Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Чалавек з брыльянтавым сэрцам (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Дайнеко Л. / Чалавек з брыльянтавым сэрцам (на белорусском языке) - Чтение (стр. 3)
Автор: Дайнеко Л.
Жанр:

 

 


      - Кожнае слова ватай абкладвае, - сказаў, зморшчыўшыся, Гай сыну. Выключы. А ў Бiблii ж напiсана: "Словы мудрых - як iголкi i як увабiтыя цвiкi".
      - Зараз не будзе нi iголак, нi цвiкоў, - весела прамовiў Клён i выключыў тэлевiзар.
      Насоўвалася ноч. Было чутно, як на двары, вакол дома, трывожна бегае вецер. Бацька з сынам сцiшылiся. Яны думалi, кожны, вядома, па-свойму, аб адным. Яны думалi аб Вялiкiм Жаху.
      Няма i не было чалавека, якi б не ведаў, што такое страх. Самы найхрабрэйшы з герояў мог кiдацца на коп'i, амбразуры з кулямётамi, са святою песняй узыходзiць на вогнiшча, смеючыся iсцi па канаце, нацягнутым мiж высачэзнымi небаскробамi, i ўздрыгваць, нiбы заяц, ад слабага гуку, якi ў глухiм лесе раптоўна раздаваўся за ягонай спiной. Летучы з дрэва, ударалася аб зямлю яловая спелая шышка, а ў чалавека ад неспадзеўкi падкошвалiся ногi i цямнела ўваччу. Колькi на планеце людзей, столькi й страхаў. Ды, несумненна, значна больш. Самы галоўны для ўсiх жывых - страх смерцi, магiлы. А ёсць жа страх болю i хваробы, страх цемры i вышынi, страх беднасцi i здрады... Адзiн баiцца патаўсцець, палысець, кашлянуць пад час сiмфанiчнага канцэрта, калi натхнёна i светла салiруе скрыпка. Другi баiцца глянуць у вочы начальству. Кожнага, як кажуць, свая пiла пiлуе. За тысячагоддзi зямной гiсторыi столькi набралася страхаў, дэпрэсiй i стрэсаў, столькi енкаў i крыкаў, што ўсё гэта, у рэшце рэшт, не магло не аб'яднацца, не злiцца ў адну субстанцыю, iмя якой - Вялiкi Жах. Людзi Вялiкай Эры Плюралiзму ўпершыню, твар у твар, сутыкнулiся з iм гадоў сто назад, калi ён пачаў атакаваць Зямлю з Дальняга Космасу. Размовы аб д'яблах, аб начных прывiдах i злых духах, аб палтэргейсце, у час якога самi сабою лёталi цяжкiя хатнiя рэчы, выстрэльвалiся, як кулi, са сваiх гнёздаў электрычныя пробкi i пагрозлiва крычалi сцены, зрабiлiся, на жаль, суровай рэальнасцю. Калi ўдумацца, унiкнуць глыбей, то нiчога асаблiва ненатуральнага ва ўсiм гэтым няма. Ёсць усеагульны закон захавання матэрыi i руху, закон захавання энергii. Нiшто не знiкае, у тым лiку i жыццё. Што робiцца з фiзiчнай сiлай, з духам тых людзей, якiя памiраюць? Яны адлятаюць да верхнiх рубяжоў Дальняга Космасу, там канцэнтрыруюцца, перагрупоўваюцца, каб у выглядзе розных вiдаў энергii (маланак, сонечнага ветру) зноў вярнуцца на Зямлю. Адсюль, з гэтага вызваленага палёту, пачынаюцца ўсе рэлiгii, вера ва ўзнясенне пасля смерцi на нябёсы. I таксама адсюль "труба", якую бачаць, праз якую са страшэннай iмклiвасцю iмчацца тыя, хто пераступае парог клiнiчнай смерцi. Ведаючы пра закон захавання энергii, няцяжка перакiнуць масток да закону захавання эмоцый, як станоўчых, так i адмоўных. Яны не знiкаюць, а зноў жа назапашваюцца каля верхнiх рубяжоў Дальняга Космасу, прычым адмоўныя трымаюцца ў раёне чорных дзiрак. Нездарма чалавецтва яшчэ ў дагамераўскiя часы было ўпэўнена ў iснаваннi Светлых i Цёмных Сiл, якiя кiруюць лёсам людзей. Грэчаскiя, а за iмi нямецкiя фiлосафы спачатку асцярожна, а потым усё настойлiвей пачалi падмяняць паняцце Бог паняццем Абсалютнага Розуму. Але толькi навуковая думка Вялiкай Эры Плюралiзму прыйшла да цвёрдай высновы, што ўвесь бачны i нябачны Сусвет ёсць не што iншае, як... Адзiны Мозг. Наша Галактыка, у якой дробненькiм зярняткам згубiлася планета Зямля, клетка гэтага Мозгу i знаходзiцца ў ягоным левым паўшар'i. Чалавечы мозг - зменшаная копiя Адзiнага Мозгу. Плямы i ўспышкi на Сонцы, каметы i метэарытныя дажджы, паўночныя ззяннi i нечуваныя ўраганы усё гэта паверхневыя праяўленнi эмацыянальнай дзейнасцi Адзiнага Мозгу. У глыбiню, у самы патаемны асяродак гэтай дзейнасцi чалавецтва не пранiкла i, бадай, нiколi не пранiкне, бо мозг не можа зразумець самога сябе, няма люстэрка, у якiм бы ён убачыў сябе збоку.
