Я прайшоў ужо метраў пяцьдзесят, калi раптам да мяне данёсся шум. Нават на такой адлегласцi ён здаўся мне аглушальным у начной цiшынi - гэта быў шум цела, якое абрушылася ў ваду. Амаль адразу пачуўся крык, потым яшчэ i яшчэ, яго зносiла плынню, ён аддаляўся. I раптам знiк. Апалая цiшыня ў нечакана застылым змроку здавалася мне бясконцай. Я хацеў пабегчы, але не мог варухнуцца. Я ўвесь дрыжаў, напэўна, ад холаду i неспадзяванасцi таго, што адбылося. Я казаў сабе, што трэба хутчэй нешта зрабiць, i адчуваў, як маё цела скоўвае неадольная млявасць. Ужо не памятаю, якiя ў мяне былi думкi. "Надта позна, надта далёка..." цi нешта падобнае. Але я ўсё стаяў на месцы i да чагосьцi прыслухоўваўся. Церусiў дождж. Нарэшце я паволi рушыў далей. Я нiкога не папярэдзiў пра тое, што здарылася. Ну, вось мы i прыйшлi. Гэта мой дом, мой прытулак. Заўтра? Добра, калi вы не супраць. З задавальненнем завязу вас на выспу Маркен, паглядзiце на Зэйдэрзее. У адзiнаццаць гадзiн прыходзьце ў "Мехiка-Сiцi". Што? Тая жанчына? Не ведаю, далiбог, не ведаю. Нi назаўтра, нi ў наступныя днi я газет не чытаў. Лялечная вёсачка, праўда? А якая маляўнiчая - такой яшчэ пашукаць! Але я вас прывёз на гэтую выспачку не дзеля маляўнiчасцi, мiлы дружа. Тут i без мяне кожны мог бы вам паказаць i прыгожанькiя каптуркi, i драўляныя чобаты, i квяцiстыя хаткi з навошчанаю падлогай, дзе рыбакi паляць люлькi, напханыя духмяным мультанам. Я адзiн з тых рэдкiх людзей, хто сапраўды можа паказаць вам тое, што тут варта было б паглядзець. Мы з вамi iдзём да дамбы. Трэба як мага далей адысцiся ад гэтых занадта зграбненькiх домiкаў. Ну вось, цяпер давайце прысядзем. Што скажаце? Вы не лiчыце, што гэта найлепшы з усiх нудлiвых пейзажаў? Зiрнiце, як хораша! Злева куча попелу, якую ў iх называюць дзюнай, справа - шэрая дамба, пад нагамi змярцвела-белы пясок, а перад намi - мора колеру бруднага лугу i бязмежнае неба, у якiм адбiваюцца палiнялыя воды. Нешта накшталт млявага, мяккага пекла. Спрэс адны гарызанталi, нiякiх блiскаў, нiякай iскаркi i нiводнай яркай плямкi на даляглядзе - жыццё нiбы памерла. Сусвету няма, усё сцёртае ўшчэнт - тут на свае вочы можна ўбачыць, што такое нябыт. I галоўнае - нiводнага чалавека, нi душы! Толькi вы ды я, на ўсёй апусцелай нарэшце планеце! Што вы кажаце? Неба ўсё-такi жыве? Што ж, тут вы маеце рацыю, мiлы дружа. Яно то хмурнее, то зноў праясняецца, будуе свае паветраныя лесвiцы i зачыняе брамы сваiх аблакоў. А вунь галубы. Вы не заўважалi, што неба ў Галандыi ўсё запоўнена галубамi? Але iх амаль не вiдаць - яны лётаюць надта высока. Яны махаюць крыламi i, нiбыта хвалi, то ўздымаюцца ўвышыню, то зноў апускаюцца долу, i вецер часам даносiць мяккi шолах iх шэрага пер'я, якiм поўнiцца ўвесь нябесны абшар. Галубы чакаюць там, увышынi, чакаюць увесь год. Яны лунаюць па-над зямлёю, глядзяць i, напэўна, хацелi б спусцiцца. Але iм няма куды - тут толькi мора, каналы, дахi з шыльдамi i нiводнай вяршынi, дзе б можна было адпачыць. Вы не разумееце, што я хачу сказаць? Прызнацца, я i сам вельмi стамiўся. Губляю нiтку размовы, блытаюся... Няма ўжо былой яснасцi розуму, якой так захаплялiся мае сябры! Зрэшты, якiя сябры? Я гэта кажу чыста ўмоўна. У мяне даўно ўжо няма нiякiх сяброў, засталiся адны саўдзельнiкi. Затое колькасць iх павялiчылася - цяпер гэта ўвесь род чалавечы. I вы сярод iх - першы. Той, хто побач, - заўсёды першы. Адкуль я ведаю, што ў мяне няма сяброў? Вельмi проста: я зразумеў гэта, калi надумаў пакончыць жыццё самагубствам, - я хацеў выкiнуць перад сябрамi добрую штуку i, пэўным чынам, iх пакараць. Але скажыце, каго б я пакараў? Некаторыя, можа, хiба што здзiвiлiся б, але пакараным - о не! пакараным сябе нiхто б не адчуў. Тады я i сцямiў, што сяброў у мяне, аказваецца, няма! Дый нават калi б i былi, я ўсё роўна нiчога б не зрабiў. Вось каб я мог памерцi, а пасля ўбачыць, як выцягнуцца iх пысы, - тады, можа быць, аўчынка i была б вартая вырабу. А так - зямелька цёмная, мiлы дружа, дошкi трывалыя, а саван гаматны. Вочы душы? О, вядома! Калi толькi гэтая душа ёсць, i калi яна не сляпая. На жаль, мы не можам быць у гэтым упэўненыя, у гэтым нiхто не ўпэўнены. Iначай гэта было б выдатнае выйсце, каб нарэшце прымусiць усiх прымаць сябе ўсур'ёз. Пакуль вы жывяце, людзi нiколi не пераканаюцца ў вашай праўдзе, яны нiколi не павераць у шчырасць вашых пачуццяў i глыбiню вашых пакут. Пакуль вы не памерлi, вашае жыццё ўсяго толькi сумнiцельны выпадак, i да яго заўсёды будуць ставiцца скептычна. Таму, калi ў вас ёсць хоць сама маленькая ўпэўненасць, што вы здолееце пацешыцца вiдовiшчам, якое адбудзецца пасля вашай смерцi, - гэта ўжо варта клопату, каб даказаць iм тое, у што яны не верылi, i добра-такi iх здзiвiць. А калi такой упэўненасцi няма? Ну, заб'яце вы сябе - i што вам будзе да таго, паверылi яны вам цi не? Вас жа ўсё роўна не будзе. Вы не ўбачыце нi iх здзiўлення, нi раскаяння, няхай нават i вельмi кароткага. I вашая мара, якая жыве, дарэчы, у кожным чалавеку, - мара прысутнiчаць на сваiх хаўтурах, - застанецца неспраўджанаю. I ўсё ж, як нi круцiся, але каб пакончыць з недаверам да свайго жыцця, трэба пакончыць з самiм гэтым жыццём - толькi ўсяго. А можа, гэта i добра, што мы нiчога не ўбачым? Бо iначай нам давялося б дужа пакутаваць праз абыякавасць нашых блiзкiх. "Ты мне за гэта заплацiш!" пагразiлася адна дзяўчына свайму бацьку, калi той забаранiў ёй пабрацца з нейкiм прылiзаным фацэтам. I налажыла на сябе рукi. Але бацька нiчога не заплацiў. Ён вельмi любiў рыбалiць са спiнiнгам. I праз тры днi зноў пайшоў да ракi - каб трошкi забыцца, як ён сказаў. Што ж, яго разлiк спраўдзiўся, ён сапраўды ўсё забыў. I, шчыра кажучы, варта было б здзiвiцца, каб здарылася iначай. Мы думаем, што, забiваючы сябе, мы гэтым караем сваю жонку. Не, мiлы дружа, наадварот - мы даём ёй поўную свабоду. I таму - лепш ужо нам гэтага не бачыць. Апроч таго, мы рызыкуем пачуць, чым яны тлумачаць такi наш учынак. Я ведаю, што б сказалi пра мяне: "Ён забiў сябе, таму што не мог вытрываць, калi..." Не, мiлы дружа, у людзей усё-ткi вельмi беднае ўяўленне. Яны заўсёды думаюць, што прычына ў самагубства - адна. Але ж у яго можа быць дзве прычыны! Такое ў галаву iм чамусьцi не прыходзiць. Дык навошта тады памiраць па сваёй волi? Навошта прыносiць сябе ў ахвяру той нерэальнай думцы, што пасля вашай смерцi пра вас будзе складзена менавiта такое ўяўленне, якога хочаце вы? Ды як толькi вы памраце, усе скарыстаюцца гэтым, каб надаць вашаму ўчынку сама бязглуздыя цi пошлыя матывы. I таму, мiлы дружа, вялiкiм пакутнiкам трэба выбiраць нешта адно: або каб пра iх смерць адразу забылi, або каб пачалi з яе кпiць, або каб выкарысталi з пэўным намерам. Але каб яе зразумелi - нiколi! I потым, не будзем хавацца ад праўды, - я люблю жыццё, i ў гэтым мая галоўная слабасць. Я люблю яго настолькi, што нават не магу ўявiць, што адбываецца па-за яго межамi. У такой празе да жыцця ёсць, напэўна, нешта плебейскае, вы не лiчыце? Арыстакраты заўсёды ўмелi глядзець на сябе i сваё жыццё крыху збоку. Калi гэта было трэба - яны памiралi, iх хутчэй можна было паламаць, нiж сагнуць. А я - не, я гнуся, бо мне падабаецца жыць i так. Дарэчы, што, вы думаеце, сталася са мной пасля ўсяго, што я вам расказаў? Вы думаеце, я адчуў да сябе гiдлiвасць? Кiньце! Я адчуў гiдлiвасць да iншых. Безумоўна, я ведаў, у чым мае хiбы, i бедаваў над iмi. Але па-ранейшаму з пахвальнай упартасцю iх забываў. Затое я нiколi не забываўся асудзiць у душы iншых. Вас, напэўна, гэта шакiруе? Вы, напэўна, думаеце, што тут няма нiякай логiкi? Але праблема зусiм не ў тым, каб усё было лагiчна. Праблема ў тым, каб увiльнуць, выслiзнуць i галоўнае - сама галоўнае! - унiкнуць прысуду. Я не кажу: унiкнуць пакарання. Бо пакаранне без прысуду знесцi не так ужо цяжка. У яго, дарэчы, даволi бяскрыўдная назва, якая гарантуе вашу бязвiннасць: няшчасце. Таму галоўнае - менавiта пазбегнуць прысуду, зрабiць усё, каб прыгавор нiколi не быў вынесены. На жаль, зрабiць гэта не вельмi проста. Судзiць цяпер усе навучылiся гэтак жа добра, як i юрыць. З тою рознiцай, што, калi судзiш, за вынiкi можна не баяцца. Вы ў гэтым сумняваецеся? Тады паслухайце, пра што кажуць за столiкамi ў летнiх гатэлях, куды нашы шаноўныя суайчыннiкi прыязджаюць лячыцца ад нуды. Калi вам гэтага будзе мала, каб прыйсцi да пэўнай высновы, - пачытайце, што пiшуць нашы сучасныя маралiсты. Цi паназiрайце, што робiцца ў вашай сям'i, ужо гэта вас нечамусь навучыць. Дарагi дружа, не трэба даваць iм нiякай зачэпкi нас асудзiць, нават сама маленькай! Iначай яны раздзяруць нас на шматкi. Мы павiнны быць пiльныя, як дрэсiроўшчык. Уявiце сабе, што здарыцца, калi ён, перад тым як увайсцi ў клетку, на няшчасце парэжацца лязом? Вось дзе будзе слаўны банкет драпежнiкам! Я гэта сцямiў даўно - яшчэ тады, як у мяне ўзнiкла падазрэнне, што я не такi ўжо бездакорны. З той пары я да ўсiх стаўлюся з недаверам: раптам нехта заўважыць, што ў мяне ранка? Усё! Тут мне i капцы - зжаруць разам з трыбухамi. Мае адносiны з людзьмi знешне заставалiся такiя ж, як i раней, але неўпрыкмет пачалi разладжвацца. Мае сябры не перамянiлiся. Яны i цяпер пры выпадку маглi пахвалiцца, што побач са мной iх агортвае пачуццё гармонii i трывалай надзейнасцi. Але сам я адчуваў толькi беспарадак i блытанiну ў сваёй душы; мне здавалася, што мяне абяззброiлi, выставiлi на суд перад публiкай. Людзi ўжо не былi для мяне той пачцiваю аўдыторыяй, да якой я даўно прызвычаiўся. Кола, цэнтрам якога я быў; распалася, i ўсе сталi ў адзiн рад як суддзi на судовым пасяджэннi. З той хвiлiны, калi я адчуў, што ўва мне таксама ёсць нешта падсуднае, я зразумеў, што ў другiх жыве неадольная прага судзiць. Як i раней, яны былi побач - але яны смяялiся. Мне пачало здавацца, што кожны глядзiць на мяне з прыхаванай усмешкай. I нарэшце я ўбiў сабе ў галаву, што ўсе толькi i думаюць, як бы падставiць мне нагу. I я сапраўды два цi тры разы спатыкаўся, уваходзячы ў людныя месцы, хоць гэтаму не было нiякай прычыны. А аднойчы нават упаў. Праўда, хутка я ўзяў сябе ў рукi i, як i належыць французу-картэзiянцу, прыпiсаў усе гэтыя здарэннi зразумелай кожнаму боскай волi, iначай кажучы - выпадку. Але недавер ува мне ўсё ж застаўся. Цяпер, калi ў мяне абвастрылася ўвага, я без цяжкасцi пачаў прыкмячаць сваiх ворагаў. Спачатку - сярод таварышаў па службе, пасля - сярод свецкiх знаёмых. Некаторым я калiсьцi зрабiў паслугу, другiм мусiў бы зрабiць, але не зрабiў. Але ва ўсiм гэтым, увогуле, не было нiчога незвычайнага, i маё адкрыццё не вельмi мяне засмуцiла. Больш балюча i цяжка мне было дапусцiць, што ў мяне ёсць ворагi сярод тых, каго я амаль не ведаў цi не ведаў наогул. Раней, са сваёю звычайнай наiўнасцю, у якой вы маглi ўжо пераканацца, я меркаваў, што варта чалавеку пазнаёмiцца са мною блiжэй i ён адразу мяне палюбiць. Але ж не! Больш за ўсё ворагаў я сустракаў якраз сярод тых, хто ведаў мяне толькi па чутках i пра каго сам я нават не чуў. Безумоўна, яны падазравалi, што я жыву поўным жыццём, лунаю ў воблаках шчасця, - а такое не даруецца нiколi. Удачлiвы выгляд, асаблiва калi ў iм праглядвае саманадзейнасць, здольны раз'юшыць нават асла. У мяне ж жыццё было сапраўды настолькi ўдачлiвае i поўнае, што праз нястачу часу я мусiў адмаўляць многiм, хто набiваўся мне ў прыяцелi. Па гэтай самай прычыне я вельмi хутка iх забываў. Але ў людзей, якiя набiвалiся ў прыяцелi, жыццё было не такое поўнае, i ў iх заўсёды ставала часу, каб памятаць пра маю адмову. Такiм чынам, ужо з аднаго гэтага прыкладу вiдаць, што жанчыны каштавалi мне дорага. Час, якi я iм прысвячаў, быў назаўжды страчаны для мужчын, i яны даравалi мне гэта вельмi рэдка. Як тут знайсцi раду? Шчасце i поспех даруюцца вам толькi тады, калi вы гатовы iмi шчыра падзялiцца. Але каб быць сапраўды шчаслiвым, немагчыма ўвесь час клапацiцца пра iншых. Выходзiць, выйсця няма. Або шчаслiвы i асуджаны - або бязгрэшны i няшчасны. Аднак у маiм выпадку ўсё было яшчэ болей несправядлiва: мяне судзiлi за даўно мiнулае шчасце. Я жыў у iлюзii, што памiж мной i людзьмi ёсць поўная згода, але на самай справе на мяне, усмешлiвага i няўважнага, з усiх бакоў сыпалiся стрэлы, папрокi, кпiны. I ў той дзень, калi я з трывогай ачуўся i да мяне вярнулася яснасць, усе раны адначасова адкрылiся на маiм