Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Агасфэр (Вечны Жыд) (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Гайм Стефан / Агасфэр (Вечны Жыд) (на белорусском языке) - Чтение (стр. 1)
Автор: Гайм Стефан
Жанр:

 

 


Гайм Стефан
Агасфэр (Вечны Жыд) (на белорусском языке)

      Стэфан Гайм
      Агасфэр
      (Вечны Жыд)
      Раман
      Пераклад: Васiль Сёмуха
      РАЗЬДЗЕЛ ПЕРШЫ
      У якiм паведамляецца, як Бог на радасьць анёлам стварыў чалавека, i пра разнамыснасьць двух рэвалюцыянэраў у прынцыповым пытаньнi
      Мы падаем.
      Праз бясконцасьць верхняга неба, вогненнага, са сьвятла, з такога самага сьвятла, зь якога было саткана наша адзеньне, слава якога ўзятая намi, i я бачу Люцыпара ва ўсёй галiзьне i абрыдлiвасьцi ягонай, i мне робiцца вусьцiшна.
      Ты каешся? кажа ён.
      Не, няма ўва мне каяты.
      Бо мы ж былi першыя роджаныя, створаныя ў першы дзень, разам з усiмi анёламi й арханёламi, хэрувiмамi й сэрафiмамi, сонмамi й войскамi духаў, створаныя з агню й подыху Бясконцага, паводле нiчыйго вобразу й падабенства, створаныя да таго, як зямля была аддзелена ад нябеснай цьвердзi й воды ад водаў, яшчэ да таго, як сталiся цемра й сьвятло, ноч i дзень, вятры й буры, мы, неспакой, вечнае кружляньне па-над сфэрамi, вечнае зьмяненьне, вечна-творчае.
      Якi твор! кажа ён. Чалавек!
      I пры гэтым пачало рабiцца так жахлiва велiчна, як калi б сьвет рыхтаваўся спарадзiць новы сьвет. Голас у прасторы, Ягоны голас, у дзень шосты, каля другое гадзiны: Дай нам зрабiць чалавека паводле нашага вобразу, паводле нашага падабенства. Нам!.. Але быў толькi Ён, было толькi Яго Самога рашэньне, мы ня мелi ў iм сваёй долi. А на анёлаў нагарнуўся вялiкi страх, найшло трымценьне, i яны сказалi: Сёньня нам явiцца цуд, вобраз Бога, нашага Творцы, бо паводле Свайго вобразу й падабенства стварае Ён чалавека.
      I я бачу, як Люцыпар, павярнуўшыся ў падзеньнi да мяне, зьедлiва крывiць рот.
      З праху! кажа ён.
      Але цуд, як i ўсе Ягоныя цуды, пачаўся страшным i велiчным вiдовiшчам, як толькi з прасторы прасьцерлася Божая правiца, сягнула праз цэлы сьвет, i ўсе стварэньнi сабралiся ў Яго руцэ. Пасьля ўся неабсяжнасьць звузiлася, i, як штукар дастае свае аксэсуары - парашочкi й пудэлачкi з элiксiрам i костачкi, альбо як кухарка муку, яйкi, алей, так, убачылi мы, Ён узяў з усёй зямлi грудачку пылу й з усiх водаў адну кропельку й з усяго паветра ўгары адну паветрынку й з усяго агню дробную жарынку й гэтыя чатыры слабыя элемэнты-стыхii - холад, цяпло, сухасьць i вiльгаць Ён паклаў сабе на далонь i з таго зьляпiў Адама.
      I мы павiнны былi яму служыць, кажа Люцыпар, усё яшчэ павярнуўшся да мяне, i мусiлi былi пачалавечы падладжвацца й пахлебiцца й кланяцца яму й ганараваць яго!
      I так сказалi анёлы перад аблiччам новага Адама: дзеля якое мэты й прычыны стварыў Бог яго з гэтых чатырох стыхiяў, калi ня дзеля таго, каб усё на сьвеце карылася яму й слухалася яго? Ён узяў грудачку пылу зь зямлi, каб усе пылатворныя служылi Адаму, кропельку вады, каб усё ў морах i рэках давалася яму, подых-вятрынку з паветра, каб усё жывое ў паветры было ягонае, жарынку з агню, каб усе агнявыя iстоты й духi й магуты падкладалiся пад яго. Хвалеце Госпада ў вышынях.
      О, гэта бясконцае падзеньне бяз часу, бязь межаў, праз вечна роўнае, блiскучае сьвятло. Дзе верх, дзе нiз, дзе нябесная цьвердзь з зоркамi, хмарамi, салодкасьцю месяца, дзе глыбiнi царства Люцыпара, дзе зямля, каб нагу на Яе прыткнуць, дзе распасьцёртая правiца Богава?
      Любата было падзiвiцца на творыва шостага дня, кажа Люцыпар, але ж было яно - з пылу.
