Чалавек з брыльянтавым сэрцам (на белорусском языке)
ModernLib.Net / Дайнеко Л. / Чалавек з брыльянтавым сэрцам (на белорусском языке) - Чтение
(стр. 15)
Автор:
|
Дайнеко Л. |
Жанр:
|
|
-
Читать книгу полностью
(465 Кб)
- Скачать в формате fb2
(199 Кб)
- Скачать в формате doc
(203 Кб)
- Скачать в формате txt
(197 Кб)
- Скачать в формате html
(200 Кб)
- Страницы:
1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16
|
|
- Радаслаў Алесевiч ахвяраваў сабой, ахвяраваў дзеля спакою i мiру, i СЦ прыняла ахвяру, - цiха сказаў Клён. Вера апусцiлася на каленi на тым самым месцы, дзе некалькi хвiлiн назад напаткала смерць Буслейку, i плакала. А Менск налiваўся ўзрушанымi людскiмi галасамi, шумеў ва ўсёй сваёй велiчы. I ўжо выходзiлi дворнiкi падмятаць разбiтае шкло i раструшчаную цэглу. I самую першую порцыю марожанага не прадаў, а падарыў васьмiгадоваму русавалосаму хлопчыку з вулiцы Заслаўскай увiшны вясёлы аўтамат. Над горадам плылi агромнiстыя бела-ружовыя, як квецень майскай яблынi, воблакi. На адным з iх, самым прасторным, успыхнулi словы: "Ахвяру прымаем. Вайна скончана". XV Для Клёна Дубровiча пачалiся самыя цяжкiя часiны. Са слязамi на вачах сустрэлi яго мацi i бацька, цалавалi, абдымалi. Мацi i хатнi робат Чарлi збiлiся з ног, носячы яму прысмакi, ды так закармiлi, хоць пад стол ад iх хавайся. Але схлынула радасць, пацяклi днi, тыднi, i Клён адчуў, што ў ягонай душы нешта незваротна зламалася, што амаль усё ў паводзiнах сяброў, суседзяў, нават бацькоў яму не падабаецца. Iхнiя ўсмешкi, бясконцыя роспыты пра Вар, iхнiя знакi ўвагi, паляпваннi па плячы ўсё болей здавалiся яму няшчырымi. "Фальшывая планета", - думаў ён i сам палохаўся такiх думак, бо Зямля i людзi ВЭП, як вучылi яго ў гiмназii, як пiсалi ў газетах i кнiгах, як верылi бацькi i зусiм нядаўна верыў ён, знаходзiлiся на вяршынi пiрамiды, iмя якой - чалавечая цывiлiзацыя. Усё, што было да ВЭП, да сённяшнiх дзён, было калi i заканамерным, дыялектычна апраўданым, усё роўна лiчылася нiжэйшым, не зусiм дасканалым. Такая ўпэўненасць не называлася эгаiстычнай, самарэкламнай, бо, як двойчы два заўсёды раўняецца чатыром, так i ВЭП заўсёды i ва ўсiм (прынамсi, так цвёрда верыла ўсё цi амаль усё чалавецтва) пераўзыходзiць мiнулыя эпохi. Пры гэтым усе цудоўна ведалi, што калiсьцi ў сiвой далечы тысячагоддзяў Рымская iмперыя ўжо аб'яўляла сябе Эталонам грамадскага раззiцця i прагрэсу, а потым - гiтлераўскi Рэйх, а потым камунiстычны СССР, ды горкае расчараванне чакала ўсю тройцу. Каб неяк супакоiцца, Клён шмат чытаў, слухаў музыку, аддаючы перавагу забытым народным песням. Добра было пачуць вось такое: Мой хвор мужычок, Ды красен, як бурачок, А я здарова, Ды жоўтая, як маркова. Аказваецца, задоўга да ВЭП у людзей было столькi гумару, здаровага смеху, людзi пасвойму былi шчаслiвыя. "Што са мною? - думаў Клён. - Чаму я ўвесь час адчуваю, што мне нечага не хапае? Ясна, што мне вельмi не хапае Радаслава Буслейкi. Але ён загiнуў, яго нiколi не будзе, i я гэта разумею. Дык чаго ж мне не хапае?" Праз некалькi дзён у некаторых газетах упершыню з'явiлiся публiкацыi на тэму "Вiрус планеты Вар". Калi верыць журналiстам i вучоным, якiя давалi iнтэрв'ю, iснуе зусiм новы таямнiчы вiрус, што пакрысе пачаў гаспадарыць на ўсёй Зямлi, асаблiва ў Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi. Людзi, якiя iм заразiлiся, губляюць усялякую цiкавасць да жыцця, пакутуюць няўпэўненасцю, дэпрэсiяй, абсалютна абыякавыя да (падумаць толькi!) духоўных каштоўнасцей сваёй планеты. I хоць журналiстаў, як i ва ўсе часы, болыпасць зямлян лiчыла пляткарамi - з ветру вяроўку саўюць - але ў дадзеным выпадку чалавецтва задумалася i насцярожылася. I, трэба прызнацца, падставы былi. Пасля гераiчнай смерцi стрэсаператара Радаслава Буслейкi ў яго з'явiлася