Чалавек з брыльянтавым сэрцам (на белорусском языке)
ModernLib.Net / Дайнеко Л. / Чалавек з брыльянтавым сэрцам (на белорусском языке) - Чтение
(стр. 8)
Автор:
|
Дайнеко Л. |
Жанр:
|
|
-
Читать книгу полностью
(465 Кб)
- Скачать в формате fb2
(199 Кб)
- Скачать в формате doc
(203 Кб)
- Скачать в формате txt
(197 Кб)
- Скачать в формате html
(200 Кб)
- Страницы:
1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16
|
|
- Божа! - крыкнула жанчына, тая, што ўчора каля вогнiшча расказвала пра Зялёную Постаць. Яна ўпала ў ваду, у твань, i воўкасабака насеў ёй на плечы. - Бо... - зноў закрычала, не скончыла яна, захлынуўшыся ўласнай крывёю. Ляснуў стрэл, другi, трэцi... Толькi цяпер заўважыў Гай Грома Стралковiча. Паляўнiчы, сурова прыкусiўшы губу, страляў з карабiна. Воўкасабакi, ап'янеўшы ад чалавечай крывi, усёй гайнёю рынулiся на яго, i здавалася, вось-вось разнясуць на дробныя кавалачкi. Але ў самы апошнi момант Гром высока ўзняў правую руку, левай рукою, у якой трымаў карабiн, нацiснуў на кнопку чырвонага бранзалета на запясцi правай рукi. I адразу пырскнуў сноп яркага траскучага святла. Паляўнiчы аказаўся ўнутры сiлавога ахоўнага поля, якое мела форму конуса. Пярэднi ж воўкасабака атрымаў магутнейшы ўдар i з апаленай пысаю быў адкiнуты ўбок метраў на пяць. Тое самае чакала i астатнiх. Воўкасабакi аж екаталi ад болю i гневу. - А вы што тут робiце?! Хто дазволiў?! - пабялеў ад злосцi Гром, нечакана ўбачыўшы Дубровiча. - Заўтра ж выпiшу к чортавай мацеры з лагера! Ану, бягом да мяне! Гай хацеў пакрыўдзiцца, хацеў прадэманстраваць грознаму паляўнiчаму абражаны гонар, але ў гэты час раз'ятраныя воўкасабакi павярнулi ашчэраныя пашчы да яго, i асабдiва дзiкi, людаедскi позiрк быў у двухгаловага. Гай, як хлапчук, iрвануўся да Стралковiча i вельмi правiльна зрабiў, бо затрымайся на секунду-другую, i не мiнаваць бы яму драпежных зубоў. За гэта iмгненне Стралковiч паспеў выключыць ахоўнае поле, упусцiўшы пад конус Дубровiча, i адразу ж уключыць. I зноў мутанты, тыцнуўшыся з наскоку пысамi, паляцелi, напалоханыя i пасаромленыя, ва ўсе бакi. - Вы самы сапраўдны хулiган! Вы анархiст! - крычаў мiж тым на Гая Гром Стралковiч. - Хiба я дазваляў вам лезцi ў балоты? Бачыце, што сталася з "зялёнымi"? Яны павольна iшлi пад ахоўным конусам, i Стралковiч, распаляючыся, усё больш гняўлiвымi словамi чахвосцiў Гая. "А Навум Масейкiн i ўсё Iндаэўрапейскае тэлебачанне хочуць вось гэтага крыкуна i грубiяна аб'явiць Чалавекам з брыльянтавым... цьфу ты! З бронзавым сэрцам", - раптам падумаў Гай. - Не смейце крычаць на мяне, - цiха, але цвёрда сказаў ён Стралковiчу. - Што? - аж спынiўся паляўнiчы. - Не смейце, - зноў пачаў Гай, але ў гэты самы час твар ягоны прасвятлеў i засяродзiўся, вочы заплюшчылiся самi сабой. Ён схапiўся рукамi за лоб. "Мазгаграма", - здагадаўся Гром Стралковiч. "Бацька, - загучаў у самай патаемнай глыбiнi Гаевай iстоты ўсхваляваны голас Клёна, сына. Бацька, я жывы! Чуеш?! Я - жывы! Я на планеце Вар... Да спаткання..." VIII Галоўнай славутасцю планеты Вар было Вялiкае Балота, вядома, на думку статка дзiкоў, на чале з моцным i грозным Вiнгам. Дзiкi мелi доўгае, брудна-шэрае, пад колер балотнай травы, шчацiнне, вострыя лычы, iклы i капыты. Як помнiлi дзiкi, iхнiм домам заўсёды было балота, iхнiя прапрадзеды i прадзеды нарадзiлiся i жылi таксама тут. Якiя салодкiя карэньчыкi былi ў цвёрдай балотнай травы! А як добра было, высунуўшы наверх толькi лычы, ляжаць у цёплай зеленаватай вадзе, калi яе прыпякала ласкавае сонейка! Яны любiлi сваё балота. Так ужо здаўна павялося. Тыгр любiць джунглi, белы мядзвезь - iльды i снягi. А дзiк? Ну зразумела ж, дзiк павiнен любiць балота. Тым больш калi на ўсёй планеце няма нi джунгляў, нi снягоў, а ёсць толькi адно бясконцае балота. Калi