Агасфэр (Вечны Жыд) (на белорусском языке)
ModernLib.Net / Гайм Стефан / Агасфэр (Вечны Жыд) (на белорусском языке) - Чтение
(стр. 2)
Автор:
|
Гайм Стефан |
Жанр:
|
|
-
Читать книгу полностью
(457 Кб)
- Скачать в формате fb2
(195 Кб)
- Скачать в формате doc
(199 Кб)
- Скачать в формате txt
(194 Кб)
- Скачать в формате html
(196 Кб)
- Страницы:
1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16
|
|
- А вы часам цi не каторы з тых анабаптыстаў i пярэхрыстаў, якiя ганаравалi ў Мюнстэры д'ябла i ўсялякiя страхоцьцi сеялi? Як там у вас з хрышчэньнем? - Як што ўжо вы аж такi цiкаўны будзеце, геру студыёзус, - кажа камарад, дык я мяркую, дзетак спакойна можна хрысьцiць, пакуль яны не падрасьлi; хай гэта й не карысна, але некалькi кропель вады ў кожным разе не зашкодзяць, дый закон будзе вытрыманы найлепшым чынам, i палютэранску добра, i пакаталiцку нязгорш. Айцэн акцэптуе гэта, хоць яно яму ўсё-такi не да смаку, каб у iм сядзеў яшчэ нехта другi ды вычвараў усялякiя штукi, якiя могуць зьвесьцi яго з тропу на розныя ўзбочыны разам зь яго неўмiручай душою. Лёйхтэнтрагер пераводзiць каня на роўны крок. - Я, - кажа ён, - сын акулiста Балтазара Лёйхтэнтрагера з Кiцынгена i ягонай сужэнкi Ганны-Марыi, якая хадзiла тоўстая мною на дзевятым месяцы, калi па выраку нашага добрага пана, маркграфа Казiмiра, майму бацьку як i шасьцiдзесяцi гараджанам i сялянам з навакольных вёсак выкалалi вочы. - Мабыць-такi ваш гер бацька трымаўся благое кампанii, - паддобрываецца юны Айцэн. - Якое там благое, ён быў сярод iх найгоршы, - кажа той. - Як паназьбiралася людзей аж чорна, ды многiя ўжо ў латах, зь дзiдамi i як не пабягуць да Кiцынгенскай ратушы - на ўпакорваньне, мяцеж iм, бачыш, усiм толькi ўпоперак, тады ўстае мой бацька, i рэзка так кажа, так, каб народу дагаджала, каб мёдам па губах; гэтак ловяць мышэй; але скора пакоцяццы галовы. - Час быў благi, - мудра заўважае Айцэн. - Слава богу, ён ужо мiнуўся, дзякуючы пiсаньням гера доктара Марцiнуса Лютэра i борздым захадам начальстваў. - I сам у сябе моўчкi пытаецца, колькi ж бо бацькавага мяцежнiцкага духу магло перайсьцi ў Лёйхтэнтрагера-малодшага, якi цяпер едзе побач. Але той цiхамiрна пакусвае лiсьцiнку, сарваную з дрэва. Пасьля выплёўвае й расказвае сваю гiсторыю далей. - Гэтак сама ж i матчын бацька быў асьлеплены па загадзе маркграфа, кажа, - з той прычыны, што ён выкарыстаў чэрап сьвятой Хадэлогi, заснавальнiцы нашага жаночага кляштара ў Кiцынгене, дастаўшы яго з магiлы, для гульнi ў кеглi, а як што бацька мой праз дзень пасьля выколваньня вачэй гаротна сканаў ад ранаў, мая мацi са мною ў жываце пабегла прэч, i сталася так, што я, як маленькi Iсусiк, нарадзiўся ў дарозе, у стайнi, але не атулены ласкай цялятак i асьлянятак i не адораны трыма каралямi; больш за тое, мацi мая была ў тым хляве адна, i я выпаў зь яе i таму з моманту нараджэньня быў ушкоджаны, зь якой гэтай самай прычыны я й кульгаю на адну нагу, а адно плячко ў мяне вышэй за другое, а й невялiкi гарбок выперся. - Дык вам i з бацькавага й з матчынага боку лiхая долечка прыпала, - ня стрымлiваецца юны Айцэн, а сам сабе думае, - няшмат людзкага можа выйсьцi з гэтага хлопца пры такой долi, а ўголас кажа: - Але ж, як там яно было ў вас далей? Той, як бы ўспалошваецца зь нейкiх сваiх успамiнаў, i ягоны ўздрыг перадаецца каню, ён пускаецца ў галоп, i юнаму Айцэну прыходзiцца доўга ўлягаць сьледам, пакуль ён нарэшце не дастаецца да працягу гiсторыi, да таго яе месца якраз, калi гаротнiца мацi, нядужая i зьнясiленая, прыносiць дзiця ў Саксонiю, у горад Вiтэнбэрг, там яна ў бозе спачыла, а доктар Антон Фрыз i яго добрая жонка Эльзбэта прымаюць малое, якое, усiмi кiнутае й забытае, яшчэ ня ўмела гаварыць, а толькi лепятала й на цэлае горла крычала, у свой сiрацiнец. - За што iм ад шчыраты сэрца дзякую, - дадае