Агасфэр (Вечны Жыд) (на белорусском языке)
ModernLib.Net / Гайм Стефан / Агасфэр (Вечны Жыд) (на белорусском языке) - Чтение
(стр. 8)
Автор:
|
Гайм Стефан |
Жанр:
|
|
-
Читать книгу полностью
(457 Кб)
- Скачать в формате fb2
(195 Кб)
- Скачать в формате doc
(199 Кб)
- Скачать в формате txt
(194 Кб)
- Скачать в формате html
(196 Кб)
- Страницы:
1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16
|
|
Разглядаць Агасфера, якi нiбыта ў розны час i ў розных мясцiнах зноў i зноў усплывае як канкрэтны прыклад вандравання душ, пры чым канкрэтная праклятая душа заўсёды ўвасабляецца ва ўсё новай, праўда, заўсёды падобнай постацi, блiзкая мне, i мною, як Вы можаце прачытаць, у раздзеле "Пра Вечнага (альбо Вандроўнага) Жыда" ў маёй працы "Самыя вядомыя iудэа-хрысцiянскiя мiфы ў святле прыродазнаўчага i гiстарычнага пазнання", таксама адзначана; пры далейшым разважаннi пра нашу двухбаковую карэспандэнцыю па гэтай тэме гэты момант здаецца мне дадаткова важкiм, так што цяпер я лiчу неабходным ўдацца ў яго больш дэталёва, асаблiва таму, што я падазраю, што i Вам такiя iдэi ў кантэксце з праблемай Агасфера павiнны былi прыходзiць на думку. Загадзя прымаю, i Вы мне, спадзяюся, ласкава дазволiце, Вашую згоду з маiм тэзiсам, што паняцце "вандраванне душ" патрабуе, прынамсi, наяўнасцi душы. Але цi ёсць яна наогул, чалавечая душа, i, лагiчна следуючы гэтаму пытанню, цi ёсць яно, жыццё чалавека пасля смерцi? Але калi ласка, скажуць, у нас ёсць цэлая навука пра душу - псiхалогiя, i пра хваробы душы - псiхiятрыя, з адпаведнымi спецыялiстамi, менавiта ж псiхолагамi, псiхiятрамi, псiхааналiтыкамi, псiхатэрапеўтамi, з адпаведнымi кафедрамi, клiнiчнымi ўстановамi, часопiсамi, медыкаментамi i т. д. i да т. п.; значыцца павiнна быць псiхiка, якою ўсё гэта займаецца. Шырока, добра, правiльна. Але гэты вiд душы можа разглядацца толькi ў аспекце адзiнства цела i духу; сепаратнай жа душы, якая магла б весцi ўласнае жыццё да, у час альбо пасля псiхiчнага iснавання адпаведных людзей, як выявiлi сукупныя прыродазнаўчыя даследаваннi ў гэтым кiрунку, няма; звыш таго, тое, што мы азначаем як душа альбо псiхея, ёсць проста функцыя чалавечай нервовай сiстэмы, уключна з мозгам, выклiканая аб'ектыўнымi працэсамi ў прыродзе i ў грамадстве, якiя, са свайго боку, праз органы адчуванняў чалавека ўздзейнiчаюць на яго нервовы апарат i запускаюць яго ў рух. Адны з гэтых пераменных уздзеянняў, якiя адлюстроўваюцца ў свядомасцi альбо ў несвядомасцi, у мысленнi, адчуваннi i снах чалавека, ужо даследаваны i растлумачаны, другiя - не; але гэта толькi пытанне часу, сваiм часам мы атрымаем поўную яснасць. Аднак абсалютна пэўна, што псiхiка чалавека, iнакш яго душа, перастае iснаваць у той момант, калi знаходзiць свой канец псiхiчная функцыя мозгу, з чаго, дарэчы, урачы i адлiчваюць момант клiнiчнай смерцi, г.зн. з моманту згасання апошнiх электрычных iмпульсаў у мозгу. Усё гэта банальныя iсцiны, i я ведаю, што з iмi, паважаны гер прафесар, я рвуся да Вас у адчыненыя дзверы. Я i паўтараю iх толькi ў магчымай мне сцiсласцi i даступнай сутнасцi выключна дзеля ўразумення феномена Агасфера, якога Вы ўсё яшчэ маеце за рэальнасць, на што ў нас усё яшчэ адсутнiчае якое б там нi было дастатковае навукова прымальнае тлумачэнне. Вандраваннем душы ў кожным разе гэта быць не можа, бо ўвогуле няма нiякай аўтаномна лунаючай у прасторы душы, якая магла б на працягу стагоддзяў трансмiгрыраваць з аднаго Агасфера ў другога. Тут я хацеў бы ў Вас ласкава папрасiць адмысловай увагi; гэта - кардынальнае пытанне, што Вы на гэта скажаце? Натуральна, i я ахвотна прызнаю Вашу рацыю, можна лiчыць недахопам, што чалавечая душа, якая была б у стане вызвалiцца ад сваёй цялеснай абалонкi, не iснуе. Што няма такога тонкага iнструмента, здольнага радасць i боль, любоў i нянавiсць i да таго падобныя эмоцыi больш чым