      Прыгожы ён, чалавек Адам, нават я быў ўзрушаны прыгажосьцю, угледзеўшы яго, бо ж я бачыў карцiну яго аблiчча, як яно ўспыхнула ў цудоўным сьвятле, пасьля сьвятло ягоных вачэй, падобнае на сьвятло сонца, i зьзяньне ягонага цела, як зьзяньне крышталю. I ён пацягнуўся i ўстаў пасярэдзiне зямлi, на гары Галгофе, там ён апрануўся ва ўбраньне царства, i там на галаву яму была ўскладзена карона цудоўнай велiчы, цар, сьвятар i прарок, i там даў яму Бог уладу над усiмi намi. Але Люцыпар, начальнiк нiжняга парадку, валадар над глыбiнямi, сказаў нам: Не шануйце яго й не хвалеце яго нароўнi з анёламi! Яму сьлед ганараваць нас, нас, якiя з агню й духу; а ня мы каб ганаравалi пыл, створаны з грудачкi пылу. Тут узвысiўся голас Бога й сказаў мне, кажучы: А ты, Агасфэр, што азначае тое самае, што й любасны, цi ж ты ня хочаш пакланiцца Адаму, якога Я стварыў паводле Майго вобразу й падабенства?
      I я зiрнуў на Люцыпара, якi стаяў перад Госпадам, выпрастаны й вялiзарны й цёмны, як гара, i падняў кулак, што аж працяў цьвердзь нябесную, i я адказаў Богу: Чаго Ты так насядаеш на мяне, Госпадзе? Я ня буду нi ганараваць нi шанаваць таго, хто маладзейшы за мяне й малейшы. Перш чым ён быў створаны, створаны быў я, ён ня рухае сьвет, а я рухаю яго, i наперад i назад, ён з пылу, а я - дух. А Люцыпар сказаў: Ня гневайся на нас, о Госпадзе, бо ж мы былi Тваiм царствам, i ўтворам Тваiм, чые планы бяскрайнiя, i Тваёй гармонiяй, у якой суладзiлiся ўсе гукi. А гэты, нягледзячы на яго гладкi твар i далiкатныя рысы й чэлесы, гэты - усё адно што паразiт, i будзе ён пладзiцца й множыцца, як вош, i ператворыць Тваю зямлю ў балота, ён пралье кроў брата свайго, ён будзе зьлiваць сваё семя ў подлых жывёл, у асьлiц, у коз, у авечак, ён начворыць больш грахоў, чым я мог бы прыдумаць, i станецца пасьмешышчам i ганьбаю Твайго вобразу, о Госпадзе, i Твайго падабенства. Калi Ты настойваеш на Тваёй волi, Божа, каб мы ганаравалi Адама й кленчылi перад iм, тады хай пастаўлю я трон свой над нябеснымi зоркамi й буду сам падабенствам Навышняга. I як што ўсё гэта чулi астатнiя анёлы, якiя былi падначаленыя Люцыпару, дык адмовiлiся i яны ганараваць Адама.
      I з таго часу мы падаем, Люцыпар i я i астатнiя, з шостага дня зь недзе-каля трэцяй гадзiны, бо Бог у гневе Сваiм адвёў ад нас правiцу Сваю, у якой мы былi сабраныя, а Адаму даў узьляцець у рай на вогненнай калясьнiцы, а лiсьлiвыя анёлы паперад iм сьпявалi хвалу, сэрафiмы сьвяцiлi яго, хэрувiмы дабраслаўлялi яго.
      I ўжо-такi неўзабаве пашкадуе, кажа Люцыпар, як што не бяз марнасьцi адпрэчвае нас, не бяз шкоды сабе. Яму патрэбнае наша НЕ, як сьвятлу цемра. Але я буду гiбець у глыбiнях, у прасторах гэенны, i ўсё будзе павалютку й спакваля зьбiрацца да мяне, бо адно цягне за сабою другое, а што прыйшло з праху, прахам жа й абернецца й не забавiцца доўга. I пры гэтых словах ён распасьцiрае рукi i ў лёце ахiнае мяне амаль пяшчотлiва. Ах, кажу я, але ж спадзяваньне было такое вялiкае, i мне шкада намогаў i клопату. Сьвет такi прыгожы! Чалавек такi прыгожы! Каб жа ж ты ня меў большага клопату! ЁН адкiдае цябе, а ты яшчэ й енчыш па Iм, Яго працы шкадуючы.
      Усё паддаецца пераменам, кажу я.
      Але гэта так стамляе, кажа ён.
      I з гэтым мы рассталiся, i ён паляцеў сваёй дарогаю, а я, Агасфэр, што азначае амаль як i любасны, сваёю.
      РАЗЬДЗЕЛ ДРУГI
      У якiм юны Айцэн у "Лебедзях" у Лейпцыгу сяго-таго даведваецца пра бег часу й знаходзiць сабе спадарожнiка, якi дастаецца яму на ўсё жыцьцё
      Мусiць, ёсьць нешта звышнатуральнае ў сустрэчы двух чалавек, калi адзiн загадзя ведае, што гэта дзеля жыцьця альбо, прынамсi, дзеля значнай часткi яго, а другi адчувае, што прыйшоў нехта, хто спатрэбiцца яму.
