Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Волат на дарозе (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Головачев Василий / Волат на дарозе (на белорусском языке) - Чтение (Ознакомительный отрывок) (Весь текст)
Автор: Головачев Василий
Жанр:

 

 


Головачев Василий
Волат на дарозе (на белорусском языке)

      Васiль Галавачоў
      Волат на дарозе
      Пераклад: Павел Марцiновiч
      1
      Хмары вiселi нiзка суцэльнай заслонай, iх вiльготны подых разагнаў нават крыклiвых чатырохлапых птушак, адзiных буйных драпежнiкаў на кантыненце. Здавалася, само неба, шэрае, беспрасветнае, манатоннае, упала на мокры лес.
      Унiзе на схiле ўзгорка варухнулiся галiны сiнявiта, i на лясную паляну выйшлi двое: невысокi таўставаты мужчына з зусiм сiвай хваляй кучаравых валасоў i танклявая, як сцяблiна рамонка, жанчына з журботнымi вачыма. Вядома, адсюль, з вышынi, Грэхаў не мог бачыць выразу яе вачэй, проста ведаў, што яны зусiм сумныя. На гэтую дзiўную, маўклiвую пару ён звярнуў увагу ў першы ж дзень iх прыезду ў санаторый. Здалёку прыняў iх за бацьку i дачку, на самай жа справе былi яны мужам i жонкай. Яго звалi Грант, Яраслаў Грант, яе - Цiна. Ад лекараў Грэхаву стала вядома, што ён зорны лётчык, камандзiр карабля, трапiў у нявыкрутку, атрымаў псiхiчную траўму i цяпер наўрад цi зможа вярнуцца да сваёй працы.
      Аднойчы Грэхаў выпадкова сустрэў iх у лесе, i яго ўразiў выраз болю i пяшчоты на твары Гранта, калi той звяртаўся да жонкi. Увогуле бачыў iх Грэхаў даволi часта, вось як цяпер, напрыклад: тэрыторыя запаведнiка, дзе размяшчаўся санаторый, была невялiкая. Двойчы прылятаў да iх малады чалавек гадоў дваццацi, нечым падобны на Гранта, напачатку Грэхаў нават прыняў яго за сына, але з часам зразумеў, што памылiўся. Тады жанчына пакiдала iх ненадоўга, быццам не жадаючы прысутнiчаць пад час размовы, але, i застаючыся сам-насам, яны, на думку Грэхава, маўчалi. Можна было падумаць, што юнак толькi дзеля таго i прыляцеў, каб пастаяць побач з сiвым, моўчкi, сурова, без ценю ўсмешкi. У паводзiнах iхнiх была нейкая недагаворанасць, якая прымушала задумвацца пра дзiўную загадкавасць чалавечых узаемаадносiн. Але Грэхаў, як i яны, шукаў самоты, спадзеючыся на яе гаючыя ўласцiвасцi, не знаходзiў яе i ўрэшце зразумеў, што выдатныя чарыянскiя лекары могуць вылечыць цела, але не ў стане загаiць душу.
      Мужчына паглядзеў угору, заўважыў яго хуткалёт, узмахнуў рукой. Грэхаў таксама памахаў у адказ. Жанчына азiрнулася, пацягнула Гранта за рукаў, i яны знiклi за дрэвамi. Шолах ветру ў лiстоце заглушаў iх крокi.
      Грэхаў зябка перасмыкнуўся i ўзмацнiў абагрэў касцюма, хоць холадна яму не было - чыста псiхалагiчны эфект. Зарадзiў спорны дождж, i Грэхаў зачынiў лiхтар кабiны, уладкаваўся каля пульта кiравання i задрамаў.
      Пабудзiў яго пiск выклiку, i, яшчэ не расплюшчыўшы вочы, ён дакрануўся да кальца прыёмнiка на запясцi.
      - Грэхаў, да вас наведвальнiк. Вашы каардынаты?
      - Заходнi сектар лесу, - сказаў ён у мiкрафон, - даю пеленг. А што здарылася? Хто наведвальнiк?