      Бацька i сын Дубровiчы, прыслухоўваючыся да шуму начнога ветру, гаварылi напаўголас аб усiм гэтым i чакалi прыходу Вялiкага Жаху. Такое магло здарыцца сёння, заўтра, у любую хвiлiну. Вялiкi Жах, калi б можна было ў дачыненнi да яго карыстацца чалавечымi ацэнкамi, быў даволi выхаваным i тактоўным. Свайго чарговага працiўнiка (не будзем казаць - ахвяру) ён загадзя папярэджваў (успомнiм крылаты выраз князя Святаслава: "Iду на Вы"). Некалькi папярэджванняў атрымаў i Гай Дубровiч - трывожныя сны блiзкiх людзей i добрых знаёмых, падзенне балкона, чорны павук на твары... Такiмi, здавалася б, малазначнымi штрышкамi, iмгненнымi фехтавальнымi выпадамi Жах, мяркуючы па ўсiм, хацеў яшчэ да свайго прыходу падавiць чалавечую волю. Прырода Вялiкага Жаху i дагэтуль вельмi слаба вывучана. Можна меркаваць, што ён наведваў людзей ужо ў каменным веку, бо праводзячы таемныя iнiцыяцыi, у час якiх дзецi станавiлiся паўналетнiмi, маленькiх хлопчыкаў запiралi на ноч у цёмных пячорах, секлi дубцамi, выбiвалi iм зубы. Дзiцячую душу такiм жорсткiм чынам рыхтавалi да спаткання ў далейшым жыццi з нейкай бязлiтаснай грознай сiлай. Што ж такое Вялiкi Жах i дзеля чаго ён зноў пачаў атакаваць планету? Адказаць няпроста. На Зямлi ўжо былi перыяды актыўнага накаплення адмоўна зараджанай жывой энергii - iнквiзiцыя, фашызм, сталiнiзм. Рашуча адмовiўшыся ад iх, пракляўшы iх, чалавецтва ўступiла ў Вялiкую Эру Плюралiзму. Нейкую разгадку, хоць далёка няпоўную, дае выслоўе святара i мыслiцеля Аўгусцiна Вялiкага: "Зло iснуе для таго, каб падкрэслiць сiлу дабра". У падтрымку святара можна прывесцi думку, што дабро заўсёды мае сэнс, а зло часта iснуе бессэнсоўна.
      Прайшла ноч. Ранiцой у акно кабiнета, дзе пiсаў Гай Дубровiч, рэзка стукнуўся лясны голуб i разбiўся насмерць. Клён збег унiз, пашукаў яго ў гародчыку, у густой траве ўздоўж сцежкi, толькi ўсё дарэмна. Можна было нават падумаць, што нiякай птушкi не было, але ж на шыбiне выразна бачылiся яркiя плямы крывi i шэрае тонкае пёрка, якое прыклеiлася адным сваiм канцом да шкла i лiхаманкава трапятала пад парывамi ветру.
      - Бацька, ты возьмеш мяне на Астэроiд? - спытаў Клён.
      - Падумаю, - адказаў Гай, але ўбачыўшы, што вочы ў сына адразу зрабiлiся сумнымi, дадаў: - Абавязкова паляцiш са мной.
      - А колькi ён кiламетраў у папярочнiку? - не адставаў, чапiўся Клён.
      - У дыяметры, - паправiў Гай, але раптам зразумеў, што сын гаворыць абы толькi гаварыць, абы не маўчаць.
      - Ты што? - схапiў ён сына за плечы.
      - Баюся, - шчыра прызнаўся Клён. - Давай сядзем у верталёт i паляцiм з Чорнага Хутара дадому. Там - мама. Давай паляцiм, бо хутка зноў надыдзе ноч.
      - Напрасiўся мяне ад страху ратаваць, а сам баiшся? - засмяяўся Гай. З намi ж самы бясстрашны робат па iменi Дулеб. У нас дзве аўчаркi, нямецкая i шатландская, цэлы арсенал зброi, пачынаючы ад кухоннага нажа i канчаючы газавым пiсталетам. Ды мы з табой, сын...
      - Выпрабаванне будзе вельмi суровае. Дзевятай катэгорыi, - прагучаў раптам цiхi, але надта выразны, як бы металiчны голас.
      Бацька з сынам анямела паглядзелi адзiн на аднаго.
      - ...Мы з табой, сын, тут стогадовую асаду-аблогу можам вытрымаць, усёткi скончыў сваю фразу разгублены Гай i спытаў у сына: - Хто гэта сказаў? Можа, Дулеб жартуе?
      Але сам жа з вышынi другога паверха ўбачыў, як робат, не спяшаючыся, нязграбна падцягваючы левую нагу, iдзе па садовай дарожцы. "Трэба шарнiры праверыць на левым калене", - мiжволi падумаў Гай. Робат раптам звярнуў з дарожкi на лужок, па якiм яму хадзiць было катэгарычна забаронена, пайшоў, жалезнымi нагамi збiваючы кветкi. Гэта вельмi ўразiла Гая. Дулеб заўсёды быў дысцыплiнаваным, Упраўленне Хатнiх Робатаў нават аднойчы ўзнагародзiла яго прэстыжным касмабiлетам на Астэроiд.