      Пры гэтым нiхто ня можа сказаць з поўным правам, што юны гер Паўлюс фон Айцэн, якi якраз у дарозе да Вiтэнбэрга й спынiўся ў Лейпцыгу ў "Лебедзях", такi тонка адчувальны альбо ўвогуле двухаблiчны. Хутчэй надварот. Хоць у яго яшчэ на шчоках пушок, але ва ўсiм iм ёсьць нешта закарэлае, так, быццам ён нiколi ня мроiў вясёленькiмi штучкамi, якiмi замаладзь звычайна набiтая галава ў нашага брата. Пры тым гэта ня мусова толькi высокалётныя думкi альбо прыгожыя фантазii, якiя абрываюцца з уваходам у гасьцёўню незнаёмага, а цьвярозыя развагi й разьлiкi наконт колькi ж бо тое перападзе яму са спадчыны цётачкi з Аўгсбурга, якой ён па даручэньнi свайго гамбургскага бацькi, купца Райнгарда фон Айцэна, палатно й шэрсьць, якраз рабiў вiзытацыю.
      Незнаёмы разгледзеўся ў душным памяшканьнi, у якiм над галавой вечна стаiць дух поту й часныку, а гамана гасьцей утварае роўны густы шум, падобны да шуму вады, калi яна падае згары з высокага скальля, толькi вуху менш прыемны. Вось ён накульгам падыходзiць да маладога гера фон Айцэна й кажа:
      - Пахвалёны вам божа, геру студыёзус, цi добра вам маецца, - падсоўвае зэдлiк i садзiцца поплеч.
      Памянёны фон Айцэн, хоць, праўда, недаверлiва й тут жа скасiўшы вокам на мяшэчак, якi ён насiў на нацельным паяску, адразу кемiць, што нялёгка яму адкараскацца ад гэтага падсуседа, пасоўваецца крышачку ўбок i кажа, як што той назваў яго "студыёзусам":
      - Альбо ж я вас ведаю?
      - Такi ўжо ў мяне твар, - кажа той, - аж людзi думаюць, кожан зь iх ужо недзе бачыў мяне, такi, ведаеце, сусьветнастандартны твар, з носам i ротам, поўным зубоў, ня зусiм, праўда, добрых, з вачыма й вушамi, з усiм што належыцца, i з чорнай бародкаю. - I, гаворачы, надзiмае ноздры, крывiць губы, паказваючы зубы, два-тры з каторых пачарнелыя, i зiркае вачмi, i паскубвае спачатку за вуха, пасьля бародку, i пасьмiхаецца, але неяк бяз радасьцi, нейкай яму проста ўласьцiвай усьмешкай.
      Юны Айцэн сочыць за жвавай гульнёй на твары суседа, але бачыць i неяк дзiўна скасабочаную сьпiну й дэфармаваную нагу й думае: не, я ўсё-такi ня ведаю яго, бо дзе ж такога забудзеш, такi западае ў памяць; аднак застаецца нейкая i рэшта з таго, што ў Франкфурце называюць дэжавю (deja vu), i ён дзiўна занепакойваецца, асаблiва калi незнаёмы кажа:
      - Бачу, вы кiруеце ў Вiтэнбэрг, гэта якраз пасуе мне, бо як рыхтык i я ж туды.
      - Адкуль вы ведаеце? - пытаецца Айцэн. - Такiх, як вы, шмат праз Лейпцыг, i спыняюцца ў "Лебедзях", пасьля расьцякаюцца хто куды.
      - На гэта ў мяне свая рахуба, - кажа чалавек. - Людзi часта дзiву даюцца з таго, што я ведаю, але, паверце, усё цячэ натуральным цёкам, вопыт, разумееце, юны мой пане, вопыт! - I зноў сьмяецца сваiм ладам.
      - У мяне лiст да магiстра Мэланхтона, - кажа Айцэн, быццам яго моцна турбуе адкрыцца субяседнiку, - ад маёй цётачкi ў Аўгсбургу, там якраз год таму пабываў магiстр Мэланхтон i гасьцiўся ў яе, паласаваўся, упароўшы шэсьць пераменаў, хоць, як кажа мая цётачка, ён худзюшчы, бы кнот, i бог яго ведае, куды ўлезьлi тыя шэсьць пераменаў, ня лiчачы пiрага зь яблыкамi на закуску.
      - Ну але акурат бо, духоўныя асобы, - кажа той, - яны ўжо ўмеюць натаптацца, наш гер доктар Марцiнус Лютэр асаблiва, але па iм вiдаць адразу, заўсёды чырвоны ў твары, што наядаецца да ўпаду, аж проста страх божы як наядаецца.
      Юны Айцэн, заскочаны, крывiць рот.
      Незнаёмы паблажлiва паляпвае яго па плячы.
      - Гэта разьлiчана не асабiста на вас. Я ведаю, вы тасама абралi сабе духоўную кар'еру, але ж вы чалавек меры, сканаеце сваiм часам, у сталым веку, i мiлым анёлам лёгенька будзе, калi яны патарабаняць вас на неба.
      - Ня люблю думаць пра сьмерць, - кажа юны Айцэн, - а ўжо пра сваю, дык божа баранi.
      - Як, нават пра вечную шчаснасьць? - Сусед зноў сьмяецца. - Якая павiнна быць мэтай i прагай кожнага хрысьцiянiна й у якой ён лунае ў вечным бляску, у непамыслотных вышынях, яшчэ вышэй, вышэй, вышэй над нябёсамi?