маленькi Фырк з'явiўся на свет, ён быў цвёрда перакананы, што лепшага, прыгажэйшага кутка няма нiдзе. Ён адразу ж заняў сваё месца пасярэдзiне статка, бо ззаду i спераду маглi напасцi ворагi. Перад iм бег моцны i грозны Вiнг, i калi Фырк адставаў, Вiнг нетаропка паварочваў назад галаву i глядзеў на яго маленькiм сярдзiтым вокам. Яны жылi ў самым цэнтры Вялiкага Балота. Удзень ляжалi ў зялёнай тванi, а ледзь пачынала змяркацца, Вiнг паднiмаў усiх. Прынюхваючыся, прыслухоўваючыся да кожнага гуку, асцярожна iшлi яны ў гушчэчу цёмных чаратоў шукаць ежу. Слаба звiнела, булькала пад нагамi чорная, як дзёгаць, вада. Над балотам плыў срэбны халаднаваты туман. Сэрца ў маленькага Фырка замiрала ад гэтай цiшынi, ад волкага туману, ад любовi да свайго балота, да свайго статку. Ён вельмi хутка рос. Цела налiвалася гарачай сiлай, iклы i капыты цвярдзелi, а шчацiнне з мяккага i белага рабiлася шэрым, калючым i пругкiм, як дрот. I яму крыўдна было, што магутны Вiнг усё яшчэ глядзiць на яго, як на малога. "Я дакажу яму, што я моцны i адважны, што я сапраўдны дзiк", - не раз думаў Фырк, лежачы ў зялёнай тванi цi праломваючы ўслед за Вiнгам непраходную сцяну траскучых чаратоў. Аднойчы, ласуючыся салодкiмi ярка-белымi карэньчыкамi балотнай травы, яны твар у твар, вока ў вока сутыкнулiся з вялiкай галоднай гайнёй ваўкоў. Гэта былi апошнiя ваўкi на iхняй планеце Вар, таму што амаль уся яна была залiта бетонам, засталося балота, а ваўкi не могуць трываць смуроднага паху гнiлой травы. - Мы будзем бiцца з вамi, сыны балота, - сказаў важак ваўкоў, худы i вялiзны Гыр. - Мы будзем бiцца, бо дарогi назад у нас няма. Жалезныя Людзi залiлi наша логава праклятай каменнай карой. - Iдзiце i нападзiце на Жалезных Людзей, Гыр, - прыгнуў тоўстую галаву, выставiў уперад вострыя жоўтыя iклы Вiнг. - Жалезныя Людзi не баяцца нашых зубоў. I таму мы будзем бiцца з вамi. I ў чаратах пачаўся бой дзiкоў з ваўкамi. Даўно не было такога жорсткага бою. Ваўкi лiхаманкава круцiлiся перад дзiкамi, разбiўшыся на кучкi, напiралi то злева, то справа, то ззаду. Яны рвалi цвёрдую скуру, мёртвай хваткай упiвалiся дзiкам у загрыўкi, раздзiралi жываты. Дзiкi стаялi як сцяна. Маленькiх парасят яны схавалi ўсярэдзiне статка, а самi, збiўшыся ў шчыльны гурт, магутнымi ўдарамi адбiвалi атакi ваўкоў. Доўгiя, ужо не жоўтыя, а чырвоныя iклы Вiнга мiльгалi, нiбы маланкi. Ён паспеў распароць жываты двум ваўкам, i ў гэты мiг на яго збоку кiнуўся Гыр. Вiнг заўважыў, крутнуўся ў мутнай вадзе, ажно пырскi шуганулi наўкола, на ляту спаймаў Гыра вострымi iкламi. Той толькi змог учапiцца яму ў вуха. I адразу ж адляцеў убок, спусцiў дух. Дзiкi перамаглi. Фырк, хiстаючыся, стаяў каля Вiнга. Кроў залiвала спiну. Але ён вельмi ганарыўся, што не аказаўся палахлiўцам. - Мы абаранiлi сваё балота, - цiха сказаў Вiнг i апусцiўся на каленi, бо не мог трымацца на нагах. Шмат ранаў на сваiм доўгiм вяку атрымаў Вiнг, але сённяшнiя былi смяртэльныя. Ён гэта ведаў i таму, памаўчаўшы, пачаў гаварыць: - Усяго трое засталося вас. Ты, Рохк, i ты, Бурк, i ты, Фырк, усе разам, як толькi я назаўсёды закрыю вочы, хутчэй iдзiце адсюль. За чаратамi ёсць сухая зямля. Iдзiце туды i там убачыце блiскучы белы пясок. Ён лечыць раны. Гыра i ваўкоў болып няма. Вам iх не трэба баяцца. Бойцеся Жалезных Людзей. Дзе нi ўбачыце, уцякайце, хавайцеся ў балоце. Вiнг адчуў, што памiрае, i загаварыў хутчэй: - Даўным-даўно, калi ўсiм навокал яшчэ валодалi Каменныя Нажы, адзiн з дзiкоў, Чвак, паверыў Каменным Нажам. З балота, са свайго сховiшча ён пайшоў да iх, жыў побач з iмi. Каменныя Нажы былi хiтрыя. Яны давалi Чваку самую смачную траву, калi ён ляжаў, наеўшыся, яны часалi яму жывот. А потым забiлi Чвака. Каменных Нажоў ужо няма. Iх, як калiсьцi яны Чвака, знiшчылi Жалезныя