      - Што гэта? - пабялеўшы, запытальна зiрнуў на бацьку Клён.
      - Голас, - адказаў Гай.
      - Але чый голас?
      - Давай прысядзем, - прапанаваў Гай. Яны селi на тахту, прычым сын доўгiмi нагамi цiснуўся да бацькавых каленяў - баяўся.
      - Прагучаў голас, i мы абодва пачулi яго, - гледзячы ў вочы сыну, стараючыся надаць яму бадзёрасцi, загаварыў Гай Дубровiч. - Калектыўныя галюцынацыi здараюцца дужа рэдка, i, значыць, гэта была не галюцынацыя. Карацей кажучы, нас папярэдзiў Вялiкi Жах. Тыя, хто з iм сустракаўся, расказвалi, што ён майстар на такiя штучкi.
      - Але што яму трэба? - не сунiмаўся Клён. - I наогул што гэта ўсё такое?
      - Ты мяне пытаеш, як быццам я, самае меншае, стрыечны брат гэтаму Жаху. Ды пастараюся што-кольвечы растлумачыць. Яшчэ некалькi дзесяцiгоддзяў назад вучоныя-уфолагi (ты ведаеш, так называюцца спецыялiсты па ўсiх гэтых "талерках" па КЛА) правялi цэлую серыю фатаграфаванняў у нябачнай частцы светлавога спектру. Фатаграфii (а iх былi сотнi) пацвердзiлi iснаванне тонкай небялковай формы разумнага жыцця, якая, мяркуючы па ўсiм, намнога старэй за нашу цывiлiзацыю. КЛА ёсць не што iншае, як засцерагальныя ўмяшчальнi элементаў гэтага "разумнага эфiру". Яны ствараюцца на нейкi час, а потым знiкаюць, i нечым падобныя на звычайныя мыльныя бурбалкi.
      - Я пра ўсё гэта чытаў, - нецярплiва i не вельмi тактоўна перарваў бацьку сын. - Я ведаю, што жыццё на нашай планеце стварылi бялкi i нуклеiнавыя кiслоты. I што прынцыпы генетычнага кадавання, бiясiнтэзу бялкоў i нуклеiнавых кiслот адзiныя для ўсяго жывога. Значыць, калi гэты Вялiкi Жах нешта жывое, ён створаны не на бялковай, а на нейкай iншай аснове?
      - Атрымлiваецца, што так, - адказаў бацька. - Прырода - найвялiкшы камбiнатар. I наогул мы ведаем пра свет, у якiм жывём мiльёны гадоў, нейкую нiкчэмную долю таго, што неабходна ведаць. Возьмем той жа Вялiкi Жах. Яўна агрэсiўная грубая сiла, якая ўжо не першы год тэрарызуе чалавецтва. Ён атакуе не грамадства ў цэлым, а паасобку кожны iндывiдуум, лагiчна мяркуючы, што так лягчэй запалохаць, паставiць на каленi, цi што там яшчэ яму трэба ад людзей. Ён як быццам помсцiць за нешта, або не хоча некуды, у нейкiя запаветныя дзверы ўпусцiць. Ды цi iснуе ён наогул? Вось у чым загвоздка. У рэшце рэшт, не выключана, што на базе чалавечага мозгу можа iснаваць некалькi асобiн, якiя звязаны памiж сабой толькi целам. Адна з асобiн можа жадаць смерцi целу.
      Увесь гэты час Клён напружана глядзеў на бацьку, нiбы прымерваўся да яго. Потым сказаў, i словы прагучалi, як загад:
      - Пазванi сваiм сябрам. Хто ў цябе ёсць з сяброў? Пазванi на Iндаэўрапейскае тэлебачанне Навуму Масейкiну. Дай "SОS". Так i так - хутчэй iмчыся на Чорны Хутар, хутчэй ратуй, iнакш можа адбыцца поўная i абсалютная дэматэрыялiзацыя, магу разам з любiмым сынам аддаць канцы.
      Гай i раней заўважаў у паводзiнах i ў словах сына нейкую знарачыстую грубаватасць, нейкае панiбрацтва, быццам размаўляў той не з бацькам, а са сваiм жа галалобым нафарбаваным равеснiкам, "шарыкам з адной лузачкi", як яны любяць казаць. Адкуль такi тон? Ад ранняга сталення i цэлага акiяну iнфармацыi, што захлiствае гэтых маладых пеўнiкаў з ног да галавы? А можа, ад таго, што дужа рана робяцца яны спелымi мужчынамi з ярасным бушаваннем палавых гармонаў у крывi?
      Гай пазванiў Навуму Масейкiну. Таго доўга шукалi, нарэшце знайшлi.
      - Жывуць Сонца i Кiсларод! - весела выгукнуў здалёку Масейкiн.
      Гай лаканiчна, як толькi мог, абмаляваў сiтуацыю, папрасiў, пры магчымасцi, зазiрнуць на Чорны Хутар.
      - Мой малы баiцца, - цiха сказаў у слухаўку, косячы вокам, каб, крый божа, не пачуў Клён.
      - Якую катэгорыю паабяцаў табе той пракляты голас? - перапытаў Масейкiн.
      - Дзевятую.
