Чалавек з брыльянтавым сэрцам (на белорусском языке)
ModernLib.Net / Дайнеко Л. / Чалавек з брыльянтавым сэрцам (на белорусском языке) - Чтение
(стр. 2)
Автор:
|
Дайнеко Л. |
Жанр:
|
|
-
Читать книгу полностью
(465 Кб)
- Скачать в формате fb2
(199 Кб)
- Скачать в формате doc
(203 Кб)
- Скачать в формате txt
(197 Кб)
- Скачать в формате html
(200 Кб)
- Страницы:
1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16
|
|
Плылi ўнiзе роўныя цянiстыя вулiцы, люстэркi вадаёмаў, многавугольнiкi паркаў i садоў. З-за хмар, сiнявата-ружовых, па-ранiшняму лагодных, распальвалася сонца. Там, дзе хмар не было, бачыўся зыркi блакiт, яшчэ халаднаваты, але (Гай адчуваў гэта кожнай кропелькай душы) вельмi ўстойлiвы, надзейны, быццам быў адкаваны з лепшых гатункаў металу. Нездарма першыя хрысцiяне, глянуўшы на такi блакiт, казалi з вялiкай перакананасцю: "Усе мы, кожны ў свой час, будзем на нябеснай цвердзi". З невялiкага воблака, асветленага яркiмi промнямi, раптам зашалясцеў дождж. Здавалася, пасыпалася на зямлю сонечнае зерне. Вось памiж аксамiтнага разлiву лесу паказаўся Дом Пераўтварэнняў. Круглы, трыццацiпавярховы, з высокай мачтай-маяком на самым версе. Каля гэтай мачты i пасадзiў свой верталёт Гай. Сонца люстравалася ў алюмiнiевых i медных пласцiнах, якiмi быў высцелены дах. У Доме Пераўтварэнняў уладарылi робаты: лiфцёры, электрыкi, праграмiсты, санiтары, буфетчыкi, асенiзатары, цырульнiкi... Маўклiвая жалезнаскурая раць адразу акружала кожнага чалавека, якi завiтваў сюды. Робаты былi сама абаяльнасць i добразычлiвасць, прадбачвалi любое жаданне сваiх гасцей, але вочы ў iх свяцiлiся бясстраснасцю i механiчным спакоем, i недалёка ад iсцiны прайшоў той мудрэц, якi сказаў, што нiколi не паразумеецца жывое са штучным, ген з найдасканалейшай мiкрасхемай. Пасля вядомага паўстання ў Германii робатам, у адрозненне ад людзей, забаранiлi ствараць якiя-небудзь партыi або групоўкi, тых, хто не згадзiўся, кiнулi пад прэс i ў пераплаўку. Але хадзiлi ўпартыя чуткi, што тут, у Доме Пераўтварэнняў, якi аж кiшэў робатамi, у глыбокiм падполлi дзейнiчае iхняя тэрарыстычная арганiзацыя "Металiчная Рука". Нападаў на людзей, праўда, пакуль што не было, i размовы аб нейкiм падполлi можна было б назваць недарэчным мiфам, каб не паведамленне тэлежурналiстаў (у тым лiку i Навума Масейкiна), што ў раёне Тоўстага Лесу зафiксавана на кiнаплёнку сустрэча двух робатаў з мутантамi. Што прывяло робатаў у Тоўсты Лес, калi там дазволена бываць толькi навукоўцам i членам Лiгi барацьбы супраць мутантаў? У ярка асветленым, прасторным i, што асаблiва ўражвала, нетаропкiм лiфце Гай Дубровiч апусцiўся на пятнаццаты паверх. Тут быў Духоўны цэнтр Дома Пераўтварэнняў, тут з кожным, хто захацеў пераўтварыцца, цэлых пяць хвiлiн гутарыў сам доктар Метэор, заснавальнiк Дома, праўда, гутарыў з экрана. Ён быў адзiным чалавекам памiж соцень робатаў. Гая ўвялi ў маленькi круглы пакой, пасадзiлi ў крэсла-вяртушку. Адразу ж успыхнуў экран i лысая галава доктара Метэора, добра вядомая ўсiм зямлянам, з'явiлася на экране, суха ўсмiхнулася. - Прырода толькi часцiнка таго, што можна ўявiць, - загаварыў доктар Метэор. Гэтую першую фразу Гай Дубровiч вывучыў назубок яшчэ ў малодшых класах лiцэя. Яна, гэтая фраза, назаўсёды адцiснулася, нiбы клiшэ, у памяцi зямлян розных пакаленняў. З ёй можна было не згаджацца, спрачацца, але тут, у Доме Пераўтварэнняў, дзе вярхоўным жрацом i ледзь не богам быў доктар Метэор, ёй пачыналася кожная яго тэлеразмова. - Чалавек - лiсцiк на дрэве Прыроды, - казаў мiж тым доктар. - Тры сыны чалавецтва "зняважылi" чалавецтва: Капернiк, сказаўшы, што не Зямля цэнтр Сусвету, Дарвiн, паставiўшы на першае месца не Бога, а вiдавы адбор, i Фрэйд, якi асмелiўся даказаць, што чалавечае "я" не абсалютны гаспадар чалавечага цела. Паболей бы такiх зняваг! Навекi ж запомнiм, што мы, людзi, родзiчы траве i дрэву, саве i ластаўцы, ваўку