Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Пошукi будучынi (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Отечественная проза / Черный Кузьма / Пошукi будучынi (на белорусском языке) - Чтение (Ознакомительный отрывок) (стр. 1)
Автор: Черный Кузьма
Жанр: Отечественная проза

 

 


Черный Кузьма
Пошукi будучынi (на белорусском языке)

      Кузьма Чорны
      Пошукi будучынi
      Раман у дзвюх частках
      ПЕРШАЯ ЧАСТКА
      УКРАДЗЕНАЕ МАЛЕНСТВА
      Пладзецеся i размножвайцеся,
      i напаўняйце зямлю...
      Бiблiя - "Кнiга быцця".
      I
      Той дзень быў цiхi, хмурны, сухi i цёплы. Стаяў верасень месяц. I даўно гэта было. Час быў такi, што нашы бацькi былi на вайне. Iшла вайна з немцамi 1914-1918 гадоў. Усе мы былi або малыя, або самыя зялёныя падросткi. Асеннi дзень ужо хiлiўся да вечара свайго. Мы былi ў полi. Тыя гады прымусiлi нас змалку дзён прывучвацца да плуга i касы, да пiлы i сякеры, да гэбля i долата, да молата i кавадла. Гэтае начынне i прыладдзе, па якiм яшчэ нядаўна хадзiлi бацькавы рукi, было яшчэ i цяжкае i вялiкае кожнаму з нас, але ў той меры, у якой iшоў час, усё больш звыкласць, як светлы ратунак, прыходзiла да нас, i, тыдзень за тыднем, месяц за месяцам, сталася так, што дзесяцiгоднiя дзяўчаткi жалi жыта, дванаццацiгоднiя хлапчукi аралi як мае быць, а пятнаццацiгоднiя самi вялi гаспадарку, кармiлi сем'i працай сваiх рук, ведалi, дзе, што i як сеяць, умелi зрабiць новы панарад i драбiны i давалi слушныя заўвагi кавалю, калi той не так як трэба нацягваў шыну на кола. Шаснаццацiгоднiя хлопцы хадзiлi па пiлоўцы, а семнаццацiгоднiя пачыналi пераймаць цяслярства.
      Пакуль змеркне, кожны з нас стараўся ўправiцца з работаю. Унь на самым крайнiм палетку ходзiць за плугам чатырнаццацiгодняя Волечка Нявадавых. Сам Нявада больш як паўгода не шле пiсем з вайны. Волеччын голас, калi яна паганяла каня, чуўся па полi круглы дзень. Сама яна даволi рослая, i ранняя праца выраўняла яе, твар абветрыўся, рукi папрутчэлi i паходка стала цвёрдай. Асмугласць ляжала на яе шчоках, i босыя ногi не баялiся ржэўя. Подых восенi цiхай задумёнасцю клаўся на поле, i ўдалечынi сiняя iстужка лясоў здавалася разасланай цераз усю зямлю. Каржакаватая хвоя, якая расла на фоне лесу i далёка ад яго, здавалася рухавай: яна як бы iшла ў наш бок.
      Дзень бадай-што ўжо канчаўся. Наша мястэчка стаяла ў лагчыне i ўжо ледзь вiдно было ў засцiлах першых прыцемкаў. Сярод поля бялелася роўная iстужка дарогi - гэта быў вялiкi стары шлях памiж усходам i захадам. Нам дзiўна было бачыць, што ён цяпер пусты. Яшчэ некалькi дзён назад тут дзень i ноч грукацелi выгнанскiя фурманкi. Тут праехалi польскiя сяляне, нашы гародненцы, беластачане, вiленцы i вiлейчане. Паабапал гэтай дарогi навыростала многа магiл i крыжоў. Усе днi далёкая артылерыйская кананада на той бок Баранавiч глуха аддавалася ў нашых прасторах i абуджвала ў нашых душах трывогу i няясныя чаканнi самага горшага.
      Ужо Волечка Нявадавых кончыла работу i збiралася дадому. Сонца вiсела над яснай далечынёй за нашым мястэчкам. Усе бачылi, як Волечка стаяла тварам на захад i, прыклаўшы руку да лба, углядалася ўдалечыню. Што яна там бачыць? Усе заўважылi нейкi невялiкi рух пад тою адзiнокаю хвояй. Тры чалавечыя постацi, воз з канём. Добра вiдно было, што двое паволi iдуць полем да трэцяга, якi стаяў на шашы ля воза i трымаў каня. Ад шашы да хвоi зусiм недалёка. Неўзабаве мы бачылi, як двое селi на воз i нешта вельмi высока сядзелi на iм. Нешта было пад iмi на возе. Трэцi iшоў ззаду, а воз наблiжаўся да нас.
      - Чаго глядзець, - сказала Волечка i рухава сабралася рушыць дадому. Я вельмi добра аж дагэтуль памятаю тыя яе словы: хiба яна магла тады падумаць, што гэта едзе на старой растрэсенай фурманцы яе лёс?..