Людзi. Паслухайце ж мяне, старога Вiнга. Нiколi не выходзьце з балота. Жывiце i памiрайце тут. А зараз падыдзiце да мяне. Як нашы прадзеды, дакранемся на развiтанне адзiн да аднаго лычамi. Яны дакранулiся да Вiнга лычамi i пайшлi праз чараты да сухой зямлi. Не азiраючыся, яны чулi, як гаворыць Вiнг: - Вазьмi мяне, Вялiкае Балота. Хачу вярнуцца ў зялёныя лугi, да бацькi майго, да дзеда майго. За чаратамi яны ўбачылi сухую зямлю i на ёй блiскучы белы пясок. Яны павалiлiся ў гэты пясок i пачалi качацца па iм. Фырку, нiбы агнём, апякала рану на спiне. Ён вiшчаў, курчыўся ад болю, але яшчэ мацней уцiскаўся ў пясок, блiскучы, белы i салёны. Раны зажылi хутка. I зноў пачалося звычнае жыццё. Толькi цяпер дзiкоў было ўсяго трое, i яны зрабiлiся яшчэ больш асцярожнымi. Шукаць ежу выходзiлi ноччу, а днём вылежвалiся ў чаратах. Фырк прыслухоўваўся да наваколля, i трывога сцiскала сэрца. Сваiм вострым слыхам ён лавiў нейкiя незразумелыя гукi. Гукi гэтыя з кожным днём усё наблiжалiся, ахоплiвалi чараты з усiх бакоў. - Сюды iдуць Жалезныя Людзi, - разгублена сказаў Рохк, якi пасля гiбелi Вiнга быў у iх за важака. - Жалезныя Людзi iдуць i ўдзень, i ўначы таму, што не ведаюць.што такое сон. Хутка яны прыйдуць сюды. Дзiкi паглядзелi на чорна-зялёнае неба, на чырвоныя i аранжавыя зоркi, i iм захацелася, каб iхнiя чараты перанеслiся раптам на неба, туды, дзе няма Жалезных Людзей. Але неба - радзiма птушак, а дзiк спрадвеку можа жыць толькi ў балоце. I яны шчыльней уплiшчылiся ў цёмную ваду i затаiлi дыханне. I вось да чаратоў, да схованкi дабралiся Жалезныя Людзi. Страшна было глядзець на iх. Яны былi зроблены з блiскучага металу, што сляпiў вочы. Рукi i ногi доўгiя, прымацаваныя да тулава меднымi спружынамi. На грудзях у Жалезных Людзей, як злыя чырвоныя агеньчыкi, гарэлi электрычныя лiхтарыкi. Часам гэтыя лiхтарыкi пачыналi тухнуць, ледзьве свяцiлiся, i тады Жалезныя Людзi спынялiся, бралi нешта з металiчных скрыначак, якiя былi прыкручаны ў кожнага да правага калена, i сыпалi ў дзiрачку, што была прабiта ў жалезных галовах замест роту. Праз колькi часу лiхтарыкi зноў ярка ўспыхвалi, i Жалезныя Людзi iшлi ўперад. У правай руцэ кожны трымаў доўгi чорны прут. Усё, да чаго дакраналiся гэтыя пруты, адразу ж знiкала, быццам яго i не было. Жалезныя Людзi iшлi павольна таму, што сваiмi прутамi iм трэба было дакранацца да кожнага дрэва, кожнага кусцiка i чарацiнкi. Следам за першым ланцугом Жалезных Людзей рухаўся другi. З вялiкiх насосаў-помпаў яны залiвалi голую зямлю гарачым бетонам. Жалезныя Людзi з трэцяга ланцуга, што замыкаў гэта няўмольнае шэсце, былi абуты ў вялiзныя, тоўстыя, жалезныя чаравiкi. Iмi яны старанна ўтоптвалi бетон, i той рабiўся гладкi, як стол. Дзiкi ў сваiм сховiшчы перасталi нават дыхаць. А Жалезныя Людзi падыходзiлi ўсё блiжэй. Яны iшлi моўчкi, без адзiнага слова. Толькi было чутно, як у апошнiм, трэцiм,ланцугу цяжка грукаюць жалезныя чаравiкi аб бетон: тук... тук... Першы не вытрымаў Бурк. Ён выскачыў з-пад кучы звялага вецця i рынуўся на Жалезных Людзей, пагрозлiва нахiлiўшы вострыя iклы. Але што мог зрабiць дзiк, нават самы моцны, самы агрэсiўны i адважны? Бурк падбег да Жалезнага Чалавека, i Фырк з Рохкам убачылi, што ён таму ўсяго толькi па калена. Жалезны Чалавек нават нi крышачку не пахiснуўся ад магутнага тараннага ўдару. Чорным прутом ён лёгенька дакрануўся да Бурка, i Бурк знiк. Толькi засталiся сляды ад ягоных капытоў. Фырк з Рохкам моўчкi перазiрнулiся. "Ты малодшы, - аднымi вачамi сказаў Рохк. - Табе яшчэ трэба жыць, бо нельга балоту без дзiкоў. А я - важак. I я пайду ўслед за Буркам. Як вучыў нас Вiнг". Рохк ускочыў з зямлi, але не кiнуўся, як Бурк, на Жалезных Людзей. Ён пачаў асцярожна кружыцца на адным месцы, стараючыся знайсцi хоць якую-небудзь