целе, i я адразу страцiў былую моц. Увесь свет пачаў з мяне кпiць. Такога не здолее вытрываць нiхто, апроч тых, хто не жыве (я маю на ўвазе мудрацоў). Адзiная абарона - злосць. I вось людзi спяшаюцца хутчэй асудзiць, каб не быць асуджанымi. А што вы хочаце? Думка пра сваю бязвiннасць - сама натуральная ў кожнага чалавека. Яна ўзнiкае ў яго iнстынктыўна, нiбы iдзе з самай глыбiнi ягонай iстоты. З гэтага пункту погляду ўсе мы падобныя да таго французiка, якi, трапiўшы ў Бухенвальд, упарта дамагаўся падаць скаргу на iмя пiсарчука, таксама з лiку вязняў, якi заносiў яго ў спiс зняволеных. Скаргу? Пiсарчук i яго таварышы пасмяялiся: "Дарэмна, галубе. Тут не скардзяцца". "Але, пане, зразумейце, - сказаў небарака-французiк, - у мяне асаблiвы выпадак. Справа ў тым, што я невiнаваты!" Усе мы - асаблiвыя выпадкi. I ўсе мы да чагосьцi заклiкаем! Кожны хоча быць невiнаваты - любою цаной, нават калi дзеля гэтага спатрэбiцца абвiнавацiць усё чалавецтва i само неба. Вы мала пацешыце чалавека, калi пахвалiце яго за намаганнi, якiя зрабiлi яго такiм разумным або велiкадушным. Затое як ён узрадуецца, калi вы пачняце захапляцца яго прыроджанаю велiкадушнасцю! I наадварот, калi вы скажаце злачынцы, што яго правiннасць паходзiць зусiм не ад яго натуры i не ад яго характару, а тлумачыцца няшчасным збегам абставiн, ён будзе вам бясконца ўдзячны. I падчас абарончай прамовы нават выбера якраз гэты момант, каб заплакаць. Аднак нiякай заслугi ў тым, што ты сумленны або разумны ад нараджэння, - няма. Як i, безумоўна, нельга несцi большую адказнасць за тое, што ты - злачынца ад нараджэння, а не паводле абставiн. Але гэтыя нягоднiкi прагнуць лiтасцi, цi то - безадказнасцi, i ў сваё апраўданне гатовы кiваць то на сваю натуру, то на змякчальныя акалiчнасцi, нават калi гэтыя довады супярэчаць адзiн аднаму. Галоўнае лiчыцца невiнаватым, даказаць, што твая прыродная дабрачыннасць - бясспрэчная, а правiннасць - мiнучая i тлумачыцца незалежнымi ад цябе прычынамi. Я ўжо казаў: галоўнае - пазбегчы прысуду. А таму, што зрабiць гэта не вельмi проста, як i нялёгка прымусiць другiх захапляцца сваёю натурай i адначасова знаходзiць у ёй апраўданне, - усе iмкнуцца разбагацець. Чаму? Вы не задавалi сабе такога пытання? Каб быць болей магутным? Ну, гэта зразумела. Але галоўнае ў тым, што багацце не дазваляе, каб вас асудзiлi адразу, яно засцерагае вас ад натоўпу ў метро, хавае ў блiскучым i ўтульным лiмузiне, iзалюе ў раскошных дагледжаных парках, вагонах першага класу, каютах-люкс. Багацце, мiлы дружа, - гэта яшчэ не апраўданне, гэта толькi адтэрмiноўка, але i ёю не варта пагарджаць... Галоўнае - не давайце веры сваiм сябрам, калi яны просяць вас быць з iмi шчырымi. Адзiнае, на што яны спадзяюцца, - што вы яшчэ больш умацуеце iх у добрай думцы пра самiх сябе i сваiм абяцаннем быць шчырым дасцё яшчэ адно пераканаўчае сведчанне гэтаму. Але скажыце, чаму гэта шчырасць павiнна быць неабходнай умовай сяброўства? Прагнасць да праўды любой цаной - гэта страсць, якая не ашчаджае нiкога i не спыняецца нi перад чым. Гэта - загана, няхай часам i зручная, але часцей за ўсё падобная на сама звычайны эгаiзм. Таму, калi вы раптам апынецеся ў такiм становiшчы, не губляйцеся: абяцайце быць шчырым i брашыце ўсё, што вам прыйдзе ў галаву. Гэтым вы толькi задаволiце патаемнае жаданне вашага сябра i яшчэ раз пацвердзiце сваю сяброўскую сiмпатыю. Гэта - бясспрэчная iсцiна, мiлы дружа, i менавiта таму мы рэдка раскрываем душу перад тымi, хто лепшы за нас. Часцей за ўсё мы стараемся не бачыцца з iмi. I наадварот - мы гатовы паспавядацца перад кожным, хто падобны да нас i падзяляе нашыя слабасцi. Справа ў тым, што мы зусiм не хочам выправiцца i стаць лепшымi, iначай нам давялося б спачатку даведацца, што мы не такiя ўжо беззаганныя. Нам трэба другое, нам трэба, каб нас шкадавалi, каб нас падбадзёрылi, надалi ўпэўненасцi ў жыццi. Увогуле, усiм нам карцiць аднаго: змыць з сябе грэх i не зрабiць нiякага намагання, каб ад яго ачысцiцца. У нас не стае цынiзму, каб не звяртаць увагi на першае, але не стае i дабрачыннасцi, каб пакорна знесцi другое. Мы не маем нi магутнасцi лiха, нi сiлы дабра. Вы чыталi Дантэ? Праўда? Д'ябал! Значыць, вы памятаеце, што Дантэ дапускае iснаванне анёлаў, нейтральных у спрэчцы памiж Сатаною i Богам. Ён iх месцiць у Лiмбе, нечым накшталт сеняў да свайго Пекла. Дык вось, мiлы дружа, мы з вамi якраз у тых самых сенях. Цярпенне? Што ж, тут вы, безумоўна, маеце рацыю. Нам усiм варта набрацца цярпення i пакорна чакаць Апошняга Суду. Але вось шкада: мы чамусьцi спяшаемся. Спяшаемся настолькi, што я нават мусiў ператварыцца ў суддзю-пакаяльнiка. Але спачатку мне трэба было неяк паладзiць са сваiмi адкрыццямi i звыкнуцца са смехам маiх суайчыннiкаў. Я павiнен быў нешта адказаць цi, прынамсi, пашукаць адказу на заклiк, якi быў звернуты да мяне ў той памятны вечар. I гэта аказалася нялёгка, я доўга блукаў. Я не мог знайсцi рады да той самай пары, пакуль несцiханы смех i кпiны маiх суайчыннiкаў не навучылi мяне глыбей зазiрнуць у сваю душу, i тады я нарэшце зразумеў, што яна зусiм няпростая. Не ўсмiхайцеся, гэта не такая элементарная iсцiна, якою здаецца спачатку. I, дарэчы, элементарнымi называюцца не тыя iсцiны, якiя вiдаць адразу, а тыя, што пазнаюцца ў канцы, пасля сама складаных. Так было i са мной. Я доўга вывучаў сябе i нарэшце пераканаўся ў глыбокай дваiстасцi чалавечай натуры. Пакапаўшыся ў сваёй памяцi, я зразумеў, што сцiпласць дапамагала мне вылучацца, пакорлiвасць - перамагаць, а дабрачыннасць - прыгнятаць сваiх блiзкiх. Я ваяваў мiрнымi сродкамi i, выяўляючы абсалютную бескарыслiвасць, дамагаўся нарэшце ўсяго, чаго хацеў. Так, напрыклад, я нiколi не скардзiўся, калi нехта забываў павiншаваць мяне з днём нараджэння, i такая мая сцiпласць многiх проста зачароўвала. Але яе прычыны хавалiся намнога глыбей: я хацеў быць занядбаным, забытым, каб потым мець прыемную магчымасць паскардзiцца на гэта самому сабе. Ужо за некалькi дзён да славутай даты, пра якую я, вядома ж, выдатна помнiў, я рабiўся пiльны i ўважлiва сачыў, каб нiшто не магло засяродзiць увагу, нiшто не патрывожыла памяць тых, на чыю няпамятлiвасць я разлiчваў (аднойчы ў мяне нават узнiкла спакуслiвае жаданне пераблытаць лiсткi ў насценным календары!). Але нарэшце мая адзiнота была даказаная, i я мог спакойна аддацца ўцехам мужнага смутку. Такiм чынам, кожная мая дабрачыннасць мела свой адваротны i намнога меней прывабны бок. Затое, калi на гэта зiрнуць iначай, мае хiбы абарочвалiся мне ж на карысць. Напрыклад, тое, што я быў вымушаны хаваць ад другiх заганы свайго жыцця, надавала мне халодны i непадступны выгляд, якi ўсе прымалi за непадкупную дабрадзейнасць, мая абыякавасць, а значыць, i непераборлiвасць у адносiнах да людзей, прыносiла мне iх любоў i ўдзячнасць, i нарэшце, учынкi, якiя я рабiў з чыстага эгаiзму, лiчылiся за вышэйшую велiкадушнасць. На гэтым пакуль што спынюся, бо залiшняя сiметрычнасць перашкодзiць маёй нагляднасцi. Дый, зрэшты, што там казаць - якi б я нi быў чэрствы, я нiколi не мог устаяць перад прапанаваным кiлiшкам вiна цi прывабнай жанчынай! Мяне ўсе лiчылi за дзейнага, энергiчнага чалавека, а маёю стыхiяй быў ложак. Я паўсюль крычаў пра сваю вернасць, але ў мяне, бадай, не было нiводнага сябра, якому б я нарэшце не здрадзiў. Здрады, праўда, нiколi не замiналi маёй адданасцi, я мог занядбаць добрую справу хiба праз сваю ленаватасць, але нiколi не адмаўляў у дапамозе блiзкаму чалавеку, калi знаходзiў у тым асалоду. I ўсё ж дарэмна я паўтараў сабе гэтыя збiтыя iсцiны, яны мала мяне суцяшалi. Часам, уранку, я выклiкаў сябе на бязлiтасны суд i прыходзiў тады да высновы, што найбольшага поспеху мне ўдалося дабiцца ў сваёй пагардзе да iншых. Прычым больш за ўсё я пагарджаў менавiта тымi, каму часцей за другiх памагаў. З вялiкай пачцiвасцю i заўжды ўсхваляванай спагадай я, па сутнасцi, кожны дзень пляваў у твар усiм сляпым, якiх сустракаў на дарозе. Ну скажыце, цi можа быць гэтаму нейкае апраўданне? У мяне, увогуле, адно было, але настолькi мiзэрнае, што яго нават няёмка прымаць пад увагу. Справа ў тым, што я быў проста няздольны паверыць, што чалавечыя клопаты могуць быць нечым сур'ёзным. У чым было гэта сур'ёзнае, я не ведаў, але тое, што я бачыў перад сабой, здавалася мне нейкай гульнёй - часам забаўнаю, часам нудлiвай. Мне былi абсалютна незразумелыя iмкненнi i намаганнi некаторых людзей. I я заўжды са здзiўленнем i недаверам глядзеў на тыя дзiўныя iстоты, якiя маглi загiнуць дзеля грошай, кiдалiся ў роспач, страцiўшы "грамадскае становiшча", цi з самавiтым выглядам ахвяравалi сабой дзеля дабрабыту сям'i. Куды лепей я разумеў таго сябра, якi ўбiў сабе ў галаву кiнуць палiць i праз неверагоднае напружанне волi нарэшце дабiўся свайго. Неўзабаве, адным прыгожанькiм ранкам, ён разгарнуў газету, прачытаў пра выбух першай ядзернай бомбы i, азнаёмiўшыся з яе чарадзейнымi якасцямi, не адкладаючы пабег у тытунёвую лаўку. Безумоўна, часам i я рабiў выгляд, нiбы стаўлюся да жыцця сур'ёзна. Але вельмi хутка такая сур'ёзнасць таксама здавалася мне легкадумнай, i я зноў пачынаў выконваць сваю ролю, стараючыся, каб яна выходзiла як мага лепш. Я прыкiдваўся чалавекам разумным, высока маральным, дзейным, прасякнутым грамадзянскiмi абавязкамi, памяркоўным, поўным высакароднага абурэння, спагадлiвым, павучальным... На гэтым дазволю сабе спынiцца, бо спадзяюся, вы ўжо зразумелi, што я быў такi самы, як i мае галандцы, - i тут, i недзе вельмi-вельмi далёка. Я адсутнiчаў менавiта тады, калi, здавалася, засяроджваў на сабе ўсеагульную ўвагу. А сапраўды натхнёны i шчыры я быў, хiба што займаючыся спортам ды ў войску, дзе прымаў удзел у вадэвiлях, якiя мы ставiлi ў палку для свайго ж задавальнення. У абодвух выпадках iснавалi пэўныя правiлы - абсалютна несур'ёзныя, але дзеля забавы iх трэба было прытрымлiвацца. Яшчэ i цяпер поўны да берагоў стадыён падчас нядзельных матчаў i тэатр, якi я заўсёды любiў непадзельнаю страсцю, - адзiныя месцы ў свеце, дзе я адчуваю сябе бязвiнным. Але хто можа пагадзiцца, каб такое стаўленне лiчылася правамерным, калi гаворка iдзе пра каханне, пра смерць цi пра заробкi нашых нябог-працоўных? А што ж мне было з сабою рабiць, калi каханне Iжоты я ўяўляў толькi ў раманах або на сцэне, перадсмяротная агонiя здавалася мне добра згулянаю роляй, а ўсе рэплiкi маiх збяднелых клiентаў прамаўлялiся нiбы па адным сцэнарыi? Я жыў сярод людзей, не падзяляючы iх iнтарэсаў, i таму быў проста няздольны паверыць у сур'ёзнасць сваiх абавязкаў перад iмi. У мяне ставала пачцiвасцi i абыякавасцi, каб адказваць людзям тым, чаго яны чакалi ад мяне ў маiм прафесiйным, сямейным i грамадскiм жыццi, але я заўсёды рабiў гэта з такою няўважнасцю, што нарэшце ўсё толькi псаваў. Маё жыццё праходзiла пад знакам дваiстасцi, i сама важныя ўчынкi я рабiў найчасцей тады, калi меней за ўсё пра iх думаў. Цi не гэту дваiстасць, як i iншае сваё глупства, я нiколi не мог сабе дараваць? Цi не яна прымушала мяне ўпарта змагацца з судом сумлення i акружаючых i пастаянна шукаць нейкага выйсця? Пэўны час маё жыццё знешне цякло так, нiбыта нiчога ў iм не змянiлася. Я кацiўся па старых, аб'езджаных рэйках. А пахвал вакол мяне, як знарок, яшчэ болей прыбавiлася. Вось тут i хавалася галоўная бяда. Памятаеце: "Гора вам, калi ўсе людзi скажуць добра пра вас!" Залатыя словы! I гора мне! Мая зладжаная машына адразу занаравiлася, закапрызiла, i ў яе рухавiку пачалiся незразумелыя перабоi. Тады ў маё жыццё i ўварвалася думка пра смерць. Я падлiчыў, колькi гадоў мне яшчэ засталося да канца. Пачаў шукаць прыклады, калi нехта памiраў у маiм узросце. I мяне занепакоiла думка, што я не паспею выканаць пастаўленую мне задачу. Якую задачу? Гэтага я не ведаў. Дый, зрэшты, цi варта было жыць далей так, як я жыў раней? Але праблема была нават не ў гэтым. Мяне мучыў да смешнага дзiўны страх: што здарыцца, калi перад смерцю я так i не прызнаюся ў сваiм ашуканстве? Не перад Богам, не, i не перад нейкiм яго прадстаўнiком на Зямлi - я быў вышэйшы за гэта, вы ведаеце. Я мусiў прызнацца людзям, свайму сябру, напрыклад; цi каханай жанчыне. Во калi затаiць хоць адну маленечкую ману пры жыццi, смерць зробiць яе назаўжды непапраўнай. I нiколi, нiхто не дазнаецца праўды, бо адзiны, хто яе ведаў, знёс таямнiцу з сабой - у