      - Дзевятую? Ну, стары, трымайся. Я ў яго, як памятаю, па пятай катэгорыi праходзiў. Белым прамянём так хвастануў, ажно я прысеў. А назаўтра жонка гаворыць: "Кракадзiльчык (гэта яна мяне, калi ў добрым настроi, так называе), адкуль у цябе шрам на левым плячы? А ў мяне нiколi нiякага шрама зроду не было. Адным словам, не вешай нос - iмчуся да цябе. I не забудзь пра Ўзмацняльнiк Волi.
      Змяркалася. Дубровiчы трымалiся разам. Гай, ужо не кажучы пра Клёна, у глыбiнi душы раскайваўся, што кiнуў-рынуў горад i прыляцеў на Чорны Хутар. Паклiкалi да сябе робата Дулеба. Ён звычайна лёгка ўзыходзiў па лесвiцы на другi паверх, але сёння адказаў вiнаватым голасам:
      - Не магу, спадар Гай. Левая нага не слухаецца. Буду званiць ва Ўпраўленне Хатнiх Робатаў, каб прыслалi рамонтнiка.
      Дулеб пачаў званiць у горад. "Нешта тут не так, - падумалася Гаю. Дулеб жа робат звышновай серыi. Такiя, сама меней, тры гады працуюць без анiякага збою".
      Раптоўна захацеў спаць Клён i пайшоў у свой пакой. Вяла цмокнуў бацьку ў шчаку, зачынiў за сабою дзверы. "Дзiўна, - зноў падумалася Гаю, - ледзь не трымцеў ад страху, а тут - нуль увагi на бацьку i ўжо дае храпака. Дзiўна".
      Ён ляжаў на ложку, ляжаў на спiне, пазiраючы ў столь, i думаў. Старая цывiлiзацыя ўсё ярасней атакуе маладую. Пэўна ж, з-за таго, што па нейкiх прычынах давялося адступiць на другi план, саступiць у цень, у змрок. Колькi разоў зямное супольнiцтва спрабавала выйсцi з ёю на кантакт, дамовiцца, прымiрыцца, падзялiць, нарэшце, сферы ўплыву, нават аддаць цэлы мацярык, Антарктыду. Пакуль што нiчога не атрымлiваецца, адказу няма. Тысячы людзей ужо сустракалiся з ёю твар у твар, некаторых яна цяжка пакалечыла, але нiхто (нiхто!) не можа намаляваць яе партрэт. Пакрысе вучоныя пачынаюць сыходзiцца на той думцы, што смерць, бiялагiчная смерць чалавека, не што iншае, як помста Старой Цывiлiзацыi. Чалавек жа, у прынцыпе, несмяротны, асаблiва калi ўлiчваць, што сперматазоiд, ад якога зачаўся сын, прыйшоў з цела бацькi, а яшчэ раней - з цела дзеда, прадзеда, прапрадзеда... з цела Адама. Восемдзесят пяць гадоў жыцця, адпушчаных у сярэднiм кожнаму землянiну, гэта, прыкладна, толькi пятая частка таго часу, якi ён мог бы пражыць. Вучоныя называюць Старую цывiлiзацыю катакомбнай, або падпольнай. Нядаўна атрыманы звесткi аб тым, што яе калонii, нябачныя няўзброенаму воку, выяўлены ў кратэрах дзеючых вулканаў. А што такое снежныя людзi, таямнiчая Нэсi? А мерцвякi, ваўкалакi i невiдзiмкi? Гэта яе голас гучыць, адчайна i няўтольна, зiмовай мяцельнай ноччу ў комiне i ў галiнах старых дрэў, гэта яе след, як халодны звонкi ланцуг, кiнуты ў сцюдзёнасць росных траў у туманным свiтальным лесе. Яе нiдзе не вiдно, i яна - усюды. А шэсць гадоў назад яна ўпершыню паспрабавала захапiць цэлы горад, Чыкага. Гай, помнiцца, чытаў аб гэтым рэпартаж у нядзельным выпуску газеты "Вясёлы касмапалiт". Рэпартаж называўся "Трамвайныя рэйкi замест макаронаў". ...Жыў горад, працаваў, "рабiў грошы", задыхаўся ад смогу, хадзiў на сеансы стрыптызу i на канцэрты рок-музыкi, гуляў у гольф на аксамiтна-зялёных лужках фешэнебельных асабнякоў. А ў гэты час унiзе, пад горадам, у вечным чорным змроку каналiзацыйных труб, у смуродзе i гнiеннi, самаарганiзавалася Клаака, самаарганiзавалiся нечыстоты. Кожны дзень рэкi бруднай адпрацаванай вады, горы смецця выкiдваў са сваiх каменных цяснiн горад. I ўсё накаплялася, збiралася ўнiзе, у каналiзацыйных трубах. I вось пры адпаведнай спрыяльнай тэмпературы з хiмiчных элементаў, якiя раствораны ў нечыстотах (а там былi i цынк, i калiй, i ртуць, i бром - адным словам, уся таблiца Мендзялеева), арганiзавалася нейкая жывая маса, арганiзавалася Нешта. Яно дужэла, расло, павялiчвалася ў аб'ёме, прагна харчавалася нечыстотамi, якiя кожную гадзiну спраўна пастаўляў горад. Ужо зачаткi прымiтыўных эмоцый пачалi выводзiць з раўнавагi Нешта. Калi баставалi рабочыя камунальных службаў i горад абрастаў гразёю, Нешта задаволена сыта прыцмоквала, мiрна пакалыхвалася ў сваiх змрочных падзямеллях. У яго было шмат ежы. Калi ж вучоныя вынайшлi болыы эфектыўныя ачышчальныя ўстаноўкi i ў каналiзацыйныя трубы адпаведна пачало паступаць менш рознай хiмiчнай дрэнi, Нешта дзiка гневалася, кiпела ад ярасцi, ламала сталёвыя краты падзямелляў, зрывала, як бутэлечныя коркi, цяжкiя металiчныя накрыўкi каналiзацыйных калодзежаў. Тады чыкагцы з недаўменнем i трывогай слухалi, як равуць, калоцяцца або па-вар'яцку рагочуць вадаправодныя трубы ў iхнiх кватэрах. Асаблiва невыносна гэта было ўначы.