      Фурманка спынiлася на дарозе ў мястэчка, непадалёку ад Волечкi, якая ўжо выводзiла на тую ж дарогу свайго каня. Усё гэта было даволi дзiўнае. На старым, пазвязваным дротам i вяроўкамi возе стаяла зачыненая труна, на ёй, у задку воза, спiною к каню, сядзеў нейкi чалавек. Гэта была iстота, на якую мы глядзелi з непаразуменнем: вочы чырвоныя i прыпухлыя, позiрк вялы, твар спушчан унiз да грудзей, чалавек увесь сцiснуты, скамечаны. Чым больш мы прыглядалiся, тым больш здагадвалiся: гэта палонны немец. Ззаду за возам прыйшоў i канвойны расейскi салдат. Цяпер ён стаяў з вiнтоўкай пры канi i сказаў да Волечкi:
      - Што гэта за мястэчка унь вiдно ў лагчыне?
      - Сумлiчы, - адказала Волечка.
      - А цi знойдзецца там, каб у каго пакласцi нанач гэтага немца?
      - Дык дзiва што знойдзецца, - адказалi мы ўсе хорам, зацiкаўленыя тым, што ў нашым мястэчку будзе начаваць палонны немец.
      - Ён хворы, - растлумачыў нам салдат. - Трэба даць яму паляжаць, а то ён не дойдзе да месца. I так дарогаю колькi разоў лажыўся каля дарогi. Унь пад той хваiнай у полi нешта гадзiн дзве ляжаў. Гэта добра, што гэты хлопец з возам якраз натрапiўся на дарозе. А то мне было хоць скачы каля яго. Не ўстае, дый годзе. А яшчэ далёка асталося мне яго канваiраваць.
      - Але, добры iнтэрас! - з пратэстам у голасе i тоне абазваўся трэцi з гэтых людзей. Гэта быў хлапчук год шаснаццацi. З усяго вiдно было, што ён гаспадар каня i воза. Ён сядзеў на другiм канцы труны, у перадку воза, тварам к каню i спiною да немца, i трымаў у руках лейцы. - Табе трэба яго канваiраваць цi каб ён вылежваўся, а мне - вазiся з iм i вазi ў труне непахаванага бацьку. Табе добра, у цябе немец, чорт яго бяры, яны з гармат смалiлi па нашай вёсцы i нас у свет выгналi, а ў мяне хворы бацька ўчора памёр на дарозе, хворы i з дому выехаў, i мацi памерла на тым тыднi, пры дарозе пахована, i сястра памерла.
      - Ну дык таго што было не вернеш. Давай падвязём яго ў мястэчка.
      - Не павязу я яго! Пакуль не пахаваю бацькi - нiкога слухаць не буду! Я яго хацеў хаваць пад той хваiнай, а ты казаў, што паможаш мне дзе-небудзь тут пахаваць. Забыўся? Ну дык памагай.
      - Дзе ў вас тут могiльнiк? - сказаў салдат у наш бок. Мы оступам стаялi каля гэтага растрыбушанага воза з труною. Ужо сонца вiсела на самым пункце свайго захаду: к вечару неба расчысцiлася, i восень нарадзiла ясноту хоць перад скананнем дня.
      - Могiлкi унь, бярозы вiдны перад мястэчкам.
      - Паедзем хаваць, - сказаў салдат.
      Хлапчук закруцiў над канём канцамi лейцаў, пачаў нокаць i цмокаць. Конь раней угнуў галаву, рэбры пад яго скурай захадзiлi ходарам, ён зрушыў з месца воз, салдат пайшоў ззаду, за салдатам Волечка павяла свайго каня, якi цягнуў плуг на саначках, а следам мы - з коньмi, плугамi, баронамi. Хлапчук сядзеў у перадку на канцы труны, а немец на другiм канцы труны, угнуты, скурчаны, безуважны да ўсяго. Так праз хвiлiн дзесяць гэтая дзiўная працэсiя спынiлася каля местачковых могiлак, за якiмi пачыналiся ўжо местачковыя хаты. Хлапчук саскочыў з воза i скамандаваў:
      - Прынясiце рыдлёвак.
      Выгляд у яго быў такi, як быццам бы ён быў вялiкi спецыялiст хаваць такiм парадкам нябожчыкаў.
      Добра было слухаць чужую каманду, але як яе адразу паслухаць? Мы ж былi гаспадары! Нашы ж бацькi былi на вайне! Быццам на тое iшлося, каб Волечка першая памагла невядомаму ў мястэчку госцю хаваць бацьку: салдат вырваў з яе рук повад i перадаў мне яе каня: - Пастаў нанач яе каня, а яна прынясе рыдлёўкi. - Тут жа ўсе разышлiся, але, як змеркла, ужо ўсе зноў былi тут. Перашкаджаючы адзiн аднаму, мы капалi вялiкiм гуртам магiлу невядомаму нам чалавеку. Пасля мы патурбавалi немца. Салдат памог яму злезцi на зямлю, i ён лёг на траве. Цяжка было нам апусцiць труну ў яму, але нас быў вялiкi гурт. Калi ўжо была насыпана магiла, мы зноў уссадзiлi немца на воз, i ён на возе лёг, крэкчучы i стогнучы. Волечка пазбiрала рыдлёўкi. Працэсiя, але ўжо без труны, зноў рушыла. Мы iшлi за возам. Хлапчук сказаў да Волечкi:
      - На, падвядзi каня, а я хоць душу пражыўлю крыху: не было часу за цалюткi дзень нават закурыць.