шчылiнку, дзе можна б было выслiзнуць з гэтага страшнага кола. Жалезныя Людзi тым часам падыходзiлi ўсё блiжэй. Пярэднiя чорнымi прутамi знiшчалi ўсё жывое, сярэднiя залiвалi зямлю гарачым бетонам, якi аж дымiўся, а самыя апошнiя старанна ўтоптвалi бетон. Яны не здзiвiлiся, убачыўшы перад сабой яшчэ аднаго дзiка. Яны не ўмелi здзiўляцца. Рохк з адчаем круцiўся на адным месцы. I тут ён заўважыў, што ўсе Жалезныя Людзi злучаны мiж сабой тоненькiм дроцiкам. Да правага калена кожнага жалезнага страшыдлы была прыкручана металiчная скрыначка. Усе гэтыя скрыначкi i злучаў амаль непрыкметны дроцiк. Жалезныя Людзi былi падобны на вялiзных блiскучых рыбiн, якiх начапiў нехта на адну нiзку. Вось лямпачка на грудзях у Жалезнага Чалавека пачала тухнуць. Ён нахiлiў галаву, доўгай нязграбнай рукой палез у скрыначку, каб узяць белых шарыкаў, якiя былi насыпаны там. На нейкае iмгненне ён выпусцiў Рохка з поля зроку. I Рохк рынуўся ў яго каля ног, разарваўшы дроцiк, выскачыў за першы ланцуг Жалезных Людзей. Ён бы пабег i далей, але капыты правалiлiся, загрузлi ў гарачым бетоне. Дарэмна, напружваючы ўсе сiлы, спрабаваў Рохк вырвацца з гэтай страшнай пасткi. Яго ўсё глыбей засмоктвала ў бетон. Вось ён ужо ў бетоне па каленi, па жывот, вось толькi вiдны лыч i хвосцiк... Падышлi Жалезныя Людзi ў вялiзных чаравiках з тоўстымi падэшвамi. Яны ўтапталi, утрамбавалi бетон, i нiчога не засталося ад беднага Рохка. Але недарэмна загiнуў Рохк. Жалезны Чалавек, у якога ён парваў дроцiк, нiяк не мог скрануцца з месца. Ён быццам аслеп, бязладна тыкаў перад сабой чорным прутом. Вось ён няўклюдна крутнуўся i сваiм прутом зачапiў плячо суседа. Раз! - i суседа не стала. Нешта, вiдаць, парушылася ў, здавалася б, неадольным ланцугу. Жалезныя Людзi пачалi знiшчаць адзiн аднаго. За некалькi хвiлiн усе яны разам са сваiмi чорнымi прутамi знiклi. Толькi iхнiя скрыначкi з белымi шарыкамi засталiся ляжаць у балоце ды з чорнай, нiбы смаляной вады з шыпеннем узвiвалiся срабрыстыя пухiры. Фырк не верыў вачам. Ён ужо чакаў смерцi, а тут прыйшло нечаканае збавенне. Два апошнiя ланцугi Жалезных Людзей, тыя, што залiвалi голую зямлю бетонам i ўтоптвалi бетон, пастаялi як здранцвелыя, пачакалi, усе адначасова павярнулiся i пайшлi з балота. "Дзуг, дзуг", - грукалi iхнiя чаравiкi па бетоне. I Фырк iрвануўся са свайго сховiшча. Нiколi раней не бегаў ён так хутка. Здавалася, ён ляцеў над балотам. Шбы замест хвосцiка ў яго раптам з'явiўся прапелер. Чараты так i трашчалi пад нагамi. Але Вялiкае Балота даўно ўжо зрабiлася маленькiм, бо Жалезныя Людзi з усiх бакоў удзень i ўначы наступалi на яго. Вось чаму вельмi хутка Фырк вьь скачыў на шэры цвёрды бетон, паслiзнуўся на iм i ўпаў. Ён узняўся, аддыхаўся, асцярожна i палахлiва агледзеў наваколле. Да самага небасхiлу ўсё было залiта бетонам, якi дзе-нiдзе пабраўся ўжо трэшчынамi i трэшчынкамi. Нi травы, нi кветкi, нi кусцiка не ўбачыў перад сабой Фырк. Толькi вулкан, не дужа вялiкi, з коса зрэзанай чорнай вяршыняй, дымiўся непадалёку. Да яго, нiзка ўнурыўшы ў зямлю галовы, iшлi Жалезныя Людзi. Яны тупалi адзiн за адным i блiшчалi пад промнямi сонца. Здавалася, вялiзная блiскучая гадзюка павольна ўспаўзае на схiл вулкана. Усё вышэй i вышэй узнiмалiся Жалезныя Людзi i правальвалiся, знiкалi ў кратэры. Вось знiк апошнi, i зноў пустэча i цiшыня зазвiнелi наўкол. Вельмi сумна зрабiлася Фырку. Няма Вiнга, няма Рохка з Буркам... Што рабiць? Куды iсцi? Ён павярнуўся i патрухаў назад, у сваё балота. Увесь дзень праляжаў у чаратах. Нават не ўзняўся i тады, калi пачаўся вечар, калi на чорна-зялёным выстылым небе загарэлiся яркiя чырвоныя зоркi. Ён глядзеў на зоркi i думаў, што Вялiкi Статак загiнуў. Ранiцой прыйдуць новыя Жалезныя Людзi, i нехта з iх дакранецца да яго, Фырка, чорным