i зайцу, барсуку зямному i кiту марскому. Ты, мой брат па жывой зялёнай планеце, хочаш сёння пераўтварыцца, хочаш на нейкiя iмгненнi адчуць сябе птушкай або зверам, рыбiнай або насякомым. Ты хочаш пераступiць, пераскочыць тую рысу, што аддзяляе цябе, жывога чалавека, ад iх, таксама жывых. Аб такiм марылi многiя пакаленнi, звычайныя людзi i мудрацы. Такому навучаў Буда. Запомнi яго словы: "Я буду бiць у барабан бяссмерця ў iмгле гэтага свету". Чуеш, як гучыць, як запаўняе цiшыню барабан бяссмерця? Запомнi, што найвялiкшае, найгалоўнейшае багацце Прыроды - жыццё. I не толькi чалавечае. Кiм ты хочаш стаць? - Пчалой, - адказаў Гай. - Будзь пчалой. Адразу патух экран. Моцныя, але пачцiвыя рукi робатаў падхапiлi Гая Дубровiча, панеслi па вельмi вузкiм калiдоры (гэта адчувалася па спёртым паветры i па рэху ад iхнiх крокаў) у чорную цемру. Хоць такое было для гiсторыка не ў навiну, ды ўсё роўна лёгкi страх заварушыўся ў сэрцы. Праз некалькi iмгненняў незразумелым чынам (вялiкая тайна доктара Метэора!) ён павiнен быў, як кашулю, скiнуць сваю чалавечую плоць i зрабiцца пчалой, непрыкметнай гудлiвай кропкай. З iм павiнны былi застацца толькi ягоныя свядомасць i памяць. Кожнаму доктар гарантаваў поўную бяспеку цела i псiхiкi пасля таго, як скончыцца сеанс пераўтварэння, але, пэўна, кожны адчуваў трымценне душы i здрадлiвую думку: "А раптам здарыцца нешта такое, што перашкодзiць мне зноў стаць чалавекам?" Гай Дубровiч не быў выключэннем. Па-першае, усюдыiсны ўсявед Навум Масейкiн неяк сказаў, што года паўтара назад цi то доктар Метэор не змог вярнуць маладую жанчыну з "воблiка белай азёрнай чайкi", цi то яна сама не жадала вяртаць сабе чалавечае цела. Па-другое, быў ва ўсiм гэтым нейкi першародны холад, лiпкi трывожны туман, адчуванне святатацтва i недазволенасцi. Упершыню адчуў такi пакутлiвы дыскамфорт Глеб Дубровiч, калi дзесяцiгадовым хлапчуком прачытаў у Бiблii словы, што соллю ўпалi на параненую дзiцячую душу: "Не вары казлянятка ў малацэ мацi ягонай". Чалавеку Вялiкай Эры Плюралiзму ўжо было мала моцнагучнай музыкi, тытуню i вiна. Дзеля таго каб зламаць жалезную клетку сваёй духоўнай адзiноты i несвабоды (так, так, несвабоды, хоць знешне ўсё здавалася надзiва свабодным i супершчаслiвым) людзi, як на прыгожую зваблiвую цацку, накiнулiся на прыдуманую доктарам Метэорам Тэорыю i Практыку Пераўтварэнняў. Вось чаму неслi маўклiва-суровыя робаты Гая Дубровiча па вузкiм чорным калiдоры, каб праз нейкiя iмгненнi ён звонкагалосай пчалой iрвануўся над квяцiстым лугам. Робаты асцярожна пасадзiлi Гая ў кабiну цэнтрыфугi, страла якой ужо ўздрыгвала, нервова пагойдвалася, нiбы прадчуваючы шалёную, непадуладную жывому розуму хуткасць. На галаву адзелi цяжкi гермашлем. Па-ранейшаму нi iскрынкi святла не было наўкол. Чорны змрок наплываў на вочы. I Гаю Дубровiчу ўспомнiлiся словы, якiя бог сказаў Майсею: "Твару майго не можна табе ўбачыць, таму што кожны чалавек не можа ўбачыць мяне i застацца жывым". Пачулася лёгкае шыпенне, якое неўзабаве перайшло ў свiст. Потым нiзкi вантробны гул раскалоў, распалавiнiў цемру. Страла цэнтрыфугi скранулася з месца, i адразу недзе збоку ўспыхнула малюсенькая чырвоная кропачка. Што гэта было? Электрычная лямпачка? Фотаэлемент у воку робата? Гай Дубровiч не паспеў сканцэнтраваць сваю думку, бо раптам кабiна, у якой ён сядзеў, перавярнулася i ён завiс на шырокiх пругкiх рамянях галавою ўнiз. А цэнтрыфуга ўсё набiрала абароты. Апошнiм, што мiльганула ў яго свядомасцi, калi ён яшчэ заставаўся чалавекам, была лiчба - шэсць с паловай. Ён ухапiўся за яе, напружыў мозг i ўспомнiў - шэсць с паловай грамаў важыць чалавечая душа, адным словам, тая таямнiчая субстанцыя, якая ад нараджэння знаходзiцца ў кожным з людзей. Доктар Метэор узважваў аднаго i таго ж чалавека за тры хвiлiны да клiнiчнай смерцi i праз тры хвiлiны пасля яе. I пры абсалютнай чысцiнi эксперымента заўсёды выплывала такая лiчба. Нябожчык заўсёды быў лягчэйшы на шэсць з паловай грамаў. ...