      Трохразовае "вышэй", сказнае незнаёмым, скаланае юнага Айцэна. Ён спрабуе сваiм розумам дацяць такiя вышынi й такi вялiкi бляск, але ў яго абмежаваных мазгах розуму яўна не стае; калi юны Паўлюс фон Айцэн наогул спрабуе ўявiць сабе вечнае жыцьцё, тады лакальнасьць яго хутчэй падобная на бацькаву гасподу, толькi большую, раскашнейшую i больш пышную, а ў даражэнькага бога хiтры позiрк i сьвецкiя манеры купца Райнгарда фон Айцэна, палатно й шэрсьць.
      Нарэшце гучыць даўно чаканы званок да агульнай вячэры. Слуга, чорная маршчынiстая патылiца, расхрыстаная на сiвых грудзях нямытая кашуля, спрабуе ссунуць сталы, за якiмi, вiдаць, неўзабаве будзе вячэра; скрынкi й валiзкi падарожнiкаў сьпiхаюцца ўбок, клункi, калi iх гаспадары не падхоплiваюць адразу, шпурляюцца на падлогу да сьцяны, падымаецца пыл, а з камiна попел, людзi кашляюць i чыхаюць.
      Юны гер фон Айцэн, з новым сябрам, якi прыладзiўся да яго, рушае да сярэдняга верхняга стала; там пазьней панастаўляюць мiсак, гэта ён ведае, i яму як сыну з заможнага дома якраз i лiчыць заняць месца менавiта там. Нiхто й не пярэчыць, меней за ўсё новы сябар, кульгавы й зь невялiкай гарбацiнай. З другога боку ад Айцэна сядае нехта адзiн бяз правай рукi; Айцэнава вока адразу фiксуе куксу: чырвоная, гузаватая скура нацягненая на косьцi; як толькi чалавек можа ўпраўляцца зь ежай гэтай штуковiнай пад носам, але вось ужо госьцi за сталом, цесна ўклiненыя, нiводнага вольнага месца. I новы сябар пазiрае на яго, пакеплiва выскаляецца й шэпча яму:
      - Шмат было тады тых, што паднялi руку на начальствы; iм хацелася ўгору; хлопцу яшчэ моцна пашыхавала, што яго ўкарацiлi на руку, а не на галаву.
      Юны Айцэн, якому спачатку прыйшлiся ня дужа па нутры такiя шырокiя веды незнаёмага, цяпер раптам набраўся сьмеласьцi; але яшчэ толькi дзiву даецца, колькi ж таму можа быць гадоў, бо час, калi падымалiся супроць начальстваў i за што ўцiналi руку альбо галаву, складаў добры чалавечы век i ўжо даўно прамiнуў; але па новым сябры ня скажаш, колькi ж яму, бо з выгляду ўдаваў на дваццаць пяць альбо на сорак пяць. Вось ён дастае з кiшэнi ножык, далiкатнай работы рэч, тронка з ружовых каралаў з выявай голай жанчыны en miniature, вытачанай у самых дробных дэталях; юны Айцэн аж чырванее; так, заклаўшы рукi за галаву й падняўшы адно калена, перад iм ляжала прастытутка, ушыхаваўшы яму ўдалую спробу пасьля трох-чатырох марных; але гэтая на тронцы нажа куды прыгажэйшая, i такую каштоўнасьць той носiць проста ў кiшэнi й пры гэтым з выгляду ня скажаш, каб меў лiшак грошай.
      Тым часам слуга накрыў сталы абрусамi з грубага палатна, даўно ня мытымi, i ўжо прапануе меню сама мала мiнулага тыдня: некалькi лыжак парашковага супу, некалькi валаконцаў мяса й нейкае iншае едзiва, скялемзанае з рыбы; людзi нацягваюць на каленi краi абруса, каторае нават падтыкае за пояс: лепш ужо абрус той згаўняць, чым штаны. Юны Айцэн разглядвае драўляную мiсу, якую паставiлi перад iм, драўляную лыжку, цынкавы пакарабачаны кубак i азiраецца вакол сябе, цi не акажа ў сабе хто французкай хваробы альбо гiшпанскай каросты; з пашчаў сьмярдзiць, бадай, ва ўсiх аднолькава, i ўсе пачэсваюцца пад пахамi, грабаюць каленi, чухаюць чарапы, можа, нават больш з нудоты, бо з варывам задоўжылася, зь вiном таксама; чуваць, як на кухнi гаспадар перабрэхваецца з бабамi, i гэта вам называецца, казалi, "Лебедзi", адзiн з найлепшых гатэляў, i ўсе застаюцца радыя. У паветры ад стала да стала пачынаюць пырхаць сальнасьцi, пра гера сьвятара й ягоную кухарку, як тое ў iх там бывае. Гэта зноў злуе младога Айцэна, бо ён успрымае сваю веру сур'ёзна й ведае, што з часу, калi гер доктар Марцiнус Лютэр вывесiў у Вiтэнбэргу свае тэзiсы, усе сьвятары вельмi ахвоча шлюбавалiся са сваiмi кухаркамi.
      А пакуль там тое, прынесьлi вялiкую круглую мiсу варыва, нават з ашмоткамi мяса й тлушчам. Пасьля ладнай штурханiны на разборы той мiсы, куксаты пры гэтым разьвiвае дужа вялiкi спрыт, чуваць толькi плямканьне й сёрбаньне й цiхiя сьмешкi Айцэнавага гарбатага суседа, якi кажа яму:
      - Бачыце, юны мой пане, у людзей яно не намнога лепей, чым у быдла, i вось часам пытаешся ў самога сябе, а што ж бо такое меў сабе Гасподзь Бог на ўме, ствараючы, з дазволу кажучы, вось такое брыдоцьце й маючы яго за шэдэўр паводле вобразу свайго.