адчуваць, мяняючы iх у долi секунды, гэта сапраўды шкада; але навукоўцы, якiя абавязаны служыць аб'ектыўнасцi, павiнны мiрыцца з гэтым фактам, як i з усведамленнем таго, што ўсе мы з'яўляемся толькi грудачкай, праўда, высокаарганiзаванай, матэрыi, якая ўтварылася ў працэсе маруднага, але цалкам натуральнага працэсу. Пры гэтым разглядзе не трэба таксама забываць, што насамрэч неiснуючая бессмяротная душа з даўняга часу была выпрабаваным сродкам суцяшаць людзей за пот i кроў, якiя на гэтым свеце пралiвалi з разлiкам на лепшы лёс на тым свеце. Так, напрыклад, пакепвае колiшнi таксама яўрэйскi паэт Гайнрых Гайнэ "Баю-баюшкi-баю з неба, так закалыхваюць, як дзiця, калi яно тхiмкае, народ, вялiкi зброд", i Карл Маркс пiша ў сваёй крытыцы гегелеўскай фiласофii права: "Рэлiгiйная галеча ёсць, з аднаго боку, выяўленне сапраўднай галечы i, з другога, пратэст супроць сапраўднай галечы. Рэлiгiя - гэта стогн прыгнечанай iстоты, гэта душа бессардэчнага свету як яна ёсць i дух бездухоўных абставiнаў. Яна - опiум для народу." Гэта ёсць асноўныя прынцыпы i шматразова пацверджаныя асновы, з якiх мы зыходзiм у нашым iнстытуце, i таму нам феномен Агасфера, якi Вы апiсалi, проста здаецца фактарам, кампаненты якога выяўлены яшчэ недастаткова поўна, на якi мы з Вашым ласкавым садзеяннем, шаноўны гер калега, спадзяёмся пралiць святло. З сяброўскiм прывiтаннем Ваш адданы (праф. д-р Dr. h. c.) Зiгфрыд Байфус Iнстытут навуковага атэiзму Берлiн, сталiца ГДР Геру праф. д-ру Dr. h. c. Зiгфрыду Байфусу Iнстытут навуковага атэiзму Бэрэнштрасэ 39а 108 Берлiн German Democratic Republic 2 красавiка 1980 Дарагi гер калега! Ваша пiсьмо ад 17 сакавiка знайшло мяне ў тую самую гадзiну як i дадатак да яго ад 24-га, з якога толькi можна заключыць, што шляхi, якiмi сёння праходзiць пошта ў зносiнах памiж усходам i захадам, у вышэйшай ступенi дзiвосныя. Але паколькi прадмет нашага лiставання такога роду, што нават самы прыдзiрлiвы цэнзар не можа высачыць у iм нiчога заганнага ў адносiнах да Вас альбо мяне, нам застаецца пераносiць затрымкi спакойна i радавацца, што нашая карэспандэнцыя наогул даходзiць да адрасата. Але цяпер, праўда, я бачу некаторы сэнс у тым, каб ухапiць Вашыя аргументы ў некаторых дэталях i там, дзе яны мне падаюцца сумнiўнымi, прадпрыняць спробу паслабiць iх. Па-першае, многае, што Вы маеце сказаць, я i сам выказваў ад шчырага сэрца, па-другое, я хацеў бы пазбегнуць таго, каб пра рэчы, якiя цiкавяць мяне толькi ўскосна i пабочна, мы ўблыталiся ў бясконцыя дыскусii. Тое, цi былi "Настаўнiк справядлiвасцi" i "Князь абшчыны" паводле рукапiсу 9QRes у Dead Sea Scrolls махлярамi i параноiкамi, у маiх вачах з'яўляецца неiстотным пытаннем; для мяне важнае толькi тое, што Агасфер дакументальна зафiксаваны ў 9QRes. I Вашыя думкi пра сутнасць чалавечай псiхiкi, наколькi яны маглi б быць каштоўнымi для мяне, нiчога не даводзяць пра экзiстэнцыю-неэкзiстэнцыю Вечнага Жыда; нi я, нi хто-iншы нiколi не сцвярджаў, што Агасфер быў ходкiм доказам вандравання душ альбо чагосьцi падобнага. Але з Вашых пiсьмаў я даведваюся, дарагi гер калега, нешта зусiм iншае, што, уласна кажучы, павiнна было Вас крыху занепакоiць: менавiта, пачатак фiксацыi ўвагi на феномене Агасфера, што, паводле маштабаў Вашага ratio Вы жадалi б растлумачыць, хоць гэта вiдавочна нельга ўцiснуць у пракрустава ложа каштоўнасцяў Вашага вопыту. Дасведчанне, якое Вы спрабуеце ўжыць, дазвольце мне гэту невялiкую крытыку, у грунце рэчаў ненавуковае; яно нагадвае тых ватыканскiх навукоўцаў, якiя не хацелi прызнаваць спадарожнiкаў Юпiтэра толькi таму, што яны не ўпiсвалiся ў арыстотэлеўсую схему светабудовы. Мы не абыходзiм факта, што Агасфер iснуе; Як i Чаму яго iснавання i што з гэтага магло б вынiкнуць, можа стацца прадметам даследавання, але спачатку павiнна быць прызнана, што ён ёсць, у падмацаванне чаго