      Але дзяжурны ўжо адключыўся, i Грэхаву заставалася толькi варажыць, каму ён спатрэбiўся. Можа, яму нарэшце дазволяць пакiнуць санаторый? Бо чуецца ён цудоўна... калi не лiчыць заўсёднай хандры ад думак пра сваю працу, пра сяброў, пра Палiну. Пасля падзей на Самнii, спадарожнiку Чары, калi ён тры гадзiны праляжаў мёртвы ў радыеактыўным склепе - былым выратаваўчым караблi, лекары на Чары амаль год змагалiся за яго жыццё, а Палiна... Яна нават не ведала, што ён на Чары... Зрэшты, яна ўвогуле не ведала, што Грэхаў застаўся жывы. Ды i лiчаныя адзiнкi ў аддзеле гэта ведалi, бо чарыяне не палiчылi патрэбным паведамiць пра яго на Зямлю, сумняваючыся ў тым, што ён выжыве, але ён выжыў i выдатна пачуваецца... калi не лiчыць... Так, пра Палiну ён думаў увесь час. I баяўся паслаць ёй вестку, сам не ведаў чаму, але баяўся. Грэхаў усё чакаў, што яна даведаецца сама. Можа, хтосьцi ўсё ж паведамiў ёй? Дыега Вiрт, напрыклад... альбо Сташэўскi. Яны ж ведаюць, што ён тут. Але калi гэта Палiна...
      Грэхаў прыўзняўся з сядзення, углядаючыся ў заслону дажджу. Потым зазлаваў на сябе i сеў. Пасля сваёй часовай смерцi... як гучыць, га?! - пасля смерцi!.. Што ж, ён мог сказаць так з поўнай рацыяй. Пасля смерцi ён стаўся больш уражлiвы, хутка ўзбуджаўся, i, шчыра кажучы, гэта яму не падабалася.
      А дзевятай гадзiне ранiцы побач з яго апаратам апусцiўся нарэшце нечы аранжавы хуткалёт. Грувасткая постаць выбралася з яго, i ён уздыхнуў: радасна i засмучана адначасна - сэрца чакала iншага наведвальнiка. Гэта быў Сташэўскi, шэф другога аддзела Кiраўнiцтва аварыйна-выратавальнай службы (КАВС), яго сябра i непасрэдны начальнiк.
      - Здароў, пустэльнiк, - прабурчаў ён, залазячы ў кабiну. - Чаго пануры? Не рады мне? Занядужаў?
      - I рады i здаровы. - Грэхаў з задавальненнем разглядаў яго карычневы ад загару твар. - Настрой паганы. Чарыяне не выпускаюць з санаторыя, навесiлi на мяне кучу датчыкаў...
      Грэхаў змоўк i звыкла агледзеў купал неба i сцяну лесу на схiле ўзгорка. Нешта змянiлася там, нiчога пагражальнага, вядома, але абвостранае пачуццё небяспекi неаднойчы ратавала калi не яго жыццё, дык шкуру, i пагарджаць iнтуiцыяй ён не меў права.
      - Жоўты туман, - растлумачыў Сташэўскi.
      - Ну вядома ж, - з палёгкай сказаў Грэхаў. - А ты выдатна разбiраешся ў асаблiвасцях чарыянскiх запаведнiкаў.
      Сташэўскi засмяяўся.
      - Проста я даведаўся пра гэта ад дыспетчара медыцынскага цэнтра. Да таго ж па ўсёй тэрыторыi запаведнiка лячэбныя туманы выпускаюцца рэгулярна двойчы на суткi. Пара б ужо ведаць.
      - Ты i пра гэта даведаўся ад дыспетчара?
      - Не. - Сташэўскi пазмрачнеў. - Некалi я таксама адпачываў тут... пасля хваробы. Была такая справа... Дык ты здаровы, кажаш?
      - Як мур.
      - Выдатна! Сёння з цябе здымуць ненавiсныя датчыкi, i ты вольны. Шчыра кажучы, я не верыў у твае... словам, ты зразумеў. Яны чарадзеi, асаблiва старшы лекар! Не пярэч, гэтая жанчына ўратавала не толькi тваё жыццё, але i здароўе, да таго ж, кажуць, яна аддавала табе часу больш, як трэба было...
      - Мажлiва, - неахвотна згадзiўся Грэхаў. - Як гэта незвычайна i арыгiнальна - каханне зямлянiна i iншапланецянкi... Хоць якiя чарыяне iншапланецяне? Перасяленцы.