      А куксаты, плямкаючы, акiдаецца:
      - Злы твой бог i несправядлiвы, калi карае ўбогiх, а магутных адорвае, так што каторае нават падумаць можа, быццам над гэтым пахiбным богам павiнен быць яшчэ адзiн, вышэйшы, зусiм далёкi, якi добрым часам прынясе сьвятло ўсiм нам.
      Жоўць расплываецца ў юнага Айцэна; ён ускоквае, тузаючы з сабою свой канец абруса, аж закалыхалiся недаедзеныя мiскi, i крычыць:
      - О вы, агуднiкi бога й яго справядлiвасьцi, а ня хочаце ж вы бачыць, што зноў наведзены парадак як на небе так i на зямлi!
      I як што ўсе тут разам прыцiхлi, чакаючы новых догматаў, у галаве ў юнага Айцэна раптам разьзеўрылася пустата, i ён ня ведае, што сказаць далей i каўтае сьлiну, а ўжо там-тут сюд -туд, а пасьля i з усiх бакоў выбухае рогат i бушуе, пакуль не ўваходзiць гаспадар зь мясам i ўсе не хапаюцца за свае мiскi, каб уварваць сваё, юны гер фон Айцэн - першы сярод першых. Пад мяса ўсе п'юць кiслае вiно з далiны ракi Заале, гарачацца й весяляцца з выпiўкi й жратвы, i Айцэн дзiвуецца са свайго гарбатага суседа справа, зь якой грацыяй той есьць, упраўляючыся трыма пальцамi, як ахайна пакрышыў свой хлеб, як пакроiў прыгожым ножыкам мяса, набiраецца духу й пытаецца ў яго:
      - Калi вы так моцна абазнаныя, што да мяне, i што я студыёзус, i што выпраўляюся ў Вiтэнбэрг, хто ж такi вы, i што прывяло вас сюды, у горад Лейпцыг?
      - Той? - кажа чалавек з куксай. - Яго я ведаю, ён усюды й нiдзе, i вычварае штукi з картамi, што чыстае вам дзiва, i каторае з вас нават падумае, што ён умее загаворваць казiныя бэбахi, каб яны ператваралiся ў залатыя, але калi каторае паспрабуе расплацiцца такiм золатам, яно тут жа, у руцэ, зноў гаўнякамi абернецца.
      Той другi сьмяецца бязрадасным сьмехам i будзе казаць:
      - Гэта, мабыць, залiшне з тым тваiм золатам i бэбахамi, але што да картаў, дык раскiну вам так, аж што будучыню ўбачыце, i ўсё ў натуры й без падвоху, туз падспод, сямёрка да тройкi, усё па сiстэме, каб вы ведалi; а цяпер я ў разьезьдзе па справах гешэфту, шукаю аднаго жыда, яго тут бачылi, хацелася б перакiнуцца слоўцам-другiм.
      - Жыда, во, - кажа юны Айцэн, убачыўшы ў гэтым тэму, на якую ён мог бы вой як разагнацца, бо цётачка з Аўгсбурга напхала яму галаву расказамi пра вя-лiкае панства Фугкраў, якiя колiсь гандлявалi грашыма й фiнансавалi ўсё князёўства краю, нават самога кайзера, а цяпер тут жыды, адны жыды, толькi ўжо даражэй абыходзяцца й ня любяць задавацца сваiмi багацьцямi.
      - Ах, божа, - кажа той другi, - гэта вы пра народ, зь якога паходзiць наш Гасподзь Iсус.
      - Якi яго цьвiкамi да крыжа! - трыўмфуе Айцэн, ён ведае гэтыя дыскурсы, ягоны бацька ў Гамбургу ўжо няраз дыспутаваў з жыдамi, у якiх пазычаў грошы пад высокi чынш. - а й якiм жа такiм слоўцам вы хацелi б зь iм перакiнуцца, вашым жыдам?
      - Я хацеў бы даведацца ў яго, цi ёсьць ён той, хто ён ёсьць, - кажа яго сусед.
      Гэта да глыбiнi душы кранае юнага Айцэна, якi ведае сваю Бiблiю i яшчэ ведае, што наш Гасподзь Iсус, будучы спытаны пра тое самае, адказаў, я ёсьць, хто я ёсьць. Але ён рагоча на цэлае горла, каб пазбыцца пачуцьця, што закралася ў яго, i кажа:
      - I яго вы, мусiць, абмухлярыце, вы ўсе так зрабiлi б, каб маглi.
