Чалавек з брыльянтавым сэрцам (на белорусском языке)
ModernLib.Net / Дайнеко Л. / Чалавек з брыльянтавым сэрцам (на белорусском языке) - Чтение
(стр. 1)
Автор:
|
Дайнеко Л. |
Жанр:
|
|
-
Читать книгу полностью
(465 Кб)
- Скачать в формате fb2
(199 Кб)
- Скачать в формате doc
(203 Кб)
- Скачать в формате txt
(197 Кб)
- Скачать в формате html
(200 Кб)
- Страницы:
1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16
|
|
Дайнеко Л М
Чалавек з брыльянтавым сэрцам (на белорусском языке)
Леанiд Дайнека Чалавек з брыльянтавым сэрцам Фантастычны раман Можам шмат небылiц расказаць, Як чысцейшую праўду, Ды, калi схочам, I праўду расказваць мы можам. Гесiёд, VIII ст. да н.э. Жывуць Сонца i Кiсларод! Воклiч грамадзян Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi, 223 год Вялiкай Эры Плюралiзму ВЯЛIКI ЖАХ ПРЫХОДЗIЦЬ ТОЛЬКI ЎНАЧЫ I Зазванiў, а дакладней, забэкаў тэлефон. Сёння ён падрабляў голас маладога баранчыка, у якога толькi што прарэзалiся рожкi. Гай Дубровiч узяў трубку. - Спадар Гай, - прыглушана сказалi на тым канцы, - табе тэлефануе Радзiвiл Сiротка. Якi ў цябе крывяны цiск i што ты бачыў у апошнiм сне? Такой была форма вiтання на 223 годзе Вялiкай Эры Плюралiзму - замест "добры дзень", або "добрай ранiцы" адразу ж цiкавiлiся крывяным цiскам i апошнiм сном суразмоўнiка. "Хто такi гэты Радзiвiл Сiротка? - напружыў памяць Гай Дубровiч. - З Iндаэўрапейскага тэлебачання? З Лiгi барацьбы супраць мутантаў? А можа, сусед па 7-й верталётнай пляцоўцы? Можна было нацiснуць зялёную кнопку на слухаўцы i адразу ж убачыць твар таго, хто званiў, але не хацелася гэта рабiць. У жыццi i ў прыродзе амаль не засталося таямнiцаў, няхай жа будзе хоць гэта, мiкраскапiчная. - Цiск сто дваццаць пяць на восемдзесят чатыры. У апошнiм сне бачыў, як цалаваўся са сваёй колiшняй аднакласнiцай, - прыглушыў голас Гай Дубровiч i азiрнуўся - цi няма побач жонкi: - Якi ў цябе крывяны цiск i што ты бачыў у апошнiм сне? - Сто пяцьдзесят тры на дзевяноста шэсць, - паныла адказала слухаўка. А ў сваiм апошнiм сне я, прабач, спадар Гай, бачыў, прабач зноў, цябе i ў вельмi недарэчнай, вельмi цьмянай сiтуацыi. "Што ён вярзе? - здзiвiўся Гай Дубровiч. - Я яго зусiм не ведаю, не магу ўспомнiць, што гэта за чалавек, а ён, бачыце, снiць аба мне, тэлефануе мне. Але ж у сны прыходзiць толькi тое, аб чым думаеш, або некалi думаў". Тут Гай Дубровiч зноў палахлiва азiрнуўся, ды жонкi ў пакоi не было. Хоць на 223 годзе Вялiкай Эры Плюралiзму рэўнасць на Ўсеiндаэўрапейскiм рэферэндуме прызнана i зацверджана станоўчай эмоцыяй, з жонкаю на такую тэму лепш не заводзiць гаворку. Жаночы гнеў часам бывае мацней за Ўсеiндаэўрапейскi рэферэндум, жанчыны, як казаў яшчэ бацька Гая Бор Дубровiч, менш плюралiстычныя. - Дык цьмяна я цябе бачыў, невыразна, але ў даволi рызыкоўнай, даволi небяспечнай сiтуацыi, - бубнiла мiж тым тэлефонная трубка. Гай Дубровiч аж цiхенька скрыгатнуў зубамi. Адкуль узяўся гэты гаварун, гэты кат-заплечнiк? Так добра пачынаўся дзень, i вось недарэчны званок... Мацi Гая Пушча Дубровiч некалi казала: "Маўчы, а то язык iголкаю накалю". Узяць бы зараз доўгую вострую iголку, прыпалiць яе на полымi, ды... - Што ж ты бачыў аба мне? - амаль крыкнуў Гай. - Бачыў, што на рагу Зялёнай i Сiняй вулiц цябе, спадар Гай, пераехаў электрамабiль. I ты развалiўся, прабач, на тры часткi. У цябе чамусьцi была не чырвоная, а жоўтая кроў. Жоўтая, як кветка лотацi, што расце ў Апошнiм Балоце. Ты яшчэ паспеў войкнуць, i ўсё... - Чаму ж я развалiўся менавiта на тры часткi? - толькi i прамовiў агаломшаны Гай Дубровiч. - А гэтак цябе пераехалi. Вось я i пазванiў табе, каб, як iсцiнны грамадзянiн Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi, папярэдзiць: тыдзень не выходзь з дому, не пачынай новых спраў, не пi вiно i снежную ваду з памiрскiх ледавiкоў. Адным словам, асцерагайся. Ты