я ўжо даў Вам некаторыя доказы i дашлю яшчэ дадатковыя. У сувязi з гэтым я ўжо i раней меў нагоду ўказаць на з'яўленне Вечнага Жыда ў апошнiя днi Варшаўскага гета; калi раней я спасылаўся Вам толькi на ўсякага роду дакументы, як 9QRes альбо на паведамленне пра працэс супроць радцаў iмператара Юлiяна Апастаты, альбо на паказаннi сведкаў, дык у гэтым выпадку я сам сведка i, як спадзяюся, Вам не сумнiўны. Я быў у Варшаўскiм гета i перажыў разам з усiмi 350000 сагнанымi туды людзьмi ўсе пакуты i знiшчэнне. Нiякi д'ябал, у гэтым Вы можаце мне паверыць, гер калега, не мог бы выдумаць тых метадаў, якiя служылi дасягненню мэты: гэта была чалавечая справа, справа рук, даруйце мне, што я нагадваю, Вашых суайчыннiкаў. Я часта пытаўся ў сябе i тады i пазней, чаму нi раней, нi на самым пачатку перыяду гета альбо адразу пасля не дайшло да акцый супрацiўлення, i прычыны гэтага я бачу ў рэлiгiйнасцi яўрэяў, iм было немагчыма ўявiць сабе, што iстоты, якiя па цялеснай структуры i манеры рухацца падобныя да iх, маглi паставiць сабе мэтай iхняе татальнае знiшчэнне голадам i, калi гэта дасягалася ў камбiнацыi з тыфусам i халерай недастаткова хутка, забiваннем альбо дэпартацыяй у газавыя камеры. I гэтаксама немагчыма было iм нават падумаць, каб Бог, iхнi Бог, мог гэта дапусцiць. Нашчадкi таго народу, якi даў Бога i яго Сына-збаўцу i вынiклую з гэтага этыку, амаль да самага канца спадзявалiся на збавенне. Амаль. Бо ў канцы была роспач. У канцы былi пытаннi. У чым быў iхнi грэх, за якi Бог караў аж так сурова? Яны ж былi прывязаныя да яго, нават калi ён iх адкiдаў ад сябе; яны выконвалi ягоныя запаветы, нават калi ён iх мучыў; яны яго любiлi, нават калi ён выстаўляў iх на пасмешышча i глум. I дзе калi ў свеце быў такi грэх, якi заслужыў бы такое кары? I калi будзе дастаткова той кары? I колькi яшчэ Богу хопiць цярплiвасцi на iх катаў? Цi ж не мелi яны, мучаныя i прынiжаныя, пагарджаныя i катаваныя, аслаблыя i прысмертныя, права ведаць, нарэшце, дзе ж тыя межы яго цярплiвасцi? Пры такiх абставiнах прысутнасць Агасфера ў гета падалася мне больш чым паэтычнай неабходнасцю. I сапраўды ад яго зыходзiла дзiўнае ўздзеянне: дзе ён паказваўся, там нават пры сконе людзi чэрпалi новую сiлу i мужнасць; было так, быццам праз яго яны даведвалiся, што ад iх павiнна было нешта застацца на iснаванне далей, нешта эсэнцыяльнае, iстотнае, i што iх пакуты i iх смерць мелi нейкае значэнне, пра якое яны маглi толькi здагадвацца i ўведаюць яго поўнiцай толькi пазнейшыя пакаленнi. Таго дня iшлi мы, Агасфер i я, па вулiцах, нямногiх, з якiх яшчэ складалася гета, бо памеры гета ўвесь час звужалiся, i пазасталыя жывымi мусiлi ўсё больш уцiскацца на ўсё меншай прасторы. Гэта дзiўнае пачуццё, якое заскоквае чалавека, калi ён бачыць каля сваiх ног дзяцей, якiя памiраюць з голаду, шкiлетападобныя лялькi, у лахманах, i ведае, што нiхто ўжо iх не пахавае. Абодва мы адчувалi, што ўсё, што мы бачым, i шмат чаго iншага павiнна на ўсе часы адбiцца ў памяцi; Вас, паважаны гер калега, я пашкадую ад апiсання; Вы можаце, калi ў Вас ёсць цiкавасць, даследаваць гэта ў архiвах, якiя Вам напэўна ж даступныя, бо немцы з даўняга часу вельмi ахвотна фатаграфуюцца, а гета давала iх камерам матываў у вялiкiм мностве. - Так, - сказаў ён, - мы пачынаем. Я ведаў пра марнасць гэтага пачынання; але Агасфер быў амаль у радасным настроi, бо ў адрозненне ад мяне ён верыць у зменлiвасць свету. - Ты яшчэ маеш ножык? - спытаўся ён у мяне. Гэта стары ножык з тронкай з разьбёных каралаў у форме разьбёнай выявы голай жанчыны. Я дастаў з кiшэнi i падаў яму. - Падары мне, - сказаў ён, - фiгурка гэтая так мне нагадвае... Я аддаў яму ножык, i ён павёў мяне да дома, з якога павiнен быў адбыцца напад на СС. Напад, як што адбыўся так знянацку, мусiў удацца; упершыню тыя, каго пераследавалi, перажылi ўцёкi