Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Калiнiшын зяць (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Отечественная проза / Чернышевич Аркадий / Калiнiшын зяць (на белорусском языке) - Чтение (стр. 2)
Автор: Чернышевич Аркадий
Жанр: Отечественная проза

 

 


"Якi гадзiннiк?" - думаў ён. I раптам успомнiў. "Няўжо той, што купiла яму Надзя?" Ён хацеў кiнуцца за Марылькай i распытаць падрабязна i тут жа ўспомнiў, што такi гадзiннiк ён бачыў у Марыльчынага старэйшага брата, шафёра. Ён успомнiў, што ў Паўла (так звалi Марыльчынага брата) здарылася аварыя з машынай, i ён павiнен быў адрамантаваць яе на свой кошт. Усе гэтыя думкi праляцелi ў Раманавай галаве за адно iмгненне. Ён зразумеў цяпер, чаму на рабоце сябры адносiлiся да яго непрыхiльна. Яму стала горача.
      Ён супакоiўся крыху каля самай Калiнiшынай хаты.
      IX
      Надзя заўважыла, што муж вярнуўся дадому нечым незадаволены, сярдзiты.
      - Што з табой, Раман? - Надзя зiрнула на яго са страхам.
      - У каго ты купiла гадзiннiк?
      - Якi гадзiннiк?
      - Хiба ў цябе iх шмат? Той, што ты хацела аддаць мне.
      - Рамано-ок... - Надзя хацела ўсмiхнуцца, але ў яе выйшла не ўсмешка, а грымаса. - Рамано-ок... Я ж яго не ўкрала... Чалавек прадаваў, а я купiла...
      - Хто?
      - Ты сам ведаеш...
      - Ведаю! Павел Журня! Колькi ты за яго аддала?
      - Раман... - Голас у Надзi быў не жаласны, а лiслiвы. - Ён прыйшоў пазычыць грошай... Трыста рублёў... А адкуль у нас тыя грошы!
      - А адкуль вы iх на гадзiннiк узялi? Колькi вы за яго заплацiлi?
      - Раманок! Толькi сто рублёў.
      - Сто рублёў за гадзiннiк, якi каштуе трыста пяцьдзесят! Вы чалавека абрабавалi!
      - Мы да яго не хадзiлi, - пачуўся раптам з печы голас Калiнiхi. - Ён сам да нас прыйшоў!
      - Ён прыйшоў да вас з бядой як да суседзяў. У яго няшчасце. А вы не дапамаглi яму, а гадзiннiк ледзь што не задарма ўзялi!
      - Няшчасце! - Калiнiха злезла з печы. - У такiх п'янiц заўсёды няшчасце. Машыну п'яны разбiў, от няшчасце! Не бог жа яго пакараў, а сам сябе.
      - Ён не п'яны быў! А п'янiц вы робiце, i вас трэба караць! Скуру з людзей здзiраеце за смярдзючую ваду.
      - Ого! Якi ж ты разумны! Чуеш, Надзя? А якi ён пасаг да нас прынёс? Салдацкiя нагавiцы...
      - Я працую, а вы!.. - Раман ужо не знаходзiў слоў. - Спекулянткi вы i зладзеi!..
      - Чаму ж ты ў мiлiцыю са скаргай не хадзiў? Ты не гнаў самагонкi, не пiў, нiчога не ведаў? Можа цяпер пойдзеш?
      - Пайду!
      - Дык сам i сядзеш! Бо ты мужчына ў хаце, галава.
      - Лепш у турме, чым у вашай хаце!
      Раман пачаў складваць свае рэчы: касцюм, туфлi, палiто. Надзя сядзела i ўсхлiпвала. Калiнiха абыякава пазiрала, як збiраўся зяць. Раман склаў усё ў вузел i перацiснуў яго папругай.
      - Алiменты буду плацiць, - сказаў ён, звяртаючыся да Надзi. "А можа астацца?" - варухнулася ў яго галаве думка. Але яму адказала Калiнiха:
      - Алiменты! Змусiў жонку зрабiць аборт!.. I за гэта яшчэ адкажаш!
      - Мама! - нема закрычала Надзя. - Маўчыце!
      Раман пабялеў i скалануўся. Гэта быў апошнi ўдар.
      - Т-ты скiнула дзiця? - твар яго скрывiўся, рукi сцiснулiся ў кулакi. Калi?
      Надзя закрыла далонямi твар, нiбы Раман збiраўся яе ўдарыць.
      - Як у мястэчку была... - адказала яна ўсхлiпваючы.
      - Як у мястэчку была... - паўтарыў за ёю Раман. - Яшчэ восенню...
      Цяпер яго нiшто не звязвала нi з гэтай хатай, нi з жонкай, i ён ступiў да дзвярэй. Але яго пераняла Калiнiха.
      - Пачакай, голубе, - сказала яна, стаўшы каля парога. - Спачатку заплацi за тое, што мы цябе зiму кармiлi i паiлi.
      - На! За харчы... i за дачку, што са мной спала!..
      Раман шпурнуў свой вузел на падлогу i выйшаў. Ён крочыў напрасткi па вiльготнай раллi да гасцiнца i нi аб чым не думаў. На гасцiнцы закурыў. Пачало крыху праясняцца ў галаве. I першая думка, якая з'явiлася, уразiла яго сваёй нечаканасцю. "Хто вiнаваты?" Ён не мог спынiцца на ёй, бо занадта ўсё было растрэсена i ў думках, i ў адчуваннях. I раптам да яго данёсся голас:
      - Рама-ан! Вярнiся, Рама-ан! Забяры сваё-о! Рама-ан!
      "Надзя, - здагадаўся ён, але не спынiўся. - Нельга цяпер вяртацца, нельга!" - упарта паўтараў ён сам сабе, хоць ногi яго цягнула назад. Ён ведаў, што не ўсё скончана з гэтай жанчынай, якая клiча яго праз вiльготную цемень веснавой ночы, але адчуваў, што вярнуцца цяпер не мае права.
      1955 г.

  • Страницы:
    1, 2