      Волечка ўзяла лейцы i пайшла побач каня, недарослы гаспадар якога скруцiў у паперы нейкае пацёртае лiсце i так зацягнуўся дымам, што здавалася, гэта ён ратуецца ад вялiкае навалы.
      - Куды ж ехаць? - сказала Волечка.
      - Ну вядзi ў сваю хату, - сказаў салдат.
      Волечка ўвяла каня з возам у свой двор. Сама яна адразу пайшла ў хату: у яе была гаспадарка. Трэба было падаiць карову, а на дварэ ўжо зусiм сцямнела. Следам за Волечкай увайшоў у хату i малады выгнанец, якi толькi што пахаваў бацьку. Ён быў босы i ў салдацкай шапцы з пераломаным казырком. Хоць было яшчэ i цёпла, на iм нязграбна сядзела шырокая, не на яго рост, жакетка з самаробнага сукна, вядома ў дарозе. Каўнер абгамтаўся навокал шыi, i, напэўна, ён як адзеўся ў жакетку колькi дзён да гэтага, дык усё ўтрапенне апошнiх дзён так i перабыў, не раздзеючыся. Светлага воласу, з абветраным тварам i з рэдкiмi вяснушкамi на пераноссi, ён здаваўся цiхманым i не вельмi рухавым. Льга было падумаць, на яго гледзячы, што ён так будзе стаяць доўга ў парозе i чакаць, як i куды пойдуць далейшыя справы. А тым часам Волечка даставала з палiцы збанок i накрывала яго цадзiлкай.
      - Пойдзеш карову даiць? - сказаў ён з няпэўнай iнтанацыяй няпрошанага госця.
      - Пайду. Гэта ж ужо так позна, з усiм гэтым заваждалiся.
      - Няхай яно ўсё прападзе, як нядобра, гадка i цяжка.
      З аднаго толькi яго хрыпатага голасу можна было чуць, як сапраўды яму цяжка прыйшлося. Ён далей сказаў:
      - Я хiба тут у вас з канём на двары пераначую, бо немаведама куды падацца: цёмна, позна, чужая старана. А заўтра буду брацца далей куды. А дзе ж усе, што ты адна дома?
      - Мацi я свае не памятаю, яна даўно памерла, i маладзейшая сястра мая памерла, як малая была, а бацька на вайне i нiчога не пiша мне.
      Яна пайшла, i ён за ёю. Iдучы за ёю, ён запытаў:
      - Дзе гэта дастаць чаго, каб каня накармiць?
      Яна нiчога не адказала, а ён больш не пытаў: яны ўбачылi, як салдат ссаджваў з воза хворага немца: трымаючы яго пад плячо, салдат бадай што нёс немца да сенечных дзвярэй, i той вяла перабiраў нагамi, гнучыся ў крук. Волечка i яе нечаканы госць пачалi памагаць салдату. Гуртам увялi яны немца ў хату i паклалi на лаву. Салдат сеў каля яго курыць. Волечка даiла карову. Малады выгнанец стаяў каля яе i ўсё парываўся нешта сказаць. Нарэшце вось што ён сказаў:
      - Мы з-пад Вiлейкi. (Волечка маўчала, як самая сталая з усiх жанчын свету.) Слухай, я там за равамi бачыў стагi. Паеду прывязу сена, дык i твайму каню будзе.
      - А калi хто ўбачыць?
      - Я не баюся, я выгнанец.
      - Але ж гэта чужое.
      - Але ж мяне не пыталi, калi з хворым бацькам з хаты выганялi.
      I зноў вялiкая сталасць агарнула Волечку.
      - Дык я паеду, а ты брамы не зачыняй.
      Тут яна адарвалася ад свае работы i паважна сказала:
      - А тут яшчэ гэты немец хворы ў хаце.
      - Небыт. I я паездзiў з iм.
      Так яны быццам згаварылiся ў нейкай iм толькi адным вядомай справе. Разумеючы адзiн аднаго да канца, яны, як змоўшчыкi, зiрнулi адно аднаму ў вочы. Яна зноў пачала даiць карову, а ён цiха выехаў на пустым возе з двара.
      Прайшло гадзiн паўтары, калi ён вярнуўся. Каля аднаго акна ў Вольчынай хаце гарэў агонь. Ён увайшоў. Волечка спала на тапчане ля печы. Салдат паiў ляжачага немца малаком з лыжкi. Волечка ўсхапiлася, як бы электрычны ток працяў яе сонную, калi толькi яе госць увайшоў у хату. Абое разам яны выйшлi ў сенцы.
      - Прывёз, - сказаў ён. - Я дам i твайму каню.
      - Стаў i свайго да майго ў хлеў.
      - А ты iдзi спаць.