Лёйхтэнтрагер, - хоць за ўсё жыцьцё я iм так i не зрабiў нiчога людзкага; я ня быў iм дзiця радасьцi, я быў сам сабе наўме, хаваў у сабе ўсё, што думаў, i дзе iншыя казалi, што, во! так яно ёсьць i так яно было спрадвеку, i гэта добра, там я пытаўся, а чаму? i гэтым самым бянтэжыў усiх i за тое шмат калi даставаў па храпах. - Але ж бывае й так, - гарачыцца юны Айцэн, - калi добры хрысьцiянiн не павiнен пытацца, чаму. - Калi б чалавек ня пытаўся, чаму, - кажа прыяцель, - мы i сёньня сядзелi б у раi. Калi б ня собiла Еве дапытацца, чаму ёй забаронена пакаштаваць яблык. - Найперш, - адказвае Айцэн, - яна была дурная баба, а там - гэта ж зьмей нашаптаў ёй. Асланi нас божа ад такiх зьмеяў. - А я вось разумею таго зьмея, - кажа той. - Зьмей-такi бачыў, што бог спадобiў чалавека дзьвюма рукамi для працы й галавою для мысьленьня, а навошта яму ўсё гэта прычындальле ў раi? Урэшце, яно было б у яго адвiнчана, як усё, што ня мае ўжытку й скарыстаньня, i што ж бы тады, геру студыёзус, сталася з тым божым падабенствам? Юны Айцэн ня ўпэўнены, пакепвае зь яго прыяцель, а цi не, i ён рашае вярнуцца назад на цьвёрды грунт i таму паўтарае тое, чым настаўляў яго ў дарогу пастар Эпiнус у Гамбургу: што менавiта ж бо толькi вера шчасьцiць чалавека, а ня веда. На што, каб ужо зноў ня ўблытвацца ў дыспут, у якiм i па вушах дастаць можна, запрашае таго распавядацца далей. I той расказвае, як усё было пры сьмерцi яго прыёмнага бацькi, доктара Фрыза, як ён паклiкаў яго да сябе й сказаў: - Сыне мой, а я заўсёды меў цябе за сына, хоць у дом мой ты трапiў гаротнейшы за знайдыша, згаладалы, зьдзiчэлы як кара божая, i мая шчасная жонка й я кармiлi цябе з волi Хрыста, сыне мой, з гэтым я перадаю табе як спадчынную долю тваёй кроўнай мацi й твайго законнага бацькi тое, што твая мацi насiла пры сабе, калi была знойдзена мёртвая, гэта не якая там каштоўнасьць, больш дзеля сантыменту - item, хустачка, вылiнялая, зь дзьвюма цёмнымi плямамi крывi, я сам дасьледаваў iх прыроду, i гэта адбiтак крывавых вачнiц твайго бацькi; item, cрэбраная манэта, з выявай галавы рымскага кесара на ёй; i нарэшце, кавалак пэргаманту з габрэйскiмi пiсьмёнамi i з паметай на iм рукою твайго бацькi пра тое, што манэта, як i пэргамант атрыманы ад аднаго старога жыда, якi быў разам зь iм перадмяцежнымi днямi. Пасьля чаго прыёмны бацька даверлiва перадаў яму ўсё гэта й неўзабаве пасьля спачыў у мiры; а ён, Лёйхтэнтрагер, "начны вартаўнiк", паклаў усе гэтыя тры рэчы ў скураную торбачку й носiць яе з таго часу заўсёды пры сабе, як свайго роду талiсман-кудмень. I калi Айцэн чуе пра жыда, якi быў пры бацьку прыяцеля, яму адразу згадваюцца Вечны Жыд i начныя крокi ў суседнiм пустым пакоi, а таксама словы таго другога, калi ён сказаў, што шукае нейкага жыда й таму прыйшоў у Лейпцыг, i хоць яму крышачку несамавiта на душы, а ўсё ж пад'юджвае цiкаўнасьць, i ён кажа, што носiць на грудзях асьвечаны крыжык, якi яму дала яго дарагая мама й якi ён паказаў бы Лёйхтэнтрагеру, калi гэты наўзаем пакажа яму свой амулет. Той падае яму з каня i ляпае юнага Айцэна па плячы, аж гэты ўздрыгвае, i кажа яму, што, калi яму хопiць сiлы глядзець на д'ябальскую рэч, дык будзь ласка. I як што якраз насьпела даць коням выпасу, яны спыняюцца, пускаюць конi на мураўку, а самi садзяцца на два пянькi, прыяцель лезе запазуху па сваю торбачку й паказвае Айцэну спачатку манэту, добра захаваную, можна разгледзець кожную лаўровую лiсьцiнку на галаве ў кесара, а пасьля хустачку зь дзьвюма рудымi плямамi й нарэшце абрывак пэргаманту. Юнаму Айцэну можна й прачытаць, што напiсаў прыяцелеў Кiцынгенскi бацька на палях, але габрэйскiя пiсьмёны яму што абракадабра, ён толькi хоча ведаць, што яны азначаюць: чароўны заклён, цi праклён, а цi хто яго ведае што там яшчэ? О, ён ведае некалькi габрэйскiх слоў, кажа Лёйхтэнтрагер