      I вось аднойчы Нешта адчула, што яму цесна ў падзямеллi. А наверсе грымеў, вуркатаў горад, залiты сонечнымi промнямi i людскiмi ўсмешкамi. Горад быў рознакаляровы, вясёлы, а Нешта было пякельна-чорнае, сумнае, дэпрэсiўнае. I Нешта рынулася ў атаку на горад. Яно пачало наступленне па сiстэме ўсiх гарадскiх труб.
      У Нешта была страшная зброя - доўгiя ўчэпiстыя шчупальцы-прысоскi. Чалавек заходзiў у ванную, i там яго знянацку хапалi агiдныя слiзкiя шчупальцы, у якiх праз колькi хвiлiн ён памiраў. Тое ж самае здаралася ў лазнi, у туалеце. Гаспадыня мыла ў кухоннай ракавiне гароднiну, а шчупальцы-прысоскi груба апляталi жаночыя рукi, душылi яе. У калысцы, весела шчабечучы, ляжала грудное дзiця, мацi адвярнулася, каб узяць тэлефонную трубку i раптам - крык, хрып. Дзiця ссiнела, яно ўжо мёртвае, а на падлозе, ад калонкi да ваннай, чырвоны кропельны след, нiбы нейкi звярок прабег.
      Палiцэйскiя ўлады, а потым i армейскiя, кiнулi супраць Нешта ўсiх сваiх людзей, узброеных напалмам, дынамiтам, атрутнымi газамi. Яны заганялi Нешта ў падзямелле ў адным месцы, але яно вырывалася на паверхню, як грозны вулкан, у многiх iншых. Яно было мабiльнае, хiтрае, з iмгненнай рэакцыяй, яно не шкадавала нiкога. Гараджане кiнулi свае кватэры, канторы, бальнiцы, заводы, рэстараны i рынулiся з горада ў лясы i палi. Туды, дзе была голая зямля, якая не пахла бензiнам, Нешта, з гулам i свiстам, з дзiкiм рогатам, вырвалася з падзямелля, разломваючы асфальт, i расцяклося па вулiцах i плошчах. Яно было дужа галоднае, бо палiцэйскiя i салдаты доўгiя месяцы трымалi яго ў блакадзе, i адразу пачало прагна жэрцi дрэвы, клумбы, трамвайныя рэйкi, мачты асвятляльных лiхтароў. Толькi праз трыццаць шэсць дзён Вялiкi Жах (а гэта, вядома ж, быў ён!), пакiнуўшы пасля сябе спаленыя, разбiтыя гарадскiя кварталы, зноў адступiў у падзямелле.
      Знiзу пачуўся голас Дулеба:
      - Спадар Гай, да вас завiталi госцi.
      Аказваецца, на Чорны Хутар прыляцеў Навум Масейкiн з Верай Хрысцiнюк i тоўстым каротканогiм iнспектарам Салаўём з Бюро па барацьбе супраць неправераных чутак, хаосу i некампетэнтнасцi.
      Гай з Клёнам хуценька спусцiлiся ў камiнную залу, дзе Дулеб, з вялiкай годнасцю, з "арыстакратычнай мiнай на твары", як любiў жартаваць Клён, ужо сервiраваў абедзенны стол на пяць персон. Iнспектар Салавей дапамагаў яму працiраць вiдэльцы, талеркi i, не марнуючы нiводнай хвiлiны, пачынаў першы допыт.
      - Кажаш, бачыў шар? Якога колеру i якога памеру? Хто быў унутры: людзi, робаты або... - iнспектар звонка шчоўкнуў пальцамi, - ну ты ведаеш, аб чым я думаю.
      Вера Хрысцiнюк, экстравагантная незамужняя жанчына гадоў трыццацi, з вечнай бесклапотнай усмешкай на белым прыгожым твары i пiльнымi блакiтнымi вачамi, якiя, у адрозненне ад твару, амаль нiколi не смяялiся, цмокнула Клёна ў шчаку, сказаўшы: "Якi цудоўны хлопчык", а на Гая кiнула позiрк, цёплы i пяшчотны.
      - Колькi часу прайшло, як мы бачылiся ў апошнi раз, - праспявала яна.
      - Хiба час праходзiць? - весела грымнуў Навум Масейкiн. - Час стаiць, а праходзiце вы. Так напiсана ў Талмудзе.
      Ён абняў Гая, абняў Клёна, стукнуў па плечуку Дулебу:
      - А вось i мы? Прызнайцеся ж, хутаранскiя манахi, што вы вельмi рады нашаму з'яўленню. Цi не так, Клён?