Ён ляцеў над залiтым сонцам юным лугам. Ён быў пчала меданосная, Apis mellifera. Ягоныя крылатыя продкi асвоiлi планету значна раней, чым на ёй з'явiўся чалавек. За два кiламетры ад гэтага луга, ад гэтых яркiх кветак (кветкi - усмешкi прыроды!) у яблыневым садзе стаяў новенькi рамачны вулей, ягоны Дом, дзе жыло, гуло, звiнела, дзумкала ажно семдзесят тысяч аднародцаў, моцная працавiтая пчалiная сям'я. Кожная шчылiна, кожная дзiрачка ў тым вуллi старанна прамазана пропалiсам, пчалiным клеем. Каб здабыць яго, разам з усiмi ён (яна! пчала!) да змогi перацiраў скiвiцамi пупышкi розных раслiн, драўнiну. Працавалi так энергiчна, усiх было такое мноства, што ў вуллi павышалася тэмпература, i, каб збiць яе, спецыяльныя пчолы-вентылятары бесперапынна махалi крылцамi, ствараючы лёгкi ветрык. Сёння ж з ранiцы скварыла сонца, была страшэнная задуха, i нават ён на нейкi час рабiўся вентылятарам - вылазiў дзеля гэтага на дошчачку перад лятком. Ён ляцеў над яркай летняй зямлёй, баючыся птушак i хiмiкатаў. А яшчэ непакоiла тое, што тут, у гэтых мясцiнах, маглi напаткацца "пчалiныя ваўкi", бязлiтасныя жоўта-шэрыя восы. Яны селяцца вакол пчальнiкоў, беручы iх у аблогу, i забiваюць пчол ударам джала ў мозг, забiваюць з першага ўдару. Потым сцiскаюць скiвiцамi брушка i грудзi сваiх ахвяр, прагна злiзваючы кропелькi мёду, што выступаюць у тых з роту. Мора кветак ззяла пад iм, i ён ведаў, што кожная з гэтых прыгажунь страсна чакала яго. Такiя сарамлiва-цнатлiвыя, такiя загадкавыя, абсыпаныя расой, быццам дарагiмi брыльянтамi, такiя, здавалася, непадступныя, яны млелi ад радасцi пры з'яўленнi пчалы, даверлiва ўпускаючы ў свае мармуровыя або залатыя церамкi, у сваю патаемнасць. Яму патрэбны былi iхнiя салодкiя пылок i нектар, iм - ягоныя хабаток, лапкi, усё цела, вёрткае, моцнае, здольнае прашчамiцца ў драбнейшую шчылiнку, а потым перанесцi пылок на песцiк iншай кветкi, што расце, шумiць зусiм побач або на другiм канцы бязмежнага лугу. Кветкi кахалiся адна з адной пры дапамозе пчалы. Ён вельмi востра, да гарачага звону ў крывi, разумеў жыццё, няспынную вечную змену хваль-пакаленняў кветак, пчол, стракоз, людзей... Усё хацела жыць, расцi, налiвацца цiшынёй i громам, агнём i холадам, рухацца ўдаль i ўшыркi, у глыбiню сябе i за воблакi... Усё прагнула цвiцення i абнаўлення, пацалункаў i слёз. Нават нямая смерць была жыццём, бо рабiлася падмуркам, апiрышчам нейчаму маладому захлiпiстаму карэнню. Доктар Метэор быў, вядома, найвялiкшым са смертных, падараваўшы чалавецтву сваю Тэорыю i Практыку Пераўтварэнняў. Толькi пабыўшы ў чужой скуры, лусцы, шэрсцi, ракавiне, толькi пабегаўшы, палётаўшы, папоўзаўшы, адчуўшы страх i знямогу, можаш наблiзiцца (хоць часткова) да разумення агульнасцi ўсяго жывога. Няважна, зразумелае яно цi незразумелае, прыгожае цi непрыгожае, цiхмянае цi агрэсiўнае. Яно - жывое, а значыць, неабходнае таму свету, у якi, нiбы зрэнка ў вока, заключана тваё жыццё. Ён лётаў над кветкамi, садзiўся на iх, збiраў пылок i нектар, адносiў здабычу ў вулей, зноў кiраваўся на луг... На пукатай зялёнай горцы стаялi дачы - стракатыя прыгожыя хаткi, падобныя на рознакаляровыя кубiкi, якiя, нагуляўшыся, раскiдала свавольнае дзiця. Ён заляцеў туды, апусцiўся ў ракавiну з белымi слiзкiмi сценкамi. Загарэларукая жанчына якраз мыла, прынёсшы з градкi, ярка-чырвоную радыску. Хвастаў срэбны струмянёк вады, сеялiся пырскi, на смуглым жаночым пальцы блiскаў, як сонечны зайчык, пярсцёнак. Было адчуванне лагоды, спакою i шчасця. Ён пiў ваду разам з iншымi пчоламi i баяўся, што жанчына вось-вось схопiць мокрую анучу, нязлосна ўдарыць ёю, крыкне: "Акыш на вас!", маючы на ўвазе не курэй, а пчол. Але яна весела мыла радыску i спявала нейкую песеньку. Раней ён быў упэўнены ў неадэкватнасцi ўсяго жывога. Яму здавалася, што