магiлу. Ад думкi пра такое беспаваротнае праўдазабойства ў мяне круцiлася ў галаве. Заўважу дарэчы, што сёння ад падобнай магчымасцi я адчуў бы хутчэй далiкатную асалоду. Няўжо не прывабна знаць тое, чаго марна шукае ўвесь свет, i хаваць у сваёй кватэры рэч, за якой бясплённа ганяюцца тры палiцэйскiя службы? Але не будзем спяшацца... Тады ў мяне ўсё гэта выклiкала занепакоенасць, бо я не знайшоў яшчэ патрэбнага рэцэпта. Вядома, мне карцела пазбыцца такога пачуцця. Цi мае значэнне ашуканства аднаго чалавека ў гiсторыi цэлых пакаленняў? I чаго вартае намаганне пралiць святло праўды на мiзэрную хлусню, занядбаную ў акiяне вякоў, як драбiнка солi ў моры? Я стараўся пераканаць сябе, што цялесная смерць, мяркуючы па тых выпадках, якiя я бачыў, - сама па сабе ўжо дастатковая кара, каб змыць любы грэх. Чалавек зарабляе сабе паратунак (або права знiкнуць назаўжды) праз пот i пакуты агонii. I ўсё ж пачуццё неспакою мацнела, думка пра смерць ужо не пакiдала мяне, i я пачынаў з ёю кожны свой дзень, Лёсткi сяброў рабiлiся мне ўсё больш невыносныя. Мне здавалася, што яны яшчэ больш павялiчваюць маё ашуканства, робяць яго настолькi вялiкiм, што я ўжо нiколi не здолею пазбавiцца ад яго. I вось настаў дзень, калi я не вытрываў. Першая рэакцыя была хаатычная. Я - хлус, i я сам абвяшчу пра гэта, я кiну сваю двухаблiчнасць у твар гэтым ёлупам раней, чым яны пра яе здагадаюцца. Вам патрэбная праўда? Дык вось бярыце яе, я прымаю ваш выклiк. Каб не дапусцiць крывадушных усмешак, я лепей сам зраблюся ўсеагульным пасмешышчам. Увогуле, я i тут перш за ўсё стараўся пазбегнуць прысуду. Я хацеў перацягнуць гэтых кплiўцаў на свой бок цi, прынамсi, спадзяваўся сам стаць побач з iмi. Я марыў пра тое, як буду штурхаць на дарозе сляпых, i па глухой, нечаканае радасцi, якая нараджалася ў мяне ў душы, пачынаў усведамляць, як я iх ненавiджу. Я рабiў планы, як буду праколваць шыны ў iнвалiдных калясках, як буду крычаць: "Смярдзючыя дурнi!", стоячы пад рыштаваннем, на якiм працуюць рабочыя, як надаю па карку жаўтаротым сысункам у метро. Але ўсё гэта былi толькi мары, якiя нiколi не спраўджвалiся, а калi мне i выпадала рабiць што-небудзь падобнае, то я адразу пра ўсё забываў. Тым не менш, ужо адно слова "правасуддзе" даводзiла мяне да лютасцi. Я па-ранейшаму быў вымушаны карыстацца iм у сваiх адвакацкiх прамовах. Але пасля - помсцiў за гэта, публiчна аблiваючы брудам усю сутнасць чалавечай справядлiвасцi. Я нават абвясцiў, што збiраюся выдаць манiфест, у якiм пакажу ўсю паднаготную прыгнечаных, якiя самi прыгнятаюць сумленных людзей. А аднойчы, калi я ласаваўся лангустам на тэрасе адкрытага рэстарана, да мяне прычапiўся жабрак. Ён мне так назаляў, што нарэшце я мусiў папрасiць гаспадара, каб ён выгнаў задрыпанага галадранца. Калi ж я пачуў, як гэты змагар за праўду ўгаворвае небараку сысцi прэч, я прыйшоў у поўнае захапленне: "Няўжо вам няясна, што вы замiнаеце гэтым панам i панi? - казаў ён. - Ды пастаўце сябе на iх месца!" Апроч таго, я ўсiм i кожнаму скардзiўся, што цяпер, на жаль, мiнуў той час, калi можна было дзейнiчаць накшталт аднаго рускага памешчыка, характар якога мяне зачароўваў: ён загадваў сцябаць пугай i тых сялян, якiя з iм прывiталiся, i тых, якiя гэтага не рабiлi, - у абодвух выпадках, як ён лiчыў, дзёрзкасць была аднолькавая. Зрэшты, у мяне здаралiся i горшыя выбрыкi. Я нават пачаў быў пiсаць "Оду палiцыi" i "Апафеоз гiльяцiны". А галоўнае - паставiў сабе абавязкам рэгулярна наведваць кавярнi, у якiх збiралiся нашы прафесiйныя гуманiсты. Дзякуючы майму сумленнаму мiнуламу яны прымалi мяне заўжды вельмi сардэчна. I вось, нiбы незнарок, я кiдаў адну бязвiнную фразу - я казаў: "Дзякуй Богу!" цi яшчэ прасцей: "Божа мой..." Вы ведаеце, якiя прымхлiвыя нашы карчомныя атэiсты. У першую хвiлiну пасля майго святатацкага заяўлення запаноўвала агульнае аняменне, усе збянтэжана пазiралi адзiн на аднаго, i тут пачынаўся гвалт адны кулём выляталi з кавярнi, другiя пачыналi гнеўна квахтаць, нiхто нiчога не слухаў, i ўсе бiлiся ў курчы, як чорт, якога акрапiлi святою вадой. Вы, напэўна, палiчыце гэтыя выбрыкi хлапечым дзiвацтвам? Але па-мойму, у iх быў намнога глыбейшы сэнс. Я хацеў паламаць гульню i, галоўнае, - збэсцiць тую добрую рэпутацыю, якая даводзiла мяне да шалу. "Такi чалавек, як вы..." звярталiся да мяне, i гэта гучала пачцiва, а я ўвесь палатнеў ад гневу. Я болей не хацеў iх павагi, яна ўсё роўна не была ўсеагульнаю. Дый як бы яна магла такой быць, калi я сам не падзяляў яе? Таму - цi не лепей было ўсё абсмяяць, пакпiць i з iхняй павагi, i з iхнiх папрокаў? Я павiнен быў вызвалiцца ад пачуцця, якое душыла мяне, любою цаной даць яму выхад. Каб паказаць усiм, чым напханы гэты прыгожанькi манекен, якi я сабой уяўляў, я хацеў распароць яму чэрава. Аднойчы мяне папрасiлi правесцi гутарку з маладымi адвакатамi, якiя праходзiлi ў нас стажыроўку. Раздражнёны нечуванымi дыфiрамбамi, якiя спяваў старшыня калегii, рэкамендуючы мяне слухачам, я болей стрываць не мог. Я пачаў з iмпэтам i хваляваннем, якiх ад мяне i чакалi i якiя я заўжды лёгка выдаваў у любую патрэбную хвiлiну. Але раптам, без усялякага пераходу ўдаўся раiць у якасцi найлепшага метаду абароны - блытанiну. "Я маю на ўвазе не тую блытанiну, - казаў я, - якую так умела ўжывае сучасная iнквiзiцыя, калi садзiць на лаву падсудных адначасова i злодзея, i сумленнага чалавека, каб перавалiць на другога злачынствы, учыненыя першым". Наадварот, я хацеў паказаць, як трэба абараняць злодзея, выкрываючы злачынствы сумленнага чалавека - адваката, у нашым выпадку. Дзеля большай нагляднасцi я растлумачыў сваю думку наступным чынам: "Дапусцiм, што я пагадзiўся абараняць якогась чуллiвага пана, якi з рэўнасцi забiў сваю жонку. Сваю прамову я пабудаваў бы так: "Панове прысяжныя! - сказаў бы я. - Зiрнiце, наколькi мiзэрным робiцца грэх гэтага чалавека, калi мы бяром пад увагу яго прыродную дабрыню, якая на мiг падупала агiднай спакусе плоцi. Цi ж не пачварней быць па гэты бок адгародкi, сядзець вось на гэтай адвакацкай лаве i ўсведамляць, што ты нiколi не быў добры i нiколi не пакутаваў, калi табе здраджвалi? Я свабодны, непадуладны нi суду, анi вашай волi, але паглядзiце - хто я? Пыхлiвы, як сонца, юрлiвы, як асёл, гняўлiвы, як фараон, ленаваты, як усходнi ўладар! Я нiкога не забiў? Што ж, праўда, пакуль што нiкога! Але цi не я даў памерцi многiм шаноўным людзям, нават пальцам не варухнуўшы, каб iм пасобiць? Магчыма? Але магчыма i тое, што я здольны яшчэ не раз гэта паўтарыць. А гэты - вы зiрнiце на яго! - гэты не паўторыць нiколi. Ён i цяпер яшчэ не можа апамятацца ад здзiўлення, што так спрытна ўсё правярнуў". Такая прамова крыху збянтэжыла маiх юных калег. Потым яны вырашылi, што гэта быў жарт, i iм трэба пасмяяцца. I зусiм ужо супакоiлiся, калi на заканчэнне я пачаў красамоўна гаварыць пра чалавечую асобу i яе ўяўныя правы. Што зробiш, звычка ў той дзень аказалася мацнейшая за мяне. Час ад часу паўтараючы падобныя мiлыя выбрыкi, я дасягнуў толькi таго, што крыху збiў з тропу грамадскую думку. Збiў з тропу, але не абяззброiў, як i не абяззброiў самога сябе. Збянтэжанасць, якую я звычайна выклiкаў у сваiх слухачоў, i маўклiвае здзiўленне, накшталт таго, якое цяпер адчуваеце вы, - о, ды вы не адмаўляйцеся, гэта ж натуральна, - не давалi мне нiякага суцяшэння. Усё ў тым, што абвiнавацiць сябе яшчэ не дастаткова, каб зрабiцца бязвiнным, iначай я быў бы чысценькi, як ягнятка. Абвiнавачваць сябе трэба ўмець, гэта трэба рабiць адмысловым спосабам, i, каб выпрацаваць яго, мне спатрэбiлася нямала часу. Калi ж нарэшце я яго знайшоў, аказалася, што ўсе мяне ўжо даўно пакiнулi. А пакуль iшлi пошукi, смех нястомна гучаў вакол мяне, i мае хаатычныя намаганнi не маглi пазбавiць яго той добразычлiвай i амаль што пяшчотнай ноткi, якая болем працiнала мне сэрца. Але па-мойму, пачынаецца прылiў. Значыць, хутка наш параход паплыве назад. Вось дзень i канчаецца. Зiрнiце, галубы зноў збiраюцца ў небе. Яны туляцца адзiн да аднаго i амаль не варушацца. А сонца пацiху гасне. Давайце памаўчым i пацешымся гэтай змрочнай карцiнай. Вы не хочаце? Ах, вам цiкава, што было далей! Вы вельмi прыязны. Але я, можа быць, рызыкну зацiкавiць вас яшчэ больш. I раней як растлумачыць, хто такi суддзя-пакаяльнiк, раскажу сёе-тое пра распусту i ўстрыманне. Вы памыляецеся, шаноўны, наш параход плыве, i даволi хутка. Але Зэйдэрзее - мёртвае мора цi - амаль што мёртвае. Яго роўныя берагi схаваны ў тумане, i невядома, нi дзе яно пачынаецца, нi дзе канчаецца. Мы плывём i плывём, i воку няма за што зачапiцца - мы не заўважаем сваёй хуткасцi. Нiчога не мяняецца вакол, хоць мы ўвесь час рухаемся наперад. Гэта не плаванне - гэта сон. На грэчаскiм архiпелазе мяне агортвала зусiм iншае пачуццё. На даляглядзе бесперастанку ўзнiкалi новыя выспы. Iх бязлесыя хрыбты выразна акрэслiвалi мяжу неба i сушы, скалiстыя берагi рэзка ўклiньвалiся ў мора. Нiякай расплывiстасцi, у зыркiм дзённым святле ўсё тут было арыенцiрам. I хоць наш маленькi караблiк ледзь пасоўваўся мiж выспаў, у мяне ўзнiкала ўражанне, нiбы я iмклiва лячу ў шуме смеху i пенiстых хваляў. З той пары сама Грэцыя нястомна плыве ўва мне, на краi маёй памяцi... Го! Ды я ўжо, гляджу, таксама паплыў раблюся лiрычны! Што ж гэта вы, шаноўны, - спынiце мяне, прашу вас. Дарэчы, вы ведаеце Грэцыю? Не? Тым лепш! Ну скажыце, што б мы там рабiлi? Каб жыць у Грэцыi, трэба мець чыстае сэрца. Вы можаце сабе ўявiць, што сябры там ходзяць па вулiцах парамi, трымаючы адзiн аднаго за руку. Праўда-праўда! А жонкi сядзяць дома i глядзяць, як iх самавiтыя, вусатыя мужы шпацыруюць па ходнiках, сплёўшы пальцы з пальцамi сябра. На Ўсходзе такое таксама можна ўбачыць? Дапускаю. Але, скажыце, адважылiся б вы ўзяць мяне за руку на парыжскiм праспекце? Я жартую, вядома. Мы прыстойныя людзi - брудныя думкi прымушаюць нас трымацца напята. Таму - раней чым паехаць на грэчаскiя выспы, нам давядзецца доўга адмывацца. Паветра там цнатлiвае i празрыстае, мора i радасць - чыстыя, як сляза. А мы... Давайце прысядзем на гэтых шэзлонгах. Ну i туман! Дык я, па-мойму, хацеў вам нешта расказаць пра ўстрыманне? Зараз вы пачуеце, што я меў на ўвазе. Доўга змагаючыся сам з сабой i страцiўшы ўсю сваю сiлу i самаўпэўнены выгляд, я нарэшце пераканаўся ў бясплённасцi сваiх намаганняў i вырашыў пакiнуць чалавечае грамадства. О не, я не кiнуўся шукаць бязлюднай выспы - iх даўно ўжо няма. Я проста знайшоў сабе прытулак у жанчын. Вы ж ведаеце, яны нiколi па-сапраўднаму не ганяць нас за слабасць, наадварот - яны хутчэй здольны пастарацца прынiзiць нашую сiлу цi абяззброiць нас. I таму жанчыны узнагарода i падтрымка - не ваяўнiку, о не, - злачынцы. Жанчыны яму - цiхi порт, прыстанак, i не дзiва, што менавiта ў жаночым ложку яго часцей за ўсё i арыштоўваюць. Дый цi не жанчына - адзiнае, што нам засталося ад зямнога раю? Вось i мяне, заблуднага i разгубленага, прыбiла да гэтай апошняй гаванi. Цяпер я не казаў доўгiх прамоў. Я часам яшчэ гуляў, па звычцы, але выдумкi мне бракавала. Баюся вам прызнацца, бо не хачу казаць пахабных слоў, але ў той час я ўпершыню, бадай, адчуў патрэбу пакахаць i быць каханым. Агiдна, праўда? Але ж я сапраўды пакутаваў, мяне апанаваў няясны сум, маёй душы чагосьцi не ставала, i гэта навяло мяне на думку, што я нiкому не патрэбен. I тады цi то прымушаючы сябе, цi то - праз цiкаўнасць, я вырашыў узяць на сябе пэўныя абавязкi. Якiя? Я ж адчуваў патрэбу ў каханнi - вось я i палiчыў сябе закаханым. Iначай кажучы, я зрабiў глупства. Я пачаў заўважаць, што часта задаю пытанне, якога раней, як чалавек спрактыкаваны, заўсёды пазбягаў. Я пытаўся: "Ты мяне кахаеш?" Вы, безумоўна, ведаеце, як прынята адказваць у такiм выпадку: "А ты?" I калi я адказваў: "Кахаю", - я, зразумела, перабольшваў свае сапраўдныя пачуццi. А калi адважваўся сказаць: "Не", - рызыкаваў страцiць каханне маёй сяброўкi, i гэта мяне мучыла. Чым большая небяспека пагражала пачуццю, у якiм я спадзяваўся знайсцi супакаенне, тым з большаю настойлiвасцю я дамагаўся яго ад сваёй партнёркi. Гэта прымушала мяне даваць сама пераканаўчыя абяцаннi, i я патрабаваў ад свайго сэрца ўсё глыбейшага пачуцця. Кончылася тым, што я загарэўся ўяўнаю страсцю да адной чароўненькай дурнiчкi, якая так начыталася любоўных гiсторый, што гаварыла пра любоў з