мноства паслядоўнiкаў. Гэтых маладых людзей называлi "ахвярнiкамi". Iх можна было распазнаць у вулiчным натоўпе па асаблiваму бляску вачэй, па бледнасцi тонкiх адухоўленых твараў i па каляровым партрэце Буслейкi, якi яны насiлi на майках. Навум Масейкiн у адной з тэлевiзiйных перадач назваў iх камiкадзе, i назаўтра яго закiдалi на вулiцы тухлымi яйкамi i гнiлымi грушамi. "Ахвярнiкi" паклялiся, чаго б гэта нi каштавала, памiрыць чалавецтва з СЦ. Сямёра з iх скончылi жыццё самагубствам у Шягарскiм вадаспадзе, трое скокнулi з Эйфелевай вежы, адзiн - жыхар Бабруйска Лявон Латушка - на ўласным верталёце ўзляцеў над Нараччу, выключыў рухавiк i разам з машынай рухнуў у возера. Ну й нацярпелiся тыя бацькi, хто меў сыноў цi дочак прыкладна такога ж узросту. Зачынялi дзяцей на замок, наймалi сакрэтных агентаў, каб тыя сачылi за iмi, ушывалi дзецям у адзенне радыёдатчыкi. Колькi было слёз, гарачых спрэчак, абяцанняў i расчараванняў! I СЦ, трэба аддаць ёй належнае, зразумела сiтуацыю, спынiла барацьбу, канчаткова памiрыўшыся з чалавецтвам. Праўда, той жа Навум Масейкiн едка заўважыў, што яна проста "лягла на дно", чакаючы зручнага моманту. як падводная лодка, што падпiльноўвае варожую эскадру. Але, як бы там нi было, многiя людзi, асаблiва ў паўночных шыротах, бачылi ў месячныя ночы дзесяткi, сотнi "вагонаў" (такая была форма ў касмiчных караблёў СЦ), што бясшумна адляталi ад Зямлi. Адбывалася вялiкае перасяленне. Куды трымалi курс плазмоiды, нiхто не ведаў. Можа, на Вар, можа, на Сiнюю Зорку. I яшчэ адзiн надзвычай цiкавы факт - у час адлёту "вагонаў" мяккiм срэбным святлом гарэлi начныя рэкi i азёры, а назаўтра ў лугах i лясах выпадала яркая вельмi буйная раса. Малады паэт Янка Палявiк напiсаў верш, якi адразу ж зрабiў яго вядомым i ў якiм быў радок: "То не раса, то слёзы плазмоiдаў". А неўзабаве ў газеце "Крывiцкi шлях" была надрукавана iнфармацыя пад iнтрыгуючым загалоўкам "Чорны драпежнiк з Вара iдзе па Зямлi". У гэтай iнфармацыi журналiст, якi схаваў сваё прозвiшча пад iнiцыяламi N.N., настойлiва праводзiў думку аб тым, што вiрус, прынесены з планеты Вар, захоплiвае ўсё новыя i новыя рэгiёны. "Знiкла Вера Хрысцiнюк, - пiсаў журналiст. - Тая самая, што разам з Радаславам Буслейкам i Клёнам Дубровiчам знаходзiлася нейкi час на Вары. Яе няма дома, няма на службе, няма ў сяброў i знаёмых або ў бальнiцы. Яе няма ў санаторыi. Няма нiдзе. Куды ж дзелася гэта адважная жанчына? Пакуль што служба пошуку не можа даць канкрэтнага адказу. Мы ж бярэм на сябе смеласць заявiць, што яна ўслед за Буслейкам стала ахвярай бязлiтаснага вiрусу. Зараз яе шукаюць. Прынамсi, шматлiкая група вадалазаў метр за метрам абмацвае дно ракi Свiслач. З тройцы, якая лётала на планету Вар, толькi Клён Дубровiч у поўнай бяспецы. Ён знаходзiцца ў доме сваiх бацькоў. Дарэчы, яшчэ раз вiншуем нашага праслаўленага зямляка з надаццём яму звання Чалавека з брыльянтавым сэрцам. Па нашых падлiках, у гарадах i аграпасёлках Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi мясцовыя ўлады паставiлi ўжо дванаццаць помнiкаў герою. I, вядома ж, такi помнiк упрыгожвае вулiцу Заслаўскую ў горадзе Менску". Клёну зусiм выпадкова трапiла ў рукi газета. Ён прачытаў iнфармацыю i адчуў востры халодны сум, якi аж зазвiнеў у сэрцы. Клён падышоў да акна, глянуў на вулiцу. Нiчога асаблiвага ён там не ўбачыў. Быў шэры цьмяны дзень. Пырскаў рэдкi дожджык. Будынак камерцыйнага банка засланяў, здавалася, паўнеба. Дзе ж Вера? Што з ёй? Амаль аўтаматычна Клён пачаў апранацца, каб выйсцi на вулiцу. Але зазiрнула ў пакой мацi, сказала мяккiм, нейкiм лiслiвым голасам: - Зараз я згатую табе каву. - Дзякуй, не хачу, - буркнуў Клён. - Але ж ты заўсёды яе любiў. - Сёння не люблю. Яны пiльна глянулi ў вочы адно адному, глянулi не як сын i мацi, а