пераследвальнiкаў. Наогул, усё як бы памянялася месцамi; яўрэi, якiя змагалiся тут, былi больш не яўрэi, якiх прывычна было бачыць жывымi, нават у смерцi яны здавалiся iншымi, не вечнымi пакутнiкамi, вечна бiтымi, правобразам якiх ёсць той рэбэ Ёшуа, якога прыбiлi да крыжа. Тут мы трымалiся некалькi тыдняў супраць зондэркаманды гера Дырлевангера i ягоных дапаможных груп. Пасля дом, якi служыў нам умацаваннем, быў на тры чвэрцi разбураны, яго абаронцы да вельмi нямногiх, якiя залеглi паверхам вышэй, загiнулi. У нас ужо не было баепрыпасаў, толькi некалькi бутэлек бензiну. У самы той час, калi дом вакол нас рассыпаўся ў руiны, а таварышы адзiн за адным падалi ад куляў i асколкаў гранатаў, Агасфер быў вельмi маўклiвы; ён гаварыў з Богам. У яго заўсёды былi вельмi своеасаблiвыя стасункi з Богам, адначасова мяцежнiк i ўлюбенец; цяпер ён хацеў праяснiць iх, але Бог не адказваў. Замест Бога прыйшлi СС. Агасфер сказаў мне: - Iдзi. Праз каналiзацыю. Я прыкрыю цябе. Пасля ён узяў тры бутэлькi бензiну, якiя ў нас яшчэ былi, i па кучы бiтай цэглы i смецця папоўз да акна насустрач нападаючым. Дзве бутэлькi ён падпалiў i шпурнуў у эсэсаўцаў. З апошняй ён аблiў сябе самога i кiнуўся, жывым факелам, на рыклiвую швору. У Ерусалiме я спаткаў яго зноў, каля ягонай шавецкай лаўкi на Дарозе Смутку, яе ён прызнаў сваёй маёмасцю i нанава цалкам перабудаваў пасля таго, як тая частка горада ў вынiку шасцiдзённай вайны стала даступнай яўрэям. Пры iм быў i ножык; ён паказаў мне яго i спытаўся нават, цi не хачу я вярнуць яго сабе назад. Я сказаў, што не, хай застаецца ў яго, я ведаю адну майстэрню, там мне зробяць дакладна такi самы, нават з усiмi прыкметамi антыкварнасцi. Як заўсёды з найлепшымi прывiтаннямi Ваш Ёханаан Лёйхтэнтрагер Hebrew University Jerusalem РАЗЬДЗЕЛ ШАСНАЦЦАТЫ У якiм магiстр Паўль разьвiвае праведны план навароту зацятых жыдоў i дадаткова паказваецца, якую вялiкую долю ў каханьнi мае фантазiя Доктар Марцiнус Лютэр сказаў аднойчы: добра, што Бог увёў шлюб, iнакш бацькi ня мелi б клопату за дзяцей, хатняя гаспадарка запусьцелася б, развалiлася; тое самае й з палiцыяй i сьвецкiмi ўладамi, падобна занядбалася б i рэлiгiя; такiм чынам усё пайшло б на глум, i ў сьвеце настала б пустэча й дзiкасьць. Гэтае выказваньне зноў i зноў прыходзiць у галаву магiстру фон Айцэну, калi ён глядзiць на дзеву Барбару Штэдэр, якая так верна чакала яго, гэтаксама й iншыя выслоўi таго ж самага зьместу й сэнсу; i гэтак жа яму мог спатрэбiцца й пасаг, якi тата Штэдэр, карабельны маклер i падрадчык, адпiсвае за дачкою, бо яго доля спадчыны свайго роднага бацькi пакуль што закладзена ў гешэфт i мала чаго дае, а ў спадзяванай парафii адмаўляе гер галоўны пастар Эпiнус, усё яшчэ напалоханы жыдам каля сьмяротнага ложка; канечне, пры выпадку ён можа заскочыць у сьв. Якава альбо Марыю Магдалену ў якасьцi падсобнага прапаведнiка, але гэта не напаўняе нi кашалька, нi сэрца, якое iмкнецца да вышэйшага. - Ах, Ганс, - кажа ён свайму прыяцелю Лёйхтэнтрагеру, калi яны ўвечары заселi ў "Залатым якары", - дзева Барбара будзе то бялець, то чырванець, убачыўшы мяне, i хацела б за мяне й толькi чакае, калi я закiну слова мацi й бацьку, яно й грошай не бракавацьме, я пэўны, стары тысячы каштуе ў золаце, амаль без даўгоў i мае долю ў многiх караблях у гандлi з Расеяй; але чым больш думаю, што ўсё сваё жыцьцё я мушу ляжаць каля яе, мацаць яе й шпокаць, тым больш мне здаецца, што не патраплю ўздатнiцца на тое, што павiнен рабiць мужчына з даверанай яму жонкай, бо ўсе мае помыслы зусiм з другою, але яна з тым зачуханым жыдком i для мяне прапала. - Ведаю, ведаю, - кажа прыяцель, бавячыся сваiм ножыкам, ставячы яго кончыкам ляза на стол i падушачкай указальнага пальца лёгка нацiскаючы на канец тронкi, прымушаючы каралавую бабку павольна паварочвацца вакол сябе, пакуль магiстру ў галаве не закруцiла. - Але