i дадае на карысьць i ласку юнага Айцэна: - Гэта нi чароўны заклён, нi праклён, гэта Сьвятое Пiсаньне, словы прарока Эзэкiеля, а гучаць яны так: "Так кажа Гасподзь Бог: вось Я - на пастыраў, i спаганю авечак Маiх з рук iхнiх i ня дам iм болей пасьвiць авечкi, i ня будуць болей пастыры пасьвiць самiх сябе, i вырву авечак Маiх з пашчанак iхнiх, i ня будуць яны ежаю iм" (Эз. 34:10). Айцэну не па сабе, з аднаго боку гэта прарок, якi цытуецца на пэргаманце, з другога гучыць для яго блюзьнерча, i ён пытаецца ў самога сябе, кiм маглi б быць тыя пастыры, якiя рабуюць у сваiх жа статках, i каго прарок меў на ўвазе; але потым суцяшаецца ў думках, што гэта ж усё было даўным-даўно, i пастыры сёньняшняга дня людзi прыстойныя, яны гоняць дамоў свае статкi гаспадарам дакладным лiкам, i ён успамiнае пра свой крыжык, якi хацеў паказаць. Але гэты адварочваецца ад крыжыка, быццам ведае яго дастаткова й нiчога да яго ня мае на ўме, зноў хавае свае скарбы ў торбачку, бярэ свайго каня i ўзмахвае ў сядло. I згары кажа юнаму Айцэну, якi пасьпяшае да яго: - Можаце пажыць у мяне ў Вiтэнбэргу, геру студыёзус; у доме доктара Фрыза хапае памяшканьня, якое я ўспадкаваў, яно цяпер маё; з платай мы ўжо неяк памяркуемся, не закаштуе табе цэлага сьвету. - Прышчоўквае языком i мчыцца далей. А Айцэн, даганяючы, думае, як яно ўсё божым промыслам разумна складваецца i ўсё сваiм часам; толькi-толькi быў паспадзяваўся, што доктар Мэланхтон, да якога ён мае лiст ад цёткi, мог бы паспрыяць яму ў пошуках стала й кватэры, асаблiва калi ён упiшацца яму ў вучнi; а так вось яно яшчэ й лепш, бо каля вялiкага настаўнiка й прыяцеля Лютэра пэўна ж ацiраецца шмат усiх усякiх, сярод iх ёсьць i куды разумнейшыя, хай, можа, i не такiя старанныя, як Паўлюс фон Айцэн з Гамбурга. I ўсё ж, думае ён, усё ж... Але пасьля спахапляецца. Ня трэба занадта ўшывацца ў чалавечыя таемнасьцi, ня трэба нават лезьцi i ў душу сябра Лёйхтэнтрагера, якi вунь, едзе паперадзе, якраз ў засланае хмарай вечаровае неба. РАЗЬДЗЕЛ ТРЭЙЦI У якiм рашуча сьцьвярджаецца, што тое, чаго не разумее школьная навука, ня можа йснаваць, нават калi яно ў жывой плоцi перад вачыма Геру праф. д-ру Doctor honoris causa Зiгфрыду Байфусу Iнстытут навуковага атэiзму Бэрэнштрасэ 39а, 108 Берлiн German Democratik Republic 19 снежня 1979 Высокашаноўны гер калега! Я атрымаў Вашу шматдастойную кнiжку "Самыя вядомыя iудэа-хрысцiянскiя мiфы ў святле прыродазнаўчага i гiстарычнага пазнання" i прачытаў яе з вялiкай цiкавасцю. У многiх аспектах, асаблiва там, дзе Вы ўдаяцеся ў мэты, якiм на працягу доўгага часу служылi гэтыя мiфы i часткова служаць яшчэ i сёння, я цалкам з Вамi згодзен. Нам, навукоўцам, вельмi залежыць змагацца з абалваньваннем масаў, якое, праўда, праз такiя найноўшыя мiфы, пашыраецца, выступаючы пад iмем навукi, i мы павiнны, наколькi можам, дзейнiчаць у духу асветы. Але дазвольце мне зрабiць i некалькi заўвагаў адносна фрагмента ў Вашай працы, якому Вы далi назву "Пра Вечнага (альбо Вандроўнага) Жыда". Гэта найперш з тае прычыны, што я сам прысвяцiў Агасферу - ён носiць i iншыя iмёны - некалькi даследаванняў, папярэднiя вынiкi якiх я выклаў у прыкладзеным да пiсьма перадруку з часопiса "Hebrew Historical Studies"; зроблены, бадай што, толькi крыху каструбаваты пераклад на нямецкую для Вашага прынагоднага выкарыстання, зроблены адным маiм студэнтам, таксама знаходзiцца ў дадатку. Вы пiшаце, шаноўны гер калега, на стар. 17 Вашай працы: "Для светапогляду, якi не прызнае нiякiх недаказаных i недаказальных рэчаў i якiя паводле прынцыпаў навуковага мыслення не могуць быць прызнаныя, дапушчэнне iснавання звышнатуральных iстотаў (бог, сын божы, святыя i iншыя духi, гэтаксама як анёлы i чэрцi) a priori немагчымае". Гэтым самым Вы катэгарызуеце i Агасфера як немагчымасць. Каб не ставiць пад пытанне