як двое даўно знаёмых людзей, якiх трошкi ўжо стамiла гэтае знаёмства. - Чаго ж ты хочаш, Клён? - асцярожна пагладзiла Бярозка сынаву галаву, нiбы баючыся, што ён не дазволiць ёй зрабiць такое. Ён не адхiлiў галаву, але з лёгкай раздражнёнасцю сказаў: - Проста я хачу пайсцi на вулiцу. I ўсё. Цi, можа, я не маю на гэта права? - Ты што, сынок? - нервова засмяялася Бярозка. - Вядома, маеш. Але толькi праз дзесяць дзён. Доктар прыпiсаў табе пасцельны рэжым. Каранцiн... - Якi доктар? - узвiўся Клён. - Якi каранцiн? Ён раптам у здагадцы звузiў вочы, сярдзiта зморшчыў лоб. - Ды вы з бацькам убiлi сабе ў галовы газетную пiсанiну пра вiрус з планеты Вар. Ха-ха! Чорны звер iдзе па Зямлi. Буслейка загiнуў. Вера Хрысцiнюк знiкла. Чарга - за вашым адзiным чадам, за Клёнам Дубровiчам. Ён можа звар'яцець, можа пакусаць суседзяў. А калi гэтак - садзi яго пад шкляны каўпак, пад замок. Быццам ён не чалавек, а марская свiнка. - Што ты кажаш, сынок? - спалохалася мацi. - Ты - чалавек, чалавек. I не думай пра нас з бацькам што-небудзь благое. - Так, я чалавек, сын чалавека, - рашуча перапынiў яе Клён. - I таму я зараз жа iду на вулiцу. Ён зрабiў крок да дзвярэй, але мацi паклiкала: - Гай! Адзiны! Гай Дубровiч iмклiва ўвайшоў у пакой. Быў ён у доўгiм квяцiстым халаце, у мяккiх сандалях без заднiкаў. Ён узяў сына за руку, пагладзiў яе, прытрымаў. - Табе трэба адпачыць, Клён, - сказаў Дубровiч-старэйшы. - Рэдка каму выпадала перацярпець такое. Слухай музыку, чытай кнiгi. Можаш з Чарлi згуляць у шахматы. Чарлi, дзе ты там? Iдзi сюды! - Да д'ябла i шахматы, i вашага Чарлi, - вырваў руку Клён i крыкнуў робату, якi быў уваткнуў галаву ў прачыненыя дзверы: - Убiрайся прэч, бляшанка! - Нядобра так, - садзячы сына на канапу i сядаючы побач, сказаў Гай. - А што ты лiчыш добрым? Што такое - дабрыня? - дзёрзка спытаў Клён. - Добра, калi спакойна, - асцярожна, як маленькаму, растлумачыў бацька. - Добра, калi ўсiм добра. I табе, i мацi, i мне. Усiм. - Чаму ж тады так шмат "ахвярнiкаў"? Чаму знiкла Вера? - Ва ўпор глядзеў на яго суровымi вачамi Клён. - Ва ўсе часы знаходзiлiся людзi, якiм рабiлася цесна i няўтульна ў шкарлупiне арэха, iмя якому грамадства, - па-фiласофску ўдумлiва, трохi любуючыся сабой i сваёй эрудыцыяй, сказаў Гай. - Нават ВЭП... Ды Клён не даў яму дагаварыць, ускочыў з канапы. - Што - ВЭП! - з'едлiва i злосна выдыхнуў ён. - Няўжо ты не бачыш, што ўсюды так многа хлуснi? Усе гэтыя словы, усе гэтыя помнiкi. Зямля пакрыта хлуснёй, як непраходным балотам. - Супакойся, - мякка сказаў Гай. - Усё-ткi на сённяшнi дзень ВЭП, пры ўсiх яе недахопах, вышэйшая i справядлiвейшая форма чалавечай цывiлiзацыi. Твае ж словы, такiя гарачыя i ўсхваляваныя - адвечная праблема адносiн бацькоў i дзяцей. Вырасцеш, сам станеш бацькам, i некалi твой сын таксама пачне крытыкаваць цябе. I гэта, павер мне, будзе балюча. Але Клён не супакоiўся, не сеў на канапу, а, наадварот, падышоў да самых дзвярэй, узяўся за дзвярную ручку. Бярозка разгублена пазiрала то на сына, то на мужа. Ёй так хацелася, каб яны памiрылiся. - Ты нiкуды не пойдзеш, - рэзка сказаў сыну Гай, таксама ўскочыўшы з канапы. - З якой нагоды ў нашай сямейцы ўведзена каменданцкая гадзiна? па-блазенску, з непрыхаваным здзекам пацiкавiўся Клён. Ён быў вышэйшы ростам за бацьку, пазiраў на яго зверху ўнiз. Ды Гай Дубровiч не стаў дыскутаваць, крыкнуў: - Вярнiдуб! Каратыст! Да мяне! У пакой адразу ж увайшлi, сутыкнуўшыся плячамi ў дзвярах, два робаты. - За тое, што мы вельмi добра адносiмся да Чарлi, Упраўленне Хатнiх робатаў накiравала да нас сваiх стажораў, якiя шэсць месяцаў будуць працаваць у нашай сям'i, - растлумачыла Клёну мацi i дадала: - Яны будуць працаваць бясплатна. - Пагуляйце з маiм сынам у дамiно, - загадаў Гай. - Слухаемся, Абаронца