ж ведаеш, што пасля такога Сну (Радзiвiл Сiротка зрабiў нацiск на слове "такога", i тэлефон паўтарыў гэта слова двойчы) можа, калi не асцерагацца, прыйсцi Вялiкi Жах. А Вялiкi Жах прыходзiць уначы. Выгукнуўшы: "Жывуць Сонца i Кiсларод!" (так, па традыцыi, заканчвалi свае прамовы людзi Вялiкай Эры Плюралiзму), Радзiвiл паклаў трубку. А Гай Дубровiч застыў у глыбокiм одуме. Зрабiлася так тужлiва, так няўтульна на душы, хоць у мяшок завяжыся. Ён узняўся з крэсла, падышоў да хатняй электроннай энцыклапедыi, якая мясцiлася на ярка-чырвонай насценнай панелi. Адшукаў кнопку з надпiсам "эмоцыi", нацiснуў. Адразу на панелi ўспыхнуў невялiкi срабрысты экран, ланцужком пабеглi словы "радасць", "гнеў", "здзiўленне", "гордасць", "крыўда"... На слове "жах" ланцужок спынiўся. Гай Дубровiч цiскануў кнопку два разы, i экран перарэзаў чорны надпiс "вялiкi жах". Потым ён размыўся, экран зрабiўся зялёным - энцыклапедыя пачала тлумачыць слова "жах". У адно iмгненне перад прыцiхлым Гаем Дубровiчам пранеслiся аскаленыя чарапы, агiдныя, шэрыя ад часу шкiлеты, гiганцкiя шматлапыя павукi з вогненна-чырвонымi вачыма, падзямеллi-катавальнi, дзе на плячах i галовах вязняў густа варушылiся, мярзотна пiшчалi тлустыя пацукi. Гай аж уздрыгнуў, а на экране ўжо быў эшафот, зрублены са смольных сасновых дошак, стаяла плаха з уваткнутай у яе сякераю. Жоўтатвары змардаваны чалавек у чорным балахоне горбiўся каля яе на каленях, а кат чытаў яму каралеўскi ўказ. Словы, як пякучыя iголкi, лезлi ў вушы: "Паколькi вы, сэр Рэлi, прызнаны вiнаватым у кашчуннай здрадзе нашаму каралю Якаву Першаму, вас даставяць назад у турму, дзе вы будзеце знаходзiцца да дня пакарання. Адтуль вас павязуць у павозцы па вулiцы да месца страты, дзе павесяць, але яшчэ жывога дастануць з пятлi, аголяць цела, вырвуць сэрца, кiшкi, палавыя органы i спаляць iх на агнi на вашых вачах. Затым вашу галаву аддзеляць ад цела, якое расчленяць на чатыры часткi, каб прынесцi задавальненне каралю. Ды даруе Бог вашу душу. Лондан. У год ад увасаблення Хрыстовага 1603-цi". Гай Дубровiч, як амаль усе людзi Вялiкай Эры Плюралiзму, быў добрасардэчны, чуллiвы, i таму ён хуценька выключыў энцыклапедыю i зноў пачаў ламаць галаву: думаць - хто ж званiў яму. Мяркуючы па прозвiшчу Радзiвiл Сiротка - нехта з тых, хто помнiць, ведае i любiць беларускую гiсторыю. Такiх людзей цяпер нямала, не тое што раней. Ведаць свой радавод да дзесятага калена павiнен кожны грамадзянiн Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi. Тое ж самае i ў Арабскай Канфедэрацыi, i ў Кiтайскай. Можна пазванiць у Бюро "Усё аб усiх", i праз лiчаныя хвiлiны будзеш ведаць, колькi ў гэтага Радзiвiла Сiроткi радзiмак на скуры. Але правiлы Штодзённага Этыкету не дазваляюць рабiць такое. Шхто не мае права парушаць Таямнiцу Чалавечай Душы. Толькi следчыя ў час аварый i катастроф могуць (i то на нейкае iмгненне) зазiрнуць у святая святых. А катастроф i аварый на Зямлi хапае. Яшчэ непадуладны людзям землятрусы вышэй сямi балаў, маланкi, метэарыты. Са смерчамi ж навучылiся змагацца - гарматным стрэлам адсякаецца ад мацярынскага воблака хобат смерчу, i дзiкая сiла стыхii пралiваецца хвосткiм, але нястрашным дажджом. Трыццацiпяцiгадовы Гай Дубровiч, сухарлявы шатэн з шэрымi вачамi, быў супрацоўнiкам Славянскай секцыi Iндаэўрапейскага аддзелу Сусветнага iнстытута гiсторыi планеты Зямля. Дарэчы, пяцьдзесят гадоў таму назад успыхнула вельмi вострая спрэчка памiж "акiянiстамi" i "зямлянамi". "Акiянiсты" (iх падтрымалi Саюз ахвяр мора, Лiга iмя капiтана Нема, Асацыяцыя аквалангiстаў i вадалазаў) запатрабавалi, каб планета называлася Акiянам, а не Зямлёю, бо аж 71 працэнт яе пакрыты вадой. Справа скончылася Вялiкiм Рэферэндумам. З нязначнай перавагай перамаглi "зямляне". Iхнi лiдэр Джон Сiлмэн сказаў: "Калi вада даходзiць да барады, усе пачынаюць