Ваш светапогляд, якi Вы характарызуеце як светапогляд дыялектычнага матэрыялiзму - ён несумненна мае свой мэрытум, - я хацеў бы, каб не дэталiзаваць Вашыя далейшыя памылкi, па-сяброўску ўказаць на тое, што Вечны Жыд ёсць анi недаказальны, анi недаказаны. Ён iснуе шматразова, трохмерна, як Вы i я, з сэрцам, лёгкiмi, печанню i ўсёй трыбуховасцю, i адзiнае ў iм, што можна было б акрэслiць як звышнатуральнае, гэта феномен яго надзвычайнай даўгавечнасцi: ён проста не памiрае. Ёсць гэта перавага цi не, я хацеў бы не абмяркоўваць; ён i сам, здаецца, па гэтым пытаннi выказваўся мала альбо, можа, i зусiм не выказаваўся, прынамсi, асабiста мне; падобна на тое, сваю доўгажыццёвасць ён успрымае як факт свайго жыцця, як некаторыя з нас успрымаюць крывапаласць альбо псарыяз. Як вынiкае з вышэйсказанага, я сам магу паслужыць жывым сведкам рэальна iснуючага Агасфера. Яго памяць, што не ёсць дзiва ў святле i перад фактам мнагастайнасцi ўражанняў, якiя на працягу стагоддзяў, нават жа тысячагоддзяў маглi б зафiксавацца ў клетках яго мозгу, мае прабелы, але подзiву вартая яснасць, нават у дэталях, у асобных адрэзках яго доўгага жыцця - вы не маглi былi не чуць, як ён расказвае пра сваю сустрэчу з Iсусам Назарыцянiнам, паведамленне, якому, дарэчы, я знайшоў пацвярджэнне ў апошнiх расшыфроўках асобных фрагментаў Dead Sea Scrolls. Буду вельмi рады прадставiць iх у Ваша распараджэнне, як толькi яны будуць падрыхтаваныя да публiкацыi. Я спадзяюся, шаноўны гер калега, паслужыцца Вам гэтымi маiмi радкамi, якiя Вы пры магчымым новым выданнi Вашай, як я ўжо сказаў, высока цанёнай мною кнiжкi, маглi б узяць пад увагу. З гэтым застаюся, з выразам маёй найглыбейшай павагi Ваш адданы Ёханаан Лёйхтэнтрагер Hebrew University Jerusalem Геру праф. Ёханаану Лёйхтэнтрагеру Hebrew University Jerusalem, Israel 12 студзеня 1980 Высокапаважаны гер прафесар Лёйхтэнтрагер! Ваша пiсьмо разам з дадаткамi, дастаўленае ўчора ў мой iнстытут, вельмi ўзрадавала мяне, i яно даказвае, што навуковая праца, якая вядзецца ў нашай рэспублiцы, набывае вядомасць далёка за яе межамi i робiць свой дабратворны ўплыў. Сапраўды, калi чалавек Вашага рангу i вядомасцi актыўна цiкавiцца вынiкамi нашых намаганняў, гэта ўмацоўвае нас у нашых памкненнях рухацца наперад у працы яшчэ больш мэтанакiравана i ўсеахопна i яшчэ паслядоўней змагацца супроць усiх супярэчных чалавечаму разуменню памылковых iлжэтэорый. Пры гэтым мы высока цэнiм, калi нам прад'яўляюцца погляды адрознага ад нашых роду, бо толькi праз пераадоленне супярчнасцяў сцвярджаюцца тэорыi, а пробным каменем ўсякай навукi, як вядома, з'яўляецца практыка. Я не толькi сам прачытаў Ваш даклад "Агасфер, выдумка i праўда", апублiкаваны ў Hebrew Historical Studies, але i выклаў яго сутнасць маiм вядучым супрацоўнiкам. Таму тое, што я хачу тут напiсаць Вам, ёсць агульная думка калектыву, якi выдатна зарэкамендаваў сябе шматгадовымi даследчыцкiмi распрацоўкамi на нiве навуковага атэiзму. Мы ўсе аднадушна трымаемся меркавання, што Ваша асабiстае знаёмства з памянёным у артыкуле герам Агасферам, членам яўрэйскай рэлiгiйнай абшчыны, не можа быць пастаўлена пад сумненне, гэтаксама як i Ваша ранейшая сустрэча з iм у варшаўскiм гета, з якога Вы, у той час яшчэ малады чалавек, у лiку нямногiх ацалелых здолелi ўцячы праз падземныя галаваломныя лабiрынты каналаў. Але, праўда, варта паставiць пад сумненне значную частку прыведзеных Вамi сведчанняў з ранейшых перыядаў гiсторыi пра сустрэчы i розныя прыгоды з памянёным Агасферам; такiя сведчаннi, асаблiва калi яны афiцыйна не пацверджаны дадатковымi сведчаннямi, наўрад цi могуць разглядацца як навукова вартасныя, i яны набываюць, чым далей адлягаюць ад нашага часу, тым больш мiфалагiчны характар. Хоць вы i акрэслiваеце ў адным месцы Вашага артыкула (стар. 23) гера Агасфера як "майго сябра", тым не меней мы хацелi б указаць Вам на магчымасць таго, што Ваш сябар мог сугерыраваць Вам высновы, да якiх Вы прыйшлi ў Вашых даследаваннях. Праз адсутнасць мiждзяржаўных зносiнаў дзяржава Iзраiль, на жаль, мала даступная грамадзянам нашай рэспублiкi; iнакш квалiфiкаваныя супрацоўнiкi Iнстытута навуковага атэiзму альбо нават сам я асабiста маглi б навочна пераканацца ў прыблiзным узросце гера Агасфера. Пры iснуючых абставiнах актуалiзуецца пытанне, цi не маглi б сапраўдныя гады гера Агасфера быць пацверджаныя медыцынскiм абследаваннем на дагоду ўсiм, хто займаецца феноменам. У сувязi з гэтым прэс-рэферэнт нашага Iнстытута, калега д-р Вiльгельм Якш, указвае на наступны факт: пры неспатольнай пажадлiвасцi да сенсацый у заходняга медыуму, з кола якога iзраiльскi нi ў якiм разе не можа быць выключаны, цi не след было б чакаць, што прэса даўно занатавала б iснаванне сама мала двухтысячагадовага чалавека? I ўсё ж, як нам вядома, нiдзе не зарэгiстравана нiякага паведамлення пра гера Агасфера, нiдзе i нiколi, здаецца, не публiкавалася нiводнай фатаграфii гэтай асобы. Магчыма Вы, паважаны гер прафесар, маеце фота яго, i несумненна было б важна для канчатковага заключэння, калi б Вы змаглi пазычыць нам яго для выкарыстання. Я хацеў бы яшчэ раз канстатаваць, што мае супрацоўнiкi i я шчыра вiтаем любыя дыскусiйныя выказваннi па гэтым i iншых пытаннях i заўсёды гатовыя да таго, каб нас пераканалi ў iншай думцы. Але ў пытаннi, якое мы цяпер абмяркоўваем, патрэбны больш пэўныя доказы iснавання Вечнага (альбо Вандроўнага) Жыда, чым тыя, якiя Вы нам прывялi. З найлепшымi пажаданнямi прагрэсу ў Вашай працы, з глыбокай павагай (праф. д-р. Dr. h. c.) Зiгфрыд Байфус Iнстытут нав. атэiзму Берлiн, сталiца ГДР РАЗЬДЗЕЛ ЧАЦЬВЁРТЫ У якiм доктар Лютэр выкладае сваё меркаваньне пра жыдоў, а юны Айцэн якраз i сустракае аднаго такога, якi робiцца яму прыкрым назолам А тым часам наш юны Паўлюс фон Айцэн каторага ўжо часу жыве ў Вiтэнбэргу й спасьцiгае ў магiстра Пiлiпа Мэланхтона й iншых вучоных гераў дактароў унiвэрсытэта божую навуку й гiсторыю сьвету. Кватаруе, як загадзя наперад было ўмоўлена, у Лёйхтэнтрагеравым, фармальна Фрызавым доме, дакладней, на верхнiм паверсе, i пачувае сябе досыць вальготна, амаль як дома ў свайго бацькi, толькi iнакшым манерам. А ўсё якраз у гаспадары, якi часам увечары за чаркай агнiстага вiна гаворыць такiя рэчы, якiя дзiўна яго пераймаюць i якiх сабе яго шаноўны бацька, купец Райнгард фон Айцэн, палатно й шэрсьць, нiколi i ў мроях сказаць ня мог, а яшчэ залежыць на служанцы Маргрыт, якая прыносiць яму сьняданак, мые кашулi й апратвае пасьцель, калi занадта заядаюць вошы й блашчыцы. Пасьля гэтага яму спакойна ад паразiтаў, але не ад сваiх думак, якiя ад рана да позьняга круцяцца вакол плячэй i грудзей i сьцёгнаў, ну, i вакол, што ў Маргрыт крыху нiжэй i ззаду. Тут ужо яму не памагае, што ён падыходзiць да акенца пакоя, зь якога адкрываецца вiдок на дом настаўнiка Мэланхтона, насупроць i крыху наўскасяк, i спрабуе ўспомнiць выслоўi пабожнага мужа альбо вобраз дзевы Барбары Штэдэр, якая дажыдаецца яго ў Гамбургу; у галаве прыгожыя выслоўi роем раяцца й ператвараюцца ў чыстую тарабаршчыну, а яго ўспамiн пра Барбару журботна цьмiцца й больш ужо не аднаўляецца ў ранейшых рысах; i замест яе сваiм унутраным зрокам ён бачыць нахабны рот i грыбатыя, пунсовыя губы Маргрыт. Лёйхтэнтрагер даўно заўважыў, што зарупiла яго пастаяльцу. - Паўль, - кажа ён, бо яшчэ ў Янаву ноч яны раптам кiнулiся ў абдымкi й заключылi братэрскi хаўрус i з таго часу называлi адзiн аднаго хрысьцiянскiмi iмёнамi, Лёйхтэнтрагер юнага Айцэна Паўлюсам, а гэты Лёйхтэнтрагера Гансам; Паўль, - кажа Лёйхтэнтрагер, - я лёгка патраплю табе ўсё зладзiць з Маргрыт; варта мне сказаць адно толькi слова, i яна поначы прыйдзе да цябе й