Робатаў, - сiнхронна адрапартавалi Вярнiдуб i Каратыст. - Дык у цябе ўжо i тытул з'явiўся, - цямнеючы тварам, сказаў Клён бацьку. - I хатняя палiцыя пад рукою. А куды ж дзеўся плюралiзм? Дзе яго, бедненькага, шукаць? Можа, пад сталом? Ён зрабiў выгляд, што нешта ўважлiва разглядвае пад шахматным столiкам. - Усё робiцца для твайго шчасця, сын, - цвёрда прамовiў Гай Дубровiч i выйшаў з пакоя. - Сынок, не крыўдуй на нас, але доктар Берг (у нас зараз новы сямейны доктар) параiў, каб ты дзён дзесяць пабыў дома. Аказваецца, вiрус з планеты Вар не выдумка, - хвалюючыся, страшэнна перажываючы, умольна зiрнула на сына Бярозка. - Хочаце дамiно? Будзе вам дамiно, - быццам не пачуўшы яе слоў, бадзёра i нахабнавата рагатнуў Клён i, звярнуўшыся да робатаў, крутнуў пальцам каля скронi. - Як у вас наконт iнтэлекту, хлопчыкi? - Норма, - сiнхронна выгукнулi тыя. - Малайцы, - пахвалiў ён iх i нават не зiрнуў на мацi. Бярозка, учарнелая ад крыўды i ўласнай бездапаможнасцi, хвiлiнку пастаяла пасярод пакоя, уздыхнула i цiха зачынiла за сабой дзверы. А на сына, на Клёна, быццам наплыў-навалiўся нейкi вясёлы, на мяжы з iстэрыкай, шал. - Хто з вас Каратыст? - гучна ляпаючы костачкамi дамiно, амаль крычаў Клён. - Ты? Цi, можа, ты? Вы падобныя, як дзве жалезныя каструлi. А мой бацечка, значыцца, Абаронца Робатаў? Ха-ха. А цi ведаеце вы, каструлi, што ўсе мы: i я, i вы, i нават Абаронца Робатаў жывем на фальшывай планеце? Не ведаеце? Дык я вам трохi прапаласкаю мазгi, прабачце, клемы. Згода? Слухайце. Мы носiмся з ВЭП, як некалi барадатыя i вусатыя, а ў дадатак безбародыя, бязвусыя i абсалютна лысыя, адным словам, розныя мудрацы насiлiся з камунiзмам. Курыца не знесла нiводнага яйка, а кудахтання было на ўвесь свет. Разумееце? Робаты, пазiраючы на Клёна, сiнхронна кiвалi галовамi. Аднак калi ён, тэмпераментна захапiўшыся сваiм маналогам, памкнуўся ўстаць з-за стала, адзiн робат балюча прыцiснуў яму нагу, другi паклаў на плячо цяжкую ўчэпiстую руку. - Пiльнуеце? - пагардлiва ўсмiхнуўся Клён. - Сабачая ў вас, хлопчыкi, служба. Думаеце, уцяку, збягу? А я б i хацеў збегчы адсюль. Напрыклад, на Марс, на Вар. Там Аюс жыве, кароль жывёл. Не чулi пра такога? Ды адкуль вам пачуць. - Гавары цiшэй, - раптам сказаў Вярнiдуб. Ён адрознiваўся ад Каратыста жалезнай трохкутнай заклёпкай на левым калене. У Каратыста якраз на гэтым самым месцы была медная заклёпка. Клён здзiўлена паглядзеў на яго. - Гавары цiшэй, - зноў сказаў Вярнiдуб. - А костачкамi дамiно стукаць можна? - падкалоў робата Клён. - Костачкамi можна стукаць моцна, а гаварыць трэба цiха, - паважна растлумачыў Вярнiдуб. - Тады, як кажуць амерыканцы, о'кэй, - ляпнуў што ёсць моцы па стале Клён. - Пуста - пуста, хлопчыкi. Але як ён нi стараўся дэманстраваць усiм, у тым лiку i робатам, сваю незалежнасць, узмужнеласць, на сэрцы былi разгубленасць i трывога. Ён адчуваў, што вельмi змянiўся за той час, якi правёў на Вары. Смерць Буслейкi, таямнiчае знiкненне Веры Хрысцiнюк толькi пашырылi трэшчыну, што з'явiлася мiж iм i бацькамi, настаўнiкамi, сябрамi. Ён вярнуўся з Вара новым чалавекам, зiрнуў на Зямлю i зямлян новымi вачамi i шмат у чым расчараваўся. Вялiкая Эра Плюралiзму, расхваленая ў школьных падручнiках i доктарскiх дысертацыях, у кнiгах i кiнафiльмах, у песнях i нават у дзiцячых лiчылках, бачылася незварушнай цяжкай пiрамiдай, мастадонтам, якi пад пяшчотнай беласнежнай поўсцю, пад саладжавым мурлыканнем хавае сталёвыя чорныя кiпцюры. "Чаго мне не хапае? - пакутлiва думаў Клён. - Што змянiлася ўва мне i чаму змянiлася? Бацька i мацi любяць мяне, любяць як свайго адзiнага сына. Я гэта бачу, гэтага нельга не ўбачыць. Чаму ж я сам разлюбiў iх (не, не разлюбiў, занадта катэгарычна рабiць такiя высновы), чаму я заўважыў, пачаў заўважаць iхнюю паўсядзённую, хай сабе