      Сонная, яна хiстанулася на нагах i шпарка пайшла ў хату. А ён цiха i спакойна зачынiў за сабою сенечныя дзверы. Вераснёвая ноч стаяла над зямлёй. Уся яго iстота напоўнiлася натхнёным адчуваннем гэтай зорнай i цiхай ночы. Ён доўга стаяў пасярод незнаёмага яму двара, на новым сваiм месцы, аб iснаваннi якога раней i не здагадваўся. Свайго i Вольчынага каня ён паставiў да сена i сам лёг на воз, тварам у зоры. Чорныя сiлуэты вялiкiх дрэў вырысоўвалiся перад iм, дзесьцi за гэтай цеснай сялiбай, за цiхай вулiцай, за пахучымi паплавамi, дзе ён нядаўна браў сена. I такая стаяла цiшыня, што здавалася - восень сочыць, цi не парушае што яе спакою. Чутно было, як грукалi конi, перажоўваючы сена. Сонная птушка спалохалася, крыкнула i сцiхла, i залапатаў крыллямi певень. Яблыка адарвалася ад галiны i стукнулася аб зямлю. I зноў надоўга ўстанавiлася цiшыня. Ён спаў на сваiм возе доўга i раптам усхапiўся i сеў. Зорнае неба ўсё таксама распасцiралася ў шырокай вышынi. I смутак лажыўся на яго душу. "Скора дзень. Трэба зноў ехаць. Куды? Чаго? Павошта? Чаго шукаць у шырокiм свеце? Не знойдзецца тое, што прайшло, мiнулася i загiнула ў гарматным агнi i попел ад чаго развейваецца вятрамi далёка адсюль. Адзiн клапатны, з утрапеннем i небытам дзень адышоў у вечнасць, а гэта новы iдзе на яго месца".
      Ён звесiў ногi з воза, угнуў плечы i заныў так у маўклiвасцi ночы i свае душы. Ён нават не заўважыў, што ў адным акенцы хаты гарыць святло. Пачынала цадзiцца павольнае свiтанне. Зоры радзейшыя сталi. Як бы хто высыпаў неба на ўсходзе белым попелам. I раптам стукнулi сенечныя дзверы. На ганку стаяла босая Волечка.
      - Што? - сказаў ён, быццам меў тут права на такi гаспадарскi тон.
      Вострая радасць агарнула Волечку: яна не адна, тут ёсць асоба, з якою яны ўчора сталi ўдваiх як бы вялiкiмi на ўвесь свет змоўшчыкамi, разам яны як бы хацелi адгарадзiцца ад усяго свету, якi для iх абаiх быў такiм бязлiтасным. Яна падбегла да яго i паклала руку на яго калена i зашаптала:
      - У хаце немец, мусiць, умiрае. Нешта лапоча i нечага хоча, але нi я, нi салдат здагадацца не можам.
      Ён саскочыў з воза, i пакуль яна застыла ў нерухомай паставе чакання: што ён будзе рабiць у такой нязвыклай справе. I якраз ён тут павiнен даць рады, а не яна. Вельмi можа быць, што тут, i ўпершыню, у яе з'явiлiся пачаткi спадзявання жанчыны мець дапамогу ад мужчыны i iсцi за iм. Ён жа стаяў i адчуваў цяжар ускладзенага жыццём на яго клопату. Ён мае дачыненне да ўсёй гэтай нечаканай, цяжкай справы, i выйсцi з яе нельга. Раптам ён нейк устрапянуўся i шпарка рушыў у хату. Волька подбегам кiнулася за iм. Немец ляжаў на лаве i шпарка нешта стараўся сказаць. Твар яго яшчэ больш умарнеў, але ўчарашняй вяласцi ў вачах не было. У вачах свяцiўся бляск i, можа, гэта з гарачкi, нiхто тут нiчога не ведаў, i што ён сказаць хацеў - невядома. Салдат сказаў хлопцу:
      - Немец можа памерцi, трэба доктара.
      - А хiба я ведаю, дзе той доктар? - развёў хлопец рукамi, i ў яго голасе было многа пратэсту: "Што вы маеце да мяне? I так мяне ўчора валтузiлi, не давалi бацьку пахаваць!" Волечка стаяла за iм нейкая малая, цiхая.
      - Пакажы мне, дзе ў вас доктар, - сказаў да яе салдат, - хадзем.
      - У нашым мястэчку цяпер няма доктара, - адказала яна ўзбуджана, - ён на вайне.
      - А дзе ж вы лечыцеся, калi хто захварэе?
      - Калi хто захварэе, дык паляжыць i сам ачуняе.
      - Дык дзе ж дастаць доктара?
      - Дык можа ён i так паправiцца?
      - Можа i паправiцца. Але доктар усё роўна патрэбен, напiсаць акт або аб смерцi, або аб тым, што ён хварэў i правiўся, i таму я так павольна яго вёў.
      - Доктар ёсць у другiм мястэчку за дзесяць вёрст.
      - Запражы каня, - сказаў салдат да хлопца, - i прывязем доктара.
      - Добра, - узбуджана адказаў хлопец. Магло здавацца, што ён нечаму ўзрадаваўся.
      - А калi ехаць? - сказаў ён ахвотна.
      - Трэба хутка.
      - Дай яму чаго паесцi, - сказаў салдат да Волькi.