      Клён раптам пякуча пачырванеў. Ён лiчыў сябе прынцыповым, чэсным чалавекам, ён ад родных i сяброў патрабаваў такога ж. "Пакута - гаварыць не тое, што думаеш", - мiльганула ў ягонай галаве. I ўсё ж ён сказаў:
      - Я вельмi рады.
      I зноў пачырванеў, бо патаемна ненавiдзеў Веру Хрысцiнюк, якая, калi верыць перашэптам знаёмых, "паклала вока" на бацьку, прасцей кажучы, набiвалася Гаю Дубровiчу ў палюбоўнiцы. "Фiнцiфлюшка, - злосна падумаў пра яе Клён. - Прыляцела, як каршунiха. Не, для каршунiхi яна занадта прыгожая. Як зязюля". I яму ўспомнiлiся словы шлягера, пераможцы апошняга хiт-параду:
      Не кружы, зязюля, над чужым гняздом.
      Пабудуй, зязюля, свой уласны дом.
      - Прашу да стала, - плаўна махнуўшы правай рукою, галантна пакланiўся гасцям Дулеб. Выпiлi вiна. Клён пiў лiманад.
      - Дык вы сцвярджаеце, спадар Гай, што вам нешта пагражае? - адразу, як кажуць, узяў быка за рогi iнспектар Салавей. Ён, як i болыпасць ягоных калег, вызначаўся не тое каб беецырымоннасцю, а нейкай глухаватасцю да душэўных пакут iншых людзей. "Як можна быць няшчасным i напалоханым у нашым такiм цудоўным свеце?" - чыталася ў бескампрамiсным iнспектаравым позiрку.
      - Нешта ёсць, - збянтэжыўшыся, пакорлiва кiўнуў галавою Гай.
      - А цi маюцца ў вас якiя-небудзь рэчавыя доказы? - насядаў iнспектар. Скажам, лiсты, магнiтафонныя запiсы, фатаграфii...
      - Ды вы што, iнспектар, не з нашай галактыкi? - iранiчна зiрнула на Салаўя Вера Хрысцiнюк. - Хiба не ведаеце, што такое Вялiкi Жах i ўсе ягоныя замашкi?
      - Не ведаю, - з годнасцю адказаў iнспектар. - Не даводзiлася сустракацца. I вось што, спадарыня, - не ўмешвайцеся ў справу, у якой вы, прабачце, некампетэнтныя. У мяне, - зноў павярнуўся ён да Гая Дубровiча, быў нядаўна такi выпадак. Сiгналiзуе адзiн паважаны прафесар, назавём яго прафесар Iкс. Так i так, мяне тэрарызуе Вялiкi Жах. Высветлiлi. I што ж? Прымiтыўная белая гарачка. Быў, аказваецца, наш прафесар верным сябрам Бахуса. Вось так.
      Ён пераможна паглядзеў на Веру Хрысцiнюк.
      - Вы, дарагi iнспектар, у вашых развагах павярнулi, прабачце, трошкi не ў той бок, - перапынiў яго Навум Масейкiн i перапынiў, трэба зазначыць, не дужа тактоўна. - Праблема, як я разумею, заключаецца ў тым, што на Чорным Хутары мы маем справу з магчымай агрэсiяй у дачыненнi да нашага шаноўнага Гая Дубровiча. Прадстаўнiкi якой цывiлiзацыi яму пагражаюць? Бiялагiчнай? Машыннай? Хто яны? Невiдзiмкi, зомбi, людзi, якiх атруцiлi, закапалi ў магiлы, а потым ажывiлi, i яны нiчога не памятаюць пра сваё чалавечае мiнулае?
      - Спадар Масейкiн, не ўскладняйце сiтуацыю, - зморшчыўся iнспектар Салавей. - Магчыма, тут дзейнiчае банда саржавелых робатаў. Нейкiм чынам iм удалося пазбегнуць прэса, уцячы з базы металалому, вось яны i нахабнiчаюць. Але няхай толькi сунуцца. З вялiкiм задавальненнем я нараблю дзiрак у iхнiх галовах-вёдрах.
      Пры гэтых словах iнспектара Дулеб выпусцiў з рук блакiтную талерку, i яна, вядома ж, разбiлася. Салавей падазрона паглядзеў на яго, сярдзiта кашлянуў. Здавалася, вось-вось закрычыць: "Гэта iхнi важак! Вяжыце рукi бандыту!"
      - Мы пазбавiлi Старую Цывiлiзацыю чыстай ежы i паветра, мы атруцiлi яе. Яна i помсцiць, - звонкiм упэўненым голасам сказаў Клён. Вялiкая Эра Плюралiзму дазваляла яму на роўных удзельнiчаць у дыспутах дарослых людзей, праўда, не так самаўпэўнена i катэгарычна, ды гэта ўжо iншая гаворка.
      - Малайчына Клёнiк, - пляснула белымi далонькамi Вера Хрысцiнюк i памкнулася пацалаваць яго ў шчаку, але ён вывернуўся.