iмпэтнай перакананасцю iнтэлiгента, якi абвяшчае бяскласавае грамадства. Гэта даволi заразлiвая ўпэўненасць, тут мы спрачацца не будзем. Вось i я - таксама паспрабаваў загаварыць пра каханне i нарэшце пераканаў сябе, што яно ў мяне ёсць. Гэтае пачуццё жыло ўва мне, прынамсi, да таго дня, калi яна зрабiлася маёю каханкай i я зразумеў, што любоўная лiтаратура хоць i навучыла яе гаварыць пра любоў, але зусiм не навучыла ёю займацца. Сталася так, што, пакахаўшы прыгожанькага папугайчыка, я мусiў спаць з халоднай змяёй. Такое становiшча мяне не задавальняла, i я пачаў шукаць у iншым месцы каханне, абяцанае мне ў кнiгах, але нiколi не сустрэтае ў жыццi. Але мне не ставала натхнення. Я больш за трыццаць гадоў любiў толькi сябе. Як жа было цяпер пазбавiцца ад такой звычкi? Натуральна, я быў на гэта не здольны. Я адно млява намагаўся распалiць у сабе страсць, усё шчадрэй раздаваў абяцаннi, кахаў адначасова некалькiх жанчын - як у былы час меў некалькi любоўных сувязей адразу. Але цяпер, бадай, прыносiў жанчынам болей гора, чым раней, калi ставiўся да iх зусiм абыякава. Не памятаю, цi казаў я вам, што мой прыгожанькi папугайчык ад роспачы хацеў пакончыць сваё няшчаснае жыццё галоднай смерцю? На шчасце, я паспеў своечасова - я самаахвярна працягнуў руку i падтрымлiваў яе да той пары, пакуль яна нарэшце не сустрэла нейкага iнжынера з сiвiзной на скронях, якi толькi што вярнуўся з вандроўкi на Балi i пра якога ўжо пiсаў яе любiмы штотыднёвiк. Карацей кажучы, замест таго каб ачысцiцца ад грахоў i з галавой, як той казаў, аддацца вечнай страсцi, я толькi яшчэ больш памножыў цяжар сваiх памылак i аблуд. Усё гэта абудзiла ўва мне такую агiду да любовi, што я не мог болей чуць пра "Светлае жыццё" i "Каханне i смерць Iжоты", каб не заскрыгатаць зубамi. Я паспрабаваў у пэўным сэнсе адмовiцца ад жанчын i пачаць цнатлiвае жыццё манаха. Урэшце, мне павiнна было хапiць i аднаго жаночага сяброўства. Але гэта азначала - адмовiцца ад гульнi. Бо, як аказалася, ва ўсiм астатнiм, апроч кахання, жанчыны наводзiлi на мяне нясцерпную нуду, яшчэ большую, чым я спадзяваўся, i, вiдаць, не меншую нуду наводзiў на iх я. Кончылася гульня - кончыўся i тэатр, я апынуўся ў самай гушчы праўды. А праўда, мiлы дружа, - гэта сама смяротная нуда. Каханне i цнатлiвае жыццё мне не прынеслi паратунку, i я вырашыў, што застаецца адно - кiнуцца ў распусту, якая выдатна замяняе любоў, прыглушае смех, наводзiць поўнае маўчанне i, што сама галоўнае, - даруе бессмяротнасць. Калi позна ноччу ў стане таго ап'янення, калi ўсё робiцца ясным i зразумелым, ты ляжыш памiж дзвюма шлюхамi i не адчуваеш ужо нiякага жадання, надзея больш не здаецца пакутай, над усiм запаноўвае поўная свядомасць, i боль жыцця ўяўляецца адоленым назаўжды. У пэўным сэнсе, я заўсёды жыў у распусце i заўсёды марыў быць бессмяротным. Цi не гэтая мара была сутнасцю маёй натуры i вынiкам маёй любовi да сябе? Ды я проста памiраў ад жадання жыць вечна! Я занадта сябе любiў, каб пагадзiцца, што аб'ект маёй любовi можа некалi знiкнуць назаўжды. Але на цвярозую галаву, як бы кепска я сябе нi ведаў, мне было ўсё-ткi цяжка знайсцi разумныя довады, якiя б гарантавалi бессмяротнасць такой пажадлiвай малпе, як я. Заставалася - знайсцi хоць бы сурагат такой бессмяротнасцi. I вось, прага да вечнага жыцця штурхнула мяне да прастытутак, я пачаў пiць, пiць штоноч. Ранкам, вядома, як i кожнаму смяротнаму, мне дзёрла горыччу глотку. Але доўгiмi начнымi гадзiнамi я быў на вяршынi шчасця. Можа быць, у гэтым сорамна прызнавацца, але i цяпер я з пяшчотай прыгадваю тыя ночы, калi спяшаўся ў змрочны прытон на спатканне з адной танцоўшчыцай стрыптызу, якая адорвала мяне сваiмi ласкамi. Аднойчы я нават пабiўся за яе гонар з занадта выхвалястым сутэнёрам. Цэлыя ночы я прастойваў каля стойкi пад пыльным чырвоным святлом гэтага цёплага месцейка, хлусiў, як наняты, i ўсё пiў, пiў. Я чакаў свiтання, каб нарэшце апынуцца ў вечна не засланым ложку маёй мiлай прынцэсы, якая машынальна аддавалася ўцехам i потым спала непрабудным сном. Днела, сонца пацiху асвятляла бязладны кавардак у пакоi, i, нерухомы, я ўздымаўся на ранiшнiх промнях славы. Чаго таiць, выпiўка i жанчыны давалi мне тую адзiную палёгку, якой я i быў варты. Я адкрываю вам гэты сакрэт, мiлы дружа, каб вы без боязi маглi iм скарыстацца. Вы самi пераканаецеся, што сапраўдная распуста вызваляе чалавека, яна не патрабуе ад яго нiякiх абавязкаў. Калi чалавек распуснiчае, ён думае толькi пра сябе, i таму гэты занятак заўсёды будзе найлюбiмейшы ва ўсiх вялiкiх сябелюбаў. Распуста - гэта джунглi без мiнулага i будучага, i галоўнае - без нiякiх абяцанняў i неадкладнай кары. Мясцiны, дзе ёю займаюцца, аддзелены ад свету. I кожны, хто туды заходзiць, разам з надзеяй адкiдае страх. Размовы там неабавязковыя: усё, па што туды прыходзяць, даецца там без лiшнiх слоў, а часам нават i без грошай. Дазвольце ж, калi ласка, я ўшаную тых невядомых i забытых жанчын, якiя мне тады дапамаглi! Яшчэ i цяпер я прыгадваю пра iх з цёплым пачуццём, падобным нечым да павагi. Ва ўсякiм выпадку я да душы пакарыстаўся гэтым выратавальным сродкам. Мяне можна было ўбачыць нават у адмысловым гатэлi, цi, як iх яшчэ называюць, грэшным доме, дзе я адначасова жыў i з пераспелай шлюхай, i з маладзенькаю шляхетнаю дзяўчынай. З першай я гуляў у паслужлiвага рыцара, а другой даваў магчымасць зведаць пэўныя таямнiцы нашага жыцця. На няшчасце, шлюха аказалася даволi буржуазнаю натурай i неўзабаве пагадзiлася надрукаваць свае ўспамiны ў рэлiгiйным часопiсе, якi шырока асвятляў праблемы сучаснага грамадства. А маладая паненка, каб задаволiць свой абуджаны iнстынкт i знайсцi ўжытак сваiм выбiтным здольнасцям, хутка выйшла замуж. Магу пахвалiцца, што ў той час мяне як роўнага прымалi ў мужчынскiх кампанiях, на якiя часта наводзяць дарэмны паклёп. Дый вы самi добра ведаеце, што нават вельмi iнтэлiгентны чалавек лiчыць за гонар, калi можа выпiць на бутэльку больш за свайго суседа. Можа быць, я i здолеў бы знайсцi спакой i забыццё ва ўсiх гэтых прыемных уцехах. Але зноў натыкнуўся на перашкоду ў самiм сабе. Гэты раз ёю аказалася печань i настолькi жахлiвая стома, што я i цяпер яшчэ не пазбавiўся ад яе. Так заўсёды: гуляеш у бессмяротнасць, а сам ужо праз некалькi тыдняў не ведаеш, цi здолееш неяк далiпець да заўтрага. Я вымушаны быў адмовiцца ад сваiх начных подзвiгаў, i ўсё ж яны прынеслi мне пэўную карысць: жыццё цяпер не здавалася такiм пакутным. Стома, якая мучыла маё цела, загаiла многiя язвы ў маёй душы. Любая празмернасць памяншае кантакт з жыццём, а тым самым памяншае i пакуту. Насуперак агульна прынятай думцы, у распусце няма нiчога апантанага. Гэта ўсяго толькi доўгi сон. Вы, мусiць, заўважалi, што чалавеку, якi дужа пакутуе ад рэўнасцi, нiчога так не карцiць, як хутчэй пераспаць з жанчынай, якая, на яго думку, яму здрадзiла. Безумоўна, ён хоча яшчэ раз пераканацца, што яго дарагi скарб па-ранейшаму належыць яму. Iначай кажучы, ён хоча валодаць iм непадзельна. Але адразу пасля таго як ён авалодвае сваiм скарбам, яго рэўнасць цiшэе. Наогул, рэўнасць гэта плён фантазii, характарыстыка, якую раўнiвец дае самому сабе. Бо думкi, якiя ўзнiкаюць у яго самога ў падобных абставiнах, ён прыпiсвае свайму сапернiку. На шчасце, празмерныя ўцехi паслабляюць фантазiю, як i здольнасць даваць нейкiя характарыстыкi. Душэўныя пакуты згасаюць разам з мужчынскаю сiлай i не абуджаюцца, пакуль яна спiць. Па гэтай самай прычыне першая ж сапраўдная каханка пазбаўляе маладых ад метафiзiчных трывог, а некаторыя шлюбы, якiя, па сутнасцi, афiцыйна дазваляюць распусту, ператвараюцца ў марудныя хаўтуры па адвазе i вынаходлiвасцi. Але, мiлы дружа, мяшчанскi шлюб абуў нашу краiну ў пантофлi i хутка прывядзе яе да брамы ў нябыт. Я перабольшваю? Ну, можа быць, не ведаю. Я толькi хацеў расказаць пра тую палёгку, якую прынеслi мне некалькi месяцаў оргiй. Я жыў нiбыта ў тумане, скрозь якi смех прабiваўся так глуха, што нарэшце я наогул перастаў яго чуць. Абыякавасць, якая i раней займала столькi месца ў маёй душы, цяпер не сустракала ўжо нiякага супрацiўлення i ператварылася ў сапраўдны склероз. Пачуццi знiклi! Запанаваў роўны i заўсёды аднолькавы настрой, цi, дакладней кажучы, - настрой таксама знiк. Падобна да таго, як лёгкiя ў сухотнiка, калi ён ачуньвае, ссыхаюцца i пацiху душаць свайго шчаслiвага ўладальнiка, так i я, акрыяўшы, цiхамiрна канаў. Я па-ранейшаму зарабляў на хлеб сваiм рамяством, але рэпутацыя ў мяне была ўжо добра падмочаная маiм словаблудствам, а рэгулярнай практыцы замiнала беспарадкавае жыццё. Цiкава заўважыць, што за начныя прыгоды мяне папракалi намнога менш, чым за моўныя вольнасцi. Чыста рытарычныя заклiкi да Бога, якiя я часам дазваляў сабе ўжываць у прамовах, выклiкалi ў маiх клiентаў нешта накшталт недаверу. Яны, напэўна, баялiся, што неба не здолее абаранiць iх iнтарэсаў гэтак жа добра, як адвакат, якi бездакорна ведае Статут. Адсюль недалёка было прыйсцi да высновы, што мае заклiкi да ўсявышняга тлумачацца звычайным невуцтвам. Менавiта да такой высновы i прыйшла мая клiентура, i колькасць яе адразу паменшылася. Але зрэдку я ўсё яшчэ выступаў у судзе. Часам я нават забываўся, што болей не веру таму, што кажу, i тады прамовы ў мяне выходзiлi вельмi ўдала. Я запаляўся ад гуку свайго ж голасу i ляцеў за iм; праўда, я ўжо не лунаў, як раней, пад скляпеннем, я адно крыху адрываўся ад зямлi - ляцеў на брыючым палёце. Па-за сценамi суда я рэдка з кiм сустракаўся i падтрымлiваў хiба адну-дзве сяброўскiя сувязi, якiя мне даўно ўжо абрыдлi i ледзьве лiпелi. Часам, зрэшты, я цэлы вечар мог правесцi ў сяброўскай кампанii (я маю на ўвазе кампанiю, у якой у мяне не ўзнiкала нiякага пажадлiвага пачуцця), але гэта наганяла на мяне такую нуду, што я нават не слухаў, што мне казалi. Я трошкi памажнеў, i гэта дало мне падставу паверыць, што крызiс нарэшце мiнуў. Цяпер заставалася толькi старэць. Але здарылася нечаканае. Каб адсвяткаваць сваё адраджэнне, я запрасiў у вандроўку па Атлантыцы адну з сваiх сябровак. Вядома, я не сказаў ёй пра сапраўдную мэту гэтай паездкi. Мы мiла прагульвалiся, натуральна, па верхняй палубе карабля, i раптам я заўважыў удалечынi сярод шэра-сталёвых хваляў чорную кропку. Я адразу адвёў вочы, маё сэрца шалёна затахкала. I я доўга не мог прымусiць сябе паглядзець у той бок, а калi паглядзеў - кропка некуды знiкла. Я хацеў быў ужо закрычаць, як вар'ят, паклiкаць на дапамогу, але ўбачыў яе зноў. Гэта быў звычайны абломак бервяна, якiя часта сустракаюцца ў моры. I ўсё ж я не мог глядзець на яго спакойна, мне здавалася, што гэта тапелец. I тады я ўразумеў, я ўсвядомiў - пакорна, як пакараюцца думцы, у слушнасцi якой даўно ўжо няма сумнення, - што крык, якi некалькi год назад пралунаў над Сенай, нi на мiг не змаўкаў, яго знесла цёмнымi водамi да Ламанша, ён доўга лётаў па свеце, над неабсяжным акiянскiм абшарам, каб нарэшце даждаць таго дня, калi я сустрэнуся з iм. Я зразумеў, што ён цяпер i заўжды будзе чакаць мяне на морах i рэках - паўсюль, дзе ёсць горкая вада майго хрышчэння. А тут, скажыце, мiлы дружа, цi ж мы не на вадзе? На гэтай гладкай, манатоннай i бясконцай вадзе, якая неўпрыкмет ператвараецца ў сушу? Нават цяжка паверыць, што хутка мы будзем зноў у Амстэрдаме! Здаецца, нам нiколi не вырвацца з гэтай гiганцкай купелi. Прыслухайцеся! Вы чуеце, як клiчуць кагаркi? Можа быць, яны клiчуць нас? Да чаго ж яны нас заклiкаюць? Гэта тыя самыя кагаркi, што крычалi i малiлi над Атлантыкаю ў той дзень, калi я канчаткова ўсвядомiў, што я зусiм не акрыяў, што я па-ранейшаму хворы i з гэтым трэба неяк змiрыцца. Кончылася пышнае жыццё, кончылiся i выбрыкi, i шалёныя намаганнi. Настаў час скарыцца i прызнаць сваю вiну. Пачалося жыццё ў каменным мяху. Але вы, мусiць, не ведаеце, што каменным мехам у сярэднявеччы называлi адмысловую камеру ў падземным вязеннi. Найчасцей чалавека кiдалi туды на ўсё жыццё i забывалi. Такая камера адрознiвалася ад iншых умела падабранымi памерамi. Яна была не такая высокая, каб у ёй можна было стаяць, але i не такая шырокая, каб можна было легчы. Жыць там даводзiлася ў абсалютна ненатуральнай паставе - наўскасяк. Калi чалавек засынаў - ён падаў, калi не спаў - мусiў сядзець на кукiшках. Паверце, нягледзячы на ўсю сваю прастату, гэта было сапраўды генiяльнае