прутом, у якiм хаваецца смерць. Не, ён не здасца iм без бою! Да сканання ён будзе падобны на Вiнга! Фырк ускочыў на ногi. Сэрца бiлася рашуча i смела. Ён панюхаў паветра, асцярожна, але ўпэўнена, пайшоў па чаратах. "Пакуль жыве Фырк - жыве Вялiкi Статак!" - увесь час думалася яму. Там, дзе Жалезныя Людзi спалiлi адзiн аднаго, ён наткнуўся раптам на металiчную скрыначку, што напалову была залiта вадой. Белыя шарыкi высыпалiся з яе i аж зiхцелi на чорнай зямлi. Мiльготкае святло зорак рабiла iх нiбы жывымi. Фырк доўга глядзеў на гэтыя дзiўныя белыя шарыкi, таптаўся вакол iх, абнюхваў, потым з асцярогаю праглынуў адзiн шарык. Трохi пачакаўшы, праглынуў другi i трэцi. Дагэтуль ён не каштаваў нiчога падобнага. Шарыкi былi горка-кiслымi, ад iх анямела ў роце i закружылася галава. Ён падумаў, што галава кружыцца ад стомленасцi, i дзе стаяў, прылёг крыху адпачыць. Але лягчэй не зрабiлася. У вачах успыхвалi яркiя iскры, падобныя на вясновых жывых апалонiкаў, якiя ператваралiся ў зялёныя i сiнiя кветкi. Тыя кветкi раслi, буйнелi, спляталiся мiж сабой. Iх схiляў да зямлi моцны парывiсты вецер. Фырк адчуў, як ударыла ў вочы гэтым гарачым нясцерпным ветрам, i адразу ж заснуў. Невядома, колькi ён праспаў. Калi прачнуўся, сонца стаяла высока над зямлёй. Рознакаляровыя стракозы пырхалi тудысюды. Птушка кранг шпарка бегла па балоце, трымаючы ў вялiзнай плюскатай дзюбе сваё яйка, круглае, цяжкое, з чырвонымi плямамi на асляпляльна белай шкарлупiне. У ранейшыя часы Фырк адразу б сiгануў у чарот, каб толькi не сутыкнуцца з крангам, бо той, ледзьве што, шпурляе гэта яйка пад ногi першаму сустрэчнаму зверу альбо птушцы, i яйка адразу ж узрываецца, са страшнай сiлай раскiдваючы наўкол востранаточаныя касцяныя пласцiнкi, якiя могуць нават забiць. Але зараз Фырк адчуваў, што ён ужо не той, што быў раней, i таму нi кропелькi не спалохаўся дурнога кранга. Гэта здзiвiла i насцярожыла Фырка. Вядома ж, упершыню пакаштаваныя белыя шарыкi зрабiлi яго такiм. Незвычайныя сiла i лёгкасць адчувалiся ў целе. Ён быў мацнейшы за Вiнга, за ўсiх дзiкоў, якiя калi-небудзь жылi на планеце Вар. Але, самае галоўнае - ён пачаў разумець глыбiнны сэнс таго, што адбываецца. Нiбы з цёмных непраходных чаратоў выскачыў на шырокую, залiтую сонцам прагалiну. Ён i ўчора разумеў зыкi i пахi наваколля. Ды яны жылi ў iм i вакол, сплеценыя ў шчыльны клубок, засланялi адзiн аднаго, перашкаджалi з усiх галасоў выдзелiць нейкi адзiн голас. Сёння ж ён чуў, як тоненька, танюсенька спявае чарот, як з мокрага шчацiння зрываюцца срэбныя кроплi вады, як сiняя страказа, што села на пёрка травы, iмклiва б'е па паветры сваiмi празрыстымi крылцамi. "Белыя таямнiчыя шарыкi Жалезных Людзей зрабiлi мяне такiм, вiдушчым i мудрым, - сам сабе сказаў Фырк. - Значыць, Вялiкi Статак не загiне. Учарашняга Фырка, палахлiвага i няўмелага, болей няма. Сёння я - Аюс Першы. Я разумею галасы прыроды. Я ведаю, што мае ворагi Жалезныя Людзi i тыя, хто прысылае гэтых жалязяк сюды з вулкана. Яны хочуць знiшчыць усё жывое i непадобнае на iх, хочуць, каб скрозь быў шэры цвёрды бетон. Але iм не адолець, не перамагчы Аюса Першага". Аюс (назаўсёды забудзем iмя Фырк!) вырашыў, як толькi змеркнецца, выйсцi з балота i разведаць тэрыторыю па той бок вулкана. А пакуль што ён старанна пазбiраў металiчныя скрыначкi з белымi шарыкамi i схаваў iх у надзейнае месца - мiж тоўстых каранёў старога дрэва тулур, якое, свецячы патрэсканай попельна-сiняй карой, расло непадалёку. Ён ведаў - яны абавязкова спатрэбяцца i яму, i яго новым сябрам. А ў тым, што ён напаткае сяброў, не ў балоце, дык па той бок вулкана, Аюс Першы нi кропелькi не сумняваўся. Жалезныя Людзi, гаспадары Жалезных Людзей, бетон, якiм яны, нiбы струпам, хочуць пакрыць усё, нiчога не будуць варты ў параўнаннi