плаваць, але толькi зямная цвердзь навечна захоўвае чалавечыя сляды, вада ж не пакiдае на сабе слядоў. Дык уславiм Зямлю!" Дубровiч заўсёды быў сярод "зямлян", бо перакананы, што нi мора, няхай самае прыгожае i багатае, нi Далёкi Космас, наскрозь прастрэлены трасамi зоркалётаў, не заменяць чалавеку Зямлю. Ёсць на дне Балтыкi падводны горад Светавiд, названы ў гонар вярхоўнага бога паморскiх славян. Дык вось жыхары ягоныя кожную нядзелю разам з дзецьмi выходзяць на паверхню i, укленчыўшы, цалуюць траву i ўзбярэжны пясок. I выносяць з-пад вады ўрны з попелам-прахам сваiх памерлых дзядоў. Як прафесiйны гiсторык Гай Дубровiч з прагнасцю чытаў кнiгi сваiх калег, напiсаныя яшчэ да Вялiкай Эры Плюралiзму. Усе яны - i манархiсты, i рэспублiканцы, i лiбералы верылi, што чалавецтва знаходзiцца толькi на самым пачатку вялiкай, можа, нават бясконцай дарогi, што шчасце - наперадзе, як ранiшняя зорка на ружовым небасхiле. Асаблiва верылi ў гэта камунiсты, без анiякiх сумненняў, самаахвярна, з фанатызмам. Яны не азiралiся назад, усё не было часу, а не павярнуўшы галавы, не ўбачыш, бо ў чалавека няма вачэй на патылiцы. Так i беглi праз дзесяцiгоддзi, не тое што назад, пад ногi не паспявалi глянуць, не маглi ўразумець, па чым бягуць - па кветках? па касцях? Формула iснавання была такая: "Рух - усё, мэта - нiшто". Ды горкае расчараванне чакала ўсiх гэтых бегуноў. Тыцнулiся носам i губамi ў сцяну, крывёй залiлiся. Вялiкая Эра Плюралiзму ўлiчыла памылкi папярэднiкаў. Нездарма на франтоне Дома Народаў, якi пабудаваны ў цэнтры Планеты на афрыканскiм экватары, велiзарнымi лiтарамi напiсана: "Заўтра пачынаецца ўчора". Людзi быццам ачомалiся ад эйфарычнага сну. I з яркай выразнасцю ўсе раптам убачылi (прычым убачылi менавiта ўсе, а не толькi навукоўцы), што старадаўнiм народам гiсторыя здавалася не прагрэсам, а рэгрэсам. Чатыры вякi ўпамiналiся ў мiфах тых народаў: залаты, срэбны, медны, жалезны. Дык вось залаты век быў не наперадзе, а ззаду. Быццам перавярнулася егiпецкая сiвая пiрамiда i цяжкой падэшвай уторкнулася ў неба. Чытаючы старыя манускрыпты, не са здзiўленнем, а з цiхiм шкадаваннем адзначаў Гай Дубровiч усемагутную веру сваiх далёкiх папярэднiкаў у несакрушальную бязмежную сiлу тэхнiкi i навукi. Людзi калiсьцi марылi аб птушыных крылах i змайстравалi самалёт, а потым ракету i зоркалёт. Людзi навучылiся глядзець праз метал i камень, пасялiлiся на акiянскiм дне, перамаглi рак, пачалi ажыўляць мёртвых (праўда, толькi дзяцей), нарабiлi камп'ютэраў, акружылi сябе полчышчамi паслухмяных звышпрацавiтых робатаў, накiравалi космадэсантнiкаў на Марс i Венеру. Але ўсяго гэтага iм было мала. Людзям здавалася, што яшчэ адзiн крок, адно кароткае, як узмах веек, iмгненне - i рухнуць сцены апошнiх, такiх зманлiвых таямнiц, рассыплюцца на каменьчыкi гранiтныя горныя хрыбты, знiкнуць iнерцыя, вага, можна будзе лёгка i крылата пайсцi па вадзе, па самым лютым агнi; можна растапырыць пальцы рукi, з усяго маху ўдарыць iмi ў камень - i пальцы не зломяцца, а ўвойдуць у яго, нiбы ў масла. I вернiкi, i закаранелыя атэiсты адчулi сябе (спачатку толькi ўва сне i ў наркатычных мроях) калi не багамi, дык двайнiкамi багоў, i ўжо не адзiн прымерваўся, шукаў пункт апоры, каб перавярнуць Зямлю. Але буйны метэарыт, што нечакана для Касмiчнай варты прыляцеў, упаў з хмарыстага неба i разбiў, нiбы курынае яйка, ядзерны рэактар на поўднi Афрыкi, напалохаў усiх, дакладней кажучы, амаль усiх. Адразу 26 красавiка кожнага года (незагойны дзень Чарнобыльскага выбуху) было аб'яўлена Днём Вогнiшча i Лучыны. Па ўсёй планеце, у гарадах i вёсках, на вулiцах i ў кватэрах, замест электрычнасцi запалалi лучына i вогнiшчы. Чалавецтва, як бы спатыкнуўшыся, прыпынiлася. Лозунгу "Назад - у пячоры!", вядома, не было, але Партыя Новых Лудзiтаў каменнымi сякерамi на дробныя кавалачкi разбiла каля