так усё зафундуе, што пачуеш, як анёлы на небе сьпяваюць; яна ад прыроды адораная, яшчэ й я сяму-таму падвучыў. Юнаму Айцэну запякло ў сьцёгнах, але ён кажа: - Ай, ды што ты наўме носiш, Ганс, ты ж ведаеш, там у мяне ў Гамбургу... я ёй прысягаў на вернасьць. - Вернасьць - гэта ў цябе ад галавы, - кажа сябар, - а тое, што надзiць у Маргрыт, яно зусiм ад iншага месца; нельга мяшаць духоўнае зь цялесным, ну, дый дарога ў твой Гамбург далёкая, а з таго, што дзева Штэдэр нечагась ня ведацьме, ёй не забалiць... Але не таму я прыйшоў, а таму што гер магiстр Мэланхтон паслаў слугу спытацца ў нас, цi ня зробiм мы яму ласкi й прыемнасьцi, склаўшы яму кампанiю за вячэрай, якую ён мерыцца зладзiць доктару Марцiнусу й ягонай мiлай жонцы Катарыне й некаторым iншым гасьцям, усе людзi знакамiтыя i вучоныя; фраў Катарына фундуе на вячэру барылку пiва з уласных запасаў. - Што, я? - кажа юны Айцэн i ўвесь праменiцца ад шчасьця за гонар, якi яму так згопалу-зьнянацку прыпадае. - Так, ты, - кажа Лёйхтэнтрагер, але змоўчвае пры гэтым, што ён сам прапанаваў Мэланхтону дадатковага госьця; сваё на ўме маючы; апрача таго ён ведае i Лютэра й Мэланхтона, абодвух iх, адзiн аднаму iм сказаць ужо няма чаго, але калi яны выбiраюцца на публiку, якая разьзяўляе рот на кожную iхнюю мудрасьць, тады ўжо iх прарывае, i яны глаголяць не раўнуючы як сьвятыя апосталы, i, такiм чынам, думае Лёйхтэнтрагер, вечарына можа атрымацца бяседная. Да вялiкай гадзiны юны Айцэн выпуцаўся шыкоўна; абуў новыя боты зь мяккай скуры й чорны са шлiцам каптан з чорным шаўковым падбоем i нашмальцаваў валасы, каб прыгожа блiшчалi; яшчэ ён добра абмазгаваў, як яму вытыкацца зь языком, калi гаварыць дойдзе да яго: будзе пра сваiх гамбургскiх i як яны ўпадаюць за шчырым божым словам; пры гэтым потайкам думае сабе, што калi раптам сам Лютэр дабраславiць яго, гэта мусова дойдзе да гамбургскай парафii, а пазьней, можа, i да супэрiнтэндэнтуры. А Маргрыт толькi сьмяецца, гледзячы, як важна ён спускаецца па лесьвiцы, i пытаецца, ужо цi не на запiткi да маладое вышыкаваўся юны герык, а Лёйхтэнтрагер кажа, што а куды ж бо яшчэ, але толькi да нявесты нябеснай. Пасьля яны зьбiраюцца за вялiкiм сталом у Мэланхтона, дактары й студэнты й iншыя госьцi, каторыя i з жонкамi, у каго яны былi ў наяўнасьцi. Юны Айцэн бачыць, як згасаюць апошнiя промнi дня ў круглых шыбiнах вокан; ужо гараць сьвечкi й кiдаюць мiгатлiвае сьвятло на твары, так што хацелася б думаць, недзе заварушылiся зданi; але гэта толькi ад скразьняку з кухнi, дзе няма ладу як пахне. Пасярэдзiне ўздоўжнага краю стала, як наш Гасподзь Iсус за апошняю паскай, сядзiць доктар Марцiнус, узвалiўшы на кулакi магутную галаву, i скоса пазiрае на застольле; толькi калi ягонае вока, здаровае, якiм ён яшчэ бачыць, застывае на Лёйхтэнтрагеры, якi ўсьмешлiва сядзiць за нiжнiм краем, ён уздрыгвае й ссоўвае тоўстае брыво так, быццам стараецца нешта ўспомнiць, што нiяк яму не даецца. Але калi ўносяць рыбу, вывараную i пад смакавiтай полiўкай, ён адкiдае нядобрыя думкi, захмараны лоб яго разьвiдняецца, i ён пачынае гаварыць пра божую творчасьць i яе цудоўнасьць, кажучы: - Скiньце толькi вокам, як прыгожа iкрыцца рыбка, кожная дае тысячы; калi самчык б'е хвастом i сее малокi ў ваду, iх прымае паненка. Скiньце толькi вокам на птушак, як далiкатна прыгожа праходзiць у iх такi ж самы расплод; самчык дзюбае ў чубчык, яна акуратненька кладзе яечкi ў гнязьдзечка, садзiцца на iх, i вось ужо з-пад яе выглядваюць птушаняткi; зiрнiце на птушанятка, як яно сядзела ў тым яечку! - I усё гэта на карысьць i выгоду людцам, - дадае наш магiстр Мэланхтон, як напiсана, чалавек павiнен валадарыць над рыбамi марскiмi, над птушкамi нябеснымi, над зьвярамi польнымi й над ўсiм, што па зямлi поўзае. - I над самiм сабою, - кажа Лёйхтэнтрагер. - I павiнны чалавекi