з Аюсам i ягонымi адважнымi сябрамi. Так думаў, чакаючы прыцемкаў, Аюс Першы, кароль жывёл з планеты Вар. IX - Дык вось адкуль узялiся ўсе нашы зямныя казкi аб жывой вадзе, сказаў Радаслаў Буслейка Веры Хрысцiнюк, убачыўшы, што твар у Клёна Дубровiча паружавеў, затрымцелi вейкi, а неўзабаве расплюшчылiся вочы. Лептонная энергiя, якая застаецца пасля фiзiчнай смерцi кожнага чалавечага iндывiдуума, як i прадказвалi вучоныя i фантасты, не знiкае, не рассыпаецца ў космасе, а стараецца трымацца кампактнай масаю, чакаючы цi аднаўлення ранейшага цела (як у выпадку з Клёнам), цi з'яўлення абсалютна новага, каб усялiцца ў яго. Я гэта ўбачыў яшчэ ў час бою з шышкагаловiкамi каля Пятровiцкага вадасховiшча. Але ж там былi не людзi, а псеўдабiялагiчныя копii. А тут - чалавек, падлетак, якi быў мёртвы, знаходзiўся ў стане клiнiчнай смерцi i на нашых вачах ажыў. Ён сядзеў, звесiўшы ногi, на круглым металiчным дыску. Гэты дыск, знутры якога даносiлася роўнае, мяккае, як пчалiнае, гудзенне, знаходзiўся на вышынi ў два-тры з паловай метры над Ракой Адноўленых Твараў. Лёгкiя хвалi беглi па рацэ. Але там, унiзе, у блiскучых металiчных берагах, цякла не вада, а нейкая густая маслянiстая вадкасць, колерам падобная на малако. Яна была ў меру празрыстая, i Радаслаў добра, выразна бачыў твар Клёна Дубровiча - нахмураныя цёмныя бровы, запалыя шчокi. Усё цела падлетка было пагружана ў гэту вадкасць, у тым лiку i твар. Клён ляжаў на спiне, танклявы, худы, i часам здаваўся Радаславу маладой драпежнай акулай, якая, затаiўшыся, падкаравульвае здабычу. - Ты будзеш жыць, - пiльна i неадрыўна ўзiраючыся ў твар Клёну, як заклiнанне, як малiтву, паўтараў i паўтараў Буслейка. Так загадалi плазмоiды. Тое ж самае рабiла i Вера Хрысцiнюк, дыск якой вiсеў над ракой метры за тры ад Радаслава. I вось Клён павольна i, адчувалася, пакутлiва расплюшчыў вочы. - Ура! - пляснула ў ладкi Вера Хрысцiнюк, i дыск пад ёй захiстаўся. - Цiшэй, жыхарка не нашай планеты, - адразу пачулася збоку невялiкага зялёнага шара, якi цiха-цiха кружыўся над металiчным берагам Ракi Адноўленых Твараў. - Трэба суадносiць свае дэцыбелы, акустычную моц свайго голасу са свяшчэннасцю гэтай хвiлiны. У дадзеную бiялагiчную структуру вяртаецца жыццё, а ты можаш спалохаць яго, як лугавую птушку, сваiм крыкам. Цiшэй. Вера Хрысцiнюк пагардлiва зморшчыла прыгожы носiк, але адразу ж прыкусiла язык. Радаслаў жа прыкмецiў, што акрамя зялёнага шара па абодва берагi ракi роўным шнуром, як бы нешта вычэкваючы, застылi фiялетавыя i чырвоныя шары. "Два кланы, якiя не хочуць мiрыцца з чалавецтвам, здагадаўся стрэсаператар. - Iхнiя прадстаўнiкi, дакладней, iхнiя шпiкi, таксама прысутнiчаюць пры ажыўленнi Клёна. Настроены яны даволi агрэсiўна пускаюць iскры". Тым часам Клён здзiўлена пазiраў знiзу ўверх на Радаслава i Веру, на iхнiя дыскi. Потым, рэзка шырока раскрылiўшы рукi, адштурхнуўся ад "вады", стаў на ногi, i адчувалася - рака глыбокая i стаiць ён не на дне. I што цiкава - не пачулася анiякага плёскату. "Вада" была безгалосая, нямая. - Дзе я? - разгублена спытаў сам у сябе Клён. Пэўна, ён думаў, што бачыць усё гэта ўва сне. - Жыхар не нашай планеты, ты знаходзiшся на Свяшчэннай планеце Вар, стрымгалоў сарваўшыся з месца, падляцеў да яго зялёны шар. - Дзе? Якi самавар? - не дачуўшы, iранiчна зморшчыўся Клён Дубровiч. - Ты знаходзiшся на Свяшчэннай планеце Вар, - з годнасцю, нi на ёту не пакрыўдзiўшыся, паўтарыў зялёны плазмоiд. Тут да Клёна нарэшце дайшло, што ён не спiць, а стаiць па пояс у нейкай вадкасцi i размаўляе, як з жывым (!), з нейкiм шарам. - Што ж са мной было? - спалохана, глытаючы словы, спытаў ён. - Ты быў мерцвяком. Клеткi твайго галаўнога мозга пачыналi разбурацца... - Мерцвяком? - аж падскочыў Клён. I зноў "вада" ў Рацэ Адноўленых