птушкi, звяры, пчолы, калi б толькi яны валодалi здольнасцю асэнсоўваць сваё становiшча, параўноўваць сябе з чалавекам, адразу б усёй гурмой, будзь на тое iхняя воля, захацелi б ачалавечыцца, зрабiцца, адным словам, людзьмi. Ён нават, як быў маладзейшы, пра жанчын у iхнiх стасунках з мужчынамi такое думаў, хоць заўсёды лiчыўся барацьбiтом за палавую роўнасць. Але дзякуючы доктару Метэору ён паспеў ужо пабыць рыбай, ваўком, бабром, вось зараз быў пчалой i зразумеў адну мудрую iсцiну. Аказваецца, жыццё ва ўсiх сваiх выявах i формах абсалютна раўнапраўнае. Для прыроды, якая самастварылася, якая стварала i стварае мiльярды камбiнацый атамаў, аднолькава каштоўныя i мозг фiлосафа Платона i крылцы лугавой страказы. Магчыма, гэта выглядае i гучыць парадаксальна i ўсе зямныя фiлосафы пагрозна замахаюць кулакамi, але гэта так. Неяк любiмы Гаеў паэт Антон Кастрыцкi напiсаў радкi, якiя амаль усiм падалiся генiяльнымi: "Скажыце мне - хто ўспомнiць пра Зямлю, Калi Зямля загiне?" Вернiкi адразу ж сказалi: "Успомнiць Бог". Дасцiпны Навум Масейкiн абвясцiў з экранаў тэлевiзараў, што планету Зямля ўспомняць яе сыны i дочкi, астранаўты, якiя паляцелi ў касмiчную бездань. Сёння Гай Дубровiч з некаторай карэкцiроўкай падзяляе думку вернiкаў: "Успомнiць Прырода". I ўсё таму, што цэлыя доўгiя суткi ён жыў жыццём пчалы... Ён знайшоў вялiкае поле, засеянае грэчкай. Бела-ружовы духмяны востраў хаваўся мiж зялёнага старога лесу. Гэта было нечаканым i вельмi дарагiм падарункам, бо пчолы з iхняга вулля яшчэ не праклалi сюды трасу. Пякло сонца. Шумеў нямоцны вецер. Ад захаплення, ад радасцi ў яго мiжволi вырваўся з грудзей чалавечы крык. Але пачулася толькi разарванае ветрам пчалiнае дзумканне. Порстка прыляцеўшы ў вулей, прынёсшы туды цёплы пах мядовай грэчкi, ён пачаў танцаваць пчалiны танец, бо толькi так мог перадаць усiм сваiм суродзiчам бадзёрую вестку. Ён поўзаў мiж пчол, а яны ўважлiва сачылi за кожным яго рухам. Калi б поле знаходзiлася блiзка, то танец быў бы просты, без лiшняй мудрагелiстасцi. Але да жаданай пахкай грэчкi ляжаў вялiкi кавалак дарогi, i ён, папярэджваючы аб гэтым, хвацка круцiў "васьмёрку", вiляў брушкам - чым далей да нектара i пылку, тым часцей i болей звiвалася брушка. Пчолы цудоўна разумелi яго. Медна-шэрымi пункцiрамi вырывалiся яны з вулля i ўжо ведалi, ў якiм накiрунку ляцець i пад якiм вуглом узнiмацца ў неба. А ён усё танцаваў... "А што, калi застацца пчалой?" Думка была такой нечаканай, так востра i ярка ўспыхнула ў свядомасцi, аж пахаладзела ў душы. "Абсурд, - адразу ўцiхамiрыў ён сам сябе. - Я - чалавек. Рабiцца на ўсё жыццё насякомым? Абсурд". Ён яшчэ старанней, яшчэ хутчэй затанцаваў. "Але ж розныя формы жыцця аднолькава каштоўныя, адэкватныя. Невядомая маладая жанчына (i аб гэтым шмат хто ведае) назаўсёды засталася белай азёрнай чайкай. Зараз лётае над высокай хваляй... Цi сядзiць, гойдаецца на ёй... I тоненька-тоненька звiнiць вада..." Ён адчуў халодны выбух бязлiтаснага страху ў самай глыбiнi сваёй iстоты. "Я вар'яцею! Пэўна ж, я вар'яцею. Я пераўтвараўся ў ваўка, у бабра, у шчупака, i заўсёды ўсё было нармальна, заўсёды роўна праз дваццаць чатыры гадзiны я з радасцю станавiўся чалавекам, Гаем Дубровiчам, супрацоўнiкам Славянскай секцыi Iндаэўрапейскага аддзела Сусветнага iнстытута гiсторыi планеты Зямля. У мяне, урэшце, ёсць Бярозка, маладая прыгожая жонка, сын Клён. Хiба я не люблю iх? Ды я люблю жонку i сына мацней за ўсё на свеце. Мяне душыць дэпрэсiя, калi даводзiцца ехаць у камандзiроўку болей, чым на трое сутак. А тое, што я зноў прыляцеў у Дом Пераўтварэнняў... Ёсць людзi, якiя рабiлi гэта дзесяткi разоў. Сам апостал Павел сказаў: "Усё выпрабоўвайце. Добрага трымайцеся". I раптам яго, як мушкецёрская шпага, пранiзала здагадка: "Пэўна ж, гэта хiтрыкi Вялiкага Жаху! Ледзь не ўпаў на галаву балкон, а зараз Жах, прыкiнуўшыся лагодным i рахманым, нашэптвае, каб я назаўсёды