      Але той другi, здаецца, ужо змогся ад духоўнай спрэчкi. А як што якраз увайшоў слуга й памецiў кружочкамi й крыжыкамi на грыфельнай таблiцы, колькi кiм зьедзена й выпiта, а пасьля згроб абрус разам зь мiскамi й лыжкамi, усё да апошняга кубка, i вынес, ён вымае зь кiшэнi калоду картаў, ну, такiх, якiя цяпер чысьценька друкуюцца й называюцца чортавым малiтоўнiкам, кладзе зь яе дзесяць картаў перад сабою на голы стол i запрашае Айцэна, каб ён зь iх выбраў сабе адну, запомнiў яе, i як толькi гэта добранька зробiць, ён яму яе адкрые. Айцэн разглядвае карты, якiя, адкрытыя, дзiўным чынам спакушаюць яго, i ён думае сабе, што ўсё гэта чыстая лухта й блiзiр; але ўсё-такi выбiрае адну, чырвовага туза, на памяць пра дзеву Барбару Штэдэр, там дома, у Гамбургу, якая потайкам добра-такi прыпяклася яму, i кажа незнаёмаму, што вось ужо гатовы, адгадвай. А той ужо зьбiрае ўсе дзесяць адкрытых картаў, кладзе да астатнiх, закрытых, i спрытнымi рукамi тасуе калоду так хутка, што гасьцям у пакоi, якiя з кубкамi й чаркамi ў руках падышлi блiжэй i, поўныя цiкаўнасьцi, абступiлi яго й Айцэна й таго куксатага, аж у вачах застракацела. А тады шырокiм жэстам раскiдае калоду перад Айцэнам, сарочкамi дагары, i кажа:
      - Сачыце ўважлiва, геру студыёзус, выбiраеце тры разы, - цяпер цягнiце!
      Айцэн слухаецца.
      - Гэтая пакуль што не, - кажа незнаёмы. - Адкладвай убок.
      Айцэн цягне другi раз.
      - I гэтая пакуль што не, - кажа той. - Вы ж ня хочаце расчараваць мяне, мой юны пане!
      Айцэну пад каўняром запякло. Калi ўсё гэта толькi блiзiр, думае ён зноў, але тут жа пераскоквае на iншае - дзеве Штэдэр якраз, пэўна, вельмi залежыць, каб з трэцяга разу ён вышмаргнуў правiльна, рука дрыжыць, ён чуе на сабе пачашчанае дыханьне тых, што абступiлi яго, i наўгад, усьляпую цягне.
      - Самусенькi акурат! - кажа незнаёмы. - Чырвовы туз. Рацыя, геру студыёзус?
      Юны Айцэн стаiць, разьзявiўшы рот, i ня ведае, з чаго большаму дзiву давацца: з гарбатага, якi, цяпер гэта ўжо пэўна, агнездаваўся ў ягоным жыцьцi, альбо ж зь сябе самога, што так цэлка патрапiў з выбарам. Усе астатнiя моўчкi застылi, i толькi той, куксаты, раптам бярэцца рагатаць, як усё роўна ненармальны якi, i крычыць:
      - Ах, братачка Лёйхтэнтрагер, якiя дзвосы вы нам тут выстаўляеце: з апошняга дурня робiце празарлiўца й прарока!
      I з гэтых слоў Айцэн нарэшце даведваецца iмя незнаёмага, i яму, абазнанаму ў латынi пасьля чатырох гадоў лацiнскай школы ў родным горадзе, адразу прыходзiць у галаву пракляты Люцыпар, але, дзякаваць богу, мы яшчэ ў Германii, дзе "лёйхте" ёсьць лёйхтэ, гэта значыць "сьветач, зьнiч", а "трагер" ёсьць трагер - "носьбiт" i нiшто iншае, i той хто носiць гэты сьветач ёсьць "начны вартаўнiк" - Лёйхтэнтрагер.
      Цяпер ужо i ўсiм закарцела параiцца з картамi, але Лёйхтэнтрагер тлумачыць, што, каб усё iшло сваiм добрым ладам, патрэбна пэўная сымпатыя, якое ў яго да iх нямашака; але ён-такi гатовы за пяць грошаў з носа вычытаць кожнаму з картаў ягоную будучыню, чаго якраз-такi ўсiм i закарцела даведацца, як iдуць iх гешэфты, якiя палюбоўнасьцi кожан зь iх мецьме, каму наставiць рогi яго законная супасьцельнiца, хто памрэ ад меча, хто скончыць свой век на шыбенiцы, а хто сканае дома ў ложку, аж Лёйхтэнтрагер за кароткi час зарабiў сваiмi прадказаньнямi куды больш грошай, чым нехта там другi за шэсьць дзён найруплiвейшай ручной маталыжнасьцi. Толькi юны Айцэн не рашаецца з ходу ўпусьцiць пяць грошаў, не, не таму, што ня мае, а таму што найглыбчэй верыць, што лёс людзкi ў руцэ божай, а не ў калодзе размалёваных зашмуляных картаў, i потым, думае ён, i без таго аднаго пэрсанальнага цуду на вечар годзе.
      Тым часам галава яго ад вiна й цяпла вiруецца ўсё больш i больш, i ён ужо ня ведае, адкуль ён узяўся ў вялiкiм ложку ў пакоi на верхнiм паверсе "Лебедзяў", ведае толькi, што ў цемры прыходзiць да памяцi й што ляжыць у кашулi, курце й штанах, а шкарпэткi й чаравiкi прапалi гэтаксама як i мяшэчак, якi ён насiў на нацельным паяску: яго апаiлi й абакралi, i добра, што ён адразу не паверыў незнаёмаму, якi так назольна ашываўся каля яго, гэтаму, як яго? - Лёйхтэнтрагеру, i таму другому бiндзюку з куксай, - хто ўжо раз вызьвяраўся на начальствы, той нiколi не патрапляе ў закон. Вось ужо ён мерыцца ўскочыць, нарабiць гвалту - абакралi! забiлi! дзяржы яго! - калi раптам ў месячным сьвятле з акна бачыць, што той куксаты мiрна ляжыць каля яго, чуе яго сапеньне, а на сваёй заголенай лытцы адчувае кумпячыстую нагу Лёйхтэнтрагера, якi, зрэшты, ня сьпiць i тапырыцца ў цемру, быццам нешта выслухоўваючы, i як што ён заўважае раптоўнае хваляваньне свайго суложнiка, кажа яму:
      - Я прыбраў ваш капшук, геру студыёзус, i каб нiхто ня сьцiбрыў, падсунуў вам пад галаву.