Дома Народаў звышдакладны станок-робат. Адбылося некалькi жорсткiх сутычак з робатамi, прычым з абодвух бакоў выкарыстоўвалiся агнямёты. Затым у Германii ўспыхнула Першае паўстанне робатаў. Яго кiраўнiк робат Х-29342 назваў сябе Спартаком i загадаў усiх iнжынераў i тэхнiкаў, што апынулiся ў руках паўстанцаў, распяць на металiчных крыжах. Ледзьве ўдалося пранiкнуць у лагер мяцежнiкаў i абясточыць усiх. Тады ж Вялiкi Рэферэндум прыняў амаль адзiнагалосную пастанову, якую дасцiпныя журналiсты ахрысцiлi Сiнiм Тормазам. Гэты Сiнi (ад колеру дыму лучын i вогнiшчаў) Тормаз уводзiў на ўсёй планеце Трохгодкi Навуковых Адкрыццяў. Згодна пастановы, грамадскi час дзялiўся на трохгодкi, на працягу якiх навуковыя iнстытуты, вучоныя, даследчыкi, рацыяналiзатары (былi i такiя), вядома ж, працавалi, але не мелi права абнародаваць свае адкрыццi, абавязаны былi трымаць iх пад сакрэтам. Толькi ў апошнiм снежнi трохгодкi iм дазвалялася праз часопiсы i газеты, праз радыё i тэлебачанне азнаёмiць насельнiцтва планеты з трыма самымi значнымi, на iх погляд, адкрыццямi. "Мазгавiкоў" (так у прастамоўi называлi вучоных) гэта вельмi крыўдзiла i прыгнечвала. На пачатку першай трохгодкi семнаццаць вучоных (сярод якiх было пяць жанчын) у знак пратэсту пакончылi жыццё самагубствам. З вялiкiмi ўрачыстасцямi iх пахавала ўся планета, але трохгодак не адмянiлi. Сiнi Тормаз падтрымалi 83 працэнты дарослых зямлян: усе фермеры i бiёлагi, амаль усе паэты i шахцёры, болыыасць аўтамабiлiстаў, верталётчыкаў, хiмiкаў... Толькi Саюз космадэсантнiкаў, Лiга барацьбы супраць мутантаў i Аб'яднанне беласкурых прастытутак не згадзiлiся з вынiкамi Вялiкага Рэферэндуму ды вымушаны былi падпарадкавацца Ўсепланетнай Дысцыплiне. На дзвярах хатняй бiблiятэкi, у якой у глыбокiм одуме i разгубленасцi гартаў "Усеагульную Гiсторыю Чалавецтва" Гай Дубровiч, раптам успыхнуў ярка-жоўты кружок - нехта прасiў дазволу ўвайсцi. - Уваходзьце, - сказаў Дубровiч. I адразу на дзвярах загарэўся кружок зялёнага колеру. У бiблiятэку рашуча ўвайшла ягоная жонка Бярозка Дубровiч, прыгожая, смуглявая. Учора, як помнiцца, яна была ў адзеннi ангельскай лэдзi вiктарыянскай эпохi, сёння ж перад Дубровiчам стаяла антычная афiнянка - у белай падоўжанай тунiцы, з блiскучым, цi не срэбным, вяночкам на чорных валасах. - Якi ў цябе крывяны цiск i што ты бачыў у апошнiм сне, Адзiны? прывiтала яна мужа, пяшчотна пацалаваўшы яго ў скроню. Вялiкая Эра Плюралiзму (або ВЭП, як любiлi гаварыць сябры Гая Дубровiча - маладыя энергiчныя фiзiкi) зрабiла адносiны памiж мужчынам i жанчынай больш гнуткiмi, болып рухомымi i нестандартнымi. Той, хто хацеў, меў адну жонку i адпаведна аднаго мужа. Такiх сем'яў (прынамсi, у Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi) была большасць. Але мелiся i так званыя пашыраныя сем'i, дзе разам, у шчасцi i ў поўнай згодзе, жылi тры мужчыны i тры жанчыны. Мужы i жонкi ў пашыраных сем'ях звярталiся адно да аднаго са словамi: "Каханая", "Каханы". Гай Дубровiч i Бярозка Дубровiч былi адналюбамi, вось чаму Бярозка сказала, пяшчотна i мiлагучна: "Адзiны". Гай пацалаваў жонку. Яна ўважлiва паглядзела на яго, пацёрлася шчакой аб ягоны плячук, потым твар спахмурнеў. - Ведаеш, Гай, не вельмi добрыя навiны... - Зноў нехта бачыў мяне ў iдыёцкiм сне? - не даў ёй дагаварыць Гай. - Так. Тэлефанавала Вера Хрысцiнюк... Голас у Бярозкi быў нясмелы, прыдаўлены. - I што ж? - Казала, што прыснiлася ёй ядзерная катастрофа. Казала, што ўсе мы паспелi забегчы ў сховiшча, нават таўстун Каласоўскi, а ты чамусьцi не ўскочыў за бранiрованыя дзверы. Не змог. I разам з табой там, пад ядзерным выбухам, застаўся ксёндз Баляслаў. - Ксёндз? - здзiвiўся Дубровiч. - Але. Ксяндза цяжка паранiла. Нейкая цяжкая стальная бэлька ўпала на грудзi. Ён сваёй крывёю намаляваў на зямлi крыж, пацалаваў яго i памёр. А ты... Вера