      Сарказм у ягоным голасе прымусiў Сташэўскага нахмурыцца; але Грэхаў паклаў яму руку на плечы i, павярнуўшыся ўбок, прамармытаў:
      - Ты ж ведаеш, Святаслаў, ты ўсё цудоўна ведаеш...
      - Што я ведаю? - адказаў спахмурнелы Сташэўскi пытаннем на адказ. - Нiчога я не ведаю. Палiна змучылася, схуднела. Ты ж ёй не паведамляў, што жадаеш яе бачыць, а яна чакае... Паехалi.
      - Не паведамляў, - з цяжкасцю сказаў ён. - Такiх паведамленняў не чакаюць, ляцяць адразу, калi ведаюць куды... А калi яна ведае... Куды паехалi?
      - Да карабля.
      - Вось так адразу?
      - А табе што - фрака не хапае? Э-э, дружа, вiдаць, ты не зусiм яшчэ здаровы, разгубiўся, стаў бледны... Можа, застанешся яшчэ на пару тыдняў?
      - Досыць смяяцца. - Грэхаў уключыў рухавiк, i яны ўзнялiся ў паветра. Дык куды ляцiм? Трэба ж папярэдзiць у медцэнтры, датчыкi зняць...
      - Гэта мы за адну хвiлiну! А на караблi цябе агледзяць медыкi КАВС. Як жывы экспанат. Не пярэчыш?
      Грэхаў не пярэчыў.
      - Але я яшчэ не ўсё сказаў, - прыжмурыўся Сташэўскi. - Я таксама думаю, як i чараянка твая, што ты здаровы, таму скажу адразу: вылятаем мы ў раён туманнасцi Чорная ружа, зорка Цiна, планета Тартар. Па каналах Кiраўнiцтва абвешчана трывога: планета смяртэльна небяспечная для чалавека, неабходна наша ўмяшанне. Код трывогi - жыццё людзей! I ўлiчы - там будзе вельмi нясоладка.
      "А дзе бывае соладка? - падумаў Грэхаў. - Там, куды пасылаюць нас, заўсёды горка i цяжка. I небяспечна. Навошта ён гэта кажа? Думае, я адмоўлюся? Неразумна..."
      - Я выбраў цябе, - працягваў Сташэўскi, - бо... словам, бо я ведаю. Праўда, паглядзеўшы на цябе, там могуць мяне няправiльна зразумець, яны ж не ведаюць, што табе ўжо дваццаць восем, а не тыя пятнаццаць гадоў, на якiя ты выглядаеш.
      - Гэта жарт з барадой, Святаслаў. Ты можаш толкам сказаць, што нас чакае?
      Сташэўскi пацiснуў плячыма, павярнуўшы напаўпаварота сваё грувасткае тулава.
      - Звычайны выратавальны рэйд. Ну не зусiм звычайны, вядома. Пацярпi, у караблi пра ўсё даведаешся. Аднак давай хутчэй... Дождж сцiхнуў, сталася куды святлей, над лесам, кiламетраў за пятнаццаць, блiснуў у белаватай смузе спiчак лячэбнага цэнтра.
      * * *
      У раёне тэты Лiры, на прамежкавай станцыi, карабель падабраў групу асаў, узначальваў якую, на радасць Грэхава, Дыега Вiрт. Яны прагаварылi ўсе тры гадзiны падрыхтоўкi i палёту трансгала да Тартара, таму калi Сташэўскi зайшоў у каюту i пацiкавiўся, цi знаёмы Грэхаў з iнфармантам па Цiне i яе адзiнай планеце, той толькi вiнавата апусцiў галаву.
      - Та-ак, - працягнуў Сташэўскi, зiрнуў на гадзiннiк i ледзяным тонам нагагаў яму дакладнае значэнне слова "дысцыплiна".
      Выходзячы, ён забраў з сабой Дыега, якi падмiргнуў Грэхаву, а той прыладзiў крышталь iнфарманта ў свой iнфармблок i стаў таропка "перагортваць" запiсы, спадзеючыся за паўгадзiны да фiнiшу разабрацца ў матэрыяле хоць бы ў агульных рысах.