вынаходнiцтва. Вязень, якi кожны дзень быў вымушаны сядзець у неверагодна скручанай паставе, ад якой дранцвела ўсё цела, нарэшце сам усведамляў, што ён - вiнаваты, бо бязвiннасць можа, прынамсi, бестурботна выпрастацца на ўвесь рост. Вы можаце сабе ўявiць, каб у такой камеры апынуўся чалавек, прызвычаены да вяршынь i верхнiх паверхаў? Што? У гэтых камерах маглi сядзець i бязвiнныя людзi? Неверагодна, мiлы дружа, абсалютна неверагодна! Iначай гэта знiшчыла б усе мае разважаннi. Каб бязвiннасць прымусiлi жыць гарбатай?! Ды я нават на секунду не хачу дапусцiць такой думкi! Зрэшты, хто можа з упэўненасцю сказаць, што той цi iншы чалавек нi ў чым не вiнаваты? Наадварот - кожны з нас перакананы, што за ўсiмi ёсць нейкая вiна. Кожны сведчыць пра злачынства ўсiх - вось маё крэда i мая надзея. Паверце, рэлiгii горка памыляюцца, калi пачынаюць выдаваць свае маральныя законы i сыплюць перунамi, асуджаючы грэшнiкаў. Бог зусiм не патрэбен, каб ствараць паняццi граху i кары. Гэта выдатна ўмеюць рабiць простыя смертныя, i мы заўсёды гатовы iм дапамагчы. Вы нешта казалi пра Апошнi Суд? Дазвольце ж пачцiва ўсмiхнуцца. Я чакаю яго без усякага хвалявання, бо зведаў у жыццi нешта горшае - суд чалавечы. У яго няма змякчальных акалiчнасцей, ён нават добрыя намеры ставiць у вiну. Вы ж, напэўна, чулi пра камеру пляўкоў, якую нядаўна выдумаў адзiн народ, каб даказаць, што ён сама вялiкi ў свеце? Гэта своеасаблiвая каменная скрыня, у якой асуджаны стаiць на ўвесь рост, але не можа нават варухнуцца. Трывалыя дзверы, праз якiя яго запiхваюць у гэту цэментаваную шкарлупiну, зачыняюцца якраз пад самым падбародкам, так што звонку вiдаць адну галаву. I кожны наглядчык, якi iдзе мiма, смачна плюе яму ў твар. Зацiснуты ў камеры, вязень не можа нават абцерцiся, хоць заплюшчваць вочы яму, праўда, не забараняецца. Дык вось, мiлы дружа, гэтую штучку прыдумалi людзi. I iм зусiм не спатрэбiўся Бог, каб стварыць такi маленькi шэдэўр. Што з гэтага вынiкае? Ды тое, што Бог мог бы быць карысны людзям толькi тады, калi б дараваў iм бязвiннасць, i наогул, рэлiгiя ўяўляецца мне хутчэй, як вялiзная пральня, якою яна, зрэшты, некалi i была, але вельмi коратка усяго тры гады, i тады яна яшчэ не называлася рэлiгiяй. А пасля, вiдаць, мыла раптам убавiлася, i мы пачалi смаркацца i падцiраць свае вазгратыя насы. Але ўсе мы былi гультаi, i ўсе сплацiлi за гэта, кожны пачаў пляваць на свайго суседа i - гоп! - штурхаць яго ў каменны мех! Выйграе той, хто плюе першы, вось i ўсё. Я раскрыю вам, дружа, адзiн вялiкi сакрэт. Не чакайце Апошняга Суду. Ён ужо адбываецца - кожны дзень. О, не-не, не звяртайце ўвагi, гэта я, вiдаць, крыху азглеў ад гэтай чортавай макрэдзi. Зрэшты, мы ўжо прычальваем. Ну вось. Прашу, я пасля вас. Толькi не адыходзьце, калi ласка, правядзiце мяне дадому. Я ж яшчэ не скончыў i павiнен расказаць, як жыў далей. Жыць далей - вось што сама цяжкае. Дарэчы, вы ведаеце, за што яго ўкрыжавалi - таго самага, пра каго вы, напэўна, цяпер падумалi? Ну, вядома, гэтаму была цэлая процьма розных прычын. Каб забiць чалавека, прычыны заўсёды знойдуцца. Хутчэй наадварот - апраўдаць тое, што ён жыве, бадай што, амаль немагчыма. I таму злачынства заўсёды знаходзiць сабе абаронцаў, а бязвiннасць - адно вельмi рэдка. Але апроч усiх тых прычын, якiя нам так добра тлумачылi на працягу дзвюх тысяч гадоў, у гэтага жахлiвага пакарання ёсць яшчэ адна i сама галоўная прычына. Далiбог, я не разумею, чаму яе ад нас так старанна хаваюць? Галоўная прычына ў тым, што сам ён выдатна ведаў, што не такi ўжо ён i бязвiнны. Нават калi на iм i не ляжаў цяжар тых грахоў, у якiх яго вiнавацiлi, гэта не азначае, што ён не зрабiў iншых, няхай i сам не ведаў - якiх. Дый, зрэшты, цi мог ён не ведаць? Ён жа сам быў iх вытокам: я думаю, ён павiнен быў чуць пра нейкае пасячэнне немаўлятак. Завошта ж загiнулi бязвiнныя юдэйскiя дзеткi, як не праз яго, якога бацькi паспелi схаваць у надзейным месцы? Вядома, ён гэтага не хацеў. Жаўнеры ў крывi, немаўляткi, рассечаныя напалам, - яны выклiкалi ў яго жах. Але я ўпэўнены, што такi, як ён быў, ён не мог на iх забыцца. Цi ж не была тая жальба, што адчуваецца ва ўсiх яго ўчынках, невылечнай тугой чалавека, якi кожную ноч чуў бясконцыя стогны Рахiлi, што плакала па сваiх малых дзетках, не прымаючы нiякага суцяшэння? Яе енк уздымаўся ўначы, Рахiль клiкала сваiх дзетак, забiтых дзеля яго, а ён - жыў! Жыў! I вось, ведаючы тое, што ён ведаў, разумеючы ўсё ў чалавечай прыродзе (божа, хто б мог падумаць, што забiць часам меней злачынна, чым не памерцi самому!), ён дзень i ноч катаваў сябе думкай пра сваё бязвiннае злачынства, i яму ўсё цяжэй было мацавацца i жыць - жыць далей. Цi не лепей было пакончыць з усiм, не абараняцца, памерцi, каб не быць тым адзiным, хто жыве на гэтай планеце, каб сысцi туды, дзе, можа быць, ён знойдзе падтрымку? Але падтрымкi ён не знайшоў i панаракаў на свой лёс, за што i быў цэнзураваны. Калi не памыляюся, яго нараканне заўважыў ужо трэцi евангелiст. Заўважыў - i выкiнуў. "Божа, чаму ты пакiнуў мяне?" - далiбог, гэта ж нейкi бунтарскi крык, праўда? Ану, давай яго ножнамi! Заўважце, дарэчы, што, калi б Лука не выкiнуў гэтай фразы, мы наўрад цi звярнулi б на яе асаблiвую ўвагу; прынамсi, месца яна займала нямнога. А цэнзарава забарона прымусiла яе крычаць! Дзiўна створаны гэты свет - хочаш аднаго, а атрымлiваецца зусiм другое. I ўсё ж жыць далей ён болей не мог. Я ведаю, шаноўны, што гэта такое. Быў час, калi ў мяне, здаецца, не ставала ўжо сiлы, каб пражыць хаця б яшчэ адзiн мiг. Так, у гэтым свеце можна рабiць усё - ваяваць i строiць з сябе закаханага, катаваць блiзкiх i друкаваць ва ўсiх газетах свае фатаграфii цi што зусiм лёгка - бэсцiць суседа, седзячы за вязаннем. Але бываюць хвiлiны, калi жыць, проста жыць далей, патрабуе нечалавечага намагання. А ён не быў звышчалавекам, можаце мне паверыць. У сваёй перадсмяротнай агонii ён сам закрычаў пра гэта, i таму я люблю яго, мiлы дружа, люблю, бо ён памёр, не ведаючы, за што. Бяда ў тым, што ён пакiнуў нас зусiм адных - каб мы жылi далей, жылi, што б там нi здарылася, нават калi будзем вымушаны тулiцца ў каменных мяхах, нават калi таксама зведаем тое, што ведаў ён. Зразумела, што многiя хацелi аблегчыць сабе жыццё за кошт яго смерцi. Нарэшце, гэта была генiяльная думка - сказаць нам: "Што зробiш, вы сапраўды не зусiм бездакорныя, гэта факт. Дык навошта корпацца ў дробязях? Пакончым з усiм адразу - на крыжы!" Але вельмi многiя цяпер лезуць на крыж толькi дзеля таго, каб iх было бачна здалёк, нават калi дзеля гэтага iм даводзiцца крыху пацiснуць таго, хто там ужо даўно ўкрыжаваны. Вельмi многiя замяняюць цяпер паняцце велiкадушнасцi паняццем лiтасцi. О, як несправядлiва з iм абышлiся! О, як несправядлiва! Адна думка пра гэта кроiць мне сэрца... Вось ужо гэта старая звычка - зноў пачынаю абараняць! Вы ўжо прабачце, калi ласка. Я спадзяюся, вы разумееце, што ў мяне ёсць на гэта свае прычыны. Дарэчы, ведаеце, непадалёку адсюль ёсць музей, якi называецца "Гасподзь наш збавiцель - на гары". Даўней тутэйшыя хрысцiяне рабiлi свае катакомбы на самых паддашках. Што зробiш, сутарэннi тут залiвала вадой. Але сёння, можаце быць спакойны, iх Бог ужо не на гары i не ў сутарэннi. У сваiх патаемных думках яны перанеслi яго ў суд, пасадзiлi ў трыбунальскiя крэслы i цяпер б'юць i судзяць - менавiта судзяць! - ад яго iмя. А ён так лагодна казаў грэшнiцы: "Iдзi з мiрам, я таксама не асуджаю цябе". Ну дык што? У iх гэта не мае значэння, яны - судзяць, яны нiкому не даруюць грахоў. Ага, папаўся? На, вось табе, вось - у iмя бога! Якога бога? Мiлы дружа, ды ён зусiм не патрабаваў гэтага. Ён хацеў, каб яго любiлi, не болей. Праўда, цяпер яшчэ, напэўна, ёсць людзi, якiя любяць яго. Але колькi iх? На пальцах пералiчыць! Зрэшты, ён гэта прадбачыў - у яго ставала пачуцця гумару. Вы ж памятаеце Пятра, гэтага баязлiўца, - ён жа адмовiўся ад яго: "Я не ведаю гэтага чалавека... Я не разумею, пра што ты кажаш... i г. д." Ну, вядома, тут ён ужо перабiраў! А што той сказаў, памятаеце? Якая выдатная гульня слоў: "На гэтым каменi* ўзвяду я сваю царкву". * Пётр па-грэчаску - камень. Большай iронii, бадай, прыдумаць ужо немагчыма. Але ж яны i тут трыумфуюць: "Вось бачыце, ён жа гэта сказаў". Ну што ж, праўда, ён гэта сказаў, i ён выдатна разумеў, пра што кажа. А потым знiк назаўжды, пакiнуўшы iх судзiць i караць з прабачэннем на вуснах i бязлiтасным прысудам у сэрцы. Але хто асмелiцца сказаць, што мiласэрнасцi больш няма? Што вы, крый божа, мы толькi пра яе i гаворым. Проста цяпер нiкога ўжо не апраўдваюць. Бязвiннасць памерла, i па ўсiм свеце адразу распладзiлiся суддзi, ажно кiшаць: тут i суддзi Хрыста, i суддзi Антыхрыста - на любы капыл. Зрэшты, усе яны аднолькавыя, бо ўсе пагаджаюцца на тым самым - на каменных мяхах. I нельга валiць усё толькi на хрысцiян. Iншыя таксама добрыя цацы. Ведаеце што зрабiлi тут з домiка, у якiм жыў Дэкарт? Вар'ятню! Сапраўды, мiлы дружа, усе нiбы ашалелi i толькi i ведаюць, што цкуюць адзiн аднаго. Натуральна, што i мы з вамi вымушаны рабiць тое самае. Вы, напэўна, заўважылi, што я нiчому не даю лiтасцi? I я ўпэўнены, што вы таксама не лепшай думкi пра ўсё гэта. Ну, а калi ўжо ўсе мы зрабiлiся суддзямi, дык, значыць, усе мы адзiн перад адным вiнаватыя. Мы ўсе, кожны на свой мярзотны манер, - падобныя да Хрыста, i ўсiх нас, аднаго за адным, распiнаюць на крыжы, хоць мы так i не ведаем, за што. Можа, так бы яно заўсёды i было, каб не я, Жан-Батыст Кляманс! Я знайшоў адзiную раду, адзiнае выйсце - карацей кажучы, адзiную i бясспрэчную iсцiну... Але не бойцеся, мiлы дружа, я змаўкаю. I дарэчы, нам пара ўжо развiтацца, мы каля майго дома. Ды вы не здзiўляйцеся, на самоце, ды яшчэ пры такой вечнай стоме любы можа палiчыць сябе за прарока. Вось я i палiчыў. Ну а што, чым не прарок у пустынi - сярод гэтых туманаў, камення i заброснелых вод? Iлля без месii, марны прарок нiкчэмнай эпохi, атручаны трункамi i лiхаманкай, стаю, прытулены спiнаю да абточаных цвiллю дзвярэй з уткнутым у хмурнае неба пальцам, i сыплю праклёны на галовы людзей, што не ведаюць закону i не хочуць прымаць нiякага прысуду. А людзi, мiлы дружа, людзi сапраўды - арганiчна яго не прымаюць, вось у чым праблема. Прысуду не баiцца толькi той, хто пагаджаецца з законам, бо тады ён верыць у жыццё, да якога яго асуджаюць. А калi такога закону няма, любы прысуд - беззаконны, i пачуць яго - сама страшная пакута. На жаль, у такiх пакутах мы i жывём. Парваўшы свае прыродныя путы, суддзi нiбыта сарвалiся з ланцуга i кусаюць, кусаюць усiх, налева i направа. Як уратавацца? Адзiнае выйсце - кусаць хутчэй, чым яны. I вось пачынаецца вялiкая валтузня. Прарокi, збавiцелi лезуць з усiх бакоў, i кожны спяшаецца: хутчэй бы працiснуць свой - сама лепшы! - закон, хутчэй бы наладзiць сама бездакорны грамадскi лад - толькi б паспець, пакуль зямля яшчэ не збязлюдзела. Але, на шчасце, прыйшоў я! Я - канец i пачатак усяму, я - той, хто абвяшчае закон! Бо я - суддзя-пакаяльнiк. Вось так. А пра тое, з чаго складаецца гэта прыемная прафесiя, я раскажу заўтра. Паслязаўтра вы ад'язджаеце? Што ж, трэба спяшацца. Прыходзьце да мяне, добра? Пазвонiце тры разы. А куды вы едзеце? Назад, у Парыж? Парыж... Прыгожы горад, i такi далёкi. Але я не забыў. Я часта прыгадваю парыжскае сутонне, прыкладна такой вось самай парой. Спускаецца вечар, сухi i хрусткi, стрэхi захiнаюцца сiняй смугой, горад глуха бурчыць, i здаецца, што Сена паскарае свой бег. Я любiў у гэты час бадзяцца па вулiцах. Цяпер там ходзяць другiя, я ведаю! Яны робяць выгляд, нiбыта спяшаюцца, хто да стомленай жонкi, хто ў сваю непрытульную хату... Ах, мiлы дружа, цi ж вы ўяўляеце, што такое самотнiк на вулiцах вялiкага горада?.. Мне вельмi няёмка, што я вымушаны прымаць вас у ложку. Але не хвалюйцеся, нiчога сур'ёзнага, так - крыху трасе. Галоўнае - ёсць ядлаўцоўка, бо яна лепей за ўсякiя лекi. А да прыступаў я прывык. Малярыя, ведаеце. Я падхапiў яе яшчэ тады, як быў папам. Праўда-праўда! Калi я i жартую, дык толькi напалову. Я знаю, што вы падумалi: "Хто яго разбярэ, дзе ў яго праўда, а дзе выдумка". Што ж, вы маеце рацыю. Я i сам часам... А ведаеце, адзiн мой знаёмы падзяляў усiх людзей на тры катэгорыi: тых, хто гатовы нiчога не таiць, абы толькi не хлусiць; тых, хто часам гатовы