Хрысцiнюк бачыла, як ты стаў на каленi, горка плакаў i прасiў, каб цябе ўпусцiлi ў бамбасховiшча. Ды нiхто не адчынiў дзверы. А ты ўсё стаяў на каленях i прасiў, прасiў... - Перастань, - рэзка сказаў Гай Дубровiч. - Ты ж бачыш, што мне непрыемна слухаць. - Прабач, Адзiны, - пачырванела Бярозка. - Я не хацела... Але ж такi сон... Прашу цябе - будзь асцярожны... Пастарайся гэтымi днямi нiкуды не выходзiць з дому, пасядзi над сваiмi рукапiсамi, пагуляй з Чарлi ў шахматы... Чарлi быў хатнiм робатам Дубровiчаў - вялiкае металiчнае цела, чырвоныя пранiзлiвыя вочы, хрыплы, як прастуджаны, голас. - Гуляць з гэтай бляшанкай? - Гай крыва ўсмiхнуўся. - Робата мы маем права замянiць толькi праз чатыры месяцы, - напомнiла Бярозка, радуючыся, што размова аддаляецца ад злашчаснага сну. Ды, вiдно па ўсiм, у галаве ў Гая моцна засела навiна, прынесеная жонкай. Ён пстрыкнуў пальцамi, што рабiў у хвiлiны душэўнага ўзрушэння, спытаў: - Скажы, Адзiная, а якi я быў там, за дзвярыма сховiшча? - Як - якi? - не зразумела Бярозка. - Ну, твая дарагая сябровачка Хрысцiнюк, вядома ж, не прамiнула ўбачыць у сваiм iдыёцкiм сне, што я стаяў на каленях, лiў слёзы, як бабёр. I, пэўна ж, кулакамi грукаў у бранiрованыя дзверы. I густы дым наплываў... I ўся зямля гарэла... I ў мяне была скрыўленая ад жаху фiзiяномiя... Чарлi ў параўнаннi са мной здаўся б пераможцам усепланетнага конкурсу прыгажуноў. - Не трэба, - цiха папрасiла Бярозка. - Але ж я павiнен быў быць там голы, - не пачуў яе Гай. - Разумееш? На мне б спалiла ўсё адзенне, да апошняй нiткi... Усе валасы... Разумееш? I зямлю б вакол мяне выпалiла ўшчэнт... Голы чалавек на голай зямлi! Здорава! Чым не апакалiпсiс? - Навошта толькi я табе сказала? - сумна ўздыхнула жонка. - А ты абавязана была сказаць. Хiба ты забылася пра восьмае правiла Штодзённага Этыкету? "Зрабi ўсё магчымае i, калi можаш, немагчымае, каб пазбавiць свайго блiжняга i кожнага жыхара планеты ад няшчасця, ад трывогi i дэпрэсii, ад суму". Ты, Адзiная, зрабiла абсалютна правiльна, - Гай пацалаваў жонку ў шчаку. - Значыць, да мяне можа прыйсцi Вялiкi Жах, а ён прыходзiць толькi ўначы. Так-так... I нiчога не кажы, ты ж ведаеш... Ён можа прыйсцi. А я i думаю - чаму гэта сёння ранiцой, калi я толькi прачнуўся i яшчэ ляжаў у ложку, мне проста на твар упаў чорны павук? Ясна - Вялiкi Жах папярэджвае. - Павук? - пабялела жонка. - Якое мярзоцце! А куды ж глядзiць Чарлi? Ён жа, як кожны хатнi робат, абавязаны прыбiраць кватэру. Абiбок! Зноў, пэўна, у шахматы пачаў гуляць з суседскiмi робатамi. Вось не дам яму пахучай змазкi цэлы месяц, хай паскрыгоча нязмазанымi шарнiрамi. - Змазку трэба даць, - спалохаўся Гай, успомнiўшы непрыемны рэзкi скрыгат, якi ляцеў ва ўсе бакi ад вялiзнага робата, калi канчалася, высыхала змазка. - Я ўсё роўна паскарджуся на яго ва Ўпраўленне Хатнiх Робатаў, - цвёрда прамовiла Бярозка. - Няхай нават яго ад нас забяруць. Чатыры месяцы здолеем абысцiся i без робата. Але дамовiмся, Адзiны, што гэтыя днi мы будзем толькi дома. Добра? Жывi, як калiсьцi казалi нашы продкi, дамаседна. Яе вочы глядзелi на Гая з каханнем, з цеплынёй i пранiклiвасцю. Яе вочы, здавалася, хацелi нырнуць у самую глыбiню ягоных вачэй. Шаснаццаць год прайшло, як яны ўзялi шлюб, як цела ад цела агнём занялося, а Гай Дубровiч i сёння ў час кароткiх цi доўгiх разлук (а ён часта ездзiў i лётаў у навуковыя камандзiроўкi) з трапятаннем, быццам зялёны юнак, чакаў сустрэчы з жонкай. Бярозка таксама кахала яго, i ў iх нарадзiўся сын Клён, Клён Дубровiч. Тут самы час даць адно тлумачэнне. Вялiкая Эра Плюралiзму вызвалiла людзей духоўна, Чалавек мог рабiць усё, што лiчыў патрэбным, чалавечным, што не ўцiскала волю суседа або цэлай грамады. Такое, вядома, далося няпроста, бо ў геннай памяцi зямлян заставалiся не толькi любоў, спагада, але i нянавiсць, зло, прага чужых