дробную, ману, iхнюю пастаянную раздвоенасць?" Калiсьцi яшчэ зусiм кволым хлапчанём ён вычытаў у "Бiблii для ўсiх", што Багародзiца мяняе колер сваiх вачэй, мяняе ў залежнасцi ад таго, якi чалавек стаiць перад ёй, звяртаецца да яе. Калi чалавек сiнявокi - яна сiнявокая, калi чарнавокi - чарнавокая. Памятаецца, як гэта ўразiла, ашаламiла, прымусiла горача забiцца сэрца. З таго часу Божая Мацi зрабiлася вышэйшай мерай духоўнасцi, iдэалам, да якога няспынна хацелася iмкнуцца. А Вялiкая Эра Плюралiзму пачала бачыцца яму, асаблiва пасля вяртання з планеты Вар, са сталёвымi ўпэўнена-халоднымi вачамi i заўсёды глядзела на людзей, што абагаўлялi яе, зверху ўнiз. Робаты, стамiўшы Клёна, i самi стамiўшыся гуляць у бясконцае дамiно, выходзiлi з пакоя. Было чутно, як топчуцца яны ў прыхожай, як тоненька рыпiць дубовы паркет пад жалезнымi нагамi. Потым наступала цiшыня, i Клён уключаў радыёпрыёмнiк або тэлевiзар. Лiлася задумлiвая музыка, мiльгалi прыгожыя пейзажы, людскiя твары, але ўсё гэта адбывалася як бы па-за свядомасцю. Мозг адмаўляўся ўспрымаць нават самую мiзэрную iнфармацыю. Недзе на шосты або сёмы дзень свайго "хатняга арышту" Клён цяжка, хваравiта заснуў i ўбачыў жахлiвы сон. Прымроiлася яму, што знаходзiцца ён у каменнай, халоднай як лёд турме, у камеры смертнiкаў. Праз ноч, роўна праз восем гадзiн, яго пазбавяць жыцця - павесяць, расстраляюць, а можа, спаляць на агнi. Ён стаiць па пахi ў чырванаватай вадзе, не можа прысесцi, не можа заплюшчыць вачэй, бо разумее, што адразу ж засне, упадзе ў ваду i захлынецца. "За што мяне хочуць забiць?" - пытае ён у самога сябе i не знаходзiць адказу. Шэрыя мокрыя сцены цiснуць з чатырох бакоў. Шэрая мокрая столь вiсiць над галавой. Яна ўся ў трэшчынах i, калi пiльна прыгледзецца, трэшчыны гэтыя сплятаюцца ў выяву чалавечага чэрапа. "Дзе я буду спаць? Не магу ж я цалюткую ноч прастаяць на нагах", - цьмяна варушыцца думка. Раптам у густой цiшынi гулка грымяць дванаццаць адрывiстых удараў. Гэта, як здагадваецца Клён, б'юць куранты на Спаскай вежы Маскоўскага Крамля. Адразу ж з глухiм ракатаннем, з сытым прыцмокваннем сплывае праз каналiзацыйны люк у падлозе камеры вада, агольваюцца брудныя сцены, адна са сцен з рэзкiм iржавым ляскатам расчыняецца, i, падвешаная на ланцугах, у камеру ўплывае чорная труна, замiрае каля самых Клёнавых ног. "Кладзiся спаць. Гэта - твой ложак", - гучыць нечы цiхi, але ўладны голас. Клён, не раздумваючы, не вагаючыся, кладзецца ў чорную труну, бо сон як камень сцiскае цела. Ды з дрыготкасцю ў кожнай жылцы ён адчувае пад сабой нешта мяккае, жывое. "Злезь, а то раздушыш!" - крычыць нябачны ў змроку чалавек i адштурхоўвае Клёна халоднымi рукамi. Нiбы корак з бутэлькi, вылятае Клён з труны. А чалавек бадзёра ўзнiмаецца, робiць некалькi энергiчных фiзкультурных практыкаванняў, весела гаворыць: "Вы хто, таварыш? Давайце знаёмiцца. Я - Лаўрэнцiй Берыя". - "Той самы?" - спуджана адступае да слiзкай сцяны Клён. На ўроках Гiстарычнай Праўды ў гiмназii ён вывучаў лёс гэтага чалавека. "Чырвоны Кат", - са страхам i агiдай шэпча Клён. Берыя, не зважаючы на непрыемнае ўражанне ад свайго з'яўлення, усмiхаецца, працiрае белай насоўкай пенснэ, потым рэзкiм рыўком расшпiльвае "маланку" на сваiх грудзях. Але расшпiльваецца не куртка колеру хакi, расшпiльваецца ягоная валасатая смуглая скура. Знутры сябе, як з шафы, Чырвоны Кат дастае чалавека, ставiць побач з сабой. "Яжоў", - сцiпла знаёмiцца з Клёнам чалавек. Ён шчуплейшы за Берыю, меншая матрошка. Не паспявае Клён здзiвiцца, як Яжоў гэткiм жа самым чынам расшморгвае ўласную грудзiну, вымае з сябе яшчэ аднаго, ужо зусiм дробнага, чалавечка. "Ягода", - пачцiва раскланьваецца чалавечак. Уся гэта тройца садзiцца наўкол Клёна проста на падлогу, брудную i смярдзючую. "Мы