      Юны Айцэн намацвае свой мяшэчак, ага, правiльна - тоўсты й круглы, такi, якiм яго й справiла яму цётка ў Аўгсбургу ў дарогу дахаты, бо чалавек ён ашчадлiвы, трацiцца толькi на самае-самае збытнае, так ужо ён выхаваны сваiм купецкiм бацькам, якi ўвесь час настаўляў яго: адно да аднаго, сынку, прыкладаецца сума. Супакоiўшыся, ён ужо зьбiраецца зноў апусьцiць галаву на юрзачок з манаткамi, калi раптам чуе тое, да чаго, мусiць, прыслухоўваўся ягоны сусед i тайны дабрадзей: крокi. Крокi за драўлянай сьцяной, якая аддзяляе гэты пакой ад iншых; там нехта пахаджае туды-сюды, туды-сюды, бесьперастанку, бяз супыну, i як жа бо даўно?
      Юнаму Айцэну робiцца несамавiта, ён блiжэй падсоўваецца да суседа, якi, як ён цяпер сабе зазначае, валасаты па ўсiм целе й нават на горбiку, i кажа яму нашаптам, сам ня ведаючы, чаму кажа:
      - Як той Вечны Жыд, што мусiць цэлы час вандраваць.
      - Як вы на яго выйшлi? - таропка шэпча той яму ў адказ. - На Вечнага Жыда?
      - Гэта толькi так сказалася, - кажа Айцэн. - Так называюць чалавека, якому не сядзiцца на месцы. - I зноў чуе крокi, ня можа iх адцурацца й штурхае Лёйхтэнтрагера ў рэбры: - А што, калi мы нацягнем штаны й сходзiм туды, можа, у хлопца яшчэ ёсьць вiно й ён будзе рады за кампанiю?..
      Другi цiха засьмяяўся.
      - Я ўжо быў. Прачынiў дзьверы й заглянуў, але там нiкога, толькi ўсякi хлам, некалькi скрынак, развалены стол i крэслы, ну, ўсё такое, што бывае ў запусьцеласьцi.
      Айцэн маўчыць. Яму страшна, але ён не падае выгляду, нi сабе, нi тым болей Лёйхтэнтрагеру. Пасьля пытаецца:
      - А крокi?
      - Можа, нам проста мроiцца, - кажа другi й пазяхае.
      Айцэну падаецца праблематычным, каб двум адразу мроiлася тое самае, i ён трасе галавою.
      - Вы ўсё яшчэ чуеце? - кажа Лёйхтэнтрагер.
      Айцэн кiвае.
      - Вы ўпэўненыя, пане студыёзус? Бо я больш ня чую.
      Айцэн доўга ўслухоўваецца ў ноч. То чуе нейкае глухое рэха, то ня чуе нiчога. Ён мог бы пайсьцi й сам паглядзець, як рабiў гэта той, але лепей мо такi застацца пад коўдрай, а заўтра таксама дзень будзе, i якое тут мае значэньне, што ён чуе нечыесь крокi ў сьне; Бог - ён вечны й Божы Сын таксама, але каб нейкi там жыд?..
      I вось ужо ў пакоi ўсе сьпяць, з усiх бакоў чуецца сапеньне й пастогваньне й паперды, а неўзабаве ружавее й неба за вакном, але юны Айцэн ня бачыць гэтага, бо задрамаў i ён, гэтым разам бязь нiякiх вiдзежаў.
      Калi пасьля прачынаецца, пакой ужо пусты, на ложках у поўным беспарадку сеньнiкi. У галаве - як рой дзiкiх пчол гудзе. Ах божа, божухны, думае ён i палохаецца, i тут жа правярае, цi на месцы мяшэчак: файненькая пацеха была б, каб хто здэматэрыялiзаваў яго з-пад галавы, яму прыгадалiся спрытныя пальцы новага сябра. Але мяшэчак на сваiм месцы, а побач цыдулка, на якой вугельчыкам напiсана: "Чакаю Вас унiзе, геру студыёзус. Камарад Л."
      Ну, вось ужо й камарадам зрабiўся, думае Айцэн, уступаючы ў калашыны; ён зашпiляецца, шнуруе чаравiкi; што ён мог знайсьцi ўва мне, можа, гэта праз цётчыну спадчыну, пра якую я, асёл, расказаў яму, а ён сьпекулюе з далёкiм прыцэлам. Пасьля прыступкi ўнiз i на двор, дзе ён аблягчаецца, палошча каля калодзежа рот i высморкваецца, i пасьля адразу ў гасьцёўню. Там таксама пуста, толькi слуга слупам стаiць, лена й абыякава, а каля вакна на ўслончыку сядзiць камарад, жуе кавалак хлеба, чэрпае супчык i кажа:
      - Падсаджвайцеся, геру студыёзус, i пасьнедайце са мною, коней я ўжо дагледзеў, вашага i свайго.
