У той якраз момант, як патухла лямпа, Тоня Базылькевiч, разглядаючы пры месячным святле кола над шасцярнёй, стаў на лескi, прыставiў i ўвагнаў абухам апошнi кулак. Малатарня гатова!
Нiколi яшчэ не было такой радасцi. Цяпер можна з гонарам заявiць усiм людзям. Заўтра ўсе ўбачаць.
Ледзьве цягнучы ад стомы ногi, Тоня павалокся сцежкай дадому. Здалёк была вiдна ад двара сцяна Насцiнай хаты.
"Можна i праз Насцiн двор прайсцi. Там выйду на вулiцу, а там i дадому".
У Насцiным двары ён спынiўся.
"Можа, зайсцi? Цяпер жа ў мяне мянушкi няма. I яе iмя цяпер не мянушка, а iмя, сапраўднае, чалавечае".
Ён увайшоў у хату.
- Скончыў, гатова! - сказаў ён замест "добры вечар". - Ледзьве ногi валаку. От бо працы было! Смага мяне мучыць.
- Пачакай, братка, садзiся. У мяне квас на вiшнях. Я табе зараз...
Насця хапiла збанок i выскачыла ў сенцы.
- Рукi памыць, цi што, - сказаў Тоня i з конаўкай вады выйшаў на двор.
Туман плыў над агародамi, паплавамi, цераз платы i садавыя дрэвы. Месяц стаяў высока.
- На ручнiк, - зашаптала Насця.
Яна ўся аблiта была малочным святлом.
1934