      Хлопец i Волька выйшлi ў сенцы i сталi раiцца. Яна сказала:
      - Я звару чыгунок бульбы, ёсць накопаная, i салдата накормiм, а немцу малака дам. - Выходзiла так, што i хлопец тут як бы гаспадар i з iм трэба раiцца.
      - Добра, - адказаў ён, - пакуль ты ўправiшся, дык я воз абладжу.
      - Мне яшчэ трэба карову падаiць.
      З якой ахвотай ён узяўся за работу! Як гэта ўсё добра! Ён прымацован да нейкай справы, i надалей адышла неабходнасць выбiрацца ў невядомую дарогу шукаць немаведама чаго ў беспрытульным свеце. Ён абгледзеў воз: стары ён быў, раз'езджаны, паламаны. Пакуль у дарогу - трэба яшчэ пазмацоўваць яго. Ён за гэта i ўзяўся. Пасля пайшоў да коней. Конi паелi сена i абнюхвалiся. З выглядам знаўцы гэтай справы ён падняў Вольчынаму каню верхнюю губу i агледзеў зубы. Вымасцiў сенам воз, напаiў конi i запрог у воз свайго каня. Снедаючы разам з салдатам i Волькаю, ён сказаў да яе:
      - Твой конь вельмi стары, я яму ў зубы глядзеў. Дзiва што ён такi худы, у яго жаваць няма чым.
      - I твой худы, - адказала яна.
      - Але ён малады, яму ўсяго пяць год. Ён здарожаны. Калi яму даць харч i спакой, то я б яго на ляльку вырабiў бы.
      Волька паказала яму, куды ехаць, i ён выехаў з салдатам у дарогу. Салдату рупела хутчэй адчапiцца ад усёй гэтай валаводзiны, i ён падварушваў свайго фурманшчыка, а той выконваў свае абавязкi з заўзятасцю чалавека, якi з гэтага хлеб есць. Так што яны шпарка даскочылi да мястэчка, але доктара i там не засталi: ён паехаў у нейкае сяло да хворых, але затое там яны здабылi фельчара, казённага, з амбулаторыi, i салдату ўдалося вельмi хутка выехать назад з фельчарам. Гэты фельчар быў чалавек мясцовы. Служачы пры доктару, ён за доўгiя гады набыў вялiкую практыку i ведаў практыку жыцця i на хваробах знаўся. Усю дарогу ён распытваў - а адкуль, а як, а што, салдату было весялей, таму i ехалi павальней. I вось праз усю дарогу назад, не спяшаючыся ехаць, малады фурманшчык разглядаў наваколле паабапал дарогi. Дзень гэты быў сонечны. На бярозах трапяталася жоўтае лiсце. У чыстым полi адзiнокi лiсток на дарозе iмкнуўся з ветрам удалячынь. Лясы паўз дарогу нерухома вартавалi спакой восенi. На пустым iржышчы i на пакошах хадзiла жывёла. Ясны сум восенi, здавалася, плыве з ветрам, i ўсё вiсiць, як доўгачаканая ласкавасць. Шыпшына кустамi стаяла без лiсця i з чырвонымi пладамi. Патузваючы лейцы, малады фурманшчык перажываў дзiцячае жаданне спынiць каня, адысцiся да шыпшыннiку i нарваць, немаведама дзеля чаго, поўную шапку ягад. Душа яго ўцiхамiрвалася дарогай, павольнай яздой, восенню i цiшынёй. Яму здавалася, што ўжо з гэтых мясцiн яму нiкуды не трэба ад'язджаць, нiкуды i нiколi, што не трэба ўжо шукаць у свеце прыстанку i што тут усё вельмi падобна на той родны кут, з якога ён з блiзкiмi сваiмi i роднымi выехаў. З такiм станам свае душы ён уехаў у Сумлiчы i пад'ехаў да добра ўжо яму вядомай Волеччынай хаты. Салдат шпарка саскочыў з воза i пабег у хату, а следам i фельчар. Калi ж малады фурманшчык увайшоў у хату, ён убачыў, што немец ляжыць усё на тым жа месцы, а Волечка поiць яго з лыжкi малаком. Салдат сядзiць у одуме, а фельчар пiльна прыглядаецца да немца. Калi ж Волечка з пустой мiскай ад малака адышлася к печы, фельчар пачаў абслухваць i абмацваць хворага немца. Паваждаўшыся так з iм некалькi хвiлiн, ён зiрнуў немцу ў пачырванелыя вочы i жвава сказаў:
      - Э, пане-браце, немец! Дык жа мяне дарма з табой напалохалi. Ты ж зараз сто вёрст без аддыхi пешкам зробiш. Ну што ж, праўся ды разумней. Такi i не шкодзiла б, каб вы ўсе папруцянелi, а то гэтулькi неспакою праз вас. Аж да Баранавiч даперлi. Чаго? Павошта?
      - Дык ён паправiцца? - нясмела i з надзеяй сказала Волечка.
      - А хiба табе не ўсё роўна?
      - Гэта ж мая хата. Лепш жа, калi ён сам адсюль выйдзе, чым мёртвы завалiць мне хату. Што я тады з iм рабiць буду.