адкуль ты ведаеш, што дзева Барбара ня дасьць рады твайму клопату, не разьвее яго? Бог стварыў жанчын, будзь яны высокiя цi нiзкiя, тоўстыя цi кашчавыя, гладкiя цi вiсласкурыя, усiх з аднолькавай дзiркай i для аднолькавых мэт. - Ах, Ганс, - кажа Айцэн i зноў зьдзiўляецца, што Лёйхтэнтрагер ўсё яшчэ ўпраўляецца ў Гамбургу хто яго ведае зь якiмi гешэфтамi, - я ж зьняў пробу, па ўсёй сумленнасьцi, зразумела, але дзева была сухая i пляскатая, як дошка, i халодная, як крыга, i ўсё толькi стагнала, быццам ад страху, i шчамiла заднiцу, быццам баялася, каб я не запусьцiў туды тузiн мышэй; i тое нямногае, што я меў на яе, зусiм прайшло, i такi ў яе быў востры нос, i такiя былi сухiя губы, а ў самой, дзе ў iншае цыцкi - як грыфельная таблiца. I я мусiў сказаць бацькам, што хацеў бы крыху счакаць, занадта ж нядоўга прайшло, як памёр бацька, i сэрца маё пры ўсiм каханьнi да дзевы, яшчэ поўнае скрухi й жалю. Лёйхтэнтаргер задумлiва пачэсвае гарбок. - Нiчога, прыйдзе час, i пойдзеш пад чапец, Паўль, - кажа, - бо ва ўсiм павiнен быць свой лад i парадак, а сьвятар бяз бабы гэта як пастух бяз кiя, самага галоўнага бракуе; а як што ты паклiканы на вялiкае, сьпярша ў тваiм родным горадзе, а пасьля вышэй i далей, дык мы павiнны будзем памазгаваць, як табе й тваёй дзеве ў гэтых штуках нейкай рады даць. Такiя прадказаньнi з вуснаў прыяцеля радуюць дух i асьвяжаюць душу, асаблiва ж таму, што Айцэн прыгадвае, як тады ў Вiтэнбэргу Лёйхтэнтрагер напрарочыў, што яго будуць экзаменаваць па анёлах, i ўсё спраўдзiлася. Тут ужо толькi згаджайся, калi сябар прапануе: сустрэцца ў нядзелю папалуднi, калi надвор'е паспрыяе, на сумесным шпацыры ўздоўж Райхенштрас i Альстэра, дзе сябар Лёйхтэнтрагер учынiць дзеве агледзiны й, можа, нават зробiць на яе ўплыў на карысьць сябру Айцэну, натуральна, i бяз жоднай iншай мэты; магчыма, кажа Лёйхтэнтрагер, ён прыхопiць каго-небудзь яшчэ з сабою, скажам, даму, якая сваёй iстотай i вопытам уздольнiцца даць дзеве сякiя-такiя парады й расклеiць ёй рот. Айцэну адразу горача робiцца, але ён не адважваецца спадзявацца, на што вельмi хоча спадзявацца, i таму выганяе панадны той вобраз з сэрца i ўжо на другi дзень iдзе ў Штэдэраў дом перадаць дзеве запрашэньне, што апошнюю дужа хвалюе, i ў найярчэйшых фарбах апiсаць ёй свайго прыяцеля, якi ён разумны й знаходлiвы, якi заможны й нават не сказаць каб несымпатычны зь яго востра паднятымi брывамi й бародкай-эспаньёлкай; нават горбiка ён мудра не маскiруе гэтаксама як i кульгавую нагу, але падкрэсьлiвае, што менавiта гэта ўсё дадае геру Лёйхтэнтрагеру своеасаблiвага шарму, з прычыны чаго нярэдка дамы потайкам кладуць на яго вока, як, напрыклад, дзьве цi тое тры паненкi Мiхаэлiса ў Магдэбургу, Лiзбэт i Юта, дочкi гера саборнага прапаведнiка, i разам з тым думае, колькi вэрхалу было б у таго ў мазгах, калi б i дзева Барбара не засталася беспачуцьцёвая да ягонага сябра. У нядзельку ў Гамбургу было пагодлiва як мала калi, глыбока блакiтнае неба выгiнаецца над мешанiнай дахаў i шпiцамi кiрхаў, а як што перадпалуднем выдаўся моцны дождж, дык усё сьмецьце й бруд з вулiц сплыло ў Эльбу, вада ў Альстэры абнавiлася i амаль што ўжо больш не сьмярдзiць. Дзева Барбара строiцца ў свой самы лепшы прыкiд, цёмназялёнае, праз якое яе твар набывае цiкавую бледнасьць, футраная палярына, якая хавае пляскатасьцi сьпераду й ззаду; да таго ж карункавы каптурык i залатая акраса з матчынай шкатулкi. I Айцэнава сутана, хоць адпаведна духоўнаму сану цёмная, з тонкага сукна й адмысловага крою, i магiстарскi капялюш на галаве прыцягваюць да сябе поўныя рышпекту позiркi народу, аж Штэдэрыха была пляснула рукамi i ўголас заявiла, ба! - якая здатная пара, гер Паўль i яе Барбара, нават калi магiстр пакуль што й ня мае месца й пасады ў вялiкай кiрсе, усё гэта знойдзецца, усё гэта яшчэ не забавiцца, ужо ж такi муж