застаўся пчалой". Адразу паспакайнела на сэрцы. Калi даведваешся, што наперадзе падпiльноўвае круты паварот, няцяжка прытармазiць аўтамабiль. Гай Дубровiч канчаткова супакоiўся, пачуўшы ў навушнiках гермашлема бадзёрую каманду аднаго з асiстэнтаў доктара Метэора: "Пчала нумар сорак чатыры! Спадар Гай Дубровiч! Праз пяць хвiлiн выходзiм на плюсавое пераўтварэнне! Пчала нумар сорак чатыры!" "Выходзiць на плюсавое пераўтварэнне" азначала адно - зноў станавiцца чалавекам. Гэта вельмi ўсцешыла Дубровiча. З цёплай радасцю ён падумаў, што ажно сорак чатыры чалавекi (пэўна ж, болып!), пераўтварыўшыся ў пчол, лёталi сёння над кветкамi. III На верталётнай стаянцы, якая знаходзiлася на даху Дома Пераўтварэнняў, Гай Дубровiч, вельмi здзiвiўшыся, убачыў свайго пятнаццацiгадовага сына Клёна. Адразу нават падумаў, што памылiўся. Цi нямала такiх падлеткаў, даўгалыгiх, з нагала пастрыжанымi галовамi? Яркiмi фарбамi малююць яны там, дзе ў iхнiх прапрадзедаў матлялiся чубы i грывы, кветкi, зоркi, астранамiчныя знакi. Гэты таксама размаляваны. Дубровiч, слiзгануўшы па яму позiркам, падаўся да свайго верталёта. Ззаду пачулася: - Тата, вазьмi мяне з сабой. - Што ты тут робiш, Клён? - рэзка азiрнуўся, выдыхнуў з раздражненнем Гай. - Чакаю цябе, каб разам ляцець на Чорны Хутар. Сын падышоў да бацькi, пацёрся яму галавой аб грудзi. Сантыметры на тры, калi не болей, быў ён ужо вышэй за Гая. Дзiўна было глядзець на гэтае стравусянё, тонкае, худое, вузкаплечае, ключыцы выпiраюцца, нiбы кiёчкi. Дзiўна было не ў люстэрку i не ў спакойнай рачной вадзе бачыць свой твар, толькi зусiм юны, неагрубелы i нейкi, хоць была на iм самаўпэўненая бравада, бездапаможны. Гай адчуў, што вельмi любiць свайго адзiнага сына, любiць да паколвання ў грудзях, i, калi б узнiкла суровая неабходнасць, не вагаючыся, аддаў бы за яго жыццё. Але ён строга спытаў: - Як ты тут апынуўся? Чаму ты не дома? - Мяне на сваiм верталёце прывёз Навум Масейкiн, - адказаў Клён. - Масейкiн? - Гай Дубровiч iранiчна ўсмiхнуўся. - Гэты ўсявед можа... Схапiць дзiця, пасадзiць у верталёт, прывалакчы дзiця ў Дом Пераўтварэнняў. Слухай, Клён, я абяцаў узяць цябе з сабой на Астэроiд. Памятаеш? Сын кiўнуў галавой. - Дык я не вазьму цябе. Зразумеў? Хiба ты не ведаў i твой Масейкiн хiба не ведаў, што да шаснаццацi год нiхто не мае права i нагой ступiць на парог Дома Пераўтварэнняў? У першым пункце вердыкта доктара Метэора сказана аб гэтым. Сын пакутлiва пачырванеў. - Вядома, я чытаў вердыкт доктара Метэора, - сказаў ён. - Але ж я высокi, тата, i мне ўсе ўжо даюць з выгляду шаснаццаць гадоў. Не думай, я ўсё разумею... Мне яшчэ зарана пераўтварацца. У мяне яшчэ не акрэпла воля. Ён пазiраў проста ў вочы бацьку, пазiраў з адчайнай рашучасцю, i была ў сынавым паглядзе нечаканая ўпартасць ("Як ён узмужнеў!" - мiжволi падумаў Гай), прасветленасць i мудрасць, быццам пражыў ён уга колькi гадоў, быццам ён на той бок Сонца лётаў. Але ў размовах з дзецьмi, як заўсёды лiчыў Гай Дубровiч, неабходна праяўляць разумную цвёрдасць i нават суровасць, вядома, таксама разумную. - Навошта ты прыляцеў? - рэзка спытаў ён. - Мне мацi ўсё расказала. Хачу дапамагчы табе, калi прыйдзе Вялiкi Жах. У мяне моцнае бiяполе, падобнае на тваё. Разам мы пераможам на Чорным Хутары. Што можна было адказаць на такiя словы? Гай паляпаў сына па плечуку, i яны селi ў верталёт. Зноў заквiтнела, пабегла ўнiзе ранiшняя бадзёрая зямля. - Як ты адносiшся да Напалеона? - пацiкавiўся Клён. Нiчога нечаканага ў сынавым пытаннi не было. Сын рыхтаваўся стаць гiсторыкам, хацеў пайсцi па бацькавых слядах. Вялiкая Эра Плюралiзму, як гэта нi падасца нечаканым, раз'яднала людзей (у тым лiку i людскiя пакаленнi) болыд знешне: у словах, паводзiнах, жэстах, воблiку. Духоўна ж людзi згуртавалiся, усвядомiўшы хуткацечнасць i непаўторнасць жыцця. - Нармальна адношуся, - адказаў Гай, пазiраючы праз шкляную лабацiну кабiны