      Тартар быў адкрыты выпадкова ў сто семдзесят чацвёртым годзе, гэта значыцца год назад, сумна вядомай экспедыцыяй да ядра Галактыкi, яе галаўным караблём "Спiр" з камандзiрам Яраславам Грантам... Грэхаў перастаў успрымаць тэкст, праслухаў некалькi фраз, не зразумеўшы iх сэнсу, i тут толькi ўспомнiў, адкуль яму знаёмае iмя камандзiра - Грант. Чарыянскi санаторый... мокры ад дажджу лес... дзве постацi, якiя нетаропка брыдуць па кароткай густой траве, сiвы мужчына i кволая жанчына... Дык вось хто адкрыў Тартар - Яраслаў Грант! Iронiя лёсу звяла iх разам i развяла, а чакае Грэхава выратавальны рэйд на адкрытай Грантам планеце, небяспечнай планеце...
      Нейкi час ён сядзеў, бяздумна ўключаючы i выклключаючы iнфармблок, потым уздыхнуў i стаў слухаць далей. Са скорагаворкi чытаючага аўтамата ён зразумеў, што экiпаж карабля амаль увесь загiнуў (вось яна, траўма Гранта), ратуючы людзей, што былi на зоркалёце "Магiканiн", якi невядома як апынуўся на планеце. Яны ўратавалi двух, але загiнулi самi...
      "Што ж, я разумею цябе, Грант, гэта цяжка. Але ты абвiнавацiў сябе ў iх гiбелi, i ў гэтым я з табой не згод ны. Ты быў камандзiр, а калi ў табе загаварыў проста чалавек, якi спалохаўся адказнасцi, ты забыўся, што камандзiр таму i камандзiр, што боль свой ён абавязаны хаваць у сабе. Зрэшты, не ведаю, цi вытрымаў бы я..."
      Грэхаў раптам зразумеў, што не слухае запiс, i раззлаваўся. Хуценька пракруцiўшы запiс назад, пусцiў яго зноў.
      - ...атмасфера: вадарод, семдзесят тры працэнты, гелiй, пятнаццаць, кiсларод, азот, неон, аргон... (вiдаць, ужо дадзеныя па планеце). Пароды мацерыка... (гэта потым). Акiяны (...таксама потым). Так, вось яно, галоўнае... Утварэннi, як мяркуецца, штучнага тыпу, названыя Гарадамi. Актыўнае жыццё ў насычанай радыяцыяй атмасферы... Гiпотэза ўнiверсалiста Сергiенкi: негуманоiдная цывiлiзацыя. Гiпотэза ўнiверсалiста Гiлкоўскага: супольнасць гнотабiёнтаў - арганiзмаў цi калонiй арганiзмаў, якiя жывуць у поўнасцю вядомых i кантралюемых варунках...
      Далей прачытаць запiс Грэхаву не ўдалося. Карабель выйшаў на сiлавую падушку стартадрома доследнай Станцыi, i па адсеках пайшоў пявучы сiгнал адбою гатоўнасцi. Пакуль рупныя гномiкi - робаты тэхнiчнай службы - правяралi корпус карабля i рухавiкi на астаткавую дэфармацыйную няўстойлiвасць, ён разглядаў планету ў перыскоп без оптыкi. З вышынi Станцыi яна здавалася пушыстым палевым элiпсоiдам з крыламi жамчужнага зiхцення - там, дзе нябачнае зараз свяцiла асвятляла атмасферу; Станцыя якраз праходзiла над начным бокам Тартара. "Змрачнаватая назва для планеты", - падумаў ён мiмалётна.
      - Экiпажу на выхад! - вымавiў дынамiк гучным голасам, i ён паспяшаўся з каюты.
      У шырокiх светлых калiдорах Станцыi было нашмат менш народу, чым ён чакаў. Зрэдку сустракалiся навуковыя супрацоўнiкi вышэйшых рангаў, цвет навукi Зямлi, у аднолькавых светла-блакiтных з зялёнымi змейкамi шчыгульных гарнiтурах. Толькi эмблемы на грудзях i на рукавах у iх былi розныя. Грэхаў з цiкаўнасцю праводзiў вачыма спецыялiстаў фiзiкi прастораў, бо сам колькi гадоў назад яшчэ насiў iх эмблему: пунсовы дыск, перакрэслены залатой стралой i аточаны роем срэбраных iскраў. Але ўсе твары былi незнаёмыя, i лёгкi смутак закраўся ў сэрца: падзеi мiнулага заўсёды згадваюцца з сумам, не катастрофы, вядома, хоць катастрофы суправаджалi яго з дня нараджэння, такi ён ужо "ўдачлiвы" па-свойму чалавек.