яе, карабельны маклер i падрадчык закiне каму трэба слоўца-другое ў гарадзкой радзе. I вось яны шпацыруюць, разьмераным крокам, ня ведаючы добра, што каму трэба гаварыць, дзева, таму што страх абняў сэрца, i Айцэн, таму што нутрынаю чуе, як зноў апанавалi яго варожыя сiлы. I падыходзячы да моста, якi вядзе да Сьвятога Духа, бачыць нарэшце Лёйхтэнтрагера, але гэты не адзiн, i гер магiстр слупянее, нiбы маланкай сьперазаны. А Лёйхтэнтрагер, на якiм чырвоная шапачка з пяром, срэбраная шпага, да таго ж чырвоныя панчохi й кароткая чырвоная накiдка, схiляецца перад дзевай, бярэ яе руку й цалуе на гiшпанскi манер i адразу кажа, як ён рады цяпер вось сустрэцца зь дзевай пасьля ўсяго нагаворанага герам магiстрам, i ўсё толькi найлепшага, пахвальнага яе прыгажосьцi i ўсiм дарам i даброцям, шчодра адмераным ёй прыродай i Госпадам Богам. Дзеве Барбары як бы прыемная казытка прабягае па сьпiне ўгору i ўнiз, аж выскоквае сэрца з грудзей: такога яна яшчэ не сустракала, каб ужо за першым словам кроў забушавала. А яе Паўль усё стаiць яшчэ як пень; яму адняло мову, калi ўбачыў Маргрыт альбо прынцэсу Трапезундзкую, выштукаваную, выстраеную, як усё роўна табе герцагiня якая, на руцэ залатая торбачка й шаўковая хусьцiнка ў руцэ, а поплеч зь ёю жыд, ледзь пазнаць яго, апрануты, як ёсьць, па самай тонкай ангельскай модзе, са шлiцаванымi рукавамi на наплечнiку, вострая рыжаватая бародка падстрыжана, расчасана. - Сэр Агасфэр, - кажа Лёйхтэнтрагер, прадстаўляючы гэткiм манерам дзеве свайго прыяцеля, - сэр Агасфэр i лэдзi Маргарэт. Сэр Агасфэр, думае Айцэн, i лэдзi Маргарэт; i бачачы, што лэдзi складзена зусiм ня так, як яго Барбара, i яе губкi - адна суцэльная смаката, i цёмны бляск яе вачэй з затоенай у iх пажадай, пра што ён i думаць ня важыцца; i яго забiрае шал, бо што такое магiстр бязь месца й пасады супроць нейкага жыдка, якi раптам узьбiўся на вялiкiя барышы й зрабiўся ангельскiм сэрам, i ён думае, як яму пазбыцца ад гэтага апостала, чаго сваiм часам не ўдалося ў Гэльмштэце. Яго прыяцель Лёйхтэнтрагер, аднак, пасьля таго сэр Агасфэр i лэдзi Маргарэт з аднагло боку й фройляйн Штэдэр з другога прыстойна абкланялiся, апыталiся, абрэверансiлiся кнiксамi, праменадзiць апошнюю пад ўсялякага роду далiкатныя словы ўгору па Райхенштрас, трымаючы левую руку на тронцы срэбранай шпагi, правую пад локцiк нашай зусiм зьбязволенай дзевы; сэр i лэдзi йдуць сьледам; небарака Айцэн замыкае шэсьце параў. I ўжо ж ведае, што ён робiць, Лёйхтэнтрагер; бо пяшчотна лашчачы локцiк дзевы, толькi й гаворыць, што пра яе Паўля, яго цноты й пабожнасьць, i якiм сьвяцiлам царквы абяцае стацца гер магiстр, ужо ж напэўна бiскупам; i лёгенька, каб не падумала дзева, што яму заходзiцца толькi хвалiць яе ненахвальнага, пацiраецца горбiкам аб яе плечыка, аж ёй робiцца неяк ня так, крыху канфузьлiва, крыху бянтэжлiва; пасьля ён расказвае, мяняючы аб'ект, самымi вышуканымi, самымi даборнымi словамi пра сэра Агасфэра й яго лэдзi, i што сэр, мала што жыд, але ж сярод немцаў такiх пашукай, - магутны старафамiльны вяльможа, i што сабе й лэдзi здымае тут цэлы дом на час сваiх гамбургскiх гешэфтаў, багата абстаўлены самай дарагой мэбляй i самымi мяккiмi дыванамi, i што дзева Барбара й яе магiстр Паўль яго, Лёйхтэнтрагеравай, дружбай i клопатам туды запрошаны на сёньняшнi вечар перакусiць i асьвяжыцца й на ўсякiя вясёлыя бавы апасьля, вой што будзе апасьля, што будзе! Магiстр Паўль, яшчэ амаль бяздыханны пасьля сьпешнай хады, якою ён патрапляў за невялiчкай кампанiяй, ловiць апошнiя словы Лёйхтэнтрагера й бачыць, як энтузiясьцiцца яго Барбара на прапанову; ён па ўсёй форме дзякуе сэру й лэдзi за iх куртуазнасьць i акцэптуе гэта запрашэньне, ад сябе i ад iмя сваёй дзевы; але ж i з затоеным клопатам думае, якiя ж д'ябальскiя бавы там будуць зь жыдком i яго сябрам Гансам, як цырымонiймайстрам, i