      - Чуеш? - сказаў фельчар да немца. - Праўся, а то хату гэтай малой завалiш.
      - Напiшам акт, што ён хворы i што я не мог у тэрмiн яго сканваiраваць, - сказаў салдат.
      - Давайце паперы.
      З паперай была цяжкая справа. Яе не было ў гэтай хаце. Фельчар стаў церабiць свае кiшэнi i сваю фельчарскую пакоўню. Немец тым часам больш ачомаўся. Ён стаў рухавейшы, ажывiўся, пачаў паднiмаць галаву i пiльна прыглядацца да людзей i да ўсяго, што было ў хаце. Нейкi неспакой з'явiўся ў яго вачах. Было вiдно, што трывога агарнула яго i што яна ўсё пабольшваецца. I чым больш ён трывожыўся, тым здаравейшы рабiўся колер i выраз яго твару. I раптам, як вада з прабiтага лёду, рванулася i лягла на яго твар пячаць недавер'я да ўсяго навакольнага i да людзей, якiя былi каля яго. I пасля гэтага страх праступiў на рысах яго твару. I гэта ўсе заўважылi. Фельчар нейк крыва ўсмiхнуўся i сказаў немцу:
      - Чаго ты баiшся? Дурань ты. Нямецкая галава. Машыну якую цi гармату новую ты ўмееш выдумаць, а бачыць, што чалавек мае душу i сэрца - на гэта ў цябе няма нiчога... На, выпi гэты парашок, можа ўбачыш, што мы цябе лечым, а не бязвечым. - Немец выпiў парашок, i новы неспакой з'явiўся ў яго вачах. Ён нешта пачаў гаварыць i паказваць рукамi.
      - Гэта ж ён думае, што я яму даў атруты! - моцна сказаў фельчар. Цьфу! Каб ты навек запаветраў!.. Што ты лапочаш? Павальней кажы, можа я разбяру што, цераз дзесятае ў пятае.
      Фельчар нарэшце абмацаў у сваёй кiшэнi вучнёўскi сшытак. Немец убачыў паперу i пацягнуўся да яе абедзвюма рукамi.
      Практычны ў жыццi фельчар адразу здагадаўся i адарваў ад сшытка лiст. Як сасмаглы ваду, так хапiў немец паперу i аловак. Не ведаю, цi прыйшла немцу ў галаву думка, што калi ён так жвава ўзяўся за паперу, а не ляжыць з паблеклым позiркам на лаве, то ён перамог ужо сваю хваробу. Але такая думка павiнна была б быць у яго. Пры лаве стаяў стол, немец прыпёрся да яго бокам i пачаў выводзiць на паперы алоўкам слова за словам. Фельчар бачыў, што яму так нядобра пiсаць, сеў сам на лаву i падпёр немца сваёю спiною. Немец спiсаў абодва бакi паперы i ўжо распiсаўся, як раптам як бы што ўспомнiў, пакiнуў пiсаць, i на твар яго лягла пячаць просьбы. Ён штосьцi пачаў гаварыць фельчару, якi ў гэты час якраз даў яму зноў парашок. Фельчар пачаў прыслухоўвацца i нарэшце штосьцi двума цi трыма словамi, к здзiўленню ўсiх, па-нямецку запытаў у немца, Праўда, яго гаворка па-нямецку была нясмелая, ён лавiў словы, як глухi прыглядаецца на вусны таго, з кiм гаворыць. Але ён зразумеў немца: той прасiў назваць яму адрас таго кутка, дзе ён цяпер хварэе. Фельчар прадыктаваў яму адрас на мястэчка Сумлiчы так, каб сюды льга было трапiць адкуль сабе хочаш, хоць з усяго свету. Пасля гэтага фельчар напiсаў акт аб хваробе немца. Праверылi па паперы ў салдата i запыталi ў самога немца, i ўсiм стала вядома, што немец завецца Густаў Шрэдэр. Салдат тады сказаў распiсацца ў акце за сведак Вольцы i яе маладому госцю. Волечка напiсала: "Вольга Нявада", а той напiсаў: "Кастусь Лукашэвiч, выгнанец з-пад Вiлейкi". Вельмi можа быць, што апошнiя словы яго подпiсу iшлi з яго абязвечанай цяжкай зменай у яго жыццi псiхалогii. Ён страцiў з-пад сваiх ног той грунт, на якiм стаяў на сваёй Вiлейшчыне. Нездарма ён на свiтаннi таго дня так ныў душой перад тварам бадзяння па свеце. Салдат схаваў акт сабе ў кiшэню, падзякаваў фельчара i сказаў:
      - Сёння ў дарогу позна, ды i немец яшчэ слабы. А цераз ноч ён у мяне пойдзе як падмецены, так што мы да Слуцка даклыбаем як з перуна. Эй ты, хворы немчык, кладзiся i спi гэтыя паўсутак, каб заўтра ты ў мяне быў, як шустры бычок.
      Немец недаверлiва паглядзеў на салдата, i з яго ўмомант зляцела тая ажыўленасць, першыя адзнакi якой ужо былi з'явiлiся ў яго. Ён глыбей пасунуўся ў лаву, дастаў з нетраў свае змятай i вываленай у зямлi адзежы некалькi закручаных у хустачку канвертаў з раней напiсаным на iх адрасам у Германiю i ў адзiн з гэтых канвертаў паклаў толькi што напiсанае пiсьмо, заклеiў i словамi i знакамi растлумачыў фельчару, што гэта пiсьмо, а не што iншае. Мусiць, фельчару тут ён найбольш мог даверыцца. Пасля гэтага ён паклаў пiсьмо сабе пад галаву i неўзабаве глыбока задрамаў. Дзень iшоў к вечару. Сонца стала нiжэй i пачало бiцца ў акно. У хаце стала ясна, шырэй i прастарней. Немец спаў. Салдат курыў, Волечка займалася дробнай хатняй таўкатнёй, як самая руплiвая з усiх жанчын на свеце. Малады яе госць стаяў на двары пры возе i глядзеў, як конi ядуць сена. Фельчар моўчкi сядзеў i пасля разгаварыўся з Волечкай.
      - Дык i табе, дзяўчо, прыйшлося горка, - казаў ён. - Ну, бацька твой, дарма што пiсем не шле, а можа быць жыў i здароў i хутка вернецца дадому. Дык ты нiчога кепскага не думай, а жывi сабе памалу. Ведай, што кожны пражыты дзень адкiдае тое, што ёсць, i наблiжае тое, што будзе. Горачы на свеце многа, але i ў самай большай на свеце пасудзiне ёсць дно, няхай сабе яна хоць i да краёў налiта атрутай. А ты стаiш перад векам сваiм, дык атрута i горач выветрацца i высахнуць, а ты жыць будзеш... Дык як жа мне, - сказаў ён нарэшце да салдата, - трэба дадому брацца.
      - Я пайду да старасты, каб даў фурманку вам, - прагаварыў салдат. - А мы з немцам у дарогу заўтра.
      I гэтулькi было ў салдацкiм голасе спакойнай ураўнаважанасцi, гэтулькi было ў iм упэўненасцi, што ўсё на свеце iдзе да таго, да чаго яно iдзе, што здавалася, нiякае хваляванне не пройме гэтага чалавека. Салдат выйшаў, i ўсе ў хаце чулi, як ён на двары гаварыў з маладым выгнанцам. Немец крыху прыўзняў галаву, павярнуўся тварам угару i ляжаў так, гледзячы ў столь. Фельчар даў яму яшчэ парашок, i той, мусiць, ужо як мае быць убачыўшы, што яго не страляюць i не рвуць на кавалкi, а лечаць, выпiў лякарства i зноў спакойна ляжаў. Тым часам хлопец увайшоў у хату i, нi на кога не гледзячы, як бы сам сабе, моцна сказаў:
      - Дык можна ж было i ўчора пайсцi да старасты, каб даў фурманку, а то мяне ганяў у мястэчка. Знайшоў сабе вазюра! Добры iнтэрас! Што ён да мяне мае! Прычапiўся!
      - Намнога ты за яе старэйшы? - сказаў фельчар хлопцу i паказваючы на Вольку.
      - Адкуль жа я магу ведаць? - пацiснуў плячыма хлопец.
      - Як гэта? Хiба яна не сястра твая?
      - Я на выгнанства ад вайны еду.
      - Тут асталяваўся жыць?
      - Не, я тут бацьку хаваў.
      - Куды думаеш ехаць?
      - I сам не ведаю.
      - Кожная дарога куды-небудзь вядзе, але ты выбiрай тую, якая не вядзе ў прорву.
      Прыйшоў салдат i сказаў, што фурманка пад'едзе пад хату.
      Волечка тым часам нешта занадта рухава пачала завiхацца ля печы.
      - Прынясi мне лому, - сказала яна да Кастуся без якой бы там нi было выразнай iнтанацыi ў голасе, i ён ахвотна прынёс лом.
      - Увапхнi ў печ i запалi, бо я вельмi спяшаюся.
      Сонца спускалася ўсё нiжэй, праменне яго з кожнай хвiлiнай зменьвала свой колер, i нарэшце ў яго роўным чырванаватым бляску ажыла задумёнасць цiхага змяркання. I тут пачалася паэзiя спакойнага адвячорка ў хаце. Усе цiха сядзелi, кожны на сваiм месцы i са сваiмi думкамi. У рухавым клопаце была толькi адна Волечка, малая гаспадыня гэтай хаты, дзе так нечакана сабралiся так не падобныя адзiн на другога людзi, далёкiя адзiн ад аднаго i месцам на зямлi, i прывычкамi, i звычаямi, i жаданнямi, i натурай. У печы зырка гарэў агонь i пры iм кiпеў вялiкi гаршчок. Волечка то выходзiла ў сенцы, то зноў уваходзiла ў хату i кожны раз прыносiла то цыбулю, то моркву, то бульбiну, то нейкае карэнне, то лiсце i падкiдала ў гаршчок.
      - Што гэта ты варыш такое? - запытаў фельчар, сочачы за рухавай Волечкай.
      - Вару яду.
      - А як жа гэтая патрава завецца?