схлусiць, каб што-небудзь стаiць; i, нарэшце, тых, хто любiць i хлусiць, i мець сакрэты адначасова. Мяркуйце самi, пад якую катэгорыю я падыходжу лепш. Зрэшты, гэта не мае нiякага значэння. Бо хлусня так цi iначай заўсёды прыводзiць да праўды. Хiба ўсе мае гiсторыi, праўдзiвыя яны цi хлуслiвыя, не вядуць да аднаго? Хiба не маюць усе яны аднолькавага сэнсу? Дык якая рознiца, праўдзiвыя яны цi хлуслiвыя, калi i ў тым, i ў другiм выпадку яны аднолькава сведчаць пра тое, кiм я быў i кiм зрабiўся цяпер. Часам хлуса зразумець лягчэй, чым таго, хто гаворыць праўду. Праўда, як i святло, асляпляе. А хлусня - наадварот, хлусня - гэта прыемны прыцемак, якi выразна адцяняе кожную рэч. Зрэшты, можаце ўспрымаць гэта, як вам хочацца, але ў канцэнтрацыйным лагеры мяне сапраўды выбралi папам. Ды вы сядайце, калi ласка. Ах, вы хочаце агледзець пакой. Ды тут няма на што глядзець - пуста, хоць, праўда, i чыста. Як на карцiнах Вэрмеера, толькi без мэблi i без рондаляў. I без кнiг - я ўжо даўно нiчога не чытаю. А раней хата ў мяне проста ламалася ад кнiг, хоць я iх чытаў толькi напалову. Агiдная звычка, ведаеце, - такая самая, як i звычка з'ядаць гусiную пячонку, а ўсё астатняе выкiдаць. Зрэшты, цяпер я люблю толькi споведзi, а аўтары споведзяў больш за ўсё не любяць якраз спавядацца. Яны толькi i дбаюць пра тое, каб, крый божа, не прагаварыцца. А калi пераходзяць да так званых прызнанняў, тут трэба быць асаблiва пiльным: зараз падсунуць нарумянены труп. Можаце мне паверыць, бо я ў такiх штучках сабаку з'еў. I менавiта таму - нiчога цяпер не чытаю. Нiякiх кнiг! I нiякiх лiшнiх рэчаў наогул - толькi сама неабходнае. Усё павiнна быць чыста i гладка, як у труне. Дарэчы, ложкi ў Галандыi такiя мулкiя, а прасцiрадлы на iх такiя беззаганна чыстыя, што, калi памiраеш, дамавiна i саван ужо не патрэбны. Як бачу, вам рупiць хутчэй пачуць гiсторыю пра маё ўзвядзенне на папскi прастол? Але, далiбог, гiсторыя вельмi банальная. Не ведаю толькi, цi хопiць сiлы яе расказаць. Зрэшты, гарачка, здаецца, спадае. Гэта было вельмi даўно. Лёс закiнуў мяне тады ў Афрыку, дзе, дзякуючы намаганням пана Ромеля, гарэла вайна. Можаце не хвалявацца, я не меў да яе нiякага дачынення. З мяне досыць было Эўропы. Праўда, у свой час я быў мабiлiзаваны, але нюхнуць пораху мне так i не давялося. I ў пэўным сэнсе, я нават шкадую пра гэта. Хто ведае, можа быць, жыццё ў мяне тады склалася б iначай? Але на фронце я французскай армii не спатрэбiўся. Яна запрасiла мяне адно прыняць удзел у адступленнi. I такiм чынам я зноў убачыў Парыж, а разам з iм i немцаў. Мяне вельмi спакушала думка ўступiць у Супрацiўленне. Пра яго пачыналi гаварыць якраз у той момант, калi я заўважыў у сабе патрыёта. Вы ўсмiхаецеся? Дарэмна. Я зрабiў гэтае адкрыццё на станцыi метро ў Шатле. Нейкi сабака заблудзiў там у лабiрынце падземных пераходаў. Вялiкi такi, ведаеце, сабака, з жорсткай поўсцю i адным падраным вухам. Ён шнарыў паўсюль сваiмi цiкаўнымi вачыма, падскокваў да мiнакоў, нюхаў iм лыткi. А я, трэба прызнацца, люблю сабак, люблю даўняй i вернай любоўю. Я люблю iх за тое, што яны заўсёды ўмеюць дараваць. Вось i тады я паклiкаў гэтага бедалагу. Спачатку ён завагаўся, але потым, вiдаць, адчуў да мяне давер i вясёла пабег наперадзе, лiслiва вiляючы хвастом. У гэтую хвiлiну мяне абагнаў малады нямецкi салдат. Параўняўшыся з сабакам, ён палашчыў яго па галаве, i той адразу, без нiякага вагання i з такой самай сiмпатыяй пабег за чужынцам. Хутка яны знiклi ў натоўпе. Пасля таго, што здарылася, мяне апанавала такая нянавiсць да гэтага нямецкага салдата, што сумнявацца ў яе патрыятычнасцi я болей не мог. Няхай бы сабака пабег за нейкiм цывiльным французам, дык я на гэта, можа, i не звярнуў бы ўвагi. Але ж ён пабег за немцам, i калi я ўяўляў, што гэты сiмпатычны гарэза зробiцца любiмцам якогась нямецкага палка, мяне ажно трэсла ад гневу. Так што, самi бачыце, маё выпрабаванне на патрыятычнасць дало сама пераканаўчыя вынiкi. I тады я вырашыў перабрацца ў Паўднёвую зону i знайсцi там больш падрабязныя звесткi пра Супрацiўленне. Аднак, калi мне гэта ўдалося i калi я ўсё прачуў, у мяне закралася нерашучасць. Задума стварыць падобнае мерапрыемства здавалася мне неразумнай. Гэта наогул была нейкая рамантычная мара. I галоўнае, жыццё ў падполлi не стасавалася з маiм тэмпераментам i маёю цягай да вольных вяршынь. Мне чамусьцi ўяўлялася, што мне загадаюць дзень i ноч сядзець у склепе i ўвесь час вязаць нейкую мудрагелiстую сетку, пакуль туды не прыйдуць злыднi, якiя распусцяць маё вязанне, перацягнуць мяне ў iншы склеп i будуць там катаваць да самай смерцi. Я захапляўся мужнасцю тых, хто мог пайсцi на такi падзямельны гераiзм, але наследаваць iх прыкладу быў няздольны. Такiм чынам я неўзабаве апынуўся ў Паўночнай Афрыцы, адкуль меў цьмяную надзею дабрацца да Лондана. Але ў Афрыцы сiтуацыя была вельмi заблытаная, усе супрацiўныя партыi, як мне здавалася, аднолькава мелi рацыю, i я не далучыўся нi да адной з iх, а таму i сваю былую надзею мусiў таксама пакiнуць. Па-вашаму, я, вiдаць, прапускаю тут пэўныя дробязi, у якiх ёсць глыбокi сэнс? Ну што ж, дапусцiм, што, разумеючы вашу дасцiпнасць, я раблю гэта наўмысна каб вы маглi заўважыць iх яшчэ лепш. Як бы то нi было, але нарэшце я апынуўся ў Тунiсе, дзе адна з маiх мiлых сябровак уладкавала мяне на працу. Гэта была вельмi разумная асоба, якая ў той час займалася нечым у кiно. Я прыехаў за ёй у тунiскую сталiцу, але пра сапраўдную яе прафесiю даведаўся толькi тады, калi ў Алжыры высадзiлiся першыя войскi саюзнiкаў. Якраз у той дзень яе i арыштавалi, а разам з ёй - i мяне, хоць я, далiбог, гэтага зусiм не хацеў. Што з ёй сталася потым, не ведаю, а мне не зрабiлi нiякага лiха, i пасля таго, як мiнулi першыя страхi, я зразумеў, што мой арышт быў хутчэй за ўсё мерай перасцярогi. Я быў перавезены ў лагер пад Трыпалi, дзе вязнi пакутавалi больш ад знямогi i смагi, як ад грубага абыходжання. Не буду ўсяго гэтага апiсваць. Бо, каб уявiць сабе падобныя ўстановы, нам, дзецям сярэдзiны дваццатага стагоддзя, зусiм не патрэбны падрабязныя апiсаннi. Сто пяцьдзесят год назад людзi з замiраннем душы думалi пра лясы i азёры. А цяпер - цяпер нам уласцiва, як бы мовiць, камерная лiрыка. Словам, я давяраю вашаму ўяўленню. Дадам хiба некалькi мазкоў: спёка, сонца над самай галавой, мухi, пясок i нiякай вады. Маiм суседам па лагеры аказаўся адзiн малады i вельмi набожны француз. Ну, проста як у казцы, ведаеце, - гэткi доблесны рыцар Дзюгэсклен! Ён перабраўся з Францыi ў Гiшпанiю, каб змагацца з фашыстамi. Але хутка трапiў у палон, i нейкi такi самы набожны генерал iнтэрнiраваў яго ў франкiсцкiм лагеры. Калi ж нябога даведаўся, што сачавiчная полiўка там (няхай мне даруюць гэта блюзнерства) асвянчоная самiм Рымам, ён горка засмуцiўся. Нi пякучае афрыканскае неба, нi вясёлыя лагерныя ўцехi - нiшто не здолела пазбавiць яго гэтага смутку. Нарэшце ад сваiх чорных думак ён нават крыху звар'яцеў. I вось аднойчы, калi мы ўдзесяцёх сядзелi пад распаленай сонцам павеццю, з якой на галовы нам лiўся гарачы свiнец, i, задыхаючыся, дарэмна адмахвалiся ад мух, ён зноў пачаў праклiнаць таго, каго называў цяпер не iначай, як Рымлянiнам. Ён не галiўся ўжо некалькi дзён, вочы яго блукалi, цела блiшчала ад поту, i пальцы нервова скакалi па рэберных клавiшах. I тут ён абвясцiў, што чалавецтва павiнна абраць сабе новага папу - такога, якi жыў бы сярод няшчасных, а не малiўся, седзячы на прастоле, i чым хутчэй гэта будзе зроблена, тым лепей. Ён матлянуў галавой, зiрнуў на нас сваiмi шалёнымi вачыма i паўтарыў: "Так, чым хутчэй, тым лепей!" Потым ён раптам паспакайнеў i паведамiў змрочным голасам, што папам трэба выбраць каго-небудзь з нас, гэта павiнен быць звычайны i паўнацэнны чалавек, з усiмi яго вартасцямi i недахопамi. Мы ж усе прысягнём яму ў паслушэнстве з умовай, што ён будзе падтрымлiваць у сабе i ў другiх пачуццё еднасцi з усiмi пакутнiкамi. "У каго сярод нас больш за ўсё слабасцей?" - запытаўся ён. Дзеля жарту я падняў руку, i аказалася, што нiхто болей гэтага не зрабiў. "Ну што ж, сказаў ён, - Жан-Батыст падыдзе". Не, ён сказаў не так, бо ў мяне тады было iншае iмя. Проста ён сказаў, што, каб прызнацца ў сваiх слабасцях, як гэта зрабiў я, чалавек павiнен валодаць бясспрэчнымi вартасцямi, i таму ён прапаноўвае выбраць мяне. Каб прыняць удзел у гульнi, усе пагадзiлiся. Але, кажучы праўду, зроблена гэта было не без пэўнай сур'ёзнасцi, бо наш Дзюгэсклен усё ж уразiў нас сваiмi прамовамi. Ды i сам я, дарэчы, не лiчыў гэта такiм ужо смешным. Па-першае, мне здавалася, што гэты малы прарок мае ў нечым рацыю, а па-другое, ад бязлiтаснага сонца, працы на змор i вечнай бойкi за ваду мы ўсе ўжо былi крыху ненармальныя. Як бы то нi было, але, уступiўшы ў духоўны сан я з кожным тыднем усё сур'ёзней выконваў свае папскiя абавязкi. У чым яны заключалiся? Далiбог, яны хутчэй нагадвалi абавязкi начальнiка групы цi сакратара партыйнай ячэйкi. Патроху ўсе, i ў тым лiку няверуючыя, прызвычаiлiся мне падпарадкоўвацца. Дзюгэсклен пакутаваў - я палягчаў яму пакуты. З часам я пачаў заўважаць, што быць папам не так лёгка, як гэта здаецца. I ўчора, з такою пагардай гаворачы пра нашых братоў-суддзяў, я таксама падумаў пра гэта. Галоўнай праблемай у лагеры было размеркаванне вады, а ў нас тады стварылася вельмi многа розных груповак - i палiтычных, i рэлiгiйных, - i кожная iмкнулася паспрыяць сваiм аднадумцам. Таму i я мусiў дбаць пра сваiх, што само па сабе ўжо было маленькiм адхiленнем ад боскае роўнасцi. Але поўнай роўнасцi я не мог дабiцца нават сярод сваiх. Я заўсёды быў вымушаны даваць перавагу таму цi iншаму таварышу ў залежнасцi ад стану яго здароўя цi ад цяжкасцi выкананай iм працы. А такiя адрозненнi могуць завесцi вельмi далёка, паверце. Здаецца, я ўсё-ткi страшэнна стамiўся, у мяне ўжо няма нiякага жадання ўспамiнаць пра ўсё гэта. Словам, аднойчы я пераступiў гэту небяспечную мяжу i выпiў ваду, якая прызначалася смяротна хвораму таварышу. Не-не, гэта быў не Дзюгэсклен - ён, здаецца, памёр раней, бо вельмi сябе ва ўсiм ушчамляў. I дарэчы, каб гэта быў ён, я, можа быць, устрымаўся б ад падобнага ўчынку, бо ўсё-ткi яго любiў. Прынамсi, мне так здаецца. А тады я ваду выпiў, можаце не сумнявацца. Я пераканаў сябе, што патрэбен другiм больш за таго, хто ўсё роўна ўжо мусiў памерцi. Я павiнен быў захаваць сябе дзеля iх. Вось так, шаноўны, i нараджаюцца iмперыi i веравызнаннi: дарогу iм асвячае смерць. А цяпер, каб трохi выправiць тое, пра што я казаў учора, я хачу вам паведамiць адну цiкавую думку, якая ўзнiкла ў мяне падчас гэтага расказу (дарэчы, я ўжо i сам не ведаю, напраўду я перажыў гэтую гiсторыю цi яна мне толькi прыснiлася). А думка вось якая: папу трэба дараваць. Па-першае - таму, што гэта неабходна яму больш за другiх. А па-другое - таму, што гэта адзiны спосаб стаць вышэй за яго. Паслухайце, а вы добра зачынiлi дзверы? Добра? Праверце, калi ласка. Ну, дзякуй, а то ў мяне, ведаеце, комплекс незачыненых дзвярэй. Кожны раз, як пачынаю засынаць, мне чамусьцi здаецца, што я забыўся зашчапiць зашчапку. I кожны раз даводзiцца ўставаць i iсцi правяраць. Нi ў чым немагчыма быць упэўненым! Але не думайце, што гэта занепакоенасць тлумачыцца ў мяне звычайным уласнiцкiм iнстынктам. Раней я наогул не зачыняў нi сваёй кватэры, нi аўтамабiля. Я нiколi не быў жмiнда i не тросся над сваёю маёмасцю. Шчыра кажучы, мне было нават крыху сорамна, што ў мяне нешта ёсць. Не раз у свецкай кампанii мне даводзiлася ўсклiкаць: "Уласнасць, панове, - гэта забойства!" Але таму, што душа ў мяне была не настолькi шырокая, каб падзялiцца скарбамi з якiм-небудзь вартым павагi старцам, я пакiдаў кватэру адчыненаю, каб выпадковыя зладзеi маглi самi выправiць такую страшэнную несправядлiвасць. Праўда, цяпер у мяне нiчога няма. А гэта азначае, што я клапачуся не пра маёмасць, а пра самога сябе i пра сваё самаўладанне. I апроч таго, я не хачу, каб нехта пабочны мог пранiкнуць за дзверы гэтага маленькага свету, дзе я сам сабе i цар, i папа, i суддзя. Дарэчы, адчынiце, калi ласка, тую вунь шафу. Ага, бачыце, там карцiна. Не пазнаеце? Ды гэта ж "Непадкупныя суддзi"! I вас гэта не ўражвае? Ну-у, значыць, у вашай адукацыi ёсць прагалы. Каб вы ў свой час чыталi газеты, вы б мусiлi памятаць пра крадзеж, якi адбыўся ў 1934 