да глыбiнi сэрца прыемна ўзрушаны, што Маргрыт, пасьля ўсяго, што стрэслася памiж iмi, яшчэ сёньня будзе зь iм, можа нават трохi зблiзiцца. I сама лэдзi ня дужа запазычваецца на дробныя знакi й намёкi, якiя толькi падмацоўваюць яго спадзяваньнi, шматзначны позiрк тут, лёгкi кiвок, паклончык там, адзiн раз нават незнарок губляе хусьцiнку ды ў такiм зручным месцы, што ён пасьпявае падхапiць яе раней, чым сэр варухнуўся; аж ён пачынае марыць, далоў тытулы й багацьцi, далоў строi й акрасы, застаецца ж яшчэ нештачкi з таго часу, калi яна вытрасала блох зь яго пасьцелi, i нават самы даўгавечны жыд не патрапiць патушыць пажар, якi бушуе пад яе кашлатай мохняўкай. Толькi жыд глядзiць удоўж i ўпоперак на ўсё, што тут напiнаецца, з поўнай абыякавасьцю, рыхтык так, быццам ён самы чыстакроўны, чыстапародны джэнтльмен, якi вось iдзе сабе, i да аднаго месца яму ўся гэтая мiтусьня паганай сьмердзi й зважае толькi тады, калi магiстр Паўль загаворвае зь iм пра Гэльмштэцкае дзiва й пра яго сьведчаньне за жывога Iсуса Хрыста. - Што з Вамi, гер магiстр? - кажа жыд, - Ужо цi не хацелi б Вы, каб я ў галечы й брудзе пранэндзiў сваё жыцьцё, як большасьць майго народу? Айцэн з гарачым абурэньнем адвяргае нават подумку такую; ён, кажа, мае сваю думку, што да жыдоў i iх карыснасьцi, нават сям-там, кажа, датачыў пра гэта ў казанях; калi б аднак, падкрэсьлена кажа далей, калi б аднак усе жыды былi такiя, як сэр Агасфэр, такiя велiкадушныя i датклiвыя духам у спагадзе сваёй, тады пытаньне стаяла б iнакш, i многiя-многiя з гояў прымiрылiся б з прысутнасьцю жыдоў у Германii, а нават давалi б iм сваю абарону на дарогах i ў гарадах, замест каб нападаць на iх i адбiраць у iх тое, што яны нахапалi сваiм лiхвярствам, замест таго каб адпякаць iм куханы й тузаць за бароды. I гэта, дадае ён, нягледзячы на тое, што сэр Агасфэр больш за тысячу пяцьсот гадоў таму назад прагнаў нашага Госпада Iсуса ад сваiх дзьвярэй; бо ясна ж вiдаць, што ён за доўгi бадзяжны свой час ачысьцiўся i сардэчна раскаяўся ў сваiм ганебным учынку й гатовы, як гэта зрабiў у Гэльмштэце, скласьцi сьведчаньне пра вялiкiя пакуты Iсуса Хрыста, якiя ён панёс за нашыя грахi. Сэр Агасфэр разумнымi вачыма глядзiць на магiстра, якi iдзе поруч з лэдзi i ўсё прымае блiзка да сэрца, i гэты, крыху няўпэўнены, цi не адгадаў жыд, куды хiлiць ён, Паўлюс фон Айцэн, сваiмi словамi, доўга й шумна высморкваецца, пасьля аднак рашае каваць жалеза, пакуль гарачае, i кажа: - У Вiтэнбэргу, калi яшчэ там я вывучаў тэалёгiю, мой настаўнiк Мэланхтон меў дыспут з добрым доктарам Марцiнусам у дачынках да вашай пярсоны; гер Пiлiп Мэланхтон лiчыў, што як што вы былi сьведка, як наш Гасподзь Iсус iшоў на Галгофу з крыжам на плячах, дык вы маглi б выказаць пэўныя сумненьнi й адносна таго, што а цi быў ён сапраўдны мэсiя, i тым самым памагчы навярнуць iншых жыдоў у адзiнашчасьцедайную веру; але Лютэр аспрэчыў гэта й сказаў, што жыды ад прыроды сваёй заганныя i перавучыць iх, навярнуць немагчыма. Яго прыяцель Лёйхтэнтрагер, палка падбiваючы клiнкi дзеве Барбары, разам з тым у такой меры мала заняты ёю, што мог бы й не пачуць слоў Айцэна, з ухмылкай пацьвярджае, што так яно й было, i што ён на свае жывыя вушы чуў, як абодва вучоныя мужы за ядою схапiлiся за чубы з-за гэтага, толькi пад канец магiстр Мэланхтон замоўк, бо доктар Лютэр такi халерычны й заўсёды трэба апасацца, каб за гарачай спрэчкай яго паляруш не дастаў. Цi тое акрылены падтрымкай Лёйхтэнтрагера, цi тое ад блiзкасьцi лэдзi, якая з прыемнасьцю даецца яму падказытваць сябе, Айцэнавы думкi адлятаюць зь iм; рэдка калi ён бачыў сьвет так выразна й так просталiнейна аргумэнтавана: менавiта, што ён, карыстаючыся iдэяй свайго настаўнiка Мэланхтона, мог бы так i так ушыць крымiнал Агасфэру, тым часам як сэр цi як яшчэ там сябе ён назаве, выступае перад вялiкай абшчынай жыдоў i