Твараў не ўзляцела ва ўсе бакi пырскамi, засталася бясшумнай. - Так, бо ўсё жывое павiнна некалi памерцi. "Каб не памерлi, дык неба б падперлi". Здаецца, гэта'к кажуць на планеце Зямля? Але Розум Народа Ўсiх Сямi Колераў ажывiў цябе. Жывi i памятай, што ты - гарант прымiрэння дзвюх цывiлiзацый: Старой, або Плазмоiднай, i Бялковай. У гэты час на берагах ракi пачулася разгневанае шыпенне. Радаслаў Буслейка заўважыў, што фiялетавыя i чырвоныя шары пачалi пагрозна раздзiмацца, узбуджана скакаць. Iскры так i сыпалiся з iх. Вось яны, шчыльней згуртаваўшыся, павольна паплылi да сярэдзiны Ракi Адноўленых Твараў, дзе знаходзiўся ўшчэнт разгублены Клён, якому здавалася, што ён скрануўся з глузду. - Спынiцеся, Фiялетавыя i Чырвоныя Браты! - гучна прамовiў зялёны плазмоiд. - Падумайце, што болып: два кланы цi пяць кланаў? Але тыя павольна падплывалi ўсё блiжэй. - Мне страшна, - умольна пазiраючы на Радаслава, дрыготкiм голасам прамовiла Вера Хрысцiнюк. - Дайце сваю руку, - загадаў ёй Радаслаў. Яны памкнулiся адно аднаму насустрач, ледзь не ўпалi з дыскаў, i ўсё ж Буслейку ўдалося падцягнуць яе разам з дыскам да сябе. Трое зямлян: жанчына, мужчына i падлетак i зялёны плазмоiд побач з iмi насцярожана сачылi за няўмольным наблiжэннем раз'юшаных чырвоных i фiялетавых шароў. - Мы апынулiся памiж молатам i кавадлам, - цiха сказаў Радаслаў, моцна сцiскаючы вузкую цёплую далонь Веры. I тут зялёны плазмоiд, рэзка ўзвiўшыся ўгору, каменем упаў адтуль унiз, пляснуўся аб застылую паверхню Ракi Адноўленых Твараў, рассыпаўшыся на сотнi дробных рознакаляровых кавалачкаў-iскрынак. "Ахвяраваў сабой", - зразумеў Радаслаў. Тое, што яны ўбачылi адразу ж пасля самагубства зялёнага шара, пераўзыходзiла ўсе самыя фантастычныя мроi на палотнах мастакоў-сюррэалiстаў. Рака зараўла, як параненая мядзведзiца. Мноства яркiх, самых розных колераў i адценняў пухiроў з'явiлася, ускочыла па ўсёй яе шырынi. Некаторыя з iх звонка, аглушальна лопалiся, але большасць адрывалася ад ракi, пакiдаючы на сваiм месцы варонкi, i ўзлятала ў паветра. Яны iмгненна групавалiся, ствараючы элiпсавiдныя колы, i рашуча кiравалiся насустрач фiялетавым i чырвоным плазмоiдам. Вось пярэднiя сутыкнулiся, загрымеў гром, блiснулi зiхоткiя маланкi, гарачы вецер нясцерпна пайшоў наўкол. Магутным парывам Радаслава скiнула з дыска, i ён паляцеў (Вера Хрысцiнюк ляцела разам з iм) над Ракой Адноўленых Твараў, у якой здранцвела стаяў Клён Дубровiч. Ён баяўся, каб iх не ўдарыла аб металiчны бераг, але iм пашанцавала, i яны ўпалi ў мяккi зялёны пясок i нейкi час ляжалi нерухома. Дзiкая бура свiстала, грукатала над iхнiмi галовамi, разломваючы неба. Асляпляльныя маланкi ўспыхвалi адна за адной i мелi форму крыжоў, востраканцовых зорак, вогненных мядуз. - Што з Клёнам? - у роспачы закрычала Вера Хрысцiнюк. - Ён у рацэ, - давячыся ветрам, адказаў Радаслаў. - Як нас несла сюды, ён стаяў у рацэ. - Бедны хлопчык, - сумна прамовiла Вера. - Ды i мы з вамi, Радаслаў, няшчасныя бедныя людзiч Вы адчуваеце сваю нiкчэмнасць, поўную безабароннасць сярод гэтага незразумелага вар'яцкага хаосу? - Я? - спытаў Буслейка. - Нi кропелькi не адчуваю. Мы - зямляне, Вера. I гэтым сказана ўсё. I я зараз жа iду шукаць Клёна. А вы заставайцеся тут, чакайце. - Я таксама пайду. - Не трэба. Там небяспечна. Я хутка вярнуся. Радаслаў, нiзка прыгнуўшыся, закрываючы вочы рукамi, цяжка пакрочыў да Ракi Адноўленых Твараў. Ён адчуваў, як гарачым ветрам яму абсмальвае шчокi. Грымела з усiх бакоў, зверху. Здавалася, яшчэ iмгненне i яго наскрозь пранiзае смертаносны востры рог маланкi. Зямлю пад нагамi ("Як завецца тут тое, па чым я iду? - падумаў ён. - Вар? Варыт?") залiвала зялёным, вельмi яркiм святлом. - Клён? - крыкнуў Радаслаў. - Клён, дзе ты?! Раптоўна, як па ўзмаху