      Загледзеўшыся на гурт тэхнiкаў, што валаклi па калiдоры грувасткую скрыню (няма грузавых аўтаматаў, цi што?), Грэхаў торкнуўся ў спiну Вiрта i хутка ступiў убок. Перад iмi стаяў начальнiк сектара КАВС Кротас i ўважлiва разглядваў iх сваiмi светлымi вачыма. Побач з iм, крывячы худы нервовы твар, стаяў незнаёмы Грэхаву чалавек у шэрым аднатонным трыко без усялякiх эмблем i значкоў. Ён быў сiвы, маленькi, танклявы, ад крывой усмешкi беглi па твары маршчынкi, i нiяк нельга было дакладна вызначыць яго ўзрост.
      - Грэхаў? Рад вас бачыць... э-э, жывога i здаровага.
      - Дзень добры, - прамармытаў ён. - Даруйце, дзякуй.
      Сiвы нахiлiў галаву, i Грэхаў прачытаў усмешку ў яго непранiкальна чорных вачах. Выручыў Грэхава Сташэўскi. Ён падышоў да iх аднекуль збоку, некалькi iмгненняў глядзеў на сiвога з няпэўнай мiнай на твары, потым рэзка працягнуў руку i адрывiста кiнуў:
      - Наш праваднiк? Я - Сташэўскi, Святаслаў.
      - Малчанаў, Эвальд, - нечакана ракатлiвым басам адказаў сiвы, i Кротас, што стаяў побач, з незразумелай палёгкай уздыхнуў.
      - Хадземце. А шостай пасяджэнне навуковай рады. Спадзяюся, вы не галодны?
      - Не, - коратка адказаў Сташэўскi.
      Iх маўклiвую групу праводзiлi вачыма - усе ведалi, што прыбылi выратавальнiкi, - а Грэхаў, машынальна адказваючы на прывiтаннi, спрабаваў успомнiць, дзе яму ўжо сустракалася гэтае прозвiшча - Малчанаў.
      Яны падышлi да каманднай залы Станцыi - паўсферычнага памяшкання з шэрагамi пультаў i туманнымi сценамi выключаных вiдэомаў*. У зале лёгка перакотвалася гамонка двух дзесяткаў людзей. Грэхаў, азiрнуўшыся, заўважыў тут Джаваiра, кiраўнiка другога сектара, Юрэвiча - начальнiка аддзела бяспекi, i яшчэ некалькi асаў, якiх ён ведаў па ранейшай рабоце. Амаль усё Кiраўнiцтва...
      * Вiдэом - аб'ём каляровай вiдэаперадачы.
      - Зараз пачнём, - цiха сказаў Кротас, як быццам адчуўшы хваляванне Грэхава.
      - Што ж тут адбылося? - гэтак жа цiха спытаўся Грэхаў.
      - Атрад вучоных i камунiкатараў пайшоў на паверхню Тартара i не вярнуўся... - адказаў начальнiк сектара i не дагаварыў.
      У залу ўвайшоў высокi агнiста-рыжы мужчына з вялiзным носам. Грэхаў з цiкаўнасцю стаў яго разглядваць. Ён нi разу не бачыў намеснiка старшынi Камiтэта Камунiкацый у твар, толькi чуў пра яго, але памылiцца, вiдаць, было немагчыма. Лявада коратка павiтаўся з усiмi i прайшоў да пультаў.
      Грэхаў дакрануўся пальцамi да пляча Сташэўскага - нейкi iнстынктыўны рух, дальбог, i падрыхтаваўся слухаць.
      * * *
      Дэсантны шлюп - iглакол, на жаргоне асаў, - павольна аддзялiўся ад ажурнага цела Станцыi i срабрыстай кропляй стаў падаць у бездань. Сiнi дыск Тартара здаваўся адтулiнай у чорнай тоўшчы, а iглакол - паветраным шарыкам, што ўзнiмаўся да неба з-пад зямлi.