на зялёныя чародкi бяроз. - Iмператар-рамантык. Гэта някепска гучыць. А ў гербе ягоным былi пчолы. - Ён любiў мёд? - засмяяўся сын. - Ён паважаў руплiвых людзей, даваў iм магчымасць поўнасцю раскрыцца. Я, дарэчы, апошнiм часам таксама думаю пра Напалеона - бачыш, нам з табой адно i тое ж стукаецца ў галаву. Пры гэтых словах Клён паклаў сваю далонь на бацькаву. - I мяне здзiвiла, - працягваў Гай, - падабенства жыццёвага лёсу Напалеона на лёсы - ведаеш каго? - Гiтлера i Сталiна. - Дыктатары, - упэўнена сказаў сын. - Я б не спяшаўся гаварыць такое. Прынамсi, Гiтлера з яго партыяй абраў народ, абраў у час дэмакратычных выбараў. А падабенства мiж iмi надзвычайнае, можна сказаць, ашаламляльнае. Усе трое - сыны невялiкiх (маецца на ўвазе колькасць) народаў, народаў - як мякчэй сказаць? гiстарычна непрэстыжных у тыя часы. Карсiканец, аўстрыец, грузiн. Усе трое прыйшлi да сваёй неабмежаванай улады, у свае метраполii-iмперыi з поўдня. I ўсе зрабiлiся вялiкадзяржаўцамi, шавiнiстамi, пачалi з пенаю на губах услаўляць Францыю, Германiю, Расею, адразу забыўшы пра тое гняздо, з якога вылецелi. Што гэта? Псiхоз улады? Перараджэнне генаў? Выпадак? Заканамернасць? Гай Дубровiч, упэўнена ведучы верталёт, услых разважаў пра няпростыя, дужа сур'ёзныя рэчы i ведаў, што сын выдатна разумее кожнае слова, кожную ўспышку ягонай думкi. Вялiкая Эра Плюралiзму, няспынна шлiфуючы людскi iнтэлект, абуджала мозг да напружанай творчай працы ў вельмi юным узросце. Прыляцелi на Чорны Хутар. Кожны грамадзянiн Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi меў уласны ўчастак зямлi, быў абавязаны мець яго. Шырока адзначаўся Дзень Антэя, калi юнакi i дзяўчаты, якiм споўнiлася шаснаццаць год, у прысутнасцi сваiх родзiчаў i сяброў станавiлiся на каленi i цалавалi зямлю, а потым, запалiўшы вечаровыя вогнiшчы, танцавалi наўкруг iх. У адпаведнасцi з гiстарычнай традыцыяй такiя зямельныя надзелы ў розных мясцiнах называлiся па-рознаму: вiла, ферма, ранча... Беларусы называлi iх, вядома ж, хутарамi. Хутаранскае цяпельца, над якiм кплiва насмiхалiся ганарыстыя дасцiпнiкi мiнулых стагоддзяў, шчаслiва дажыло да Вялiкай Эры Плюралiзму. У першую чаргу Гай з Клёнам пайшлi да Магiл Продкаў. На ўзгорку, абсаджаным лiпамi i дубкамi, стаялi тры высокiя каменныя крыжы. I на кожным былi выбiты тры словы: "Помнi пра нас". Каменныя сцiплыя надгробкi бялелiся памiж зялёнай шаўкавiстай травы. Пырхаў чырвона-чорны матылёк. Звонка шчабятала птушка. - I нас з табой пахаваюць тут? - цiха спытаў сын. - Тут, - цiха адказаў бацька. Сын пiльна, вельмi пiльна паглядзеў на бацьку, шкадаванне i роспач мiльганулi на iмгненне ў чыстых сiнiх вачах, страх перад халодным небыццём, але ён быў мужчынам, рыхтаваўся стаць грамадзянiнам Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi i ён цвёрда, як i патрэбна ў такiх выпадках, сказаў, пакланiўшыся надгробкам: - Спiце спакойна. А Гай раптам успомнiў далёкi-далёкi восеньскi дзень, россып дажджу ў змрочным глухiм лесе. Тады яны з Клёнам, яшчэ шасцiгадовым, пайшлi ў грыбы i заблудзiлiся. Не было з сабой нi компаса, нi наручнага бранзалета з радыёмаяком, нi запальнiчкi, лiў, шумеў у дрэвах дождж, раззыбаныя ветрам хмары сцюдзёна шклянелi над лесам. Клён спалохаўся, заплакаў. I тады Гай пасадзiў яго сабе на плечы, пайшоў наўздагад па лесе. Дзiцячыя тонкiя, такiя безабаронныя ножкi бiлi яму па грудзях, калi часам ён спатыкаўся на нябачных у цемры каранях. Ён мацней трымаў, прыцiскаў сына i штохвiлiнна казаў яму: "Твар беражы, вочы. Нахiлiся да мяне, каб галiны не ўдарылi па вачах". Даволi хутка знайшлi яны сцежку, выйшлi на дарогу, але тое лясное змушанае вандраванне назаўсёды засталося ў памяцi, аб'яднала iх духоўна. Яны, дарослы i хлапчук, уласнай скураю адчулi дыханне далёкiх стагоддзяў i тысячагоддзяў, калi чалавек быў вельмi залежны ад прыроды, быў яе беднай часцiнкай, быў кропляю лiўня i