нейкай чароўнай палачкi, усё сцiхла, адразу ж праяснiлася неба, Рака Адноўленых Твараў нерухома ляжала перад Буслейкам, толькi "вады" ў ёй было трохi менш, бо металiчны блiскучы бераг цягнуўся да самага небасхiлу шырэйшаю паласой. Клён стаяў на тым жа месцы, дзе яго заспела нечаканая бiтва-вiхура плазмоiдаў. Проста ў яго над галавой, як шчыт, што прыкрывае ад удараў, вiсела група плазмоiдаў, каля васьмi дзесяцi шароў. - Радаслаў Алесевiч! - радасна закрычаў Клён, убачыўшы Буслейку. - Якоё шчасце, што вы жывыя! А я ўжо думаў - нiколi не сустрэнемся. Так грымела, так грымела. Ён палахлiва зiрнуў на чыстае зялёнае неба, на якiм не было нi хмурынкi, толькi дзе-нiдзе лёталi вялiзныя крангi, моцна сцiскаючы ў кiпцюрыстых лапах свае пярэстыя яйкi. - Што гэта за птушкi? - спытаў Клён. - Не ведаю, бо ўсяго другi дзень гасцюю на гэтай планеце, - весела адказаў Радаслаў. - Падобны на нашых зямных грыфаў - такiя ж голыя шыi. Буслейка быў вельмi задаволены, што Клён жывыздаровы. Гэты падлетак паспеў ужо запасцi яму ў сэрца сваiм трагiчным лёсам, сваёй напорыстай весялосцю, дый проста тым, што быў, як i ён, як i Вера, зямлянiнам. За некалькi дзесяткаў парсекаў ад Зямлi такое адчуваецца надзвычай востра. Сусвет напоўнены мноствам жывых iстот, але Чалавек, куды нi пракладзi курс касмiчных караблёў, адзiн, непаўторны, i ўдалечынi ад роднай блакiтнай планеты яго сустракаеш, як Брата. Вядома ж, куды лепш напаткаць у касмiчным вандраваннi не васьмiлапага звышразумнага павука, не генiяльнага суперiнтэлектуальнага яшчара з касцiстым грабянцом на шурпатай спiне, а двухногага i двухвокага нашчадка Адама, якi мае адну галаву i адно чалавечае сэрца. Да Ракi Адноўленых Твараў ужо бегла Вера Хрысцiнюк. Шчасцем свяцiлiся вочы. Некалькi хвiлiн назад яна думала, што i Радаслаў i Клён загiнулi, што яе таксама чакае непазбежная смерць на гэтай жахлiвай планеце, дзе люта б'юцца памiж сабой не людзi, не страшыдлы, а нейкiя шары. - Радаслаў! - закрычала яна. - Клёнiк! Даражэнькiя вы мае! Клён спахмурнеў, убачыўшы Веру. Успомнiлася, як некалi на Чорным Хутары яна пажадлiва, з бляскам у вачах глядзела на ягонага бацьку. Зараз чамусьцi яму кiнулася ў вочы, што ў яе дужа белыя, як снежныя, зубы, i гэта было непрыемна. Каб неяк вылузнуцца з прыкрага становiшча (усё ж Вера - зямлянка, а тут, на планеце Вар, iм, зямлянам, трэба трымацца дружна, разам), ён сказаў: - Стаяў, калацiўся ў гэтай рацэ i нават твар не замачыў. Эх, i нырну ж я зараз! Раптам пачуўся рэзкi ўладны голас: - Не купайся ў Рацэ Адноўленых Твараў! Памятай, жыхар не нашай планеты, - тое, у чым ты стаяў i стаiш, не Н2О. Калi ты не хочаш, каб твой мозг звар'яцеў i захацеў неадкладна аддзялiцца ад твайго цела, асцярожна выходзь на бераг. Цябе там чакаюць твае сябры. Ты паспiш, адпачнеш i паляцiш на планету Зямля. Ты - Гарант Вечнага Шру. - Ты - Гарант Вечнага Шру! - зладжаным хорам усклiкнулi ўсе плазмоiды, што вiселi над Клёнам. - Якi яшчэ гарант? - незадаволена сказаў Клён, але адразу ж пачаў выбiрацца на бераг, стараючыся iсцi нешырокiмi крокамi i па прамой лiнii. - Прывiтанне, землячок! - сцiснуў яго, як малодшага брата, у абдымках Радаслаў Буслейка. - Добры дзень, Клёнiк, - цмокнула Клёна ў шчаку Вера Хрысцiнюк. Ад прылiву ўдзячнасцi, нават любовi да гэтых малазнаёмых людзей (Радаслава да планеты Вар ён наогул не ведаў) Клён ледзь не заплакаў. Але стрымаўся, як i належыць мужчыне. Спытаў: - I калi мы паляцiм назад на Зямлю? Плазмоiды ж абяцалi, што паспiм, адпачнем i адразу паляцiм. Значыць, адпраўляемся заўтра? - Не спяшайся, жыхар не нашай планеты, - цвёрда, амаль сурова прагучала ў iх над галовамi. Яны ўбачылi вялiзны зялёны шар, якi паважна выплываў з купы iншых, значна меншых.
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16
|