      Юнаму Айцэну робiцца не па сабе, быццам ён знайшоў скарб, чалавека, якi пра ўсё паклапоцiцца, да таго ж па добрай волi, ён толькi апасаецца: настане дзень, калi можа быць прад'яўлены рахунак; гэта ўводзiць яго ў разьвярэд. Абодва жуюць, Айцэн, праўда, чакаючы, што той нешта скажа пра начныя крокi ў пакоi, у якiм нiкога ня было, альбо, што сталася з куксатым i куды ён падзеўся, бо, як здавалася, яны былi памiж сабою знаёмыя, а чалавек жа ня так хутка перасядае з аднаго сябра на другога; але той зноў анi слова пра здарэньне, прыяцель больш захапляецца канём, на якiм Айцэн прыехаў з Аўгсбурга ў Лейпцыг, вузкiм крупам i магутным складам цела, аж маладому чалавеку закрадаецца падазрэньне, цi не паклаў хлопец вока на яго каня, i рашае нарэшце ня спускаць зь яго вачэй. Але пасьля, заплацiўшы гаспадару "Лебедзяў" i пайшоўшы ў стайню, ён бачыць, што тагоны конь куды спраўнейшы за ягонага, ня конь, а чысты сатана, ноздры так i храпаюць, вочы гараць, на месцы не стаiць, так i танцуе, так i выгельцвае, i прыяцель, мабыць, павагаецца, перш чым сесьцi на яго, нябось пабаiцца, каб ня скiнуў; але той, нягледзячы на сваё калецтва, лёгкiм скокам узьлятае ў сядло й сядзiць як сапраўдны верхавец; пасьля высмальвае праз браму на вулiцу й за паварот, аж iскры з-пад капытоў, людзi шарахаюцца наўроссып, i юны Айцэн, хоч-няхоч, пасьпявай за iм; i толькi калi ўжо ад'ехалiся на бiты гасьцiнец, на Вiтэнбэрг, пакiнуўшы за сабою расплывiстыя абрысы Лейпцыга, ён наганяе камарада, якi цяпер лёгенька патрухвае наперад.
      - Вам, пэўна, рупiць даведацца, хто я такi буду насамрэч, - кажа й выскаляецца, не сьмеючыся напраўду. - Далiбог, геру студыёзус, вам спакою ня будзе, пакуль не даведаецеся; учарашняга вечара вы гаварылi пра парадак, парадак на небе як i на зямлi, свой парадак пануе i ў вашых мазгах, на ўсё там свая шуфлядка, свой фах, але вы ў паняверцы - куды сунуць мяне.
      Айцэн зноў уражаны, як дакладна той патрапляе арыентавацца ў ягоных думках, ды ня хоча прызнавацца й кажа, паляпваючы па ўзмыленай шыi каня, што на ўсё, бач, свой час, свая пара й калi Лёйхтэнтрагер ня хоча, хай спакойна пакiне сваю гiсторыю пры сабе, бо й праўда ж, колькi той карысьцi з слоў, калi ўсё адно кожны разумее iх пасвойму.
      Рыхтык бо яно так i ёсьць, адказвае той, малады гер тут якраз пацэлiў у самы акурат, i наогул нiкому з нас ня дадзена нiякiм лотам вымерыць чалавека ў ягоных глыбiнях, таямнiца застаецца заўсёды, бо мы ж ня ёсьць нешта сукупнасашчэпленае.
      Юны Айцэн збоку пазiрае на камарада - звычайны, будны твар з бародкай i чорнымi, падвостранымi ўгору брывамi й горбiкам за левым плечуком, i на нейкае iмгненьне яму падаецца, нiбыта вакол яго моцнай постацi ўзьнiкае яшчэ адна, сумесь туману й ценю, i як што тут набягае воблачка на наша мiлае сонейка, яму робiцца крыху вусьцiшна, i ён дае каню шпораў.
      Не таму, каб хацеў перагнаць; ад лёткага каня камарада Лёйхтэнтрагера ўсё адно не адарвацца, гэта ён ведае, i таму кажа:
      - Гоох! - i счакаўшы, пакуль той, выгодна патрухваючы, зноў акажацца побач, пытаецца ў яго, што ён такога меў на ўвазе, кажучы "не ёсьць нешта сукупнасашчэпленае"?
      - Iх па два ў кожным з нас, - тлумачыць камарад.
      Юны Айцэн хутка пераконваецца: плецiва, якое абвалакала таго, зьнiкла, засталося, мабыць, толькi затлуменьне мазгоў, як i тыя начныя крокi. I кажа, што ў ягоных помыслах усё складваецца натуральна, як паводле боскага вучэньня:
      - Але ж ну так, я i мая несьмяротная душа.
      - Так, - кажа той i сьмяецца, i цяпер ужо ягоны сьмех чыстае пакепства, можна разглядаць i гэтак.
      На што ў Айцэна ўзьнiкае страшэннае падазрэньне, куды горшае за ўсе папярэднiя, якiя ён меў што да незнаёмага, i, як бы цiкуючы, ён пытаецца:

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16