      - Мне здаецца, што Клён недалёка ад iсцiны, - загаварыў нарэшце i Гай Дубровiч. Яго пачынаў прыпякаць сорам. Ледзь запахла нейкай непрыемнасцю - i адразу разнюнiўся, расхныкаўся. Навошта званiў Масейкiну? Навошта тут, на Чорным Хутары, гэты iдыёт iнспектар? Навошта прыляцела Вера? Ён сiмпатызуе ёй, i яна яму, але сёння ж якраз не той дзень, калi трэба было з ёй сустракацца. "Паплакацца ў камiзэльку", як казалi iнтэлiгенты мiнулых стагоддзяў, можна i нават часам неабходна, толькi не пры такiм людным зборышчы.
      - Я гутарыў з доктарам Метэорам, з нашымi вядомымi вучонымi-уфолагамi, - працягваў Гай, - i яны схiляюцца да думкi, што Старая Цывiлiзацыя задоўга да нашай выйшла на касмiчныя формы свядомасцi. КЛА гэта не што iншае, як касмiчныя караблi эфiрнага Сусвету. Яны могуць здзяйсняць пераход з нашага чатырохмернага свету ў свет з большай колькасцю вымярэнняў. У iх зусiм iншае ўспрыняцце прасторы i ходу часу. Як нам, нашай цывiлiзацыi, праламаць нават не сцяну, тонкую сценку, што аддзяляе нас ад iх?
      Вера Хрысцiнюк, якая закахана пазiрала на Гая, умяшалася ў размову.
      - Мы ў сваiм iнстытуце вывучаем усе формы чалавечага сну. Вы ўсе, пэўна ж, чулi, што iснуе асобая яго фаза - парадаксальны сон, калi ў таго, хто спiць, вельмi хутка рухаюцца вочы. Дык вось мы прыйшлi да цвёрдай высновы, што стан парадаксальнага сну з'яўляецца другой формай свядомасцi чалавека, якая характарызуецца павышанай яркасцi вобразамi i спецыфiчнай формай мыслення. Вельмi магчыма, што парадаксальны сон з'яўляецца пераходным этапам да касмiчных формаў чалавечай свядомасцi.
      - Не глядзiце на майго бацьку так, - раптам амаль закрычаў Клён.
      - Як - так? - страшэнна разгубiлася, катастрафiчна пачырванела Хрысцiнюк.
      - Быццам ён - верабей, а вы - пiтон, - разануў малодшы Дубровiч.
      Гай, у адрозненне ад Веры Хрысцiнюк, пабялеў.
      - Дулеб, - сказаў ён аслабелым голасам робату, - трэба запалiць камiн. Схадзi разам з iм, - паказаў суровымi вачамi на сына, - прынясi дроў.
      - Будзе зроблена, спадар Гай, - весела адказаў Дулеб, жалезнай рукою ўзяў Клёна за локаць i вывеў з камiннай залы.
      Павiсла маўчанне, якое ў такiх выпадках i пры Вялiкай Эры Плюралiзму было няёмкае, цяжкае.
      - Так, мы здорава насалiлi Старой Цывiлiзацыi, - кiнуўся затыкаць прабоiну ў разгайданым караблi размовы Масейкiн. - Складзiравалi радыеактыўныя адыходы на акiянскiм дне. Мне ў СБС, у Саюзе Балтыйскiх Славян, шмат што на гэты конт расказвалi. Запампоўвалi ў кожную дзiрку зямной паверхнi розны бруд. Палiвалi зямлю бензiнам i керасiнам. А там жа, далей ад нашых вачэй i рук, жыла Старая Цывiлiзацыя, там было яе карэнне. Хто, як не прадстаўнiкi Старой Цывiлiзацыi, усе гэтыя нiмфы, эльфы, дрыяды, гномы, кентаўры? Вясёлы бесклапотны народ, што яшчэ ў часы старадаўнiх грэкаў сялiўся ў гаях, ручаях i скалах, сустракаўся людзям на кожным кроку. Мы аб'явiлi iх мiфам, легендай, а яны ж былi - разумееце? былi! - яны i сёння ёсць, толькi адступiлi ў змрок, непадуладны нашаму воку.
      - Ну й ну, - хмыкнуў iнспектар Салавей.
      Але Навум Масейкiн прапусцiў мiма вушэй ягоную iронiю, бо ўжо зацугляў свайго любiмага канька - красамоўства.
      - А беларускiя вадзянiкi i лесавiкi-чашчавiкi? Таксама яна, наша няўлоўная, наша недасяжная, наша таямнiчая Старая Цывiлiзацыя. Дзесяткi тысячагоддзяў назад, у час ледавiкоў i каменных сякер, яна прайграла рашучую бiтву новай, болып моцнай, я б сказаў, больш грубай цывiлiзацыi, падобна таму, як Рым прайграў варварам.
      - Усё! - смеючыся заткнула пальцамi вушы Вера Хрысцiнюк. - Хопiць лекцый. Каля камiна трэба сядзець моўчкi i пазiраць на агонь, проста пазiраць на агонь.
      Усе так i зрабiлi, толькi iнспектар Салавей строга паклiкаў да сябе Дулеба, i яны пайшлi аглядаць вокны i дзверы Чорнага Хутара.