слёз i крывi. З экстрэмiстамi-забойцамi, напрыклад, чалавецтва развiталася жорстка, хоць i згодна iхняму пажаданню у адноўленым Калiзеi ў Рыме некалькi дзён iшлi гладыятарскiя баi. Тыя, каму нецiкава было жыць на мiрнай планеце, нецiкава было памiраць сваёй смерцю, выйшлi на арэну. Iхнiмi працiўнiкамi былi мутанты, гiганцкiя ваўкi i сабакi, што пладзiлiся непадалёку ад Чарнобыльскага саркафага. Дык вось адной з праяў духоўнага вызвалення была магчымасць кожнага, хто пажадае абраць сабе i сваiм нашчадкам новае iмя i прозвiшча. Не ўсе зрабiлi такое, але Гаеў прапрапрадзед, якi жыў i працаваў у лесе, назваўся Дубровiчам i iмя адпаведна прыдумаў "лясное" - Ясень. З таго часу i вядуцца iмёны Гай, Пушча, Бярозка, Шыпшына, Клён. Праўда, разам з гэтым кожнае немаўля роду Дубровiчаў атрымлiвае i хрысцiянскае iмя. - Не, Адзiная, - сказаў Гай жонцы, - хавацца я не буду. Кожны мужчына павiнен аднойчы сустрэцца з Вялiкiм Жахам. Калi яны мяне там, - ён тыцнуў пальцам угору, - прыкмецiлi, заўважылi, вылучылi з мiльярдаў зямлян, значыць, надышла мая чарга. I тут ужо нiчога не паробiш. Зарыйся хоць на марское дно - знойдуць.. Галоўнае, ты не хвалюйся. Усё, як i заўсёды, будзе добра. - Што ж ты думаеш рабiць? - спытала Бярозка цiхiм голасам, i твар у яе задрыжаў. - Паеду на верталётную пляцоўку. Адтуль палячу ў Дом Пераўтварэнняў. - I кiм ты хочаш стаць, Адзiны? - Зраблюся пчалой. Я так даўно не быў на сапраўдным лузе, не бачыў кветак. - Зайздрошчу табе, - уздыхнула Бярозка. - Убачыш луг, матылькоў, стракоз, расу на траве... Я б таксама паляцела, але на гэты год, на жаль, ужо не маю права на пераўтварэннi - шэсць разоў пераўтваралася. Нiколi не адгадаеш, кiм я была апошнi раз. Ну паспрабуй адгадаць. - Вавёркай, - пацалаваў яе Гай. - А вось i не. Зязюляй, - усмiхнулася Бярозка. - Так добра было кукаваць, седзячы на галiнцы. Галiнку вецер калыша, хмары бягуць над лесам, а я - "ку-ку" ды "ку-ку"... - Не падкiнула яечка ў чужое гняздо? - хiтра прыжмурыўся Гай. - Я ў цябе добрая зязюля, выхаваная, - прылашчылася да яго жонка i адразу ж спахмурнела. - Глядзi, не забывай, Адзiны, што Вялiкi Жах прыходзiць уначы. - Не бойся, я ўсё помню, - пацалаваў жонку Гай. - З сабой я бяру Ўзмацняльнiк Волi. Вярнуся праз тры днi. Так што не сумуй без мяне. I скажы Клёну, каб налёг на старагрэцкую мову. А то не вазьму з сабой у падарожжа на Астэроiд. II Гай з невялiкiм сакваяжам у руцэ выйшаў з дома. Дзень быў цёплы, трохi цемнаваты ад хмар. Але хмары па небе плылi нястрашныя, бязгромныя. Каля помнiка Пераможцу Рака доктару Джэксану-Размысловiчу натоўпiўся народ. Людзi, як звычайна, клалi да помнiка букецiкi кветак, дзiцячыя цацкi, рознакаляровую гальку - славуты доктар у свой час, калi ўдавалася вырвацца ў адпачынак, любiў ездзiць па марскiх узбярэжжах i збiраць прыгожыя каменьчыкi. Помнiк быў яркага жоўта-залатога колеру, але, вядома, не з золата яго зрабiлi, а з лёгкага, вельмi трывалага еплаву. У кожным Цэнтры Тэрыторыi (Iндаэўрапейская Канфедэрацыя, як i ўсе iншыя, была падзелена на Тэрыторыi) на самым людным месцы абавязкова стаялi два помнiкi - помнiк доктару Джэксану-Размысловiчу i помнiк Плюралiзму. Гай Дубровiч з хваляваннем глядзеў на iх. Асаблiва прыгожы быў помнiк Плюралiзму. Проста з зямлi, нiбы дубовы ствол, вырастала чорная гранiтная калона, на якой вялiкiмi белымi лiтарамi было напiсана: "Дзе ёсць страх, там няма праўды". Калона, чым болей уверх, завастралася i на самым сваiм версе распускалася срабрыстай кветкай-пляцоўкай з сямю пялёсткамi. На пялёстках стаялi выявы Хрыста, Магамета, Iеговы, Буды, Дзевы-Атэiсткi i Сiвога Паганца. Сёмы пялёстак быў незаняты, вольны, у думках кожны землянiн, калi, вядома, жадаў, мог узнесцiся туды. Яшчэ болей прастарнейшая кветка-пляцоўка мелася трохi знiзу верхняй кветкi. На ёй шчыльна месцiлiся бюсты знаных