старалiся, - плачуць, матаюць галовамi яны, - мы так працавалi. Мы будавалi для вас, будучых пакаленняў, камунiзм. Думаеш, добра выцягваць у брата з жывата кiшкi, рэзаць рамянi з братавай спiны? Скажы нам, скажы шчыра - ты шчаслiвы? I яшчэ скажы - прыносяць дзецi кветкi да нашых магiл i помнiкаў?" Клён маўчыць, спалохана глядзiць у iхнiя блiскучыя ад слёз вочы. "Не адказвае", - паныла ўздыхае Чырвоны Кат. Потым абводзiць мутным расслабленым позiркам сваiх паплечнiкаў, гаворыць iм: "Таварышы, мы ўжо восем дзён не елi. Што мы будзем есцi сёння?" Усе яны, трое, не адрываючы вачэй ад Клёна, павольна-павольна ўзнiмаюцца з падлогi, дастаючы з кiшэняў куртак iржавыя нажы i вiдэльцы... Баючыся такiх хiмерных вiдовiшчаў, Клён, каб не заснуць, амаль усе ночы глядзеў тэлевiзар, глядзеў аж да знямогi. I вось аднойчы ў бясконцай плынi тэлевiзiйных перадач яго напаткала перадача пад няхiтрай назвай "Рэпартаж з менскага заапарку". - Якi цудоўны наш заапарк, - натхнёна казаў, ледзь не дэкламаваў тэлерэпарцёр. - О не - гэта не турма для жывёл, не халодная жалезная пастка. Тут не ўбачыш агароджы, грубага плота або глыбознай ахоўнай канавы. Толькi аксамiтна-зялёныя купкi дрэў i роўныя акуратныя шнуркi кустоў. Тут вольны звер сябруе з вольным чалавекам. I гэта правiльна, гэта вельмi здорава, паважаныя спадары. Прыходзьце сюды, прыводзьце з сабой дзяцей, i вы адчуеце сябе часцiнкай вечнай несмяротнай прыроды. Вунь грацыёзна прабег стравус. Вунь задумлiва стаiць двухгорбы вярблюд-бактрыян. Вiтанне табе, карабель пустынi! А вось я падыходжу, вось я ўжо стаю амаль побач з галоўнай сенсацыяй сёлетняга сезону - прыгожым магутным дзiком па мянушцы Аюс Першы. Клён, якi ляжаў дагэтуль з заплюшчанымi вачамi, кулём зляцеў, звалiўся з канапы, прылiп да экрана. Так, гэта быў ён, Аюс. Гордая пастава, упэўнены смелы позiрк. - Гэта не зусiм звычайны дзiк, - працягваў мiж тым тэлерэпарцёр, аж захлiпваючыся ад навiн, што распiралi яго, iмкнучыся як найхутчэй падзялiцца iмi з гледачамi. - Па-першае, ён жыве ў гэтым заапарку i наогул на Зямлi ўсяго толькi няпоўны месяц. Ён, паважаныя спадары, ураджэнец далёкай таямнiчай планеты Вар. Так, гэта не мая выдумка, гэта праўда, праўда найвышэйшай пробы. Прыгажуна Аюса падараваў заапарку палкоўнiк-герой Хвалiбог, вярнуўшыся з вялiкiм трыумфам з планеты Вар. Па-другое, тэлерэпарцёр пазмоўнiцку прыцiшыў голас, - ходзяць чуткi, што Аюс Першы, верце не верце, умее гаварыць. Ходзяць чуткi, што на сваёй планеце ён быў каралём жывёл. Адкуль такiя чуткi, спытаеце вы? Адказваю, як на споведзi. Вера Хрысцiнюк, тая самая, што лётала на Вар i зусiм нядаўна пры таямнiчых нявысветленых абставiнах знiкла, расказвала тут, у заапарку, аб усiм гэтым па прэс-канферэнцыi. Даю запiс яе выступлення. Клён пачуў усхваляваны Верын голас. "Ён, кароль жывёл планеты Вар Аюс Першы, умее гаварыць. Не здзiўляйцеся, я напачатку сама не верыла ў такое. Ён вельмi разумны. У яго, зноў не здзiўляйцеся, амаль чалавечы iнтэлект. Чаму ён тут, на Зямлi, не сказаў нi слова? Цяжка меркаваць. Але пастаўце сябе на яго месца..." "На месца дзiка?" - перабiў Веру нейкi iранiчны журналiст. "Пастаўце сябе на яго месца, - як не пачуўшы з'едлiвай рэплiкi, казала далей Вера. - Стрэсавыя ўмовы... Касмiчны пералёт... Людское акружэнне... Чужая, абсалютна незнаёмая планета... Тут не толькi страцiць мову, тут звар'яцець можна". "Карэспандэнт газеты "Крывiцкi шлях" Iвановiч. I ўсё-ткi, спадарыня Вера, чаму, на вашу думку, гэты дзiк, гэты кароль жывёл згубiў у нас на Зямлi сваё, я б сказаў, надзвычайнае невераемнае ўменне?" "Я не бiёлаг, - пасля некаторай паўзы цiха прамовiла Вера, - але, мне здаецца, тут справа нават не ў бiялогii. Ён умеў гаварыць, бо я сама з iм гаварыла. Ён гаварыў вачамi. Не здзiўляйцеся - я i мае сябры цудоўна