      Адгарэў камiн, разам з iм адгарэў вечар, i нарэшце Гай застаўся ў пакоi адзiн. Побач варочаўся за сценкаю Клён. Здорава перапала яму ад бацькi за доўгi язык. Усе госцi таксама ўляглiся спаць. Толькi было чутно, як Дулеб хадзiў унiзе, у камiннай зале, чыгуннай рыдлёвачкай выграбаў попел, дзынкаў дужкай вядра, а потым нават цiхенька заспяваў куплет з "Танга робатаў":
      Там, дзе за горадам жаўцеюць горы металалому,
      Дзе ў iржавым падшыпнiку зацвiў сiнi васiлёк,
      Я сустрэну цябе. I мы прагонiм сум i стому.
      I я навекi запомню твой крылата-спружынны крок.
      "Добрая песня, - падумаў, ужо амаль засынаючы, Гай. - Простая даходлiвая мелодыя, чыстае пачуццё. Кажуць, у кнiгарнях з'явiўся двухтомнiк фальклору робатаў. Трэба купiць".
      Раптам на цёмнай сцяне, на якую быў скiраваны яго позiрк, рэзка ўспыхнулi чырвоныя пранiзлiвыя словы: "Увага. Чакайце. Будзем праз чатыры хвiлiны".
      Падушка вылецела ў Гая з-пад галавы. Сам жа ён уплiшчыўся ў ложак. Ён адчуў такi выбуховы, такi востры, як брытва, страх, што аж пазелянела ўваччу, аж занылi пальцы рук i ног. Ён адчуў такi неймаверны страх, што падалося - ягоны мозг хоча выскачыць з чарапной каробкi i некуды ўцячы.
      - Апёк за апёк, рана за рану. Так напiсана ў Бiблii, - прагучаў проста ў яго над галавой глухi, нейкi каменны голас.
      Гай, нiбы кенгуру, доўгiм скачком вылецеў з ложка i - яшчэ голыя пяты не дакранулiся да падлогi! - ударыў у цемры пальцам па ўключальнiку, уключыў святло. Проста перад iм вiсела на сцяне люстра, старое, звычайнае, з лёгкай трэшчынкай па левым краi. Ён убачыў у люстры свой твар, нейкi зялёна-белы, капусны, з уздутымi шчокамi i дрыготкiмi, не чырвонымi, а шэрымi губамi. Сваiх вачэй - вось дзiва! - ён не ўбачыў, замест iх былi расплывiстыя туманныя плямы. Ён кароткi, як узмах веек, мiг пазiраў на сябе, i раптам люстра аглушальна лопнула, раскалолася на няроўныя рваныя кавалкi, блiскучыя зiхоткiя крошкi. Адтуль, з глыбiнi люстра, рэзка торкнулiся ягоныя рукi (ён нават драпiнку на ўказальным пальцы левай рукi ўбачыў), сцiснулi яму шыю, пачалi душыць. Ягонае адлюстраванне душыла яго з найвялiкшай лютасцю, не даючы нi крутнуць галавой, нi ўдыхнуць у лёгкiя хоць грам паветра. Здавалася, яшчэ мiг-другi, i ў Гая разарвецца, не вытрымае сэрца. У вачах плыла жаўцiзна, адключалася свядомасць. З апошнiх сiл кулакамi ён ударыў па руках, што душылi яго, а сам плюхнуўся на падлогу. "Трэба закрычаць", падумалася яму, ён i хацеў гэта зрабiць, але з вялiкiм здзiўленнем i жахам пераканаўся, зразумеў, што голас ягоны як бы адключаны нейкай жорсткай бязлiтаснай сiлай. "Няўжо Клён не пачуў звону разбiтага люстра? Ён жа амаль побач, за сценкаю", - роспачна мiльганула думка.
      Раптам з пiсьмовага стала ўзляцела цяжкая ваза, у якую ранiцой Дулеб налiў вады i паставiў тры чырвоныя кветкi. "Тэлегiнез... Перамяшчэнне прадметаў намаганнем волi... Але чыёй волi?" Ваза размашыста ўдарыла ў шыбiну, зноў густа пасыпалася шкло, i зноў нiхто ў доме, акрамя Гая, нiчога не пачуў. Увесь гэты час, нiбы вогненная пякучая смала, затапляў яго страх. Калiсьцi ў маленстве старэйшая сястра (яны ўлетку жылi на Чорным Хутары) палохала Гая: "Не iдзi ў лес - звер парве". Тады ён вельмi баяўся звера, хоць нi разу не пабачыў на свае вочы. Але сённяшнi страх быў у шмат разоў мацнейшы, вастрэйшы, карэжыў душу.
      У дзiрку ў акне пачала ўлазiць знадворку чалавекападобная iстота з гiбкiм целам. За ёю яшчэ некалькi - жывы ланцуг. З лысымi шышкаватымi галовамi, пiльнымi нерухомымi вачамi. Рост каля 180 сантыметраў, целы ружовыя, як у нованароджаных дзяцей. Рукi ва ўсiх гэтых маўклiвых нечаканых вiзiцёраў былi кароткiя, тоўстыя, з шасцю пальцамi. Пярэднi мякка, нiбы кот, скокнуў з падаконнiка, зрабiў рэзкi рух рукой. З рукi зляцела полымя, i Гай адчуў удар у сэрца, адчуў, што пачынае трацiць прытомнасць. А ў вялiзным доме паранейшаму панавала начное маўчанне. Нават Дулеб зацiх, замоўк, пэўна, самаадключыўся i знаходзiцца ў каморы побач з камiннай залай, хоць у такi час заўсёды бадзёра тупаў вакол дома.

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16