людзей. Платон, Гарыбальдзi, Напалеон, Ленiн, Лютэр, Канфуцый, Жанна д'Арк, Махно, Рузвельт, Лех Валенса, Бiсмарк, Бальзак, Троцкi... Каго тут толькi не было! Кожны грамадзянiн меў права, папярэдне патэлефанаваўшы ў Дом Народаў, выставiць на срабрыстую кветку невялiчкi бюст таго чалавека, якога ён лiчыў сваiм iдэалам. Цэлыя тры днi (немалы тэрмiн, бо жадаючых набiралася мноства!) стаяў бюст на кветцы. Праўда, меўся спiс людзей, чые iмёны былi занесены на Чорныя Скрыжалi Чалавецтва i якiх забаранялася ўслаўляць. Гай Дубровiч падумаў, што, вярнуўшыся з Дома Пераўтварэнняў, абавязкова ўславiць Францыска Скарыну. Да 7-й верталётнай пляцоўкi было ад сiлы хвiлiн дваццаць дарогi. Звычайна Гай хадзiў туды пешшу, хоць амаль па ўсiх вулiцах шпарка беглi тратуары-транспарцёры. Ён iшоў па рознакаляровым асфальце, на якiм былi, як жывыя, намаляваны кветкi, зялёныя сцяблiны, сiнiя стракозы, i сумаваў, што даўнавата не быў на сапраўдным лузе, дзе мяккая зямля ўгiнаецца пад чалавекам i раса залiвае ногi. Навокал весела стаялi двух-трохпавярховыя будыначкi, з абавязковым садам каля ўвахода, з салярыямi i тэлескопамi на дахах. "Праз паўгадзiны я зраблюся пчалой", - думаў Гай, Раптам проста перад iм, лiтаральна ў кроку ад яго, абвалiўся, гучна пляснуўся на асфальт балкон са старэнькага чырванасценнага дамка. Некалькi такiх дамкоў захавалi як архiтэктурныя помнiкi даплюралiстычнага часу. Ветрам, асколкамi тынкоўкi рэзка ўдарыла па грудзях i шчоках. Гай, нiбы заяц, сiгануў назад. Усё ў iм затраслося - Вялiкi Жах папярэджвае! Вялiкi Жах нячутна iдзе, цiкуе побач! Хоць многiя, хто з iм нi сустракаўся, не вераць у яго iснаванне, ён прысутнiчае на планеце, пранiкаючы ў самыя патаемныя куточкi жыцця. - Вiтаю спадара Дубровiча! Якi ў цябе крывяны цiск i што ты бачыў у апошнiм сне? - прагучаў, як збавенне, бадзёры вясёлы голас. Поруч з Гаем стаяў ягоны калi не сябра, то добры знаёмец рэжысёр Iндаэўрапейскага тэлебачання Навум Масейкiн. Маслянiста-чорныя жвавыя вочы iскрылiся заўсёдным смехам. - Адкуль ты ўзяўся, Навум? - узбуджана выдыхнуў Гай. Зараз ён быў рады кожнай жывой душы. - У ваўка сто дарог, у паляўнiчага толькi адна, - адказаў Масейкiн. - З учарашняга шукаю цябе. Хачу, каб ты прыняў удзел у планетарным дыспуце гiсторыкаў на тэму "Галоўная падзея дваццатага стагоддзя". - Галоўная падзея? - пазiраючы то на Масейкiна, то на рэшткi цаглянага балкона каля сваiх ног, млява перапытаў Гай. - Вечна ты, Навум, выдумляеш нейкiя дыспуты. Тут балконы валяцца на галаву, а ты... Лiчу, што галоўным у дваццатым стагоддзi быў першы адкрыты кантакт зямлян з камандзiрам Лятаючай талеркi Бурдзугаларафам. Здарылася гэта, дай Бог памяць, у адна тысяча дзевяцьсот дзевяноста дзевятым годзе, усяго за чатыры днi да трэцяга тысячагоддзя хрысцiянскай эры. - А Вялiкая Кастрычнiцкая рэвалюцыя ў Расеi? - Сацыяльны эксперымент. Спроба зрабiць рэзкi скачок з адной цывiлiзацыi ў другую. Гэта тое самае, каб ты, дарагi Навум, у час палёту захацеў пераскочыць з кабiны аднаго рэактыўнага звышгукавога самалёта ў другi. - Значыць, ты не будзеш удзельнiчаць у маiм тэледыспуце? - наморшчыўся, спахмурнеў Масейкiн. - Чаму ж? З радасцю. Але спачатку паглядзi на тое, што некалькi iмгненняў назад было старадаўнiм, добра змураваным, скляпаным з тоўстай металiчнай арматуры i трывалай цэглы балконам. - Паглядзеў. Ну й што? - пацiснуў плячыма Навум. - I нi аб чым гэта табе не гаворыць? - Слухай, Дубровiч, - уважлiва паглядзеў на Гая тэлерэжысёр, - калi ты зараз пачнеш мне расказваць пра Вялiкi Жах, пра паралельную небялковую цывiлiзацыю, я, як iнтэлiгентны чалавек, буду, вядома, глытаць твае словы так я глытаю яешню, якую пячэ мая цешча, хоць дзiка не люблю яе - але на першым жа павароце мяне пацягне на ванiты. - Зразумеў? - I ўсё-ткi гэта быў Вялiкi Жах, - пераканана прамовiў Гай. - Ды проста рухнуў