сняжыякай завiрухi, калi вецер бязлiтасна шкуматаў яму валасы, сек вочы, раздзiраў сцятыя вусны. "Зямлёй Славянiяй" назваў Клён той няўтульны лес i тыя няпростыя адчуваннi. Назва, трэба прызнацца, была вельмi трапная. Як гiсторыкi (сын - будучы гiсторык) яны найбольш цiкавiлiся першаславянамi, таямшчым, магутным i, на жаль, безгалосым акiянам-лесам, якi шумеў калiсьцi ад Адрыятыкi i Пелапанеса да Белага мора i Ўрала. Праславянскае жыццё, як восеньскi лес, амаль не пакiнула пасля сябе яркiх фарбаў, жывой лiстоты. А яно ж было! Дубровiч-старэйшы праславiўся тым, што стаў адным з членаў iнiцыятыўнай групы, якая выпрацавала i рэалiзавала iдэю Вялiкай Кампенсацыi. Яны дамаглiся, каб славянам (дакладней, толькi ўсходнiм славянам) былi выплачаны трыста мiльярдаў кантрыбуцыi ў iндаэўрапейскiх доларах. За што? За тое, што ў свой час найбольш актыўныя i рухомыя з iндаэўрапейскiх плямёнаў, напрыклад, галы, франкi, выцеснiлi продкаў славян на самы край гiстарычнай Айкумены, адрэзаўшы iх такiм чынам ад культуры, ад святла Рымскай iмперыi. Вечны Рым, як багаты стол, вабiў да сябе ўсiх варвараў, але славянам не пашанцавала сесцi за той стол, iх проста не пусцiлi больш удачлiвыя народы. А багацце ж, i духоўнае, i матэрыяльнае, было агульнае, бо сам Рым, калыску розуму i прагрэсу, змайстравалi iндаэўрапейцы, сярод якiх былi i продкi славян. Успомнiўшы, падумаўшы пра ўсё гэта, Гай Дубровiч паглядзеў на сына, шырока ўсмiхнуўся i сказаў: - Вiтаем цябе, Зямля Славянiя. I пакланiўся ў пояс лiпам, дубам, двухпавярховаму каменнадраўлянаму будынку, усяму Чорнаму Хутару. Iх сустрэў робат-вартаўнiк па iменi Дулеб. Радуючыся гаспадарам, ён узняў у прывiтаннi доўгую жалезную руку, сцiснутую ў кулак. З кулака вылецела зялёная ракета. - Усё спакойна, Дулеб? - спытаў Клён. Робат зiрнуў на падлетка, зiрнуў, падалося, з вясёлай хiтрынкаю, але ў першую чаргу робат-вартаўнiк абавязаны размаўляць з дарослымi, паўнапраўнымi грамадзянамi Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi. I таму ён сказаў, павярнуўшыся да Гая: - У электроннай сетцы два разы падала напружанне. На другiм паверсе, у кабiнеце, у тры гадзiны ночы рыпеў паркет. - Цi не хочаш ты сказаць, Дулеб, што там хадзiў прывiд? - iранiчна перапынiў яго Клён. Робат строга паглядзеў на падлетка, потым павярнуўся да старэйшага па ўзросце, размерана прамовiў: - Паркет рыпеў. Тады ж, роўна ў тры гадзiны ночы i дзве хвiлiны, насупраць акна, якое маецца ў кабiнеце, мной заўважаны з боку двара празрыстабелы шар дыяметрам у тры метры дваццаць сантыметраў. Ён бясшумна падплываў да акна. Ярка свяцiў месяц, i часам шар як бы знiкаў з поля зроку, пэўна, раствараючыся ў месячных промнях. - Ты i нагаворыш, Дулеб. Кiнь палохаць, - зноў умяшаўся Клён, але голас ужо быў трохi цiшэйшы, не такi звонкi. - Гэта быў КЛА*, - цвёрда сказаў Дулеб. - У Школе Робатаў я вывучаў iх. Маецца пяць класаў, адзiнаццаць падкласаў, светлая i цёмная афарбоўка, трыццаць тры вiды канфiгурацыi. Бурдзугалараф, якi прылятаў на Зямлю ў 1999 годзе, быў камандзiрам самага прымiтыўнага КЛА. Ён... * КЛА - Касмiчны лятаючы аб'ект. Прыкладна да паловы XXI стагоддзя называўся НЛА - Неапазнаны лятаючы аб'ект. - Хопiць-хопiць, - перапынiў робата Гай. - Усе мы ведаем, што ты самы разумны, самы iнфармаваны. Ад такiх слоў гаспадара шчокi ў Дулеба - два адпалiраваныя да бляску пукатыя металiчныя кружочкi - ярка запунсавелiся. Робаты вельмi любяць, калi iх хваляць. - Глядзi, не пусцi слязу, - пстрыкнуў робату пальцамi ў самы лоб Клён. Дулеб iранiчна i горда зiрнуў на яго, нiчога не сказаў. I было ў позiрку, у павароце галавы нешта дужа падобнае на позiрк аравiйскага вярблюда. - Не крыўдуй! - крыкнуў яму, узбягаючы на веранду дома, Дубровiч-малодшы i зноў не стрымаўся: - Усе кажуць, што ты самы мудры робат. Адкажы, што азначае тваё iмя? - Дулебы, саюз усходнеславянскiх плямёнаў на тэрыторыi Заходняй Валынi. У