адзiн аднаму выпякаць вочы, i ўцiнаць рукi, i сячы, i калоць, i расьцягваць, i ламаць хрыбты, i калесаваць, i ўсякага роду гвалты чынiць. Аман. Юны Айцэн бачыць, як доктар Марцiнус чырванее, бы рак печаны, як застрагае яму ў горле карп, i думае сабе: адно, калi такое гаворыцца пад чарку ў даверчай кампанii, i зусiм iншае, калi перад вучонымi мужамi, i ён цiха кажа Лёйхтэнтрагеру: - Што ты вярзеш, Ганс; грэх прыйшоў у сьвет са зьмеем, але й мы магутныя, а з божай помачу й са словам аслоны нашых настаўнiкаў Марцiнуса Лютэра й Пiлiпа Мэланхтона мы раздушым галаву пачвары й яшчэ на адзiн крок наблiзiмся да царства божага. Тым часам наш доктар выкашляў карпа са сваiх лёгкiх, нават з хрыбетнiкам, дый пытаецца: - Хто вы будзеце, малады чалавек? I пакуль фраў Катарына налiвае свайму ўсё яшчэ ўсхваляванаму мужу й пускае вялiзны кубак па крузе, бо зь Лютэравага дома павiнна й сюды сягаць пiўное права й справядлiвасьць, юны Айцэн паведамляе, заiкаючыся ад шчасьця, хто ён такi будзе, адкуль сам будзе, i якiя ў яго планы й замахi, а доктар Лютэр схiляецца да Мэланхтона й кажа таму: - Зьмецьце яго сабе, магiстр Пiлiп, гэты пойдзе сваёй дарогай i далёка пойдзе. - А Лёйхтэнтрагеру праз увесь стол: - Вы проста як той злыдзень; але i яго трэба выслухваць, балазе, для асьцеражэньня. Хто iншы, можа, зьбянтэжана перамоўчаў бы пасьля такiх слоў доктара Лютэра; ды не такi Лёйхтэнтрагер. Юнаму Айцэну здаецца, быццам яго кватэрны гаспадар момантам падрастае на цэлых дзьве галавы, а можа, i на тры, а горб ягоны раздаецца няма ладу як альбо, можа, гэта была гульня ценяў, i ён чуе пакеплiвы сьмех сябра й як той кажа: - Цi ж ня выступiлi вы, гер доктар, перамагчы злога духа? Але скажыце самi, цi дасягнулi вы гэтага? Альбо ж цi ня сталася так, што вы спалохалiся й адступiлiся i замiрылiся з магутамi сьвету гэтага, убачыўшы неразьбярыху, якую самыя вы прынесьлi ў сьвет, i што чалавек, пракляты чалавек, цэлы час думае найперш пра сябе, а пра Бога пасьля альбо й зусiм ня думае? Тут падымаецца доктар Марцiнус Лютэр i стаiць ва ўсёй сваёй густацялеснасьцi, i ўсе за сталом як бы крыху ўцiскаюцца ў сябе; а юны Айцэн, якi добра засвоiў, што ў доме павешанага, бронь-божа, не гаворы пра вяроўку, ужо непакоiцца за свой посьпех, якi ён з такiм дбаньнем здабыў. I ён зьбiраецца з духам i кажа свайму настаўнiку Мэланхтону, цi праўда яно тое, што царква й начальствы гэта як бы дзьве нагi ў чалавека; адно без аднаго суцэльнае кульганьне. Мэланхтон радуецца з гэтай сэнтэнцыi, ягоны вучань добра навучыўся ў яго, але яму бракуе адно толькi апошняй кропачкi над i, i ён дадае, што калi начальствы пабожныя, менавiта такiя, якiя караюць i не даюць ходу эпiкурэйскiм казаням, балвахвалству, iлжывым прысягам, д'ябальскiм хаўрусам i вызнаньню бязбожных догмаў, то яны сапраўдныя дзецi царквы. Але доктар Лютэр, здаецца, не расчуў гэтых слоў, яго ўвага ўсё яшчэ зафiксавана на Лёйхтэнтрагеры, якi з усьмешкай пацягвае фраў-Катарынiна пiва, i кажа яму: - Хто б вы такi нi былi, вы шчыкнулi мяне за сэрца. Бо калi б я, пачынаючы пiсаць, ведаў, што пазьней даведаюся, як варожа прымаюць людзi божае слова й супрацiвяцца яму, дык я лепей памаўчаў бы й нiколi не асьмелiўся б нападаць на папу i ўсе ягоныя парадкi. Я думаў, людзi грашылi толькi праз сваё няведаньне й чалавечую крохкасьць i не забаранялi сабе нядбацца словам божым; але Бог павёў мяне, як каня, якога асьляпiлi, каб ён ня бачыў тых, што скачуць на яго. Пасьля чаго зноў садзiцца й унурвае галаву. Але як што ўсе астатнiя цяпер ужо як сьлед замоўклi, нават Лёйхтэнтрагер, гер доктар заяўляе, што яго так i не зразумелi й дае працяг: - Рэдка калi робяцца добрыя справы з мудрасьцi й асьцярожлiвасьцi, хутчэй са сьляпой адвагi й збочваньня з дарогi. Але так яно ўжо ёсьць, збочваньне вядзе да хаосу, i хутчэй плаха стане