годзе. Тады з сабора св. Бавона ў Генце была ўкрадзеная адна створка славутага алтара Ван Эйка "Боскае ягня". Тая створка якраз i называлася "Непадкупныя суддзi". На ёй былi намаляваны суддзi на конях, якiя прыехалi ўкленчыць перад святою жывёлiнай. Пасля яе замянiлi выдатнаю копiяй, бо арыгiнал так i не знайшлi. А ён, як вы можаце пераканацца, перад вамi. О не, я тут нi пры чым. Яе саступiў нашаму гарылу адзiн часты наведвальнiк "Мехiка-Сiцi" - я вам яго аднойчы паказваў. Але тады ён быў такi п'яны, што прамяняў карцiну на бутэльку гарэлкi. Спачатку я параiў нашаму сябру павесiць яе на сама вiдным месцы, i нашы набожныя суддзi некалькi год узвышалiся над галовамi п'янiц i сутэнёраў, пакуль iх шукалi па ўсiм свеце. Але потым, каб было надзейней, гарыла па маёй просьбе перанёс яе сюды. Праўда, спачатку ён крыху бурчаў, аднак, калi я растлумачыў яму сутнасць справы, - вельмi спалохаўся. З той пары паважаныя прадстаўнiкi магiстрата падзяляюць кампанiю толькi са мной. А над прылаўкам у бары застаўся пусты квадрат, якi вы i мелi гонар убачыць. Чаму я не вярнуў карцiну назад? Го-го-го, ды ў вас палiцэйскi рэфлекс! Ну што ж, адкажу так, як адказваў бы следчаму, калi толькi, вядома, некаму можа нарэшце прыйсцi ў галаву шукаць гэтую карцiну ў маiм пакоi. Па-першае, я не зрабiў гэтага таму, што яна не мая, а належыць уладальнiку "Мехiка-Сiцi", якi заслугоўвае мець гэты скарб не менш за гентскага бiскупа. Па-другое - таму, што нi адзiн турыст, якi прыязджае ўкленчыць перад "Боскiм ягнём", не здольны адрознiць копii ад арыгiнала, а значыць, нiхто па маёй вiне не церпiць нiякай страты. Па-трэцяе - таму, што я, такiм чынам, адчуваю сябе вышэй за другiх. I ў той час, як усе захапляюцца падстаўнымi фальшывымi суддзямi, я адзiн ведаю, дзе сапраўдныя. Па-чацвёртае - таму, што дзякуючы такiм махiнацыям у мяне ўзнiкае шчаслiвая магчымасць трапiць у турму, а думка пра гэта мяне ўжо даўно спакушала. Па-пятае - таму, што ўсiм вядомыя суддзi едуць на спатканне да ягняцi, а нiякiх ягнят даўно ўжо няма, як няма i бязвiннасцi, а значыць, рукою спрытнага злачынцы кiравала невядомае нiкому правасуддзе, i лепей яму не пярэчыць. I нарэшце - таму, што цяпер усё становiцца на сваё месца: правасуддзе канчаткова аддзяляецца ад бязвiннасцi, бязвiннасць апынаецца на крыжы, правасуддзе - у шафе, i ў мяне вызваляецца шырокае кола для дзейнасцi згодна з маiмi перакананнямi. Я нарэшце магу з чыстым сумленнем займацца сваёю цяжкай прафесiяй суддзi-пакаяльнiка, якую абраў пасля столькiх пакут i нягод i пра якую, у сувязi з тым, што заўтра вы ад'язджаеце, пара расказаць, што яна сабой уяўляе. Але спачатку, дазвольце, я крыху прысяду. Трэба аддыхацца. Уф-ф! Стамiўся нешта. Зачынiце пакуль што маiх суддзяў на ключ. Вось так, дзякуй. Ну, цяпер пра прафесiю суддзi-пакаяльнiка, якой я займаюся ў сучасны момант. Звычайна мая кантора - у "Мехiка-Сiцi", але вы разумееце, што сапраўднае прызванне далёка выходзiць за межы рабочага месца. I нават у ложку, нават у гарачцы - я заўжды на сваiм пасту. Дарэчы сказаць, гэта не тая прафесiя, якою займаюцца, ёю дыхаюць, дыхаюць пастаянна. Вы не думайце, што ўсе гэтыя пяць дзён я забаўляўся з вамi размовамi дзеля чыстага задавальнення. З мяне досыць пустой балбатнi, якой я займаўся раней. Цяпер кожнае маё слова мае пэўную мэту. I перш за ўсё - iмкнецца прыцiшыць смех i дапамагчы мне пазбегнуць прысуду. Але зрабiць гэта, мяркуючы па ўсiм, амаль немагчыма. Бо галоўная перашкода тут самi ж мы: мы першыя сябе i асуджваем. Што рабiць? Адзiны паратунак - пашырыць сваё асуджэнне на iншых, на ўсiх без выключэння; такiм чынам, на нашую долю яго застанецца менш. Нiкому, нiчога i нiколi не дараваць - вось мой зыходны прынцып. Я не прымаю нi добрых намераў, нi ўважных прычын, нi выпадковых памылак, нi змякчальных абставiн. У мяне нiхто не дастане нi iндульгенцый, нi адпушчэння грахоў. Усё падлiчваецца разам, падсумоўваецца, i потым выносiцца вынiк: "З вас - столькi. Вы - разбэшчаны тып, сатыр, мiфаман, педэраст, прытворшчык i да т. п." Вось так. I нiякага сюсюкання. У фiласофii, як i ў палiтыцы, я гатовы прытрымлiвацца любой тэорыi, якая адмаўляе чалавеку ў бязвiннасцi, i любой практыкi, якая прадугледжвае абыходжанне з iм, як з вiнаватым. Такiм чынам, вы маеце ў маёй асобе палымянага прыхiльнiка рабства. А без рабства, шчыра кажучы, i не можа быць нiякага канчатковага выйсця. Я зразумеў гэта вельмi даўно. А раней - раней я толькi i гаварыў пра свабоду. Я намазваў яе за снеданнем на свае бутэрброды, я жаваў яе круглы дзень, само дыханне маё было прасякнута яе салодкiм водарам. Я забiваў гэтым словам любога, хто адважваўся мне запярэчыць, я ставiў яго на службу сваiм нiзкiм жаданням i свайму ўладалюбству. Я шаптаў яго ў ложку на вушка заснулай сяброўцы, i менавiта яно дапамагала мне пакiнуць яе назаўжды. Я прамаўляў яго нiбы незнарок... Але я ўжо пачынаю запаляцца i страчваць пачуццё меры. Зрэшты, мне выпадала карыстацца свабодай i з больш бескарыснымi мэтамi, i нават уявiце сабе такую наiўнасць! - я двойчы цi тройчы кiдаўся яе абараняць. Праўда, я нiколi не думаў памiраць за яе, але часам усё-такi рызыкаваў. Што ж, трэба дараваць мне такую неасцярожнасць: я сам не ведаў, што рабiў. Мне было невядома, што свабода - не ўзнагарода i не адзнака, якую святкуюць шампанскiм. I не падарунак цi прыгожая скрынка з ласункамi на ўцеху тваёй вантробе. Зусiм наадварот - гэта цяжкая праца, доўгi бег на бясконцую дыстанцыю, у адзiноце i на змор. Нi шампанскага, нi сяброў, якiя б узнялi келiх i зiрнулi на цябе з пяшчотнай любоўю. Адзiн, заўсёды адзiн: у змрочнай зале, у непрытульнай камеры, на лаве падсудных - адзiн перад судом усiх i судом над самiм сабой. I ў канцы ўсякай свабоды кожнага чакае прысуд. Вось чаму свабода - непасiльная ноша, асаблiва калi ты пакутуеш, цi калi ты трасешся ў гарачцы, цi калi ва ўсiм свеце няма чалавека, якога б ты мог палюбiць. Ах, шаноўны, таму, хто адзiн, хто не мае нi Бога, нi пана, цяжар дзён заўсёды здаецца пачварным. I таму кожны вымушаны выбiраць сабе пана. Не Бога, не - Бог даўно ўжо не ў модзе. Нават слова, i тое ўжо страцiла сэнс, цяпер iм можна хiба што шакiраваць акружаючых. А вы зiрнiце на нашых маралiстаў: якiя яны сур'ёзныя, як горача яны любяць сваiх блiзкiх i гэтак далей! Але, па сутнасцi, чым яны адрознiваюцца ад хрысцiян? Ды нiчым! Хiба што чытаюць свае казанi не з амбона. Дык што, па-вашаму, замiнае iм вярнуцца ва ўлонне рэлiгii? Павага? Правiльна - павага, якою яны карыстаюцца ў людзей. Яны вельмi не хочуць аскандалiцца i таму вымушаны таiць свае сапраўдныя думкi. Я ведаў аднаго пiсьменнiка-атэiста, якi кожны вечар малiўся ў сваiм пакоi. Але вы б толькi пачулi, як ён бэсцiў беднага Бога ў сваiх раманах! Вось ужо даваў дыхту, як казаў пра гэта, я ўжо не памятаю, хто! А калi я расказаў пра яго аднаму ваяўнiчаму вальнадумцу, той адно ўзняў рукi да неба i з уздыхам, бяззлосна прамовiў: "Вы не паведамiлi мне нiчога новага. Я ведаю - усе яны такiя". На яго думку, восемдзесят адсоткаў нашых пiсьменнiкаў з задавальненнем бы ўславiлi iмя боскае, каб толькi маглi не падпiсваць сваiх кнiг. Але яны не могуць iх не падпiсваць таму, што вельмi любяць сябе, i нiкога не славяць, бо страшэнна адзiн аднаго ненавiдзяць. I толькi таму, што яны ўсё-такi не могуць адолець сваёй прагi ўсiх ушчуваць, яны стараюцца выгадаць на маралi. Словам, усе яны хворыя на своеасаблiвы дабрачынны сатанiзм. Далiбог, мы жывём у забаўны час! I чаго тут дзiвiцца, калi ва ўсiх тлумяцца мазгi, як у таго майго сябра, якi лiчыў сябе за атэiста, пакуль быў бездакорным мужам, i як толькi кiнуўся ў юр, адразу ж узяў прычасць! Ах, маленькiя хiтруны, камедыянты, крывадушнiкi! Якiя яны ўсё ж замiлавальныя! I паверце, я не хлушу, усе яны такiя, нават калi стараюцца спапялiць само неба разам з святымi. Хто б яны нi былi - бязбожнiкi цi багамольцы, бастонцы цi масквiчы - усе яны хрысцiяне, усе, ад бацькi да сына. Толькi цяпер больш няма нi бацькоў, нi айцоў, нi запаветаў! Вызвалiлiся! Ну што ж, выкручвайцеся самi. Але больш за ўсё яны баяцца менавiта свабоды i яе прыгавору, i моляць, каб хоць нехта ляпнуў iм па руках, i выдумляюць самi сабе нейкiя жудасныя парадкi, i спяшаюцца хутчэй замянiць усе цэрквы на вогнiшчы. Саванаролы, я вам кажу, сапраўдныя Саванаролы! Але вераць яны толькi ў грэх i нiколi - у боскую ласку. Вядома, яны пра яе думаюць. Ласкi, боскае ласкi вось што iм трэба, i згоды, i забыцця, i шчасця быць, шчасця жыць, iснаваць, а можа (хто ж яго ведае, бо ўсе яны, апроч таго, сентыментальныя), можа, яны мрояць i пра заручыны, пра маладую цнатлiвую дзяўчыну, пра вернага сябра жыцця, пра ўрачыстую музыку? Вось я, здаецца, не быў сентыментальны, а ведаеце, пра што я марыў: каханне да скону, усiм сэрцам i целам, дзень i ноч, у вечных абдымках, у полымi страсцi i асалоды, i гэтак пяць год, а потым смерць. Мары! Мары! Ну што ж, калi няма ўжо заручын, нi вечнай любвi, дык няхай будзе хоць шлюб - зверскi, з прыгнётам i пугай. Галоўнае - каб усё было проста, як у дзяцей, каб кожным нашым учынкам кiравалi, каб лiха i дабро былi вызначаныя раз i назаўжды, няхай адвольна, затое бясспрэчна. I я пагаджуся з усiм гэтым, якi б я нi быў сiцылiец-яванец i як бы далёка я нi стаяў ад хрысцiян, што, зрэшты, не замiнае мне адчуваць пэўную спагаду да першага сярод iх. Усё ў тым, што на парыжскiх мастах я зразумеў, што таксама баюся свабоды. I таму - няхай жыве пан, хто б ён нi быў, абы толькi здолеў змянiць волю нябёсаў! "О, айцец наш, якi часова сышоў на зямлю!.. О, нашы правадыры i начальнiкi, так салодка суровыя!.. О, нашы бязлiтасныя i горача любiмыя кiраўнiкi!.." Словам, галоўнае, як вы бачыце, - адмовiцца ад свабоды i, пакаяўшыся, падпарадкавацца яшчэ большаму мярзотнiку, чым ты сам. Калi ж усе мы зробiмся вiнаватыя, гэта i будзе сапраўдная дэмакратыя. Застанецца, мiлы дружа, адпомсцiць толькi за тое, што памiраць даводзiцца самому. Бо смерць - асабiстая справа кожнага, а рабства - супольная справа ўсiх. Усе дастаюць па заслугах разам з намi i, што асаблiва важна, - у той жа час, што i мы. Настае нарэшце ўсеагульная еднасць i роўнасць, няхай i на каленях, i са схiленай галавой. Хiба ж не прыемна жыць вось так - у падабенстве з грамадствам, i хiба ж не прыпадабняецца тым самым грамадства да нас? Пагрозы, гвалт, палiцыя - вось святыя таiнствы, якiя асвячаюць гэтае прыпадабненне. Пагарджаны, цкаваны i гнаны, я магу нарэшце ўздыхнуць на поўныя грудзi, адчуць асалоду быць такiм, якi ёсць, i зажыць натуральна. Вось чаму, мiлы дружа, урачыста адсалютаваўшы свабодзе, я вырашыў цiшком падсунуць яе каму-небудзь iншаму. I цяпер заўсёды, як выпадае магчымасць, я прапаведую ў сваёй парафii "Мехiка-Сiцi", я заклiкаю мiлую паству скарыцца i цiхмяна чакаць шчодрасцей памыснага рабства, няхай дзеля гэтага мне i даводзiцца выдаваць яго за сапраўдную свабоду. Але я не вар'ят, я выдатна разумею, што рабства настане не заўтра. Яно будзе вялiкiм дарам будучынi, i толькi. А пакуль я вымушаны прыстасоўвацца да сучаснага i шукаць, прынамсi, якогась часовага выйсця. Я павiнен знайсцi нейкi iншы сродак, якi дазволiць пашырыць прысуд на ўсiх i паменшыць яго ўцiск на мае кволыя плечы. I я знайшоў гэты сродак. Адчынiце, калi ласка, акно, тут проста шалёная спёка. Але не надта шырока, мяне ўсё-такi трасе. Дык вось, думка сама простая i сама эфектыўная. Якiм чынам прымусiць усiх сядзець у вадзе, а самому тым часам грэцца на сонейку? Можа быць, узлезцi на кафедру, як гэта робiць большасць маiх славутых сучаснiкаў, i няславiць адтуль чалавецтва? Небяспечна, мой дружа, вельмi небяспечна! У адзiн вясёлы дзень цi, можа быць, ноч у зале пачуецца смех. I вы нават не паспееце апамятацца, як прыгавор, якi вы выносiлi iншым, нечакана зрыкашэцiць вам у твар i прычынiць яму даволi адчувальную шкоду. Дык што рабiць, скажаце вы? Ёсць адно генiяльнае выйсце! Я зразумеў, што пакуль не прыйшлi нашы настаўнiкi i не прынеслi сваiх мiлых розгаў, мы павiнны, як i Капернiк, разважаць у адваротным парадку. Толькi так можна дабiцца канчатковай перамогi. Калi ўжо няможна ўшчуваць другiх, каб адначасова не асудзiць сябе, трэба спачатку абвiнавацiць сябе i гэтым зарабiць права дакараць iншых. I калi ўсё роўна любы суддзя нарэшце робiцца пакаяльнiкам, дык лепей пачынаць з другога канца i