iншых, сьведчачы за мэсiю, i тым самым усiх жыдоў разам робiць ворагамi й тым самым прычыняе вялiкую шкоду гешэфту, калi ж ён аднак адмаўляе гэта й выказваецца, што наш Гасподзь Iсус ня быў мэсiя, ня быў сапраўдны Сын Божы, якi за нашыя грахi узяў на сябе пакуты ўсяго сьвету, мудрай радай горада Гамбурга альбо герцагам Гаторпскiм, у залежнасьцi ад месца дыспутацыi, выкрываецца як махляр i фальшыўшчык праўды й з ганьбай праганяецца, калi ня будзе ўвогуле ўтоплены альбо спалены, пасьля чаго Маргрыт мела б толькi адзiн прытулак i аднаго абаронцу, менавiта магiстра Паўля. Праўда, на жаль пакуль што ў яго няма пасады й аўтарытэту, каб iнстытуяваць такi spectaculum, i гер галоўны пастар Эпiнус, у гэтым ён пэўны, у сваёй зацятасьцi супроць жыдоў i супроць яго самога таксама ня зробiць гэтага; але яшчэ ня вечар, думае ён, i чаго сёньня нямаш, можа заўтра трымаш, i таму ён сьвiдруе далей i кажа жыду: - Цi можна на вас разьлiчваць, сэр Агасфэр, што вы пасьведчыце, як вы ў Гэльмштэце перад прынцэсай Трапезундзкай i перад усiм народам зрабiлi, што бачылi нашага Госпада Iсуса ў плоцi й што ён быў тым, кiм быў? Тут лэдзi, мабыць таму што сёньня яна ня хоча нiчога чуць пра прынцэсу Трапезундзкую, закiпае гневам i кажа: - Што вам такое ў галаву завярнула, гер магiстр! Вы ж бачыце, сэр Агасфэр тут па справах гешэфту, а ня рэлiгii, зь якою кожны можа абыходзiцца, як сам хоча, будзь ён жыд цi хрысьцiянiн. Але гэта ўжо ўпоперак усяму, чаго ён навучыўся ў добрага доктара Марцiнуса й iншых вучоных гераў, i ён кажа: - Баранi Божа, лэдзi, каб кожнае верыла, як яму ў галаве заверне, каб хрысьцiла дзяцей альбо не, як яму зручней, каб прымала сьвятое прычасьце пад адным альбо двума вiдамi, як яму, бач, смачней; у большай меры рэлiгiя гэта справа начальстваў i агульнага парадку, iнакш тут будзе кiшэць рознымi баламутамi, чмутамi, чарадзеямi й лiхадзеямi, ератыкамi й бунтаўшчыкамi, што царкве й законам - амба; ёсьць толькi адна праўда, i яна зразумела выкладзена таксама й жанчынам у катэхiзiсе доктара Марцiнуса Лютэра, i таму было б вельмi пахвальна, калi б сэр устаў перад усiмi жыдамi й сказаў пра тое, як ён сам гутарыў з Госпадам Iсусам, якi быў наканаваны збаўца альбо мэсiя i што жыдам з гэтай прычыны няма чаго чакаць нейкага iншага мэсii i яны з добрым i чыстым сумленьнем могуць навярнуцца ў адзiнашчасьцедайную веру. Лэдзi Маргрыт бачыць, зь якiм запалам магiстр змагаецца за догмат веры, i думае, што ну нiяк ня можа справа навароту жыдоў аж так далягаць ягонаму сэрцу й што за гэтымi настойлiвымi словамi а цi не ляжыць якi-небудзь iншы iнтэрас, але ня ведае, якi, i ўжо хоча адказаць яму рэзка й востра; а жыд, каб улагодзiць яе, кладзе далонь на яе руку й кажа, што дзякуе геру Айцэну за ягоныя вялiкiя турботы пра душэўныя даброцi ягоных братоў па веры i што падумае: рабi быў адзiн такi, пра каго можна вой колькi ўсяго расказаць, як i пра чатырох евангелiстаў, якiя больш чым у адным толькi пункце ня сыходзiлiся ў думцы; але ж вось, ён запрашае гасьцей у дом, бо вось маеце - прыйшлi. Не сказаць, каб магiстр Айцэн альбо дзева Барбара выйшлi з голай галечы, не; палатно й шэрсьць, як i карабельныя пастаўкi кормяць гаспадара, i ў доме Штэдэраў як i ў Айцэна гер Голад нiколi за кухара ня быў, у кожнага свой пакой i свой ложак i свае дзьве кашулi; але дом сэра Агасфэра, хай толькi зьняты, гэта ж толькi падзiвiцца! раскошай перабiрае ўсё, што яна калi-колечы бачыла, i абодвум паўстае як палац, так пакняску абсталяваны й багата дэкараваны. Ногi топнуць у каляровых дыванах, падобных на расквечаныя лугi, мэбля самага тонкага й далiкатнага вырабу, сталы й крэслы й шафы й сподкi пад талеркi й кубкi; яны з палiраванага срэбра i ў пазалоце, а побач дзiвоснай разьбы фiгуркi з высакароднай драўнiны й слановай касьцi.
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16
|