стары балкон, - амаль закрычаў Масейкiн. Выпадковасць. Стомленасць металу, цэглы. А мы пачынаем хваравiта шавялiць мазгавымi звiлiнамi i адразу шукаць нейкую звышпрычыну. Ведаеш, што бачылi алкаголiкi Сярэднявечча ў час белай гарачкi? Бачылi чорцiкаў, чорненькiх i рагатых. А што бачылi тыя ж самыя алкаголiкi ў Савецкiм Саюзе пры прэзiдэнце Гарбачове? Каляровыя мульцiкi. Усёк? А сёння тыя ж самыя п'юны, якiя не перавядуцца, пакуль у чалавецтва ёсць рот, глотка i страўнiк, ужо бачаць (усёк?!) лятаючыя талеркi. Чым галава забiта, тое людзi i бачаць. - Сёння да мяне ўначы павiнен прыйсцi Вялiкi Жах, - роўным, трошкi стомленым голасам перапынiў яго Дубровiч. - Ладна, вар'яцей, - махнуў рукой Масейкiн. - Яшчэ ж я хачу, паважаны вар'ят, каб ты ўступiў у нашу Лiгу барацьбы за сцiпласць. Навошта планеце Чалавек з брыльянтавым сэрцам? Хопiць i бронзавага. Мiнеральныя рэсурсы Зямлi, Месяца i Венеры амаль вычарпаны, ядзерная энергетыка байкатуецца, паветра, глеба i вада атручаны ўжо стагоддзi назад, а Ўсепланетнае Журы прысуджае лепшаму грамадзянiну (ах, якiя мы добранькiя!) тытул Чалавека з брыльянтавым сэрцам. - Усяго ж толькi тытул, - асцярожна ўставiў сваё слова Гай. - Прынцыпы вышэй за ўсё, - рашуча перапынiў яго Масейкiн. - Калi планета бедная, беднымi павiнны быць i тытулы. Брыльянты - гэта раскоша, гэта марнатраўства, а вось старая добрая бронза, з якой далёкiя прашчуры ўваходзiлi ў цёмны лабiрынт сваёй прадгiсторыi, незаслужана забыта нашымi заканадаўцамi i маралiстамi. Абавязкова павiнен быць толькi адзiны тытул тытул Чалавека з бронзавым сэрцам. Надаўшы такое штогадовае званне лепшаму чалавеку Зямлi, мы тым самым духоўна ачысцiмся, умацуем душу, станем падобнымi сваёй чысцiнёй i сцiпласцю на першых хрысцiян або пурытан. Яны хутка iшлi па яшчэ няшумнай ранiшняй вулiцы, i Масейкiн усё гаварыў, гаварыў... "Ну й галава, - дзiвiўся сам сабе Гай Дубровiч. - Два Везувii плюс вулкан Ключаўская сопка. I заўсёды напаўкрыла, напаўкрока ляцiць наперадзе прагрэсу. Здаецца ж, нейкi месяц назад захапляўся разгадваннем "свяшчэннасцi" лiчбы 7. Выступiў па Iндаэўрапейскiм тэлебачаннi i, здзiвiўшы вучоных мужоў, заявiў, што даўмеўся, хоць сам i не гiсторык, чаму першалюдзi так шанавалi гэту самую лiчбу 7. Аказваецца, чалавечае цела мае сем "чыстых" адтулiн: вочы, вушы, ноздры, рот. Вялiкi перапалох быў памiж навукоўцаў. Нават сам Гай не ўтрымаўся тады i ў газеце "Хатнi фантаст" надрукаваў сваю версiю. Па ягоных меркаваннях, лiчбу 7 людзi зрабiлi свяшчэннай таму, што кожны чалавек (прынамсi, на золку зямных цывiлiзацый) мог назiраць, калi дачасна не памiраў ад варожага мяча або чумы, сем жывых прадстаўнiкоў свайго роду-племенi: прадзеда, дзеда, бацьку, сябе, сына, унука, праўнука. I вось сёння Навум Масейкiн з найвялiкшай страсцю гаворыць, амаль крычыць аб Чалавеку з бронзавым, а не з брыльянтавым сэрцам. Яны падышлi да 7-й верталётнай пляцоўкi, дзе стаяў верталёт сям'i Дубровiчаў. - Можа, паляцiш разам са мной? - прапанаваў Гай. - Хачу пабываць у Доме Пераўтварэнняў. Масейкiн адмоўна хiтнуў галавой. - Тады - да пабачэння. Жывуць Сонца i Кiсларод. Толькi скажы мне, Навум, каго б ты, супервядомы тэлевiзiйны ас, аб'явiў Чалавекам з брыльянтавым, прабач, з бронзавым сэрцам за гэты год? - Старшыню Лiгi барацьбы супроць мутактаў Грома Стралковiча, - не мiргнуўшы вокам адказаў Масейкiн. - Дарэчы, праз два днi лячу да яго, каб зрабiць тэлерэпартаж. Апошнiм часам зноў актывiзавалiся двухгаловыя воўкасабакi, i Гром разам з сябрамi дае iм прыкурыць. Яны развiталiся. Гай, паказаўшы робатуахоўнiку кантрольны жэтон, лёгка ўскочыў у элегантны двухвiнтавы верталёт i праз колькi iмгненняў ужо ляцеў над зялёнай чыстай зямлёй. Настрой у яго пакрысе прыходзiў у звычную норму унутраны спакой, упэўненасць.
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16
|
|