      - Нейк завецца, - злёгку прыбянтэжылася Волечка.
      - А чым жа ты яе закрашваць будзеш?
      Волечка як аслупянела. Нерухомая яна стаяла, i твар яе загарэўся чырвоным колерам.
      - Малаком, - нарэшце адказала яна так, быццам кожнае слова важыла сто пудоў i цяжка было яго спусцiць з языка.
      - Як жа ты будзеш гэтую патраву малаком закрашваць, калi ты ў яе цыбулю кiдала?
      Волечка выбегла ў сенцы, i вочы яе напоўнiлiся слязьмi. Стары фельчар адчынiў дзверы ў сенцы i сеў на парозе.
      - А чаго ў цябе, дзяўчо, твар так зачырванеўся? (Ён не пытаў: "чаго ў цябе слёзы?")
      - Бо я ля печы стаяла.
      - У цябе няма сала?
      - Няма, - як з-пад зямлi сказала яна.
      - А каму ты так многа варыш?
      - Усiм... нам... Ужо другi дзень у мяне ў хаце чужыя людзi, а я iм нiчога нават перакусiць не дала.
      - А немца ты малаком паiла?
      - Дык ён жа хворы.
      - А малая ты мая, а галубка ты мая!
      - Нiчога, я пастаўлю новы гаршчок, без цыбулi... Гэта я забылася...
      Кастусь у момант вока праскочыў праз сенцы на двор, развярнуў на возе сена i з бадай што пустой зашмальцованай торбы дастаў усё, што ў ёй было. Гэта быў раздушаны крышан сала. Аж босыя пяты яго мiгцелi, як маланка, калi ён ускочыў назад у сенцы з моцным шпаркiм шэптам. На твары яго ляжаў таемны выраз вялiкага змоўшчыка:
      - Волька, выйдзi к возу на момант.
      I сам скiнуў з сябе дзiцячую трапятлiвасць i сталай хадой падаўся з сянец. Так жа паволi i стала Волька пайшла за iм. Абое сталi яны ля воза, дзе двое коней бесперапынна жавалi сена.
      - На табе сала, на гаршчок будзе. I нiкому не кажы, што гэта я табе даў. Няхай думаюць, што гэта ў цябе было, але ты не хацела спавядацца перад усiмi i сказала, што няма.
      Трэба было бачыць у гэты момант Волечку. Як заваёўнiца свету, яна з ганарлiвай павольнасцю ўвайшла ў хату i зноў пачала хадзiць ля печы. Салдат дастаў з свайго ранца бляшанку кансерваў, паставiў на стол i сказаў:
      - Можа гэтым добра закрасiць гаршчок?
      - Я ўжо закрасiла салам.
      - А ты ж казала...
      - Мала што я казала...
      Немец сядзеў на лаве i прыглядаўся да ўсяго, што рабiлася ў гэтай чужой яму хаце. Ужо быў прыцемак. Ужо агонь у печы згасаў. Ужо вераснёвы вечар апаноўваў цiшынёй свет. Хвiлiна за хвiлiнай, i ўсе гэтыя людзi паселi навокал стала. Волечка частавала iх патравай, якую, можа быць, i сама прыдумала з прычыны свае неспрактыкаванасцi ў гаспадыньскiх справах. Еў салдат, еў фельчар, еў Кастусь, еў i немец. I ўсiм падабалася яда. Фельчар раптам паварушыў сваю медыцынскую дарожную пакоўню i паставiў на стол пляскатую пляшку.
      - А гэтую мiкстурку я ўзяў з сабою, бо думаў, што прыйдзецца ёю лячыць немца. Аж яно i добра, што ўзяў.
      Гэтую чыстую, як сляза, мiкстуру адным заходам выпiлi ўтрох: фельчар, салдат i немец. Пасля гэтага неўзабаве шумна стала ў гэтай хаце. Салдат, заглядаючы ўсiм у вочы, даводзiў, што няма на свеце лепшых дзяцей, як яго, недзе там далёка адсюль. Фельчар крычаў салдату ў твар цераз стол, што ён верыць, што ў яго слаўныя дзецi. А цяпер ён скажа пра капусту, якую ён сам садзiў, а расаду прывозiў аж з-за Слуцка. "Такое капусты свет не бачыў". Тут фельчар апомнiўся, збянтэжыўся i павярнуўся да Кастуся:
      - А нашто табе шукаць якой-небудзь дарогi ў свет на бадзянне? Жывi ў гэтай хаце i памагай гэтай малой жыць на свеце. Вам жа цяпер абаiм важна, каб абы дзень перабыць. У яе вернецца бацька, i жыццё пачнецца, а ты скончыцца вайна, i вернешся на сваю Вiлейшчыну.
      I раптам пасля гэтых слоў штосьцi сталася з Кастусём. Незаўважна выйшаў ён з хаты i ўзлёг грудзьмi на бiла ў возе. Цяжкi, як стопудовы камень, смутак навалiўся на яго. Родныя мясцiны на Вiлейшчыне, куды яму прарочыў вярнуцца стары фельчар, звязвалiся ў яго ўяўленнях з бацькам.

  • Страницы:
    1, 2, 3