разумелi яго. Наконт таго, чаму гэты незвычайны дзiк анямеў, я хачу выказаць думку, якая можа вам не спадабацца. Я лiчу, што вiной усяму сама планета Зямля, зямная атмасфера i мы, людзi. Прашу не перабiваць мяне. Так, мы стварылi ВЭП, мы ганарымся гэтым. Але цэлыя акiяны адмоўнай энергii акружаюць нас. Не перабiвайце мяне, бо гэта праўда. Нездарма Клён Дубровiч, цудоўны хлопчык, якому я шлю прывiтанне, калi ён мяне зараз чуе, сказаў пра Зямлю, пра нашу з вамi Зямлю: "Фалыдывая планета". Колькi яшчэ на ёй няшчырасцi, хлуснi!" "А вы, аказваецца, не патрыётка, - загулi, як галодныя пчолы, пакрыўджаныя такiмi словамi журналiсты. - Мы чакалi ад вас большай павагi да Зямлi, калыскi чалавецтва. Палёт на Вар (прабачце, паважаная спадарыня) не даў вам вялiкай карысцi, абгаворваць свой дом, прабачце, проста непрыгожа". "Але гэта праўда", - упарта вяла сваё Вера. Клён выключыў тэлевiзар. Сэрца горача бiлася ў грудзях. Толькi што ён чуў Верын голас, бачыў Аюса. Успамiн аб днях, праведзеных разам з iмi на планеце Вар, нахлынуў на яго, як вясновы грымучы лiвень. Там было небяспечна, было цяжка, часам нявыкрутна, ды гартавалася, аж звiнела душа, мудрэў розум, рабiлiся вiдушчымi вочы. Тое, што Вера Хрысцiнюк, таксама як i ён, убачыла Зямлю iнакшай, было, вядома ж, невыпадковым. Быццам адначасова працёрлi яна i ён мутнае ад пылу i сажы аконнае шкло, глянулi на белы свет i жахнулiся - замест вясёлых добразычлiвых людзей снуюць туды-сюды нейкiя халодныя манекены, замест яркiх кветак тлуста блiшчаць плямы фарбы, разлiтай у скверах i лугах, i ўсюды хiтры разлiк, насмешка над суседам, i пустое бяззорнае неба вiсiць над галавой, i фалын у словах i дзеяннях. Правiльна сказаў аднойчы бацька: "Мы такiя - стагоддзе ставiм помнiкi, потым цэлае стагоддзе крышым iх, разбiваем". Як бы хацелася зараз убачыць Веру! Але дзе яна, што з ёй? А вось Аюс - у заапарку. Мудрага караля жывёл зрабiлi жывой лялькай для дзятвы i разявакаў. I, пэўна ж, смяюцца, залiваюцца - "гэта той самы дзiк, што ўмеў, ды развучыўся гаварыць". Трэба выручаць Аюса! Трэба неадкладна вызвалiць яго з праклятага заапарка, выпусцiць у лес, у балота, абы падалей ад усёй шумлiвай хеўры звышгалавiстых вучоных i звышплюралiстычных журналiстаў. Клён аж затрымцеў ад такога свайго рашэння, аж трасянуў рукамi i прышчоўкнуў пальцамi. Толькi як зрабiць гэта? Ён жа й сам, як той Аюс, зачынены, праўда, не ў вальеры, а ва ўласным пакоi. Няхай не хлусiць журналiст - у заапарку i сапраўды ўсюды зялёныя лужкi, кусцiкi, воля, прастора, гуляй дзе хочаш, але толькi падыдзе звер да загадзя абумоўленай рысы, якую нельга пераступаць, як з зямлi са скрыгатам выскоквае крацiстая жалезная сцяна. Яны - Аюс i Клён палонныя, палонныя на самай шчаслiвай планеце. Некалькi дзён Клён хадзiў як сам не свой. Адна думка гняла яго - як вырвацца з дому i як вызвалiць Аюса? - Цi не затэмпературыў ты, сынок? - спалохалася, жаласлiва сказала мацi. - Зараз жа пазваню доктару Бергу. А цябе вельмi прашу - пацярпi яшчэ тры днi! Праз тры днi скончыцца каранцiн, i ўсёй сям'ёй пойдзем у цырк. Ты ж, калi вучыўся ў малодшых класах, дужа любiў яго. Клён з непаразуменнем зiрнуў на яе, нiчога не сказаў, уздыхнуў. - Чарлi i я згатавалi для цябе цудоўнае марожанае. Арэхавае. Са свежымi сунiцамi. Хочаш? - падлашчвалася мацi. А глыбокай ноччу, калi ўжо мо дзесяты раз быў успомнены Вар, калi ўсё цела было бяссонным, наструненым i гарачая падушка неаднойчы падала з ложка на падлогу, раптам успыхнула ў пакоi мяккае срабрыстае святло. Клён уздрыгнуў, але звалодаў з сабою, пачаў пiльна ўзiрацца туды, дзе яно з'явiлася. Ён убачыў, як з разеткi асцярожна выплывае маленькi элiпсападобны плазмоiд. - Я памятаю цябе, мы сустракалiся, - усхвалявана зашаптаў Клён. - Ты такi прыгожы, такi яркi... Але ж СЦ перасялiлася на Вар. Чаму ты застаўся на Зямлi? - Мне сумна, - адказаў плазмоiд, павольна кружачыся над Клёнам. - Я нiколi не быў на Вары, i мяне там чакае самазнiшчэнне. А я ведаю, што вельмi сумна i табе. I я рашыў дапамагчы. Апранайся (толькi рабi ўсё цiха, бясшумна), i я павяду цябе. - Куды? - зачаравана глядзеў на плазмоiда Клён, а сам ужо нацягваў свiтэр. - Да той жанчыны, якая знiкла i з якой ты быў на планеце Вар. - Да Веры? Ты ведаеш, дзе знаходзiцца Вера Хрысцiнюк, i яна жывая? - Жывая. Хутчэй апранайся. - Але там, за дзвярыма, сядзяць робаты-вартаўнiкi. А ў дзвярах электронны замок. - Маўчы i апранайся. Праз лiчаныя iмгненнi яны пакiнулi пакой. Плазмоiд падплыў да дзвярэй, дакрануўся да замка, i замок мякка, бясшумна адчынiўся. У самы апошнi момант Клён шапнуў: - Пачакай. Мне трэба ўзяць з сабой малаток. - Навошта? - здзiвiўся плазмоiд. Але Клён не стаў тлумачыць, сярод слясарнага рыштунку схапiў малаток, увапхнуў у кiшэнь курткi. Вярнiдуб з Каратыстам своечасова зрэагавалi на нечаканую атаку: узвiлiся на ўвесь свой магутны рост. Ды плазмоiд толькi чыркануўся аб iхнiя жалезныя галовы, i робаты селi на табурэты, знерухомелi. На вулiцы бушаваў рэзкi ўсёпранiкальны вецер. Белачолы месяц мiльгаў памiж хмарамi. - Мне падалося, што ты малатком хочаш разбiваць iлбы робатам, засмяяўся плазмоiд. Клён нiчога не адказаў, падбег да пастамента, на якiм стаяў помнiк Чалавеку з брыльянтавым сэрцам, з нянавiсцю паглядзеў на яго. Помнiк быў зроблены з цёмна-сiняга шкла, сэрца, зiхоткае, прамянiстае, гарэла ўнутры, нават (калi даўжэй засяродзiць позiрк) пульсавала. - Табе паставiлi помнiк, - з павагай прамовiў плазмоiд, праплыў наўкол шкляной фiгуры, дадаў: - Вельмi падобны. Раптам Клён размахнуўся, ударыў малатком. Пырснулi шкляныя аскабалкi. - Што ты робiш?! - закрычаў плазмоiд. А Клён бiў i бiў, сашчамiўшы зубы i заплюшчыўшы вочы. Ляцела ва ўсе бакi, звiнела, трашчала шкло. - Вось вам, - як закляцце, паўтараў Клён. - Наце... Вось вам... Атрымайце... Са шкляной фiгуры вывалiлася, выскачыла сэрца, пазвоньваючы, пакацiлася, затарахцела па асфальце. Яно аказалася звычайнай, трошкi падзалочанай бляшанкай. Клён з лютасцю пачаў таптаць яго нагамi. - Вось вам, - цяжка дыхаючы, казаў ён. Потым адшпурнуў малаток, сеў на краёк пастамента, заплакаў. Плазмоiд як бы з нейкiм спалохам завiс у яго над правым плячом. Шалеючы, выў вецер. - Пойдзем да той жанчыны, - нарэшце сказаў плазмоiд. - Дзе Вера? - устрапянуўся, ажыў Клён. - Вядзi! Яны паiмчалiся праз шэры свiтальны туман - уперадзе, нiзка над зямлёй, ляцеў плазмоiд, следам за iм бег Клён. У гэтым iмклiвым руху было ягонае выратаванне, суцяшэнне, самазабыццё. Яму здавалася - спынiся вось зараз, проста прымарудзь, i адразу памрэш. Ён не ведаў, адкуль узялося такое адчуванне, але яно было, жыло ў кожнай клетцы цела. А яшчэ ён уцякаў ад сябе ранейшага, учарашняга, ад сябе наiўна-зялёнага, якi глядзеў у рот дарослым, прымаючы на веру кожнае iхняе слова. У гэтым бегу ён нанова нараджаўся. Так нараджаецца малады жытнёвы колас, выплываючы вясной з цёплай зямлi. Яны прыпынiлiся на зарослым дрэвамi i хмызняком беразе возера Маладзёжнага. - Дзе Вера? - задыхана i нецярплiва спытаў Клён. - Вось яна, - адказаў плазмоiд, з нейкай нерашучасцю наблiжаючыся да маладой лiпы, што стаяла над самай вадой. Цёмныя хвалi нястрымным бурлiвым ланцугом iшлi з туманнага возера i клалiся каля самых каранёў лiпы, ужо трохi падмытых вадою. Трымцела зялёнае вiльготнае лiсце. Чуўся трывожны i няясны шум, у якiм была сама патаемнасць. - Дзе ж Вера? - са злосцю азiрнуўся Клён. - Яна перад табой. - Ты хочаш сказаць, што вось гэтае дрэва, гэтая лiпа i ёсць... Вера Хрысцiнюк? - уздрыгнуў голасам, перайшоў на шэпт Клён.
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16
|