спачатку выконваць ролю пакаяльнiка, а ўжо потым зрабiцца суддзёй. Вы сочыце за хадой маёй думкi? Выдатна. Але каб вам было болей наглядна, я раскажу, як усё гэта робiцца на практыцы. Перш за ўсё я зачынiў сваю адвакацкую кантору ў Парыжы i пачаў вандраваць; я шукаў такога месца, дзе б можна было спынiцца пад чужым iмем i не мець нястачы ў рабоце. Вядома, такiх месцаў у свеце нямала, але выпадак, зручнасць i iронiя лёсу, а таксама патрэба ў пэўным самабiчаваннi прымусiлi мяне спынiць выбар на гэтай сталiцы вод i туманаў, аплеценай шчытнаю сеткай каналаў i надзвычай напакаванай людзьмi, якiя прыязджаюць сюды з усiх куткоў свету. Я асталяваў сваю кантору ў партовым марацкiм бары. Клiентура тут сама разнамасная, бо, як вам добра вядома, бядняк нiколi не ходзiць у раскошныя рэстараны, а вось чалавек з пэўным становiшчам абавязкова, хоць раз у жыццi, ды трапляе ў пагарджаныя месцы. Тут я яго i чакаю. Мяне цiкавяць менавiта заблудныя буржуа, якiм я i выкладваю ўсю паднаготную. З вiртуознасцю штукара я ўмею выцягнуць з iх сама тонкiя i чароўныя гукi. I гэтай карыснай прафесiяй я займаюся ў "Мехiка-Сiцi" ўжо некалькi гадоў. Як вы маглi пераканацца, збольшага яна заключаецца ў тым, каб як мага часцей ужываць публiчную споведзь. Я бэшчу сябе на чым свет стаiць. I гэта зусiм не цяжка, бо цяпер у мяне ёсць памяць. Але, заўважце, я вiнавачу сябе не груба, не ў лоб, я не б'ю сябе кулаком у грудзi. Што вы! Я спрытна лавiрую, рассыпаюся ў нюансах i лiрычных адступленнях, я будую сваю прамову згодна з кожнай асобнай катэгорыяй слухачоў - так, што нарэшце яны самi пачынаюць паддаваць пары. Я пераблытваю тое, што датычыць мяне, з тым, што датычыцца iншых. Я бяру сама агульныя рысы, уласцiвыя ўсiм, нягоды, якiя мы ўсе разам перажылi, слабасцi, якiя мы падзяляем, правiлы добрага тону i паводзiны сучаснага чалавека - такога, якiм ён лютуе ўва мне i ў другiх. З усяго гэтага я складаю адзiн суцэльны партрэт - партрэт усiх i нiкога асобна. Словам, я раблю своеасаблiвую маску, нечым падобную да карнавальных, гледзячы на якую кожны можа сказаць: "Чакай-чакай, ды я ж яго недзе бачыў!" Калi ж партрэт, як цяпер, завершаны, я паказваю яго слухачу i прамаўляю з вялiкаю скрухай: "Вось, зiрнiце, вось я якi!" На гэтым абвiнаваўчая частка закончана. I тут, нечакана, партрэт, якi я паказваю свайму сучаснiку, ператвараецца ў люстра. З галавою, пасыпанай попелам, са спiсяжаным ногцямi тварам i паволi выдзiраючы на сабе валасы, я стаю перад усiм чалавецтвам i з пранiзлiвым позiркам пералiчваю свае ганебныя ўчынкi. Я нi на хвiлiну не выпускаю з-пад увагi эфект, якi выклiкаю пакутлiвым крыкам: "О, я сама мярзотны з усiх мярзотнiкаў!" А пасля, неўпрыкмет, пераменьваю "я" на "мы". I калi даходжу да формулы: "Вось мы якiя!" - гульня зроблена. Цяпер я магу казаць праўду. Я, вядома, такi самы, як i яны, - усе мы варымся ў адным катле. Але ў мяне ёсць перавага, бо я гэта ведаю, а яны - не, i таму першае слова за мной. Я ўпэўнены, што вы разумееце, якая гэта выгода. Чым больш я вiнавачу сябе, тым больш маю права асудзiць вас. I яшчэ лепш, я падахвочваю вас, каб вы самi асудзiлi сябе, што дае мне вялiкую палёгку. Ах, шаноўны, забаўныя мы ўсё-такi i няшчасныя людзi! Варта нам азiрнуцца на сваё жыццё, як у памяцi ўсплываюць адразу такiя выпадкi, што мы гатовыя скрозь зямлю правалiцца ад сораму i здзiўлення. Вы паспрабуйце. Не сумнявайцеся, я паслухаю вашую споведзь з вялiкай сяброўскай спагадай. Ды вы не смейцеся! Ох, ну сапраўды, вы цяжкi клiент, я гэта заўважыў адразу. Але нiкуды вы не дзенецеся, гэта непазбежна. Тыя, хто трапляе да мяне, больш сентыментальныя, чым разумныя: збiць iх з тропу - раз плюнуць. З разумнымi трошкi цяжэй, тут трэба папацець. Затое iм досыць як след растлумачыць сам метад. Яны добра запамiнаюць яго i пачынаюць думаць. Днём раней цi пазней, дзеля забавы або праз душэўную скруху яны таксама ўсё выкладваюць на стол. Але вы, здаецца, не толькi разумны, вы яшчэ i спрактыкаваны. I ўсё-такi прызнайцеся, цяпер вы адчуваеце сябе не такiм задаволеным сабою, як пяць дзён назад? Што ж, буду чакаць, калi вы напiшаце цi прыедзеце зноў. А вы прыедзеце, я ўпэўнены! I не заўважайце ўва мне нiякiх змен. Дый навошта мне мяняцца, калi я знайшоў тое шчасце, якое мне падыходзiць? Я проста пагадзiўся са сваёй двухаблiчнасцю i перастаў кiдацца ад яе ў роспач. Наадварот, я вельмi выгодна ў ёй асталяваўся i знайшоў той камфорт, якога шукаў усё жыццё. Увогуле, я не меў рацыi, калi казаў, што галоўнае - пазбегнуць прысуду. Галоўнае - мець права ўсё сабе дазваляць, няхай дзеля гэтага i трэба час ад часу публiчна i на ўвесь голас абвяшчаць пра сваю нiкчэмнасць. Дык вось - цяпер я зноў дазваляю сабе ўсё, i смех гэтым разам мяне не трывожыць. Я не змянiў свайго жыцця, я па-ранейшаму люблю сябе i карыстаюся другiмi. Але пакаянне ў грахах дазваляе мне лёгка пра iх забываць i ўсё пачынаць спачатку. I цяпер я цешуся ўдвая - па-першае, сваёю натурай, а па-другое, сваiм чароўным раскаяннем. З той пары, як я знайшоў выйсце, я самазабыўна аддаюся ўсяму - i жанчынам, i пыхлiвасцi, i нудзе, i злапомнасцi, i нават лiхаманцы, якая цяпер мяне так соладка трасе. Я паную нарэшце, i гэты раз - назаўжды. Я знайшоў тую вышыню, на якую ўдалося ўскараскацца мне аднаму i адкуль я магу судзiць увесь свет. Зрэдку, калi настае асаблiва прыгожая ноч, да мяне яшчэ часам даносiцца нейкi вельмi далёкi смех, i я зноў пачынаю вагацца. Але я адразу абрушваю на сусвет i людзей увесь цяжар свайго ўбоства i адраджаюся зноў. Значыць, дамовiлiся, я буду цярплiва чакаць вашага прыезду ў "Мехiка-Сiцi". Калi надумаецеся засведчыць сваё шанаванне, прыходзьце ў любы час, я заўжды буду там. Але, будзьце ласкавы, здымiце гэтую коўдру, нешта яна мяне душыць. Дык вы прыедзеце, праўда? Я нават гатовы паказаць вам некалькi патаемных прыёмаў у маёй тэхнiцы - вы выклiкаеце ў мяне сiмпатыю. Вы самi пабачыце, як усяго за адну ноч мне ўдаецца пераканаць iх, што яны - сама гнюсныя мярзотнiкi. Дарэчы, сёння я зноў пайду туды. Я ўжо няздольны без гэтага абысцiся, я не магу пазбавiць сябе тых прыемных хвiлiн, калi яшчэ адзiн падае ў п'яным раскаяннi i пачынае бiць сябе ў грудзi. Як я расту тады, шаноўны, о, як я расту! Маё дыханне робiцца лёгкiм i роўным, я стаю на вяршынi i сузiраю бязмежную роўнядзь пад маiмi нагамi. Якое п'янлiвае шчасце адчуваць сябе Богам-айцом i раздаваць сваiм блiзкiм неабменныя пасведчаннi ў iх агiдным жыццi i разбэшчанасцi. Я ўзвышаюся на троне сярод маiх мярзотных анёлаў у вышынi галандскага неба i гляджу, як з туманаў i вод да мяне ўздымаюцца незлiчоныя ценi, што iдуць на Апошнi Суд. Яны наблiжаюцца, i вось я ўжо бачу першага сярод iх. На яго збянтэжаным твары, напалову схаваным рукой, я чытаю журбу па агульнай долi, што напаткала яго, i роспач ад разумення, што яна немiнучая. А я - я шкадую iх, але не адпускаю грахоў, я разумею, але не дарую, i што галоўнае - ах, як гэта прыемна! - я адчуваю, што мне пакланяюцца, што мяне абагаўляюць! Ваша праўда, я надта хвалююся; дый як тут спакойна ляжаць? Я павiнен падняцца вышэй - над вамi, мае думкi ўздымаюць мяне. Такiмi начамi цi, праўдзiвей, такiмi свiтанкамi - бо падзенне заўжды адбываецца на свiтаннi - я выходжу з кватэры i iмклiвай хадой iду ўздоўж каналаў. Покрыва з пер'я ў матавым небе танчэе, галубы паволi ўздымаюцца ў вышыню, i ружовыя водблiскi сонца на дахах абвяшчаюць новы дзень майго стварэння сусвету. Першы трамвай на Дамраку дзiнькае ў свой званочак у вiльготным паветры i абуджае жыццё на самым ускрайку Эўропы - той Эўропы, дзе сотнi мiльёнаў маiх падданых - людзей устаюць адначасна з пасцеляў i з горыччу ў роце шыбуюць на працу, якая нiкому не ў радасць. А я ў гэты мiг лунаю над усiм кантынентам, якi, сам не ведаючы таго, падпарадкоўваецца мне, я п'ю гаркавы абсент ранiшняга сонца, п'янею ад сваiх злосных прамоў i адчуваю сябе шчаслiвым. Я шчаслiвы! Шчаслiвы, кажу я вам! I я забараняю вам не верыць, што я шчаслiвы, я шчаслiвы страшэнна! О сонца, пляжы i выспы, авеяныя глiцай! О маладосць, успамiн пра якую кiдае ў роспач!.. Прабачце, я ўсё-ткi прылягу. Здаецца, сапраўды занадта расчулiўся. Але ж не плачу? Не плачу! Ну, бывае, што казаць, часам вось так разгубiшся i пачынаеш сумнявацца нават у яўных рэчах - нават калi табе ўжо адкрыта таямнiца шчаслiвага жыцця. Вядома, маё рашэнне не сама iдэальнае. Аднак, калi табе ўжо абрыдла тваё жыццё i ты ведаеш, што яго трэба неяк змянiць, выбiраць не прыходзiцца. Што ж рабiць, каб зрабiцца iншым? На жаль, гэта немагчыма! Каб дабiцца гэтага, трэба б было наогул зрабiцца нiкiм, забыць пра сябе хоць бы раз дзеля кагосьцi другога. Але як? Не задавайце мне такiх цяжкiх пытанняў. Я - як той стары жабрак, якi не хацеў выпускаць маёй рукi, калi я сядзеў на тэрасе адкрытай кавярнi. "Ах, пане, - казаў ён, - мы зусiм не такiя кепскiя. Мы проста страцiлi тую зорку, якая асвятляла нам шлях". Сапраўды, мы страцiлi сваю зорку, мы страцiлi свой заранак i святую бязвiннасць таго, хто даруе самому сабе. Паглядзiце - падае снег! О, мне абавязкова трэба будзе пайсцi прагуляцца. Уявiце сабе - светлая ноч, Амстэрдам заснуў, пад заснежанымi мастамi ў каналах цьмяна блiскаюць хвалi, i я, адзiн, iду па пустэльных вулiцах, снег прыглушае хаду, а вакол - чысцiня, мiмалётная, перад заўтрашнiм брудам. Зiрнiце на вялiкiя снежныя кудзеры, якiя лiпнуць да шыбы. Гэта галубы, паверце, гэта галубы. Мiлыя, мiлыя, яны нарэшце адважылiся спусцiцца, i цяпер захутваюць воды i дахi шчыльным покрывам свайго пер'я, i мiгцяць за кожным акном. Якое нашэсце! Давайце ж паспадзяёмся, што яны нясуць нам добрую навiну. Што ўсе будуць уратаваныя - як вам такое, га? - менавiта ўсе, а не толькi выбраннiкi, i што скарбы i цяжар жыцця ўсiм падзеляць пароўну, а вы, напрыклад, пачынаючы з гэтага дня, будзеце класцiся спаць на падлозе - дзеля мяне. I будзем жыць усiм кагалам, а чаго там! Паслухайце, ну скажыце сумленна, вы б, напэўна, аслупянелi, каб з неба зараз па мяне спусцiлася каляснiца цi ўзяў бы раптам ды загарэўся снег. Вы ў гэта не верыце? Я таксама. I ўсё-такi мне абавязкова трэба будзе прагуляцца. Ну, добра, добра, супакойцеся, буду ляжаць. I дарэчы, не вельмi давярайце майму замiлавальнаму трызненню. Яно таксама мае сваю задачу. Вось так. А цяпер раскажыце мне пра сябе, я хачу паглядзець, цi дасягнула мая палымяная споведзь хоць адной сваёй мэты. Я, ведаеце, увесь час грэю надзею, што мой слухач акажацца палiцэйскiм i арыштуе мяне за крадзеж "Непадкупных суддзяў". Бо за астатняе мяне нельга арыштаваць, праўда? А вось крадзеж карцiны падпадае пад закон, i таму я зрабiў усё, каб выглядаць як хаўруснiк: я хаваю карцiну ў сябе i паказваю яе першаму-лепшаму, хто захоча яе пабачыць. Калi ж вы мяне арыштуеце, для пачатку i гэта ўжо будзе няблага. Спадзяюся, што пасля зоймуцца i астатнiм, а можа, нарэшце i адсякуць мне галаву? А што - выдатна, болей не трэба будзе баяцца смерцi, i я буду ўратаваны! А вы падымеце над натоўпам маю яшчэ свежанькую галаву, каб людзi пазналi ў ёй сябе, i я зноў запаную над iмi, як павучальны прыклад. На гэтым усё прыйшло б да свайго лагiчнага завяршэння, i я непрыкметна б скончыў сваю кар'еру лжэпрарока, якi крычыць у пустынi i не хоча адтуль выходзiць. Але вы, вядома ж, не палiцэйскi, бо iначай усё было б занадта проста. Што? Ха! А я, ведаеце, падазраваў. Усё-такi мая дзiўная сiмпатыя да вас была небеспадстаўная. Дык значыць, вы займаецеся ў Парыжы чароўнай прафесiяй адваката! Што ж, я адразу адчуў, што мы з вамi адной пароды. Мы ж усе падобныя: увесь час балбочам, хоць нi да каго не звяртаемся, i ўвесь час задаём сабе адны i тыя ж пытаннi, хоць ужо загадзя ведаем адказы на iх. Дык раскажыце, калi ласка, што з вамi здарылася аднойчы на набярэжных Сены i як вам удалося нiколi не рызыкаваць жыццём? Прамоўце нарэшце тыя словы, якiя ўжо доўгiя гады безупынна гучаць у маёй галаве. Ну, добра, я сам скажу iх вашымi вуснамi: "О мiлая дзяўчына! Кiнься ў ваду яшчэ адзiн раз, дай мне яшчэ адзiн шанц уратаваць нас абодвух!" Яшчэ адзiн шанц, га? Якая неразважнасць! Уявiце, дарагi калега, што нас спаймаюць на слове? Давядзецца ж скакаць! Бр-р-р... А вада такая халодная! Але не хвалюйцеся. Цяпер ужо надта позна. I заўжды будзе надта позна. На шчасце!
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6
|
|