VII стагоддзi апынулiся пад уладай авараў, або обраў. З X стагоддзя ў складзе Кiеўскай Русi пад iмем бужан i валынян, - бадзёра адрапартаваў робат. - Ну, ты й даеш, - захоплена прысвiснуў Клён. Бацька i сын спачатку распранулiся i паплавалi ў басейне, сценкi якога былi абкладзены рознакаляровымi керамiчнымi плiткамi. Вада пахла бярозавым лiсцем, навальнiчным дажджом. Скура ў Дубровiчаў была асляпляльна белая, бо мода на загар, прынамсi, у Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi, даўно прайшла людзi пазбягалi пякучых сонечных прамянёў. Абцёрлiся калянымi рушнiкамi i ў прасторных iльняных кашулях i ў такiх жа штанах пайшлi распальваць камiн. Ён быў зроблены ў выглядзе магутнага чырвонацаглянага зубра, што, падкурчыўшы ногi i раскрыўшы пашчу, ляжаў каля глухой сцяны вялiкай залы. Неўзабаве ў гэтай пашчы радасна заскакала полымя. Клён кiдаў туды сухiя паленцы, кавалачкi антрацыту. Потым сын i бацька, глянуўшы адзiн на аднаго, адначасова кiнулi ў агонь жоўтыя шарыкi пахучай смалы. Пачуўся лёгкi трэск. - Мой шарык спадабаўся прашчуру, i ён узяў яго, - радасна сказаў Клён, убачыўшы, як некалькi кропель блiскучай смалы ўпалi на чорны, круглай формы камень, умураваны ў под камiна. Такi рытуал дайшоў да iх, людзей ХХIII стагоддзя, з сiвой даўнiны. Некалi чалавек, назаўсёды адыходзячы ў далёкi чужы край, браў з сабою камень з роднага ачага i клаў яго ў новы ачаг. Камень гэткi называўся прашчурам. - Аб чым ты зараз падумаў? - цiха спытаў у бацькi сын, бо ў такiя iмгненнi, калi вочы пазiралi на агонь, на камень-прашчур, а ў агнi згарала смала, задумвалася патаемнае жаданне. - Хачу, каб мы ўсе былi шчаслiвыя: наша мама, ты i я, - пранiкнёна сказаў Гай Дубровiч. Вялiкая Эра Плюралiзму навучыла зямлян мудрай i, як усё мудрае, простай iсцiне: шчасце грамадства пачынаецца са шчасця кожнага, узятага паасобку, чалавека. I яшчэ: не можа быць шчаслiвай i вялiкай краiна, у якой жыве ў няшчасцi маленькi чалавек. - А ты аб чым падумаў? - у сваю чаргу, спытаў бацька ў сына. - Я вельмi хачу, каб да цябе не прыйшоў Вялiкi Жах, - адказаў Клён, i вочы ўспыхнулi. - Вось ты пра што, - узняўся з крэсла Гай. - А я нават забыўся пра вiзiт гэтага спадара. Хаця не, не забыўся, памятаў, але не першай памяццю. Не хвалюйся, сынок. Гэтакае бывае ў кожнага мужчыны. I ў цябе некалi будзе. А хiба разумна баяцца непазбежнага? Хваляванне, вядома, ёсць. Прыкладна так людзi даўнейшых стагоддзяў хвалявалiся, заходзячы ў кабiнет да стаматолага. Былi ўрачы такой спецыяльнасцi, якiя лячылi людзям зубы i нават вырывалi iх спецыяльнымi абцугамi. Зараз, дзякуй Богу i навуцы, мы не ведаем, што такое зубны боль. А раней - ого-го! Ён зморшчыўся, надзьмуў шчаку, схапiўся за яе рукою, застагнаў, i Клён не вытрымаў, засмяяўся. Не верылася, што такая дробязь, як зуб, мог калiсьцi прыносiць чалавецтву столькi пакутаў. Камiн патух. Толькi на прашчуры ярка блiскаў маленькi вугольчык. Святло не запальвалi, i ў цемры, што пакрысе наплывала з усiх бакоў, гэты зiхоткi вугольчык здаваўся мудрым пранiзлiвым вокам, якое праз вечнасць пiльна пазiрае на iх, бацьку i сына. Хацелася размаўляць шэптам, i яны так i рабiлi. Потым паглядзелi вячэрнi выпуск тэленавiнаў. Вярнулася шматгадовая касмiчная экспедыцыя з ваколiц зоркi Праксiма Кентаўра, што з усiх зорак сама блiжэй размешчана да Сонца. Касмадэсантнiкi, i памiж iх тры жанчыны, усе ў белым, выходзiлi з карабля, махалi рукамi, смяялiся i, сышоўшы па трапу, станавiлiся на каленi, цалавалi зямлю... У Бiскайскiм залiве бушаваў жорсткi шторм. Вадзяныя касматыя горы атакавалi маленькую рыбалоўную шхуну. Адтуль неслася "SОS"... Выступаў кiраўнiк Мiжнароднага Ўпраўлення па барацьбе з мухай цэ-цэ, дзябёлы шыракалобы мужчына. Трэба было нешта гаварыць, а думак i слоў малавата, i ён цягнуў штохвiлiнна: "Э-э-э...", толькi каб не маўчаць.
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16
|