      Пакуль iх маленькi караблiк вялi па энергапромню да Станцыi, Сташэўскi быў спакойны: збоку iх нiхто не мог убачыць i запеленгаваць. Але ў атмасферы яны маглi спадзявацца толькi на вопыт i ўменне пiлота, i Сташэўскi мiжволi паглядваў на Дыега Вiрта, якi з нядбайнай грацыяй прафесiянала сядзеў ля пульта.
      У цеснай рубцы iглакола размясцiлiся разам чатыры чалавекi: сам Сташэўскi, Вiрт, Малчанаў, што апраўдваў сваё прозвiшча, i Грэхаў, якi з цiкавасцю назiраў за ходам спуску. Тое, што iх экспедыцыя - выратаваўчы рэйд, яго турбавала мала. Дакладней, турбавала, вядома, але за тры гады працы ў КАВС ён даўно прывык да заўсёднай рызыкi, чакання сутыкнення з невядомымi цi вядомымi сiламi прыроды, таму гэтая экспедыцыя была для яго звычайнай формай работы. Яго работы...
      Грэхаў цяпер ведаў, што з таго часу, як Тартар быў адкрыты, мiнула больш за год, але па-сапраўднаму вывучыць чужы свет за гэткi кароткi тэрмiн людзi не змаглi: не шмат чаго ўбачыш з тысячакiламетровых арбiт, аўтаматы ж, акрамя вымярэння асноўных фiзiчных параметраў планеты, нiчога больш не ўмелi. Да асэнсавання жыцця Тартара патрэбны былi працяглыя назiраннi, назiраннi прамыя i без пасрэднiкаў. Праўда, спробы гэтыя пакуль у большасцi заканчвалiся выратаваўчымi аперацыямi накшталт гэтай. Хiба што меншага маштабу.
      Шэсць сутак назад, калi Грэхаў яшчэ блукаў па Лесе Журбы на Чары, група вучоных i камунiкатараў у колькасцi сарака шасцi чалавек накiравалася на ТФ-зоркалёце да аднаго з Гарадоў, найбольш загадкавых аб'ектаў Тартара, для дэталёвых даследаванняў. I вось ужо шэсць сутак залар з раёна пасадкi чуецца рэзкi голас аўтамата: "Увага! Выкiдваю..." - маўчанне, доўгi скрыгат, трэск i зноў: "Увага! Выкiдваю..." - маўчанне, скрыгат - i так без канца. Шэсць сутак запар людзi на Станцыi спрабуюць з дапамогай зондаў i тэлеробатаў разгледзець, што здарылася з караблём, спрабуюць, але беспаспяхова, наладзiць з iм сувязь. Здалёку калона карабля здаецца непашкоджанай i стаiць трывала, але яго нерухомасць трывожная, не з'яўлялiся каля яго i перасоўныя лабараторыi, з дапамогай якiх мелiся правесцi даследаваннi. Карабель не адчыняў люкаў, ператварыўшыся ў падабенства тых скал, каля якiх ён так дзiўна фiнiшаваў. Адзiным рухам у гэтым месцы быў рух "павуцiн", якiя чародамi кружылi вакол зямнога карабля. Дарма ўглядалiся ў мутны акiян атмасферы тэлезонды i чуйныя прыборы: у раёне пасадкi панавала дзiўная цiшыня.
      А ў iншых раёнах адзiнага мацерыка Тартара ўсё было iнакш: праносiлiся над раўнiнамi i адгор'ямi "цiкаўнiкi" - так чамусьцi ахрысцiлi даследнiкi лятаючыя скалы; нетаропка плылi па сваiх загадкавых справах "павуцiны"; у гарах з'яўлялася i доўга не знiкала барвовае свячэнне; рэзка i незразумела мяняўся рэльеф знаёмай мясцовасцi... Так, з вышынi ўсё гэта вельмi нагадвала актыўную цывiлiзаваную дзейнасць, пабудаваную па сваiх, невядомых людзям, законах...