на дарозе, чым усё само сабою на добры канец разьвяжацца. Лёйхтэнтрагер адстаўляе свой кубак. - I хаосу таму краю ня вiдаць, - кажа ён, нiбы немаведама як заклапочаны, - карацей, Вечнага Жыда зноў бачылi, непадалёк ад Вiтэнбэрга. Юны Айцэн прыгадвае начныя крокi ў пустым пакоi ў "Лебедзях" у Лейпцыгу, але гэта было даўно, i доктар Марцiнус падымае галаву, на яго пачырванелым твары выразна адбiваецца незадаволенасьць: чаму ён нiчога ня ведае пра такiя рэчы, чаму спатрэбiлася гэтаму Лёйхтэнтрагеру прыносiць яму навiну, i наколькi яна верагодная? Фраў Катарына хоча ведаць: дзе й чаму i якi ён зь сябе? I Мэланхтон кажа: - Жыдоў усюды пропадзь, i ўсе яны падобныя адзiн на аднаго, як яйка на яйка, калi б каторае сказала, што выдзяляецца, - так мы й паверылi б. Але Лёйхтэнтрагер заяўляе: - У яго да ступака быў прыбiты цьвiкамi крыж, пяць цьвiкоў на кожнай назе. Гэта ўжо пераконвае Пiлiпа Мэланхтона, нават кранае, бо, нягледзячы на сваю прыхiлку да лiтары й параграфа, у яго чульлiвае сэрца, i ён уяўляе сабе, як яно павiнна быць, калi нехта зь цьвiкамi ў нагах асуджаны на вечнае блуканьне, i апрача таго ён ведае, што прыйдуць благiя часы, калi той Жыд акажацца. - Калi б хто мог пагаманiць зь iм, - кажа ён разважлiва павольна, - i апытаць яго: а цi быў чалавек сьведкам таго, як нашага Госпада Iсуса Хрыста вялi на Галгофу, з крыжам на плячах; шмат нашых сумненьняў мог бы разьвеяць. - Так, - кажа доктар Марцiнус, - а цi мог бы? I якiя? - Прынамсi, - адказвае магiстр Пiлiп, - прынамсi, ён мог бы дапамагчы нам навярнуць жыдоў у адзiнашчасьцедайную веру. Тут i азарае юнага Айцэна, што чалавек, якi бачыў нашага Госпада Iсуса з крыжам на плячах, павiнен ведаць i пра яго сьвятасьць. З тым большым подзiвам ён успрыняў новую ўспышку гневу, якая скаланула доктара Марцiнуса. - Так, - кажа той другi раз, - дык парайце нашаму мiлажальнаму геру курфюрсту, хай дазволiць схапiць жыда, калi толькi той дасца, але схапiць яго не лягчэй, чым самога чорта, ён зьнiкне сярод жыдоўскай братвы, застанецца толькi смурод, бо ён такi самы, як яны, а яны такiя, як ён, хацелася б думаць, - усе яны вечныя i iм зводу няма. Ён азiраеца вакол сябе, цi зразумеў хто-небудзь, пра якiя цяжкаважкiя рэчы тут завялося. Кухарка стаiць у дзьвярах са смажанiнай, але не адважваецца ўносiць, пакуль гер доктар так мудра прамаўляе, а гэты ў запале не заўважае яе ваганьняў. - Дый хваробу iх навернеш, - кажа ён, - бо яшчэ й цяпер немагчыма адвесьцi iх ад вар'яцкай веры ў тое, што яны богавыбраны народ, хоць вось ужо тысяча пяцьсот гадоў, як iх выгналi, расьсеялi й дашчэнту зьвялi, а самая сардэчная iх надзея i прага - што яны калi-небудзь змогуць абыходзiцца з намi, хрысьцiянамi, як у часы Эстэры ў Персii з паганамi. I сёньня мы яшчэ ня ведаем, якi чорт занёс iх у нашу краiну, зь Ерусалiма iх мы сюды не звалакалi. Гэта таксама прасьвятляе юнага Айцэна, бо яшчэ ў Аўгсбургу ён даведаўся ад сваёй цёткi, якiя паскудзтвы чыняць жыды ў краiне, як яны ўсiх абiраюць, багатых i бедных, не даючы iм за гэта нiчога. - Навярнуць! - усклiкае наш добры доктар Марцiнус, - навярнуць жыдоў! Хачу даць вам свае добрае рады: па-першае, агнём выпалiць усе iхнiя сынагогi й хэдэры, адабраць у iх усе iхнiя торы-шморы й малiтоўнiкi, а талмудыстам i iхнiм рабiнам збаранiць вучыць, а па-другое, даць усiм маладым дужым жыдам у рукi цэп, сякеру й рыдлёўку i хай працуюць у поце свах глюгастых твараў; калi ж не захочуць, дык турнуць к чортавай матары разам зь iх Вечным Жыдам, яны ўсе зграшылi на нашым Госпадзе Хрысьце й праклятыя гэтаксама, як i той Агасфэр. Юнаму Айцэну закруцiлася ў галаве, бо ў гэтым так мала ад слоў вялiкага Лэтэра пра хрысьцiянскi дух, запавяданы ў Пiсаньнi: "Любеце ворагаў вашых i дабраслаўляйце кляцьбiтоў вашых".
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16
|