      - Крыўдна, што мы натыкаемся на раўнадушнасць... - не заўважыўшы, як загаварыў услых, вымавiў Грэхаў. Спахапiўшыся, змоўк.
      - Што? - спытаўся Сташэўскi, паглядзеўшы на яго.
      - Нiчога, - прамармытаў Грэхаў, адчуўшы на сабе дапытлiвы позiрк Малчанава.
      - Увага! - прамовiў з аператыўнага вiдэома iнжынер сувязi Станцыi. Дальнасць на мяжы. Далей пойдзе сваiм ходам.
      - Гатовы, - коратка кiнуў Дыега Вiрт, трымаючы руку над рэгулятарам кiравання. Шлем бiякiравання ён ужо надзеў.
      - Жадаю поспеху, - суха сказаў з суседняга вiдэома Кротас. - Пакуль яшчэ не позна, задавайце пытаннi.
      - Позна, - без усмешкi адказаў Сташэўскi.
      - Старт! - энергiчна вымавiў iнжынер сувязi. - Выключаем поле.
      Сташэўскi кiўнуў, i Дыега ўцiснуў педаль уключэння ўласнага ахоўнага поля.
      Цяжар хлынуў у целы людзей, не цяжар паскарэння, а нейкi дзiўны цяжар, што запавольваў рухi i думкi. Дыск планеты прысунуўся, хiлячыся, набрыняў фiялетавым паўзмрокам i засланiў панарамны вiдэом з трох бакоў. Мiльганулi i знiклi светлыя плямы, чаргуючыся з чорнымi праваламi, iмклiвыя бруi пранеслiся побач, потым iглакол працяў нешта шэра-блакiтнае, i людзi як быццам аслеплi.
      Дыега сказаў кароткае энергiчнае слоўца, раскiрэчыўся над пультам, i вiдэомы сталi вiдушчыя. Цвёрдае i заплямленае белым, ляцела на людзей фiялетавае поле, закружылася каруселлю, мiльгануў i прапаў нейкi знаёмы сiлуэт, i звонкiм ударам абарваўся раптам рух. Запанавалi цiшыня i нерухомасць.
      - Д'ябал! - сказаў Сташэўскi амаль з захапленнем. - Я думаў, канец!
      - I сапраўды... - буркнуў Малчанаў, расцiраючы скронi.
      - Майстра, - сказаў Грэхаў, паляпаўшы Вiрту па плячы, - не прамазалi?
      - Думаю, максiмум на паўтара-два кiламетры, - сказаў спакойна Дыега, здымаючы шлем. У мэтах бяспекi, вядома, яны зрабiлi пасадку за сто сорак кiламетраў ад месца пасадкi зоркалёта, што змоўк, па другi бок Кiнжальнага хрыбта.
      - Зiрнiце!
      Грэхаў прасачыў кiрунак позiрку Вiрта i проста пад лiловым яйкам цьмянага святла заўважыў гiганцкую белаватую "павуцiну", якая нерухома лунала ў паветры. Яна была велiзарная, далёкi край яе губляўся ў жоўтай смузе неба, i вiсела зусiм спакойна, як бязважкая. Узор яе з сапраўднай павуцiнай меў надзвычай аддаленае падабенства, але, падумаўшы, Грэхаў вырашыў, што той, хто назваў гэты прадмет "павуцiнай", быў недалёкi ад iсцiны. Але якiя ж тады павукi?
      - Вартаўнiк, - з незразумеяым выразам твару сказаў Малчанаў.
      2
      Было ўжо добра за поўнач, калi далягляд наперадзе раптам асвяцiўся серыяй страшэнна зiхоткiх сiне-зялёных успышак.
      - Стоп! - iмгненна адрэагаваў Сташэўскi. Рукi аўтаматычна ўтапiлi штурвал у выемку пульта, i танк рэзка спынiўся, уздыхнуўшы гасiцелем iнерцыi, як стомлены бранiраваны яшчар. Яшчэ адна серыя акрэслiла далягляд, высвецiўшы пранiзлiвай сiнечай найдробныя дэталi ландшафту i твары людзей. Успышкi мiльганулi абсалютна бязгучна, i пасля iх настала поўная цемра, якая паглыбiла змрок перад свiтаннем.
Конец бесплатного ознакомительного фрагмента.